Раздзел восьмы Залатая страла

Адразу пасля вянчання біскуп паспяшаўся ў Нотынгем да шэрыфа са скаргай на Робін Гуда.

— Вы, шэрыф, седзіце тут, у Нотынгеме, упаўнаважаныя самім каралём Рычардам, каб ахоўваць парадак і спакой, — кіпеў гневам біскуп, — і дазваляеце гэтаму дзёрзкаму разбойніку правіць краінай, быццам ён сам кароль!

Біскуп так лаяў нотынгемскага шэрыфа, што той спалохаўся, каб біскуп не данёс на яго самому Рычарду.

«Калі біскуп наважыў ісці са скаргай да караля, а, відаць, так яно і ёсць, — падумаў шэрыф, — дык лепш я сам далажу і растлумачу каралю, які страшны чалавек гэты Робін Гуд і як цяжка з ім справіцца».

I шэрыф паскакаў у Лондан. Ён сказаў каралю, што ніяк не можа адолець Робін Гуда, бо разбойнікаў вельмі шмат і ўсе яны дзёрзкія і смелыя, ведаюць кожную сцяжынку ў лесе, кожны куточак, таму шэрыфавы людзі не могуць высачыць іх і злавіць.

— А што я магу зрабіць? — абурыўся кароль Рычард. — Хіба ж не вы шэрыф, які па закону абавязаны лавіць разбойнікаў? Закон даў вам уладу караць усіх, хто шкодзіць вам. Калі вы не можаце расправіцца з гэтымі шэльмамі сілай, знайдзіце які іншы спосаб. Ва ўсякім разе, зараз жа вяртайцеся і ў хуткім часе далажыце, што справіліся з імі, інакш вас чакае вялікая бяда.

Шэрыф, убачыўшы, як разгневаўся кароль, паспешліва адкланяўся і рушыў назад у Нотынгем. Усе дні, што быў у дарозе, ён ламаў сабе галаву, прыдумваючы, як падстроіць пастку разбойнікам, і нарэшце радасна ляпнуў сябе па баках і гучна засмяяўся.

— Прыдумаў! — усклікнуў ён, звяртаючыся да новага галоўнага лесніка, што ехаў разам з ім. — Нарэшце прыдумаў! Заманю гэтых бандытаў у Нотынгем. Іх пацягне ў горад, як галоднага сабаку цягне на пах смажанага.

— А як вы гэта зробіце, пан шэрыф? — пацікавіўся галоўны ляснік.

— А вось як, — адказаў шэрыф. — Ты ж ведаеш, што Робін Гуд і яго ліхадзеі заўсёды выхваляюцца, што яны самыя меткія стралкі з лука. Дык вось, я абвяшчу, што ў Нотынгеме мае адбыцца вялікае спаборніцтва па стральбе з лука і што пераможца атрымае сярэбраную стралу з залатым наканечнікам. I яшчэ. Той, хто заваюе гэты прыз, будзе абвешчаны самым трапным стралком у краіне!

— Зразумеў, усё зразумеў! — засмяяўся галоўны ляснік. — Выдатная прынада для гэтых выхваляк. Яны абавязкова схопяць вашу прынаду.

— Лічы, што яны ўжо на кручку! — абвясціў шэрыф. — Прынада надзейная, запомні мае словы. Бо яны нізашто не ўтрымаюцца ад спакусы завалодаць такой узнагародай, а калі прыйдуць у горад, людзі, якія ведаюць іх, падпільнуюць і схопяць разбойнікаў.

Шэрыф вярнуўся дамоў у добрым гуморы, і неўзабаве было абвешчана, што ў Нотынгеме мае адбыцца вялікае спаборніцтва па стральбе з лука. Навіна з хуткасцю маланкі разнеслася далёка за межы горада. У Шэрвудскі лес прынёс гэтую вестку шавец Лоб. Ён паведаміў лясным братам, што ў Нотынгем з усёй Англіі прыбываюць славутыя стралкі, каб змагацца за цудоўны прыз і такое пачэснае званне.

— I пераможца будзе абвешчаны першым стралком у краіне? — перапытаў Робін Гуд.

— Ага, так, атаман! — адказаў Лоб. — I, кажуць, з’язджаюцца лепшыя стралкі з усіх англійскіх графстваў.

— Што ж, — сказаў Робін Гуд, — здаецца, мы не горшыя стралкі за іншых. Ганьба нам будзе, калі дазволім чужым забраць прыз, не паспрабуем самі заваяваць яго.

— Будзьце асцярожныя, атаман! — прамовіў дужы стралок па імені Дэвід з Донкастара. — Я думаю, што гэтае спаборніцтва — хітрая пастка. Нас хочуць заманіць у горад і там схапіць.

— Хай дрыжаць баязліўцы, — адказаў Робін Гуд. — Пастка гэта ці не, я ўсё роўна пайду ў Нотынгем.

Цяжкі іспыт. Хачу свой спрыт

Праверыць у стральбе.

— Добра, мы ўсе пойдзем у Нотынгем, — сказаў Маленькі Джон. — У мяне выспеў план, як засцерагчыся ад небяспекі. Мы пакінем у лесе свае плашчы і зялёныя курткі і апранёмся як вясковыя хлопцы, што прыйшлі падзівіцца на рэдкае відовішча, і шэрыфавы людзі нас не пазнаюць.

Хто апране чырвоны плашч,

Хто сіні — хто які,

I пойдзем ўсе ва ўсёй красе,

Як з вёскі дзецюкі.

— Малайчына, Маленькі Джон! — пахваліў яго Робін Гуд. — Зробім так, як ты прыдумаў.

У дзень спаборніцтва Робін Гуд і самыя трапныя яго стралкі рушылі ў Нотынгем. Каб не прыцягваць да сябе ўвагі, яны ішлі не гуртам, а па два, па тры, змяшаўшыся з натоўпам вясковых жыхароў, што кіраваліся ў горад. Ніхто з людзей Робін Гуда не быў у сваім звычайным ярка-зялёным адзенні. Маленькі Джон надзеў сінюю куртку з капюшонам, Мач Млынароў сын — карычневую, Уіл Скарлет — белую, Уіл Ст’ютлі — жоўтую. Асобна ад усіх ішоў чалавек у старой паношанай чырвонай світцы з капюшонам. Гэта быў Робін Гуд. Ён рашучым крокам увайшоў у вароты горада з лукам на плячы. Каля варот стаялі шпіёны шэрыфа. Яны ведалі некаторых разбойнікаў у твар і стараліся не прапусціць іх, пільна ўзіраліся ў натоўп, які валам валіў у горад, каб паглядзець на спаборніцтва.

Калі чалавек у падранай чырвонай світцы праходзіў праз вароты, выведчыкі шэрыфа ўважліва агледзелі яго, але ім і ў галаву не прыйшло, што гэта і ёсць злейшы вораг шэрыфа. Левае вока Робін Гуд прыкрыў чорнай павязкай, знарок запусціў бараду — яна была неахайная і ўскудлачаная, — ідучы, ён неяк смешна пераступаў нагамі.

— Зірні вунь на таго недарэку ў чырвоных рызманах, — са смехам сказаў нейкі ляснік. — Клянуся, сёння ўсе вясковыя абарванцы спяшаюцца сюды: спадзяюцца атрымаць залатую стралу.

Робін Гуд пачуў гэтыя словы і ледзь усміхнуўся. Ён шпарка пакрочыў на стрэльбішча, дзе стаялі мішэні. Шэрыф ужо знаходзіўся там. Ён быў на кані, і яго акружаў атрад целаахоўнікаў. Ахвотнікаў атрымаць каштоўны прыз сабралася шмат, і шэрыф пільна шнарыў вачамі па натоўпе, шукаючы сярод людзей ненавісных яму разбойнікаў. Але колькі ні ўзіраўся шэрыф у гэтае зборышча не вядомых яму людзей, ён не заўважыў нікога, хто б хоць чым-небудзь нагадваў людзей Робін Гуда.

Неўзабаве пачалося спаборніцтва. Хутка высветлілася, што адзін з самых меткіх стралкоў — Уільям з Йорка — ніяк не можа ўзяць верх над купкай вясковых хлапцоў, апранутых у курткі самых розных колераў.

Гледачы з захапленнем сачылі за барацьбой гэтых бедна адзетых людзей са славутым стралком і віталі кожнага з іх радаснымі воклічамі.

«У сіняй куртцы! — чуўся крык.—

У белай! У рудой!»

А пад канец: «Вось дык стралец —

Ў чырвонай, з барадой!»

А гэта быў сам Робін Гуд,

Ён лепш за ўсіх страляў:

На міг — прыцэл, і меткі стрэл —

У самы цэнтр трапляў.

Нарэшце спаборнікаў засталося толькі двое — Уільям з Йорка і чалавек у чырвонай світцы. Для іх паставілі новую мішэнь на значна большай адлегласці, чым усе ранейшыя, і абодва стралкі сталі на сваё месца з лукам у руках. Кожны павінен быў пусціць тры стралы. Шмат хто з выдатных стралкоў, што сталі гледачамі, з сумненнем круцілі галовамі і паціскалі плячамі, убачыўшы, як далёка стаяць мішэні.

— Гэта ж якім трэба быць майстрам, каб трапіць у такую далёкую цэль, — гаварылі яны, — няхай нават і не ў самы яблычак.

Гледачы, стаіўшы дыханне, чакалі, чым скончыцца паядынак стралкоў. Ззаду двух прэтэндэнтаў на прыз гарцавалі на конях шэрыф і яго самыя блізкія прыяцелі.

— Мы былі сведкамі надзіва меткай стральбы, — сказаў нехта з іх. — Нават сам Робін Гуд і яго людзі не стралялі б лепш.

Шэрыф пачухаў галаву:

— А я ж яго чакаў,

Чакаў я тут, ды Робін Гуд

Вачэй не паказаў.

Амаль каля самай храпы шэрыфавага каня стаяў стралок у чырвонай світцы, абапёршыся на свой вялікі лук і шырока разявіўшы рот, нібы той вясковы дурань. Ён углядаўся адзіным вокам у далёкую мішэнь. Робін Гуд ледзь стрымаўся, пачуўшы кплівыя словы шэрыфа. Яму так і карцела павярнуцца і смела глянуць у твар шэрыфу. Але гэта было вельмі небяспечна, і ён не варухнуўся, толькі падумаў: «Хутка ты даведаешся, пыхлівы шэрыф, што перад табой стаяў Робін Гуд».

Першы ўскінуў лук Уільям з Йорка. Ён не спяшаючыся прыцэліўся і стрэліў. Дзве стралы трапілі ў белы кружочак усярэдзіне мішэні, а трэцяя ўваткнулася крышачку далей.

— Здавайся, Чырвоная світка! — закрычалі прыяцелі Уільяма з Йорка. — Лепш табе не пацэліць! Здавайся, аддай прыз пераможцу!

Але чалавек у чырвонай світцы шырока ўсміхнуўся і пакруціў галавой.

— I ўсё ж я паспрабую, — сказаў ён з моцным паўночным акцэнтам, а сам падумаў: «Ну, Робін, не зганьбі гонару слаўнага Шэрвудскага лесу!»

Ён узяў з калчана адразу тры стралы і пусціў іх адну за адной так хутка, што другая страла ўжо гула ў паветры, калі першая яшчэ не даляцела да цэлі, а трэцяя сарвалася з цецівы, калі другая яшчэ не ўваткнулася ў мішэнь. Гледачы на момант знямелі ад здзіўлення і захаплення — першая і другая стрэлы выбілі з яблычка абедзве стралы Уільяма з Йорка, а трэцяя трапіла ў самую сярэдзіну белага кружочка.

— Чырвоная світка! Чырвоная світка! — зароў натоўп.

— Чалавек у чырвоным — кароль стралкоў!

— Чырвоны стралок пераможца!

— Прыз — чырвонаму стралку!

Шэрыф уручыў стралку ў чырвоным каштоўны прыз і сказаў яму:

— Далучайся, добры маладзец, да майго атрада стражнікаў лесу. Я з радасцю вазьму да сябе на службу такога цудоўнага стралка.

Але Робін Гуд адмоўна пакруціў галавой і сказаў, што павінен вярнуцца да свайго гаспадара. Шэрыф падумаў, што ён прыгонны селянін нейкага феадала, які дазволіў яму пайсці ў горад на спаборніцтва, і больш не ўпрошваў яго.

Са срэбра чыстага страла,

А кончык залаты —

Прыз проста цуд. З ім Робін Гуд

Вяртаўся ў лес густы.

З Нотынгема разбойнікі зноў пайшлі па два, па тры і без прыгод вярнуліся ў Шэрвудскі лес. Сабраўшыся ўсе разам, яны весела смяяліся і жартавалі, прыгадваючы свой смелы паход у горад і тое, што там было. Усе з захапленнем разглядалі сярэбраную стралу з залатым наканечнікам. Адзін толькі Робін Гуд хадзіў як у ваду апушчаны.

— Што з табой, атаман, чаму ты такі сумны? — спытаў яго Маленькі Джон. — Ты ж павінен весяліцца — такі прыз заваяваў! Да таго ж яшчэ і вакол пальца абвёў самога шэрыфа!

— Вось у гэтым і ўся справа, — адказаў Робін Гуд. — Мне не дае спакою думка, што ён не ведае, каму дасталася яго страла.

— Дык гэта ж вельмі лёгка паправіць! — усклікнуў Маленькі Джон. — Напішы яму пісямко, а я перадам.

— Ты пойдзеш у горад? He. Я не дазволю табе зноў рызыкаваць галавой.

— Навошта ісці ў горад? У мяне ёсць лепшы план, — сказаў Маленькі Джон і заліўся вясёлым смехам.

— Тваё пасланне начаплю

Я на стралы канец,

Як майскі гром, шэрыфу ў дом

Наш прыляціць ганец.

Робін Гуду спадабаўся план Маленькага Джона. He трацячы часу, ён напісаў пісьмо шэрыфу, і Маленькі Джон як быў у сіняй куртцы, так і пайшоў зноў у горад.

Шэрыф жыў у вялікім асабняку адразу за гарадской сцяной. Адно акно абедзеннай залы не было яшчэ закрыта нанач аканіцай. Маленькі Джон начапіў пасланне Робін Гуда на наканечнік стралы і пусціў яе. Страла ўляцела праз акно ў залу. А Маленькага Джона і след прастыў.

Шэрыф якраз сеў за стол, каб павячэраць з прыяцелямі і адпачыць пасля дзённых турбот. У той момант, як ён паднёс да рота вялізны рог, да краёў поўны элю, у паветры прагула страла і ўваткнулася ў стальніцу перад самым яго носам.

— Што такое? — ускрыкнуў шэрыф. — Страла! Што гэта значыць?

— Пад наканечнікам паперка! — закрычаў слуга. — Мабыць, пісьмо!

— Знімі яе са стралы і падай мне, — загадаў шэрыф.

Слуга выканаў загад і падаў паперку гаспадару. Шэрыф узяў яе і разгарнуў, усё яшчэ трымаючы ў другой руцэ рог з элем. Усім, хто сядзеў за сталом, не цярпелася хутчэй даведацца, што там у пісьме. I раптам усе ажно здрыгануліся. Шэрыф закрычаў і шпурнуў на стол рог з такой сілай, што той раскалоўся напалам і эль ракой пацёк па стале.

— Што, дрэнныя весткі? — пачалі распытваць шэрыфа госці.

— Дрэнныя! — зароў шэрыф, калоцячыся ад шаленства. Горшыя не бываюць! Гэты хітры нягоднік, гэты ліхадзей стаяў сёння амаль побач са мною, але выслізнуў з маіх рук! Хто, вы думаеце, быў той стралок у чырвонай світцы? Гэта ж быў сам Робін Гуд!

Усе, хто быў у абедзеннай зале, здзіўлена вытрашчыліся на шэрыфа. Дык гэта тое пудзіла гарохавае ў чырвонай світцы і ёсць Робін Гуд! А што, відаць, гэта і праўда быў ён, бо вельмі добра страляў.

— Далібог, дарагі шэрыф, мы павінны былі здагадацца, — сказаў адзін з гасцей. — Такога майстэрства я ў жыцці не бачыў. Як ён страляў! Толькі Робін Гуд мог сагнуць такі магутны лук.

Але шэрыф нічога не чуў і не бачыў. Ён проста звар’яцеў ад шаленства. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе,

Як прачытаў пісьмо шэрыф,

Што палатно збялеў,

Ён вар’яваў, і бушаваў,

I рыкаў, нібы леў.

— Больш ніякіх хітрыкаў прыдумляць не буду! — на ўсё горла крычаў шэрыф. — Я схаплю гэтага нягодніка сілай! Ніводнага дня больш не пацярплю! Заўтра ж пайду з войскам на гэтага шэльму. Клянуся, спачатку я выб’ю пыл з чырвонай світкі, не знімаючы з яго, а тады павешу злодзея на самай высокай шыбеніцы, якую калі-небудзь ставілі ў нашым слаўным горадзе Нотынгеме!

Загрузка...