15

Усё здарылася без сведкаў з будучыні, ноччу, калі Кін, Ганна, Жуль, а галоўнае, пан епіскап Альберт і ландмайстар Фрыдрых спакойна спалі. І гэта было вельмі крыўдна, таму што час, калі ўжо ты трапіў у цячэнне вітка, незваротны. І ніхто ніколі не ўбачыць зноў, якім жа чынам гэта адбылося.

…Першая прачнулася Ганна, хуценька памылася і пастукалася да мужчын.

— Лежабокі, — сказала яна, — праспіце штурм.

— Устаём, — адказаў Кін. — Ужо ўсталі.

— Я пакуль збегаю да дзеда Генадзя, — удзячна ахвяравала сабой Ганна. — Адцягну яго ўвагу. Але каб да майго прыходу князь Вячка быў на баявым кані.

А калі Ганна вярнулася з малаком, тварагом, свежым хлебам, гордая за сваё падзвіжніцтва, у доме панавала расчараванне.

— Паглядзі, — сказаў Жуль. Шар быў уключаны і накіраваны на схіл. Там ляніва дагарала асадная вежа — сюррэалістычнае збудаванне з вялізных чорных галавешак. Ад катапульты засталася толькі лыжка, недарэчна ўткнутая ў траву дзяржаннем. Наўкола стаялі ордэнскія ратнікі. З моста цераз ручай на пажарышча глядзела ордэнская знаць, якая акружала епіскапа.

Ад варотаў крэпасці да вежы рассцілаліся чорныя шырокія палосы. У ручаі — а гэта Ганна ўбачыла не адразу — ляжалі вялізныя, у два чалавечыя росты, колы, абгарэлыя — хоць тут жа яна зразумела сваю памылку: каля вежы не магло быць такіх вялікіх колаў.

— Яны ноччу ўсё гэта спалілі! — сказала Ганна. — І правільна зрабілі. Чаго ж хвалявацца?

— Шкада, што не пабачылі.

Кін хутка правёў шар уніз, да ручая. Ён праляцеў над каркасам вежы і спыніўся над галовамі рыцараў.

— Дзякуй за падарунак, — паволі сказаў епіскап Альберт. — Вы не маглі прыдумаць нічога лепшага ў ноч майго прыезду.

— Я яшчэ летась раіў вам даць прытулак чарадзею, — сказаў ландмайстар, — калі ён з Смаленска збег.

— Мы пасылалі да яго ганца, — сказаў адзін з набліжаных да епіскапа. — Ён не адказаў. Ён схаваўся тут.

— Ён аддаў перавагу служыць д'яблу, — задумліва сказаў епіскап. — І неба нашай рукою пакарае яго.

— Сапраўды! — сказаў высокі хударлявы рыцар.

— Правільна, — згадзіўся Фрыдрых фон Какентаўзен. — Але мы не ў храме, а на вайне. Нам патрэбны саюзнікі, а не словы.

— Д'ябал нам не саюзнік, — сказаў епіскап. — Не забывайцеся пра гэта, брат Фрыдрых. Нават калі ён магутны.

— Я памятаю, святы айцец.

— Горад павінен быць жорстка пакараны, — сказаў епіскап гучна, так, каб яго чулі кнехты, якія стоўпіліся збоку. — У любы момант можа прыйсці атрад з Полацка, а гэтага нам не трэба. У Смаленску таксама глядзяць з трывогай на наша ўзмацненне…

— Сюды ідуць літоўцы, — дадаў хударлявы рыцар.

— Калі крэпасць не здасца да захаду сонца, мы не пакінем у ёй ніводнай жывой душы, — сказаў епіскап.

— І месіра Рамана?

— У першую чаргу. Толькі тыя веды могуць існаваць, якія апекаваны божай ласкай.

— Але калі ён умее здабываць золата?

— Мы знойдзем золата і без чарнакніжнікаў, — сказаў епіскап. — Брат Фрыдрых і брат Готфрыд, ідзіце следам за мною.

Загрузка...