Раздзел трэці Самы верны сябар Робін Гуда

Калі Робін Гуду было дваццаць год,

Пазнаўся з Маленькім ён Джонам,

Вясёлым хлапцом, удалым малайцом,

He заўсёды ў згодзе з законам.

Хоць звалі Маленькім, вялікі меў рост —

Быў футаў сямі вышынёю.

Як крочыць настрэч, усе бягуць прэч,

Адзін выгляд яго быў гразою.

Як яны стрэліся — Робін і Джон,—

Паслухайце толькі хвілінку.

Забаўны расказ, і, магчыма, у вас

У вачах заіскрыцца смяшынка.

Навіна, якую прынёс шавец з Нотынгема, спраўдзілася. Шэрыф выправіў супраць мяцежнікаў вялікі, добра ўзброены атрад. Стражнікаў было так многа, што людзі Робін Гуда пакінулі Шэрвудскі лес і стаіліся ў другой вялікай пушчы — Барнасдэйлскай, у графстве Йоркшыр. Але шэрвудскае прыстанішча падабалася ім больш, і яны вярнуліся туды, як толькі дачуліся, што раз’юшаны шэрыф ужо не шукае іх.

Робін Гуд зразумеў, што ў яго вельмі маленькае войска, каб супрацьстаяць нарманскім карнікам, і пачаў шукаць адважных і спрытных людзей. ІНмат вольных сялян — ёменаў, якіх давялі да роспачы жорсткія паны, імкнулася далучыцца да яго атрада, але Робін Гуд браў толькі самых смелых, самых дужых і верных. Калі ён дазнаваўся, што ў лесе з’явіўся храбры і кемны чалавек, ён рабіў усё, каб залучыць яго ў атрад, і рэдка калі цярпеў няўдачу. I мала-памалу вакол яго згуртаваліся самыя адборныя малайцы, выдатныя стралкі з лука. Пра іх нават пайшла пагалоска, што адзін стралок Робін Гуда варты чатырох звычайных.

Неяк адным сонечным ранкам Робін Гуд і некалькі яго таварышаў гулялі па лесе. Выйшлі на ўзлессе, і перад імі адкрыліся палі і лугі.

— Схавайцеся за дрэвамі,— сказаў Робін Гуд сваім спадарожнікам. — Выходзіць усім нельга, на нас могуць звярнуць увагу. Далей я пайду адзін, пагляджу, можа, падвернецца што-небудзь вартае — праедзе багаты рыцар ці які царкоўнік, і мы пазбавім яго пузаты кашалёк ад лішняга грузу. Калі будзе патрэба, я падам знак ражком.

Мач, Уіл, Уот і іншыя засталіся за дрэвамі, а Робін Гуд пайшоў. Ён дабраўся да бальшака, нікога не ўбачыў і пайшоў па ім. Неўзабаве трапілася яму па дарозе рачулка. Коні маглі перайсці яе ўброд, а пешаходы перабіраліся на другі бок па вузкім драўляным мастку без поручняў. Калі Робін узышоў на мост, насустрач яму пайшоў рослы дужы дзяцюк. Кожны з іх думаў, што другі ўступіць дарогу, і яны сустрэліся твар у твар на самай сярэдзіне мастка.

«Святая дзева! — сказаў сам сабе Робін Гуд. — Гэта ж якраз той, хто мне трэба. Вось каб залучыць яго да сябе! Зараз паглядзім, ці столькі ў яго адвагі, колькі росту».

I сапраўды, такога велікана не кожны дзень сустрэнеш. Ён быў на галаву вышэйшы за Робін Гуда, з шырокімі плячамі, выпуклымі грудзямі, даўгарукі і даўганогі, з выгляду дужы, як буйвал. На твары — сама дружалюбнасць, у карых вачах вясёлы агеньчык, але ўся яго істота выказвала рашучасць, і ясна было, што стаяць на яго дарозе небяспечна.

— Дай мне дарогу, чалавеча! — сказаў яму Робін. — Чаму ты пайшоў, раз бачыў, што я ўжо ступіў на мост і што ён не такі шырокі, каб разысціся дваім?

Незнаёмец трымаў у руках тоўстую дубіну сем футаў даўжынёй. Ён спакойна стаяў на мастку, абапіраючыся на яе, і, усміхаючыся, сказаў:

— А чаму гэта я павінен даваць табе дарогу, стралок? Колькі жыву на свеце, ніколі яшчэ нікому дарогі не саступаў, можаш паверыць. Дык з якой прычыны зраблю гэта сёння?

— Што? — закрычаў Робін Гуд, — Ты мне пярэчыш? Тады я з табой пагавару па-нотынгемску, прыяцель мой велікарослы. — Робін паклаў стралу на лук і нацягнуў цеціву да самага вуха. — Прэч з дарогі! Тваё жыццё ў маіх руках. Гэтая страла праткне цябе перш, чым ты паспееш падняць сваю дубіну.

Робін гаварыў так, каб паглядзець, ці спалохаецца гэты чалавек, але той выслухаў яго зусім спакойна, быццам яму сказалі: «Добры дзень!»

— Гэтак робяць баязліўцы, — сказаў незнаёмец. — Вось я стаю перад табой з адной дубінай у руцэ, а ты пагражаеш мне вялікім лукам і вострай стралой. Толькі баязліўцы гэтак робяць.

— Гэта я баязлівец? — сказаў Робін Гуд.—

Вось лук свой і стрэлы адкіну,

Адрэжу дручок, як твой, мой дружок,

I праверу, які ты мужчына.

Робін кінуў на дол свой цісавы лук і калчан са стрэламі, пабег да густога гайка каля рэчкі і выразаў з карлікавага дуба тоўстую палку. Калі ён вярнуўся назад з палкай у руцэ, незнаёмец усё яшчэ стаяў на мастку, абапёршыся на сваю дубіну.

— Дзе сышліся, там і біцца будзем, — сказаў Робін Гуд. — Пераможа той, хто саб’е праціўніка ў рэчку.

— Згода! — адказаў велікан.

Праціўнікі сталі твар у твар, апасліва пазіраючы адзін на аднаго, схапілі свае дубіны пасярэдзіне, гатовыя да нападу ці абароны.

Спярша праціўнікі рабілі падманныя і сапраўдныя выпады, адбівалі іх — кожны шукаў слабае месца ў абароне другога. Першы нанёс трапны ўдар Робін Гуд. Ён зрабіў выгляд, што хоча ўдарыць праціўніка па галаве, той адразу прыкрыўся дубінай, але Робін Гуд спрытна перахапіў сваю палку, імгненна змяніў напрамак удару і агрэў незнаёмца па рэбрах.

Велікан злосна агрызнуўся і размахнуўся, каб нанесці ўдар. Ды Робін Гуд спрытна ўхіліўся і сам стукнуў праціўніка па плячы, але той, як ні ў чым не бывала, схапіў сваю дубіну абедзвюма рукамі і зноў размахнуўся, цэлячыся Робіну ў галаву. Толькі праворнасць выратавала Робіна, і ён не паляцеў кулём у рэчку. I ўсё ж дубіна злёгку зачапіла галаву, рассекла скуру на макаўцы, і тонкі ручаёк крыві пабег па скроні.

Робін Гуд не на жарты ўзлаваўся, і на праціўніка пасыпаўся град хуткіх, як маланка, удараў. Цяпер волат толькі абараняўся.

Незнаёмец па цемені выцяў яго

I набіў яму добрую шышку.

Робін Гуд зазлаваў і шпарчэй замахаў,

Мацаку не даваў перадышкі.

Так моцна і спрытна дубасіў яго,

Ад гневу ўсё ў ім кіпела,

Пайшоў ажно дым над волатам тым,

На ім нібы скура затлела.

Зноў і зноў наносіў Робін Гуд трапныя ўдары па праціўніку, але ён не адступаў ні на пядзю і стойка абараняўся. I раптам адплаціў Робін Гуду за ўсё адным рашучым ударам. З усяго размаху сваіх доўгіх рук, у які ён уклаў усю сваю моц, ён апусціў цяжкую дубіну на Робін Гуда. Той паспеў падставіць кій, але з такім жа поспехам мог бы паспрабаваць адбіць удар грому. Кій з трэскам разляцеўся напалам, дубіна, толькі крышачку страціўшы сілу, ударыла Робін Гуда, і ён апынуўся ў ручаі. Пад мастком быў глыбокі вір, і Робін Гуд знік у ім з галавой. Праз момант вынырнуў, хапаючы ротам паветра.

— Ха-ха, пан стралок! Ну, дзе ты цяпер? — зарагатаў незнаёмец.

— Слова гонару, здаецца, я такі сеў у лужыну, — адказаў Робін Гуд, адплёўваючыся, бо наглытаўся сцюдзёнай вады. — Ты перамог. Шчыра скажу, ты храбры баец і перамога твая бясспрэчная.

Робін Гуд пабрыў да берага, выбраўся з ручая, ухапіўшыся за галіну калючага глогу, і затрубіў у свой паляўнічы ражок.

Яшчэ не сціхлі над далінай гукі ражка, падхопленыя рэхам, як на дарозе паказаліся верныя стралкі Робін Гуда. Наперадзе ўсіх беглі Мач, Уот і Уіл — спяшаліся на выручку свайму атаману.

— Што здарылася? — крычаў Уіл Ст’ютлі, падбягаючы да мастка.

— Што гэта значыць? Ты мокры да ніткі, з цябе льецца вада! Ты ўпаў у ручай?

— Ага, — адказаў Гуд, — і вунь стаіць той, хто памог мне ўпасці,— ён паказаў на высокага незнаёмца.

— Тады і яму туды дарога! — у адзін голас закрычалі Уіл, Мач і Уот. — Проста ганьба адпусціць яго на ўсе чатыры бакі пасля таго, як ён абышоўся гэтак з нашым атаманам. У ваду яго, хлопцы!

Незнаёмец падрыхтаваўся абараняцца, ды нават его волатаўскай сілы не хапіла б, каб супрацьстаяць араве раз’юшаных сялян. Але Робін Гуд загадаў ім спыніцца:

— Нe чапайце яго, хлопцы. Нe трэба крыўдзіць гэтага адважнага чалавека. Ён перамог у сумленнай бойцы, і ў мяне няма на яго злосці. Наадварот, я хацеў бы пасябраваць з такім майстрам арудаваць дубінай. Далучайся да нас, — звярнуўся Робін Гуд да незнаёмца, — уступай у наш атрад. Для такіх дужых рук у нас заўсёды знойдзецца справа.

— Перш скажыце, хто вы, — сказаў незнаёмец. — Я прысягнуў, што буду ў падначаленні толькі аднаго чалавека, і вось блукаю ў пошуках яго.

— Я Робін Гуд, — пачуў ён у адказ.

— Робін Гуд? — радасна ўсклікнуў незнаёмец. — Шчаслівы дзень! Якраз яго я і шукаю. Думаў, пайду ў Шэрвудскі лес, папрашуся да яго ў кампанію, калі можна.

— Можна, можна! — сказаў Робін Гуд. — Я з радасцю прыму цябе. Такіх навічкоў не кожны дзень знойдзеш. А цябе як завуць?

— Рука вось мая, — незнаёмы сказаў.—

Ў маёй вернасці не сумнявайся.

Я Мезенец Джон, мне адвага — закон,

Ты заўжды на мяне спадзявайся.

Пачуўшы імя і прозвішча гэтага волата, Уіл Ст’ютлі засмяяўся:

— Джон Мезенец! Ну сапраўды хлопчык з ногцік! Трэба яго перахрысціць. Ён у нас навічок, дык і назавём яго па-новаму.

— А як? — спытаў Мач.

— Ну, раз дзіцятка ўрадзілася такое кволенькае і шчупленькае, ахрысцім яго Маленькім Джонам.

Усе засмяяліся. Назваць такога бамбізу Маленькім! Але мянушка ім спадабалася, і прапанову прынялі.

— А цяпер трэба ўрачыста адзначыць гэту падзею, — сказаў Уіл Ст’ютлі.— He кожны дзень да нас прыходзіць такая магутная падмога.

Уся кампанія паглыбілася ў лес, і неўзабаве на зямлю ўпалі, падбітыя меткімі стрэламі, дзве сытыя лані. Прыхапіўшы здабычу, людзі Робін Гуда вярнуліся ў сваё прыстанішча — у прасторную пячору ў скале, надзейнае сховішча ад ворага.

Неўзабаве там палала вялікае вогнішча, смажылася мяса. Разбойнікі наладзілі ўрачысты абед — елі свежую аленіну і запівалі элем. Калі банкет скончыўся, пачаліся спевы пад арфу і скокі — весяліліся ўволю. Над усімі ўзвышалася галава Маленькага Джона, які потым праславіўся стойкасцю духу і цвёрдасцю рукі і чыё імя праслаўлялася ў народных баладах, можа, толькі крыху менш, чым імя легендарнага атамана Робін Гуда.

I пасля увесь час да канца яго дзён,

Хоць не быў ён малы і худзенькі,

А станам высок, у плячах быў шырок,

Яго звалі ўсе Джонам Маленькім.

Загрузка...