Гавары з чортам пацеры! Уласна бел. Выказванне абурэння, незадавальнення тым, з кім немагчыма весці размову, ніяк нельга дамовіцца. — Ніхто вам зайздросціць не стане. — Вось і гавары з чортам пацеры! Відаць, не ўсім вялікім пад святымі сядзець (А. Махнач. На паляванні).
Пацеры — малітва, тэкст, які гавораць вернікі, калі звяртаюцца да Бога. У вобразнай аснове фразеалагізма як бы супрацьпастаўляюцца Бог (праз пацеры) і чорт; з гэтага вынікае зыходны сэнс: немагчыма гаварыць з чортам тое, што яму проціпаказана.
Гаворыць сам(-а, — о, — і) за сябе. Калька з лац. м. (rеs ірsа рег sе vосіfегаtur; літаральна «справа гаворыць сама за сябе»). Выразна сведчыць пра што-н., не патрабуючы іншых пацвярджэнняў. Ужо адзін факт, што Саід мае тры аўтамашыны, гаворыць сам за сябе (А. Мяснікоў. Рэаліі Арабскіх Эміратаў).
Тут дзеяслоўны кампанент — сэнсаўтваральны, суадносны са значэннем ’сведчыць аб чым-н., паказваць на што-н.’.
Гадаваць змяю на сваіх грудзях. Гл. змяю гадаваць на сваіх грудзях.
Гадзіна (змяя) падкалодная. Агульны для бел. і руск. (змея подколодная) м. Агідны, шкодны, каварны чалавек, які дзейнічае спадцішка. Адцураўся сын, выракся… Гэта Альжбета так яго навучыла, змяя падкалодная… Гэта ж трэба — прыедзе, а да бацькі і воч не пакажа… (М. Гіль. На заходзе сонца).
Узнік у выніку супастаўлення каварнага чалавека з гадзінай (змяёй), што хаваецца пад калодай і джаліць спадцішка.
Гадзіны(-а) пік. Калька з франц. (hеurеs dе роіntе) ці паўкалька з англ. (реаk hоurs) м. Час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, прадпрыемства і пад. У магазіне было цесна і душна, як у тралейбусе ў гадзіну пік (А. Крыга. Паўночны фарватэр).
Гад печаны. Уласна бел. Агідны, шкодны чалавек. Гэтак жа нацярпеліся ад таго гада печанага, дык ва ўсіх языкі паразвязаліся: усё яму прыгадалі, за ўсё аддзячылі (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).
Узнік у выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка). Выраз абазначае тое самае, што і слова гад у сваім другім, пераносным сэнсе (‘вылюдак’), але адрозніваецца павышанай экспрэсіўнасцю, бо «нарошчаны» кампанент-прыметнік лагічна можа спалучацца са словам гад толькі ў яго зыходным значэнні ‘змяя, гадзюка’. Пры ўзнікненні фразеалагізма адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух значэнняў, накладанне на прамое значэнне ‘змяя’ пераноснага з далейшым далучэннем экспрэсіўнага дадатку. Параўн. ужыванне слова гад і фразеалагізма гад печаны ў наступным урыўку: «Я гэтага гада ведаю… Ён строіў з сябе такога пільнага, адданага, што другога такога, як ён, пашукаць трэба было… А сам, гад печаны, вунь куды меціў. У фюрэры» (Р. Сабаленка). Або: «Ох, гад жа я, гад печаны. Як толькі хапала ў мяне дзёрзкасці сказаць табе кепскае слова і падняць на цябе руку!» (Я. Колас).
Гады ў рады. Уласна бел. Занадта рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі (бываць дзе-н., бачыцца, сустракацца з кім-н., зайсці куды-н. і пад.). Жэня паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі (Я. Брыль. Золак, убачаны здалёк). Зрэдку фразеалагізм ужыв. і з перастаноўкай кампанентаў (у форме рады ў гады). А кніжка ж не з тых, якія чытач бярэ і будзе браць у рукі толькі «рады ў гады» (Ф. Янкоўскі. Навукова, грунтоўна).
Знешняя нелагічнасць унутранай формы гэтага фразеалагізма вытлумачваецца тым, што тут спайка кампанентаў рэгулюецца рыфмай. У падобных рыфмаваных выразах фармальнае нярэдка пераважае над лагічным, семантычным. Магчыма, у аснове фразеалагізма — вобраз гадоў, выстраеных у рады. Абумоўлены рыфмай кампанент рады першапачаткова мог асацыіравацца з радзей, чым трэба, чым хацелася б. Параўн. у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча: рэдзь у рэдзь ‘вельмі рэдка’.
Газеты чытаць. Уласна бел. Галадаць (звычайна пра каня). [Ладымер: ] Мы старыя гаспадарскія хлявы паразбіралі, а новага не паробім, от на зіму і паставім коні на скавышы газеты чытаць (К. Чорны. Лета).
Склаўся, відаць, на аснове даўнейшага, зафіксаванага І. І. Насовічам выразу глагалы чытаць ‘іржаць, будучы без корму’, першапачатковае значэнне якога ‘гучна чытаць малітвы на пачатку ютрані — ранішняй царкоўнай службы’ Устарэлае і незразумелае глагалы было заменена словам газеты.
Галава варыць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы. Васька — маладзец: галава варыць у яго (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі).
Можна лічыць, што кампанент галава тут удзельнічае ў стварэнні агульнага фразеалагічнага сэнсу сваім зыходным, першасным значэннем ‘верхняя частка чалавечага цела, якая заключае ў сабе мозг’ — з патэнцыяльнымі семамі, якія ў слоўнікавых дэфініцыях не паказваюцца: ‘умяшчальня разумовых здольнасцей’. Параўн., напрыклад: «Галава ў яго не дурная…» (Ц. Гартны). Або: «Сэрца ў цябе залатое. А галава, дык я ўжо і не ведаю, як сказаць… міністэрская, не іначай» (К. Крапіва). Дзеяслоўны ж кампанент варыць выконвае фразеўтваральную функцыю. Параўн. паралелі ў некаторых іншых мовах: польск. głоwkа ргасujе (літаральна «галоўка працуе»), балг. сече главата (літаральна «працуе галава»), іспан. саbеzа сагburа (літаральна «галава карбюрыруе»), турэц. кufаsі іаlетеk (літаральна «галава робіць»).
Галава тлуміцца чыя, каго чым, кім. Уласна бел. Хто-н. уводзіцца ў зман, заблытваецца кім- ці чым-н. У маналозе даецца ясны адказ на ўсе гэтыя «быць альбо не быць», якімі ўжо каторае дзесяцігоддзе тлумяцца галовы неразумных людзей (В. Гігевіч. I сказана было…).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага тлуміць (дурыць) галаву (каму), першае значэнне якога — ‘знарок падманваць каго-н.’.
Галаву мыліць (намыліць) каму. Абазначае ‘моцна прабіраць каго-н., выгаворваць з дакорам’. Бывала, у нас, на Кубані, калі жніво, камбайн пастаіць у стэпе гадзіну, то таму камбайнеру галаву адразу намыляць. А тут!.. (І. Мележ. Мінскі напрамак).
Ужыв. толькі ва ўсходнесл. м., і гэта дало падставу некаторым даследчыкам звязваць узнікненне фразеалагізма з даўнейшай бестэрміновай салдацкай службай у Расіі, са звычаем брыць навабранцам ілбы, а значыць, і намыльваць галаву. На самай справе выраз намыліць (мыліць) галаву склаўся ў XIX ст. на аснове фразеалагічнай калькі з ням. м. (dеп Корf wаsсhеп — «галаву мыць»; параўн. у сучаснай польск. м.: zmуć — таксама калька з ням. м.). Ва ўсходнесл. м. атрымалася замена дзеяслоўнага кампанента словам той жа семантычнай групы (мыць — мыліць).
Галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго. Калька з царк. — слав. м. (приклонить главу). Знайсці прыстанішча, жыць, знаходзіцца дзе-н. ці ў каго-н. А каму цяпер лёгка? Да самага Падмаскоўя ўсё спалена, зруйнавана, адны коміны стаяць, галавы няма куды прыхінуць (С. Грахоўскі. Ранні снег). Я прашу вас… мне каб толькі… галаву прыхіліць… дачакаць дню… (Э. Самуйлёнак. Будучыня).
Крыніцай выразу паслужыў евангельскі тэкст (Лука, 9, 58). Ісус сказаў пра сябе беспрытульнаму бедняку: «Лісіцы маюць норы і птушкі свае гнёзды, а сын чалавечы не мае дзе прыхінуць галаву».
Галасаваць (прагаласаваць) абедзвюма рукамі за кого, за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. голосовать обеими руками, укр. голосувати обома руками). З вялікай ахвотай і поўнасцю падтрымліваць каго-, што-н. — Палешукі абедзвюма рукамі галасуюць за Саветы, — адказаў Галавін, — аднак баяцца, што адна Беларусь не выстаіць супраць белапольскіх легіянераў (І. Гурскі. Вецер веку).
Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.). У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Галопам па еўропах. Запазыч. з руск. м. (галопом по европам). Павярхоўна, не сур’ёзна, не ўдаючыся ў дэталі (рабіць што-н.). Аўтар нават не перагарнуў падручнікі, не кажучы ўжо пра тое, каб прайсціся па іх хоць бы ў сваёй манеры «галопам па еўропах» (Р. Шкраба. Супраць нігілізму і дылетанцтва ў літаратуразнаўстве).
Паходзіць ад назвы апублікаванага ў 1928 г. артыкула рускага паэта А. А. Жарава. У артыкуле апісваецца кароткая паездка аўтара па краінах Еўропы.
Ганяць гусей. Уласна бел. Ужыв. у дачыненні да п’янага са значэннем ‘ісці хістаючыся’. Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы і, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ўбакі, гроб нагамі зямлю, падаў (Г. Далідовіч. Гаспадар-камень).
Склаўся на аснове аднайменнага свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарызацыі. Пастух, гонячы чараду гусей, мусіць ісці ўслед за імі не па прамой, а па ламанай лініі.
Гарадзіць плот. Уласна бел. Выкручваючыся ў размове, гаварыць глупства, выдумляць што-н. Янка, Янка! Што віляеш? Каго за нос водзіш? Ці мяне за дурня маеш? Што ты плот гародзіш? (Я. Колас. Як Янка забагацеў).
Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў дзеяслова гарадзіць (‘ставіць што-н.: паркан, плот і пад.’ і ‘гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам плот.
Гарачая галава. Калька з франц. (têle сhаudе) ці ням. (еіn hіtzіgеr Корf) м. Нястрыманы, неразважлівы чалавек, які захапляецца, дзейнічае паспешліва. Хто пра іх паклапоціцца, абароніць ад такіх гарачых галоў, як ротмістр Ягашын? (І. Шамякін. Першы генерал).
Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з такімі ж словамі свабоднага ўжывання ў пэўных іх перыферыйных значэннях ці адценнях: гарачы — са значэннем ‘запальчывы, нястрыманы’: «Юра гарачы, упарты» (Я. Бяганская); галава — з адценнем ‘чалавек як носьбіт якіх-н. уласцівасцей, якасцей’: «Букрэй быў вядомы ў батальёне як адважная, смелая, камбінатарская галава» (Я. Колас). Дарэчы, у ням. м. прыметнік hіtzіg абазначае ‘гарачы, запальчывы’, а складаны назоўнік Ніtzkорf — ‘запальчывы чалавек’.
Гарматнае мяса. Калька з франц. м. (сhаіr а сапоп). Салдацкая маса, асуджаная на знішчэнне, на пагібель. Гарматнае мяса скуплялі вярбоўшчыкі ўсюды ў цёмных прытонах зямлі (П. Панчанка. Да ганебнага слупа!).
Крылаты выраз належыць франц. пісьменніку Ф. Шатабрыяну, які ў памфлеце «Пра Банапарта і Бурбонаў» (1814) пісаў, што пры Напалеоне пагарджалі чалавечым жыццём і Францыяй, а «навабранцаў называлі сыравінай і гарматным мясам».
Геркулесавы слупы чаго. Ужыв. ва ўсходнесл., польск. і некаторых іншых мовах са значэннем ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-н.’. Тры арыфметычныя дзеянні — складанне, адыманне і множанне — з’яўляліся геркулесавымі слупамі яго [Дамініка Ануфрыевіча] пісьменнасці (В. Івашын. Янка Купала).
Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, міфы пра подзвігі Геркулеса. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўлення старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».
Гісторыя з геаграфіяй. Агульны для ўсходнесл. м. Нечаканы ход падзей, непрадбачаныя абставіны. — Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? — Ах, гэта доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага (В. Быкаў. Жураўліны крык).
Даўней у школах царскай Расіі выкладаўся прадмет «гісторыя з геаграфіяй». Ад гэтай назвы і ўзнік фразеалагізм, які будуецца на каламбурным сутыкненні і адначасовым выкарыстанні двух значэнняў слова гісторыя: ‘вучэбная дысцыпліна’ і ‘здарэнне, выпадак’.
Глухая цяцера. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глухая тетеря, укр. глуха тетеря). Ужыв. у дачыненні як да жанчыны, так і да мужчыны і абазначае ‘чалавек, які кепска чуе’. I так, відаць, Хвядосу было прыемна валтузіцца з возам, што ён не пачуў, калі падышла Насця. Яна пабаялася, каб хоць не злякаць гэтую глухую цяцеру, і яшчэ за колькі метраў моцна кашлянула: — Кхе-кхе! (В. Гардзей. Жыта ганьбу не заслоніць).
Утварыўся на аснове фразеалагізма глухі цецярук (гл.).
Глухі цецярук. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глухой тетерев, укр. глухий тетерук). Мужчына, які кепска чуе. [Макрына: ] Тады сядзі на печы і не швэндайся па хатах!.. [Мікола: ] Але ў латах! Увесь у латах… ведама, бедны!.. [Макрына: ] Ото, глухі цецярук!.. (У. Галубок. Краб).
Склаўся на аснове назіранняў за паводзінамі цецерука ў часе такавання. Будучы вельмі асцярожнай і чуткай птушкай, цецярук на такавішчы, распусціўшы крылле, «песняю выклікае, падзывае сваю сяброўку» (А. Бялевіч) і тады нічога не чуе і не бачыць. У гэты час да яго можна лёгка падысці паляўнічаму.
Глядзець (глянуць) праз (скрозь) пальцы на каго, на што. Калька з ням. м. (durсh dіе Fіпдег sеhеn). Свядома не заўважаць што-н., знарок не звяртаць увагу на што-н. (часцей адмоўнае). Нават камісар брыгады Павел Адамавіч, вельмі строгі даўсялякіх «анархічных выбрыкаў», як ён казаў, на гулянку разведчыкаў глядзеў скрозь пальцы (І. Шамякін. Шлюбная ноч).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Глядзець праз ружовыя акуляры на каго, на што. Калька з ням. м. (durch rоsіgе Вгіllе sеhеn). Не заўважаючы недахопаў у кім-, чым-н., ідэалізаваць каго-, што-н. [Касцюшка] проста начытаўся кніг і глядзеў на жыццё, на свет праз ружовыя акуляры (І. Навуменка. Летуценнік).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Глядзець праз (цераз) чорныя акуляры на каго, на што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. смотреть сквозь черные очки, укр. дивитися крізь чорні окуляри). Не заўважаючы нічога добрага ў кім-, чым-н., чарніць, ганьбаваць каго-, што-н. Адкульу цябе гэтая хвароба? На ўсё глядзіш цераз чорныя акуляры. Лазавенка цябе падседжвае, «топіць»… Ладынін яму дапамагае… (І. Шамякін. У добры час).
Узнік як антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма глядзець праз ружовыя акуляры на каго, на што (гл.).
Глядзець у корань. Паўкалька з руск. м. (смотреть в корень). Унікаць у сутнасць, звяртаць увагу на самае істотнае, галоўнае ў якойсьці справе. Трэба глядзець… у корань! Дарогі назад няма, так і скажыце ўсім (І. Мележ. Подых навальніцы).
Крылаты выраз, аўтар якога К. Пруткоў. У яго «Думках і афарызмах» (1854) пад нумарам 6 ідзе: «Смотри в корень!»
Глядзець у лес. Гл. у лес глядзець.
Глянуць праз пальцы на каго, на што. Гл. глядзець (глянуць) праз (скрозь) пальцы на каго, на што.
Гнацца (пагнацца) за двума зайцамі. Агульны для ўсходнесл. м. Брацца адразу за некалькі спраў. Касцюшка ідзе да рэдактара з заявай аб звальненні. Нельга гнацца за двума зайцамі. Трэба выбіраць адно: работу ў газеце ці заняткіў аспірантуры (І. Навуменка. Летуценнік).
Паходзіць з прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнога не зловіш і знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘калі возьмешся адразу за некалькі спраў, не даб’ешся вынікаў ні ў адной’. Дзеяслоўны кампанент фразеалагізма набыў здольнасць рэалізаваць розныя формы: ганюся, гонішся, пагналіся і інш.
Гнуць <сваю> спіну (горб). Калька з франц. м. (соurbеr lе dos). Ужыв. са значэннямі ‘мардаваць сябе працай’ і ‘працаваць на каго-н.’ Цяпер рабочыя пакажуць, як з імі трэба абыходзіцца. Годзе гнулі свае спіны (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Парадак, пры якім адны пануюць, другія — гнуць на іх спіну, Рагамед лічыў асуджаным на пагібель (І. Навуменка. Смутак белых начэй).
Фразеалагізм з жывой унутранай формай.
Гог і магог. Відаць, паўкалька з англ. м. (Gоg аnd Мадод). Люты чалавек, які выклікае страх. Пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося: — Вось яго прывялі… На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі… (У. Караткевіч. Госць прыходзіць на золкім світанні).
Выток фразеалагізма — Біблія. У ёй (Апакаліпсіс, 20; Іезікііл, 38, 39) згадваецца Гог як люты цар і яго царства Магог, дзе жыў дзікі, бязлітасны народ. У п’есе Ю. Станкевіча «Армагедон — 1895» у ліку дзейных асоб выступаюць Гога, Магога, Даджам. Ёсць і аўтарскае «неабходнае тлумачэнне»: «У старажытнай хрысціянскай міфалогіі ў тэкстах, характэрных для ўсіх рэлігій, згадваюцца Гога і Магога — дзве асобы (ці два дзікія народы), прышэсце якіх павінна было папярэднічаць Страшнаму суду. У Каране Гог і Магог таксама ўспамінаюцца як дзве асобы, якія жывуць у „скрайніх межах Зямлі“, Даджам (Шайтан) трымае іх у сваім падпарадкаванні».
Голаму за пазуху. Уласна бел. Зусім кяма (чаго-н.). Работа Івану Красоўскаму ўсё не траплялася, прыпасаў — голаму за пазуху, а голад — не цётка, кішкі марша гралі (І. Новікаў. Да світання блізка).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на алагізме.
Голас у пустыні. Гл. <марны> лямант (голас) у пустыні.
Голы кароль. Агульны для ўсходнесл. м. Пасрэдны чалавек з прэтэнзіяй на аўтарытэт ці з перабольшаным аўтарытэтам. Уяўляеце вы сабе сімпатычнага брандахлыста, фантазёра, які проста голы кароль? (У. Караткевіч. Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў).
Паходзіць як абазначэнне пэўнага паняцця з прыказкі Кароль <жа> голы, якая выражае суджэнне, выступае не як намінатыўная, а як камунікатыўная адзінка з сэнсавай і інтанацыйнай завершанасцю. Яе сэнсавы змест — ‘якая-н. палітыка або чый-н. аўтарытэт на самай справе беспадстаўныя, фальшывыя, уяўныя’: «У грамадстве культывавалася „палітыка згоды“ (модная не толькі зараз), калі ніхто не адважваўся сказаць, што кароль жа голы» (Звязда. 1.01.1993). Гэта прыказка паводле паходжання — калька з дацкай м., а па сферы першапачатковага ўжывання — крылаты выраз з казкі Х. К. Андэрсена «Новае ўбранне караля» (1837). У ёй расказваецца, як два ашуканцы ўзяліся выткаць для караля найтанчэйшую тканіну і сшыць яму адзенне, якое не маглі бачыць толькі дурні ды тыя, хто не адпавядае сваёй пасадзе, прызначэнню. Падмануты кароль у гэтым «адзенні», а фактычна галышом ішоў па вуліцы. Усе, баючыся апынуцца ў дурнях, захапляліся хараством каралеўскага «адзення». I толькі адзін хлопчык закрычаў: «А кароль жа голы!» Усім стала зразумела, што яны абдураныя.
Гол як сакол. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі бедны. Уваходзіў у хату ён гол як сакол… доўга думаў над доляй сваёй (А. Куляшоў. Млынар).
Аналагічная вобразнасць і той жа каламбурны прыём утварэння назіраюцца ў сінанімічным балг. фразеалагізме гол като пушка. I пушка (‘стрэльба’), і сакол — словы ваеннай лексікі, толькі другое — гістарызм, якім даўней называлі вялікі чыгунны таран для разбурэння крапасных сцен. Яго падвешвалі на ланцугах, разгойдвалі і канцом білі ў сцяну ці вароты. Сакол быў гладкі, «голы». У аснове фразеалагізма — адначасовае выкарыстанне двух значэнняў прыметніка голы: ‘бедны’ і ‘неапранены’; на першае значэнне накладзена другое, якое выклікала адпаведнае параўнанне (як сакол). Рыфмічнае сугучча — дадатковы сродак «спайкі» фразеалагізма.
Гордзіеў вузел. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Заблытаная справа, складанасць, цяжкасць. На жыццёвым шляху кожнага чалавека трапляюцца свае гордзіевы вузлы (А. Карпюк. Пушчанская адысея).
Паводле міфа, Гордзій, да таго як стаў царом Фрыгіі, быў простым земляробам. Калі ён араў на валах, арол сеў на ярмо. Гэта прадказвала Гордзію, як растлумачыла прарочыца, царскую ўладу. Якраз у фрыгійцаў у хуткім часе не стала цара, і яны, выконваючы волю аракула, выбралі таго, хто першы на калёсах ехаў па дарозе да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій паставіў калёсы ў храм, а ярмо прымацаваў да дышля такім заблытаным вузлом, што ніхто не мог яго развязаць (гл. секчы гордзіеў вузел).
Гром грымнуў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. гром грянул, укр. грім вдарив). Узнікла небяспека, пагроза; здарылася бяда. Калі карэктура нумара з тваёй камедыяй «Таблетку пад язык» і паэмай «Варшаўскі шлях» была падпісана ў друк, грымнуў гром (К. Кірэенка. Размова з Андрэем Макаёнкам).
Паходзіць з прыказкі Пакуль гром не грымне (не загрыміць), мужык не перахрысціцца, сэнс якой — ‘пакуль не здарыцца непрыемнасць, бяда, бестурботны чалавек не думае пра гэта’.
Грош цана <у базарны дзень> каму, чаму. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-, што-н. не мае ніякай каштоўнасці, нічога не варты (не варта). Калі немец будзе адчуваць сябе гаспадаром у нашым родным кутку — грош нам цана (К. Чорны. Герой Савецкага Саюза Ціхон Піменавіч Бумажкоў). Паказанню таму грош цана ў базарны дзень (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).
Першапачаткова ўжываўся ў форме грош цана, яго літаральнае значэнне — ‘самая мізэрная цана’. Узнік, відаць, пасля таго як у выніку грашовай рэформы 1838 г. у Расіі грош стаў самай дробнай разменнай манетай — паўкапеечнай. Пашырэнне кампанентнага складу фразеалагізма экспрэсіўным дадаткам у базарны дзень — з’ява пазнейшага часу.
Грушы (грушкі) на вярбе. Агульны для бел., укр. (на вербі груші) і польск. (guszkі nа wiеrzbіе) м. Недарэчнасць, несусвеціца. Фантазія неадлучная ад логікі, свайго фундамента. Іначай гэта — грушы на вярбе (У. Караткевіч. Самая цікавая навука — жыццё).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі.
Грэбці (грабці, заграбаць) лапатай грошы. Агульны для ўсходнесл. м. Многа зарабляць, атрымліваць, нажываць (грошай). Людзі, далёкія ад маёй прафесіі, думаюць, што архітэктары грабуць грошы лапатай (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Засноўваецца на гіпербале. Відаць, напачатку меліся на ўвазе не папяровыя, а металічныя грошы, якія можна «грэбці лапатай». Лапата тут прылада не металічная, якой капаюць зямлю, а драўляная, з шырокім ніжнім канцом для перамяшчэння, перамешвання зерня на таку.
Грэць (пагрэць) рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. греть руки, укр. гріти руки). Нажывацца несумленным спосабам. Усе — хто менш, хто больш — грэлі рукі на панскім дабры (С. Александровіч. Крыжовыя дарогі).
Мяркуюць, што ў літаратурную мову гэты выраз прыйшоў як унутранае запазычанне — са зладзейскага жаргону.
Губа не дура ў каго. Агульны для бел. і руск. м. Хто-н. мае добры густ, умее выбраць найлепшае. — Што, ужо ўлюбіўся?.. — Мог бы, а што ты думаеш. — Хм. Губа не дура. Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Паходзіць з прыказкі Губа не дура: знае, што прымае. У XIX ст. яна мела, як сведчыць І. І. Насовіч, вузкае значэнне: выкарыстоўвалася, з жартаўлівым адценнем, толькі пры пачастунку. «Абломак» былой прыказкі набыў у сучаснай мове куды шырэйшы сэнс.
Губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву. Калька з франц. м. (регdrе lа têtе). Ужыв. са значэннямі ‘бянтэжыцца, пазбаўляцца развагі, не ведаць ад хвалявання, як паступіць, што рабіць’ і ‘безразважна, моцна ўлюбляцца ў каго-н.’ Ва ўсякія пераплёты трапляў Дубок у першыя дні вайны і за час свайго партызанства і ніколі не губляў галавы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Валя баялася, каб ён [Лукашык] па вачах не зразумеў яе патаемных думак і страхаў, каб не падумаў, што яна страціла ад яго галаву (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Можна таксама лічыць, што тут назоўнікавы кампанент — сэнсаўтваральны, суадносны з адным са значэнняў слова галава (‘розум, свядомасць, развага’).
Гула асмаленая. Уласна бел. Зусім нічога не (атрымаць, зрабіць, дастанецца і пад.). Грошы кладуць у кішэню Ліскоўскія, вы нават не ведаеце колькі. Вам жа з рэдактарам — падстаўным, трэба сказаць, — гула асмаленая (Я. Колас. На ростанях).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе гула — «вытачаная ці выразаная з дрэва моцная кулька-шарык, якую ў гульні ганялі ўдарамі палкі»; «гулу звычайна абсмальвалі над агнём» (Ф. Янкоўскі).
Гульня з агнём. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра с огнем, укр. гра з вогнем). Неасцярожныя, рызыкоўныя дзеянні без уліку магчымай небяспекі. — А гульня ў вас была з агнём, — гаварыў нараспеў Высоцкі, пасміхваючыся сваімі чорнымі, як вугаль, вачыма (І. Гурскі. У агні).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць з агнём, які абазначае ‘дзейнічаць неасцярожна, не лічачыся з небяспекай’.
Гульня слоў. Калька з франц. м. (jеu dе mоts). Дасціпны, каламбурны выраз. [Вера] хацела, каб гэта гучала як жарт, як своеасаблівая гульня слоў, ды не выйшла так, як хацела (А. Кулакоўскі. Расстаёмся ненадоўга).
Гульня ў адны вароты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в одни ворота, укр. гра в одне ворота). Аднабаковая дзейнасць з непрыманнем чужых поглядаў, інтарэсаў і пад. Размова за круглым сталом усё нагадвала напачатку гульню ў адны вароты. Кожны даказваў перавагі прапарцыянальнай сістэмы выбараў (Нар. газета. 16.11.1994).
Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у адны вароты (гл.).
Гульня ў бірулькі. Агульны для бел. і руск. (игра в бирюльки) м. Марная трата часу, бескарысны занятак. Ананімшчына — гэта была не проста гульня ў бірулькі. Гэта была тактыка мярзотнікаў распраўляцца з тымі, хто перашкаджае жываглотам, хто паўстае ў іх на шляху ў дасягненні сваіх мэт (А. Петрашкевіч. I разгляду не падлягае).
Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у бірулькі (гл.), мае катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.
Гульня ў жмуркі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в жмурки, укр. гра у жмурки). Скрытыя дзеянні, утойванне чаго-н. [Планы] вызначаліся без грунтоўнага разліку, нават без клопату, якую выгаду дасць выкананне іх дзяржаве і тым, хто націраў мазалі. Недарма Варанецкі называў такія планы гульнёйу жмуркі (I. Дуброўскі. Зямныя вузлы).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у жмуркі (гл.).
Гульня ў кошкі-мышкі (у ката і мышку). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в кошки-мышки, укр. грати в кота й мишки). Хітрасць, імкненне падмануць, правесці каго-н. Машыністу; напэўна, надакучыла ўся гэта гульня ў кошкі-мышкі, і ён даў сеісток (У. Нядзведскі. Хлопцы з другога корпуса). Лазавенка засмяяўся: — Глядзіце, Байкоў і Раднік памірыліся. Скончылася гульня ў ката і мышку (І. Шамякін. У добры час).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у кошкі-мышкі (у ката і мышку) (гл.).
Гульня ў маўчанку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в молчанку, укр. гра в мовчанку). Адмоўчванне, ухіленне ад размовы. Ні ён, ні яна не паступіліся сваім гонарам і ўвечары — гульня ў маўчанку зацягнулася на ўсе апошнія дні (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).
Утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у маўчанку (гл.).
Гульня ў паддаўкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в поддавки, укр. гра в піддавки). Хітраватая згода, наўмысныя ўступкі. Дабрэню пачынала надакучваць гэтая гульняў паддаўкі; што б ён ні сказаў, Лёнька адразу ж пагаджаўся (А. Асіпенка. Канец бабінага лета).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у паддаўкі (гл.).
Гульня ў хованкі. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. играть в прятки, укр. гра в хованки). Скрытыя дзеянні, утойванне чаго-н. ад каго-н. Андрэй нічога не разумеў. Навошта Тарашчуку нейкія блокі? Навошта трэба прадаўжаць гульню ў хованкП (А. Асіпенка. Новы сакратар).
Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у хованкі (гл.).
Гуляць (згуляць) у паддаўкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в поддавки, укр. грати в піддавки). Ісці на ўступкі, хітравата згаджаючыся з кім-н. Сотнікаў.. не ведаў, як лепш: гуляцьу паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні (В. Быкаў. Сотнікаў).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з гульнёй у шашкі, у якой выйграе той, хто хутчэй аддасць усе свае шашкі праціўніку.
Гуляць (пагуляць) у кошкі-мышкі (у ката і мышку). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в кошки-мышки, укр. грати в кота й мишки). Хітраваць, стараючыся падмануць, правесці каго-н. Я прыехаў да Антаніны без дасягненняў, якія б мелі вартасць у яе вачах. У гэтым прычына таго, што мы бясконца гуляем у кошкі-мышкі… (І. Навуменка. Развітанне ў Кавальцах).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з дзіцячай гульнёй. Яна заснавана на падабенстве з тым, як кот ці кошка, перш чым з’есці мышку, гуляюць са сваёй ахвярай. Гл. пра гэта ў прыпавесці В. Быкава «Кошка і мышка».
Гуляць у адны вароты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в одни ворота, укр. грати в одне ворота). Дзейнічаць аднабакова з непрыманнем чужых поглядаў, інтарэсаў і пад. Рэдакцыя таксама прызвычаілася гуляць у адны вароты, заціскае рот апанентам… (У. Агіевіч. Рэха з бочкі).
Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння з галіны спорту, дзе яго дастасоўваюць да мацнейшай каманды, якая перамагае сапернікаў.
Гуляць у бірулькі. Паўкалька з руск. м. (играть в бирюльки). Займацца пустымі справамі, дарма траціць час. Гуляцьу бірулькі, Лізура, не будзем. Лёс нас звёў мусіць, надоўга і моцна. Ты ія будзем рабіць адну справу (Я. Ермаловіч. Малады старшыня).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшай дзіцячай гульнёй. На стол насыпалі кучку бірулек — маленькіх драўляных фігурак (малаточкаў, лапатачак, сякерак і г. д.). Трэба было спецыяльным кручком даставаць адну бірульку за другой, не закранаючы астатніх. Такі занятак успрымаўся дарослымі як пустая справа.
Гуляць у жмуркі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в жмурки, укр. грати у жмурки). Скрываць, утойваць што-н. ад каго-н. Мы тут галасавалі… даваць ці не даваць сваю згоду на звальненне Саевіч з работы. I, чаго там у жмуркі гуляць, галасы раскалоліся… Трое за звальненне і трое супраць… (П. Кавалёў. Сёмы член мясцкома).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з адпаведнай гульнёй. Аднаму з яе ўдзельнікаў ручніком завязвалі вочы, і ён павінен быў лавіць, адгадваць іншых удзельнікаў гульні.
Гуляць у маўчанку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в молчанку, укр. грати в мовчанку). Ухіляцца ад размовы. Гуляць у маўчанку не раю. Не помніце? Я памагу вам, завуць Сараеў Нікодзім? (А. Александровіч. Нараджэнне чалавека).
Утвораны са сзабоднага словазлучэння, звязанага з гульнёй, у якой кожны стараецца не прагаварыцца першым, бо інакш ён выбывае з гульні ці плаціць штраф.
Гуляць у хованкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. играть в прятки, укр. грати в хованки). Скрываць, утойваць што-н. ад каго-н. — Вось што, Яворскі, — пачаў Сушко, калі яны засталіся ў святліцы адзін на адзін, — даволі нам гуляць у хованкі... (Я. Колас. Адзін).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага з дзіцячай гульнёй. Адзін з яе ўдзельнікаў шукае іншых, якія пахаваліся хто дзе, і калі знаходзіць каго-небудзь, то той пачынае выконваць яго ролю.
Гусіныя лапкі. Відаць, калька з франц. м. (раttе-d’оіе). Ужыв. са значэннямі ‘травяністая расліна сямейства ружакветных са складкаватымі лістамі; гусялапка’ і ‘веерападобныя маршчынкі (каля вока)’. На той часці, што яшчэ заставалася над вадою, спяшаліся дацвісці гусіныя лапкі і жоўты падбел (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім). Сядзела звычайная жанчына ў гадах, і гэтыя няўмольныя гады значыліся і на руках, што, відно было, перарабілі нямала рознае работы, і на твары з прыкметнымі ўжо добра «гусінымі лапкамі» каля вачэй, хоць і былі яны падведзены спраўнай рукой санаторнай касметыкі (А. Васілевіч. «Трэці слухае…»).
Узнік праз супастаўленне з малюнкам перапончатых гусіных лап. Абодва значэнні склаліся ў выніку пачарговай метафарызацыі аднаго і таго ж свабоднага словазлучэння.