Раздзел шосты Робін Гуд і журботны рыцар

Уважна слухай да канца,

Увесь свабодны люд.

Я раскажу пра малайца

Па імю Робін Гуд.

Яго пакрыўдзіў злы закон,

Разбойнікам ён стаў,

Але быў шчыры, чулы ён,

Зрабіў шмат добрых спраў.

Аднойчы апоўдні, праз некалькі тыдняў пасля таго, як да ляснога брацтва далучыўся манах Тук, Робін Гуд стаяў, прыхіліўшыся да дрэва, у глыбокім роздуме.

— Атаман, — сказаў яму Маленькі Джон, — чым стаяць тут у адзіноце, ты б лепш паназіраў, як гатуецца абед. А абед будзе багаты, нават кароль палічыў бы за гонар пачаставацца ім. Адзін наш чалавек прынёс свежай аленіны, другі некалькі птушак, ёсць у нас і яшчэ сёе-тое — кожны знойдзе сабе што-небудзь да смаку.

— Ты праўду гаворыш, Маленькі Джон, — сказаў Робін Гуд, — але мне нешта не хочацца абедаць без гасцей. Вось вазьмі і прывядзі якога-небудзь барона, біскупа ці нарманскага рыцара. Ён папалуднуе са мной і заплаціць па рахунку.

— Гэта ўжо абавязкова, — засмяяўся Маленькі Джон. — I якім бы цяжкім ні быў у яго кашалёк, калі прыйдзе, ён не будзе адцягваць яму кішэню, калі пойдзе.

— Прыхапі свой добры лук, — сказаў Робін Гуд, — вазьмі з сабой Мача і Уіла Скарлета, ідзі на Уолтынгскі бальшак і, можа, стрэнеш каго-небудзь.

Граф альбо барон,

Рыцар ці абат —

Хай будзе госцем ён,

З ім паабедаць рад.

I трое разбойнікаў пайшлі да вялікай дарогі, схаваліся ў густым ляшчынніку. Спярша па дарозе праехала жанчына на прыгожым верхавым кані з цэлай світай слуг. Разбойнікі пазналі жонку нарманскага барона, але нападаць на яе не сталі, бо любой жанчыне, хто б яна ні была, з іх боку небяспека не пагражала. Затым прайшлі некалькі сялян-ёменаў, якія вярталіся з кірмашу. Маленькі Джон з таварышамі са свайго сховішча чулі, як яны хваліліся адзін аднаму, колькі сярэбраных манет вытаргавалі за кароў. Разбойнікі толькі весела пераміргнуліся і прапусцілі іх — Робін Гуд ніколі і пальцам не кранаў здабытак беднякоў.

Раптам Маленькі Джон ускінуў лук і паказаў рукой у прасвет між кустоў. Мач і Уіл зірнулі і ўбачылі на дарозе коннага рыцара. Спачатку яны падумалі, што спыняць яго не варта: адзенне на ім было пакамечанае, на латах іржавыя плямы, твар сумны і роспачны.

Была ў вачах яго туга,

На твары сум і мрок,

Адна у стрэмені нага,

Адна спаўзла пад бок.

Шлем коса ссунуўся на лбе,

Іржы на латах след,

Людзей у гэтакай журбе

Яшчэ не бачыў свет.

Але Маленькі Джон памятаў загад Робін Гуда. Перад ім рыцар, і гэты рыцар павінен сёння папалуднаваць з Робін Гудам. Ён выйшаў з засады і стаў на калена перад коннікам.

— Пане рыцар, — ветліва сказаў Маленькі Джон, — вельмі прашу вас пайсці з намі ў лес. Там вас сустрэнуць сардэчна і гасцінна. Мой гаспадар ужо тры гадзіны чакае вас на абед.

— А хто твой гаспадар? — спытаў журботны рыцар.

— Робін Гуд, — адказаў Маленькі Джон.

— Я збіраўся сёння паабедаць дзе-небудзь у Блісе ці ў Донкастары, — сказаў рыцар, — але мне ўсё роўна, дзе есці. Вядзі мяне, добры чалавек. Пайду з табою да гэтага слаўнага ёмена. Я чуў, што ён прыяцель усіх бедных і гаротных.

Калі між стваламі дрэў Робін Гуд убачыў, што Маленькі Джон, Мач і Уіл вядуць у лагер рыцара, ён пайшоў ім насустрач, пачціва прывітаўся і запрасіў рыцара быць ганаровым госцем на абедзе. Рыцар падзякаваў яму, яны памылі рукі і селі за стол, які ламіўся ад смажанай аленіны, ад знятых з ражноў лебедзяў і фазанаў, ад пірагоў, начыненых дзічынай, і піражкоў з птушыным мясам, ад вялікіх бутляў з элем, ад праснакоў з пшанічнай мукі мяккага памолу.

Журботны рыцар прагаладаўся і еў з вялікім смакам усё, што яму падавалі. Неўзабаве твар яго крыху пасвятлеў.

— Вялікі дзякуй, ласкавы Робін Гуд, — падзякаваў нарманскі рыцар. — Я ўжо тры дні не ёў гэтак сытна і смачна. Калі вам надарыцца быць у нашых краях, я таксама пачастую вас ад усяго сэрца.

— Вялікі вам дзякуй, ласкавы рыцар, — засмяяўся Робін Гуд, — але ваша абяцанне — малая плата за сённяшні абед. Вы, пэўна, думаеце, што ў простага ёмена не будзе чым заплаціць за пачастунак высокашаноўнага рыцара. А каб было чым, я вымушаны папрасіць вас палажыць на стол свой кашалёк, перш чым мы развітаемся з вамі.

— Я рады быў бы расплаціцца з вамі за такі багаты пачастунак, — сказаў рыцар. — Мне сорамна, што маю так мала грошай.

— Колькі ў вас? Толькі кажыце праўду.

— У мяне ўсяго дзесяць шылінгаў за душой, — сказаў рыцар. — Грошы ляжаць у куфэрку, што вісіць за сядлом.

— Паглядзі, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.

Джон зняў з седлавой лукі куфэрак, разаслаў на траве свой плашч і высыпаў на яго ўсё з куфэрка.

— Рыцар праўду казаў,— абвясціў Маленькі Джон, калі пералічыў манеты.

— Скажыце, шаноўны, — звярнуўся да рыцара Робін Гуд, — чаму вы так згалелі? Вопратка ваша бедная, скарбніца амаль пустая. I ў вас такі журботны выгляд. Выпіце, калі ласка, яшчэ кубак добрага віна і раскажыце нам пра свае бядоты. А можа, вы занядбалі гаспадарку або растранжырылі багацце ў п’яных гулянках?

Рыцар адмоўна пакруціў галавой і цяжка ўздыхнуў.

— Добра, я раскажу вам усё, — згадзіўся журботны рыцар. — Я маю вялікі доўг — чатыры сотні золатам! Яшчэ два-тры гады назад такія грошы былі для мяне дробяззю. А цяпер у мяне нічога не засталося, акрамя жонкі і дзяцей ды тых няшчасных дзесяці шылінгаў, што былі ў куфэрку.

— А як вы страцілі ўвесь свой набытак? — пацікавіўся Робін Гуд.

— Усё праз майго сына, — адказаў рыцар. — На адным турніры ён, дужы хлапец дваццаці гадоў, храбры, вялікі майстар біцца на мячах і коп’ях, скінуў з каня нейкага рыцара з Ланкашыра, і той вельмі ўзлаваўся за сваё паражэнне. Калі мой сын вяртаўся дадому, рыцар са сваім збраяносцам падпільнаваў яго ў бязлюдным месцы і напаў на яго. Сыну ўдалося забіць абодвух. Шматлікія прыяцелі рыцара пачалі помсціць сыну. Каб уратаваць яго, мне давялося патраціць усе мае грошы, але і іх не хапіла, і я залажыў маёнтак. Настаяцель манастыра Святой Марыі даў мне чатырыста фунтаў пад заклад зямлі, і сёння я павінен выкупіць яе. Ды дзе там! У мяне і сотай долі такіх грошай няма. Сёння я разаруся і застануся без дома, без зямлі.

— А прыяцелі вашы? — усклікнуў Робін Гуд. — Няўжо яны не заступіліся за вас, не памаглі?

— Прыяцелі! — з горыччу прамовіў рыцар. — Hi ў кога, здаецца, не было столькі прыяцеляў, колькі меў я, калі жыў у раскошы. А цяпер усе яны паразбягаліся, пакінулі мяне, цяпер ім няма ніякай справы да мяне, нібы я чалавек, якога яны бачаць першы раз у жыцці.

— Так ужо водзіцца на свеце, пане рыцар, — зазначыў Робін Гуд і паглядзеў на сваіх таварышаў, на тварах у якіх была напісана спагада да беднага рыцара. Усе яны ведалі, што калі настаяцель манастыра Святой Марыі наложыць лапу на чыю-небудзь зямлю, дык не так лёгка яе ў яго адабраць.

Робін Гуд кіўком галавы падазваў да сябе Маленькага Джона і нешта шапнуў свайму першаму памочніку на вуха. Той адразу пайшоў і неўзабаве вярнуўся з цяжкім мяшком, які зазвінеў, калі Маленькі Джон паклаў яго на дол.

— Вось вам чатыры сотні фунтаў, сэр рыцар, — сказаў Робін Гуд. — I ніколі больш не кажыце, што на свеце няма спагады. Калі вы не знайшлі яе ў сяброў і ў жорсткага настаяцеля манастыра, дык вы знайшлі яе ў лясных разбойнікаў. Палічы залатыя, Маленькі Джон.

Той палічыў. У мяшку аказалася роўна чатырыста фунтаў.

А рыцар зусім знямеў. Ён не мог вымавіць ні слова ад здзіўлення і ўдзячнасці і толькі пазіраў шырока расплюшчанымі вачамі то на мяшок з грашамі, то на Робін Гуда, то на Маленькага Джона.

Калі нарэшце да яго вярнулася мова, ён пачаў дзякаваць і бласлаўляць людзей, якія выратавалі яго, падарылі яму дом і зямлю.

— На ім вельмі бедная вопратка, атаман, — шапнуў Маленькі Джон на вуха Робін Гуду. — Калі ласка, дай яму добрае адзенне.

У вас убораў без канца,

Прыгожых шмат тканін —

Няма у Англіі купца,

Каб столькі меў адзін.

З кладоўкі вынеслі некалькі скруткаў сукна і шоўку, і Маленькі Джон адмераў тканіны. I шчодра адмераў, бо меркай замест ярда служыў яго шасціфутавы лук. Рыцару далі таксама другога каня і новае сядло і яшчэ шмат чаго, і ён зрабіўся такі прыбраны і вясёлы, як раней быў абношаны і засмучаны.

Перад ад’ездам ён сказаў Робін Гуду:

— Я, Рычард Лi, дзякую вам ад усяго сэрца за такую шчодрую пазыку. Скажыце, калі я павінен вярнуць вам доўг? А я абавязкова вярну, як толькі мае справы палепшацца.

— Сустрэнемся роўна праз год на гэтым самым месцы, — прапанаваў Робін Гуд, — і тады мы з вамі яшчэ пагаворым пра гэта.

Загрузка...