Т

Табаку важыць. Уласна бел. Драмаць седзячы ці стоячы, то апускаючы, то падымаючы галаву. Што ты, табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма! (Я. Купала. Паўлінка).

Узнік з аманімічнага свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарызацыі на аснове падабенства з’яў «Табаку важылі на маленьхіх шаліках, вельмі адчувальных нават ад шчопця табакі» (Ф. Янкоўскі), яны доўга хадзілі то ўверх, то ўніз, пакуль не ўсталёўвалася раўнавага.

Так бы мовіць. Запазыч. з укр. м. (так би мовити). Калі можна так выказацца. Я ўжо даўно мінуў той дзіцячы ўзрост, пазбавіўся, так бы мовіць, ланцугоў чароўнага і, шчыра кажучы, трохі жорсткага туману… (А. Асташонак. Драматургічныя тэксты).

Гэта нядаўкяе запазычанне ўжываецца ў нашай мове паралельна з сінанімічным выразам так сказаць.

Так трымаць! Паўкалька з руск. м. (так держать). Заклік ці пажаданне і надалей прытрымлівацца ранейшай лініі паводзін. Малайчына, Андрэй, так трымаць, я ведаў, што ты не здасіся ўсякім жыццёвым перыпетыям (І.Капыловіч. Калі трэба жыць).

Паходзіць з маўлення маракоў, дзе «Так держать!» — каманда рулявому на судне, па якой ён павінен утрымліваць ход карабля па зададзеным курсе. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма з паказам на сферу яго першапачатковага ўжывання: «Пылец па-сяброўску ляпае Алеся па плячы: — Так трымаць, старшына! Гэтак, здаецца, па-флоцку?» (І.Шамякін).

Танцаваць ад печы (ад печкі). Запазыч. з руск. м. Пачынаць з самага прывычнага, паўтараючы ўсе дзеянні з самага пачатку. Мне, Гарасім Сямёнавіч, здаецца, што я танцую, як кажуць, ад печы. Нешта хочацца знайсці такое… зразумець, чаму ўсё ж дзяўчына вярнулася з горадаў вёску (У. Саламаха. Напрадвесні).

Выраз з рамана В. А. Сляпцова «Добры чалавек» (1871). У адным з эпізодаў герой рамана Церабенеў успамінае, як яго, малога, калісьці вучылі танцаваць. Пачынаючы танец ад печкі, хлопчык збіваецца з такта і спыняецца. Настаўнік танцаў зноў вяртае хлопчыка да печкі, зноў усё пачынаецца спачатку. Праз пятнаццаць гадоў Церабенеў вяртаецца на радзіму пасля бясплённых блуканняў па Еўропе і са страхам думае, што прыйдзецца пачынаць жыццё спачатку. «Чаго я еду ў Расію? — раптам з жахам падумаў ён. — Гэта я вяртаюся да печкі!..»

Танталавы мукі (пакуты). Гл. мукі Тантала.

Таптанне на месцы. Агульны для ўсходнесл. м. Адсутнасць развіцця, руху наперад. [Язва: ] Пара канчаць гэту камедыю. Іначай будзе таптанне на месцы, чаго глядач цярпець не можа (К. Крапіва. Мілы чалавек).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма таптацца на <адным> месцы ‘не рухацца наперад, не развівацца, не ўдасканальвацца’.

Таптанне ў гразь каго, чаго. Гл. утоптванне (таптанне) y гразь каго, чаго.

Таптацца ў гразь. Агульны для ўсходнесл. м. Усяляк прыніжацца, знеслаўляцца, зневажацца. У краіне, дзе верхаводзяць «праваслаўныя атэісты», тысячагадовыя традыцыі мудрых продкаў топчуцца ў гразь (С. Кліменценка. Не згасайце, свечкі памяці).

Утвораны ад фразеалагізма таптаць у гразь (каго, што) — выразу з жывой унутранай формай.

Таптаць (утоптваць; утаптаць) y гразь каго, што. Калька з франц. м. (saucer dans la boue). Усяляк чарніць, прыніжаць, знеслаўляць каго-, што-н., зневажальна адзывацца, несправядліва абвінавачваючы. Як з «хамамужыка» ў палацах умела панства пасмяяцца! Як твае думы, тваё слова ў гразь таптала адмыслова! (Ю. Свірка. Хат вячысты дар).

Вобразнае ўяўленне, якое спадарожнічае фразеалагічнаму значэнню, усведамляецца даволі выразна. Адчуваецца і гіпербалічнасць у супастаўленні з’яў.

Тармазы адказваюць y каго. Агульны для бел. і руск. (тормоза срываются) м. Хто-н. страчвае кантроль над сваімі дзеяннямі, учынкамі. Мабыць, многія чулі, як юнак, які зрабіў нешта кепскае, апраўдваецца: «Адказалі тармазы… Быў п’яны» (Маладосць. 1988. № 2).

Паходзіць з маўлення шафёраў.

Таўчы ваду ў ступе. Гл. ваду ў ступе таўчы.

Тачыць зубы на каго, на што. Гл. вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што.

Тачыць (патачыць) лясы (балясы) з кім. Агульны для ўсходнесл. м, Займацца пустымі размовамі, пустасловіць. Ёй [бабулі] няма часу з намі тачыць лясы — трэба бульбу перабраць: што варыць, што на насенне (І.Сяркоў. Мы з Санькам у тыле ворага).

Прынята лічыць, што фразеалагізм склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння тачыць балясы, г. зн. выточваць, апрацоўваць з дрэва фігурныя слупкі (балясы), якія ішлі на ўпрыгожванне лесвічных поручняў. Майстры, выконваючы гэту няцяжкую работу, займаліся вясёлымі размовамі, пустасловілі. Ёсць і другое меркаванне пра паходжанне фразеалагізма; на думку В. М. Макіенкі, выраз на пачатку свайго існавання меў агульнае аналітычнае значэнне: кампанент тачыць суадносіўся са значэннем ‘выконваць’, a кампанент балясы — са значэннем ‘пустыя размовы’.

Толькі (аднаго) птушынага малака няма (не хапае, бракуе) у каго, дзе. Агульны для ўсходнесл. (руск. только нет птичьего молока, укр. тільки пташиного молока нема) і польск. (brakuje komu tylko ptasiego mleka) м. Усяго ўволю, удосталь. I пажылі ж мы з Нэлечкай — ёсць што ўспомніць! Можна сказаць, аднаго птушынага малака бракавала (І.Аношкін. Дружбакі).

Склаўся на аснове фразеалагізма птушынае малако (гл.).

Трапіць да Абрама на піва. Гл. да Абрама на піва трапіць.

Трапіць (папасціся, улезці) y нерат. Уласна бел. Апынуцца ў безвыходным, непрыемным ці няёмкім становішчы. Змораныя чырвонаармейцы прыпыніліся ў невялікім маёнтку. Трэба было адпачыць і агледзецца, каб не трапіць у нерат (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Узнік з прыказкі Трапіў y нерат — ні ўзад ні ўперад, y якой першапачаткова мелася на ўвазе рыба. Скарочаны варыянт пашырыў сваю спалучальнасць, уступае ў сінтаксічную сувязь, не заўсёды ўласцівую прыказцы.

Трапіць y <самы> яблычак. Гл, пацэліць (патрапіць, трапіць) y <самы > яблычак.

Трапляць (трапіць; пападацца, папасціся) на вудачку (на кручок) каму, да каго. Агульны для ўсходнесл. м. Даваць сябе падмануць, ашукаць. У мяне пасля балелі мышцы жывата — ад натугі, каб не зарагатаць ад таго, як траплялі на вудачку паважаныя сталыя людзі (І.Шамякін. Тайна драмы).

Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.

Трапляць (трапіць) y пераплёт. Паўкалька з руск. м. (попадать в переплет). Аказвацца ў цяжкім, небяспечным ці непрыемным становішчы. Рыхлінскі зразумеў, y чым справа, не раз трапляў y пераплёт, хацеў крычаць, але мужчыны (гэта былі партызаны) заткнулі яму рот (І.Гурскі. Вецер веку).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, y якім словам пераплёт, паводле В. М. Макіенкі, называлі сплеценую з жэрдак пастку для лоўлі рыбы.

Траціць галаву. Гл. губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву.

Трашчаць (затрашчаць) па <усіх> швах. Агульны для ўсходнесл. м. Знаходзіцца пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву. Рабочыя планы ў гаспадарцы цяпер трашчаць па ўсіх швах і толькі таму, што аднесліся да іх распрацоўкі фармальна (Звязда. 3.08.1986).

Утвораны ў выкіку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да адзення, калі яно не падыходзіць каму-небудзь з-за малога памеру.

Траянскі конь. Калька з грэч. м. Mae значэнні ‘ашуканства, хітры падман’ і ‘чалааек, які са здрадніцкімі намерамі дабіваецца чыйгосьці давер’я, выдае сябе не за таго, кім з’яўляецца на самай справе’. У вясковай ночнай цішыні дагараў клуб — гэты траянскі конь графа Ельскага (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах). [Ягадка: ] Калі быў таварыскі суд, вы назвалі яго пры ўсіх траянскім… жарабцом. [Ізабела: ] Даруйце, y вас недакладна запісана. Я назвала яго траянскім канём (М. Матукоўскі. Амністыя).

Паводле старажытнагрэчаскага эпасу, пасля дзесяцігадовай асады грэкі хітрасцю авалодалі горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Каб уцягнуць каня ў крэпасць, траянцы разбурылі частку сцяны. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава. Троя была ўзята і разбурана.

Труса святкаваць. Паўкалька з руск. м. (труса праздновать). Баяцца, палохацца. Кабакоў ціха прызнаўся: —Баюся… — Лейтэнант Самохін, ён што — заўсёды ў вас труса святкуе? — Ды быццам не. Не прыкмячалася (В. Быкаў. Яго батальён).

Склаўся як своеасаблівая пародыя на словазлучэнні са святцаў (тыпу святкаваць Вялікдзень, святкаваць імяніны). Сэнсаўтваральным тут выступае назоўнікавы кампанент са значэннем ‘баязлівец’.

Тры корабы нагаварыць, наплесці і пад. Паўкалька з руск. м. (с три короба). Вельмі многа і абы-чаго. Чаго ты абыходзіш мяне? I табе ўжо наплялі тры корабы? (У. Карпаў. За годам год).

Паходзіць з прыказкі Приехала баба из города, привезла вестей с три короба. Як сведчыць У.І.Даль, короб і ў прыказцы, і ў яе «абломку» ўжыты з даўнейшым значэннем ‘павозка, воз, калёсы’. У бел. м. фразеалагізм выкарыстоўваецца і ў форме сем корабаў: «А цяпер спі, a то я табе нагаварыла сем корабаў. Прабач старую» (А. Васілевіч. У прасторы жыцця).

Трымай кішэнь(-і) шырэй. Паўкалька з руск. м. (держи карман шире). Не спадзявайся, не разлічвай на што-н., не чакай чаго-н. [Цыганок: ] Дык вы яму верце, што пан хоча нам добрае дзела зрабіць! Трымай кішэні шырэй! Аддасць ён зямлю! (М. Грамыка. Змітрок з Высокай Буды).

Выраз грунтуецца на іранічным асэнсаванні адпаведнага словазлучэння, y якім, як мяркуюць, слова карман мела даўнейшае значэнне ‘мяшок’.

Трымацца абедзвюма рукамі за каго. Уласна бел. Высока цаніць каго-н., даражыць кім-н. A ты, дурань, падумала [Антаніна] пра Аляксея, замест таго, каб абедзвюма рукамі трымацца за такую прыгажуню, яшчэ круціш носам… (Я. Радкевіч. Антаніна).

Утварыўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку яго пераасэнсавання, пераносу дзеяння з неадушаўлёных прадметаў на чалавека.

Трымацца на адлегласці ад каго, з кім. Агульны для ўсходнесл. і польск, м. (руск. держаться на почтнтельном расстоянии от кого, укр. триматися на <значній> відстані від кого, польск. trzymać się w odległosci od kogo). Hе ўступаць у блізкія адносіны, сувязі з кім-н. Сурміла трымаўся на адлегласці з падначаленымі, раўніва клапаціўся пра свой аўтарытэт… (В. Блакіт. Шануй сваё імя).

Утвораны ад фразеалагізма трымаць на адлегласці (каго) — недакладнай калькі з франц. м. (гл.).

Трымаць вуха востра. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. держать ухо востро, укр. тримати вухо гостро). Ужыв. са значэннямі ‘апасаючыся чаго-н., быць вельмі пільным, быць напагатове’ і ‘не давярацца каму-н., быць асцярожным з кім-н.’. Стан рэчаў быў такі, што трэба трымаць вуха востра, каб не папасціся бязглузда ў панскія рукі (Я. Колас. Дрыгва). [Туміловіч: ] Гэта такія людзі, Аўдоцця Захараўна, што з імі трэба трымаць вуха востра (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, пераносу на чалавека дзеянняў, звычак, напрыклад, каня ці сабакі, якія пры адчуванні небяспекі востра трымаюць вушы, прыслухоўваюцца.

Трымаць на адлегласці каго. Недакладная калька з франц. м. (tenir a distance respectueuse, літаральна «трымаць на значнай адлегласці»). Пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім-н. [Майстар: ] Ты не адзін раз казаў мне, што вучняў трэба трымаць на адлегласці. Ці не ў гэтым твая памылка? (А. Кобец-Філімонава. Агні за перавалам).

Узнікненне фразеалагізма звязана з правіламі этыкету, паводле якіх неабходна было знаходзіцца на пэўнай адлегласці ад караля і іншых важных асоб.

Трымаць нос па ветры. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. держать нос по ветру, укр. тримати ніс по вітру). Вобразная назва беспрынцыповых дзеянняў і паводзін тых, хто прыстасоўваецца да абставін, мяняе свае погляды, перакананні. Не ў яго звычцы прыкідвацца, лаўчыць, «трымаць нос па ветры» (Г. Бураўкін. Ён прыйшоў з вайны…).

Выраз увайшоў y літаратурны ўжытак з мовы маракоў, дзе яго першапачатковае значэнне было канкрэтнае: да з’яўлення параходаў, y перыяд паруснага флоту, увесь час неабходна было трымаць нос карабля па ветры.

Трымаць порах сухім. Калька з англ. м. (keep one’s powder dry). Быць пільным, быць у баявой гатоўнасці. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу слабасць, любы зручны момант. Гэта абавязвае нас быць увесь час напагатове, трымаць порах сухім (І.Мележ. Завеі, снежань).

Узнікненне выразу звязваецца з імем Олівера Кромвеля — кіраўніка англійскай буржуазнай рэвалюцыі XVII ст. Калі яго войска павінна было фарсіраваць раку, ён нібыта сказаў: «Спадзявайцеся на Бога, але порах трымайце сухім».

Трымаць руку на пульсе чаго. Паўкалька з руск. м. (держать руку на пульсе). Быць у курсе падзей, сочачы за іх развіццём. Паэт трымаў руку на пульсе часу, апяваў жыццё ў яго перспектыве… (Ю. Свірка. «Прымі мой зорны спеў…»).

Утвораны на базе састаўнога медыцынскага тэрміна ў выніку яго пераноснага ўжывання.

Трымаць (стрымаць) <сваё> слова. Калька з франц. м. (tenir parole). Выконваць абяцанне. Скончылі працу, гаспадар стрымаў сваё слова, і вячэра была сытая і смачная (У. Дамашэвіч. Дзявочая клятва).

Трымаць хвост трубой (дудой). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. держать хвост трубой, укр. тримати хвіст трубою). Трымацца ўпэўнена, з гонарам, не баючыся, не сумуючы. Хадзем, браце, апранацца, наводзіць глянец. Як сябе ні адчуваеш, а, як той казаў, хвост трэба трубой трымаць (Р. Сабаленка. Пчаліны мёд).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое з прамым значэннем слоў ужываецца ў дачыненні да некаторых жывёл (напрыклад, сабакі ці ваўка).

Трымаць язык за зубамі. Калька з ням. м. (die Zunqe im Zaum halten, літаральна «язык за зубамі трымаць»). Нічога не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях; маўчаць, калі трэба. Сеня адмовіўся [адказваць], можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі» (І.Шамякін. Трывожнае шчасце).

У многіх навуковых працах сцвярджаецца, што гэты выраз «уласна рускі» і з’яўляецца вынікам скарачэння прыказкі «Ешь пирог с грибами, a язык держи за зубами». Часам да гэтага дадаюць яшчэ і сюжэтны аповед з часоў імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Думаецца, аднак, што гэты выраз склаўся ў немцаў і ў яго аснове — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення. Параўн. іншыя сінанімічныя фразеалагізмы: трымаць язык на прывязі, трымаць язык на замку, прытрымліваць язык. Параўн. і ў франц. м.: tenir sa lanque (літаральна «трымаць язык»).

Трын-трава для каго, каму. Запызыч. з руск. м. Не заслугоўвае ніякай увагі, не мае значэння, не хвалюе каго-н. Звінела б тая струна ды брала нас за жывое! Астатняе ўсё — нажыўное, астатняе ўсё — трын-трава! (А. Вярцінскі. Запаветная струна).

Лічаць, што неўжывальнае па-за фразеалагізмам слова трын — фанетычнае змяненне крын (грэч.) ‘кветка лілея’. У руск. помніках XVIII ст. сустракаецца тэрміналагічнае спалучэнне крин-трава як батанічна-ўрачэбнае абазначэнне лекаў ці лекавай сыравіны. Параўн. іншыя падобныя ўтварэнні: сон-трава, размарын-трава. Спалучэнне магло фразеалагізавацца ў маўленні ўрачоў ці знахароў, a фанетычнае пераўтварэнне адбылося, відаць, пад уздзеяннем пачатковага т y слове трава. Выраз ёсць і ў І.Насовіча — y такой форме: трынь трава. З мяккім н, але ў напісанні праз злучок сустракаецца ў З. Бядулі («Усё рэшта — трынь-трава»), Я. Коласа («Усё гэта трынь-трава»).

Трыццаць срэбранікаў (сярэбранікаў). Паўкалька з царк. — слав. м.(параўн. y «Трыёдзі поснай», спіс XI ст.: «Продаеши на трьхъ десятехъ серебрышцехъ»). Ужыв. са значэннем ‘плата за здраду, цана здрады’. [Мігуцкі:] Падумайце. Лібрэта гатова. Ганарар — трыццаць… [Гудовіч (падхоплівае):]Срэбранікаў (К. Крапіва. 3 народам).

Паходзіць з евангельскай прытчы (Матфей, 26,15) пра Юду Іскарыёта, які прадаў свайго настаўніка Ісуса Хрыста за трыццаць срэбранікаў. Каб стражнікі ведалі, хто з дванаццаці Ісус і каго трэба схапіць, Юда падышоў і пацалаваў яго.

Тры чвэрці да смерці. Уласна бел. Зусім нядоўга (да смерці засталося каму-н.). КамісарКамісар… Што з табою робіцца? Вазьмі сябе ў рукі… Mo тры чвэрці да смерці, a ты… (П.Місько. Мора Герадота).

У гэтым фразеалагізме этымалагізацыі патрабуюць яго кампаненты. Чвэрць — тут тое самае, што пядзя. I хоць працягласць жыцця ніхто не вымярае на чвэрці, аднак у фразеалагізмах з унутранай рыфмай часам бываюць такія лагічныя і моўныя «анамаліі». A чаму тры, a не дзве? Бо лік тры адзін з улюбёных у народнай фразеалогіі, як і ў фальклоры (параўн.: да трох не гавары, y тры пагібелі, на тры сажні пад зямлёй і г.д.).

Трышкаў кафтан (каптан). Паўкалька з руск. м. (тришкин кафтан). Непапраўнае становішча, сітуацыя, калі з ліквідацыяй адных недахопаў непазбежна ўзнікаюць другія. Зрэшты, я ведаю: гэта, лечачы лёгкія, я пасадзіў сэрца. Пракляты трышкаў каптан! Дранае ашмоцце, a не здароўе! (В. Быкаў. Мёртвым не баліць).

Выраз з аднайменнай байкі (1815) І.А. Крылова. У ёй гаворыцца, як Трышка, каб палапіць прадзёртыя локці кафтана, абрэзаў рукавы, a каб надтачыць рукавы, абрэзаў полы і канчаткова сапсаваў свой кафтан. У баечнай маралі выраз ужыты ў іншасказальным значэнні; ён дастасаваны да асоб, якія, заблытаўшы свае справы, так іх папраўляюць, што ў выніку «ў трышкавым кафтане францяць».

Туман у вочы. Гл. пыл (туман) y вочы.

Турусы на калёсах. Відаць, недакладная паўкалька з італ. м. (turres ambulatoriae, літаральна «турусы рухомыя, якія ходзяць»), Бязглуздзіца, балбатня, небыліцы. [Голас з грамады: ] Разводзь, разводзь, доўгавалосы, турусы на калёсах! (Я. Колас. На шляхах волі).

Турусамі ў старажытнасці называлі вялікія перасовачныя вежы для асады крэпасцей. Многія не верылі ў існаванне такіх асадных машын і гаворку пра іх успрымалі як лухту. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча: гоніць турусы на калёсах ‘гаворыць бязглуздзіцу’.

Тысяча і адна ноч. Калька з ням. м. (Tausendundeine Nacht). Штосьці дзіўнае, незвычайнае, казачнае. Яна [гід] не стараецца здзівіць тысяччу і адной ноччу: «Венецыя-Венецыя, ну і што? Знайшлі чаму здзіўляцца» (С. Астравец. Венецыя).

Паходзіць ад назвы зборніка арабскіх казак. Кніга пад такой назвай (з казкамі і апавяданнямі народаў Усходу) канчаткова склалася ў Егіпце (XIV–XV стст.) і была перакладзена на многія раманскія, германскія, славянскія і іншыя мовы.

Тэт-а-тэт. Запазыч. з франц. м. (tête-a-tête). Без сведак, без пабочных асоб, удвух з кім-н. (гаварыць, пагаварыць, спытаць і пад.). Далікатнасць сітуацыі вымагала гаворкі з ім, як кажуць французы, тэт-а-тэт (С. Законнікаў. Ліёнскі тыдзень).

Літаральны пераклад франц. выразу — «галава да галавы».

Загрузка...