Ф

Фама няверны. Агульны для ўсходнесл. (руск. Фома неверный, укр. Хома невірний) і польск. (niewiemy Tomasz) м. Чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-н. Заслонаў, весела смеючыся, дастаў з кішэні гімнасцёркі сваё колішняе пасведчанне…Чытай, Фама ты няверны… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Пра недаверка часам кажуць: не паверыць, пакуль не памацае. Так было і з апосталам Фамой, як пра гэта расказваецца ў евангельскай прытчы (Іаан, 20, 24–29). Пачуўшы, што распяты на яго вачах Хрыстос уваскрэс, Фама сказаў, што не паверыць гэтаму, пакуль не ўбачыць і не памацае на яго руках ран ад цвікоў і не ўкладзе сваёй «рукі ў рэбры яго». I тады, як гаворыцца ў прытчы, з’явіўся перад ім Ісус і сказаў: «Падай палец твой сюды і падзівіся на рукі мае, падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры мае, — і не будзь няверны, a верны». На аснове гэтай легенды склаўся фразеалагізм. Яго прыметнікавы кампанент — семантычны архаізм, слова, адно са значэнняў якога ўстарэла. Раней прыметнік няверны ўжываўся і са значэннем ‘які не верыць’. Часам выраз ужыв. y літаратуры і ў такім афармленні: няверны Тамаш (М. Танк), няверны Хама (Я. Колас), Фама няверуючы (А. Жалязоўскі), Хама няверуючы (А. Жук), недаверлівы Фама (М. Танк), Хаманявернік (Ф. Янкоўскі).

Фігавы лісток. Агульны для ўсходнесл., польск., чэшск. м. Крывадушная маскіроўка ганебных учынкаў, прыкрыцце чагосьці непрыстойнага. Хто ў гэтай драме — герой, хто статыст, распішуць стратэг і статыстык, схаваўшы лоб за браніраваны ліст, сумленне — за фігавы лісцік (В.Вітка. Спакуса).

Узнік на аснове біблейскага падання пра першых людзей на зямлі (Быццё, 3, 7). Адам і Ева пасля выгнання іх з раю (гл. y касцюме Адама) упершыню пазналі сорам і, каб схаваць сваю галізну, зрабілі сабе паясы з лісця фігавага дрэва. Выраз атрымаў асаблівае пашырэнне ў сувязі з тым, што жывапісцы і скульптары XVI–XVIII стст., калі трэба было адлюстраваць голага чалавека, выкарыстоўвалі фігавы лісток як умоўнасць: царква не дазваляла паказваць галізну ў мастацтве.

Фіга на талерцы. Уласна бел. Непрыемнасць для кагосьці, прыхаваная ветлівасцю, далікатнасцю. Гэта будзе для Анішчука і яго кампаніі нешта накшталт хвігі на талерцы (І.Гурскі. Хлеб).

У XIX ст. фразеалагізм ужываўся ў больш поўнай форме: той жа кукіш (фіга), ды на талерцы. Ён падаецца ў зборніку І.Насовіча з такім тлумачэннем сэнсу: «кажуць, калі хто грубасць, дакор і непрыемнасці прыхоўвае формамі далікатнасці». Вызваленне ад лішніх кампанентаў, сціск выразу адбыліся непасрэдна ў жывой народнай мове, адкуль фразеалагізм трапіў y мастацкія тэксты (упершыню выкарыстаны ў 1927 г. y вершы К. Крапівы «Фіга на талерцы»).

Фіглі-міглі. Запазыч. з польск. м. (figle-migle). Жарты, хітрыкі, спрытныя прыёмы для дасягнення чаго-н. Шчэпкін мусіў вярнуцца, зрабіць рукамі фіглі-міглі, і толькі тады яму заапладзіравалі (А. Карпюк. След на зямлі).

Назоўнік figel, адно са значэнняў якога ў польск. м. — ‘жарт’ (figle — ‘жарты’), — сэнсаўтваральны кампанент фразеалагізма. Другі ж кампанент — прыдуманы, нематываваны, узніклы ў працэсе рыфмоўкі, падагнаны пад гукавую сіметрыю выразу, a можа, і звязаны з коранем дзеяслова migać — ‘мігаць, падміргваць’.

Фігу з макам. Гл. дулю (фігу) з макам.

Фігу з маслам. Гл. дулю (фігу, кукіш) з маслам.

Фількава грамата. Паўкалька з руск. м. Пустая паперка, несапраўдны ці няправільна напісаны дакумент. 3’явілася на тых валях розная шума несусветная, усялякія фуражыры-драпежнікі, якія бралі ў сялян і пошар, і коні пад шарлатанскія распіскі, фількавы граматы… (У. Дубоўка. Пялёсткі).

Узнікненне фразеалагізма растлумачваюць па-рознаму. Адны лічаць аўтарам выразу Івана Грознага, які нібыта пагардліва назваў маскоўскага мітрапаліта Філіпа Фількай, a яго пісьмы да цара, накіраваныя супраць апрычніны і палітыкі тэрору, — «филькиной грамотой». Другое меркаванне (М. М. Шанскі) больш пераканальнае: выраз узнік па мадэлі састаўных тэрмінаў тыпу духоўная грамата. Прыметнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся ад назоўніка філька — уласна рускага слова са значэннем ‘недалёкі чалавек, дурань’ (параўн. таксама рускае простофиля). Першапачатковы сэнс выразу быў вузейшы, чым цяпер: ‘бязглузда складзены дакумент’.

Загрузка...