Забаронены плод. Паўкалька з руск. м. (запретный плод). Штосьці прывабнае, спакуслівае, але недазволенае. Вось яны, яго грахі маладосці, якіх яна баялася яшчэ да замужжа Дашы, лічыла, што чалавек, які адкусіў ад забароненага плода, калі-небудзь спакусіцца зноў (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
У рускай мове выраз узнік з прыказкі Запретный плод сладок, якая склалася на аснове біблейскага міфа пра першых людзей на зямлі. Паводле Бібліі (Быццё, 2, 16–17), Бог дазволіў Адаму і Еве есці плады з усіх дрэў, апрача дрэва пазнання дабра і зла: «I не датыкайцеся да іх, каб вам не памерці». Аднак занадта цікаўная Ева не ўтрымалася, каб не сарваць забаронены плод, і спакусіла таксама Адама. За гэта абое былі пакараны і выгнаны з раю.
Забіванне казла. Агульны для ўсходнесл. м. Гульня ў даміно. На жаль, нямала ў нас мужчын, якія пасля работы, у выхадны дзень аддаюць перавагу забіванню казла або тэлевізару (Звязда. 12.07.1987).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага забіваць казла ‘гуляць у даміно’.
Забіваць (забіць) двух зайцаў. Агульны для ўсходнесл. м. Дабівацца адначасовага ажыццяулення дзвюх мэт. [Генка: ] Так мы зразу забіваем двух зайцау: вырашаем праблему харчавання і рэгулюем рост насельніцтва (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Узнік на вобразнай аснове прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана.
Забіць асінавы кол у магілу каго, чаго. Усходнесл. Канчаткова пазбавіцца каго-н., чаго-н. Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадаравання на вузкіх палосках і забіць асінавы кол у магілу індывідуальнай гаспадаркі (Я. Колас. Адшчапенец).
Узнік у выніку фразеалагізацыі свабоднага спалучэння слоў, звязанага з даўнейшым прымхлівым звычаем забіваць асінавы кол у магілу ведзьмака; гэта нібыта гарантавала, што ён не зможа выходзіць з магілы і шкодзіць людзям. Параўн. ужыванне словазлучэння з прамым значэннем яго кампанентаў: «Закапалі, убілі асінавы кол, далі насып тры сажні высокі» (Я. Купала).
Заблудзіць у трох соснах. Гл. блудзіць (заблудзіць) у трох соснах.
Заблудная (блудная, аблудная) авечка. Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю і значэннем ёсць амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Абазначае ‘чалавек, які збіўся з правільнага жыццёвага шляху’ Колькі надзеі паклаў ён [«брат Міша»] на тое, што прывядзе нарэшце «к госпаду» гэтую «заблудную авечку» (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).
Выраз склаўся на базе евангельскай прытчы (Лука, 15, 4–6) пра чалавека, які, «маючы сто авец і згубіўшы адну з іх», пакінуў астатніх у пустыні і пайшоў шукаць заблудную, а знайшоўшы яе, радаваўся «больш, чым дзевяноста дзевяці не заблудным». Так, гаворыцца ў канцы прытчы, «бывае радасць у анёлаў божых і аб адным грэшніку, які каецца».
За бортам аказацца, апынуцца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. Без справы, без удзелу ў чым-н. Але ж за бортам Андрэй Захаравіч апынуўся па вашай віне, Алена Міхайлаўна (Настаўн. газ. 29.05.1985).
Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага дзеяслоўнага выразу выкідваць за борт каго, што (гл.), набыў уласцівасці прыслоўных фразеалагізмаў.
Забраць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго.
Заварыць кашу. Агульны для ўсходнесл., серб. — харв. і чэшск. м. (руск. заварить кашу, укр. заварити кашу, серб. — харв. закувати кашу — «заварыць кашу», чэшск. zаvаrіt sі рекпоu каsі; параўн.: балг. бьркам каша — «мяшаць кашу», польск. паwагzуć ріwа). Яго значэнне—‘распачаць складаную, клопатную, непрыемную справу’. Я першы здагадаўся, што «забастоўка» — непрыкметная работа Івана Свірыдавіча і яго сяброў, што ў батальёне ён, бадай, галоўны. I што ж выходзіць? Заварыў кашу, а сам у кусты? Няхай расплачваюцца іншыя? (І. Шамякін. Першы генерал).
Выраз узнік з адпаведнага свабоднага словазлучэння. Яго пераасэнсаванне адбылося, на думку М. М. Шанскага, тады, калі слова каша сталі ўжываць са значэннямі ‘святочны абед, гасціны з выпадку хрэсьбін ці вяселля’ і ‘беспарадак, сумятня, блытаніна’. Калі прыняць пад увагу, што слова заварыць у свабодным ужыванні можа рэалізаваць пераноснае значэнне ‘распачаць штосьці складанае, клопатнае’, то фразеалагізм заварыць кашу паводле ўзнікнення можна разглядаць як выраз з агульным аналітычным зместам, які суадносіцца з аслабленымі значэннямі кампанентаў заварыць і каша. У бел. м. ужываецца і варыянт наварыць кашы: «Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці!.. Будзе вазня!» (В. Дунін-Марцінкевіч). Параўн. у зборніку М. Федароўскага: «Наварылі кашы, ды невядома, ці паядуць». Дзеяслоў наварыць ужываўся з пераносным значэннем ‘зрабіць штосьці клопатнае, непрыемнае’ ужо ў XVI ст.; параўн. у «Баркулабаўскай хроніцы»: «Мы вси маем ся тым ображати от тых здрайцов наших, которые то наварили…»
Завесціся з паўабароту. Гл. заводзіцца (завесціся) з паўабароту.
Заводзіцца (завесціся) з паўабароту. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. заводиться с полуобррота, укр. заводитися з півоберту). Вельмі хутка прыходзіць ва ўзбуджанасць, узрушанасць, хваляванне. Пасля гісторыі ў тэрмаабрубным начальнік цэха таксама заводзіцца, як кажуць, з паўабароту (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова заводзіцца ‘прыходзячы ва ўзбуджанасць, распачынаць спрэчку з кім-н.’ накладзена яшчэ адно значэнне гэтага ж слова ‘пачынаць дзейнічаць у выніку пуску ў ход якога-н. механізма’ з адначасовым яго дапаўненнем экспрэсіўным дадаткам з паўабароту. Параўн. прыклад, дзе перадаецца працэс разгортвання слова ў фразеалагізм: «Ён [Ролік] на хвіліну змоўк, але потым зноў завёўся. З паўабароту» (У. Караткевіч). Параўн. таксама: «Бліноў ускіпеў, завёўся з паўабароту. — Ты што падколваеш? — шалёным позіркам апёк ён Косцю… — Ну-у? А ты скажы, — завёўся ўжо і Косця, хоць знаку яшчэ і не падаваў» (Я. Радкевіч).
Заводзіць (завесці) катрынку. Уласна бел. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж. — Ну! Ну! Завяла ўжо катрынку! — глуха загукаў Арцём са студні (Я. Колас. Недаступны).
Утварыўся ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, звязанага з ігрой на катрынцы — пераносным механічным аргане ў выглядзе невялікай скрынкі, на якім ігралі вандроўныя музыканты. Калі заводзілі, пускалі ў ход гэты арган, чулася працяглае, нуднае, тужлівае гучанне. Гэта і стала асновай для пераасэнсавання. Лічыцца, што першай мелодыяй, якая выконвалася вандроўнікамі-немцамі, была франц. песенька «Сhаrmаntе Саthеrinе» («Прыгожая Кацярына») ці яе ням. пераклад «Sсhаrmаntе Каthаrinе». Ад другога кампанента гэтай назвы паходзіць слова катрынка. У польск. м. ёсць таксама фразеалагізм з гэтым кампанентам: (gаdаć, mоwіć) jаk паkręсопа kаtагупка.
Заводзіць (завесці) <сваю> шарманку. Агульны для бел. і руск. м. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж. [Пранцісь — Быкоўскаму: ] Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе, прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць (Я. Купала. Паўлінка).
Узнік гэтак жа, як і фразеалагізм заводзіць (завесці) катрынку (гл. вышэй), — на аснове назвы франц. песенькі «Сhаrmаntе Саthеrіnе». Толькі слова шарманка паходзіць ад першага кампанента гэтай назвы, а катрынка — ад другога.
Завязваць (завязаць) вузялок. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запамінаць, улічваць на будучыню. [Гары: ] Па дарозе ў лясгас да Алешкі зазірні. Скажы, што засеў Гары ў Харытонавым ручаі… Алешка трактар арганізуе. Не забудзеш, кандыдат?.. [Ягор: ] Вузялок завяжу (В. Лукша. Калі вяртаюцца буслы…).
У аснове фразеалагізма — адгалосак даўнейшага звычаю завязваць на нітцы вузялкі для запамінання лікаў ці яшчэ чаго-небудзь.
Загавець душой. Гл. душой загавець.
Загаворваць зубы каму. Гл. зубы загаворваць каму.
Заганяць (загнаць) у тупік каго. Агульны для бел. і руск. м. Даводзіць да разгубленасці, збянтэжанасці. I як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік (М. Ваданосаў. Пад чужым паролем).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом’.
Загнанасць у тупік. Уласна бел. Крайняя разгубленасць. А маглі б ужо і сёння жыць іначай… Не было б адчування няпэўнасці, безвыходнасці, загнанасціў тупік (Н. Гілевіч. У роздумах аб жыцці-быцці нашым).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма загнаць у тупік (каго), які абазначае ‘давесці да разгубленасці, збянтэжанасці’ (гл.).
Загнаць у тупік каго. Гл. заганяць (загнаць) у тупік каго.
З агню ды ў полымя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из огня да в полымя, укр. из вогню та в полум’я). З адной непрыемнасці ў другую (трапляць, кідаць, кідацца). Нават маці была рада, што, нарэшце, яе сын пазбавіцца ад вечнай крыўды. Але Казік трапіў з агню ды ў полымя (А. Чарнышэвіч. На сажалках).
Пабудаваны як градацыйная канструкцыя на супастаўленні двух блізкіх у сэнсавых адносінах слоў.
Заграбаць жар чужымі рукамі. Гл. чужымі рукамі жар заграбаць.
Заграбаць лапатай грошы. Гл. грэбці (грабці, заграбаць) лапатай (грошы).
За гуж узяцца. Уласна бел. Пачаць якую-н. справу, лічачы сябе здольным выканаць яе. — Ты ўсё знаеш! Усе падходы! — Знаю. А і табе знаць бы трэба. Калі за гуж узяўся (І. Мележ. Завеі, снежань).
Паводле паходжання гэта «абломак», першая частка прыказкі Узяўся за гуж, дык не кажы, што не дуж, якая абазначае ‘калі ўзяўся за якую-н. справу, не адмаўляйся, спасылаючыся на цяжкасці яе выканання’. Адарваўшыся ад прыказкі, яе фрагмент стаў ужывацца ў розных асобах абодвух трыванняў: узяўся за гуж (В. Гардзей), узяліся за гуж (А. Васілевіч), бяруся за гуж (М. Лужанін), бярэшся за гуж (М. Гроднеў) і інш.
Задаваць (задаць) труса. Уласна бел. Баяцца, палохацца. Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча — храбрасць гарады бярэ! (Я. Колас. На ростанях).
Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма труса святкаваць (гл.) з заменай у ім дзеяслоўнага кампанента.
Задаваць (задаць) фефару каму. Паўкалька з ням. м. (Рfеffеr geben). Сурова распраўляцца з кім-н., караць каго-н. — Гэта напэўна святыМікалай памыліўся і замест цябе мяне пакараў. —Ён яшчэ, глядзі, і мне каб фефару не задаў. Чорт яго, брат, ведае (Я. Колас. На ростанях).
Унутраная форма фразеалагізма становіцца зразумелай, калі мець на ўвазе, што ням. Рfеffеr — перац.
Задаваць (задаць) храпавіцкага. Запазыч. з руск. м. Моцна спаць. — Алё, здароў! — прывітаў яго Сеўка. — Ты, як звычайна, храпавіцкага задаваў? (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Назоўнікавы кампанент, неўжывальны па-за межамі гэтага фразеалагізма, выконвае тут сэнсаўтваральную ролю і ўзнік на аснове дзеяслова храпці. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам сэнсава тоеснага даваць храпака (гл.) з заменай апошняга кампанента ўтварэннем каламбурнага характару на ўзор прозвішчаў.
Задаваць перцу каму. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму.
Задаваць стракача ад каго, адкуль, куды. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды.
Задаваць тон <каму, чаму, у чым>. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>.
Задаваць храпака. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) храпака.
Задаць труса. Гл. задаваць (задаць) труса.
Задаць фефару каму. Гл. задаваць (задаць) фефару каму.
Задаць храпавіцкага. Гл. задаваць (задаць) храпавіцкага.
За дзедам шведам. Уласна бел. Вельмі даўно (было, будавалася што-н. і пад.). Шыкялёўскі млын быў стары, мусіць, пабудаваны яшчэ за дзедам шведам (І. Новікаў. Тварам да небяспекі).
Прыгадаем радкі з пазмы «Барысаў» Я. Купалы: «Былі войны, бітвы, слёзы, кроў ліліся, шведа, Банапарта сляды засталіся». Адзін з такіх слядоў, толькі моўны, — фразеалагізм за дзедам шведам: шведскія заваёўнікі прыходзілі на беларускія землі двойчы (1655, 1706–1708). Кампанент дзедам, відаць, уліўся для сугучнасці ў першапачаткова свабоднае спалучэнне з канкрэтным часавым значэннем (параўн. падобныя: за царом, за палякамі).
З адкрытым (паднятым) забралам. Калька з ням. м. (mіt оffепеm Vіsіеr — «з адкрытым забралам»; варыянт з паднятым забралам узнік на аснове нямецкага dаs Vіsіеr luftеп — «забрала падняць»; дарэчы, у немцаў ёсць яшчэ адзін фразеалагізм з кампанентам забрала: тіt vеrsсhlоssепет Vіsіеr — «з апушчаным забралам»). Ужыв. са значэнняммі: 1) адкрыта, не тоячыся, 2) шчыры, нічым не прыхаваны. Ён [Туляга] і цяпер не спяшаецца ісці ў бой з паднятым забралам (А. Сабалеўскі. Доўгае жыццё камедыі). Дарагі мой Піліп Макаравіч, дык я ж тады самы заядлы кар’ерыст. Як кажуць, з адкрытым забралам (І. Дуброўскі. Зямныя вузлы).
Выраз «рыцарскага» паходжання. На галаве ў рыцара быў шлем, пярэдняя рухомая частка якога называлася забралам і, калі трэба, выпускалася і засланяла твар. (Параўн. у А. Вольскага: «Здаецца, зараз з цаглянай вежы вылезе рыцар і скажа: „Стой!“ На твар забрала апусціць нізка».) Рыцары ваявалі звычайна з апушчаным забралам; найбольш смелыя хадзілі ў бой з адкрытым (паднятым) забралам.
Заднім розумам моцны. Паўкалька з руск. м. (задним умом крепок). Няздольны своечасова прыняць патрэбнае рашэнне. Не, я зусім не так сябе з ім трымала. Заднім розумам моцная, хоць пабяжы ды дагані тую «Волгу», пачні ўсю размову спачатку (Л. Арабей. Дзень мінулы, дзень наступны).
Паходзіць з прыказкі Мужык задним умом крепок.
Задняя думка. Калька з франц. м. (аrrіèrе-репsее). Скрыты намер, таемны замысел. Дырэктар жа не проста частуе. Заднюю думку, відаць, мае, хоча дапамогі на экзамене ці што іншае (І. Навуменка. Бульба).
Выраз з драмы «Марнатравец» (1736) французскага пісьменніка Дэтуша. У выразе падразумяваецца падабенства з фонамі карціны — пярэднім і заднім.
За дрэвамі не бачыць лесу. Калька з англ. (nоt tо sее thе wооd for thе tгееs) ці ням. (dеn Wald vor Вäumen nісht sеhеn) м. За чым-н. дробным не заўважаць значнага, вялікага. Цяпер я ведаю, што азначалі твае словы «нас разбілі»… Але ты вельмі шырока бярэш, за дрэвамі не бачыш лесу. Толькі слабы чалавек можа разгубіцца ад першай няўдачы (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).
У вобразнай аснове фразеалагізма — алагізм як стылістычны прыём.
Задурванне галавы каму. Уласна бел. Заблытванне каго-н. глупствам, непатрэбнасцю. Цярпець не магу анкет, апытванняў і тэстаў. Па-мойму, гэта толькі задурванне галавы добраму чалавеку (У. Караткевіч. Ці дажывём да ста год…).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма задурваць галаву (каму), адно са значэнняў якога — ‘заблытваць каго-н., пазбаўляць здольнасці разумна разважаць’.
За душой. Агульны для ўсходнесл. м. У наяўнасці (быць у каго-н., мець што-н.). Каб толькі якая зачэпка была, а там даказаць лёгка будзе, асабліва калі грошы за душою будуць (М. Лобан. На парозе будучыні).
Першапачаткова слова душа тут мела ўстарэлае значэнне (засведчанае ў слоўніку У. І. Даля) ‘ямачка на шыі пад кадыком’. Паводле народных уяўленняў, у гэтым месцы знаходзіцца душа чалавека. На грудзях, каля душы (‘ямачкі’), раней насілі, хавалі грошы.
Пачынаць з азоў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. с азов, укр. з азів). З самага пачатку, з простага, элементарнага. Як вядома, пачалі мы тут з азоў. Адна электраўстаноўка і тры пілы — вось і ўсё, што мелі спачатку (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы).
Паходзіць ад слова аз, якім называлася літара «а» — першая ў стараславянскай азбуцы (кірыліцы). Параўн. у вершы А. Вярцінскага «Аз, букі і ведзі»: «Сумна не ведаць нічога на свеце. Жыць жыццём цёмных лясоў. Дзень добры, аз, букі і ведзі! Усё пачынаецца з вас, з азоў».
За і супраць узважваць, перабіраць. Калька з лац. м. (рго еt сопtrа). Аргументы на карысць чаго-н. у супастаўленні з тым, што адмаўляе іх. Сустрэўшыся з некаторымі таварышамі, узважыўшы ўсе за і сутраць, Краўчанка прыйшоў да вываду, што «спецыяльная канцылярыя» пакуль што за межамі дасягальнасці… (Б. Мікуліч. Цяжкая гадзіна).
Першапачаткова, ужываючыся пры абавязковым дзеяслове-суправаджальніку ўзважваць, выраз звязваўся з уяўленнем пра шалі (прыладу для ўзважвання) як сімвал правасуддзя.
Зайсці ў тупік. Агульны для бел. і руск. м. Трапіць у цяжкае становішча. Рабочыя страцілі веру да лідэраў. І не ведалі, што ім рабіць. Зайшлі ў тупік… (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Свабоднае словазлучэнне, на базе якога ўтварыўся фразеалагізм, звязана не з чыгуначным тупіком, а з глухім завулкам, які таксама называюць тупіком. Даўней у кожным горадзе было шмат такіх завулкаў, адкуль цяжка было выйсці. Прыгадаем эпізод з «Новай зямлі» Я. Коласа (раздзел «Дзядзька ў Вільні»), дзе гаворыцца, як Антось «у кут глухі ўпнууся, сцяна прад ім і сцены збоку, ўпярод не ступіш ані кроку — прапала вуліца ды годзе!». Ва ўкр. м. эквівалентам нашага выразу выступае фразеалагізм з аднолькавай, але больш этымалагічна празрыстай асновай — зайти в глухий кут (в сліпий кут).
Заставацца (застацца) за кадрам. Агульны для бел. і руск. м. (Заставацца) неадлюстраваным, непаказаным. На старонках дэтэктыва выкопванне нябожчыка засталося за кадрам, аб ім толькі паведамляецца другой «экспедыцыі» эксгуматараў (ЛіМ. 13.03.1998).
Паходзіць з маўлення кінарэжысёраў, дзе кадрам называюць асобны здымак або асобны эпізод у фільме.
Закапаць <свой> талент у зямлю. Гл. закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю.
Закапыліць губы. Гл. капыліць (закапыліць) губы.
Закасаўшы рукавы працаваць, брацца за справу і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. засучив рукава, укр. засукавши рукава). Не шкадуючы сіл, шчыра, старанна. Дык давайце, арляняты, закасаўшы рукавы возьмемся за працу! (І. Гурскі. Неспакойныя характары).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, прамое значэнне якога — ‘загнуўшы рукавы, падняць іх вышэй, каб было больш зручна працаваць’. Параўн.: «Максім праз цэлы дзень, закасаўшы рукавы, гваздае малатком па распаленым іскрыстым жалезе» (П. Пестрак).
Закідаць шапкамі каго. Запазыч. з руск. м. Лёгка і хутка перамагчы каго-н. Ніхто не верыўу тое, хаця пан Дульчыц і крычаў, што шваба палякі шапкамі закідаюць (К. Каліна. Крылаты конь).
Лічаць, што выраз склаўся ў перыяд руска-японскай вайны (1904–1905), на пачатку якой нацыяналістычная прэса насміхалася з японскага войска, запэўнівала народ, што вораг лёгка і хутка будзе пераможаны. У аповесці Л. Калюгі «Нядоля Заблоцкіх» расказваецца, што, калі пачалася гэта вайна, валасны пісар аб’явіў, каму з баркаўчан трэба ісці «ў войска японцаў біць». «Канечне, тады рускаму цару, — як пісар казаў, — хацелася японцаў шапкамі закідаць, а то яму тады перад другімі царамі будзе не гонар. Гэта слова залавілі баркаўчане, а далей пісаравай мовы яны добра не разабралі — надта ж хуценька гаварыў: ці тыя шапкі будуць казённыя ў войску даваць, ці свае з дому браць трэба — не ведалі… На аднаго японца іх трэба незлічоны лік, а дзе тых шапак на цэлае войска набярэшся?!..Ажно тут і па вайне было. Не сабраў цар шапак, колькі яму трэба было. Паглядзеў на японцаў — шмат падлаў сабралася. Нічога ім не зробіш. Не памаглі краўцы шапачнікам і не нашылі тых шапак, колькі на вайну трэба было».
Закідванне шапкамі каго. Уласна бел. Лёгкая і хуткая перамога над кім-н. На нагрэтых панэлях расфуфыранага Неўскага панясліся задзёртыя выгукі наконт закідвання шапкамі «праціўнае немчуры» (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма закідаць шапкамі (гл.).
Закідваць (закінуць) вуду (вудачку). Агульны для ўсходнесл. м. Асцярожна намякаць на што-н. з мэтай высвятлення абставін, выведвання чаго-н. — Ты да нас у хаўрус ідзі, дык мы дарэмна табе змалоцім, — закінуў Юзік вуду. — Прымі без грошай, дык пайду. — Без грошай, бач, малатарні не даюць (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Паходзіць з маўлення рыбакоў. Пры пераасэнсаванні адпаведнага словазлучэння актуалізацыю атрымала патэнцыяльная, мэтавая сема гэтага словазлучэння (рыбак закідвае вудачку, каб разведаць, ці будзе клёў). Параўн. ажыўленне ўнутранай формы фразеалагізма і развіццё на яго вобразнай аснове метафарычнага кантэксту: «Змяшчаючы яго [першы акт п’есы] у друку, я ўжыў некаторую аўтарскую хітрасць: мне хацелася закінуць вудачку і паглядзець, ці торкне на маю прыманку які-небудзь тэатральны лешч» (Я. Колас).
Закідваць (закінуць) наперад. Уласна бел. Рабіць які-н. прадбачлівы, апераджальны ход з надзеяй мець потым ад гэтага пэўную карысць для сябе. Андрэй — наш. Свой. Яго грошы нам з табой яшчэ спатрэбяцца. Як казала мая маці: закідвай наперад… Мяккі кут купіў? Не. I не купіш. Без Андрэя (І. Шамякін. Губернатар).
Паходзіць з прыказкі Кінь (закінь) наперад — знойдзеш ззаду, якая мае сэнс ‘калі зробіш каму-н. ласку, то і табе адплацяць тым самым’.
Закладваецца фундамент (асновы) чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Даецца пачатак чаму-н., ствараецца тое, што з’яўляецца зыходным для чаго-н. Пабываўшы на Лепельшчыне ў гэту гарачую пару; я ўбачыў як закладваецца фундамент шчодрага гектара (Звязда. 30.04.1986).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, выраз утварыўся на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма закладваць фундамент чаго (гл.).
Закладваць (закласці) за гальштук (за каўнер). Калька з франц. м. (s’еn jеtеr un соuр dеrrіèrе lа сгаvаtе, літаральуа «закладваць глыток за гальштук»). Выпіваць, напівацца п’яным. Менавіта цяпер Лупека зразумеў чаму дырэктар Будзянскай школы, як бы ні закладваў за каўнер, ніяк не мог вызваліцца з дырэктарскага крэсла (П. Палітыка. Свой чалавек).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з іранічным падтэкстам у кампанентах за гальштук.
Закладваць (закласці) фундамент (асновы) чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Ствараць тое, што з’яўляецца зыходным, пачатковым, асноўным для чаго-н. Першы Інтэрнацыянал заклаў фундамент міжнароднай арганізацыі рабочых для падрыхтоўкі іх рэвалюцыйнага націску на капітал (Настаўн. газ. 26.09.1984).
Узнік у выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, звязанага з будаўніцтвам.
Закладка фундаменту чаго. Уласна бел. Стварэнне таго, што з’яўляецца зыходным, пачатковым, асноўным для чаго-н. Дапамагаць пісьменніку трэба часам пры самой закладцы фундаменту новага твора (Я. Колас. Аб літаратурнай працы).
Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма закладваць фундамент чаго (гл.).
Заключны акорд. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. заключительный аккорд, укр. прикінцевий акорд). Тое, чым завяршаецца што-н. Яшчэ з большым натхненнем, з большым пафасам дэкламаваў ён [паэт] заключны акорд… (Я. Колас. «Трыумф»).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.
Закон(-ы) не пісаны каму, для каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. не лічыцца з агульнапрынятымі правіламі, нормамі паводзін. Перасмешнікам закон не пісан (М. Гроднеў. Радня). Дырэктар меў славу рызыкоўнага чалавека, яму, як кажуць, законы не пісаны (Я. Скрыган. Дакументальная рэвізія).
Выраз паходзіць з прыказкі Дурному закон не пісан, у складзе якой меў тое ж значэнне. Як і ў прыказцы, кіруе давальным склонам. Іншая сінтаксічная сувязь (фразеалагізм + для каго) — пазнейшае развіццё спалучальнасці з кантэкстам: «Для Парфена, кажуць, законы не пісаны» (І. Чыгрынаў).
Закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю. Паўкалька з руск. м. (зарывать (свой) талант в землю). Губіць свае здольнасці, не даваць ім развівацца. Магчыма, што я калі-небудзь буду славутым артыстам, калі зараз свой талент не закапаю ў зямлю (І. Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя).
Склаўся на аснове евангельскай прытчы (Матфей, 25, 15–30). Адзін багаты чалавек, ад’язджаючы ў далёкія краіны, даў аднаму свайму рабу пяць талантаў (буйных грашовых адзінак), другому — два, трэцяму — адзін. Вярнуўшыся, гаспадар даведаўся, што першыя два рабы ўклалі свае грошы ў розныя выгадныя справы і атрымалі значны прыбытак. Трэці ж сказаў, што ён закапаў атрыманы талант у зямлю. Гаспадар пахваліў першых двух і зганіў трэцяга.
Закрануць за жывое каго. Агульнаслав. (руск. задеть за жывое, укр. зачепити за живе, польск. dotknąć dо żywago, чэшск. tіt do zіvеhо, серб. — харв. дирнути у живац і г. д.). Ужыв. са значэннямі: 1) моцна ўсхваляваць, зачапіўшы што-н. важнае, балючае, 2) падзейнічаць на самалюбства, гордасць. Князь закрануў нас за жывое. Хацелася спрачацца, біцца… (А. Карпюк. Данута). Піліп быў чалавек гарачы, і панская абраза закранула яго за жывое (А. Якімовіч. Цяжкі год).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння закрануць за жывое, якое спачатку мела больш поўную форму закрануць за жывое мяса і канкрэтны сэнс — «параніць, — як піша У. Даль, — пры стрыжцы ногцяў або зразанні мазаля». У сучаснай літаратурнай мове, з забыццём першапачатковай вобразнасці фразеалагізма, у ім развіліся трывальныя формы дзеяслоўнага кампанента і яго лексічная варыянтнасць: за жывое кранае (Б. Сачанка), брала за жывое (А. Пальчэўскі), забрала за жывое (К. Крапіва), узяло за жывое (М. Зарэцкі).
За круглым сталом. Калька з англ. м. (rоund tаble). З роўнымі правамі, на роўных умовах (сустракацца, вырашаць і пад.) Безумоўна, здараліся зрэдку бытавыя непаразуменні, але ўсе канфлікты мы вырашалі, як кажуць дыпламаты, за круглым сталом (І. Шамякін. Палёт над Палессем). Параўн. кантэкст, дзе фразеалагізм адначасова ўспрымаецца і як свабоднае словазлучэнне: За круглым сталом не сядзець мне ніколі: занадта гарачы з мяне дыпламат (П. Панчанка. Тым, хто за акіянам).
Паходзіць з кельцкага народнага падання пра караля брытаў Артура (V–VI стст.). Усе рыцары адчувалі сябе ў караля як роўныя між роўных; на банкетах кароль і рыцары сядзелі за вялікім круглым сталом, па чарзе мяняючыся месцамі.
Закручванне гаек. Агульны для ўсходнесл. м. Павышэнне патрабаванняў, узмацненне строгасці. І ў тагачасным жыцці, і ў літаратуры таксама неаднойчы сустракаліся такія псеўдарэвалюцыянеры, аматары закручвання гаек і іншых рызыкоўных эксперыментаў, якія аб’ектыўна толькі шкодзілі вялікай рэвалюцыйнай справе (Дз. Бугаёў. Майстэрства драматурга).
Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага закручваць гайкі каму (гл.).
Закручваць (закруціць) гайкі каму. Агульны для ўсходнесл. м. Павышаць патрабаванні да каго-н., узмацняць строгасць. [Марыя Кірылаўна: ] Сам Калібераў прыехаў. Зараз у хату наскочыць. [Лёня: ] Закручваць тату гайкі? (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).
Паходзіць з маўлення механікаў. Пры пераасэнсаванні адпаведнага словазлучэння актуалізацыю атрымала патэнцыяльная, мэтавая сема гэтага словазлучэння (гайкі закручваюць, каб механізм працаваў надзейна, бездакорна).
Закрыванне (заплюшчванне) вачэй нашто. Агульны для ўсходнесл. м. Утойванне, замоўчванне чаго-н. Пад уплывам тэндэнцыйнага і аднабаковага асвятлення [войнаў], выпуклення гераічнага і наўмыснага закрывання вачэй на цёмныя бакі, у Лабановіча злажылася ўяўленне, у корні фальшывае, аб ваяцкіх здольнасцях царскай Расіі і аб яе непераможнасці ў вайне (Я. Колас. На ростанях).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага закрываць (заплюшчваць) вочы на што ‘знарок не заўважаць чаго-н. важнага, значнага’.
Закрываць (закрыць) вочы каму. Агульнаслав. (руск. закрывать глаза, укр. заплющувати очі, балг. затварям очите, польск. zamknąć осzу іінш.). Быць побач з тым, хто памірае, у апошнія хвіліны жыцця. Маня адвярнулася. Слёзы душылі яе. Нядобра пакідаць маці ў такі час. Можа, яна, калі вернецца, і не застане яе… Чужы чалавек мусіць закрыць ёй вочы… (А. Якімовіч. Піянер Геня).
Выток фразеалагізма — старажытны звычай закрываць вочы нябожчыку. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то, паводле павер’я, нябожчык «выглядзіць» сабе ахвяру.
Закрываць (закрыць) лавачку. Калька з франц. м. (fermеr bоutіquе). Спыняць якую-н. справу, дзейнасць (часцей заганную). Не кватэра, а цэх, у якім і не разбярэш, што робяць, — не то сталярнічаюць, не то лапці плятуць… Кацярына Сафронаўна гэту лавачку закрыла… (М. Ракітны. Капаніца).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім лавачка мае значэнне ‘дробная гандлёвая ўстанова’.
Закусваць (закусіць) цуглі. Агульны для ўсходнесл. м. Распаліўшыся, ісці напралом, дзейнічаць, ні з чым не лічачыся. Жэня ўжо закусіла цуглі і не магла сябе стрымаць. Нагаварыла яна Валянціну шмат чаго крыўднага, можа, нават і лішняга (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое, ужываючыся ў дачыненні да каня, абазначае ‘заціснуць цуглі зубамі’.
Залатая сярэдзіна. Калька з лац. м. (аuгеа mеdіосгіtаs). Ужыв. са значэннямі: 1) прамежкавае становішча, 2) спосаб паводзін, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкоўных рашэнняў. Не сказаць каб вельмі, але і ў раёне старшыню паважалі: як-ніяк калгас займаў залатую сярэдзіну (В. Праскураў. Сонца ў зеніце). Дзе яна, залатая сярэдзіна тая, дзе яны, залатыя словы аб праўдзе, аб вечнасці, аб айчыне (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).
Аўтар крылатага выразу — старажытнарымскі паэт Гарацый (65 — 8 гг. да н. э.), які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем ‘прамежкавае становішча’.
Залатое дно. Калька з англ. (gоld mіnе) або ням. (еіn gоldепег Воdеn) м. Вельмі багатая крыніца даходу. Пасля смерці бацькоў, па спадчыне, да яе [Марты] пераходзіла ферма. А гэта лічылася ў Германіі залатым дном (М. Машара. Ішоў дваццаты год).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Залаты дождж. Калька з ням. м. (Gоldгедеп). Вялікія грашовыя сумы, прыбыткі. Я гавару аб Амерыцы прадпрыемцаў, бізнесменаў, пражорлівых і ненасытных манапалістаў, для якіх вайна была не чым іншым, як залатым дажджом, невычэрпнай крыніцай шалёных прыбыткаў і звышпрыбыткаў (М. Лынькоў. Гісторыя ідзе наперад).
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Жрэц-прарок прадказаў аргоскаму цару Акрысію, што ў яго дачкі Данаі народзіцца хлопчык, які пасля знішчыць свайго дзеда-цара. Акрысій загадаў трымаць дачку ў падземным будынку пад аховай служанак. Захоплены прыгажосцю Данаі, вярхоўны бог Зеўс пранік у падзямелле ў выглядзе залатога дажджу і апладніў яе. Фарміраванню фразеалагізма садзейнічала тое, што многія вядомыя мастакі (Тыцыян, Ван Дэйк, Рэмбрант і інш.) на карцінах адлюстроўвалі Данаю ў дажджы залатых манет.
Залаты фонд чаго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае. Казкі гэтыя шырока друкуюцца іў нас у рэспубліцы, і перакладаюцца на іншыя мовы. Яны — залаты фонд нашай народнай класікі (А. Якімовіч. Аўтабіяграфія).
Узнік у выніку метафарызацыі ўстойлівага тэрміналагічнага словазлучэння, якім у галіне фінансаў выражаюць спецыяльнае паняцце, ужываючы з прамым значэннем ‘фонд каштоўных металаў, пераважна золата’.
Залатыя горы абяцаць, даваць, чакаць і пад. Калька з лац. м. (mоntеs аurі роllісегі, літаральна «абяцаць горы золата»). Казачнае багацце, вялікае мноства чаго-н. Не трэба верыць тым крыкунам, што абяцаюць народу залатыя горы (Я. Колас. На ростанях).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Залегчы на дно. Гл. легчы (залегчы) на дно.
Заліваць (заліць) за гальштук (за каўнер). Калька з ням. м. (еіnеn hіntеr dіе Віndе gіеssеn, літаральна «за галышук заліваць»). Выпіваць, напівацца п’яным. Іншыя бабы што робяць, калі мужык за гальштук залівае? На работу бягуць, у міліцыю (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з іранічным падтэкстам у кампанентах за гальштук.
Заліваць (заліць) чарвяка. Паўкалька з польск. м. (zаlаć rоbаkа). Выпіваць спіртнога. Разуменне «заліць чарвяка» — рэч неазначаная і расцяжная: аднаму і кручка даволі, а для другога кручок — капля ў моры (Я. Колас. На ростанях).
У польск. м. фразеалагізм ужываецца з другой палавіны XVIII ст., выцесніўшы больш старажытны выраз zаlаć krzесzkа. Утварыўся пад уплывам недакладнай калькі з франц. м. (tuer lе vеr, літаральна «забіць чарвяка»). Zаlаć rоbаkа — вынік аб’яднання двух выразаў: zаlаć krzесzkа + zаbić rоbаkа.
Заліваць кулі каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае. Залівайце кулі камусь другому, паганцы! (М. Машара. Лукішкі). Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу — заліваць кулі, што значыць ілгаць (Я. Колас. На ростанях).
Утварыўся, відаць, у выніку кантамінацыі рускага выразу лыть пулы і дзеяслова заліваць у значэнні ‘хлусіць, ілгаць’. Выраз ліць кулі, як мяркуе В. У. Вінаградаў, склаўся ўжо ў першай палавіне XVIII ст., узнікшы ў асяроддзі ліцейшчыкаў. Яго папярэднікам быў фразеалагізм ліць званы (руск. лить колокола, укр. дзвін великий лити). Узнікненне гэтага фразеалагізма звязана з прафесійнай міфалогіяй ліцейнай справы. Існавала павер’е, пра якое ў рускім часопісе «Навіны» (1901, 31 мая) чытаем: «Калі адліваюць званы, неабходна пусціць якую-небудзь чутку, якой паверылі б прастадушныя абывацелі. Чым недарэчнейшая выдумка і чым больш ёй павераць, тым удачнейшай будзе адліўка», тым галаснейшым будзе звон. Пра тое ж і ў М. Федароўскага: «Мусіць, дзесь звон адлілі, калі такую байку пусцілі цікавую». I яшчэ: «Недзе звон адлілі, то пусцілі аб гэтым пагалоску, каб быў галасны». Іншай думкі прытрымліваецца В. М. Макіенка. Ён лічыць, што «ліцейная» трактоўка паходжання фразеалагізма ліць кулі «не вытрымлівае крытыкі», і мяркуе, што выраз утварыўся шляхам нарашчэння кампанента куля да дзеяслова ліць ‘ілгаць’ «з экспрэсіўнай актуалізацыяй зыходнага слова».
Замарыць чарвяка (чарвячка). Запазыч. з руск. м. Злёгку перакусіць, спехам прагнаць голад. — Трэба чарвяка замарыць, — абазвауся і ён [Іван]. — Не ляжалі ж на баку — на цэлы стог палажылі травы… I ўся едкая, з гарошкам… (М. Капыловіч. Жаніх).
У руск. м. выраз прыйшоў як недакладная калька з франц. м. (tuer lе ver, літаральна «забіць чарвяка»), дзе ён абазначае ‘выпіць нашча спіртнога’. Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытным народным павер’ем, паводле якога ад глістоў можна пазбавіцца, калі выпіць нашча спіртнога. Спачатку ў руск. м. выраз выкарыстоўваўся з тым жа значэннем, што і ў франц. м., а пасля стаў абазначаць ‘злёгку перакусіць’. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў яго першасным значэнні: «[Даміцэля: ] Ай! Ужо ж я дурная! Гэта ж і ёсць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня сёмухі прызапасіў паўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася» (Я. Купала).
Замуж за <пана> Пясоцкага збірацца. Уласна бел. Паміраць. [Малады бадзяжнік] тутэйшай старой удавіцы абяцае: —Далібог, цётка, я вас замуж аддам. — А ідзі ты к чорту матары, п 'янчуга, — злуецца старая. — Мне не сёння дык заўтра ўжо замуж за пана Пясоцкага трэба збірацца (К. Камейша. Паміж кубкам і вуснамі).
Выраз каламбурнага характару. Тут кампанент Пясоцкага склаўся па мадэлі ўтварэння прозвішчаў — ад пясок у значэнні ‘зямля, якой закопваюць магілу’.
Замыканне (замкнёнасць) <самога> у сабе. Уласна бел. Адасабленне ад усяго навакольнага і абмежаванне сваім вузкім, маленькім светам. Замкнёнасць Міхала ў сабе, яго адасобленасць ад людзей можна растлумачыць непаважлівым стаўленнем улад да селяніна-працаўніка наогул (Р. Шкраба. Кузьма Чорны).
Утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма замыкацца (замкнуцца) у сабе, які мае значэнне ‘станавіцца нелюдзімым, маўклівым, скрытным’.
Замыкацца (замкнуцца) у сваю ракавіну (шкарлупіну). Недакладная калька з франц. м. (rеntrеr dаns sа соquіllе, літаральна «ўваходзіць, вяртацца ў сваю ракавіну»). Адасабляцца ад усяго навакольнага, абмяжоўваючыся сваім вузкім, маленькім светам. I мне хацелася стушавацца, знікнуць, замкнуцца ў сваю ракавіну, каб болей ніколі не вытыкацца са сваімі творамі (К. Крапіва. Слова да малодшых).
Відаць, гэта выраз жывёльнага паходжання і ўтварыўся на аснове падабенства з’яў, праз супастаўленне са звычкамі некаторых беспазваночных жывёлін, напрылад рака-пустэльніка ці слімака, уваходзіць у сваю ракавіну.
Замятанне слядоў. Агульны для ўсходнесл. м. Знішчэнне ці ўтойванне таго, што можа быць доказам віны. Гэтаўжо было падобна на замятанне слядоў. А калі замятаюць сляды, тады, зразумела, пачынаюць нечага баяцца (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма замятаць сляды ‘спрытна знішчаць ці ўтойваць тое, што можа быць доказам віны’.
Замятаць сляды. Гл. сляды замятаць.
Зандзіраваць (празандзіраваць) глебу. Паўкалька з франц. (sоndег lе tеrrаіn) ці ням. (dаs Тегаіn sоndіегеn) м. Разведваць што-н., каб вызначыць шансы на поспех. Аджубей, будучы ў ФРГ, зандзіраваў глебу наконт магчымай паездкі Хрушчова ў ФРГ (Звязда. 18.08.1988).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое абазначае ‘даследаваць падглебу пры дапамозе зонда’.
Заплюшчванне вачэй на што. Гл. закрыванне (заплюшчванне) вачэй на што.
Запраўляць арапа. Агульны для бел. і руск. м. Знарок уводзіць у зман, выдумваючы што-н. Я вушам сваім не паверыў. Няўжо ёсць людзі у нас, якія праз гэты мур палезуць па пустыя бутэлькі! Выпадкам, ці не запраўляе арапа мой ціхманы таварыш Рабаў? (В. Якавенка. Ад грэху далей).
Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам, а выраз запраўляць арапа першапачаткова ўжываўся са значэннем ‘не заплаціць долі ўдзельнікам шулерскай гульні’.
За прыгожыя вочы. Калька з франц. м. (роur lеs bеаuх уеuх). Бескарысліва, дарэмна, толькі з-за сімпатыі да каго-н. (рабіць што-н.). [Каравай: ] Калі начальства просіць, то і ў яго можна выпрасіць. Я за грошы. Не за прыгожыя вочы… (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).
Выраз з камедыі Мальера «Манерніцы» (1660). Паклоннікі, адхіленыя манерніцамі, яшчэ раз вяртаюцца да іх і знаходзяць там сваіх слуг, якія, пераапрануўшыся, выдалі сябе за маркіза і віконта. Слугі выкрыты. Звяртаючыся да манерніц, адзін з паклоннікаў гаворыць: «Калі вы пакахаеце іх, то гэта сапраўды будзе за іх прыгожыя вочы».
Зарубіць сабе на носе. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запомніць. Працаваць трэба… а не пісьмы пісаць. Пісьмамі не ваююць у наш час, зарубіце гэта сабе на носе (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Фразеалагізм цяпер успрымаецца як алагічнае спалучэнне, а на пачатку свайго жыцця ён быў дасціпным народным выразам з намёкам, усім зразумелым: ‘як зарубліваюць на бірцы, каб запомніць’.
Даўней пры амаль усеагульнай непісьменнасці своеасаблівай квітанцыяй пры разліках была бірка — палачка або дошчачка, на якой выразаліся зарубкі. Кожная зарубка адпавядала пэўнаму ліку (пудоў, адпрацаваных дзён і інш.). Бірка, пасля таго як на ёй былі зроблены зарубкі, расшчэплівалася на дзве палавінкі: адна аддавалася, напрыклад, уладальніку аўчын, другую пакідаў сабе дубільшчык. Калі бірку адзін з іх губляў, то пры такой сітуацыі маглі выказаць павучанне: «А ты другі раз зарубі сабе на носе, ужо не згубіш». Трапны выраз, падхоплены іншымі людзьмі, стаў агульнаўжывальным.
За саломінку ўхапіцца. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хвататься за соломинку, укр. хапатися за соломинку). Шукаючы выйсця, паспрабаваць выратавацца хоць якім, хоць і ненадзейным спосабам. Толькі і думаю, куды падацца! За чым абараніцца!.. За саломінку ўхапіцца гатова!.. (І. Мележ. Подых навальніцы).
Паводле паходжання гэта другая частка прыказкі Хтотопіцца — за саломінку ўхопіцца. Утварэнне параўнальна нядаўняе, таму фразеалагізм нярэдка ўжываецца з агаленнем яго ўнутранай формы праз адпаведнае параўнанне: «Генерал быў пераможаны. I, як тапелец, ён пачаў хапацца за саломінку. Сорамна ж прызнаць сваё бясслаўнае паражэнне!» (А. Якімовіч).
За сачавічную поліўку прадаваць, прадацца і пад. Агульны для У ўсходнесл. м. (руск. за чечевичную похлебку, укр. за сочевичну юшку). З-за дробязнай выгады. Калі ты за сачавічную поліўку будзеш прадаваць свой край, я ў труне перавярнуся і пракляну цябе навекі (І. Гурскі. Чужы хлеб).
Выток фразеалагізма — біблейская прытча (Быццё, 25, 31–34) пра братоў-блізнят Ісава і Якава — сыноў патрыярха Ісака. Ісаў нарадзіўся на некалькі мінут раней, чым Якаў, і атрымаў права першародства, якое гарантавала яму падвойную долю спадчыны і значную перавагу ў жыцці. Аднойчы галодны Ісаў папрасіў Якава накарміць яго сачавічнай поліўкай. Якаў згадзіўся, але пры ўмове, калі Ісаў уступіць яму права першародства. Ісаў даў згоду.
Быць, заставацца і пад. за сямю пячаткамі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. за семью печатями, укр. за сьома печатями). (Быць і пад.) недаступным, прыхаваным. Планы вытворчасці цалкам мірнай, але небяспечнай, можа стацца, для здароўя людзей прадукцыі ўсё яшчэ застаюцца за сямю пячаткамі (ЛіМ. 1.01.1988).
Утвораны на аснове запазычанага з царк. — слав. м. выразу кніга за сямю пячаткамі, якім называюць штосьці незразумелае, недаступнае. Ён упершыню ўжыты ў біблейскім тэксце (Апакаліпсіс, 5,3), дзе гаворыцца пра таямнічую кнігу, прачытаць якую яшчэ нікому не ўдалося.
Затрашчаць па <усіх> швах. Гл. трашчаць (затрашчаць) па <усіх> швах.
За трыдзевяць зямель. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘вельмі далёка’, спалучаецца з дзеясловамі паехаць, жыць і інш. А хібая не «скарылася», калі пасмела ў такім выглядзе ў вёску з’явіцца? Магла ж і за трыдзевяць зямель з’ехаць… Свет вялік, і ўсюды людзі жывуць… (П. Місько. Ціхае лета).
Узнік са свабоднага словазлучэння, якое нярэдка сустракаецца ў народных казках і абазначае ‘на вельмі далёкай зямлі’. Слова трыдзевяць першапачаткова мела значэнне ‘дваццаць сем’ і засталося як перажытак былой дзевяцярычнай сістэмы лічэння.
Затыканне дзірак <у чым>. Уласна бел. Ліквідацыя якіх-н. недахопаў, прагалаў у чым-н. Куды ж дзяваецца розніца, якую возьмуць з нашай кішэні? Ды ўсё туды ж: на затыканне дзірак, якіх шмату паміраючай эканоміцы, у бюджэце (М. Дзелянкоўскі. Газавая дуля).
Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага затыкаць дзіркі (кім, чым, у чым), што значыць ‘спехам ліквідаваць няхватку, недахопы ў чым-н.’.
Затыканне рота (ратоў). Уласна бел. Забарона свабодна выказваць свае думкі. Для нас карціна злачынства ўвогуле ясная. Як ясная і мэтанакіраваная палітыка па затыканню ратоў.. (П. Шарамет. Знік адвакат Аксінчык).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма затыкаць рот (каму), які абазначае ‘прымушаць замоўкнуць каго-н., не даваць гаварыць каму-н.’.
Захадзіць ходырам. Гл. хадзіць (захадзіць) ходырам (хадуном).
Захварэць на пана. Гл. хварэць (захварэць) на пана.
Як, што, чаго захоча левая нага каго, чыя. Гл. як, што, чаго хоча (захоча) левая нага каго, чыя.
За царом Гарохам. Усходнесл. (руск. при царе Горохе, укр. за царя Гороха часам з дадаткам як було людей трохи). Вельмі даўно; невядома калі (было, адбывалася што-н. і пад.). Вялікае Сітца — вёска вялікая. Малое Сітца — амаль такая ж. Калісьці, за царом Гарохам мо, у кожным з гэтых паселішчаў было па сітку, якім муку прасявалі. У адной вёсцы вялікае, у другой — малое… І хадзілі яны па руках у суседзяў… (В. Якавенка. Прыручэнне зямлі).
Выраз узнік на ўзор свабодных словазлучэнняў тыпу за царом Ірадам, за царом Сімяонам. Выкарыстанне замест сапраўднага ўласнага імя агульнага назоўніка (назвы расліны) — плён народнай дасціпнасці. Чаму ўзяты менавіта гарох? Можа, таму, што гэта, як піша, спасылаючыся на звесткі археолагаў, А. С. Аксамітаў, адна з найбольш старажытных культурных раслін, вядомых славянам. Магла, зразумела, адыграць ролю і проста выпадковасць. Напрыклад, ва ўкр. м. склаўся фразеалагізм за царя Хмеля (як було людей жменя). Аналагічныя спалучэнні для абазначэння далёкага мінулага ёсць у многіх народаў, пры гэтым усюды са словам цар ці кароль кантактуюць або назоўнікі «расліннага» паходжання, або яшчэ якія-небудзь забаўныя, спецыяльна прыдуманыя словы: у немцаў — Аnnо Тоbак («у гады Табакі»), у французаў — аu tетрs du rоі Guіllетоt («у часы караля Гільемо») або таксама: аu tетрs du rоі Dадоbеrt, у чэхаў — zа кгаlе Ноlсе («за каралём Галышом»), у палякаў — zа królа Ćwieczka («за каралём Цвічком») і г. д.
Зацісканне рота. Уласна бел. Прымушэнне не гаварыць што-н. нежаданае. Не подласць, не несправядлівасць, не зацісканне рота, не здрада Алёнкі былі самым жахлівым у гэтай гісторыі (У. Караткевіч. У снягах драмае вясна).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма заціскаць рот (каму).
Зацягваць (зацягнуць) пояс. Відаць, недакладная калька з ням. (Gürtel еngеr sсhаllеn, літаральна «зацягваць тужэй пояс») або англ. (tіghtеn опе’s bеll) м. Адчуваць вострую нястачу, жыць у крайняй беднасці. Скарачаецца ў садках і штатная колькасць выхавацеляў, падвышаецца нагрузка, хаця іхні заробак у ранейшых межах. Зацягвае паясы не толькі сфера адукацыі (А. Іваноўскі. Ні вячэры, ні святла).
Узнік шляхам метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці дзвюх з’яў: калі чалавек недаядае, галадае, ён мусіць тужэй зацягваць пояс (у прамым значэнні гэтых слоў). Фразеалагізмы з такой самай вобразнасцю ёсць у шмат якіх мовах, прычым у некаторых — двухкампанентныя: укр. підтягувати (затягувати) паски (ремінці, пояски), балг. затягам си пояса, чэшск. utаhоvаt sі гетеп. Параўн. у руск. м.: затягивать <туже> пояс (ремень).
Зачараванае кола. Калька з лац. м. (сіrсulus vitiosus). Ужыв. са значэннямі ‘бязвыхаднае становішча’ і ‘бяссэнсіца, лагічная памылка, калі што-н. даказваецца праз такое палажэнне, якое само патрабуе доказу’. І ў Шуркі быць бясконца нельга, і ісці куды б там ні было — таксама быццам нельга. Нейкае зачараванае кола, ланцуг, які і парваць як? (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Атрымліваецца зачараванае кола: няма [твора] у хрэстаматыі, бо няма ў праграме, і наадварот (Р. Шкраба. Энергія слова).
Узнікненне выразу ідзе, відаць, ад блуканняў па лесе, калі той, хто заблудзіў, зноў вяртаўся праз нейкі час на ранейшае месца. Такія блуканні прыпісваліся дзеянням нячыстай сілы.
Прымаць за чыстую манету што. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім сур’ёзна, як за праўду. — Аб тым не можа быць і спрэчак — не знесці курыцы такіх яечак. — I што ж, Каштан ухвалу гэту прыняў за чыстую манету (К. Крапіва. Каштан).
Узнік са свабоднага словазлучэння, дзе чыстай называлася манета дзяржаўнай чаканкі, не падробка з таннага металу, якую пускалі ў ход фальшываманетчыкі, спадзеючыся, што яе прымуць за чыстую манету. Фразеалагізм з вобразам нефальшывай манеты ёсць і яшчэ ў некаторых мовах, але з іншым прыметнікавым кампанентам: польск. рrzуjmovаć zа dоbrą топеtę («прымаць за добрую манету»), ням. für bаге Мünzе пеhтеп («за наяўную манету прымаць»).
Збівацца (збіцца) з панталыку. Запазыч. з укр. м. (збиватися з пантелику). Ужыв. са значэннямі: 1) даходзіць да замяшання, разгубленасці; заблытвацца; 2) пачынаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця, кепска паводзіць сябе. Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Ганна збівалася з панталыку. Куды ёй было да ўсяго іншага, калі невыразнасць наступнага дня не давала спакою (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Працаднём гэтым мяне ашаламіў… А тут яшчэ ордэнам стаў спакушаць. Ці доўга з панталыку збіцца (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).
Утвораны ад фразеалагізма збіваць (збіць) з панталыку каго. Слова панталык, невядомае па-за фразеалагізмам, «цьмянага» паходжання. Ёсць розныя меркаванні пра яго этымалогію. У слоўніку М. Фасмера (у дадатку рэдактара) выказваецца думка, што ў слове панталык можна бачыць запазычанне з аўстрыйска-баварскага дыялекту — рапtl (‘каснічок, стужачка’), якое ў многіх славянскіх гаворках дало суфіксальнае ўтварэнне з тым жа значэннем: укр. дыял. пантлик, пантлика, польск. дыял. рętlik, рęlіkа, славацкае рапtlіk, мараўскае репtlіk. Аднак наўрад ці магло ўступіць слова панталык (з названым яго значэннем ‘каснічок, стужачка’) у лексіка-граматычную спалучальнасць са словам збівацца. Больш пераканальная думка М. І. Міхельсона, які звязвае этымалогію слова панталык з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі —Пентэлік. Гл. збіваць (збіць) з панталыку каго.
Збіваць (збіць) з панталыку каго. Запазыч. з укр. м. (збивати/ збити з пантелику). Ужыв. са значэннямі ‘заблытваць, выклікаць замяшанне, разгубленасць’ і ‘уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае’. Рудольф сваім паведамленнем пра вайну зусім збіў вас з панталыку (Ц. Гартны. Сокі цаліны). [Дзед Бадыль: ] З старасцянкаю знюхаўся, а яна яго з панталыку збівае. Глядзі, сынок, каб ты праз яе сабакам не стаў! (К. Крапіва. Партызаны).
Фарміраванне выразу мае сувязь з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. У старажытныя часы гара славілася сваім мармурам, а таксама вялікай пячорай з гротам і вапнавымі нарасцямі, дзе лёгка было заблудзіць, заблытацца. Фразеалагізм склаўся, хутчэй за ўсё, у маўленні гімназістаў. Засвоенае імі пры вывучэнні грэчаскай мовы слова Пентэлік атрымала сэнсавае прырашчэнне і было ўключана ў фразеалагічную формулу гатовай мадэлі збіваць з толку каго. Пра тое, што выразы збіваць з панталыку, збівацца з панталыку, вядомыя ў бел., руск. і польск. м., узніклі на Украіне, сведчаць наступныя факты. Самая ранняя фіксацыя фразеалагізма збівацца з панталыку належыць А. Пагарэльскаму. У яго рамане пра жыццё правінцыяльнага дваранства на Украіне «Манастырка» (1830–1833) чытаем: «— Що ты городышь, Галя! — сказала она мне. — Ты збылась с панталыку». Далей ідзе аўтарскі каментарый: «Это по-здешнему, кажется, значит: ты с ума сошла». Выраз неаднаразова ўжываецца ў творах Т. Шаўчэнкі; у п’есе «Назар Стадола» (1843–1844): «Дівці дівку недовго збить з пантелику»; у аповесці «Наймичка» (1844) у аўтарскай мове сустракаецца сбить с толку, а ў мове старога казака Якіма Гірла — сбить с панталыку: «Сбили с панталыку окаянные, та й годи». На аснове назоўнікавага кампанента гэтага фразеалагізма ва ўкр. літаратурнай м. утварыліся многія дзеясловы, дзеепрыметнікі, назоўнікі: пантеличити, пантеличитися, спантеличений, спантеличення, спантеличити, спантеличувати, спантеличитися. Ва ўкр. м. назоўнікавы кампанент (пантелик, чытаецца «пантэлык») сваім гучаннем больш блізкі да грэч. Пентэлік, чым у бел., руск., польск. м.
Час збіраць камяні. Паўкалька з царк. — слав. м. (Час, пара) сумеснымі намаганнямі прыводзіць у пэўны парадак што-н. раней разбуранае, раскіданае, занядбанае і пад. (часцей пра мастацтва ці міждзяржаўныя адносіны). Як апавядаюць старажылы вёскі, са стратай касцёла і царквы многія мясцовыя жыхары страцілі былыя духоўныя і гістарычныя каштоўнасці. Дык наста ў час збіраць камяні (К. Вяржбіцкі. Час збіраць камяні).
Выток фразеалагізма — Біблія (Эклезіяст, 3,1–4). У ёй ёсць такія радкі (пераклад з рускага тэксту): «Усяму свой час і час усякай рэчы пад небам… Час раскідаць камяні, і час збіраць камяні». Параўн. урывак з нарыса С. Законнікава «Вячэра пад райскім дрэвам», дзе адчуваецца сувязь з прыведзенымі вышэй радкамі: «Калі мы сапраўды хочам пабудаваць мірны агульнаеўрапейскі дом, то кожны народ, кожны чалавек павінен пакласці камень у яго падмурак і сцены. Надышоў час не раскідаць, а збіраць камяні».
Збіць з панталыку каго. Гл. збіваць (збіць) з панталыку каго.
Збіць з тропу каго. Запазыч. з польск. м. (zbieć z troрu), дзе tгор — ‘след’. Выраз, можна меркаваць, узнік у мове паляўнічых і першапачаткова меў канкрэтны сэнс — ‘збіць са следу’ (напрыклад, калі гутарка ішла пра сабаку).
Значэнне фразеалагізма — ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’. Лукашык хацеў спачатку далажыць камбату па ўсіх правілах, але веставы сваім сыкам збіў яго з тропу (У. Дамашэвіч. Між двух агнеў).
Зблытаць <усе> карты каму, чые, каго. Гл. блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго.
З богам. Калька з лац. м. (сum Dео). Вокліч пажадання поспеху, удачы ў якой-н. справе. — Будзе выканана, ваша эксэленцыя! — пачціва прамовіў за абодвух Асташэўскі. — Тады — з богам!.. Я са свайго боку падмацую вас таксама (А. Карпюк. Вершалінскі рай). Ужываючыся ў спалучэнні з дзеясловамі, фразеалагізм развіў у сабе акалічнасна-прыслоўнае значэнне ‘шчасліва, з поспехам’. — Нам пара. Пойдзем. — Ага, ага, — пагадзіўся гаспадар. — Ідзіце з богам (А. Ставер. Пад канвоем).
Узнік на аснове старажытных уяўленняў пра Бога як вярхоўную істоту, што кіруе светам.
3 божай ласкі. Уласна бел. Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі. — Янка Купала — гэта беларускі паэт, — тлумачыў Кастусь. — Паэт э божай ласкі, талент незвычайны (С. Александровіч. На шырокі прастор).
Склаўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма божай міласцю (гл.) па мадэлі выразу з ласкі (каго, чыёй), адно са значэнняў якога — ‘дзякуючы каму-, чаму-н.’.
Збоку прыпёку. Агульны для бел. і руск. м. Абазначае ‘зусім непатрэбны, лішні, чужы’ і ‘зусім недарэчы, недарэчна (быць, аказацца, знаходзіцца дзе-н. і інш.)’. Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называюць вуліцы старымі назвамі, каб дазнацца, карэнны ты або так, збоку прыпёку (У. Караткевіч. Лісце каштанаў). У Ульяны хоць прычына, а што бацьку тут збоку прыпёку бавіцца? (В. Якавенка. Акно на плошчу).
Узнік у прафесійнай мове пекараў, дзе прыпёкай называюць тое лішняе, непатрэбнае, што прыліпла збоку да печыва пры выпяканні. Першапачатковая форма фразеалагізма (занатавана ў зборніку Я. А. Ляцкага) — збоку прыпёка, Канчатак — у ў назоўнікавым кампаненце абумоўлены імкненнем да поўнага сугучча.
Збор-каляда. Уласна бел. Група людзей ці прадметаў, неаднародных па якіх-н. прыметах, якасцях. Збор-дружына — зборышча людзей, яшчэ дакладней, — збор-каляда… (М. Лужанін. Дванаццаць вячорных вогнішчаў).
Першапачаткова — пра розныя падарункі, сабраныя ў выніку калядавання. Фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча.
Збыць з галавы што. Уласна бел. Вызваліцца, пазбавіцца ад чаго-н. непрыемнага. Пастар, які збыў з галавы нечаканы клопат з нашымі візамі… змог уздыхнуць з палёгкаю (С. Законнікаў. Вячэра пад райскім дрэвам).
Дзеяслоўны кампанент гэтага фразеалагізма — сэнсаўтваральны. Ён суадносіцца з перыферыйным адценнем дзеяслова збыць, якое фіксуецца ў ТСБМ (т. 2, с. 434), хоць, праўда, ілюструецца прыкладам, дзе збыць выступае ў непадзельным комплексе з іншымі кампанентамі фразеалагізма «збыць з галавы што»: Збыць бяду з галавы.
Званіць ва ўсе званы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. звонить во все колокола, укр. дзвонити в усі дзвони). Ужыв. са значэннямі: 1) усім і ўсюды голасна расказваць пра штосьці, 2) празмерна хваліцца чым-н. Чаго ж аб іх заслугах званіць ва ўсе званы? (Я. Непачаловіч. Я рад, што змоўклі оды…). Летась [Сурміла] ва ўсе званы званіў, што збярэ на круг па сорак цэнтнераў збожжа (В. Блакіт. Шануй імя сваё).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. У царкве звычайна было тры званы рознай велічыні і неаднолькавага гучання. Пускалі ў ход усе званы не заўсёды. Так, пра пачатак царкоўнай службы паспешліва апавяшчаў адзін звон, а ў рэлігійныя святы званілі ва ўсе званы.
Звесці канцы з канцамі. Гл. зводзіць (звесці) канцы з канцамі.
З ветрам (з ветрыкам, з вецярком) у галаве. Уласна бел. Занадта легкадумны, несур’ёзны. — Вам трэба памірыцца з ім. — Немагу я гэтага, Барыс. — Ён жа цябе кахае. Галіна. Ну, быў малады, дурны, трохі з ветрам у галаве, трохі памаузяівы, трохі пакрыў дзіў цябе. То ён жа адумаўся (Я. Скрыган. Скажы адно слова).
Утварыўся на аснове суадноснага фразеалагізма вецер у галаве (гуляе, свішча) (у каго), які ўжываецца толькі ў ролі безасабовага сыказніка і абазначае ‘хто-н. вельмі легкадумны, несур’ёзны’.
З ветру вяроўкі віць (звіць). Уласна бел. Гаварыць, сцвярджаць што-н. без усякіх падстаў, пляткарыць, выдумваць. Такім почыркам толькі падзякі пісаць, а ён кляўзы строчыць. Бываюць жа яшчэ зласліўцы, якія з ветру вяроўкі ўюць — смак у гэтым чуюць (А. Капусцін. Першае заданне).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Зводзіць (звесці) канцы з канцамі. Відаць, недакладная калька з франц. м. (joіndrе lеs dеuх bоuts, літаральна «зводзіць два канцы»). Ужыв. са значэннямі ‘пераадольваючы перашкоды, узгадняць розныя бакі чаго-н., злучаючы іх у адно’ і ‘задавальняць жыццёвыя патрэбы, знаходзячы выйсце з цяжкага матэрыяльнага становішча’. [Сцяпан] навучыўся самапраўнічаць. Прыпісваць каму-нікаму з даярак малако, а каб звесці канцы з канцамі — спісваць гэтае малако на кармленне цялят (В. Палтаран. За ракой Гарынню). Сям ’я жыла бедна, але дружна. Гаспадарку вяла старая маці, сяктак зводзячы канцы з канцамі (М. Лынькоў. З родных крыніц).
Узнік у маўленні рахункаводаў, дзе канцы асэнсоўваліся як «расход і прыход».
З вуснаў у вусны. Калька з франц. (dе bоuсhе еn bоuсhе) ці ням. (vоn Мund zu Мund) м. У вуснай форме, ад аднаго да другога (перадаваць навіны, чуткі і пад.). — Лагерны пісар, на выхад! — паслужліва перадаюць з вуснаўу вусны арыштанты, і загад ляціць з блока ў блок (А. Карпюк. Пушчанская адысея).
Выраз успрымаецца як разгорнутая сінекдаха (назва часткі чалавечага цела ўжыта ў значэнні цэлага).
З вышыні птушынага палёту. Недакладная калька з франц. м. (а vol d’оіsеаu — з палёту птушкі). Ужыв. са значэннямі 1) зверху, з такой вышыні, што ўсё відаць (глядзець, бачыць, назіраць і пад.), 2) павярхоўна, не ўнікаючы ў сутнасць справы (рашаць, разглядаць што-н.). Вядома, з вышыні птушынага палёту Прыпяць і яе ваколіцы ўяўляюць цяпер экзатычнае відовішча (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Была спісана вялікая бухгалтарская кніга, дзе з вышыні птушынага палёту мы аглядалі гісторыю роднага сяла (І. Навуменка. Сябры-равеснікі).
Унутраная форма гэтага скалькаванага выразу даволі празрыстая.
Звядзенне рахункаў <з кім>. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сведение счетов, укр. зведенне рахунків). Помста каму-н. за абразу, знявагу і пад. Сваю дзейнасць на пасадзе старшыні кантралёраў Асадчы накіраваў на звядзенне рахункаў з брыгадзірам (Звязда. 7.07.1987).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма зводзіць (звесці) рахункі з кім ‘помсціць каму-н., расквітваючыся з кім-н. за што-н.’.
Немагчы, неўмець звязаць двух слоў. Недакладная калька з лац. м. (trіа vеrbа non роtеst jungere, літаральна «трох слоў не магчы звязаць»). (Не магчы) звязна выказваць свае думкі. Стрэмка, не чытаючы даведкі, закрычаў:—Што вы тут напісалі? Без мяне двух слоў неможаце звязаць! (З. Бяспалы. Шышка).
Вобразнасць фразеалагізма заснавана на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Звязвацца (звязацца) вузамі Гіменея. Запазыч. з руск. м. Уступаць у шлюб. Нечаканую вестку, што [Андрэй] намерыўся ажаніцца, прытым звязацца вузамі Гіменея не з Лірыкай, а з мінчанкай Палінай, з якой нядаўна выпадкова пазнаёміўся, хлопцы ўспрынялі глуха і нема (В. Блакіт. Усмешка Фартуны).
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Гіменей — бог шлюбу.
Звязваць (ззязаць) канцы з канцамі. Агульны для ўсходнесл. м. Пераадольваючы перашкоды, узгадняць розныя бакі чаго-н., злучаючы іх у адно. Каб абагнаць дамашнія выдаткі, прыйшлося прадаваць адну карову; залаталі дзве-тры дзіркі, але на іх месца вылазіла пяць-шэсць дзірак. Звязаць канцы з канцамі ўжо не ўдавалася (Ядвігін Ш. Золата).
Утвораны па мадзлі з ужо існуючым, відаць, скалькаваным з франц. м. фразеалагізмам зводзіць канцы з канцамі (гл.), дзеяслоўны кампанент якога заменены іншым словам з адначасовым пераасэнсаваннем унутранай формы выразу (яна тут мае сувязь са звязваннем канцоў вяроўкі, лейцаў і пад.).
Звярнуць горы <з кім, з чым>. Гл. варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>.
3 гакам. Запазыч. зукр. м. Ужыв. са значэннямі ‘з невялікім перавышэннем (пасля лічэбніка пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-н.)’ і ‘больш, чым трэба (мець, рабіць, зрабіць што-н.)’. Шэсцьдзесят было ёй з гакам, а цвіла кабета макам (К. Крапіва. Біблія). Мне за высокія надоі прэміяльнага малака выдаюць столькі', што хапіла б на нашу сям 'ю з гакам (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).
Генетычна выраз мае сэнсавую сувязь з адным са значэнняў пяцізначнага ва ўкр. м. назоўніка гак — ‘дабаўка, лішак’.
З галавой выдаць сябе. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае: 1) поўнасцю выявіць сваё дачыненне да якой-н. правіннасці, 2) поўнасцю выявіць сваю прысутнасць, 3) поўнасцю выявіць свой стан, настрой, пачуцці перад кім-н. Цяпер, праўда, хлапчук разумее, што з галавою выдаў сябе. Думаю — шпікі зробяць данос — і на яго, і на Лейбу (А. Бажко. Перад вераснем). Ці стане ён страляць, каб выдаць сябе з галавой ды і іншых… падвесці пад абух? (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Слава… чырванеў, гарачыўся, бянтэжыўся і гэтым выдаваў сябе з галавой (І. Навуменка. Вераніка).
Узнік у выніку кантамінацыі двух фразеалагізмаў з аднолькавымі кампанентамі: выдаць сябе + выдаць з галавой (гл.). Адбылося як бы накладанне, пашырэнне першага фразеалагізма за кошт часткі другога. Значэнні кантамінаванага выразу засталіся тыя ж, што былі ўласцівы першаму фразеалагізму, толькі ўзбагаціліся семай узмацняльнасці (‘поўнасцю’).
З глыбіні душы. Калька з лац. м. (аb іmо ресtоге). Чыстасардэчна, з найлепшымі намерамі. —Дык трэба ж нешта рабіць, Казічак… — вырваліся з глыбіні душы ў яе [Ганны] словы. — Як жа ты думаеш жыць далей? (В. Дайліда. Буслы над вёскай).
З грахом папалам. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘недазволеным спосабам, несумленна, ашуканствам (рабіць што-н.)’ і ‘з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь’. Які я камандзір? Не ведаў нават, як і стрэльбу трымаць, а пра каманды ці маршы і не пытай/.. Так з грахом папалам трымаюся дьг баюся, каб за шкірку не выштурхнулі (А. Мрый. Камандзір). Сярэднюю школу Сямён кончыў з грахом папалам, у старэйшых класах сядзеў па два гады (А. Чарнышэвіч. Што рабіць?).
Паходзіць, на думку М. М. Шанскага, з аднайменнага свабоднага словазлучэння, у якім грэх абазначала не ‘парушэнне правіл рэлігійнай маралі’, а мела архаічнае значэнне ‘памылка’ (параўн.: огрех, погрешность). Другое значэнне развілося ў гэтым фразеалагізме, відаць, пад уплывам выразу з горам папалам.
Згубіць галаву. Гл. губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву.
Згуляць у паддаўкі. Гл. гуляць (згуляць) у паддаўкі.
Згушчаць (згусціць) фарбы. Паўкалька з ням. м. (diе Fаrbеn dіск аuftгадеп). Празмерна перабольшваць. Можа, і згусціла Зіна фарбы, але цяпер ёй здавалася, што ўсё было менавіта так (Л. Арабей. Другі).
Выраз усведамляецца як матываваны.
Згушчэнне фарбаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сгущение красок, укр. згущенне фарбів). Празмернае перабольшанне. [Касцюшка] вядома, пісаў і наскрозь крытычньія матэрыялы, у тым ліку фельетоны, якія без згушчэння фарбаў наогул немагчыма напісаць (І. Навуменка. Летуценнік).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага згушчаць фарбы (гл.).
Здаваць (здаць) <свае> пазіцыі. Агульны для ўсходнесл. м. Прызнаваць сябе пераможаным, паддавацца. Сашку вельмі хацелася, каб гэты інжынер, Сурын, узяў над ім [Клімцом] верху спрэчцы іў нейкім сэнсе разлічыўся б і за яго, Сашку. Але Клімец і не думаў здаваць пазіцыі (Я. Радкевіч).
Склаўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага словазлучэння з вайсковага лексікону, дзе пазіцыяй называюць месца распалажэння вайсковых груп у баі. Параўн. урывак з гумарыстычнага апавядання К. Крапівы «Вясна», дзе актуалізуецца і зыходны сэнс фразеалагізма: «Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі на ўсім фронце, толькі дзе-нідзе, у самых глухіх закутках, замацаваліся яе белыя атрады, але і тыя, бачачы немінучую сваю пагібель, праліваюць раўчукі слёз».
З другіх (трэціх) вуснаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из вторых уст, укр. з другіх уст). Праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, слухаць, даведвацца і пад.). Жанчыне хацелася паслухаць і нявестчыны словы з другіх вуснаў (У. Паўлаў. Спелыя травы).
Узнік, відаць, па мадэлі з ужо існуючым, скалькаваным з франц. м. фразеалагізмам з другіх рук (гл.), адно са значэнняў якога — ‘праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, даведвацца і пад.)’.
З другіх (трэціх) рук. Калька з франц. м. (dе sесопdе mаіn, літаральна «з другіх рук»). Ужыв. са значэннямі ‘праз перакупшчыка, не непасрэдна ад уладальніка (купляць, трапляць і пад.)’ і ‘праз пасрэднікаў, не непасрэдна ад сведкі (чуць, даведвацца і пад.)’. Гэта былі ужо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук (І. Чыгрынаў. Самы шчаслівы чалавек). — Ты знаёмы з яго задумкамі, галоўны? — Збольшага… Крыху — ад яго самога, крыху з трэціх рук (У. Карпаў. Сотая маладосць).
Першапачаткова выкарыстоўваўся пры дзеясловах купляць, набываць і пад., калі размова ішла пра гандлёвыя справы. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме пазней.
Клёцкі з душамі. Уласна бел. Начыненыя мясным ці іншым фаршам з прыправамі, Гаспадыня са старэйшаю нявесткаю падала новую страву — калдуны, ці клёцкі з душамі, як іх яшчэ называюць, і ўсе дружна ўзяліся за іх (У. Дамашэвіч. Мітынговая аповесць).
Назоўнікавы кампанент тут мае няслоўнікавае значэнне, звязанае са спосабам прыгатавання гэтых клёцак. Пра яго Р. Барадулін піша: «На тарку дралася бульба. Адціскалася праз суравіну. Гэтае цеста звалася целам. Потым рабіліся душы — з крышанага мяса і сала, з грыбоў, адпаведна прысмакі, прыправы. Цела клёцкі мела форму снежкі, і гэтакую форму мела душа. Душа магла быць і з кавалачка кілбасы. У цела клалі душу — і кідалі ў вар…»
Здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго. Агульны для ўсходнесл. м. Уздзейнічаць на каго-н., адчытваючы, моцна прабіраючы яго. Прышлі да мяне свайго разумненькага мэра. Я з яго, чортавага сына, здыму стружку (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Паходзіць, відаць, з маўлення токараў, дзе здымаць стружку з загатоўкі абазначае ‘даводзіць дэталь да неабходных памераў’. Пры пераасэнсаванні актуалізацыю атрымала сема ‘уздзейнічаць пэўным чынам’, агульная для свабоднага словазлучэння і сфарміраванага на яго аснове фразеалагізма.
З’ездзіў у рыгу. Агульны для бел. і руск. м. Званітавала каго-н., звычайна пры моцным ап’яненні. Потым з'ездзіў двойчы ў «рыгу», а назаўтра ўстаў з пахмелля, — праклінае Антак «зелле»… (К. Крапіва. Як Антак стрэў «вельканоц»).
Выраз каламбурнага характару, пабудаваны на сугуччы няроднасных слоў Рыга і рыгаць (са значэннем ‘ванітаваць’). Разам з тым у фразеалагізме, на думку М. І. Міхельсона, прыхаваны намёк «на тыя ж вынікі, што выклікаюцца падарожжам па моры ў Рыгу».
З’есці з трыбухамі каго. Уласна бел. Замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем. [Валодзя: ] Што так раптам перадумаў? [Раман: ] Як заўважыць гаспадар, з трыбухамі з’есць. «Узрадаваўся, скажа, сукін сын, што мяне спляжылі» (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).
Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі пераноснага і прамога значэнняў дзеяслова з’есці (‘замучыць нападкамі, ганеннем’ і ‘скарыстаць на яду’) з далейшым дапаўненнем дзеяслова экспрэсіўным дадаткам з трыбухамі.
З’есці пуд солі з кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. съесть пуд соли, укр. з’істи пуд солі) і польск. (bесzkę sоlі sjеść — бочку солі з’есці) м. Доўга пражыць разам. Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з’еў не адзін пуд солі (І. Шамякін. Сэрца на далоні).
Фрагмент прыказкі Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці. Літаральны сэнс другой часткі — ‘патрэбны працяглы час, за які можна разам з’есці пуд солі’. Прыказка склалася, калі на соль была вельмі высокая цана.
З жабіны прыгаршчы чаго. Уласна бел. Вельмі мала (шчасця, радасці, здароўя і пад.). —Хіба маладым не быў? Хіба радасці… шчасця не бачыў? — Было шчасце. З жабіны прыгаршчы (А. Кажадуб. Ваўкалакі).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
З заміраннем сэрца. Агульны для ўсходнесл. м. Адчуваючы моцнае хваляванне, трывогу (чакаць, сачыць, глядзець і пад.). З заміраннем сэрца ўзяў я ў рукі знойдзены блакнот (К. Кірэенка. З аповесці вайны).
Вытворны ад іменна-дзеяслоўнага прэдыкатыўнага фразеалагізма сэрца замірае ў каго, чыё ‘каго-н. нечакана ахоплівае хваляванне ці трывога, неспакой і пад.’.
З затоеным дыханнем слухаць, глядзець. Уласна бел. Вельмі ўважліва, зацікаўлена. З затоеным дыханнем слухалі разаноўцы паведамленні з фронту (А. Жураўскі. За родныя хаты).
Прыслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага затаіць дыханне ‘прыціхнуць у вялікім напружанні, здзіўленні і пад.’.
Зімой і летам адным цветам. Уласна бел. Ужыв. пры дзейніку са значэннем асобы і мае сэнс ‘заўсёды ў адным і тым жа адзенні’. Адзець на змену не было чаго… I яна [маці], і дзеці зімой і летам адным цветам, — адно насілі, латанае-пералатанае (М. Гіль. Прагал).
Склаўся на аснове аналагічнай загадкі пра елку, хвою. Параўн. тэкст, дзе гэта сувязь выразна адчуваецца: «Зойка амаль па году не здымала з сябе сіняй пацёртай спадніцы і цёмна-шэрай шарсцяной жакеткі. А як жыла тая ж Зойка, чым жыла — ніхто і не думаў цікавіцца! Чулася пра яе толькі адно: „Зімой і летам адным цветам“. З таго і празвалі Зойку „елкай“» (Я. Янішчыц. Трое сутак надзеі).
З каломенскую вярсту. Запазыч. з руск. м. Вельмі высокі (пра чалавека). Адзін, як за Крычавам кажуць, з каломенскую вярсту, другі — каратыш (І. Чыгрынаў. Свае і чужынцы).
Узнік на базе той жа крыніцы, што і фразеалагізм каломенская вярста (гл.).
З капейкамі. Уласна бел. З невялікім перавышэннем. Нам трэба паспець у эвакапункт, а праз нейкі час зноў на платформу — састаў, што на Славянск праследуе, прыбывае праз нейкую гадзіну з капейкамі (І. Капыловіч. Калі трэба жыць).
Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор сінанімічных выразаў з гакам, з хвосцікам і інш., якія ўжываюцца пасля лічэбнікавага спалучэння пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-небудзь.
З карабля на баль. Запазыч. з руск. м. Спалучаецца з дзеясловамі пападаць, прыязджаць, трапіць і ўжываецца, калі кажуць пра неспадзяваную змену абставін, са значэннем ‘з дарогі на нечаканы занятак’: Вярнуўшыся ў Мінск, артысты трапілі, што называецца, з карабля на баль: трактаразаводцы папрасілі іх выступіць у святочным канцэрце, прысвечаным 30-годдзю завода (ЛіМ. 18.06.1976).
Крылаты выраз з рамана А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін». Герой рамана пасля падарожжа прыехаў у сталіцу і трапіў, «як Чацкі, з карабля на баль». Слова баль у пушкінскім ужыванні выкарыстана з прамым значэннем: і Чацкі, герой камедыі А. С. Грыбаедава «Гора ад розуму», і Анегін сапраўды трапілі на баль. Штуршком да далейшай метафарызацыі выразу было тое, што ўжо ў Пушкіна кампаненты з карабля рэалізаваліся ў дачыненні да Анегіна пераносна (ён вярнуўся з падарожжа па Расіі, зразумела, не на караблі).
Усе грошы з кашальком. Уласна бел. Абсалютна (усе грошы, якія былі ў наяўнасці). — Заплаціў усе грошы з кашальком, — горка апавядаў ён, — прыгналі мне за вароты трактар на стаянку... (В. Дубінка. У банкетнай зале…).
Узнік у прастамоўі як жартоўны дадатак да спалучэння ўсе грошы для паўнаты і пераканальнасці якога-небудзь сцвярджэння.
Злавіць двух зайцаў (зайцоў). Уласна бел. Адначасова дасягнуць дзвюх мэт. Зрабіце заключны допыт. Калі ён не адкрыецца, адпусціце яго пад спецыяльны нагляд. Яму скажыце, хай дзякуе Аксане. Такім чынам, мы зловім, як кажуць, двух зайцоў (М. Гамолка. Лясная крэпасць).
Утвораны на вобразнай аснове прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана.
Злавіць (спаймаць) лісу (лісіцу). Уласна бел. Неасцярожна прапаліць вопратку пры агні. Касцы аглядалі свае апранахі. Нехта ўмудрыўся злавіць лісу, прапаліць у крысе кухвайкі дзірку (В. Макарэвіч. Палын і медуніца).
Склаўся на аснове падабенства па колеры паміж лісінай шэрсцю і прапаленым лапікам.
Злажыўшы рукі. Гл. склаўшы (злажыўшы) рукі.
Злажыць галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць, злажыць) галаву за каго, за што, дзе.
Злажыць зброю. Гл. складваць (скласці, злажыць) зброю.
Злазіць (злезці) з карку (з шыі) чыйго (чыёй). Уласна бел. Пераставаць абцяжарваць каго-н., будучы на яго ўтрыманні. Ну, Захарка, злазь з жончынага карку і паедзеш на курсы камбайнераў. Вось спіс. Праўленне калгаса і цябе рэкамендуе (І. Дуброўскі. Разлад).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз. Магчыма, выраз склаўся як антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма сядзець на шыі (на карку, на гарбе) чыёй, у каго, каго (гл.).
Злазіць (злезці) са свайго канька. Агульны для ўсходнесл. і польск. (zejść zе swоjедо kоnіkа) м. Пераставаць гаварыць на любімую тэму. Бухарын раптам злез са свайго канька — ні слова пра тое, штоў адказ на нямецкае наступленне трэба тут жа ўзняць на «рэвалюцыйную вайну» сялянства (І. Шамякін. Петраград — Брэст).
Узнік як антанімічнае па форме і змесце ўтварэнне ад фразеалагізма садзіцца на свайго <любімага> канька (супрацьпастаўлены садзіцца (на каго) і злазіць (з каго) (гл.).
Злезці з карку чыйго. Гл. злазіць (злезці) з карку чыйго.
З лёгкай парай! Агульны для бел. і руск. (с легким паром) м. Прывітанне і пажаданне добрага здароўя таму, хто толькі што папарыўся ў лазні. Паружавелыя, памаладзелыя, задаволеныя людзі вяртаюцца з лазні. — 3 лёгкай парай! — вітаюць іх тыя, хто з венікам пад пахай крочыць на сустрэчу са спрадвечнай крыніцай здароўя (Вожык. 1985. № 11).
Першапачаткова гэты выраз гаварыўся пры ўваходзе ў лазню як зычэнне тым, хто парыўся ўжо. Лёгкай называлі пару без чаду. У фальклорным томе «Выслоўі» (1979) фіксуюцца розныя зычэнні «ў лазні і ідучы з лазні»: «3 лёгкай парай», «3 добрым парам» і інш.
І. Насовіч падае як вітанні пры ўваходзе ў лазню: «Пара — баня, лёгкі дух», «Шаўковы венік, лёгкі дух». Параўн. таксамаў апавяданні М. Гарзцкага «У лазні»: «Саўка… шыбка пабег наперад усіх к лазні. Там ён кумільгом укаціўся ў прымыльнік і сказаў дыскантам: — Пара — лазня, лёгкі дух!..»
З лёгкай рукі каго, чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. Пасля чыйго-н. пачынання, прыкладу. Мае землякі — цесляры, кавалі, адважныя партызаны. Дык гэта ж з іхняй лёгкай рукі гамоняць бары і звіняць крыніцы (Р. Барадулін. Трыпціх).
Выток фразеалагізма — былое павер’е, што ў некаторых людзей «лёгкая» рука, шчаслівая, прыносіць удачу, поспех. Такіх людзей запрашалі, напрыклад, увесці ў хлеў толькі што купленага каня, зрабіць яшчэ сякую-такую дробязь, якая, аднак, многае значыць.
З лёгкім сэрцам. Калька з франц. м. (d’un соеur lедег). Без трывог і апаскі, без роздуму. Як відаць, яе [Ядвісю] нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца (Я. Колас. На ростанях).
Прыметнікавы кампанент у выразе выступае як сэнсаўтваральны, суадносны з перыферыйным значэннем слова лёгкі.
З ліхвой. Запазыч. з руск. м. (ёсць і ва ўкр. м.: з лихвою). Больш, чым трэба (вярнуць, акупіцца і пад.). Жыццё пылінку вечнасці сваёй пазычыць пад настрой, але адразу цярпець прымусіць крыўду і абразу, вярнуць пазыку хочучы з ліхвой (Р. Барадулін. Жыццё пылінку вечнасці сваёй…).
Мяркуюць, што выраз утвораны на аснове старажытнага назоўніка лихва (ад прыметніка лихь ‘лішні, астатні’), які абазначаў працэнты, лішкі пры грашовых аперацыях.
Злоба дня. Запазыч. з царк. — слав. м. Тое, што прыцягвае ўвагу, займае, цікавіць усіх у дадзены момант. Паўлюк Трус працаваў у штодзённай ггрэсе, актыўна жыў «злобай дня» (К. Чорны. Думкі пра Паўлюка Труса).
Выток фразеалагізма — Біблія, дзе (Матфей, 6, 34) ёсць радок: «Довлеет дневи злоба его», г. зн. ‘хапае для кожнага дня сваёй турботы’; злоба — ‘турботы, клопат’.
Злы геній чый. Паўкалька з франц. м. (mаuvаіs gènіе). Чалавек, які аказвае на каго-н. дрэнны ўплыў, прыносіць каму-н. шкоду, зло. [Сухадольскі:] Можа, і я часамі глядзеў на рэчы тваімі вачамі. [Антаніна Пятроўна: ] Злы геній твой (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).
Выток фразеалагізма — старажытнарымская міфалогія. У ёй геніем называлі духа, які кіруе чалавекам, яго думкамі і дзеяннямі. Лічылася, што ёсць два геніі: добры і злы. Апошні штурхае чалавека на дрэннае.
Змаганне з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.
Змагацца з ветракамі. Гл. ваяваць (змагацца) з ветракамі.
З малаком маці (мацеры). Уласна бел. З дзіцячага ўзросту, з самых ранніх гадоў (атрымліваць, успрымаць і пад.). Я з малаком мацеры атрымаў людскую прывычку, хоць часам і нявінна, хітраваць (К. Чорны. Хвоі гавораць).
Склаўся як акалічнасна-прыслоўны выраз на аснове дзеяслоўнага ўсмоктваць з малаком маці што (гл.). Адарваўшыся ад дзеяслоўнага кампанента і захаваўшы «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма, выраз стаў спалучацца з іншымі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (давацца, атрымліваць і г. д.).
З малатка. Калька з ням. м. (untеr dеn Натmеr). Ужыв. пры дзеясловах пайсці, прадаць, пусціць і абазначае ‘з публічнага торгу’ Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
У Германіі (XIV ст. і пазней) практыкаваўся аўкцыённы продаж маёмасці, рэчаў. Калі за тую ці іншую рэч пакупнік прапаноўваў найвышэйшую суму, ударам малатка аб’яўлялі, што рэч прададзена.
З месца ў кар’ер. Агульны для ўсходнесл. м. Адразу ж, без адцягвання. Здаецца, мая парада пайшла вам на карысць. Вырашылі быць дзёрзкім з месца ў кар’ер (К. Крапіва. Проба агнём).
Паходзіць з мовы кавалерыстаў, дзе словам кар’ер называюць самы хуткі бег каня і дзе спалучэнне з месцаў кар’ер, звычайна ўжываючыся з дзеясловам узяць, мае значэнне ‘адразу перайсці на галоп’. Параўн. ужыванне спалучэння з прамым значэннем слоў: «Конь пад афіцэрам узвіўся на дыбы, пераступіў заднімі нагамі і гупнуў на зямлю пярэднімі — у той бок галавою, куды ім трэба было ехаць, і з месца ўзяў у кар’ер» (П. Місько).
З месяца зваліўся. Гл. з неба (з месяца) зваліўся.
З мірам. Запазыч. з царк. — слав. м. Значэнне фразеалагізма ‘без пакарання, мірна’рэалізуецца пры дзеясловах адпусціць, пакінуць і інш. Проста запрасіў [местачковы ўраднік] да сябе… і сказаў: «Вось што, падпольны дарэктар!.. Будзем шукаць другога…» I адпусціў мяне з мірам (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Выйшаў з той жа евангельскай прытчы пра жанчыну, абвінавачаную ў распусце, што і фразеалагізм кінуць камень (гл.). Хрыстос адпусціў жанчыну, сказаўшы ёй: «З мірам!» Фразеалагізм неаднаразова сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад у такіх, як «Хаджэнне дзяка Ігнація Смальняніна ў Царград і Іерусалім» (XIV ст.), «Юдзіф» Ф. Скарыны (1519), «Дыярыуш» А. Філіповіча (XVII ст.).
З міру па нітцы збіраць, сабраць. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. с миру по нитке, укр. з міру по нітці). Ад усіх патроху. Гойдаючы малое, яна заўважала рукі, што працягвалі ёй белую хусцінку: «Калі ласка». Нехта прынёс пялёнку, нехта — кавалак марлі. 3 міру па нітцы… (С. Шыдлоўская. Звычайны лёс).
Паходзіць з прыказкі З міру па нітцы — голаму сарочка, сэнс якой — ‘ад усіх патроху — і атрымаецца нешта значнае, адчувальнае для каго-н. аднаго’. Мір — агульнае для ўсходнесл. м., цяпер ужо ўстарэлае слова са значэннем ‘сельская грамада’. Яно захавалася ў фразеалагізме ўсім мірам, у прыказцы Што будзе міру, тое і бабінаму сыну.
З мухі зрабіць слана. Калька з грэч. м. Занадта перабольшыць што-н., надаць чаму-н. нязначнаму вялікае значэнне. Ведаю я вашы жаночыя страхі. Вашу бязглуздую рэўнасць. З мухі можаце зрабіць слана (І. Шамякін. Выгнанне блудніцы).
Звычайна аўтарам гэтага выслоўя лічаць старажытнагрэчаскага пісьменніка Лукіяна, аднак яно існавала яшчэ да Лукіяна і толькі ім упершыню выкарыстана ў сатыры «Пахвала мусе» як гатовы народны выраз. Пра гэта сведчаць апошнія радкі сатыры, у якіх гаворыцца, што аўтар перапыняе сваё слова, каб не падумалі, быццам ён, «паводле прыказкі, робіць з мухі слана».
Змяніць пласцінку. Гл. мяняць (змяніць, перамяніць) пласцінку.
Змяю гадаваць на сваіх грудзях. Калька з лац. м. (vірегаm sub аlа nutrісаге — змяю за пазухай (пад пахай) выгадаваць). Клапаціцца пра чалавека, які пасля адплачвае няўдзячнасцю. Пад плотам знайшоў я цябе, сіратою ўзяў, думаў, за сына роднага будзе, ажно змяю гадаваў на сваіх грудзях… (В. Каваль. Дзень палымнее). Фразеалагізм выкарыстоўваецца і ў форме прыгрэць змяю на сваіх грудзях: Вось рабі людзям дабро!.. Прыгрэеш змяю на сваіх грудзях, а яна цябеўкусіць. Ці кепска жылосяў мяне Салаўю?.. А вось і аддзякаваў! (З. Бядуля. Салавей). Гэты варыянт — калька з франц. м. (гесhаuffеr uп sегрепt dаns sоп sеіп).
Фразеалагізм склаўся на аснове байкі Эзопа «Селянін і Змяя»: селянін падабраў скарчанелую змяю і паклаў за пазуху, а тая, адагрэўшыся, укусіла яго.
Змяя падкалодная. Гл. гадзіна (змяя) падкалодная.
Знайсці агульную мову з кім. Гл. знаходзіць (знайсці) агульную мову з кім.
Знайшлася агульная мова ў каго, з кім. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. нашелся общий язык, укр. знайшлася спільна мова). Хто-н. дасягнуў поўнага паразумення, дамовіўся з кім-н. З Паходнем у яе знайшлася агульная мова, Васіліне падабаўся гэты малады старшыня калгаса з яго энергіяй і смеласцю планаў, пра якія яны не раз гаварылі (Т. Хадкевіч. Даль палявая).
Утварыўся на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма знаходзіць (знайсці) агульную мову з кім (гл.). Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ.
Знайшоў(-шла, — шлі) сякеру (тапор) пад (за) лаўкай. Агульны для бел. і ўкр. (знайшов сокиру під (за) лавкою) м. Выказванне іранічных адносін да таго, хто робіць ці гаворыць што-н. недарэчнае або ўсім вядомае і лічыць гэта сваёй знаходкай ці выйсцем з пэўнага становішча. — Грошы дзе? — Ляжаць на тэлевізары. — Знайшла тапор пад лаўкай. То — не нашы, то бацькавы. Мы беднякі, дочачка (Л. Калодзежны. Водар палыну).
Выраз адлюстроўвае рэаліі ранейшага паўсядзённага жыцця сялян. Як пісаў М. Федароўскі, «беларус мае звычай тапор вострым канцом закладваць у шчыліну паміж лаўкай і сцяной». У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча фразеалагізм атрымаў звужанае тлумачэнне: «Кажуць у доказ зладзюжку, які апраўдваецца, што знайшоў зніклую рэч».
Знаходзіць (знайсці) агульную мову з кім. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. находить общий язык, укр. знаходити спільну мову). Дасягаць поўнага паразумення; дамаўляцца. [Шуфт: ] Мы даём вам час абдумаць становішча. Спадзяёмся, што мы з вамі знойдзем агульную мову (К. Крапіва. З народам).
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Кампаненты сэнсава суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент знаходзіць — са значэннем ‘дабівацца, адшукваць’, агульны — са значэннем ‘узаемны’, мова — са значэннем ‘сродак наладжвання сувязі паміж людзьмі’.
З неба (з месяца) зваліўся (-лася, — ліся). Агульны для ўсходнесл. м. Звычайна ўжыв. у пытальных сказах, абазначаючы ‘не разумееш таго, што відавочна ўсім’. —А што за камітэт такі? — Гэ! Ды ты што — з неба зваліўся? Камітэт — гэта наша з табой зараз начальства (Л. Дайнека. Людзі і маланкі).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам франц. тотbеr dеs nuеs (літаральна «ўпаў (зваліўся) з воблакаў»).
Знімацца (зняцца) з якара. Агульны для ўсходнесл. м. Адпраўляцца, ад’язджаць. Амаль што разам з трактарыстам зняўс я з якара і дзядзька на падводзе, нават шлегануў лейчыною каня па баку, азірнуўся (А. Жук. Чорны павой).
Склаўся ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні маракоў.
Знімаць стружку з каго. Гл. здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго.
З носа. Агульны для ўсходнесл. м. З кожнага, з аднаго чалавека. Пашпарты, білеты — усё бяру на сябе. Абы-хто гэтага не зробіць. За ўсе выдаткі па дзесяць даляраў з носа (В. Супрунчук. У Парагвай, у цёплы край).
Утвораны шляхам сінекдахічнага пераносу (назва часткі ўжыта ў значэнні цэлага).
З носам пакідаць, заставацца, ісці і пад. Усходнесл. Без таго, на што разлічваў, спадзяваўся хто-н., чаго дабіваўся. Апроч усяго іншага, Васілю было проста непрыемна, што ён, войт, нягледзячы на ўсе захады, каб злавіць старога Талаша, аставаўся, як кажуць, з носам (Я. Колас. Дрыгва).
Этымалогія выразу звязваецца з аманімічным свабодным спалучэннем, у якім даўно зніклае слова нос, утворанае ад дзеяслова насіць, абазначала ‘прынос’ — падарунак, хабар, што давалі баярам, духавенству, калі прасілі чагосьці. Не заўсёды дапамагаў і «нос», тады просьбіт заставаўся з тым, што прынёс («з носам»), г. зн. цярпеў няўдачу. Такі ж лёс мог напаткаць і жаніха, калі ён прыносіў калым бацькам нявесты, а яму адмаўлялі.
Зняцца з якара. Гл. знімацца (зняцца) з якара.
Зняць стружку з каго. Гл. здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго.
Зорка закацілася (патухла) чыя. Калька з франц. м. (étоіlе рâlіt). Кончылася чыё-н. шчасце, поспехі, кар’ера і пад. Картэра секанула думка: яго зорка закацілася! Відаць, у ваеннапрамысловым комплексе карту паставілі на іншага іграка (С. Паўлаў. Тарцюф XX стагоддзя).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшай верай у тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак, ад таго, пад якой зоркай ён нарадзіўся, як яна свеціць.
Зорка першай велічыні. Калька з ням. м. (Stеrn еrstег Größе). Вельмі славуты ў пэўнай галіне чалавек. Акрамя самога гаспадара, там ужо былі Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Максім Лужанін. Зоркі першай велічыні, паважаныя людзі (І. Шамякін. Спакойная мудрасць, мужны талент).
Узнік у выніку фразеалагізацыі тэрміналагічнага словазлучэння, якім у астраноміі называюць самыя яркія зоркі, бачныя без тэлескопа.
Зорная гадзіна (часіна) чыя, для каго. Калька з руск. м. (звездный час); у слоўніках англ., франц., ням., а таксама ўкр. і польск. м. выраз не фіксуецца. Вялікі поспех, трыумф, росквіт у якой-н. справе, дзейнасці. [Андрэй Іванавіч] адчувае: наступае яго зорная часіна. Позна наступае, на схіле жыцця, але шчасце асабістае і творчае яго ўсё-такі не абмінула (І. Навуменка. Старавіленскі тракт).
Выраз аўстрыйскага пісьменніка С. Цвэйга з прадмовы да яго зборніка гістарычных навел «Зорныя гадзіны чалавецтва» (1927); на рускую мову перакладзены ў 1956 г. Паводле С. Цвэйга, «кожны крок эпохі… выспявае паступова», «з мільёнаў упустую пражытых часін толькі адна становіцца сапраўды гістарычнай — зорнай гадзінай чалавецтва». Гэтыя гістарычныя імгненні «прадвызначаюць лёс сотняў пакаленняў, накіроўваюць жыццё асобных людзей, цэлага народа ці нават усяго чалавецтва». Яны, як вечныя зоркі, «нязменна ззяюць у ночы забыцця і тлену». Выраз атрымаў пераасэнсаванне і больш шырокую сферу прымянення.
З-пад зямлі даставаць (дастаць). Агульны дляўсходнесл. м. Пры любых умовах, любым спосабам і абавязкова. [Гарлахвацкі:] А грошы будуць. Для вас з-пад зямлі дастану (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).
В. І. Чарнышоў, Э. Вартаньян і інш. лічаць, што ўзнікненне фразеалагізма мае сувязь з даўнейшым звычаем закопваць у зямлю «на чорны дзень» металічныя грошы.
З паднятым забралам. Гл. з адкрытым (паднятым) забралам.
З-пад спуду. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘з забыцця (даставаць, вызваляць і пад.)’. З-пад спуду вырваўшыся, следам выходзіць праўда на прастор (М. Аўрамчык. Волхаўская споведзь). Або: Рэцэпт стары з-пад спуду ў Амерыцы дасталі (У. Корбан. Вашынгтонскі кулінар).
Склаўся на аснове фразеалагізма пад спудам (гл.) як антанімічнае ўтварэнне, як яго сэнсавая супрацьлегласць.
З паходам. Уласна бел. З невялікім перавышэннем (пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-н.). — А мы хацелі, каб вы яблык нам па якому кілаграму прадалі. — Наце, бярыце! — падала нам цётка па чатыры залатабокія антоны. — Тут мо яшчэ і з паходам будзе (Р. Сабаленка. Яблыкі).
Узнік праз супастаўленне з узважваннем на бязмене: калі тое, што ўзважваюць, крыху цяжэйшае за патрэбную вагу, то рычаг з грузам не стаіць на месцы, а «ходзіць», ідзе ўніз.
З першага погляду (позірку). Калька з франц. м. (аu ргеmіеr аsресt). Ужыв. са значэннямі ‘адразу ж’ і ‘па першым уражанні’. З бакавых дзвярэй выйшаў на хвіліну, трэба думаць, дырэктар магазіна. Яго я не ведаў, але з першага позірку можна было вызначыць, што ён тут старажыл (У. Шахавец. Блакітная мара). Адна дробная з першага погляду рэч запыніла на сабе іх увагу. Яны ўбачылі ў лесе сляды чалавечых ног (Я. Колас. Дрыгва).
Лічэбнікавы кампанент усведамляецца як сэнсаўтваральны.
З першых вуснаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. из первых уст, укр. з перших уст). Непасрэдна ад сведкі, відавочніка, удзельніка; з самых дакладных крыніц (чуць, даведвацца і пад.). Гэта навіна прымусіла набраць нумар сакратара гаркома партыі, каб, як кажуць, з першых вуснаў пачуць пра падрабязнасці (Звязда. 1.01.1988).
Відаць, утвораны па мадэлі з ужо існуючым фразеалагізмам з першых рук (гл.) — калькі з франц. м., адно са значэнняў якога — ‘непасрэдна ад сведкі, відавочніка, удзельніка (чуць, даведвацца і пад.)’.
З першых рук. Калька з франц. м. (dе ргеmіèrе mаіn). Ужыв. са значэннямі ‘непасрэдна ад уладальніка, не праз перакупшчыка (купляць, набываць)’ і ‘непасрэдна ад сведкі, відавочніка, з самых дакладных крыніц (атрымліваць якую-н. інфармацыю, даведвацца, чуць і пад.)’. «Лепш купляць з першых рук», — сказаў Іліко, слова ў слова паўтараючы тое, што ўчора чуў у духане (Э. Самуйлёнак. Будучыня). Будзь як той колісь Несцер-летапісец. Каб нашы нашчадкі страсянулі пыл з хартый і з першых рук уведалі пра тое, што мы тут, у гэтых лясах, рабілі (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).
Першапачаткова выкарыстоўваўся пры дзеясловах купляць, набываць і пад., калі размова ішла пра гандлёвыя справы.
З плеч ды ў печ. Уласна бел. (фіксуецца і ў некаторых руск. парэміялагічных працах XIX ст., але ў сучасных руск. слоўніках не падаецца). Ужыв. са значэннямі: 1) без асаблівых запасаў, не клапоцячыся пра заўтра, бестурботна (жыць), 2) абы-як, нядбайна (рабіць), 3) зараз жа, неадкладна, не задумваючыся (рабіць што-н.). Рос ён [Марцін] у вялікай сям’і, меў многа братоў і сясцёр, Жылі — з плеч ды ў печ (А. Варановіч. Ластаўкі пакідаюць гняздо). Усе маўчалі… і толькі Вакула пачаў гаварыць, што вось бяруцца за справу людзі, якія сякеру не могуць у руках трымаць, а потым сорам на ўсю брыгаду… Але ж сам рабіў з плеч ды ў печ… (Я. Радкевіч. Казка пра белага арапа). Чытаючы некаторыя творы, думаеш, што аўтар толькі пагартаў зборнік прыказак і прымавак і адразу — з плеч ды ў печ — перадаў іх сваім героям (Р. Шкраба. На кожны дзень).
Паводле І. Ілюстрава, першапачаткова фразеалагізм адлюстроўваў даўнейшы быт, беднасць і галечу: многія людзі не мелі запаснога, зменнага адзення, таму тое, што было ў іх на плячах, час ад часу ішло ў печ, г. зн. выварвалася ў чыгуне з лугавой вадой. А магчыма, выраз мог скласціся і ў такой маўленчай сітуацыі: «Ніколі ў Лявона не хапае часу, каб, як людзі, нацягаць дроў на зіму, нарэзаць, насекчы. Заўсёды так: з плеч ды ў печ» (А. Кудравец).
З понтам. Агульны для ўсходнесл. м. З мэтай стварыць пэўнае ўражанне (форсу, важнасці, паказухі і пад.). «Дзе падарунак?» — амаль крыкнуў хчопчык. «А я з понтам, піянер, — зноў усміхнулася госця. — З сабой няма, але...» (Ю. Станкевіч. Усе дзеці любяць бананы).
Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утварыўся на аснове фразеалагізма для (дзеля) понту (гл.).
Зрабіць вялікія вочы. Гл. рабіць (зрабіць) вялікія вочы.
Зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Гл. рабіць (зрабіць) добрую міну пры дрэннай гульні.
Зрабіць з белага чорнае. Гл. рабіць (зрабіць) з белага чорнае (белае чорным).
Зрабіць з камара каня. Гл. рабіць (зрабіць) з камара каня.
Зрабіць з мухі слана. Гл. з мухі зрабіць слана.
Зрабіць пагоду <у чым, дзе>. Гл. рабіць (зрабіць) пагоду <у чым, дзе>.
З разбітым сэрцам. Уласна бел. Адчуваючы непакой, пакутуючы (звычайна з-за няўдалага кахання). Гаршчэня, з разбітым сэрцам, глядзеў кудысьці ў далечыню, але нічога не бачыў (I. Гурскі. На берагах Прыпяці).
Прыслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага разбіваць (разбіць) сэрца (каму, чыё), які абазначае ‘рабіць каго-н. няшчасным, прычыняючы душэўныя пакуты’.
Зроблены на адзін капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. сделаны на одну колодку, укр. зроблени на один копил) і польск. (zrоbіопе nа jеdnо kоруto) м. Вельмі падобныя адзін да другога, аднолькавыя. Так я вам і паверыла! Усе вы мужчыны зроблены на адзін капыл! (І. Гурскі. Вецер веку).
Паходзіць з маўлення шаўцоў: капыл — ‘кавалак з дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’.
З рукамі адарваць. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘з вялікай ахвотай прыдбаць, купіць што-н.’ і ‘з вялікай ахвотай уладкаваць, узяць каго-н. куды-н.’. Урэшце прадаць усё гэта можна, не выходзячы з дому, цяпер любыя прадукты з рукамі адарвуць, дзякуй скажуць (І. Шамякін. Гандлярка і паэт). — I пасведчанне [вадзіцеля] ёсць? — Маю. — Значыць, цябе ўсюды з рукамі адарвуць (І. Чыгрынаў. Трэція пеўні).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
З рук у рукі. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘непасрэдна каму-н. (перадаваць, здаваць, адцаваць)’, ‘ад аднаго да другога, ад адных да другіх (хадзіць, пераходзіць, перадаваць і пад.)’ і ‘у валоданне то да аднаго, то да другога напераменку (пераходзіць у часе ваенных дзеянняў)’. Марына адвяла Лену ў адну хату і з руку рукі, што называецца, перадала дзяўчыну маладой сялянцы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Так і ходзіць з руку рукі лістоўка ці газета, якая невядома адкуль трапілаў салдацкую кішэню (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). За апошнія чатыры гады ён [Выбарг] трэці раз пераходзіць з рук у рукі (І. Навуменка. Смутак белых начэй).
Выраз успрымаецца як разгорнутая сінекдаха (назва часткі чалавечага цела ўжыта ў значэнні цэлага).
Зрушыць горы <з кім, з чым>. Гл. варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>.
З сэрцам. Агульны для ўсходнесл. м. Сярдзіта, раззлавана (сказаць, крыкнуць і пад.). — Які ты мурзаты, Паўлік, — з сэрцам сказала Даруя Антонаўна (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Першапачатковае значэнне слова сэрца тут — ‘цэнтр злосці, гневу’ (параўн.: сердаваць, сярдзіты).
З сямі печаў хлеб есці. Агульны для ўсходнесл. м. Быць у розных пераплётах і многае зведаць у жыцці. Многа я бадзяўся па свеце. З сямі печаў хлеб еў…А лепшай ракі, чым наш Дняпро, не бачыў (Л. Левановіч. Зямля і людзі).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваны. Кампанент сямі, нярэдкі ў фразеалагізмах і прыказках, тут генетычна не абазначае строга акрэсленую колькасць, а перадае паняцце мноства. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча і працы М. Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай».
З трэціх вуснаў. Гл. з другіх (трэціх) вуснаў.
З трэціх рук. Гл. з другіх (трэціх) рук.
Зуб за зуб. Запазыч. з царк. — слав. м. Адплата злом за прычыненае зло. [Вера: ] Можа, у каго ёсць іншая прапанова? [Люба: ] У мяне ёсць! Падняць тарыф на халтурныя работы. [Надзея: ] Да тысячы тугрыкау за аб'ект. [Вера: ] 3 нас дзяруць, і мы драць будзем… [Надзея: ] Зуб за зуб! (А. Петрашкевіч. Укралі кодэкс).
Частка біблейскай формулы закону адплаты (Зыход, 12,24): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць».
Зуб за зуб зайшоў у каго, з кім. Уласна бел. Склаліся непрыемныя адносіны, пры якіх адзін не ўступае другому. — Кажуць, ты не паладзіў са сваёй?.. — Разводжуся яшчэ… збіраюся разводзіцца. — Зуб за зуб зайшоў? — Ліха яе ведае (Л. Калодзежны. Водар палыну).
Утварыўся шляхам пашырэння кампанентнага складу фразеалагізма зуб за зуб (гл.). Набыўшы струюуру двухсастаўнага сказа, фразеалагізм атрымаў і іншае, чым яго папярэднік, значэнне, аднак сэнсавыя сувязі паміж імі захаваліся.
Зуб мець на каго. Калька з франц. м. (аvоіr unе dеnt). Тайна ненавідзець каго-н., адчуваць непрыхільнасць да каго-н. Мы засталіся ўдвух. Селязнёў сядзіць злы ў кутку, бачу, на мяне зуб мае (В. Быкаў. Абеліск).
Французам вядомы і гэты выраз, і біблейскі вока за вока, зуб за зуб (гл.), паміж якімі ёсць сэнсавае падабенства. Хутчэй за ўсё, на аснове гэтага запазычання з Бібліі, якое адлюстроўвае закон адплаты за прычыненае зло, склаўся фразеалагізм зуб мець. Тут зуб выступае як кампанент, семантычна намагнічаны за кошт сэнсавага цэлага, як патэнцыяльнае слова са значэннем «злосць».
Зубы загаворваць каму. Агульны для ўсходнесл. м. Уводзіць у зман, знарок адцягваць увагу ад чагосьці. I ты мне, зяцёк… свайго розуму не паказвай. Гэта ты можаш перад кім, а мне ты, зубы не загаварвай, яны у мяне яшчэ… (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшым звычаем: на працягу многіх стагоддзяў знахары з дапамогай доўгіх бяссэнсавых замоў «сунімалі» зубны боль. У пераасэнсаванні словазлучэння загаворваць зубы адлюстраваліся адмоўныя, іранічныя адносіны людзей да замоў і тых, хто замаўляе.
Зубы замаўляць каму. Агульны для бел. і ўкр. м. Хітруючы, пабочнымі размовамі адцягваць увагу ад чаго-н. Ты мне зубоў не замаўляй, бо ўсё роўна нічога не дам за тваю балбатню (І. Козел. Папараць-кветка).
Мае такую ж гісторыю ўзнікнення, як і зубы загаворваць каму (гл.), які, у адрозненне ад зубы замаўляць, бытуе ў трох усходнесл. м. Па гэтай прычыне перад намі не варыянты аднаго фразеалагізма, а два асобныя выразы.
Зубы з’еў на чым, у чым. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Абазначае ‘мае вывучку, навыкі ў чым-н.’. Эт, пано… хацеў сказаць: ясны пане, — я чалавек бывалы, зубы з’еў на дворнай службе (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое пераасэнсавалася на аснове падабенства з’яў: у каня, калі яму болын за дзевяць гадоў, зубы з’едзеныя; зразумела, што такі конь мае пэўную «вывучку». Зрэдку фразеалагізм ужываецца і са значэннем ‘састарэць, дажыць да старых гадоў на адным месцы, на адной пасадзе’; у такім разе змяненне дзеяслоўнага кампанента не абмяжоўваецца толькі формамі прошлага часу (з’еў, з’ела, з’елі): «Вельмі ўжо ты душу сваю ў крук гнеш. Так і з’ясі зубы на пабягушках, пісарчуком» (К. Чорны).
Зубы на паліцу класці. Агульны дляўсходнесл. м. Жывучы ў нястачы, пастаянна недаядаць, галадаць. — А нам чым жыцьі — уплятаў Васіль у іншыя свой крык, у якім былі разам і ўпартасць і страх. — Нам зубы на паліцу?!! (І. Мележ. Подых навальніцы).
У аснове фразеалагізма трапны гіпербалічны вобраз, матываваны практычнай, гумарыстычна афарбаванай развагай: калі няма чаго есці, дык і няма занятку зубам, а таму хоць кладзі іх на паліцу. Хоць зубы на паліцу кладзі (гл.), відаць, і была першапачатковая форма выразу, у якой ён выкарыстоўваецца і ў наш час: «а ты хоць зубы на паліцу кладзі» (Ядвігін Ш.), «мужыку ж хоць зубы злажы на паліцу» (Я. Купала). У далейшым фразеалагізм стаў ужывацца без хоць, набыў большую катэгарычнасць, а таксама асабовыя і трывальныя формы дзеяслоўнага кампанента.
З усіх ног. Калька з франц. м. (à toutеs jаmbеs). Вельмі хутка, імкліва (бегчы, кідацца, пускацца і пад.). Чубар з усіх ног кінуўся бегчы на вяршыню валатоўкі, каб паглядзець адтуль на дарогу (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі).
Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да коней.
З царом у галаве. Запазыч. з руск. м. Вельмі разумны, кемлівы. Старшыня чалавек бывалы, з царом, як кажуць, у галаве. З ім гаварыць цікава пра ўсё (В. Карамазаў. Я любіў яго).
Узнік на аснове прыказкі Свой ум — царь в голове; параўн. яшчэ: У каждого свой царь в голове; У всякого свой ум и разум, свой царь в голове.
Зялёнае святло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. зеленый свет, укр. зелено світло). Свабодны шлях, без перашкод і затрымак. Каб даць ідэям зялёнае святло, неабходна было распачынаць рэканструкцыю вытворчасці (Звязда. 18.01.1986).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са святлафорнай сігналізацыяй, пры якой зялёнае святло з’яўляецца знакам свабоднага праезду, праходу.
Зялёная вуліца1. Агульны для ўсходнесл. м., стаў гістарызмам і ўжываецца са значэннем ‘строй салдат са шпіцрутэнамі’ толькі ў тэкстах і вуснай мове, калі гаворка ідзе пра з’явы мінулага. Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю — дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар ’еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
У царскай Расіі было і такое пакаранне: абвінавачанага праводзілі праз строй салдат, кожны з якіх павінен быў выцяць асуджанага па голай спіне шпіцрутэнам — двухметровай гнуткай палкай. Праход паміж дзвюма шарэнгамі ўяўляўся як «вуліца», а «зялёнай» яна называлася таму, што ў руках салдат былі звычайна зялёныя, з лазняку, пруты.
Зялёная вуліца2. Агульны для ўсходнесл. м. Свабодны шлях, без перашкод і затрымак. — Добра вам: вашым рукапісам зялёная вуліца! — Аякую, скажыце, вуліцу даваць «зялёным» рукапісам? (Ф. Янкоўскі. У рэдакцыі).
Паходзіць з прафесійнай мовы чыгуначнікаў: калі трэба тэрмінова даставіць па чыгунцы важны груз, то поезду на працягу ўсяго яго руху адкрываюць зялёныя семафоры. Узнікшы ў асяроддзі чыгуначнікаў, фразеалагізм перасягнуў яго межы. Вось некаторыя прыклады, якія ў пэўнай ступені адлюстроўваюць шлях фразеалагізма ў літаратурную мову (спачатку — пра поезд, пасля — са спасылкай на мову-першакрыніцу, а затым — без спасылак, як звычайны агульнанародны выраз): Адны цягнікі праносяцца паўз будку, як вецер, зацягваючы перад семафорам настойлівы жалезны крык, патрабуючы «зялёнай вуліцы» (І. Навуменка. Сасна пры дарозе); У ідэале трэба імкнуцца да таго, каб кожнаму правілу даць, як кажуць чыгуначнікі, зялёнўю вуліцу... (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу); Мы… не дапытвапіся, вядома, пра аутара, а далі яго вершам «зялёную вуліцу» (Я. Брыль. Памяці Валянціна Таўлая).
Зямны рай. Агульны для ўсходнесл. м. (параун. у польскм.: rаj nа zіеmі). Незвычайна прыгожая мясціна, дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць. Ва ўрочышчы Пасека, дзе мы цяпер вячэраем, дык наогул рай зямны! (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).
Склаўся на аснове біблейскага аповеда пра рай — прыгожы Эдэмскі сад, дзе напачатку жылі Адам і Ева.
З’яўленне на свет. Агульны для ўсходнесл. м. Нараджэнне каго-н. Бацька вельмі хацеў дзяцей, вельмі перажываў, калі памерлі першынцы, і на маё з ’яўленне на свет ён глядзеў як на самую вялікую падзею ў сваім жыцці (Я. Крупенька. 3 майго жыццяпісу).
Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма з ’яўляцца (з’явіцца) на свет ‘нарадзіцца’.