Кін развярнуў шар.
З лесу, з далёкага боку ад ракі, мірна выйшаў статак кароў, якіх гналі да горада тры пастухі ў шэрых портках і доўгіх, да каленяў, кашулях. Чамусьці пастухі не ведалі, што рыцары ўжо побач. Іх адначасова заўважылі з крапасной сцяны і з боку ручая. Яны замітусіліся, падганяючы кароў, а каровы ніяк не маглі ўцяміць, куды і чаму ім трэба спяшацца, статак збіўся ў кучу, і пастухі бязлітасна хвасталі няшчасную скаціну пугамі.
У рыцарскім стане таксама панавала сумятня, божым дваранам вельмі хацелася перахапіць статак. Але коні мечаносцаў былі рассядланы, і таму да ручая пабеглі пехацінцы, размахваючы мячамі і сякеркамі. Гуку не было, але Ганна ўявіла сабе, які гоман стаіць над схілам пагорка. Кін павярнуў шар да сцяны горада. Народ на вежах раздаўся ў бакі, саступіўшы месца лучнікам. Рыжага прыгажуна не было відаць, даўгатвары князь быў такі змрочны, што Ганна падумала: ён баіцца, як бы ў час асады яго народ не астаўся без малака.
Лучнікі стралялі па ратніках, якія беглі ад ручая і ад асаднай вежы, але большасць стрэл не далятала, хоць адна з іх трапіла ў карову. Тая раптам вырвалася з чарады і панеслася, падбрыкваючы, па лузе. Апераная страла пагойдвалася ў яе ў карку, нібыта бандэрылля ў быка ў час карыды.
Тым часам рыцары дабеглі да пастухоў. Усё адбылося так хутка, што Ганна ледзь была не папрасіла Кіна пракруціць сцэну яшчэ раз. Адзін з пастухоў упаў на зямлю і не варушыўся. Другі — павіс на мажным ратніку, алеяшчэ адзін немец круціўся вакол яго, падымаючы сякеру, і не мог ударыць — баяўся пакалечыць таварыша. Трэці пастух бег да варотаў, і за ім гналіся адразу ажно чалавек дзесяць. Ён дабег да рова, скочыў уніз. Немцы — за ім. Ганна бачыла, як у адчаі — толькі тут да яе дакаціўся той адчай, які гнаў пастуха, — маленькая фігурка караскалася, распластаўшыся на спадзістым схіле рова, каб выбрацца да сцяны, а ратнікі ўжо дацягваліся да яго.
Раптам адзін з праследвальнікаў рухнуў на дно рова. Аднак гэта не спыніла астатніх. Стрэлы ўпіваліся ў траву, адляталі ад кальчуг, яшчэ адзін рыцар апусціўся на калені, прыціскаючы далоняю рану ў руцэ. І тут пярэдні кнехт дагнаў пастуха і секануў яму па назе. Боль — Ганна адчула яго так, быццам секанулі яе, — вымусіў пастуха скочыць наперад і на карачках кінуцца да сцяны. Яркая чырвоная кроў лілася з рассечанай раны, пакідаючы след, па якім, нібы ваўкі, паўзлі праследвальнікі.
— Адчыніце вароты! — закрычала Ганна.
Жуль здрыгануўся.
Яшчэ адзін рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, і, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалі павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў паваліўся каля варотаў, і, дагнаўшы яго, кнехт усадзіў яму ў спіну баявую сякеру і тут жа сам рухнуў побач, таму што хіба з пяць стрэлаў працялі яго, прыкалоўшы да зямлі, як жука.
У расчыненых варотах узнікла імгненная таўкатня — лёгкія коннікі ў чорных портках, фастрыгаваных куртках і чырвоных каўпаках з шаблямі ў руках заміналі адзін аднаму, спяшаючыся выехаць.
— Ну вось, — сказала Ганна, — маглі бы на дзве хвіліны выскачыць раней. Статак жа яны вернуць, а пастухоў ужо забілі.
Пастух ляжаў ніцма ў лужыне крыві, якая хутка цямнела, і коні пераскоквалі цераз яго. Услед за яцвягамі, толькі марудней, выехалі яшчэ некалькі воінаў, на якіх былі кальчугі са стальнымі пласцінамі на грудзях і канічныя жалезныя шлемы з прываранымі спераду стальнымі палосамі, якія прыкрывалі нос. Ганна адразу пазнала сярод коннікаў рыжага прыгажуна.
— Глядзіце, — сказала яна. — Калі ён зараз загіне… Кін скіраваў шар уніз, бліжэй да коннікаў. Чамусьці, калі з варотаў выскачылі яцвягі, Ганна вырашыла, што абаронцы крэпасці ўжо перамаглі. Мабыць, таму, што не магла пазбавіцца ад падсвядомай упэўненасці, што глядзіць кіно. А ў кіно пасля шэрага драматычных ці нават трагічных падзей абавязкава з'яўляюцца нашыя на тачанках або на танках. Пасля гэтага вораг, залізваючы раны, адкочваецца ў сваё логава.
Статак у гэты момант аддаліўся ад сцен. Тыя ратнікі, што не сталі гнацца за пастухом, умела накіроўвалі яго да ручая, азіраючыся на крэпасць, — ведалі, што русіны аддаваць статак не захочуць. Насустрач ім да ручая спускаліся рыцары.
Яцвягі, нібы не адчуваючы небяспекі, закруціліся вакол напалоханых кароў, біліся з загоншчыкамі, і калі на іх напалі цяжка ўзброеныя рыцары, адразу лёгка і неяк весела адышлі назад да крэпасці, насустрач дружыннікам. Немцы гналіся за імі, і Ганна зразумела, што статак страчаны.
Але рыжы воін і дружыннікі меркавалі інакш. Захопліваючы сустрэчных яцвягаў, як магніт захоплівае металічнае пілавінне, яны скаціліся да рыцарскага атрада і зліліся з мечаносцамі ў густую шчыльную масу.
— Калі б статка не было, — заўважыў раптам Кін, вяртаючы Ганну ў змрок пакоя, — рыцарам трэба было яго прыдумаць.
На гэты момант Ганна не бачыла сэнсу бою, яго логікі — быццам яе ўвагі хапіла толькі на асобныя фрагменты, бляск мяча, разяўлены ад болю рот конніка, раздзьмутыя ноздры каня… Рыжы прыгажун узнімаў меч дзвюма рукамі, нібы калоў дровы, і Ганне былі відаць іскры ад удару аб трохвугольны белы з чырвоным крыжам шчыт магутнага рыцара ў белым плашчы. Ганна ўбачыла канец дзіды, якая ўдарыла рыжага ў бок, і ён пачаў павольна, не выпускаючы мяча, валіцца з каня.
— Ой! — Ганна прыўстала: яшчэ імгненне — і рыжы загіне.
Штосьці чорнае мільганула побач, і рыцар ударыў па чорным кафтане яцвяга, які закрываў сабою віцязя, а той, прыгнуўшыся да высокай лукі сядла, скакаў у накірунку крэпасці.
— Усё, — сказаў Жуль, — праверка апаратуры. Перапынак.
— Добра, — пагадзіўся Кін. — А нам варта асэнсаваць убачанае.
Шар пачаў тухнуць. Кін выпрастаў рукі. Стомлена, нібы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткі і кінуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, — гэта былі вароты, якія зачыняліся, і каля іх ляжалі пастух і яго забойца, ляжалі побач, мірна, быццам вырашылі адпачыць на зялёным схіле пагорка.