3

Прыцемкі былі напоўнены гукамі, якія ўзнікалі ад цішыні і празрыстасці паветра. Галасы ад калодзежа, жаночы смех, вуркатанне тэлевізара, далёкі гудок грузавіка і нават перастук колаў цягніка ў неймавернай далечыні — усё гэта было патрэбна, каб як мага глыбей усвядоміць бязмежжа неба, бляск адлюстраванага месяца ў рэчцы, маўчанне лесу, плёскат рыбы і камарыны звон.

Ганна падышла да хаты, узнялася на ганак і нетаропка, усміхаючыся з дзедавай балбатні, лёгка адамкнула на гэты раз падатлівыя дзверы. Трымаючы ў руках замок і гладыш з сырадоем, яна ўвайшла ў сенцы, ступіла крок і знянацку спатыкнулася аб нешта цвёрдае і цяжкае. Гладыш грукнуўся аб падлогу, замок выпаў і стукнуў па назе. Ганна крыкнула, абхапіла рукамі шчыкалатку, і тут жа з-за перагародкі, што аддзяляла сенцы ад халоднай святліцы, рэзкі мужчынскі голас спытаўся:

— Ты што, Кін?

З гарышча адгукнуўся другі голас, нізкі:

— Я на гары.

Ганна, забыўшыся пра жахлівы боль, сцішылася. На імгненне ёй у галаву прыйшла думка: яна трапіла ў чужую хату. Але ж з гэтага боку ручая толькі адна хата. І яна хвіліну назад адмыкала яе.

Часта зарыпелі прыступкі вузкай лесвіцы, што вяла на гарышча. Скрыпнулі дзверы ў халодны пакой.

Два ліхтарыкі ўспыхнулі адначасова. Яна зажмурылася.

Калі расплюшчыла вочы, убачыла: у сенцах стаяць двое, а на падлозе пасярод сенцаў — вялікі жоўты чамадан, заляпаны малаком. Малочная лужына расплылася па падлозе, рыжымі караблікамі пагойдваліся чарапкі.

Адзін з іх быў малады, крыху старэйшы за Ганну, элегантны, у сінім гарнітуры, пры гальштуку-мушцы, з кучаравымі чорнымі валасамі, з гусарскімі нахабнымі вачыма. Другі, што злез з гарышча, — старэйшы і мажнейшы. Твар скуласты, карычневы, светлымі агеньчыкамі гарэлі на ім невялікія вочы. Ён быў адзеты ў чорны світэр і пацёртыя джынсы.

Ганна выпрасталася, зморшчыўшыся ад болю, і спыталася:

— Вы праз акно ўлезлі?

Мужчыны трымалі напагатове, як пісталеты, яркія ліхтарыкі.

— Што вы тут робіце? — спытаўся скуласты.

— Я жыву тут. Часова. — І, як бы жадаючы ўразіць іх, Ганна дадала: — Вось бачыце, я і падлогу вымыла.

— Падлогу? — спытаўся скуласты і паглядзеў на лужыну малака.

Ганна была такая сярдзітая, дый нага балела, што забылася пра спалох.

— Калі вам няма дзе пераначаваць, — сказала яна, — перайдзіце цераз ручай, у крайнюю хату. Там ёсць пакой пусты.

— Чаму гэта мы павінны ісці? — спытаўся малады гусар.

— Вы што, хочаце, каб я пайшла?

— Разумеецца, — сказаў маладзейшы. — Вам тут няма чаго рабіць.

— Але ж гэта хата маёй цёткі, Магды Іванкевіч.

— Гэта чорт ведае што, — сказаў малады гусар. — Ніякай цёткі тут быць не павінна.

— Правільна! — усклікнула Ганна, прасякнутая справядлівым гневам. — Цёткі быць тут не павінна. І вас таксама.

— Мне здаецца, — заявіў скуласты, — нам варта пагаварыць. Зрабіце ласку, ці не пажадалі б вы прайсці ў пакой?

Ганна звярнула ўвагу на пэўную старамоднасць яго мовы, нібы ён вучыўся ў дарэвалюцыйнай гімназіі.

Не дачакаўшыся адказу, скуласты штурхнуў дзверы ў святліцу. Там было ўтульна. Канапа заслана, на стале ляжалі кніжкі, частка з іх ангельскія, што адразу пераконвала: у пакоі жыў інтэлігентны чалавек — гэта значыць Ганна Іванкевіч.

Напэўна, гэтая думка прыйшла ў галаву і ўзломшчыку, бо яго наступныя словы адрасаваліся не Ганне, а спадарожніку.

— Жуль! — сказаў ён. — Хтосьці прамаргаў.

Жуль падышоў, узяў са стала ангельскую кніжку, паварушыў губамі, разбіраючы назву, і заўважыў:

— Не чытаў.

Відаць, хацеў паказаць сваю адукаванасць. Магчыма, гандляваў абразамі, займаўся кантрабандай і не спыніцца ні перад чым, каб збавіцца ад сведкі.

— Добра, — сказаў скуласты бандыт. — Не будзем сварыцца. Вы думалі, што хата пустая і вырашылі ў ёй пажыць. Так?

— Безумоўна так. Я ведала, што яна пустая.

— Але вы не ведалі, што з гаспадыняй гэтай хаты мы дамовіліся пажыць тут два тыдні. І вось атрымалася непаразуменне.

— Непаразуменне, — сказала Ганна. — Я і ёсць гаспадыня.

Гусар усеўся на канапу і пачаў хутка гартаць кніжку. Недзе ўдалечыні забрахаў сабака, пачуўся гул машыны. Праз адчыненае акно ў пакой заляцеў вялікі матылёк і стукнуўся ў шкло ліхтарыка. Ганна, накульгваючы, падышла да стала і запаліла лямпу-газоўку.

— Магда Фёдараўна Іванкевіч, — сказаў скуласты бандыт начальніцкім голасам, — здала нам гэтую хату на два тыдні.

— Калі вы бачылі цётку? — спыталася Ганна.

— Учора, — адказаў малады чалавек, не адрываючы вачэй ад кніжкі. — У Менску.

«Хлусяць, — падумала Ганна. Учора вечарам яна праводзіла цётку ў Крым. Палову жыцця пражыўшы ў вёсцы, цётка лічыла, што вёска — не месца для адпачынку. Экзатычная мітусня на ялцінскім узбярэжжы куды больш да душы яе рамантычнай натуры… — Яны тут невыпадкова. Прыйшлі сюды не так сабе. Але што ім рабіць у гэтай хаце? Чым больш сур'ёзныя намеры ў бандытаў, тым больш бязлітасныя яны да сваіх ахвяраў — мэта апраўдвае сродкі. Трэба вырвацца адгэтуль і ўцякаць да дзеда».

— Мяркуючы па ўсім, — задумліва сказаў высокі бандыт, дакрануўшыся пальцам да кончыка носа, — вы нам не паверылі.

— Паверыла. — Ганна сцепанулася пад яго халодным позіркам. Гэтым і выдала сябе канчаткова. І цяпер ёй заставалася толькі бегчы. Тым больш што малады чалавек адклаў кніжку, лёгка ўстаў з канапы і апынуўся ў яе за спіною. Або цяпер, або ніколі. І Ганна хуценька вымавіла: — Мне трэба выйсці на двор.

— Чаго? — спытаўся высокі бандыт.

Ганна кінулася да прачыненага акна, нырнула ў яго галавою ўперад, насустрач начной прахалодзе, водару лугоў і паху дыму ад ляснога вогнішча. Праўда, гэтую сімфонію яна не паспела як след ацаніць, бо гусар уцягнуў яе за ногі назад у пакой. Ганна стукнулася падбародкам аб падаконнік, ледзь не выбіла свае прыгожыя, асляпляльна белыя зубы і павісла — рукамі за падаконнік, ногі навісу.

— Пусці, — прастагнала Ганна. У голасе было столькі нянавісці і прыніжэння, што скуласты бандыт сказаў:

— Пусці яе, Жуль.

Ганна сказала, прыводзячы сябе ў парадак:

— Гэтага я вам ніколі не дарую.

— Вы так рызыкавалі. Там жа пад акном крапіва.

— Парэчкі, — сказала Ганна.

— Чаму не крычалі? — дзелавіта спытаў скуласты бандыт. — Тут далёка чуваць.

— Я яшчэ закрычу, — адказала Ганна, стрымліваючы слёзы.

— Васпані, — вымавіў высокі бандыт, — супакойцеся. Мы не ўчынім вам зла.

— Тады выбірайцеся адсюль! — крыкнула Ганна нечакана віскатлівым, кухонным голасам. — Зараз жа выбірайцеся з маёй хаты! — Яна схапілася за сківіцу і дабавіла праз зубы: — Цяпер у мяне рот не будзе адкрывацца.

Скуласты бандыт паглядзеў паўзверх яе галавы і сказаў:

— Жуль, паглядзі, калі ласка, ці нельга зняць боль? Ганна зразумела, што забіваць яе не будуць, а Жуль асцярожна і цвёрда ўзяў яе за падбародак сухімі тонкімі пальцамі і сказаў, гледзячы ў вочы сваімі сінімі, акружанымі чаротам вейкаў, гусарскімі азёрамі:

— Няўжо мы робім такое цяжкае ўражанне?

— Робіце, — сказала Ганна ўпарта. — І вам прыйдзецца вымыць падлогу ў сенцах. Панастаўлялі чамаданаў…

— Гэта мы зробім, — сказаў Кін, ён жа старэйшы бандыт, падыходзячы да акна. — І, напэўна, давядзецца адкласці рашэнне на заўтра. Сёння ўсе ўсхваляваныя, больш таго, раздражнёныя. Устанем заўтра раней…

— Вы ўсё-такі намерваецеся тут начаваць? — сказала Ганна.

— А дзе ж мы дзенемся?

Ганна зразумела, што ён праўду кажа.

— Тады будзеце спаць у халодным пакоі. Толькі просцін у мяне вам няма.

— Абыдземся, — сказаў Жуль. — Я вазьму кніжку з сабою. Вельмі цікавая. Раніцай аддам. Ганна толькі адмахнулася.

— Дзе ануча? — спытаўся Кін.

— Я зараз прынясу, — сказала Ганна і пайшла на кухню.

Кін накіраваўся за ёю. Беручы анучу, ён спытаўся:

— Можа, вас задаволіць грашовая кампенсацыя?

— Каб я паехала са сваёй хаты?

— Скажам, тысяча рублёў?

— Уга, я столькі атрымліваю за паўгода.

— Значыць, згода?

— Паслухайце, у вёсцы ёсць іншыя хаты. У іх жывуць адзінокія бабулі. Гэта вам абыдзецца танней.

— На жаль, — сказаў Кін, — нас задавальняе гэтая хата.

— Няўжо пад ёю клад?

— Клад? Наўрад. А дзве тысячы?

— За гэтыя грошы вы можаце купіць тут тры хаты. Не раскідвайцеся грашыма. Ці яны дзяржаўныя?

— Іронія недарэчы, — строга сказаў Кін, быццам Ганна вучылася ў яго класе. — Грошы дзяржаўныя.

— Слухайце, — сказала Ганна, — мыйце падлогу і кладзіцеся спаць.

Загрузка...