Ч

Чакаць з мора пагоды. Відаць, паўкалька з руск. м. (ждать у моря погоды). Заставацца ў пасіўным, вымушаным, няпэўна доўгім чаканні каго-, чаго-н. A мой жа яшчэ пад Новы год абяцаўся прыехаць. Чакай з мора пагоды!.. (М. Ракітны. На свята).

Узнікненне фразеалагізма звязваюць з перыядам паруснага флоту, калі даводзілася чакаць добрых для плавання ўмоў.

Чалом біць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (bić czołem) м. Ужыв. са значэннямі: 1) каму> пачціва кланяцца, вітаючы каго-н., 2) каму, пачціва прасіць каго-н., 3) чаму, з глыбокай пачцівасцю ставіцца да чаго-н., вітаючы што-н. Біце ж чалом тром сакалом, маладзіцы! Гэта ж кветкі з свойскай веткі, славянскай зямліцы! (В. Дунін-Марцінкевіч. Верш Навума Прыгаворкі). — Прыйшоў чалом біць,звярнуўся [Сурма] да Кляпца. — Дайце нашым меліяратарам сена накасіць (І.Дуброўскі. На новыя кругі). Над Бесяддзю, у лясной акрузе, сялянскай хаце б’ю чалом (П. Прыходзька. Размова).

Выраз мае ў сваім складзе ўстарэлае слова чало са значэннем ‘лоб’. Узнік y сувязі са звычаем кланяцца пры падачы просьбы або скаргі так нізка, каб чалом (ілбом) даставаць да зямлі, злёгку б’ючы ім аб падлогу ці зямлю. Гэтым самым выказвалі пашану, віталі. Фразеалагізм даволі часта сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад y лістах аршанскага старасты Філона С. Кміты-Чарнабыльскага (XVI ст.), пераважна са значэннем ‘вітаючы, выказваць пашану’: «…покорно и ниско бью чолом пану моему милостивому». У творах В. Дуніна-Марцінкевіча фразеалагізм выкарыстоўваецца і са значэннем ‘прасіць’: «Пара, баш, дзяцей жаніць; яно ўсякі адклад не вельмі ідзе ў лад: пойдам пані чалом біць».

Чамярыца яго ведае. Уласна бел. Невядома. І чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на свеце ўстроена! (Я. Купала. Тутэйшыя).

Утвораны па гатовай мадэлі — на ўзор тых шматлікіх сінанімічных фразеалагізмаў, якія ўжо былі ў мове (чорт яго ведае, ліха яго ведае, трасца яго ведае і г.д.). Чамярыца (або чэмер) — травяністая ядавітая лугавая расліна.

Часам з квасам, a парою з вадою. Агульны для бел. і руск. (часом с квасом, порой с водой) м. Ужыв. пры дзеяслове жыць, радзей— быць і абазначае ‘па-рознаму — сытна і надгаладзь’. Мелі такі-сякі асабісты агарод, з якога жылі часам з квасам, a парою з вадою (В. Якавенка. Акно на плошчу). На франтах было ўсяляк, як гаворыцца, часам з квасам, a парой з вадой (М. Лынькоў. Аб часе, аб сабе).

Фразеалагізм, y якім кампаненты структуры часам… a парой… з’яўляюцца сэнсаўтваральнымі, склаўся ў жывой народнай мове і характарызуецца згусткам сродкаў мастацкай выразнасці. У ім ёсць кампаненты-сінонімы (часам — парою), дзве ўнутраныя рыфмы, свая рытмічнасць у кожнай частцы і антанімічнае супрацьпастаўленне (квасам — вадою). Іншы раз пішуць, што гэты выраз «уласна рускі». Аднак наўрад ці так гэта. Ён занатаваны І.Насовічам, М. Федароўскім, запісаны Я. Чачотам y 1846 г., прыводзіцца ў польскіх слоўніках — з паметай «устарэлы» і ў форме czasem z kwasem, a czasem z wodą. Дарэчы, y такой жа форме выраз знаходзім y апавяданні В. Каваля «Шчасце Сілівея Зязюлі» (1936): «3 таго часу я пайшоў па людзях і ўсё жыццё так і хадзіў — часам з квасам, a часам з вадою». Першы кампанент фразеалагізма (часам) — нарматыўнае міжстылёвае слова ў сучасных літаратурных бел., укр. і польск. м.

Часанне языка. Уласна бел. Пустаслоўе, балбатня. Лазовіку карцела папікнуць: ну-ну, ты па часанню языка не ўступіш любой кабеце,але стрымаўся (В. Блакіт. Шануй імя сваё).

Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма часаць язык, першае значэнне якога — ‘гаварыць упустую, пустасловіць’.

Чорна ў роце ў каго. Гл. <аж> y роце чорна ў каго.

Чорная кошка (прабегла) перабегла паміж кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. черная кошка пробежала, укр. чорна кішка пробігла) ібалг. (минала е черна котка) м, Хто-н. пасварыўся з кім-н. Некалькі дзён таму назад паміж Шэметам і Марозам зноў перабегла чорная кошка (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Выток фразеалагізма — даўняе павер’е: чалавека чакае непрыемнасць, калі яму перабяжыць дарогу чорная кошка.

Чорны воран. Запазыч. з руск. м. Аўтамашына для перавозкі арыштаваных. Аўтух спярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы (В. Быкаў. Жоўты пясочак).

Слова воран y вуснай народнай творчасці і ў мастацкіх тэкстах досыць часта ўжываецца са сталым эпітэтам чорны: «Чорны воран, белы лебедзь — хто адолее з дваіх?» (С. Гаўрусёў); «Не для чорных воранаў песня салаўя!» (Л. Геніюш). Звычайна словазлучэнне чорны воран выклікае негатыўныя экспрэсіўна-ацэначныя асацыяцыі, дадатковае адценне прадвесніка бяды, няшчасця. Відаць, гэта і стала асновай для фразеалагізацыі словазлучэння.

Чорны дзень. Агульны для ўсходнесл. м. Цяжкі, змрочны час для каго-н. Запасы Сымона Чарнюка на «чорны дзень», на «канец свету» запоўнілі хатку дзе-нідзе да самай столі (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

Прыметнікавы кампанент тут выступае як сэнсаўтваральны, ён суадносіцца з такімі перыферыйнымі значэннямі слова чорны, як ‘цяжкі, беспрасветны’ ці ‘звязаны з горам, няшчасцем’. Ды і кампанент дзень захоўвае часавае значэнне, праўда, няпэўнага характару, y сэнсе ‘перыяд, час’. Параўн. y польск. м.: czarna godzina. Аслабленая знітаванасць паміж кампанентамі дапускае ўстаўку азначэнняў паміж імі: «У Куранях ягадамі карміліся, ягады збіралі, сушылі на продаж, на грошы, на чорны зімовы ці веснавы дзень» (І.Мележ).

Чорным па белым. Калька з франц. (noir sur blanc) або ням. (schwarz auf weiß) м. Вельмі дакладна, выразна, зусім пэўна, недвухсэнсава (напісана, сказана, надрукавана і пад.). Там жа чорным па белым напісана, якія трэба даведкі, каб памяняць ваш дакумент (Б. Сачанка. Форма).

Выраз усведамляецца як матываваны, пабудаваны на антанімічным супастаўленні двух слоў.

Чортава акно. Гл. чортава вока.

Чортава вока. Уласна бел. Багністая бяздонная прорва. Дзе толькі льга было прайсці паміж крынічышчаў, там вілася сцежка. Адна ішла паўз самы край «чортавага вока» (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

Раней у народным уяўленні балота было любімым прыстанкам чарцей. Гэта адбілася ў шматлікіх казках і ў такіх, напрыклад, прыказках: Без чорта балота не бывае; Абы балота, чэрці будуць; Чэрці без балота, a балота без чарцей не будзе. Самыя гіблыя мясціны ў балоце называюць царствам чарцей. Тут сустракаецца нямала правалаў, запоўненых смаліста-чорнай вадой. Праз гэтыя «вокны» чэрці нібыта цікуюць за ахвярамі. Таму бяздонная прорва і называецца чортавым вокам ці чортавым акном.

Чортава гібель каго, чаго. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі многа, y вялікай колькасці (пра людзей ці неадушаўлёныя прадметы). A даўней шмат пастоў людзі зналі і вялікіх шэсць тыдняў пасцілі ды дробных пастоў усякіх розных яшчэ была чортава гібель: пятроўка, іспасаўка, піліпаўка ды штотыдня серада з пятніцаю (Л. Калюга. Нядоля Заблоцкіх).

Сэнсаўтваральным тут выступае кампанент гібель, які і ў свабодным ужыванні можа абазначаць ‘вялікая колькасць чаго-н.’. Кампанент чортава выконвае экспрэсіўную функцыю.

Чортава процьма. Уласна бел. Вельмі многа, вялікае мноства. За ўвесь час… было., нагаворана ўсяго-ўсякага чортава процьма (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Назоўнікавы кампанент фразеалагізма — прыставачнае ўтварэнне ад старажытнага лічэбніка цьма, што абазначаў ‘дзесяць тысяч’ (гл. цьма цьмушчая). Прыметнік чортава ў складзе словазлучэння толькі знешне, па наяўнасці суфікса — ав-, паказвае на прыналежнасць, фактычна ж не мае гэтага значэння, a выступае з адмоўным ацэначна-экспрэсіўным адценнем і ўзмацняе сэнс назоўнікавага кампанента.

Чорта лысага. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннем ‘зусім не, гэтаму не бываць’ як выказванне катэгарычнай нязгоды, адмаўлення, пярэчання і ‘ні пры якіх абставінах не (возьмеш, выседзіш і пад.)’. Не, калі ён [Сяргей] ужо выберацца з гэтай завірухі, Тоську нікому не аддасць. Чорта лысага! (М. Кацюшэнка. Адзін рэйс). Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся. Паб’юць, як мышэй (В. Быкаў. Жураўліны крык).

Утварыўся на аснове выразу чорт лысы (гл.), магчыма, пад уплывам фразеалагізма чорта з два, засвоіўшы абодва яго значэнні.

Чортаў тузін. Паўкалька з руск. м. (чертова дюжина). Тузін — гэта ‘дванаццаць’, a чортаў тузін — ‘трынаццаць’. [Андрэй: ] Раз сэрца занята табой, туды не пранікнуць другой. [Жэня: ] Ды ну! У вашых сэрцах і чортаў тузін нашага брата змясціцца можа (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Лічба «трынаццаць», паводле забабонных уяўленняў многіх народаў,— нешчаслівая. Магчыма, гэта ідзе з Евангелля, дзе гаворыцца, як Ісус на вячэры са сваімі дванаццаццю вучнямі сказаў, што адзін з іх здрадзіць яму, выдасць яго. Падобнае знаходзім і ў заходнееўрапейскіх міфах пра трынаццаць фей, адна з якіх ліхая. A ўсё ліхое, як павучае рэлігія, не ад Бога, a ад чорта. Таму «трынаццаць» — чортаў тузін.

Чорт дзяцей калыша каму. Уласна бел. Каму-н. вельмі шанцуе. Корзун лічыў,што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).

Паходзіць з прыказкі Багатаму чорт дзяцей калыша <а беднаму з калыскі выкідае>.

Чорт лысы. Агульны для ўсходнесл. м. Невядома хто. — Ну, ці ж ёсць у цябе розум! Навошта ж было сеч? Каму з гэтага карысць?Чорту лысаму!сказаў Андрэй.Толькі ж чорту… (Я. Колас. Малады дубок).

Сэнсаўтваральную ролю ў гэтым выразе выконвае назоўнікавы кампанент, a прыметнік лысы выступае з узмацняльнай, экспрэсіўнай функцыяй. Такое спалучэнне двух слоў мае сувязь з уяўленнямі пра чорта, якога, пачынаючы са старажытных часоў, малявалі звычайна як істоту, падобную на чалавека, з выцягнутай галавой, лысую, голую, з куртатым хвастом і гусінымі пяткамі.

Чуваць (чутно) як муха пралятае (праляціць). Недакладная калька з франц. м. (on entendrait voler une mouche, літаральна «можна чуць, як ляціць муха»). Надзвычайна ціха дзе-н. Дысцыпліну Варановіч трымаць умее. На яго ўроку чуваць як муха праляціць (І.Навуменка. A немцы ў Парыжы…).

Заснаваны на ўяўнай, патэнцыяльна магчымай сітуацыі.

Чужымі рукамі. Гл. чужымі рукамі жар заграбаць.

Чужымі рукамі жар заграбаць. Агульны для ўсходнесл. м. Карыстацца з карыслівай мэтай вынікамі працы іншых. У сельсавеце былі непарадкі: старшыня — не свой чалавек — любіць чужымі рукамі жар заграбаць (В. Каваль. Ліпы).

Паходзіць з прыказкі Чужымі рукамі добра жар заграбаць (у такой форме яе падае М. Федароўскі; параўн. таксама ў І.Насовіча: Чужымі рукамі толькі жар заграбаць добра). Прыказка вызвалілася ад слова добра, якое тут мае літаральнае значэнне і не ўдзельнічае ў стварэнні яе алегарычнага, пераноснага сэнсу.

У нашай мове, a таксама ў руск., укр. і польск. (cudzymi rękami) м. ёсць яшчэ фразеалагізм чужымі рукамі са значэннем ‘несамастойна, намаганнямі іншых’: «Ён бы з вялікім задавальненнем асвятліў бы гэтым святлом сваю нару. Але каб усё гэта было зроблена чужымі рукамі, так, як калісьці рабіў на Скуратовіча» (К. Чорны). Крыніца фразеалагізма — тая самая прыказка Чужымі рукамі добра жар заграбаць. Выраз — яе «абломак».

Чуць золак. Гл. чуць свет.

Чуць свет. Агульны для ўсходнесл. м. (укр. чуть світ). Вельмі рана, на світанні. Каця вельмі перажывала. Цэлы месяц не вылазіла з фермы; пойдзе чуць свет і вяртаецца позна вечарам (А. Кудравец. У нас вяселле).

Паходзіць са словазлучэння чуць свет настаў, апошні кампанент якога адпаў. 3 аналагічным значэннем ужыв. фразеалагізм чым свет, які ўзнік з раней, чым свет настаў: «А як вы ўбачылі б такога, — злавіць, звязаць — і к нам чым свет» (Я. Купала). Відаць, на аснове чуць свет склаўся ўласна бел. выраз чуць золак. Ён сустракаецца ў паэме «Тарас на Парнасе» («Чуць золак — стрэльбу ён за плечы»), y «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча, y творах М. Чарота, М. Грамыкі, П. Глебкі, некаторых іншых аўтараў.

Чым свет. Гл. чуць свет.

Чым чорт не жартуе! Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чем черт не шутит!,укр. з чим чорт не жартуе!). Ужыв. са значэннем ‘усё можа здарыцца, усякае бывае’ як выказванне дапушчальнасці ці магчымасці чаго-н. непрадбачанага, нечаканага. [Надзя: ] A наконт студэнта ты так і паверыў? [Валодзя: ] У жыцці ўсяк здараецца. Чым чорт не жартуе, думаю сабе (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Паходзіць, відаць, з прыказкі Чым чорт не жартуе, калі бог спіць.

Чын чынам. Агульны для ўсходнесл. м, Так, як трэба, як належыць. Быстроў за Сонцава адказаў: — Усё будзе чын чынам, таварыш гвардыі старшы лейтэнант (І.Мележ. Мінскі напрамак).

Узнікненне выразу ставяць у сувязь з вясельным абрадам. Слова чын раней абазначала ‘устаноўлены парадак выканання чаго-небуцзь’. Гэтым словам называлі таксама свата, сваццю, дружкоў і інш. («вясельныя чыны»). Быў «чын поезда да нявесты», «чын з дома нявесты». Беларускае вяселле Е. Раманаў называў «своеасаблівай операй», дзе ўсё ішло з пэўнай паслядоўнасцю, паважна, «чынна», чын чынам.

Чырвонай ніткай праходзіць. Калька з ням. м. (sich wie ein roter Faden hindurch). Вельмі выразна, ярка (праходзіць). У праекце Прыкладнага Статута сельгасарцелі чырвонай ніткай праходзіць думка аб тым, што кожная гаспадарка абавязана з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваць зямлю (Звязда. 16.11.1969).

Гэты выраз у сучасным, пераносным яго значэнні ўпершыню выкарыстаў Гётэ ў рамане «Роднасныя натуры», адначасова паказаўшы, ад якога канкрэтнага значэння ён ішоў: «Нам давялося чуць, што ў англійскім марскім ведамстве існуе такое правіла: усе снасці каралеўскага флоту, ад самага тоўстага каната да найтанчэйшай вяроўкі, сукаюцца так, каб праз іх, на ўсю даўжыню, праходзіла чырвоная нітка, якую нельга выцягнуць іначай, як распусціўшы ўсё астатняе; так што нават па самым маленькім абрыўку вяроўкі можна пазнаць, што яна належыць англійскай кароне. Якраз гэтак жа і праз увесь дзённік Атыліі цягнеццачырвоная нітка сімпатыі і прыхільнасці, якая ўсё спалучае ў адно і знамянальна для цэлага».

Чырвоны памешчык. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. красный помещик, укр. червоний поміщик). Старшыня калгаса як гаспадар з неабмежаванай уладай. «Чырвоныя памешчыкі» паўсюдна рабілі, што хацелі, ператвараючы падначаленых у паслухмяных балванчыкаў (М. Дзелянкоўскі. Бойся, a то…).

У выразе абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя. Чырвоны суадносіцца з вытворным значэннем ‘звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам’, a памешчык — асацыіруецца па падабенстве з памешчыкам мінулых эпох, землеўладальнікам з неабмежаванай уладай над прыналежнымі яму бяспраўнымі сялянамі.

Чырвоны певень. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. красный петух, укр. червоний півень). Пажар. Мы хацелі сёння ж, y такі ўрачысты час, аддаць твой двор чырвонаму пеўню (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пускаць чырвонага пеўня <каму, куды, дзе> ‘зламысна падпальваць што-н., рабіць пажар’ (гл.).

Чыстай (самай чыстай) вады. Калька з ням. м. (von reinsten Wasser). Сапраўдны, несумненны, дакладны. Таму я і маўчу; хоць гэта была, як тыя людзі кажуць, самай чыстай вады праўда, без ніякай выдумкі і спецыяльнай апрацоўкі (У. Ляўданскі. На прывале).

Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім ювеліры называюць зусім бясколерныя і празрыстыя, як чыстая вада, брыльянты, алмазы і іншыя каштоўныя камяні.

Чытаць (прачытаць) паміж радкоў <што>. Ужыв. амаль ва ўсіх еўрапейскіх м. Магчыма, калька з англ. (read between the lines) ці ням. (zwischen den Zeilen lesen) м. Здагадвацца пра скрыты сэнс чаго-н. нявыказанага. Корзун ніколі не меў асаблівага поспеху ў дзяўчат. Можа, таму што, як некалі зло ўпікнула Святлана, выбіраў надта прыгожых. Паміж радкоў, гэты папрок, падобна, трэба было чытаць так: не па сабе (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).

Вобраз усведамляецца як нерэальны.

Загрузка...