Шар пераляцеў за крапасную сцяну, і Ганна ўпершыню ўбачыла горад Замошша з сярэдзіны.
За варотамі быў невялікі запылены пляц. Платы і слепаватыя сцены шчыльна пабудаваных дамоў сціскалі яго, і, ператвараючыся ў вузкую вуліцу, ён цягнуўся да белага мураванага сабора. На пляцы сабралася шмат народу, і ў першае імгненне Ганна вырашыла, што людзі чакаюць паслоў, аднак на самай справе вяртанне коннікаў прайшло незаўважана. Вартавыя яшчэ замыкалі вароты на вялізарныя засаўкі, а яцвяг, махнуўшы нагайкаю, пагнаў каня наперад, да сабора, за ім у задуменні рухаўся следам чалавек у сінім плашчы. Каля сцен дамоў і ў вузкім прамежку між гарадскім валам і будынкамі было ўціснута часовае жытло бежанцаў, якія хаваліся ў горадзе на час асады з суседніх вёсак і пасадаў. Рагожкі — прымітыўныя павеці — звісалі з палак. Там поўзалі дзеці, варылася ежа, спалі, елі, гаманілі людзі. І ад гэтага занадта лішняга зборышча людзей вуліца, па якой ехалі конна паслы, здавалася даўжэйшай, чым на самай справе. Яна завяршалася другім пляцам, аддаленым ад тыльнай сцяны крэпасці вялікім двухпавярховым церамам, які злучаўся з саборам галерэяй. Сабор не паспелі дабудаваць — побач у пыле і трыпутніку валяліся белыя пліты, дальняя сцяна сабора была яшчэ ў рыштаваннях, а на купале, трымаючыся за вяроўку, барабаніў малатком страхар, прымацоўваючы свінцовы ліст. І як бы яму аніякай справы не было да баёў, штурмаў, асад. Каля конавязі быў калодзеж, з якога два мужчыны цягалі ваду цэбрам і пералівалі яе ў бочкі побач.
Паслы пакінулі коней ля конавязі.
На высокім ганку церама стаялі два яцвягі, драмаў пад павеццю хлапчук у шэрай, да каленяў, кашулі. Змяркалася, і доўгія бэзавыя цені засцілалі амаль увесь пляц. Паслы хутка падняліся па лесвіцы на высокі ганак і зніклі ў дзвярах церама. Шар праляцеў за імі вузкім калідорам. Ганна паспела заўважыць, што ў цемнаце, якая зрэдку разрывалася мігценнем лучыны або вячэрнім святлом з адчыненых дзвярэй, перад залай, куды ўвайшлі паслы, сядзелі ў рад манахі ў высокіх кукелях, з белымі крыжамі, у чорных расах. Толькі твары жаўцелі ад лампады — над імі была бажніца са смуглымі абліччамі візантыйскіх абразоў.
Рыжы прыгажун у белай кашулі, вышытай па каўняры чырвоным узорам, сядзеў за сталом, абапёршыся локцямі на старую вышчарбленую стальніцу. У кутку, на лаве, звесіўшы кароткія крывыя ногі, якія не даставалі да падлогі, уладкаваўся блазан.
Яцвяг застаўся каля дзвярэй. Пасол прайшоў да стала і ледзь прыкметна пакланіўся князю.
— Чаго ён клікаў? — спытаўся князь. — Што хацеў?
— Смуткуе, — усміхнуўся пасол. — Просіць вернасці. Ён кінуў на стол епіскапаву грамату. Рыжы тузануў яе, адарваўшы тасьму, і грамата павольна разгарнулася. Блазан ускочыў з лавы, зачыкільгаў да стала. Варушачы тоўстымі губамі, пачаў разбіраць тэкст. Рыжы зірнуў на яго, падняўся з-за стала.
— Не аддам я ім горад, Раман, — сказаў ён. — Будзем трымацца, пакуль Міндоўг з літвой падаспее.
— Ты не будзеш чытаць, Вячаслаў?
— Пайшлі на сцяну, — сказаў рыжы. — А ты, Акіплеша, скажаш баярыні, што, як вярнуся, вячэраць будзем.
— Яны Магду патрабуюць, — паведаміў блазан, прыціснуўшы пальцам радок у грамаце.
— Ахвота ім, — адказаў рыжы і пайшоў да дзвярэй.
— Усё, сеанс закончаны, — сказаў Жуль.
— Як наконт кавы?
— Ну вось, — сказаў Кін. — Мы і даведаліся, хто князь, а хто Раман.
— Князя звалі Вячаслаў? — спыталася Ганна.
— Ага, князь Вячка, сын полацкага князя Барыса Раманавіча. Ён раней княжыў у Кукейнасе. Кукейнас захапілі рыцары. Пасля гібелі горада ён пайшоў у лясы са сваімі саюзнікамі — яцвягамі і лівамі. А зноў з'явіўся ў 1223 годзе, калі русінскія князі, адваяваўшы ў мечаносцаў, далі яму горад Юр'еў. Да Юр'ева падступіла ўсё ордэнскае войска. Вячка супраціўляўся некалькі месяцаў. Потым горад здаўся і князя забілі.
— І вы думаеце, што гэта той самы Вячка?
— Ага. Усё сведчыць на карысць такой здагадкі. На гэтым пагорку было неўмацаванае паселішча. Толькі ў пачатку XIII стагоддзя яго абнеслі сцяною і пабудавалі мураваны сабор. А ў 1215 годзе горад гіне. Існаваў ён так нядоўга, што нават у летапісах пра яго амаль няма звестак. Навошта яго ўмацавалі? Відавочна, са стратаю крэпасцей на Дзвіне полацкаму князю патрэбны былі новыя пагранічныя фарпосты. І ён пасылае сюды Вячку. Рыцары яго ведаюць. Ён іх даўні вораг. І яго новая крэпасць становіцца цэнтрам супраціўлення ордэну…
Шар узняўся над вячэрнім горадам. Былі відаць вогнішчы на вуліцы — іх палілі бежанцы. Водбліскі вогнішчаў падалі чырвонымі блікамі на месіва людзей, якія збіліся ў кучу каля ахоўнай сцяны.
Напаследак шар падняўся яшчэ вышэй.
Чорным сілуэтам віднелася на схіле асадная вежа. Пагойдваліся факелы — там устанаўлівалі катапульту. Белыя, асветленыя знутры шатры мечаносцаў на тым беразе ручая здаваліся прывідамі — 12 ліпеня 1215 года канчалася. Цяпер Ганна ведала, што горадам Замошша правіць адважны і непрымірымы князь Вячка. І ёсць у яго баярын Раманаў, чалавек з сур'ёзным вузкагубым капрызным тварам — чарадзей і алхімік, які праз суткі загіне і апрытомнее ў далёкай будучыні.