8

Ганна раптам расхвалявалася. Здавалася б, што табе да таго, што здарыцца праз тысячу гадоў? Бо ёй ніколі не даведацца, што там адбылося…

Вецер сціх, дождж ліў ціха-мірна, як бы выконваючы свой абавязак.

— А ў наш час, — спыталася Ганна, — ёсць кандыдатуры?

— Вядома, — сказаў Кін. Відаць, не падумаўшы, што робіць, ён правёў у паветры рукою, і ручаёк, што падабраўся да Ганніных ног, спыніўся, нібыта натрапіў на шкляную запруду. — Дваццатае стагоддзе, мілая Ганна, — таксама забойца, як і іншыя стагоддзі. Калі хочаце, я вам зачытаю некалькі кароткіх даведак. Па некаторых з іх мы не рашыліся прымаць меры…

«А па якіх?» — хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. І правільна зробіць.

— Гэта толькі сухія звесткі. Зразумела, у перакладзе на вашу мову…

— Па-мойму, вы размаўляеце на мове дваццатага стагоддзя. А… розніца вялікая?

— Не, не настолькі, каб зусім не зразумець. Аднак шмат новых слоў. Ды мова больш лаканічная. Мы жывём хутчэй. Але калі трапляем у мінулае, мы мову сваю забываем. Так зручней. Хочаце пачуць пра геніяў, якіх няма?

— Хачу.

Кін коратка ўздыхнуў і загаварыў, гледзячы сабе пад ногі. Голас яго змяніўся, стаў сушэйшы. Кін чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж імжэў у такт яго голасу.

— «Справа 12-а-56. Маўн Маўн Ко. Нарадзіўся 18 траўня 1889 года ў вёсцы Швезандаўн на поўнач ад горада Пегу ў Бірме. У шасцігадовым узросце быў прыняты ў манастырскую школу, дзе дзівіў манахаў сваім уменнем завучваць главы з Цілітакі. Ужо да дзесяці гадоў ведаў на памяць увесь канон Хінаяны, і яго як дзіця, адзначанага Кармой, вазілі ў Мандалай, дзе з ім гутарыў сам татанабайн і падарыў яму парасон і гаршчок на міласціну. У Мандалаі ён натрапіў на кнігу аб хрысціянстве, і шляхам параўнання рэлігійных сістэм і на аснове размоваў з вучонымі-мусульманамі хлопчык стварыў філасофскую сістэму, у якой выкарыстаў першаасновы дыялектыкі, блізкай да гегелеўскай. Быў пакараны зняволеннем у келлі. У 1901 годзе ўцёк з манастыра і дабраўся да Рангуна, спадзеючыся пераканаць у сваёй невінаватасці ангельскага біскупа Эндру Джонсана. Да біскупа хлопчыка не пусцілі, але некалькі дзён ён пражыў у доме місіянера Г. Стоўнуэла, які быў уражаны тым, што бірманскі абарванец на вуліцы чытае на памяць Евангелле на ангельскай мове. Місіянер паказваў хлопчыка сваім сябрам і пакінуў у дзённіку запіс пра тое, што Маўн Маўн Ко свабодна валодае некалькімі мовамі. Спробы Маўн Маўн Ко давесці місіянеру сваю тэорыю не мелі поспеху, таму што місіянер вырашыў, што хлопчык пераказвае крамольную кніжку. На чацверты дзень, нягледзячы на тое, што хлопчыка ў доме місіянера кармілі, Маўн Маўн Ко ўцёк. Яго труп з прыкметамі моцнага знясілення, з колатымі ранамі на грудзях быў знойдзены партовым паліцэйскім А. Банерджы 6 студзеня 1902 каля склада № 16. Прычына смерці невядомая».

Кін змоўк. Быццам яго выключылі. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.

— Тут мы былі ўпэўненыя, — сказаў Кін. — Аднак спазніліся.

— Чаму ж ніхто яго не зразумеў?

— Дзіўна яшчэ, як ён дабраўся да таго місіянера, — сказаў Кін. — Пачытаць яшчэ?

— Калі ласка.

— «Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавіч. Нарадзіўся 23 кастрычніка 1900 года ў г. Ліпавец Кіеўскай губерні. Навучыўся размаўляць і спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяці дзіцяці жылі ўсе мелодыі, пачутыя дома і ў Кіеве, куды яго два разы вазілі бацькі. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Міхайлавіча Гудзім-Ляўковіча. Пасля гэтага канцэрта, на якім Мордка выконваў, у прыватнасці, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублі. Улетку 1905 года аптэкар С. Я. Сайферціс, спісаўшыся са знаёмымі ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобіў яго ўбачыць дзіва і даручыў клапаціцца аб ім. На вакзал праводзілі ўсе суседзі. Скрыпку нёс Сайферціс, а хлопчык — баул з цацкамі, прысмакамі ў дарогу і нотнай паперай, на якой сам запісаў першую частку канцэрта для скрыпкі. На рагу Вінніцкай і Мікалаеўскай вуліц праважатыя сустрэліся з шэсцем сябраў саюза Міхаіла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохаліся за хлопчыка і хацелі яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесці яго ў суседні двор, але ён вырваўся і з крыкам: „Мая скрыпка!“ выбег на вуліцу. Хлопчык быў забіты ўдарам бота былога падаткавага інспектара Нікіфара Быкава. Смерць была імгненная». Яшчэ? — спытаў Кін.

Не дачакаўшыся адказу, ён прадоўжыў:

— «Справа 22-5а-4. Аліхманава Саліма. Нарадзілася ў 1905 годзе ў г. Хіве. За прыгажосць і бялюткасць твару была ўзята ў гарэм Алім-хана Кутайсы, блізкай асобы апошняга хана Хівінскага. У 1919 годзе нарадзіла мёртвае дзіця. Не валодаючы яшчэ граматай, прыйшла да вываду пра бясконцасць і шматмернасць Сусвету. Самастойна навучылася чытаць, пісаць і лічыць, вынайшла табліцу лагарыфмаў. Інтуітыўна выкарыстоўвала здольнасць прадбачання некаторых падзей. У прыватнасці, прадказала землетрасенне 1920 года, растлумачыўшы яго ціскам у зямной кары. Гэтым прадказаннем выклікала незадаволенасць у духавенстве Хівы, і толькі каханне мужа выратавала Саліму ад пакарання. Прагна імкнулася да ведаў. Убачыўшы ў доме выпадковую ташкенцкую газету, навучылася чытаць па-расейску. У жніўні 1924 года ўцякла з дому, пераплыла Амудар'ю і паступіла ў школу ў Турткуле. На здольнасці дзяўчыны звярнула ўвагу расейская настаўніца Галіна Кранава, якая займалася з ёю алгебрай. За некалькі тыдняў Саліма засвоіла курс сямігадовай школы. Было вырашана, што пасля кастрычніцкіх святаў Галіна завязе дзяўчынку ў Ташкент, каб паказаць спецыялістам. У час дэманстрацыі 7 лістапада ў Турткуле Саліма ішла ў групе жанчын якія знялі паранджу і была апазнана родзічамі Алім-хана. Ноччу была выкрадзена са школы і задушана ў Хіве 18 лістапада 1924 года».

— Даволі, — сказала Ганна. — Вялікі дзякуй. Хопіць.

Загрузка...