Жаба ў каляіне. Уласна бел. Нікчэмнасць, асуджаная на пагібель. — А што такое Абрамчык? Гандлярчык, і то дробны… — Жабаў каляіне, — дадае Навумовіч (Л. Прокша. Інтрыгі прэзідэнцкага двара).
Выраз з аднайменнай байкі (1927) К. Крапівы, у якой гаворыцца, як жаба, сеўшы ў каляіну, рашыла перавярнуць воз. Але: «Тут колам — хрась! I кроў і гразь… Пад кола, жаба, не падлазь». Выраз з намёкам на байку, адкуль ён паходзіць, і без намёкаў выкарыстаны ў творах І. Гурскага, А. Жука, С. Кліменценкі, Л. Прокшы, М. Чавускага і інш., напрыклад: Партыя цяпер апынулася ў ролі жабы ў каляіне (ЛіМ. 22.03.1996).
Жалезная заслона. Калька з англ. (іrоn сurtаіn) або ням. (dеr еіsеrnе Vоrhапд) м. Самаізаляцыя, сур’ёзная перашкода ў кантактах (пераважна паміж дзяржавамі). Жалезная заслонаў канцы васьмідзесятых гадоў была ўжо добра такі прыўзнята (Т. Кароткая. Дом вокнамі у заўтра).
У замежнай прэсе выраз дастасоўваўся да Савецкага Саюза, які адгарадзіў сябе «жалезнай заслонай» ад краін заходняй дэмакратыі. Выраз у яго палітычным значэнні і менавіта ў дачыненні да СССР упершыню выкарыстаў Гебельс у артыкуле «2000-ы год», апублікаваным у часопісе «Dаs Rеісh» 23.02.1945 г. Але шырокую вядомасць і пашыранасць у замежным друку гэты выраз атрымаў пасля таго, як 5.03.1946 г. быў ужыты У. Чэрчылем пры выступленні ў Фултане.
Жарты сказаць. Паўкалька з руск. м. (шутка сказать). Ужыв. як пабочнае словазлучэнне для падкрэслівання важнасці, значнасці чаго-н., абазначае ‘зусім не простая справа’. Жарты сказаць — я пабачу сапраўдных пісьменнікаў (Я. Скрыган. Світанак).
У руск. м. форма шутка сказать замест чаканай шутку сказать з’яўляецца сінтаксічным перажыткам: у помніках ХІІІ-ХІV стст. і пазнейшых часта сустракаецца назоўны скл. аб’екта пры незалежным інфінітыве.
Журавéль у небе. Агульны для бел. і руск. м. Аддаленая будучыня, нешта няпэўнае. Як бы, паверыўшы ў байкі тыя, пагнаўшыся за тым жураўлём у небе, не страціць і тое, што яшчэ засталося (І. Мележ. Людзі на балоце).
Паходзіць з прыказкі Лепш сініцаў руках, чым журавель у небе, якая абазначае ‘лепш мець што-н. пэўнае менавіта цяпер, чым спадзявацца на большае і лепшае ў аддаленай будучыні’ і спарадзіла два фразеалагізмы (гл. сініца ў руках).
Жывы труп. Відаць, калька з франц. м. (саdаvrе vіvаnt). Вельмі слабы, хворы, блізкі да смерці чалавек. Даведаўшыся, што ў Каляды быў партызанскі доктар, прыехалі эсэсаўцы, каб забраць яго, але, паглядзеўшы, махнулі рукой. «Гэта жывы труп», — сказаў эсэсаўскі афіцэр (І. Гурскі. У агні).
Пабудаваны на мастацкім прыёме аксюмарана — наўмыснага спалучэння двух слоў неаднолькавай часціны мовы, якія выражаюць лагічна неспалучальныя паняцці і ўзаемна выключаюць адно аднаго.
Жыў курылка. Запазыч. з руск. м. (жив курилка). Вокліч задавальнення, захаплення, здзіўлення і пад. пры ўпамінанні пра таго, хто, нягледзячы на што-н., існуе, жыве, дзейнічае. Нарэшце [Ніна Іванаўна] пачула, як заскрыпела крэсла, як цяжка ўздыхнуў абражаны муж. «Жыў курылка» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Узнікненне фразеалагізма звязана з сімволікай старажытнай народнай гульні з запаленай лучынай, якую перадавалі з рук у рукі, пакуль яна не згасне. Гульня суправаджалася песняй, што пачыналася так: «Жив, жив курилка, жив, жив, да не умер». Выраз падаецца ў «Руска-беларускім слоўніку» і «Беларуска-рускім слоўніку». Параўн. у І. Насовіча: «Жыў быў курылка, дый памёр. — Кажуць жартаўліва, калі дагарэўшая лучына гасне раптам».
Жыўцом з’есці каго. Агульны для бел. і ўкр. (живцем з’істи) м. Замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем. Можа, вы мяне, братцы, аслабанілі б як… Ізноў жа… жыўцом мяне жонка з’есць, бо й так я забавіўся… (МЛынькоў. На чырвоных лядах).
Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку пераноснае значэнне слова з’есці ‘замучыць нападкамі, ганеннем’ накладзена яшчэ адно, прамое значэнне гэтага ж слова ‘скарыстаць на яду’ з адначасовым дапаўненнем гэтага значэння экспрэсіўным дадаткам жыўцом ‘у жывым стане’ Параўн. ужыванне дзеяслова з’есці і фразеалагізма жыўцом з’есці ў наступным урыўку: «З’есць мяне шэф, калі даведаецца, далібог, жыўцом з’есць…» (І. Новікаў).