Раздзел семнаццаты Робін Гуд становіцца мясніком

Пасля таго як біскупа Герфардскага з ганьбай адпусцілі ў Нотынгем, лясную вольніцу ў Шэрвудскім лесе ніхто не трывожыў. Удзень людзі палявалі, вечарамі сядзелі вакол яркага вогнішча, рабілі лукі, апярэнне да стрэл, начамі спакойна спалі, захутаўшыся ў зялёныя плашчы. Вартавыя пільна ахоўвалі свой прытулак ад ворагаў.

Неяк ранкам Робін Гуд прачнуўся са шчымлівым болем у сэрцы. Гэтае зацішша гняло яго, яму хацелася дзейнасці і прыгод. Ён надумаў схадзіць у Нотынгем і паглядзець, што робіцца ў горадзе. Маленькаму Джону пра свой намер Робін Гуд нічога не сказаў, бо ведаў, што верны паплечнік пачне адгаворваць яго не соваць нос у самае гняздо ворагаў. Тайком ад усіх выбраўся з лагера і пайшоў у Нотынгем.

Каб яго не пазналі, Робін Гуд замест зялёнага плашча і курткі надзеў рудую даматканую світку. Цяпер яго можна было прыняць за вясковага гаспадара або дробнага гандляра.

За дзве ці тры мілі ад горада, на скрыжаванні дарог, Робін Гуд убачыў мясніка, які ішоў на рынак, везучы на кані кашы з ялавічынай.

— Добрай раніцы, шаноўны! — павітаўся Робін Гуд. — Адкуль вы ідзяце і куды?

— Іду я ў Нотынгем прадаваць ялавічыну, — адказаў гандляр. — Я — мяснік.

— Праўда? — усклікнуў Робін Гуд, якому прыйшла ў галаву добрая думка. — Трэба ж такому здарыцца! Я мару стаць мясніком! Можа, прадасце…

— Што прадаць? — не зразумеў мяснік.

— Кабылу, кашы і тое, што ў кашах, — адказаў Робін Гуд. — Ну, кажыце, колькі вам заплаціць?

— Вазьму я няшмат, — мяснік адказаў,—

I разам усё забірай.

За кабылу й тавар, малады гаспадар,

Чатыры мне маркі ты дай.

— Я з вамі зараз і расплачуся, — сказаў Робін Гуд, выняў з кішэні кашалёк, адну за адной адлічыў на далонь мясніка манеты. Мяснік пайшоў дадому, а Робін Гуд пагнаў кабылу з таварам у Нотынгем.

«Цяпер, — разважаў Робін Гуд, — трэба ўвайсці ў горад з незалежным выглядам. Хто будзе прыглядацца да гандляра, які ідзе на рынак?»

Ён спакойна павёў кабылу праз вароты, і ніхто яго не спыніў. На рынку знайшоў прылавак, за якім звычайна гандляваў чалавек, у якога ён купіў тавар, і разлажыў на ім мяса. Неўзабаве на рынку сабралася шмат пакупнікоў, і мяснікі пачалі зазываць:

— Падыходзьце, сюды, сюды! Купляйце, не пашкадуеце! Свежае мяса найлепшага гатунку, падыходзьце, бярыце, бярыце! Дзякуй скажаце. Бярыце, купляйце!

Калі мяснікі зазываць пачалі,

I Робін свой гандаль адкрыў.

Ды як таргаваць, за што колькі браць,

He ведаў — ніхто не вучыў.

Робін Гуд пачуў, як расхвальваюць свой тавар яго суседзі па мясным радзе, і таксама пачаў зазываць пакупнікоў. Па сваёй недасведчанасці, ён прадаваў ім за адно пені столькі мяса, колькі іншыя мяснікі давалі за тры. Неўзабаве чуткі пра яго разнесліся па ўсім рынку, і каля яго прылаўка сабраўся натоўп.

Гандляры пачалі чухаць патыліцу і пераглядвацца.

— Хто ён, гэты новы гандляр мясам? — пыталіся яны адзін у аднаго. — Ён нас разорыць. Гэтак мы застанемся без пакупнікоў.

Некаторыя з іх збавілі цану, але дарэмна: ахвотнікаў купіць мяса ў Робін Гуда не меншала.

— Марнатравец нейкі,— сказаў адзін мяснік. — Прадаў бацькаў надзел і пускае грошы на вецер.

— Ага, — сказаў другі.— Або крадзе кароў і таму прадае за бясцэнак.

— Няйначай, — сказаў трэці.— А можа, ён пераадзеты дваранін? Пабіўся з кімсьці аб заклад, што першы прадасць свой тавар?

— Давайце пазнаёмімся з ім, — сказаў чацвёрты. — Я пайду і запрашу яго на наш сённяшні банкет.

Мяснік падышоў да Робін Гуда, які якраз аддаваў пакупніку апошні кавалак мяса, і сказаў:

— Слухай, браце, мы ўсе людзі аднаго занятку і павінны лепш ведаць адзін аднаго. Сёння ў нас, мяснікоў, банкет. Пойдзеш з намі?

— Ганебная справа, — сказаў Робін Гуд, —

Банкет прапускаць мяснікоў.

Ваш гурт мне святы, мае вы браты,

I з вамі ісці я гатоў.

— Вось і добра, — сказаў мяснік. — Банкет мае адбыцца ў доме шэрыфа. Усе разам туды і пойдзем.

Як толькі быў прададзены ўвесь тавар, мяснікі гуртам рушылі ў асабняк шэрыфа. У банкетнай зале Робін Гуд убачыў за багата ўстаўленым сталом шэрыфа і непрыкметна ўсміхнуўся.

«Калі б гэты скупянда ведаў, хто прыйшоў частавацца яго далікатэсамі, што б тут пачалося!» — падумаў ён.

Усе паселі за доўгі стол. Робін Гуд, як самы малады з прысутных, прачытаў малітву, а потым запрасіў мяснікоў піць і есці, колькі душа пажадае, за яго кошт.

— Піце і ешце, — сказаў Робін Гуд,—

Весяліце сябе і другіх.

А пайсці захачу, за ўсё заплачу,

Хоць на пяць набяжыць залатых.

— Гэта нейкі вар’ят, — прашаптаў адзін мяснік на вуха шэрыфу і расказаў, як танна гэты гандляр прадаваў мяса на рынку.

— Бязмозгі баран, — вырашыў шэрыф. — Відаць, прадаў маёнтак і спяшаецца хутчэй вызваліцца ад грошай.

— Во, і мы гэтак падумалі,— зноў прашаптаў мяснік.

Да канца банкету шэрыф ужо еў і піў мала, сядзеў у глыбокім роздуме і раз-пораз кідаў на маладога мясніка хітрыя позіркі.

«Гэты легкадумны шалапут раскідвае грошы абедзвюма рукамі,— думаў шэрыф. — Чаму б і мне не ўзяць сабе крыху? — Ён цяжка ўздыхнуў, прыгадаўшы сваю пустую скарбніцу, якая так і прасілася, каб яе зноў напоўнілі.— Можа, мне і няшмат перападзе з яго багацця, — разважаў шэрыф, — ды я рады буду хоць якой здабычы, бо мяне да ніткі абабраў гэты шэльма Робін Гуд са сваімі зладзеямі».

Калі скончыўся банкет, шэрыф падсеў да маладога мясніка.

— Мне расказалі пра камедыю, якую вы сёння раніцай разыгралі на рынку, — сказаў шэрыф, і яго суровы твар зморшчыўся ва ўсмешцы, якая павінна была сведчыць, што і ён любіць дасціпныя жарты. — Танным продажам мяса вы ледзь не давялі да торбы нашых мяснікоў.

— Які з мяне мяснік-прадавец?! — засмяяўся Робін Гуд. — Ведаеце, я навічок у гандлі і кепска яшчэ разбіраюся ў цэнах.

— А ў вас ёсць жывёла? — нібы між іншым спытаў шэрыф.

— Сотні галоў,— адказаў Робін Гуд. — I пасвяцца яны на тысячах акраў добрай вольнай зямлі.

— Ого! Даволі прыстойная маёмасць, — зазначыў шэрыф.

— Нічога сабе, — бесклапотна адказаў Робін Гуд. — Толькі я з радасцю абмяняў бы яе на наяўныя грошы.

«Вось адкуль такая нізкая цана. Яму так і карціць хутчэй займець грошы на свае ўцехі. Праваліцца мне на гэтым самым месцы, калі я не выкарыстаю гэты зручны момант», — падумаў шэрыф, а ўслых сказаў:

— Чаму ж вы яшчэ не прадалі сваю маёмасць?

— He знайшоў пакупнікоў,— адказаў малады мяснік, пазяхаючы і пацягваючыся, — хоць і прашу не надта многа. Ды, відаць, ні ў кога няма свабодных грошай.

— Святая праўда, — пацвердзіў шэрыф. — Час цяпер цяжкі, і грошай у людзей малавата. Ну, калі ў вас няма пакупнікоў, я сам мог бы купіць.

— I колькі вы дасце за ўсё?

Шэрыф назваў суму ў дзесяць разоў меншую за вартасць маёмасці, апісанай мясніком, але той адразу згадзіўся. Яны ўдарылі па руках, і шэрыф у думках засмяяўся ад радасці, што гэтак абдурыў шалапута.

— Да вечара яшчэ далёка, — сказаў яму малады мяснік. — Можа, паедзем, і я пакажу вам сваю рагатую жывёлу і зямлю. Усяго і дарогі якая гадзіна.

— Што ж, я згодны, — ажывіўся шэрыф. — Вазьму з сабой грошы і адразу, на месцы, расплачуся з вамі і стану ўладаром маёмасці.

— Добра, — сказаў мяснік. — Нядоўга таргавацца — надоўга пабратацца. А я ўрачыста прысягаю, што перадам вам усю жывёлу і зямлю з такой жа шчодрасцю і шчырасцю, як бацька мой перадаў іх мне. — Робін Гуд сам сабе ўсміхнуўся, а шэрыф паспешліва выйшаў, каб узяць грошы і загадаць слугам асядлаць каня.

Неўзабаве яны рушылі ў дарогу: Робін Гуд на кабыле, якую раніцай купіў у мясніка, а шэрыф на сваім верхавым кані. Дарога, па якой яны ехалі, цягнулася ўздоўж Шэрвудскага лесу, і хутка коннікі апынуліся сярод гаёў і хмызоў.

— Лепш было б, каб ваш маёнтак быў дзе-небудзь у іншым баку, — занепакоіўся шэрыф. — Я не вельмі люблю гэты лес. He дай бог, пан мяснік, сустрэцца тут з гэтым разбойнікам Робін Гудам.

— Гэ! — пагардліва выгукнуў малады мяснік. — Што мне Робін Гуд? Падумаеш, ёсць каго баяцца! Едзем далей. Зусім ужо блізка, з хвіліны на хвіліну пакажацца статак.

За паваротам мяснік прытрымаў сваю кабылу і ўзяў за повад шэрыфавага каня.

— Стойце, пан шэрыф, спыніце каня, — сказаў ён. — Вунь, зірніце, мой статак пасецца. Ну, што скажаце? Праўда ж, сыты і прыгожы?

Шэрыф зірнуў у той бок, куды паказваў мяснік, і ахнуў ад здзіўлення, якое перайшло ў пачуццё трывогі. Вялікі статак каралеўскіх аленяў мо ў сотню галоў мірна пасвіўся на лясной паляне.

— Што за жарты, малады чалавек? — зазлаваў шэрыф. — Мы паехалі агледзець свойскую жывёлу, а не дзікую.

— He, пан шэрыф, я так не гаварыў,— засмяяўся Робін Гуд. — Я абяцаў вам паказаць рагатую жывёлу, і вось яна тут, перад вамі. Вунь якія рагачы!

Трывога шэрыфа нарастала.

— Паслухай, прыяцель, — сказаў ён, — я вяртаюся ў горад. Мне не падабаецца твая кампанія.

— З чаго гэта раптам? Навошта спяшацца? Вось маёмасць, якую вы хацелі купіць. Я перадам яе вам пры сведках.

I тут Робін Гуд узяў свой ражок,

Даў тройчы умоўны сігнал,

I з хмызнякоў з сотняй стралкоў

Выскачыў Джон на прагал.

З лесу выбег атрад лясных стралкоў. Шэрыф спалохана ўскрыкнуў, калі яны акружылі яго, і зразумеў, што пастка зачынілася і ратавацца ўцёкамі позна. Ён павярнуўся да мясніка:

— Цяпер я ведаю, хто ты. Ты — Робін Гуд!

— Ага, я Робін Гуд, — усміхнуўся Робін Гуд. — А гэта мае слаўныя хлопцы, якіх вы, здаецца, так не любіце. I ўсё ж, торг трэба завяршыць. Грошы, як кажуць, на стол.

Шэрыф з болем у сэрцы вылажыў да апошняй манеты ўсе грошы, якія ўзяў з сабою, каб расплаціцца з мясніком. Потым яго адпусцілі, і шэрыф паехаў назад у Нотынгем змрочны і дасведчаны. Змрочны таму, што скарбніца яго апусцела яшчэ больш, а дасведчаны таму, што цяпер ён ведаў, хто гэты малады мяснік.

Загрузка...