Раздзел дзевятнаццаты Сустрэча Робін Гуда з Марыянай

У роспачы, смутку, з надзеяй слабой

Адзелася ў пажскі кафтан,

Пайшла ў Шэрвуд, бо там Робін Гуд —

Славуты лясны атаман.

Робін Гуд Марыяну зусім не пазнаў,

Ды і сам ён аблічча змяніў.

Як чужыя, яны скрыжавалі мячы.

Пажаў спрыт Робін Гуда здзівіў.

З таго часу як Робін Гуд стаў лясным разбойнікам, адважным атаманам сялянскай вольніцы ў Шэрвудскім лесе, амаль дня не мінала, каб ён не прыгадаў дзяўчыну, з якой расстаўся, калі пакінуў свой дом. Гэта была Марыяна, вельмі мілая і прыгожая дачка паважанага чалавека, што жыў па суседству з Робін Гудам. Робін і Марыяна сябравалі з маленства — разам гулялі ў розныя гульні, шукалі птушыныя гнёзды, вудзілі рыбу ў ручаі, лазілі па дрэвах, бегалі навыперадкі па травяністым лузе. Пасля таго як Робін Гуду давялося пакінуць родныя мясціны, ён балюча перажываў разлуку з Марыянай.

Між тым лёс абышоўся з дзяўчынай сурова. Бацькі яе памерлі, прыяцелькі і знаёмыя адвярнуліся ад яе, і сэрцам яна ўсё часцей і мацней імкнулася да сябра свайго дзяцінства — да добрага і смелага Робін Гуда. Доўгі час Марыяна нічога не чула пра яго, не ведала, дзе ён, але раптам імя яго загрымела па ўсім Паўночным краі. Дзяўчына даведалася, што сябар яе стаў славутым разбойнікам. Подзвігі яго праслаўлялі ў сваіх песнях менестрэлі, а простыя людзі пераказвалі іх, седзячы вечарамі перад ачагом. Адзінокая, усімі пакінутая, Марыяна доўга думала і нарэшце вырашыла пайсці ў Шэрвудскі лес пашукаць Робін Гуда і паглядзець, ці памятае ён яшчэ старыя шчаслівыя дні іх дзяцінства. Але яна ведала: жанчыне або дзяўчыне хадзіць адной па дарогах, ды яшчэ па лесе, небяспечна. Таму яна апранулася, як паж, узяла лук і калчан са стрэламі, меч і шчыт і рушыла ў дарогу. Як толькі апынулася пад цёмнымі шатамі магутных дубоў, яна пачала з надзеяй узірацца і прыслухоўвацца, спадзеючыся сустрэць каго-небудзь з жыхароў лясных вёсак, хто мог паказаць дарогу ў прыстанішча яе старога сябра Робін Гуда.

Той самай раніцай Робін Гуд пайшоў адзін з лагера паглядзець, што дзеецца ў лесе і наваколлі. Ён надзеў світку і штаны з грубага нефарбаванага даматканага палатна, насунуў на лоб вялікі шыракаполы капялюш, прыкрыў левае вока чорнай павязкай, на плечы накінуў дзіравы плашч. Ён апрануўся так, каб ніхто не пазнаў яго, асабліва леснікі, бо трапіць ім у рукі азначала для яго пагібель. Шэрыф, ашалелы ад злосці, што Робін Гуд перахітрыў яго і выратаваў ад шыбеніцы трох сыноў старой удавы, загадаў сваім людзям не даваць нікому ніякай літасці і забіваць на месцы любога разбойніка, якога яны стрэнуць або схопяць.

Робін Гуд хадзіў па лесе мо гадзіну, як раптам убачыў прыгожа апранутага зграбнага юнака. Ён імгненна схаваўся за куст, бо не ведаў, юнак ідзе адзін ці з ім хто-небудзь ёсць. Нельга забывацца на асцярожнасць, бо ў яго шмат ворагаў. Любы незнаёмы чалавек выклікаў у яго падазрэнне: ці не пастка тут якая-небудзь? Але юны паж ішоў спакойным, мерным крокам і, відаць, быў адзін. Калі паж параўняўся з кустом, Робін Гуд выскачыў і загадаў незнаёмцу спыніцца.

— Хто ты і што табе трэба ў Шэрвудскім лесе? — уладным тонам спытаў Робін Гуд.

Марыяна, а гэта была яна, не пазнала свайго старога сябра. Ды і хіба пазнаеш у гэтым абадраным, дзікім з выгляду лясным жыхары Робін Гуда? Яна падумала, што яе падпільнаваў нейкі небяспечны грабежнік, адскочыла назад і схапілася за эфес мяча.

«Гэта не чалавек Робін Гуда, — вырашыла Марыяна. — Відаць, нейкі бандыт, і трэба даць яму рашучы і смелы адпор, інакш мне не паздаровіцца». Уголас сказала:

— Саступі з дарогі, прыяцель. Дай прайсці. Я не маю да цябе ніякай справы.

— Ты, можа, і не маеш, а я да цябе маю, — адказаў абадранец. — Гавары, куды і чаго ідзеш у лес, а не, дык завярну цябе назад.

— Завернеш назад? — абурыўся паж. — Паспрабуй, калі ўдасца, грубіян. He прымушай мяне ўзяцца за меч, бо вельмі пашкадуеш і праклянеш гэты дзень.

— Бач, які бравы ваяка! — засмяяўся Робін Гуд. — А што ты зробіш сваім такім маленькім мячом, хлопчык?

— У гэтага мяча вельмі вострае лязо. Сам зараз убачыш, — сказаў паж, выцягнуў з ножан меч і замахаў ім над галавой. — Дай дарогу, бо я іду ў лес і ніхто мяне не спыніць.

Калі Робін Гуд пачуў, што прышэлец кіруецца ў глыб Шэрвудскага лесу, яго падазронасць павялічылася. «Шэрыф можа падаслаць вось такога смелага і бойкага падлетка лазутчыкам у Шэрвудскі лес», — падумаў Робін Гуд.

— Дык вось, — сказаў ён, — я загадваю табе зараз жа выбірацца з лесу. Паберажы сваё жыццё, ідзі назад цэлы і здаровы. He вымушай мяне таксама ўзяцца за зброю.

— Бярыся, калі хочаш! — усклікнуў паж. — Назад я не пайду.

«Твой клінок страшны такім хлопчыкам, як ты», — падумаў Робін Гуд. Ён выхапіў меч, зрабіў рэзкі выпад нібыта з самым грозным намерам. Але, на яго здзіўленне, удар быў спрытна адбіты. Тоненькі зграбны паж валодаў мячом і шчытом не горш за некаторых былых праціўнікаў Робін Гуда.

Лясь! Лясь! — стукаліся адзін аб адзін вострыя клінкі. Робін Гуд, праўда, не ўжываў супраць гэтага падлетка ўсю сваю сілу і майстэрства. Нельга сказаць, каб паж зусім не ўмеў валодаць зброяй. Калі Робін Гуд крыху прамарудзіў, ён нават парэзаў мячом яму твар. Спрыт юнага незнаёмца прывёў атамана разбойнікаў у захапленне. Ён паспяшаўся скончыць сутычку мірам.

— Спынімся, хопіць, — сказаў Робін Гуд.—

Да лясной далучайся сям’і.

Дом твой будзе Шэрвуд. Тут жыве Робін Гуд

I прыгожа пяюць салаўі.

— Што? — усклікнуў паж. — Робін Гуд! Ты сапраўды Робін Гуд? Ох, Робін, мой меч параніў цябе! Хіба я ведала? Цябе ж не пазнаць!

Робін Гуд здзіўлена ўтаропіўся на тонкага зграбнага пажа.

— Хто ты? — выгукнуў ён. — Чаму ты гэтак шкадуеш, што параніў мяне?

— Я шукаю цябе, Робін! — усхвалявана сказаў паж. — Але хіба можна было падумаць, што я сустрэну цябе ў такім выглядзе? А ты, Робін, няўжо не пазнаёш мяне?

Робін Гуд пільна ўзіраўся ў прыгожы расчырванелы твар пажа, і раптам хваля радасці захліснула яго. Ён зразумеў, хто перад ім.

— Я пазнаў цябе! — усклікнуў ён. — Я цябе пазнаў! Ты Марыяна! Мілая, дарагая Марыяна! Навошта ты прыйшла ў лес?

— Я пайшла шукаць цябе, Робін, — сказала дзяўчына. — У мяне, акрамя цябе, няма нікога на свеце. Але вось не пазнала і параніла…

— А-а, дробязь, — сказаў Робін Гуд. — Тут у нас можна атрымаць і не такія раны. He дзіва, што ты мяне не пазнала. Я добра замаскіраваўся, каб мой закляты вораг, нотынгемскі шэрыф, не схапіў мяне.

Сябры селі на імшысты грудок і ажыўлена загаварылі. Яны расказалі адно аднаму, што з імі было пасля таго, як яны рассталіся.

— А ці знойдзецца ў вас у лесе месца для мяне, Робін? — спытала Марыяна.

— Знойдзем. Мы будзем ганарыцца, што ты прыйшла да нас, Марыяна, — горача сказаў Робін Гуд. — Ну падымайся, пойдзем да нас у лагер. Жонка Алана-а-Дэйла з радасцю сустрэне цябе і паклапоціцца, каб табе было добра.

Неўзабаве яны прыйшлі на глухую лясную паляну, дзе размяшчаўся лагер лясной вольніцы Робін Гуда. Жонка Алана-а-Дэйла ветліва прывіталася з дзяўчынай, а Маленькі Джон і Уіл Скарлет адразу схапілі свае лукі і стрэлы і пайшлі здабыць дзічыны для добрай вячэры.

Вечарам наладзілі банкет у гонар прыходу Марыяны ў Шэрвудскі лес. Лясныя стралкі расселіся вакол вялікага вогнішча, у якім ярка гарэлі дубовыя дровы, і шчодра частаваліся свежай аленінай і смачным пітвом.

Загрузка...