Раздзел васемнаццаты Робін Гуд выратоўвае ўдовіных сыноў

Неяк раз Робін Гуду захацелася павандраваць. Ён пайшоў адзін, без Маленькага Джона і яго атрада. На сёмы дзень ён вяртаўся ў лагер. Калі ён пераваліў цераз грэбень гары, у яго радасна забілася сэрца. Перад ім раскінуўся шырокі абсяг лесу, афарбаваны пурпурам вячэрняй зары. Хутка ён зноў апынецца ў дарагім яму і любімым Шэрвудскім лесе.

Робін Гуд падыходзіў ужо да ўзлеску, як раптам спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Нехта ішоў ззаду яго па сцежцы, горка плакаў і цяжка ўздыхаў. Ён пастаяў хвілінку і ўбачыў старую жанчыну, яна набліжалася да яго. Відаць, яе напаткала вялікае гора. Слёзы ручаём каціліся па яе шчаках. Робін Гуд пазнаў жанчыну. Гэта была тая самая старая ўдава, што жыла ў лясной хаціне і якая дапамагла яму вырвацца з кіпцюроў біскупа.

— Што з табой, матухна Грын? — з трывогай спытаў Робін Гуд. — Што здарылася? Цябе хто-небудзь пакрыўдзіў? Калі так, дык клянуся дзевай Марыяй, твой крыўдзіцель хутка ўбачыць, што ў цябе ёсць друг і заступнік у асобе Робін Гуда.

— Ой, Робін, Робін! — загаласіла старая. — Mae сыны! Мae сыны!

— Што за бяда з імі здарылася? — яшчэ больш устрывожыўся Робін Гуд.

— Іх схапіў шэрыф! — адказала старая. — Зараз яны ў нотынгемскай турме і заўтра памруць.

— Што?! — усклікнуў Робін Гуд. — Хэл, Хоб і Дзікан у турме? Гэтыя храбрыя з храбрых? Благую вестку ты паведаміла, матухна Грын. Адкуль ты дазналася, што горкі іх лёс такі блізкі?

— Я была ў Нотынгеме і цяпер вяртаюся адтуль. Шавец Лоб мне ўсё расказаў,— праз слёзы сказала старая. — Выратуй іх, Робін Гуд! Зрабі што-небудзь.

— Вер мне, маці,— сказаў Робін Гуд, і твар яго пасуравеў, вочы запалалі агнём. — Для любога стралка з маёй дружыны я абавязаны зрабіць усё, што ў маіх сілах. А для сыноў тваіх зраблю нават немагчымае. Я зараз жа прыму неабходныя захады.

Робін Гуд заспяшаўся ў свой лагер. Ён не запаволіў хады, аж пакуль не прыйшоў. Маленькі Джон убачыў яго між дрэў і пайшоў насустрач.

— Вялікая бяда з Хэлам, Хобам і Дзіканам! — сказаў на хаду Робін Гуд.

— Ага, атаман, справы дрэнь, — хмурна адказаў Маленькі Джон. — Адкуль ты дазнаўся пра гэта?

— Сустрэў іхнюю маці,— адказаў Робін Гуд. — А як гэтых небаракаў схапілі?

— Выпадкова, — сказаў Маленькі Джон. — Яны як апантаныя гналіся за вялікім аленем і наляцелі на атрад шэрыфавых людзей, у самую іх гушчу. Апамяталіся, толькі калі ўбачылі, што трапілі ў палон.

— Трэба іх выратаваць, — рашуча прамовіў Робін Гуд. — Я ніколі не змагу глянуць у вочы іх мацеры, калі дазволю шэрыфу накінуць пятлю на шыю яе сыноў.

Назаўтра, ледзь развіднела, Робін Гуд пайшоў у Нотынгем. Сонца ўжо залаціла вершаліны дрэў, калі ён выйшаў з лесу. У поўдзень сыны старой удавы павінны памерці. Часу заставалася мала, таму Робін Гуд шпарка шыбаваў па дарозе. Раптам наперадзе ўбачыў чалавека, які ішоў яму насустрач. Робін Гуд спыніўся і пачаў уважліва ўзірацца ў падарожніка. Гэта быў вандроўны багамолец, бедны, абадраны дзядок з тых, што ходзяць па краіне ад аднаго святога месца да другога, просячы міласціну, і Робін Гуд супакоіўся. Калі яны былі ўжо блізка адзін ад аднаго, багамолец спыніўся і, абапёршыся на свой кій, чакаў, калі сустрэчны падыдзе да яго.

— Скажы, калі ласка, што ты чуў у дарозе? — спытаў у яго Робін Гуд. — Якія навіны?

— Навіны нярадасныя, — адказаў багамолец. — У Нотынгеме сёння памруць тры чалавекі. На рыначнай плошчы ставяць вісельню. Народ з усяго наваколля валам валіць у горад паглядзець на смяротную кару. He кожны ж дзень вешаюць адразу трох братоў.

Робін Гуд маўчаў і, здавалася, не надаў ніякага значэння сумнай навіне, але лоб яго збаразнілі маршчыны ад глыбокага роздуму, позірк блукаў па брудных лахманах багамольца.

Раптам ён пстрыкнуў пальцамі, як чалавек, які нарэшце рашыў нейкую цяжкую задачу.

— Давай, багамолец, памяняемся з табой адзежай, — усміхаючыся, прапанаваў Робін Гуд. — Вазьмі маю, а сваю аддай мне. I вось табе яшчэ за гэта сорак шылінгаў серабром, каб падмацавацца хлебам і элем.

Стары няўцямна паглядзеў на свае запэцканыя ў дарозе гразёю рызманы, на грошы на далоні ў Робін Гуда, на прыгожы ярка-зялёны плашч і куртку Робін Гуда.

— Твой багаты убор, — багамолец сказаў,—

Мой з адных толькі лат і прарэх.

Дзе б ты ні быў і каго б ні страчаў,

Смяяцца са старасці грэх.

— А я не смяюся з цябе, — сказаў Робін Гуд, — я маю самы сур’ёзны намер. Ну што, мяняемся? Бяры грошы, пачастуеш сваю брацію.

I яны памяняліся вопраткай. Робін Гуд насунуў на галаву капялюш старога, які ўлез яму толькі на макаўку, надзеў падраны плашч увесь у чорных, сініх, чырвоных латах, нацягнуў на сябе латаныя-пералатаныя штаны і дзіравыя панчохі, абуў чаравікі, якія ледзь ліпелі. Нават Маленькі Джон не пазнаў бы цяпер свайго атамана.

Робін Гуд адпусціў некалькі дасціпных і вясёлых жартаў, агледзеў сябе з усіх бакоў і сказаў:

— Што ж, як адзеты, так і сустрэты.

Цяпер ён меў тое, што яму было трэба: цудоўны маскарадны касцюм, і пашыбаваў у Нотынгем.

Праз дзве гадзіны пасля гэтага па вуліцы горада ішоў шэрыф, змрочны і насуплены. Ён не знайшоў яшчэ ката для трох асуджаных на смерць разбойнікаў.

«I ўсё роўна яны будуць вісець, нягоднікі! — з гневам думаў шэрыф. — Няхай нават мне самому, сваімі рукамі, давядзецца накінуць на іх пятлю!»

Раптам дарогу яму заступіў нейкі дзіўны з выгляду, згорблены абадраны дзядок і пісклява сказаў:

— Бог вам у помач, высакародны шэрыф! Хай той свет будзе вам раем, мой добры пан.

— Што табе трэба, стары пілігрым? — сярдзіта буркнуў шэрыф. Ён думаў, што багамолец хоча, каб яму падалі міласціну, і адразу вырашыў нічога яму не даваць.

— Людзі кажуць, пан шэрыф, — сказаў жабрак-багамолец, — што сёння вам патрэбен кат.

— Ага, ага, вельмі патрэбен, — больш мяккім тонам прамовіў шэрыф. Багамолец гэты, аказваецца, міласціны не прасіў.— Так, я шукаю ката, бо мне ўдалося схапіць трох нягоднікаў з шайкі Робін Гуда. Іх павесяць, як толькі званы адаб’юць поўдзень. Добра было б, каб побач з імі гайдаўся і іхні атаман.

— Ага, пан шэрыф, — спагадліва заківаў галавой стары багамолец. — Я добра разумею, што ў вас на душы. Чуў, Робін Гуд нарабіў вам шмат непрыемнасцей.

— Ён самы вялікі злыдзень з яшчэ не павешаных злыдняў,— прабурчаў шэрыф. — Але надыдзе дзень, калі мы стрэнемся з ім адзін на адзін, і хай ён тады паспрабуе вырвацца!

— О-о! — прапішчаў стары. — Гэта будзе няшчасны дзень для Робін Гуда, пане, вельмі няшчасны дзень, запэўняю вас. Але пакуль што трэба павесіць трох разбойнікаў з яго шайкі. Ведаю, чалавек я стары і слабы, і ўсё ж хацеў бы пачуць, колькі вы мне заплаціце, калі возьмеце сёння за ката.

— Плата добрая, — ажывіўся шэрыф, — добрая плата, стары. Трынаццаць пенсаў грашамі і адзежа павешаных. Табе, стары пілігрым, далібог, не пашкодзіць мець добры касцюмчык.

— Плата добрая, — пацвердзіў багамолец. — Я гатовы вам служыць, пан шэрыф, і займуся сёння гэтымі разбойнікамі.

За дзесяць хвілін да поўдня з варот турмы выйшла працэсія і накіравалася на рыначную плошчу. Вялікі атрад нарманскіх салдат вёў на шыбеніцу трох асуджаных. Наперадзе смертнікаў кандыбаў дзядок-багамолец — новаспечаны кат. На плошчы сабраўся вялікі натоўп. Канваірам давялося прабівацца скрозь гэты натоўп да злавесных слупоў з перакладзінай, на якой пагойдваліся вяроўкі з петлямі. Каля шыбеніцы была невялічкая свабодная пляцоўка, і тут працэсію ўжо чакаў шэрыф. Асуджаныя падняліся на памост.

— Бярыся за работу, стары! — загадаў шэрыф. — Пакажы, як ты ўмееш вешаць людзей.

— Усё па парадку, пан шэрыф, — дрыготкім старэчым голасам адказаў багамолец. — Людзей, якія ідуць на смерць, трэба спачатку паспавядаць.

Ён нешта зашаптаў смертнікам. Шэрыф падумаў, што ён іх спавядае. На самай справе Робін Гуд сказаў, што ім рабіць, калі надыдзе рашучы момант.

— Ну вешай ужо, кат, вешай! — нецярпліва закрычаў шэрыф. — Ці ёсць, дарэчы, у цябе мех, каб забраць іхнюю адзежу?

— Есць, ёсць. Мяхоў у мяне хапае, — засмяяўся багамолец і заспяваў:

— Мяшкі ёсць для соладу і для мукі,

Пад ячмень ці пшаніцу мяшок,

Для хлеба і мяса яшчэ два мяшкі,

А ў гэтым мяшэчку ражок.

— Навошта табе ражок, стары? — усміхнуўся шэрыф. — У цябе ж духу не хопіць падзьмуць.

— Духу не хопіць? Зараз ты пачуеш, пыхлівы шэрыф, як умею я трубіць! — загрымеў голас багамольца, з якім раптам адбылася дзівосная перамена. Згорблены, сагнуты амаль да зямлі багамолец выпрастаўся, стаў на край памоста, паднёс да рота свой ражок і затрубіў.

Шэрыф адразу пазнаў Робін Гуда.

— Здрада! Здрада! — закрычаў ён. — Робін Гуд! Гэта сам Робін Гуд! Хапайце яго! Забіце!

Але нарманскім салдатам было не да Робін Гуда. Ім давялося абараняць сваё жыццё, бо, як толькі над натоўпам пранесліся прарэзлівыя гукі ражка, дзесяткі людзей, што нагадвалі простых сялян, скінулі з сябе даматканыя плашчы і ў ярка-зялёных куртках лясных стралкоў Робін Гуда рынуліся з мячамі і шчытамі ў руках на салдат.

— Гуд! Гуд! З намі Гуд! — зароў волат, што кіраваў імі.— На дапамогу Робін Гуду!

Людзі ў зялёным адказалі Маленькаму Джону дружнымі воклічамі:

— З намі Гуд! Няхай жыве Робін Гуд! Далоў нарманскіх тыранаў!

На плошчы ўзнялася сумятня і страшэнны тлум. Людзі кінуліся ўрассыпную, каб не трапіць выпадкова пад меч. Жанчыны спалохана пішчалі, мужчыны гучна крычалі. Мячы са звонам стукаліся аб шчыты. Нарманскія салдаты, атакаваныя з усіх бакоў, толькі і паспявалі адбівацца. Дзе ім было думаць пра тое, каб схапіць пераадзетага атамана разбойнікаў?! А ён не марудзіў. Выхапіў з-за пояса востры нож і перарэзаў вяроўкі на Хэлу, Хобу і Дзікану. З крыкам: «За мной!» — саскочыў з памоста. Тры браты рынуліся за ім і ўміг апынуліся сярод сяброў.

— Згуртуйцеся вакол іх! — загадаў Робін Гуд, і лясныя стралкі шчыльным кальцом акружылі сваіх выратаваных ад смерці таварышаў.

— Адступайце да варот! — прагучаў новы загад Робін Гуда, і зялёная дружына цеснымі радамі рушыла з рыначнай плошчы.

Два разы нападалі на іх нарманскія салдаты, і два разы іх адганялі хмарамі стрэл і ўдарамі мячоў.

Неўзабаве падышлі да варот. Яны былі насцеж адчыненыя, бо Маленькі Джон даручыў Мачу і Уілу Ст’ютлі з тузінам людзей зняць варту, як толькі яны пачуюць, што на плошчы пачалася сутычка. Яны выканалі загад. Калі атрад з Робін Гудам на чале падышоў да варот, вартаўнікі былі ўжо абяззброеныя і звязаныя.

Усе выйшлі з горада на вольны прастор. Маленькі Джон з грукатам зачыніў вароты і паклаў ключ сабе ў кішэню, каб не было пагоні.

На ўскрайку лесу яны сустрэлі бедную старую ўдаву. Яна чакала іх тут з трапяткой надзеяй, што Робін Гуд выканае сваё абяцанне і выратуе яе сыноў. Старая ўбачыла Хэла, Хоба і Дзікана цэлымі і здаровымі сярод таварышаў і заплакала, толькі цяпер ужо ад радасці, падзякавала Робін Гуду і блаславіла яго.

Загрузка...