Раб божы. Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі ‘мужчына як істота, падуладная Богу’ і ‘чалавек наогул’. Памянём раба божага Піліпа… Каб яму на тым свеце лёгка было… (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Трусіць бародкай казлінай, выпіўшы, раб божы — дзяк (М. Смагаровіч. Пачастунак).
Узнік на аснове рэлігійнага ўяўлення аб поўнай залежнасці чалавека ад Бога.
Рабіць з мухі слана. Гл. з мухі зрабіць слана.
Рабіць (зрабіць) вялікія вочы. Калька з ням. м. (große Augen machen). Выражаць крайняе здзіўленне, недаўменне. Каля чарговай вёскі выскачыў на бераг хлапчук, стаў як укапаны, зрабіў вялікія вочы, потым закрычаў, замахаў рукамі (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд, выкліканы гэтым станам.
Рабіць (зрабіць) добрую міну пры дрэннай гульні. Паўкалька з франц. м. (faire bonne mine à mauvais jeu). Старацца схаваць за знешнім спакоем ці весялосцю сваё незадавальненне, непрыемнасці. Гітлераўцы, як відаць было з нямецкіх газет, што траплялі ў нашы рукі, усё яшчэ рабілі добрую міну пры дрэннай гульні (Я.Міско. Было яно калісьці).
Узнік y асяроддзі карцёжнікаў. Першапачаткова выразам характарызавалі паводзіны гульца, які, маючы на руках дрэнныя карты, стараўся быць вясёлым, каб не выдаць сябе.
Рабіць (зрабіць) з белага чорнае (белае чорным). Калька з лац. м. (candida de nigris vertere). Падаваць што-н. y іншым выглядзе, беспадстаўна перайначваць. Чаго толькі не зложаць? 3 белага могуць зрабіць чорнае (С. Баранавых. Межы).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Рабіць (зрабіць) з камара каня. Уласна бел. Беспадстаўна перабольшваць што-н., надаваць чаму-н. нязначнаму вялікае значэнне. Іхто цягнуў мяне за язык? A цяпер людзі з камара зрабілі каня, a бацькам перажывай за «вучанага», але неразумнага сына (В. Шырко. O, sancta simplicitas).
Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма рабіць (зрабіць) з мухі слана (гл.), прычым склаўся не пад пяром якога-небудзь аўтара, a непасрэдна ў жывой народнай мове. Яго занатаваў М. Федароўскі: з камара зрабілі каня.
Рабіць (зрабіць) пагоду <у чым, дзе>. Недакладная калька з франц. м. (faire la pluie et le beau temps, літаральна «рабіць дождж i добрую пагоду»). Мець рашаючае значэнне, выконваць самую істотную ролю ў чым-н. Апранаючыся ісці дадому, Ігнатовіч падумаў: «Пагоду ў класе робяць хлопчыкі» (Я. Ермаловіч. Зазімак).
Узнікненне фразеалагізма звязана з дзейнасцю астролагаў, якіх трымалі пры французскім каралеўскім двары, бо яны нібыта маглі не толькі прадказваць пагоду, але і ўплываць на яе.
Радзімая пляма чаго. Недакладная калька з ням. м. (Muttermal, літаральна «матчына пляма»). Недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго-н. Абарчук бачыў ліслівасць, вераломства, пакору; жорсткасць. Ён называў гэтыя рысы радзімымі плямамі капіталізму (Звязда. 19.12.1987).
Выраз з «Крытыкі Гоцкай праграмы» (1891) К. Маркса, які, гаворачы пра сацыялізм, сцвярджае, што ён «захоўвае яшчэ радзімыя плямы старога грамадства, з нетраў якога ён выйшаў».
Рад не рад. Агульны для ўсходнесл. м. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. Івыходзіць — рад не рад — папраўляйся, Якаў, брат! (К. Крапіва. Біблія).
Відаць, утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам воляй-няволяй, які з’яўляецца калькай з лац. м. (volens nolens).
Радыё АБС. Агульны для ўсходнесл. м. Пагалоска, няпэўныя пачутыя звесткі. Аўтар звальвае з хворай галавы на здаровую. Часам крыніца сцвярджэнняў для яго — радыё АБС (адна баба сказала) (Каша слова. 27.10.2000).
Выраз каламбурнага паходжання, заснаваны «на ўнутраным кантрасце, этымалагічнай неадпаведнасці» (В.У.Вінаградаў). Узнік па аналогіі, напрыклад, з такім спалучэннем, як радыё Бі-Бі-Сі.
Разарвацца на часткі. Гл. разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі).
Разбіраць па костачках каго. Гл. перабіраць (перабраць; разбіраць, разабраць) па костачках каго.
Разбітае карыта. Агульны для ўсходнесл. м. Няспраўджаныя надзеі ў сувязі са стратай ранейшага набытку. [Кусонскі:] Урад даўно трэба было б сфарміраваць толькі з ваенных. Каб так зрабілі ў свой час — мы сёння не бедавалі б над разбітым карытам (К. Губарэвіч. Галоўная стаўка).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад прыслоўнага выразу ля разбітага карыта (гл.) ‘без нічога, страціўшы ўвесь ранейшы набытак (заставацца, апынуцца, сядзець)’, які з’яўляецца паўкалькай з руск. м. (у разбитого корыта) і сваім паходжаннем звязаны з «Казкай пра рыбака і рыбку» А. С. Пушкіна.
Разбіць лёд <чаго, паміж кім>. Агульны для ўсходнесл. і польск. (skruszyć 1ody) м. Ліквідаваць нацягнутасць у адносінах паміж кім-н. Таццяна не стрымала ўсмешку, і гэта разбіла лёд сур’ёзнасці. Жэнька пад’ехаў да яе і працягнуў руку (І.Шамякін. Глыбокая плынь).
Дзеяслоўны выраз, утвораны на аснове суадноснага з ім фразеалагізма, структурна арганізаванага як двухсастаўны сказ і скалькаванага з франц. м. — лёд разбіты (гл.).
Разбойнікі пяра. Запазыч. з руск. м. Прадажныя, беспрынцыповыя рэакцыйныя пісакі. Адвакат па сваёй адукацыі, містэр Ніксан не пнуўся павучаць разбойнікаў пяра, як высмоктваць з пальца сенсацыю ў кожны нумар газеты (Вожык. 1986. № 13).
Выраз належыць рэакцыйнаму пісьменніку Б. М. Маркевічу, які ўжыў яго ў 70-х гг. XIX ст. y «Московских ведомостях» у адрас некаторых прагрэсіўных журналістаў. Пасля прадстаўнікі перадавога друку пераадрасавалі гэты выраз журналістам рэакцыйнай прэсы.
Разведка боем. Агульны для ўсходнесл. м. Спроба высветліць што-н. y выніку непасрэднага дзеяння. Раманіст вядзе настойлівую, глыбокую, вельмі працаёмкую «разведку боем», імкнецца паказаць новае ў побыце, адносінах, чалавечых лёсах (У. Гніламёдаў. Шырокі фронт пошукаў).
Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім y маўленні ваенных называюць здабыванне звестак аб праціўніку шляхам вядзення бою.
Разводзіць (развесці) антымоніі. Агульны для ўсходнесл. м. Весці пустыя, непатрэбныя размовы. Пішы. Чаго там разводзіць антымоніі! (І.Шамякін. Трывожнае шчасце).
Сярод розкых здагадак пра паходжанне гэтага фразеалагізма найбольш прымальнай варта лічыць наступную. Яго ўзнікненне, відаць, звязана з лац. назвай сурмы — antimonium, разводзячы якую людзі вялі пустыя размовы.
Разводзіць (развесці) рукамі. Агульны для ўсходнесл. м. Прыходзіць у крайняе здзіўленне, недаўменне; не ведаць, як выйсці з цяжкага становішча. Быў скліканы кансіліум з лепшых спецыялістаў-медыкаў горада. Аднак і тыя, агледзеўшы хворую, толькі рукамі развялі. Надзеі на ўратаванне хворай не было (М. Машара. Лукішкі).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.
Раз-два і ў дамках(-і). Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі хутка можа быць зроблена. Рацыяналізм рацыяналізму розніца. Мой рацыяналізм — y выбары жаданняў вобразаў, a там ужо — раз-два і ў дамках (У. Рубанаў. Каштаны).
Вытох фразеалагізма — шашачная гульня, дзе дамка мае права перасоўвацца на любую колькасць клетак уперад або назад.
Раз <і> назаўсёды. Калька з франц. м. (une fois pour toujours). Ужыв. ca значэннем ‘канчаткова, беспаваротна’, калі гаворыцца пра штосьці нязменнае, і як выказванне рашучага і катэгарычнага папярэджання. І лейтэнант, адчуўшы, што тут можа нешта раз і назаўсёды рашыцца, дадаў: — Артылерыйская армейская база за шэсцьдзесят кіламетраў одсюль (В. Быкаў. Дажыць да світання). Гэтыя… ідэйкі пакіньце раз назаўсёды! (Э. Самуйлёнак. Будучыня).
Выраз усведамляецца як матываваны, з сэнсаўтваральным кампанентам назаўсёды.
Размахваць (махаць, памахаць) пасля бойкі кулакамі. Уласна бел. Абурацца, апраўдвацца пасля якога-н. здарэння, калі ўжо бескарысна і позна рабіць штосьці. Ён [Шугачоў] быў з тых людзей, якія не размахваюць пасля бойкі кулакамі. Навошта? (І.Шамякін. Атланты і карыятыды). Прыняўшы рашэнне, лейтэнант супакоіўся, павесялеў уявіўшы, як падпалкоўнік, даведаўшыся пра яго ўчынак, скажа: «Любіш ты пасля бойкі кулакамі памахаць» (У. Шыцік. Неспадзяваны ход).
Выток фразеалагізма — прыказка Пасля бойкі кулакамі не размахваюць. 3 адмоўнай канструкцыі (у форме абагульнена-асабовага сказа) утварылася сцвярджальнае дзеяслоўнае словазлучэнне незамкнёнай структуры.
Разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі). Агульны для ўсходнесл. м. Старацца адразу выконваць мноства розных спраў, даручэнняў і пад. Мікульскі схуднеў страшэнна. Ён разрываўся на часткі — дзе на ўсё браць час? (П.Місько. Мора Герадота).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Разрываць на кавалкі каго. Гл. рваць (разрываць) на кавалкі каго.
Ранняя птушка. Агульны для ўсходнесл. (руск. ранняя пташка, укр. рання пташка) іпольск. (ranny ptaszek) м. Дбайны чалавек, які рана ўстае, раней за іншых прыходзіць куды-н. — От жа ранняя птушка… — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, a ён успорваецца ні свет ні зара… (С. Александровіч. Ад роднае зямлі).
Выток фразеалагізма — прыказка Ранняя птушка зубкі цярэбіць, a позняя вочкі працірае, ад якой адарваўся трапны вобраз.
Раса вочы выядае каму. Уласна бел. Хто-н. нешчаслівы, жыве ў горы, нядолі. У вершах Каратынскага і не было нічога падданніцкага — толькі скарга на неўрадлівы пясочак, цёмную святліцу, на тое, што pacа выядае вочы (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).
Паходзіць з прыказкі Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
Раскрыць (адкрыць) карты. Паўкалька з ням. м. (Karten aufdecken). Дзейнічаць адкрыта, не хаваючы сваіх намераў. [Каліноўскі:] Казаць, Марыська? [Марыська: ] Так, Каліноўскі, Раскрыем карты. Мы гэты тост, які не жартаў варты, адтэрміноўваем на два гады (А. Куляшоў. Хамуціус).
Выраз паходзіць з мовы карцёжнікаў: пры пэўнай сітуацыі адзін з ігракоў раскрываў свае карты і працягваў гульню, не тоячыся ад праціўнікаў.
Распраўляць (расправіць) крылы. Агульны для ўсходнесл. і польск. (rozwinąć skrzydła) м. Пачынаць дзейнічаць на поўную сілу сваіх здольнасцей, магчымасцей. Усе верылі, што сяржант выжыве і расправіць крылы, па бабулінаму наказу, і яшчэ паваюе з ворагам… (К.Кірэенка. 3 аповесці вайны).
Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да птушак. Перад палётам птушка распраўляе крылы.
Растапіць лёд <чаго, паміж кім>. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. растопить лед, укр. розтопити лід). Ліквідаваць нацягнутасць у адносінах паміж кім-н. — Вы служылі ў дзвесце дваццаць дзевятым артылерыйскім? — пытанне такога ладу, калі я не памыліўся ў чалавеку, павінна было растапіць лёд адчужэння. Па нумары часці ветэран пазнае ветэрана (Б. Стральцоў. Падземныя пераходы).
Узнік, відаць, шляхам мадэліравання — на ўзор семантычна тоеснага фразеалагізма разбіць лёд (гл.).
Расхлёбваць кашу. Агульны для бел. і руск. м. Разблытваць складаную, непрыемную справу, выкручвацца з чаго-н. Твае справы, брат, дрэнныя… Аднаму табе давядзецца расхлёбваць кашу за ўсіх (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Паходзіць з прыказкі Сам заварыў кашу; сам і расхлёбвай, сэнс якой ‘сам распачаў штосьці складанае, клопатнае, непрыемнае, сам і разблытвай, выкручвайся’.
Рвацца на часткі. Гл. разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі).
Рваць на сабе валасы. Недакладная калька з ням. (sich die Haare ausraufen, літаральна «рваць сабе валасы») ці франц. (s’arracher les cheveux, літаральна «рваць сабе валасы») м, Прыходзіць у адчай, вельмі моцна перажываць, гараваць. Як указ той прачыталі, валасы на сабе рвалі ўсе палатныя чыны (В. Дунін-Марцінкевіч. Халімон на каранацыі).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.
Рваць (разрываць) на кавалкі каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. рвать на части, укр. рвати на шматки). Бесперапынна турбаваць просьбамі, даручэннямі і пад. 3 усіх бакоў яго [Крушынскага] рвуць на кавалкі. — Таварыш Крушынскі! — Дзядзька Язэп! — Суседзе! (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале.
Рожкі ды ножкі. Запазыч. з руск. м. Сваё значэнне ‘нічога ці амаль нічога’ фразеалагізм рэалізуе пры дзеясловах пакідаць, заставацца: Хай як хоча, так і выкручваецца Эдзік. Усё роўна рожкі ды ножкі астануцца ад сцэнарыя… (П.Місько. Ціхае лета).
Узнік у выніку метафарызацыі спалучэння слоў з песні невядомага аўтара «Жыў-быў y бабулі шэранькі козлік» (каля 1850 г.). Павяла бабуля козліка ў лес пагуляць, напалі на яго ваўкі і з’елі. «Пакінулі бабулі рожкі ды ножкі, вось як, вось як, рожкі ды ножкі».
Розная рознасць. Паўкалька з руск. м. (разная разность). Самыя разнастайныя рэчы, прадметы. Апісаць не хопіць слоў, што за Сару той Абрам рознай рознасці набраў (К. Крапіва. Біблія).
Відаць, склаўся пад уплывам і на ўзор фразеалагізма ўсякая ўсячына (гл.).
Рубікон перайсці. Паўкалька з лац. м. (Rubiconem transeo). Зрабіць сур’ёзны крок, рашучы ўчынак, які вызначае далейшыя падзеі. Вельмі вялікая трансфармацыя адбылася ў ягонай душы… Ён перайшоў рубікон (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Выраз — пераасэнсаванае словазлучэнне. Рубікон, рака ў паўночнай Італіі, была да 49 г. да н. э. граніцай паміж Рымам (Італіяй) і яго паўночнай правінцыяй Галіяй. Кіраваў гэтай правінцыяй Юлій Цэзар. Ён ноччу перайшоў са сваімі легіёнамі Рубікон, што прывяло да грамадзянскай вайны, якая закончылася перамогай над арміямі сената і ўстанаўленнем у Рыме імперыі на чале з Цэзарам — фактычным пажыццёвым дыктатарам.
Рубікон пяройдзены. Агульны для ўсходнесл. м. Адказны, рашучы крок зроблены, прынята беспаваротнае рашэнне. — Гэта больш надзейна, — сказаў Зімін, — а то яшчэ перадумаеш [звальняцца]. I так, рубікон пяройдзены, назад ходу няма (В. Хомчанка. Стрэл у акно).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага перайсці рубікон (гл.), які абазначае ‘прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок’.
Ружовы туман. Уласна бел. Стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці. Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменнікам, які першы выйшаў з ружовага туману (С. Дубянец. «Ружовы туман»). Гісторыя літаратуры 20–50 і пазнейшых гадоў яшчэ чакае ўдумлівага асэнсавання. У ёй быў не толькі ружовы туман, узведзеная ў закон фальсіфікацыя (У. Казбярук. «Песні з турмы» на нашым полі).
Паходзіць з назвы апавядання (1995) В. Быкава. Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем ужо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, y тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, «можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка». Нядаўна ўзнікшы, выраз набыў «крылатасць», што можна было б пацвердзіць яшчэ шасцю прыкладамі яго выкарыстання ў друку («Полымя», «Маладосць», «ЛіМ»).
Ружовыя акуляры. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. розовые очки, укр. рожеві окуляри). Ідэалізаванае бачанне, успрыманне чаго-н. Ведаў [Пятро], што гэта талстоўская філасофія: не праціўся злу — будзе добра. Часта смяяўся сам са сваіх ружовых акуляраў, бо жыццё штодня разбівала іх і прымушала весці змаганне супраць зла (І.Шамякін. Трывожнае шчасце).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны як фрагмент, што адарваўся ад суадноснага з ім дзеяслоўнага выразу глядзець праз ружовыя акуляры на каго, на што (гл.).
Рука набіта(-я) y каго, чыя на чым, y чым. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. мае вялікі вопыт, добры навык, спрактыкаванасць у чым-н. Рука ў вас набітая. Ці не пішаце еы самі што-небудзь — вершы або апавяданні? Прызнайцеся… (С. Александровіч. На шырокі прастор).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага набіваць (набіць) руку на чым, y чым ‘выпрацоўваючы навык, рабіцца спрактыкаваным у чым-н.’.
Рукі звязаны ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. пазбаўлены свабоды дзеянняў, магчымасці рабіць так, як хочацца. — Хто хацеў — той паздаваў! — А як жа, паздаваў… y каго скрынкі былі ды рукі нічым не звязаны (А. Кудравец. Такі дзень).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма звязваць (звязаць) рукі каму, які абазначае ‘пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць’.
Рукі прэч ад каго, ад чаго. Калька з англ. м. (hands off). Ужыв. як патрабаванне не ўмешвацца ў чые-н. справы. Не вы дасце народам свята, не вам пажар вайны заліць! Дык рукі прэч, забойцы, каты! Не вам аб згодзе гаварыць! (Я. Колас. Ворагам).
Крылаты выраз, належыць англійскаму палітычнаму дзеячу, лідэру ліберальнай партыі Уільяму Гладстану. У 1878 г., калі Аўстрыя захапіла частку сербскіх зямель, Гладстан выступіў y парламенце супраць захопніцкай палітыкі і закончыў прамову словамі: «Рукі прэч ад Босніі і Герцагавіны!»
Рукі развязаны ў каго, чые. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. мае поўную свабоду дзеянняў. Нарэшце яе рукі развязаны! Яна [Волька] верыла, што яе пакутам прыйшоў канец (М. Ваданосаў. Надзеі і спадзяванні).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага развязваць (развязаць) рукі каму ‘даваць поўную свабоду дзеянняў, вызваляць ад залежнасці, абмежавакня ў чым-н.’.
Рукой падаць да чаго. Агульны для бел. і руск. м. Зусім блізка, не вельмі далёка. Вучні загарэліся: з'ездзіць паглядзець! Нейкія сорак кіламетраў—гэта ж рукой падаць! (І.Шамякін. Ах, Міхаліна, Міхаліна).
Зыходнай формай выразу варта лічыць канструкцыю з параўнальным злучнікам як: як рукой падаць (да чаго). Зрэдку выраз і сёння ўжываецца ў поўнай, нескарочанай форме: «Ад Рыгі як рукой падаць узмор’е» (Ц. Гартны); «За гэтым мастком сама Галынаўка як рукой падаць» (А. Якімовіч); «Як рукой падаць мая радзіма, — лес, лугі, вада» (М. Пракаповіч); «Як падаць рукою цяпер да вечнасці яму» (А. Каско); «Вунь ужо і родная Турбінка — як рукой падаць…» (А. Бароўскі). Ва ўкр. м. аналагам гэтага фразеалагізма выступае дістати рукою. I яго зыходная форма — параўнальны зварот, які сустракаецца і ў бел. м.: «Як рукой дастаць тапырылі голле алешыны» (В. Быкаў), «Да іх — як рукою дастаць» (Ф. Янкоўскі). Параўн. y М. Федароўскага (с. 31): «Блізка, хоць рукою дастаць». У фразеалагізме як рукой падаць, як і ў некаторых іншых, узніклых з параўнальнага звароту, злучнік як адпаў, рэдукаваўся, бо зварот пачаў займаць слабую, непрыдзеяслоўную пазіцыю.
Рукой пайсці. Уласна бел. Добра весціся, гадавацца (пра жывёлу, птушку, пчол). Не купляй ад аканома скацінкі,—рукой не пойдзе, на крадзеным, баш, аўсе ўскормлена (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты).
Паходзіць з даўняга павер’я пра добрую, «лёгкую» руку: купленае з такой рукі будзе добра пладзіцца, весціся. А. Я. Багдановіч y этнаграфічным нарысе «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895) піша: «Калі прадаеш каня ці карову, наогул што-небудзь жывое, і жадаеш, каб „пайшло рукой“, то не трэба перадаваць іх новаму гаспадару голымі рукамі: не будзе пладзіцца. У такім разе „б’юць па руках“ і перадаюць купленае „касматай рукой“, г. зн. захінуўшы руку крысом адзення». Параўн. прыказку, y якой ускосна выказаны негатыўныя адносіны да названага павер’я: Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою.
Рылыца ў пушку ў каго. Запазыч. з руск. м. Хтосьці мае дачыненне да чаго-н. нядобрага, заганнага. Думалася, што ў мясістага дырэктара рыльца ў пушку, дык ён і паддобрываецца, як можа (Р. Сабаленка. Дырэктарава бакоўка).
Аўтар крылатага выразу — І.А. Крылоў. У яго байцы «Лісіца і Сурок» выраз выкарыстаны двойчы. Першы раз — з прамым значэннем слоў. Лісіца была «суддзёй над курамі», яе асудзілі за хабар на высылку, і яна скардзіцца Сурку (пераклад К. Крапівы):
«Мне хабар браць?
Ці ж я, кумок, рашуся?
Ці ж ты б сказаў, я на цябе спашлюся,
Што вінавата я y гэтым хоць крыху?
I ў галаву табе не прыйдзе гэта думка!» —
«Ох, часцяком я бачыў, кумка,
Што рыльца у цябе ў пуху».
У маралі байкі аўтар зноў вяртаецца да гэтага выразу, ужываючы яго пераносна ў дачыненні да тых, хто «паціху ды патрошку то дом збудуе, то купіць сабе вёску».
Хаця ў судзе і не дакажаш,
Ды як жа не сагрэшыш і не скажаш,
Што рыльца у яго ў пушку.
Рыхтык у рыхтык падобны. Уласна бел. Вельмі моцна, абсалютна. Адразу ж ззаяе плячэй выйшлі два сыны, абодва трактарысты і падобныя, як кажуць, рыхтык у рыхтык адзін да аднаго (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).
Выраз пэўным чынам сэнсава таўталагічны з прыметнікам падобны, бо, як пазначана ў ТСБМ (т. 4, с. 741), рыхтык y сваім 2-м значэнні — гэта «выліты, падобны на каго-н.’». Магчыма, склаўся пад уплывам і на ўзор сінанімічнага з ім фразеалагізма кропкаў кропку (кропля ў кроплю).
Рыцар без страху і дакору. Калька з франц. м. (le chevalier sans peur et sans reproche). Смелы, велікадушны чалавек. Дастойны, скажу вам, быў служка… Такімі людзьмі род багацее… Але… прапаў, як рыцар без страху і дакору (В. Быкаў. Кар’ер).
Спачатку ў Францыі гэтым выразам называлі канкрэтных гістарычных асоб: мужнага рыцара П’ера дзю Тэрайля Баярда(1476–1524) і яго сучасніка, выдатнага палкаводца Луі Трэмуйля (1460–1525). Пра першага з іх расказваецца ў кнізе «Найпрыемная, забаўная гісторыя, напісаная сумленным слугой пра падзеі і ўчынкі, поспехі і подзвігі добрага рыцара без страху і дакору, славутага сеньёра Баярда…» (1527). Пасля выраз фразеалагізаваўся і стаў выкарыстоўвацца для характарыстыкі любога чалавека высокіх маральных якасцей.
Рыцар журботнага вобраза. Калька з іспан. м. (ei Caballero de la Triste Figura). Наіўны, бясплённы летуценнік. — Чытаеце думкі на адлегласці? — засмяялася дзяўчына. — Тады прачытайце!.. — Тады… вам… адзін рыцар журботнага вобраза прапанаваў руку і сэрца… — Не-е… (В. Блакіт. Вяселле ў Беражках).
Выраз з рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615). Так аднойчы называе пабітага, пацярпелага, упрыгожанага сінякамі Дон Кіхота яго збраяносец Санча Панса.
Рыцар на час. Запазыч. з руск. м. Слабавольны чалавек, няздольны да працяглай барацьбы дзеля высакародных мэт. Я пачаў патрабаваць сабе тое, што, па сутнасці, мне не належала. Вось і атрымаўся з мяне рыцар на час, герой міжволі, які вельмі хутка пацярпеў крах (А. Кобец-Філімонава. Агні за перавалам).
Выраз з аднайменнага верша (1863) М. А. Някрасава. Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам каліф на час (гл.).
Рыцар ночы. Уласна бел. Злосны вораг прагрэсу; цемрашал. На нас узнімаюцца рыцары ночы, іх сочаць у цьме нашы зоркія вочы (К. Крапіва. Ворану вышай арла не лятаць).
Выраз з абразка З. Бядулі «Прытуліся ка мне» (1913), ужыты ў такім кантэксце: «А мо і праўда, што ў розных там замчышчах крыштальных ваююць паміж сабой рыцары дня з рыцарамі ночы?» 3 экспрэсіўна-стылістычнага боку гэта кніжны выраз і выкарыстоўваецца ў творах на грамадска-палітычныя тэмы: «Апошнія здзірае з плеч старых кашулі распасвены, вясёлы рыцар цёмнай ночы» (Я. Купала); «Рыцары ночы са скуры вылузваліся, каб нацягнуць на сябе скуру авечак» (І.Сіманоўскі).
Рэжа (рэзала) вочы <каму, чые, чым>. Агульны для ўсходнесл. м. Рэзка выдзяляцца, выклікаючы да сябе адмоўныя адносіны. У паветры стаяла барва і рэзала вочы святло (М. Лобан. На парозе будучыні).
У фразеалагізме праз кампанент рэжа перадаецца не толькі зрокавае адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вачэй.
Рэжа (рэзала) вушы. Агульны для ўсходнесл. м. Непрыемна раздражняе слых. Уразіла слова «з’ёмныя», уразіла ненатуральнасцю. Вушы рэжа яно, бо штучнае, робленае (В. Рабкевіч. Шукаю слова).
У фразеалагізме праз дзеяслоўны кампанент перадаецца не толькі слыхавое адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вушэй.
Рэч у сабе. Калька з ням. м. (das Dingansich). Хтосьці загадкавы ці штосьці загадкавае, сапраўдная сутнасць каго- ці чаго-н. не раскрытая, не зразумелая. Дзякуй табе, maтa, што ты быў тады поруч са мною. Каб ты ведаў, як я шкадую, што не паспеў дасягнуць таго веку, калі мая і твая душы маглі б ператварыцца ў злучаныя між сабою ёмістасці: ты так і застаўся для мяне рэччу ў сабе (У. Арлоў. Мой радавод да пятага калена…).
Пераасэнсаваны філасофскі тэрмін І.Канта — з яго «Крытыкі чыстага розуму» (1781). Паводле Канта, рэчы, якія існуюць незалежна ад свядомасці, прынцыпова непазнавальныя і ў гэтым сэнсе з’яўляюцца «рэчамі ў сабе».
Рэшатам (y рэшаце) ваду насіць. Гл. насіць ваду рэшатам (у рэшаце).