Х

Хаваць галаву ў пясок. Калька з ням. м. (den Kopf in den Sand stecken). Палохаючыся, старацца ўхіліцца ад чаго-н. Давайце не будзем хаваць галаву ў пясок — нашым юнакам і дзяўчынкам ведаў [пра маральна-палавое выхаванне] катастрафічна нехапае (Настаўн. газ. 20.05.2000).

Узнік y выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да страуса. Параўн.: «Тыя палітыкі, якія агітуюць не ўдзельнічаць у выбарах пры любых саступках існуючага рэжыму, нагадваюць страуса, які перад небяспекай хавае галаву ў пясок» (Нар. воля).

Хаваць (схаваць) канцы <у ваду>. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. прятать концы <в воду>, укр. ховати кінці <в воду>). Спрытна знішчаць ці ўтойваць тое, што было доказам віны. Каб схаваць канцы ў ваду, прынялі Саламонава рашэнне: перадаць завод на баланс калгаса «Прагрэс» (І.Дуброўскі. Незамкнуты круг).

Відаць, узнік на аснове фразеалагізма <і> канцы ў ваду (гл.).

Хаджэнне на галаве (галовах). Агульны для ўсходнесл. м. Бурнае свавольства, гарэзлівасць (звычайна з боку дзяцей). Па-мойму, «хаджэнне на галовах» на ўроках павінен, пры неабходнасці скідвання назапашанай энергіі, «арганізаваць» сам настаўнік (Н. Цыпіс. Настаўнік — галоўны чалавек у дзяржаве).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма хадзіць на галаве (галовах), які абазначае ‘вельмі сваволіць, дурэць; рабіць, што захочацца’.

Хадзіць гогалем. Агульны для ўсходнесл. м. Мець бравы, незалежны выгляд, трымацца зухавата. [Ермашоў:] Майце на ўвазе: калі ўбачу ў каго з вас у вачах сум — ласкі маёй не чакай!.. Тут мы адзін на адзін яшчэ можам паўздыхаць, a пры байцах — хадзі гогалем! (К. Губарэвіч. Брэсцкая крэпасць).

Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння, y якім дзеяслоў спалучаецца з назоўнікам у форме творнага параўнальнага склону.

Гогалем — ‘як гогаль’, дзе гогаль — ‘вадаплаўная птушка з сямейства качыных’. Яна ходзіць павольна і перавальваючыся, нібы важная, самазадаволеная асоба.

Хадзіць (захадзіць) ходырам (хадуном). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘моцна хістацца, калыхацца’ і‘бурна праяўляцца, прыходзіць у рух (пра справы, падзеі і пад.)’. Захадзілі жорны хадуном, аж трасуцца сцены ветраковы (Я. Непачаловіч. Вятрак). Ходзіць ходырам свет цэлы, смела ў бітву йдзе нясмелы, y бой за лепшы час (Я. Купала. Час!).

Узнік па мадэлі таўталагічных выразаў тыпу есці поедам, прападзі пропадам. Сэнсаўтваральным тут выступае дзеяслоў хадзіць, выкарыстаны ў сваіх перыферыйных значэннях. Далучанае да дзеяслова аднакаранёвае прыслоўе ходырам ці хадуном, неўжывальнае па-за гэтым фразеалагізмам, дапаўняе яго значэнне семай узмацняльнасці, робіць выраз экспрэсіўным сродкам.

Хадзіць на задніх лапках перад кім. Гл. на задніх лапках хадзіць перад кім.

Хадзячая газета. Калька з англ. (walkind newspáper) ці паўкалька з франц. (gazette vivante, літаральна «газета жывая», або gazette du quortier, дзе 1-е значэнне — ‘бульварны лісток’, a 2-е — ‘мясцовы пляткар’) м. Чалавек, які распаўсюджвае розныя навіны і чуткі. «Ці тут падманулі, ці там?» — вырашалі адны заблытаную дылему; a другія, якіх звычайна называюць «хадзячай газетай», з палёгкай уздыхнулі: ніяк не маглі яны змірыцца з тым, што іншыя разнеслі навіну ў масах — такія ўвогуле ніколі, нікому і нічому не вераць, але вельмі крыўдзяцца, калі не вераць ім (А. Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»).

У аснове фразеалагізма — нерэальная вобразнасць, якой і матывуецца яго сэнс.

Хадзячая энцыклапедыя. Паўкалька з франц. (encyclopédie ambulante) ці калька з ням. (ein wandelndes Leksikon) м. Чалавек, які валодае самымі разнастайнымі ведамі. Сяргея нездарма звалі «хадзячай энцыклапедыяй». Ён слова ў слова прадоўжыў верш (В. Жуковіч. Як адна вясна).

У аснове фразеалагізма — нерэальная вобразнасць, якой і матывуецца яго сэнс.

Хадзячы анекдот. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, дзеянні ці ўчынкі якога здаюцца дзівацкімі. Цяпер, калі падумаць, то не зразумела, з якой прычыны Федзя абазваў тады Любу імем вясковай жанчыны, якая была ў сяле хадзячым анекдотам (І.Грамовіч. На крутой гары).

Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізмаў хадзячая газета (гл.) і хадзячая энцыклапедыя (гл.), якія з’яўляюцца калькамі ці паўкалькамі з заходнееўрапейскіх моў.

Халодная вайна. Калька з англ. м. (cold war). Непрыязныя, варожыя адносіны паміж кім-н. — Там у нас цяпер халодная вайна.Як гэта халодная вайна? Паміж кім і кім?Паміж мамай і бацем. Ён на яе злуецца, крычаць пачынае, а яна быццам не заўважае яго (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).

Склаўся на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўпершыню быў ужыты ў 1946 г. y выступленні прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У. Чэрчыля ў Фултане і служыў для абазначэння варожай палітыкі капіталістычных дзяржаў y адносінах да Савецкага Саюза ва ўмовах афіцыйнага міру.

Хапацца за саломінку. Гл. за саломінку ўхапіцца.

Хапацца (ухапіцца) абедзвюма рукамі за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хвататься обеими руками, укр. хвататися обома руками). 3 вялікай ахвотай скарыстоўваць што-н. Ніводзін з памянёных маіх паходаў не звязаны з турызмам. Усё гэта рабілася пры выпадках і па неабходнасці, хаця за такія выпадкі я заўсёды хапаўся абедзвюма рукамі (У. Корбан. Цеплаход ідзе на Поўнач).

Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку яго пераасэнсавання, пераносу дзеяння з канкрэтных прадметаў, за якія можна ў прамым сэнсе хапацца абедзвюма рукамі, на абстрактныя.

Хапацца (хапіцца) за галаву. Агульны для ўсходнесл. м. Разгубіўшыся, не ведаць, што рабіць, прыходзіць у адчай. [Пятру Тадаровічу] пашанцавала, і ён адгарадзіўся ад усяго свету! Але ўжо ў настпупную хвіліну ён хапіўся за галаву: сапраўды ён выразна чуў артылерыйскую кананаду (К. Чорны. Семнаццаць год).

Фразеалагізм жэставага паходжання. Тут унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд.

Мая (твая і інш.) хата з краю. Агульны для ўсходнеслав. м. Каго-н. зусім не датычыцца; хто-н. не мае ніякіх адносін да каго-н. Доўга не думаючы, я адказаў, што… няхай пра гэта думае той, каму належыць. Хто ў гэтым вінаваты. — Словам — мая хата з краю. Самы бяздушны бюракратызм. Няхай гіне дабро, а вы пільнуецеся літары закону (Я. Скрыган. Дакументальная рэвізія).

Паходзіць з прыказкі Мая хата з краю, нічога не знаю. Ужываючыся без другой часткі, фразеалагізм набыў большае абагульненне, уласцівасць лексічнай замены першага кампанекта і, такім чынам, большы дыяпазон спалучальнасці, тады як поўная форма не можа мець такой магчымасці, бо замена кампанента займеннікамі, якія ўказваюць на прыналежнасць не першай асобе адз. л. (твая, яго, наша і інш.), прывяла б да разбурэння рыфмы, што звязвае абедзве часткі і з’яўляецца неад’емнай асаблівасцю гэтай прыказкі. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў сучаснай мове: мая хата з краю (Я. Колас); твая хата з краю (К. Крапіва); наша хата з краю (І.Шамякін); іхняя хата з краю (М. Лынькоў); ваша хата з краю (А. Куляшоў); хата з краю (М. Лужанін); яго хата з краю (А. Бачыла); яе хата з краю (І.Навуменка).

Хварэць (захварэць) на пана. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘доўга спаць, вылежвацца’ і ‘весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычаі, імкненне да раскошы і пад.’. Дзед-жабрак прачнуўся рана, будзіць хлопца.Уставай! Хварэць нечага на пана, хоць падзяку людзям дай! (Я. Колас. Сымон-музыка). Бач, захварэў на пана… Няма таго, каб аддаць дабрыдзень, з людзьмі па-людску паздароўкацца… (І.Аношкін. Букет бэзу).

Выраз з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (1923). Ужыты ў такім кантэксце: «У будныя дні ўставалі рана: няма калі хварэць на пана». Утвораны па сінтаксічнай мадэлі хварэць на сухоты і, відаць, пад уплывам устойлівага словазлучэння панская хвароба, якое ўжываецца іранічна пры ацэнцы таго, хто «з-за ляноты прытвараецца хворым і не ідзе на работу» (І.І.Насовіч).

Хвост падтуліць (падціснуць). Фразеалагізм з такой вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў руск. (поджать хвост), укр. (піджати хвіст), балг. (свия си опашка), серб. — харв. (подвити реп) м. Яго сэнс — ‘спалохаўшыся, стаць асцярожным’. Ідзі, ідзі, погань буржуйская… Бач, хвост падціснуў, калі на лапы наступілі… (М. Лынькоў. Міколка-паравоз).

Выраз узнік y выніку пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей ваўка ці сабакі: воўк звычайна ходзіць, падтуліўшы хвост; сабака, калі на яго накрычыць гаспадар, бяжыць з падтуленым хвастом у будку. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці: «А Воўка сядзеў, як той цюцька, падтуліўшы хвост, і маўчаў, нічога не казаў матцы» (Л. Арабей).

Хлеб адбіць у каго. Агульны для ўсходнесл. м.(руск. хлеб отбить, укр. хліб відбити). Пазбавіць кагосьці заробку, узяўшыся за тую самую працу, справу. Хэ-хэ… Ты хочаш хлеб адбіць у мяне… Ды ці толькі ў мяне, тут і па будаўнічай лініі ці мала чаго намудравана… (М. Зарэцкі. Вязьмо).

Узнік y выніку зліцця паасобных значэнняў y агульнае аналітычнае значэнне, якое суадносіцца са словамі адбіць і хлеб y свабодным ужыванні: адбіць —’сілком адабраць што-н.’, хлеб — ‘сродкі існавання’.

Хлеб надзённы. Паўкалька з царк. — слав. м. Выраз паходзіць з малітвы, прыведзенай у Евангеллі (Матфей, 6, 11): «Хлеб наш насущный даждь нам днесь» (хлеб, патрэбны для існавання, дай нам на гэты дзень).

У сучаснай бел. м. фразеалагізм ужываецца і са сваім першасным значэннем — ‘неабходныя сродкі для жыцця’, і з новым, якое развілося на яго аснове, — ‘самае важнае, самае неабходнае’. Сымон добра ведаў цану жыцця. І з першага курса самому даводзілася яму зарабляць нахлеб надзённы (Р. Барадулін. Чысціня); Непакой за цябе, зямля мая, — мой хлеб надзённы (М. Танк. Мой хлеб надзённы).

Хлеб-соль. Усходнесл. Ужыв. са значэннямі: 1) пачастунак, 2) харч, ежа, 3) турботы, апека, 4) каму, прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой). Выбачайце за нечаканы візіт. Дзякуем за хлеб-соль, жадаем здароўя (Э. Валасевіч. Бывайце здаровы). Падзяляю з сяброўкай тайну, з падарожнікам хлеб-соль (Я. Янішчыц. Я дзяліць не перастану…). За ўсё, што сёння маю, што даў мне мой народ: за кут у родным краю, за хлеб-соль без клапот,я адплаціў народу, чым моц мая магла: зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла (Я. Купала. За ўсё). — Хлеб-соль вам! — гукнуў Сілівей Зязюля, і не паспелі яго запрасіць за стол, як ён сам прысеў на край лаўкі (В. Каваль. Шчасце Сілівея Зязюлі).

Узнікненне фразеалагізма (у яго 1-м значэнні) звязана з даўнім звычаем, вядомым з часоў Кіеўскай Русі: сустракаючы жаданага госця, яму падносілі як знак павагі бохан хлеба і соль. Гэты звычай гасціннасці і цяпер жыве: «Паважна старыя вітаюць наркома, падносяць хлеб-соль, караваі і мёд» (Я. Купала). Астатнія тры значэнні развіліся ў фразеалагізме на аснове першага.

Ход канём. Агульны для ўсходнесл. м. Спрытны, абходны манеўр. Юрыдычна ва ўсім вінаваты Гарошка. A Курбатаў — яго зяць. I ён зможа справу загладзіць. У гэтым напрамку я ўжо тое-сёе прадпрыняў Гэта, так сказаць, — ход канём (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

Выраз узнік параўнальна нядаўна і ўвайшоў y літаратурны ўжытак з мовы шахматыстаў. Конь ходзіць не па прамой лініі ці дыяганалі, як іншыя фігуры, a літарай «Г», таму яго хады звычайна не чаканыя для праціўніка.

Хоць гаць гаці каго, чаго, кім, чым. Агульны для бел. і ўкр. (хоч гать гати) м. Вельмі многа каго-, чаго-н. [Бацька: ] Вакол нас ворагаў хоць гаць гаці. Яны толькі таго і чакаюць, каб на нас зноў хамут усцягнуць (Я. Бяганская. Далёка на Поўначы).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння гаць гаціць, дзе гаціць абазначае ‘рабіць гаць, пракладаць дарогу цераз балота ці гразкае месца’, a гаць — ‘насціл з бярвення, галля, ламачча; грэбля’.

На такі насціл нярэдка ішло вялікае мноства рознага матэрыялу.

Хоць гвалт крычы. Агульны для бел. і ўкр. (хоч гвалт кричи) м. Ужыв. як выказванне адчаю са значэннем ‘склалася цяжкае, бязвыхаднае становішча’. Дынастыя майстроў так званай доўгай пугі даўно ў вёсцы перавялася, і цяпер, як надыходзіць лета, хоць гвалт крычы — ніхто не хоча ісці ў пастухі (М. Ракітны. Пятроўскі касманаўт).

Утвораны па мадэлі шматлікіх фразеалагізмаў са структурай даданага ўступальнага сказа (хоць + дзеяслоў загаднага ладу з залежным ад яго назоўнікам). Першапачаткова мнагазначнае слова гвалт y гэтым выразе ўспрымалася як выклічнік з тым жа значэннем — клічам аб паратунку «ратуйце», з якім гэты выклічнік ужываецца, напрыклад, y такім кантэксце: «— Гвалт! — крычыць. — Ратуйце, людзі!» (К. Крапіва).

Хоць зубы на паліцу кладзі (лажы) калі, пры якой умове. Уласна бел. Зусім няма чаго есці. Настала, бадай, самая цяжкая пара ў жыцці кляноўцаў—хоць зубы кладзі на паліцу (А. Асіпенка. Жыта).

У аснове фразеалагізма — гіпербалічны вобраз, матываваны практычнай, гумарыстычна афарбаванай развагай: калі няма чаго есці, дык і няма занятку зубам, a таму хоць кладзі іх на паліцу.

Хоцькі-няхоцькі. Уласна бел. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. Хоцькі-няхоцькі прыйшлося выбрацца з роднага гнязда (З. Бядуля. Дванаццацігоднікі).

Утвораны на аснове тоеснага выразу хочаш не хочаш (гл.), складаецца з кампанентаў, неўжывальных па-за фразеалагізмам.

Хоць кол на галаве чашы каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хоть кол на голове теши, укр. хоч кіл на голові теши). Немагчыма пераканаць каго-н., растлумачыць каму-н. што-н. (пра ўпартага, няўступчывага чалавека). Палажка адразу прымоўкла — ведала Антонаў характар: калі ўжо задумае што, дык назад не заверне, хоць кол на галаве чашы (М. Даніленка. Сініца ў руцэ).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале, на ўяўленні аб вельмі моцнай галаве, якую нічым не праб’еш. Параўн. прыметнік цвердалобы ‘вельмі ўпарты’.

Хоць патоп. Калька з франц. м. (après nous le déluge, літаральна «пасля нас хоць патоп»). Ужыв. пасля слоў a там, пасля і інш. і абазначае ‘не мае значэння для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н.’. Яму [Антушкову] было важна закрыць па ўсіх паказчыках год, a там хоць патоп (В. Супрунчук. Жывеш толькі раз).

Лічаць, што выраз пасля нас хоць патоп належыць франц. каралю Людовіку XV (1710–1774). У часы яго праўлення амаль уся ўлада была ў руках фаварытак. Калі яму аднойчы паведамілі пра цяжкае эканамічнае становішча ў краіне і пагрозлівае нарастанне пратэсту народных мас, то разбэшчаны дэспат нібыта сказаў: «Манархія пратрымаецца, пакуль мы жывыя, a пасля нас хоць патоп». Паводле іншых крыніц, фраза прыпісваецца фаварытцы гэтага караля маркізе Пампадур. Яна сказала яе ў 1757 г., каб суцешыць караля пасля паражэння яго войск.

Хоць разарвіся каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хоть разорвись, укр. хоч разірвися). Ужыв. са значэннямі ‘каму-н. неабходна адразу рабіць некалькі спраў’ і ‘нягледзячы ні на якія старанні, намаганні; што ні рабі (не выходзіць, не атрымліваецца што-н.)’. У каго дзесяць якіх дзесяцін ці, скажам, чатырнаццаць, як у мяне, таму няўпраўка, таму хоць разарвіся (П. Галавач. Праз гады). A кабыла Андрэева — важная кабыла! Не скора такую цяпер набудзеш. Чалавеку цяпер проста хоць ты разарвіся з жалю (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Узнік, відаць, на вобразнай аснове фразеалагізма разрывацца на часткі (гл.) і сэнсава суадносіцца з ім y сваім першым значэнні.

Хоць рэпку спявай. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне роспачы, адчаю, бяссілля, немагчымасці зрабіць штосьці, каб выйсці з цяжкага становішча. Горка, горка давядзецца, ты старога запытай. Ой, часамі так прыпрэцца, што хоць рэпачку спявай! (Я. Колас. Сымон-музыка).

У Старажытнай Русі рэпкай называлі спецыяльныя, мудрагелістыя абцугі, верхняя палавінка якіх знешне падобная на рэпку. Гэта быў інструмент для катавання. Ім так сціскалі ногці, што ахвяра пачынала прызнавацца, a то і нагаворваць абы-чаго на сябе і на другіх. Рэпка змушала чалавека плакаць. Відаць, тыя, хто паспытаў яе, склалі ў гонар рэпкі песню-галашэнне, не зусім, як зазначае У. Даль, прыстойную.

Хоць святых вынось. Агульны для ўсходнесл. м. Няма сіл цярпець што-н.; нясцерпна, нязносна для іншых. Адно кепска — пад раніцу паветра стала гэткае, што хоць, як кажуць, святых вынось… (М. Машара. Ішоў двадцаты год).

Узнікненне фразеалагізма звязана з умовамі старога быту, звычаем шанавання ікон. Абразы, якія можна было бачыць у кожным доме над застоллем, называліся «святымі». У выпадку пажару першымі выносіліся з агню абразы. У прысутнасці «святых» нельга было дапускаць нічога грэшнага. Стараверы, напрыклад, калі такое здаралася ў іх хаце, завешвалі абразы або пераносілі іх куды-небудзь. Такім чынам, хоць святых вынось — гэта першапачаткова ‘хоць абразы вынось’ (бо пачалося нешта абразлівае для «святых» — шум, хлусня і г. д.).

Хоць у плуг запрагай каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы. — Доктар! Я здаровы, як бык…Што яго глядзець?! Гэтага буйвала хоць у плуг запрагай… (Я. Палубятка. Дуралесіца).

У аснове выразу — гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя).

Хоць у пятніцу. Уласна бел. Абазначае ‘у любы момант, y самы блізкі час’, ужыв. пры словах замуж, жаніць. Хлапец мае семнаццаць гадоў (жаніць хоць у пятніцy можна), ды з падшывальцамі гешэфты вядзе. Куды гэта падобна! (Л. Калюга. Ні госць ні гаспадар).

Першапачатковы сэнс выразу — ‘хоць у той дзень, калі не дазвалялася спраўляць вяселле’. Вясельным днём была нядзеля. Пятніца з часоў язычніцтва лічылася нерабочым днём. Гэта традыцыя захоўвалася на Беларусі доўгі час. Яшчэ ў канцы XIX ст., як сведчыць С. Максімаў, y пятніцу нельга было шыць, купаць дзяцей, мыць бялізну; «калі ў Велікарусі засталіся ў народнай памяці і ў пашане толькі тры пятніцы… y Беларусі.. небяспечныя і страшныя ўсе пяцьдзесят дзве». «Хто ў пятніцу спявае, то ў нядзелю адплача» — народная прымета і перасцярога, занатаваная М. Федароўскім.

Хоць у сабакі вачэй пазыч каму. Уласна бел. Вельмі сорамна, непрыемна. — Ой, Валодзя,кажу, a самому; зноў жа, хоць у сабакі вачэй пазыч,дык жа мне ўжо во, Шмулька — абагнаў [бульбу] і пабаранаваў. Ты ўжо, калі ласка, не крыўдуй, што так выйшла… (М.Гіль. Як я абганяў бульбу).

Узнік як якаснае адлюстраванне пэўнага стану чалавека праз супастаўленне з сабакам, вобраз якога ў народным ўяўленні звязваецца часцей з негатыўнымі адзнакамі, чым са станоўчымі. Гэта бачым і ў шэрагу прыказак ды фразеалагізмаў: «Сабака і на Бога брэша», «Сабаку і сабачая смерць», «Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць», «пусціцца ў сабачую скуру», «(прапасці) за сабаку», «па сабаку з рота скача» і г.д.

Як, што, чаго хоча (захоча) левая нага каго, чыя. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘(як, што, чаго) захочацца каму-н.’, калі гавораць пра недарэчныя, безразважныя ўчынкі, дзеянні таго, хто лічыцца толькі з уласным жаданнем. Для некаторых свабода раўназначная ўсёдазволенасці — маўляў рабі што твая левая нага захоча (Звязда. 3.04.1988).

Сфарміраваўся, відаць, на аснове выразу чаго мая нага хоча з п’есы А. М. Астроўскага «Грэх ды бяда на каго не жыве» (1863). У ёй купец Курыцын расказвае, як ён сярод знаёмых рашаў спрэчку, чыя жонка найбольш ветлівая: «Я ўсіх да сябе ў дом вяду, сяду на лаўку, вось гэтак нагу выстаўлю і адразу кажу жонцы: „Чаго мая нага хоча?“ A яна разумее, бо абучана гэтаму, ну і, значыць, тут жа ў ногі мне».

Хочаш не хочаш. Агульны для ўсходнесл, м. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. Каб магла, яна [Надзя] б іні адзіную хвіліну не асталася тут. Але, хочаш не хочаш, трэба ж адбыць гэты цяжкі абавязак… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Відаць, утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам воляй-няволяй, які з’яўляецца калькай з лац. м. (volens nolens).

Хто ёсць хто. Калька з англ. м. (who is who). Што ўяўляюць сабой тыя ці іншыя людзі, чаго варты хто-н. Дастаткова «дапытаць з прыдзіркамі» ўсіх, хто на той час працаваў y Цэнтральным аддзеле,і стане зразумелым, хто ёсць хто (В. Праўдзін. Танцавальны марафон).

Паходзіць ад назвы штогадовага бібліяграфічнага даведніка, які выдаецца ў Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах.

Хто ў лес хто па дровы. Паўкалька з руск. м. (кто в лес кто по дрова). Нязладжана, нядружна, уразброд (спяваць, гаварыць і пад.). Адным словам, y сэнсе палітычна-партыйным цягнулі нашы лектары «хто ў лес хто па дровы»… (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Лічаць, што выраз паходзіць з байкі І.А. Крылова «Музыканты» (1808), дзе пра няўмелых спевакоў гаворыцца: «Запели молодцы: кто в лес, кто по дрова…». У іншых мовах, апрача бел. і руск., не сустракаецца, яго перакладаюць адпаведнікамі: укр. хто у луг, а хто у плуг; польск. jeden do Sasa, drugi do lasa i г.д. У бел. літаратурнай м. ёсць сінанімічны выраз хто ў плот xmo ў гарод.

Загрузка...