Раздзел чатырнаццаты Біскуп Герфардскі i аўчары

Ясным сонечным ранкам, праз некалькі дзён пасля злашчаснай сустрэчы з жабраком, Робін Гуд сядзеў на бервяне каля пячоры, што служыла прытулкам яму і яго людзям, і ладзіў лук. На міг адарваўшыся ад свайго занятку, ён убачыў, што да яго шыбуе шавец Лоб. Лоб ужо ачуняў пасля хваробы і цяпер ішоў у Шэрвудскі лес з важнай весткай.

— Навіна, атаман, навіна! — сказаў шавец, падышоўшы.

— Пра каго і пра што, добры Лоб? — спытаў Робін Гуд.

— Пра біскупа Герфардскага.

Робін Гуд насупіў бровы, бо пасля вянчання Алана-а-Дэйла біскуп Герфардскі зрабіўся злейшым ворагам Робін Гуда. Робін Гуд узненавідзеў біскупа за яго прагнасць і жорсткасць.

— Расказвай, Лоб! — загадаў Робін Гуд.

— Біскуп цяпер у Нотынгеме, — паведаміў шавец, — а заўтра паедзе праз Барнасдэйлскі лес. Ён сабраў арэндную плату за царкоўныя землі. Яго грашовыя сумкі напакаваны золатам і серабром, бо ён прымусіў арандатараў разлічыцца поўнасцю, хоць час цяпер цяжкі і грошай у людзей мала. Забраў апошні пені ад удоў і сірот, не паменшыў ні на грош непасільных пабораў.

— Так! — спакойна прамовіў Робін Гуд. — Думаю, пара ўжо добра правучыць гэтага пыхлівага біскупа. Я запрашу яго на абед.

Шавец усміхнуўся. Ён ведаў, што гэта значыць. Багацей-прыгнятальнік, якога пачастуе абедам Робін Гуд, павінен шчодра расплаціцца.

Назаўтра раніцай Робін Гуд і вялікі атрад стралкоў рушылі ў Барнасдэйлскі лес, праз які павінен быў ехаць біскуп Герфардскі.

— Упалюйце аленя, — сказаў Робін Гуд,—

I яго асвяжуйце як след.

Сёння біскуп са мной паабедае тут

I заплаціць спаўна за абед.

Забітага аленя прынеслі на зялёную палянку пры лясной дарозе, і каля яго засталіся Робін Гуд і яшчэ шэсць чалавек. Астатнія схаваліся за дрэвамі і ў хмызняку.

Робін Гуд і шасцёра яго людзей былі апрануты як бедныя аўчары. Замест ярка-зялёных куртак на іх былі старыя падраныя накідкі з шэрай байкі, а замест лукаў і мячоў — пастуховыя кіі з кручкамі на канцах. Яны мелі самы мірны выгляд, таму біскуп Герфардскі, які ехаў з вялікай узброенай світай, прыняў іх за простых аўчароў, што вырашылі крыху адпачыць і павесяліцца, бо разбойнікі паспелі ўжо развесці вялікае вогнішча і цяпер весела скакалі вакол яго.

Але калі ён пад’ехаў бліжэй і ўбачыў каля вогнішча тлустага аленя, якога збіраліся смажыць, яго ахапіў гнеў. Ён быў упэўнены, што ніхто, акрамя дваран і высокіх царкоўных асоб, не мае права есці смачнае мяса аленяў, і вырашыў, што натрапіў на гняздо вандроўных браканьераў.

— Што вы робіце? — біскуп ажно вар’яцеў.—

I чаму узнялі гэткі тлум?

Каралеўскіх аленяў вялікіх б’яце,

He з’ясце усё. Рэшта у глум?

— Пастухі мы, — яму адказаў Робін Гуд,—

Мы авечак пасём круглы год.

А сёння прыйшлі ў каралеўскі Шэрвуд

Адпачыць і насыціць жывот.

Пачуўшы дзёрзкі адказ, біскуп ледзь не ашалеў ад злосці. Нечуваная абраза! Яшчэ не было выпадку, каб пастухі не станавіліся перад ім на калені з найвялікшай пачцівасцю. Ды вось знайшоўся ж нейкі хам, што размаўляе з ім гэткім задзірлівым тонам.

— Ах вы зладзеі, нягоднікі! — зароў ён. — Вы будзеце гайдацца на вісельні! Гэта дакладна, як і тое, што я — біскуп Герфардскі. Кароль будзе ведаць пра ваша злачынства і доўга не думаючы пашле вас на шыбеніцу.

— Даруйце нам, даруйце! — сказаў Робін Гуд. — Біскуп павінен мець літасцівае сэрца. Ганьба ляжа на вас, пан біскуп, калі вы забераце столькі жыццяў за аднога забітага аленя.

— Ніякай вам літасці! — гневаўся біскуп. — Мы арыштуем вас, і вы адкажаце за ўсё перад каралём.

Ён падаў знак сваёй свіце, і некалькі ўзброеных чалавек выйшлі наперад, каб схапіць пастухоў. Робін Гуд спрытна адскочыў убок, прыхіліўся спінай да дуба і дастаў з-пад падранага байкавага плашча сігнальны ражок. Ён паднёс яго да рота і так звонка і пранізліва затрубіў, што біскуп і ўся яго світа знямелі ад здзіўлення, а праз момант яшчэ і ад страху, бо з-за кожнага дрэва, з-за кожнага куста выскачылі людзі. Семдзесят грозных стралкоў выстраіліся перад біскупам і яго войскам з лукамі ў руках. Стрэлы гатовы былі сарвацца з цяціў па першаму знаку Робін Гуда.

Біскупавы людзі зразумелі, што трапілі ў засаду, і кінуліся ратавацца. Біскуп памкнуўся за імі, ды занадта паспешліва завярнуў свайго каня, той спатыкнуўся і паваліўсяна зямлю. Біскуп вылецеў з сядла, але не так пабіўся, як перапужаўся. Маленькі Джон падскочыў і падняў яго. Біскуп зразумеў, што ён апынуўся ва ўладзе тых самых людзей, якім нядаўна пагражаў шыбеніцай.

— Знаёмся, гэта біскуп Герфардскі,— са смехам сказаў Робін Гуд Маленькаму Джону, — і ад яго нам не будзе ніякай літасці. На шчасце, яна нам цяпер і не патрэбна.

— Галаву яму з плеч ці на сук, — прагрымеў бас Маленькага Джона.

Прапанова Маленькага Джона перапалохала біскупа да смерці. Яго тлусты твар збялеў. Цяпер ужо настала яго чарга прасіць літасці.

— Даруйце, даруйце мне, — біскуп маліў,—

Няўжо блізіцца смертны мой час?

Дарогай бы гэтаю я не хадзіў,

Каб ведаў, што стрэну тут вас.

— Ну, вядома, не хадзіў бы, — сказаў Робін Гуд. — Але мы вам не даруем. Пойдзеце з намі ў лес.

Хочаш не хочаш, давялося біскупу Герфардскаму ісці з Робін Гудам. Лугавымі і ляснымі сцежкамі дабраліся яны неўзабаве ў глухую, патаемную мясціну, дзе быў прытулак разбойнікаў.

На паляне гарэла яркае вогнішча. Некалькі чалавек гатавалі на агні ежу, а брат Тук наглядаў за імі і даваў настаўленні.

Калі біскуп убачыў чалавека ў манаскім адзенні, у яго з’явілася надзея, што ён знойдзе дапамогу з боку сабрата па царкве, і падышоў да яго. Але Тук не звярнуў на яго ніякай увагі. Ён то крычаў нешта кухарам, то прабіраў аднаго з іх за тое, што падгарэла цэлая патэльня адбіўных. Біскупу нічога не заставалася, як адысці ад манаха ні з чым.

Неўзабаве ўсё было гатова да абеду. Ад смажанай аленіны ішоў такі смачны пах, што ў біскупа слінкі пацяклі. Гэтай раніцай ён шмат ездзіў і хадзіў, і свежае лясное паветра нагнала яшчэ большы апетыт.

Брат Тук прачытаў малітву, і ўсе ўзяліся за яду. Біскуп Герфардскі ачысціў сваю талерку амаль адначасова з астатнімі — разбойнікі таксама добра выгаладаліся. Пад рукой у яго стаяў вялікі кубак. Спачатку ў ім быў эль, a потым чырвонае віно. Біскуп еў і піў, нібы жывот яго быў прорвай. Калі біскуп адваліўся ад яды, дзень ужо быў на зыходзе.

— Мне пара ехаць, — сказаў ён. — Падайце рахунак. Колькі з мяне за абед?

— Ну што ж, — сказаў Робін Гуд, — ваша светласць мае рацыю. Пасля таго як госць добра падсілкуецца, трэба разлічыцца. Але хто ж зробіць падлікі, пане біскуп?

Біскуп абвёў позіркам прысутных і крыху падумаў.

— Я хацеў бы, каб рахунак склаў вось гэты дастойны манах жабрацкага ордэна. — Тоўсты царкоўнік падціснуў губы і напусціў на сябе строгі выгляд. — Я ўпэўнены, што ён добры сын царквы нашай і не пакрыўдзіць ні мяне, ні вас, Робін Гуд.

Ліслівымі словамі да брата Тука біскуп хацеў выратаваць сваю казну, але ён не ведаў, што за чалавек гэты вясёлы і гаваркі слуга божы. Твар Тука засланяў вялікі чорны скураны куфаль, з якога ён цягнуў эль. Калі ён нарэшце выжлукціў яго і апусціў куфаль, у вачах у манаха паблісквалі іскрынкі.

— Нават так? — прабасіў ён. — Значыць, я павінен сказаць, колькі заплаціць біскупу за сённяшні шчодры пачастунак?

— Ага, ага, мой добры Тук, — пацвердзіў Робін Гуд. — Біскуп зрабіў правільны выбар. Як скажаш, так і будзе.

— У такім разе, — зноў прабасіў манах, — яго светласць павінна высыпаць усё, што маецца ў яго кашальку…

— Я зраблю гэта з радасцю! — усклікнуў біскуп і дастаў з сумкі, што вісела ў яго на поясе, кашалёк. — Вось ён, кашалёк. У ім адзінаццаць сярэбраных пенсаў, бярыце ўсе…

— Я не ўсё яшчэ сказаў,— перабіў яго Тук. — Ваша светласць павінна высыпаць усё з гэтага кашалька і яшчэ вунь з той вялікай скураной сумкі, што вісіць на сядле ў каня.

— He! He! — пранізліва закрычаў біскуп. — Хай яна там і вісіць! Яе, прашу вас, не чапайце. Рукі простых людзей не павінны кранаць тых грошай. Яны належаць царкве. У гэтай сумцы бедны збор з арандатараў царкоўных зямель.

— Бедны збор! — абурыўся Робін Гуд. — Скажыце лепш, з бедных арандатараў, пан біскуп. Большую частку тых грошай вы адабралі ў беднякоў, я гэта добра ведаю. Давай, Маленькі Джон, пакажы нам, якое багацце вязе з сабою пан біскуп.

Волат усхапіўся, узяў біскупаў плашч і разаслаў на траве. Потым пайшоў да біскупавага каня і вярнуўся з вялікай сумкай, якая была клапатліва прытарочана да сядла.

Усе вочы скіраваліся на туга напакаваную цяжкую сумку. Пачуўся прыглушаны гул галасоў, калі Маленькі Джон развязаў яе і з торбы шчодрым струменем пасыпаліся залатыя манеты.

— Глядзі, колькі грошай, атаман! — сказаў Маленькі Джон. — Вельмі прыемнае відовішча.

— Палічы, колькі тут, — папрасіў Робін Гуд.

— Тры сотні фунтаў,— адказаў Маленькі Джон, палічыўшы грошы.

— Забяром усе, — рашуча прамовіў атаман разбойнікаў.— Перш-наперш аддамо бяднейшым арандатарам тое, што ўзяў у іх біскуп. Рэшту пакінем на памяць аб прыемным абедзе, якім яго светласць біскуп Герфардскі меў ласку разам з намі частавацца.

Біскуп увесь пачарнеў ад злосці. Разбойнікі гэтак вольна распараджаюцца яго грашамі! Ён узарваўся і пачаў абражаць іх, але Робін Гуд толькі смяяўся.

— Пасля добрага абеду ў чалавека павінен быць лепшы настрой, — сказаў ён. — He лаяцца трэба і пагражаць, а слухаць музыку і скакаць. Зайграй нам што-небудзь вясёленькае на арфе, Алан-а-Дэйл, і яго светласць біскуп Герфардскі паскача пад яе.

— Яшчэ як паскача! — загрымеў Маленькі Джон, калі Робін Гуд пацягнуў біскупа за руку. — Я памагу яму.

Робін Гуд зайграць падаў Алану знак

I біскупа ўзяў за руку,

I біскуп стары заскакаў, як юнак,

Бо баяўся вісець на суку.

На вялікую радасць разбойнікаў, Робін Гуд і Маленькі Джон прымусілі біскупа скакаць пад прыемныя гукі Аланавай арфы. Тоўсты біскуп танцор быў нязграбны, з яго твару не сыходзіла кіслая міна, калі ён падскокваў і прысядаў. Ім валодаў страх, ён не асмельваўся не паслухацца. Грошы свае ён ужо страціў, але жыццё страціць не хацеў.

Біскуп Герфардскі скакаў, пакуль зусім не знямогся. Тады Робін Гуд загадаў яму сесці на каня і ехаць. Біскупу не трэба было паўтараць два разы. Ён ускараскаўся на сядло і паспяшаўся ў Нотынгем.

Загрузка...