4

Ганне не спалася. За сцяною бурчалі няпрошаныя госці, можа, збіраліся пачаць раскопкі клада на досвітку? Урэшце-такі яна не вытрымала і выглянула ў сенцы. Ліхтарык ляжаў на палічцы — матавы апельсін свечаў на сто. «Імпартная рэч, — падумала Ганна. — Вельмі зручная ў турысцкіх паходах». Чамаданаў прыбавілася. Іх стала тры. Можа, бандыты ўжо засялілі сябровак? І ў гэты момант з лёгкім стукам пасярод прыхожай узнікла бліскучая металічная скрынка, метр на метр. За перагародкаю пачуўся голас гусара:

— Прыехалі.

Дзверы, што вялі ў халодны пакой, здрыгануліся, і Ганна, напалоханая, імгненна шмыганула ў свой пакой.

Гэта было падобна на містыку і ёй не падабалася. Рэчы так проста не ўзнікаюць. Яны ўзнікаюць, бадай, толькі ў навукова-фантастычных раманах, якія Ганна не любіла, але чытала, бо яны былі дэфіцытныя.

Бандыты яшчэ доўга перасоўвалі нешта ў сенцах, мармыталі і ўгаманіліся толькі гадзіны ў тры. Тады і Ганна заснула.

Прачнулася яна не так, як марылася ёй апошнімі тыднямі. Гэта значыцца: чуваць аддаленыя крыкі пеўняў, рыкаюць каровы, што валакуцца чарадою пад вокнамі, раннія птушкі вядуць гамонку ў дрэвах, сонечныя зайчыкі вытанцоўваюць на фіранцы. Ганна бяжыць на рэчку і акунаецца ў халодную, свежую, празрыстую ваду. Сосны ўзмахваюць лапамі, яна плыве, разганяючы серабрыстых малькоў.

За сцяною гучалі галасы, і адразу ж прыгадалася недарэчная ўчарашняя гісторыя. У Ганны настрой сапсаваўся раней, чым яна пачула спевы пеўняў, рыканне статка і вясёлы шолах лістоты. Каб выбрацца, трэба было прайсці цераз сенцы, дзе ўжо мітусіліся няпрошаныя суседзі. І купацца расхацелася. Варта было зрабіць інакш: расчыніць дзверы і — голасам гаспадыні: «Вы яшчэ тут? Колькі гэта будзе цягнуцца? Я пайшла па міліцыю!» Аднак нічога падобнага Ганна не зрабіла, бо яшчэ не мылася і была непрычэсаная. Ціха, саромеючыся, што яе пачуюць, Ганна прабралася на кухню, наліла халоднай вады з вядра ў таз і здзейсніла свой сціплы туалет. Расчэсваючыся, яна ўпотайкі глянула ў кухоннае акно. Уцячы? Неразумна. А яны будуць бегчы за мною па вуліцы? Лепш пачакаю, пакуль зойдзе дзед Генадзь.

Быць на кухні доўга яна не магла. Таму Ганна падпаліла ў пліце, паставіла чайнік і, статная, строгая і халодная, выйшла ў сенцы.

Там стаяла шэсць скрынак і чамаданаў, адзін чамадан быў адчынены, і гусар Жуль у ім капаўся. Пачуўшы яе крокі, ён зачыніў вечка, буркнуў: «Добрай раніцы». Відавочна, непрыязнасць была ўзаемная, і гэта яе нават падбадзёрыла.

— Добрай раніцы, — павіталася Ганна. — Вы яшчэ тут?

Кін увайшоў з вуліцы. Мокрыя валасы прыляпіліся да лба.

— Выдатная вада, — паведаміў ён. — Даўно так добра не купаўся. Вы маеце намер акунуцца? І чаго гэта ў яго такі добры настрой?

— Не, — сказала яна. — Лепш я схаджу па малако.

— Схадзіце, Ганна, — сказаў дружалюбна Кін. Ён паводзіў сябе не зусім правільна.

— Ці збіраецеся вы выязджаць? — спыталася яна недаверліва.

— Не, — адказаў Кін. — Мы тут будзем.

— А вы не баіцеся, што я паклічу на дапамогу?

— Вы гэтага не зробіце, — усміхнуўся Кін.

— Яшчэ як зраблю! — абурылася Ганна. І накіравалася да выхаду.

— Посуд вазьміце, — сказаў ёй услед гусар. — У вас грошы ёсць?

— Не патрэбны мне грошы. — Ганна ляпнула дзвярыма, выйшла на ганак. Посуд ёй таксама быў не патрэбны. Ішла яна не па малако.

У люстэрку ракі гулялі сонечныя бліскаўкі, непадалёку ад ручая ў лагчыне вісеў клубок туману, сонца было такое цёплае і пушыстае, што здавалася, можна было ўзяць яго ў далоні і пагладзіць.

Дзверы ззаду ляпнулі, выйшаў Кін з каструляю і пісьмом.

— Ганна, — сказаў ён бацькоўскім голасам, — вам пісьмо.

— Ад каго? — спыталася Ганна, пакорна беручы каструлю.

— Ад вашай цёткі, — сказаў Кін. — Яна пажадала перадаць…

— Чаму ж вы не паказалі яго ўчора?

— Мы атрымалі яго сёння, — адказаў Кін.

— Сёння? А дзе ж ваш верталёт?

— Ваша цётачка, — не звярнуў увагі на сарказм Кін, — адпачывае ў Крыме і прасіла перадаць вам шчырае прывітанне.

Ганна перахапіла каструлю пад паху, разгарнула ліст.

«Ганулька! — было напісана там. — Кін Уладзіміравіч і Жуль пра ўсё са мною дамовіліся. Ты іх не крыўдзі. Я ім вельмі абавязана. Няхай пажывуць у хаце. А ты, калі хочаш, у дзеда Генадзя. Ён не адмовіць. Мы з Міленай даехалі добра. Пруцікаў сустрэў. Надвор'е стаіць цёплае. Магда».

Кін стаяў, панурыўшы галаву, і сачыў за Ганнай.

— Лухта, — сказала яна. — Гэта вы самі напісалі.

— І пра Мілену мы напісалі? І пра Пруцікава?

— Колькі вы ёй заплацілі?

— Колькі яна папрасіла.

Цётка была карыслівая, і калі перад яе носам цвялілі пачкам сторублёвак… Але як яны гэта ўсё ўладзілі?

— Сёння ўранку? — перапытала Ганна.

— Ага. Мы тэлеграфавалі нашаму сябру ў Крым учора ноччу. На досвітку пісьмо было дастаўлена сюды самалётам.

Пісьмо як пісьмо, з маркай, але без штэмпеля.

— У вас і рацыя ёсць? — спыталася Ганна.

— Вам дапамагчы перанесці рэчы? — запытаўся Кін.

— Не спадзявайцеся, — сказала яна. — Я не здамся. Мне пляваць, колькі лістоў вы там яшчэ панавалакаеце ад маёй цёткі. Калі вы паспрабуеце мяне забіць ці выгнаць сілаю, я буду супраціўляцца.

— Ну навошта так, — пакрыўджана сказаў Кін. — Наша праца, на жаль, не церпіць адкладу. Мы просім вас вызваліць гэтую хату, а вы паводзіце сябе як дзіця.

— Таму што я зняважаная, — сказала Ганна. — І ўпартая.

— Мы імкнёмся не прыцягваць да сябе ўвагі, — растлумачыў Кін.

Вочы яго сталі сумныя; калі ён прытвараўся, то атрымалася гэта цудоўна.

— Вы ўжо заўважаныя, — сказала Ганна. — І вам больш нічога не застаецца, як паведаміць мне, чым вы тут збіраецеся займацца.

— Можа быць, вы ўсё ж такі паедзеце? Паверце, гэтак усім будзе лепш.

— Не, паразважайце, а я пайшла купацца. І не ўздумайце выкідаць мае рэчы або замыкаць дзверы.

Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, і калі б не Ганніна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзіну ракі, заўважыла, як далёка аднесла яе ўніз цячэннем, павярнула назад і страціла хвілін пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакінула ручнік і кніжку.

Ганна выбралася на траву і легла на ручнік. Як назло, нічога добрага з гэтага не выйшла — наляцела некалькі нахабных сляпнёў, і настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.

— Прабачце, — сказаў Кін, сядаючы побач на траву.

— Я вас не клікала, — буркнула Ганна.

— Мы параіліся і вырашылі вам сёе-тое расказаць.

— Толькі не маніць, — сказала Ганна, насцярожыўшыся.

— Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.

— Цудоўны пачатак.

Кін з размаху пляснуў сабе па шыі.

— Сляпні, — сказала Ганна. — Тут, напэўна, каровы пасуцца.

Яна села і прыкрыла свае плечы ручніком.

— Мы павінны пачаць сёння, — сказаў Кін. — Кожная хвіліна каштуе шалёныя грошы.

— Дык не трацьце іх дарэмна.

— Мяне цешыць толькі тое, што дзяўчына вы разумная. І водгукі пра вас у інстытуце давалі станоўчыя. Праўда, вы свавольніца…

— Вы і да інстытута дабраліся?

— А што рабіць? Вы — непрадугледжаны фактар. Наша віна. Дык вось, мы жывём не тут.

— Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?

— Мы жывём у будучыні.

— Якая любата! А ў чамаданах — машына часу?

— Не іранізуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цікавіць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапіць туды, мы вымушаны зрабіць прыпынак менавіта тут.

— Я заўсёды думала, што вандроўнікі ў часе — народ патаемны.

— Паспрабуйце падзяліцца гэтай тайнай з сябрамі. Мяркую, што яны вам не павераць.

Кін адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, і адразу павеяла халадком.

— А чаму я павінна вам паверыць? — спыталася Ганна.

— Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзі. Гэта даволі неверагодна, каб прымусіць вас хоць бы задумацца.

Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэнні.

— І ў якім жа вы жывяце стагоддзі?

— Лагічнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзі на гэтым вось пагорку стаяў невялікі горад Замошша. Лапік у стракатай коўдры Русі. На ўсход ляжалі землі Полацкага княства, з захаду і поўдня жылі жамойты, леты, самагіты, яцвягі, літоўцы і іншыя плямёны і народы. А яшчэ далей на захад пачыналіся ўладанні нямецкага ордэна мечаносцаў.

— Вы археолагі?

— Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.

— Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлічыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранікаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнік?

— Не, ён геній.

— А вы адкуль ведаеце?

— Гэта наша спецыяльнасць — шукаць геніяў.

— А як яго звалі?

— Яго імя — Раман. Баярын Раман.

— Ніколі не чула.

— Ён рана загінуў. Так падае летапіс.

— Можа, летапісцы ўсё прыдумалі?

— Летапісцы шмат чаго не разумелі. І не маглі прыдумаць.

— Што, напрыклад?

— Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня… Гэта быў універсальны геній, які апярэдзіў свой час.

— І вы хочаце, каб ён не загінуў, а прадаўжаў працаваць і вынайшаў яшчэ і мікраскоп? А хіба можна ўмешвацца ў мінулае?

— Мы не будзем умешвацца. І не будзем перайначваць яго лёс.

— Што ж тады?

— Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерці. Гэта не паўплывае на ход далейшых гістарычных падзей. Зразумела?

— Н-не вельмі. Дый навошта гэта вам?

— Самае каштоўнае на свеце — мозг чалавечы. Геніі бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка…

— Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнік можа вынайсці порах.

— Памыляецеся. Чалавечы мозг быў і застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькі ўзровень адукацыі. Сёння вынаходніцтва пораху не выпадзе на долю генія. Сённяшні геній павінен вынайсці…

— Машыну часу?

— Скажам, машыну часу… Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходніка кола або пораху.

— А навошта вам вынаходнік пораху?

— Каб ён вынайшаў штосьці новае.

Загрузка...