Б

Бабіна лета. Агульнаслав. (толькі ў балг. м. існуе іншы адпаведнік: сиромашко лято, літаральна ‘беднае, няшчаснае лета’). У бел. м. ужыв. са значэннямі: 1) ранняя восень з яснымі цёплымі днямі, 2) серабрыстае павуцінне, якое плыве над зямлёй у дні бабінага лета, 3) астра новабельгійская, 4) час прыліву новых сіл, творчай энергіі або ўзнікненне кахання ў пажылыя гады. Для Івана Майсеевіча восень, асабліва бабіна лета, — чаканы і радасны час, пара вялікай і мудрай раўнавагі (Г. Пашкоў. За восеньскай Лошыцай). «Бабіна лета» плыло даўжэзнымі пасмамі ў паветры, асядала на траву, чаплялася за дрэвы ды плыты (Р. Мурашка. Сын). Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета (К. Чорны. Скіп’ёўскі лес). У жыцці маім — бабіна лета, на душы маёй квецень вясны! Мабыць, сэрца такое паэта? Можа, гэта чароўныя сны? (П. Пруднікаў. У жыцці маім — бабіна лета…).

Серабрыстае павуцінне, што бабіным летам плыве і плыве над зямлёй, падобнае на доўгія сівыя валасы старой жанчыны. Мяркуюць, што гэта падабенства і было падставай, каб назваць цёплыя (нібы зноў лета вярнулася!) асеннія дні бабіным летам. Ёсць і шэраг іншых версій пра ўзнікненне гэтага выразу ў яго першым значэнні. Другое значэнне развілося на аснове першага ў выніку метанімічнага пераносу. Вынікам метафарычнага пераносу, з актуалізацыяй патэнцыяльных сем (‘працяг ці вяртанне лета’), сталі трэцяе і чацвёртае значэнні: ‘астра новабельгійская’ (расліна, якая цвіце да глыбокай восені) і ‘час прыліву новых сіл, творчай энергіі’.

Бабка надвое варажыла (гадала). Усходнесл. Ужыв. са значэннямі ‘невядома, ці ўдасца ажыццявіць жаданае’ і ‘невядома, ці адпавядае сапраўднасці тое, пра што гавораць’. Дык от: дабярэцеся вы [праз лінію фронту] ці не — бабка надвое гадала. А біць немца і тут можна (П. Місько. Мора Герадота). Тут, бачыш, на каго нарвешся… Ёсць сярод іх і разявы. Ёсць і ласыя да грошай. Ёсць і такія, што спачуваюць нам. У такіх выпадках кажуць: бабка надвое варажыла… (Р. Няхай. Туман над стэпам).

Узнік як выказванне недаверлівых, іранічных адносін да варажбітак (бабак), якія спрабавалі ўгадаць чый-небудзь лёс, прадказаць надвор’е, ураджай і інш. Сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці — «Лістах Філона С. Кміты-Чарнабыльскага» (XVI ст.): «А теж і тогды тая бабка на двое ворожила. Был бы паном, был а не был. Ино от него Бог збавил».

Байды біць. Агульны для бел. і ўкр. (байди бити, байдики бити) м. Гультаяваць, марнаваць час, займацца нявартымі справамі. Як снег сойдзе, то нам у полі араць трэба, няма дурных байды біць па тваіх курганах ды скарбы шукаць (І. Чыгрынаў. Залатая рука).

І. І. Насовіч звязвае паходжанне фразеалагізма з адпаведным свабодным словазлучэннем, у якім слова байды — ‘палі’. Аднак такая цяжкая праца, як забіванне паляў у зямлю, наўрад ці магла выклікаць у каго-небудзь асацыяцыю з гультайствам, марнатраўствам. Можна меркаваць, што выраз узнік на ўзор іншых: біць брынды, біць тылылы (ва ўкр. м.: бити гандри, бити бурла), у якіх дзеяслоўны кампанент семантычна пусты, дапаможны, а назоўнікавы выконвае сэнсаўтваральную ролю (дарэчы, ва ўкр. м. сінонімам фразеалагізма байдики бити выступае ўтвораны на аснове назоўнікавага кампанента дзеяслоў байдикувати). Байда — устарэлае слова са значэннем ‘барка’, роднаснае са словамі байдак, байдара, байдарка. Словам байда называлі рачныя судны на Дняпры і яго прытоках. Праца людзей на байдзе, нанятых на перыяд навігацыі, здавалася лёгкім заняткам, нявартай справай (асабліва так глядзелі на яе тыя, хто на гэты час заставаўся адзін на гаспадарцы).

Баль у часе чумы. Паўкалька з руск. м. (пир во время чумы). Вясёлае бестурботнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну. Сыдуць прэч быццё быдлячае, дзікі бальу час чумы… I прачнуцца душы спячыя: «Божа, глянь! А гэта ж — мы!» (С. Законнікаў. Так будзе).

Паходзіць ад назвы драматычных сцэн (1830) А. С. Пушкіна, сюжэтнай асновай для якіх паслужыла сцэна з паэмы англійскага паэта Дж. Вільсана «Чумны горад» (1816), дзе апісваецца лонданская чума 1665 г.

Баранчык божы. Уласна бел. Вобразна-метафарычная назва бакаса — балотнай птушкі з голасам, падобным да бляяння. Алесь! ты чуеш, як рагоча ў беразняку баранчык божы? (Я. Колас. Новая зямля).

Божым гэты баранчык названы таму, што ён падымаецца вельмі высока ў неба, залятае, жартам кажучы, ледзь не да самога Бога: «Баранчык божы ў паднябессі бляе маркотна над балотам» (Я. Колас).

Бачыць наскрозь. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. видеть насквозь, укр. бачити наскрізь). Ужыв. са значэннямі: 1) каго; ‘вельмі добра ведаць чые-н. думкі, намеры і пад.’; 2) што; ‘глыбока разумець, ведаць што-н., пранікаць у сутнасць чаго-н.’ А ты перадамной не вылузвайся. Я цябе наскрозь бачу (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Чужых цялят бярэш на пашу? Наскрозь я бачу службу вашу! (Я. Колас. Новая зямля).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з вытворнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент бачыць — са значэннем ‘усведамляць, разумець, адчуваць’, кампанент наскрозь — са значэннем ‘поўнасцю, цалкам, зусім’.

Бачыць на тры сажні (метры) пад зямлёй (у зямлю). Відаць, недакладная паўкалька з руск. м. (видеть на три аршина в землю (под землей) ці з польск., дзе з паметай «устарэлы» сустракаеццаў некаторых слоўніках (widzie na trzy sażnie роd ziemią). Вызначацца вялікай нраніклівасцю, празорлівасцю. Дзедка быў няпросты — на тры метры ў зямлю ўсё бачыў (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).

Вобраз, пакладзены ў аснову фразеалагізма, засноўваецца на гіпербале.

Баш на баш. Запазыч. з руск. м. Рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.). — Усё на дармаўшчыну хочаш, — дабрадушна ўсміхнууся Павел Арцёмавіч. — Давай лепш баш на баш (Я. Васілёнак. Першы сустрэчны).

Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай. Баш — з цюркскіх м.: bаs ‘галава’. Літаральна: ‘галава за галаву’.

Баявое хрышчэнне. Запазыч. з руск. м. (боевое крещение). Ужыв. са значэннямі: 1) першы ўдзел у баі, 2) першае сур’ёзнае выпрабаванне ў якой-н. справе. Знішчэнне генерала было баявым хрышчэннем юнага мсціўца (І. Гурскі. Над Нёмнам). Механізаваныя групы абодвух атрадаў земляробчага цэха выйшлі на сваё баявое хрышчэнне (І. Дуброўскі. На новыя кругі).

Абодва кампаненты фразеалагізма ў яго 1-м значэнні — сэнсаўтваральныя: баявое суадносіцца са значэннем ‘звязанае з вядзеннем бою’, а хрышчэнне — са значэннем ‘першае выпрабаванне ў чым-н.’. 2-е значэнне развілося на аснове 1-га ў сувязі з пашырэннем яго прымянення на з’явы, не звязаныя з удзелам у баях.

Баяцца свайго (уласнага) ценю. Калька з франц. м. (аvоіr реur dе sоn оmbrе). Трымацца занадта асцярожна, вельмі палахліва. — Казлоўскі, пэўна, не пагадзіцца ехаць з незнаёмым чалавекам, — засумняваўся Дзіма. — Я ж кажу, што ён зараз свайго ценю баіцца (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз. У франц. м. фразеалагізм трапіў як калька з твораў старажытнагрэчаскіх ці рымскіх аўтараў (Арыстафана, Платона, Цыцэрона).

Без гальштукаў. Калька з англ. м. (meeting without the tіеs). Ужыв. са значэннямі ‘нефармальная, у неафіцыйных абставінах (сустрэча)’ і ‘у неафіцыйных абставінах (сустракацца)’. Рашэнне аб правядзенні першай у гісторыі СНД так званай «сустрэчы без гальштукаў» было прынята ў Маскве 21 чэрвеня падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці (Нар. воля. 21.07.2000). Чаму прэзідэнты іншых краін не асабліва любяць хакей? Выдатная была б для іх магчымасць сустрэцца са сваім калегам. Без гальштукаў, але пры гледачах. Пражыццё пагаварыць, справы абмазгаваць (У. Даўжэнка. Спадзяванні).

Тут кампанент гальштук выступае з няслоўнікавым значэннем як атрыбут афіцыйнасці пры сустрэчах на высокім узроўні.

Без году тыдзень. Паўкалька з руск. м. (без году неделя). Ужыв. са значэннямі: 1) зусім нядаўна, на працягу кароткага тэрміну (быць, працаваць і пад.), 2) з невялікім стажам, з вельмі малым вопытам работы. Зіна Міронаўна ў нас, як кажуць, без году тыдзень (А. Пальчэўскі. Жыццёвы прынцып). Люба… пакідае лепшае ўражанне, чымся ўсе гэтыя без году тыдзень правадыры шматмільённага сялянства (Р. Мурашка. Сын).

Узнік у выніку каламбурнай пераробкі словазлучэння без недели год.

Без духу. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: (прыметнікавым) ‘мёртвы’ і (прыслоўным) ‘у знямозе ад хуткага бегу’. Пакуль той прывёў шаптуху, дык Улюта ўжо без духу (К. Крапіва. Цёткам навука). Бег бядак, не помніў куды, азірнуўся толькі тады, як без духу прыпёрся ўжо к нейкай пярэплаці (У. Галубок. Горкі агрэст).

У «Зборніку беларускіх прыказак» І. Насовіча падаецца выраз з духам — ‘жывы’. У ім, як і ў без духу, кампанент дух выкарыстаны са значэннем ‘душа’ (у рэлігійным разуменні гэтага слова; гл. богу душу аддаць). Параўн. сінанімічны фразеалагізм без душы ‘мёртвы’: «Я ўдарыў яго так, што ён больш не ўстаў. Ён без душы застаўся ляжаць у пыле» (Э. Самуйлёнак).

Без духу бегчы, уцякаць і пад. Уласна бел. Вельмі хутка, як мага. Гарачка дзядзьку так і носіць, бяжыць, тхара ён даганяе, напагатове кол трымае. За дзядзькам Костусь прэ без духу (Я. Колас. Новая зямля).

Першапачатковае значэнне кампанента дух у фразеалагізме без духу — ‘дыханне, дых’, а ўсяго выразу — ‘задыхаўшыся, у задышцы ад хуткага бегу’. Параўн. кантэкст, дзе супрацьстаўленнем двух фразеалагізмаў без духу ствараецца каламбур: «Толькі фрыцам яец тых не есці і не палохаць больш маладуху: два з іх без духу ляжаць на месцы, а два ўцякаюць без духу» (К. Крапіва).

Без задняй думкі. Калька з франц. м. (sаns аrrіérе-репséе). Шчыра, без скрытых намераў (казаць, рабіць што-н.). Парадкам не быў Драбоку Івана і наважыўся адведаць не без задняй думкі —у сяле саўгас тры гады, хацелася пабачыць на свае вочы, як яно ідзе, ладзіцца (І. Навуменка. Пад пошум дубоў).

Прыслоўна-акалічнасны выраз, утвораны на аснове назоўнікавага задняя думка (гл.).

Без пальцаў піць. Уласна бел. 3 ахвотай і шмат, не адмаўляючыся (піць спіртное). Старшыня сельсавета, як і належала на такой пасадзе, піў без пальцаў (Р. Барадулін. Тады й надзенеш).

Фразеалагізм «цялячага паходжання». Як піша Р. Барадулін, «звычайна, калі цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часінах у пойла кладуць пальцы, і паёнак прывыкае піць». А пасля п’е ўжо без пальцаў.

Без пяці мінут. Агульны для ўсходнесл. м. Амаль што (стаў кім-н. па прафесіі, становішчы і г. д.). I ногі ўжо кладзе на стол, — ну, без пяці мінут амерыканец (У. Корбан. Яшка).

Выраз каламбурнага характару, узнік у выніку перанясення часавага вымярэння на іншыя аб’екты. Параўн. ужыванне спалучэння без пяці мінут, калі гаворыцца пра гадзіны сутак: без пяці мінут дванаццаць (што значыць ‘амаль дванаццаць’).

Без роду і <без> племені. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім адзінокі. У Чаплюка не было свайго двара. Ён быў, як кажуць, чалавек без роду і племені (М. Зарэцкі. Чаплюк).

Першапачаткова ў славян слова род абазначала бліжэйшых, а племя — аддаленых родзічаў.

Без руля (стырна) і <без> ветразяў. Паўкалька з руск. м. (без руля и без ветрил). Ужыв. са значэннямі ‘без акрэсленага накірунку (жыць, рухацца і пад.)’ і ‘без яснай, дакладнай жыццёвай мэты’. 3 таго часу, як у школе выявілі ў сына здольнасці дэкламатара, а ў Ірачкі харэаграфічныя задаткі, дык, ты, напэўна, не паверыш, я зусім страціў руль кіравання. Разумееш? Сямейны карабель паплыў, як кажуць, без руля і без ветразяў (М. Чавускі. Канфліктная сітуацыя). А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым: «…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балбатуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразяў… пабрыдуць за панам Алексюком» (А. Пашкевіч. Пляц Волі).

Паходзіць з паэмы М. Ю. Лермантава «Демон» (1834), дзе спалучэнне без руля и без ветрил не было яшчэ фразеалагізмам з яго сучаснымі значэннямі: «На воздушном океане без руля и без ветрил тихо плавают в тумане хоры стройные светил». Лічаць, што першым, хто выкарыстаў гэта лермантаўскае спалучэнне ўжо з фразеалагічным зместам, быў М. В. Гогаль.

Без сучка і <без> задзірынкі. Паўкалька з руск. м. (без сучка без задоринки). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)’ і ‘вельмі добры, без заган і недахопаў’. Дзяжурства на лодачнай станцыі прайшло без сучка і задзірынкі… (І. Аношкін. Бублікаў затрымлівае хулігана). Я разумею Русаковіча: ён хоча, каб машына была без сучка без задзірынкі (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Паходзіць з прафесійнай мовы сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці.

Без цара ў галаве. Запазыч. з руск. м. Недалёкі, абмежаванага розуму. Гэта ў нашым пад’ездзе такая суседка жыве — забываецца вечна. Зусім без цара ў галаве (Н. Гілевіч. Пісьмо рэдактару адной газеты).

Узнік на аснове фразеалагізма з царом у галаве (гл.) як яго сэнсавая супрацьлегласць.

Белая варона. Калька з лац. (аlbа оwis) або англ. (withe crow) м. Чалавек, рэзка непадобны на іншых людзей сваімі паводзінамі ці знешнім выглядам, не такі, як усе. Апынуўшыся ў войску, ён адчуваў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх… (В. Быкаў. Жураўліны крык).

Словазлучэнне белая варона толькі на першы погляд здаецца нелагічным спалучэннем двух неспалучальных паняццяў: у прыродзе сустракаюцца, хоць і рэдка, белыя вароны. Такая незвычайная афарбоўка выклікаецца адсутнасцю ў арганізме нармальнай пігментацыі. Упершыню словазлучэнне было выкарыстана з метафарычным значэннем у сатыры рымскага паэта I–II стст. Ювенала. Адтуль як калька з лац. м. яно перайшло не толькі ва ўсходнеславянскія, але і ў многія іншыя еўрапейскія мовы.

Белая пляма. Агульны для ўсходнесл. м. Мае значэнні ‘недаследаваная тэрыторыя’ і ‘нераспрацаваная частка чаго-н. (пытання, праблемы і г. д.)’. Пазнаёмцеся. Генадзь Залужны… адкрывальнік белых плям на крутых адгор’ях Гіндукуша (Я. Радкевіч. Буяла лета). Мы, пісьменнікі, не асвятлілі гісторыі мастацкай літаратуры. Гэта белая пляма (ЛіМ. 21.05.1976).

Выраз узнік са свабоднага словазлучэння, звязанага з геаграфічнымі картамі. Калі той ці іншы раён або край яшчэ не быў даследаваны, то на картах, на фоне рознакаляровага адлюстравання зямной паверхні, ён выглядаў белай плямай. Першае значэнне (‘недаследаваная тэрыторыя’) развілося ў фразеалагізме метанімічным спосабам — на аснове прасторавай сумежнасці, другое (‘нераспрацаваная частка чаго-н.’) узнікла на базе першага метафарычным спосабам (на аснове падабенства з’яў).

Белыя мухі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. белые мухи, укр. білі мухи). Снег, сняжынкі. Пра снег, што падае. Падобна, што на мароз бярэцца. Дый не дзіва: сёння ранкам лёталі ўжо белыя мухі!.. (А. Савіцкі. Зямля не раскажа).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на супастаўленні падаючых сняжынак з лятучымі мухамі. Параўн. ужыванне гэтага ж вобраза ў якасці параўнальнага звароту: «А вакол было цёмна, і ў гэтай цемені, як белыя мухі, круціліся, скакалі сняжынкі» (Л. Арабей).

Бібікі біць. Уласна бел. Марнаваць час, гультаяваць. Адразу відаць, што тры гады хлопец бібікі біў, таму і разважаць па-чалавечы не навучыўся (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Асновай для ўтварэння фразеалагізма паслужыла мадэль: біць + этымалагічна «цёмны» назоўнік у мн. л. Гэта даволі прадуктыўная мадэль: біць лынды, біць брынды, біць байды, біць тылылы; параўн. ва ўкр. м.: бити байдики, бити баглаї, бити гандри, бити бурла; у рускай мове: бить баклуши. Усе яны, у тым ліку бібікі біць, — фразеалагізмы-сінонімы са значэннем ‘бадзяцца, займацца нявартымі справамі’. Назоўнікавы кампанент бібікі ўтварыўся паўтарэннем дзеяслоўнай асновы біць.

Бітая гадзіна. Паўкалька з руск. м. (битый час). Вельмі доўга. — А вы лічыце, што шафёр не павінен абедаць? — Хай наздароўе абедае, але мы чым вінаватыя? Стаім бітую гадзіну… (І. Аношкін. Прэмія).

Узнікненне выразу звязана з боем гадзінніка. Бітая — літаральна ‘поўная, цэлая’; «намёк на гадзіну, якая „прабіла“ пасля пачатку яе» (М. І. Міхельсон). У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча фіксуецца ў форме біты час.

Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.

Біцца як рыба аб лёд. Агульны для ўсходнесл. м.; фразеалагізм з блізкай вобразнасцю ёсць і ў некаторых іншых мовах, напрыклад (у пакампанентным перакладзе): біцца як рыба на сушы (балг.), біцца як рыба на пяску (польск.), біцца як карп на сушы (чэшск.). Без выніку і плёну намагацца, старацца, дабівацца чаго-н. Думаеш, каб было лепей і табе, і тваім бліжнім, б’ешся як рыба аб лёд, а ўсё не так атрымліваецца… (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).

У аснове фразеалагізма — параўнанне з рыбамі, толькі што злоўленымі і кінутымі на лёд.

Біццё бібікаў. Уласна бел. Гультайства, бяздзейнасць. Алесь Лявонавіч, відаць, з цікавасцю да магчымага сюжэту, а я проста ад працяглага біцця бібікаў выказалі пажаданне азнаёміцца з статутам і мэтамі казацкае вольніцы (М. Скобла. Дзярэчынскі дыярыуш).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма біць бібікі, які абазначае ‘гультаяваць, займацца пустымі справамі’ (гл.).

Біць адбой. Агульны для ўсходнесл. (руск. бить отбой, укр. бити відбій) і балг. (бия отбой) м. Адступаць, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння, погляду. Няўжо і ты спалохаўся? Ох, як мы баімося, каб не выцягнулі з-пад нас крэсла! Нехта там пазваніў, не разабраўшыся, і ты гатовы біць адбой, таксама не ўнікнуушы ў сутнасць (І. Шамякін. Снежныя зімы).

Паходзіць з ваеннай тэрміналогіі, дзе адбой першапачаткова абазначаў ‘барабанны бой ці іншы гукавы сігнал пра адступленне войска’, а біць адбой — ‘падаваць знак адступлення’.

Біць байды. Гл. байды біць.

Біць бібікі. Гл. бібікі біць.

Біць лынды. Гл. лынды біць.

Біць пад дых каго. Уласна бел. Раптоўна ашаламляць якім-н. паведамленнем, дзеяннем, учынкам. —А вось кніга Бугаёва «Чалавечнасць». У ёй не знойдзеш класавага падыходу да аналізу літаратурнага жыцця, — б’е нас пад дых Зяньковіч. — Так і ў іншых выданнях (М. Дубянецкі. «Трэба рызыкаваць…»).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.

Біць паклоны каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Ужыв. са значэннямі ‘кланяцца, аддаваць пашану, вітанне’ і ‘пачціва прасіць каго-н.’. Як ганяў скаціну ў лес, кожны чуць не з фігай лез, а як стаў багат сягоння, б’юць паклон мне на паклоне (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты). Не павядзе Каця [дачку да мачыхі], не хочацца ёй паклоны біць (П. Місько. Ціхае лета).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшым звычаем: у часе малітвы ўсе стаялі на каленях і білі паклоны, нахіляючыся галавой да самай падлогі.

Біць сябе ў грудзі. Напэўна, запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі настойліва даводзіць што-н., запэўніваць у чым-н. — Як я не даў яму ўбачыцца з бацькам!? Як я мог так зрабіць?.. — Чаго цяпер біць сябеў грудзі… — сказаў нехта (К. Кірэенка. Віна).

Ад старажытнага звычаю самакатавання з прычыны смерці блізкіх і ў некаторых іншых выпадках. Выраз сустракаецца ў біблейскім тэксце: «И весь народ… видя происходившее, возвращался, бия себя в грудь» (Лука, 23, 48).

Біць тылылы. Уласна бел. Гультаяваць, займацца пустымі справамі. Дык яму ж толькі каб тылылы біць. Яму каб гатовенькае. Вучыліся, то спісваў задачкі, а на полі ж не будзеш на спісванні (Ф. Янкоўскі. Давай насыплю).

Узнік па мадэлі з ужо існуючымі, сэнсава тоеснымі фразеалагізмамі тыпу біць лынды. Структурная схема запоўнена словам тылылы, звязаным з ігрой «на язык ты-лы-лы; у некаторых беларускіх гаворках ёсць „тылілікаць“, „ты-лі-лі“» (Ф. М. Янкоўскі).

Біць у вочы. Агульнаслав. (руск. бить в глаза, укр. бити в очі, польск. bić w осzу, балг. бия в очи і інш.). Рэзка выдзяляцца, прыцягваць увагу. Уся гэта стракатасць грамады біла ў вочы (Я. Колас. У горадзе).

У фразеалагізме праз дзеяслоўны кампанент перадаецца не толькі зрокавае адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вачэй.

Біць у званы. Уласна бел. Настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н., што выклікае трывогу, заклікаць да барацьбы з якой-н. небяспекай. [Крывіцкі:] Яны… выцягваюць на вачах у людзей з дзяржаўнай кішэні дзесяткі тысяч рублёў. А вы хочаце, каб мы маўчалі… У званы трэба біць (Я. Шабан. Сіні снег).

Відаць, утвораны па мадэлі з семантычна тоесным фразеалагізмам біць у набат (гл.), назоўнікавы кампанент якога быў заменены словам званы.

Біць у літаўры. Агульны для ўсходнесл. м. Празмерна хваліцца чым-н. — Нічога за год мы не зрабілі, — гледзячы на Віктара разумнымі шэрымі вачыма, гаварыў інжынер. — I, як кажуць, няма чаго біць у літаўры, выхваляцца (М. Даніленка. Урокі жыцця).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Літаўрамі называюць ударны музычны інструмент, які складаецца з некалькіх паўшар’яў, абцягнутых скурай.

Біць у набат. Запазыч. з руск. м. Настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н. небяспечнае, заклікаць на барацьбу з ім. Нам давядзецца аб’ездзіць разам усю Беларусь, адшукаць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Утвораны ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння. Даўней на Русі, каб паведаміць пра ваенную небяспеку, білі ў вялікі звон — набат.

Біць у хамут. Уласна бел. Упарціцца, рэзка рэагаваць. Гэтыя трое, як сталі падрастаць, як пакруціліся ўсё роўна. Яно-то і спрадвеку было, што маладым заўсёды хацелася сваё права правіць. Але каб так настырна біць у хамут? (П. Місько. Ціхае лета).

Узнік у выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння: запрэжаны наравісты конь, бывае, не вязе воза, на месцы пераступае з нагі на нагу, а потым, калі яго настойліва падганяюць, рэзка кідаецца наперад і б’е плячамі ў хамут.

Біць чалом. Гл. чалом біць.

Благім матам крычаць. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі гучна, ашалела. А як надарыцца часамі яму [Яську] спаткацца там з казамі, тады крычау ён благім матам, тады рабіўся ён вар’ятам… (Я. Колас. Новая зямля).

Літаральнае значэнне — ‘дурным, немым голасам’. Фразеалагізм занатаваны ў «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча, як і асобныя словы з іх ранейшым значэннем: благі ‘дурны’, мат ‘голас’.

Блакітная кроў. Відаць, калька з іспан. м. (sangre аzul); параўн. аналагічныя выразы: франц. sang bleu, ням. blaues Вlut, англ. bluе blood. Чалавек дваранскага паходжання. Па мордзе відаць, што блакітнай крыві. Якая-небудзь Ляхвіцкая ці Ляхавіцкая (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Упершыню пачаў ужывацца ў іспанскай правінцыі Кастыліі, дзе гэтым выразам называлі сябе людзі знатнага паходжання. Яны ганарыліся тым, што ніхто з іх продкаў ніколі не браў шлюб з маўрамі ці іншымі цемнаскурымі людзьмі і што іх вены (як і ва ўсіх светласкурых людзей) маюць блакітнаваты колер.

Блёкату наеўся. Агульны для ўсходнесл. (руск. белены объелся, укр. блекоти наівся) і польск. (jakby się blekotu objadł) м. Ім характарызуюць стан ці ўчынкі чалавека, калі ён робіць якое-н. глупства, дзівацтва. — Стой!.. — Што вы, хлопцы, блёкату наеліся? (У. Карпаў. Нямігі крывавыя берагі).

Асновай для развіцця пераноснага сэнсу стала падабенства з’яў: блёкат — ядавітае пустазелле, і той, хто з’есць лісце блёкату або яго насенне, вельмі падобнае на макавае, праз якой паўгадзіны атручваецца; ён бегае, крычыць, смяецца, трызніць. «Прамежкавым звяном» паміж свабодным словазлучэннем і фразеалагізмам быў параўнальны зварот як (нібы) блёкату наеўся: «Штось ён вельмі цяпер у кулак затрубіў; а лятае! а бегае! як бы блёкату наеўся» (В. Дунін-Марцінкевіч). 3 гэтай прычыны, а таксама таму, што выраз з’яўляецца ацэначнай характарыстыкай дзеянняў, якія адбыліся (закончанае трыванне), яму ўласціва марфалагічная недастатковасць: стрыжнёвае слова наеўся ўжываецца толькі ў формах прошлага часу (наеўся, наелася, наеліся).

Блудзіць (заблудзіць) у трох соснах. Запазыч. з руск. м. Блытацца ў самых простых пытаннях. I зноў наша сяброўства з Паўлюком пайшло на лад. Ён расказваў мне пра Ключэўскага: дзе вучоны блудзіў у трох соснах, а дзе і на роўную дарогу выбіваўся (М. Гроднеў. Радня).

Узнік у выніку псраасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшымі народнымі анекдотамі пра жыхароў Пашахоння, якія пайшлі аднойчы шукаць шчасця, але заблудзілі ў трох соснах.

Блудная авечка. Гл. заблудная (блудная, аблудная) авечка.

Блудны сын. Запазыч. з царк. — слав. м. Легкадумны, свавольны, распусны чалавек, які раскаяўся ў сваіх памылках. У маёй парафіі чалавек пяць ёсць такіх… Кожны з іх для мяне — гэта блудны сын, які памёр і аджыў, прапаў і знайшоўся, — як жа мне не радавацца і не весяліцца? (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Паходзіць з евангельскай прытчы (Лука, 15,11–32) пра блуднага сына, які, пакінуўшы бацькоўскі дом, распусна жыў на чужыне, пакуль не растраціў усё, што меў, а пасля, галодны і ўбогі, з раскаяннем вярнуўся дамоў. У пададзеным вышэй прыкладзе з рамана К. Крапівы поп амаль даслоўна паўтарае тое, што, як сведчыць Евангелле, сказаў бацька блуднаму сыну: «Станем есці і весяліцца! Бо гэты сын мой быў мёртвы і аджыў, прападаў і знайшоўся».

Блукáнне па пакутах. Калька з царкслав. м. Цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на чыю-н. долю. Пра нашы ўцёкі цяпер ужо ведаюць усе навакольныя пастарункі… Вось, браце, якія нашы блуканні па пакутах (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Узнік на аснове старажытнага веравання ў блуканне душ грэшнікаў па пакутах на працягу сарака дзён пасля смерці чалавека. У старажытнай Русі з XII ст. карысталася папулярнасцю перакладзенае з грэч. м. сказанне «Блуканне Багародзіцы па пакутах», у якім апісваліся незвычайныя мукі грэшнікаў у пекле. Шырокае ўжыванне выраз атрымаў ва ўсходнесл. м. (руск. хождение по мукам, укр. ходіння по муках) пасля трылогіі А. М. Талстога «Блуканне па пакутах» (1920–1941).

Блукаць па пакутах. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ходить по мукам, укр. ходити по муках). Пераносіць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Рух характараў у дылогіі Л. Дайнекі адчуваецца да таго часу, пакуль героі блукаюць па пакутах (Т. Грамадчанка. Намеры — намерамі…).

Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага назоўнікавага выразу блуканне па пакутах (гл.), набыўшы працэсуальнае значэнне і граматычныя ўласцівасці дзеяслоўнага фразеалагізма.

Блытацца пад нагамі ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вертеться под ногами, укр. плутатися під ногами). Замінаць, перашкаджаць таму, з кім знаходзішся побач. [Цярэшка: ] І ведаеце, не блытайцеся пад нагамі ў нас. Мы сур ’ёзнай справай заняты (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).

Першапачаткова ўжываўся, відаць, у дачыненні да дзяцей.

Блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго. Паўкалька з франц. м. (brouiller lеs сагtes). Разладжваць, разбураць чые-н. планы, намеры, разлікі. Ля маста такая варта — не падступішся ніяк. Партызанам блытаў карты гэты мост, даваўся ў знак (А. Астрэйка. Прыгоды дзеда Міхеда).

Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з маўлення карцёжнікаў.

Богу душу аддаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Памерці. То не дуб у бары заскрыпеў; застагнаў — гэтая без пары богу душу аддаў (Я. Купала. Мужык).

Душу, паводле рэлігійных уяўленняў, як бессмяротны нематэрыяльны пачатак мае толькі чалавек, які, паміраючы, нібыта аддае яе Богу. Параўн. у апавяданнях-успамінах У. Дубоўкі «Пялёсткі»: «Як яго прасілі, як яго малілі — кленчылі перад ім, не ўзяў ні кроплі вады, ні крошачкі хлеба. На шостыя суткі стары Якуб аддаў богу сваю душу. Але, як растлумачыў манькаўскі поп: „Бог душу старога Якуба не прыняў ні ў рай, ні ў пекла не накіраваў, бо, паводле царкоўнага закону, ён — самагубца“».

Божай міласцю. Калька з лац. м. (Dеі gratia). Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі. Прыроду знатнасць не цікавіць. I божай міласцю паэт араў дзірван, касіў траву ды з лебяды варыў абед (Г. Каржанеўская. Якія розумы гібелі?).

Паходзіць з біблейскага тэксту (1-е пасланне апостала Паўла да карынфянаў, 3, 10). Доўгі час ужываўся ў тытулах найвышэйшых духоўных і свецкіх асоб як сцвярджэнне, што іх улада дадзена Богам. У далейшым за фразеалагізмам замацавалася сучаснае значэнне.

Божая кароўка. Відаць, калька з франц. м. (bêtе а bon Dіеu). Ужыв. са значэннямі ‘жучок чырвонай, жоўтай або белай афарбоўкі з плямкамі’ і ‘ціхі, бяскрыўдны чалавек, які не ўмее пастаяць за сябе’. Прыгрэтая на падаконніку божая кароўка раптам заварушылася, пацёпала сваімі чырвонымі падкрылкамі і, важна ўзняўшыся, паляцела насустрач сонцу (М. Лынькоў. Векапомныя дні). [Стась: ] Сінічкін — шпіён, даю галаву на адсячэнне. [Бронюс: ] Божая кароўка — шпіён? Не-е… Гэты занятак не для яго (В. Зуб. Юнацтва рыцара).

Падабенства гэтага жучка з кароўкай засноўваецца на тым, што калі яго перавярнуць і пакратаць брушка, то на нагах у насякомага выступаюць ярка-ружовыя кроплі («малачко»). Жучок зусім бяскрыўдны і безабаронны, што і стала падставай для развіцця ў фразеалагізме яшчэ аднаго значэння.

Бой у літаўры. Агульны для ўсходнесл. м. Хвальба, выхвалянне. [Перадавікі] не вядуць доўгіх размоў пра неабходнасць перабудовы — яны робяць. Без шуміхі, параднасці, без бою ў літаўры з нагоды любога поспеху ці нават самай нязначнай прыкметы яго (Звязда. 30.01.1986).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага біць у літаўры (гл.).

Бочку арыштантаў нагаварыць, навыдумляць і пад. Уласна бел. Занадта многа і абы-чаго, без разбору. Павесіць пінжак на сцяну і глядзіць адным вокам з-пад коўдры, як Алеся, нагаварыўшы бочку арыштантаў, шарыць па кішэнях, выграбае ўсё да капейкі (В. Мыслівец. Нямтур).

Генетычна гэта, відаць, сэнсава алагічнае спалучэнне каламбурнага характару, якіх нямала: (вярзці) грушу на вярбе, не коз воз, выдраць лысаму валоссе, сам не свой; параўн. ва ўкр. м.: (наговорити) сім мішків гречаноï вовни і всі неповні. Выраз, як сведчыць В. М. Макіенка, сустракаецца і ў некаторых рускіх (архангельскіх і карэльскіх) гаворках і, магчыма, паходзіць з мовы рыбакоў, дзе арестант — ‘дробная сушаная рыба’; наговорить бочку арестантов «першапачаткова ‘нагаварыць усякіх выдумак пра нібыта багаты ўлоў’» (В. М. Макіенка).

Брат-сястрыца (брат-сястра). Агульны для бел. і ўкр. (брат-і-сестра) м. Травяністая трохколерная расліна сямейства фіялкавых. Быццам спіць мятлюга, нявідна дрыжыць канапелька, дзятліна белая сядзіць, званочкі калышуцца, здалёку, з лесу брат-сястра бялее, сінее мясцінамі (М. Гарэцкі. Антон).

Паводле народнага падання, адлюстраванага ў вершаваным апавяданні В. Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца» і ў народнай песні, удавец «з жонкаю дзетак меў, а з другою ўзрасціў, а з трэцяю распусціў». Прайшоў час, і, сустрэўшыся, маладая пара ўзяла шлюб. Калі ж высветлілася, што гэта брат і сястра, то яны налажылі на сябе рукі і былі пахаваны ў адной магіле. «На той магіле вырасла травіца, і людзі назвалі яе „брат-сястрыца“».

Браты нашы меншыя. Паўкалька з руск. м. Звяры (свойскія ці прыручаныя чалавекам). Мы наведалі заапарк… паназіралі за жыццём «братоў нашых меншых» (Настаўн. газ. 8.08.1998).

Паходзіць з верша С. Ясеніна «Мы теперь уходим понемногу…» (1924), дзе ёсць радкі: «И зверьё, как братьев наших меньших, никогда не бил по голове».

Брацца (узяцца) у рожкі з кім. Уласна бел. Выяўляючы сваю незалежнасць, задзірацца, спрачацца, сутыкацца. Усе ведалі, што Гальяшыха часам бралася ў рожкі з мужам (І. Гурскі. Лясныя салдаты).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да рагатых жывёлін, калі яны бадаюць адна адну, колюць рагамі. Параўн.: «Рабы толькі страшыць [другога быка], а брацца ў рожкі баіцца. Той бы даў так, што зараве!» (Ф. Янкоўскі).

Браць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго.

Браць на цугундар каго. Гл. на цугундар браць каго.

Браць (узяць) быка за рогі. Калька з іспан. (соdеr аl tого рог lоs сuеrnоs) ці франц. (ргеndrе lе tаuгеаu раг lеs согnes) м. Смела, энергічна пачынаць з самага галоўнага. Белавусаў гучна павітаўся і без лішніх слоў вырашыў адразу браць быка за рогі: — Ну што, Махавікоў, вядзі паказвай, дзе хаваеш зброю (Л. Левановіч. Шчыглы).

Узнікненне фразеалагізма звязана з такім масавым відовішчам у Іспаніі, Партугаліі, як карыда — бой тарэадора з быком.

Браць (узяць) верх. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘падпарадкоўваць каго-н. сваёй волі’ і ‘аказвацца больш значным, мацнейшым, чым што-н.’. Віленскія рабочыя ў масе сваёй, пэўна ж, вельмі радаваліся і цешыліся, калі чулі, што рабочыя ў Расіі бяруць верх (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). [Сымон: ] Я чакаю закону: суд ідзе, і праўда верх возьме (Я. Купала. Раскіданае гняздо).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Кампаненты сэнсава суадносяцца з асобнымі значэннямі аднайменных слоў свабоднага ўжывання: кампанент браць — са значэннем ‘захопліваць, дамагацца ў барацьбе’, кампанент верх — са значэннем ‘вышэйшае дасягненне’.

Браць (узяць) за горла каго. Калька з франц. м. (рrendrе qn á lа gоrgе). Сілай прымушаць да чаго-н. ['Дабрыян: ] Ёсць такія, што за горла бяруць: давай неўміручасць, душа з цябе вон (К. Крапіва. Брама неўміручасці).

Фразеалагізм усведамляецца як матываваны, з жывой унутранай формай.

Браць (узяць) за жабры каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. брать за жабры, укр. брати за зябра). Прымушаць паступаць належным чынам. На тваім бы месцы я тваіх работнікаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што… (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваюць да лоўлі рыб. Злоўленую рыбіну, а яна вельмі слізкая, нялёгка ўтрымаць у руках, не ўзяўшы яе за жабры. Параўн. урывак з аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз»: Міколка з бацькам «узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай, як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць». А дзед Астап з берага ракі падае парады: «За зябры яго, за зябры, гада!» Або: «Тое ж маўчанне, калі тапаром мы дрэва зялёнае нішчым, калі мы за жабры рыбу бяром і б’ём галавой аб днішча» (А. Вярцінскі). Параўн. таксама каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма ўзяць за жабры і слова жабры з яго намінатыўным сэнсам у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». «[Левановіч: ] Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры ёсць у яе, — калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць». Адзначым, дарэчы, памылковае аб’яднанне ў ТСБМ (т. 1, с. 405) фразеалагізмаў браць за горла і браць за жабры ў адзін з нібыта ўласцівай яму варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: браць за горла (жабры). Гэта два самастойныя фразеалагізмы, кожнаму з якіх уласціва свая непаўторная ўнутраная форма. Да таго ж браць за горла (гл.) — калька з франц. м.

Браць (узяць) за шчэлепы каго. Уласна бел. Прымушаць паступаць пэўным чынам. Пасля першай [чаркі] усе філасофствуюць, пасля другой звычайна пытаюцца: «Ты мяне паважаеш?», пасля трэцяй лезуць цалавацца. Вось пасля трэцяй ты яго і бяры за шчэлепы цёпленькага (А. Петрашкевіч. Укралі кодэкс).

Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваюць да жывёл, і рыб у тым ліку, а таксама і да чалавека. Шчэлепы ў бел. м., як і ва ўкр., — тое самае, што і сківіцы. Параўн., напрыклад: «Твар Улада, абцягнуты блеклай скурай, крывіўся ад працы шчэлепаў, якія пераціралі гумку» (Крыніцы. 1995. № 7). Як засведчана ў тэматычным слоўніку «Жывёльны свет» (Мн., 1999, с. 125), для абазначэння костак у роце, у якія ўмацаваны зубы, выкарыстоўваюць словы: сківіцы, санкі, шчэлепы, пашчэнкі і інш. Тое самае і ў «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993, карта № 13). Тут сківіцы са 142 абследаваных пунктаў ужываюцца ў 21 пункце, санкі — у 45, шчэлепы — у 38. У ТСБМ жа (т. 5, кн. 2, с. 425) шчэлепы памылкова тлумачацца як ‘жабры’, але адзіная пададзеная тут цытата не пацвярджае дэфініцыю, а аспрэчвае яе: «Шчэлепамі разбітымі пакутліва кратае камбала бездапаможна пляскатая» (Р. Барадулін). У «Беларуска-польскім фразеалагічным слоўніку» (Wаrszаwа, 2000, с. 70) А. Аксамітава і М. Чурак браць за горла (жабры, шчэлепы) пададзены як адзін фразеалагізм з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента, але гэта няправільна, бо тут кожны з трох сінанімічных фразеалагізмаў адрозніваецца сваёй унутранай формай і геаграфіяй бытавання: браць за горла — калька з франц. м., браць за жабры — агульны для ўсходнесл. м., а браць за шчэлепы — уласна бел.

Браць (узяць) лейцы ў <свае> рукі. Уласна бел. Прымаць на сябе кіраванне чым-н. А я стары. Зусім стары. І хворы. I нядужы. У рукі лейцы ты бяры. Кіруй разумна, дружа (А. Бялевіч. Васіль Вашчыла).

Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння. Лейцы бяруць у рукі (у прамым значэнні гэтых слоў) для таго, каб кіраваць канём, запрэжаным у воз ці сані. Параўн. ужыванне фразеалагізма з актуалізацыяй яго ўнутранай формы праз выкарыстанне побач з ім выдзеленых тут слоў: «Эге ж, хлопча, у тым справа, што не роўны людзі ў свеце; слабы, цёмны жыве ў смецці, а дужэйшы правіць права, ездзіць, лейцы ўзяўшы ў рукі… Эге ж: сіла ў гэтай штучцы. Але, хлопча, лейцы рвуцца, а без іх няма панукі» (Я. Колас). Першым выкарыстаў гэты выраз (а можа, і стварыў яго) К. Крапіва ў сатырычнай паэме «Хвядос — Чырвоны нос» (1930), каламбурна спалучыўшы з прозвішчам Кучар, што выклікае асацыяцыю са словам кучар (руск. кучер — бел. фурман, рамізнік, вазніца): «Ад мастацтва тады Кучар браць вучыўся ў рукі лейцы… Камандзіраў было — куча, болей як культурармейцаў».

Браць (узяць) на абардаж каго, што. Паўкалька з франц. м. (ргеndrе á l’аbоrdаде). Рашуча дзейнічаць у адносінах да каго-, чаго-н. Прыкідваю, быццам ніштаватая машына. Матор паслухаў, хадавую агледзеў, кузаў. Бяру яго [гаспадара] на абардаж. Купляю, бацька: восемсот цяпер, астатнія ў растэрміноўку (А. Дзятлаў. Грышкаў «Масквіч»).

Утварыўся ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, у якім абардаж абазначае ‘счэпліванне свайго судна з варожым ддя рукапашнай схваткі’. Першапачатковае значэнне — ‘атакаваць сваім караблём варожы карабель, падышоўшы да яго ўшчыльную для вядзення рукапашнага марскога бою’.

Браць (узяць) на арапа каго. Агульны для ўсходнесл. м. Дабівацца чаго-н. ашуканствам, хітрыкамі. У акне, здалося, сядзеў той самы ўпаўнаважаны з раёна, культурнік, што «браў на арапа», думаў выпудзіць іх з Паплавоў (П. Місько. Градабой).

Выток фразеалагізма — маўлснне карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам. Гл. запраўляць арапа.

Браць (узяць) на буксір каго. Калька з франц. м. (рrendrе á lа remorque). Дапамагаць таму, хто адстае. Шчыра радавалася [Наталля Макараўна], калі ў яе класе лепшыя вучні па сваёй ініцыятыве ўзялі на буксір слабейшых (Настаўн. газ. 13.05.1981).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое ўжывалася і ўжываецца ў маўленні маракоў, дзе буксірам называюць канат ці стальны трос, пры дапамозе якога адно судна можа цягнуць за сабой другое.

Браць (узяць) на зыхер каго. Уласна бел. Дзейнічаючы з апломбам, правакаваць каго-н., выклікаць разгубленасць з мэтай дабіцца чаго-н. — Трэба запытацца так, каб сказала… — Напалохаць трэба. На «зыхер» узяць (Я. Колас. На «святой зямлі»).

Паходзіць з жаргону арыштантаў, дзе зыхер, відаць, запазыч. з ням. м. Адно са значэнняў слова sісhеr (у такім разе з клічнікам на канцы) абазначае ‘абавязкова, безумоўна’. Параўн.: «Саўка папаў у акрутнае становішча. Але ён быў упэўнены, што яго бяруць на „зыхер“, як называецца на мове арыштантаў. Ён зацяўся і ўпарта адмаўляў, што бачыўся з паўстанцамі» (Я. Колас).

Браць (узяць) на мушку каго, што. Агульны для ўсходнесл. м. Засяроджваць увагу на кім-, чым-н., сачыць за кім-, чым-н. Кірэй, Кірэй, ці даўно тое было, што глядзеў смерці ў вочы і смяяўся? А цяпер… Нарэшце злы лёс узяў цябе на мушку (У. Дамашэвіч. Заклінаю ад кулі).

Выток фразеалагізма — маўленне ваенных. Параўн.: «Мацвею падумалася, што гэты, што падыходзіць, — самы галоўны, узяў яго на мушку. Пад пахвіну меціцца» (М. Лобан).

Браць (узяць) на понт каго. Агульны дляўсходнесл. м. Дзейнічаючы з апломбам, правакаваць каго-н., выклікаць разгубленасць з мэтай дабіцца чаго-н. Прытвараешся, на понт хочаш мяне ўзяць. Што, надакучыў? Ён лепшы? (Э. Ярашэвіч. Гэта было нядаўна).

Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе понт атаясамліваецца з хітрыкамі, ашуканствам і, відаць, з’яўляецца запазычаннем з франц. м., у якой ропtе (чытаецца: понт) абазначае ‘панцёр’ і ‘уплывовая асоба’. У франц. м. ёсць і фразеалагізм соuрег dаns lе ропt які мае два значэнні: 1) скарыстоўваць шулерскі прыём у картах; 2) недарэчна папасціся, уліпнуць.

Браць (узяць) на пушку каго. Запазыч. з руск. м. Дзейнічаючы хітрасцю, падманам, дабівацца чаго-н. ад каго-н. Як, на чым прыхапіў Цагельскага бандыцкі важак, я, вядома, не ведаў, тут я браў Цагельскага на пушку (У. Шыцік. Вяртанне ў мінулае).

Выраз са зладзейскага жаргону, дзе пушкай называюць рэвальвер.

Браць (узяць) на ўзбраенне што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. брать на вооружение, укр. брати на озброення). Дзейсна выкарыстоўваць, прымяняць у сваёй практыцы, дзейнасці. Фальклор можна і трэба — абавязкова трэба! — браць наўзбраенне, каб ажывіць ім сучаснае нацыянальнае мастацтва, сучасную духоўную культуру (Н. Гілевіч. Плён — будзе, ды яшчэ які плён!).

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні ваенных ужываецца ў сваім прамым значэнні.

<Браць (узяць)> ногі на плечы і (ды)… Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. перад выказнікам са значэннем хуткага руху і мае сэнс ‘як можна хутчэй (бегчы, уцякаць і пад.)’. — Праўду сказаў — ваўкі ў логаве… — Чаму ж ты тады ногі на плечы ды наўцёкі? Ваўкоў спужаўся? (І. Капыловіч. Аблава).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Можна таксама згадзіцца з існуючым меркаваннем, што выраз склаўся як перафразаванне словазлучэння браць боты на плечы (у сэнсе «разуцца, каб можна было лягчэй і хутчэй бегчы»).

<Браць (узяць)> ногі ў рукі і (ды)… Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. перад выказнікам са значэннем хуткага руху і мае сэнс ‘як можна хутчэй (бегчы, уцякаць і пад.)’ А ў канцы канцоў вось што: надзявайце пінжак, бярыце ногі ў рукі і бяжыце на пошту (У. Корбан. Гінка).

Этымалагічная аснова фразеалагізма, відаць, такая ж, як і ў выразе <браць> ногі на плечы і (ды)… (гл.).

Браць (узяць) прыклад з каго. Калька з франц. м. (рrendrе ехетрlе sur qn). Пераймаць у каго-н. што-н., рабіць так, як хто-н. Будзьце мужчынам… Бярыце прыклад з бацькі… (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Браць (узяць) слова з каго. Калька з франц. м. (рrendrе рагоlе dе qn). Дамагацца ад каго-н. абяцання выканаць што-н. [Маці] узяла з мяне слова, што я не буду ўваходзіць надта ў палітыку… (Р. Мурашка. Сын).

Браць (узяць) сябе ў рукі. Калька з ням. (sісh in dеr Напd hаbеn) ці франц. (no reрrendio en mains) м. Ужыв. са значэннямі ‘супакойваючыся, дабівацца поўнага самавалодання’ і ‘станавіцца больш сабраным, валявым, дзейным’. «Спакойна, толькі без панікі!» — цвярдзіў я, беручы сябе ў рукі, і заставаўся сядзець спінай да дзвярэй (А. Карпюк. Данута). [Карнейчык: ] Нічога, возьмеш сябе ў рукі, сядзеш зноў на свайго ўлюбёнага канька, на землеўпарадкаванне (К. Крапіва. Канец дружбы).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Браць (узяць) у пераплёт каго. Запазыч. з руск. м. Рашуча ўздзейнічаць на каго-н., прымушаючы паступаць пэўным чынам. Няхай Комлік — майстар сваёй справы, але няма незаменных! I калі ўзяць яго ў пераплёт, з трэскам выгнаць з цэха, астатнія будуць шаўковыя — вунь з кім не палічыліся, з Комлікам! (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Утварыўся, на думку В. М. Макіенкі, у выніку кантамінацыі, аб’яднання частак двух фразеалагізмаў: трапляць у пераплёт (гл.) + браць у абарот.

Браць (узяць) у <свае> рукі. Калька з франц. м. (ргеndrе еn mаіns; літаральна «браць у рукі»). Ужыв. са значэннямі: ‘падпарадкоўваць сваёй волі каго-н.’, ‘прымаць на сябе кіраўніцтва чым-н.’ і ‘сілай авалодваць чым-н. (часцей пра ўладу)’. Я прыйшла менавіта да вас, Іван Мікалаевіч. І як да старшыні сельсавета, і як да старэйшага Косцікавага брата. Вазьміце ў рукі Косціка, інакш… (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Старшыня сельсавета намогся ўзяцьу свае рукі кіраванне сходам на гэты час (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара). Рабочых грамады ў свае возьмуць рукі заводы і фабрыкі, шахты і домны… (Я. Купала. Настане такая часіна).

Фразеалагізм з жывой унутранай формай.

Браць (узяць) уцям што. Уласна бел. Разумець, усведамляць што-н. Я вось сяджу, думаю — і ніяк не магу ўзяць уцям, што вы з ім не падзялілі? (Маладосць. 1980. № 4).

Выраз аднолькавай сінтаксічнай і дэрывацыйнай структуры з узяць <сабе> у толк (што). У «Слоўніку беларускай мовы» (1870) І. І. Насовіча пададзена ўцям як прыслоўе са значэннем ‘прыкметна, зразумела’. Ёсць у сучаснай бел. м. аднакаранёвыя словы: няўцям, няўцямны, няўцямна, няўцямнасць, цямлівы, цямлівасць, цяміць, уцяміць. Параўн. ва ўкр. м.: назоўнік тяма ‘кемлівасць, цямлівасць’, фразеалагізмы брати (узяти) втямки (втямку), брати (взяти) до тями, без тями (тямки) в голові.

Браць (узяць) у шоры каго. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча ўздзейнічаць на каго-н., прымушаючы паступаць пэўным чынам. Старэйшы хлопец ужо ў армію пайшоў… Там яго добра возьмуць у шоры. Зробяць з хлопца чалавека… (А. Васілевіч. Сястра мая, Антаніна).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Шоры — бакавыя шчыткі, прымацаваныя да вуздэчкі, каб конь не мог глядзець убок і палохацца чаго-н.

Будаваць на пяску. Агульны для амаль усіх славянскіх, а таксама франц. і ням. м. Засноўваць на ненадзейных звестках, паказчыках. Старыя пазіцыі светаразумення аказаліся хісткімі, пабудаванымі на пяску (Я. Колас. На ростанях).

Склаўся на базе евангельскай прытчы (Матфей, 7, 26–27): «Усякі, хто слухае гэтыя словы мае і не выконвае іх, стане падобны на чалавека безразважнага, які пабудаваў дом свой на пяску. I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і налеглі на дом той, і ён паваліўся».

Будаваць паветраныя замкі. Гл. паветраныя замкі будаваць.

Будоўля паветраных замкаў (палацаў). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. строительство воздушных замков, укр. будівництво надхмарніх замків). Прыдумванне нерэальных, фантастычных планаў. [Каліноўскі:] Я чуў усё, але не хацеў да часу перапыняць будоўлі паветраных палацаў Серакоўскага (Е. Міровіч. Касіусь Каліноўскі).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма будаваць паветраныя замкі (гл.) ‘планаваць нерэальнае, нездзяйсняльнае’, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Бура ў шклянцы вады. Калька з франц. м. (unе tетрêtе dаns un vеrrе d’еаu). Шум, спрэчка за нявартую ўвагі дробязь. Але ж у тым самым абзацы, услед за нібыта пахвалою, ідзе нявінная на першы погляд агаворачка: маўляў, некаторыя з пералічаных твораў грэшаць схематычнасцю, жывыя пачуцціў іх падменены папяровымі, а размах падзей не вышэй за буру ў шклянцы вады (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).

Гэты крылаты выраз, як сведчыць Бальзак, належыць французскаму палітычнаму дзеячу і філосафу XVIII ст. Мантэск’ё; гэтымі словамі ён вобразна ахарактарызаваў палітычнае бязладдзе, якое ў той час мела месца ў Сан-Марына — карлікавай рэспубліцы на Апенінскім паўвостраве.

Бурыданаў асёл. Паўкалька з франц. м. (l’апе dе Вuridan). Крайне нерашучы чалавек, які вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі. [Кардонскі:] Я зусім у органы не збіраўся, мяне накіраваў райкам камсамола. Бо сам як бурыданаў асёл… Стаяў на раздарожжы, не ведаючы, што выбраць: ці дарагую мне гісторыю, ці такую ж літаратуру, ці журналістыку (С. Дубавец. Мой народ).

Узнікненне фразеалагізма звязваецца з імем французскага філосафа Ж. Бурыдана (XIV ст.), які даказваў, што ўчынкі жывых істот залежаць не ад іх волі, а выключна ад знешніх прычын. У пацвярджэнне сваёй думкі ён узяў для прыкладу асла, які, знаходзячыся на роўнай адлегласці ад двух аднолькавых ахапкаў сена, абавязкова павінен загінуць ад голаду, бо пры абсалютнай свабодзе волі ён не зможа аддаць перавагу якомунебудзь аднаму ахапку сена. Параўн. ужыванне фразеалагізма з намёкам на яго першапачатковую вобразнасць: «— Пагубяць цябе гэтыя ягады, як бурыданавага асла сена, — смяецца з Машы Аркадзь» (В. Гігевіч).

Быллём парасло (зарасло). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. быльем поросло, укр. биллям поросло). Даўно забыта. Мілая!.. Усё быллём парасло, а пры ўсіх тут скажу… І я твайго Паўла кахала (М. Ракітны. На свята).

Узнік з прыказкі (падаецца ў зборніках І. Насовіча, М. Федароўскага) Калісьці было, ды быллём зарасло. Адарваўшыся ад прыказкі, у якой было і зарасло звязаны рыфмай, фразеалагізм набыў здольнасць рэалізаваць родавыя і лікавыя формы дзеяслоўнага кампанента: «Не быў я ў свеце бабылём, і ты не будзеш, братка, пакуль не зарасла быллём салодкая загадка…» (В. Вітка). Зрэдку замест быллём выкарыстоўваецца быльнягом: «Ну што ты! Нашто ты? Калі што некалі і было, дык быльнягом зарасло…» (М. Лужанін).

Бы на карове сядло. Гл. як (нібы, бы) на карове сядло.

Быццам аршын праглынуўшы. Гл. як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы.

Бярозавая каша. Агульны для ўсходнесл. м. Розгі або дубец, рэмень і пад. Проста і ў думках не было, каб гэты клоп, як ён заўсёды называў сваю пляменніцу, ды раптам надумалася выходзіць замуж. А бярозавай кашы яна не хоча часам?.. (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Як мяркуюць, выраз узнік у школьным асяроддзі. Раней у школах, дзе вучылі дзяцей грамаце, пераход да чытання новай кнігі і іншыя поспехі ў вучобе адзначаліся кашай: бацькі ў такіх выпадках прыносілі гаршчок кашы, якую ўсе вучні елі разам. Калі вучань правінавачваўся, яго каралі розгамі, як правіла, бярозавымі. Такое пакаранне сталі называць бярозавай кашай. Фразеалагізм утварыўся па мадэлі словазлучэння тыпу прасяная каша.

Ва векі вякоў. Калька з лац. м. (іn sаесulа sаесulоrum). Назаўсёды, навечна. [Маці:] Ой, лясы, вы не шуміце, майго мужа не будзіце, бо ён спіць вечным сном ва векі вякоў (А. Кудравец. Раданіца).

3 формулы праслаўлення Бога ў часе хрысціянскага царкоўнага набажэнства (абедні).

Загрузка...