С

Сабакам сена касіць. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) бадзяцца дзе-н., займаючыся пустой справай, 2) знаходзіцца невядома дзе, хаваючыся ад сям’і. Недзе па загальскіх хутарах з такою ж хеўраю, як і сам, сабакам сена косіць (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Пра мужа пытаўся, махнула: — Am, сена сабакам косіць… (Р. Барадулін. Дом на сопцы).

Узнік не са свабоднага словазлучэння (такога не магло быць: сабакам сена не косяць, яны і не ядуць яго). Ён утвораны па мадэлі свабоднага словазлучэння тыпу каровам сена касіць, y якім лагічнае каровам заменена нелагічным. Атрымаўся дасціпны выраз каламбурнага характару. Параўн.: кот наплакаў, без нажа зарэзаць, без году тыдзень.

Сабака на сене. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, які сам не карыстаецца і іншым не дае карыстацца чымсьці. —Дазволь ноччу на чыгунцы супроць твайго хутара перапыніць патрулёў са страшаўскай вахі… — Не, Валя. Шукай сабе іншае месца!.. — Сабаакі на сене! (А. Карпюк. Пушчанская адысея).

Крыніца фразеалагізма — прыказка Сабака на сене ляжыць, сам не есць і другім не дае, тлумачальная частка якой адпала. Або: Як сабака на сене: і сам не гам, і другому не дам.

Сабак вешаць на каго, каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (psy wieszać) м. Нагаворваць на каго-н., абвінавачваючы ў чым-н. — У вашай палатцы яшчэ чатырох пасяляем. Глядзі, каб без гэтага… — Зноў за старое? Што на мяне ўсіх сабак вешаюць?.. Каваль ды Каваль! (А. Савіцкі. Кедры глядзяць на мора).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, y якім слова сабака мае значэнне ‘лопух, галоўка лопуху, дзед’ Параўн. y слоўніку

І.І.Насовіча: «Сабачка — галоўка лопуху. Твая світка ўся ў сабачках». Вешалі сабак на таго, хто заслугоўваў насмешкі ці быў вінаваты ў чым-небудзь.

Сабаку з’еў на чым, y чым. Агульны для ўсходнесл. м. Mae вялікі вопыт, навык у чымсьці. Нашто вам браць якога-небудзь смаркача, калі ёсць вопытны работнік, які на гэтай справе сабаку з’еў (К. Крапіва. Брама неўміручасці).

Ёсць некалькі спроб разгадаць этымалогію гэтага выразу. Найбольш верагодная з іх тая, якая ставіць фразеалагізм у сэнсавую і генетычную сувязь з прыказкай Сабаку з’еў, a хвастом удавіўся (падаецца ў слоўніку УДаля). Яна ўжывалася ў XIX ст., калі гаворка ішла пра вопытнага майстра, які выканаў штосьці вельмі цяжкае, a на дробязі спатыкнуўся. Другая палавіна прыказкі адпала, a першая стала фразеалагізмам, захавала за сабой частку агулькага значэння прыказкі і застыласць дзеяслоўнага кампанента, яго здольнасць ужывацца, як і ў прыказцы, толькі ў формах прошлага часу (з’еў, з'ела, з’елі).

Сабачая радасць. Агульны для ўсходнесл. м.(руск. собачья радость, укр. собача радість). Самая танная каўбаса, звычайна ліверная. Калі на паліцах будуць толькі кілбаскі «сабачая радасць», усе пойдзем з працягнутай рукой (В. Адамчык. Падарожжа на Буцафале).

Этымалагічна выраз грунтуецца на ўяўленні, што каўбаса самай нізкай якасці з’яўляецца радасцю толькі для сабакі.

Сабе наўме. Калька з лац. м. (sibi in mente). Вельмі скрытны, хітры (пра чалавека). — Старыя розныя бываюць,цішэй загаварыла маці.—Адзін за ласку гатовы ўсё аддаць, a іншы сабе наўме (Э. Ярашэвіч. Гэта было нядаўна).

Садзіцца не ў свае сані. Гл. не ў свае сані садзіцца (сесці).

Садзіцца (сесці) на мель. Агульны для ўсходнесл. (руск. садиться на мель, укр. сідати на мілину) іпольск. (osiąść na mieliznie) м. Трапляць у вельмі цяжкае становішча. Мы абодва выдатна ведалі, што гэтым рашэннем калгас садзіцца на мель (В. Шырко. Імем барыкад мяцежных).

Утвораны на аснове суадноснага фразеалагізма садзіць (пасадзіць) на мель каго (гл.).

Садзіцца (сесці) на свайго <любімага> канька. Запазыч. з руск. м. Пачынаць размову на ўпадабаную, улюбёную тэму. Сіняк, як заўсёды, сеў на свайго любімага канька. Ён лічыць, што яго абышоў лёс, што толькі ў горадзе маглі б поўнасцю раскрыцца ўсе яго шматлікія таленты (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

У рус. м. выраз склаўся на аснове калькі з франц. м. с’est son dada (літаральна «ёсць яго канёк») ці з англ. it is his hobby horse (літаральна «гэта ёсць яго любімы канёк, хобі»). Узнікненне фразеалагізма садзіцца на свайго любімага канька адбылося ў выніку разгортвання метафарычнага кантэксту нарашчэннем дзеяслоўнага кампанента садзіцца (на каго). Назоўнікавы ж кампанент канёк атрымлівае тут як бы падвойнае значэнне: і прамое, памяншальнае да конь y зыходным значэнні, і фігуральнае — «захапленне, хобі».

Садзіцца (сесці) на хлеб і ваду. Агульны для ўсходнесл. м. Абмяжоўзаць сябе ў самым неабходным, харчавацца толькі простай ежай. Аўтар зноў і зноў ладзіў прэзентацыі кніжкі… I стаміўся ад гэтых высілкаў… I тады вырашыў сесці на хлеб і ваду і раздаць рэшткі тыражу ўсім-усім сваім знаёмым. На апошнія грошы ён выкупіў дзве свае кніжкі ў той самай, знаёмай з маленства вясковай краме (С. Рублеўскі. Кніга).

Склаўся, відаць, на аснове фразеалагізма садзіць (пасадзіць) на хлеб і ваду (каго), узнікненне якога звязваюць з пакараннем, прынятым у турмах, ваенных і навучальных установах царскай Расіі. Віноўніка запіралі ў асобным пакоі і кармілі толькі хлебам і вадой.

Садзіцца (сесці, уссесці) на карак (на шыю) каму, чый, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю падпарадкоўваць сабе, выкарыстоўваць каго-н. y сваіх інтарэсах’ і ‘абцяжарваць каго-н., знаходзячыся на яго ўтрыманні’. У кожным маёнтку садзіцца на шыю народа «зондэрфюрэр» (К. Чорны. Нямецкае вараннё над Случчынай). Э не, дачушка, садзіцца на ваш карак я не хачу. Глядзіце сябе, абы вам добра было, a мы, старыя, так-сяк пражывём… (Т. Хадкевіч. Даль палявая).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Садзіць на пасад каго. Гл. на пасад садзіць каго.

Садзіць (пасадзіць) на мель каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сажать на мель, укр. саднти на мілину) і польск. (sadzać na mieliżnie) м. Ставіць каго-н. y вельмі цяжкае становішча. Востры на язык, Платон у час спрэчак мог абрэзаць дасціпным словам каго хочаш, садзіў на мель любога (Я. Радкевіч. Закон прыцяжэння).

Паходзіць з маўлення маракоў, дзе меллю называюць неглыбокае месца на моры, небяспечнае для суднаходства.

Садом і гамора. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Крайняе бязладдзе, беспарадак, хаос. О, божачка! Садом і гамора. Думала, канец свету настаў. Гэта ж трэба так біць па сваім горадзе (І.Шамякін. Шлюбная ноч).

Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 19, 24–25) пра лёс двух суседніх гарадоў старажытнай Палесціны — Садома і Гаморы. У гэтых гарадах запанавалі беспарадак, распуста, і Бог вогненным дажджом і землетрасеннем рашыў пакараць грэшнікаў. Пра гэта ў паэме К. Крапівы «Біблія»: «Як пасыплецца агонь! Як прарвецца ў небе дзірка! Як пальецца з неба серка! Так, як „Біблія“ нам кажа, бог Садом дарэшты спляжыў, a з ім разам і Гамору».

Сакрэт палішынеля. Паўкалька з франц. м. (secret de polichinelle). Уяўная тайна; тое, што хоць і лічыцца тайнай, але стала вядома ўсім.

Дзялюся сакрэтам палішынеля за ўмераную плату (Я. Таўшчэзны. Вясёлая сумесь).

Узнікненне фразеалагізма звязана з імем Палішынеля — камічнага персанажа французскага народнага тэатра (з канца XVІ ст.). Гэта быў вясёлы задзіра, насмешнік, блазан і балбатун. Часта ён смяшыў публіку тым, што расказваў пад сакрэтам пра вядомыя ўсім рэчы.

Саламяная ўдава. Калька з ням. м., пераклад складанага слова Strohwitwe, якое ўзнікла аб’яднаннем частак двух слоў: Strohbraut (‘саламяная нявеста’) + Graswitwe (‘спакушаная’, літаральна ‘травяная ўдава’). Так называюць жанчыну, якая часова засталася без мужа або афіцыйна не мела яго. Кладаўшчыцай у калгасе была Ганна Карнілава, саламяная ўдава: y свае маладыя гады — не набрала яшчэ і дваццаці пяці — яна мела двух дзяцей, так званых ветравічкоў-бяз-бацькавічаў (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Азначэнне саламяная звязваецца з сярэдневяковым звычаем у прырэйнскіх гарадах: на галаву дзяўчыны, якая мела пазашлюбнае дзіця, публічна надзявалі саламяны вянок.

Саламяны ўдавец. Калька з ням. м. (der Strohwitwer). Мужчына, які знаходзіцца ў часовай разлуцы з жонкай. Сяргей Кірылавіч, вы сёння саламяны ўдавец, прашу ўзяць пад апеку маю сяброўку, яна — літаратар, вы — кнігалюб, побач вам не будзе сумна! (Л. Арабей. Дзень мінулы, дзень наступны).

Складаны нямецкі назоўнік калькуецца як двухкампанентны выраз. У ням. м. гэты назоўнік склаўся як пазнейшае ўтварэнне ад Strohwitwe («саламяная ўдава»), дзе саламяная звязваецца з сярэдневяковым звычаем у прырэйнскіх гарадах: на галаву дзяўчыны, якая мела пазашлюбнае дзіця, прылюдна надзявалі саламяны вянок.

Самі з вусамі. Агульны для бел. і руск. м. Не горшыя за іншых. Не, ён мною не пакамандуе, гэты студэнцік. Мы самі з вусамі… (П. Пестрак. Серадзібор).

Першапачаткова ўжываўся як своеасаблівая формула задзірлівага выхваляння, y якой спайка кампанентаў (першы з іх захоўвае слоўнікавае значэнне) рэгулюецца рыфмай. У XIX ст., як адзначана ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча, выраз выкарыстоўваўся і ў такой форме: самі з вусамі, толькі нос не аброс ‘адважны адказ на пагрозы’.

Сам-насам. Агульны для бел., укр. (сам на сам) і польск. (sam na sam) м. Ужыв. са значэннямі ‘без сведак, удвух з кім-н. (гаварыць, сустракацца і пад.)’, ‘без саюзнікаў, без падтрымкі з боку каго-н. (біцца, сустракаць небяспеку і пад.)’, ‘на адзіноце (заставацца, рабіць што-н.)’ і ‘зусім адзін, y адзіночку (заставацца, пабыць з чым-н.)’.

Пасля, сам-насам са сваім героем, я спытаўся: — Вас тады, Рафаіл Іванавіч, білі?Ну, вядома (Я. Брыль. Партрэт старэйшага таварыша). [Шукайла: ] Хлопцы, глядзіце! Князь мядзведзя забіў Сам-на-сам, без нас! (В. Вольскі. Машэка). Калі ж ні сяброў; ні сведак не было паблізу, ён [Сушчэня] мусіў трываць усё сам-насам (В. Быкаў. У тумане). Мужчыны пайшлі [на фронт], івёска засталася сам-насам з усімі чуткамі і трывогамі (У. Паўлаў. Спелыя травы).

Узнік па мадэлі сэнсава тоесных фразеалагізмаў таўталагічнага характару вока на вока, адзін на адзін. Адна з ранніх фіксацый адносіцца да 1599 г. — y форме самъ на самъ (помнік палемічнай літаратуры «Антиризисъ, или Апологія против Христофора Филалета»).

Сам-насам з сабой. Уласна бел. На адзіноце (заставацца, быць і пад.). Такія часіны душэўнай сабранасці, роздуму сам-насам з сабою Пятро Глебка вельмі любіў і даражыў імі (В.Вітка. Майстар).

Утвораны шляхам кантамінацыі — аб’яднання элементаў двух фразеалагізмаў: сам-насам + сам з сабой. Абодва фразеалагізмы мнагазначныя, адно з іх значэнняў (‘на адзіноце’) — агульнае для абодвух фразеалагізмаў і для кантамінаванага на іх аснове ўтварэння.

Сам не свой. Агульны для ўсходнесл., польск. і чэшск. м. Моцна ўсхваляваны, y стане разгубленасці, роспачы, адчаю (быць, хадзіць, ісці, сядзець і пад.). Я скажу табе, што ўвесь час, як толькі ты з’явілася ў атрадзе, я быў сам не свой (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).

Першапачаткова выраз абазначаў, што хто-небудзь, знаходзячыся ў незвычайным, y «не сваім» стане, часткова ўжо належыць якой-небудзь нячыстай сіле і што яго лёс, вяртанне ці невяртанне ў ранейшы стан залежыць ад далейшых сувязей з гэтай нячыстай сілай. Такое вытлумачэнне пацвярджаецца польскай прыказкай Już sam nie swój, połowica dijablowa (ужо сам не свой, палавіна — д’яблава). У бел. м. фразеалагізм нярэдка ўжываецца ў форме кампаратыўнага звароту як сам не свой: «Увесь гэты час Толя быў як сам не свой. Як сам не свой ён страляў y трохразовым адрывістым салюце» (У. Паўлаў Чуж-чужаніца).

Само сабой <разумеецца, зразумела>. Калька з ням. м. (es versteht sich von selbst). Ужыв. як пабочнае словазлучэнне ў сэнсе ‘не выклікае ніякага сумнення’. — Вы спытайце Касцянка яшчэ раз, Віктар Паўлавіч.Само сабой разумеецца, — мірна згадзіўся той (І.Шамякін. Крыніцы).

Сам сабе галава. Агульны для ўсходнесл. м. Самастойны, незалежны ні ад каго чалавек. Добра табе, халасцяку, ні кала ні двара, сам сабе галава. A тут — чацвёра ў доме, і малыя! (В. Быкаў. Трэцяя ракета).

Сэнсаўтваральную ролю ў выразе выконвае кампанент галава, суадносны з такім жа назоўнікам у адным з яго значэнняў — ‘кіраўнік, начальнік’.

Сам чорт не брат каму. Запазыч. з руск. м. Каму-н. нічога не страшна, нічога не значыць, усё хоць бы што. — Цяпер куды болей разгону,ажыўляецца Мартын. — Вясною і сам чорт нам не брат. Знай толькі лес ды добрую часіну з лесу паказацца… (Я. Колас. Дрыгва).

У руск. м. фразеалагізм склаўся пад уплывам франц. le roi п'est pas son cousin (літаральна «кароль яму не брат»). У перыяд сярзднявечча французскі кароль даваў сваім прыбліжаным тытул кузена (стрыечнага брата); тыя ж, хто не меў такога тытула, былі больш незалежнымі ад караля.

Са шчытом. Агульны для ўсходнесл. і польск. (z tarczą) м. 3 перамогай, пераможцам (з’явіцца, вярнуцца і пад.). — Ну як: са шчытом ці на шчыце?прыжмураным вокам сустрэў Марыну Паўлаўну высокі мужчына (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі) Этымалагічная аснова выразу тая самая, што і ў фразеалагізма на шчыце (гл.).

Сваімі словамі гаварыць, расказваць, адказваць і пад. Агульны для ўсходнесл. і польск. (własnymi (swoimi) słowami) м. Не літаральна, не даслоўна, a перадаючы галоўны сэнс. — Матка боска!зноў спыняе яго [вучня] панна Рузя, — Ну сабраў, ну прайшоў ну, разбіў… Конь ты божы! Ды гавары ты нарэшце сваімі словамі! (Я. Брыль. Сірочы хлеб).

Узнік, хутчэй за ўсё, y маўленні настаўнікаў. Параўн. аналагічнае меркаванне: «Атрымліваецца часам, што мы гаворым не пра тое, што знаем лепш за ўсіх, што нам больш за ўсё баліць, і ў той жа час гаворым не сваімі, як кажуць школьныя настаўнікі, словамі» (В. Бечык, А. Вярцінскі).

Свая вош укусіць каго. Уласна бел. Каму-н. прыйдзецца сутыкнуцца з жыццёвымі клопатамі, адчуць жыццёвыя цяжкасці непасрэдна самому, без чыёйсьці апекі. Табе за бацькавай спінай добра «спасацца», a пачакай толькі, хай свая вош укусіць (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Паходзіць з прыказкі (падаецца ў зборніку І.Насовіча) Тады чалавек памысліць мусіць, як свая вош укусіць. Або: Кожны перастаць тады мусіць, як свая вош укусіць (пра выпраўленне паводзін маладога чалавека). Фразеалагізм набыў здольнасць свабодна ўключацца ў кантэкст і рэалізаваць часавыя формы дзеяслоўнага кампанента: «А цябе яшчэ як мае быць не ўкусіла свая вош, ты яшчэ жывеш кнігамі…» (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы).

Светлая галава. Калька з ням. м. (ein heller Kopf). Вельмі разумны, здольны лагічна думаць чалавек. [Мірон: ] A ў яго слова, як жалеза, аказалася: усё, што абяцаў, — зрабіў. Пра яго, ведаеш, як ка~ жуць? Мудры чалавек, чулы дужа, светлая галава! (А. Савіцкі. Верай і праўдай). Можна лічыць, што абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: галава суадносіцца са значэннем ‘розум’, светлая — ‘лагічная, ясная’.

Свет цесны. Калька з італ. м. (il mondo ро). У любым месцы можна нечакана сустрэцца са знаёмым. Свет цесны, гэта сказана не мною… Праз тлумны магазін, без гаманы хлапчына падыходзіць за чаргою, аўтограф просіць: «Я са Старыны!» (Е. Лось. Студэнту з вёскі).

Выраз прыпісваецца Хрыстафору Калумбу, які ў 1492 г. адправіўся на трох іспанскіх суднах шукаць прамы марскі шлях y Індыю, але нечакана прычаліў да берагоў невядомай тады Амерыкі, «адкрыў Амерыку».

Свінтус грандыёзус. Уласна бел. Ганебны чалавек, нахабнік, невук. A сам бы як аднёсся да ўсяго, каб на яе месцы быў?.. Свінтус грандыёзус ты, таварыш Мікульскі… (П.Місько. Мора Герадота).

Выраз з камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» (1939), дзе ён спачатку ўжыты для абазначэння вялізнай дапатопнай жывёліны з жабрамі, «адкрытай» ілжэвучоным Гарлахвацкім, a пасля пераносна — y дачыненні да таго ж Гарлахвацкага — невука і прайдзісвета.

Свята на вуліцы чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. праздник на улице, укр. свято на вулиці). Ажыццяўленне чыіх-н. надзей, жаданняў. Праз некалькі дзён адбылося свята на Кастусёвай вуліцы: ён прыйшоў на першы ўрок у беларускую школу (С. Александровіч. На шырокі прастор).

Паходзіць з прыказкі Будзе і на нашай вуліцы свята, сэнс якой — ‘даб’ёмся і мы свайго, збудуцца нашы надзеі, спадзяванні’.

Святая прастата. Калька з лац. м. (sancta simplicitas). Наіўны, прастадушны чалавек. Святая прастата, Півавараў, мабыць, думаў, што на ваеннай карце ўсё абазначана (В. Быкаў. Дажыць да світання).

Выраз прыпісваюць Яну Гусу — нацыянальнаму герою чэшскага народа. Адлучаны ад царквы як ерэтык, за некалькі мінут да таго, як яго спалілі на кастры (1415), Гус, убачыўшы, што нейкая адурманеная рэлігіяй старая стала падкідаць у агонь галлё, нібыта ўсклікнуў па-латыні: «O sancta simplicitas!» Біёграфы Гуса, аднак, не пацвярджаюць гэтага. Больш верагодна, што выраз набыў крылатасць раней. Як сведчыць рымскі пісьменнік Руфін (IV ст.), упершыню гэтыя словы сказаў на Нікейскім саборы (325) адзін багаслоў y спрэчцы з філосафам, каб прымусіць яго замоўкнуць.

Святая святых. Запазыч. з царк. — слав. м. У Бібліі (Ісход, 26,33–34) гэта тэрмін для абазначэння той часткі Іерусалімскага храма, дзе захоўваўся каўчэг з запаведзямі, пасудзіна з маннай, цудадзейнае жазло і куды дазвалялася заходзіць толькі першасвяшчэнніку адзін раз у год. Апрача таго, гэтым тэрмінам называўся ахвярны хлеб, што прыносілі ў Іерусалімскі храм і які маглі з’есці толькі жрацы гэтага храма.

На аснове названых канкрэтных значэнняў y выразе развіліся пераносныя, звязаныя з памяшканнем або аб’ектам: 1) недаступнае памяшканне, якое строга ахоўваецца; 2) месца, якое з’яўляецца вельмі дарагім, да якога адносяцца з пашанай; 3) памяшканне, дзе вядуцца адказныя работы, знаходзяцца важныя прыборы і пад.; 4) самае важнае, дарагое, запаветнае. Сувязны перадаў ад таварыша Андрэя просьбу — пранікнуць у святая святых складанай жандарскай махіны… (Б.Мікуліч. Цяжкая гадзіна). Я не хацела б, каб у святое святых — яго кабінеце, рукапісах — капаўся хто-небудзь чужы… (Б. Сачанка. Не на той вуліцы). Давайце наведаемся ў святая святых радыё — студыю гуказапісу (В. Тарас. Сустрэча з сучаснікамі). I ці ёсць у паэта маральнае права маўчаць, калі гаворка ідзе пра святая святых — пра паэзію? (Т. Бондар. Паэзія ці версіфікатарства?). Першы фразеалагічны кампанент, які з’яўляецца былой формай назоўнага скл. мн. л. н. р., y сучаснай мове перастаў ужо быць нескланяльным: святое святых (Я. Колас), святога святых (З. Бядуля, У. Калеснік, Л. Прокша), святую святых (А. Косаў).

Святло праліваецца (пралілося) на што. Уласна бел. Што-н. робіцца зразумелым. Для мяне асабіста пралілося святло на вытокі канфлікту ў калгасе імя Суворава (Звязда. 18.07.1987).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага ліць (праліваць, праліць) святло на што ‘растлумачваючы, рабіць зразумелым што-н.’.

Святым духам. Агульны для бел. і руск. м. Абазначае: 1) нічога не еўшы (жыць), 2) нібы само сабой, невядома як (рабіць што-н., робіцца што-н.). Ідзі… Ды скажы, каб падсілкавацца чаго-небудзь прыдумалі… Святым духам, ведаеш, нядоўга працягнеш (І.Мележ. Мінскі напрамак). A хто яе [чуму] занёс сюды, хачу я вас запытаць?.. Святым духам? Не, святым духам яна не прыйшла сюды! (М. Лобан. Гарадок Устронь).

У лексіка-фразеалагічных кантэкстах тыпу: не духам святым ён жыве (Я. Колас); святым духам не жыве (К. Крапіва); святым духам жыло (Б. Сачанка) і інш. — святым духам па форме — творны склон параўкальны, тое самае, што і «(жыць) як святы дух». У фразеалагізме адбіліся негатыўныя адносіны народа да «святога духа» — трэцяй асобы тройцы. Паводле хрысціянскага веравання, Бог адзіны, але і троечны, г. зн. адзіны нябесны Уладыка можа выступаць, праяўляцца ў трох асобах: Бога-айца, Бога-сына і Бога — духа святога. Гэта «троечнасць адзінага», як сцвярджалі цархоўнікі, «недаступная розуму тайна бажаства». Сама ідэя «Бога — духа святога» з прычыны яе незразумеласці не была папулярнай нават сярод вернікаў. На гэтай аснове і ўзнік фразеалагізм святым духам, які мае афарбоўку іроніі, жартаўлівасці.

Сезам, адчыніся! Паўкалька з франц. м. (Sésame, ouvretoi). Выказванне жартаўлівага заклінання, якое павінна дапамагчы без цяжкасцей адолець пэўную перашкоду. — Бывайце здаровы, жывіце багата,як чараўнічае «Сезам, адчыніся», сказала Валя (У. Карпаў. Без нейтральнай паласы).

Паходзіць з арабскай казкі «Алі Баба і сорак разбойнікаў», якая ўпершыню ў перакладзе на франц. м. ўключана ў зборнік «Тысяча і адна ноч» (1704–1708). У казцы гаворыцца, як Алі Баба, знаходзячыся ў лесе, выпадкова ўбачыў сорак разбойнікаў. Яны падышлі да пячоры, дзверы якой адчыніліся толькі пасля таго, як атаман вымавіў магічныя словы: «Сезам, адчыніся!» Падслухаўшы гэта, Алі Баба праз пэўны час таксама пранікае ў пячору і становіцца ўладальнікам вялікіх скарбаў, нарабаваных разбойнікамі.

Секчы гордзіеў вузел. Агульны для ўсходнесл. (руск. разрубать гордиев узел, укр. розрубувати гордіïв вузол) іпольск. (przeciać węzel gordyjski) м. Смела і рашуча вырашаць якія-н. цяжкасці, супярэчнасці. Урэшце і сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нітачкі, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў ніткі, або секчы гордзіеў вузел (І.Шамякін. Сэрца на далоні).

Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Паходзіць з таго ж міфа, што і фразеалагізм гордзіеў вузел (гл.). Аракул прарочыў, што той, хто развяжа хітры вузел, зроблены фрыгійскім царом Гордзіем, стане ўладаром усёй Азіі. Ніхто, аднак, не мог справіцца з вузлом, пакуль Аляксандр Македонскі не рассек яго мячом.

Сем пятніц на тыдні ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. семь пятниц на неделе, укр. сім п’ятниць на тиждень). Сінанімічны беларускаму ў адзін дзень сем перамен і вобразна характарызуе людзей нясталых, якія часта і лёгка мяняюць свае рашэнні, намеры, настрой, не выконваюць абяцанага. Кажы гэта дурнейшым ад самога, a не мне, валацуга! Ці ж можна табе верыць, калі ў цябе сем пятніц на тыдні! (Я. Колас. Адзінокае дрэва).

Сярод розных меркаванняў адносна этымалогіі гэтага выразу найбольш пераконвае прапанаванае С. Максімавым. Здаўна пятніца традыцыйна лічылася нерабочым днём. Гэта быў базарны дзень. Яшчэ ў канцы XIX ст. на адну толькі Магілёўскую губерню выпадала «семнаццаць пятнічных кірмашоў», a ў яе чатырнаццаці гарадах і мястэчках адбываліся «базары абавязкова ў кожны пяты дзень хрысціянскага тыдня, які (дзень) несумненна быў галоўным святочным і першым у тыдні язычніцкіх крывічоў» (С. Максімаў). Базарная пятніца была днём разлікаў, аддачы пазычанага. Пра чалавека, які не выконваў абяцанага, прасіў пачакаць да другога дня ці да другой пятніцы, a потым і зноў адкладваў, сталі гіпербалічна гаварыць, што ў яго «сем пятніц на тыдні».

Сена на асфальце. Уласна бел. Гараджанін y першым пакаленні, ахоплены настальгіяй па роднай вёсцы. Ты, значыць, агітуеш за горад? Ну правільна. Што табе вёска? Паўзабытае мінулае. Ты даўно перастала быць «сенам на асфальце». Твой дом у горадзе (А. Цяжкі. Дзе мой дом?).

Выраз з аднайменнага апавядання (1963) і назвы зборніка апавяданняў (1966) М. Стральцова.

Серада з-пад пятніцы відаць, вылазіць і пад. Уласна бел. Ніжняе адзенне з-пад верхняга (відаць і інш.). Суседка наша, Карабуціха, да вайны бязладная жанчына, y якой заусёды серада з-пад пятніцы вылазіла, аказалася практычнай кабетай (Л. Арабей. Камандзіроўка за мяжу).

Назоўнікавыя кампаненты ў гэтым выразе атрымалі няслоўнікавае значэнне, асацыююцца адзін з ніжнім адзеннем, a другі з верхнім. На выбар менавіта серады і пятніцы, a не якіх-небудзь іншых дзён тыдня, відаць, паўплывала тое, што гэтыя дні даўней былі, што называецца, на слыху. Есці мясное і малочнае забаранялася не толькі ў пасты, але і ў сераду ды пятніцу амаль кожнага тыдня. Параўн. таксама гісторыю фразеалагізма (крывіцца, скрывіцца) як серада на пятніцу (гл.).

Сесці на карак каму, чый, каго. Гл, садзіцца (сесці, уссесці) на карак (на шыю) каму, чый, каго.

Сесці на свайго <любімага> канька. Гл. садзіцца (сесці) на свайго <любімага> канька.

Сесці на хлеб і ваду. Гл. садзіцца (сесці) на хлеб і ваду.

Сесці не ў свае сані. Гл. не ў свае сані садзіцца (сесці).

Сёмая вада на кісялі. Гл. дзесятая (сёмая) вада на кісялі.

Сініца ў руках. Агульны для ўсходнесл. м. Што-н. пэўнае, канкрэтнае, супрацьпастаўленае чаму-н. няпэўнаму, ненадзейнаму, хоць і жаданаму. I калі ўдасца дабіцца волі, то яна не абміне і селяніна: ён будзе мець хоць сініцу ў руках (А. Якімовіч. Кастусь Каліноўскі).

Паходзідь з прыказкі Лепш сініцаў руках, чым журавель у небе, сэнс якой — ‘лепш мець хоць што-н. пэўнае менавіта цяпер, чым спадзявацца на болыпае і лепшае ў аддаленай будучыні’. Дарэчы, гэта прыказка спарадзіла два фразеалагізмы (гл. журавель у небе). Параўн. кантэкст, дзе выкарыстаны абодва прыказкавыя вобразы: «I лёгкая перамога яго ўжо не задаволіла б, хоць яму пакутліва хацелася мець, пакуль той журавель у небе, хоць нейкую сініцу…» (П.Місько).

Сіняя панчоха. Калька з англ. м. (blue-stocking). Так называюць непрывабных жанчын, якіх больш за ўсё цікавяць кніжныя, вучоныя заняткі. Адзін на адзін ён пераканаў бы любую сухастоіну, любую «сінюю панчоху». Але перашкаджала Даша (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

У Англіі ў другой палавіне XVIII ст. спачатку гэтым выразам называлі, a дакладней, празывалі адну асобу, прычым не жанчыну, a мужчыну — вучонага Б. Стэлінгфліта, які, насуперак модзе, апранаўся ў цёмнае, a панчохі насіў сінія. У такой форме ён прыходзіў y свой гурток, які аб’ядноўваў жанчын і мужчын і на пасяджэннях якога вяліся гутаркі на літаратурныя і навуковыя тэмы. Назва сіняя панчоха была перанесена на ўвесь гэты гурток і яго ўдзельнікаў. У далейшым выраз замацаваўся толькі за такімі жанчынамі, якія больш цікавяцца навукай, чым гаспадарчымі жаночымі справамі.

Сіняя птушка. Калька з франц. м. (aiseau bleu). Сімвал шчасця; тое, што ўвасабляе для каго-н. найвышэйшае шчасце. Сон яшчэ ціха гушкаў ля вокнаў зарапад, a золак сіняй птушкай зляцеў нячутна ў сад, што сум таіў дзявочы (Т. Бондар. Абуджэнне).

Аўтар крылатага выразу — бельгійскі паэт і драматург М. Метэрлінк (пісаў на франц. м.). Вяршыня яго творчасці — паэтычная п’еса «Сіняя птушка» (1908). Сюжэт п'есы казачны, пабудаваны на прыгодах дзяцей дрывасека, якія шукаюць «сінюю птушку» — «таямніцу рэчаў і шчасця», але не знаходзяць яе.

Сіямскія блізняты. Агульны для ўсходнесл. і польск, м. Аднадумцы, блізкія ў якіх-н. адносінах людзі ці неразлучныя сябры. В. Бечык імкнецца паказаць непадобнасць кожнага майстра, знайсці такія рысы і дэталі ў іх творчай манеры, каб паэты той ці іншай генерацыі пры ўсёй іх ідэйна-эстэтычнай, грамадзянскай агульнасці не выглядалі сіямскімі блізнятамі (В. Яраш. 3 удумлівай любоўю).

Склаўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага словазлучэння, якім называлі двух зрослых блізнят — Чанга і Энга Букераў. Яны нарадзіліся ў 1811 г. y Сіяме (старая афіцыйная назва Тайланда) і, будучы зрослымі, пражылі 63 гады.

Скакаць пад дудку чыю. Калька з ням. м. (nach j-s Pfeife tanzen). Пакарацца каму-н., выконваць яго волю. «Скачы ж, браток, пад маю дудку, прызнай жа мне і ты пашану!» — Міхал у думках кажа пану (Я. Колас. Новая зямля).

У немцаў выраз склаўся на аснове байкі старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа «Рыбак і рыбы». Адзін рыбак ігранкем на флейце хацеў прывабіць да сябе рыб, але яны не выйшлі з мора. Тады ён закінуў сетку. Улоў быў добры. Бачачы, як рыбы трапечуцца і падскокваюць, рыбак сказаў з дакорам: «О нягодныя! Хопіць. Калі я іграў, вы не скакалі пад маю флейту, a як перастаў, вы скачаце».

Скідаць (скідваць, скінуць) з рахунку каго, што. Недакладная калька з руск. м. (сбрасывать со счетов). Пераставаць улічваць што-н., пераставаць надаваць значэнне чаму-н. Была, вядома, яшчэ адна надзвычай важная прычына, якую нельга скідаць з рахунку, калі гаварыць пра папулярнасць Косці на Першамайскай вуліцы (І.Навуменка. Вайна каля Цітавай копанкі).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні бухгалтараў, рахунковых работнікаў. Калі падлікі закончаны, то костачкі скідваюць з лічыльнікаў, паварочваючы рамку так, каб костачкі аказаліся справа.

Скінуць з рахунку каго, што. Гл. скідаць (скідваць, скінуць) з рахунку каго, што.

Скінуць з сябе ветхага Адама. Паукалька з франц. м. (dеpouiller le vieil Adam). Вызваліцца ад старых прывычак, поглядаў і стаць іншым чалавекам. — Паколькі мы сабраліся для таго, каб назаўсёды скінуць з сябе адзежу «ветхага Адама»,азваўся Іван Тадорык,дык давайце наўперад пакупаемся ў Нёмане, a наш сход не мядзведзь, y лес не ўцячэ (Я. Колас. На ростанях).

У французаў выраз склаўся на аснове евангельскага тэксту: y «Пасланнях апостала Паўла» выказваецца заклік да грэшнага чалавека духоўна перарадзіцца, «скінуўшы з сябе ветхага чалавека са справамі яго».

Складваць галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе.

Складваць (скласці, злажыць) зброю. Відаць, калька з ням. м. (die Waffen strecken). Ужыв. са значэннямі ‘спыняць узброенае супраціўленне, прызнаваць сябе пераможаным’ і ‘адмаўляцца ад працягу барацьбы, ад прындыпаў абароны сваіх інтарэсаў’. Паўлаўцы згаджаюцца скласці зброю. Патрабуюць гарантыі (І.Шамякін. Першы генерал). Леанід Рыгоравіч — тады толькі мастацкі кіраўнік тэатра — не разгубіўся і не злажыў зброі. Ён прапанаваў прачытаць п’есу першаму сакратару КПБ… Чытаў сам (К. Кузняцова, Р. Смольскі. Вернасць тэатру, часу, сабе).

Узнік y маўленні ваенных: пераможаныя складвалі, здавалі зброю (у прамым значэнні гэтых слоў).

Скласці зброю. Гл. складваць (скласці, злажыць) зброю.

Склаўшы (злажыўшы) рукі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сложа руки, укр. склавши руки). Нічога не робячы, бяздзейнічаючы. Душна ў панскім бары. Доўга так дa зары склаўшы рукі чакаць. Час збірацца, сябры! (А. Куляшоў. Грозная пушча).

Выраз з’яўляецца «абломкам» дзеяслоўнага фразеалагізма сядзець склаўшы рукі (гл.). Адарваўшыся ад кампанента сядзець, ён стаў спалучацца са шмат якімі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (жыць, чакаць, хадзіць і інш.): «Не хачу, не прывык склаўшы рукі хадзіць: я гарбар — працаўнік. Я жыву — каб рабіць» (Ц. Гартны). Фразеалагізм можа спалучацца і з дзеясловам сядзець, калі той захоўвае сваё лексічнае значэнне: «Сядзяць паны, як мурашкі, на купіне сярод лужыны… Але не век жа сядзець злажыўшы рукі, трэба ж даваць якую раду» (Я. Колас).

Скрозь зубы. Гл. праз (скрозь) зубы.

Скрыжоўваць (скрыжаваць) шпагі (мячы) <з кім>. Калька з франц. м. (croiser les epees). Горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы. Над галавой гэтага дарослага дзіцяці скрыжоўваюць шпагі польскія і рускія палемісты (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое з прамым значзннем слоў ужывалася ў маўленні рыцараў.

Скрыня Пандоры. Паўкалька з франц. (boîte de Pandora) ці італ. (il vasa di Pandora) м, Крыніца ліха, бедстваў. Дзеля ілюстрацыі можна было б прывесці нямала прыкладаў з прапагандысцкай скрыні Пандоры (Полымя. 1986. № 4).

Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, доўгі час людзі жылі, не ведаючы ніякіх хвароб, няшчасця і старасці. Калі ж Праметэй выкраў ад багоў агонь і аддаў яго людзям, раззлаваны Зеўс паслаў на зямлю прыгожую жанчыну Пандору, даўшы ёй таямнічую скрыню і забараніўшы адчыняць яе. Будучы цікаўнай, Пандора прыадчыніла вечка, і са скрыні тут жа вылецелі ўсе чалавечыя няшчасці і разляцеліся па ўсёй зямлі. Так Зеўс адпомсціў людзям за Праметэеў учынак.

Скура ды косці. Гл. <адна> скура ды косці.

Скура ды косці засталіся на кім, y каго, ад каго. Гл. <адны> скура ды косці засталіся на кім, y каго, ад каго.

Следам за дзедам. Уласна бел. Па шляху іншых, шляхам папярэднікаў (ісці, ехаць, рабіць што-н.). То ж сёння ў нас не трыццаты, a сорак сёмы год канчаецца. І нам з калгасамі не пачынаць,мы ўжо следам за дзедам паедзем. Ведаем ужо тым часам, што і ў людзей на свеце робіцца,былі, глядзелі (Я. Брыль. У Забалоцці днее). Або: У вячорнай размове ён ад трагічнай смерці акцёра перайшоў да смерці паэта…Мусіць, і мне хутка — следам за дзедам (М. Лужанін. Колас расказвае пра сябе).

Гэты звязаны ўнутранай рыфмай выраз раней меў больш канкрэтны сэнс: пад словам дзед меўся на ўвазе муж. Відаць, першапачатковай сферай ужывання выразу была якраз тая моўная сітуацыя, пра якую піша І.Насовіч: «Кажуць, калі жонка прыходзіць туды, дзе яе гаспадар». Далейшае семантычнае развіццё ад канкрэтнага да абстрактнага і выкарыстанне выразу, напрыклад, са значэннем ‘як дзед (муж)’ можна бачыць у такім кантэксце з камедыі Я. Купалы «Паўлінка», дзе Альжбета, жонка Сцяпана, які толькі што пайшоў y бакоўку спаць, гаворыць Паўлінцы: «Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася».

Слізганне па паверхні. Гл. коўзанне (слізганне) па паверхні.

Слова ў слова. Калька з франц. (mot a mot) ці англ. (word for word) м. Даслоўна, абсалютна дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, запомніць і пад.). Міша расказаў усё, што было ў сельсавеце. Слова ў слова расказаў (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Сляды замятаць. Агульны для ўсходнесл. м. Спрытна знішчаць тое, шю можа быць доказам у выкрыцці чагосьці. Ты паедзеш, a што падумае Абрамаў? Уцёк, сляды замятае. Значыць, вінаваты (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Узнік са свабоднага словазлучэння, якое пераасэнсавалася на аснове падабенства з’яў: ліса, уцякаючы, замятае сляды. Параўн. ужыванне словазлучэння замятаць сляды з прамым значэннем гэтых слоў: «Ліса спыталася ў Зайца, чаму ён гэтакі палахлівы — сам сябе баіцца. — Бо я не маю такога, як у цябе, хваста, якім бы мог замятаць за сабою сляды, — адказаў Заяц» (Б. Сачанка).

Смактаць кроў з каго, чыю. Гл. піць (смактаць) кроў з каго, чыю.

Смактаць лапу. Агульны для ўсходнесл. м. Жыць надгаладзь, галадаць. — Тых, хто згодзіцца ехаць у Францыю, з заўтрашняга дня ўрад бярэ на сваё ўтрыманне.Амерыканскай тушонкай і канадскімі булкамі заманьваеце.Францыя сама лапу смокча,прагучалі кплівыя галасы (А. Пальчэўскі. Вяртанне).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са звычкай мядзведзя жыць зімой у бярлозе за кошт тлушчавых запасаў, смокчучы сваю лапу.

Смаловы (смаляны) дуб плесці. Агульны для бел. і ўкр. (смаленого дуба плести) м. Небыліцы, недарэчнасць. — Чаго ж вы тут смаляныя дубы плялі?не вытрымаў я.Васільку такое неслі, што—A я не Васільку, a табе (А. Шлег. Весялун).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі. Выраз ужываецца і ў польск. літаратурнай мове (у форме duby smalone), куды ён трапіў з творчасці А.Міцкевіча, які запазычыў яго з родных для паэта навагрудскіх гаворак.

Смертны грэх. Гл. смяротны (смертны, смяртэльны) грэх.

Смех у зале. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго-н. недарэчнага, вартага смеху. Смех у зале, як кажа сучасная моладзь, — гадаваўся на бульбе, ды каб не ведаць, як яе пасадзіць ці акучыць ды выкапаць? (А. Ярась. Дзень сонечных промняў).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое сустракаецца ў чыім-н. апублікаваным выступленні, дакладзе як паказчык адносін слухачоў да асобных выказванняў прамоўцы.

Смяротны (смертны, смяртэльны) грэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі вялікая загана, недаравальны ўчынак. Міхаіл Іпалітавіч напісаў запіску ў міністэрства. I добра, што напісаў. Там паспелі ўжо абвінаваціць яго ў самых смяротных грахах (М. Кацюшэнка. Урок маўчання).

Паходзіць з Бібліі (1-е пасланне Іаана, 5, 16–17). Паводле рэлігійных уяўленняу, гэта грэх, які нельга нічым згладзіць і вынікам якога з’яуляецца вечная мука ў пекле. Лічылася, што ёсць сем смяротных грахоў: зайздрасць, скупасць, распуста, аб’ядзенне, гордасць, маркота, гнеў. У далейшым царкоўнаславянскае словазлучэнне фразеалагізавалася, набыло абагульнены сэнс.

Соваць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.

Соваць (сунуць, утыкаць) <свой> нос куды, y што. Калька з ням. м. (die Nase stecken). Умешвацца ў што-н. — A ты не сунь свайго носа, куды цябе нг просяць, бо дастанеш,пацьмянеў Грамабой (К. Крапіва. Мядзведзічы).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Соль зямлі. Запазыч. з царк. — слав. м. Лепшыя прадстаўнікі народа, цвет якога-н. асяроддзя. Не магу я выхваляцца, што, маўляў я соль зямлі, бо ў мяне такая праца — кожны дзень мялі й мялі (Я. Непачаловіч. Млынар).

Паводле Евангелля (Матфей, 5, 13), гэтымі словамі назваў сваіх вучняў Ісус, звяртаючыся да іх з казанню: «Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна не патрэбна ні на што, яе толькі выкінуць вон на патаптанне людзям».

Сорак саракоў чаго. Запазыч. з руск. м. Незлічонае мноства, вялікая колькасць. Крыж сімвалам галоўным быў князёў, баярынаў, купцоў, крыжоў маскоўскіх не лічыў казалі — сорак саракоў (П. Броўка. Крыжы і зоркі).

Першапачаткова ўжываўся ў спалучэнні толькі са словам царква для абазначэння вялікай колькасці цэркваў y старой Маскве. Сорак — лічэбнік усходнеславянскага паходжання, адзінка падліку, роўная чатыром дзесяткам. Спачатку словам сорак называлі мяшок, y якім змяшчалася 40 собалевых шкурак, г. зн. неабходны набор на поўную шубу.

Спаймаць лісу. Гл. злавіць (спаймаць) лісу (лісіцу).

Спакон вякоў (веку). Агульны для бел. і руск. м. (руск. испокон веков; параўн. ва ўкр. м.: споконвіку, споконвічно, споконвіків). 3 самага даўняга часу, спрадвеку. Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына; паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай (Я. Купала. Спадчына).

Першапачатковы сэнс выразу — 'з самага пачатку вякоў’ Марфемны склад першага кампанента генетычна такі: с + па + кон, дзе кон абазначае ‘пачатак’.

Спаліць за сабой масты. 3 той жа вобразнасцю і граматычнай структурай, пры адпаведных лексічных эквівалентах, фразеалагізм жыве ва ўсіх славянскіх мовах, a таксама ў франц., ням. ііншых. Абазначае ‘рашуча парваць з мінулым, не мець магчымасці вярнуцца да яго’. Для людзей, якія ўжо спалілі за сабой масты, спозненыя разважанні хлопцаў — будзь яны найкрыштальнейшай праўдай!цяпер былі непажаданымі (А. Карпюк. Вершалінскі рай).

Выраз «ваеннага паходжання». Гісторыя войнаў і паходаў ведае нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць. Захавалася паданне, што менавіта так зрабіў Дзмітрый Данскі напярэдадні Кулікоўскай бітвы.

Спаліць свае караблі. Гл. паліць (спаліць) свае караблі.

Спачываць на лаўрах. Паўкалька з франц. м. (se reposer sur ses lauriers). Супакойвацца на дасягнутым, задавольвацца дасягнутым. Напэўна ўжо раман цудоўны ён нам падараваў бы, каб трызніў менш вянком лаўровым, менш спачываў на лаўрах (Г. Кляўко. Нязжатыя лаўры).

У аснове фразеалагізма звычай старажытных грэкаў і рымлян узнагароджваць лаўровым вянком пераможцаў на паэтычных і музычных спаборніцтвах (гл. пажынаць лаўры).

Спісванне ў архіў чаго. Уласна бел. Прызнанне чаго-н. застарэлым, вартым забыцця. На пачатку патрабуецца даказаць, што сучаснае «спісванне ў архіў» сапраўды значныя творы, напісаныя ў папярэднюю эпоху, не закране (ЛіМ. 10.04.1998).

Назоўнікавае ўтварзнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма спісваць у архіў (што).

Спісваць (спісаць) y тыраж каго. Агульны для ўсходнесл. м. Адхіляць каго-н., лічачы непрыдатным да якой-н. дзейнасці. Хай ведаюць, што Пракопчык яшчэ не стары — pana спісваць у тыраж… (В. Карамазаў. Спіраль).

Паходзіць з аднайменнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.

Спісваць у расход каго. Гл. выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) y расход каго.

Спускаць (спусціць) на тармазах што. Агульны для ўсходнесл. м. Спыняць, уладжваць што-н. непрыемнае ціха, паступова, бясшумна. Карней сцяміў, што перахапіў цераз край, што далей жартаваць з Валяй так нельга; сястра даведзена да шаленства. Пачаў «спускаць на тармазах» (І.Шамякін. Вазьму твой боль).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні чыгуначнікаў і шафёраў ужываецца, калі гавораць пра адзін з відаў манеўравання пры ваджэнні лакаматываў, аўтамашын — выкарыстанне тармазоў пры крутым спуску.

Спусціўшы рукавы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. спустя рукава, укр. спустивши рукави). Без належнай стараннасці, абы-як (рабіць што-н.). Некаторыя, павер, інстытут кідаюць або вучацца спусціўшы рукавы (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. У становішчы, калі рукавы не закасваюць, працаваць не заўсёды зручна.

Спяваць дыфірамбы каму, чаму Гл. пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму.

Спяваць Лазара. Гл. Лазара пець (спяваць).

Спяваць на хлеб. Уласна бел. Збіраць міласціну, жабраваць. — Пайшлі, Арсень,рашуча рыкнуў Шлык,абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў (У. Караткевіч. Аліва і меч).

У выразе — намёк: жабракі, выпрошваючы міласціну (хлеб), спявалі жаласныя песні. Параўн. y драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: «Старац ідзе наперад, за ім — Марыля з дзецьмі па баках, a за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара“ — Данілка іграе».

Спяваць (пець) асанну каму, чаму; Агульны для ўсходнесл. м. (руск. петь осанну, укр. співати осанну). Празмерна ўсхваляць каго-, што-н. Народ, не верачы газетам, пра яблыневы марыў сад, галасаваў з такім імпэтам — быў так патрэбен Аляксандр! Быў шанец мо галоўны самы, адзін за гэтулькі вякоў ужо спявалі мы асанну! (Р. Тармола-Мірскі. Зруб).

Склаўся на аснове біблейскіх сюжэтаў. Асанна, неўжывальны па-за фразеалагізмам кампанент, з’яўляецца запазычаннем са старажытнаяўрэйскай мовы (hasanna!) і абазначае ‘Слава!’.

Ставіць на карту. Паўкалька з ням. м. (auf eine Karte setzen). Рызыкаваць, спадзеючыся дабіцца чагосьці. Усё ставіў ён на апошнюю сваю карту; усё яшчэ насіўся са сваімі шалёнымі планамі падпарадкаваць увесь свет інтарэсам фашысцкай імперыі (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Паходзіць з мовы карцёжнікаў, дзе прамое значэнне словазлучэння ставіць на карту — ‘уносіць у банк грошы, на якія ігрок страчвае права ў выпадку пройгрышу’.

Ставіць (паставіць) знак роўнасці паміж кім, паміж чым. Ужыв. амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Магчыма, калька з англ. (split hairs) ці ням. (Haare spalten) м. Лічыць каго-, што-н. зусім аднолькавым, раўнацэнным, падобным. У вобразе Дзіміна Івана Міхайлавіча выразна бачыцца воблік Дзёміна. Аднак нельга ставіць паміж імі знак роўнасці (І.Новікаў. 3 жыцця і для жыцця).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання састаўнога матэматычнага тэрміна.

Ставіць (паставіць) кропкі над «і». Калька з франц. м. (mettre les points sur les i). Канчаткова высвятляць ycë, не пакідаючы нічога недагаворанага, даводзячы ўсё да лагічнага канца. Гісторыя ўрэшце разважыць, паставіць кропкі над «і» (ЛіМ. 8.06.1984).

У лац. алфавіце ёсць літара «і» (як і ў бел. ды ўкр. м.). У франц. м. выраз напачатку меў больш вузкае значэнне ўдакладнення сказанага ці напісанага, ужываўся, калі трэба было ўдакладніць што-небудзь.

Ставіць (паставіць) крыж на кім, на чым, над чым. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ставить крест, укр. ставити хрест). Траціць усякую надзею на каго-, што-н., адмаўляцца ад каго-, чаго-н. Мне ажаніцца цяпер — значыць, паставіць крыж над усім, што я люблю і чаму я адданы (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца, калі гавораць пра крыж над магільным пагоркам. Лічаць таксама, што ўзнікненне фразеалагізма магло быць звязана і з такой рэаліяй, як перакрэсліванне крыжам чаго-небудзь непатрэбнага ў паперах.

Ставіць (паставіць) на дыван каго. Уласна бел. Прымушаць трымаць адказ на якія-н. прэтэнзіі, заўвагі і пад. Упершыню ўсмешка скрывіла вусны нечым моцна заклапочанага чалавека…Усе мы смелыя, пакуль нас не паставяць на дыван (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

Утварыўся на аснове фразеалагізма на дыван (гл.) — калькі з англ. м., які сваё акалічнасна-прыслоўнае значэнне рэалізуе пры дзеясловах-суправаджальніках выклікаць, ісці, трапляць і пад. У спалучэнні ж з кампанентам ставіць (паставіць) (каго) узнікае адзінае вобразнае ўяўленне, новы фразеалагізм з самастойным дзеяслоўным значэннем.

Ставіць (паставіць) на крыло каго. Уласна бел. Расціць, выхоў-ваць, даводзячы да самастойнасці. Італьянскі настаўнік выхоўвае і ставіць на крыло сапраўдную змену сапраўднай нацыі. Таму колькасць урокаў на тыдзень — самая мізэрная (Я. Рагін. Эканоміка павінна быць…).

Выраз «птушынага паходжання». Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма ставіць на ногі (каго), адно са значэнняў якога тоеснае са значэннем выразу ставіць на крыло (каго). Параўн. ужыванне гэтага выразу з агаленнем яго вобразнасці праз параўнанне з птушанятамі: «Знакаміты крытык, бы птушанят, паставіў на крыло цэлае паэтычнае пакаленне» (З. Мельнікава).

Ставіць (паставіць) y тупік каго. Агульны для бел. і руск. м. Прыводзіць у збянтэжанасць, y цяжкае становішча. Сярод звычайных старажытных малюнкаў удзельнікі экспедыцыі знаходзілі і такія, якія ставілі іх у тупік (Г. Шыловіч. Школа ля крэпасці).

Утвораны шляхам пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць з адзіным выхадам’.

Ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі(-у) y кола(-ы) каму, чаго. Калька з франц. (mettre des bâtons dans les roues) ці англ. (to put a spoke in some one’s wheel) м. Знарок перашкаджаць каму-, чаму-н. Вера выступае ў спрэчках… і ў гарачыя запальныя словы ўкладае сваё глыбокае абурэнне супраць тых, хто ставіць палкі ў кола вялікага будаўніцтва (М. Зарэцкі. Вязьмо).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэкня, якое ўжывалася, калі гаварылі пра дзеянні, звязаныя з тармажзннем калёс, карэты і пад.

Сталыпінскі гальштук. Агульны для ўсходнесл. м. Шыбеніца, пятля. Лютуюць карныя экспедыцыі, шырока практыкуюцца ваенна-палявыя суды, расстрэлы, шыбеніцы, пакідаючы далёка за сабою эпохі мураўёўскіх шыбеніц і сталыпінскіх гальштукаў (Я. Колас. Далоў панскую інквізіцыю!).

Выраз належыць кадэту Ф.І.Родзічаву. 17 лістапада 1907 г. на пасяджэнні Дзяржаўнай думы П. А. Сталыпін заявіў, што яго ўрад і ў далейшым будзе жорстка падаўляць рэвалюцыйны рух у Расіі. Выступіўшы ў спрэчках, Ф.І.Родзічаў сказаў, што рэпрэсіўныя сродкі барацьбы «нашчадкі назавуць, магчыма, сталыпінскім гальштукам». У гады сталыпінскай рэакцыі даволі папулярнымі былі куплеты тыпу: «У нашего премьера Ужасная манера На шею галстуки цеплять…».

Станавая жыла (станавы хрыбет) чаго, чыя. Запазыч. з руск. м. Самае галоўнае, асноўнае ў чым-н. Ядром гаспадаркі, яе станавой жылай з’яўляецца, вядома, комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы на 10 000 галоў (Звязда. 8.07.1987).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім y рускім прастамоўі і некаторых гаворках называюць пазваночнік.

Станавіцца на хвост. Гл. на хвост (на хвасце) станавіцца.

Станавіцца (стаць; уставаць, устаць) на дыбкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. становиться на дыбы, укр. ставати на диби; параўн. y польск. м.: stanąć dęba). Рэзка пярэчыць, пратэставаць, выяўляць нязгоду. Даша спачатку станавілася на дыбкі: —Не хачу! Сама нясі, калі маеш ахвоту! (М. Ракітны. Павадыр).

Узнік шляхам метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да каня, сабакі і некаторых іншых жывёл. На дыбкі абазначае ‘на заднія ногі’. Параўн.: «Падкаваць жарабка сапраўды было цяжка: ён ірваўся з прывязі, спрабаваў стаць на дыбкі, прысядаў, ад страху дрыжала на ім скура» (А. Рылько).

Станавіцца (стаць) y строй. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіцца дзеючым, працаздольным ці баяздольным. Ну, што ж, давай, станавіся, як кажуць, y стройA мы рады вітаць твой прыход… (В. Дайліда. Буслы над вёскай).

Утвораны на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.

Стары верабей. Агульны для ўсходнесл. (руск. старый воробей, укр. старий горобець) і польск. (stary wróbel) м. Вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек. Без хвалявання ў нашай справе нельга. Я, так сказаць, стары верабей, і то хвалююся (Я. Брыль. На Быстранцы).

Узнік з прыказкі Старога вераб’я на мякіне не правядзеш y выніку яе расшчаплення на дзве часткі (гл. на мякіне не правядзеш). Значэнне фразеалагізма з’яўляецца часткай агульнага сэнсу той самай прыказкі. На аснове фразеалагізма стары верабей утварыўся шляхам мадэліравання выраз стрэляны верабей, агульны для бел., руск. (стреляный воробей) і ўкр. (стріляний горобець) м. — Глядзі, сцеражыся, дачушка!Цяпер не пападуся! Цяпер я — стрэляны верабей!.. (І.Мележ. Мінскі напрамак).

Стары воўк. Калька з франц. м (vieux loup). Вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек. Раманенка быў стары касмічны воўк: два стагоддзі назад ён пакінуў Зямлю на першым караблі з калясветлавой хуткасцю (У. Шыцік. Капітан).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

Стаць на дыбкі. Гл. станавіцца (стаць; уставаць, устаць) на дыбкі.

Стаць на крыло. Агульны для бел. і руск. м. Пачаць весці самастойнае жыццё, зрабіцца самастойным. Многім выкладчыкам вучоны дапамог стаць на крыло (ЛіМ. 2.10.1998).

Выраз «птушынага паходжання». Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма стаць на ногі, адно са значэнняў якога тоеснае са значэннем выразу стаць на крыло. Параўн. ужыванне гэтага выразу з актуалізацыяй яго ўнутранай формы праз прэпазіцыйнае выкарыстанне дзеяслова аперыцца адначасова ў зыходным і пераносным значэннях: «Цяпер, калі ён вырас, калі ён, як кажуць, аперыўся і стаў на крыло, бацька яму не надта і патрэбны» (М.Гіль).

Стаць на чале чаго. Гл. стаяць (стаць) на чале чаго.

Стаць у строй. Гл. станавіцца (стаць) y строй.

Стачыць канцы з канцамі. Гл. сточваць (стачыць) канцы з канцамі.

Стаяць на адным. Агульны для ўсходнесл. м. Строга прытрымлівацца якой-н. адной думкі, не адступаючы ад яе. A той малайцаваты загадчык стаяў на адным: — Не было тых грошай у маёй кучы. Не ведаю, дзе яна іх дзела, a цяпер звальвае бяду на мяне… (А. Пальчэўскі. За парогам).

Узнік y выніку зліцця паасобных значэнняў y агульнае аналітычнае значэнне, якое суадносіцца са словамі стаяць і адно ў свабодным ужыванні: стаяць — ‘цвёрда прытрымлівацца чаго-н.’ адно — ‘тое самае’.

Стаяць на сваім. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘строга прытрымлівацца якой-н. адной думкі, не адступаючы ад яе’ і ‘дабівацца выканання сваіх патрабаванняў’. Доўга прасіў Андрэй ляснічага, але пан быў цвёрды і стаяў на сваім (Я. Колас. Малады дубок). Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім (В. Быкаў. Дажыць да світання).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент стаяць — са значэннем ‘цвёрда прытрымлівацца чаго-н.’, сваё — ‘тое, што належыць сабе’.

Стаяць (стаць) на чале чаго. Агульны для бел., укр. (стояти на чолі), польск. (stanąć na czele) м. Ужыв. са значэннямі ‘кіраваць чым-н., узначальваць што-н.’ і ‘займаць вядучае месца, пануючае становішча’. A не знойдзе [князь] ваяводу для іх, то я сам стану на чале змагання! (А. Куляшоў. Хамуціус). Краіна стане на чале прагрэсу народаў свету! (І.Гурскі. Вецер веку).

Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізмаў стаяць на варце (чаго), стаяць ля калыскі (чаго) і інш. і на аснове выразу на чале (гл.), дзе чало ў першапачатковым значэнні — ‘верх, узвышша’.

Стоп машына. Агульны для ўсходнесл. м. Перастаў займацца чым-н., спыніўся. Івось я паклаў перад сабой стос чыстай паперы, узяў шарыкавую ручку іўжо хацеў пісаць… I раптам — стоп машына! Як жа назваць героя?.. (В. Зуб. Дзве галавы лепш).

Узнік y выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна-каманды, што выкарыстоўваецца ў маўленні маракоў. Параўн.: «— Стоп машына! — раптам загадаў капітан. Валодзя схамянуўся і рвануў ручку тэлеграфа ўніз. „Судак“ скалануўся і павольна загойдаўся на хвалях» (А. Шлег).

Сточваць (стачыць) канцы з канцамі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘пераадольваючы перашкоды, узгадняць розныя бакі чаго-н., злучаючы іх y адно’ і ‘задавальняць жыццёвыя патрэбы, знаходзячы выйсце з цяжкага становішча’. Раней саўгасы былі толькіў колішніх маёнтках, a цяпер усе заняпалыя гаспадаркі дзяржава ўзваліла на свае плечы і неяк сточвае канцы з канцамі (С. Грахоўскі. A маці не спіць). Падкармлю вось парсюкоў, мо сточым канцы з канцамі на год, a там — бог бацька (Р. Мурашка. Сын).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, відаць, скалькаваным з франц. м. фразеалагізмам зводзіць канцы з канцамі (гл.). Яго дзеяслоўны кампанент заменены іншым словам, першапачатковае значэнне якога — ‘злучыць шыццём ці звязваннем’.

Страляць з гарматы (гармат) па вераб’ях. Відаць, калька з ням. м. (mit Kanonen auf Spatzen schlieben, літаральна «з гарматы па вераб’ях страляць»). Траціць шмат сіл, сродкаў на дробязі. У цябе няма ніякай падставы лічыць, што яны з гармат па вераб’ях страляюць. Яны ўдала спраўляюцца з заданнямі (І.Новікаў. Тварам да небяспекі).

Відаць, першым з заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, хто выкарыстаў гэты выраз, быў франц. драматург Мальер. У камедыі «Школа мужоў» (1661) ёсць гіпербалічнае словазлучэнне tirer sa poudre axmoineaux (літаральна «страляць порахам па вераб’ях»). У такой форме выраз фіксуецца і ў сённяшніх франц. слоўніках, паралельна з tirer aux moineaux («страляць па вераб’ях»). У ням. м. фразеалагізм атрымаў больш ёмісты вобраз.

Страха над галавой. Гл. дах (страха) над галавой.

Страціць галаву. Гл. губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву.

Строіць вочкі каму. Паўкалька з руск. м. (строить глазки). Какетліва паглядаць на каго-н. У мяне, браце, дзяўчына ёсць не раўня гэтай Адэлі. Яна мне вочак не строіць, a то не была б яна мая (А. Чарнышэвіч. Засценак Малінаўка).

У руск. м. фразеалагізм ужываецца ў двух варыянтах: делать (строить) глазки. Можна меркаваць, што ён з’яўляецца недакладнай калькай з faire les yeux doux (літаральна «рабіць салодкія вочы»).

Стрыгчы купоны. Паўкалька з франц. м. (coupon couper, літаральна «купоны адразаць, стрыгчы»). Апрача значэння ‘жыць на працэнты з каштоўных папер’, найчасцей абазначае ‘беспадстаўна мець які-н. набытак, грошы, славу і пад.’ Той, хто бессаромна стрыжэ купоны з ганьбавання традыцый, несумненна дыскрэдытуе сваю творчую прафесію і павінен несці за гэта адказнасць (Звязда. 8.09.1986).

Узнік y выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, y якім купон рэалізуе сваё зыходнае значэнне ‘адразны талон у каштоўных паперах на атрыманне працэнтаў з іх’.

Стрыжка пад адзін грабянец. Уласна бел. Аднолькавая ацэнка каго-, чаго-н., без уліку адрозненняў. Тыпізацыя лягчэй выводзіцца пры характарызаванні з 'явы. Што ж, як гаворыцца, да персаналіяў, то тут са стрыжкай пад адзін грабянец складаней (У. Мехаў. Ва ўсмешцы сандалавай Неферціці).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма стрыгчы пад адзін грабянец (каго).

Стрымаць <сваё> слова. Гл. трымаць (стрымаць) <сваё> слова.

Стрэляны верабей. Гл. стары верабей.

Стрэляны воўк. Агульны для бел. і ўкр. м. Вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек. Гардзіенка ляжыць на ложку, паклаўшы забінтаваную галаву на рукі, маўчыць і думае сваю думку, Ён моргае мне адным вокам. Маўчы! Гэта стрэляны воўк (С. Александровіч. Далёкія зарніцы).

Склаўся ў выніку кантамінацыі — аб’яднання элементаў двух семантычна тоесных фразеалагізмаў: стрэляны верабей + стары воўк (гл.).

Стрэчны <і> папярэчны. Паўкалька з руск. м. (встречный и поперечный). Ужыв. са значэннямі ‘любы чалавек, які трапіцца’ і ‘няважна які, любы’. Чорным груганнём нізрынуліся гітлераўцы на Доўгі Брод… Стралялі стрэчных і папярэчных — усіх пад парадак, yce перад імі былі вінаватыя… (А. Кандрусевіч. Вайной апаленая памяць). Вольга і без гэтага дагадалася, што да Пытля дайшла тая чутка ці мо праўда, якую яна расказвала стрэчным і папярэчным бабам (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына).

Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма першы сустрэчны (стрэчны) (гл.) — калькі з франц. м. Выкарыстаны адзін з яго кампанентаў, a другі — абумоўлены рыфмай.

Сунуць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.

Сунуць <свой> нос куды, y што. Гл. соваць (сунуць, утыкаць) <свой> нос куды, y што.

Сусветная туга. Калька з ням. м. (Weltschmerz). Крайні песімізм, адчай, расчараванне ў жыдці. Мною валодала не «сусветная туга», a проста жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць (К. Крапіва. Ад маленства да сталасці).

Аўтарам гэтага выразу, які набыў крылатасць, з’яўляецца ням. пісьменнік Жан-Поль (Рыхтэр); y творы «Селіна, або Пра неўміручасць душы» (1825) ён ужыў гэтыя словы як перыфразу да «бясконцых людскіх пакут». Спачатку выраз выкарыстоўваўся ў літаратуразнаўстве, калі гаворка ішла пра песімістычны настрой, уласцівы творчасці пісьменнікаў-рамантыкаў канца XVIII — пачатку XIX ст. 3 цягам часу выраз пашырыў сваю дастасавальнасць і атрымаў больш шырокі сэнс — ‘адчай, расчараванне’.

Схаваць канцы ў ваду. Гл. хаваць (схаваць) канцы ў ваду.

Сцежка зарасла (зарастае, зарасце). Паўкалька з руск. м. (тропа заросла). Хто-н. ці што-н. забыты (забыта). Змітрок, глядзі, каб зарасла сцежка да Анэты (В. Гарбацэвіч. Максім Саравітан). Тады Мялешка казаў прамову, абяцаў, што да камісаравай магілы ніколі не зарасце сцежка (А. Асіпенка. Два дні і дзве ночы).

Выраз з верша А. С. Пушкіна «Помнік» (1836), дзе аўтар верыць, што да яго нерукатворнага помніка «не зарастет народная тропа».

Сценка на сценку. Запазыч. з руск. м. Адзін на аднаго групамі (хадзіць, сыходзіцца ў кулачным баі). І ў гэтай цясніне пачалося сапраўднае лядовае пабоішча. Кулачны рускі бой. Сценка на сценку (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).

Як засведчана ў працы І.М. Снегірова, y кулачным баі байцы размяркоўваліся на два бакі. Спачатку баі пачынала моладзь, пасля жанатыя, нарэшце, баі рабіліся агульнымі — ішлі сценка на сценку.

Сшыта белымі ніткамі. Гл. шыта (сшыта) белымі ніткамі.

Сыграць другую скрыпку. Гл. іграць (сыграць) другую скрыпку.

Сыпаць бісер (перлы) перад свіннямі. Паўкалька з царк. — слав. м. Дарэмна гаварыць пра што-н. ці даказваць таму, хто не здольны або не хоча зразумець што-н. Я ведаў — яны [местачковыя бароны] ненавідзяць новае. Навошта перад свіннямі сыпаць перлы? І ўсё ж я ўстаў і абрушыўся словам на гэту прыбраную зграю памерлых… (У. Караткевіч. Калумбы зямлі беларускай).

Выток фразеалагізма — Евангелле: «Не рассыпайце бісеру вашага перад свіннямі, каб яны не патапталі яго нагамі сваімі» (Матфей, 7, 6).

Сыр-бор. Агульны для бел. і руск. м. Шум, неразбярыха, перапалох. Хто іх, маладых, разбярэ, з-за аднаго позірку могуць такі сыр-бор развесці, a з-за слова — тым болей… (В.Гігевіч. Варыянт).

Паводле паходжання гэта фрагмент прэдыкатыўнага фразеалагізма са структурай сказа сыр-бор разгарэўся з-за каго, з-за чаго, праз каго, з чаго (гл. ніжэй).

Сыр-бор разгарэўся з-за каго, з-за чаго, праз каго, з чаго. Агульны для бел. і руск. (сыр-бор загорелся) м. Падняўся шум, перапалох, распачалася справа. Вясною эмтээсаўскі аграном прыехаў y «Прамень» абмяркоўваць план сяўбы. Усё ішло добра, a як да пшаніцы дайшлі,— разгарэўся сыр-бор (А. Пальчэўскі. Гаспадары).

Паходзіць з прыказкі Ад іскры сыр-бор загарэўся (яе падаюць У. Даль, М.Міхельсон, Я. Рапановіч; параўн. y С. Максімава: Разгорелся сыр-бор из-за сосенки). Сыр — старажытны кароткі прыметнік y сваёй пачатковай форме (сыр-бор — «сыры бор»).

Сысці са сцэны. Гл. сыходзіць (сысці) са сцэны.

Сыходзіць (сысці) са сцэны. Відаць, калька з англ. м. (quit the stage). Ужыв. са значэннямі ‘пераставаць выконвацца (пра п’есу, драму і пад.)’, ‘траціць сваё значэнне, пераставаць адыгрываць ранейшую ролю’, ‘адыходзіць ад якой-н. дзейнасці’ і ‘пераставаць існаваць, паміраць’. Некаторыя з гэтых п’ес.. заслужана карыстаюцца папулярнасцю ў народзе, і яны не сыходзяць са сцэны тэатраў (А. Макаёнак. Аб некаторых пытаннях беларускай драматургіі). Абломкі эксплуататарскіх класаў.. вымушаны сысці са сцэны, каб назаўсёды адысці ў нябыт (К. Крапіва. Выдатны пісьменнік і чалавек). — Не, проста так са сцэны не сыду!ганарліва прамовіў услых Гаўрыла (Я. Каршукоў. Тэлевізійная прэм’ера). Чалавек памірае ці сыходзіць са сцэны, a справы яго прадаўжаюць жыць (У. Дамашэвіч. Я шукаю бацьку).

Выраз у яго першым значэнні ўтвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, характэрнага для маўлення акцёраў. Іншыя значэнні склаліся ў выніку паўторнай метафарызацыі зыходнага словазлучэння.

Сыход са сцэны. Агульны для ўсходнесл. м. Адыход ад былой дзейнасці. Мацёры палітычны ігрок трапна выбраў момант для сыходу са сцэны: да ўлады тады ўпершыню прыйшлі правыя на чале з тым жа Вітасам (У. Калеснік. Пасланец Праметэя).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма сыходзіць са сцэны (гл.), адно са значэнняў якога — ‘адыходзіць ад якой-н. дзейнасці’.

Пакуль сэрца б’ецца (будзе біцца) <каго>. Калька з франц. м. (tant que le coer me battra, літаральна «пакуль сэрца ў каго-н. б’ец-ца»). Хто-н. жывы, жыве, існуе. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б’ецца сэрца хаця аднаго іхняга сына ці дачкі (У. Караткевіч. «Мой ce градок!»).

Узнік y выніку метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці з’яў прычынна-выніковага характару.

Сэрца кроіцца ў каго, ад чаго. Уласна бел. Каму-н. нязносна цяжка ад душэўнага болю за што-н., хто-н. моцна перажывае за што-н. Спавілася бацькаўшчына наша страхоццем і жахам навокала. Кроіцца сэрца ад жалю і болю… (Я. Лёсік. Эканамічны заняпад Дзяржавы Расійскай).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага кроіць сэрца каму, чыё (гл.).

Сядзець на двух крэслах. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘займаць няпэўную, няясную пазіцыю, прытрымліваючыся розных, несумяшчальных пунктаў гледжання’ і ‘займаць адначасова дзве пасады’. Апартэід і сапраўды сурова асуджаўся амаль усімі — за асобнымі выключэннямі — дзяржавамі. Але вось што датычыць ЗША, то яны і тут спрабавалі сядзець на двух крэслах (А. Вярцінскі. Дзве дыпламатыі на паверку). Рэкламы мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоўу калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Перш за ўсё я не маю яшчэ сабе замены ў эмтээс, сяджу на двух крэслах (Т. Хадкевіч. Даль палявая).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам франц. être assis entre deux chaises (літаральна «сядзець паміж двух крэслаў»), які ў сэнсавых адносінах супадае з першым значэннем фразеалагізма сядзець на двух крэслах.

Сядзець на шыі (на карку, на гарбе) чыёй, y каго, каго, Агульны для ўсходнесл. м. Знаходзіцца, быць на чыім-н. забеспячэнні, утрыманні. У маім узросце бацька ўжо цэлую сям’ю карміў, хату пабудаваў, іншыя людзі навуковыя адкрыцці паспелі зрабіць, а я? Сяджу ў бацькоў на шыі… (А. Карпюк. Данута).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Сядзець склаўшы (злажыўшы) рукі. Агульны для ўсходнесл. м. Нічога не рабіць, бяздзейнічаць. Атака захлынулася, і паўтараць яе не было сэнсу. A сядзець склаўшы рукі — злачынства перад рэвалюцыяй, перад таварышамі, якія гінулі ў горадзе (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, напрыклад: «Маці сядзіць, склаўшы рукі,— простая, акамянеўшая і глядзіць на абраз, вусны яе нешта шэпчуць…» (В. Каваль). Магчыма, y аснове фразеалагізма, як мяркуе П. Сцяцко, «вобраз намаляваных на іконах святых са складзенымі пэўным чынам (згорнутымі) рукамі». Параўн. y зборніку Я. Рапановіча «Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі»: сядзіць, рукі злажыўшы, як святы. Або: «— Баюся: трэба чакаць горшага… — Дачакаемся! Калі будзем сядзець, як бажкі! Склаўшы рукі…» (І.Мележ).

Сякера пад лаўкай (лавай). Уласна бел. Не знаходка, не адкрыццё, даўно вядомая рэч, з’ява, факт і пад. Сякера пад лаўкай!Скарупкаў «Slownik fraseologiczny», які так доўга чакаў маёй пільнейшай увагі (Я. Брыль. Дзевяноста чацвёрты).

Узнік унутрыфразеалагічным спосабам — на аснове выклічнікавага выразу знайшоў сякеру (тапор) пад (за) лаўкай (гл.). Параўн. y М. Федароўскага: «На Палессі кажуць: От нахадка: тапор за лаваю».

Сякі-такі нямазаны (такі-сякі нямазаны). Агульны для ўсходнесл. м. Выраз, які ўжыв. замест разгорнутай характарыстыкі ці ацэнкі каго-н., звычайна адмоўнай. [Жлукта: ] Хацеў бы я яшчэ зайсці да таварыша Бывалава… Перадайце яму прывітанне. Скажыце, што прыехаў сякі-такі нямазаны (К. Крапіва. Мілы чалавек).

Утвораны на аснове фразеалагізмаў сякі-такі, такі ды сякі шляхам пашырэння іх кампанентнага складу словам нямазаны, якое першапачаткова, відаць, усведамлялася як «не мазаны мірам у часе хрысціянскага абраду памазання» або як «няхры шчаны», «непрычашчоны». У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча пададзены ў форме такі-сякі сухі, нямазаны.

Сямі пядзяў y лбе. Паўкалька з руск. м. (семи пядей во лбу). Вельмі разумны, здольны, здатны. Як ні дзіўна, сярэдневяковае праваслаўе страшэнна абыякавае да творцы, да асобы, якая на яго працавала, да дойліда, майстра фрэскі і іконы, разьбяра. І так паўсюль. Трэба быць сямі пядзяў y лбе, каб заслужыць на ўпамінанне (УКараткевіч. Дыяментны горад).

Узнік на аснове ўяўленняў, што высокі лоб — прымета вялікага розуму. Пядзя — даўнейшая мера даўжыні, роўная адлегласці паміж канцамі расцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў, г. зн. 18–20 см. Выраз засноўваецца на прыёме гіпербалы (сем пядзяў — гэта амаль паўтара метра). Фразеалагізмы з падобным гіпербалізаваным вобразам ёсць у некаторых раманскіх мовах: румынскай (eu sapta palme in frunte, літаральна «з сямю пядзямі ў лбе»), іспанскай (tener mas de dos palmos de frente, літаральна «мець больш як дзве пядзі ў лбе»).

Загрузка...