Яблык разладу. Калька з лац. м. (malum discordiae). Прычына сваркі, спрэчак. 3 яблыка разладу гервяцкі «астравок» ператварыўся, як пісаў у вершы адзін з мясцовых паэтаў, y «бастыён дружбы» (А. Мальдзіс. Астравеччына, край дарагі…).
Выраз упершыню выкарыстаў рымскі гісторык Юсцін (II ст.). Яно склалася на аснове грэч. міфа пра багіню разладу Эрыду. Пакрыўджаная за тое, што яе не запрасілі на вяселле фесалійскага цара Пелея і багіні Фетыды, Эрыда падкінула гасцям залаты яблык з надпісам: «Найпрыгажэйшай». Паміж багінямі Герай, Афінай і Афрадытай пачалася спрэчка: кожная лічыла сябе найпрыгажэйшай. Траянскі царэвіч Парыс, якому даверылі вырашыць сварку, аддаў яблык Афрадыце. Удзячная, яна дапамагла Парысу ўкрасці Алену — жонку спартанскага цара Менелая. A гэта стала прычынай дзесяцігадовай Траянскай вайны.
Яблыку няма (не было) дзе ўпасці. Паўкалька з руск. м. (яблоку негде упасть). Ужыв. са значэннямі ‘у вялікай колькасці (пра мноства людзей у якім-н. месцы)’ і ‘вельмі цесна, няма свабоднага месца’. У зале людзей — яблыку няма дзе ўпасці. Усе паднядзеліліся, пры гальштуках (Полымя. 1978. № 1). У аўтобусе, які ідзе ў Асавец з Мінска, яблыку няма дзе ўпасці (І.Навуменка. Развітанне ў Кавальцах).
У руск. м. фразеалагізм прыйшоў, напэўна, з ням. м. як недакладная калька (es konnte kein Apfel zur Erde fallen, літаральна «нельга яблыку на зямлю ўпасці»).
Язык адняўся ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. раптам змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.). Тут y Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у акно, бо быў упэўнены, што ў акне ўжо тырчыць страшная галава (Я. Колас. Трывога).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць пад уплывам свабодных словазлучэнняў тыпу рука аднялася, нага аднялася, дзе аднялася абазначае ‘перастала дзейнічаць у выніку паралічу’.
Язык без касці (касцей) у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе. У Юлі язык без касцей, вось яна і плявузгае абы-што, псуе нервы і сабе, і яму, Цімоху… (І.Капыловіч. Абходчык).
Відаць, паходзіць з прыказкі Язык без касці: што хочаш пляшчы, з якой, y выніку скарачэння другой часткі, узнік фразеалагізм. Параўн. іншыя варыянты прыказкі: Язык без косці, што хоча, то хлосціць; Язык — мяса без касцей, куды хочаш павернеш.
Язык гладка ходзіць y каго, чый. Уласна бел. Хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. — A я што? Лыкам шыты? — Язык у цябе гладка ходзіць, — усміхнуўся Якуб Колас (С. Белы. На бацькоўскай зямлі).
Узнік, відаць, на вобразнай аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма язык добра падвешаны ў каго (гл.) — калькі з франц. м. Упершыню ўжыты ў вершы Я. Купалы «Мужык» (1905) y такім кантэксце: «Чытаць, пісаць я не ўмею, не ходзіць гладка мой язык, бо толькі вечна ару, сею, — бо я мужык, дурны мужык».
Язык добра падвешаны ў каго. Калька з франц. м. (à la langue bien pendue). Хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. Генка Навіцкі.. не стаў бы асабліва хвалявацца. Язык добра падвешаны. I тэму б для размовы знайшоў, і пра нафту беларускую, і анекдоты расказаў бы салёненькія (Я. Каршукоў. Сустрэча).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які, магчыма, мае сувязь з языком (металічным стрыжнем) y звоне.
Язык дрэнна (кепска) падвешаны ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. не ўмее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. A што гэта за дацэнт, y якога язык кепска падвешаны?.. (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).
Антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма язык добра падвешаны ў каго (гл.) — калькі з франц. м.
Язык заплятаецца (заплятаўся) y каго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. не можа выразна, членараздзельна гаварыць, сказаць што-н. За сталом, як рой перад вылетам, гула бяседа. У таго-сяго ўжо заплятаўся язык (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які ўзнік, відаць, пад уплывам свабоднага словазлучэння ногі заплятаюцца, дзе заплятаюцца абазначае ‘няўпэўнена, з цяжкасцю рухаюцца, чапляючыся адна за адну’.
Язык зломіш. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. язык сломаешь, укр. язика зламаеш). Цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.). У зямлю была ўторкнута лучына, і на ёй напісана: «традысканцыя». «Ого, якая назва! Язык зломіш!» — усміхнуўся сам сабе Сяргей (Л. Левановіч. Чатыры цюльпаны).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення.
Язык каля (ля) вушэй матляецца ў каго. Уласна бел. Хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга. [Яўхім: ] Жаба ты малая, бачыў ты, ці ён там нагу адстаўляў ці язык высалапляў! Язык у цябе каля вушэй матляецца (К. Чорны. Лета).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, выкліканы, магчыма, вобразнасцю сэнсава тоеснага фразеалагізма язык доўгі ў каго.
Язык на шарнірах у каго. Уласна бел. Хто-н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць. — Маўклівы я. Прамоў гаварыць не ўмею. — Па-твойму; толькі той добры кіраўнік, y каго язык на шарнірах? (І.Шамякін. Не той гонар).
Параўнальна нядаўняе ўтварэнне. Яно склалася пад уплывам сінанімічнага фразеалагізма язык добра падвешаны (у каго) (калька з франц. м. a la langue bien pendue), відаць, y маўленні механізатараў, дзе шарнірам называюць рухомае злучэнне дэталей або канструкцый, якое дазваляе змацаваным часткам паварочвацца пад вуглом.
Язык не паварочваецца ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. баіцца, не адважваецца, саромеецца ці не мае ахвоты (сказаць, запытаць і пад.). Схлусіць, што Люся тут ні пры чым, — y мяне не паварочваецца язык, a сказаць праўду я не хачу (В. Быкаў. Трэцяя ракета).
Узнік на вобразнай аснове блізкага ў сэнсавых адносінах фразеалагізма язык прыліп да горла (у каго, каму) — паўкалькі з царк. — слав. м.(гл.).
Як, ці, няўжо язык паварочваецца ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (Як, ці, няўжо) хапае рашучасці, смеласці, сумлення (сказаць, гаварыць, пытацца і пад.). — Хіба з Барташэвічам нагуляла? — Як у цябе язык паварочваецца гэта казаць! (М. Лобан. На парозе будучыні).
Склаўся на аснове фразеалагізма язык не паварочваецца (у каго), стаўшы ўжывацца пры абавязковых словах-суправаджальніках як, ці, няўжо.
Язык па-за вушамі ходзіць y каго. Уласна бел. Хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга. — Дык я ж толькі так, для прыкладу сказаў…—Дужа ўжо ў цябе язык па-за вушамі ходзіць (І.Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які, відаць, развівае ўнутраную форму сэнсава тоеснага фразеалагізма язык доўгі ў каго.
Язык прыліп да горла (гартані) у каго, каму. Паўкалька з царк. — слав. м. Хто-н. замоўк, анямеў (ад нечаканасці, страху і пад.). У чалавека прыліп язык да горла (В. Каваль. Маладосць).
Паходзіць з тэксту Бібліі (Псалтыр, 21, 16): «язык мой прилпе гортани моему». У сучаснай мове часцей выкарыстоўваецца ў скарочаным выглядзе — язык прыліп: «Зноў затросся Дамянік, з плеч на землю спала світка, і прыліп яму язык» (Я. Колас).
Язык свярбіць у каго, кому. Агульны для ўсходнесл. і польск. (język świerzbi) м. Хто-н. не можа стрымацца, каб не загаварыць, не сказаць што-н. У чалавека свярбеў язык, і той даваў яму волю (І.Пташнікаў Лонва).
У аснове фразеалагізма — нерзальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення. На фармаванне выразу, відаць, паўплывалі фразеалагізмы рукі свярбяць y каго, кулакі свярбяць y каго, якія суадносяцца з адпаведнымі свабоднымі словазлучэннямі.
Язык у роце не месціцца ў каго. Уласна бел. Хто-н. не можа стрымацца, каб не загаварыць, не расказаць пра што-н. Сядзе дзе-небудзь, вочы ў зямлю ўперыць, будзе глядзець сабе пад ногі цэлы дзень і маўчаць. A то разгаворлівы дужа стаў: язык у роце не месціцца (Я.Сіпакоў. Усе мы з хат).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення.
Язык як (што) брытва. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘здольнасць востра і дасціпна гаварыць’ і ‘хто-н. Дасціпны, з’едлівы ў размове’. І так сабой не асабліва відная — драбната. Паглядзець няма на што. І твар — худы, косткі на шчаках выпінаюць… Толькі і красы, што язык як брытва!.. (І.Мележ. Людзі на балоце). Сустракацца з усёй брыгадай яму [Валянціну] не хацелася, асабліва з Ганнай Калеснікавай — y гэтай язык што брытва (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).
Склаўся, магчыма, пад уплывам біблейскага тэксту: «Пагібель выдумляе язык твой; як вытанчаная брытва, ён у цябе, каварны» (Псалтыр, 51,4).
Як адзін. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘без выключэння, поўнасцю; абсалютна (усе)’, ‘дружна, аднадушна (рабіць што-н.)’ і ‘зусім аднолькавыя і добрыя ў якіх-н. адносінах’. Кажуць, што добра нам, калі ў брыгадзе ўсе як адзін спрактыкаваныя (У. Карпаў. За годам год). Можна ўправіцца і з уланамі, калі станем як адзін (П. Галавач. Яны не пройдуць!). Бывала, Гняцецкі калі прыедзе на чацвёрцы да касцёла, дык усё мястэчка як на дзіва глядзіць: як адзін, сівыя ў яблыкі, аж мяняюцца (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Узнік, відаць, y выніку скарачэння фразеалагізма як адзін чалавек, які і цяпер ужываецца ў мове, але толькі пасля слова ўсе і са сваім адзіным значэннем ‘без выключэння, поўнасцю; абсалютна (усе)’: «Партызан убачылі праз цьмяныя акенцы вучні, і ўсе як адзін чалавек сыпанулі на двор» (А. Карпюк). Два іншыя значэнні, уласцівыя фразеалагізму, развіліся ў ім самастойна.
Як асіна калаціцца, дрыжаць. Агульны для бел., укр. (як осика) і чэшск. (jak osika) м. Вельмі моцна (калаціцца — часцей ад страху). Не крычы ты на яго, Сёмка: ён і так увесь калоціцца як асіна (Я. Колас. Сірата Юрка).
Этымалагічная аснова фразеалагізма тая самая, што і ў выразе як асінавы ліст (гл.).
Як асінавы ліст калаціцца, дрыжаць, трымцець. Агульны для ўсходнесл. (руск. как осиновый лист, укр. як осиковий лист) і польск. (jak liść osiki) м. Вельмі моцна (калаціцца — часцей ад страху). Яўхім утаропіў вочы ў жонку, якая задрыжала ад страху як асінавы ліст (З. Бядуля. Дэлегатка).
Выраз успрымаецца як матываваны. Чаранок асінавага ліста вельмі доўгі, таму нават пры нязначным руху паветра асінавыя лісты пачынаюць дрыжаць. Узнікненне фразеалагізма звязваюць і з павер’ем пра асіну як праклятае дрэва: евангельскі здраднік Юда пасля раскаяння нібыта сам павесіўся на асінавым суку, з таго часу асінавыя лісты асуджаны на вечнае трымценне.
Якая муха ўкусіла каго. Калька з франц. м. (quelle mouche vous pique). Ужыв. як выказванне здзіўлення з прычыны незразумелых паводзін каго-н. і абазначае ‘што здарылася з кім-н., як усё гэта растлумачыць’. Якая муха ўкусіла жанчыну, што так разлямантавалася на ўвесь дом? (І.Новікаў. Да світання блізка).
Успрымаецца як жывое метафарычнае ўтварэнне.
Як бабёр плакаць. Агульны для бел. і польск. (jak bobr) м. Жаласліва і доўга. Пагляджу, бывала, y люстэрка — галава круглая, белая, быццам качан капусты. Плачу як бабёр (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Паходзіць з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Калі бабёр удзень выходзіць з вады на працу, то ўвесь час нібы плача, бо вочы яго слязяцца ад святла. Упершыню выраз ужыў Ф. Багушэвіч y байцы «Воўк і авечка»: Плачуць сын і матка, як бабры, абое.
Як бог на душу пакладзе (паложыць). Паўкалька з руск. м. (как бог на душу положит). Як здарыцца, як прыйдзецца, бессістэмна. Пану Лацкевічу як бог на душу пакладзе. Захоча — зробіць, не захоча — ніхто яго не прымусіць (М. Машара. Сонца за кратамі).
Узнікненне выразу, як мяркуе М.І.Міхельсон, звязана з царскім судом у Маскве, y Прыказе вялікага Палаца, дзе ўсё рашаў сам цар, які, будучы памазанікам Божым, судзіў, «як яму Бог на душу паложыць».
Як (быццам, нібы) аршын праглынуў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как аршин проглотил, укр. наче аршин проковтнув). Ненатуральна прама стаіць ці сядзіць. A хлопцы, хлопцы! Кожны быццам аршын праглынуў: такія важныя, такія строгія (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць у маўленні краўцоў ці гандляроў, дзе аршынам называлі лінейку, меру даўжыні, роўную 71,12 см.
Як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы сядзець, хадзіць. Уласна бел. У ненатуральна прамой паставе. Ён [Кушэль] заўсёды хадзіў як аршын праглынуўшы (І.Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). Сястра Аўдакія сядзіць нібы аршын праглынуўшы, шэпча нешта (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).
Паходзіць з параўнальнага звароту, заснаванага на нерэальным вобразе, які мог узнікнуць у маўленні краўцоў ці гандляроў, дзе аршынам называлі лінейку, меру даўжыні, роўную 71,12 см. Можна таксама лічыць, што гэты прыслоўна-акалічнасны выраз, які рэалізуе сваё значэнне толькі пры дзеясловах-суправаджальніках сядзець, хадзіць, мог узнікнуць пад уплывам агульнага для ўсходнесл. м. дзеяслоўнага фразеалагізма як аршын праглынуў ‘ненатуральна прама стаіць ці сядзіць’ (гл.).
Круціцца як вавёрка ў коле. Калька з руск. м. (как белка в колесе). У пастаянных занятках, клопатах. Цэлы дзень круцілася яна [Аня] як вавёрка ў коле: змятала пыл, мыла падлогу, карміла ляжачых хворых, мяняла ім бялізну, памагала мыцца ў ванне (А. Васілевіч. Навальніца).
Выраз з байкі І.А. Крылова «Вавёрка» (1833). У ёй апісваецца, як вавёрка, знаходзячыся ў клетцы, увесь час круціць прымацаванае там рухомае кола, чапляючыся лапкамі за тонкія планкі, і нібы бесперапынна бяжыць. У баечнай маралі гаворыцца пра дзялка, які іншы раз хоць і круціцца, «як вавёрка ў коле», але ніколькі не падаецца наперад.
Глядзець, берагчы, шанаваць і пад. як вока ў ілбе. Агульны для бел. і ўкр. м. Вельмі старанна, клапатліва. Пакляўся Рабы, што будзе глядзець жонку і шанаваць як вока ў ілбе і нікуды з Глінак не выедзе, не вернецца да сваіх Карпат (К. Каліна. Крылаты конь).
Склаўся, магчыма, пад уплывам сэнсава тоеснага фразеалагізма як зрэнку вока (гл.) — паўкалькі з царк. — слав. м.
Як вол рабіць, працаваць, цягнуць і пад. Калька з франц. м. (travailler comme un boeuf). 3 крайнім напружаннем сіл. [Антаніна Цімафееўна: ] Усе павінны ведаць, што ты npaцyeш як вол, начэй не спіш — за раён хварэеш… (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).
Вобразнасць фразеалагізма празрыстая. Нярэдка ён ужываецца ў форме як чорны вол: «Сагнуўшы плечы ў крук, араў зямлю Паўлюк, як чорны вол варочаў» (Я. Купала).
Як га. Уласна бел. Вельмі хутка. Як у казцы, усё зрабілася адразу. Як «га», гатоў быў рай на зямлі (З. Бядуля. Дванаццацігоднікі).
Унутраная форма фразеалагізма ўсведамляецца так: «хутка, як крыкнуць, як сказаць га» (Ф. Янкоўскі). Магчыма, выраз паходзіць з параўнальнага звароту як «га» сказаць (крыкнуць).
Як гарох пры дарозе. Агульны для бел., укр. (мов горох при дорозі) іпольск. (jak groch przy drodze) м. Ужыв. са значэннямі: 1) ненадзейна, трывожна, неспакойна, 2) адзінока і без дагляду (расці, заставацца, жыць і пад.). Людзі жылі як гарох пры дарозе, людзі жылі ў штодзённай трывозе (У. Дубоўка. Крычаўская спакуса). Сам Радзівон жыве як гарох пры дарозе, без дагляду, без усякае сталасці (К. Чорны. Сястра).
Этымалогія фразеалагізма становіцца зразумелай, калі прыгадаць яго больш поўную, нескарочаную форму — прыказку, якая ўжываецца і цяпер: Жыву, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той скубе.
Як дзве кроплі вады. Відаць, калька з франц. м. (comme deux gouttes d’eau); фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю і структурай ёсць амаль ва ўсіх славянскіх, італ., іспан. і некаторых іншых мовах. Вельмі моцна, абсалютна (падобны на каго-н.). Мацей падобны на бацьку як дзве кроплі вады (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваны, з жывой унутранай формай.
Як дзядзька ў Вільні. Уласна бел. Разгублена, збянтэжана, непрывычна, ніякавата. Пакуль агледзеўся і ўбачыў за тоўстым двайным шклом у другім памяшканні — радыёстудыі — перад мікрафонам Веру і Элю за раялем, датуль круціў разгублена галавой, датуль не мог уцяміць, што да чаго. І жанчына за пультам, і дзяўчына ля акна смяшліва цікавалі за мной: што за дзівак урываецца да іх y час работы ды яшчэ паводзіць сябе як дзядзька ў Вільні (Я. Радкевіч. Вясновае неба).
Выраз склаўся на аснове эпізодаў з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні»).
Цягаць, насіць як дурань дзверы. Уласна бел. Бяссэнсава, недарэчна. Як толькі выхадны, цягні сам на вуліцу пяціпудовы дыван і ляпай па ім палкаю, a потым зноў цягні яго як дурань дзверы аж на пяты паверх (В.Гігевіч. Дом, да якога вяртаемся).
Склаўся, як лічыць Ф. М. Янкоўскі, на аснове народнага анекдота. Адпраўляючыся араць, старэйшыя браты сказалі Івану-прастаку, каб той прынёс ім полудзень ды каб хаця не забыўся замкнуць дзверы. Іван, адыходзячы ў поле, нідзе не мог знайсці замка, таму зняў дзверы з завесак, узваліў на плечы і пайшоў да братоў, мяркуючы, што калі дзверы будуць у яго на плячах, то ніхто не зможа зайсці ў хату.
Насіцца як <дурань> з пісанай торбай. Запазыч. з укр. м. Незаслужана ўдзяляючы шмат увагі каму-, чаму-н. Цімох… напужаў і здзівіў маці з дачкою, што ён носіцца з гэтым гармонікам як дурань з пісанаю торбай (В. Казько. Неруш).
Узнік з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Пісаны тут абазначае ‘размаляваны якімі-н. узорамі’.
Як жару ўхапіўшы. Уласна бел. Вельмі хутка, спяшаючыся (бегчы, уцякаць і пад.). Халера тых шляхцюкоў на маю галаву прынесла! Бягуць нібы жару ўхапіўшы! Калі б злавілі, y турму пацягнулі б!.. (В. Вольскі. Несцерка).
Узнікненне выразу абумоўлена некаторымі асаблівасцямі даўнейшага сялянскага быту: «яшчэ параўнаўча нядаўна, некалькі дзесяткаў год назад, людзі бераглі запалкі, эканомілі на запалках і сусед да суседа бегаў узяць агню — узяць жару, каб распаліць у печы, на комінку; трэба было хутка бегчы, каб вугольчыкі не згарэлі» (Ф. Янкоўскі).
Як Заблоцкі на мыле зарабіць, выручыць, выгадаць і пад. Агульны для бел. і польск. (jak Zabłocki na mydle). Зусім нічога, ніколькі ці амаль нічога, амаль ніколькі не (зарабіць і інш.). Хто нам цяпер заплаціць?.. На прыгажосці выгадаем!.. Выгадалі!Як Заблоцкі на мыле!.. (М. Кусянкоў. Альтанка).
Узнікненне фразеалагізма звязваецца з легендай: купец Заблоцкі, каб не плаціць пошліны, вырашыў правезці кантрабандай мыла, вымененае за граніцай на жыта, і схаваў яго на дне судна, дзе яно размокла. Пра гэта ёсць у аповесці Л. Калюгі «Нядоля Заблоцкіх», дзе аўтар гумарыстычна прывязвае легенду да сваіх персанажаў: «Край свету чулі пра Заблоцкага. Ведаюць, што з мылам быў заняўся гэты чалавек. Ведаюць, што не заработак, a ўтрата ў яго на гэтым тавары выйшла… A таго не ведаюць, што наш гэта чалавек — з Баркаўцоў, і ўсе тыя прыгоды не немаведама дзе, a паблізу гэтай вёскі рабіліся».
Як заведзены. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как заведенный, укр. як заведений). Безупынна, з механічнай дакладнасцю (рабіць што-н. Рабенькі Янка Цівунок, якога за кірпаты нос празвалі Лычыкам, стаіць каля стала, спіною да акна, і як заведзены расказвае вызубраны ўрок па гісторыі Польшчы (Я. Брыль. Сірочы хлеб).
Паходзіць, як мяркуюць, з выразу поўнай формы як заведзены гадзіннік. Скарочаны варыянт фразеалагізма стаў змяняцца па родах і ліках.
Як завязаць. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю, як толькі можна’ і ‘вельмі многа чаго-н.’. Людзей набілася як завязаць: нядзеля, перадапошні рэйс у Мінск — хто ў госці, хто з гасцей (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя). Адмовіцца [ад камандзіроўкі] не магу, a тут сваёй працы як завязаць (С. Шушкевіч. Уладзімір Хадыка).
Першапачаткова дастасоўваўся, відаць, да мяшка. Параўн.: «Мяшок быў поўны — як завязаць» (І.Навуменка).
Патрэбны, трэба як зайцу стоп-сігнал. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Праўду сказаць, патрэбны быў гэты адпачынак Сурыну як зайцу стоп-сігнал (Я. Радкевіч. Зіма на выратавальнай).
Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, y аснове якога нерэальны вобраз, пабудаваны на спалучэнні прадметна-лагічна неспалучальных слоў.
Як за каменнай сцяной. Агульны для ўсходнесл. м. Пад надзейнай аховай каго-н., спакойна (жыць, быць і пад.). Валянціна пастаянна спадзявалася, што за мной яна — як за каменнай сцяной, што я — вечны рухавік яе таленту (В.Іпатава. У дзень прэм’еры).
Паходзіць з параўнальнага звароту, які з’яўляецца водгукам даўнейшага звычаю будаваць вакол гарадоў і манастыроў каменныя сцены з мэтай абароны ад непрыяцеля.
Загарэцца як запалак(-лка). Уласна бел. Імгненна, раптоўна (пра нечаканы парыў гарачнасці). Рэакцыя была імгненная… Гэтак рэагаваў Андрэй Ягоравіч часта — загараўся як запалак (Б. Сачанка. Няскончаныя спрэчкі).
Паходзіць з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Ужываецца з абавязковым дзеясловам-суправаджальнікам загарэцца, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: зыходнае ‘заняцца агнём, пачаць гарэць’ і пераноснае ‘напоўніцца пачуццём гарачнасці’.
Як з гусака вада з каго. Уласна бел. Абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н. Адлучыць [ад гарэлкі] хіба якая страшная хвароба. Ужо званочкі былі, пару разоў вярталі яго з таго свету. Але са Шмулькі — як з гусака вада (М.Гіль. Як я абганяў бульбу).
Склаўся на аснове сінанімічнага выразу што (як, нібы) з гусі вада (гл.) з заменай кампанента гусі, які часта ў маўленні ўжываюць з парушэннем нормы (з гусі, з гуся), кампанентам-назоўнікам мужчынскага роду (гусака).
Як з крыжа зняты. Агульны для бел., укр. (як з хреста знятий) і польск. (jak z krzyża zdjęty) м. Знямоглы, вельмі слабы. Папрауляйся ты, такі худы, як з крыжа зняты. Няўжо і твае таварышы такія? (У. Дамашэвіч. Студэнты апошняга курса).
Паходзіць з параўнальнага звароту, які з’яўляецца водгукам старажытнага віду пакарання, калі прыгаворанага да смерці раскрыжоўвалі (прыбівалі рукі і ногі да крыжа).
Сячы (смаліць, пячы) як з кулямёта. Уласна бел. Вельмі шпарка і не змаўкаючы (гаварыць што-н.). На ўсе пытанні адказвае ён. Сячэ як з кулямёта. Можа, і праўду кажа, але і брэша (В. Карамазаў. Бежанцы).
Выраз каламбурнага паходжання, заснаваны на ўкутраным кантрасце паміж непасрэдна самім фразеалагізмам і яго абавязковымі словамі-суправаджальнікамі, кожнае з якіх мае больш як па дзесяць зкачэнняў (з адценнямі), a смаліць і паліць утвараюць аманімічныя групы. Пры рэалізацыі фразеалагізма на адно (перыферыйнае) значэнне, напрыклад, дзеяслова сячы ‘гаварыць, выказвацца’ наслойваецца, пад уплывам генетычна параўнальнага звароту, другое значэнне ‘весці бесперапынна моцны абстрэл’. Параўн. таксама: смаліць5 — ‘рабіць што-н. хутка, спрытна, умела’ і смаліць4— ‘страляць’.
Як з месяца зваліўся (-лася, — ліся). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как с луны свалился, укр. як з місяца впав). Не разумее таго, што відавочна ўсім. Ну і дурань, наіўны дурань… Ты як з месяца зваліўся (А. Асіпенка. Вогненны азімут).
Развіўся (у форме параўнальнага звароту) на аснове семантычна тоеснага фразеалагізма з неба (месяца) зваліўся — калькі з франц. м. (гл.).
Як з рога дастатку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как из рога изобилия, укр, як з рогу достатку). У вялікай колькасці, невычарпальна і бесперастанку (сыпаць, сыпацца, выдаваць і пад.). Са свае званіцы, «свайго пункту гледжання», як з рога дастатку сыплецца пахвала… (Б. Сачанка. Думкі ўроссып).
Гэты прыслоўна-акалічнасны выраз склаўся пад уплывам суадноснага з ім назоўнікавага фразеалагізма, які ёсць у многіх мовах, напрыклад: лад. cornu соріае (рог дастатку), франц. corne d'abondance (рог дастатку), англ. the horn of abundance (рог дастатку). Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, каза Амалфея, якая выкарміла сваім малаком Зеўса, аднойчы, зачапіўшыся за дрэва, абламала сабе рог. Зеўс надаў гэтаму рогу цудадзейную сілу ў дастатку напаўняцца ўсім, чаго пажадаюць яго ўладары — німфы.
Берагчы, аберагаць і пад. як зрэнку вока. Паўкалька з царк. — слав. м. (как зеницу ока). Вельмі старанна, клапатліва. Лёнька бярог свайго новага «козліка» як зрэнку вока і ганарыўся ім (В. Дайліда. Мне — пару слоў).
Неаднаразова сустракаецца ў біблейскіх тэкстах; напрыклад, y «Псалтыры» (16, 8): «Храни меня как зеницу ока».
Як іерыхонская (ерыхонская) труба. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі гучны, моцны, прарэзлівы (голас)’ і ‘вельмі гучна, моцна (грымець, крычаць і пад.)’. Ну, брат Лукаш, іголас жа ў цябе: як труба ерыхонская! (Я. Колас. На ростанях). [Паветрадуў] каля самай зямлі. Грыміць як іерыхонская труба. Глушыць людзей. Ад такога грукату любы ачмурэць можа (В. Макарэвіч. На галоўным напрамку).
Склаўся на аснове фразеалагізма іерыхонская труба (гл.) — калькі з франц. м. — і развіў y сабе іншыя, чым у гэтым выразе, значэнні.
Якім ветрам занесла каго куды. Відаць, калька з франц. м. (quel bon vent vous amène). Як, пры якіх абставінах аказаўся хто-н. дзе-н. [Шалёхін: ] А, бацька Талаш? Ды якім жа ветрам занесла вас сюды? (Я. Колас. Дрыгва).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Як кошка з сабакам (як сабака з кошкай) жыць (пражыць). Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю і структурай ёсць амаль ва ўсіх славянскіх мовах(руск. как кошка с собакой, укр. як кішка з собакаю, чэшск. jako kоčkа a pes, польск. jak pies z kotem i інш.). Параўн. y другіх еўрапейскіх мовах аналагічны выраз з крыху іншай структурай (літаральна «як сабака і кошка»): ням. wie Hund und Katze, франц. comme chier et chat, iтал. coмe cani e gatti, icnaн. como perros y gatos. У пастаяннай варожасці, сварцы, нядружна. — Ці ведаеш ты старых Тодараў? — Ну?.. Усё сваё жыццё як кошка з сабакам пражылі (Я. Янішчыц. Трое сутак надзеі).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Дагадзіць як ксёндз Магдусі. Відаць, запазыч. з польск. м. (dogodzić jak ksiądz Magdusi). Вельмі добра (дагадзіць каму-н.). Калі наш здаравенны чырвоны певень пераможна саскочыў з курыцы, сусед, што быў якраз на нашым двары, пануры дзядзька Ёсіп, сказаў майму багцьку пры мне, шасцігадоваму смаркачу, яшчэ ўсё нявопытна гарадскім: «Во дагадзіў, як ксёндз Магдусі!..» (Я. Брыль. Пра слова).
Паводле Я. Брыля, узнікненне выразу звязваюць з такім аповедам: «Ксёндз-пробашч памірае, a ахмістрыня Магдуся абвязала яму, як паратунак, горла хусткай з цёртым макам. I пытаюцца тыя, што сабраліся каля ложка, каму ж айцец адпісвае сваё дабро. A ён толькі з прыплачам: „Мак дусі!.. Мак дусі-і!“ I выйшла пры сведках, што ён, пры светлым розуме, усё пакідае Магдзе».
Ляпнуць як лапцем па балоце. Уласна бел. Вельмі недарэчна, нетактоўна (сказаць што-н.). — Ну до, дзеўкі, до! — узялася наводзіць мір Варка. — Вечна быля-што ляпнеш як лапцем па балоце, тады сядзім совамі (А. Кажадуб. Канец свету).
Выраз этымалагічна каламбурнага характару, заснаваны на абыгрыванні двух значэнняў дзеяслова-суправаджальніка ляпнуць. Тут на першае значэнне дзеяслова, рэалізаванае пачаткам лексіка-фразе-алагічнага кантэксту (‘сказаць штосьці неўпапад, неабдумана’) імгненна наслойваецца, праз параўнальны зварот, другое значэнне гэтага ж дзеяслова (‘біць, удараць па чым-н. з шумам’).
Ляпнуць як лапцем па цымбалах. Уласна бел. Вельмі недарэчна, нетактоўна (сказаць што-н.). Брахун ты!.. Менціш вот цэлы вечар попусту языком. Ляпаеш як лапцем па цымбалах! (Г. Далідовіч. Гаспадар-камень).
Як і ў папярэднім (сінанімічным) фразеалагізме, яго вобразнасць грунтуецца на эфектыўным, двухсэнсавым выкарыстанні дзеяслова-суправаджальніка ляпнуць.
Як ліпку. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как липку, укр. як липку). Поўнасцю, начыста. Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ як ліпку! (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). Ужываецца з абавязковым прыфразеалагічным словам абдзіраць, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: ‘рабаваць, адбіраць усё’ і ‘здзіраць верхні слой’.
Узнік з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Ліпавае лыка выкарыстоўвалася ў гаспадарцы: з яго плялі лапці, рабілі посуд. Лыка з ліпы вельмі чыста і гладка абдзіралася.
Як лунь сівы, белы. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім (сівы). Гасцей сустракае начальнік штаба злучэння Багун, маленькі, мітуслівы, увесь як лунь сівы (І.Навуменка. Асеннія мелодыі).
Узнік з параўнальнага звароту. Лунь — драпежная птушка з шаравата-белым апярэннем. У палявога дарослага луня пер’е зверху светла-шэрае, a знізу белае.
Як мага. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі хутка, імкліва (бегчы, спяшацца, уцякаць і пад.)’, ‘у найвышэйшай ступені (рабіць што-н.)’ і ‘наколькі магчыма, па магчымасці (хутчэй, больш, менш, далей і пад.)’. Маленькі нядошлы конік, прыціснуўшы вушы і цягнучы за сабою ўчарнелы сноп, ад удараў гарапніка як мага ўцякаў y сасоннік (М. Лобан. На парозе будучыні). Стараліся ўвесь мінулы месяц як мага (К. Чорны. Броня Казакевіч). Трэба было навучыцца як мага болей пратрымацца пад вадой (Я. Маўр. Слёзы Тубі).
Кампанент мага, неўжывальны па-за межамі гэтага фразеалагізма, з’яўляецца ўтварэннем ад дзеяслова магчы. Гэта — перажыткавая форма кароткага дзеепрыметніка незалежнага стану цяперашняга часу ў назоўным скл. мужч. р. адз. л.
Як Мамай прайшоў дзе. Паўкалька з руск. м. (как Мамай прошел), Дзе-н. поўны беспарадак, неразбярыха. A na хаце як Мамай прайшоў Усё раскідана, усё не на сваім месцы, брудныя лужыны вады на падлозе, гразныя вёдры, венікі, палавікі (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).
Утвораны з параўнальнага звароту, звязанага з гістарычнай падзеяй — апусташальным нашэсцем на Русь y XIV ст. татар пад кіраўніцтвам хана Мамая.
Як манны нябеснай. Агульны для ўсходнесл., польск. і чэшск. м. Ужыв. пры дзеяслове чакаць і абазначае ‘з нецярпеннем’. Ураджай — справа такая: яго трэба зрабіць. Ён не прыходзіць да тых, хто яго чакае склаўшы рукі, як манны нябеснае (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Склаўся на базе біблейскага аповеду (Ісход, 16,14–16,31): «Сыны Ізраілевы елі манну 40 гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю запаветную»; манну, калі іудзеі ішлі пустыняй, кожную раніцу нібыта пасылаў з неба Бог.
Як Марка па пекле. Агульны для бел. і ўкр. м. Бесперастанку (рухацца, блукаць, часам без толку). A што ж вы, разумныя?.. Таўпехаецеся як Марка па пекле… і больш нічога (Я. Купала. Раскіданае гняздо).
Выраз склаўся на аснове легенды пра Марку Пякельнага (занатавана ў 2-м томе «Матэрыялаў…» П. В. Шэйна; 1893). У ёй расказваецца, як сялянскі хлопец Марка многа дзён едзе па пекле на кані і ўвесь час са шкадаваннем і болем назірае, якія розныя пакуты церпяць грэшнікі, але нічым не можа ім дапамагчы.
Як Марку па пекле ганяць. Агульны для бел. і ўкр. м. З аднаго месца ў другое, y розных напрамках. Праца ў газеце ганяла як Maрку па пекле з калгаса ў калгас, з раёна ў раён… Для творчасці сапраўднай, якой Антон лічыў мастацкую літаратуру, — аставаліся выхадныя дні ды ночы (Б. Сачанка. Дарога ў Хатынь).
Склаўся (як і выраз як Марка па пекле хадзіць, блукаць, сноўдацца і пад.) на аснове той самай легенды пра Марку Пякельнага, які на працягу многіх дзён мусіў ездзіць па пекле ў розных напрамках з аднаго месца ў другое.
Як мыла з’еў (з’еўшы). Агульны для бел. і ўкр. (як мила з’ів) м. З незадаволеным, кіслым выглядам, y дрэнным настроі. Гаспадыня бразнула дзвярамі, a Журавінка з двара пайшоў як мыла з’еўшы (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Спроба І.І.Насовіча вытлумачыць паходжанне фразеалагізма сувяззю паміж словамі мыла і абмыліцца, памыліцца наўрад ці пераканальная. У параўнальным звароце, які стаў фразеалагізмам, мелася на ўвазе, відаць, не мыла, a мыльная трава (параўн. y рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі»: «— Тады як хочаце, — разгублена паціснуў плячамі Раман Сёмачкін і, нібыта наеўшыся якой мыльнай травы, падаўся да Рахіма)». Мыла — народная назва некаторых раслін; напрыклад, мыльнік (Saponaria) называюць мылам, сабачым мылам, увярэднік (Pedicularis) — мылам, зязюльчыным мылам. Калі карова з’есць такога мыла, то, як засведчана ў даведніках па ветэрынарыі, становіцца вялая, прыгнечаная: яно дзейнічае на розныя органы, на цэнтральную нервовую сістэму. Выток фразеалагізма — падабенства з’яў.
Як на <гарачым> вуголлі. Відаць, калька з франц. м. (sur des charbons andents). У стане крайняга хвалявання, непакою, трывогі і пад. (сядзець, стаяць і інш.). Увесь апошні дзень Сцяпан правёў як на гарачым вуголлі і, можа, дарэмна не ўстрымаўся, даў волю нервам (В. Карамазаў. Бярозавыя венікі).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання.
Як на дзяды. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) выдатна, уволю (наесціся, пад’есці), 2) чаго, вельмі многа (пра яду). [Скіба: ] Ну як, таварыш Бадыль, накармілі вас? [Дзед Бадыль: ] Дзякую. Наеўся як на дзяды (К. Крапіва. Партызаны). Хоць любіў Сцёпка, каб яды было як на дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю (Ядвігін Ш. Зарабіў).
Дзяды — старадаўняе памінанне нябожчыкаў, a таксама дзень, калі адбываўся гэты абрад. На дзяды гатавалася сем — дзесяць страў (куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса і інш.). Пасля малення гаспадар выходзіў з хаты і заклікаў на вячэру «дзядоў»-нябожчыкаў. Сям’я ела з перапынкамі, кладучы час ад часу лыжкі на стол, каб імі сімвалічна маглі пакарыстацца «дзяды». На іх долю яшчэ адлівалі і адкладвалі ад кожнай стравы ў асобны посуд. Пасля вячэры не прыбіралі са стала: пакідалі нібыта для нябожчыкаў. Як на дзяды — водгалас памінальнага абраду.
Як на дражджах расці Агульны амаль для ўсіх слав. м. Вельмі хутка і добра. — Павел Іванавіч, проса на Топалі не праполана. A проса добрае. — Усё расце як на дражджах, a людзей не хапае (І.Шамякін. Крыніцы).
Выраз успрымаецца як матываваны — праз супастаўленне з уздзеяннем дражджэй пры пячэнні хлебных вырабаў, прыгатаванні піва і г.д.
Як на духу. Агульны для ўсходнесл. м. Шчыра, не ўтойваючы. Урэшце, калі гаварыць як на духу, то мала хто з разумных людзей верыў y тое, што пісалі апошні раз пра яе… (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).
Узнік як параўнальны зварот на аснове спалучэнняў быць на духу, пайсці на дух, дзе дух абазначае ‘споведзь, раскаянне ў грахах’.
Як на іголках. Калька з ням. м. (wie auf Nadeln; параўн. y франц.: être sur des epines — быць на калючках). Ужыв. пры дзеясловах быць, сядзець, абазначае ‘вельмі неспакойна, з хваляваннем’. Яшчэ гадзіну якую сядзела Лена як на іголках, Усё хацела паглядзець, a што там такое у скрутку (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання.
Як на камéнную сцяну (гару). Агульны для ўсходнесл. м. Поўнасцю, цалкам (спадзявацца, апірацца і пад. на каго-н.). Покі што ў мяне ёсць тры асобы, сяляне, і адзін з іх чалавек вельмі сур’ёзны. На яго можна палажыцца як на каменную сцяну (Я. Колас. На ростанях).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым звычаем будаваць вакол гарадоў і манастыроў камекныя сцены з мэтай, абароны ад непрыяцеля.
Зажываць, загойвацца як на сабаку. Агульны для бел. і ўкр. (як на собаці) м. Даволі хутка і без якіх-н. ускладненняў. — Нідзе болю не чую. — Дзіва што, на маладым зажывае як на сабаку, — не ўтрываў і сказаўся Якшук (В. Адамчык. I скажа той, хто народзіцца).
Узнік з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Рана на сабаку сапраўды загойваецца вельмі хутка, бо ён залізвае яе, a таксама ўмее знайсці ў лесе, на сенажаці патрэбныя лекавыя расліны.
Як неба ад зямлі адрозніваецца. Відаць, паўкалька з царк. — слав. м. Вельмі моцна, рэзка (адрозніваецца хто-н. ад каго-н., што-н. ад чаго-н.). Далей ідзе арыстакратычнае мястэчка. Ад свайго сярмяжнага суседа мястэчка адрозніваецца як неба ад зямлі (А. Васілевіч. Новы свет).
Выток фразеалагізма — Біблія. У ёй (Ісаія, 58,9) Бог звяртаецца да свайго народа: «… якоже отстоит небо от земли, тако отстоит путь мой от путий ваших».
Як не свой (свая, сваё, свае). Агульны для бел. і ўкр. м, Моцна ўсхваляваны, y стане разгубленасці, роспачы, адчаю (быць, хадзіць, ісці, стаяць і пад.). Цераз тыдзень надыдуць тыя дзянёчкі, калі трэба пакінуць вёску. A тады — іншае жыццё пачнецца. Як не свой хадзіў гэтыя дні Цімка (В. Каваль. Жніво).
Склаўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма сам не свой (гл.), замацаваўшыся ў форме кампаратыўнага звароту.
Сядзець як (нібы, бы) на карове сядло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как на корове седло, укр. як на корові сідло). Нязграбна, дрэнна, не аблягаючы цела (пра адзенне). Дарагія гарнітуры хлопцаў сядзелі на іх як на карове сядло, ціснулі пад пахаю, мулялі ў грудзях (У. Караткевіч. Чазенія).
Відаць, склаўся пад уплывам лац. выразу clitellae bovi impositae sunt (літаральна «сядло карове надзета»).
Як (нібы, быццам) камень з плеч (плячэй) зваліўся (скаціўся) y каго. Агульны для бел. і ўкр. (як камінь з пліч спав) м. Хто-н. адчуў поўную душэўную палёгку, пазбавіўшыся клопатаў, напружання. У разважлівага Бруя як бы камень з плеч скаціўся (Я. Колас. Дрыгва). Сказаў так — і пайшоў. A ў мяне быццам камень з плячэй зваліўся (Настаўн. газ. 16.01.1980).
Утварыўся кантамінаваннем, аб’яднаннем частак двух фразеалагізмаў-сінонімаў y адзін: як гара з плеч звалілася + камень з сэрца спаў (скаціўся).
Як нітка за іголкай. Уласна бел. Неразлучна (ісці, цягнуцца і пад.). —A што мне думаць! Далей ты за мяне будзеш думаць. A я… Куды ты — туды і я. Як нітка за іголкай (І.Шамякін. Не той гонар).
Утварыўся на вобразнай аснове прыказкі Куды іголка, туды і нітка, якой характарызуюць непарыўныя сувязі паміж кім-н.
Як ні ў чым не бывала. Паўкалька з руск. м. (как ни в чем не бывало). Быццам нічога не здарылася. На другі дзень як ні ў чым не бывала, вясёлая, у якой-небудзь кофтачцы ці хусцінцы, яна ішла ўжо ў гурце жанчын на сенажаць ці на поле (М. Ракітны. Авяр’ян).
Выраз узнік з былога даданага сказа, y якім апошні кампанент свабодна рэалізаваў свае родавыя формы, уступаючы ў сувязь дапасавання з дзейнікам. Напрыклад, яшчэ на пачатку XIX ст. выраз быў матываваны, a яго дзеяслоўны кампанент, як паказвае В.У.Вінаградаў, меў не толькі форму н. р. прошлага часу: «Князь Фольгін, як быццам ні ў чым не бываў, таксама жартаваў».
Якога ражна. Агульны для бел. і руск. (какого рожна) м. Ужыв. са значэннямі: 1) чаму, для чаго, з якой мэтай (робіць хто-н. што-н.), 2) чаго (трэба, не хапае каму-н.). Якога ражна ты да мяне прыходзіў? (МЛобан. Шэметы). Спытайся ў яго na-нямецку, чаго яны супраць нас вайной ідуць, якога ражна ім трэба (А. Карпюк. Па кветку шчасця).
Мог узнікнуць шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізмаў якога ліха, якога хрэна, якога чорта. Словам ражон даўней называлі востры кол, які выкарыстоўвалі на паляванні. 3 ім хадзілі на мядзведзя. Звычайна некалькі такіх ражноў пахіла ўкопвалі ў зямлю і гналі на іх звера.
Як ойча наш ведаць, запомніць і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как отче наш, укр. як отче наш). Вельмі добра, цвёрда. — Лаянку яго мы на памяць ведаем. — Як ойча наш… (І.Дуброўскі. Зямныя вузлы).
Паходзіць з параўнальнага звароту, y якім ойча наш — пачатак адной з асноўных малітваў.
Адзін (адна, адно) як палец. Агульны для бел., укр. (як палець) і польск. (sam jak раlес) м. Ужыв. са значэннямі ‘зусім (адзін), без сям’і’ і ‘у поўнай адзіноце’. Сірата я круглая: ані бацькі, ані маткі, ані жонкі — адзін як палец на свеце (Цётка. Зваротлівы). Кувель жыў у кузні, жыў адзін як палец (В. Праскураў. Рута-мята).
Склаўся на аснове фразеалагізма як перст з заменай устарэлага слова-кампанента перст (гл. як перст).
Як папа Карла рабіць, працаваць. Паўкалька з руск. м. (как папа Карла). Напружана, высільваючыся. У кожнага свой лёс. Я ў свой час рабіў як nana Карла… Цяпер бачу, што многія мае равеснікі паспіваліся, а я хоць чагосьці, але дасягнуў y гэтым жыцці (М. Рандзюк. Хоць чагосьці дасягнуў…).
Склаўся пад уплывам аповесці-казкі А. Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» (1935) і тэлевізійнага фільма па гэтай аповесці.
Адзін (адна, адно) як перст. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как перст, укр. як перст). Ужыв. са значэннямі ‘зусім (адзін), без сям’і’ і ‘у поўнай адзіноце’. Як перст ён [Мікіта] адзін, небарака… (Я. Колас. Суд у лесе). Зараз зіма, холадна, яна адна ў пустой няпаленай кватэры. Адна як перст (А. Наварыч. Месячнай ноччу).
Узнік з параўнальнага звароту, дзе перст—устарэлая назва вялікага пальца рукі, які стаіць асабняком ад іншых чатырох пальцаў адкрытай далоні, што і стала асновай параўнання.
Як піліп з канапель. Запазыч. з польск. м. (jak filip z konopi). Зусім нечакана, знянацку, раптоўна (выскачыць, з’явіцца). [Язва: ] Прашу слова для нечарговай заявы. [Галасы: ] Як гэта бястактна! — Хто ён такі? — Выскачыў як піліп з канапель (К. Крапіва. Мілы чалавек).
Часам узнікненне фразеалагізма звязваюць, услед за П. Шпілеўскім, з легендай: аднойчы на сейміку магната Радзівіла нечакана і недарзчна выказаўся шляхціц Піліп з Канапель (так называўся засценак на Чэрвеньшчыне) і быў востра абсмеяны. Больш пераканальным варта лічыць наступнае меркаванне. У польск. м. слова filip і сёння — другая, народная назва зайца. Выраз склаўся ў асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль. Забыццё першапачатковай вобразнасці прывяло да пераасэнсавання слова піліп, якое нярэдка ўспрымаецца як уласнае імя і беспадстаўна пішацца з вялікай літары. I ў ТСБМ (т. 2, с. 616) чытаем: як Піліп з канапель. Узнікшы як параўнальны зварот, выраз ужываецда з абавязковым прыфразеалагічным словам выскачыць, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: ‘выбегчы’ і ‘недарэчна ўмяшацца ў што-н.’.
Як піць даць. Паўкалька з руск. м. (как пить дать). Абавязкова, бясспрэчна. Звядуць яго з пуці. Гэта ўжо як піць даць (К. Крапіва. З народам).
У некаторых працах гэты выраз кваліфікуецца як агульны для ўсходнесл. м. Аднак больш лагічна лічыць яго рускім паводле паходжання. Застылы ў інфінітыўнай форме кампанент даць раней спрагаўся, дапасоўваючыся да суб’екта дзеяння (они как пить дадут, он как пить даст і г.д.). Як адзначаецца ў літаратуры, сучаснае значэнне і форма звароту как пить дать склаліся ўжо к сярэдзіне XIX ст. Можна пагадзіцца з мерканваннем М.С. і М. Г. Ашукіных, што першаснае значэнне звароту было «как дать пить яд, действие которого несомненно». У пацвярджэнне аўтары даюць прыклады з мастацкіх тэкстаў, апублікаваных y 1830-х гадах.
Спаць як пшаніцу (пяньку) прадаўшы. Уласна бел. Вельмі моцна. — A Колік яшчэ спіць, — гаварыў Лапінка, — як пшаніцу прадаушы, ні аб чым галава не баліць… (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).
Абагульнена-вобразнае значэнне фразеалагізма не вынікае непасрэдна з параўнання як пшаніцу прадаўшы, калі не мець на ўвазе і падтэкст — намёк на барыш пасля продажу пшаніцы. У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча выраз пададзены ў форме як пяньку прадаўшы з такім тлумачэннем: «Кажуць пра таго, хто моцна спіць, як бы, прадаўшы пяньку, выпіў на барышах». У сучаснай літаратурнай мове гэты фразеалагізм рэалізуецца з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: як пшаніцу (пяньку, проса, муку, лыка) прадаўшы. Відаць, напачатку ў якой-н. мясцовасці склаўся адзін з гэтых варыянтаў. Перанёсшыся ў іншую мясцовасць, дзе пашыраным прадметам гандлю была не пшаніца ці пянька, a мука, лыка, проса, фразеалагізм адпаведным чынам пераафармляўся. Так паступова развіваўся варыянтны рад.
Патрэбна як пятае кола ў возе. Агульны для бел., укр. (як п’яте колесо до воза (у возі) іпольск. (jak piate koło u wozu) м, Зусім не, ніколькі не (патрэбны хто-н. ці што-н. каму-н.). Іх бацюшка будзе вянчаць, a не ты, малеча! Патрэбны ты там як пятае кола ў возе! (Л. Ялоўчык. Вясельныя сустрэчы).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на сумяшчэнні несумяшчальных паняццяў (воз і пятае кола ў ім). Гэты акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм, кампаратыўны па форме, склаўся пад уплывам назоўнікавага выразу, аналагічнага па кампанентным складзе, але без кампанента-злучніка «як». Такі фразеалагізм са значэннем ‘лішні, непатрэбны чалавек’ бытуе ў шмат якіх мовах: ням. das fünfte Rad am Wagen (літаральна «пятае кола ў возе»), франц.. une cinquième roue d’un carrosse (літаральна «пятае кола ў карзце»), руск. пятое колесо в телеге, чэшск. páte kolo u vozu i інш.
Як рукой зняло што. Відаць, калька з франц. м. (pter le mal comme avec la main, літаральна «зняць зло як рукой»). Што-н. зусім знікла, прапала, прайшло (пра хваробу, сон, пачуцці, перажыванні). Той узнёслы настрой, з якім Міця ляцеў да даўняга сябра, як рукой зняло (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).
Хутчэй за ўсё, з’яўленне выразу мае сувязь з лячэннем хворага шаптунамі, знахарамі, якія праводзілі па балючым месцы рукой.
Патрэбны, трэба як рыбе парасон. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Думаеш, патрэбен ты ёй? Думаеш, пойдзе яна за цябе? Як рыбе парасон ты ёй патрэбен! (У. Мехаў. Важны сваяк).
Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, y аснове якога нерэальны вобраз, пабудаваны на спалучэнні прадметна-лагічна неспалучальных слоў.
Як сабак нярэзаных каго. Паўкалька з руск. м. (как собак нерезаных). Вельмі многа. Я чуў, што калісьці і ў нашай вёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных (І.Сяркоў. Мы з Санькам у тыле ворага).
У руск. м., як засведчана У.І.Далем, быў назоўнік нерезь са значэннем ‘некастрыраваны кныр, самец свойскай свінні’ (параўн. беларускае, блізкае гучаннем кнораз). Лёгка зразумець каламбурны характар фразеалагізма як сабак нярэзаных, калі мець на ўвазе, што ў ім прыметнік нярэзаны, утвораны ад названага назоўніка, спалучаецца са словам сабака (сабак ніхто не пакладае, не лягчае). Першапачатковае значэнне выразу — ‘як сабак на сабачым вяселлі’.
Патрэбны, трэба як сабаку пятая нага. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Сідар адклаў лыжку і засмучана паглядзеў y акно. — Трэба мне гэтая служба як сабаку пятая нага (І.Навуменка. Сідар і Гараська).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на спалучэнні слоў, якія прадметна-лагічна не спалучаюцца.
Глядзець, берагчы і пад. як <сваё> вока. Агульны для бел. і ўкр. м. Вельмі старанна, клапатліва. Хто яго ведае, ці пабачымся больш. Беражы Сяргейку як сваё вока (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).
Узнік, відаць, пад уплывам сэнсава тоескага фразеалагізма як зрэнку вока (гл.) — паўкалькі з царк. — слав. м.
Як свет светам. Агульны для бел., укр. (як світ світом) і польск. (jak świat światem) м. Ужыв. са значэннямі ‘заўсёды, спрадвечна, усё жыццё’ і ‘ніколі’. Ні я, ні ён, ніхто не можа ведаць, што заўтра можа быць. Гэта як свет светам, гэта заўсёды так, і ніхто гэтага не перайначыў (К. Чорны. Зямля). Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара… (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).
Склаўся ў выніку скарачэння выразу больш поўнай формы — з дзеяслоўным кампанентам: як свет светам стаў (стаіць). Параўн. y Цёткі: «Як свет светам япгчэ стаў, такой песні не слухаў…»
Ідзе, падыходзіць як свінні сядло. Уласна бел. Зусім не (падыходзіць каму-н. што-н.). Гаворыць абы-што, а яшчэ ў капелюшы! Ідзе ён табе як свінні сядло! (М. Ваданосаў. Стары пятак).
Відаць, склаўся на аснове фразеалагізма (сядзець) як (нібы, бы) на карове сядло (гл.).
Як селядцоў y бочцы ў чым. Агульны для бел., руск. (как сельдей в бочке) і ўкр. (як оселедців y бочці) м. У вялікай колькасці. Пра мноства людзей у якім-н. месцы (у памяшканні, вагоне і пад.). Пасажыраў было ў вагоне як селядцоў y бочцы (І.Новікаў. Ачышчэнне).
Выраз усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання.
Як серада на пятніцу крывіцца, касіцца. Уласна бел. 3 вялікім незадавальненнем, болем і пад. — Чаго скрывіўся як серада на пятніуу? — сумеўся Міця. — Нядобрыцца ці што? (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына)..
Сучасніку ўжо невядома, чаму ў выразе як серада на пятніцy іменна гэтыя дні абралі для параўнання, тады як яшчэ на пачатку XX ст. выраз не быў загадкавы, бо звязваўся з поснымі днямі, устаноўленымі царквой. Есці мясное і малочнае забаранялася не толькі ў naсты, але і ў сераду і пятніцу амаль кожнага тыдня. Выходзіла, што і ў сераду чалавек не пад’еў як след, a тут на носе такая ж «сухая» пятніца. Адсюль і параўнанне: скрывіўся, як серада на пятніцу. Пры вытлумачэнні паходжання гэтага выразу трэба, відаць, улічваць і тое, што ў пятніцу пасцілі больш строга, чым у сераду (параўн. y п’есе Я. Купалы «Прымакі»: мокрая серада, сухая пятніца); таму серада мела падставы крыўдаваць, крывіцца на пятніцу. 3 гэтымі поснымі днямі звязана ўзнікненне і такіх зваротаў: зморшчыўся, як сухая пятніца; не бяда, што без рыбы серада.
Лупіць, лупцаваць і пад. як сідараву казу. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі жорстка, бязлітасна. І зноў Хрысціну ахапіла злосць на дачку. Здаецца, каб магла, адлупцавала б як сідараву казу (А. Асіпенка. Рэха даўніх падзей).
Узнік, паводле В. М. Макіенкі, на аснове старажытнага ўстойлівага параўнання біць, як казу, вядомага ў некаторых іншых мовах (напрыклад, y латышскай мове: pert ka kaiminu azi, літаральна «біць як суседскую казу»). Супастаўленне з казой грунтавалася на тым, што гэту жывёліну часта білі за патраву. Прыметнікавы кампанент у фразеалагізме мае сувязь з імем Сідара, якое ў шматлікіх прыказках ужываецца з адмоўнай характарыстыкай сварлівага і задзірлівага суседа.
Як скрозь зямлю праваліўся (-лася, — ліся). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как сквозь землю провалился, укр. як крізь землю провалився). Нечакана прапаў, знік так, што не знойдзеш. Я падаваў Сцяпану то жардзіну, то цвік. A сам на вуліцу пазіраў: ці не пакажуцца Зміцёрка з Максімкам. Як скрозь зямлю праваліліся! (І.Аношкін. Компас паказвае на захад).
Утвораны, відаць, на аснове фразеалагізма (гатоў і інш.) праваліцца скрозь зямлю (гл.) — калькі з грэч. м.
Як скурат на агні. Уласна бел. Ужыв. са знач. ‘празмерна, залішне (выкручвацца)’ і ‘бесперастанку (круціцца)’. Пацеры ці згаварыла, што так выкручваешся як скурат на агні? (Я. Купала. Прымакі). Не мог мне Павел нічога памагчы. Летам, праўда; трохі тупаў, дзяцей глядзеў. A я круцілася як скурат на агні — і ў калгас, і на базар, і людзей наймаць, і расплачвацца з імі… (П.Місько. Васіліна).
У абодвух значэннях вобразнасць фразеалагізма, што ўзнік як параўнальны зварот, грунтуецца на эфектыўным, двухсэнсавым выкарыстанні дзеясловаў-суправаджальнікаў: выкручвацца — ‘рухацца, звіваючыся, скручваючыся’ і ‘паварочваючыся, прыхарошвацца’; круціцца — ‘рухацца, звіваючыся, скручваючыся’ і ‘быць у пастаянным клопаце’.
Як след. Агульны для бел. і ўкр. (як слід) м. Належным чынам; так, як і трэба (рабіць, зрабіць што-н.). — Гэты гаворыць як след, — сказаў Каленік у яго другі нумар. Каленік кіўнуў галавой (П. Галавач. Яны не пройдуць).
Слова след, як засведчана ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіча, ужывалася і са значэннем ‘трэба, патрэбна’. 3 такім жа значэннем слова слід выкарыстоўваецца ў сучаснай укр. літаратурнай мове. Зрэдку сустракаецца і ў сучасных беларускіх тэкстах, часцей у спалучэнні з адмоўем не: «Пытаюць каму след і каму не след» (Х. Шынклер).
Як слова сказаць. Уласна бел. Вельмі хутка (рабіць, зрабіць што-н.). Як слова сказаць падбягае да майго каня нейкі чорны, хударлявы, малады яшчэ хлопец, чыста ў крамнае адзеты (Ядвігін Ш. Чортава ласка).
Паходзіць з параўнальнага звароту, заснаванага на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Прыстаць як сляпы да плота. Уласна бел. Неадчэпна, дакучліва. — І то праўда, — хуценька згадзіўся Камароўскі. — Прыстаў са сваім частаваннем як сляпы да плота (А. Капусцін. Скажу праўду).
Паходзіць з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Выраз ужываецца з абавязковым дзеясловам-суправаджальнікам, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: зыходнае ‘шчыльна прымацавацца’ і вытворна-прамое 'назойліва прасіць аб чым-н.’.
Як старой бабе сесці чаго. Уласна бел. Вельмі мала (звычайна пра зямлю). Дый курыцу ўжо за адным махам навязвай. A дзе ж я гэта ўсё панавязваю, калі зямлі ў мяне як старой бабе сесці? (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Паходзіць з параўнальнага звароту, заснаванага на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Як тапелец за саломінку. Уласна бел. Як за апошні выратавальны сродак (хапацца, хапіцца, ухапіцца і пад.). Косцік схапіўся за сваю міжвольную смеласць як тапелец за саломінку. Кожная хвіліна вырашала яго лёс (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).
Паходзіць з прыказкі Тапелец за саломінку хапаецца.
Як у аптэцы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі дакладна’ і ‘вельмі дакладны’. He, mym як у аптэцы, на сорак сем капеек і ні паўгроша болей (М. Лынькоў. Кларнет). — Я разлічыў: без чвэрці шэсць устаноўка будзе спынена. — Разлік дакладны? — Як у аптэцы (Л. Нейфах. Мяжа магчымага).
Узнік з параўнальнага звароту, звязанага з вельмі дакладным узважваннем у аптэцы састаўных частак лякарства.
Як у ваду глядзеў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как в воду глядел, укр. як у воду дивився). Угадаў, нібы прадбачыў, нібы загадзя ведаў Яечкаў колькі зберагла. Нібы ведала… Раптам, думаю, госць які з ’явіцца. І на табе, як у ваду глядзела, — з’явіўся (І.Мележ. Завеі, снежань).
Этымалагічна выраз звязаны з былой верай у чараўніцтва, калі варажбітка, паглядаючы ў пасудзіну з вадой, «угадвала», што было ў чыімсьці жыцці раней, і прарочыла будучы лёс. Вада была нібыта не звычайная, a «жывая». Відаць, фразеалагізм раней меў больш поўную форму як у жывую ваду глядзеў a затым вызваліўся ад сэнсаўтваральнага кампанента. У сучаснай мове поўная форма фразеалагізма — рэдкі выпадак: «I во такі спаўняецца маё прароцтва — як у жывую ваду глядзела!..» (А. Карпюк).
Як у ваду кануў. Усходнесл. Нечакана прапаў, бясследна знік. Шкода толькі, сынок яго, Казік, сабака кручаны, як у ваду кануў. A па ім асіна даўно плача. Ён самы вараціла (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).
Паходзіць з параўнальнага звароту пры дзеясловах прапаў, знік, які захоўвае свае параўнальныя адносіны і выступае як аднародна-ўдакладняльная адзінка: «Андрэй знік, як у ваду кануў» (Л. Арабей). Ужываючыся без дзеясловаў знік, прапаў, выраз набыў цэласнае значэнне. Агульнаславянскае слова кануў абазначае тое ж, што і пазнейшае, утворанае на яго аснове капнуў, г. зн. ‘упаў капляй’. Адсюль першапачатковае значэнне параўнальнага звароту — ‘як у ваду ўпаў капляй, бясследна зліўшыся з астатняй вадой’.
Як укопаны. Паўкалька з руск. м. (как вкопанный). Ужываецца з прыфразеалагічным словам стаяць і абазначае ‘нерухома’. Дзяцей, дзяцей на аселіцу адвядзі… Што стала як укопаная… (І.Пташнікаў. Тартак).
Этымалагічнай асновай фразеалагізма было пакаранне ў Расіі XVII ст. — закопванне жывых у зямлю. Злачынца, абвінавачанага ў забойстве, ставілі ў яму і закопвалі да самай галавы. У такім стане ён і паміраў на другі ці трэці дзень. Узнікшы са свабоднага словазлучэння як укопаны ў зямлю, фразеалагізм скараціўся. Яго першапачатковая вобразнасць даўно ўжо пацьмянела, a таму спараджае іншыя асацыяцыі (напрыклад, y паэме «Адплата» Я. Коласа:…стаіць, нібы ўкопаны слуп).
У даўгу як у шаўку. Паўкалька з руск. м. (в долгу как в шелку). Звыш усякай меры. Далікатны намёк на мой доўг закрануў мяне за жывое. Нядобра, калі чалавек у даўгу як у шаўку (А. Якімовіч. З франтавых запісаў).
У гэтым рыфмаваным комплексе (спалучэнне + фразеалагізм) наўрад ці варта шукаць якія-небудзь лексіка-семантычныя і лагічна-сінтаксічныя сувязі, апрача падгонкі пад гукавую сіметрыю гэтых дзвюх з’яў, y пэўнай ступені як бы супрацьпастаўленых: «непрыемнае» (у даўгу) і «прыемнае» (як у шаўку). Такіх рыфмаваных комплексаў, непадзельных і марфалагічна нязменных, шмат: турбот повен рот, муж аб’еўся груш, з’явіўся не запыліўся, не купіш за кукіш і інш. Фразеалагізм як у шаўку выкарыстоўваецца і ў форме як у шаўках, калі гэтага вымагае папярэдняе спалучэнне ў даўгах: «Вечна Васіль рублі лічыць, y даўгах як у шаўках» (І.Капыловіч).
Круціцца як уюн на гарачай патэльні (скаварадзе). Уласна бел. Бесперастанку і не знаходзячы выйсця з цяжкіх абставін. A ты ж не ведаеш, што няшчасце ўбіла мяне і на кароўнік. Як уюн на гарачай скаварадзе буду круціцца…(П.Місько. Градабой).
Узнікшы як параўнальны зварот, выраз ужываецца з абавязковым дзеясловам-суправаджальнікам круціцца, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: зыходнае і адзіна лагічнае ў дачыненні да ўюна ‘рухацца, звіваючыся, скручваючыся’ і яшчэ якое-небудзь са значэнняў гэтага мнагазначнага слова (‘быць у пастаянным клопаце’, ‘выкручваючыся, хітрыць’ і інш.).
Як фенікс з попелу. Паўкалька з ням, м. (wie Phönix aus der Asche). Ужыв. як сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння. Як фенікс з попелаў [вольны дух] узносіцца з канаў, на дно якіх яго спіхаюць цемраў зверы (Я. Купала. Чаму?).
Склаўся на аснове міфа, які ўзнік y старажытнай Аравіі і быў вядомы таксама егіпцянам і грэкам. Паводле міфа, свяшчэнная птушка фенікс, арол з вогненна-залацістым апярэннем, праз кожныя пяцьсот гадоў прылятае ў егіпецкі храм бога сонца, дзе яе спальваюць і яна зноў адраджаецца з попелу.
Як чорт ад ладану. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как черт от ладана, укр, як чорт від ладану). Усімі сродкамі, як толькі можна (пазбаўляцца, адмахвацца, уцякаць і пад. ад каго-, чаго-н.). [Гурман] на просты харч глядзець не можа нават — іблізка не паднось! Як чорт ад адану ён верне нос… (Э. Валасевіч. Гурман).
Этымалагічная аснова фразеалагізма тая самая, што і ў выразе як чорт ладану (гл.).
Як чорт ладану. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как черт ладана, укр. як чорт ладану). Вельмі моцна (баяцца каго-, чаго-н.). Чыноўнік той, y каго з ’яўляюцца… зноў паўтараю… нават не думкі, думак ён баіцца як чорт ладану, а перажыванні, эмоцыі мешчаніна (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).
Паходзіць з параўнальнага звароту, y аснове якога рэлігійныя ўяўленні: чорт спакушае ка благія ўчынкі і баіцца толькі крыжа і ладану — духмянай смалы для абкурвання ў царкве пры набажэнстве.
Як чорт панёс каго, што. Уласна бел. Хто-н. ці што-н. вельмі хутка памчаўся (памчалася). Каровы рванулі праз сенажаць да рэчкі: мучыць смага, бо паспелі нахапацца хутаранцавай канюшыны, a цяляты — тых як чорт панёс (Ф. Янкоўскі. Сны мае).
Паходзіць з прыказкі Баба з калёс, a калёсы як чорт панёс. «Абломак» прыказкі ўпершыню як фразеалагізм ужыты ў байцы К. Крапівы «Дзед і Баба» (1925), сюжэт якой пабудаваны на аснове гэтай прыказкі з выкарыстакнем яе вобразнасці і асобных элементаў: Потым — гоп яна з калёс, села ля дарогі, a каня як чорт панёс, — дзе ўзяліся й ногі!
Як швед пад Палтавай. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как швед под Полтавой, укр. як швед під Полтавою). Зусім, канчаткова (прапасці, праваліцца і пад.). Ну, Мікола, лічы, прапаў ты цяпер як швед пад Палтавай… (А. Махнач. За вушка ды на сонейка).
Паходзіць ад гістарычнай падзеі — бітвы паміж расійскімі і шведскімі войскамі, якая была 27 чэрвеня 1709 г. пад Палтавай і закончылася перамогай над шведамі. Фразеалагізм выкарыстаны ў камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча (са значэннем ‘кажуць пра таго, хто прайграўся ці прапіў сваю маёмасць’).
Як (што) босаму разуцца. Уласна бел. Вельмі лёгка, проста, не складае ніякіх цяжкасцей (зрабіць што-н.). Ды якая там, здавалася, небяспека, жылка тоненькая, смеху варта, y вадзе і не бачна яе, парваць яе [карпу] такую што босаму разуцца (В. Казько. Цвіце на Палессі груша).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, сумяшчэнне несумяшчальных паняццяў.
Як (што) костка ў горле каму. Уласна бел. Вялікая перашкода для каго-н., тое, што дапякае каму-н. Стаяў тады ў Крайску паліцэйскі гарнізон. Быў ён нам і вілейскім партызанам што костка ў горле (М. Вышынскі. Па вясну).
Склаўся, відаць, на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле (каму, каго), які абазначае ‘вельмі перашкаджаць, выклікаючы ў каго-н. неспакой, хваляванне, раздражненне і пад.’.
Як (што) сабаку муха для каго, каму. Агульны для бел. і ўкр. (як собаці муха) м. Нічога не значыць для каго-н., зусім не дастаткова каму-н. (пра ежу, пітво). Тая ўчарашняя шклянка самаробкі для Нагніля як сабаку муха (І.Канановіч. Старыя званы).
Паходзіць з параўнальнага звароту, y аснове якога вынік назіранняў за паводзінамі сабакі: ён у летні час, лежачы каля будкі, як бы між іншым, імгненна хапае пралятаючую побач муху, хоць для яго гэта занадта мізэрны наедак. Параўн.: «Рэкс, які на ланцугу… толькі сярдзіта, нягучна пагаўквае на камароў, на ляту хапаючы ды чаўкаючы іх. Гаворыцца: „як сабаку муха“. A тут яшчэ меншая назола» (Я. Брыль).
Як (што) шыла ў мяшку. Агульны для бел. і руск. (шило в мешке) м. Што-н. відавочнае, яўнае, якое нельга ўтаіць, схаваць. Любая, нават мізэрная радасць што шыла ў мяшку. Ну паспрабуй яе схаваць! (П. Палітыка. Свой хлопец).
Паходзіць з прыказкі Шыла ў мяшку не схаваем, сэнс якой ‘немагчыма ўтаіць тое, што само сябе выдае’.
Як шчыгрынавая скура. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как шагреневая кожа, укр. як шагренева шкірка). Прыкметна, адчувальна (скарачацца, звужацца, меншаць і пад.). Чаму настаўніцкі заробак увесь час сціскаецца як шчыгрынавая скура? (А. Куліцкі. Фількава грамата).
Паходзіць, хутчэй за ўсё, ад назвы рамана «Шчыгрынавая скура» (1831) Бальзака. Параўн.: «Скукожылася, скурчылася, усохлася савецхая імперыя, як славутая шчыгрынавая скура Анарэ дэ Бальзака» (У. Крукоўскі).
ВЫКАРЫСТАНАЯ ЛІТАРАТУРА
Аксамітаў A. С. Беларуская фразеалогія. Мн., 1978.
Альперин А. Почему мы так говорим. Барнаул, 1956.
Ашукин Н. С., Ашукина М. Г. Крылатые слова. М., 1966.
Бабкин А. М. Лексикографическая разработка русской фразеологии. М.; Л., 1964.
Бабкин А. М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970.
Бирих А. К., Мокиенко В. М., Степанова Л. Н. Словарь русской фразеологии: Историко-этимологический справочник. СПб., 1998.
Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Гродно, 1895.
Ботвинник М. Г., Коган М. А., Рабинович М. Б., Селецкий Б. П. Мифологический словарь. Л., 1961.
Булатов М. Крылатые слова. М, 1958.
Вартаньян Э. Из жизни слов. М, 1973.
Гвоздарев Ю. А. Рассказы о русской фразеологии. М, 1988.
Жуков В. П., Жуков А. В. Школьный фразеологический словарь русского языка. М, 1989.
Жуков В. П. Русская фразеология. М., 1986.
Иллюстров Н. Н. Жизнь русского народа в его пословицах и поговорках. М., 1915.
Коваль А. П., Коптилов В. В. Крилаті вислови в украïнській літературній мові. Киïв, 1975.
Коваль А. П. Слово про слово. Киïв, 1986.
Колиберская Н. О. О фразеологических кальках с английского в русском языке // Русск. яз. в школе. 1980. № 6.
Колкер Б. Г. Французские фразеологические кальки в русском языке // Русск. яз. в школе. 1968. № 3.
Ляцкий Е. А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. М., 1898.
Максимов С. Крылатые слова. М., 1955.
Медведев Ф. П. Украінська фразеологія. Чому ми так говоримо. Харків, 1978.
Михельсон М. Н. Русская мысль и речь. Свое и чужое. Опыт русской фразеологии. T. 1, 2. СГІб., 1903–1904.
Мокиенко В. М. В глубь поговорки. М., 1975.
Мокиенко В. М. Славянская фразеология. М, 1980.
Мокиенко В. М. Образы русской речи. Л., 1986.
Носович И. И. Словарь белорусского наречия. СПб., 1870.
Носович И. И. Сборник белорусских пословиц // Сборник Отделения русск. яз. и словесности Императ. AH. Т. 12. № 2. СПб., 1874.
Овруцкий Н. О. Крылатые латинские изречения в литературе. Киев, 1964.
Романов Е. Белорусский сборник. Губерния Могилевская. T. 1. Вып. 1 и 2. Киев, 1885.
Сидоренко М. И. Парадигматическне отношения фразеологических единиц в современном русском языке. Л., 1982.
Скрипник Л. Г. Фразеологія україньскої мови. Київ, 1973.
Солодуб Ю. П. Путешествие в мир фразеологии. М, 1981.
Солодуб Ю. П. Русская фразеология как обьект сопоставительного структурно-типологического исследования. М., 1985.
Солодухо Э. М. Вопросы сопоставительного изучения заимствованной фразеологии. Изд-во Казанск. ун-та, 1977.
Солодухо Э. М. Проблемы интернационализации фразеологии. — Изд-во Казанск. ун-та, 1982.
Толстой Н. И. К реконструкции праславянской фразеологии // Славянское языкознание. VII Международный съезд славистов. М., 1973.
Ужченко В. Д. Народження і життя фразеологізму. Київ, 1988.
Уразов И. Почему мы так говорим // Библиотека «Огонек». 1956. № 25.
Уразов И. Почему мы так говорим // Библиотека «Огонек». 1962. № 47.
Шанский Н. М., Зимин В. Н., Филиппов А. В. Опыт этимологического словаря русской фразеологии. М, 1987.
Шанский Н. М. Фразеология современного русского языка. М., 1969.
Шанский Н. М. В мире слов. М., 1971.
Янкоўскі Ф. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. Мн., 1968.
Янкоўскі Ф. Беларуская мова. Мн., 1976.
Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 4. Warszawa, 1935.
Выкарыстоўваліся i іншыя крыніцы. Сярод ix найперш разнастайныя слоўнікі славянскіх, германскіх і раманскіх моў a таксама Біблія.