Маг і чарадзей. Паўкалька зруск. м. (маг и волшебник). Чалавек, які ўсё робіць лёгка і хутка. — Ты, Фелікс, проста маг і чарадзей! Як гэта табеўдалося [знайсці друкара]? — Я ж казаў: дзядзька Максі мне сваяк, хоць і не блізкі (А. Якімовіч. Кастусь Каліноўскі).
Выраз з камедыі А. В. Сухаво-Кабыліна «Вяселле Крачынскага» (1855), у якой адзін з персанажаў называе махляра і авантурыста Крачынскага магам і чарадзеем.
Мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што. Агульны для ўсходнесл. м. Незаслужана зневажаць, бэсціць, чарніць. За вочы бэсціць, дзёгцем мажа і несусвеціцу нясе, а стрэне — кампліменты кажа і доўга дзве рукі трасе (С. Грахоўскі. «Сумленны»).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым звычаем мазаць дзёгцем у начны час вароты гаспадару, намякаючы гэтым на якую-небудзь правіннасць гаспадара ці членаў яго сям’і і тым самым ганьбячы іх.
Мазгі набакір у каго. Паўкалька з руск. м. (мозги набекрень). Хто-н. прыдуркаваты, з дзівацтвам. Спачатку і мне думалася: яны людзі. Аслеплі ад самаўлюбёнасці, дый мазгі набакір. Цяпер жа ведаю: маразм; і, каб абараніць жывое, патрэбны не адны словы! (У. Карпаў. Жывое сячэнне).
Склаўся, відаць, па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам мазгі не на месцы ў каго. Набакір (у дачыненні да мазгоў) першапачаткова абазначала ‘зрушаныя набок, скрыўленыя, як шапка, ссунутая набакір’.
Малако на губах не абсохла ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. малады і зусім нявопытны. Пасаромеўся б! Вучань!.. Малако на губах не абсохла (І.Шамякін. Крыніцы).
У сучасных слоўніках фразеалагізм звычайна фіксуецца ў форме малако на губах не абсохла і выступае як нематываваная адзінка. У зборніку І.І.Насовіча ён падаецца ў больш поўнай форме — з семантычна апорным кампанентам: матчына малако на губах не абсохла. 3 сэнсаўтваральным кампанентам выкарыстаў гэты выраз і Я. Купала ў п’есе «Прымакі»: «Занадта рана пачалі ўжо нюхацца з сабою. Янгчэ малако матчына на губах ці абсохла». Параўн. таксама індывідуальна-аўтарскае ўжыванне выразу ў рамане С. Баранавых «Калі ўзыходзіла сонца»: «Абы абцёр матчына малако — ужо кавалер». У вобразнай аснове фразеалагізма — гіпербала як мастацкі сродак. Унутраная форма фразеалагізма лёгка расшыфроўвалася, пакуль ён не страціў кампанента матчына. Гісторыя гэтага выразу адлюстроўвае жывы моўны працэс — вызваленне фразеалагізмаў ад семантычна апорных слоў.
Малая сошка. Паўкалька з руск. м. Нязначны, малаважны, неўплывовы чалавек. І ўсе ведалі, што гэта не проста словы, што, крый божа, трапіць Арцёму Захаравічу цяпер на вочы: літасці не будзе нікому, нават другому і трэцяму сакратарам, нават Валатовічу, не кажучы ўжо аб загадчыках аддзелаў, інструктарах, інспектарах і іншых «малых сошках» (І.Шамякін. Крыніцы).
Словам саха раней называлі не толькі прыладу земляроба, але і пэўны кавалак зямлі, які лічыўся адзінкай падатковага абкладання, а таксама абшчыну, што аб’ядноўвала ў сваім складзе «сошных людзей» для выплаты подацей. Былі вялікія сохі і малыя, або «сошкі», сельскія і гарадскія. Сохі падзяляліся на долі. Удзельная вага, уплывовасць чалавека вызначаліся велічынёй яго долі ў сасе. Таму бедных сялян, а таксама дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран пагардліва або насмешліва называлі «мелкой сошкой».
Малоць не падсяваючы. Уласна бел. Гаварыць глупства, пустасловіць. Ах ты, чорт аднавокі! Гэта ж трэба так малоць не падсяваючы. Прыдумаў! (І.Ласкоў. Зімовыя лісты).
Утвораны ў выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка). Тут на рэалізаванае спачатку пераноснае значэнне дзеяслова малоць ‘балбатаць, пустасловіць’ накладзена прамое значэнне ‘размолваць, ператвараць зерне ў муку’ з адначасовым далейшым дапаўненнем гэтага дзеяслова дзеепрыслоўем з адмоўем — не падсяваючы ў сэнсе ‘не прасейваючы муку праз сіта, не пытлюючы яе’.
Малочныя рэкі <з кісельнымі берагамі>. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннем ‘прывольнае жыццё’. 3 чаго ж пачынаюць работу ў такіх умовах, як не з плана. Не абяцаць ніякіх малочных рэк, а сказаць проста і ясна: давайце працаваць… Толк будзе… (І.Навуменка. Вясновыя праталіны).
Склаўся на аснове казачных вобразаў. У народнай казцы гаворыцца пра далёкі мінулы час, калі «рэкі цяклі малочныя, берагі былі кісельныя, а па палях лёталі смажаныя курапаткі».
Мамаева пабоішча. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) вялікая сварка, бойка, 2) поўны беспарадак, неразбярыха. О, каша заварваецца, — задаволена паціраў рукі Арцём. От жа мамаева пабоішча пачынаецца! (В. Блакіт. Усмешка Фартуны). — Калі ласка, палюбуйцеся на гэтага героя, які ўчыніў у класе мамаева пабоішча! А? Як вам падабаецца? — пераможна і зларадна ггытаў Арэшкін. — Зашпілі каўнер (І.Шамякін. Крыніцы).
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўной назвы гістарычнай падзеі: у 1380 г. на Куліковым полі былі разбіты войскі татарскага хана Мамая. У бітве разам з рускімі на чале з Дзмітрыем Данскім прымалі ўдзел беларускія і ўкраінскія атрады. Бітва гэта называецца Кулікоўскай, а таксама Мамаевым пабоішчам.
Мамчын (мамін) сынок. Відаць, калька з ням. м., дзе замест фразеалагізма ўжыв. сэнсава раўназначны складаны назоўнік Мuttersöhnсhеn. Распешчаны, збалаваны, ні да чаго не прыстасаваны хлопчык ці малады чалавек. — Што ж, песці, гадуй мамчынага сынка. Мужчыну трэба гадаваць па-мужчынску, строга, — гаварыў Міхал (Л. Арабей. Другі).
Выраз усведамляецца як матываваны, падсвечаны іроніяй.
Манна з неба сыплецца (падае) каму, у каго, для каго. Агульны для ўсходнесл. м. Каму-н. вельмі лёгка, само сабой дастаюцца сродкі для пражыцця, набытак і пад. Думаеш, у Сенніцы табе манна з неба сыпацца будзе?.. (С. Александровіч. Незабыўнымі сцежкамі).
Склаўся на аснове фразеалагізма манна нябесная (гл.).
Манна нябесная. Відаць, паўкалька з франц. м. (mаnnе сélestе). Ужыв. са значэннямі ‘што-н. вельмі патрэбнае, доўгачаканае’ і ‘багацце падазронага паходжання’. У калгас [мужчыны] пайшлі не думаючы. Пайшлі таму, што ўсе ішлі. Або думалі, што калгас — гэта рай, дзе даюць манну нябесную… (В. Каваленка. Падвышанае неба). Адкуль яму, думаем, такая манна нябесная?.. Ды нехта зірк, а на грашовых пераводах акуратныя штампікі: маўляў, грошы пасылае рэдакцыя (М. Кусянкоў. Пра воўка памоўка).
Выток фразеалагізма — біблейскі аповед (Зыход, 16, 14–16, 31) пра «сыноў Ізраіля», якія на працягу 40 гадоў елі манну, пакуль не прыйшлі ў зямлю абяцаную. Манну, калі іудзеі ішлі пустыняй, кожную раніцу нібыта пасылаў з неба Бог.
Чакаць манны нябеснай. Агульны для ўсходнесл. м. (Чакаць) малаверагоднай дапамогі, падтрымкі, вынікаў. Адамаўна ўсё можа, а мы чакаем нябеснай манны, дарагі час марнуем, а за прастой нам не плоцяць (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).
Утварыўся на аснове фразеалагізма манна нябесная (гл.), стаўшы ўжывацца пры строга акрэсленым дзеяслове-суправаджальніку.
<Марны> лямант (голас) у пустыні. Недакладная паўкалька з царк. — слав. м. (параўн. у руск.: глас вопиющего в пустыне, укр.: голос волаючего в пустелі, польск. głоs wołającego na рuszczy). Дарэмныя заклікі да чаго-н., якія застаюцца без увагі. А я нічым не магу памагчы вечнасці, акрамя вечнага паўтарэння аднаго і таго ж, вечнага закліку да сумлення братоў. Заклікання, якое часам бывае марным лямантам у пустыні (У. Караткевіч. Студзёная вясна…).
Паходзіць з Бібліі (Ісаія, 40, 3). Прарок Ісаія ў пустыні, гаворачы пра будучае вяртанне іудзеяў з вавілонскага палону, заклікае ізраільцян, каб яны падрыхтавалі шлях Богу. Але гэты заклік так і застаўся «гласом вопиющего в пустыне».
Мастацтва для (дзеля) мастацтва. Калька з франц. м. (l'аrt роur l'аrt). Бескарысная справа, бескарысны занятак. За крытыку трэба дзякаваць кожнаму, калі толькі гэтая крытыка імкнецца дапамагчы справе. Але калі гэтая крытыка ёсць своеасаблівае мастацтва дзеля мастацтва, дык за яе дзякаваць няма чаго (К. Чорны. Публіцыстычныя нататкі).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, упершыню ўжытага французскім філосафам-ідэалістам В. Кузенам у 1818 г. у часе чытання ў Сарбоне 22-й лекцыі «Курса філасофіі». Састаўны тэрмін выкарыстоўваўся як лозунг, абвешчаны прыхільнікамі так званага «чыстага», «свабоднага» мастацтва, якія не прызнаюць грамадскага прызначэння і ідэйнага зместу мастацтва.
Масты спалены <чаго, куды>. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. мосты сожжены, укр. мости спалени). Хто-н. канчаткова пазбаўлены магчымасці вярнуцца да ранейшага. [Юткевіч] адмовіўся ехацьу тую краіну, якая дала яму жыццё, дала яму славу. Адмовіўся, і яго пакінулі. Масты ў новы свет былі спалены (Б.Мікуліч. Дужасць).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, выраз утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага фразеалагізма спаліць <за сабой> мастыу узнікненне якога звязана з гісторыяй войнаў і паходаў. Было нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць.
Матаць (намотваць, наматаць) <сабе> на вус што. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запамінаць, улічваць на будучае. Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус (Я. Колас. Дрыгва).
У фразеалагізме, відаць, знайшла адлюстраванне нервозная прывычка падкручваць вусы ў часе роздуму.
Мафусаілаў век. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі доўгае жыццё, даўгалецце. Няхай чалавек сам сабе ўстановіць мафусаілаў век (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).
Паходзіць з біблейскага тэксту (Быццё, 5,12) пра патрыярха Мафусаіла, які пражыў нібыта 969 гадоў.
Махаць пасля бойкі кулакамі. Гл. размахваць (махаць, памахаць) пасля бойкі кулакамі.
Махнуць рукой на каго, на што. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Перастаць звяртаць увагу на каго-, што-н., перастаць цікавіцца кім-, чым-н. На Сымонку даўно ў хаце ўсе махнулі ўжо рукой (Я. Колас. Сымон-музыка).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.
Медны лоб. Калька з франц. м. (front d’airain). Тупы, абмежаваны ці занадта ўпарты чалавек. Там, дзе ён робіць расцяроб, знікае ўсё жывое… Ha тое ж ён — і медны лоб, стварэнне ў помсце злое (А. Бачыла. Медны лоб). Параўн. каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма ў вершы Я. Купалы «На тэму крытыкі і самакрытыкі»; О, крытык, грызапёр мой бедны! Чытач, яго ты пажалей; не месціць, брат, яго лоб медны ні прынцыпаў тых, ні ідэй.
Прыметнік медны як эпітэт да слова лоб выкарыстоўваўся ў лац. м., сустракаецца ў Бібліі (Ісаія, 48, 4): «жила железна, выя твоя, и чело твое медяно» (у шыі тваёй жыла жалезная, і лоб твой медны). У франц. м. словазлучэнне медны лоб стала ўжывацца з пераносным значэннем і перайшло ў шмат якія еўрапейскія мовы.
Мераць асьмінай грошы. Уласна бел. Многа мець, атрымліваць, нажываць (грошай). [Куторга: ] Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў; a стары грошы асьмінаю мерае (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).
Асьміна (ад лічэбніка восем) — устар. слова, старая мера аб’ёму сыпкіх цел, пасудзіна на тры пуды збожжа або на восьмую частку бочкі (каля 105 л). Фразеалагізм засноўваецца на гіпербале. Гэта гіпербалічнасць падкрэсліваецца ў паэме Я. Купалы «Адплата кахання» ўжываннем спалучэння чуць не перад фразеалагізмам: «Жыў шляхціц багаты; меў поля ён многа, і конікаў сытых, і ўсякай скаціны, і грошы, што чуць іх не мераў асьмінай».
Мераць на адзін капыл каго. Уласна бел. Меркаваць пра каго-н., ацэньваць каго-н. абсалютна аднолькава, без уліку індывідуальных асаблівасцей. Але, бачыце, нельга ўсіх рабочых мераць на адзін капыл (Р. Мурашка. Сын).
Кантамінаванае ўтварэнне, узнікла аб’яднаннем фразеалагізмаў мераць на адзін аршын + на адзін капыл і захавала значэнне фразеалагізма мераць на адзін аршын.
Мераць на свой аршын каго, што. Агульны для ўсходнесл. м. Меркаваць пра каго-, што-н. аднабакова, суб’ектыўна, з асабістага пункту гледжання. Сядзіць такі ваяка-кіраўнік y лясным зацішку і мерае ўсіх на свой аршын, нават папракае другіх, распякае, павучае (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Даўней, да ўвядзення метрычнай сістэмы, карысталіся аршынам — мерай даўжыні, роўнай 71,12 см. Аршыны вырабляліся саматужна і не заўсёды былі дакладнымі па даўжыні. Часам купец меў некалькі аршынаў і пры зручным выпадку мераў на «свой», укарочаны аршын.
Мераць на свой капыл каго, што. Уласна бел. Меркаваць пра каго-, што-н. аднабакова, суб’ектыўна, толькі са свайго пункту гледжання. Адчапіся ты, дзядзька Марцін! Не мерай ты ўсіх на свой капыл! (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).
Узнік шляхам аб’яднання двух фразеалагізмаў y адзін: мераць на свой аршын + на свой капыл. Кантамінаванае ўтварэнне захавала значэнне фразеалагізма мераць на свой аршын.
Месца пад сонцам. Калька з франц. м. (place au soleil). Ужыв. са значэннямі ‘права на існаванне’ і ‘трывалае, высокае месца ў грамадстве’. [Скарына: ] Я за пошук месца пад сонцам для ўсіх моў і супраць міжрэлігійнай рознасці, a вы… (А. Петрашкевіч. Напісанае застаецца). A пра што думаў, чаго дамагаўся? Свайго месца пад сонцам…. A хто не дамагаецца свайго месца пад сонцам?.. (В. Блакіт. Шануй імя сваё).
Аўтар выразу — французскі матэматык, фізік, філосаф Паскаль, які ў творы «Pensées» (1670) ужыў названае спалучэнне са значэннем ‘права на існаванне’.
Месцы не вельмі аддаленыя. Гл. мясціны (месцы) не вельмі аддаленыя.
Мець зуб на каго. Гл. зуб мець на каго.
Мець месца. Калька з франц. м. (avoir lieu). Абазначае ‘быць у наяўнасці’ і ‘адбывацца, здарацца’. Асабістыя меркаванні тут не могуць мець месца. Справа ідзе пра чэсць палка (К. Крапіва. Проба агнём). І заўважце — такія выпадкі мелі месца не адзін раз і былі ў розных губернях (Я. Колас. На ростанях).
Унутраная форма скалькаванага фразеалагізма ўспрымаецца выразна.
Мець на ўвазе. Калька з франц. м. (avoir en vue). Ужыв. са значэннямі ‘падразумяваць каго-, што-н.’, ‘улічваць што-н., не забывацца пра што-н.’ і ‘разлічваць на што-н.’. — У такой справе гарачкі пароць не трэба… — Уякой гэта?.. — A ў нашай, партызанскай, — адказаў дзядзька, і цяжка было зразумець, што ён мае на увазе (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў). Май на ўвазе, мы з табой яшчэ па-людску гаворым!.. (Э. Самуйлёнак. Будучыня). Сакратар райкома не меў на ўвазе дабівацца ад мядзведзіцкіх якой-небудзь пэўнай пастановы (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Мець справу з кім, з чым. Калька з франц. м, (avoir affaire aves). Ужыв. са значэннямі: 1) сутыкацца з кім-н. ці з якім-н. фактам, з’явай і пад., 2) уступаць у якія-н. адносіны, y пэўныя сувязі, 3) карыстацца чым-н., зварочвацца да чаго-н. — Мы маем справу з таварышам, — гаварыў сакратар, — які парваў, я падкрэсліваю, які іменна парваў з бацькамі-гандлярамі (П. Галавач. Вінаваты). Ды і ўсё роўна ж праз Лібу прыйдзецца мець справу з яе бацькамі (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Магазін — Міншвеяў дваццаць, прадаўцоў зусім няма там: хто прыходзіць адзявацца, мае справу з аўтаматам (К. Крапіва. Хвядос — Чырвоны нос).
Паходзіць з маўлення камерсантаў і напачатку дастасоўваўся да вядзення якой-небудзь сумеснай справы.
Мець сэрца на каго. Агульны для ўсходнесл. м. Злавацца на каго-н. I Костусь броеы свае хмурыць: і ён на брата сэрца мае, бо Уладзя дзядзьку зневажае (Я. Колас. Новая зямля).
Першапачатковае значэнне слова сэрца тут — ‘цэнтр злосці, гневу’ (параўн.: сердаваць, сярдзіты).
Мёртвая хватка. Агульны для ўсходнесл. і балг. (мъртво хващане) м. Здольнасць упарта дабівацца свайго. Начальніка ліцейнага цэняць за яго спраўнасць, за мёртвую хватку ў рабоце, паважаюць як практыка (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Узнік y выніку метафарызацыі тэрміналагічнага словазлучэння, вядомага ў мове паляўнічых, дзе яно абазначае хватку ў сабак, пры якой сківіцы, сутаргава сціснуўшыся, доўгі час не могуць разамккуцца.
Мёртвым грузам ляжаць. Калька з англ. м. (dead load, літаральна «мёртвы груз»). Без выкарыстання, як зусім непатрэбнае. Мёртвым грузам ляжаць яны [некаторыя творы], Як муміі ў грабніцах, на пыльных стэлажах бібліятэк (Х. Жычка. Белыя санеты).
У англ. м. ёсць і тэхнічны тэрмін dead load для абазначэння незапатрабаваных матэрыяльных каштоўнасцей. Фразеалагізм склаўся на аснове гэтага тэрміна.
Мёртвыя душы. Запазыч. з руск. м. Неіснуючыя асобы, якія толькі фіктыўна лічацца дзе-н. На заводзе… праходзілі на зарплату мёртвыя душы, грошы за іх атрымоўвалі. Цягнулася гэта некалькі гадоў (А. Жук. Асабліва небяспечнае).
Выраз з аднайменнай паэмы (1842) М. В. Гогаля. Галоўны герой паэмы Чычыкаў са спекуляцыйнай мэтай скуплівае ў памешчыкаў «мёртвыя душы» — прыгонных сялян-нябожчыкаў, якія па дакументах яшчэ лічыліся жывымі.
Між двух агнёў. Ужыв. таксамаўруск. (между двух огней), укр. (між двома вогнями), балг. (между два огьня), серб. — харв. (изме у две ватра) м. У становішчы, калі небяспечна з абодвух бакоў. У вайну немцы паставілі Анікея на нейкі час старастам. Вялікім дыпламатам трэба было быць, каб круціцца між двух агнёў — займаць такую пасаду і не даваць у крыўду людзей (М. Ракітны. Чысціня).
Мяркуюць, што ўзнікненне фразеалагізма звязана са звычаем, які быў y цюркскіх і мангольскіх ханаў Каб трапіць у штаб хана, трэба было прайсці між двух ачышчальных агнёў Як сведчыць адзін з летапісаў, y 1246 г. y стаўцы Батыя пакаралі смерцю вялікага князя Міхаіла Чарнігаўскага за тое, што ён не захацеў прайсці паміж двух агнёў. Пра гэты абразлівы ханскі звычай ведалі і ў Заходняй Еўропе. Захаваліся, напрыклад, успаміны італьянца П. Карпіні (XIII ст.), які піша пра культ агню ў манголаў: «Робяць два агні і побач ставяць два кап’і з вяроўкай на верхавіне… і між двух агнёў праходзяць людзі, жывёлы». На гэтай аснове склаўся фразеалагізм між двух агнёў і ў немцаў (zwischen zwei Feuer), французаў (entre deux feux); магчыма, гэта калька са славянскіх моў.
Між (паміж) іншым. Калька з франц. м. (entre autres). Ужыв. са значэннямі ‘не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам’ і ‘дарэчы; y сувязі са сказаным’. Нават і на канікулах [Васіль і Максім] сустракаліся так сабе, між іншым, як і з усімі іншымі былымі аднакласнікамі (І.Шамякін. У добры час). Паміж іншым, таварыш Дубіцкі, ты вельмі смелы (А. Чарнышэвіч. На сажалках).
Між (паміж) молатам і кавадлам. Калька з ням. м. (zwischen Hammer und Amboß). У цяжкім становішчы, калі небяспека ці непрыемнасць пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.) Карнікі атакавалі партызан з боку Латвіі. Партызанскія брыгады апынуліся паміж молатам і каеадлам (В. Ждановіч. Асвея).
Паходзіць ад аднайменнай назвы рамана (1868) Фрыдрыха Шпільгагена.
Між (паміж) намі <кажучы>. Калька з франц. м. (entre nous soit dit). Ужыв. як пабочнае словазлучэнне са значэннем ‘пад сакрэтам (пра што-н. такое, чаго не варта гаварыць іншым)’ Учора, між намі кажучы, быў я ля паліўнага склада… Цікавіўся… Дорага, скажу табе, цяпер гэтыя паленцы каштуюць (М. Капыловіч. Шукаю кватэру).
У франц. м. выраз сфарміраваўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма з лац. м. inter nos.
Між (паміж) небам і зямлёй. Фразеапагізм з аналагічнай вобразнасцю, структурай і значэннем ёсць амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Яго выток — Біблія, дзе выраз сустракаецца некалькі разоў. Так, y Другой кнізе царстваў (18, 9) расказваецца, як у час бітвы дружыннік Авесалом «заблытаўся валасамі сваімі ў галлі дуба і павіс між небам і зямлёю, мул жа яго пад ім прайшоў».
Ужыв. са значэннямі: 1) y стане няпэўнасці, неўладкаванасці (быць, заставацца і пад.), 2) без пастаяннага жылля, дзе давядзецца (жыць, знаходзіцца і пад.), 3) далёка ад рэчаіснасці (быць, існаваць і пад.). Цяпер яго ўжо нічога не звязвала з арміяй… цяпер ён заставаўся адзін між небам і зямлёю (В. Быкаў. Жураўліны крык). Як ёй, адной, з ім, калі і самой між зямлёй і небам жыць даводзіцца? (І.Мележ. Завеі, снежань). Душы іхнія, размякчаныя і разагрэтыя гарэлкай, ужо, як кажуць, між небам і зямлёй (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Між (паміж) Сцылай і Харыбдай. Паўкалька з ням. (zwischen Szylla und Charybdis) ці англ. (between Scylla and Charybdis) м. У цяжкім становішчы, калі непрыемнасці, небяспека пагражаюць з двух бакоў (выбіраць, быць і пад.) Глыбы думак. Праху глыбы — за сівою даўніной паміж Сцылай і Харыбдай… (Я. Янішчыц. Глыбы думак).
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Сцыла і Харыбда — дзве пачвары, якія пільна ахоўвалі Месінскі праліў (паміж Сіцыліяй і Апенінскім паўвостравам) і жылі ў пячорах па абодва бакі ад праліва. Праход праз вузкі праліў (між Сцылай і Харыбдай) быў надзвычай небяспечны для мараплаўцаў.
Міма вушэй прапускаць (прапусціць), пускаць (пусціць), праходзіць (прайсці). Агульны для ўсходнесл. і польск. (mimo uszu) м. Без увагі і рэагавання (прапускаць тое, што гаворыцца кім-н.). Сама гаспадыня маўчыць, але ніводнае слова наша міма вушэй не прапускае — відаць па яе насцярожанасці (В. Карамазаў. Векапомнае).
Выраз успрымаецца як матываваны. Першапачаткова ўжываўся, відаць, толькі пры дзеяслове-суправаджальніку пусціць. Параўн. адну з першых фіксацый фразеалагізма, якая адносіцца да 1551 г: A ведь-же его королевская милость, не хотячи тое прозьбы мимо уши cвou… nycmumu (Акты, относящиеся к истории Западной России. — СПб., 1846–1853, т. З, с.34).
Міна запаволенага дзеяння. Агульны для белруск. (мина замедленного действия), укр. (міна сповільненоï діï) м. Тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі. У 30-я гады рукапісы станавіліся для іх аўтараў мінай запаволенага дзеяння, — іх нярэдка падшывалі да судовай справы ў якасці «доказаў» варожай думкі, — і часта служылі «падставай», каб «прышыць» пісьменніку 58-ы артыкул крымінальнага кодэкса — «антысавецкую прапаганду» (У. Конан. Каментарыі [да кн.: І.Замоцін. Творы]).
Узнік y выніку метафарычнага пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, шырокавядомага ў вайсковай справе.
Млын пусты. Уласна бел. Чалавек, які займаецца не справай, a пустымі размовамі; балбатун, пустаслоў. — A што папу казаць я маю? Я печ на рай не памяняю! — Цьфу, млын пусты! ото завала, бадай цябе было зарвала! (Я. Колас. Новая зямля).
Паходзіць ад параўнання балбатлівага чалавека з пустым млыном, г. зн. такім, які прарэзліва гудзе пры недастатковай загрузцы яго камянёў.
Можна ў плуг запрагаць каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы. Што за народ! Што за людзі! Пабачылі, што бяру без чаргі, па тваім дакуменце, то адразу накінуліся на мяне, гатовыя былі разарваць: якая я, маўляў, інвалідка, мяне ў плуг запрагаць можна (І.Капыловіч. Калі трэба жыць).
У аснове выразу — гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя).
Можна язык зламаць. Уласна бел. Цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.). Калі некаторыя з гэтых слоў прамаўляюцца лёгка ці з пэўным намаганнем, то на іншых… можна язык зламаць (А. Каўрус. Служэнне роднаму слову).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення.
Мокрая курыца. Відаць, калька з франц. м. (poule mouillée). Ужыв. са значэннямі ‘чалавек, які мае ўбогі, прыгнечаны выгляд’ і ‘слабавольны, бесхарактарны чалавек’. Піп адчуваў сябе не героем з неба, а мокрай курыцай (Я. Маўр. Amok). A вы, пан турэмны начальнік, будзьце сапраўдным начальнікам, не мокрай курыцай! Тут вам не берлінская галантарэя! (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з курыцай, якая, калі вымакне на дажджы, мае мізэрны выгляд.
Молада-зелена. Запазыч. з руск. м. Нявопытны, наіўны па маладосці год. Маладосць, што ты хочаш. Молада-зелена. Дурны быў, паміж намі кажучы. Яно, каб на цяперашні розум, асцеражнейшы быў бы (В.Гігевіч. Дом, да якога вяртаешся).
Першапачаткова дастасоўваўся да садавіны і агародніны, зялёны (зелена) абазначала ‘няспелы, недаспелы’. Параўн., як арыгінальна расшыфроўвае вобразнасць фразеалагізма М. Лынькоў y аповесці «Апошні зверыядавец», далучаючы да кожнага кампанента разгорнутае параўнанне: «Ёрзкая ты ў мяне, браце, дзяўчына. Не нажыць бы бяды часам… Молада-зелена. Так, молада-зелена. Молада, як пахучыя вятры вясновыя, поўныя гуду жыццёвага, перазвону палёў і лясоў — перазвону птушынага, срэбнага. Зелена, як тыя лісточкі прыбярыхі-бярозы, як тыя лугі-мурагі са сваімі мядовымі краскамі…»
Мора па калена каму. Агульны для ўсходнесл. м. Паходзіць з прыказкі П’янаму мора па калена, y складзе якой ён меў тое ж значэнне ‘нічога не страшна, усё нічога не варта’. Сінтаксічныя сувязі фразеалагізма (здольнасць кіраваць давальным склонам: мора па калена к a м у) засталіся такімі, якія былі і ў прыказцы. Некаторыя лічылі, што галоўнае — разбурыць усё старое, што напрыдумлялі паны афіцэры, a тады, маўляў, нам мора па калена… (І.Шамякін. Матрос з «Алега»).
Мукі Тантала (танталавы мукі (пакуты). Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, але склаўся ён як пераасэнсаваны выраз у лац. м. (Tantali supplicia), адкуль як фразеалагічная паўкалька перайшоў амаль ва ўсе еўрапейскія мовы. Сэнс выразу — ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немажлівасці дасягнуць яе’. Мукі Тантала — бачыць жанчыне люстэрка і не паглядзецца ў яго (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю). Думаеш, я не бачыла тваіх танталавых пакут? Бачыла. Але, думаю, маўчаць буду (Я. Ермаловіч. Валуны).
Паводле міфа, фрыгійскі цар Тантал доўгі час быў любімцам багоў, яго запрашалі на Алімп, пакуль ён не расказаў людзям пра тайнае рашэнне Зеўса (у другіх варыянтах міфа гаворыцца пра іншую віну Тантала перад багамі). Яго сурова пакаралі: скінулі ў падземнае царства на вечныя мукі прагі і голаду. Ён стаяў па горла ў вадзе, але не мог напіцца, бо вада адразу адступала. Над ім звісалі галіны з яблыкамі, грушамі і іншай садавіной і тут жа адхіналіся, калі ён працягваў да іх рукі.
Мурашкі бегаюць (пабеглі, забегалі) па целе (па спіне, па скуры) y каго, каго, чыім. Агульнаслав. (руск. мурашки бегают по спине, укр. мурашкі по тілу бігають, польск. mrowie mię przechodzi, серб. — харв. пошлі су мравці уз кожу, балг. мравки палазват). Хто-н. адчувае дрыжыкі ад моцнага страху, хвалявання і пад. На дарозе паявілася белая абледзянелая здань. У Міці па целе пабеглі мурашкі (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).
Склаўся на аснове падабенства з’яў, праз супастаўленне адчування дрыжыкаў з бегаючымі па целе мурашкамі.
Мухі не пакрыўдзіць. Агульны для ўсходнесл.(руск. мухи не обидит, укр. мухи не скривдить), польск. (muchu nie skrzywdzi), чэшск. (ani mouse nеubliži) м.; параўн. y некаторых іншых мовах: франц. ne pas faire de mal à une nouche (літаральна «не прычыніць болю нават мусе», ням. kann keiner Fliege etwas zuleide tun (літаральна «не можа прычыніць крыўду нават мусе»). Вельмі ціхі, лагодны, пакорлівы. — Кастусь добры… — нібы адгадвае нашы думкі дзед. — Мухі не пакрыўдзіць: кавалкам хлеба не папракне, y рот не загляне (К. Каліна. Світанак).
Вобразнасць фразеалагізма засноўваецца на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Муціць ваду. Гл. каламуціць (муціць) ваду.
Мыліць галаву каму. Гл. галаву мыліць (намыліць) каму.
Мышыны жарэбчык. Запазыч. з руск. м. Стары, які любіць заляцацца да маладых жанчын. Аказваецца, «галубятнікі» перамаглі. Ды няхай не носяцца, мышыныя жарэбчыкі (Я. Колас. Пісьмо IL Броўку).
Упершыню ўжыты ў паэме М. В. Гогаля «Мёртвыя душы» (1842) — y разгорнутым параўнанні Чычыкава, які перабіраў ножкамі, са старэнькімі фарсунамі, што даволі спрытна бегаюць каля дам і называюцца мышынымі жарэбчыкамі. Відаць, Гогаль і аўтар гэтага выразу. Мышыны — колеру мышы (пра масць каня), тут у сэнсе ‘які пачынае сівець’.
Мядзведжае вуха. Агульны для ўсходнесл. м. Вечназялёная паўзучая расліна сямейства верасовых з бела-ружовымі кветкамі і чырвонымі ягадамі; талакнянка. Паблізу раслі смолкі, мядзведжае вуха, дзікі кроп (М. Даніленка. Ля Дняпра, y другім эшалоне).
Склаўся на аснове падабенства паміж прадаўгаватым махнатым лісцем расліны і мядзведжым вухам.
Мядзведжы куток (кут). Паўкалька з руск. м. (медвежий угол). Глухая, аддаленая мясціна. Пасмею запытаць, з якой важнай патрэбай дарагія госці адважыліся наведаць наш гэты мядзведжы куток? (М. Лобан. На парозе будучыні).
У фразеалагізме — выразны намёк на мядзведжы бярлог, на глуш, дзе толькі водзяцца мядзведзі.
Мядовы месяц. Калька з франц. м, (la lune de miel), абазначае ‘першы, найбольш шчаслівы час сямейнага жыцця’. У іншых дома сварка, лямант, крык. A тут бясконца месяц цягнецца мядовы. (Э. Валасевіч. Развод). Калі выраз дапаўняецца якім-небудзь абстрактным назоўнікам у форме род. скл., то мае сэнс ‘росквіт, лепшы час’: Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей (Я. Колас. Дрыгва).
Крылаты выраз з рамана Вальтэра «Задзіг, або Лёс» (1747), дзе сустракаецца ў такім кантэксце: «Задзіг пераканаўся, што першы месяд шлюбу… з’яўляецца мядовым месяцам, a другі—палыновым». Вальтэр выкарыстаў думку і вобразы з персідскага афарызма: «Калі першы месяц шлюбнага жыцця бывае толькі мядовым, то другі бывае палыновым».
Мяняць (змяніць, перамяніць) пласцінку. Калька з франц. м. (changer le disque). Пераключацца на новую тэму размовы. Кравец не толькі не падтрымаў яго, a нават падміргнуў, каб той мяняў хутчэй пласцінку. Толік адразу ж перавёу гаворку на іншую тэму (Л. Гаўрылкін. Матчына хата).
Склаўся шляхам метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, звязанага з ігрой на патэфоне, грамафоне, калі даводзіцца замяняць неўпадабаную пласцінку іншай.
Мясціны (месцы) не вельмі аддаленыя. Паўкалька з руск. м. (места не столь отдаленные). Далёкая ссылка. — Кажаш, табе патрэбна толькі сталіца? I што ж — здалёк ты шыбуеш да яе? — Здалёк. Хоць у мастацкай літаратуры тыя мясціны завуцца чамусьці «мясцінамі не вельмі аддаленымі» (Я. Васілёнак. Першы стрэчны).
Выраз з «Улажэння аб пакараннях» царскай Расіі. Першапачаткова мелася на ўвазе ссылка ў еўрапейскую частку краіны.
Мячы скрыжоўваюцца дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Пачынаюцца паядынкі, баі і пад. Белая Русь… Колькі разоў на яе зямлі скрыжоўваліся мячы, і беларусы першыя прымалі ўдары ад шматлікіх ворагаў, сквапных чужаземцаў (І.Гурскі. Вецер веку).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу скрыжоўваць шпагі (мячы) (з кім) (гл.).
Мяшацца з гразёю. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. смешиваться с грязью, укр. змішуватися з болотом). Усяляк прыніжацца, беспадстаўна абвінавачвацца. Наша роднае ўхілялася ўбок, аддавалася на смех, выскаленне і кпіны, тапталася нагамі і мяшалася з гразёю, a за прыклад выстаўлялася чужое, велікарускае, дзецям не даступнае і малазразумелае (Я. Лёсік. Што рабіць?).
Утвораны ад фразеалагізма мяшаць (змешваць) з граззю (гразёю) (каго, што) — выразу з жывой унутранай формай, звязанай, хутчэй, з нерэальным, гіпербалізаваным, чым рэальным вобразам.