Усярэдзіне шацёр быў абстаўлены сціпла. На ўтаптанай падлозе паверх рагожаў ляжаў дыван, стаялі складныя, без спінак, ножкі крыж-накрыж, крэслы, на драўляным узвышэнні ляжалі згорнутыя на дзень скуры, высокі падсвечнік з аплылым воскам пабліскваў меддзю каля высокага куфра, акаванага жалезнымі палосамі. На куфры ляжалі два пергаментныя скруткі.
Епіскап падаў знак рыцарам сядаць. Фрыдрых фон Какентаўзен адшпіліў пояс з мячом і паклаў яго на падлогу ля ног. Брат Готфрыд заставіў меч між ног і абапёрся рукамі ў пальчатках на яго дзяржальна. Аднекуль выслізнуў слуга ў чорнай сутане. Ён вынес арабскі збан і тры сярэбраныя чаркі. Брат Готфрыд прыняў чарку, епіскап і Фрыдрых адмовіліся.
— Ты кажаш, брат Фрыдрых, — вымавіў епіскап, — што месір Раман на самай справе дасведчаны ў сакрэтах магіі?
— Я ўпэўнены ў гэтым.
— Калі мы не заб'ём яго заўтра, — сказаў брат Готфрыд, — то ён з дапамогаю д'ябла можа прыдумаць нам пагібель.
— Я памятаю галоўнае, — сказаў Фрыдрых. — Я заўсёды памятаю пра дабро ордэна. А месір Раман блізкі да адкрыцця тайны золата.
— Золата д'ябла, — запярэчыў Готфрыд фон Гольм.
— Месір Раман любіць уладу і славу, — заўважыў Фрыдрых. — Што можа даць яму князь Вест?
— Чаго ён апынуўся тут? — спытаўся епіскап.
— Ён далёкі родзіч князя, — сказаў Фрыдрых. — Ён быў народжаны ад наложніцы князя Барыса Полацкага.
— І хацеў бы стаць князем?
— Не тут, — усміхнуўся брат Фрыдрых. — Не ў гэтай вёсцы.
— Добра, што ён спаліў вежу, — сказала Ганна. — Інакш бы яны не сталі размаўляць.
— Што здарылася ў Смаленску? — спытаўся епіскап, перабіраючы ў моцных пальцах бурштынавы ружанец з вялікім залатым крыжам.
— Тутэйшы ўладыка — візантыец. Чалавек недалёкі. Ён вырашыў, што ўменне месіра Рамана ад д'ябла. І падняў чэрнь…
— Ну проста як нашы браты, — усміхнуўся нечакана Альберт. Паглядзеў на Готфрыда. Але той не заўважыў іроніі. — І чараўніка прыгрэў князь Вест?
— Ён жыве тут ужо трэці год. Ён затаіўся. Ён напалоханы. Яму няма куды ісці. У Кіеве яго чакае такі самы лёс, што і ў Смаленску. На Захадзе ён выклікаў небяспечную жадобу караля Піліпа і гнеў святой царквы. Я думаю, што ён многае паспеў зрабіць. Пра гэта сведчыць гібель нашай вежы.
— Сапраўды часам зацямняецца розум уладных людзей, — сказаў епіскап. — Сіла наша ў тым, што мы можам накіраваць на дабро аблуду чарадзея, калі мы цвёрдыя ў сваёй веры.
— Я мяркую, што праўда на вашым баку, — даў згоду брат Фрыдрых.
— Беражы нас, божа, — сказаў ціха брат Готфрыд. — Д'ябал усюдыісны. Я сваімі рукамі адкруціў бы галаву чарадзею.
— Не нам яго баяцца, — вымавіў епіскап. Не ўстаючы з крэсла, ён выцягнуў руку і ўзяў з куфра жаўтаваты аркуш, які ляжаў пад скруткамі. — Паглядзіце, гэта прыслалі мне з Замошша тыдзень назад. Што вы скажаце, брат Фрыдрых?
Рыцар Готфрыд перахрысціўся, калі епіскап падаў аркуш Фрыдрыху.
— Гэта напісана не ад рукі, — сказаў Фрыдрых. — І ў гэтым няма чарадзейства.
— Вы ўпэўненыя?
— Месір Раман выразае літары на дрэве, а потым прыкладае да дошкі ліст. Гэта падобна на пячатку. Адной пячаткаю вы можаце замацаваць сто грамат.
— Вялікая справа, калі скіравана ў імя царквы, — сказаў епіскап. — Божае слова можа пашырацца танна. Але якая пагроза ў лапах д'ябла!
— Гэтак, — згадзіўся брат Фрыдрых. — Раман патрэбны нам.
— Я ж паўтараю, — сказаў брат Готфрыд, устаючы, — што ён павінен быць знішчаны разам з усімі ў гэтым горадзе.
Яго суразмоўцы нічога не адказалі, епіскап заплюшчыў вочы.
— На ўсё воля божая, — сказаў ён урэшце.
Абодва рыцары ўсталі і накіраваліся да выхаду з шатра.
— Дарэчы, — кінуў наўздагон епіскап, — чым можа для вас стацца гісторыя з польскай князёўнай?
— Спытайцеся ў брата Готфрыда, — сказаў Фрыдрых фон Какентаўзен. — Гэта здарылася непадалёку ад замка Гольм, а леты, якія напалі на ахову князёўны, па чутках, выконвалі яго загад.
— Гэта толькі чуткі, — сказаў Готфрыд. — Толькі чуткі. Цяпер жа князёўна і яе цётка пакутуюць у палоне князя Веста. Калі мы вызвалім іх, то атрымаем за гэта выкуп ад князя Смаленскага.
— Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых? — спытаўся епіскап.
— Ні ў якім разе, — адказаў Фрыдрых. — Не сакрэт, што князь Вячка адбіў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.
— Я згодны з вамі, — сказаў епіскап. — Паклапаціцеся пра дзяўчыну. Як толькі яна трапіць да нас, мы тут жа адправім яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнікі. І ніякіх выкупаў.
— Мае людзі рызыкавалі, — сказаў Готфрыд.
— Мы і так не сумняваліся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскія рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. І гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамі Рыгі?