На дварэ сцямнела. Невялічкі квадрат акенца, якое выходзіла з халоднага пакоя ў сад, быў густа-сіні, і ў ім умудрылася памясціцца поўня. Цесны, загрувашчаны прыборамі пакой напаўняла гудзенне, якое здавалася Ганне голасам часу — фізічна адчувальнай ніццю, па якой беглі хвіліны.
Жуль наладжваў устаноўку, зрэдку выходзячы на сувязь са сваім часам, выкарыстоўваючы для гэтага круглы блакітны экран, на якім дрыжалі ўзоры жоўтых і белых кропак, а Кін наладжваў здымачную апаратуру.
Чорны шар, што вісеў над Жулевай галавою, пачаў павольна круціцца. Ён быў падобны на вялізны надзімны шар.
— Зараз, Ганна, вы атрымаеце магчымасць зазірнуць у трынаццатае стагоддзе, — сказаў Кін.
Яе ахапіла казытлівае дзіцячае пачуццё чакання тэатра. Вось-вось расхінецца занавес, і пачнецца дзея…
Замільгацеў жоўтымі і белымі агеньчыкамі круглы экран сувязі. Жуль нахіліўся да яго і пачаў хутка вадзіць перад ім пальцамі, нібыта размаўляў з глуханямымі. Агні на экранчыку застылі.
Гудзенне часу запаўняла ўсю хату, яно было такое гучнае, што Ганне здавалася: зараз яго пачуе вёска. І тут у шары паплылі нейкія каляровыя плямы, было такое ўражанне, быццам глядзіш на рэчку праз круглы ілюмінатар парахода.
Кін скрыпнуў табурэцікам. Рукі яго былі ў чорных пальчатках амаль да локцяў.Ён дакрануўся да канта скрынкі, над якою вісеў шар, і пальцы яго пагрузіліся ў цвёрды метал.
— Паехалі, — сказаў Кін.
Каляровыя плямы пабеглі хутчэй, яны сплывалі на край ілюмінатара і знікалі. Тут жа штосьці рэзка пстрыкнула. Быццам нехта правёў рукою па запацелым шкле ілюмінатара, і выява ў шары набыла выразныя формы і межы. Гэта было зялёнае поле, акружанае бярозкамі.
Шарам кіраваў Кін. Рукі ў чорных пальчатках былі схаваны ў стале, ён сядзеў напружана, як за рулём.
Адлюстраванне ў шары рэзка пайшло ўбок, бярозы нахіліліся, як у моднай кінастужцы.
Ганна на імгненне зажмурылася. Гай на экране знік, паказаўся круты схіл пагорка з драўляным тынам наверсе, шырокая разбітая дарога і, нарэшце, штосьці знаёмае — рэчка Вятла. За ёю густы яловы лес.
І тут жа Ганна ўбачыла сваю хату. Яна стаяла ў шэрагу іншых, на гэтым баку ручая. Хоць яе хутчэй можна было назваць халупаю — прыземістай, слепаватай, пад саламянай страхой. Затое ручай быў значна шырэйшы, над ім схіляліся вербы, дарога перасякала яго па драўляным мосце, каля якога стаялі некалькі коннікаў.
— Я стабілізуюся, — сказаў Жуль.
— Гэта трынаццатае стагоддзе? — спыталася Ганна.
— Дванаццатага чэрвеня.
— Вы ўпэўненыя?
— У нас няма альтэрнатывы.
— А там, ля ручая, людзі.
— Божыя дваране, — сказаў Кін.
— Ці бачаць яны наш шар?
— Не, яны нас не бачаць.
— А ў хатах хто жыве?
— Цяпер ніхто. Людзі пайшлі ў крэпасць. Горад асаджаны.
Кін павярнуў шар, і Ганна ўбачыла, што за ручаём, там, дзе павінна пачынацца вёска, а цяпер быў узлесак, стаялі шалашы і шатры. Паміж імі гарэлі вогнішчы, хадзілі людзі.
— Хто гэта? Ворагі? — спыталася Ганна.
— Так, гэта мечаносцы, ордэн святой Марыі, божыя дваране.
— Гэта яны захопяць горад?
— У ноч напаслязаўтра. Жуль, ты гатовы?
— Можна пачынаць.
Шар узняўся і паляцеў у бок ручая. Ганна заўважыла высокае драўлянае збудаванне, якое стаяла ў пакатай лагчыне на паўдарозе між схілам пагорка і ручаём, дзе яна блукала ўсяго дзве гадзіны таму. Збудаванне гэта нагадвала ёй геадэзічны знак — драўляную шкалу, якія часам сустракаюцца ў полі.
— Бачылі? — спыталася Ганна.
— Асадная вежа, — сказаў Кін.
Шар апусціўся на стан рыцараў.
Там абедалі. Таму іх не было відаць. Рыцары мелі шыкоўны выгляд, яны былі падобныя на тых, што змагаюцца на турнірах і здымаюцца ў фільмах. Сядзелі ў сваіх
шатрах і не ведалі, што да іх завіталі наведвальнікі з будучыні. Народ жа, які ўплятаў сякую-такую спажыву на свежым паветры, ніякіх кінематаграфічных эмоцый не выклікаў. Гэта былі дрэнна адзетыя людзі ў суконных і скураных кашулях і портах, некаторыя з іх былі босыя. Яны былі падобныя на бедных сялян з недалёкага мінулага.
— Паглядзіце, а вось і рыцар, — сказаў Кін, скіраваўшы шар на адзін з шатроў. На брудным вынашаным палатне шатра былі нашытыя чырвоныя мячы з матэрыі. З шатра выйшаў чалавек, адзеты ў грубы світэр да каленяў. Вязаная шапка шчыльна аблягала галаву, пакідаючы адкрытым авал твару, і спадала на плечы. На нагах — вязаныя панчохі. Світэр быў падпяразаны чорнаю папругаю, на якой вісеў доўгі прамы меч у скураных ножнах.
— Горача яму, напэўна, — сказала Ганна і ўжо зразумела, што рыцар не ў світэры — гэта кальчуга, мелкая кальчуга. Рыцар узняў руку ў кальчужнай пальчатцы, і каля вогнішча ўстаў барадаты мужык у скураной куртцы, кароткай спадніцы і ў лапцях, прымацаваных паскамі да лытак. Ён не спяшаючыся падышоў да конавязі і пачаў адвязваць каня.
— Пайшлі ў горад? — спытаўся Жуль.
— Пайшлі, — сказаў Кін. — Ганна расчаравана. Рыцары павінны быць з пёрамі, у бліскучых латах…
— Не ведаю, — сказала Ганна. — Усё тут не гэтак.
— Калі б мы прыйшлі на гадоў дзвесце пазней, то вы б усё пабачылі. Росквіт рыцарства яшчэ наперадзе.
Шар узнімаўся па-над схілам, праляцеў непадалёку ад асаднай вежы, каля якой капашыліся людзі ў паўкруглых шлемах і скураных куртках.
— У атрадзе, па маіх падліках, — сказаў Кін, — каля дзесятка божых братоў, з паўсотні прыслугі і сотні чатыры нямецкіх ратнікаў.
— Чатырыста дваццаць. А там, за хвойнікам, — сказаў Жуль, — саюзны атрад. Па-мойму, леты. Каля ста пяцідзесяці.
— Дзесяць братоў? — спыталася Ганна.
— Божы брат — гэта паўнапраўны рыцар, рэдкая птушка. У кожнага свой атрад.
Шар узняўся ўверх, праляцеў над шырокім неглыбокім ровам, у якім не было вады. Дарога перапынялася каля рова, а мост цераз яго быў разабраны. Але, відаць, яго не паспелі вынесці — некалькі бярвенняў ляжала каля вала. На вале, парослым травою, высілася сцяна з тарчма пастаўленых бярвенняў. Дзве высокія вежы з пляцоўкамі наверсе ўзвышаліся з абодвух бакоў абабітых жалезнымі палосамі варотаў, якія былі зачыненыя. На пляцоўках стаялі людзі.
Шар падняўся на вышыню пляцоўкі і завіс. Потым павольна пачаў рухацца ўздоўж пляцовак. І Ганна магла зблізку разгледзець людзей, якія жылі ў яе краях семсот гадоў назад.