Раздзел дваццаты Сэр Рычард Лі вяртае доўг

Чытач, напэўна, памятае, як Робін Гуд дапамог у бядзе збяднеламу рыцару, якому пагражала страта ўсёй яго маёмасці — і дома, і зямлі, бо ён не мог аддаць узятую пад заклад маёнтка вялікую суму грошай. Сэр Рычард Лi не забыў свайго збавіцеля з Шэрвудскага лесу.

Пасля нягод вялікіх тых

Наш рыцар добра жыў,

Чатыры сотні залатых,

Каб доўг аддаць, нажыў.

Сто лукаў з пругкай цецівой

Яшчэ у дар прыпас.

Калчанаў сто узяў з сабой

I добрых стрэл запас.

На гэты раз у сэра Рычарда, калі ён ехаў праз Шэрвудскі лес, быў зусім іншы настрой, чым год назад. Тады ён быў сумны і змрочны і меў выгляд самага няшчаснага чалавека на зямлі. А цяпер ён, радасны і бадзёры, сядзеў на прыгожым кані, і яго суправаджаў атрад узброеных людзей. I ўся гэта перамена адбылася дзякуючы Робін Гуду, бо калі б рыцар страціў сваю зямлю, ён ніколі б ужо не выбраўся з галечы. Таму сэр Рычард з удзячнасцю і павагай успамінаў Робін Гуда, які вырваў яго з рук хцівага абата манастыра Святой Марыі.

Дарога прывяла рыцара і яго ўзброены атрад да шырокага лугу каля рэчкі перад мостам. На лузе было людна і шумна. З усяго наваколля валіў сюды народ на вясёлае гулянне. Акружаныя натоўпам ахвочых да відовішчаў і забаў людзей, паказвалі сваё майстэрства фокуснікі, жанглёры і акрабаты, спявалі мясцовыя саксонскія песеннікі і вандроўныя паэты-музыкі. У наспех напятых палатках крамнікі і карабейнікі прадавалі свой тавар. Але самы вялікі натоўп акружыў круглую пляцоўку, на якой удалыя і спрытныя барцы спадзяваліся заваяваць у спаборніцтве багатыя прызы.

Узнагародай барцу-пераможцу быў добры рысак з пазалочанай вупражжу. Цудоўны прыз! Той, хто зойме другое месца, атрымае пародзістага быка, а наступныя тры пераможцы, гледзячы, хто якое зойме месца, — пару прыгожых вышываных пальчатак, залаты пярсцёнак ці бочку віна. Таму і не дзіва, што ў Нотынгем сабралася шмат ёменаў. Кожны разлічваў на які-небудзь прыз, няхай нават самы апошні.

Перад мостам натоўп быў такі густы, што рыцару і яго людзям немагчыма было праехаць, а прабіваць сабе дарогу сілай сэр Рычард лічыў непрыстойным. Дзень яшчэ толькі пачынаўся, часу ў рыцара было багата. Ён спыніў каня, каб якую гадзіну паназіраць за спаборніцтвам барцоў. Астатнія коннікі збіліся вакол яго. Усе з нецярплівасцю чакалі, калі пачнецца спаборніцтва.

Усім на здзіўленне, вострай барацьбы не атрымалася. I вінаваты ў гэтым быў нейкі здаровы, няўклюдны з выгляду бамбіза, які лёгка, нібы гуляючы, клаў на лапаткі кожнага свайго саперніка. Быў гэта чэмпіён якой-небудзь вёскі або гарадка — усіх ён валіў на траву, як толькі абхопліваў рукамі тулава свайго праціўніка.

— Хто гэта можа быць? — пыталіся гледачы. — Такіх барцоў ніколі яшчэ не бачыла Англія. Яму няма роўных. Ён абыходзіцца з усімі, як з дзецьмі.

Нікому не вядомы барэц кідаў на дол аднаго праціўніка за другім, усё гучнейшымі рабіліся воклічы захаплення. Але неўзабаве пачуліся нездаволеныя выкрыкі, якія перайшлі ў гнеўны гул. Гэта злавалі леснікі, якія гуртам стаялі каля пляцоўкі барцоў. Яны прыйшлі, каб падтрымаць свайго прыяцеля Губерта Дужую Руку — славутага барца, і зрабілі на свайго чэмпіёна вялікія грашовыя стаўкі.

Леснікі насміхаліся з пераможаных барцоў, калі тыя сарамліва выбіраліся з круга.

— Пачакайце, вось зараз супраць гэтага здаравякі выйдзе Губерт Дужая Рука! — крычалі яны. — Тады ўбачыце сапраўдную барацьбу. Які ён ні дужы, гэты бамбіза, а Губерт перакіне яго цераз плячо.

Здзекі і насмешкі яшчэ мацней падагрэлі натоўп. Нарэшце Губерт выйшаў у круг. Гледачы з хваляваннем і надзеяй чакалі, што вось зараз пачнецца сапраўдны паядынак. I хоць надзеі гэтыя адразу былі разбіты ўшчэнт, людзі ўбачылі нешта сапраўды захапляючае. Волат-барэц схапіў Губерта Дужую Руку і перакінуў яго цераз галаву. Чэмпіён леснікоў, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры, грымнуўся на дол, што аж зямля задрыжала.

— Нячысты захоп! — закрычалі злосныя леснікі.— Несумленны прыём! Паражэння няма!

— Есць, ёсць паражэнне! — закрычаў сэр Рычард. Ён любіў толькі сумленную гульню. — Захоп і прыём былі правільныя. Перамога чыстая.

Леснікі і самі добра гэта ведалі. Крычалі ж яны і абвінавачвалі пераможцу ў несумленнай барацьбе, толькі каб іхняму чэмпіёну не залічылі паражэння: тады ў іх была б прычына не плаціць грошай, якія яны прайгралі, пабіўшыся на яго аб заклад. Вакол пляцоўкі для барацьбы ўзняўся страшэнны шум і гвалт. Адны лаялі пераможца, другія заступаліся за яго. I ўсё ж больш было тых, хто злаваў на асілка, бо ён перамог барцоў, на якіх яны ставілі.

— Я недзе ўжо бачыў гэтага асілка раней, — задумліва прамармытаў сабе пад нос сэр Рычард. — Дзе я яго бачыў?

Рыцар напружыў памяць і раптам заёрзаў у сядле: «Успомніў! Успомніў! Гэта той самы велікан, што быў з Робін Гудам. Той самы, што прынёс мяшок з чатырма сотнямі фунтаў. Вядома, ён, хіба можна такое забыць!»

Сэр Рычард не памыліўся. Гэта быў Маленькі Джон. Ён пайшоў у разведку, пачуў пра спаборніцтва па барацьбе і захацеў пабыць на ім. Спачатку думаў толькі паглядзець на сваю любімую спартыўную гульню, але ўбачыў круглую пляцоўку і багатыя ўзнагароды, не ўтрымаўся і запісаўся ўдзельнікам пад імем Уіла з Паляны. Што было далей, вы ўжо ведаеце.

— Праганіце яго з круга! — на ўсё горла крычалі леснікі.— Ганіце прэч! Ён выкарыстаў нячысты прыём! Пачынайце спаборніцтва спачатку!

Леснікоў гучнымі крыкамі падтрымалі многія гледачы. Яны хацелі даць сваім любімцам яшчэ адзін шанц удзельнічаць у спаборніцтве, з якога іх выбіў гэты волат. Былі ў натоўпе і людзі, што стаялі за справядлівасць. Яны дружна падтрымалі Маленькага Джона, крычалі, што ён змагаўся правільна і сумленна.

Раптам над Маленькім Джонам навісла небяспека. Узлаваныя леснікі ўскочылі ў круг і рынуліся на яго, некаторыя з аголенымі мячамі, пагражаючы забіць яго, калі ён зараз жа не пойдзе прэч. Але яны памыляліся, калі думалі, што гэтага чалавека можна запалохаць. Ён не ведаў страху. Высокі, дужы, ён упарта стаяў на месцы, з пагардаю пазіраючы на іх. Усё магло скончыцца трагічна, каб не ўмяшаўся сэр Рычард. Ён загадаў сваім людзям згуртавацца вакол яго і ісці за ім. Сэр Рычард накіраваў каня ў натоўп і прабіўся да Маленькага Джона, якога цесным колам абступілі раз’юшаныя леснікі.

— Адыдзіце ад яго! — крычаў ім сэр Рычард. — Разыдзіцеся, не чапайце гэтага чалавека!

Леснікі, якія падпарадкоўваліся толькі шэрыфу, не звярнулі б увагі на словы рыцара, каб яго не падтрымаў натоўп. Многія гледачы ведалі сэра Рычарда Лі, і дзесяткі галасоў закрычалі:

— Няхай сэр Рычард будзе за суддзю. Ён сумленны і справядлівы рыцар. Мы ведаем яго і давяраем яму. Няхай ён рассудзіць.

Дружны і рашучы голас натоўпу застрашыў леснікоў. Яны змоўклі і прыслухаліся, што скажа рыцар.

— Што ж гэта вы, панове? — сказаў сэр Рычард. — Хіба ў нас, у Англіі, лічыцца справядлівым злаваць на чалавека за тое, што ён аказаўся лепшым барцом і паказаў майстэрства, якога мы даўно ўжо не бачылі? Я сачыў за спаборніцтвам, бачыў кідкі і прыёмы — усе яны былі па правілах. Я кіну пальчатку кожнаму з вас, хто скажа, што гэта не так. Ну што, будзем крыкам пазбаўляць узнагароды чалавека, якога ніхто не змог перамагчы ў сумленнай барацьбе на пляцоўцы?

Словы яго трапілі ў цэль і выклікалі ў натоўпе пачуццё прыхільнасці да пераможца. Толькі леснікі ўсё яшчэ змрочна і пагрозліва пазіралі на яго і шэптам гаварылі адзін аднаму, што яны зрабілі б з ім, каб не ўмяшаўся рыцар са сваім узброеным атрадам.

Усе пагадзіліся, што першы прыз выйграў гэты выдатны барэц. Астатнія ўдзельнікі спаборніцтва зноў выйшлі ў круг і пачалі змагацца за наступныя прызы. Калі ўсе атрымалі свае ўзнагароды, сэр Рычард за пяць марак купіў у чалавека, якога ўзнагародзілі бочкай віна, яго прыз і загадаў адкрыць яе, каб кожны, хто хоча, мог наталіць смагу. Людзі прыйшлі ў добры настрой, апрача, вядома, леснікоў, якія вымушаны былі заплаціць прайграныя грошы і таму кіпелі ад злосці. Яны перашэптваліся і кідалі злосныя позіркі на Маленькага Джона, які ўважліва разглядаў чыстакроўнага рысака — сваю ўзнагароду. I раптам у натоўпе пайшла чутка, што гэты выдатны барэц — разбойнік Робін Гуда. Як яна ўзнікла, цяжка сказаць. Чуткі заўсёды неяк дзіўна ўзнікаюць. Магчыма, яшчэ нехта, акрамя сэра Рычарда, пазнаў Маленькага Джона, хоць ён і змяніў сваё аблічча. Але нельга было схаваць волатаўскую постаць, шырокія плечы, дужыя рукі і ногі.

Чутка імгненна дайшла да вушэй леснікоў, і яны з радасцю ўхапіліся за яе. Праўда гэта ці не, але якраз тое, што ім трэба: цяпер чэмпіёну гэтаму ўжо не вырвацца з іх рук.

— Разбойнік! Разбойнік! Хапайце яго! Хапайце! — закрычалі яны і рынуліся да пераможца.

Толькі хуткасць і спрыт маглі выратаваць Маленькага Джона. Ён імгненна апынуўся ў сядле, прышпорыў свайго рысака і пусціў яго галопам. У натоўпе цяпер ужо было шмат яго прыхільнікаў, бо народ любіў разбойнікаў Робін Гуда. Людзі расступіліся, прапусцілі ўцекача і адразу зноў самкнуліся, адрэзаўшы дарогу леснікам, якія былі пагналіся за ім. Маленькі Джон стралой праляцеў цераз мост і знік за паваротам дарогі.

— Добра, што гэты адважны барэц выратаваўся, — сказаў сэр Рычард і загадаў свайму атраду рушыць у дарогу следам за Маленькім Джонам.

А той, не спыняючыся, імчаўся галопам усё далей і далей, пакуль не стрымаў каня на паляне, дзе сядзелі Робін Гуд і дзесятка паўтара яго лясных стралкоў.

— Што з табой, Маленькі Джон? — здзівіўся Робін Гуд. — Чаго ты ляціш на злом галавы? У якога вяльможы ты адабраў такога цудоўнага скакуна?

— Рысак гэты мой. Я заваяваў яго ў сумленнай барацьбе. — Маленькі Джон расказаў пра спаборніцтва, пра добрага рыцара, які заступіўся за яго і справядліва прысудзіў яму перамогу. Маленькі Джон не пазнаў сэра Рычарда Лі, так змянілася ўсё яго аблічча — і вопратка, і выраз твару.

— Ты не бачыў дзе на дарозе журботнага рыцара, якому мы пазычылі чатыры сотні залатых? — спытаў Робін Гуд.

— Нават і следу яго не бачыў, атаман, — адказаў Маленькі Джон. — Ты чакаеш яго?

— Чакаю, бо сёння роўна год, дзень у дзень, як мы пазычылі яму грошы, і да захаду сонца ён павінен вярнуць доўг.

— Усё будзе добра, атаман, — сказаў Маленькі Джон, які ніколі не траціў надзеі.— Сонца яшчэ высока. Я гатовы прысягнуць, што рыцар стрымае сваё слова, бо бачыў, якой шчырасцю і сумленнем свяціліся тады яго вочы.

— Добра, калі так, — сказаў Робін Гуд. — Але сёння мне хочацца паабедаць з якім-небудзь госцем. Дык бяры свой лук, Маленькі Джон, і разам з Мачам і Уілам Скарлетам пачакай на Уолтынгскім гасцінцы якіх падарожнікаў. Запрасі іх паабедаць са мной, хто б яны ні былі. Калі яны з багацеяў, дык заплацяць за пачастунак, калі з бедных, мы з імі падзелімся тым, што маем. А калі трапідца менестрэль або фігляр, дык павесяляць нас.

Маленькі Джон і яго сябры выйшлі на дарогу. Зірнулі на захад, зірнулі на ўсход — нікога. На дарозе, што вяла ў Барнсдэйл, убачылі вялікую грамаду, якая рухалася ў іх бок.

— Клянуся небам, — сказаў Маленькі Джон, — у нашага атамана сёння гасцей будзе шмат.

Разбойнікі пачалі ўглядацца ў працэсію. Наперадзе на прыгожых верхавых конях ехалі два манахі ў чорных расах. За імі ішлі сем цяжканагружаных коней, а ззаду пяцьдзесят два кап’ёўшчыкі аховы.

— Нават біскуп не ехаў бы гэтак велічна, як гэтыя чорныя манахі,— зазначыў Мач. — Клянуся, на ўючных конях вялікі скарб, інакш не было б такой моцнай аховы.

— Сябры мае, — сказаў Маленькі Джон, — нас толькі трое, і ўсё ж мы павінны прывесці гэтых манахаў на абед да нашага атамана, a то лепш на вочы яму не паказвацца.

Мач і Уіл Скарлет моўчкі кіўнулі галовамі ў знак згоды. Яны прытаіліся ў тым месцы дарогі, дзе яна рабіла рэзкі паварот і вілася паміж двума высокімі схіламі. Тут зручней за ўсё можна было захапіць галаву калоны.

— Нацэльце лукі,— Джон сказаў,—

Манахаў возьме страх.

Я цэль сабе ужо абраў:

З двух першы — мой манах.

Калі абодва манахі мінулі паварот, дарогу ім перагарадзілі тры чалавекі са стрэламі на цяцівах лукаў. Манахі нацягнулі павады, уся калона спынілася і змяшалася.

— Стой, манах! — крыкнуў Маленькі Джон таму з манахаў, што ехаў наперадзе і быў, відаць, больш важнай персонай, чым яго спадарожнік. — Hi з месца. Памятай, твой лёс у маіх руках. Ты разгневаў майго гаспадара, бо вымусіў яго доўга пасціцца.

У вачах у манаха мільганулі здзіўленне і спалох. Ён утаропіўся на Маленькага Джона, не разумеючы, пра што гаворыць гэты волат.

— А хто твой гаспадар? — нарэшце спытаў ён.

— Робін Гуд! — прагрымеў магутны голас Маленькага Джона.

— Гэта вялікі ліхадзей, — сказаў манах змрочна. — Пра яго я ніколі нічога добрага не чуў.

— Ілжэш, манах! — закрычаў Маленькі Джон. — Ён паважаны лясны ёмен і запрашае цябе паабедаць з ім. I хочаш не хочаш — ты пойдзеш з намі.

Мач і Уіл Скарлет ні слова не прамовілі, але іх стрэлы ў любы момант гатовы былі сарвацца з цяціў. Ды гэтага не здарылася. Калона кап’ёўшчыкаў, што ішла за манахамі, нібы растала. Яны пачулі імя Робін Гуда, калі зычны голас Маленькага Джона прагрымеў у лагчыне, па якой праходзіла дарога. Досыць было пачуць гэтае імя, каб кап’ёўшчыкі з перапуду кінуліся ўцякаць.

— Едзьце за намі,— загадаў манахам Маленькі Джон, і тыя паслухмяна прышпорылі коней. Нічога іншага ім не заставалася.

Мач з Уілам Скарлетам пайшлі ззаду з лукамі напагатове — на выпадак, калі хто з манахаў надумаецца ўцячы. Маленькі Джон гнаў наўючаных коней. Яму памагалі паж і конюх. З усяе шматлікай світы толькі яны засталіся вернымі манахам.

Маленькі атрад неўзабаве апынуўся на паляне, дзе іх чакаў Робін Гуд. Ён зняў шапку, вітаючы гасцей, але старшы манах не адказаў тым жа. Маленькі Джон зазлаваў:

— Гэта нявыхаваны чалавек, атаман. Зараз ён у мяне зніме шапку.

— Ніякага прымусу, Маленькі Джон, — стрымаў яго Робін Гуд. — Сілы не ўжывай. Калі ён не хоча зняць шапку, не трэба. Колькі з ім было людзей?

— Пяцьдзесят два чалавекі аховы, але ўсе яны паўцякалі.

— Падай сігнал нашым людзям, што ў нас госці. Маленькі Джон затрубіў у ражок, і праз хвіліну на паляне выстраіліся сто сорак узброеных хлапцоў у пунсовых плашчах. Убачыўшы гэтых бравых малайцоў, манахі з трывогай глянулі на сваіх наўючаных коней.

Неўзабаве падалі абед. Манахі селі за стол, і Робін Гуд з Маленькім Джонам пачалі частаваць іх самымі смачнымі стравамі.

— Ешце, ешце, — запрашаў Робін Гуд старшага манаха.

— Вялікі дзякуй, ласкавы ёмен, — падзякаваў манах. — Я з задавальненнем паабедаю, стол у вас шчодры.

— З якога вы манастыра? — спытаў Робін Гуд.

— Святой Марыі,— адказаў манах.

Бровы Робін Гуда высока ўскінуліся, ён усміхнуўся.

— А якую вы ў ім пасаду займаеце?

— Я — галоўны келар, — важна адказаў манах. Робін Гуд зарагатаў.

— Чаго вы смеяцеся, ёмен? — спытаў келар.

— Мяне смех разбірае, як падумаю, што галоўны казначэй і аканом манастыра Святой Марыі завітаў да мяне ў госці якраз сёння, а не ў які-небудзь іншы дзень года, — адказаў Робін Гуд.

— А чым сённяшні дзень такі адметны?

— Тым, што роўна дванаццаць месяцаў таму назад я даў у доўг чатыры сотні фунтаў, якія належала заплаціць вашаму манастыру. Сёння мне павінны вярнуць гэтыя грошы. Можа, вы прывезлі мне іх?

— Я? — здзівіўся келар. — Ніякіх грошай я не прывёз. Каму вы пазычылі іх?

— Аднаму збяднеламу рыцару.

— Ну дык няхай ён і вяртае доўг.

— Разумееце, — спакойна сказаў Робін Гуд, — я падумаў, што гэта абат вырашыў вярнуць мне грошы. Мне здалося, што ў вашай паклажы іх нямала, — Робін Гуд павёў галавой у той бок, дзе ляжаў груз, зняты з коней.

— Там наогул грошай няма! — паспешліва крыкнуў келар. — Толькі адзежа ды сёе-тое з рэчаў.

— Зусім няма грошай? — на твары Робін Гуда адбілася здзіўленне. — I вы нічога не прыхапілі на дарожныя выдаткі?

— Ах, так, так, вы мне нагадалі,— спахапіўся манах. — Так, крыху ёсць. Дваццаць манет серабром. Паклажу развязваць не варта, ласкавы ёмен. Нічога каштоўнага там няма.

— I ўсё ж трэба распакаваць, — задумліва прамовіў Робін Гуд. — А раптам сама святая Марыя пажадала вярнуць грошы, якія ўзяў у нас бедны рыцар, і ператварыла вашы дваццаць манет серабра ў золата. Распакуй паклажу, Маленькі Джон.

Волат разаслаў на зямлі свой вялікі плашч, узяў адзін з куфэркаў, з цяжкасцю адчыніў і перакуліў яго. На плашч зіхатлівым вадаспадам пасыпаліся залатыя манеты.

— Цуд! — усклікнуў Робін Гуд. — О святая Марыя! Хіба я не казаў, што, магчыма, яна ператворыць серабро ў золата?

Маленькі Джон зламаў замок другога куфэрка, і на бліскучую груду манет са звонам паліўся яшчэ адзін залаты паток.

— Цуд! Цуд! — у адзін голас закрычалі разбойнікі і зайшліся ад рогату. Ім вельмі спадабаўся жарт атамана.

Келар, чорны як ноч, моўчкі пазіраў на высыпаны на плашч скарб.

— Палічы, колькі тут, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.

Грошай аказалася больш за восемсот фунтаў.

— Аддай манаху яго дваццаць манет, — зноў загадаў Робін Гуд свайму памочніку, і калі той адлічыў названую суму, сказаў келару: — Вось, калі ласка, манах, бяры. Мы не ўзялі з манастырскай казны ніводнага пені. Ты сам сказаў, што ў куфэрках было толькі дваццаць манет. Значыць, святая Марыя зрабіла цуд і прыслала нам цэлых восемсот фунтаў. Яна пажадала аддаць нам у два разы большы, чым узяў у нас рыцар, каб расплаціцца з настаяцелем яе манастыра.

— Шэльмы! Зладзеі! — разгневаўся келар. — Вярніце казну майго абата, а не, дык ён пракляне вас самымі страшнымі праклёнамі і нашле на вас пякельныя пакуты на гэтым і на тым свеце!

— А божухна! — усклікнуў Робін Гуд. — Вось як загаварыў пан галоўны келар! Пра казну ўспомніў, пагражае праклёнамі свайго абата! А мне не страшна. Я ні ў грош не стаўлю праклёны гэтага жорсткага і сквапнага папа, які гатовы адабраць ад удавы апошні шэлег, каб набіць свае куфры. Няўжо ты думаеш, манах, што я хоць крышачку баюся яго праклёнаў? Аддай, Маленькі Джон, келару яго верхавога каня, і няхай ён выбіраецца адсюль. Коні і паклажа застануцца ў нас.

Дружнымі воклічамі адабрэння сустрэлі разбойнікі рашэнне атамана. Келар, падумаўшы, таксама абрадаваўся, што яго адпускаюць цэлым і здаровым. Ён хуценька ўскарабкаўся на каня і паехаў разам са сваімі спадарожнікамі, якіх таксама адпусцілі.

Толькі манахі зніклі за лесам, як паказаўся сэр Рычард Лі. На дарогу ў яго пайшло значна больш часу, чым у Маленькага Джона. Той ляцеў галопам, а сэр Рычард ехаў павольна, бо шмат хто з яго людзей ішоў пеша.

— Хай беражэ вас бог, добры Робін Гуд, і ўвесь ваш хаўрус! — прывітаўся сэр Рычард, пад’ехаўшы бліжэй.

— З добрым прыбыццём, высакародны рыцар! — адказаў Робін Гуд. — Сардэчна запрашаю ў нашу зялёную пушчу. Як вы ўладзілі справы з манастыром Святой Марыі?

— О, яго настаяцель хацеў захапіць маю зямлю, — сказаў рыцар. — Дзякуючы вам, добры атаман, я выкупіў яе і вось прыехаў сёння, як абяцаў.

— А я падумаў, што сёння вас не ўбачу. Сонца ўжо амаль садзіцца.

— Даруй мне за спазненне. Я затрымаўся ў дарозе. Еду, бачу: спаборніцтва па барацьбе. На пераможца, на нейкага беднага ёмена, напалі несумленныя людзі. Вось я і застаўся, каб памагчы яму. Мне здаецца, гэта быў твой чалавек.

— Ага, сэр рыцар, гэта быў я і шчыра вам дзякую за дапамогу! — усклікнуў Маленькі Джон і выйшаў наперад. — Каб вы не заступіліся за мяне, патрабуючы справядлівасці, подлыя шэрыфавы леснікі расправіліся б са мной. Але я не пазнаў вас. Дзіўная з вамі зрабілася перамена.

— I я дзякую вам, сэр Рычард, — далучыўся да Маленькага Джона Робін Гуд. — Той, хто дапамагае каму-небудзь з нашых людзей, дапамагае і мне, а Маленькі Джон — мая правая рука. He ведаю, што б я рабіў без яго.

— Я рады, што быў вам карысны, — сказаў рыцар. — А ў гэтым мяху, добры Робін, чатыры сотні фунтаў. Няхай пералічаць і правераць, ці ўсе яны там. I вось вам маленькі падарунак за вялікую мне паслугу — яшчэ дваццаць залатых.

— Схавайце свае грошы, сэр рыцар, — засмяяўся Робін Гуд. — Доўг мне ўжо вярнулі.

— Вярнулі мой доўг? — здзівіўся сэр Рычард. — Што вы хочаце сказаць, добры Робін Гуд? У мяне ніколі не было прыяцеля, які б заплаціў за мяне такія вялікія грошы.

— Святой дзевай клянуся, такі прыяцель у вас знайшоўся, — рагатнуў Робін Гуд, — і вы здзівіцеся, пачуўшы яго імя, бо гэта не хто іншы, як сам настаяцель манастыра Святой Марыі.

— He можа быць! — рашуча прамовіў сэр Рычард. — Ніколі не паверу. Што вы! Хіба можна сабе ўявіць, каб тоўсты і сквапны стары шэльма абат па сваёй волі заплаціў мой доўг?

Робін Гуд зноў засмяяўся:

— Я не сказаў, што ён заплаціў па сваёй волі, сэр Рычард. Але ўсе грошы былі атрыманы з яго казны. Я поўнасцю разлічыўся з яго галоўным келарам, адпусціўшы гэтага манаха з мірам.

Сэр Рычард пачаў ужо здагадвацца, што здарылася. А калі пачуў пра цуд, які ператварыў дваццаць сярэбраных манет чорнага манаха ў восемсот залатых, ён весела зарагатаў.

— I ўсё ж, добры ёмен, — сказаў ён, — я прашу, каб вы ўзялі тое, што я вам вінен.

— Я не вазьму ў вас нават сярэбранага пені,— заявіў Робін Гуд. — Свае грошы я ўжо атрымаў, і ад таго, ад каго трэба. Лепш скажыце, сэр рыцар, навошта вам такі вялікі запас добрых лукаў і стрэл з прыгожым апярэннем? — Ён спытаў гэта, толькі каб загаварыць пра што-небудзь іншае.

Сэр Рычард растлумачыў:

— Разумееце, Робін, гэта мой вам сціплы падарунак.

Робін Гуд горача падзякаваў яму. Лукі і стрэлы ў прыгожых калчанах аддалі стралкам, якія прыйшлі ад іх у захапленне, бо зброю зрабілі самыя ўмелыя майстры і яна была сапраўды цудоўная.

— А цяпер, Маленькі Джон, схадзі ў скарбніцу і прынясі палавіну тых грошай, што заплаціў мне чорны манах. Манастыр Святой Марыі быў вінен нам чатырыста залатых, а келар прывёз восемсот.

Памочнік атамана прынёс чатырыста фунтаў, і Робін Гуд аддаў іх сэру Рычарду. Рыцар адмаўляўся браць, але Робін Гуд настояў на сваім.

— Быць рыцарам цяжка. Трэба мець шмат грошай, — сказаў ён. — А я тут, у лесе, мала трачу. I калі здарыцца так, што вы зноў трапіце ў бяду, прыходзьце да Робін Гуда, і ён падзеліцца з вамі тым, што будзе ў яго ў казне. А зараз мы накрыем стол для вас і вашых спадарожнікаў, бо ўсе вы, відаць, прагаладаліся пасля такога далёкага падарожжа.

I зноў прынеслі яду і пітво. Рыцар са сваімі людзьмі елі і пілі і дзякавалі свайго гасціннага гаспадара — сябра і заступніка ўсіх гаротных і прыгнечаных, ворага жорстскіх тыранаў.

Загрузка...