Да Абрама на піва трапіць. Агульны для бел. і польск. (роjść dо Аbrаhата nа ріvо) м. Памерці. Так і сапраўды не шпука захварэць і да Абрама на піва трапіць (Я. Колас. На ростанях).
У вершы К. Крапівы «Вось такія дактары вымуць душу без пары» гаворыцца, як аднойчы шарлатан даў дзядзьку Янку шклянку самаробных лекаў. «Выпіў Янка — й фур за браму: зразу к праайцу Абраму ў нябеснае ён царства, — надта добрае лякарства!» I тут, і ў фразеалагізме да Абрама на піва трапіць адзін і той Абрам — біблейскі персанаж. Ён быў вельмі адданы Богу, у чым апошні пераканаўся, загадаўшы яму праз анёла ахвяраваць родным сынам. За пакорлівасць і адданасць Бог узяў Абрама пасля смерці ў нябеснае царства. Трапіць да Абрама — першапачаткова «трапіць на той свет, туды, дзе знаходзідца Абрам». А на піва — дасціпны жартоўны дадатак, які каламбурна накладвае на імя біблейскага персанажа іншае, тоеснае, пашыранае сярод яўрэйскага насельніцтва імя Абрам (як гаспадар карчмы).
Да абуха дабіваць (дабіць) і пад. Уласна бел. Да поўнай непрыгоднасці. Як гаспадарылі.. немцы ў часова захопленых імі абласцях, гэта сапраўды вядома ўсяму свету. Дагаспадарыліся, як гэта гаворыцца, да абуха, да ручкі (МЛынькоў. Востраць сякеры беларусы).
Першапачатковае канкрэтнае (але ўжо з перабольшаннем) значэнне спалучэння да абуха, відаць, дастасоўвалася толькі да сякеры, лязо якой ад доўгага карыстання зрэзалася, пакарацела ледзь не да самага абуха. Такая прылада была ўжо непрыгодная. У далейшым пераасэнсаваны выраз стаў прымяняцца да зусім іншых рэчаў.
Да апошняга дыхання. Калька з франц. м. (jusqu’au dеrnіеr sоuріr). Да самай смерці, да канца жыцця (біцца, змагацца, кахаць і інш.). — Ну што, змагар, намераны ваяваць за Бераг? — Да апошняга дыхання (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (назва часткі ўжыта ў значэнні цэлага).
Да белага калення даводзіць (давесці). Запазыч. з руск. м. Да поўнага адчаю, да поўнай страты самавалодання. Антось Кручок сваімі жартамі даводзіў Сідара да белага калення (А. Чарнышэвіч. Новы дом).
Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні кавалёў ужываецца ў прамым значэнні. Метал перад коўкай ці плаўкай награваюць, у залежнасці ад тэмпературы ён становіцца спачатку чырвоным, а затым светлым (белым).
Да белых мух. Агульны для ўсходнесл. м. Да першага снегу, да халадоў (рабіць што-н.). Ну, дарагі мой, з такім настроем і да белых мух не закончыце ўборку (Л. Левановіч. Шчыглы).
Утварыўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма белыя мухі (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў.
Дабры бабры. Уласна бел. Хітры, выкрутлівы чалавек. Напрыклад, у оперы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» Навум кажа Юліі, якая падвучвае яго пераапрануцца ў жаночае адзенне і прыйсці замест яе на спатканне да Яна: «Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру…».
Генетычна выраз з’яўляецца часткай прыказкі Усе бабры дабры, адна выдра ліхая (у такой форме яна занатаваная ў зборніку М. Федароўскага; параўн. у зборніку І. І. Насовіча: Усе бабры дабры, адна выдра — ліха яе бяры). Адарваўшыся ад прыказкі, выраз стаў ужывацца з іншым, чым у прыказцы, парадкам кампанентаў.
Даваць (даць) газу каму. Відаць, паукалька з ням. (Gаs gеbеn) ці франц. (dоnnеr lеs gаz) м. Прымушаць каго-н. быць больш энергічным. — Правільна! Правільна… Харошы будзе наш камандзір… — Дзякуй за выбары… А цяпер трымайцеся, я вам дам газу… — і [Пятрэнка] чамусьці прыўзняўся на пальчыках (П. Пестрак. Гараць вёскі).
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ў маўленні шафёраў абазначае ‘паскараць рух машыны, павялічыўшы паступленне гаручага’.
Даваць (даць) галаву на адрзз (на адсячэнне). Калька з франц. м. (dоnnеr sа têtе á соuрег). Браць на сябе поўную адказнасць за што-н. Я магу даць галаву на адрэз, што ён [Метак] недзе тут сноўдаецца з хутара на хутар (А. Бажко. Позняе ворыва).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму. Калька з ням. м. (Рfеffеr gеbеn). Ужыв. са значэннямі ‘рэзка прабіраць каго-н.’ і ‘сурова распраўляцца з кім-н., біць з бязлітаснасцю’. [Жэня: ] Дай ты яму, Роза, перцу. А то ён тут да нашых дзяўчат заляцацца пачаў (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). — Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў (Я. Маўр. Амок).
Фразеалагізм з жывой унутранай формай.
Даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды. Запазыч. з руск. м. Кідацца наўцёкі, імкліва ўцякаць. [Адзінота: ] Жарты жартамі, а Пацуку, брат, горача. [Кучма: ] Як ноч, так ён з плытоў стракача дае (У. Галубок. Плытагоны).
Уваходзіць у групу фразеалагізмаў, сэнсава тоесных і аднатыпных паводле ўзнікнення: даваць дзёру, даваць драла, даваць лататы, даваць цягу. У іх першы кампанент семантычна «выветрыўся», сэнсаўтваральную ролю выконвае другі кампанент, этымалагічна «цёмны». Лічаць, што дыял. назоўнік стракач ‘паганялка для жывёлы’ утварыўся ад дзеяслова стрекать ‘падскокваць, скакаць; біць паганялкай’.
Даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>. Паўкалька з франц. м. (dоnnеr lе tоn). Паказваць прыклад у чым-н., аказваць уплыў на ход падзей. Бацькавы словы даюць тон грамадзе. З кожным словам лік Марысіных праціўнікаў расце (Я. Колас. Туды, на Нёман!).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.
Даваць (даць; задаваць, задаць) храпака. Агульны для ўсходнесл. м. Моцна спаць: Сон жа, як на злосць, ніяк не змыкаў яму вочы. Праўда, удзень Мікола даў храпака і выспаўся (Я. Колас. Трывога).
Сэнсаўтваральную ролю тут выконвае назоўнікавы кампанент. Неўжывальны па-за межамі фразеалагізма, ён утварыўся на базе дзеяслова храпці.
Даваць (даць) задні ход. Агульны для ўсходнесл. м. Адступаць ад раней сказанага, зробленага, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння. — Ды я так, — даў задні ход Валодзя. — Я хацеў ведаць, што вы скажаце... (П. Рунец. Аб чым шэпчацца аер).
Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні машыністаў-чыгуначнікаў або шафёраў ужываецца з прамым значэннем ‘ад’язджаць назад’: «Урэшце поезд, даўшы задні ход, спыніўся ля таварнай платформы» (І. Шамякін).
Даваць (даць) знаць каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Ужыв. са значэннямі ‘паведамляць пра што-н.’ і ‘намякаць на што-н. якім-н. чынам’. Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля (Я. Колас. Дрыгва). Старшыня рэўкома даў знаць Парасцы, што яму ісці трэба (М. Лобан. На парозе будучыні).
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца (але не супадаюць) з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: даваць — ‘перадаваць’, знаць — ‘мець звесткі аб кім-, чым-н.’. Выраз неаднаразова сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці — «Лістах Філона С. Кміты-Чарнабыльскага» (XVI ст.): «… и до вашей панскей милости давал знать». Ужываўся і ў варыянтнай форме даваць ведаць: «Даю ведать вашей панскей милости».
Даваць (даць) перуноў каму. Уласна бел. Гнеўна, з абурэннем гаварыць, пагражаць. Звычайна Рыгошка ніколі не даваў перуноў, толькі пратне вокам, як зазлуе, але ў незвычайны час, калі хваляванне раз’ятрыць яго марудную натуру, то ён мог нарабіць бяды (А. Наварыч. Сутыкненне з вечнасцю).
У аснове фразеалагізма — адгалосак даўнейшай веры ў Перуна— бога грому і маланкі ва ўсходніх славян. Пад перунамі тут маюцца на ўвазе перуновы стрэлы — маланкі.
Да геркулесавых слупоў даходзіць, дагаварвацца і інш. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до геркулесовых столпов, укр. до геркулесовіх стовпів). (Даходзіць і інш.) да крайнасці ў чым-н. I гэтак напісана?.. Ну, гэта ведаеце што?! Гэта значыць — дагаварыцца да геркулесавых слупоў (І. Дуброўскі. У пошуках залатога дна).
Склаўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма геркулесавы слупы (чаго), які мае значэнне ‘вышэйшая ступень, мяжа чаго-н.’ і з’яўляецца паўкалькай з англ. м. (Негkules Рillаrs). Вытокам жа фразеалагізма стала грэчаская міфалогія. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўленняў старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».
Да глыбіні душы. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна (хваляваць, кранаць, уражваць і пад.). З маленства ведаю і да глыбіні душы люблю гэты рамантычны край, дзе жывуць добрыя і працавітыя людзі (Р. Няхай. «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»).
Склаўся, відаць, на аснове фразеалагізма ў глыбіні душы (гл.), які з’яўляецца калькай з лац. м.
Да грэчаскіх калёндаў (каляд) адкладваць (адкласці). Паўкалька з лац. м. (аd саlеndеs gгаесаs). На няпэўны час, надоўга ці назаўсёды. Калі і гавораць [афіцыяльныя асобы ЗША] аб магчымасці якіх-небудзь дагаворанасцей, то толькі па асобных, зразумела, выгадных для ЗША, пытаннях ядзерных узбраенняў, а праблему космасу трэба, маўляў, адкласці да грэчаскіх календаў (Звязда. 3.02.1985).
У Старажытным Рыме календамі называлі першы дзень месяца. З ім звязваліся тэрміны пагашэння даўгоў, выканання іншых абавязкаў. У грэкаў жа календаў не было. I гэта стала падставай для рымскага імператара Аўгуста (63 да н. э. — 14 н. э.) гаварыць пра даўжнікоў, што яны адклалі разлікі да грэчаскіх календаў.
Да другіх пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до вторых петухов, укр. до других півнів). Незадоўга да світання (быць дзе-н., чакаць і пад.). Свёкар добра яе разумеў: сапраўды, якая гэта такая вучоба, што называецца, да другіх пеўняў ды яшчэ ў сістэме палітасветы? (М. Парахневіч. Кватэра).
Першапачатковае значэнне выразу — ‘пакуль заспяваюць другі раз пеўні’. А спяваюць яны незадоўга да досвітку.
Да другога прышэсця. Паўкалька з руск. м. (до второго пришествия). Неакрэслена доўга. Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? (Л. Рублеўская. Пярсцёнак апошняга імператара).
Склаўся на аснове евангельскага прадказання аб вяртанні («другім прышэсці») Ісуса Хрыста на зямлю перад канцом свету.
Да зубоў узброіць, узброіцца. Калька з франц. (êtrе аrmé jusqu’auх dеnts, літаральна «быць узброеным да зубоў») ці ням. (bіs аn dіе Zähnе bеwаffnеt sеіn, літаральна «да зубоў узброіцца») м. Вельмі добра, вельмі моцна. «Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. 3 аднаго боку — рэвальвер, з другога — рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак (Я. Маўр. Палескія рабінзоны).
Магчыма, у французаў выраз склаўся па мадэлі — на ўзор другога іхняга выразу: êtrе sаvаnt jusqu’аuх dеnts («быць вучоным да зубоў»), а можа, на думку В. М. Макіенкі, перад намі «празрыстая метафара», «паколькі зубы — самая натуральная і заўсёды „зручная“ зброя».
Да карэння валасоў чырванець (пачырванець). Калька з франц. м. (jusqu’a lа гасіnе dеs сhеvеuх). Вельмі моцна. Віктар падумаў, што зараз пачырванее, і тут жа пачырванеў да карэння валасоў (У. Карпаў. Сотая маладосць).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Да касцей прамокнуць, прамерзнуць. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до костей, укр. до кісток). Вельмі моцна, наскрозь. Хлопцы сядзелі на нарах і моўчкі глядзелі на прамерзлага да касцей партызана, які ля печы здымаў боты (А. Карпюк. Данута).
Магчыма, склаўся пад уплывам фразеалагізма да мозгу касцей (гл.) — калькі з франц. м. — у выніку яго скарачэння.
Далёка не заедзеш (не паедзеш) на чым, з чым, без чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Не шмат чаго дасягнеш, многага не даб’ешся.
— Што гэта за пасаг, — рызыкнуў не паддацца Сёмка Фартушнік.
— На адным доме далёка не заедзеш (К. Чорны. Трыццаць год). Шафёр таксама лагодна крыкнуў: — Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу (І. Шамякін. Трывожнае шчасце).
Узнік з прыказкі На лечаным кані далёка не заедзеш. Дзеяслоўны кампанент фразеалагізма ўжываецца, як і ў прыказцы, звычайна ў другой асобе адзіночнага ліку.
Да мозгу касцей. Калька з франц. м. (jusqu’á lа тоеllе dеs оs). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі моцна (празябнуць, прамерзнуць; мароз, вецер прабірае, пранізвае і пад.)’, ‘у найвышэйшай ступені’ і ‘самы сапраўдны, цвёрда перакананы ў чым-н.’. Холад пранізваў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы (І. Шамякін. Трывожнае шчасце). Быць прынцыповым да мозгу касцей, бараніць свае прынцыпы да апошняга дыхання? Хіба гэта кепска? (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў). Ты вось выступаеш за пачуцці, а сам такі ўжо рацыяналіст… да мозгу касцей! (У. Рубанаў. Каштаны).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Дамоклаў меч. Калька з лац. м. Пастаянная небяспека, неадступная пагроза. Не літасці ў ворага маліць, прасіць, хоць і дамоклаў меч над галавой вісіць (Я. Пушча. Дамоклаў меч).
Этымалагічнай асновай выразу з’явілася старажыткагрэчаскае паданне, упершыню запісанае рымскім філосафам Цыцэронам. Сіракузскі тыран Дыянісій Старэйшы (IV ст. да н. э.) захацеў правучыць аднаго са сваіх прыбліжаных, Дамокла, які зайздросціў свайму ўладару, называючы яго самым шчаслівым з людзей. I вось зайздросніка запрасілі ў тыранаў палац і пасадзілі на трон. Радасць была нядоўгай і перайшла ў страх, бо Дамокл убачыў, што ў яго над галавой вісіць на конскім воласе востры меч. Як растлумачыў Дыянісій, гэты меч — сімвал небяспекі, якая ўвесь час падпільноўвае тырана, знак нетрываласці яго шчасця.
Вернемся да нашых бараноў. Калька з франц. м. (rеvепопs á nоs mоutоns). (Вернемся) да асноўнай тэмы, да прадмета гаворкі. Згадайце нашу далёкую ці нават зусім яшчэ нядаўнюю гісторыю… Але вернемся, як кажуць, да нашых бараноў (Настаўн. газ. 16.01.2001).
Паходзіць з фарса «Адвакат П’ер Патлен» (1470). На судзе багаты суконшчык, у якога пастух украў бараноў і авечак, пачынае, забываючы пра сутнасць распачатай ім судовай справы супраць пастуха, папракаць пастуховага адваката Патлена, які не заплаціў яму да гэтага часу за шэсць локцяў сукна. Суддзя мусіў перапыніць суконшчыка словамі: «Вернемся да нашых бараноў» (у арыгінале першы і апошні кампаненты звязаны рыфмай).
Да новых венікаў помніць, памятаць, не забыць. Агульны для ўсходнесл. м. (укр. до нових (зелених) віників). Вельмі доўга. Я так пагавару з гэтым Гатюком, што будзе памятаць да новых венікаў! (Я. Каршукоў. Пра жонку).
Склаўся ў выніку метанімічнага пераносу, заснаванага на часавай сумежнасці з’яў. Першапачатковае прамое значэнне — ‘на працягу ўсяго года, аж да таго часу, калі ў летні сезон зноў пачнуць нарыхтоўваць венікі (для паркі ў лазні ці падмятання паддогі)’.
Да першых пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до первых петухов, укр. до перших півнів). Вельмі позна, да сярэдзіны ночы (сядзець, гуляць, не спаць і інш.). Выпускнікі перад сваім святам не клаліся спаць да першых пеўняў, латашылі гародчыкі з кветкамі (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).
Першапачатковае значэнне выразу— ‘пакуль заспяваюць першыя пеўні’. А спяваюць яны заўсёды ў адзін і той жа час — у поўнач.
Дарогу перабягаць каму. Агульны для ўсходнесл. м. Перашкаджаць камусьці, апярэджваць у чым-н. Мог бы ўжо і Вінцэсь у горадзе быць, на другім курсе. А от жа не шанцуе… Гарадскія дарогу перабягаюць — растаропны яны, языкі добра падвешаны… (П. Місько. Ціхае лета).
Прататыпам выразу было пераменнае словазлучэнне, звязанае з даўнімі вераваннямі: калі кошка або заяц ці ліса перабягалі каму-небудзь дарогу, то гэта было прыметай, што не пашанцуе, што будзе бяда. Нічога добрага не абяцала і сустрэча з чалавекам, у якога «паганае вока».
Дарункі данайцаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. дары данайцев, укр. дари данайців). Каварная паслуга з мэтай прычыніць зло. Пасажыры б’юць трывогу: іх збуцвелы каўчэг хіліцца і яшчэ, чаго добрага, перакуліцца ад перагрузкі. Не таварамі для народа, не багаццямі для працоўных. Дарункамі данайцаў — зброяй! (С. Паўлаў. Воўк ля парога).
Сфарміраваўся на аснове легенды з грэчаскай міфалогіі аб узяцці Троі і траянскім кані. Данайцы (грэкі) пасля дзесяцігадовай асады рашылі хітрасцю авалодаць горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Жрэц Лаакоан не паверыў грэкам і папярэдзіў сваіх суайчыннікаў: «Бойцеся данайцаў, што прыносяць дарункі!» Але траянцы не звярнулі ніякай увагі на гэту перасцярогу, разбурылі частку сцяны і ўцягнулі каня ў крэпасць. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава. Троя была ўзята і разбурана.
Да ручкі. Агульны для ўсходнесл. м. Да бязвыхаднага становішча, да поўнай непрыгоднасці (дабіваць, даводзіць). Піла так затупілася, што бацька дзіву даўся: — Ну, дабілі пілу да ручкі! (Л. Левановіч. Шчыглы).
Відаць, на пачатку свайго яшчэ нефразеалагічнага жыцця спалучэнне да ручкі ўступала ў кантакт з дзеясловам зрэзацца і дастасоўвалася, напрыклад, да нажа або сярпа, якія ад доўгага карыстання зрэзваліся ледзь не да самай ручкі і станавіліся непрыгоднымі. Фразеалагізаваўшыся, выраз стаў спалучацца з рознымі дзеясловамі-суправаджальнікамі і ў залежнасці ад гэтага пашыраў свой сэнс. У спалучэнні са словамі дабіваць, даводзіць ён абазначае ‘да бязвыхаднага становішча, да поўнай непрыгоднасці’ (гл. вышэй), а са словамі даходзіць, дайсці, дабівацца — ‘да мяжы, да крайняй ступені ва ўчынках, у паводзінах, немачы, слабасці і інш.’: «Я і сама ўжо не работніца, да ручкі дабілася, можна сказаць» (І. Козел).
Да сівых валасоў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до седых волос, укр. до сівого волосся). Да глыбокай старасці, да старэчага ўзросту (дажыць, дарасці, застацца і інш.). Да сівых валасоў вунь хутка дарасцеш, а ўсё пустадомкам будзеш (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (назва канкрэтнай дэталі, характэрнай для пэўнага ўзросту, ужыта ў значэнні самога гэтага ўзросту).
Даставаць гізунты з каго. Уласна бел. Здзекавацца з кагосьці, збіваць кагосьці. А што, калі раз’юшаны немец не спыніцца на Драніцы з Брава-Жыватоўскім ды пачне перабіраць плёткай астатніх, дастаючы з кожнага гізунты? (І. Чыгрынаў. Апраўданне крыві).
Семантычны вобраз гэтага выразу аднаўляецца з высвятленнем сэнсу назоўнікавага кампанента. Паводле Ф. Янкоўскага, слова гізунты з’яўляецца запазычаннем з ідыш — мовы яўрэяў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы; у аснове гэтай мовы ляжаць ням. дыялекты; гізунты — «здароўе», параўн. gеsund у ням. м. — «здаровы».
Да трох не гавары з кім, каму. Уласна бел. Хто-н. рашучы, гарачы; з кім-н. жарты кепскія. То яму дзяжа не чыста, то хлеб прэсны і сыры… Ой, які ўжо наравісты! Хоць ты падай прад ім лістам — і да трох не гавары! (Я. Колас. Зяць).
Каб уразумець унутраную форму гэтага фразеалагізма, прыгадаем урывак з камедыі А. Макаёнка «Таблетку пад язык»: «[Дзед Цыбулька: ] А чаго ты, дурыла, уз’ерапеніўся? I спытацца нельга? [Іван: ] Пра такое нельга! Ясна?.. Запомні, я да трох лічыць не буду». У словах да трох лічыць не буду — выразны намёк на тое, што Іван не стане яшчэ раз гаварыць: «Рабі, што я сказаў! Лічу да трох: адзін… два… тры!», а адразу прывядзе ў выкананне сваю пагрозу. Параўн. у рамане П. Місько «Мора Герадота»; «—Лічу да трох і страляю. Раз!.. — Два!.. — затрэсліся галіны дуба. — Тры!!!» Першапачатковы сэнс фразеалагізма да трох не гавары з кім — ‘хтосьці не будзе, не стане тройчы паўтараць сваю просьбу, загад ці пагрозу’.
Да трэціх пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до третьих петухов, укр. до третіх півнів). Да самага світання (быць дзе-н., займацца чым-н.). Хадзілі, гаманілі. Нават аднойчы [мы] завіталі ў бар, дзе заседзеліся, як раней казалі, да трэціх пеуняў (Б. Сачанка. Штрыхі).
Першапачатковае значэнне выразу — ‘пакуль заспяваюць трэці раз пеўні’. А гэта бывае, калі ўжо світае.
Дах (страха) над галавой. Агульны для ўсходнесл. (руск. крыша над головой, укр. дах над головой, польск. (dасh nаd głova) м. Дом ці кватэра, пакой. Важна, што ў мяне ёсць дах над галавою. А ў людзей і таго няма (У. Дамашэвіч. Німфа).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (заменена назва цэлага назвай яго часткі).
Даць газу каму. Гл. даваць (даць) газу каму.
Даць галаву на адрэз. Гл. даваць (даць) галаву на адрэз (на адсячэнне).
Даць гарбуз каму. Запазыч. з укр. м. (дати гарбуза). Адмовіць таму, хто сватаецца. Яе асабліва трывожыла тое, што Глушакі сваты не абы-якія, ім не так проста даць гарбуз, паказаць, як ісці туды, адкуль прыйшлі, ні з чым… (І. Мележ. Людзі на балоце).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. На Украіне і ў некаторых раёнах Беларусі быў звычай: калі дзяўчына ці яе бацькі непрыхільна ставіліся да сватання, то маладому або свату давалі гарбуз як знак нязгоды.
Даць дуба. Гл. дуба даць.
Даць дыхту каму, чаму. Відаць, запазыч. з польск. м.; яго падае толькі «Słownik jęzуkа роlskіедо» (1900): zаdаć котu dусhtu — ‘даць лазню, узяць у абарот’. У гэтым слоўніку сярод пяці значэнняў, уласцівых слову dусht, называецца і значэнне ‘пабоі’, з якім звязваецца ўзнікненне выразу даць дыхту.
У сучаснай бел. м. фразеалагізм ужыв. з чатырма значэннямі: 1) каму; моцна сварыцца на каго-н., прабіраць каго-н.; 2) каму; сурова распраўляцца з кім-н., біць бязлітасна каго-н.; 3) чаму і без дап.; рабіць што-н. хутка, энергічна; 4) чаму; натруджваць (рукі, ногі). Як толькі на парозе пакажацца нявестка, ну і дам ёй дыхту! (Ядвігін Ш. Важная фіга). Каб яны [нашы «ястрабкі»] толькі паявіліся, дык далі б дыхту гэтым нахабнікам-фашыстам (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё). Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць… (Я. Купала. Вечарынка). Эх, і наскакалася ж Яніна ў нядзельку ў Манькоўцы! Ну, і дала дыхту нагам, што дала дык дала (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).
Даць задні ход. Гл. даваць (даць) задні ход.
Даць знаць каму. Гл. даваць (даць) знаць каму.
Даць лататы. Агульны для бел. і руск. м. Імкліва ўцячы, кінуцца ўцякаць. Даў, як заяц, лататы праз дарогу — у кусты (А. Александровіч. Шчаслівая дарога).
Для сучаснага носьбіта бел. м. выраз даць лататы — нематываваная фразеалагічная адзінка, пазбаўленая свайго семантычнага вобраза. Для таго ж, хто некалі першы раз ужыў гэты выраз, і яго апошні кампанент не быў «цёмны». Паводле ўзнікнення ён адносіцца да ліку гукапераймальных: сваім складам (лата-та) ён нагадвае гукі, характэрныя для дзеяння, названага гэтым словам (тупат ног уцекача). У выразе даць лататы яго апошні кампанент, па аналогіі з выразамі адной сэнсавай сям’і даць цягу, даць дзёру, даць драла і падобных, прыняў форму род. скл. Часам у мастацкай літаратуры можна сустрэць прыклады, калі пісьменнік агаляе вобразны стрыжань фразеалагізма, напрыклад, падзелам апошняга кампанента на склады: «Па запыленых будынках чуем плач мы беднаты… — Дзе ж цяпер шукаць прыпынку? Ці даваць мо лата-ты?» (М. Чарот. Босыя на вогнішчы).
Даць ляшча каму. Відаць, запазыч. з укр. м. Моцна ўдарыць, выцяць каго-н. Даўшы ляшча аднаму, другому, Фурсевіч злавіу трэцяга і скамандаваў:—Клічусіх на аўдыенцыю (Звязда. 9.10.1987).
Ва ўкр. м. слова ляшч ужыв. не толькі ў складзе фразеалагізма дати ляща ‘ударыць далонню па абліччы’, але і як назоўнік з самастойным лексічным значэннем ‘аплявуха’; першапачаткова дати ляща — ‘даць аплявуху’. Фразеалагізм ёсць і ў руск. м. (дать леща); яго ўзнікненне В. М. Макіенка звязвае з магчымым утварэннем ад дыял. дзеяслова лещить ‘біць’ слова-кампанента лещ са значэннем ‘удар’.
Даць перуноў каму. Гл. даваць (даць) перуноў каму.
Даць перцу каму. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму.
Даць пудла. Уласна бел. Памыліцца, схібіць. І як далі яны такога пудла! Варту знялі тады, калі яна была найболей патрэбна. Дапусціліся да таго, што пратакол папаў у рукі паліцыі (Я. Колас. На ростанях).
Паходзіць з мовы паляўнічых, дзе пудла—‘няўдачны стрэл, промах’. Першапачатковае значэнне выразу — «спудлаваць, прамахнуцца, страляючы; толькі спудзіць (птушку ці звера)».
Даць пытлю каму. Уласна бел. Абазначае ‘напасці з дакорам, абвінавачаннем’ і ‘правучыць, разбіць’. Дык вы едзеце?.. Дайце там пытлю ўсім! (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы). — Гарадскія хлопцы пастараліся. — Што ж, малайцы, і яны далі немцу пытлю! (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Сэнсаўтваральным кампанентам выразу выступае дзеяслоў даць, які ў свабодным ужыванні, без дапаўнення, здольны рэалізаваць такое ж значэнне, як і ўвесь фразеалагізм даць пытлю (параўн., напрыклад: «Дам я табе!», «Ну і далі ім…»). Дадатак пытлю «прырос» да дзеяслова як увасабленне хуткага руху, што ўсведамлялася носьбітамі мовы, калі слова пыталь было ў актыўнай лексіцы. Устарэлы назоўнік пыталь — гэта, паводле І. Насовіча, машына для пытлявання пшаніцы. Амаль тое самае і ў даўнейшых слоўніках польск. м., напрыклад у слоўніку 1912 г.: ‘млын для пытлявання’ і ‘спецыяльны млынавы мяшок для прасейвання мукі, які механічна прыводзіцца ў рух’; тут жа падаюцца і ўстойлівыя параўнанні: язык як пыталь, словы сыпле як з пытля.
Даць стракача ад каго, адкуль, куды. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды.
Даць тон каму, чаму, у чым. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) тон каму, чаму, у чым.
Даць храпака. Гл. даваць (даць; задаваць, задаць) храпака.
Два канцы адной палкі. Уласна бел. Вельмі блізкія ці аднолькавыя ў якіх-н. адносінах з’явы (рэжымы, вучэнні і пад). Што ж тычыцца ідэалогіі, дык камунізм і фашызм маюць, так бы мовіць, асявую сіметрыю або, як кажуць у народзе, ёсць два канцы адной палкі (В. Быкаў. У ягоных сімпатыях няма нічога нечаканага).
Магчыма, склаўся на вобразнай аснове фразеалагізма палка з двума канцамі (гл.).
Двухаблічны Янус. Паўкалька з франц. м. (Jаnus à dеuх vіsадеs). Крывадушны чалавек. Двухаблічны Янус [Вігель] адно гаварыў людзям у вочы, зусім іншае пісаў пра гэтых людзей у сваіх даносах і лістах (Б. Сачанка. Думкі ўроссып).
Выток фразеалагізма — рымская міфалогія. Янус — старажытнарымскі бог часу, а таксама пачатку і канца, уваходу і выхаду. На малюнках і ў скульптуры яго паказвалі з двума тварамі, звернутымі ў супрацьлеглыя бакі. Маладым тварам ён глядзеў наперад, у будучыню, а старым — назад, у мінулае.
Двух слоў не звязаць. Агульны для ўсходнесл. м. Не ўмець звязна, прыгожа выказваць свае думкі. Ты вот пісаць не ўмееш, двух слоў не звяжаш, а колькі ў газеце трубіш? Гадоў пятнаццаць (І. Навуменка. Летуценнік).
Склаўся на аснове фразеалагізма (не магчы) звязаць двух слоў (гл.) — недакладнай калькі з лац. м.
Дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Запазыч. з польск. м. (dwіе (dzіurkі w nоsіе і skоńсzуłо sіę). Ужыв. са значэннем ‘на гэтым і канец’, звычайна як жартаўлівае выказванне пра завяршэнне чагосьці. Напрыклад, у камедыі Я. Купалы «Паўлінка» Сцяпан пад заслону кажа: Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Або ў камедыі К. Крапівы «Брама неўміручасці»: Вось і ўся неўміручасць. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося, як той казаў. Ізноў мы ўсе роўныя. I ніхто нас не дзеліць на вечных і абязвечаных. М. Федароўскі занатаваў у народных гаворках варыянт гэтага запазычання: дзве дзіркі ў носе дый сканчылося.
Выраз усведамляецца як матываваны.
Дзевяты вал. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры, 2) грозная, нязломная сіла, 3) чаго; найбольшае праяўленне чаго-н. Гаварыў Асілак брату: — Глянь, дзе хвалі пеніць шторм, ці то грывай вал дзевяты, ці то зломаным крылом птушка, тонучы, махае? (М. Танк. Казка пра Музыку). Няхай не цешыць сябе стары лад тым, што дзевяты вал мінуў! (Я. Колас. Забастоўшчыкі). Проста з моста скакаў рэдактар на дзевятым вале злосці (П. Палітыка. Свой хлопец).
Звычайна ў выразе выдзяляюць два апошнія значэнні, а першае лічаць тэрміналагічным, аднак гэта тыповае фразеалагічнае значэнне, не звязанае са значэннямі кампанентаў. Назва дзевяты ідзе ад міфалагічнага ўяўлення пра дзевяць як свяшчэнны лік. На аснове гэтага зыходнага значэння развіліся метафарычным шляхам астатнія два значэнні.
Дзеля понту. Гл. для (дзеля) понту.
Дзень добры! (Добры дзень!). Калька з франц. м. (Bonjour!) ці ням. (Gutеn Тад!) м. Прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём. [Куторга: ] Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).
Першапачаткова ўсведамляўся як пажаданне добрага дня каму-н.
Дзе сабака закапаны. Калька з ням. м. (dа іst dеr Нund bеgrаbеn; замест іst выкарыстоўваецца і liеgt). У чым сутнасць справы, сапраўдная прычына чаго-н. Было крыўдна, як гэта ён, майстра сваёй справы з вялікім, яшчэ даваенным стажам, не можа дабрацца, дзе тут, як кажуць, сабака закапаны (Мік. Ткачоў. Светлы агонь).
Мяркуюць, што выраз нарадзіўся ў перыяд сярэднявечча, калі модным было шукаць скарбы, і першапачаткова абазначаў ‘вось дзе скарб закапаны’. Выкарыстанне замест скарб слова сабака вытлумачваецца тым, што існавала павер’е, быццам закапаныя ў зямлі скарбы ахоўваюцца нячыстай сілай у вобразе чорнага сабакі.
Дзесятаму заказаць. Агульны для бел. і ўкр. м. Ні ў якім разе не паўтарыць падобнага і другіх папярэдзіць. Ды я сёння сказала: глядзі, хлопчык, калі яшчэ раз убачу — будзе до-о-брая лазня. Так адхрышчу, што дзесятаму закажаш (А. Кудравец. На зялёнай дарозе).
Калі ўстарэлае слова заказаць са значэннем ‘забараніць’ было ў актыўнай лексіцы, то фразеалагізм усведамляўся як «забараніць не толькі сабе, але і дзесятаму», дзе гіпербалічнае дзесятаму абазначала ‘кожнаму, іншаму, пятаму-дзесятаму’. Субстантываваны лічэбнік дзесятаму замацаваўся ў фразеалагізме як яго сталы кампанент, відаць, не з моманту ўзнікнення выразу. Напрыклад, у помніку XVI ст., у лістах аршанскага старасты Філона С. Кміты-Чарнабыльскага, сустракаем: «…таковое досады ужил, не только молвити сметь, же се вернет, але и другому закажет!»
Дзесятая (сёмая) вада на кісялі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі далёкі сваяк. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара). Антоні Плахінскі… даводзіўся ёй дваюрадным ці траюрадным братам, адным словам, сёмая вада на кісялі (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Даўней кісель рабілі пераважна з аўса, які намочвалі, прарошчвалі, сушылі і таўклі ў ступе. Затым солад заквашвалі і працэджвалі. Маглі і яшчэ раз ці два заліваць вадой выціснутую гушчу і працэджваць на сіта. Але ўжо атрымліваўся рэдкі кісель, далёка не падобны на першы цэд. Зразумела, што ні сем, ні тым больш дзесяць цэдаў не практыкавалі, бо іх вынікам была б амаль чыстая вада. Таму на пачатку свайго фразеалагічнага жыцця выраз дзесятая (сёмая) вада на кісялі ўсведамляўся як гіпербала.
Дзённа і ночна. Уласна бел. (параўн. ва ўкр. м.: денно і нічно). Увесь час, пастаянна. Улады рабілі (і робяць) выгляд, што раяцца з простымі людзьмі, што прыслухоўваюцца да іх разваг і меркаванняў, што дзённа і ночна дбаюць аб іх здароўі, шчасці і дабрабыце (ЛіМ. 23.10.1998).
Склаўся на аснове царк. — слав. выразу денно и нощно, які абазначаў ‘суткі’.
Дзірка ад абаранка. Паўкалька з руск. м. (дырка от бублика). Зусім нічога. Я стараўся, стараўся… А за мае старанні — дзірка ад абаранка (І. Капыловіч. Чарнабурка).
Стваральнік выразу — У. У. Маякоўскі. У яго «Містэрыі Буф» (1918) чытаем: «Чего канителитесь? Обещали и делим поровну: одному бублик, другому — дырка от бублика. Это и есть демократическая республика». Доказам на карысць такога меркавання з’яуляецца тое, што ў рускіх парэміяграфічных і фразеалагічных працах (У. Даля, М. Міхельсона і інш.) выраз не фіксуецца, няма яго і ў ранейшых беларускіх і ўкраінскіх зборніках. Яго пачалі ўключаць ў слоўнікі толькі ў 1950-я гады.
Дзіцячы лепет. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. детский лепет, укр. дитячий лепет). Наіўныя, несур’ёзныя, павярхоўныя думкі, меркаванні і пад. Вершы [я] пачаў пісаць, калі адолеў граматыку, а складаў іх яшчэ раней. Мабыць, гэта быў дзіцячы лепет (Полымя. 1987. № 8).
Узнік, хутчэй за ўсё, са свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарычнага пераасэнсавання на аснове падабенства з’яў. Выраз у такім разе ўсведамляецца як прыхаванае параўнанне з дзіцячым лепетам у прамым значэнні гэтых слоў. Параўн. і аналагічнае тлумачэнне фразеалагізма ў ТСБМ (т. 3, с. 35): «Дзіцячы лепет — пра што-н. вельмі бездапаможнае, па-дзіцячаму наіўнае». З другога боку, можна лічыць, што гэта выраз з агульным аналітычным значэннем і што абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: дзіцячы суадносіцца са значэннем ‘наіўны, не сталы, неўласцівы даросламу’, а лепет — са значэннем ці адценнем ‘невыразная, непераканаўчая гаворка, разважанне, тлумачэнне і пад.’.
Дзяліць шкуру (скуру) незабітага мядзведзя. Агульны для ўсходнесл. м. Загадзя размяркоўваць прыбытак ад чагосьці яшчэ не ажыццёўленага. Кожны хоча нешта ўрваць. А рваць пакуль што няма чаго. Дзелім шкуру незабітага мядзведзя (Б. Сачанка. Вялікі Лес).
Склаўся на аснове прыказкі, вядомай многім народам у блізкіх разнавіднасцях: Не забіўшы мядзведзя, шкуры не прадавай (руск.), Не прадавай мядзведжай шкуры, пакуль не забіў мядзведзя (ням.), Не варта прадаваіць шкуру мядзведзя, не забіўшы яго (франц.). Параўн. беларускія адпаведнікі, занатаваныя М. Федароўскім: На жывым мядзведзі шкуры не купляй; Калі мядзведзь у лесе, то шкуру не дзяруць.
Дзяльба скуры незабітага мядзведзя. Гл. падзел (дзяльба) скуры незабітага мядзведзя.
Дзям’янава юшка. Паўкалька з руск. м. (демьянова уха). Тое, што назойліва прапануецца каму-н. у вялікай колькасці. Заставілі і пельмені есці. Смехата. Я іх туды, а яны — назад. Дзям’янава юшка (В. Ткачоў. Дзень у горадзе).
Выраз з аднайменнай байкі (1813) І. А. Крылова, у якой расказваецца, як Дзям’ян так частаваў юшкай суседа Фоку, што той мусіў уцячы і пасля гэтага «да Дзям’яна ні нагой».
Для адводу вачэй. Агульны для бел. і руск. (для отвода глаз) м. З мэтай адцягнуць увагу, стварыць знешняе ўражанне, падмануць. Нават неспрактыкаваны слых адразу адчуў бы самае звычайнае бразгаценне металу, якое бывае тады, калі часткі машыны не падагнаны як след адна да адной, зроблены наспех, для адводу вачэй (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Утвораны на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма адводзіць вочы каму (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў.
Для ачысткі сумлення. Калька з франц. м. (раг асquіt dе сопsсіепсе). У апраўданне сваіх учынкаў, каб потым не шкадаваць аб чым-н., не раскайвацца ў чым-н. Ды якія там грошы, нічога не трэба!.. Ну, калі вам так карціць, то, як гаворыцца, для ачысткі сумлення вышліце… (В. Гігевіч. Варыянт).
У франц. м. фразеалагізм мог сфарміравацца на базе дзеяслоўнага выразу ачысціць сумленне, які прыйшоў з перакладам біблейскіх тэкстаў, напрыклад: «Хрыстос ачысціць сумленне наша ад мёртвых спраў» (Пасланне да яўрэяў, 9, 14).
Для блізіру. Агульны для бел. і руск. (для блезиру) м. З мэтай стварыць падманлівае ўражанне. У Грыбаўцах гэтым часам нашы зайшлі да Карповіча, бацькі начштаба, пабілі для блізіру вокны, забралі лесніка (А. Карпюк. Пушчанская адысея).
У франц. м. ёсць устойлівае спалучэнне раг рlаіsіr (дзе другі кампанент чытаецца як плезір) са значэннем ‘несур’ёзна, дзеля забавы’. Трапіўшы някніжным шляхам у нашу мову і не маючы ў ёй матываванай апоры на якое-небудзь слова, назоўнік плезір атрымаў народна-этымалагічнае пераасэнсаванне, «зрадніўся» са словам блізка ў значэнні ‘прыблізна’ (на аснове гукавога і часткова сэнсавага збліжэння). Адбыліся і некаторыя семантычныя зрухі ў выразе параўнальна з яго першакрыніцай.
Для (дзеля) понту. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. для понта, укр. для понту). З мэтай стварыць пэўнае ўражанне (форсу, важнасці, паказухі і пад). — Бачу, казакі — дужы народ? — Гэта я дзеля звычайнага понту — Стала быць, дзеля понту? — Так, дзеля понту. — Што ж, для понту дык для понту. А чаго баяцца? (І. Чыгрынаў. Ігракі).
Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утвораны па мадэлі з сэнсава тоеснымі выразамі для віду, для блізіру, для прыклёпу і інш. Понт ужываецца ў маўленні карцёжнікаў побач са словамі панцёр (‘ігрок, які ставіць на кон пэўную суму грошай’) і панціраваць (‘рабіць стаўку, якая ў выніку пройгрышу пераходзіць да банкаўшчыка’) — Параўн. у франц. м.: ропtе (чытаецца: понт) — ‘панцёр’ і ‘уплывовая асоба’.
Для мэблі. Запазыч. з руск. м. (для мебели). Зусім бескарысны, непатрэбны пры якой-н. справе або дзе-н. [Пётр: ] Ці зможа яна разабрацца ва ўсіх інструкцыях і розных там паперках? [Насця: ] Ды і мы тут не для мэблі. Паможам, падкажам (В. Зуб. Злавацца не трэба).
Паходзіць з маўлення карцёжнікаў. Як засведчана ў даўнейшых слоўніках арго, словам мэбля (мебель) карцёжнікі называлі хаўруснікаў шулера, якія не ведалі шулерскіх прыёмаў і ўдзельнічалі ў гульні для павелічэння колькасці партнёраў, калі іх было мала.
Днём з агнём. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘ніякім чынам, аніяк (не знойдзеш, не знайсці каго-, чаго-н.)’ і ‘з вялікімі цяжкасцямі, прыкладаючы значныя намаганні (шукаць, пашукаць каго-, што-н.)’. У вайну мыла было днём з агнём не знайсці. А ў Захаркавай лазні аж два брускі: Тадорка дастала з дна скрыні (І. Сіняўскі. Дарога на Замлынне). [Акуліна: ] О, цяпер такіх нявестак днём з агнём пашукаць трэба (А. Цяжкі. Нялюбая).
У руск. м. узнікненне фразеалагізма звязваюць з легендай пра грэчаскага філосафа Дыягена (IV ст. да н. э.). Аднойчы ён, каб паказаць, як мала сапраўдных людзей сярод сапсаванага грамадства, запаліў днём ліхтар і ўсюды хадзіў з ім, гаворачы: «Шукаю чалавека».
Добрая (вясёлая) міна пры дрэннай гульні. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хорошая мина при плохой игре, укр. весела міна при поганій грі). Маскіроўка свайго незадавальнення, непрыемнасцей знешнім спакоем, весялосцю. Пасол, каб хоць нейкім чынам апраўдацца, захаваць добрую міну пры дрэннай гульні, мусіў гаварыць пра «два элементы» ў палітыцы сваёй краіны… (А. Вярцінскі. Дзве дыпламатыі на паверку).
Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма рабіць добрую міну пры дрэннай гульні (гл.).
Добры геній чый. Паўкалька з франц. м. (bоn génіе). Чалавек, які аказвае на каго-н. дабратворны ўплыў, прыносіць каму-н. карысць. [Жарэс Ляхоўскі] зноў усміхнуўся: «Ты мой добры геній, я гэтага чакаў». I ён паклаў сваю белую далікатную руку на яе маленькую, з доўгімі пальцамі ручку (У. Дамашэвіч. Німфа).
Склаўся на аснове старажытнарымскіх міфалагічных уяўленняў. Геній, паводле гэтых уяўленняў, — дух-заступнік, які кіруе дзеяннямі і думкамі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Лічылася, што ёсць два геніі: добры, які прыносіць карысць, і злы, які аказвае на чалавека дрэнны ўплыў.
Добры дзень! Гл. Дзень добры!
Дойная карова. Раўназначныя адпаведнікі ёсць амаль ва ўсіх славянскіх, атаксамарумынскай, турэцкай і іншых мовах. Відаць, калька з ням. м. (mеlkеndе Кuh). Крыніца матэрыяльных даброт, якой можна несумленна карыстацца ў асабістых мэтах. Варочаецца Валодзька на ложку, думае. Ах, грошы-грошыкі!.. Многа дае дзяржава, але ж ёй і аддаваць трэба. Ведама, не дойная карова (М. Герчык. Гісторыя хваробы).
Выраз з празрыстай унутранай формай.
Дражніць гусей. Запазыч. з руск. м. Злаваць каго-н., выклікаць злосць. Абаронцу лягчэй выступаць, калі ў яго вераць падапечныя. Будзьце стрыманымі і не дражніце без патрэбы гусей (М. Машара. Лукішкі).
Крылаты выраз з байкі І. А. Крылова «Гусі» (1811). У ёй гаворыцца, як гусі, якіх селянін гнаў у горад прадаваць і «не вельмі ветлівы быў» з імі, раззлаваліся і сталі наракаць (пераклад М. Клімковіча): Таго не цяміць невук той, што ўсе Павінны к нам адносіцца з пашанай,
Бо мы свой знатны род вядзём ад тых гусей,
Якімі некалі быў Рым уратаваны.
Падарожны адказаў гусям, што іх продкаў заслужана шанавалі ў свой час, а гэтыя гусі ні да чаго не прыдатныя, апрача смажаніны.
У маралі выраз набывае абагульнена-пераносны сэнс:
Мог думку гэту ў байцы я далей развіць,
Ды каб гусей не раздражніць.
Другая натура. Агульны для ўсходнесл. м. Арганічная патрэба, унутраная схільнасць, істотная рыса каго-н. У яго ўзросце ўсякая дробязь мае значэнне, і асцярожнасць робіцца другой натурай (У. Шыцік. Капітан).
«Абломак» прыказкі Прывычка — другая натура (паўкалькі з лац. м.: сопsuеtudо еst аltега паturа). Другая частка прыказкі стала ўжывацца ў спалучэнні не толькі са словам прывычка.
Другі бок медаля. Гл. адваротны (другі) бок медаля.
Другое дыханне. Калька з англ. м. (sесоnd bгеаth). Новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.). У стоме, адчаі, бядзе надзею не мкніся закрэсліць. Як новай паэмы раздзел, дыханне другое ўваскрэсне (Ю. Голуб. Другое дыханне).
Паходзіць з маўлення спартсменаў-бегуноў. У часе бегу на далёкія дыстанцыі ў здаровага чалавека пасля крайняй стомы нечакана адбываецца новы прыліў сілы, выраўноўваецца дыханне.
Дуба даць. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘памерці’ (параўн. у польск. м.: dаć dębа — ‘уцячы, даць цягу’). Ану, Тоўкач, марш за падводай. Інакш твой Маслакоў… дуба дасць (В. Быкаў. Круглянскі мост).
Як лічаць У. Даль і А. Праабражэнскі, гэты фразеалагізм у XIX ст. ўжываўся толькі ў паўднёвых гаворках (тэрыторыя сучаснай Украіны). Узнікненне выразу можна звязваць з даўнім славянскім пахавальным абрадам. Існавала павер’е, што прыстанкам душы пасля смерці чалавека становіцца дрэва. Пры пахаванні перавагу аддавалі дубу. Дно ямы выкладвалася дубовым лісцем, помнікі на магіле рабіліся з дубу. Дубовыя помнікі накшталт лодкі «сустракаюцца да гэтага часу на Заходнім Палессі і суседняй з ім Паўночнай Валыншчыне», такія помнікі «зафіксаваны ў мясцовасцях, дзе шмат камення, але яны абавязкова драўляныя, што звязана, трэба меркаваць, з культам дрэва» (М. І. Талстой).
Дубовая галава. Агульны для ўсходнесл. м. Тупы, неразумны чалавек. Вот жа дубовая галава. Далей свайго носа нічога не бачыць (М. Вышынскі. У адведках).
Кампанент дубовая тут адыгрывае сэнсаўтваральную функцьпо: ён суадносіцца з такімі словамі, як дубіна, дуб, адно са значэнняў якіх тоеснае са значэннем гэтага фразеалагізма.
Дулю (фігу) з макам. Агульны для бел. іўкр. м. Ужыв. са значэннямі ‘зусім нічога не (атрымаць, даваць і пад.)’ і ‘не, зусім не (у значэнні адмоўнага слова-сказа)’. Вы за гэта грошы аграбаеце з казны. А мне… дулю з макам даяце. Знайшлі дурня… (В. Каваленка. Падвышанае неба). А каб прылашчыць, дык фігу з макам, перасылаюць адна да адной, нібы той футбольны мяч (В. Зуб. Мае жонкі).
Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова дуля, выкарыстанае ў якасці пагардлівай адмовы ‘не, зусім не’, накладзена яшчэ адно значэнне — ‘плод ігрушы’ — з адначасовым дапаўненнем гэтага значэння экспрэсіўным дадаткам з макам. Параўн. прыклад, дзе перадаецца працэс разгортвання слова ў фразеалагізм: «— Чаго гэтую набрыдзь сюды пагнала? — Дык я ж кажу: па дранічкі прыбеглі!.. — Дулю! Дулю ім! З макам і такам! Замест дранічкаў…» (А. Савіцкі). Раней насенне маку было частай прыправай у ежу. Параўн. у прыказцы: Еш, дурань, бо то з макам!
Дулю (фігу, кукіш) з маслам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. фигу (шиш, кукиш) с маслом, укр. дулю (фігу) з маслом). Ужыв. са значэннямі: 1) зусім нічога не (атрымаць, даваць і пад.), 2) не, зусім не (выказванне катэгарычнага адмаўлення, пярэчання і пад.). — Абшастаў усе кнігарні, — выціраючы насавіком жоўты плеш, зашаптаў мой сусед. — Знайшоў фігу з маслам (I. Аношкін. Бурсакі). — У добраахвотнікі хай запішацца!.. — Дулю з маслам, на фронце ногі можна замачыць! — адгукнуўся другі (М. Лобан. На парозе будучыні).
Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова дулю, выкарыстанае ў якасці пагардлівай адмовы ‘не, зусім не’, накладзена яшчэ адно значэнне — ‘плод ігрушы’ — з адначасовым дапаўненнем гэтага значэння экспрэсіўным дадаткам з маслам.
Душа наросхрыст у каго. Паўкалька з руск. м. (душа нараспашку). Хто-н. вельмі шчыры, адкрыты. Памятаеце па Гомелю? Партызан, душа наросхрыст. Некалькі танкаў падарваў (У. Карпаў. За годам год).
Мяркуюць, што ў словазлучэнні, з якога ўзнік фразеалагізм, рэалізуецца значэнне слова душа (засведчанае ў слоўніку У. Даля) — ‘ямачка на шыі пад кадыком’. Паводле народных уяўленняў, у гэтым месцы знаходзіцца душа. На грудзях, каля душы («ямачкі»), раней насілі, хавалі грошы. Першапачаткова словазлучэнне душа наросхрыст абазначала, як піша М. М. Шанскі, «чалавека з расшпіленым каўняром кашулі, які не баіцца паказаць, што ў яго за пазухай». Параўн.: «Гэта ўражанне як бы дапаўняла тое, што каўнер касавароткі быў расшпілены, нібы паказваў: уся душа наросхрыст» (І. Мележ. Подых навальніцы).
Душа ў пяткі <схавалася, ускочыла> у каго. Недакладная калька з лац. м. (аnіmus іn реdеs dесіdit — душа ў ногі (ступні) упала). Каго-н. ахоплівае моцны страх. Не, я перапалохалася вельмі. Як ён пачаў гаварыць, дык у мяне душа ў пяткі схавалася (А. Асіпенка. Вогненны азімут).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Душой загавець. Уласна бел. Памерці, загінуць. Закон, бачыш, такі ёсць: як хто сам праз сябе памрэ, дык датуль няможна хаваць, пакуль не дойдуць, як і праз што ён душой загавеў (Я. Купала. Раскіданае гняздо).
Слова загавець, апрача свайго асноўнага значэння ‘паесці скаромніны апошні раз перад постам’, у бел. гаворках ужываецца з іншымі значэннямі; напрыклад, у «Матэрыялах для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (1974): загавець — ‘захварэць’. Параўн. таксама: «Я не хачу загавець жыццём чорт ведама за што» (Р. Мурашка). Тут ужо сэнс дзеяслова загавець іншы: ‘загінуць’. Такое ж устар. ці дыял. значэнне і ў дзеяслоўным кампаненце фразеалагізма душой загавець. Яно выяўляецца пры супастаўленні гэтага фразеалагізма з антанімічным душой адгавець — ‘ажыць’. Параўн. у слоўніку У. Даля: гавець — ‘жыць, быць’ (з паметай «устарэлае»). «Магчыма, словы загавець, адгавець ад таго кораня, што і жыць, гаіцца (загаіцца)» (Ф. Янкоўскі). Як бачым, сэнсавым цэнтрам фразеалагізма душой загавець першапачаткова выступаў дзеяслоў загавець.
Дымавая заслона. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. дымовая завеса, укр. димовая завіса). Маскіроўка, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н. У ходзе следства і суда дымавая заслона рассеялася, і хапугі паўставалі такімі, якші былі (Звязда. 3.10.1982).
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у маўленні ваенных называюць штучна ўтвораныя воблакі дыму як спосаб маскіроўкі.
Дым каромыслам. Запазыч. з руск. м. Дзе-н. пануе вялікае ажыўленне ці падымаецца шум, беспарадак, сумятня. У другой [вёсцы] паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, па вуліцах поўна падвод, п’янка — дым каромыслам (В. Быкаў. Круглянскі мост).
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з даўнейшым сялянскім бытам, калі існавалі курныя хаты, г. зн. хаты, якія абаграваліся печкай без коміна. Дым выходзіў праз спецыяльнае акенца або ў дзверы. Калі ў хаце было спакойна, а на дварэ стаяла добрая пагода, дым выходзіў роўным патокам. Калі ж пачынаўся шум, сумятня, то дым падымаўся каромыслам, г. зн. выбіваўся клубам і пасля перавальваўся дугой.
Дыхаць на ладан. Гл. на ладан дыхаць.