П

Паабіваць парогі чые, каму, каго, чаго. Гл. абіваць (паабіваць) парогі чые, каму; каго, чаго.

Павесці рэй. Гл. весці (павесці) рэй.

Паветраныя замкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. воздушные замки, укр. надхмарні замки). Нерэальныя, фантастычныя планы, што-н. нязбытнае. Ты і без гэтага марыш пра паветраныя замкі, a гэта ў тваім узросце не пасуе… (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Утварыўся ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента ў фразеалагізме будаваць паветраныя замкі (гл.), які паводле паходжання з’яўляецца калькай з ням. м. (Luftschlösser bauen).

Паветраныя замкі будаваць. Калька з ням. м.: складаны назоўнік Luftschlösser перакладзены словазлучэннем паветраныя замкі, дзеяслоў bauen — будаваць. Абазначае ‘захапляцца нязбытнымі марамі, планаваць нездзяйсняльнае’. Дробязей такіх вось прапаноўваць спецыяліст не будзе. Паветраных замкаў будаваць не стане — ён ведае рэальныя магчымасці сучаснага (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Склаўся, відаць, y выніку кантамінацыі двух выразаў: будаўніцтва ў паветры + будаваць замкі ў Іспаніі або будаваць картачныя замкі. Першы — крылаты выраз, яго аўтар — царкоўны пісьменнік Аўгусцін (354–430). Два другія — франц. фразеалагізмы-сінонімы. Адзін з іх (будаваць замкі ў Іспаніі) узнік на аснове сярэдневяковага гераічнага эпасу «Песні пра подзвігі», дзе расказваецца, што рыцары атрымлівалі ў спадчыннае ўладанне яшчэ не заваяваныя замкі ў Іспаніі.

Павісаць у паветры. Гл. вісець (віснуць, павісаць) y паветры.

Павіснуць паміж небам і зямлёй. Гл. вісець (павіснуць) паміж небам і зямлёй.

Па вялікім рахунку. Паўкалька з руск. м. (по большому счету). Ужыв. са значэннямі ‘сур’ёзна, прынцыпова, без скідак і ўступак’, ‘па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць’ і ‘фактычна, y адпаведнасці з рэальнасцю’.

Гл. ілюстрацыі да гэтых значэнняў і гістарычна-этымалагічную даведку пра фразеалагізм на с. 15–16.

Павярнуць кола гісторыі назад. Відаць, калька з ням. м. (das Rad der Geschichte zurückdrehen). Прыпыніць заканамерны ход гістарычнага развіцця, вярнуцца да мінулага. Няма такой сілы, якая б павярнула кола гісторыі назад. Чалавека, які ведае, што такое свабода, нельга пакарыць (І.Гурскі. У агні).

Вобраз празрысты, матываваны.

Па гарачых слядах. Агульны для ўсходнесл. м. Неадкладна, не марудзячы, непасрэдна пасля чаго-н. Я лічу, што гэта трэба было рабіць або раней, адразу ж па гарачых слядахАбо гэта трэба рабіць пазней, калі загояцца ўсе раны… (І.Шамякін. Сэрца на далоні).

Паходзіць з мовы паляўнічых, для якіх, калі яны гоняцца за зверам, сляды сапраўды могуць быць гарачымі, астылымі ці халоднымі, што асабліва відаць зімой. Параўн.: «Калі прайшоў далей, бачу новы доказ таго, што лапатнік гэты — мядзведзь. Я, значыцца, іду якраз па гарачых слядах. Ад аднаго следу аж пара» (У. Дубоўка). 3 лексікону паляўнічых прыйшоў y літаратурную мову і лексічны варыянт гэтага фразеалагізма — па свежых слядах: «Напісана яна па свежых слядах падзей і на канкрэтным матэрыяле» (К. Крапіва).

Пагнацца за двума зайцамі. Гл. гнацца (пагнацца) за двума зайцамі.

Пагрэць рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе. Гл. грэць (пагрэць) рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе.

Пагуляць у кошкі-мышкі. Гл. гуляць (пагуляць) y кошкі-мышкі (у ката і мышку).

Пад адкрытым небам. Калька з франц. м. (à ciel ouvert). Ha вуліцы, не ў памяшканні. Якраз у гэтым маляўнічым месцы размешчаны музей народнай культуры і быту. Пад адкрытым небам (Г. Пашкоў. Дарога да акіяна).

Выраз усведамляецца як матываваны. Адкрыты тут ‘без покрыву зверху, з бакоў’.

Пад адным дахам (пад адной страхой) жыць (пражыць). Агульны для ўсходнесл. (руск. под одной крышей, укр. під одним дахом) і польск. (pod jednym dachem) м. У адным доме, y адной кватэры, разам. Амаль два гады жылі мы з ім пад адным дахам (А. Шашкоў. Лань — рака лясная).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (заменена назва цэлага назвай яго часткі).

Падаць (упасці) духам. Агульны для ўсходнесл. м. Траціць упэўненасць, адчайвацца. Макаед зразумеў, што свой праект яму не праціснуць. Але не ўпаў духам (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент падаць — са значэннем ‘рабіцца кепскім, псавацца’, дух — са значэннем ‘унутраны стан, настрой’.

Падбіванне кліноў (клінкоў) да каго. Агульны для бел. і ўкр. м. Заляцанне. Неўзабаве гэтае прастойванне ў лінатыпнай успрынялі ў друкарні як падбіванне кліноў да лінатыпісткі Леначкі — балбатлівай, з кірпатым носікам бландзіначкі (В. Блакіт. Усмешка Фартуны).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага падбіваць клінкі (кліны) пад каго, да каго ‘заляцацца да каго-н., дабіваючыся ўзаемнасці’.

Пад богавай страхой. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘не ў памяшканні’ і ‘у сусвеце, y наваколлі’. Напярэдадні я наведаў гэты цікавы, арыгінальны, «пад богавай страхою», музей: зямлянкі, накрытыя дзёрнам і з акенцамі, нары пры сценах, печкі з бляхі, лаўкі каля дзвярэй перад кожнаю зямлянкаю… (Ф. Янкоўскі. Трэба ж). Чубару было цікава адгадаць наперад, каго раптам вывеў клопат за вёску, аднак дарэмна: цяпер, калі ўсё перайначылася пад богавай страхой і не паддавалася вызначэнню, можна было меркаваць і так і гэтак (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які ўсведамляецца як «пад страхой, збудаванай Богам» або «без якой-небудзь страхі».

Пад ботам каго, чыім, y каго. Агульны для руск. (под сапогом), укр. (під чоботом), польск. (pod butem), балг. (под ботуш) м. Абазначае: 1) пад чыёй-н. уладай, пад прыгнётам (аказацца, стагнаць і пад.), 2) y поўнай залежнасці ад каго-н. (быць, знаходзіцца). Тады наш край стагнаў пад ботам царскіх сатрапаў (Л. Левановіч. Валанцёр свабоды). Няўжо канец табе, пагроза, і вечны ціск пад панскім ботам і страх знайсці канец пад плотам? (Я. Колас. Новая зямля).

Выраз адлюстроўвае даўнейшую, вядомую многім народам практыку адносін паміж людзьмі, калі бот быў сімвалічным знакам улады: пераможца наступаў нагой (ботам) на галаву пераможанага, паказваючы гэтым сваю поўную ўладу над ім.

Падвесці міну пад каго, пад што. Гл. падводзіць (падвесці) міну пад каго, пад што.

Падводзіць (падвесці) міну пад каго, пад што. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком рабіць вялікую непрыемнасць каму-н. [Надзя: ] Я чула, як яна тут міну падводзіла пад мяне. [Валодзя: ] Дражнілася. Ты ж яе ведаеш (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Утвораны шляхам пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні ваенных маракоў ужываецца з прамым значэннем.

Пад голым небам. Агульны для бел., укр. (під голим небом) іпольск. (pod gołym niebem) м. Ha вуліцы, не ў памяшканні. [Паніч: ] Каб за табой праўда была, то не сядзеў бы гэтак пад голым небам (Я. Купала. Раскіданае гняздо).

Узнік па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам пад адкрытым небам (гл.) — калькай з франц. м.

Пад заслону. Агульны для ўсходнесл. м, У самым канцы (рабіць, зрабіць што-н.). Няма ў вас жалю, Клаўдзія Аляксееўна. Пад заслону рабочага дня столькі назапасілі ўсяго (У.Ліпскі. Бачыць будучае).

Паходзіць з маўлення акцёраў. Найболып эфектныя сцэны нярэдка прыпадаюць на канец акта ці ўсёй п’есы перад тым, калі апускаецца заслона.

Падзел (дзяльба) скуры незабітага мядзведзя. Уласна бел. Заўчаснае размеркаванне прыбытку ў яшчэ не зробленай справе.

Складвалася ўражаннешто некаторых «апазіцыянераў» больш хвалюе падзел скуры незабітага мядзведзя (Ю. Хадыка. Што далей?).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма дзялиць скуру незабітага мядзведзя (гл.).

Падзенне акцый каго, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Зніжэнне ўплыву, значэння каго-, чаго-н. Наменклатуршчыкі не маглі не зафіксаваць падзенне акцый палітыкі прэзідэнта (Нар. воля. 29.10.2000).

Узнік унутрыфразеалагічным спосабам на аснове несуадноснага выразу акцыі падаюць (чые, каго) — паўкалькі з франц. м. (гл.).

Падкаваць блыху. Запазыч. з руск. м. Паказаць, праявіць надзвычайную вынаходлівасць у якой-н. справе. [Аляксей] падышоў, моўчкі прысеў ля прыбора. Клімчанка запытаў: — Падкуём, Лёша, гэтую блыху? (М. Гроднеў. Сонечны вецер).

Выраз з апавядання М. С. Ляскова «Ляўша» (1881), дзе расказваецца, як тульскі майстар Ляўша змог падкаваць маленькую металічную блыху, якую англічане падарылі рускаму цару, каб паказаць сваё адмысловае ўменне.

Пад канём быць, аказвацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. У непрыемнай сітуацыі, y нявыгадным становішчы. За свой век я на многае наглядзеўся, многае пабачыў Быў; як кажуць, на кані і пад канём. Больш, канечне, пад канём… (Б. Сачанка. Памяць).

Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, «абломак» фразеалагізма на кані і пад канём ‘у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць і пад.)’. У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча выраз фіксуецца ў форме быў на кані і пад канём.

Пад каўпаком каго, y каго. Запазыч. з руск. м. (под колпаком). У поўнай залежнасці ад каго-н. (знаходзіцца, быць, жыць і пад.). Скора я буду браць вашага рэзідэнта, пачакаю толькі, пакуль управіцца, a таму не ўздумайце мне перашкодзіць — вы ў мяне пад каўпаком (М. Кусянкоў. Чага).

Выраз з тэлефільма «Семнаццаць імгненняў вясны», знятага па аднайменным рамане Ю. Сямёнава. Будучы маўленчай характарыстыкай аднаго з персанажаў рамана — гестапаўца Мюлера, выраз з’яўляецца недакладнай калькай з ням. м. (unter jemandes Hut sein ‘быць пад чыёй-н. аховай’). Пры калькаванні фразеалагізма стварылася каламбурная двухпланавасць, бо ў ням. м. ёсць два амонімы: Hut1 — ‘капялюш’, a таксама ў тэхнічным ужыванні ‘каўпак’ і Hut2 — ‘абарона, ахова’.

Падкласці свінню каму Гл. падлажыць (падкласці) свінню каму.

Падлажыць (падкласці) свінню каму. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком падстроіць непрыемнасць, подласць. Ічаму раптам інспектар патрабуе пасведчанне якраз y той час, калі настаўнік y споведзі не быў?.. Эгэ! Ды гэта пісар Васількевіч падлажыў яму такую свінню! (Я. Колас. На ростанях).

У многіх рускіх крыніцах этымалогію гэтага выразу звязваюць з даўнейшым ваенным тэрмінам свіння — ‘строй клінам для прарыву варожай абароны’. Аднак фразеалагічнае значэнне ‘цішком падстроіць каму-н. подласць’ не мае ніякай сувязі з названай «свіннёй». Яно склалася як метафарычнае ў адносінах да прамога значэння свабоднага словазлучэння. Даўней татары і іншыя магаметане не елі свініны, і калі хто-небудзь за сталом падкладваў ім свінню (свіное мяса), то гэта было для іх вялікай непрыемнасцю.

Падліванне масла ў агонь. Агульны для ўсходнесл. м. Абвастрэнне непрыязных адносін паміж кім-н. Ніякіх аргументаў ён [Іван Пятровіч] знаць не знае і не слухае, наадварот, гэта толькі — падліванне масла ў агонь (Я. Колас. У глыбі Палесся).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма падліваць маслаў агонь (гл.), адно са значэнняў якога — ‘абвастраць непрыязныя адносіны паміж кім-н., узмацняць якія-н. пачуцці, настрой і пад.’.

Падліваць (падліць) масла ў агонь. Калька з франц. м. (verser l’huile sur le feu). Ужыв. ca значэннямі ‘абвастраць непрыязныя адносіны паміж кім-н.’ і ‘выклікаць, павышаць цікавасць да чаго-н.’. Яго [Башлыкова] пагроза падліла масла ў агонь.Засудзіце? За нашае ж добрае?Арыштуеце! За што? (І.Мележ. Завеі, снежань). Дзед уважліва ўглядаецца ў акно, каб не прапусціць часам свой прыпынах. A вясёлы хлопец падлівае масла ў агонь, выдумляе ўсё пра балота ды камароў (Л. Прокша. Дзе ж тыя камары?).

Магчыма, склаўся пад уплывам лац. oleum addere сатіпо (літаральна «падліваць масла ў печ»). Фразеалагізм з празрыстай унутранай формай.

Падліваць смалы ў агонь. Уласна бел. Абвастраць непрыязныя адносіны паміж кім-н., узмацняць якія-н. пачуцці, настрой і пад. У нас на Беларусі і так, дзякаваць богу і добрым людзям, бяды і гора ўсякага хоць гаць гаці, дык нашто яшчэ падліваць смалы ў агонь? (Я. Купала. Вера і незалежнасць).

Утвораны на базе сінанімічнага фразеалагізма падліваць масла ў агонь — калькі з франц. м. (гл.).

Падмінаць (падмяць) пад сябе каго, што. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі’ і ‘сілай авалодваць чым-н. (часцей пра ўладу)’. Спярша ён прыкінуўся ціхмянай, бяскрыўднай авечкай, неўзабаве ж увайшоў у сілу, паказаў зубы, падмяў пад сябе: паспрабуй толькі не дагадзі — адразу ж звольніць (Маладосць. 2001. № 6). Страшная татарская навала падмяла пад сябе рускія гарады, але нас яна не зачапіла (В.Іпатава. Вяшчун Гедзіміна).

Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з некаторымі жывёламі, якія сваю ахвяру падмінаюць пад сябе. Параўн.: «Апошніх трох ахвотнікаў мядзведзь згроб у ахапак і падмяў пад сябе» (Я. Конеў).

Пад мухай. Агульны для ўсходнесл. і польск. (pod muchą) м. Падпіўшы. Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу і не зімой, і я тады бачыў і чуў цераз плот незаўважна, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны).

Узнікненне фразеалагізма звязана з карцёжнай гульнёй у муху. Паводле В. У.Вінаградава, спачатку склаўся ў жаргонна-прафесійным асяроддзі карцёжнікаў і ваенных фразеалагізм забіць муху—‘выпіць віна’, a затым на яго аснове азначальны выраз з мухай. Апошні першапачаткова абазначаў ‘з выйгрышам, з перамогай пры гульні ў муху’, a пасля стаў характарызаваць стан нецвярозага чалавека. Пазней на базе выразу з мухай складваецца фразеалагізм пад мухай, мадэллю для якога маглі паслужыць аналагічныя ўтварэнні тыпу пад чаркай.

Паднімаць сцяг чаго, чый. Гл. узнімаць (узняць; паднімаць, падняць) сцяг чаго, чый.

Падножны корм. Агульны для ўсходнесл. м. Сродкі існавання, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Бачу, брат, на падножным корме сядзіш.Беркут глянуў на кошык з грыбамі і крывенька ўсміхнуўся.Так доўга ногі не працягнеш! (В. Жуковіч. Кволы).

Выток фразеалагізма — сялянскі быт. Першапачаткова так называлі няскошаную траву, корм, які свойская жывёла сама знаходзіць пад нагамі.

Падняць галаву. Гл. падымаць (падняць; узнімаць, узняць) галаву.

Падняць голас. Гл. падымаць (падняць) голас.

Падняць на крыло каго. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘змусіць узляцець, паляцець, аддяцець (пра птушак)’ і ‘вырасціць, выхаваць, давёўшы да самастойнасці’. Адшчыраваў пчаліным звонам ліпень, і жнівень вырай на крыло падняў… (С. Законнікаў. Адшчыраваў пчаліным звонам…). Палессе для В. Казько і яго персанажаў — гэта не проста куточак, дзе яны нарадзіліся, паднялі на крыло дзяцей (Полымя. 1999. № 2).

Выраз «птушынага паходжання». Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма падняць на ногі (каго), адно са значэнняў якога тоеснае з 2-м значэннем выразу падняць на крыло (каго).

Падняць на шчыт каго, што. Гл. узняць (падняць) на шчыт каго, што.

Падпілоўваць (падпілаваць) рогі каму. Уласна бел. Уціхамірваць, утаймоўваць, рабіць больш памяркоўным каго-н., прымушаць пакарыцца. Я стаяў у парозе і думаў: позна вучыць чалавека ў такія гады, позна яму і падпілоўваць рогі (М. Гроднеў. Радня).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да быка, калі ён становіцца небяспечны для статка і ўзнікае патрэба ўтаймаваць яго.

Падпісвацца (падпісацца) абедзвюма рукамі пад чым. Агульны для ўсходнесл. м. Ахвотна і поўнасцю згаджацца з чым-н. Прыгнёт ненавідзіць [Мікола Браніборскі], сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.). У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Падразаць (падрэзаць) крылы (крылле) каму. Калька з франц. м. (couper les ailes). Перашкаджаць каму-н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, праявіць свае сілы, здольнасці. Каторы рабіць не лянуецца, то і тут жывеВайна толькі цяпер крылы падрэзала (М. Лобан. На парозе будучыні).

Выраз усведамляецца як разгорнутая метафара праз супастаўленне з птушкамі, якім па пэўных прычынах падразаюць крылы.

Пад рукой. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘у чыёй-н. уладзе (быць)’, 'каля сябе, так блізка, што можна лёгка дастаць, выкарыстаць’ і ‘вельмі блізка, недалёка, побач’. Ведаў [Арсень] адно: ён на фронце, пад яго рукой за чатыры дзесяткі байцоў (Т. Хадкевіч. Песня Дзвіны). Дуга была тут недалёка — ляжала тут жа пад рукою (Я. Колас. Новая зямля). [Янка] міжвольна ўсе свае няўдачы зварочваў на таго, хто быў пад рукою (У. Дамашэвіч. Ключ ад шчасця).

Першае значэнне фразеалагізма мае сувязь са старажытным атаясамліваннем рукі з фізічнай сілай і ўладай над чым- ці кім-н. Фразеалагізм у гэтым значэнні ўжываўся ўжо ў XIV ст. — y Лаўрэнцьеўскім летапісе: «Иже послани отъ Олга, великаго князя Рускаго, a отъ всъх иже суть под рукою его светлых бояр».

Пад спудам. Усходнесл. Без выкарыстання, ужывання, прымянення; y забыцці (трымаць, заставацца, знаходзіцца). Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам хараство — узоры слуцкай зямлі (А. Калачынскі. Хлопец з нашага сяла).

Выраз сустракаецца яшчэ ў «Астраміравым евангеллі» (1057): «Ни въжагають светильника и поставляють его под спудьмъ, нъ на свещьнице». Амаль тое самае і ў царкоўнаславянскім тэксце Евангелля (Лука, 6, 14): «Запаліўшы свечку, не ставяць яе пад спудам, a на падсвечнік». Гістарызм спуд — мерка вадкіх і сыпкіх цел, напрыклад: «…было ячменя яко два спуды, которые принесла и указала свекрови свое» (М. Бельскі. Хроніка ўсяго свету). Слова спуд ужывалася і са значэннем ‘тайнік’.

Пад сукном. Агульны для ўсходнесл. м. Без прасоўвання, без руху наперад, без разгляду (трымаць, знаходзіцца і пад.). Няхай бы ўжо такую змрочную паперчыну прафсаюзныя лідэры пад сукном дзе трымалі, давалі ёй ход толькі пры неабходнасці (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).

Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма ляжаць пад сукном (гл.).

Пад сурдзінку. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘ціха, прыглушана’ і ‘тайком, цішком, употай’. Верабей стаяў перад сходам і гаварыў пад сурдзінку — Якія ж вы дзіўныя… (П. Пестрак. Серадзі-бор). У іншых школах мо і лепей, а ў нашай музыка занядбала: Юльчын тата прыглушыў яе, пад сурдзінку грошы калыміць і ў вус не дзьме (Л. Левановіч. Якар надзеі).

Першапачатковая сфера ўжывання выразу — мова музыкантаў, y якой словамі сурдзіна і сурдзінка называюць прыстасаванне (у выглядзе грабеньчыка з расшчэпленымі зубамі), што надзяваецца на падстаўку смычковага інструмента, каб аслабіць, прыглушыць яго гук. Фразеалагізм пад сурдзінку ўзнік на аснове французскага a la courdine з выкарыстаннем замест сурдзіна слова сурдзінка, агульнага для ўсходнесл. м., утворанага ад запазычанага сурдзіна далучэннем суфікса — к-.

Падтуліць хвост. Гл. хвост падтуліць (падціснуць).

Падцісканне хваста. Уласна бел. Залішняя асцярожнасць, страта самаўпэўненасці. Людзям сапраўды патрэбен мір. Але ж не схаваўшыся пад зямлёю здабываць яго — не скавытаннем, не падцісканнем хваста ў хвіліну небяспекі, a смелым, разумным і сумленным дзеяннем (Я. Радкевіч. У Агароднікі па песні).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага падціскаць хвост.

Падціснуць хвост. Гл. хвост падтуліць (падціснуць).

Пад шафэ. Відаць, запазыч. з руск. м. У стане ап’янення. Канечне, Масальскі быў пад шафэ. Ён у новенькім трыковым гарнітуры, лакавых новых туфлях (В. Хомчанка. Пры апазнанні — затрымаць).

У руск. м. выраз склаўся па аналогіі з ужо існуючымі, сэнсава блізкімі фразеалагізмамі пад газам, пад мухай, пад чаркай. Структурная схема фразеалагічнай мадэлі «пад + назоўнік» запоўнена запазычаным з франц. м. дзеепрыметнікам chauffé ‘нагрэты алкаголем’.

Падымацца з каленяў. Гл. уставаць (падымацца, паднімацца) з каленяў.

Падымаць (падняць) голас. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча выказваць сваю думку, выступаць. Досыць было мне трошку падняць голас, як адзін з іх, мусіць, загадчык ці старшы майстар, унтэр з нашыўкамі, схапіў мяне за локаць і выпіхнуў на вуліцу (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Выраз з агульным аналітычным значэнкем. Абодва кампаненты семантычна суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент падымаць — са значэннем ‘выклікаць паяўленне чаго-н.’, голас — са значэннем ‘меркаванне, выказванне’.

Падымаць (падняць; узнімаць, узняць) галаву (галовы). Відаць, калька з франц. м. (lever la tête). Адчуўшы ўпэўненасць, станавіцца смелым, пачынаць актыўна дзейнічаць. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з жывой унутранай формай.

Па дыяганалі. Паўкалька з франц. м. (en diagonale). Няўважліва, павярхоўна (чытаць). І тут жа [Шура] успомніў, што даўно збіраўся зайсці ў бібліятэку, узяцца і па-сапраўднаму перачытаць класіку, не так, як студэнтам — па дыяганалі (А. Жук. Такая восень).

Пад эгідай чыёй, каго, чаго. Відаць, паўкалька з франц. м. (sous l’egide). Пад прыкрыццем каго-, чаго-н., пад чыёй-н. аховай, заступніцтвам ці кіраўніцтвам (рабіць што-н.). Пад эгідай іх [выставак] актыўна дзейнічаюць гіды і эксперты ЦРУ (С. Паўлаў: Рак).

У франц. м. выраз склаўся на аснове грэчаскага слова эгіс (aigis, y род. скл. aigidos), якім называлі шчыт бога Зеўса ў старагрэчаскай міфалогіі.

Паехаць да Абрама на піва. Гл. адправіцца (пайсці, паехаць) да Абрама на піва.

Пажынаць (пажаць) лаўры. Паўкалька з франц. м. (moissonner des lauriers). Карыстацца плёнам поспеху. Насця Федарынчык таксама, напэўна, пажала нямала лаўраў y мясцовых гледачоў (А. Васілевіч. Блізкія знаёмыя).

Паводле грэчаскага міфа, Апалон пакахаў німфу Дафну, але яна не хацела стаць яго жонкай і папрасіла дапамогі ў багоў. Яны ператварылі яе ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў свяшчэнным дрэвам Апалона, бога мастацтваў. У Старажытнай Грэцыі ўсталяваўся звычай узнагароджваць лаўровым вянком паэтаў, мастакоў, музыкантаў. Звычай перанялі старажытныя рымляне. Слова лаўр y шмат якіх мовах свету стала ўжывацца з пераносным значэннем як сімвал перамогі, узнагароды. На гэтай аснове ў французаў склаўся фразеалагізм пажаць (пажынаць) лаўры, які перайшоў y многія іншыя мовы.

Пажынаць (пажаць) плады чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Карыстацца вынікамі чаго-н. зробленага. Спакусіўшыся працэнтаманіяй, некаторыя школьныя адміністратары пажынаюць зараз тады «майстэрства», далёкага ад педагогікі (В.Вітка. Азбука душы).

Утвораны на аснове фразеалагізма пажынаць лаўры (гл.) — паўкалькі з франц. м.; абодва выразы ўжываюцца з тоесным значэннем.

Па завязку. Гл. па <самую> завязку.

Пазнацца на фарбаваных лісах. Агульны для бел., польск. (poznać się na farbowanych lisach), укр. (пізнатися на фарбованих лисах) м. Адчуць на сабе чые-н. хітрыкі, падман. Не кідайце ж вялікіх абманных лозунгаў аб сваіх заходніх ці ўсходніх пяршынствах. На хварбаваных лісах даўно ўжо людзі пазналіся (Я. Купала. Торжышча).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. У І.Франко ёсць казка «Фарбоваий Лис», дзе гаворыцца, як звычайны ліс «Микита», падфарбаваўшыся, выдаваў сябе за цара звяроў, пакуль звяры не выявілі яго хітрыкі і не разарвалі падманшчыка. Параўн. y «Беларускай фразеалогіі» Ф. Янкоўскага (1968, с. 216): ліса фарбаваць — ‘быць няшчырым, выкручвацца хітруючы’.

Пайсці ва-банк. Гл, ісці (пайсці) ва-банк.

Пайсці да Абрама на піва. Гл. адправіцца (пайсці, паехаць) да Абрама на піва.

Пайсці на вудачку чыю, каго. Гл. ісці (пайсці) на вудачку чыю, каго.

Пайсці па лініі найменшага супраціўлення. Гл. ісці (пайсці) па лініі найменшага супраціўлення.

Пайсці рукой. Гл. рукой пайсці.

Пайсці ўгору. Гл. ісці (пайсці) угору (угару).

Пайсці ў Каносу. Гл. ісці (пайсці) y Каносу.

Пайсці ў рожкі з кім. Гл. y рожкі пайсці (узяцца) з кім.

Пайшла пісаць губерня. Запазыч. з руск. м. Выкарыстоўваецца з іранічнай афарбоўкай, калі кажуць пра інтэнсіўнае разгортванне якіх-н. дзеянняў, пра пачатак перапалоху, розных плётак і г.д. Дубенскі павятовы спраўнік Рамешка.. нагнаў А. Незабытоўскага.. і загадаў вярнуцца ў Пінск, дзе здаў яго пад арышт мясцоваму гараднічаму. Пайшла пісаць губерня! (С. Александровіч. Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі).

Крылаты выраз з паэмы М. В. Гогаля «Мёртвыя душы». Назіраючы на балі ў губернатара, як дамы і чыноўнікі падняліся і панесліся ў хуткім танцы, Чычыкаў усклікнуў: «Вона! пошла писать губерния!» Выраз утварыўся далучэннем слова губерня да фразеалагізма пайшла пісаць, які і сёння ўжываецца ва ўсходнесл. мовах. Сэнсава і стылістычна гэтыя фразеалагізмы не адрозніваюцца, і тое, што першародны (пайшла пісаць) не знікае, вытлумачваецца яго большай магчымасцю спалучацца са словамі і здольнасцю першага кампанента ўтвараць формы роду і ліку (пайшла, пайшло, пайшлі пісаць): [Цёця Каця: ] Ці праўда гэта, Аляксандр Пятровіч, што пра нашага Чарнавуса гавораць?.. [Гарлахвацкі:] Каб я што і ведаў, дык вам бы не сказаў. Пра гэта гаварыць няможна. [Цёця Каця: ] Ага! Дык такі праўда. (Выходзіць.) [Гарлахвацкі (адзін):]. Пайшло пісаць! (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Паказаць дзе ракі зімуюць каму. Агульны для ўсходнесл., польск. і балг. м, Правучыць, жорстка пакараць кагосьці. Вось папрашу, каб ён паказаў табе дзе ракі зімуюць (І.Шамякін. Крыніцы).

Пра паходжанне гэтага выразу ёсць некалькі здагадак. Мяркуюць, напрыклад, што яго ўзнікненне звязана з прыгонным часам, калі паны змушалі сялян лезці зімой у халодную ваду і даставаць ракаў з нораў, дзе яны зімуюць. Думаецца, няма патрэбы ставіць этымалогію гэтага выразу ў сувязь з пэўнымі з’явамі, падзеямі і рабіць яе загадкавай. Дзе зімуюць ракі — гэта, хутчэй за ўсё, дасціпны дадатак да дзеяслова паказаць, адно са значэнняў якога — ‘правучыць, адпомсціць’ (напрыклад: «Я табе пакажу!..»). Такіх пагрозлівых формул, што пачынаюцца дзеясловам паказаць, y мове шмат: «Я яму сёння даў! Я яму паказаў, дзе камар мухі пасе!» (Я. Брыль); «Эх, каб сюды сотні са дзве рудабельцаў, пушак ды снарадаў хоць трохі, яны б ворагу паказалі, адкуль ногі растуць» (С. Грахоўскі).

Паказаць пачым фунт ліха каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. показать почем фунт лиха, укр. показати почаму ківш (пуд, фунт) лиха). Жорстка пакараць, правучыць каго-н., каб непавадна было. Ну, даведацца б мне толькі, хто гэта зрабіў! Я яму паказаў бы пачым фунт ліха! (Я. Васілёнак. Сартавальная горка).

Утварыўся ў выніку далучэння да фразеалагізма пачым фунт ліха (гл.) дзеяслоўнага кампанента паказаць, які сэнсава суадносіцца (але нe супадае!) з перыферыйным зкачэннем дзеяслова паказаць (‘адпомсціць каму-н., правучыць каго-н.’). Дарэчы, аналагічную ролю выконвае слова-кампанент і пры ўтварэнні яшчэ двух фразеалагізмаў, структурна арганізаваных па схеме: паказаць + фразеалагізм, які бытуе самастойна (дзе ракі зімуюць, адкуль ногі растуць).

Паказваць (выстаўляць) дулю (фігу, кукіш) каму; паказаць (выставіць) дулю (фігу, кукіш) каму. Паўкалька з ням. м. (die Feigen weisen літаральна «фігу паказаць»). Рашуча і з насмешкай адмаўляць у чым-н., нічога не даваць каму-н. Вітэ нам дакляравау — помніце?свабоду. Потым фігу паказаў «вернаму» народу (Я. Колас. Канстытуцыя).

Выраз метанімічнага паходжання, звязаны з адпаведным жэстам. Параўн.: «Падвучаны маткаю [Піліпка] часта ўсяляк гаварыў на Зосю ды фігу соваў ледзь не пад самы нос» (К. Крапіва).

Паказваць (паказаць) дулю (фігу, кукіш) y кішэні. Агульны для бел. і руск. (показывать кукиш в кармане) м.; параўн. y І.Насовіча: кукіш у кішэні даў. Спадцішка пагражаць каму-н., асуджаць каго-н. A мы з вамі, Рагнеда Іванаўна, любім іншы раз прамаўчаць. Калі нам выгадна прамаўчаць… I кукіш y кішэні паказваем… (М. Матукоўскі. Амністыя).

Узнікненне выразу ставяць у сувязь з нямецкім фразеалагізмам machen eine Faust in der Tasche (літаральна «паказаць кулак y кішэні»).

Паказваць (паказаць) зубы каму. Агульны для ўсходнесл. м. Выяўляць непрыязнасць, варожасць да каго-н., гатоўнасць даць адпор. [Мікод: ] Мусіць, забыўся ён ужо на пяты год, дык мы яму прыпомнім, мы яму пакажам зубы, калі на тое пойдзе (П. Галавач. Праз гады).

Склаўся як метафара, узятая з жывёльнага свету. Параўн.: «Ваўчанё… наровіла выбавіцца, круціла мордачкай, скалілася. — Малое, a ўжо — бач ты яго! — зубы паказвае — сказана, воўчае адроддзе» (А. Масарэнка. Юлік, айчым і ваўчанё).

Паказваць (паказаць) кіпцюры (кіпці) каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. показывать когти, укр. показувати кіпті). Выяўляць непрыязнасць, варожасць да каго-н., гатоўнасць даць адпор. Галена ліхаманкава захадзіла па пакоі: дык вось чаму Мальвіна то такая ліслівая, што хоць да раны яе прыкладай, то кіпці паказвае (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).

Узнік y выніку пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей птушак ці некаторых жывёл.

Паказваць (паказаць) на дзверы каму. Калька з франц. м. (montrer la porte). Прапаноўваць каму-н. выйсці; выганяць каго-н. — Яніс, я буду вымушана паказаць вам на дзверы.A я не пайду.Пабачым (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Фразеалагізм успрымаеццаяк матываваны, з жывой унутранай формай.

Паказваць (паказаць) парог каму. Агульны для бел. і ўкр. (показувати поріг) м. Прапаноўваць каму-н. выйсці; выганяць каго-н. Хацела я табе паказаць парог, калі пачула ад людзейДы Антаніна Аркадзеўна просіць: прытулі, кажа, паглядзі… (І.Шамякін. Ах, Міхаліна, Міхаліна).

Склаўся, відаць, на аснове сінанімічнага выразу паказваць на дзверы каму (гл.). Мог узнікнуць таксама пад уплывам выклічнікавага фразеалагізма вось табе бог, a вось табе парог ‘выбірайся вон’.

Паказваць (паказаць) пяткі. Калька з франц. м. (montrer les talons). Ратавацца ўцёкамі, уцякаць. Калі іх прыгрэлі добра шрапнеллю, уцалелыя немцы спрытна паказалі пяткі (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Абстрактнае паняцце, увасобленае ў гэтым фразеалагізме, перадаецца праз канкрэтную дзталь, кідкую і відавочную пры ўцяканні каго-небудзь, асабліва басаногіх дзяцей, падлеткаў.

Пакідае (вымушае) жадаць лепшага. Калька з руск. м. (оставляет желать лучшего). Недастаткова добры, нездавальняючы, не адпавядае пэўным патрабаванням. Некаторыя пераклады, гаворачы газетнай мовай, пакідаюць жадаць лепшага (Р. Шкраба. Жыццё слова). Вымушае жадаць лепшага і асартымент прадукцыі (Звязда. 28.01.1986).

У руск. м. выраз склаўся як недакладная калька з франц. м. (laisser à désirer ‘вымушаць жадаць’).

Пакласці галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе.

Пакласці зубы на паліцу. Гл. зубы на паліцу класці.

Пакласці на алтар чаго, чый што. Гл. класці (пакласці, скласці) на алтар чаго, чый што.

Пакласці пад сукно што. Гл. класці (пакласці, палажыць) пад сукно што.

Пакласці (палажыць) канец чаму. Калька з франц. м. (mettre fin). Спыніць што-н., пакончыць з чым-н. На заводзе трывала прапісаліся штурмаушчына і аўралы. Гэтаму трэба было пакласці канец (Звязда. 17.03.1987).

Паклаўшы (палажыўшы) руку на сэрца. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. положа руку ка сердце, укр. поклавши руку на серце). 3 усёй шчырасцю, адкрыта (сказаць, адказаць і пад.). Ці шчаслівая яна, гэта мая доля, ці нешчаслівая, я і сам паклаўшы руку на сэрца кажу: не ведаю!.. (У. Дубоўка. Пялёсткі).

Гэта не зусім дакладная, дапоўненая калька з ням. м. (Hand aufs Herz — «руку на сэрца»; без дзеяслоўнага кампанента выраз бытуе ў франц., польск., чэшск., балг. мовах). Сваім паходжаннем фразеалагізм звязаны з прыкладакнем у размове рукі да левай часткі грудзей — знакам запэўнівання, што сказанае — чыстая праўда.

Па костачках разбіраць (разабраць). Агульны для ўсходнесл. м. Падрабязна, старанна, дэталёва. Як бы для пэўнасці сказаў сабе: «Усё, лейтэнант Бутоўкін, правільна, разбяры па костачках версію з машынай» (А. Капусцін. Скажу праўду).

Прыслоўны выраз, утвораны, відаць, на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма перабіраць (разбіраць) па костачках (гл.) y выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага фразеалагізма, выраз па костачках рэалізуе сваё значэнне толькі пры дзеяслове-суправаджальніку разбіраць (разабраць), які захоўвае сваю сэнсавую самастойнасць (‘разглядаць, аналізаваць’).

Палажыўшы руку на сэрца. Гл. паклаўшы (палажыўшы) руку на сэрца.

Палажыць галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе.

Палажыць зубы на паліцу. Гл. зубы на паліцу класці.

Палажыць канец чаму. Гл. пакласці (палажыць) канец чаму.

Палажыць пад сукно што. Гл. класці (пакласці, палажыць) пад сукно што.

Паламаць коп’і з-за каго, за што. Гл. ламаць (паламаць) коп’і з-за каго, за што.

Паласкаць косці (костачкі) чые, каго. Гл. апалоскваць (апаласкаць; паласкаць, папаласкаць) косці (костачкі) чые, каго.

Паліць за сабой масты. Гл. спаліць за сабой масты.

Паліць (спаліць) свае караблі. Калька з франц. м. (brûler ses vaisseaux). Рашуча парываць з мінулым, робячы немагчымым вяртанне да яго. Шурупіч перадаў ёй авоську і паскорыў крокі — трэба было скарыстаць выпадак ды заадно спаліць караблі і для свайго адступлення (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. У старажытныя часы і ў перыяд сярэднявечча было нямала выпадкаў, калі палкаводцы, высадзіўшы войска на чужой тэрыторыі, спальвалі свае караблі, каб адрэзаць шлях да адступлення; войску заставалася толькі перамагчы ворага або загінуць.

Палка з двума канцамі. Паўкалька з руск. м. (палка о двух концах). Тое, што можа скончыцца добра і дрэнна. Бытуе думка, што меліярацыя — гэта палка з двума канцамі. Калі раней чалавек не мог прадукцыйна выкарыстаць мільёны гектараў зямлі з-за балота, дык цяпер, пасля асушэння, яму пагражае, наадварот, дэфіцыт вады (ЛіМ 29.04.1983).

Адны лічаць, што фразеалагізм — «абломак» прыказкі Счастье — палка о двух концах. Другія скандэнсаваную «сюжэтнасць» фразеалагізма паясняюць так: той, каго б’юць палкай, можа выхапіць яе і пачаць біць праціўніка яе другім канцом. Параўн. прыказкі, занатаваныя М. Федароўскім: У палцы два канцы; У кія два канцы; У кія два канцы: адзін па мне, другі па табе.

Палкі ў колы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. палки в колеса, укр. палки в колеса). Наўмысныя перашкоды ў якой-н. справе. Кандрацьева ўсё робіць на зло новаму старшыні. Яму і так цяжка даводзіцца, a тут замест апоры — палкі ў колы (Звязда. 21.02.1986).

Назоўнікавае ўтварэнне, «абломак» дзеяслоўнага фразеалагізма ставіць палкі ў колы каму, чаго ‘знарок перашкаджаць каму-, чаму-н.’.

Пальма першынства. Паўкалька з ням. м. (die Palme der Priorität). Перавага над іншымі, першае месца. — Пальмы першынства, безумоўна, заслугоўвае гэтая цудоўная карціна,безапеляцыйна сказаў адзін з членаў журы (ЛіМ. 16.04.1977).

Этымалагічнай асновай выразу з’яўляецца звычай старажытных грэкаў узнагароджваць пальмавай галінкай — сімвалам найвышэйшай славы — пераможцаў на алімпійскіх гульнях ці іншых спаборніцтвах.

Пальцам не варухнуць (не паварушыць). Гл. <і> пальцам не варухнуць (не паварушыць, не паварухнуць).

Пальца ў рот не кладзі каму. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. такі, што з ім трэба быць асцярожным. Мяккацелы, кажаце? Не-е. Яму таксама пальца ў рот не кладзі (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).

Узнік y выніку скарачэння прыказкі Не кладзі сабаку пальца ў рот, бо адкусіць. Параўн. і такі варыянт, занатаваны ў зборніку Я. Ляцкага: Не кладзі яму пальца ў рот: y яго мядзведжы паварот, a воўчы паглёд. Як спадчына прыказкі — застыласць фразеалагічнага дзеяслоўнага кампанента ў другой асобе адз. л.

Пальчыкі абліжаш (-аце). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі смачны, прыемны’ і ‘вельмі добры, прывабны, выклікае захапленне’. Нічога, хлопцы, прыходзьце праз два гады. Такі будзе вінаград — пальчыкі абліжаце (Г. Васілеўская. Малюнак на снезе). — Прыйдзе і ён… Пабачыш, які хлопец. Пальчыкі абліжаш,захаплялася Куля (Р. Сабаленка. Лора).

Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да яды; мелася на ўвазе: яда такая смачная, што ўсю з’ясі і нават пальчыкі абліжаш. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме, калі ён пачаў ужывацца пры дзейніку са значэннем асобы ці канкрэтнага або абстрактнага прадмета.

Паляванне на ведзьмаў. Калька з англ. м. (witch-hunt). Вышукванне ўнутраных ворагаў, пераслед праціўнікаў існуючага рэжыму. Другая палова 20-х гадоў — ці не адзін з найбольш складаных перыядаў у гісторыі беларускай савецкай літаратуры. Менавіта ў гэты час пачынаецца «паляванне на ведзьмаў», шуканне ворагаў y літаратурным асяроддзі (Маладосць. 2000. № 5).

Узнікненне фразеалагізма звязана з практыкай інквізіцыі — судова-паліцэйскай установы каталіцкай цэрквы для барацьбы з ерэтыкамі, вальнадумцамі, антыцаркоўным і антыфеадальным рухам. Створаная на пачатку XIII ст., яна праіснавала ў краінах Заходняй Еўропы да канца XVII ст. (у Вялікім княстве Літоўскім была ўведзена ў 1436 г. і скасавана праз 43 гады). У часы інквізіцыі знішчана каля 9 мільёнаў чалавек, нярэдка спальваннем на вогнішчах. Спальвалі і псіхічнахворых, якіх называлі ведзьмамі ці ведзьмакамі. Іх вылоўлівалі, палявалі на іх. Дарэчы, перыяд сталіншчыны, калі праводзіліся савецкія масавыя чысткі, y замежным друку параўноўвалі з сярэдневяковым «паляваннем на ведзьмаў».

Паляцець у тартарары. Гл. ляцець (паляцець) y тартарары.

Памахаць пасля бойкі кулакамі. Гл. размахваць (махаць, памахаць) пасля бойкі кулакамі.

Паміж іншым. Гл. між (паміж) іншым.

Паміж молатам і кавадлам. Гл. між (паміж) молатам і кавадлам.

Паміж намі застанецца, будзе. Уласна бел. Строга сакрэтна. [Язва: ] Чорт з табой, я не напішу, што ты чытаў ёй чужыя вершы, гэта застанецца паміж намі (К. Крапіва. Мілы чалавек).

Узнік на аснове фразеалагізма між намі <кажучы> (гл.).

Паміж намі <кажучы>. Гл. між (паміж) намі <кажучы>.

Паміж небам і зямлёй. Гл. між (паміж) небам і зямлёй.

Паміж Сцылай і Харыбдай. Гл. між (паміж) Сцылай і Харыбдай.

Відаць (відно) пана па халявах. Запазыч. з польск. м. (znać pana ро cholewach). (Відаць) па знешнасці, паводзінах, справах, што за чалавек. — Відаць пана па халявах,кідае ў адрас аўтара Канстанцін Міхайлавіч.Чуеш, які пах з яго творыка верне? (М. Лужанін. Колас расказвае пра сябе).

Вядомы ўкраінсхі фалькларыст XIX ст. М. Номіс узнікненне фразеалагізма звязвае з тым, што даўней польскія паны абувалі каляровыя саф’янавыя боты. Іх пасля даношвалі слугі, прышыўшы да каляровых халяў чорныя галоўкі і гэтым вылучаючыся сярод іншых людзей.

Па нутры каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. по нутру, укр. по нутру). Падабаецца. Думаць пра завод — гэта перш за ўсё думаць пра людзей. A гэта яму [Голубу] не па нутры (Э. Ярашэвіч. Святло імя Твайго).

Выраз часцей ужываецца з адмоўем не, якое захоўвае значэнне адмоўнай часціцы. Як лічыў А. А. Патабня, літаральны сэнс выразу быў тахі: «не па страўніку ежа». Параўн. y А. С. Пушкіна: «… тому и пища по нутру и все доступны наслажденья». Пасля выраз пашырыў свае лексіка-фразеалагічныя сувязі. Напрыклад, y паэме «Энеіда навыварат» (1845) чытаем: «Дзявуха па нутру была». Ужываючыся пры абавязковым дзеяслове-суправаджальніку прыйсціся, выраз атрымлівае значэнне ‘даспадобы’: «[Вішням], мабыць, не па нутры прыйшлася туташняя вільготная і тлустая зямля» (А. Жук).

Пападацца на вудачку каму, да каго. Гл. трапляць (трапіць; пападацца, папасціся) на вудачку (на кручок) каму да каго.

Папасціся ў нерат. Гл. трапіць (папасціся, улезці) y нерат.

Папускаць (папусціць; адпускаць, адпусціць) лейцы. Агульны для бел. і ўкр. (попускати віжки) м. Змяншаць кантроль, паслабляць увагу, пільнасць, патрабаванні да каго-н. Калі мы зараз замарудзім, спынімся, папусцім лейцы, нас паспрабуюць задушыць (М. Лужанін. Дванаццаць вячорных вогнішчаў).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываюць, калі гавораць пра кіраванне запрэжаным канём, язду з ненацягнутымі лейцамі.

Па пятах чыіх, каго, за кім. Агульны для ўсходнесл. м. Не адстаючы, неадступна (ісці, хадзіць, гнацца і пад.). A вунь шпіён… Баіцца, каб не згубіць з вачэй чалавекаў паліто… Ён, відавочна, ідзе па яго пятах… (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Першапачаткова выраз успрымаўся як «бачачы перад сабой чые-н. пяты».

Парадак дня. Калька з ням. м. (Tagesordnung). Кола пытанняў, прызначаных для абмеркавання ў пэўнай паслядоўнасці на сходзе, пасяджэнні, канферэнцыі і пад. Дня парадак іх наступны: 1, — За два дні даклад уступны зробіць сябра Вадалей. 2.—Перакажа ўвесь нанова яго зноў Балбатунова. 3. — Потым спрэчкі, a далей: 4. — Скажа дзядзька Целяпала і дапоўніць Кругабегаў пра ўжыванне для апалу пазалеташняга снегу. 5. — На канцы парадку дня, аб чым хочаш балбатня (К. Крапіва. Хвядос — Чырвоны нос).

Парахня сыплецца з каго. Агульны для бел. і ўкр. м. Хто-н. вельмі стары, слабы. [Клава: ] На рыбалку ёй захацелася. 3 кім? 3 яго ж парахня сыплецца… Ці ж гэта мужчына? (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).

Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваецца да сапрэлага або паточанага шашалем дрэва. Магчыма, на фарміраванне выразу паўплываў сэнсава тоесны фразеалагізм пясок сыплецца з каго (гл.) — калька з англ. м.

Пасадзіць на мель каго. Гл. садзіць (пасадзіць) на мель каго.

Пасаліўшы есці можна. Уласна бел. Ні кепскі і ні добры, пасрэдны. — Новых п’ес у вас не густа, чым мая вам не да густу?Калі справа йдзе аб змесце, пасаліўшы можна есці (К. Крапіва. Рэжысёр і драматург).

І.І.Насовіч звязвае этымалогію фразеалагізма з народным апавяданнем. Малады муж прыйшоў з працы і, калі маці падала яму есці, сказаў са злосцю: «Хто варыў, вочы б яму заліў». — «Ды гэта ж жонка твая», — адказала маці. «Ат! — стрымана заўважыў сын, — пасаліўшы есці можна».

Па <самую> завязку. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю, як толькі можна (запоўніць, накарміць і пад.)’, ‘вельмі моцна (нагаравацца, намучыцца і пад.)’ і ‘вельмі многа, звыш меры чаго-н.’. Добра, мабыць, па завязку накарміла яго Фядора (П.Місько. Мора Герадота). Яўхім глядзеў на сына як на няшчасніка: «Гэты наробіцца, нагаруецца па самую завязку» (Р. Сабаленка. Мохарты). Пайшлі. Спраў там у мяне — па завязку… (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).

Узнікненне фразеалагізма, відаць, мае сувязь з завязкай — вяровачкай ці шнурком, якім завязваюць мяшок.

Па свежых слядах. Гл. па гарачых слядах.

Пасля дожджыку ў чацвер. Паўкалька з руск. м. (после дождичка в четверг). Невядома калі ці ніколі. —Дык калі прыходзіць — сёння? — Пасля дожджыку ў чацвер (А. Капусцін. Белае медзведзяня).

Лічыцца, што фразеалагізм склаўся як формула недаверу да бога грому Перуна, днём якога быў чацвер. Паходжанне фразеалагізма звязваюць таксама з адміраннем язычніцкага свята ў гонар Перуна, якое адзначалася ў пэўны чацвер пасля першага вясенняга дажджу і грому.

Паспееш з козамі на торг. Агульны для бел. і ўкр. м. Няма чаго спяшацца, не спяшайся. — Дзед, дык ты яшчэ нат не пачаў!..Паспееш, хлопча, з козамі на торг… Сёння пад вечар пачну (Я. Брыль. Мышалоўкі).

Гэта «абломак», першая частка прыказкі Паспееш з козамі на торг: і коз прадасі, і грошы праясі. Паміж фразеалагізмам і прыказкай сэнсавая тоеснасць, але неаднолькавыя магчымасці ўключацца ў кантэкст; дзеяслоўны кампанент фразеалагізма ўжываецца не толькі ў форме другой асобы адз. л.: паспею з козамі на торг (МЛынькоў), паспее з козамі на торг (М.Г арэцкі), з козамі на торг паспеем (Я. Колас), паспеюць з козамі на торг (З. Бядуля).

Паставіць знак роўнасці паміж кім, паміж чым. Гл. ставіць (паставіць) знак роўнасці паміж кім, паміж чым.

Паставіць кропкі над «і». Гл. ставіць (паставіць) кропкі над «і».

Паставіць крыж на кім, на чым, над чым. Гл. ставіць (паставіць) крыж на кім, на чым, над чым.

Паставіць на дыван каго. Гл. ставіць (паставіць) на дыван каго.

Паставіць на крыло каго. Гл. ставіць (паставіць) на крыло каго.

Паставіць на паток што. Агульны для ўсходнесл. м. Зрабіць што-н. сістэматычным, паслядоўным, бесперапынным. Так атрымалася, што «скасаванне» Быкава ў нашай краіне пастаўлена на паток. Быкаў усім недэмакратычным уладам быў няўгодны (Р. Барадулін. Інтэрв’ю).

Паходзіць з вытворчай тэрміналогіі, дзе патокам называюць бесперапынны выраб чаго-небудзь. Паток y гэтым значэнні найчасцей спалучаецца з дзеясловамі паставіць, ставіць, пусціць.

Паставіць у тупік каго. Гл. ставіць (паставіць) y тупік каго.

Пасыпаць галаву попелам. Агульны для ўсходнесл. і польск. (posypać glowę popiełem) м. Глыбока смуткаваць, бедаваць з якойсьці прычыны. Я не адношу сябе да ліку крытыкаў, якія сцвярджаюць, што наша літаратура не зрабіла нічога або, прынамсі, вельмі мала зрабіла для мастацкага асваення тэмы сучаснасці, горада, навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Не варта фетышызаваць паняцці і, як кажуць, пасыпаць галаву попелам (І.Навуменка. Героя працы — y поўны рост).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з царкоўнаславянскіх кніг. Як расказваецца ў Бібліі (Іоў, 2, 12), y старажытных яўрэяў быў звычай выказваць пачуццё гора, роспачы не толькі плачам, але і пасыпаннем галавы попелам. Такі звычай, апісаны ў «Іліядзе» Гамера, быў і ў старажытных грэкаў. Ён сімвалізаваў і агульную для ўсіх жалобу.

Патачыць лясы. Гл. тачыць (патачыць) лясы (балясы).

Патрапіць y <самы> яблычак. Гл. пацэліць (патрапіць, трапіць) y <самы> яблычак.

Паўтарэнне пройдзенага. Уласнабел. Вяртанне да таго, што ўжо чулася, бачылася, адбывалася і г.д. Гэта яшчэ адзін крок да стварэння гарантый, якія пазбавяць нас ад «паўтарэння пройдзенага» (Маладосць. 2000. № 6).

Паходзіць з маўлення настаўнікаў, y практыцы якіх адзін з этапаў урока — паўтарэнне пройдзенага (таго, што ўжо вывучалася, выкладалася).

Пахне смаленым. Недакладная калька з франц. м. (ca sent le roussi, літаральна «чуецца пах гарэлага»). Паказвае на магчымасць небяспекі, пагражае непрыемнасцю каму-н. Гэту справу нельга дапускаць да райкома. Я спецыльна прыехаў, каб патушыць, a тыЦяпер ад нас абодвух пахне смаленым, a ты не разумееш (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).

Мяркуюць, што ўзнікненне выразу звязана са звычаем спальваць ерэтыкоў і «ведзьмаў» на вогнішчах інквізіцыі. Гл. паляванне на ведзьмаў.

Пацёмкінскія вёскі. Паукалька з руск. м. (потемкинские деревни). Ашуканства, паказуха, за якой хаваедца дрэнны стан чаго-н. [Галавач: ] Мяне за гэты комплекс Матусевіч, ведаеш, колькі агітавау? Выстаяў. Яму мода, пацёмкінская вёска патрэбна, каб дэлегацыі вазіць. A мужыку жыццё патрэбна (М. Матукоўскі. Наследны прынц).

Узнікненне выразу звязана з імем фаварыта і найбліжэйшага памочніка імператрыцы Кацярыны II — князя Г. А. Пацёмкіна, па ініцыятыве якога ў 1783 г. да Расіі быў далучаны Крым. У часе падарожжа Кацярыны II на поўдзень (1787) Пацёмкін, каб пераканаць царыцу і іншаземных гасцей у росквіце новых расійскіх тэрыторый і ў поспехах сваёй дзейнасці, выстаўляў на шляху імператрыцы па-святочнаму апранутых людзей, паказваў спецыяльна пабудаваныя дэкаратыўныя вёскі, хлебныя склады (у якіх мяшкі былі набіты пяском), статкі жывёл (ноччу іх пераганялі па маршруту царыцы), штучныя пышныя паркі, магутныя крэпасці і пад.

Паціраць рукі. Агульны для ўсходнесл. м. Адчуваць, перажываць вялікае задавальненне ад поспеху ў якой-н. справе. Пан Вячорык загадзя паціраў рукі, спадзеючыся на ўзнагароду (М. Машара. Сонца за кратамі).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.

Паціскаць (паціснуць) плячамі (-ыма). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пожимать плечами, укр. знизувати плечима). Выяўляць здзіўленне, неразуменне, няведанне і пад. Цяпер, калі Міцькавец так заартачыўся, дасужы селькор толькі паціскае плячыма: паганага пралесніка не чуў, сеў і напісаў… (А. Капусцін. Калі крануўся цягнік).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану.

Пацэліць (патрапіць, трапіць) y <самы > яблычак. Агульны для ўсходнесл. м. Сказаць ці зрабіць менавіта тое, што патрэбна. — Такая вялікая ўнучка?.. Вас самую яшчэ хоць замуж аддавай.Мабыць, пацэліў y самы яблычак, бо цётка ажно паеярнулася да мяне (П.Місько. Браканьеры).

У некаторых працах паходжанне гэтага выразу звязваюць з імем Вільгельма Тэля. Паводле легенды, аўстрыйскі намеснік y Швейцарыі Тэслер загадаў Тэлю, як пакаранне за непаслушэнства, збіць выстралам з лука яблык з галавы свайго сына. I Тэль папаў y самую сарцавіну яблыка. Аднак згаданы фразеалагізм не значыцца ў слоўніках заходнееўрапейскіх моў. Ён узнік, хутчэй за ўсё, y выніку метафарызацыі тоеснага словазлучэння з маўлення вайскоўцаў, дзе яблычак — гэта ‘цэнтральная частка мішэні ў выглядзе чорнага круга’. Вось прыклад, дзе выраз ужыты не як прыхаванае параўнанне з уяўнай сувяззю паміж з’явамі, a са злучнікам «як»: «Як у яблычак пацэліў Дзёмін з Канаплянкі — адрываліся сяляне ад хат, a першы з іх — „снайпер“ Ціма Плішка» (А. Пашкевіч).

Пачуццё (адчуванне) локця. Паўкалька з руск. м. (чувство локтя). Узаемная падтрымка. Паміж гэтымі людзьмі, якія яшчэ пару тыдняў таму назад адзін аднаго і ў вочы не бачылі, цяпер — зладжанасць, «пачуццё локця» (А. Карпюк. Пушчанская адысея).

Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якім y маўленні ваенных называюць уменне салдатаў падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі.

Ведаць, знаць, пазнаць, пачым фунт ліха. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. почем фунт лиха, укр. почому ківш (пуд, фунт) лиха). (Ведаць) якія бываюць цяжкасці, выпрабаванні ў жыцці. Сама Аўдоля хапіла гора нямала, ведае, пачым фунт ліха (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Два кампаненты выразу выконваюць сэнсаўтваральную функцыю: пачым суадносіцца са значэннем ‘колькі каштуе, па якой цане’, a ліха — са значэннем ‘няшчасце, бяда, гора’. Фунт—устарэлая мера вагі, роўная 409,5 г, але тут, як і ў фразеалагізме нe фунт ізюму, гэта не рэальная, a сімвалічная мера бяды, гора, цяжкасцей і пад. Аднак зразумела, што сума значэнняў названых кампанентаў не тоесная з агульным значэннем фразеалагізма.

Па шчупаковым загадзе. Гл. <нібы> па шчупаковым загадзе.

Пень асінавы. Агульны для ўсходнесл. м. Тупіца, бесталковы чалавек. Пень ты асінавы, a не старшыня. Па камандзе, як які яфрэйтар, думаеш весці гаспадарку? (Я. Ермаловіч. Стаяў маладзік над лесам).

Выраз каламбурнага характару, узнік y выніку разгортвання слова ў фразеалагізм. Тут слову пень, рэалізаванаму ў пераносным значэнні ‘тупіца’, адначасова вяртаецца і канкрэтнае, прамое значэнне, дзякуючы нарошчванню прыметнікавага кампанента асінавы.

Перабіраць (перабраць; разбіраць, разабраць) па костачках каго. Агульны для ўсходнесл. м. Асуджаць чые-н. недахопы, абмяркоўваць каго-н. A потым мы, жанчыны, перабяром вас па костачках, усё перагаворым, усё зложым у адно — поўны партрэт-характарыстыка (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя).

Вытворны ад фразеалагізма перамываць костачкі каму, каго, чые (гл.), узнікненне якога звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзілася без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г зн. без абгаворвання.

Перабіраць <усе> костачкі чые, каму, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае: 1) абгаворваць каго-н., распаўсюджваць плёткі, 2) дэталёва, падрабязна абмяркоўваць, вывучаць каго-н. І дзяўчаты аж заходзіліся ад смеху, перабіраючы костачкі хлопцаў (Я. Колас. Нёманаў дар). Ні Клава, ні Фіма не ведалі, як цяжка атрымаць дазвол, каб пабачыцца з арыштаваным! Пакуль дазволяць — перабяруць усе твае костачкі: хто ты, які ты, чаму ты, a нe другі? (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Гэты выраз сінанімічны ўсходнесл. фразеалагізму перамываць костачкі і аднолькавы з ім паходжаннем. Абодва ўзніклі ў выніку пераасэнсавання адпаведных свабодных словазлучэнняў, звязаных з абрадам паўторнага пахавання. Перабіраючы і перамываючы костачкі нябожчыка, трэба было, як даўней лічылі, вызваліць грэшніка ад закляцця, калі ён не паспеў перад смерцю раскаяцца, бо такі грэшнік-нябожчык нібыта выходзіў y выглядзе вампіра ці пярэваратня з магілы і смактаў кроў з жывых (гл. костачкі перамываць).

Пераблытаць <усе> карты каму, чые, каго. Гл. блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго.

Перабягаць дарогу каму. Гл. дарогу перабягаць каму.

Перавод на рэйкі чаго, якія. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. перевод на рельсы, укр. перевод на рейки). Перабудова чаго-н. пэўным чынам. Устойлівага прагрэсу ў якасным развіцці эканомікі няма. Мы мала рушылі наперад па шляху яе пераводу на рэйкі інтэнсіфікацыі (Звязда. 7.08.1986).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пераводзіць на рэйкі чаго, якія ‘арганізоўваць, перабудоўваць што-н. пэўным чынам’.

Перад разбітым карытам апынуцца, аказацца. Паўкалька з руск. м. (у разбитого корыта). Без нічога, страціўшы ўвесь ранейшы набытак. Усе спадзяванні яго [Боўціка] праваліліся ў адзін дзень, і ён апынуўся перад разбітым карытам (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Фразеалагізаваны крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна. Спалучэнне выкарыстоўваецца ў казцы спачатку з прамым значэннем, калі расказваецца, як залатая рыбка выканала першае жаданне прагнай старой: замяніла ёй разбітае карыта на новае. У канцы казкі словазлучэнне адначасова набывае і вобразны, пераносны сэнс: багацце знікла, старая засталася з разбітым карытам.

Перакаваць мячы на аралы. Запазыч. з царк. — слав. м. Раззброіцца, выкарыстаць усе сродкі на мірныя мэты. Мы заклікалі і заклікаем перакаваць мячы на аралы, знішчыць зброю. I мы гатовы гэта зрабіць, калі сустрэнем шчырае разуменне і згоду іншых краін (Звязда. 29.07.1976).

Выраз з біблейскай кнігі Ісаія (2, 4), які прарочыў, што прыйдзе час, калі народы «перакуюць мячы свае на аралы і коп’і свае на сярпы». Аралы (вытворнае слова ад агульнаслав. араць) — гэта ‘плугі’.

Перавярнуць горы <з кім, з чым>. Гл. варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>.

Перайсці рубікон. Гл. рубікон перайсці.

Перакаці-поле. Агульны для ўсходнесл. м. Той, хто доўга не жыве на адным месцы, хто не мае пастаяннага прыстанішча. Думаць аб Левановічу, што ён ветраны чалавек, перакаці-поле, сёння тут, a заўтра там,Зязюля не меў ніякай падставы (А. Рылько. Кумы).

Утвораны шляхам пераасэнсавання аднайменнай назвы стэпавай расліны, якая пасля выспявання, клубком адарваўшыся ад кораня, коціцца па зямлі, пераносіцца ветрам на вялікія адлегласці.

Перакрыць кісларод каму чаму. Агульны для бел і руск. м. Стварыць неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. дзейнасці. Гэта ўрад са мною змагаецца, ён перакрыў мне кісларод… (Р. Баравікова. Каханне дысідэнта).

Узнік, відаць, y выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое выкарыстоўваецца ў медыцынскай практыцы. Хворым пры неабходнасці даюць кіслародную падушку з вентылем, якім рэгулюецца паток кіслароду.

Пераліванне з пустога ў парожняе. Агульны для ўсходнесл. м. Пустая балбатня, марная трата часу. Размова вялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе (Я. Колас. На ростанях).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма пераліваць з пустога ў парожняе (гл.), мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Пераліваць з пустога ў парожняе. Агульнаслав. (польск. przelewać z pustego w próżne, чэшск. z pustého v prâzdné prelivati, балг. преливам от пусто в празно і г.д.). Займацца пустой балбатнёй, марна траціць час за размовамі. [Альжбета: ] Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць (Я. Купала. Паўлінка).

Выраз успрымаецца як матываваны, хоць і з нерэальным вобразам у яго аснове, пабудаваным на супрацьпастаўленні прыметнікаў-сінонімаў пусты і парожні.

Перамыванне костачак каго, чыіх. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘абгавор, пляткарства’ і ‘асуджэнне, крытыка чыіх-н. недахопаў’. Вельмі шкоднай справай з’яўляецца і перамыванне костачак знаёмых або суседзяў (Р. Лазуркін. Калі хочаш быць здаровым). Душа выкладчыка Гайдука трымцела. Ужо ішло перамыванне яго костачак — перавыбіралі па конкурсе (Р. Семашкевіч. Бацька ў калаўроце).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма перамываць костачкі (каму, каго, чые). Пра яго паходжанне гл. y слоўнікавым артыкуле перабіраць па костачках каго.

Перамываць костачкі каму, чые, каго. Гл. костачкі (косці) перамываць каму, чые, каго.

Перамяніць пласцінку. Гл. мяняць (змяніць, перамяніць) пласцінку.

Перастала біцца сэрца каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. памёр ці загінуў. Перастала біцца сэрца чалавека, які прысвяціў жыццё роднай Беларусі, yce сілы і вопыт аддаў служэнню грамадству (ЛіМ. 7.07.2000).

Узнік y выніку метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці з’яў прычынна-выніковага характару. Магчыма, сфармаваўся пад уплывам іншага выразу — (пакуль) сэрца б’ецца (гл.) — калькі з франц. м.

Пераяда вантроб. Уласна бел. Той або тое, хто ці што страшэнна назаляе, даводзіць да адчаю. Пасынка самога [старая] баіцца трохі чапаць. Злосны і на язык востры — адсячэ адразу, аж абліжашся… Над газетамі ўсё сядзіць, спусціўшы нос. Ох, гэтыя газеты! Гэта ёй пераяда вантроб. Яна на іх глядзець не можа (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пераядаць вантробы каму ‘страшэнна хваляваць каго-н., дакучаючы чым-н. непрыемным’.

Персона нон грата. Транслітэрацыя лац. выразу persona non grata. Ужыв. са значэннямі ‘дыпламат ці проста замежны грамадзянін, які страціў давер з боку ўрадавых устаноў той дзяржавы, дзе ён знаходзіцца’ і ‘грамадзянін, нераўнапраўны ў сваёй краіне, непажаданы для ўлад’. Персона нон грата бываюць не толькі дыпламаты, але і звычайныя замежныя грамадзяне, якія парушаюць законы краіны, у якую прыехалі (ЛіМ. 7.09.2001). Хай вам імя — легіён. Ды жыць не ўмееш багата, не ўмееш нажыць мільён, — ты — персона нон грата (А. Вярцінскі. Бедныя, бедныя беднякі).

Першапачаткова гэта быў дыпламатычны тэрмін для абазначэння асобы, кандыдатура якой на пост дыпламата ў пэўнай краіне была гэтай краінай адхілена.

Перці супраць ражна. Паўкалька з царк. — слав. м. Пачынаць штосьці рызыкоўнае, асуджанае на няўдачу. — Сыдзі з дарогі, кажу табе!Не пры супроць ражна, a то і табе будзе (П. Галавач. Рубанаўскі вузел).

У Евангеллі (Дзяянні, 9,5; 26,14) расказваецца, як Саўлу аднойчы пачулася папярэджанне з неба: «Жестоко ти есть противу рожну прати» (цяжка табе супраць ражна перці). Слова ражон абазначала ‘востры кол’ (гл. лезці на ражон).

Першай гільдыі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘найвышэйшай якасці, адметны (майстар, штукар і пад.)’ і ‘самы заўзяты, з крайнім праяўленнем якіх-н. якасцей (махляр, дармаед і пад.)’. — A чыя ж то скрыпка гэта?зноў спытаўся гаспадар.A яго! О, граць ён мэта: першай гільдыі штукар! (Я. Колас. Сымон-музыка). A то, штоя цябе, абібока, трымаю на ўчастку, дык гэта правільна? Ты ж дармаед першай гільдыі (В. Супрунчук. Вышыня).

Утвораны шляхам пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў царскай Расіі дастасоўвалася да аднаго з саслоўнапа-датковых разрадаў купецтва. У залежнасці ад велічыні капіталу купцы падзяляліся на тры гільдыі. Самая высокая — першая гільдыя. Параўн.: «Я-я-я не дазволю… Я-я-я першай гільдыі рыбны купец…» (М. Лынькоў).

Першая ластаўка. Фразеалагізм з moй самай вобразнасцю ёсць таксама ў руск., укр., польск., чэшск., балг. мовах. Абазначае ‘першапачатковыя прыметы чагосьці’ і ‘пачынальнік чаго-н.’. Усюды, дзе ў першыя пасля вайны гады бываў Высоцкі, паказвалі новыя кароўнікі, цялятнікі, канюшні, свінарнікі. Гэта былі нібы першыя ластаўкі мірнага жыцця (І.Навуменка. Замець жаўталісця). Нарэшце, ролю першай ластаўкі бярэ на сябе адзін з найбольш салідных членаў дэлегацыі — паважаны дзеяч мастацтва, таварыш з поўна выяўленай сівізной (Я. Брыль. Вачыма друга).

Прататып фразеалагізма — свабоднае словазлучэнне: першая ластаўка, што вярнулася з цёплых краін, — прымета вясны. Пра гэта і прыказка-прымета: Ластаўка вясну пачынае, a салавей канчае. Мяркуюць таксама, што ўзнікненне выразу звязана з байкай Эзопа, з яе радком «Адна ластаўка вясны не робіць».

Першая скрыпка. Агульны для бел., руск. і польск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) галоўная, кіруючая, вядучая роля ў чым-н., 2) самая галоўная, найбольш уплывовая асоба ў якой-н. галіне, справе і пад. Няважна, што ў гэтай падрыхтоўцы першая скрыпка належала не яму [Кашыну] і многае рабілася насуперак яго волі (У. Карпаў. Вясеннія ліўні). Мікола зразумеў толькі, што першай скрыпкай з ’яўляецца Кастусь (М. Машара. I прыйдзе час…).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма іграць першую скрыпку (гл.).

Першы-лепшы. Агульны для бел., укр. (перший ліпший) іпольск. (pierwszy lepszy) м. Ужыв. са значэннямі ‘любы чалавек, які трапіцца’ і ‘няважна які, любы’. Выйду раніцай на шлях, дам пару злотых першаму-лепшаму, абы конь добры папаўся, дык, калі добра ўсё пойдзе, адвячоркам і там буду (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Ану, скочце, хлопцы, ды здыміце трох-чатырох першых-лепшых варот (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні).

Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма першы сустрэчны (гл.) — калькі з франц. м. Выкарыстаны адзін з яго кампанентаў, a другі — абумоўлены рыфмай.

Першы сустрэчны (стрэчны). Калька з франц. м. (le premier venu, літаральна ‘першы, які прыйшоў, прыехаў’). Любы чалавек, які трапіцца. Павінна быць больш строгая канспірацыя. Нельга давяраць першаму сустрэчнаму (І.Новікаў. Да світання блізка).

Выраз з агульным аналітычным значэннем, якое суадносіцца са значэннямі адпаведных слоў y іх свабодным ужыванні.

Першыя крокі (першы крок) <у чым, чаго>. Агульны для ўсходнесл. (руск. первые шаги (первый шаг), укр. перші кроки (перший крок) і польск. (pierwsze kroki (pierwszy krok) м. Самы пачатак якіх-н. дзеянняў, якой-н. дзейнасці. 3 першых крокаў сваёй творчасці Я. Купала марыў «з цэлым народам гутарку весці», быць вестуном яго надзей і спадзяванняў (Р. Шкраба. Янка Купала).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: першы суадносіцца са значэннем ‘які адбываецца на самым пачатку чаго-н.; першапачатковы’, a крок — са значэннем ‘дзеянне, учынак’ (рашучы крок).

Песенька (песня) спета чыя. Агульны для ўсходнесл. (укр. пісня скінчена) і балг. (изпята песента) м. Абазначае ‘чыё-н. жыццё блізіцца к канцу’ і ‘чые-н. поспехі канчаюцца, скончыліся’. «Састарэў, — спыніўся Паўлюк і дастаў шкляную трубачку.Спета мая песенька» (Л. Калодзежны. Ішоў чалавек). Варта мне толькі зняць трубку, пазваніць — іваша песенька спета (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Паходжанне фразеалагізма звязана з царкоўным адпяваннем: над нябожчыкам, перад тым як яго пахаваць, спявалі «Са святымі ўпакой». Параўн. y Я. Коласа: «Смерць прыйшла — і песня спета, і прыложана пячаць».

Песня песняў. Запазыч. з царк. — слав. м. Выдатны, найлепшы твор, вяршыня творчасці. Выдатная праца Сухамлінскага «Сэрца аддаю дзецям», у якой абагульнены вопыт педагога-наватара,гэта сапраўды яго песня песняў (В.Вітка. Настаўнік).

Паходзіць ад назвы адной з біблейскіх кніг, напісанай з высокім паэтычным майстэрствам.

Пець асанну каму, чаму. Гл. спяваць (пець) асанну каму, чаму.

Пець Лазара. Гл. Лазара пець (спяваць).

Пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму. Ужыв. таксама ў руск. (петь дифирамбы), укр. (співати дифірамбн), польск. (śpiewać dytyramby), балг. (пея дитирамби) м. Празмерна хваліць, захвальваць. Эх, шкада, што я не лірык! Я тады, дзяўчаткі, вам бы пеў такія дыфірамбы ад відна і да відна,«душу б выпеяў да дна» (К. Крапіва. Шкірута).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага са звычаямі старажытных грэкаў. Першапачаткова слова дыфірамб мела вузкае значэнне: ім называлася ўрачыстая харавая песня ў гонар Дыяніса — бога вінаробства. Пасля песні-дыфірамбы спявалі і ў гонар іншых багоў і герояў. Яшчэ ў старажытнагрэчаскай мове слова дыфірамб развіло пераноснае значэнне ‘усхваленне, напышлівасць’.

Печкі і лаўкі. Гл. <і> печкі і лаўкі.

Піць (выпіць) <горкую> чашу да дна. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі многа пакутаваць, цярпець, пераносіць якія-н. цяжкасці. У маці ад гэтага ляманту як адарвалася сэрца. Відаць, ёй давядзецца выпіць чашу да дна. Яна ўскрыкнула і ў роспачы закрыла твар рукамі (Я. Шарахоўскі. Сярэбраная раніца).

Упершыню выраз ужыты ў біблейскім тэксце (Ісаія, 51, 17) — y звароце да Іерусаліма, які выпіў з рук Госпада чашу да дна і павінен паўстаць, падняцца.

Піць (смактаць) кроў з каго, чыю. Калька з франц. м. (boire (sucer) le sang, літаральна «піць (смактаць, ссаць) кроў»), Ужыв. са значэннямі ‘бязлітасна эксплуатаваць, даводзіць да беднасці каго-н.’ і ‘мучыць каго-н., прычыняць пакуты’. — Папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць!чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы (М. Лынькоў. Міколка-паравоз). Зноў пайшоў цягацца праз ноч, не дай бог. От, з’еў маё жыццё, от, высмактаў маю кроў паляваннем гэтым (Э. Самуйлёнак. Паляўнічае шчасце).

У гэтым метафарычным фразеалагізме — выразны намёк, напрыклад, на п’яўку ці аваднёў, якія п’юць, высмоктваюць кроў y прамым значэнні гэтых слоў. Параўн. ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго ўнутранай формы параўнальным зваротам: «Ты, як п’яўка, усю б кроў з нас выссаў!» (В. Дунін-Марцінкевіч).

Плаціць (адплаціць) той жа манетай каму. Калька з англ. (to рау a man back in his own coin) ці франц. (rendre à qn la monnaie de sa pièce) м. Адказваць тым самым, такімі ж адносінамі, учынкамі. [Італьянец: ] Гітлераўцы.. не любілі нас, здзекліва звалі «спагецці» — «макароннікі». Мы плацілі ім той жа манетай (У. Краўчанка. Сустрэча ля храма Лорэта).

Утвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытавала ў практыцы грашовых разлікаў.

Плесці кашалі <каму, пра каго, пра што>. Уласнабел. Гаварыць абы-што, выдумваць. Гавары хутчэй, хто такая і куды ідзеш. Толькі пра Заграддзе кашалі не пляці — я там yсіх ведаю (П.Місько. Мора Герадота).

Склаўся на аснове асобнага слова ў выніку адначасовай рэалізацыі двух значэнняў дзеяслова плесці (‘перавіваючы, вырабляць што-н.’ і ‘гаварыць абы-што’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам кашалі.

Плесці лапці. Уласна бел. Гаварыць абы-што, выдумваць. — Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца…Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці, — прабурчэў Лукашоў (В. Быкаў. Дажыць да світання).

Утвораны ў выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў дзеяслова плесці (‘перавіваючы, вырабляць што-н.’ і ‘гаварыць абы-што’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам лапці.

Плоць ад плоці каго, чыёй. Запазыч, з царк. — слав. м. Ужываецца са значэннямі ‘роднае дзіця’ ці ‘плён каго-н., чаго-н.’. Жбан гліняны павіс на плоце — плоць ад вясковай плоці (А. Вярцінскі. Прадмесце).

Крыніца фразеалагізма — тая ж біблейская легенда пра стварэнне Евы з Адамавага рабра, з якой паходзіць фразеалагізм косць ад косці (гл.). I семантыка абодвух фразеалагізмаў аднолькавая.

Плоць і кроў чыя, каго. Відаць, калька з ням. м. (Fleisch und Blut). Ужыв. са значэннямі ‘роднае дзіця (пра кроўную роднасць)’ і ‘спараджэнне, дзецішча каго-, чаго-н. (пра ідэйную роднасць)’. Ян шкадаваў сына не толькі як роднага чалавека — сваю плоць і кроў — але і як работніка, без якога занепадзе гаспадарка (А. Чарнышэвіч. Засценак Малінаўка). Гэтыя недахопы зыходзяць ад вашых таварышаў, ад людзей вашай плоці і крыві (Маладосць. 1958. № 3).

Склаўся на базе семантычна тоесных фразеалагізмаў плоць ад плоці, кроў ад крыві, косць ад косці ў выніку аб’яднання першых кампанентаў двух выразаў. Узнікненне гэтых фразеалагізмаў звязана з біблейскім аповедам пра стварэнне першых людзей на зямлі. Паводле Бібліі, Адам, прачнуўшыся і ўбачыўшы Еву, зробленую з яго рабрыны Богам, сказаў: «Вось гэта косць ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй».

Плысці за вадой. Уласна бел. Пасіўнічаць, прыстасоўваючыся да абставін. Магдаліна заўпарцілася. Хопіць плысці за вадой. І заявіла, што здасць усе іспыты (Л. Рублеўская. Пярсцёнак апошняга імператара).

Магчыма, склаўся пад уплывам сінанімічнага фразеалагізма плысці па цячэнні — калькі з ням. ці франц. м. (гл.).

Плысці (плыць) па цячэнні. Калька з ням. (mit den Strom schwimmen) ці франц. (se laisser aller au courant) м. Дзейнічаць пасіўна, вяла, прыстасоўваючыся да абставін, не выказваючы супраціўлення. [Ясевіч] прывык, відаць, абыходзіць вострыя вуглы. I цяпер вось ён не рашаецца пераадолець у сабе гэтай прывычкі, плыве па цячэнні (А. Дзятлаў. Начное неба ў ліпені).

Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння, пры пераасэнсаванні якога актуалізацыю атрымала патэнцыяльная сема ‘плысці без асаблівых намаганняў’.

Плысці (плыць) супраць цячэння. Калька з ням. м. (gegen den Strom schwimmen). Дзейнічаць наперакор усяму. «Сярод нас,гаварыў прадстаўнік Мадагаскара,існуе група краін, якія плывуць супраць цячэння…» (А. Вярцінскі. Дзве дыпламатыі на паверку).

Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння.

Плячом к плячу (да пляча). Калька з ням. (Schulter an Schulter) або ангп. (shoulder to shoulder) м. Ужыв. са значэннямі: 1) зусім побач, y непасрэднай блізкасці, адзін каля аднаго (ісці, ехаць, стаяць, сядзець і пад.), 2) разам, вельмі дружна, y цесным адзінстве (жыць, працаваць, змагацца і пад.). І мы не забудзем ніколі, суседзі мае, землякі, як роднаму ў хаце пісалі, сядзелі — плячо да пляча (А. Бялевіч. Высокі поўдзень). Нам дружыць патрэбна між сабою і стаяць за мір — плячом к плячу,сустракаць вас не на полі бою, a на фестывалях я хачу (М. Смагаровіч. Маё выступленне).

1-е значэнне ўзнікла шляхам сінекдахічнага пераносу: па назве часткі называецца цэлае. 2-е ж значэнне развілося на аснове 1-га метафарычным шляхам.

Плячысты на жывот. Уласна бел. Прагны да яды, пражэрлівы, любіць многа есці. Шмыг узяў дзве смятаны, два гуляшы, два куфлі піва, разлічыўся каля касы.Плячысты на жывот,жартам, мусіць> сказаў начальнік цэха Мамалыга. — A рабіць не хоча (В. Мыслівец. Гарачая сталь).

Выраз каламбурнага характару. Утвораны на ўзор шматлікіх фразеалагізмаў тыпу востры на язык, лёгкі на ногі. Упершыню ў літаратурнай мове выкарыстаны ў вершы К. Крапівы «Фрыцавы трафеі» (1941): «Сала, масла, цукар, мёд гітлераўца вабяць: фрыц плячысты на жывот і мастак паграбіць».

Повен рот. Паўкалька з руск. м., абазначае ‘вельмі многа’ і, як правіла, ужываецца з прыфразеалагічным словам турбот. Трэба было мець смякалку ў руках дзяржаць Міхалку, пад сваім аховам, і Таклюсю, і Map’янку,npocma з самага ўжо ранку навучай іх словам. Ну, як бачыце, турбот y Мікіты повен рот (Я. Колас. Як поп зрабіўся авіятарам).

Ёсць меркаванне, што выраз узнік з прыказкі Хлопот полон рот, a перекусить нечего ў выніку яе скарачэння.

Поле зроку. Калька з англ. м. (the field of vision). Ужыв. ca значэннямі ‘прастора, якая акідваецца вокам’ і ‘кола праблем, інтарэсаў, клопатаў і пад.’. Разведчыкі крочылі далей. Тым часам з поля зроку знікла гравійка (І.Навуменка. Смутак белых начэй). У поле зроку празаіка ўсё шырэй уваходзяць такія паняцці, як «час», «пасляваенныя цяжкасці», «сярэдзіна дваццатага стагоддзя» (М. Тычына. У лабірынце чалавечага жыцця).

Абодва кампаненты фразеалагізма ў яго першым значэнні — сэнсаўтваральныя, суадносныя з перыферыйнымі значэннямі адпаведных слоў. Другое значэнне развілося на базе першага і абазначае абстрактны прадмет.

Порах сыплецца з каго. Агульны для бел. і ўкр. м. Хто-н. вельмі стары, слабы. Я не з тых, хто трымаецца за пасаду як клешч. 3 яго, беднага, порах сыплецца, a ён усё падскоквае, дае ўстаноўкі, камандуе, не заўважаючы, што выпусціў лейцы з рук і за яго робяць другія (Т. Хадкевіч. Песня Дзвіны).

Утварыўся, відадь, y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваецца да старога каня, калі з яго ў выніку захворвання скуры сыплюцца дробныя лусачкі. Слова порах, як засведчана ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіча і ў слоўніках сучаснай укр. м., мае, апрача агульнавядомага значэння, сэнс ‘пыл, прах’. Магчыма, на фарміраванне выразу паўплываў семантычна тоесны фразеалагізм пясок сыплецца з каго (гл.) — калька з англ. м.

Порах(-у) не выдумляць (не выдумаць). Агульны для ўсходнесл. іпольск. (prochu nie wymyślać) м. Нічога новага, свайго, арыгінальнага не ствараць. — Пра нас можна не гаварыць! — ужо крычыць Мудрык.Мы порах не выдумляем. Але я казаў і буду казаць, што раўняць сапраўднага вучонага і няхай сабе найлепшага рабочага нельга (І.Навуменка. Бульба).

У названыя вышэй мовы фразеалагізм трапіў як недакладная калька з франц. n’а pas inventé la poudre ці ням. hat das Pulver nicht erfunden m. (літаральна «пораху не вынайсці»).

Поўная чаша. Агульны для ўсходнесл. м. Часцей ужыв. пры дзейніку дом, абазначаючы ‘вельмі багаты, заможны, з вялікім дастаткам ва ўсім'. Дом Крамера — поўная чаша. Бургамістры валасцей, старасты, загадчыкі млыноў, наязджаючы ў мястэчка, не прамінаюць выпадку падкінуць сёе-тое раённаму бургамістру (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).

Узнік праз супастаўленне з чашай, напоўненай да самага верху.

Гатоў, рад, хацелася, лепш бы праваліцца скрозь зямлю. Калька з грэч. м. (Гатоў і інш.) хутчэй схавацца, знікнуць з-за сораму, няёмкасці. Пасля такой неспакойнай ночы іду на сваю новую службу; a сам гатоў скрозь зямлю праваліцца (М. Ракітны. На прыстані).

Паводле М.І.Міхельсона, фразеалагізм выкарыстоўваўся ў старажытнагрэчаскай літараіуры, y тым ліку ў творы сатырыка Лукіяна (120–190), прычым з агаворкай «прымаўка».

Правая рука каго, чыя, y каго. Відаць, агульнаслав. (толькі ў балгараў няма гэтага фразеалагізма, y іх правая рука называецца адным словам — десница). Першы памочнік, супольнік. Аб’ездчык, сярэдніх год чалавек, правая рука ляснічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лесніка і павёў яго ў лес (Я. Колас. Малады дубок).

Паміж фразеалагізмам і аманімічным пераменным словазлучэннем — жывая асацыятыўная сувязь. Аднак паміж імі, на шляху ўтварэння фразеалагізма, было «прамежкавае звяно» — вайсковы тэрмін полк правай рукі. Гэты тэрмін ведалі ў Кіеўскай Русі. Камандаваў такім палком самы надзейны чалавек князя, звычайна яго блізкі родзіч. Карысталіся тэрмінам і пазней. Напрыклад, y Кулікоўскай бітве (1380) удзельнічаў полк правай рукі на чале з князем Андрэем Полацкім. Быў таксама полк левай рукі, але на яго аснове не склаўся адпаведны агульнанародны фразеалагізм, хоць у пэўным кантэксце, на фоне выслоўя правая рука, можа выкарыстоўвацца з цэласным значэннем ‘другі памочнік’ выраз левая рука: «Паўлюк у райкоме, a мой Кастусь у райсавеце. У Шаўчэнкі ён — левая рука. Раманаў правая, a ён левая — загадчык аддзела сельскага і калгаснага будаўніцтва. Таксама, можна сказаць, намеснік старшыні!» (Я. Брыль). Ведаюць фразеалагізм правая рука немцы (rechte Hand) і французы (main droite); цяжка сказаць, ці ён запазычаны імі ў славян, ці ўзнік самастойна.

Прагаласаваць абедзвюма рукамі. Гл. галасаваць (прагаласаваць) абедзвюма рукамі.

Праглынуць <горкую> пілюлю. Паўкалька з франц. м. (avaler la pilule). Моўчкі знесці крыўду, цярпліва выслухаць непрыемнае.

Aлe, на маё шчасце, інспектар.. згадзіўся, што… не можа быць забароненых тэм на шляху пазнання чалавека і прыродыАдным словам, Адэлька мусіла праглынуць пілюльку, яшчэ адну (І.Шамякін. Снежныя зімы).

Узнік са свабоднага словазлучэння, на аснове яго канкрэтнага значэння склалася метафарычнае.

Праглынуць язык. Калька з франц. м. (avaler sa langue). Перастаць гаварыць, замоўкнуць. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная весялосць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж (В. Быкаў. Воўчая зграя).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Празандзіраваць глебу. Гл. зандзіраваць (празандзіраваць) глебу.

Праз (скрозь) зубы. Калька з франц. м. (entre ses dents). Ужыв. ca значэннямі ‘невыразна, неразборліва або ледзь чутна (гаварыць, мармытаць і пад.)’ і ‘з пагардай, незадавальненнем (гаварыць, цадзіць і пад.)’. Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся (Я. Брыль. Сірочы хлеб). Андрэй прабурчэў скрозь зубы: — Багатыр (М. Зарэцкі. Вязьмо).

Выраз усведамляецца як матываваны.

Прайсці агонь і ваду. Калька з англ. м. (go through flre and water). Зведаць, перанесці шмат чаго ў жыцці. Але дзіва дзіўнае: гэты Віткоўскі прайшоў усе агні і воды і ўцалеў! (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя).

Першапачатковая вобразнасць фразеалагізма ўсведамляецца як ‘быць у агні і не згарэць, быць у вадзе і не патануць’. Ва ўсходнесл. мовах выраз ўжываецца і з дадаткам медныя трубы — вобразам, вядомым яшчэ ў Старажытнай Грэцыі як сімвал урачыстасці з аркестрам. Параўн.: «Прайшоў агонь, ваду, медныя трубы. Кажуць, прайсці медныя трубы — гэта прайсці цераз славу, самае цяжкае выпрабаванне» (І.Шамякін).

Пракаціць на вараных каго. Агульны для ўсходнесл. м. Забалаціраваць, праваліць на выбарах. Людзі яму не даруюць гэтага. Думаецца, што на справаздачным сходзе пракоцяць яго на вараных (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае).

Прыведзены ўрывак-ілюстрацыя семантычна нічога б не страціў, калі б замест выразу пракоцяць на вараных застаўся толькі дзеяслоў пракоцяць; адно са значэнняў гэтага дзеяслова такое ж, як і значэнне фразеалагізма: «Мяне пракацілі… Не выбралі… Вось што здарылася…» (І.Шамякін); «Цябе могуць пракаціць» (А. Асіпенка). Такім чынам, фразеалагізм узнік на аснове слова пракаціць y выніку накладання на значэнне ‘забалаціраваць’ яшчэ аднаго значэння гэтага дзеяслова — ‘правезці’ і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам на вараных. A для такога дадатку былі пэўныя падставы: раней на выбарах у некаторыя ўстановы галасавалі белымі («за») і чорнымі («супраць») шарамі; калі чорных (вараных) шароў аказвалася ў урне больш, чым белых, то гэта абазначала, што кандыдата «пракацілі… на вараных».

Пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) дарогу (шлях, сцежку) каму, чаму, куды. Агульны для ўсходнесл. м. Ствараць спрыяльныя ўмовы для дасягнення чаго-н., якой-н. мэты, для поспеху, развіцця. У драматургіі К. Крапіва — патрыярх. Авалодаўшы самым складаным жанрам літаратуры, ён праклаў сцежку нам, малодшым, на саюзную сцэну (ЛіМ. 26.03.1976).

Утвораны на аснове фразеалагізма пракладаць сабе дарогу (гл.) шляхам апушчэння кампанента сабе і замены яго залежным ад фразеалагізма словам у тым жа склоне, y якім стаяў апушчаны кампанент.

Пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) першую баразну. Уласна бел. Быць пачынальнікам, першаадкрывальнікам у якой-н. справе. Понтус не зробіць такіх памылак. Але затое ні за што не возьмецца пракладаць першую баразну. І самае лепшае, на што здатны,выкрыць памылкі другіх (У. Карпаў. За годам год).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з пачынаннем араць зямлю плугам.

Пракладаць (правкладваць, пракласці, пралажыць) сабе дарогу (шлях). Калька з франц. (faire son chemin) або ням. (seinem Weg machen) м. Ужыв. са значэннямі ‘дабівацца добрага становішча, поспеху ў жыцці’ і ‘пераадольваючы супярэчнасці, атрымліваць распаўсюджванне, развіццё, прызнанне і пад.’. Твор… не мог не выклікаць гарачага пратэсту супраць такога жыцця, жадання вырвацца, пракласці сабе шлях да лепшай долi (К. Крапіва. Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа). Сітуацыя ў літаратурна-мастацкай крытыцы даволі супярэчлівая. У яе дзейнасці назіраюцца разнародныя тэндэнцыі, новае пракладвае сабе дарогу ў сутыкненні са старым (М. Мушынскі. Ад размоў пра поспехі ўстрымаемся).

Фразеалагізм з жывой унутранай формай.

Пракласці дарогу каму, чаму куды. Гл. пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) дарогу (шлях, сцежку) каму, чаму; куды.

Пракласці першую баразну. Гл. пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) першую баразну.

Пракласці сабе дарогу. Гл. пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) сабе дарогу.

Пракрустава ложа. Паўкалька з франц. (lit de Procruste) ці англ. (the Procrustean bed) м. Мерка, пад якую сілком, штучна падганяюць ці прыстасоўваюць што-н. Сам я не вельмі люблю дзяліцца думкамі. I не таму, што яны ганебныя. Яны не лезуць у пракрустава ложа звычнага, прынятага… (А. Асіпенка. Святыя грэшнікі).

Склаўся на аснове старажытнагрэчаскага міфа пра разбойніка Пракруста. Ён лавіў людзей, заводзіў да сябе і ўкладваў y сваю пасцель. Калі ахвяра была даўжэйшая за ложак, Пракруст адсякаў ёй ногі, a калі карацейшая — расцягваў госця да памеру ложка.

Пралажыць дарогу каму чаму, куды. Гл. пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) дарогу (шлях, сцежку) каму, чаму, куды.

Пралажыць першую баразну. Гл. пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) першую баразну.

Пралажыць сабе дарогу. Гл. пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) сабе дарогу.

Прамачыць горла. Калька з ням. (sich die Kehle anfeuchten) ці франц. (se rincer la sifflet) м. Выпіць трохі спіртнога. Кажу я Базылю: y кутку дзе прысядзем і горла прамочым, жывату дарадзім (В. Дунін-Марцінкевіч. Халімон на каранацыі).

Фразеалагізм усведамляецца як матываваны.

Праметэеў агонь. Агульны для ўсходнесл. м. Незгасальнае імкненне да высакароднай мэты. У вашай душы не патух праметэеў агонь (М. Гамолка. Шосты акіян).

Склаўся на аснове грэчаскіх міфаў пра тытана Праметэя — «самага высакароднага святога і мучаніка ў філасофскім календары» (К. Маркс). Паводле міфаў, Праметэй — багаборац і абаронца людзей. Ён выкраў з Алімпа, ад багоў, агонь і аддаў людзям, зрабіў для людзей яшчэ шмат чаго добрага: навучыў астраноміі, медыцыне, пісьму, чытанню, вадзіць караблі і інш. За гэта раззлаваны Зеўс, вярхоўны бог грэкаў, загадаў прыкаваць Праметэя да каўказскай скалы. Сюды кожную раніцу прылятаў вялізны арол і дзёўб печань прыкутага, a яна зноў загойвалася за коч. У гонар Праметэя ў Афінах святкавалі праметэі (бег з факелам і перадача яго з рук у рукі).

Прамываць (прамыць) мазгі каму. Калька з англ. м. (brainwash). Павучаючы каго-н., уздзейнічаючы на каго-н., схіляць да іншага, пабуджаць змяніць паводзіны, погляды і пад. Сёння Цімка мне мазгі прамываў. У камсамол рэкамендаваў (І.Шальманаў. Цагельня).

Складаны англійскі дзеяслоў скалькаваны па частках — як двухкампанентны выраз. Першапачаткова абазначаў ‘уздзейнічаць на псіхіку чалавека спецыяльнымі медыцынскімі прэпаратамі’.

Прамыўка мазгоў. Агульны для ўсходнесл. м. Строгая вымова, праборка, наганяй. Мяккае, абабітае дэрмацінам [крэсла], Шалянок падсоўваў таму наведвальніку, да якога меў важную просьбу ці іншы інтарэс, a калі ўжо выклікаў на «прамыўку мазгоў», дык мяккага крэсла не прапаноўваў, добра, калі кіне халодным вокам на цвёрдае (В. Карамазаў. Спіраль).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма прамываць (прамыць) мазгі каму (гл.) ‘павучаючы каго-н., уздзейнічаючы на каго-н., схіляць да іншага, пабуджаць змяніць паводзіны, погляды і пад.’.

Прапанова рукі і сэрца. Агульны для ўсходнесл. м. Просьба хлопца да дзяўчыны стаць яго жонкай. — 'Так можа быць заўсёды. Калі толькі ты гэтага захочаш,азваўся Ігар… Ларыса ўважліва зірнула на ягоны твар, бачны толькі ў профіль: — Як разумець вашы словы, сеньёр?Як прапанову рукі і сэрца (Т. Мушынская. Джульета і экстрасенс).

Утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма прапанаваць руку і сэрца (каму).

Прапісаць іжыцу каму. Агульны для ўсходнесл. м. Правучыць, пакараць каго-н. Прыйдуць нашы, прапішам мы яму іжыцу (К. Крапіва. Канец дружбы).

Іжыца — апошняя літара царкоўнаславянскай і старой рускай азбукі. На правапіс гэтай літары вучні рабілі памылкі, бо трэба было памятаць, калі пісаць и (васьмярычнае), a калі і (дзесяцярычнае) ці Υ(іжыцу) для абазначэння аднаго і таго гука і. Іжыца была прычынай пакарання школьнікаў розгамі, што і спарадзіла выраз прапісаць іжыцу — спачатку з вузкім сэнсам ‘адлупцаваць’. Дарэчы, іжыца і знешне падобная на бізун.

Праседжванне штаноў. Агульны для ўсходнесл. м. Канцылярская ці іншая праца за пісьмовым сталом. Прыкра, калі літаратар «выязджае» на адным Богам дадзеным таленце і падмацоўвае яго ў маладосці не праседжваннем штаноў y бібліятэцы, a чаканнем «натхнення» над чаркай гарэлкі… (Б. Пятровіч. Інтэрв’ю).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма праціраць (праседжваць) штаны (гл.).

Праўдамі і няпраўдамі. Гл. <усімі> праўдамі і няпраўдамі.

Праціраць (праседжваць) штаны. Агульны для ўсходнесл. м. Займацца канцылярскай ці іншай працай за пісьмовым сталом.

Чыноўніку перападае свая сціплая скібачка з алеем, ён жа штаны працірае на гасударавай службе (В. Дубінка. Дазваляльшчыкі).

У аснове фразеалагізма — крыху гіпербалізаваны вобраз аб працяглай сядзячай дзейнасці чалавека.

Працэс пайшоў. Агульны для ўсходнесл. м. Незваротны, неабарачальны рух у развіцці чаго-н. пачаўся. Армяне ўзяліся наладзіць збыт цацак у суседнюю дзяржаву. Разлічвацца абяцалі не бартэрам, a звонкай манетай.І, як кажуць, працэс пайшоў (А. Брава. Бязлітасны мой воін).

Паходзіць з маўлення М. С. Гарбачова, які ў публічных выступленнях (1985–1991) даволі часта ўжываў гэты выраз. Параўн.: «Міхаіл Гарбачоў ставіў яе [перабудовачную рэйку] на вышыню, дазволеную статутам КПСС, плюс дадаваў некалькі сантыметраў ад сябе, астуджаючы і супакойваючы нецярплівых словамі: „Працэс пайшоў!“» (А. Кудравец).

Прачытаць паміж радкоў <што>. Гл. чытаць (прачытаць) паміж радкоў <што>.

Пробны камень каго, чаго, для каго, для чаго. Калька з ням. м. (Prüfstein). Тое, што дазваляе выявіць асноўныя ўласцівасці, якасці каго-, чаго-н. [Гарлахвацкі:] Гэта будзе пробны камень і для Чарнавуса. Магчыма, што ён паспрабуе зганьбіць маю працу і скампраметаваць мяне, як савецкага вучонага. Тады мы яго і выкрыем (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучзння, якім называюць спецыяльны камень для вызначэння пробы каштоўных металаў.

Проста з моста. Агульны для бел. і польск. м. Адразу ж, без роздуму, не падумаўшы. Узяцца проста з моста за гэтую справу, нарабіць так можна шкоды для дзяржавы (Я. Купала. Над ракой Арэсай).

Першая частка выслоўя, якое ў XIX ст. ужывалася ў форме проста з моста, тарчма галавою і, як сведчыць І.Насовіч, пры абставінах, «калі хто пад выглядам праставатасці знарок рабіў якія-небудзь непрыемнасці ці страты».

Просяць (прасілі) кашы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. пры дзейніку, які абазначае назвы абутку, і мае сэнс ‘вельмі знасіліся, патрабуюць рамонту (чаравікі, боты і пад.)’. На новым боце падэшва амаль адвалілася, быццам падрэзаная па канту на левым таксама ледзь ліпела.Кашы просяць,прамовіў Лагуцін са смяшком (А. Савіцкі. Зямля раскажа).

У аснове фразеалагізма — супастаўленне дзіравага абутку з адкрытым ротам малога дзіцяці, які гэтай мімікай просіць есці.

Прыбіваць (прыбіць) да ганебнага слупа каго. Калька з руск. м. (пригвождать к позорному столбу). Клеймаваць ганьбай, сурова бічаваць каго-н. Шаройку прыйшоў канец, яго, як кажуць, прыбілі да ганебнага слупа, калі супраць яго чарговай кражы абурылісяўсе калгаснікі, увесь калектыў (І.Шамякін. У добры час).

Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым звычаем караць злачынца, прывязваючы яго на плошчы да слупа для ўсеагульнага аглядання.

Прыбіраць y <свае> рукі. Гл. убіраць (убраць; прыбіраць, прыбраць) y <свае> рукі.

Прыводзіць (прывесці) да агульнага назоўніка. Паўкалька з руск. м. (приводить к общему знаменателю). Ліквідуючы адрозненні, ураўноўваць што-н. y якіх-н. адносінах. Звер мае прапановы са сваімі варыянтамі і прывядзі да агульнага назоўніка (А. Куляшоў. Я. Хелемскаму).

Узнік y выніку пераасэнсавання састаўнога матэматычнага тэрміна.

Прывядзенне чаго да агульнага назоўніка. Паўкалька з руск. м. (приведение к общему знаменателю). Ураўноўванне чаго-н. y якіх-н. адносінах з нівеліраваннем некаторых адметнасцей. Патрабуецца прывядзенне мастацкай сутнасці теора да агульнага назоўніка… (І.Жук. Коланавыя кампазіцыі ў рытмавым існаванні празаічнага тэксту).

Узнік y выніку пераасэнсавання састаўнога матэматычнага тэрміна.

Прыгожы пол. Калька з франц. м. (le beau sexe). Жанчыны. Вытлумачыць разумнымі прычынамі Мікалаевы перамогі над прыгожым полам немагчыма (І.Навуменка. Смутак белых начэй).

Усведамляецца як матываваны выраз.

Прыгрэць змяю на сваіх грудзях. Гл. змяю гадаваць на сваіх грудзях.

Пры душы. Агульны для бел. і польск. (przy duszy) м. У наяўнасці (быць у каго-н., мець што-н., звычайна грошы). Зірнуўшы на яго [сына], Міхал зразумеў, што ніякага фальварка ў яго сына ў Полшчы няма і наўрад ці ёсць капейка пры душы (К. Чорны. Світанне).

Склаўся, відаць, на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма за душой (гл.), y якім слова душа першапачаткова абазначала ‘ямачка на шыі пад кадыком, дзе раней насілі, хавалі грошы’.

Прыйдзе коза да воза. Агульны для бел., укр. і польск, м. Выкарыстоўваецца як выказванне пагрозы, папярэджання ці прароцтва, што хтосьці некалі адумаецца, пакаецца, звернецца з просьбай. Дык, значыць, будзеце заворваць? Па-суседску, значыць, не хочаце пагадзіцца?.. Што ж, рабеце, няхай і так будзе, мо каліпрыйдзе коза да воза… (П. Галавач. Спалох на загонах).

Паходзіць з прыказкі Прыйдзе коза да воза, ды не будзе сена, другая частка якой адпала, перастала ўжывацца. У парэміялагічных зборніках XIX ст. падаюцца і такія варыянты прыказкі: Прыйдзе коза да воза прасіць сена; Прыйдзе коза да воза прасіць аброку, дастане кіем па боку; Прыйдзе каза да ваза, папросіць сена, a мы ёй пугі дамо.

Прыйсці ў сябе. Гл. прыходзіць у сябе.

Прыкладваць (прыкласці, прылажыць) руку. Агульны для амаль усіх славянскіх м. (руск. приложить руку, укр. приложити руку, польск. przylożyć rękę і г.д.). Ужыв. са значэннямі: 1) (да чаго) падпісваць які-н. дакумент, паперу, 2) (да каго) біць каго-н., 3) (да чаго) мець дачыненне да чаго-н. заганнага, удзельнічаць у чым-н. нядобрым. Нярэдка да іх пасланняў прыкладваў руку і Генка. Тады на аркушах, спісаных няроўным почыркам дырэктара дзіцячага дома, паяўляліся рознакаляровыя кружочкі, квадрацікі… (Настаўн. газ. 21.03.2002). Загадчыца магазіна… не толькі парушае правілы савецкага гандлю, але і прыкладвае руку да пакупнікоў Прасцей кажучы, б'е (Вожык. 1977. № 10). — Тут скаргі калгаснікаў. Праўда, без подпісаў. Прызнайся, ты прыклаў руку?Ёсць і мая работа (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).

Выраз у яго першым, зыходным значэнні склаўся ў старажытнай афіцыйна-справавой мове. Непісьменныя людзі замест подпісаў прыкладалі да падання ці іншага дакумента палец або руку, змазаную фарбай, пакідалі на паперы адбітак. I гэта лічылася подпісам. Два іншыя значэнні развіліся ў фразеалагізме ў выніку паўторнай метафарызацыі таго самага свабоднага словазлучэння.

Заставацца пры пікавых інтарэсах (пры пікавым інтарэсе). Агульны для ўсходнесл. м. Без таго, на што разлічваў, спадзяваўся хто-н., чаго дабіваўся. Пры пікавых інтарэсах народ застаўся. Куды ні зірні—усё пачынай спачатку, a тут табе ані хамута, ані шыі… (М. Ракітны. Этапы).

Першааснова фразеалагізма — картачная варажба, пры якой пікі (картачная масць) сімвалізуюць нядобрае.

Заставацца пры сваіх інтарэсах (пры сваім інтарэсе). Агульны для ўсходнесл. м. У тым жа становішчы, з тым, што мелася. Пакуль яго [сена] нe забралі, трэба ў хлеў укінуць. Спакойней будзе. A то, пабачыце, застанемся пры сваім інтарэсе (А. Асіпенка. Непрыкаяны маладзік).

Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца пры картачнай варажбе, a таксама пры гульні ў карты.

Прытуліць галаву дзе, да каго. Гл. галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго.

Прытча ва языцах. Запазыч. з царк. — слав. м. Прадмет усеагульных размоў, абгавораў, кпінаў і пад. Усё Азярное ведае, што Бадытчык — кулак, што яго скора знімаць будуць. Там — гэта прытча ва языцах (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Выраз з Бібліі, дзе ён выкарыстаны некалькі разоў (напрыклад, Другазаконне, 28,37), Ва языцах (во языцех) — старая форма меснага скл. мн. л, назоўніка язык (тут ён ужыты са значэннем ‘народ’). Літаральна прытча ва языцах абазначае ‘прытча ў народзе, народная прытча’.

Прыхінуць галаву дзе, да каго. Гл. галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго.

Прыходзіць (прыйсці) y галаву каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (przychodzić do głowy) м. Ужыв. са значэннямі: 1) раптоўна, выпадкова з’яўляцца ў свядомасці, 2) даходзіць да свядомасці, 3) адчуваць патрэбу ў чым-н.; хацець, наважвацца. Шафёр зірнуў насцярожана: што сакратару прыйшло ў галаву? (І.Шамякін. Атланты і карыятыды). Мне і ў галаву не прыходзіла, каб бацька найшоў на маю бяду і ўбачыў усё сваімі вачыма (А. Пальчэўскі. Калі ападала лісце). Нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца (Я. Колас. На ростанях).

Усе кампаненты фразеалагізма выступаюць як сэнсаўтваральныя, суадносныя з адпаведнымі словамі свабоднага ўжывання ў пэўных іх значэннях: прыходзіць — ‘узнікаць, з’яўляцца’, галава — ‘розум, свядомасць’. Але дзеяслоўны кампанент прыходзіць (прыйсці), калі яго разглядаюць на ўзроўні слова, мае абавязковае канструктыўна абмежаванае значэнне (прыходзіць y ш т о), тады як суадносны дзеяслоў згаданае вышэй значэнне заўсёды рэалізуе без залежнага слова-канкрэтызатара: прыйшло жаданне (І.Шамякін), думка мне прыйшла (Л. Прокша), апетыт прыйдзе (А. Васілевіч).

Прыходзіць (прыйсці) y сябе. Калька з франц. м. (revenir a soi). Ужыв. са значэннямі ‘выходзіць са стану непрытомнасці, забыцця і пад.’ і ‘пераставаць хвалявацца; супакойвацца’. Праз некалькі хвілін Агата прыйшла ў сябе, але была такою нямоцнаю, што ногі яе не трымалі (Я. Нёманскі. Тодар Базылёнак). Даведалася, што з табою зрабілася бяда, і, паверыш, тры дні не магла прыйсці ў сябе, супакоіцца (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Узнікненне фразеалагізма звязана з вераваннем, што ў часе непрытомнасці душа чалавека пакідае яго цела, a пасля зноў вяртаецца. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме на базе першага.

Прыход на свет каго, чый. Уласна бел. Нараджэнне каго-н. Бацька, расказвалі ў вёсцы, вельмі рады быў майму прыходу на свет і трывожыўся, помнячы лёс папярэдніх дзяцей (У. Калеснік. Доўг памяці).

Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага прыходзіць на свет.

Прыцягваць (прыцягнуць) за вушы (за валасы) што. Калька з франц. (tirer par les cheveux) ці ням. (an den Haaren herbeiziehen) m. (літаральна «прыцягваць за валасы»). Неапраўдана, беспадстаўна выкарыстоўваць што-н. y якасці доказаў, доваду. Успомнілася, што ў некаторых абвінавачванні, і вельмі сур'ёзныя, былі прыцягнуты, проста сказаць, за вушы (І.Мележ. Подых навальніцы).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Прышыванне ярлыкоў. Уласна бел. Аднабаковая, шаблонная ацэнка, характарыстыка каго-н. Настаў час, калі палітыка бесцырымоннага прышывання ярлыкоў пачала цярпець няўдачы (М. Чавускі. Чаму ж не смяяцца?).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага прышываць ярлыкі (каму).

Прышый кабыле хвост. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім непатрэбна, не мае дачынення да чаго-н. — Мы ведаем, што чужы. Табе ён толькі, відаць, не чужы… — Разам градусы ціснуць!.. Прымак — прышый кабыле хвост!пачуліся ў агульным шуме галасы (Я. Брыль. У Забалоцці днее).

Паводле паходжання гэта «абломак» выслоўя больш поўнай формы, якое цяпер ужываецца без другой, тлумачальнай часткі. У збор-ніках І.Насовіча, Е. Раманава, М. Федароўскага падаецца з сэнсаўтваральнай часткай: Прышый кабыле хвост, а ў яе свой ёсць.

Псаванне крыві. Уласна бел. Непрыемнасці, моцнае раздражненне. Мыслі аб выездзе з Ташкента палохаюцьБудзе многа клопатаў і псавання крыві (Я. Колас. Дзённікі).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма псаваць кроў каму (гл.).

Псаваць кроў каму; многа, нямала, колькі і пад. папсаваць крыві Калька з франц. м. (se faire du mauvais sang). Рабіць непрыемнасці каму-н., моцна раздражняць каго-н. Баламутны сын многа папсаваў крыві Паўлу і працягвае псаваць (І.Навуменка. Якая доўгая вайна).

Узнікненне фразеалагізма грунтуецца на ўяўленні, што ў чалавека пры яго раздражненні псуецца кроў, бо ў яе паступае занадта многа жоўці.

Птушынае малако. Калька з грэч. м. (gala omithon, літаральна «малако птушынае»). Ужыв. са значэннямі ‘птушкамлечнік’, ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра ежу)’ і ‘вельмі смачны торт, a таксама цукеркі асобнага гатунку’.

Гл. ілюстрацыі да гэтых значэнняў і гістарычна-этымалагічную даведку пра фразеалагізм на с. 13–15.

Пудзіла агароднае. Уласна бел. Непрыгожа адзеты ці пусты, варты смеху чалавек. — Дурніца! Пудзіла агароднае! Што нарабіла?!з кулакамі кінуўся Анатоль да Пігулеўскай, але тут жа ачомаўся, выскачыў за дзверы (А. Кандрусевіч. Кругі на Белай паляне).

Утвораны праз супастаўленне чалавека з пудзілам, якое выстаўляецца ў агародзе для адпуджвання птушак.

Пужаная варона. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пуганая ворона, укр. лякана ворона). Залішне асцярожны чалавек, які з-за перажытых выпрабаванняў баіцца нават таго, што не пагражае яму небяспекай. — Хто Васіля пабіў, га, Шылькевіч?Нея… — Дарэмна білі. Васіль нічога не ведаў. Тут вам верхавод, хаця і папаў па галаве, моцна прамахнуўся.Пужаная варона… (У. Шыцік. Ускосныя доказы).

Паходзіць з прыказкі Пужаная варона куста баіцца.

Пуп зямлі. Калька з грэч. м. Самы важны, самы галоўны; лепшы за ўсіх. Нічога — гэта не самае лепшае, безумоўна, аднак лепш, чым задзіраць нос і думаць, што ты пуп зямлі (І.Шамякін. Крыніцы).

Мяркуюць, што ў грэч. м. выраз трапіў з талмуда. Паводле старажытнаяўрэйскіх рэлігійных уяўленняў, пуп, або цэнтр, зямлі ў Іерусаліме, y алтары храма; адсюль Бог, кінуўшы ў мора камень, пачаў стварэнне свету. Такое ўяўленне пра святое месца, пуп зямлі, знаходзім і ў некаторых старажытнарускіх літаратурных помніках («Хождение в Иерусалим игумена Даниила»).

Пусканне пылу ў вочы. Агульны для ўсходнесл. м. Стварэнне падманлівага ўражання пра сябе з выхвальваннем і паказам чаго-н. Падобныя нараканні, апрача непатрэбнай мітусні і пускання пылу ў вочы, ніякай рэальнай карысці не маюць і ўвогуле з 'яўляюцца справай марнай і пустой (Я. Лецка. Згода…).

Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пыл пускаць у вочы (гл.), мае катэгарылльнае значэнне прадметнасці і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Пускаць (пусціць) пробны шар. Калька з франц. м. (envoyer un ballon d’essai). Разведваць, высвятляць што-н., ужываючы якія-н. прыёмы, хітрыкі. — Ну як?.. —Ды паступова разгортваецца клубок,невядома з якой прычыны пусціў я пробны шap.Але да канца ўсё яшчэ далёка (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў аэрастатыцы. Шар, напоўнены газам, лягчэйшым за паветра, пускаюць для выпрабавання ўмоў палёту.

Пускаць пыл у вочы каму. Гл. пыл пускаць у вочы каму.

Пустая малатарня. Уласна бел. Чалавек, які займаецца не справай, a пустымі размовамі; балбатун, пустаслоў. Гэта ж у нас з масавіком-забаўнікам як было?.. Пустая малатарня. Толькі і клёку, што язык па-за вушшу ходзіць (А. Петрашкевіч. Трывога).

Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з пустой малатаркяй, якая, калі яе барабан не запоўнены сцёбламі збажыны, пачынае прарэзліва гусці.

Пусціць чырвонага пеўня <каму, куды, дзе>. Агульны для ўсходнесл. (руск. пустить красного петуха, укр. пустити червоного півня) і польск. (puścić czerwonego koguta) м. Вобраз чырвонага пеўня лёг у аснову адпаведнага выразу ў чэшск. (posadit cerveneho kohouta na strechu), y ням. (den roten Hahn aufs Dach setzen) мовах. Выраз абазначае ‘зламысна падпаліць што-н.’ У жніўні сорак другога мы зрабілі нядоўгі рэйд за Дняпро. Мелі мэту — сарваць акупантам хлебанарыхтоўкі, пусціць чырвонага пеўня на іх склады (І.Шамякін. Снежныя зімы).

Узнікненне фразеалагізма звязваецца з тым, што ў славян сімвалам бога агню быў певень. Быў і звычай ахвяравання пеўня, каб залагодзіць, зрабіць літасцівым бога агню.

Пуцёўка ў жыццё. Паўкалька з руск. м. (путевка в жизнь). Ужыв. са значэннямі: 1) падтрымка на пачатку якой-н. дзейнасці, 2) веды, навыкі і пад. як магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю, 3) права на прыгоднасць да выкарыстання. Дапамагчы выпускнікам школы знайсці сваё месца ў жыцці закліканы педагагічныя калектывы, органы народнай асветы… (Настаўн. газ. 5.06.1976). Плоткінай я даў пуцёўку ў жыццё. Трэці разрад мае (В. Мыслівец. Задняпроўцы). Калі такое слова дасць новую фарбу, новае сэнсавае адценне, дык яму можна даць пуцёўку ў жыццё (К. Крапіва. Аб некаторых пытаннях беларускай мовы).

Гэта фразеалагізаваны крылаты выраз, ідзе ад аднайменнай назвы першага савецкага гукавога фільма (1931, сцэнарый М. Эка і А. Столпера). У фільме паказваецца шлях былых беспрытульнікаў да працоўнай камуны, да карыснай дзейнасці. Усе значэнні гэтага полісемантычнага фразеалагізма так ці іначай звязаны з першапачатковым ‘паваротны момант у жыцці, які дае права на карысную дзейнасць’.

Пуцяводная зорка. Фразеалагізм з такой жа вобразнасцю ёсць амаль ва ўсіх славянскіх мовах (параўн. y ням. м.: складаны назоўнік Leitstern — пуцяводная зорка). Першае значэнне фразеалагізма — ‘тое, што накіроўвае чыё-н. жыццё, дзейнасць’. Памяць роднай зямлі стала пуцяводнай зоркай у жыцці і Ягора Захаравіча (Полымя. 1983. № 3). У фразеалагізме развілося і другое значэнне — ‘чалавек, які вызначае чыё-н. жыццё, дзейнасць’: У жыцці ты будзь мне зоркай пуцяводнай (Я. Журба. Маё жаданне).

Склаўся на аснове евангельскай легенды. Паводле аднаго з хрысціянскіх міфаў, вешчуны, убачыўшы на небе зорку, якая была знакам таго, што нарадзіўся Ісус, пайшлі шукаць яго. «I зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, нарэшце прыйшла і спынілася над месцам, дзе было дзіця».

Пушку(-і) заліваць каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, пускаць пагалоскі. Згубы-ы захацелі… Нішчыце народ… A нам пушку заліваеце-э… (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Утварыўся, відаць, y выніку кантамінацыі рускага выразу лить пушку і дзеяслова заліваць y значэнні ‘хлусіць, ілгаць’. Гісторыя выразу ліць пушку такая ж, як і ў фразеалагізма заліваць кулі (гл.). Іншая магчымая трактоўка: выраз, як мяркуе В. М. Макіенка, мог утварыцца шляхам нарашчэння слова пушка да дзеяслова заліваць (ліць) ‘ілгаць’ пры адначасовай рэалізацыі і значэння ‘рабіць што-н. з расплаўленага рэчыва’.

Пыл пускаецца ў вочы каму. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў не фіксуецца). Робіцца падман каго-н. з мэтай стварыць пэўнае ўражанне. Выбаршчыкі ўспомнілі і тое, як пускаўся пыл у вочы, як цягалі прадукты з крамы ў краму па шляху высокага начальства ў час наведвання горада і вобласці Лігачовым… (С. Законнікаў. Выбары па-віцебску…).

Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага пыл пускаць у вочы (гл.).

Пыл пускаць у вочы. Агульны для бел. і руск. (пыль пускать в глаза) м. Дурыць, марочыць каго-н., выхваляючыся сабой. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена (І.Навуменка. Ноч y літоўскім гарадку).

Блізкія па вобразнасці фразеалагізмы ёсць y іншых мовах; напрыклад, y балг. — хвьрлям прах в очите (кідаць пыл у вочы), y серб. — харв. — бацати прашину у очи (кідаць пыл у вочы), y польск. — rzucać piaskiem w oczy), y чэшск. — sypat pisek do oci, y ням. — Sand in die Augen streuen (сыпаць пясок у вочы). Магчыма, усе яны выходзяць з адной крыніцы — з латыні, дзе pulverem ob oculos adspergete — ‘пыл у вочы сыпаць’. Адносна ўзнікнення гэтага выразу ёсць шмат гіпотэз. Найбольш прымальная з іх, відаць, тая, якая вытлумачвае сувязь паміж сучасным значэннем фразеалагізма і першапачатковым. Яго паходжанне звязваецца з народным павер’ем пра ведзьмакоў і ведзьмаў, якія часам нібыта з’яўляюцца ў віхрах і дураць, марочаць людзей, пускаючы, кідаючы ім y вочы пыл.

Пыл (туман) y вочы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пыль в глаза, укр. пыл в очі). Падман з мэтай стварыць няправільнае ўражанне. A клятвы?.. A прызнанні?.. Няўжо гэта была гульня ў каханне?.. Усё гэта, мусіць, быў пыл у вочы? (А. Ставер. Завіруха).

Назоўнікавае ўтварэнне на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма пускаць пыл (туман) y вочы каму (гл.) ‘выхваляючыся, падманваць каго-н., ствараць падманлівае ўражанне аб сабе’.

Пытанне жыцця і смерці. Калька з франц. м. (question de vie et de mort). Самае важнае, самае істотнае. Пытанні жыцця і смерці.. паўставалі перад ім [Клімёнкам] на ўвесь рост, засланялі ўсё астатняе (У. Дамашэвіч. Порахам пахла зямля).

Выраз антытэзнай пабудовы.

Пяро ўставіць (уваткнуць) каму. Уласна бел. Пакараць каго-н., прагнаўшы адкуль-н. Хацелі табе пяро ўставіць і дарэмна не ўставілі. Пашкадавалі, думалі — паправішся (К. Крапіва. Канец дружбы).

Узнікненке выразу звязваецца з дзіцячым спосабам караць аваднёў утыканнем сцяблінкі ў брушка (параўн. y апавяданні В. Каваля «Сіняя восень»: «Над іх галовамі.. гулі авадні. Гарась злавіў аднаго на сваім носе і, утыркнуўшы саломінку ў яго брухастае цела, пусціў»). Слова пяро ў спалучэнні ўставіць пяро авадню мела незвычайны сэнс: гэта і ‘сімвал палёту’, і ‘сродак запаволіць палёт’. Словазлучэнне фразеалагізавалася і стала ўжывацца ў дачыненні да людзей. Параўн. кантэкст, дзе сувязь фразеалагізма з прататыпам асабліва відавочная: «Не Маскву яму, а дулю! — Не збылося, як хацеў: мы пяро яму ўваткнулі, — ён ад нас і паляцеў» (К. Крапіва). Можна таксама звязваць паходжанне фразеалагізма з арго крымінальнікаў, дзе пяро — ‘нож’. Параўн. y апавяданні Я. Таўшчэзнага «Аперацыя „Рэмбрант“»: «— Дзяшоўка! — зароў Віцька… — 3-за цябе ледзь фартовага на пяро не пасадзіў!»

Пярун яго (яе, іх) ведае. Агульны для бел. і польск. (piorun go wie) м. Невядома. — I што яны думаюць рабіць з намі?Пярун іх ведае… (І.Сіняўскі. На правым флангу).

Узнік па аналогіі з фразеалагізмам бог яго ведае. Першапачаткова пярун тут не ‘аглушальны ўдар грому’, a ‘бог грому і маланкі ва ўсходніх славян’.

Пярэдні край чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Найважнейшы, самы адказны ўчастак. Падборка «Пярэдні край навукі» расказвае аб тых пераўтварэннях, якія адбываюццаў апошнія гады ў горадзе Обнінску… (ЛіМ. 6.10.1972).

Выраз склаўся нядаўна — пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэта метафарычна пераасэнсаваны ваенны тэрмін пярэдні край — ‘першая лінія ў раёне баявых дзеянняў’ Параўн.: «З адцзяленнем разведчыкаў дзень назіраем за пярэднім краем немцаў, пазначаючы на карце агнявыя кулямётныя кропкі» (Ф. Шкірманкоў).

Пясок сыплецца з каго. Відаць, калька з англ. м. (the sands are running out). Хто-н. вельмі стары, слабы. Бач ты, выскаляецца, a з самога ўжо пясок сыплецца (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).

Склаўся, магчыма, праз супастаўленне слабага здароўем чалавека са старым канём, з якога ў выніку захворвання скуры сыплюцца дробныя лусачкі-пясчынкі.

Пятая калона. Калька з іспан. м, (la quinta columna). Варожая агентура ўнутры краіны. Баявыя атрады міліцыі рабілі ўсё, каб перашкодзіць гітлераўцам заслаць у горад пятую калону (Полымя. 1978. № 11).

Гэты крылаты выраз узнік y 1939 г. y Іспаніі, дзе з 1936 г. ішла грамадзянская вайна паміж дэмакратыяй і фашызмам. Контррэвалюцыйныя сілы на чале з генералам Франка, карыстаючыся падтрымкай германскіх і італьянскіх фашыстаў, акружылі сталіцу рэспублікі Мадрыд. Напярэдадні яго падзення франкісцкі генерал Мола выступіў y друку з заявай: «Мы ідзём на Мадрыд чатырма калонамі, але самая небяспечная, пятая калона знаходзіцца ў самім Мадрыдзе»; генерал меў на ўвазе здраднікаў, фашыстаў, капітулянтаў y кіруючых колах Іспанскай рэспублікі, шпіёнаў і дыверсантаў, засланых у Мадрыд ці завербаваных там.

Пяты (апошні) акт. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пятый (последннй) акт, укр. п’ятий (останний) акт). З’ява, падзея і пад., якой завяршаецца што-н. Сёння рызыкаваць цікава, ласуну — шляхетная справа. Пяты акт, апошняя з ’ява (А. Хадановіч. Макабрычныя скокі).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое шырока ўжываецца ў драматычных творах, асабліва ў трагедыях. У антычнай Грэцыі трагедыя абавязкова дзялілася на пяць актаў. Пяты акт быў апошні, ім завяршалася п’еса. Таму фразеалагізм ужываецца з варыянтнасцю першага кампанента: «Разумею: вы хочаце сваё апошняе слова сказаць у апошнім акце. Што ж, няхай будзе і так» (К. Крапіва).

Пячы як бліны. Відаць, паўкалька з руск. м. (печь как блины). Вельмі хутка і многа ствараць што-н. Пячом калгасы як бліны і ліквідуем кулака, a тут працерліся штаны, і рад бы каплі малака (К. Крапіва. Плач абывацеля).

Вобразнасць фразеалагізма засноўваецца на гіпербале праз супастаўленне пэўнага дзеяння з хуткасцю пячэння бліноў.

Загрузка...