Раздзел сёмы Малады музыка

Рычард паехаў сваёй дарогай, адчуваючы сябе самым шчаслівым чалавекам ва ўсёй Англіі. Калі Рычард Лi сеў на каня і паехаў, Робін Гуд узяў свой лук і пайшоў пагуляць па лесе. Ля куста пры дарозе, што злучала два маленькія гарадкі, ён спыніўся і раптам пачуў вясёлую песню. Нехта ішоў праз лес і весела спяваў звонкім прыгожым голасам пад мяккія, густыя гукі арфы.

«Во вясёлая душа! — падумаў атаман разбойнікаў.— Калі яго кашалёк звініць так, як голас, дык варта гэтага птаха абскубці».

Ён прытаіўся за кустом і неўзабаве ўбачыў спевака на лясной дарозе.

«Вандроўны паэт-музыкант, менестрэль, — прашаптаў Робін Гуд. — На яго прыемна глядзець, але я ўпэўнены, кашалёк у яго пусты».

Падарожнік быў прыгожы дзяцюк з доўгімі хвалістымі саламянымі валасамі, на якіх зухавата сядзеў квяцісты берэт з пяром пеўня. Апрануты ён быў ва ўсё пунсовае.

Як франт, апрануты дзяцюк

Праз лес ішоў, спяваў,

Ён заліваўся, бы жаўрук,

Ды шчэ на арфе йграў.

Робін Гуду вельмі спадабалася вясёлая песня бесклапотнага юнака, і ён прапусціў яго, не ўзяўшы «дарожнага збору».

«Сорам і ганьба трывожыць чалавека, які з такой радасцю спявае сярод зялёнага лесу», — падумаў Робін Гуд і застаўся ў сваім сховішчы, прыслухоўваючыся да песні, пакуль апошні яе гук не замёр недзе за густой сцяной дрэў.

Робін Гуд зірнуў на ўсход і ўбачыў, што вячэрні змрок ужо ахінае лясныя абшары.

«Хутка надыдзе ноч. Сёння ніхто ўжо тут не пройдзе», — падумаў Робін Гуд і вярнуўся да месца збору на глухой паляне, дзе вакол вялікага яркага вогнішча сядзелі лясныя стралкі — гутарылі і весела смяяліся.

Назаўтра раніцай Робін Гуд разам з Маленькім Джонам і Мачам зноў пайшлі паназіраць за лясной дарогай.

Назаўтра ранкам з-за дубка

Зноў глянуў Робін Гуд

I зноў убачыў юнака —

На твары след пакут.

Цяпер убор ужо не той

Прыгожы быў на ім,

Што ўчора. Ён шаптаў з тугой:

«Няшчасны я зусім!»

— Што з ім такое здарылася? — здзівіўся Робін Гуд. — Яшчэ ж учора весялейшага за яго чалавека, здавалася, на свеце не было. Лec аж звінеў ад яго радаснай песні, а цяпер ён выглядае так, быццам ідзе на хаўтуры. Мач, і ты, Джон, прывядзіце яго да мяне. Хачу даведацца, што за прычына такой раптоўнай перамены.

Маленькі Джон і Мач выйшлі з засады і загадалі менестрэлю спыніцца. Але юнак быў не з баязлівага дзесятка. Ён імгненна схапіўся за лук, гатовы даць адпор, калі на яго нападуць.

— Пакінь свой лук, — сказаў яму Маленькі Джон. — Няма патрэбы страляць. Мы зла табе не зробім. Наш атаман хоча пагаварыць з табой. Вунь ён, зірні, стаіць пад дрэвам.

Менестрэля падвялі да Робін Гуда, той ветліва прывітаўся з ім і спытаў:

— У цябе ёсць лішнія грошы?

— Грошай у мяне зусім мала, — адказаў сумны менестрэль. — Усяго пяць шылінгаў і вось гэты пярсцёнак.

Робін Гуд узяў у яго з рук пярсцёнак.

— Гэты ж пярсцёнак заручальны! — усклікнуў ён.

— Ага, заручальны, — пацвердзіў менестрэль. — Сем гадоў я бярог яго і думаў, што сёння нарэшце надзену на палец нявесты. Але нявесту ў мяне забралі, і цяпер ён мне без патрэбы. Бярыце, хто хоча.

— Раскажы мне ўсё, — сказаў Робін Гуд. — Ты ж учора пад вечар быў радасны і бесклапотны, як лясная птушка, а сёння змрочны і сумны.

— Вы бачылі мяне ўчора? Я сапраўды быў шчаслівы і радасны, бо павінен быў павянчацца з першай прыгажуняй ва ўсім Паўночным краі, а вось цяпер сэрца маё абліваецца крывёю. Яе выдаюць за старога багатага рыцара.

— Яна раптам перадумала? — пацікавіўся Робін Гуд.

— He! — усклікнуў менестрэль. — He перадумала!

Яна кахае мяне гэтак жа моцна, як і раней. Але яе родзічы не хочуць і чуць пра мяне: у мяне ні зямлі няма, ні багацця. Сёння яе павянчаюць са старым багацеем. — Юнак зноў цяжка ўздыхнуў, так цяжка, быццам у яго вось-вось разарвецца сэрца.

— Як цябе завуць? — спытаў Робін Гуд.

— Алан-а-Дэйл, — адказаў юнак.

— Вось што, Алан-а-Дэйл. Я — Робін Гуд, — сказаў славуты разбойнік, — і калі я памагу табе і тваёй вернай дзяўчыне, чым ты аддзячыш мне?

— Амаль пусты мой кашалёк,

Набытак бедны мой,

Але магу я даць зарок

Быць верным вам слугой.

— Вось і добра, — сказаў Робін Гуд. — Сумленны і верны чалавек мне больш патрэбны, чым кашалёк, набіты золатам. Скажы, а дзе павінна адбыцца вянчанне?

— У царкве, што там, за лесам, — адказаў Алан-а-Дэйл. — Усяго за пяць міль адсюль.

— Гэту царкву я ведаю і буду там, — сказаў атаман разбойнікаў і, крыху падумаўшы, папрасіў: — Дай мне тваю арфу.

Менестрэль аддаў яму арфу. Робін Гуд перадаў усю сваю зброю Маленькаму Джону, нешта шапнуў яму на вуха і шпарка пайшоў па дарозе.

Нарэшце паказалася царква. Робін Гуд рушыў па дарожцы праз цвінтар, перабіраючы струны арфы. На звонкія гукі арфы ў дзвярах царквы вырасла мажная постаць у багатым убранні. Сам біскуп меўся справіць вянчальны абрад, бо ён з рыцарам былі прыяцелі яшчэ з маленства.

— Я падумаў, пачуўшы гукі арфы, што ўжо ідуць госці,— сказаў біскуп. — Хто ты і чаго прыйшоў?

Робін Гуд зняў шапку і нізка пакланіўся:

— Святы айцец, я вандроўны музыка. Кажуць, што ва ўсім Паўночным краі няма арфіста лепшага за мяне. Ядаведаўся, што сёння тут будзе вянчанне, і паспяшаўся сюды, каб упрыгожыць музыкай такі шчаслівы дзень.

— О, тады заходзь, калі ласка! — сказаў біскуп і павёў Робін Гуда ў царкву. — Музыку я люблю больш за ўсё на свеце. Сыграй мне што-небудзь.

— He, пане біскуп, — адказаў Робін Гуд, які мог толькі сяк-так брынкаць на струнах, — у тых мясцінах, дзе я вырас, людзі лічаць, што, пакуль не падыдзе вясельная працэсія, іграць нельга: можна наклікаць бяду.

— Добра, тады падрыхтуйся, — сказаў біскуп, — вунь яны ўжо ідуць.

Багаты рыцар тут стары,

Суровы увайшоў,

Нявесту, як святло зары,

Прыгожую прывёў.

Царква была поўная народу. Калі людзі ўбачылі жаніха і нявесту, усе пачалі пераглядвацца. Якая ганьба выдаваць такую прыгожую маладзенькую дзяўчыну за гэткага нягеглага старога! Рыцар быў вельмі стары, танканогі, нібы журавель, сляпы на адно вока і з вялікім гарбом на левым плячы. Дзяўчына ж была надзвычай прыгожая, як ружовая ранішняя зара, і такая свежая і пяшчотная, як майская кветка.

Але пры біскупе і пры рыцары, які славіўся сваім багаццем, ніхто не адважыўся ўголас сказаць, што думаў. Адзін Робін Гуд не змаўчаў.

— Што ж гэта такое? — закрычаў ён. — Шмат бачыў я жаніхоў і нявест, а такой няроўнай пары ніколі не было.

— Сціхні, хлопец! — сказаў яму біскуп. — Нявеста ўжо ў царкве, і зараз я іх павянчаю.

— Ваша праўда, пане біскуп, нявеста ўжо ў царкве. Але яна сама выбера таго, хто дарагі яе сэрцу.

— He вярзі лухты, хлопец! — узлаваўся біскуп. — Лепш зайграй, калі маладыя пойдуць да алтара.

— О, гэта я зраблю ахвотна, толькі павінен прызнацца, што лепш люблю іграць на ражку, чым на арфе, — усміхнуўся Робін Гуд і выняў з-пад плашча свой сігнальны ражок.

Ў ражок падзьмуў без лішніх слоў

Ён тры разы запар,

I ўраз два тузіна стралкоў

Прыбеглі на цвінтар.

А там усе пасталі ў рад,

На луках — дрэўкі стрэл,

I з лукам Робіна атрад

Вёў смелы менестрэль.

Цяжка апісаць, які ўзняўся гвалт і крык, калі дваццаць чатыры бравыя малайцы з лукамі ў руках уварваліся ў царкву. Біскуп пабарвавеў ад гневу, стары рыцар задрыжаў ад злосці і страху, калі нявеста кінулася на грудзі Алану-а-Дэйлу, за спінай якога стаяў цэлы атрад яго сяброў. Усе позіркі скіраваліся на таемнага музыку, які сваім ражком парушыў вянчанне.

Робін Гуд падняў руку, і ў царкве запанавала цішыня. Усе хацелі паслухаць, што скажа гэты чалавек.

— Алан-а-Дэйл, — сказаў ён, — я чуў, што гэта дзяўчына кахае цябе і ты кахаеш яе.

— Гэта праўда, — адказаў Алан-а-Дэйл.

— У такім разе, — гаварыў далей Робін Гуд, — калі яна згодна пайсці за цябе замуж, вянчанне працягваецца, толькі памяняем жаніхоў.

— Хто ты такі,— закрычаў біскуп, — што прыходзіш у божы храм пад выглядам музыкі, а распараджаешся, як кароль?

— Вы праўду кажаце, пане біскуп, — спакойна адказаў Робін, — я і ёсць кароль, кароль гэтых адважных стралкоў. А народ заве мяне Робін Гуд.

Робін Гуд! Пачуўшы гэта імя, усе знерухомелі ад здзіўлення і ўтаропіліся на атамана разбойнікаў. Знямелі ад нечаканасці і біскуп з рыцарам.

— А цяпер, пане біскуп, — сказаў Робін Гуд, — загадваю павянчаць гэтых маладых, якія далі адно аднаму клятву вернасці.

— Я не буду рабіць гэтага, — злосна агрызнуўся біскуп, — бо яны далі яе не ў царкве. Рабіць гэта трэба перад алтаром тры разы — такі ў нас закон, сам ведаеш, Робін Гуд.

— Праўду кажаце, — адказаў разбойнік, — так трэба рабіць, і так будзе зроблена. Запытайцеся ў іх тры разы.

— He буду! — гаркнуў біскуп.

— Раз вы адмаўляецеся, — спакойна сказаў Робін Гуд, — у мяне знойдзецца свой біскуп. Зніміце з яго мантыю! — загадаў ён, паказваючы пальцам на дзябёлага біскупа. Два дужыя стралкі ўмомант распранулі яго.

— Манаха робіць плашч з капюшонам, а біскупа — чырвоная мантыя, — засмяяўся Робін Гуд. — Ану, Маленькі Джон, накінь на плечы мантыю і стань на біскупава месца.

Маленькі Джон шырока ўсміхнуўся і нацягнуў на сябе мантыю. Усіх, хто быў у царкве, разабраў смех — вельмі ўжо быў пацешны выгляд у гэтага волата.

— Дык пачынай. Гучна абвясці імёны жаніха і нявесты, як заведзена, — загадаў Робін Гуд Маленькаму Джону.

Калі магутным крокам Маленькі Джон у чырвонай мантыі рушыў на біскупава месца і пачаў неяк смешна выкрыкваць імёны маладых, пад высокімі скляпеннямі царквы выбухнуў грамавы рогат.

Маленькі Джон паставіўся да свайго абавязку з вялікай адказнасцю і, баючыся, што трох разоў мала, усё паўтараў і паўтараў імёны, пакуль не зрабіў гэта ажно сем разоў. Тады Робін Гуд паклікаў яго назад і павярнуўся да біскупа:

— А цяпер, пане біскуп, выбірайце, што для вас лепш, і як мага хутчэй: альбо пажэніце гэтых маладых, якія шчыра кахаюць адно аднаго, альбо мы забяром вас у лес як палонніка.

Біскуп затросся ад страху. Гэтага яшчэ не хапала: быць палоннікам у Шэрвудскім лесе! I ён адразу згадзіўся павянчаць маладых. Калі ён спытаў: «Хто аддае пад вянец гэту дзяўчыну?» — Робін Гуд адказаў:

— Я аддаю яе.

Яна з Аланам будзе жыць.

Яе за грошы не купіць.

Хоць і не надта хацелася, але давялося біскупу павянчаць Алана-а-Дэйла і дзяўчыну, якія горача кахалі адно аднаго, на вачах у старога рыцара-багацея, што ажно шалеў ад злосці: з-пад самага носа ў яго забралі нявесту! Але ні ён, ні біскуп — ніхто не пасмеў і пальцам крануць атамана разбойнікаў і яго адборных стралкоў.

Ззяў шчасцем твар у маладой,

Як скончыўся абрад,

I ўсе вясёлай грамадой

Пайшлі у лес назад.

Загрузка...