Раздзел пяты Сустрэча з манахам

Аднойчы Робін Гуд сабраў

Пад шатамі дубоў

Для спрытных гульняў і забаў

Сваіх лясных сяброў.

Пагодлівым летнім днём, калі лес стаяў у прыгожым зялёным убранні і сонца аздабляла мяккі дзірван ажурнымі ўзорамі святла і ценю, у стралкоў Робін Гуда было так прыемна на душы, што ім захацелася наладзіць сабе свята і павесяліцца. Яны бегалі навыперадкі, скакалі з разбегу, біліся на дубінках, пускаліся ў скокі — забаўляліся, як дзеці. Нарэшце надышла чарга самаму любімаму іх спаборніцтву — стральбе з лука.

Яны разбіліся на групы і рассыпаліся па лесе ў пошуках аленяў. З Робін Гудам пайшлі Маленькі Джон, Мач Млынароў сын і Уіл Скарлет. Неўзабаве яны ўбачылі статак аленяў, які пасвіўся на далёкім лужку. Робін Гуд сказаў:

— Алені выйшлі на папас.

А вунь які самец

За футаў мо пяцьсот ад нас!

Хто трапіць — той стралец!

Уіл Скарлет пацэліў у маладога аленя, Мач трапіў у аляніцу. Маленькі Джон напяў свой магутны лук. Яго страла са свістам праляцела добрыя пяць соцень футаў і ўпілася ў грудзі вялікага рагача.

— Вось гэта стрэл! — усклікнуў Робін Гуд. — Малайчына, Маленькі Джон! Я не паленаваўся б прайсці сто міль, каб ведаў, што знайду чалавека, які страляе так, як ты.

Уіл Скарлет засмяяўся:

— Хадзіць гэтак далёка не трэба, Робін. Ты можаш знайсці раўню Маленькаму Джону значна бліжэй.

— А дзе ж?

— Дзе? У Манастыры ля Крыніц. Там ёсць манах жабрачага ордэна. Яму па сіле любы лук, нават самы вялікі і тугі. У меткасці ён паб’е Маленькага Джона ды і цябе заадно.

Гэты манах вельмі зацікавіў Робін Гуда. Яму захацелася залучыць да сябе яшчэ аднаго спрытнага стралка, і ён пакляўся перад сваімі таварышамі, што знойдзе таго манаха што б там ні было. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе,

Даў Робін Гуд сабе зарок

He есці і не піць,

Пакуль удалы той стралок

Да іх не пойдзе жыць.

Робін Гуд сеў на каня і паехаў. Ён добра ўзброіўся ў дарогу. На ім былі кальчуга і сталёвы шлем, на баку добры меч, на руцэ невялікі круглы шчыт, на поясе калчан са стрэламі, а на плячы вялікі лук.

Нарэшце Робін Гуд апынуўся ў прыгожай даліне, дзе стаяў Манастыр ля Крыніц. Яго руіны яшчэ і сёння ляжаць там. Між берагоў бруілася рака — сярэбраная стужка на зялёным дыване раўніны. Робін Гуд прытрымаў каня: хацеў акінуць вокам краявід, і раптам заўважыў чалавека, які ішоў берагам рэчкі. Хоць чалавек быў у плашчы манаха-жабрака, падпяразаным вяроўкай, на галаве ў яго быў сталёвы шлем, а на баку меч і круглы шчыт.

«Здаецца, яго я і шукаю, — падумаў Робін Гуд. — Калі ён манах, дык гэта ваяўнічы манах і якраз той чалавек, пра якога гаварыў Уіл Скарлет».

Робін Гуд спешыўся, прывязаў каня да цярноўніку і пайшоў наперарэз манаху па сцежцы, што збягала да рэчкі і працягвалася на другім беразе.

«Там, відаць, брод, — вырашыў Робін Гуд, і я перабяруся цераз рэчку, не намачыўшы ног. Манах перанясе мяне на сваіх плячах. Але куды ён дзеўся?»

Дзябёлая постаць знікла ў прыбярэжных кустах, ды неўзабаве вынырнула зноў. Манах ішоў назад. Аказалася, ён расхаджваў па беразе з малітоўнікам у руках і нараспеў чытаў нейкі псалом ды так гучна, што здавалася, бык раве. Раптам ён спыніўся на паўслове. Там, дзе сцежка падыходзіла да рэчкі, стаяў незнаёмы чалавек з крута выгнутым лукам і стралой на цеціве і цэліўся ў яго.

Шмат хто прыйшоў бы ў замяшанне ад такой нечаканасці, але манах застаўся зусім спакойны. Ніводная жылка не варухнулася на яго круглым пухлявым і румяным твары. У маленькіх свіных вочках, амаль схаваных у тлустых складках шчок, было больш цікаўнасці, чым трывогі.

— Сын мой, — сказаў ён, — ты можаш апусціць свой лук і схаваць стралу. Калі ты наважыў абрабаваць мяне, дык моцна памыліўся: у мяне і гроша ломанага ў кішэні няма. Рабаваць манаха-жабрака — тое самае, што спрабаваць папалуднаваць сухім маслаком. Манахі нашага манастыра далі зарок беднасці. А калі ў цябе другое наўме, дык, розуму не дабяру, навошта табе цэліць у мяне: мы з табой адзін аднаго нават і ў вочы не бачылі.

— He, манах, — сказаў Робін Гуд, — мне не патрэбны ні тваё жыццё, ні кашалёк. Я адно хачу, каб ты дапамог мне пераправіцца бродам цераз рэчку, бо пасля дажджу ён зрабіўся вельмі глыбокі. Дык перанясі мяне на другі бераг.

Манах нічога не сказаў, толькі твар скрывіў так смешна, што Робін Гуд ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць. А манах беражліва схаваў свой малітоўнік, нахіліўся і ўзваліў Робін Гуда на сваю шырокую, тоўстую спіну.

Манах яго на плечы ўзяў,

I цераз брод панёс,

I увесь час, як брыў, маўчаў,

He скардзіўся на лёс.

На другім беразе Робін Гуд жвава саскочыў з плячэй манаха і павярнуўся да яго, каб падзякаваць. Але манах раптам схапіў яго жалезнай хваткай і прыставіў да горла кінжал.

— Што гэта значыць, манах? — спытаў Робін Гуд. — Ты хочаш маёй крыві? Хіба не ведаеш, што духоўнай асобе забараняецца праліваць чалавечую кроў?

— Калі праліецца кроў, сын мой, вінаваты будзеш ты сам, — адказаў манах і злавесна рагатнуў.— Хочаш застацца цэлы, выконвай мой загад. Адмовішся, і лязо ўвойдзе на пяць пальцаў табе ў горла.

— А які твой загад?

— На тым беразе застаўся мой малітоўнік. Зрабі ласку, перанясі мяне цераз гэтую халодную рэчку, каб я мог узяць малітоўнік.

Нічога не зробіш, давядзецца пераносіць манаха. Іншага выйсця няма: нож каля яго горла, і ў гэтага манаха-жабрака бычыная сіла і голас таксама як у быка. Робін Гуд пакорліва падставіў спіну і ўзваліў на сябе грузнае цела манаха, амаль такое ж ушыркі, як і ўдоўжкі.

Надоўга застаўся ў памяці Робін Гуда той пераход цераз рэчку з манахам на спіне. Ніхто, мусіць, не важыў столькі, як гэты манах. Робін Гуд сагнуўся ў тры пагібелі пад цяжарам яго цела. Яму здавалася, яшчэ крыху — і затрашчыць, пераломіцца пазваночнік. Да таго ж Робін Гуд не ведаў гэтага броду. Ён правальваўся ў яміны, коўзаўся на слізкіх камянях і не раз быў на валаску ад таго, каб не пляснуцца ў ваду.

Манах тузаў яго за валасы, біў абцасамі, як наравістага каня, калі той упарціцца. Нарэшце, сапучы і хапаючы ротам паветра, Робін Гуд данёс яго да берага, і манах лёгенька саскочыў на зямлю. Хоць з выгляду гэты грузны царкоўнік быў няўклюдны і непаваротлівы, на самай справе ён быў вельмі жвавы і спрытны. У той момант, каліманах стаў на зямлю, Робін Гуд схапіў яго за нагу і паваліў. Манах грымнуўся на дол не то са свінячым рохканнем, не то з парасячым віскам. Робін Гуд выхапіў з ножан меч і стаў над сваім пераможаным праціўнікам, шлем якога адляцеў мо на тры ярды.

— Ты прайграў, манах, — сказаў Робін Гуд. — А мне ўсё ж трэба пераправіцца на той бераг. Таму абяцай, што зноў панясеш мяне цераз рэчку, a то раскалю тваю пляшывую галаву на два чарапкі!

— Абяцаю, — сказаў манах, як толькі перавёў дух, бо занадта злавесна паблісквала над яго лысінай сталь цяжкага мяча.

Манах не скардзіўся на лёс,

Hi слова не сказаў,

Зноў бродам Робіна панёс

I сярод рэчкі стаў.

Робін Гуд падумаў, што ён шукае апоры нагам, і засмяяўся. Цяпер ужо не ён, Робін Гуд, а манах коўзаецца на слізкіх камянях і боўтаецца ў ямінах. Але смех раптоўна замёр на яго вуснах: манах нечакана моцна сцепануў плячамі і Робін Гуд кулём паляцеў у ваду.

— А зараз, прыяцель, выбірай, што лепш — тапіцца ці плысці! — загарлаў манах і пабрыў да свайго берага.

Плынь падхапіла Робін Гуда, але ён паспеў ухапіцца за доўгае вецце ракіты, што навісала над самай вадой, падцягнуўся і вылез на сушу. Пашукаў вачамі свайго праціўніка і на процілеглым беразе ўбачыў дзябёлую постаць. Тоўсты румяны твар манаха расплыўся ў шырокую ўсмешку. Ён бачыў, як Робін Гуд караскаўся на бераг, як з яго ручаямі цякла вада.

— Хутка ты не гэтак засмяешся, мой попік! — крыкнуў яму Робін Гуд, падскокваючы то на адной, то на другой назе, каб з вушэй вылілася вада.

Раптам ён схапіў лук і пусціў стралу са страшнай сілай. Хоць цэль была зручная і адлегласць невялікая, ды манах выкруціўся, імгненна падставіў шчыт і спрытна адбіў стралу. Так паўтаралася раз за разам, пакуль не апусцеў калчан Робін Гуда. Манах заспяваў сваім грымучым голасам, нібы жаба-вол у балоце:

— Страляй, страляй, мой юны пан,

Твае не страшны стрэлы.

Хоць апустош увесь калчан,

Я застануся цэлы.

— Гэта яшчэ не ўсё! — крыкнуў яму Робін Гуд. — Раз не ўдалося дастаць цябе з лука, жабрачы ты манах, я пакажу некалькі прыёмаў мячом, — і ён скочыў у ваду. Манах убачыў, што разбойнік хоча напасці на яго, падбег да свайго шлема і надзеў яго сабе на круглую, як качан, галаву, выхапіў з ножан меч, прыкрыўся шчытом і стаў у пазіцыю. Робін Гуд выскачыў на бераг і імкліва атакаваў яго. Пачаўся жорсткі, упарты паядынак. Блішчалі доўгія клінкі мячоў, калі байцы высока ўзнімалі іх, каб з размаху апусціць на праціўніка, звінела сталь шчытоў, якія сустракалі і адбівалі ўдары. Размахваючы мячамі, праціўнікі кружыліся па беразе адзін вакол аднаго, то сыходзіліся, то разыходзіліся. Робін Гуд спрытна мяняў пазіцыю, стараўся знайсці слабае месца праціўніка. Адважны манах удала абараняўся.

Цэлую гадзіну звінелі мячы і шчыты. Змагаліся і на беразе, траплялі і ў ваду, нападалі, ухіляліся ад удараў, калолі і секлі мячамі колькі моцы ставала. Нарэшце зусім выбіліся з сілы і вымушаны былі перапыніць паядынак, каб крыху адпачыць пасля такой страшнай бойкі.

— Каб мяне чорт узяў, прыяцель! — усклікнуў Робін Гуд. — Ты ж той самы ўдалец, якога я шукаю і хачу ўзяць сабе ў таварышы. Зрабі мне, прашу, адну ласку.

— Якую?

— Анічога такога. He нападай на мяне, пакуль я не пратрублю тры разы ў ражок.

— Трубі колькі хочаш. Мяне твой ражок мала хвалюе.

Робін Гуд усміхнуўся. Зараз манах убачыць такое, што расхвалюе яго не на жарт. Ён паднёс да рота ражок і моцна пратрубіў тры разы. Яшчэ не сціхла рэха, як з лесу выбеглі паўсотні чалавек з нацэленымі лукамі ў руках.

— Што гэта за людзі?! — закрычаў манах. — Чаму яны так спяшаюцца сюды?

— Гэта мае стралкі, манах. Яны спяшаюцца мне на падмогу.

— Тваю просьбу я выканаў,— сказаў манах. — Цяпер зрабі і мне ласку — не нападай, пакуль я не свісну тры разы.

— Згодны, — адказаў Робін Гуд. — Я быў бы апошні нягоднік, калі б адмовіў табе. Твой свіст мяне мала хвалюе.

Як толькі манах свіснуў тры разы, паўсотні вялізных таўстамордых сабак з шалёным брэхам выскачылі аднекуль і памчаліся па даліне да рэчкі. Два сабакі наляцелі на Робін Гуда, адзін ззаду, другі спераду, і сарвалі з яго плячэй камзол.

Убачыўшы свайго атамана ў бядзе, яго людзі пачалі страляць у сабак. I тут адбыўся сапраўдны цуд. Сабакі спрытна хапалі стрэлы зубамі, і ніводзін з іх не быў паранены або забіты.

Маленькі Джон, які яшчэ не дакранаўся да свайго калчана, закрычаў грамавым голасам:

— Прагані сабак, манашак, і не марудзь!

— Хто ты такі, каб мне загадваць? — загрымеў у адказ манах.

— Я Маленькі Джон, стралок Робін Гуда! Яшчэ раз кажу: прагані сабак, a то ім не паздаровіцца.

Манах толькі пагардліва ўсміхнуўся, і тады Маленькі Джон пачаў пускаць стрэлы адну за адной. Яны так шпарка ляцелі, што сабакі не паспявалі хапаць іх, і неўзабаве некалькі сабак ужо ляжалі мёртвыя на траве.

— He страляй, добры маладзец! — крыкнуў яму манах, баючыся, што гэты спрытны стралок пераб’е ўсіх яго сабак. — He страляй, і давайце памірымся. Я не ведаў, што гэта Робін Гуд, а вы яго людзі.

Ён прагнаў сабак, і ўсё скончылася мірам.

— Як цябе завуць, адважны манах? — спытаў Робін Гуд. — Такія людзі, як ты, мне падабаюцца.

— Я манах Тук і ўжо сем гадоў ахоўваю Крынічную даліну і праганяю адсюль усіх, хто асмельваецца паявіцца тут без майго дазволу.

— Пойдзем з намі ў слаўны Шэрвудскі лес, — прапанаваў яму Робін Гуд. — Нам патрэбны свяшчэннік, бо мы не хочам жыць у лесе, як варвары. Нас абвясцілі па-за законам, мы не можам хадзіць у горад у царкву. I калі ты згодзішся жыць з намі, мы пабудуем табе капліцу, і ты зможаш спраўляць абрады.

— Добра, я пайду з вамі,— адказаў манах Тук. — Душа мая імкнецца да вашага слаўнага брацтва, і я буду вашым свяшчэннікам і спавядальнікам. Вазьму з сабой сабак, мы будзем хадзіць з імі на паляванне і загонім не аднаго аленя.

Вось якім чынам у атрадзе Робін Гуда паявіўся славуты брат Тук, які потым стаў адным з герояў шматлікіх народных песень і балад.

Манастыр каля Крыніц

Сем год сцярог манах,

Hi перад кім не падаў ніц —

На ўсіх наводзіў страх.

Меў востры меч і гнуткі лук

I зваўся ён — брат Тук.

Загрузка...