I. Я. Лепешаў Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

ПРАДМОВА

У беларускай мове, як і ў іншых мовах, будаўнічым матэрыялам, «цаглінкамі» для сказаў служаць не толькі словы, але і фразеалагізмы — устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў фразеалагічных кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў). Гэта, напрыклад, такія кароткія, але змястоўныя і трапныя выразы, як ад яйка адліць, аршын з шапкаю, выйсці сухім з вады, гады ў рады, дзірка ад абаранка, за дзедам шведам, малоць не падсяваючы, сабакам сена касіць, следам за дзедам, смаловы дуб, як босаму разуцца. Іх у нашай літаратурнай мове больш за шэсць тысяч.

Пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі, самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. Каб залацінка гэта свяцілася ў пісьмовым тэксце, у вусным маўленні, яе трэба выкарыстоўваць умела і дарэчы.

Свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы. У досыць многіх з іх, як пісаў Б. А. Ларын, «усе словы вядомыя, а сэнс цэлага застаецца няясным»[1]. Так, частаўжывальны, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, фразеалагізм пятая калона (калька з іспанскай мовы) абазначае ‘варожая агентура ўнутры краіны'. А каб зразумець, пры чым тут калона і чаму пятая, трэба ведаць этымалогію гэтага выразу. А бывае так, што сэнс фразеалагізма, напрыклад, шуры-муры (‘любоўныя справы, прыгоды’), прывычны, знаёмы, вядомы, а яго састаўныя часткі, неўжывальныя па-за фразеалагізмам, — незразумелыя, таямнічыя. А між тым гэты выраз склаўся ў выніку некаторага скажэння французскага свабоднага словазлучэння сhеr атоur (чытаецца як «шэр амур»), дзе сhеr — ‘дарагі, мілы’, а атоur— ‘любоў, каханне’ і ‘страсць, жарсць’.

Даволі многія фразеалагізмы могуць быць супрацьпастаўлены адпаведным свабодным, пераменным словазлучэнням, на аснове якіх яны ўзніклі і на фоне якіх ўспрымаюцца як разгорнутыя метафары. Супаставім, напрыклад: «Каровы стаяць сярод вуліцы, выцягнуўшы ўперад галовы, і сонна жуюць жвачку» (К. Цвірка) і «Ты мне жвачку не жуй, гавары канкрэтна» (А. Кудравец). Выдзелены ў папярэднім прыкладзе фразеалагізм абазначае ‘гаварыць нудна, аднастайна і бесталкова пра адно і тое ж’ і з’яўляецца выразам з жывой унутранай формай[2]. Матыў узнікнення гэтага фразеалагізма, як і многіх іншых, зразумелы і без этымалагічнага растлумачэння, хоць, па сутнасці, як слушна лічыць А. І. Малаткоў, «кожны фразеалагізм мае патрэбу ў гістарычна-этымалагічнай даведцы, у гістарычна-лінгвістычным вытлумачэнні свайго ўзнікнення і свайго мінулага»[3].

У дзвюх частках майго «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (Мн.: Нар. асвета, 1981; Ч.2, 1993) атрымалі гістарычна-этымалагічную даведку больш за 1300 фразеалагізмаў[4]. Пошукі этымалогій працягваліся. Цяпер у даведніку, што прапаноўваецца ўвазе чытача, аб’яднаны ранейшыя і новыя этымалогіі, раскрываецца паходжанне каля 1750 фразеалагізмаў сучаснай беларускай мовы. Вельмі многія слоўнікавыя артыкулы, асабліва ў выданні 1981 г., папраўлены, дапоўнены ці скарочаны.

Слоўнікавы артыкул гэтага даведніка ўключае: а) загаловачную частку; б) агульную характарыстыку фразеалагізма паводле паходжання; в) тлумачэнне сэнсу фразеалагізма; г) ілюстрацыйны матэрыял; д) этымалагічную даведку. У асобных, рэдкіх выпадках паслядоўнасць частак слоўнікавага артыкула не захоўваецца: гэтага вымагае спецыфіка этымалогіі фразеалагізма, паказ на сувязь паміж зыходным і сучасным яго значэннем, на развіццё фразеалагічнага значэння і г.д.

Загаловачная частка.

Фразеалагізм прыводзіцца ў сваім мінімальным саставе і найбольш тыповай форме. Калі фразеалагізм мае не свабодны, а фіксаваны парадак кампанентаў або найчасцей ужываецца не з прамым, а з адваротным парадкам кампанентаў, то гэта адлюстроўваецца ў загалоўку: вадой не разальеш каго, жыўцом з’есці каго, на ваду брахаць. Месца націску ў кампанентах загаловачнага фразеалагізма абазначаецца толькі ў асобных выпадках, калі неабходна папярэдзіць розначытанне: áрэдавы вякі, выкручваць сырыцу з каго, на грэчаскія калéнды, на кругі свая, спусціўшы рукавы. Фанетычныя, акцэнтна-фанетычныя, марфалагічныя, словаўтваральныя і лексічныя варыянты фразеалагізма ўключаюцца ў загаловак і даюцца ў круглых дужках:

Іерыхонская (ерыхонская) труба.

Злавіць двух зайцаў (зайцоў).

Каменьчык(-і) у агарод чый.

Танцаваць ад печы (ад печкі).

Вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.

У круглых дужках падаюцца і трывальныя формы дзеяслоўных фразеалагізмаў, а таксама тыя нешматлікія формы зменлівага кампанента, у якіх здольны ўжывацца пэўны выраз:

Брацца (узяцца) у рожкі з кім.

Лавачка закрываецца (закрылася, закрыецца).

Як не свой (свая, сваё, свае).

Калі дзеяслоўнаму фразеалагізму ўласціва лексічная варыянтнасць, а яго граматычна галоўны кампанент можа ўжывацца ў незакончаным і закончаным трыванні, то ў загалоўку адна група формаў і варыянтаў аддзяляецца ад другой групы кропкай з коскай:

Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.

Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго.

Даволі многія фразеалагізмы не могуць ужывацца без абавязковага аб’ектнага акружэння («справа»). Іх значэнне рэалізуецца толькі ў строга акрэсленай канструкцыі. Гэта абавязковая лексіка-граматычная сувязь «справа» падаецца ў загалоўку слоўнікавага артыкула:

Адальюцца слёзы каму чые.

Зуб за зуб зайшоў у каго, з кім.

Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую.

Некаторыя фразеалагізмы маюць валентна абмежаванае значэнне. Яно выяўляецца толькі ў спалучэнні фразеалагізма са строга акрэсленымі словамі. Напрыклад, выраз куры не клююць (‘вельмі многа’) уступае ў кантакт толькі са словам грошай. Пры такіх фразеалагізмах у загалоўку прыводзіцца іх абавязковае слоўнае акружэнне. Словы-суправаджальнікі, без якіх той ці іншы выраз не можа рэалізавацца ў маўленні, падаюцца ў адных выпадках перад фразеалагізмам, у другіх — пасля яго:

Чакаць манны нябеснай.

Быць, заставацца і пад. за сямю пячаткамі.

Благім матам крычаць.

Да касцей прамокнуць, прамерзнуць.

Сустракаюцца фразеалагізмы з падвойнай абавязковай спалучальнасцю — «злева» і «справа»:

Станавіцца, стаць і пад. на роўную нагу з кім.

Як, што, чаго хоча (захоча) левая нага каго, чыя.

Факультатыўная частка фразеалагізма бярэцца ў ломаныя дужкі:

<Адны> скура ды косці засталіся на кім, у каго, ад каго.


Вушы вянуць <у каго, ад чаго>.

Ва ўсіх неабходных выпадках выкарыстоўваюцца адсылкі да алфавітнага месца, дзе этымалагізуецца пэўны фразеалагізм, якому ўласцівы варыянтнасць або пачатковы факультатыўны кампанент і інш.:

Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.

Агульная характарыстыка фразеалагізма паводле паходжання.

Пасля фразеалагізма, вынесенага ў загаловак, ідзе яго кваліфікацыя паводле паходжання. Як вядома, фразеалагізмы ў гэтых адносінах падзяляюцца на чатыры групы: 1) спрадвечна беларускія, 2) запазычаныя, 3) калькі, 4) паўкалькі. Сярод выразаў першай групы ў сваю чаргу вылучаюцца агульнаславянскія фразеалагізмы (біць у вочы, закрываць вочы каму, пераліваць з пустога ў парожняе), усходнеславянскія (ламаць коп ’і з-за каго, за што, легчы касцьмі), уласна беларускія (газеты чытаць, голаму за пазуху, з ветру вяроўкі віць).

У слоўніку пры кваліфікацыі спрадвечна беларускіх фразеалагізмаў, апрача тэрмінаў «агульнаславянскі», «усходнеславянскі», «уласна беларускі», даволі часта сустракаюцца і такія, як «агульны для ўсходнеславянскіх моў» (ад дошкі да дошкі, белыя мухі, выбіваць клін клінам), «агульны для беларускай і рускай моў» (абсевак у полі, вуха на вуха, на кудыкіну гару), «агульны для беларускай і ўкраінскай моў» (абы дзень да вечара, калі ласка, на ўсе застаўкі), «агульны для беларускай і польскай моў» (адправіцца да Абрама на піва, пры душы, як бабёр), «агульны для беларускай, украінскай і польскай моў» (грушы на вярбе, першы-лепшы, як свет светам), «агульны для ўсходнеславянскіх і польскай моў» (махнуць рукой на каго, на што, дах над галавой, кроў з малаком), «агульны для ўсходнеславянскіх, польскай і чэшскай моў» (мухі не пакрыўдзіць, сам не свой). Зразумела, што гэта не зусім дакладная кваліфікацыя фразеалагізмаў: сярод іх могуць быць і ўласна беларускія, якія перайшлі ў іншыя мовы, і, наадварот, запазычаныя з рускай або ўкраінскай ці польскай моў. Дакладную характарыстыку ў генетычным плане гэтыя выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў. На сённяшнім жа этапе развіцця гістарычнай фразеалогіі і фразеаграфіі выкарыстанне тэрмінаў тыпу «агульны для ўсходнеславянскіх моў» больш правамернае, чым неаргументаваная кваліфікацыя пэўнага выразу як «уласна беларускага» ці «ўласна рускага» і г. д. Паяснім гэта такім прыкладам.

У адной з этымалагічных прац фразеалагізм даць дуба вызначаны як «відаць, уласна рускі». Але, як засведчана ў слоўніках У. І. Даля і А. Г. Праабражэнскага, гэты выраз у XIX ст. быў вядомы толькі ў паўднёвых гаворках (тэрыторыя сучаснай Украіны). Адсюль больш верагодным было б лічыць яго не «ўласна рускім», а «агульным для ўсходнеславянскіх моў» ці «ўласна ўкраінскім». Або яшчэ прыклад. У той самай этымалагічнай працы выраз очная ставка (параўн.: бел. вочная стаўка, укр. очна ставка, балг. очна ставка) прызнаецца «ўласна рускім» як утварэнне ад старой юрыдычнай формулы «ставити с очей на очи»; у пацвярджэнне прыводзіцца адпаведны запіс 1606 г. — часоў цара Аляксея Міхайлавіча. Але аналагічны запіс, толькі зроблены на стагоддзе раней (1511 г.), можна знайсці ў грамаце вялікага князя літоўскага «баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай»: «поставити его очи на очи на явномъ суде хрестіянскомъ, и того, хто вадитъ, и того, на кого вадитъ».

Сярод запазычаных фразеалагізмаў ёсць запазычанні з царкоўнаславянскай (вечная памяць каму, зуб за зуб, прытча ва языцах), рускай (баш на баш, без цара ў галаве, неба ў алмазах), украінскай (даць ляшча каму, збіваць з панталыку каго, як <дурань> з пісанай торбай), польскай (вастрыць зубы на каго, на што, відаць пана па халявах).

Шмат якія выразы кваліфікуюцца ў слоўніку як фразеалагічныя калькі ці паўкалькі. Калькі — гэта своеасаблівыя копіі іншамоўных выразаў, у якіх кожны кампанент перакладзены на нашу мову сэнсавым адпаведнікам. Напрыклад, як на іголках — фразеалагічная калька з нямецкай мовы (wie аuf Nаdеln); яна ўзнікла ў выніку паслоўнага перакладу: wiе — як, аuf — на, Nadeln — іголках. Паўкалькамі называюць выразы, у якіх адны кампаненты перакладзеныя, а другія — запазычаныя. Так, фразеалагізм рубікон перайсці ўтварыўся з лацінскага Rubiсопer trаnsео, у якім апошні кампанент перакладзены словам перайсці, а першы (у зыходным значэнні — назва ракі ў Старажытным Рыме) не патрабуе перакладу. Дарэчы, як паказваюць даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў[5], у многіх літаратурных мовах на долю калек і паўкалек прыходзіцца да палавіны фразеалагічнага фонду.

Значная частка фразеалагізмаў, скалькаваных з адпаведных выразаў, якія пачалі сваё жыццё ў неславянскіх мовах, хутчэй за ўсё, трапіла да нас праз мову-пасрэдніцу — рускую ці польскую. Нярэдка яны лексічна супадаюць у рускай, польскай і беларускай мовах: руск. ставить на карту, польск. stawić па кагtę, бел. ставіць на карту; руск. почивать на лаврах, польск. sросzуwаć nа lаuгасh, бел. спачываць на лаўрах. Гэтым ускладняецца вызначэнне, як прыйшоў у беларускую мову той ці іншы фразеалагізм. Таму пры сучасным стане вывучэння гістарычнай фразеалогіі можна вызначыць толькі далёкую[6], а не блізкую этымалогію скалькаваных фразеалагізмаў.

У беларускай фразеалогіі ёсць калькі з царкоўнаславянскай (блуканне па пакутах, узнімаць сцяг чаго, чый), з рускай (абдымаць неабдымнае, як вавёрка ў коле) моў. Пераважаюць, аднак, калькі з неславянскіх моў: французскай (на вагу золата, называць рэчы сваімі імёнамі), нямецкай (іграць другую скрыпку, між молатам і кавадлам), англійскай (варыцца ў сваім саку, другое дыханне), іспанскай (браць быка за рогі, рыцар журботнага вобраза), лацінскай (за і супраць, ні жывы ні мёртвы).

Паўкалькамі ў беларускай фразеалогіі з’яўляюцца многія выразы з рускай (варона ў паўлінавых пёрах, дзям янава юшка, маг і чарадзей) і французскай (браць на абардаж каго, што, добры геній чый, цэнтр цяжару) моў, а таксама асобныя фразеалагізмы з некаторых іншых моў: царкоўнаславянскай (як зрэнку вока), украінскай (атрымліваць гарбуз), польскай (весці рэй), нямецкай (задаваць фефару каму), англійскай (апошні з магікан), італьянскай (ва ўнісон), лацінскай (уласнай персонай).

Тлумачэнне сэнсу фразеалагізма.

Паколькі сучаснае значэнне амаль усіх фразеалагізмаў знаходзіцца ў пэўнай, цеснай ці аслабленай, сувязі з першапачатковым, этымалагічным, пры вытлумачэнні паходжання фразеалагізма ўзнікае неабходнасць падаваць у слоўнікавых артыкулах і яго сучасны сэнс, для якога адноўленая ўнутраная форма — зыходны пункт.

Фразеалагізм тлумачыцца шляхам разгорнутага апісання яго сэнсу. Пры гэтым формула тлумачэння залежыць ад катэгарыяльнага (найбольш абагульненага, часцінамоўнага) значэння фразеалагічнайадзінкі, ад яе прыналежнасці да пэўнага семантыка-граматычнага разраду — дзеяслоўнага, назоўнікавага, прыслоўнага і г. д. Так, дзеяслоўныя фразеалагізмы тлумачацца пры дапамозе дзеяслоўных словазлучэнняў, назоўнікавыя — пры дапамозе назоўнікавых словазлучэнняў і г. д. Калі дзеяслоўны фразеалагізм прыводзіцца ў загалоўку ў дзвюх трывальных формах граматычна галоўнага кампанента, то тлумачэнне даецца па першай форме (незакончанага трывання). Напрыклад, вынесены ў загаловак выраз браць (узяць) на буксір (каго) растлумачаны так: дапамагаць таму, хто адстае.

Ілюстрацыйны матэрыял.

Следам за тлумачальнай часткай слоўнікавага артыкула ідзе прыкладцытата з твораў беларускіх пісьменнікаў ці з перыёдыкі. Ілюстрацыйны матэрыял выступае дадатковым сродкам семантычнай інфармацыі аб фразеалагізме, садзейнічае асэнсаванню фразеалагічнага значэння, пацвярджае існаванне фразеалагізма ў літаратурнай мове. Калі фразеалагізм мае не адно, а два і больш значэнняў, то адпаведна павялічваецца колькасць ілюстрацый.

Этымалагічная даведка.

У ёй раскрываецца паходжанне фразеалагізма або выказваецца пэўнае меркаванне. Іншы раз супастаўляюцца розныя думкі пра паходжанне фразеалагізма.

Шляхі ўзнікнення фразеалагізмаў самыя разнастайныя. Можна вылучыць некалькі спосабаў фразеалагічнай дэрывацыі.

Асноўны з іх — фразеалагічна-сінтаксічны, г. зн. утварэнне фразеалагізмаў на базе сінтаксічных адзінак (свабодных словазлучэнняў і састаўных тэрмінаў) у выніку іх пераасэнсавання. Такім спосабам утварылася пераважная большасць фразеалагізмаў: абразаць крылы каму, у каго, асінае гняздо, браць быка за рогі, гуляць у маўчанку, закасаўшы рукавы і інш. Нямала фразеалагізмаў узнікла ў выніку метафарызацыі свабодных словазлучэнняў, звязаных з рознымі звычаямі, павер’ямі, легендамі, міфамі і г.д.: адводзіць вочы каму, ад дошкі да дошкі, адстаўной казы барабаншчык, атрымліваць гарбуз, дарункі данайцаў, залаты дождж, калумбава яйцо, устаць з левай нагі і інш. Метафарычнае пераасэнсаванне атрымалі шматлікія тэрміналагічныя словазлучэнні: абсалютны нуль, выдаваць нагара, выходзіць на арбіту, заключны акорд, ставіць знак роўнасці, удзельная вага і г.д. Фразеалагізмамі сталі многія крылатыя выразы: выдраць лысаму валасы, кветкі з чужых палёў, свінтус грандыёзус, хварэць на пана і інш. У выніку метафарызацыі склаліся многія фразеалагізмы, у аснове якіх нерэальны вобраз, напрыклад: вароты пірагамі падпёрты ў каго, грушы на вярбе, з жабіны прыгаршчы, кату па пяту.

Сустракаюцца выразы, якія з’явіліся вынікам метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці з’яў (гл., напрыклад, паходжанне фразеалагізмаў вынесці ўперад нагамі каго, закрываць вочы каму). Сюды ж адносіцца параўнальна немалая група фразеалагізмаў жэставага паходжання (унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану): і брывом не вядзе, круціць носам, ламаць <сабе, свае> рукі, махнуць рукой на каго, на што, паціскаць плячамі, рабіць вялікія вочы, рваць на сабе валасы і інш. Некаторыя фразеалагізмы ўзніклі шляхам сінекдахічнага пераносу (калі назва часткі ўжываецца ў значэнні цэлага): да сівых валасоў, дах над галавой, з вуснаў у вусны, з руку рукі і п д.

Другім, значна менш прадуктыўным з’яўляецца эліптычны спосаб, г. зн. утварэнне фразеалагізмаў у выніку скарачэння прыказак пераважна алегарычнага характару — устойлівых моўных адзінак са структурай сказа. У беларускай мове ёсць каля сотні фразеалагізмаў, якія паходзяць з прыказак, прычым узніклі неаднатыпна. Рознымі шляхамі ўтварыліся, напрыклад, выразы адальюцца слёзы каму чые, гром грымнуў, крывое кола, кусаць сабе локці, як нітка за іголкай адпаведна з прыказак Адальюцца воўку авечыя слёзы; Пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца; Крывое кола на сябе гразь кідае; Блізка локаць, ды не ўкусіш; Куды іголка, туды і нітка. Значэнне фразеалагізма, утворанага на аснове прыказкі, знаходзіцца ў семантычнай сувязі з агульным сэнсам прыказкі.

Трэці спосаб, таксама малапрадуктыўны, — фразеалагічна-лексічны. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што фразеалагізм утвараецца на базе асобнага слова, у выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка). Так склаліся, напрыклад, такія выразы генетычна каламбурнага характару: гад печаны, гарадзіць плот, дулю з макам, заводзіцца з паўабароту, малоць не падсяваючы, плесці лапці, цягнуць рызіну. Гэтыя фразеалагізмы пры супастаўленні іх з адпаведнымі свабоднымі словазлучэннямі не ўспрымаюцца як метафарычныя ўтварэнні. Яны ўзніклі ў выніку адначасовай рэалізацыі двух значэнняў аднаго са слоў-кампанентаў і яго каламбурнага дапаўнення другім словам (гл. пра гэта больш падрабязна, напрыклад, у слоўнікавым артыкуле варона загуменная).

Сэнсаўтваральны кампанент маюць і такія фразеалагізмы, як адзін канец, быць, трымацца, стаяць і пад. на роўнай назе з кім, чортава гібель каго, чаго, чорт лысы.

Сярод выразаў, утвораных фразеалагічна-лексічным спосабам, можна асобна вылучыць невялікую групу фразеалагізмаў, у якіх «кожны кампанент паасобку семантычна суадносіцца (але не супадае!) з перыферыйнымі значэннямі аднайменных слоў свабоднага ўжывання»[7]. Гэта фразеалагізмы з аналітычным значэннем: благім матам, браць верх, знаходзіць агульную мову з кім, падаць духам, падымаць голас, стаяць на сваім і інш.

Агульнае, што аб’ядноўвае фразеалагізмы, утвораныя любым з трох названых спосабаў,—гэта іх узнікненне на аснове адзінак іншых моўных узроўняў — словазлучэння, сказа, слова. Разам з тым у мове ёсць нямала выразаў, якія ўзніклі на базе ўнутраных фразеалагічных рэсурсаў, склаліся на аснове ўжо існуючых фразеалагічных адзінак. У такім разе можна і трэба асобна гаварыць пра ўнутрыфразеалагічную дэрывацьно і яе шматлікія разнастайныя працэсы ўтварэння новых фразеалагізмаў.

1. Мадэліраванне фразеалагізмаў, г. зн. стварэнне новых выразаў па гатовай мадэлі — на ўзор тых, якія ўжо ёсць у мове. Звычайна пры мадэліраванні выкарыстоўваецца структура фразеалагізма-папярэдніка і адзін яго кампанент, другі ж замяняецца іншым словам. Гл., напрыклад, пра ўзнікненне такім чынам наступных фразеалагізмаў: ад а да я, біць у званы, звязваць канцы з канцамі, з другіх вуснаў, капціць свет, на ўсіх парах, ні а ні бэ, пад шафэ, пажынаць плады.

2. Фразеалагічная кантамінацыя, або зліццё, аб’яднанне частак двух фразеалагізмаў. Так, кантамінаванае ўтварэнне куды вочы нясуць узнікла на аснове фразеалагізмаў-сінонімаў куды вочы глядзяць і куды ногі нясуць. Параўн. таксама: браць у пераплёт каго, вісець паміж небам і зямлёй, заліваць чарвяка, мераць на адзін капыл, сам-насам з сабой, цягнуць гізунты з каго і інш.

3. Утварэнне назоўнікавых фразеалагізмаў на аснове дзеяслоўных як іх фрагментаў, што ўзнікаюць у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Дэрывацыйнай базай у такіх выпадках можа быць толькі не менш як трохкампанентны дзеяслоўны фразеалагізм. «Абломак» дзеяслоўнага выразу захоўвае «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма. Так, пускаць чырвонага пеўня мае значэнне ‘рабіць пажар, зламысна падпальваць што-н.’, а фрагмент гэтага выразу чырвоны певень абазначае ‘пажар’. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і адпаведныя граматычныя ўласцівасці набылі шмат якія «абломкі» дзеяслоўных фразеалагізмаў: агульная мова ў каго з кім, вострыя вуглы, камень за пазухай, каменьчыку агарод чый, палкі ў кола, пыл у вочы, ружовыя акуляры і г.д.

4. Утварэнне ад выразаў дзеяслоўнага тыпу суадносных з імі назоўнікавых фразеалагізмаў. Новы выраз фарміруецца ў выніку ўтварэння аддзеяслоўнага кампанента-назоўніка ад граматычна галоўнага слова; пры неабходнасці замяняецца і склонавая форма залежнага слова-кампанента: абіваць парогі — абіванне парогаў, перамываць костачкі — перамыванне костачак, сыходзіць са сцэны — сыход са сцэны. Такія назоўнікавыя ўтварэнні адрозніваюцца ад суадносных дзеяслоўных выразаў семантыкай, катэгарыяльным значэннем, марфалагічнымі формамі, сінтаксічнай роляй. Фразеалагічны фонд актыўна папаўняецца падобнымі назоўнікавымі выразамі: ад'яда душы, вайна з ветракамі, выхад у свет чаго, гульня з агнём, закручванне гаек, таптанне на месцы і інш.

5. Утварэнне на базе фразеалагізмаў дзеяслоўнага тыпу выразаў, структурна арганізаваных як двухсастаўны сказ. Так, на аснове звязваць (звязаць) рукі каму ‘пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць’ узнік фразеалагізм рукі звязаны ў каго ‘хто-н. пазбаўлены свабоды дзеянняў, магчымасці рабіць так, як хочацца’. Аналагічна ўтварыліся такія, напрыклад, выразы: вочы вялікія зрабіліся ў каго, канцы з канцамі зводзяцца ў каго, дзе, мячы скрыжоўваюцца дзе, святло праліваецца на што.

6. Утварэнне прыслоўных фразеалагізмаў на базе дзеяслоўных. Так, выразы ні вока ні бока, пад сукном, з затоеным дыханнем, з разбітым сэрцам сфарміраваліся на аснове дзеяслоўных фразеалагізмаў не глядзець ні вока ні бока, ляжаць пад сукном, затаіць дыханне, разбіваць (разбіць) сэрца каму, чыё.

Іншыя працэсы ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі непрадуктыўныя. Гл., напрыклад, як неаднатыпна ўтварыліся фразеалагізмы без задняй думкі, без цара ў галаве, да белых мух, да глыбіні душы, лезці смалой у вочы каму, да каго, на вярбе грушы растуць у каго, язык дрэнна падвешаны ў каго.

Калі фразеалагізм мае два значэнні, а то і больш, у слоўніку часта паказваецца, якое значэнне непасрэдна звязана з першаасновай і як складваліся іншыя значэнні.

У некаторых слоўнікавых артыкулах этымалагічная даведка адсутнічае, а этымалогія абмяжоўваецца паказчыкам, з якой мовы пэўны выраз скалькаваны.

Пры апісанні фразеалагізмаў выкарыстоўваюцца скарачэнні (гл. «Спіс скарачэнняў»).

Перш чым падаваць у алфавітным парадку слоўнікавыя артыкулы, ёсць неабходнасць асобна і больш падрабязна спыніцца на трох фразеалагізмах, этымалагізацыя якіх не ўкладваецца ў прынятую схему слоўнікавага артыкула.

1. Многія сучаснікі не ведаюць, што акадэмічны «Руска-беларускі слоўнік» (1953) укладаўся ў цяжкіх умовах ваеннага часу і ў першыя пасляваенныя гады і што ў яго складальнікаў і рэдактараў не было пад рукамі ні картатэкі, ні даведачнай літаратуры. А без шматтысячнай картатэкі з ілюстрацыйным матэрыялам як асновы любога слоўніка, перакладнога і тлумачальнага, цяжка пазбегнуць памылак. Напрыклад, рускі назоўнік кожимит (утварэнне ад «имитация кожи») пераклалі з парушэннем яго этымалагічнай матывацыі: скураміт. Фразеалагізму в порядке вещей у якасці адпаведніка даецца свабоднае словазлучэнне «звычайная рэч». Згаданы слоўнік пасля перавыдаваўся шмат разоў, але ва ўсіх выданнях так і захавалася: «в порядке вещей — звычайная рэч».

А між тым в порядке вещей — гэта паводле свайго ўзнікнення не ўласна рускі фразеалагізм, а калька з французскай мовы: с’еst dans J’оdre dеs сhоsеs (літаральна «гэта ў парадку рэчаў»). Таму ў форме ў парадку рэчаў ён мае ўсе падставы на функцыянаванне і ў беларускай літаратурнай мове. Сведчаннем яго нарматыўнасці з’яўляецца маўленчая практыка аўтарытэтных аўтараў. Ён шырока выкарыстоўваецца ў нашым друку. Вось толькі тры прыклады з вялікага мноства: «Цяжар таго, што застаецца толькі тваім, да болю ясны позірк на самога сябе збоку, незадавальненне сабой наогул і апошняй работай у прыватнасці. Няўжо гэта — у парадку рэчаў, нармальна?» (Я. Брыль); «Жонка бегала па магазінах, варыла, мыла бялізну, нават машыну вадзіла. Ён [муж] лічыў, што гэта ў парадку рэчаў» (І. Навуменка); «Тут усё ў парадку рэчаў А зямля так пахне зямлёй!» (А. Вярцінскі).

Як бачым, і ў нашай мове, гэтак жа, як у французскай, рускай і некаторых іншых, фразеалагізм ужываецца як выказнік, часцей пры дзейніку-займенніку гэта, і абазначае ‘звычайна, нармальна, натуральна’. Можна спадзявацца, што беларускія акадэмічныя слоўнікі ўключаць гэты выраз у фразеалагічны фонд мовы як неаспрэчны моўны факт.

2. У беларускай літаратурнай мове ёсць каля 300 фразеалагізмаў з нерэальным вобразам у іх аснове. Іх узнікненне — плён народнай фантазіі. Асобныя з іх склаліся і пад пяром пісьменнікаў. Напрыклад, К. Крапіва стварыў выраз выдраць лысаму валоссе, З. Бядуля — рыцар ночы, К. Чорны — адмыкаць адамкнёныя дзверы.

У аснову гэтых і падобных фразеалагізмаў пакладзены прыдуманыя, нерэальныя вобразы, вельмі многія з іх сэнсава алагічныя: ваду ў ступе таўчы, грушы на вярбе, дзірка ад абаранка, сёрбаць лапцем боршч, голаму за пазуху, як босаму разуцца, сабакам сена касіць, сем пятніц на тыдні, ад яйца адліць, вароты пірагамі падпёрты (у каго), выходзіць сухім з вады, абуць сэрца ў лапці, смаловы дуб, бярозавая каша, цырк на дроце і шэраг іншых залацінак народнай мудрасці.

Сюды можна было б аднесці і фразеалагізм птушынае малако, але гэта патрабуе некалькіх агаворак.

Па-першае, у адрозненне ад папярэдніх, ён інтэрнацыянальны, яго ўжываюць (з такой самай вобразнасцю, значэннем, стылістычнай афарбоўкай і аднолькавай ці пашыранай граматычнай структурай) не толькі славяне, але і грэкі, італьянцы, іспанцы, французы, літоўцы, татары, венгры, албанцы і шмат якія іншыя народы. Выраз з’яўляецца калькай з грэчаскай мовы: gаlа огпithon (літаральна «малако птушынае»). Ён неаднаразова сустракаецца ў творах старажытных грэчаскіх паэтаў, якія, апяваючы прыродныя багацці вострава Самаса, пісалі, што там ёсць нават птушынае малако.

Па-другое, у беларускіх, рускіх, украінскіх і польскіх тлумачальных і фразеалагічных слоўніках выраз падаецца не як двухкампанентны, а ў пашыранай граматычнай структуры — толькі (аднаго) птушынага малака няма (не хапае, бракуе) у каго — і абазначае ‘усяго ўволю, удосталь’. Напрыклад: «Пра Казіміра Ляшчынскага гаварылі, што ў таго не хапае толькі птушынага малака» (М. Парахневіч). Праўда, як будзе далей паказана, на самай справе ў нашай мове выраз існуе і як назоўнікавы — у форме птушынае малако.

Па-трэцяе, можна меркаваць, што на ўзнікненне гэтага фразеалагізма паўплывалі не прыдуманыя, а рэальныя з’явы з жывёльнага і расліннага свету. Як вядома, шмат якія птушкі, напрыклад галубы ці пінгвіны, кормяць сваіх птушанят падобнай на малако тварожыстай масай, што выпрацоўваецца ў валляку бацькоў-птушак. Біёлагі называюць такую ежу птушыным малаком. I яшчэ: ва ўсіх батанічных даведніках адна з раслін мае назву птушкамлечнік (оrnithодаlum), вядомую ўжо старажытным рымлянам. Гэта — цыбулевая расліна з бязлістым сцяблом (кветкавай стрэлкай) і прыкаранёвым лісцем. Сокам гэтай расліны, якую ў народзе называюць птушыным малаком, ласуюцца птушкі. Такім чынам, птушкамлечнік можна лічыць першым значэннем фразеалагізма птушынае малако. Прыклад з рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі»: «— Не бойся, маленькая, — супакойвае Настачка. — На табе птушынае малако! — Настачка нагінаецца, адрывае траўку пад назваю „птушынае малако“. 3 сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы, як малако, сок».

Найбольш вядомае ж і ўсім знаёмае значэнне гэтага фразеалагізма — ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра яду)’: «У нас, бывае, разбэшчваюць спартсменаў з самых юных гадоў Ты толькі выступі добра, а мы табе і птушынага малака не пашкадуем. Рэкорды спартсменаў адыходзяць, а звычка да птушынага малака застаецца» (М. Замскі); «У рэстаранах гэтых, казалі, хіба толькі птушынага малака не падавалі» (І. Шамякін); «Сакратар [паслаў мяне] да вас. У нёго, кажэ, все е, і картопля, і, калі захочаце, птушынае малако»(А. Макаёнак); «Лідачка старалася ўсяк дагадзіць яму. Каб захацеў ён птушынага малака, то, здаецца дастала б» (Г. Далідовіч); «Чаго ж у нас бракаваць будзе? Птушынага малака хіба?» (І. Козел). Дарэчы, у англійскай мове прыметнікавы кампанент фразеалагізма з гэтым значэннем іншы, канкрэтызаваны: рідеоп's тіlk (літаральна «галубінае малако»).

Птушыным малаком называюць яшчэ і вельмі смачны торт, а таксама цукеркі асобнага гатунку: «Няёмка спрачацца з прадстаўнікамі радыяцыйнай службы, бо няма ніякіх сумненняў, што яны добра ўяўляюць абстаноўку ў пацярпелых раёнах, калі іх не заманіш у забруджаныя мясціны нават птушыным малаком — дэфіцытам, які сапраўды вырабляецца з мясцовых прадуктаў у брагінскай кулінарыі» (А. Крыга); «Люда знайшла на вышках у саломе скрынку з-пад „птушынага малака“» (В. Бабкова).

3. Апошнім часам сталі даволі моднымі асобныя выразы і словы. Сустракаючы іх у друкаваных тэкстах ці чуючы ў вусным маўленні, не заўсёды лёгка дакапацца да іх сэнсу. Ды і многія з тых, хто іх ужывае, наўрад ці адкажуць, што абазначае той ці іншы выраз або слова. У свой час Леў Талстой, можа, і занадта сурова ставіўся да такіх выпадкаў: «Калі б я быў цар, то выдаў бы закон, што пісьменнік, які ўжыў слова, значэнне якога ён не можа растлумачыць, пазбаўляецца права пісаць і атрымлівае сто ўдараў розгаў».

Часцей парушаюць дакладнасць маўлення якраз не пісьменнікі, а людзі іншых прафесій. За апошнія два гады я выпісаў з газет, часопісаў, кніг больш як 30 прыкладаў з ужываннем фразеалагізма па вялікім рахунку. Немагчыма зразумець, што значыць гэты выраз, напрыклад, у такіх сказах: «Уся мая хітрасць, па вялікім рахунку, — у прастаце, у адмаўленні ад „цяжкавагавых“ тэхналогій навучання замежнай мове»; «Калі настаўнік сам для сабе не вызначыць цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, мала верагодна, што выхаванцы яго стануць сапраўднымі патрыётамі Беларусі, ды і ўвогуле па вялікім рахунку людзьмі».

У беларускую мову гэты фразеалагізм прыйшоў як паўкалька з рускай мовы (по большому счету), дзе ён упершыню быў ужыты ў рамане В. Каверына «Здзяйсненне жаданняў» (1935), але стаў шырока выкарыстоўвацца ў газетных жанрах толькі ў 1960-х гадах — пасля 3-га выдання згаданага рамана масавым тыражом у 1959 г. У В. Каверына гэты выраз склаўся на базе іншага — гамбургскі рахунак, — папулярнага ў літаратараў 1920–1930-х гадоў, асабліва пасля таго, як у 1928 г. пад такой жа назвай выйшаў у свет зборнік крытычных артыкулаў літаратуразнаўца В. Шклоўскага. Сэнс гэтай назвы сам аўтар тлумачыць так: «Гамбургскі рахунак — надзвычай важкае паняцце. Усе барцы, калі боруцца, жульнічаюць і кладуцца на лапаткі па загадзе антрэпрэнёра. Раз у год у гамбургскім тракціры збіраюцца барцы. Яны боруцца пры зачыненых дзвярах і завешаных вокнах… Тут устанаўліваюцца сапраўдныя класы барцоў, — каб не схалтурыцца». Зрэдку гэты выраз можна напаткаць і ў сённяшнім друку: «Сяброўства, знаёмствы, агульныя справы не мелі тады той улады, як сёння. Рахунак быў гамбургскі — мяркуйце самі…» (Г. Кісліцына). Сустрэўся і такі маўленчы гібрыд, як па вялікім гамбургскім рахунку: «У сэнсе патэнцыяльнай недапраяўленасці па вялікім гамбургскім рахунку — Барыс Пятровіч адзін з вельмі і вельмі нямногіх сярод трывала сфармаваных літаратараў» (В. Акудовіч).

Выраз па вялікім рахунку, як і яго папярэднік, напачатку меў адзінае акалічнасна-прыслоўнае значэнне ацэнкі чаго-небудзь з найбольшай патрабавальнасцю. Прыкладна такі ж сэнс гэтага фразеалагізма, а менавіта ‘сур’ёзна, прынцыпова, без скідак і ўступак’, захаваўся і сёння, не парываючы, такім чынам, першапачатковай, хоць і забытай ужо, этымалагічнай сувязі з першакрыніцай. Вось толькі некалькі прыкладаў: «Я абураны тым, што рэпрэсіўныя метады прымяняюцца супраць такога таленавітага вучонага… Аднойчы камусьці за гэта прыйдзецца адказваць па вялікім рахунку» (Н. Гілевіч); «Апошнімі гадамі часцяком успамінала цябе, асабліва калі хацела папракнуць мяне у нечым. I не па дробязях, а, як кажуць, па вялікім рахунку» (А. Петрашкевіч); «Хочацца большага? Але чаго? Паразумення? Поўнага? Відаць, так. Знешне яно нібыта і ёсць. А вось калі па вялікім рахунку, шмат чаго не хапае для ўзаемнага шчасця» (А. Крэйдзіч); «Уважліва прыгледзьцеся да сённяшняга мужыка: хто ён зараз, калі браць па вялікім рахунку?» (В. Гроднікаў).

Маюць пэўную сувязь з зыходным вобразам гамбургскага рахунку і два другія значэнні, якія развіліся ў фразеалагізме па вялікім рахунку. Адно з іх — ‘па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць’: «Па вялікім рахунку менавіта творчае парыванне, літаратурная дзейнасць мацуе духоўную і грамадскую актыўнасць» («Настаўн. газ.»); «Падзеі, што адбываюцца ў межах дзяржавы, па вялікім рахунку ёсць справа суверэннай дзяржавы» (С. Дзедзіч); «Ад кожнага з нас, дзе б хто ні працаваў, залежыць многае. А па вялікім рахунку — быць ці не быць Беларусі незалежнай, цывілізаванай, духоўна і матэрыяльна багатай дзяржавай» (С. Законнікаў); «А калі гаварыць па вялікім рахунку, Леанід Ігнацьевіч, ніякіх асабіста вашых комплексаў тут няма: вы ствараеце праекты, а мы іх ажыццяўляем» (Я. Кантылёў).

Яшчэ адно значэнне (трэцяе), якое можна выявіць на аснове маўленчай практыкі, — ‘фактычна, у адпаведнасці з рэальнасцю’: «Прайшло больш за сорак гадоў, а сітуацыя па вялікім рахунку тая ж. Хіба што сучасны чытач яшчэ больш зменшыўся і стаў зусім кароткім…» (Л. Галубовіч); «Па вялікім рахунку вышэйшай установе ўсё роўна, як ацэньваюцца веды вучняў у школе. Галоўнае, каб гэтыя веды былі не ніжэй, чым на ўзроўні прымянення ў стандартнай сітуацыі» («Настаўн. газ.»); «Цяжка сёння з упэўненасцю казаць, што з гістарычных дакументаў магло быць вядома Купалу, а па вялікім рахунку інфармацыя тады была больш даступнай, чым нават сёння» (І. Жук); «Дарэмна аўтар манаграфіі канстатуе ў ранняга Я. Чыквіна „дакладны памер“, „выразнасць рытмічнага малюнка, рыфмоўкі“. Гэтага па вялікім рахунку проста няма ў першым зборніку, хоць крытыку вельмі хочацца згаданыя здабыткі знайсці» (А. Пяткевіч).

Пераважаюць, аднак, выпадкі, калі выраз па вялікім рахунку ўжываюць недарэчна, без пэўнай сэнсавай нагрузкі, ператвараюць яго ў штамп (накшталт славутага Зноскавага «меджду протчым» з «Тутэйшых» Янкі Купалы), робяць яго нейкім пабочным словазлучэннем і выдзяляюць ці аддзяляюць коскамі: «А што робіць аўтар са сваімі героямі? Ён проста іх забівае. Бо, па вялікім рахунку, не ведае, што з імі рабіць»; «Па вялікім рахунку, дзякуючы ім [педагогам], мы на пытанне: „Ці хочаце вярнуцца ў школу?“ — адказваем: „А я там сёння ўжо быў“»; «Інвестыцый — кот наплакаў. А без іх і ні туды і ні сюды. Іх, па вялікім рахунку, і не будзе пры цяперашняй уладзе»; «Наша акадэмічная падрыхтоўка становіцца бездапаможнай на амерыканскіх вуліцах, у інтэрнатах і кавярнях, дзе ёсць свае правілы зносінаў, свае словы, свая па вялікім рахунку мова».

Зразумела, што такія недакладнасці — не на карысць культуры маўлення пэўных аўтараў і самой беларускай мове ў цэлым.

Загрузка...