Раздзел шаснаццаты Біскуп caм бярэцца за справу

Увесь гэты час біскуп Герфардскі гасціў у шэрыфа ў Нотынгеме. Кожную раніцу яны з нецярплівасцю чакалі звестак пра арышт Робін Гуда. Біскуп спадзяваўся, што, калі схопяць гэтага дзёрзкага разбойніка, яму вернуць ягоныя трыста фунтаў, а шэрыфу і ўдзень і ўначы не давалі спакою думкі пра пустую скарбніцу, і ў яго ўваччу стаяў выкрадзены скарб.

Але мінаў дзень за днём, а людзі, якія пайшлі шукаць злачынца, вярталіся з пустымі рукамі, не знайшоўшы нават і следу разбойнай шайкі. Праўда, меднік Джон Слай не вярнуўся назад, але ніхто гэтага не заўважыў, бо нікому ён не быў патрэбны.

I вось неяк у Нотынгем заехаў, па дарозе з поўначы краіны ў Лондан, вялікі ваенны атрад цяжкаўзброеных коннікаў. Афіцэр, што стаяў на чале атрада, быў чужаземны наёмнік і за грошы ў любы час гатовы быў служыць са сваім войскам кожнаму, хто даражэй заплаціць. Біскуп убачыў коннікаў, калі яны заязджалі ў гарадскія вароты. Ён падумаў, што гэта якраз тая сіла, якая дапаможа яму схапіць Робін Гуда. Біскуп вырашыў наняць гэтых людзей на некалькі дзён і заплаціць ім з таго багацця, якое адбяруць у разбойнікаў. Ён абавязкова адпомсціць Робін Гуду!

З камандзірам атрада дамовіцца было вельмі лёгка. Біскуп, упэўнены, што гэтае добра абучанае войска як бачыш расправіцца з ляснымі разбойнікамі, паехаў разам з ім, каб памагчы хутчэй знайсці іх логава.

Па волі лёсу, якраз у той момант, калі наёмнае войска і біскуп са слугамі пад’язджалі да лесу, Робін Гуд выйшаў адзін на балынак. На павароце ён раптам наткнуўся на двух біскупавых слуг, што ехалі на разведку крыху наперадзе. Гэтыя слугі былі разам з біскупам, калі ён трапіў у палон да разбойнікаў, і адразу пазналі Робін Гуда.

— Ён тут! Вось ён! — закрычалі яны. — Тут сам Робін Гуд!

Робін Гуд зірнуў на дарогу і зразумеў, што апынуўся з ворагамі твар у твар. Біскуп галопам ужо скакаў да яго на кані.

— Што ж мне рабіць? — прашаптаў Робін Гуд.—

Я трапіў ворагу ў сець.

Гэты прэлат жорсткі, як кат,

I мне на вяроўцы вісець.

Адважны атаман і не думаў стаць лёгкай здабычай ворага. Ён павярнуўся і з усіх ног кінуўся бегчы да бліжэйшай дубровы. Біскуп і яго людзі шалёна прышпорвалі коней у пагоні за ім, але Робін Гуд паспеў дабегчы да ляска і знік сярод дрэў.

— Акружыце лес! — на ўсё горла крычаў біскуп.— Лясок невялікі. Мы абложым яго з усіх бакоў. Нягоднік не выслізне з нашых рук!

Загад біскупа быў выкананы. Дуброву акружылі кальцом, і Робін Гуд апынуўся ў пастцы. Узброеныя коннікі пачалі прачэсваць лес, але рабілі гэта марудна і апасліва, бо баяліся засады.

Аднак баяліся яны дарэмна. Робін Гуд быў адзін. Таварышы яго знаходзіліся так далёка ад дубровы, што не пачулі б ражка. Робін Гуду заставалася толькі адно: разлічваць на сваю кемнасць і мужнасць. Адважны разбойнік разумеў, што ў такое небяспечнае становішча ён ніколі яшчэ не трапляў. Ён падаўся ў самы гушчар, каб знайсці там нейкае сховішча. Ён ведаў, што сярод дубровы стаіць маленькая хатка з двух пакойчыкаў. У ёй жыла бедная старэнькая ўдава, якая прала і гэтым зарабляла сабе на хлеб. Робін Гуд не раз памагаў старой бабцы чым мог і быў упэўнены, што цяпер і яна выручыць яго. Да таго ж тры яе сыны былі ў дружыне Робін Гуда.

Запыханы, ускочыў ён у хаціну. Старая адарвала вочы ад калаўрота.

— Я Робін Гуд, — сказаў ён. — Біскуп з салдатамі гоніцца за мной па пятах. Калі траплю ім у рукі, мне не паздаровіцца. Біскуп прысягнуў, што павесіць мяне на самым высокім дрэве ў Шэрвудскім лесе.

— He бойся, Робін Гуд, — прамовіла кемлівая старая. — Гэтага не будзе. Мы абдурым біскупа і яго прыслугачоў. Схапіць і павесіць таго, хто не раз выручаў мяне з бяды! He, гэтага ніколі не будзе! Ідзі хутчэй у задні пакой. Там знойдзеш маю старую спадніцу і накідку. Пераапраніся, а сваю адзежу пакінь мне.

— Вось гэта прыдумала! — з захапленнем усклікнуў Робін Гуд. Цяпер мы праверым, ці зоркія ў папа вочы, каб пазнаць Робін Гуда пад жаночым адзеннем.

Як вокам маргнуць Робін Гуд пераапрануўся і завяршыў маскарад, насунуўшы на лоб патрапаны шыракаполы капялюш, які хаваў твар. Ён прыхапіў верацяно і воўну і пашкандыбаў, абапіраючыся на палку, па лясной сцежцы, падобны на старую сялянку, што і ў дарозе, на прывалах, прадзе пражу.

Неўзабаве Робін Гуд пачуў тупат капытоў. Ён яшчэ больш згорбіўся і закульгаў. Раптам хтосьці загадаў:

— Схапіце старую і прывядзіце да мяне! — Робін Гуд пазнаў фанабэрысты голас біскупа Герфардскага.

Адзін з яго прыслужнікаў падскочыў, схапіў старую за руку і пацягнуў да біскупа, які сядзеў на сівым у яблыкі кані. Старая сялянка дрыжала ад страху.

— Адкуль ідзеш, бабка? — спытаў біскуп.

— З дому. Мая хаціна там, у лесе, высакародны лорд, — прагаварыла бабка з-пад абвіслага поля капелюша. Яна не адрывала вачэй ад зямлі, але біскуп палічыў, што так і трэба размаўляць простаму чалавеку з ім, біскупам.

— Ты сёння нікога чужога не бачыла ў лесе?

— Нікога, апрача чалавека ў зялёным плашчы, які толькі што зайшоў у маю хаціну.

— Ага! — закрычаў біскуп. — Чалавек у зялёным, кажаш?

— Так, пане, — прашамкала старая. — У яго быў з сабой лук і калчан са стрэламі, а на галаве зялёны капюшон. Ён папрасіўся крыху адпачыць.

— Наперад! Наперад! — зароў санавіты царкоўнік. — Ён у нашых руках! Ён у нашых руках! Хутчэй да хаціны, вывалачыце яго адтуль.

Біскуп прышпорыў свайго сівога ў яблыкі каня і разам са світай і наёмнікамі паскакаў да лясной хаціны, а старэнькая згорбленая бабуля пашкандыбала далей, пастукваючы палкай. Але, як толькі мінула хмызняк, яна кінула палку, выпрасталася і, нібы велічны алень, лёгка і імкліва пабегла да вялікага лесу, дзе ва ўмоўленым месцы затаіліся Маленькі Джон і атрад лясных стралкоў.

Маленькі Джон, які стаяў на ўскрайку лесу, убачыў, як нейкая дзіўная жаночая істота ў лахманах выскачыла з-за дрэў і імчыцца па паляне ў яго бок. Ён ледзь не аслупянеў ад здзіўлення і падумаў, што без вядзьмарства і нячыстай сілы тут не абышлося.

— Што за старая, — выгукнуў Джон,—

Імчыцца, як дух, па траве?

Фу, згінь, сатана! Вядзьмарка яна,

Я зараз падстрэлю яе.

— Чакай, не спяшайся, — крычаў Робін Гуд, —

Стралу не спускай з цецівы.

Я твой атаман, адзежа — падман,

Праз яе я застаўся жывы.

— Гэта ты, Робін Гуд? — здзіўлена ўсклікнуў Маленькі Джон, не паверыўшы сваім вачам. — Чаму ты ў жаночым адзенні?

— Я ледзь не трапіў у лапы біскупа, — і Робін Гуд расказаў Маленькаму Джону, у які пераплёт ён трапіў.

— Вось паганы поп! — абурыўся Маленькі Джон. — Трэба правучыць гэтага біскупа, каб ён і дзесятаму заказаў ганяцца за намі ў нашых слаўных зялёных лясах.

— I я так думаю, — пагадзіўся атаман разбойнікаў.— Ану, затрубі ў свой рог, Маленькі Джон, склікай сюды нашых малайцоў.

Маленькі Джон пратрубіў сігнал. З лесу пачалі выбягаць зялёныя стралкі, і неўзабаве перад Робін Гудам выстраілася іх цэлая сотня, гатовая па першаму слову свайго камандзіра выканаць любы загад. Разбойнікі не адразу зразумелі, хто перад імі стаіць. Яны здзіўлена разглядалі старую жанчыну ў бедным вясковым адзенні, пакуль не пазналі свайго атамана. Калі Робін Гуд расказаў ім, у якую небяспечную пастку ён трапіў і як спрытна выслізнуў з біскупавых рук, яны доўга смяяліся.

Але нам пара ўжо вярнуцца ў дубовы лясок і паглядзець, што здарылася, калі біскуп з салдатамі прыскакаў да хаціны старой удавы.

— Выбіць дзверы! — загадаў біскуп.

Дзверы сарвалі з завесаў, і ў хаціну ўварваўся салдат.

— Тут ён! — пачуўся яго радасны крык. — Вось ён! Я пазнаў яго! Гэта той самы чалавек у зялёным плашчы з капюшонам, які толькі што ўцёк ад нас.

— Вывалачы яго сюды! — зароў біскуп.

Трое салдат пабеглі ў хаціну і накінуліся на чалавека ў ярка-зялёным плашчы з насунутым на галаву капюшонам, які зашыўся ў цёмны кут. Яго схапілі і пацягнулі з хаціны.

— Пасадзіце яго вунь на таго белага каня і не зводзьце з нягодніка вачэй! — загадаў біскуп. — А цяпер хутчэй назад у горад. Там мы пасадзім яго ў цямніцу. Мне не будзе спакою, пакуль за ім не замкнуцца дзверы турмы. А заўтра ён загайдаецца на шыбеніцы.

Старая ўдава за ўвесь гэты час ніводнага слова не прамовіла, і ўсе падумалі, што Робін Гуд знямеў ад страху. Ніхто не зазірнуў пад капюшон, які прыкрываў твар разбойніка: усім хацелася найхутчэй выбрацца з цёмнага лесу. Біскуп надзьмуўся, як індык, ад гордасці, што яго хітры план здзейсніўся.

Старую павезлі на белым кані,

Сам біскуп сядзеў на сівым.

Ад шчасця аж ззяў: Робін Гуда узяў

I скончыў з разбоем лясным.

Санавіты царкоўнік не пераставаў радавацца, аж пакуль уся кавалькада не выехала з дубровы. Тут яго твар раптам выцягнуўся, ніжняя сківіца адвісла. Ён убачыў перад сабой амаль сотню стралкоў з нацэленымі на яго атрад лукамі. Біскуп зразумеў, што гэта лясныя разбойнікі, a кожны з іх, ён ведаў, варты чатырох яго лучнікаў.

— Лясныя стралкі! — нарэшце вярнулася мова да біскупа. — I, зірніце, хто ў іх за камандзіра! Прысягаю сваім санам, гэта тая самая карга, што стрэлася нам у лесе. Хто ж яна такая?

— Ды, мусіць, гэта не яна, а ён — той, каго людзі завуць Робін Гуд, — загаварыла раптам істота на белым кані.

— Робін Гуд?! — здзівіўся біскуп. — А ты ў такім разе хто?

— Хі-хі! Ха-ха! — залілася смехам істота ў зялёным і адкінула на плечы капюшон.

Біскуп убачыў стары высахлы твар, бяззубыя дзясны.

— Сам паглядзі, хто я, пане біскуп! — пісклява заверашчала старая. — Які ты мудры біскуп! Схапіў і павёз з сабой нейкую старую замест караля Шэрвудскага лесу Робін Гуда! — яна зноў захіхікала і запляскала ў далоні.

— Гора мне! Лепш не дажыў бы я да гэтага дня! — залямантаваў біскуп, бо зразумеў, што трапіў у пастку.

I тут на яго войска са свістам пасыпаліся стрэлы. Усе: і наёмнікі, і світа — пусціліся наўцёкі.

Біскуп імгненна павярнуў свайго каня і, шалёна прышпорваючы, памчаўся ў горад, але спаборнічаць у хуткасці і спрыце з разбойнікамі Робін Гуда яму было не пад сілу. Мач і Уіл Ст’ютлі, як зайцы, памчаліся за ім і схапілі яго каня за цуглі. Тут падаспеў і пераапрануты Робін Гуд, прывязаў сівога да дрэва і загадаў біскупу спешыцца.

— Што, ваша светласць, — засмяяўся ён, — вы зноў надумаліся наведаць нас у зялёных лясах? На жаль, сёння мы не можам запрасіць вас на абед, бо не маем часу прыгатаваць яго. Трэба было загадзя папярэдзіць.

— Але ў нас хопіць часу праверыць, што ў вас у торбе, — умяшаўся Маленькі Джон. Ён пакорпаўся ў торбе на біскупавым кані і дастаў адтуль грошы, якія царкоўнік вёз з сабой, каб расплаціцца з камандзірам наёмнікаў, калі яго салдаты схопяць атамана разбойнай шайкі.

— Пяцьдзесят сярэбраных пенсаў дай гэтай бабулі,— загадаў Робін Гуд свайму памочніку, — бо сёння яна выратавала мне жыццё.

Маленькі Джон адлічыў і перадаў старой удаве названую Робін Гудам суму грошай.

Біскуп са змрочным тварам назіраў, як разбойнікі распараджаюцца яго грашамі, і толькі тросся ад бяссілля. Ён вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў словы Робін Гуда:

— А цяпер адпусціце яго.

— Пан біскуп, — са смехам сказаў Маленькі Джон, — вы панесяце кару за сённяшняе паляванне. Вы паедзеце ў Нотынгем з ганьбай, як бяздомны бадзяга, — тварам да конскага хваста.

Біскупа пасадзілі на каня, і пародзісты скакун прыпусціў лёгкім галопам па дарозе. I гэтак, седзячы задам наперад, ён з ганьбай вярнуўся ў горад без грошай і без палоннага.

Загрузка...