Н

На авось. Запазыч. з руск. м. 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (рабіць што-н.). Пагана адчувае сябе Саўка, a ўсё таму што не дадумвае сваіх думак, робіць на авось, пакладаючыся на шчаслівы выпадак (Я. Колас. Дрыгва).

Лічаць, што слова авось паходзіць ад займеннікавага спалучэння a во ce, якое сустракаецца ў тэкстах XVI–XVII стст. і літаральна абазначала «а вось» (параўн. часціну авось з тым самым значэннем у сучаснай бел. літаратурнай м.). Указальнае слова авось, якое ў гутарковым маўленні страчвае канцавую галосную, паступова замяняецца на іншыя, y тым ліку на часціцу «можа», «а можа».

На авось ды нябось. Уласна бел. (параўн. y руск. м.: авось да небось са значэннем ‘як будзе, як здарыцца’). 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (пакладацца, рабіць што-н.). Кароў аслабленых падвязваць на вужышчы пад жываты бацька не збіраўся, падсмейваўся з гультаяватых «зімагораў», што пакладаліся на авось ды нябось (У. Калеснік. Доўг памяці).

Развіўся ў выніку далучэння да фразеалагізма на авось (гл. вышэй) часціцы нябось, якая як бы падагнана пад «гукавую сіметрыю».

На адзін капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. на одну колодку, укр. на один копил) і польск. (na jedno kopyto) м. Аднолькавыя, падобныя адзін да аднаго. Усе яны [паны] на адзін капыл — стараюцца дастаць з цябе ўвесь дух, пакуль ты ў іх служыш (УДамашэвіч. Дзявочая клятва).

Паходзіць з мовы шаўцоў: капыл—‘кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’. Зыходная форма выразу — зробленыя на адзін капыл (гл.).

Набітасць рукі. Уласна бел. Вялікі вопыт, добры навык, спрактыкаванасць у чым-н. Цяжэй, калі чалавек лічыць за прызванне простую набітасць рукі, якая дазваляе без намаганняў зарыфмаваць пару лозунгаў і такім чынам «адгукнуцца» на сур'ёзную патрэбу грамадства, хоць яна не стала ўнутранай патрэбай аўтара (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).

Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма набіць руку (на чым, y чым), які абазначае ‘ выпрацоўваючы навык, зрабіцца спрактыкаваным’.

На благі канец. Паўкалька з руск. м. (на худой конец). Пры найгоршых абставінах. Мы дарослыя… На благі канец будзем жыць y інтэрнаце або ў нас (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Два кампаненты ў скалькаваным выразе — сэнсаўтваральныя: благі—суадносіцца з адпаведным словам у значэнні ‘дрэнны, кепскі’, a канец — y значэнні ‘завяршэнне, заканчэнне’. Аднак сума гэтых значэнняў усё роўна не тоесная з агульным сэнсам фразеалагізма.

На блізкую нагу быць, сысціся і пад. Уласна бел. Вельмі блізка, y блізкіх, сяброўскіх адносінах (быць з кім-н.). Праз пару мінут з хлопчыкам мы былі на блізкую нагу, а ў кірпатай жанчыны насцярожанасць рассеялася (А. Карпюк. Куды едзеш, хлопчык?).

Утварыўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма на кароткую нагу з кім (гл.): прыметнікавы кампанент заменены словам блізкі, якое тут выступае сэнсаўтваральным элементам фразеалагізма.

Піць на брудэршафт. Паўкалька з ням. м. (Brüderschaft trinken, літаральна «братэрства піць»). 3 правам дружыць і звяртацца адзін да аднаго на «ты». — Ой, што вы!слаба запярэчыла Клава.На брудэршафт звычайна п’юць мужчына з мужчынам (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).

Ужыванне назоўнікавага кампанента, запазычанага з ням. м., з прыназоўнікам на замацавалася, відаць, пад уплывам фразеалагізма на ты (з кім) (гл.).

На вагу золата. Калька з франц. м. (au poids de l’оr). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі высока, дорага (цаніць, каштаваць і пад.)’ і ‘вельмі значны, каштоўны, цэнны’. Вы ж апрача ўсяго вогнетрывалую цэглу зможаце эканоміць. A яна, пэўна, на вагу золата каштуе? (У. Карпаў. Вясеннія ліўні). Цэмент у гады індустрыялізацыі быў на вагу золата (В. Макарэвіч. Цэмент і барозны).

Унутраная форма фразеалагізма ўсведамляецца выразна.

На ваду брахаць. Уласна бел. Бясконца многа піць, не могучы прагнаць смагу. Вобла — гэта добра. Але каб ад яе на ваду не брахаць (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).

Склаўся, відаць, на аснове хадзячага аповеду. Ён занатаваны і ў названым вышэй рамане Я. Радкевіча. Начлежнікі сталі даваць печаную бульбу сабаку, закладваючы ў сярэдзіну яе драбок солі. «Той галодны, бульбіну глыне — і зноў чакае, калі дадуць. Наеўся нарэшце, a соль у страўніку растала і пачала смаліць. Ну, Шарык да вады. Пап’е, пап’е, a хочацца ўсё адно. Ужо і піць не можа, a смага паліць. Дык ён дабяжыць да рэчкі, хлебтане вады, болей не можа — і пачынае на ваду брахаць».

На валаску <ад чаго>. Агульны для ўсходнесл. м. У вельмі небяспечным становішчы (быць, знаходзіцца). Многа разоў маё жыццё было на валаску, але жыла нейкая дзіўная ўтўненасць, што мяне не заб’юць (У. Дамашэвіч. Хараство душы).

Утварыўся на аснове фразеалагізма вісець на валаску (гл.) y выніку ўсячэння яго дзеяслоўнага кампанента.

На валовай скуры не спішаш чаго. Уласна бел. Вельмі многа, y вялікай колькасці. На тую пару пасыпаліся прозвішчы ад пастухоў: «Рабы, Галдабыр, Касня…» Куды — на валовай скуры тых прозвішчаў не спішаш (Цётка. Міхаська).

Узнік праз супастаўленне са старажытным рукапісам, напісаным на пергаменце. Даўней, да вынаходства паперы, пісалі на спецыяльна апрацаванай скуры жывёлы, часцей гэта была валовая скура. Параўн.: «Калі яўрэі ўсім мястэчкам неслі ў сінагогу новую тору, спісаную па далёкай традыдыі на валовай скуры, Бурштэйн ішоў з гзтай самай блішчастай палачкай у першых радах» (П. Пестрак).

Наварыць піва. Агульны для бел., польск. (nawarżyć piwa), укр. (пива наварити) м. Распачаць складаную, непрыемную справу. — Ідзі ты наперад ды пакланіся яму…Што ты мяне пасылаеш? Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, y якім піва абазначала ‘пітво’. Даўней, як пісаў y 1856 г. С. Салаўёў, пітво («піва») варылі ў складчыну і на свята разам пілі яго. Гатаванне піва было далёка не простай справай.

На вастрыі нажа хадзіць. Відаць, калька з ням. м. (auf des Messers Schneide). У пастаяннай небяспецы для жыцця. Вось хлопцы ўчора вярнуліся. Два месяцы хадзілі на вастрыі нажа, a верхні чыгуначны мост узарвалі (Р. Няхай. Туман над стэпам).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

Навастрыць вушы. Гл. вастрыць (навастрыць) вушы.

На (ва) ўвесь дух. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. во весь дух, укр. скільки духу), абазначае ‘вельмі хутка’ і ўжываецца пры дзеясловах руху (бегчы, несціся і інш.). I адразу ўзяў разгон напрасткі хлапчына, на ўвесь дух імчыцца ён… (В.Вітка. Казка пра цара зубра).

Слова дух y гэтым фразеалагізме мае значэнне ‘дыханне, дых’, якое захавалася толькі ва ўстойлівых выразах (напрыклад: дух займае, перавесці дух). Першапачатковы сэнс выразу — ‘на ўсё дыханне, колькі хапае дыхання’.

На векі вечныя. Агульны для ўсходнесл. м. Назаўсёды, навечна. Зараз ачысціцца ад вайны тое месца, адкуль ён родам, дзе тыя пяць дзесяцін яго ўласнай на векі вечныя зямлі (К. Чорны. Семнаццаць год).

Вытворны ад фразеалагізма ва векі вякоў (гл.). Ужываючыся ў адмоўных сказах, выраз развіў y сабе значэнне ‘ніколі’. [Максім: ] Не зазнаць ужо мне на векі вечныя дабра і спакою са сваёй Папанейкай (Я. Купала. Прымакі).

Гаварыць на вецер. Калька з ням. (in den Wind reden) ці франц. (parler en l’аіr) м. (Гаварыць) дарэмна, упустую, безвынікова. Дзед Талаш гаварыў не на вецер. Вочы яго гарэлі неспакойным злавесным агнём і зачароўвалі Мартына, адбіралі яго волю (Я. Колас. Дрыгва).

У аснове фразеалагізма — уяўленне, што сказанае кім-небудзь падхопіць вецер і бясследна панясе кудысьці.

Навешванне лапшы на вушы каму. Уласна бел. Імкненне падмануць каго-н., падман. Каму ж патрэбна гэта хлусня, навешванне лапшы на вушы простым людзям? (Нар. воля. 4.03.1998).

Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага вешаць (навешваць, навешаць) лапшу на вушы (каму).

Навешванне ярлыкоў. Агульны для ўсходнесл. м. Павярхоўная, аднабаковая, шаблонная характарыстыка, ацэнка каго-н. Усё яшчэ існуе пагроза навешвання ярлыкоў y выпадку смелых крытычных абагульненняў; не так і рэдка сустракаецца падмена сацыяльнага аналізу лёгкім маральным каментарыем (В. Каваленка. Ёсць арыенцір дзейнасці).

Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма вешаць (навешваць, навешаць) ярлыкі <каму, на каго, на што> ‘аднабакова, шаблонна ацэньваць, характарызаваць каго-н.’.

На вуснах мёд, a ў (на) сэрцы лёд y каго. Агульны для бел. і польск. (na ustach miód, a w sercu lód) м. Хто-н. знешне ветлівы, далікатны, a спадцішка прычыняе шкоду, непрыемнасці. Мы павінны папярэдзіць тых, у якіх на вуснах мёд, а ў сэрцы лёд, якія на кожным перакрыжаванні брэшуць, як мая старая сучка… (І.Гурскі. Вецер веку).

Пабудаваны на прыёме антытэзы па мадэлі «знадворку — салодкасць, унутры — гаркота». Параўн. блізкія па ўнутранай форме выразы ў іншых мовах: руск. на языке мед, a под языком лед; укр. на языці мід, a під языком лід; чэшск. v ustech med, a w srdci jed (літаральна «на вуснах мёд, a ў сэрцы яд»); франц. bouche de miel,coeur de fiel (літаральна «рот у мёдзе, сзрца з жоўцю»).

На вы быць, звяртацца і пад. Калька з франц. м. (vouvoger; літаральна гэты дзеяслоў абазначае «быць на „вы“, звяртацца на „вы“ ці, інакш, „выкаць“»). Ужыв. са значэннямі ‘у такіх адносінах, калі адзін аднаму кажуць вы ’ і ‘сур’ёзна, па-дзелавому’. Кунцэвіч на людзях трымаецца на «вы», што заўсёды бянтэжыць Лазовіка (В. Блакіт. Шануй імя сваё). Атамная энергія, апаратура рэактара патрабуюць, каб да іх звярталіся на «вы» (М. Гроднеў. Крох да тайны).

Напісанне Вы (з вялікай літары) y пісьмах і дакументах паходзіць ад нямецкага Sie, a зварот на вы да аднаго чалавека бярэ пачатак у Старажытным Рыме. «Мяркуюць, што калі Рымская імперыя была падзелена на дзве часткі і стала два імператары — y Рыме і ў Канстанцінопалі, людзі, звяртаючыся да імператара, гаварылі: „Вы рашылі“, „Вы можаце зрабіць“ і пад., маючы на ўвазе не адну асобу, a двух імператараў. Затым гэта было пераасэнсавана як асаблівае ўшанаванне, распаўсюдзілася на найбліжэйшых саноўнікаў імператара (напачатку як ліслівасць), пасля на ўсіх, перад кім хацелі ліслівіць. Паступова важныя асобы сталі патрабаваць, каб да іх звярталіся на „вы“ (Русск. яз. в школе. 1979. № 1. С. 49).

Навядзенне мастоў. Агульны для ўсходнесл. м. Наладжванне кантактаў з кім-н. Савет Эканамічнай Узаемадапамогі падаў сігнал да навядзення мастоў y інтарэсах усіх еўрапейскіх народаў (Звязда. 11.04.1987).

Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма наводзіць (навесці) масты, які абазначае ‘устанаўліваць, наладжваць кантакты з кім-, чым-н.’.

На вярбе грушы растуць у каго. Агульны для бел. і ўкр. (на вербі груші ростуть) м. Хто-н. неймаверна хлусіць, выдумляе, расказвае небыліцы. Дык жа гэты дзед — вядомы на ўсю акругу манюка Навум Бублік. Уяго на вярбе грушы растуць… (Р. Хацкевіч. На золку).

Выраз, струкіурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, утварыўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма грушы на вярбе (гл.) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу і развіцця інакшай спалучальнасці з кантэкстам.

Ha гарматны (пушачны) стрэл (выстрал). Агульны для ўсходнесл. м, (руск. на пушечньій выстрел, укр. на гарматний постріл). Зусім, ні ў якім разе (не падпускаць; нельга, не трэба падпускаць каго-н.). [Вера: ] Я такіх, як яе муж, на гарматны стрэл да партыі не падпусціла б! (І.Мележ. У новым доме).

Першапачаткова абазначаў ‘на адлегласць, на якую дзейнічае гармата; на адлегласць гарматнага стрэлу’. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам франц. à portée de fusil (літаральна „на ружэйны выстрал“).

На горкі яблык. Уласна бел. Вельмі моцна, бязлітасна. Іх, збітых на горкі яблык, знайшоў нямецкі патруль на глухой вуліцы ля руін (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Уступае ў спалучальнасць толькі з дзеясловам збіць (зрэдку — з яго сінонімамі). Такі лексіка-фразеалагічны кантакт вытлумачваецца вобразнай асновай выразу: горкі яблык, звычайна з дзічкі, перш чым есці, б’юць аб цвёрдае, спускаючы кіслы сок.

На грэчаскія калёнды. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколі, невядома калі. — Пазыч сторублёў. — A аддасі калі? На грэ[час]кія календы? — Ды сёння ж аддам, скнара ты пракляты! — ускіпеў Шахрай і грымнуў далоняй па стале (Я. Васілёнак. Нараджэнне чалавека).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючымі, сэнсава тоеснымі выразамі на святы Адам, на святое ніколі, на святыя нігды з запаўненнем структурнай схемы кампанентамі фразеалагізма да грэчаскіх календаў (гл.) — паўкалькі з лац. м.

На дзесятым небе. Гл. на сёмым (дзесятым) небе.

Надзець шапку Манамаха. Запазыч. з руск. м. Стаць адзіным, поўнаўладным кіраўніком дзяржавы. Патаемнай жа марай Жыгімонта было самому надзець тую клятую шапку Манамаха (А. Петрашкевіч. Рупнасць дзяржаўнай асобы пра суверэнітэт Айчыны).

Дзеяслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове назоўнікавага шапка Манамаха (гл.).

На другі (задні) план. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на второй (задний) план, укр. на другий (задній) план). Як менш істотны, другарадны, нязначны (адцясніць, адступідь і пад). Усё гэта неяк само сабой адступіла на задні план перад яго незразумелым неспакоем і незадаволенасцю сабою (А. Жалязоўскі. У вясковай цішыні).

Паходзіць з маўлення мастакоў, дзе ўжываюць у тэрміналагічным значэнні першы (пярэдні) план і другі (задні) план. Гл. на першым (пярэднім) плане.

Ha другім (заднім) плане. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на втором (заднем) плане, укр. на другим (заднім) плані). Менш важны, другарадны, нязначны. Аксеня цяпер на заднім плане. Яе месца заняла Васіліна (Т. Хадкевіч. Вяснянка).

Паходзіць з маўлення мастакоў. Гл. на другі (задні) план і на першым (пярэднім) плане.

На дух не пераносіць, не выносіць і пад. Гл. <і> на дух не пераносіць, не выносіць і пад.

На дыван выклікаць, ісці, тратяць і пад. Калька з англ. м. (call on the carpet, літаральна „выклікаць на дыван“). Для сур’ёзнай размовы, адказу на якія-н. прэтэнзіі, заўвагі і пад. Усіх, хто правінаваціўся, трапіў на дыван да „таты“ — дырэктара саўгаса,адсылалі да Аляксея Трафімавіча на перавыхаванне (М. Тычына. Дажынкі).

Першапачатковае значэнне выразу — ‘у засланы дываном пакой, кабінет гаспадара, начальніка’.

На ёту. Агульны для бел. і руск. м. Нямнога, ледзь-ледзь. Мэты нашы — задачы нашы вы ведаеце. A што мы толкам зрабілі, каб хоць на ёту, наблізіць перамогу нашай справы? (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Узнік па аналогіі з фразеалагізмамі тыпу на капельку, на макулінку (выкарыстана іх граматычная структура і першы кампанент). Што да ёты, то гэта так называецца літара і ў грэч. алфавіце, найтанчэйшая сярод іншых літар.

На заднім плане. Гл. на другім (заднім) плане.

На задні план. Гл. на другі (задні) план.

На задніх лапках хадзіць перад кім. Запазыч. з руск. м. Прыслугоўваць, лісліва дагаджаць каму-н. Ага, спужаўся высокага начальства, пачнеш на задніх лапках перад ім хадзіць… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Паходзіць з байкі І. А. Крылова „Два сабакі“, дзе спачатку выкарыстаны як свабоднае словазлучэнне (гаворыцца пра сабаку, які ў прамым сэнсе можа хадзіць на задніх лапках), a затым — як выраз з пераносным значэннем (размова ідзе пра людзей). Пакаёвы сабачка Жужу хваліцца двароваму Барбосу, што жыве „ў пяшчоце, y дабры“, п’е і есць „на серабры“ (пераклад К. Крапівы):

„Чым служыш ты?“ — „Чым служыш? Вось пытанне! —

З насмешкай адказаў Жужу: —

На задніх лапках я хаджу“.

Так шчасце многія y тым знаходзяць,

Што ўсё жыццё на задніх лапках ходзяць!

Ha здароўе. Агульны для бел., руск. і польск. (na zdrowie) м. Колькі хочацца каму-н. і без пярэчанняў з боку таго, хто гаворыць. — Я кахаю Ганчара…Ну й кахай сабе на здароўе (Г. Багданава. Паганскія экспрэсіі).

Фразеалагічнае значэнне ў гэтым выразе, ніяк не звязанае з сэнсавай структурай слова здароўе, развілося на аснове тоста ці зычэння пры частаванні („ешце, піце на здароўе“), калі спалучэнне на здароўе пашырыла сферу свайго дастасавання, выйшаўшы за межы ветлівага кантакту з суразмоўнікам пры гасцяванні, частаванні і пад. Параўн. ужыванне спалучэння ў нефразеалагічным сэнсе: „Няхай ядуць на здароўе, я не шкадую“ (В. Палтаран).

На злобу дня. Агульны для ўсходнесл. м. Пра што-н. надзённае, якое хвалюе, займае, цікавіць усіх (гаварыць, пісаць і пад.). Ласкі нашы звычайна перапыняліся ціхімі гутаркамі і спакойнымі разважаннямі на злобу дня (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Фразеалагізм мае застылую, нязменную форму і з’яўляецца ўтварэннем ад назоўнікавага выразу злоба дня (гл.), якое ўзнікла на аснове запазычання з царк. — слав. м. — з тэксту Бібліі (Матфей, 6, 34): Довлеет дневи злоба его — ‘хапае для кожнага дня сваёй турботы’; злоба — ‘турбота, клопат’.

На злом галавы. Уласна бел. Абазначае ‘не думаючы, неабачліва (рабіць што-н.)’ і ‘вельмі хутка, імкліва, стрымгалоў (імчацца, уцякаць і пад.)’. У маім лёсе ўсе наадварот. Некалі на злом галавы вырваўся з вёскі, a пад старасць усё часцей і часцей стаў думаць, што зрабіў глупства (ЛіМ. 1.10.1982). Тады Чубар скочыў цераз ваўка і рынуўся на злом галавы па дарозе да бальшака (І.Чыгрынаў. Плач пералёлкі).

Асновай для ўтварэння гэтага прыслоўнага фразеалагізма быў дзеяслоўны выраз зламаць галаву, які ўжываецца са значэннем ‘знявечыцца, загінуць’, калі гаворка ідзе пра рызыкоўныя дзеянні.

Называць (назваць) рэчы сваімі імёнамі. Калька з франц. м. (appeler les choses par leurs noms). Гаварыць прама, адкрыта, нічога не ўтойваючы пра каго-, што-н. [Ягор: ] Аяі не гавару загадкамі. Я называю рэчы сваімі імёнамі, Вадзім Сілавіч (В. Лукша. Калі вяртаюцца буслы…).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

На кані быць, адчуваць сябе. Агульны для ўсходнесл. м. У прыемнай сітуацыі, y выгадным становішчы. Васька ўвайшоў y ролю і адчуваў сябе на кані (А. Жук. Чорны павой).

Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, „абломак“ фразеалагізма на кані і пад канём ‘у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць і пад.)’, пабудаванага на супастаўленні дзвюх частак. У „Зборніку беларускіх прыказак“ І.І.Насовіча выраз фіксуецца ў форме быў на кані і пад канём.

На карачках паўзці, поўзаць. Агульны для бел. і руск. м. Адначасова на абедзвюх руках і нагах. Лейтэнант тут жа развярнуўся ў снезе, на карачках праскочыў y галаву сваёй распластанай над узмежкам калоны, схапіў лыжы (В. Быкаў. Дажыць да світання).

На думку В. М. Макіенкі, y выразе захавалася старажытнае праславянскае слова карк (корак) са значэннем ‘нага жывёліны’. Першапачаткова карачкі — ‘маленькія ногі, ножкі’ (відаць, лапы жывёліны), спалучэнне на карачках напачатку дастасоўвалася толькі да чатырохногіх (жывёлін).

Быць, адчуваць сябе на кароткай назе з кім. Запазыч. з руск. м. (на короткой ноге). У блізкіх, сяброўскіх адносінах. Адразу ён [Шпулькевіч] адчуў сябе на кароткай назе з гэтым хлопцам (К. Чорны. Люба Лук’янская).

У руск. м. выраз трапіў як калька з франц. sur un pied d'intimité, дзе апошні кампанент перакладзены прыметнікам короткий са значэннем ‘блізкі, сяброўскі’.

На кароткую нагу жыць, станавіцца і пад. Уласна бел. Вельмі блізка, па-сяброўску. Нупрэеў лічыўся чалавекам сухаватым, y абыходжанні са сваімі падначаленымі ён ніколі не ставіўся, як кажуць, на кароткую нагу, мог нават часамі ні за што нагрубіць чалавеку (Я. Васілёнак. Сакрэт).

Утварыўся на аснове фразеалагізма на кароткай назе з кім (гл.), стаўшы спалучацца з іншымі, чым яго папярэднік, дзеясловамі-суправаджальнікамі.

На крайні выпадак. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на крайний случай, укр. на крайній випадок). У прадбачанні крайняй неабходнасці, калі не будзе іншага выхаду. [Сцяпан] можа пайсці ў лес, камандаванне яму гэта дазволіла на крайні выпадак (У. Шыцік. Масткі над абрывам).

Склаўся, відаць, пад уплывам сінанімічнага з ім фразеалагізма ў крайнім выпадку (гл.) — калькі з франц. м.

На край свету (зямлі) ісці, ехаць і пад. Агульнаслав. (руск. на край света, укр. на край світу, польск. па koniec świata, чэшск. па konec sveta, балг. накрай света, серб. — харв. на кpaj света і г. д.). Абазначае ‘куды-н. вельмі далёка’ і ‘у любое месца, абы-куды’. Яна яшчэ дзіця чакала тады… Дык жа не паглядзеліЗабраліНа край свету павезлі… (МЛынькоў. Сустрэчы). Я гэтак рада3 вамі я на край зямлі ісці гатова (А. Бачыла. Загорская восень).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое мела канкрэтны сэнс. Зямля, як даўней лічылі,— плоскі чатырохвугольнік з дахам-небам, a край свету — месца, дзе неба сыходзіцца з зямлёй.

На кругі свая вяртацца, вярнуцца, вярнуць і пад. Запазыч. з царкслав. м, Да ранейшага стану; на былое месца. Будзь спакойная, Чазенія. Усё вярнулася на кругі свая. Жыві добра (У. Караткевіч. Чазенія).

Выраз з Бібліі (Эклезіяст, 1,1), дзе ўжыты ў кантэксце: Вяртаецца вецер на кругі свая. Тут свая — форма мужч. р. мн. л. він. скл.

Накруціць хвост каму. Агульны для ўсходнесл. м. Зрабіць строгую вымову, выгаварыць з дакорам. Мароз пад’ехаў куставую нараду правесці — хлеб не ішоў па закупу, Трэба было накруціць xвocm актыву. На самацёк пусцілі, апартуністы! (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да некаторых свойскіх жывёл. Параўн.: „Эйдля бачыла, як упіралася карова адна, падала на пярэдняе калена, не хацела ісці. Але Пінька хітры, ён падганяць умее — і біць не б’е, a так хвост накруціць, што тая аж трушком бяжыць“ (М. Лынькоў).

На кудыкіну гару. Агульны для бел. і руск, м. Ужыв. як уніклівы адказ на пытанне: „Куды ідзеш?“ — Куды гэта вы?.. — Анікуды!..Так ужо і нікуды?.. — Ну тады на кудыкіну гару,для адчэпкі сказала Дуня Пракопкіна і паспрабавала абмінуць на дарозе паліцэйскага, каб ісці далей (І.Чыгрынаў Апраўданне крыві).

Прыметнікавы кампанент кудыкіну, утвораны ад прыслоўя куды, па-за фразеалагізмам y літаратурнай мове не ўжываецца. Мяркуюць, што выраз узнік y асяроддзі паляўнічых. Ідучы на паляванне, яны, y адпаведнасці з павер’ем, ні ў якім разе не называлі месца, куды ідуць: іначай ім не пашанцуе.

На курынай ножцы. Агульны для ўсходнесл. м., спалучаецца са словам хата і абазначае ‘маленькая, мізэрная’. У Янкі Скрыбы клопаты зусім не такія. У яго хата на курынай ножцы, катух-хлеву-шок, а ў ім карова што тая каза (У. Дамашэвіч. Ключ да шчасця).

Выраз з народных казак. Параўн.: „Гэта была не хата, a хатка, як з казкі, — на курыных ножках“ (П. Пестрак). Казачны вобраз хаткі на курыных ножках узнік, магчыма, на аснове канкрэтнага зрокавага ўяўлення: драўляныя зрубы, калі мясціна была багністая, ставілі на слупкі або пні.

На ладан дыхаць. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на ладан дышать, укр. на ладан дихати; параўн. y балг. м.: държа тамяна под носа си — трымаць ладан пад носам). Абазначае ‘быць блізкім да смерці’ і ‘даходзіць да непрыгоднасці, занепадаць’. Вольгу вершы такіяспачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: „Бач ты, на ладан дыхае, a пра любоў думае“ (І.Шамякін. Гандлярка і паэт). Электрастанцыя дыхае на ладан (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Паводле хрысціянскага звычаю, чалавека, якому заставалася нядоўга жыць, свяшчэннік спавядаў, прычашчаў і кадзіў ладанам. Выходзіла, што чалавек перад смерцю дыхаў на ладан. Гэта і стала асновай для пераасэнсавання словазлучэння.

Наламаць дроў. Запазыч. з руск. м. Зрабіць абы-як, нарабіць памылак. Табе трэба паехаць к Буйкевічу, разабрацца там і… Толькі не наламі дроў (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).

Выраз трапіў y рускую літаратурную мову, як сцвярджае С. Ожагаў, з данскіх гаворак праз творы М. Шолахава, іншых пісьменнікаў з Дона. Рэальнымі бытавымі ўмовамі ўзнікнення фразеалагізма з’яўляецца тое, што на Доне ёсць свабоднае словазлучэнне наламаць дроў Там, як і ў некаторых мясцінах Беларусі, дровамі называюць галлё, ламачча і яго на падворку, перад тым як паліць у печы, не сякуць, a ламаюць на калене. Зразумела, ламаюць няроўна, абы-як. Гэта і стала падставай для ўзнікнення на Доне параўнанняў наломал, как дровишек; сделал, как дровишек наломал і фразеалагізма наломать дров.

На лбе напісана ў каго. І.Уразаў, Э. Вартаньян, М. Булатаў і інш. лічаць, што з’яўленне гэтага фразеалагізма звязана з суровым звычаем, які захоўваўся ў Расіі аж да 1863 г.: злачынца клеймавалі распаленым жалезам, пакідаючы на шчоках і лбе знакі-літары. Аднак з такой этымалагізацыяй наўрад ці можна згадзіцца, бо выраз на лбе напісана, як і на твары напісана, ведалі яшчэ ў часы Цыцэрона. Відаць, з латыні выраз прыйшоў y ням. м. (steht an der Stirn geschrieben), a з ням. як фразеалагічная калька пранік ва ўсходнесл., чэшск., балг. і іншыя мовы.

Фразеалагізм, значэнне якога ‘ясна відаць па знешнім выглядзе чалавека’, і сёння ўсведамляецца як матываваны, вобразны, хоць і з нерэальным вобразам у аснове. Мядзведзя, брат, не чапай. Ён-то на чалавека сам нe нападзе. Але ж ён думае, што ты ідзеш на яго. На лбе ж у цябе не напісана, хто ты (І.Пташнікаў. Мсціжы).

На лона (на ўлонне) прыроды. Агульны для ўсходнесл. м. За горад, y лес, y поле і пад. (ехаць, выязджаць і пад.). 3 зялёных запыленых вагонаў выходзілі дачнікі, грыбнікі, рыбаловы і проста ўсе, хто ў гэты нядзельны дзень выязджаў на ўлонне прыроды (І.Навуменка. Бульба).

Склаўся на аснове фразеалагізма на лоне прыроды (гл.) — калькі з франц. м., стаўшы спалучацца з іншымі, чым яго папярэднік, дзеясловамі-суправаджальнікамі.

На лоне (на ўлонні) прыроды. Калька з франц. м. (au sein de la nature). Па-за горадам, y лесе, y полі i пад. (быць, адпачываць і пад.). Дождж перакрэсліў yce мае сённяшнія сустрэчы на лоне прыроды (М. Танк. Лісткі календара).

Тут лона генетычна абазначае ‘грудзі або чэрава як сімвал мацярынства, пяшчоты’.

На мазі. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннем ‘блізка да ажыццяўлення, вось-вось павінна завяршыцца’ і звычайна спалучаецца з назоўнікам справа або займеннікам усё.Ведаеце,адказаў ён,не ем, не сплю, усё ад аднаго да другога бегаю, тэлефон сабе дабіваюся. Але, здаецца, усё ўжо на мазі… (Б. Сачанка. Тэлефон).

Дзеяслоў мазаць і назоўнікавы кампанент фразеалагізма на мазі — аднаго кораня. Першапачаткова спалучэнне ўжывалася, калі гаварылі пра калёсы, брычкі, восі якіх перад паездкай змазвалі калёснай маззю (параўн. з семантычным вобразам прыказкі Не падмажаш — не паедзеш). На аснове прамога значэння ‘падмазаны (калёсы)’ развілося пераноснае спачатку ‘гатова ў дарогу’, a потым ‘блізка да паспяховага завяршэння’.

На месцы злачынства. Калька з лац. м. (in loso delicti). Пры яўных доказах, y момант учынення чаго-н. заганнага (захапіць, злавіць і пад.). Рыгор вінавата ўсміхнуўся, як дураслівы школьнік, якога настаўніца злавіла на месцы злачынства (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Першапачаткова ўжываўся ў юрыдычнай справе.

Намотваць <сабе> на вус што. Гл. матаць (намотваць, наматаць) <сабе> на вус што.

Намыліць галаву каму Гл. галаву мыліць (намыліць) каму.

На мякіне не правядзеш каго. Агульны для бел. і руск. м. Не перахітруеш, не абдурыш, не ашукаеш. Я чалавек кручаны, мяне на мякіне не правядзеш… (І.Пташнікаў. Мсціжы).

Паходзіць з прыказкі Старога вераб’я на мякіне не правядзеш, якая расшчапілася на дзве часткі (гл. стары верабей). Адпаведна і яе значэнне ‘вопытнага чалавека не ашукаеш’ размеркавалася паміж двума „абломкамі“. Фразеалагізм ужываецца звычайна толькі ў застылай форме, y якой выкарыстоўваўся (і выкарыстоўваецца) y складзе прыказкі, — з дзеяслоўным кампанентам у другой асобе адзіночнага ліку.

На паверхні. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на поверхности, укр. на поверхні). Лёгка заўважаецца, усведамляецца. Якое звяно ў ланцужку сістэмы ўрокаў найчасцей выпадае, не дае належнай эфектыўнасці? Адказ на гэтае пытанне на паверхні (Настаўн. газ. 28.09.2000).

Утвораны ад фразеалагізма ляжаць на паверхні ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Абодва выразы амаль ва ўсіх кантэкстах выступаюць як сэнсава ўзаемазамяняльныя, але адрозніваюцца функцыянальна-стылёвай прыналежнасцю: першы (ляжаць на паверхні) — функцыянальна не замацаваны, другі (на паверхні) — размоўны.

На паповы сані збірацца. Уласна бел. Паміраць. У горадзе сорак гадоў бульба па бульбе — звялася. Тут, можа, гады два пародзіць, a там бадай што давядзецца збірацца на паповы сані (Р. Барадулін. Каму пазваніць?).

У фразеалагізме захаваўся адгалосак даўнейшых эпох. Як сведчаць старажытныя пісьмовыя помнікі Кіеўскай дзяржавы, y даўнія часы быў звычай адвозіць нябожчыка дамесца пахавання на санях у любую пару года. Абрадам пахавання кіраваў поп („поповы поюще обычныя песни“). „У гуцулаў да нашага часу захаваўся звычай адвозіць труну з нябожчыкам на могілкі на санях“ (Ф. М. Янкоўскі). Параўн. фіксацыю выразу ў крыху іншым кампанентным складзе і ў нятоесным значэнні: выхаваў на паповы сані — „смерць, скананне“ (М. Федароўскі. Люд беларускі…, с. 241); глядзець на паповы сані — „вельмі кепска пачуваць сябе (пра хворага), рыхтавацца да смерці“ (Ф. Янкоўскі. Беларуская фразеалогія, с. 107). Магчыма, глядзець на паповы сані—кантамінаваны выраз, які склаўся ў асобных беларускіх гаворках па структурнай аналогіі з польскім фразеалагізмам patrzeć па księzą oborę (літаральна „глядзець на ксяндзоўскую абору“) — „быць блізкім да смерці“.

На пасад садзіць каго. Уласна бел. Аддаваць замуж. Раз бяседа вялікая ў князя была: на пасад дачку княжну садзілі (Я. Купала. Курган).

Узнік y выніку метафарызацыі пераменнага словазлучэння, звязанага з даўнейшым вясельным абрадам. Пасад, як засведчана ў слоўніку І.І.Насовіча, — ‘месца, на якім на вяселлі садзяць нявесту’. У паэме В. Дуніна-Марцінкевіча „Гапон“ словазлучэнне на пасад садзіць выкарыстана як свабоднае, з прамым значэнкем слоў: „Лубку з жытам падстаўляюць, маладу на ёй саджаюць, як каралеўну на ўрад; яна ж усцяж галосіць, кругом паклоны разносіць дый зноў сядзе на пасад“.

Напасці на след каго, чаго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго-, што-н., ці даведацца пра месца, дзе знаходзіцца хто-, што-н. Каб хто чуў Рыгораў наказ, падумаў бы, што Рыгор напаў на след чалавека, якога шукаў гадамі (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Паходзіць з маўлення паляўнічых, дзе ўжываецца з прамым значэннем у дачыненні да следу дзікай жывёлы.

На пень брахаць навучыцца, навучыць і пад. Уласна бел. (Вучыць, навучыць каго-н.) гаварыць недарэчнае, неразумнае. — Скажы, чаго гэта з Верасава цябе прынясло ў Дварчаны.Выгналі… — Бачу; што і ты ўжо навучыўся на пень брахаць (В. Адамчык. I скажа той, хто народзіцца). Ужыв. і ў больш развітай, нарошчанай форме: на пень брахаць, на калоду тукаць: — Яна ж y нас толькі навучыцца.Навучыцца… На пень брахаць ды на калоду тукаць. Досыць ужо навучылася (М. Зарэцкі. Як Настулька камсамолкай зрабілася); Шырэй думай. Табе здаецца, што ў нас… навучаюць на пень брахаць, на калоду тукаць? (А. Масарэнка. Лесавікі).

Узнік са свабоднага словазлучэння, звязанага з недарэчным сабачым брэхам іншы раз і на пень. Параўн.: „— A ты куды глядзеў? — замахваецца бацька пугай на сабаку. — На пень брэшаш, a на кароў не хочаш“ (В. Шырко); „Дурны сабака і на пень брэша“ (Ф. Янкоўскі).

На першым (пярэднім) плане. Агульны для ўсходнесл. і польск. (na pierwszym planie) м. Важнейшы за ўсё, вышэй за ўсё. Як была наша школа савецкай, так ёю і засталася. Паказуха на першым плане (Я. Рагін. Выбіраю радзіму).

Паходзіць з маўлення мастакоў, дзе планам называюць месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка. Паралельна ўжываюць пярэдні план і першы план, на трэднім плане і на першым плане. Параўн. ужыванне словазлучэння ў тэрміналагічным значэнні: „На малюнку твар недзе там, дзе чалавек грэбаецца рукамі ў зямельцы. A на пярэднім плане тое, што ў такой урачкаванай паставе тырчыць угору“ (М.Гіль).

На першы погляд. Калька з франц. м. (a premiеre vue). 3 першага ўражання. Трэба навучыцца з-за малога бачыць вялікае… Тут таксама на першы погляд нязначны маштаб (Э. Самуйлёнак. Тэорыя Каленбрун).

Выраз з сэнсаўтваральным прыметнікавым кампанентам і матываваным, часткова цэласным значэннем.

На першы (пярэдні) план. Агульны для ўсходнесл. м. Як найбольш істотны, важны (выходзіць, выступаць, вылучаць і пад.). Ва ўмовах палітычнага генацыду… на пярэдні план выступіла праблема захавання нацыі (В. Рагойша. Бацька нацыі).

Паходзіць з маўлення мастакоў. Гл. на першым (пярэднім) плане. Параўн. ужыванне словазлучэння пярэдні план y тэрміналагічным значэнні: „Як я біўся над гэтым эцюдам! Не атрымліваўся пярэдні план. Месца роўнае, няма за што воку зачапіцца“ (В. Карамазаў).

На плыву. Агульны для ўсходнесл. м. Ва ўцалелым стане (быць, утрымліваць, знаходзіцца, пратрымацца і пад). Цяпер у раёне толькі 30 працэнтаў гаспадарак неяк зводзяць канцы з канцамі, яшчэ знаходзяцца на плыву (Звязда. 18.11.1994).

Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з марскім ці рачным суднам, якое знаходзіцца ў стане плавання.

На поўную (усю) катушку. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі строга (караць, штрафаваць і пад.)’, ‘па-сапраўд-наму, як і трэба (рабіць што-н.)’ і ‘спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.)’. 3 непаўналетняга зрабілі мяне дарослым. Судзіць можна ўжо. I далі на поўную катушку (І.Чыгрынаў. Плывун). Я, вядома, прадумана спланаваў, каб час ад цягніка да цягніка выкарыстаць разумна, на ўсю, як кажуць, катушку (П. Кавалёў. Баханка хлеба). І чалавек прачнуўся ў гэты час. Злавіў y скрынцы джаз і громкасць уключыў на ўсю катушку (Н.Гілевіч. Ах, як вітаў ён песняй родны кут).

Паходзіць з жаргону зняволеных, дзе катушка асацыіруецца з тэрмінам асуджэння, зняволення каго-н. Зыходнае значэнне фразеалагізма — ‘на ўвесь тэрмін, прадугледжаны законам (асудзіць, пакараць і пад.)’, Два іншыя значэнні развіліся ў фразеалагізме, калі ён, маючы цьмяную ўнутраную форму, стаў спалучацца з дзеясловамі не „судовай“ тэматычнай групы.

На поўным сур’ёзе. Паўкалька з руск. м. (на полном серьёзе). Зусім сур’ёзна. — Было гэта даўно,на поўным сур ’ёзе пачынае Лявон. — Надумаў я жаніцца… (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Паводле Л.І.Скварцова, выраз склаўся ў акцёрскім прафесійным асяроддзі, a пачынаючы з 1960-х гадоў ужываецца як нейтральны сродак у нарысах, фельетонах, y аўтарскай мове мастацкіх твораў. Лктыўна выкарыстоўваецца ён і ў беларускіх тэкстах.

Напрамілы бог. Уласна бел. Ужыв. з абавязковым прыфразеалагічным словам прасіць і абазначае ‘вельмі шчыра, настойліва’. Чалавек напрамілы бог прасіў за ўзнагароду знайсці партфель, які ён згубіў… (М. Капыловіч. Шукаю кватэру).

Лексіка-фразеалагічная канструкцыя прасіць напрамілы бог знаходзіцца ў шэрагу аднатыпных: бачыць на свае вочы, чуць на свае вушы, выспацца на поўнае вока, гаварыць на поўны голас. Таму нярэдка фразеалагізм напрамілы бог усведамляецца і арфаграфічна перадаецца як трохкампанентны: „Слухай, браток! Я ж цябе прасіў на прамілы бог фарбаваць цокаль…“ (У. Дубоўка). Кампанент напрамілы ўзнік y выніку зліцця прыназоўніка на і ўстарэлага прыметніка прамілы (дзе прыстаўка праабазначае найвышэйшую ступень якасці). Дарэчы, y помніках старой беларускай пісьменнасці (напрыклад, y „Завяшчанні старасты слонімскага і камянецкага Міхайла Богуша Багавіцінавіча“, 1529) засведчаны варыянт фразеалагізма без прыстаўкі (прыназоўніка) на-:„А на остатокь тыхь всихъ речей прошу промилый Богъ господина моего пана Кгаштолта…“ Сінтаксічная сувязь у канструкцыі прасіць напрамілы бог замест чаканай прасіць на прамілага бога, відаць, дапускае меркаванне, што выраз напрамілы бог склаўся яшчэ ў старажытных беларускіх гаворках: y ім замацавалася форма він. скл., аднолькавая для адушаўлёных і неадушаўлёных назоўнікаў мужч. р. (параўн. старажытныя спалучэнні въсести на конь, иду на вы).

Напускаць туману. Агульны для ўсходнесл. м. Заблытваць што-н., уводзіць у зман. — Маці я нічога не сказала… Калі яна напускае туману на маё з ’яўленне на свет, то, нарэшце, мне таксама ўсё роўна, хто мой бацька, — заключыла яна са злосцю (І.Шамякін. Снежныя зімы).

Выраз паходзіць з адпаведнага свабоднага словазлучэння, што ўжывалася, калі гаворка ішла пра ведзьмакоў і знахароў, якія замовамі, заклінаннямі нібыта маглі ўздзейнічаць на чалавека і прыроду. Карыстаючыся падманам і шарлатанствам, яны часам напускалі на прысутных дурманлівай сіняй пары, туману, як быццам дзеля таго, каб выклікаць адпаведных уяўных духаў.

На пушачны стрэл. Гл. на гарматны (пушачны) стрэл (выстрал).

На пярэднім плане. Гл. на першым (пярэднім) плане.

На пярэдні план. Гл. на першы (пярэдні) план.

Нарадзіўся ў сарочцы (кашулі). Гл. y сарочцы (кашулі) нарадзіўся.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай. Напэўна, калька з ням. м. (unter einem glücklichen Stem geboren sein). Быць шчаслівым, удачлівым, мець поспех у сваіх справах. Да пары дa часу Стэк-Халімон-чык лічыў, што нарадзіўся пад шчаслівай зоркай. Жыў ён без асаблівых клопатаў і жыў, можна сказаць, прыпяваючы (І.Сіняўскі. Дарога на Замлынне).

Узнікненне выразу звязана з прымхлівымі сцвярджэннямі старажытных астролагаў, што нібыта лёс чалавека залежыць ад таго, пад якой зоркай ці планетай ён нарадзіўся.

На разбор шапак. Агульны для бел. і ўкр. (на розбір шапок) м. Пад самы канец чаго-н., з вялікім спазненнем (прыходзіць, паспяваць, трапляць і пад.). Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей (В. Быкаў. Абеліск).

Утварыўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма на шапачны разбор, які з’яўляецца паўкалькай з руск. м. (к шапочному разбору).

На ростанях. Уласна бел. У стане сумнення, хістанняў, y нерашучасці перад выбарам чаго-н. (быць, заставацца і пад.). Вершы [Грынкевіча] патыхалі нейкай чыстай яснасцю і халаднаватасцю. A гэта смерць для паэта. I ён зразумеў гэта і зараз стаіць на ростанях, не ведаючы, што і як пісаць (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Паходзіць са свабоднага спалучэння слоў, y якім ростань абазначае ‘месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог’. Зыходная вобразнасць фразеалагізма адлюстроўвае пэўную сітуацыю, калі, напрыклад, вандроўнік, апынуўшыся на перакрыжаванні дарог, задумваецца, па якой з іх ісці.

Быць, трымацца, стаяць і пад. на роўнай назе з кім. Недакладная калька з франц. м. (sur le pied de I’egalite, літаральна „на назе роўнасці“). Як роўны з роўным, не прыніжаючы чыёй-н. годнасці. Коласу, па яго духоўным складзе, было агідна слугаванне і падлашчванне. Ён трымаўся на роўнай назе, папярэдліва і далікатна (М. Лужанін. Колас расказвае пра сябе).

Роўнай (этымалагічна — роўнасць) тут выступае як сэнсаўтваральны кампанент.

Станавіцца, стаць і пад. на роўную нагу з кім. Агульны для ўсходнесл. м. Як роўны з роўным. Пан Скірмунт бярэ петыцыю, ускідае вочы. На твары абразлівая ўсмешка.Гм! На роўную нагу са мною становяцца: грамадзяне пішуць да грамадзяніна (Я. Колас.

На ростанях).

Утварыўся на аснове фразеалагізма на роўнай назе з кім (гл.) — недакладнай калькі з франц. м., стаўшы спалучацца з іншымі, чым яго папярэднік, дзеясловамі-суправаджальнікамі.

На руках насіць каго. Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі ‘надта песціць каго-н.’ і ’высока цаніць каго-н., даражыць кім-н.’. Мікалай абяцанак-цацанак на руках насіць не даваў. Толькі песню „Выйдзі, каханая“ на жалейцы сваёй напяваў (Д.Бічэль-Загнетава. Буслянка). Гэтакі ў цябе муж! Каб у мяне гэтакі быў, ябна руках яго насіла (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Выраз сустракаецца ў евангельскіх тэкстах, y Псалтыры, калі гаворыцца пра Ісуса і яго анёлаў („Анёлам сваім завяшчае цябе; і на руках панясуць цябе“). 3 царкоўных кніг выраз перайшоў ва ўсе славянскія мовы.

На руку каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (na rękę) м., ужываецца са значэннем ‘падыходзіць каму-н., выгадна камусьці, адпавядае яго жаданням’. І чаму-у-то людзі маўчаць?.. Рабочыя маўчаць, салдаты маўчаць… Няўжоа не ведаюць, што іх маўчанка як раз на руку начальству? Га-а? У вас таксама? (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Выраз з’яўляецца „абломкам“ фразеалагізма на руку (у руку) іграць каму (гл.).

На руку (у руку) іграць каму. Калька з англ. м. (play into hands). Ускосна дапамагаць каму-н. сваімі паводзінамі, дзеяннямі. Самы адказны момант, дзядзька Лаўрэн, a ты гэтага не хочаш разумець і ідзеш у прагульшчыкі. На гэтым кулацкая агентура спекуляваць будзе, ты на руку кулаку граеш, a ты лепшы ўдарнік (Э. Самуйлёнак. Паляўнічае шчасце).

Узнік y асяроддзі карцёжнікаў, дзе абазначаў ‘дапамагаць аднаму з ігракоў, падыгрываць яму, даваць магчымасць выйграць ці адыграцца’.

На сваім месцы. Калька з франц. м. (en son lieu). Адпаведны свайму прызначэнню, справе, якой заняты. [Дзед Цыбулька: ] Вот я добра ведаю, што і Уладзімір Андрэевіч адчувае сябе на сваім месцы. A вы кожны на сваім месцы? (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).

Успрымаецца як матываваны выраз.

На сваіх дваіх. Агульны для бел. і руск. м., абазначае ‘пехатою (дабірацца, ісці і пад.)’. Мы без дзядзі абыдземся… Мы на сваіх дваіх прывыклі тэпаць (П.Місько. Ціхае лета).

Скарочаны варыянт словазлучэння на сваіх дваіх нагах, y якім нагах—семантычна апорны кампанент. У сучаснай беларускай мове, як і ў рускай, зборныя лічэбнікі, y тым ліку і двое, не спалучаюцца з назоўнікам нага (кажуць: дзве нагі, a не двое ног; адпаведна ў месным скл.: на дзвюх нагах, a не на дваіх нагах); дваіх — месны скл. ад старой формы зборнага лічэбніка двоіі ў значэнні ‘пара’.

На свой капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. на одну колодку, укр. на один копил) і польск. (na jedno kopyto) м. Па-свойму, на свой узор, лад (рабіць, зрабіць што-н.). Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма (К. Чорны. Вясна).

Утвораны шляхам унутрыфразеалагічнай дэрывацыі на базе дзеяслоўнага фразеалагізма мерацьна свой капыл y выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Адарваўшыся ад кампанента мераць, выраз стаў спалучацца са шмат якімі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (гнуць, варочаць, перарабіць, збудаваць і інш.). У гэтым „абломку“ ёсць сэнсаўтваральны кампанент свой, суадносны з такім жа словам свабоднага ўжывання.

На святое ніколі. Паўкалька з польск. м. (na święty nikdy). Невядома калі; ніколі. [Якім: ] Калі, калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць навекі і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?.. [Паўлінка: ] Ха-ха-ха! На святое ніколі (Я. Купала. Паўлінка).

Утварыўся на ўзор спалучэнняў тыпу на святога Пятра, на святога Міколу; параўн. y прыказках-прыметах: На святога Мацея зіма пацее, На святога Прыска праб’е лёд і пліска. У гаворках, як засведчана ў М. Федароўскага, выраз ужываецца і без перакладу апошняга кампанента: на святы нігды; параўн. таксама: Аддасць ён табе на святыя мігды, што не ўгледзіш нігды.

На святыя нігды. Паўкалька з польск. м. (na święty nikdy, літаральна „на святое ніколі“). Невядома калі. — Кажуць, што во ў Вайтовічавай хаце маюцца школу адкрыць.Будзе тое на святыя нігды (В. Адамчык. I скажа той, хто народзіцца).

Утвораны на ўзор спалучэнняў на святога Пятра, на святога Міколу.

На сёмым небе. Магчыма, калька з франц. м. (au septième ciel). Гэты фразеалагізм супадае сваім значэннем, вобразнасцю, лексічным складам, граматычнай структурай з такімі ж адпаведнікамі ў славянскіх, a таксама ням., англ. і некаторых іншых мовах. Ужыв. са значэннем ‘бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены’: Ён [Мірон Іванавіч] тут жа, перадими, горача падзякаваў Дубку і яго двум памочнікам за ўдала праведзеную аперацыю. Дубок быў на сёмым небе ад радасці (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Выток фразеалагізма — уяўленні старажытных грэкаў, арабаў пра будову свету: купал неба нібыта складаецца з сямі крыштальных сфер; на верхнім, сёмым небе, дзе знаходзіцца Бог, — рай, царства нябеснае. Зыходная вобразнасць фразеалагізма не ўсведамляецца, і гэтым можна вытлумачыць з’яўленне ў некаторых беларускіх гаворках варыянта на дзесятым небе, які трапіў і ў мастацкія тэксты: „А калі ты падорыш мне дачку, a потым і сына, дык мы што на дзесятым небе будзем!“ (І.Козел). Дарэчы, y серб. — харв. літаратурнай мове нормай лічыцца на деветом небу:.

На сіні (чорны) пазногаць (пазногцік). У такой форме фразеалагізм ужыв. ў бел. м. паралельна з выразам ні на ногаць і абазначае ‘трошачкі, ледзь-ледзь’. Вы мяне прынялі як роднага… я ж для вас на сіні пазногаць нічога добрага не зрабіў (У. Дубоўка. Пялёсткі). Брыгадзір, рука старшыні, a чым ён памог нам хоць на чорны пазногцік? (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Аналагічны выраз з кампанентам сіні ёсць у пскоўскіх, пячорскіх, букавінскіх гаворках (на синии нёготь, синии ноготок, як за нігтьом сине). 3 той жа вобразнасцю, з кампанентам чорны ці яго адпаведнікамі (замест сіні) фразеалагізм сустракаецца ў шмат якіх іншых славянскіх гаворках. Усё гэта дае падставу, на думку М.І.Талстога, адносіць названы выраз да праславянскай эпохі. Значэнне кампанента сіні — ‘чорны’; з такой семантыкай гэта слова выкарыстоўваецца і цяпер у некаторых гаворках, прычым у нефразеалагічным ужыванні. Адсюль першапачатковы сэнс выразу на сіні пазногаць — ‘на чорную палоску пад ногцем’.

Насіцца ў паветры. Калька з франц. м. (être dans l'аіr). Няўхільна набліжацца, адчувацца, распаўсюджвацца (пра думкі, ідэі, з’явы і пад.). „Ты перабудаваўся?“ — гэта пытанне не проста носіццаў паветры, а яго вось-вось пачнуць тыражыраваць друк і гучнагаварыцелі, развешаныя на ўсіх вуліцах (А. Кудравец. Усясільная формула).

Фразеалагізм усведамляецца як матываваны.

Насіць ваду рэшатам (у рэшаце). Недакладная калька з лац> м. (haurire aquam cribro, літаральна „чэрпаць ваду рэшатам“). Рабіць што-н. безвынікова, заведама ўпустую. Кірыла прамаўчаў: лішне гаварыць — y рэшаце ваду насіць (А. Асіпенка. Кірыла Уласік).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Выраз сустракаецца ў камедыі Плаўта „Mercator“. У сярэднявеччы часцей ужываўся з рыфмаваным дадаткам дыдактычнай часткі: Qui discit sine libro, is aquam haurit cribro (Хто вучыцца без кнігі, той чэрпае ваду рэшатам).

Насіць на руках каго. Гл. на руках насіць каго.

На скрут галавы. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘не думаючы, безразважна (рабіць што-н.)’ і ‘вельмі хутка, стрымгалоў (кінуцца, імчацца і пад.)’. Не, немцы не такія дурні, каб на скрут галавы перці за імі ў гушчар, не ведаючы, што іх чакае за кожным кустом (П.Місько. Мора Герадота). Кінуцца вось так у кусты на скрут галавы і бегчы… куды вочы глядзяць (Б. Сачанка. Вялікі Лес).

Узнік на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма скруціць галаву, адно са значэнняў якога — ‘загінуць, знявечыцца’.

На славу. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі прыслоўным ‘вельмі добра, надзвычайна’ і прыметнікавым ‘вельмі добры, надзвычайны’. Прыйшлося дзядзьку весці справу і папацецьтакі на славу (Я. Колас. Новая зямля). Качагар быў сумленны… I выйшаў бы з яго машыніст на славу (М. Лынькоў. Андрэй Лятун).

Лічаць, што тут на ўжыта ў значэнні ‘ для’. Першапачатковае прыслоўнае значэнне на славу — ‘каб пра гэта гаварылі, праслаўлялі’. Прыметнікавае значэнне развілося ў фразеалагізме ў сувязі з тым, што ён замацаваўся ў маўленні і ў сінтаксічнай ролі азначэння да назоўнікаў.

Верыць, паверыць на слова. Калька з франц. м. (sur parole). Давяраючы чыйму-н. запэўненню, без пацвярджэння фактамі, доказамі. [Чарнавус: ] Якія ж прычыны вашага адчаю? [Туляга: ] Прычыны ёсць, Аляксандр Пятровіч! Паверце мне на слова! (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Можна лічыць, што тут кампанент слова — сэнсаўтваральны, суадносны з адным са значэнняў (‘абяцанне зрабіць, выканаць што-н.).

Настаўляць (наставіць) акуляры каму. Уласна бел. Уводзіць у зман, паказваючы што-н. y фальшывым, скажоным, але выгадным для сябе выглядзе. Пра багацце гэты пан Адольф гаворыць самазадаволена, бо ведае, што ў гэтым доме шануюць гаспадарлівых. A дзяўчо яму акуляры настаўляе! (В. Бур’ян. Век на мяжы — і „Паўлінка“ ў афішах).

Фразеалагізаваны крылаты выраз з камедыі К. Крапівы „Хто смяецца апошнім“ (1939): „[Гарлахвацкі—адзін: ] Правяральшчык знайшоўся! Я, брат, такія акуляры настаўлю, што табе і чорнае белым пакажацца“. „Беларуска-рускі слоўнік“ (1988, т. 1, с. 757) падае як адпаведнік да наставіць акуляры рускі фразеалагізм втереть очки, хоць, зразумела, паміж кампанентамі акуляры і очки няма ніякай сувязі — ні сэнсавай, ні этымалагічнай. Выраз втирать очки паходзіць з лексікону карцёжнікаў: шулеры, каб выйграць, ішлі на падман, непрыкметна ўціралі, замазвалі на парашковай карце ачкі, ператваралі, напрыклад, сямёрку ў шасцёрку.

Настаўляць рогі каму. Вядомы славянскім і заходнееўрапейскім мовам, абазначае ‘здраджваць мужу, становячыся палюбоўніцай іншага мужчыны’ і ‘ашукваць мужа, стаўшы палюбоўнікам яго жонкі’. І жонка яму рогі настаўляла… ды ён цярпеў, бо рваўся ў чыны (Э. Валасевіч. Ён не кахаў — жаніўся па разліку…). Думка пра тое, што ён можа наставіць рогі самаупэўненаму, пыхліваму і нядобразычліваму да яго Макаеду, рассмяшыла (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Выраз прыйшоў ва ўсходнеславянскія мовы, на думку М. Міхельсона, або непасрэдна ад грэкаў, або праз французаў. Гэта не зусім дакладная калька (франц. coiffer de cornes — „надзяваць рогі“; тое самае і ў немцаў: Hörner aufsetzen). Ёсць некалькі меркаванняў адносна этымалагічнай асновы гэтага выразу. Немцы, напрыклад, лічаць, што ён звязаны з іх старажытным звычаем: калі муж ішоў ваяваць, жонка надзявала яму шлем са звярынай шкуры з рагамі, і гэта азначала, што жонка застаецца „на сваёй волі“.

Наступаць (наступіць) на горла (глотку) каму, чаму. Калька з ням. м. (J-m an die Kehle gehen; літаральна „на горла нахадзіць (наступаць)“). Прымушаць рабіць так, як хочацца, як выгадна каму-н. Калі нам удасца падвесці масы, як гаворыцца, да барыкад, тады мы зможам наступіць на горла фашызму, тады прадыктуем сваю волю… (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Параўн. падобныя выразы з такім самым дзеяслоўным кампанентам: наступаць на душу каму, наступаць на язык каму, наступаць сабе на язык, наступаць сабе на горла.

Наступаць (наступіць) на граблі. Запазыч. з руск. м. Рабіць непрадуманы крок з мажлівымі непрыемнымі наступствамі для таго, хто гэта робіць. Улады хутка зразумелі, што зноў наступілі на граблі, і праз 16 гадзін [арыштаванага] выпусцілі. Праўда, з умовай, што пасля з’езда ён усё ж адбудзе пакаранне (ЛіМ. 27.06.1997).

Крылаты выраз з байкі Л. Талстога „Вучоны сын“ (1872). Тут расказваецца, як бацька папрасіў сына, які прыехаў з горада ў вёску, узяць граблі і дапамагчы на сенажаці. „А сыну не хацелася працаваць, ён і кажа: „Я вучыўся навукам, a ўсе мужыцкія словы забыў, што такое граблі?““ Толькі ён пайшоў па падворку, наступіў на граблі, яны яго стукнулі ў лоб. Тады ён і ўспомніў, што такое граблі, хапіўся за лоб і кажа: „I што за дурань тут граблі кінуў!“

На схіле дзён (жыцця). Калька з франц. м. (sur le déclin de la vie). У глыбокай старасці. Вось i цяпер, ужо на схіле дзён, душу ўспамін кранае нечакана, калі раптоўна рве кароткі сон забыты голас мілай і каханай (А. Звонак. Праўдзе веку).

У аснове фразеалагізма — прыпадабненне чалавечага жыцця да пад’ёму і схілу, спуску.

На сцяну лезці. Агульны для ўсходнесл. м. Крайне ўзрушвацца, раздражняцца, злавацца. Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцяну лезе народ, лямант, візг!.. Што гэта, пытаюся. Моляцца, кажа (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Відаць, фразеалагізм узнік са свабоднага словазлучэння, якім характарызуюць дзеянні раз’юшаных, раздражнёных ці напалоханых жывёл. Напрыклад, y байцы К. Крапівы „Далікатныя Парасяты“: „Наставіўшы хібы і папусціўшы пену, на дзверы лезуць і на сцену“. Або ў апавяданні Ядвігіна Ш. „Чортава ласка“: „Раве скаціна, аж на сцяну лезе, a з хлява ані руш!“ Меркаванне (Э. Вартаньян і інш.), быццам прататып фразеалагізма — словазлучэнне, звязанае са штурмам крапасных сцен, наўрад ці пераканальнае, бо цяжка адчуць хоць якую-небудзь сувязь паміж значэннямі свабоднага і фразеалагічнага словазлучэнняў.

На ты быць. Агульны амаль для ўсіх славянскіх м. Ужыв. са значэннямі ‘у сяброўскіх, блізкіх адносінах’ і ‘з вельмі добрым разуменнем чаго-н.’. Мы з ім былі на ты, аднак ён быў на дваццаць гадоў з гакам старэйшы (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны). Усё жыццё гэтага чалавека праходзіла сярод лічбаў, ён з імі быў як кажуць, на ты (М. Даніленка. Восеньскі букет).

Узнік як супрацьлеглае ўтварэнне на аснове фразеалагізма на вы — калькі з франц. м. (гл.).

На ўвесь мах. Агульны для бел. і руск. (во весь мах) м. Як мага, вельмі хутка. I Міхліны дні ўзварушаны былі жыццём ды разгушканы на ўвесь мах (С. Баранавых. Новая дарога).

Ёсць меркаванні, што выток фразеалагізма ідзе з падабенства з’яў: y ім „намёк на млынавое крыло — „мах“, на вятрак, пушчаны на ўвесь мах“ (М.І.Міхельсон), „слова мах — гэта адзін абарот млынавога кола“ (М. М. Шанскі).

На ўзвей (на ўзві) вецер. Уласна бел. Дарэмна, упустую, безвынікова (рабіць што-н.). Была і ў гміне, і ў павеце, y розных следчых і паноў і абхадзіла на ўзві вецер нямала панскіх устаноў (Я. Колас. Рыбакова хата).

Склаўся ў выніку аб’яднання двух фразеалагізмаў y адзін: на вецер гаварыць + узвейвецер. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма на вецер, але пашырыў свае спалучальныя магчымасці, стаў ужывацца не толькі з дзеясловам гаварыць, a і з іншымі (ісці, абяцаць і г. д.): „Пакуль нашы чаравікі не купілі, пакуль y іх не ходзяць на работу, y кіно, на танцы, значыць, мы працуем, як у народзе кажуць, на ўзвей вецер“ (Л. Левановіч).

На ўзводзе. Запазыч. з руск. м. (на взводе). Ужыв. са значэннямі: 1) y стане ап’янення, 2) y стане ўзбуджэння, раздражнення. Ты сёння, старшыня, на ўзводзе, падпіўшы (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). Вярнуўся [муж] і ўбачыў што Ніна на ўзводзе, — моўча сядзела на канапе і вязала світэр (В.Гігевіч. Асенні вечар).

Лічаць, што сучасны варыянт фразеалагізма — вынік скарачэння ранейшых выразаў на першым (другім, трэцім) узводзе, якія адрозніваліся паміж сабой ступенню пэўнай ацэнкі чалавека. Склаўся па асацыяцыі з узвядзеннем ружэйнага курка для гатоўнасці выстраліць. Паводле М.І.Міхельсона, на трэцім узводзе значыла ‘вельмі п’яны’, „больш за магчымае, бо курок ружжа, на які тут намякаецца, мае толькі два ўзводы“. 2-е значэнне развілося на аснове 1-га, y якім актуалізацыю атрымала сема ўзбуджанасці. Параўн. ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго зыходнай вобразнасці: „Неаднойчы пераконваўся, што лепш за ўсё мне працуецца на ўзводзе, калі палец увесь час на спускавым курку, націснеш — і стрэліць! Ты нават не ведаеш, куды: y сябе самога, y сябра ці ворага…“ (А. Кудласевіч).

На ўлонне прыроды. Гл. на лона (на ўлонне) прыроды.

На ўлонні прыроды. Гл. на лоне (на ўлонні) прыроды.

На ўсе застаўкі. Агульны для бел. і ўкр. (на всі заставки) м. Фразеалагізм у залежнасці ад таго, з якімі дзеясловамі ён спалучаецца, рэалізуе розныя значэнні: 1) спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.): газаваць на ўсе застаўкі (А. Макарэвіч); 2) вельмі гучна, голасна (храпці, захрапці): храпуць на ўсе застаўкі (А. Савіцкі); 3) вельмі хутка, імкліва (бегчы і пад.): пёр на ўсе застаўкі (З. Бядуля); 4) вельмі моцна, празмерна (хваліць і пад.): на ўсе застаўкі расхвальваў (В. Дайліда); 5) шырока, прыветліва (смяяцца і пад.): на ўсе застаўкі ўсміхнуўся (Я. Брыль).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе застаўкі — ‘шчыты для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына’. Зыходнае значэнне — ‘спаўна, як толькі можна’.

На ўсе коркі. Запазыч. з руск. м. Mae значэнне ‘вельмі моцна’. Калі вам часамі закідаюць вуду (хто? глядзіце самі, я казаць не буду), хваляць на ўсе коркі, хоць жадаюць смерці, — гэта зноў жа толькі фіга на талерцы (К. Крапіва. Фіга на талерцы).

На думку А. М. Бабкіна, выраз паходзіць з мовы пекараў і ўжываўся спачатку ў поўнай форме распекать на обе (на все) корки (дзе корка адпавядае беларускаму скарынка), a пасля расшчапіўся на дзве часткі: дзеяслоў распякаць з тым жа значэннем, што і поўная фразеалагічная адзінка, — ‘вельмі моцна прабіраць, выгаворваць з дакорам’, і самастойны выраз на ўсе коркі — ‘вельмі моцна’. Апошняе найчасцей спалучаецца з дзеясловамі са значэннем ‘бічаваць словамі’.

На ўсе лапаткі. Гл. ва (на) усе лапаткі.

На ўсе сто. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) y поўнай меры, як і трэба (рабіць што-н.), 2) вельмі добра, цудоўна (жыць, рабіць што-н.), 3) вельмі добры, цудоўны. Юркаў гэтым перакананы на ўсе сто (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя). Што і казаць, жылі на ўсе сто, на поўную маліну… (М. Лынькоў. На вялікай хвалі). Конь, як кажуць, на ўсе сто (В. Адамчык. Год нулявы).

Гэта скарочаны варыянт фразеалагізма на ўсе сто працэнтаў, які ўзнік са свабоднага словазлучэння ў выніку развіцця ў ім пераноснага значэння.

На ўсе чатыры <бакі, стараны> ісці (пайсці), адпускаць (адпусціць) і пад. Недакладная калька з франц. м. (aller par quatre chemins, літаральна „ісці па чатырох дарогах“). У любое месца, абы-куды, куды захочацца. Ці ты скажаш, ці не? Вырашай! Нашто цяганіна? Мы пусцім цябе на ўсе чатыры бакі (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Паводле М.І.Міхельсона, выраз засноўваецца на даўнейшым звычаі франкаў пры вызваленні раба ставіць яго на скрыжаванні, што вядзе ў розныя чатыры бакі, і гаварыць: „Няхай будзе свабодны і ідзе куды хоча“.

На ўсіх парах ляцець, імчацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на всех парах, укр, на всіх парах). Вельмі хутка, з вялікай скорасцю. Пад вечар, пазычыўшы ў суседа веласіпед, Мікола Гаўрылавіч злётаў на ўсіх парах да свайго слупа (Г. Марчук. Аб’ява на слупе).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам на ўсіх парусах (гл.). Калі парусныя судны былі выцеснены параходамі, назоўнікавы кампанент парусах быў заменены іншым, больш лагічным для пэўнага часу.

На ўсіх парусах ляцець, імчацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі хутка, з вялікай скорасцю. [Чухрай: ] Таеарыш Міхайлаў! Тут дa вас дамачка на ўсіх парусахДапусціць? (П. Васілеўскі. Год дзевяцьсот семнаццаты).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжывалася ў маўленні маракоў. Калі на парусным судне падымалі ўсе парусы, то яно ішло з максімальнай для яго хуткасцю.

На ўсю жалезку. Агульны для ўсходнесл. м. Выкарыстоўваючы ўсе рэзервы магутнасці, скорасці і пад. (імчацца, газаваць і інш.). Данік [матацыкліст], як ён казаў, націскаў на ўсю жалезку, каб не бурчала старая ведзьма Агата, калі яны трохі прыпозняцца (М. Даніленка. Журлівіца).

Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе жалезкай нярэдка называюць педаль акселератара, якой рэгулююць паступленне гаручай сумесі ў цыліндры рухавіка і тым самым колькасць яго абаротаў.

На ўсю іванаўскую. Паўкалька з руск. м. (во всю ивановскую). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі гучна, голасна (крычаць, храпці і пад.)’ і ‘у поўную меру (рабіць што-н.)’. Аляксей Сафронавіч.. паклікаў Колю. Шапнуў яму: — Ідзі, зрабі так, каб матор роў на ўсю іванаўскую (І.Шамякін. Трывожнае шчасце). У хаце на ўсю іванаўскую круціўся вальс. Каманду падаваў кучаравы, геройскі з выгляду сяржант (Р. Няхай. Сарочы лес).

Узнікненне фразеалагізма традыцыйна звязваюць з назвай Іванаўскай плошчы ў Маскоўскім Крамлі, на якой y XVI ст. і пазней дзякі вельмі гучна, каб усе чулі, аб’яўлялі царскія ўказы. Паводле ж В. М. Макіенкі, фразеалагізм утварыўся на аснове выразу больш поўнай формы во всю ивановскую мощь шляхам субстантывацыі прыметніка і ўсячэння назоўніка. Кампанент іванаўскі першапачаткова адносіўся не да Іванаўскай плошчы, a да Івана — героя шматлікіх народных казак.

На ўсю катушку. Гл. на поўную (усю) катушку.

На хвост (на хвасце) станавіцца. Уласна бел. Пагрозліва, варожа ставіцца да каго-н. Ціток таксама як не закрычаў на Зазыбу: „Ды не трэба таго сходу!..“ Астатнія мужыкі… зарагаталі—тады навошта было дарэмна на хвост станавіцца! (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Узнікненне фразеалагізма — вынік пераносу дзеянняў, стану гадзюкі на чалавека. Як піша Ф. Янкоўскі, „гадзюка мае здольнасць падымацца і кідацца на чалавека, на любую жывую істоту“. Перад тым як нанесці імгненны ўкол ядавітымі зубамі, гадзюка рэзкім і дужым рухам становіцца на хвост, г. зн. падымае пярэднюю частку мускулістага цела.

Ha цугундар браць (узяць) каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. брать на цугундер, укр. братн на цугундер). Караць, прыцягваць да адказнасці. У анкеце ўжо не напішаш, што ў палоне і акружэнні не быў. Цяпер чортаў знак. Ды яшчэ асобы аддзел на цугундар возьме (В. Быкаў. Здрада).

Слова цугундар, неўжывальнае па-за фразеалагізмам, узнікла, паводле М.І.Міхельсона, шляхам зрашчэння двух ням. слоў: zu + hundert (к + сотня), успрынятых ад немцаў як частка каманды-загаду даць камусьці сто ўдараў (палак, розгаў, шпіцрутэнаў). Этымалагічная невыразнасць, нематываванасць гэтага слова часам спараджае яго іншае напісанне: цугундры, цыгундзер, цыгундар.

На цырлах. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘дрыжаць перад кім-н., без адгаворак падпарадкоўваючыся ва ўсім’ і ‘усяляк дагаджаючы каму-н. (бегаць вакол каго-н.)’. Усе, нават афіцэры, перад ім, як кажа старая Пабетынчыха, на цырлах (В. Супрунчук. Калыханка ддя Ясіка). Бач, пан які знайшоўся, бегай вакол яго на цырлах! (С. Законнікаў. Ліёнскі тыдзень).

Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону, дзе назоўнікавы кампанент застыў толькі ў адной форме (параўн.: на дыбачках, на кукішках, на цыпачках).

На чале з кім. Агульны для многіх слав. м. (напрыклад, укр. на чолі, польск. na czele, балг.y злітным напісанні — начело; параўн. y руск. м.: во главе). Пад кіраўніцтвам каго-н. Кудысьці спяшыла грамада вучняў на чале з настаўнікам (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Пададзенае ў ТСБМ (т. 5, кн. 2, с. 291) слова чало са значэннямі ‘лоб’ і ‘твар’ і пазначанае паметамі „ўстар. і паэт.“ не мае дачынення да фразеалагізма на чале. Тут іншае чало (чело) — агульнаславянскае слова, утворанае, відаць, суфіксальным спосабам ад дзеяслоўнай асновы і з першапачатковым значэннем ‘верх, узвышша’.

На чатыры вокі. Агульны для бел. і ўкр. (на чотири ока) м. Без сведак, без пабочных асоб (гаварыць, сустракацца, апынуцца і пад.). Цярэшка сеў на канапу, утапіўся ў яе мяккасці, побач сеў чалавек з вачыма сфінкса, і на чатыры вокі Цярэшка здаў кароткую справаздачу (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

Выраз усведамляецца як матываваны, заснаваны на сінекдасе. Склаўся пад уплывам сэнсава тоесных, але з крыху іншай структурай фразеалагізмаў, якія ёсць у многіх мовах; параўн.: польск. w cztery oczy руск. между четырех глаз, чэшск. mezi ctrzrma осіта, ням. unter vier Augen, франц. entre quatre yeux.

Начная зязюля. Уласна бел. Жонка. Спытала пасля ў свайго начная зязюля: „Пра што вы там гаварылі?“ A ён na-чужому неяк адсек: „Спі лепш, a то старою будзеш без пары“ (Я. Брыль. Сцежка-дарожка).

Паходзіць з прыказкі Начная зязюля дзённую перакукуе, што значыць ‘жонка зможа настаяць на сваім, пераканаць мужа зрабіць па яе жаданні’.

На чорны пазногаць. Гл. на сіні (чорны) пазногаць.

На чым свет стаіць. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна, нястрымна (лаяць, лаяцца, клясці, крыць і пад.). Каваль паказвае малойцу, дзе трэба па кавадлу біць, і лае на чым свет стаіць няўмелага малатабойца (Я.Сіпакоў. Кузня).

Узнікненне фразеалагізма, як лічыць В. М. Макіенка, звязана са старажытным вераваннем людзей, паводле якога свет стаіць на чымсьці (напрыклад, на трох вялікіх кітах). Першапачаткова выраз абазначаў ‘да самай асновы свету, грунтоўна’.

Нашага палку прыбыло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. нашего полку прибыло, укр. нашого полку прибуло). Нас, такіх, як мы, стала больш (гаворыцца пры з’яўленні ў калектыве чалавека аднолькавых поглядаў, перакананняў і інш.). [Клава: ] Гэта друг таварыша Язвы, паэт. [Жлукта: ] Значыць, нашага палку прыбыло (К. Крапіва. Мілы чалавек). Дзеяслоўны кампанент ужыв. і ў форме цяперашняга часу: О! Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца (Я. Колас. На ростанях).

Выраз прыйшоў са старадаўняй песні-гульні „А мы проса сеялі“. Хлопцы і дзяўчаты станавіліся ў два рады, ці, іначай, палкі (даўней словам полк называлі не толькі вайсковую адзінку, але і, як засведчана У. Далем, гурт, чараду людзей). Калі з адной чарады ў другую пераходзіў, як таго патрабавалі ўмовы гульні, хлопец ці дзяўчына, полк, які атрымаў папаўненне, спяваў:

Нашага палку прыбыло, прыбыло,

Ой, дзідлада, прыбыло, прыбыло!

У вершаванай аповесці А. А. Бястужава-Марлінскага „Андрэй, князь Пераяслаўскі“ апошні з прыведзеных радкоў песні падаецца ў такой арфаграфіі: „Ой, дид-ладо, прибыло!“ Гэта пралівае святло на нацыянальна-этымалагічны бок песні. Украінскае дід — гэта „дзед“, ладо — „лада“ (у руск. і бел. мовах), ці „мілы“. Адсюль становіцца зразумелым, чаму ў назоўнікавым кампаненце фразеалагізма нашага палку прыбыло такі незвычайны канчатак — y: і ў сучаснай укр. м. слова полк мае ў род. скл. адз. л. формы полку і полка a літаратурная норма фразеалагізма — нашого полку прибуло. Відаць, і ў памянёнай песні націск прыпадаў не на другі, a на першы склад назоўнікавай формы полку.

На шапачны разбор. Паўкалька з руск. м. (к шапочному разбору). Ужыв. пры дзеясловах прыйсці, паспець і абазначае ‘позна, пад самы канец чагосьці’. — Але доўга нешта вы там, — плюснуў Чубар прыжмуранымі ад бяссонніцы вачамі. — На шапачны разбор, лічы, прыйшоў!.. (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Зыходная вобразнасць фразеалагізма адлюстроўвае пэўную сітуацыю: хто-небудзь завітаў y госці тады, як ужо ўсе іншыя пачалі разбіраць шапкі і апранацца, каб ісці дамоў. Параўн. y „Абеліску“ В. Быкава, дзе агаляецца вобраз фразеалагізма, выкарыстанага са змяненнем формы: „Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей. Знаў бы — не ехаў… Ну, але не брацца ж за шапку, калі ўжо прыехаў“.

На шчыце. Агульны для ўсходнесл. і польск. (na tarczy) м. Пераможаны, з паражэннем. Праўда, яшчэ невядома, ці не спяшаецца ён, Корзун, спраўляць перамогу, толькі будучыня пакажа, хто з іх са шчытом, а хто на шчыцг (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).

Склаўся на аснове легенды пра выключную мужнасць спартанцаў. Як апісвае старажытнагрэчаскі пісьменнік Плутарх (каля 46-126), адна са спартанскіх жанчын, выпраўляючы сына на вайну, падала яму шчыт і сказала: „3 ім ці на ім“, г. зн. вярніся пераможцам ці мёртвым. Забітага выносілі з поля бою на шчыце.

На шырокую нагу. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) багата, раскошна, без абмежаванняў y сродках (жыць, пажыць і пад.), 2) з вялікім размахам (гуляць, ставіць і інш.), 3) багаты, раскошны, без абмежаванняў. Амерыка жыла, што называецца, на шырокую нагу (М. Лынькоў. Гісторыя ідзе наперад). Назіраючы, мабыць, за песнямі народа, за скамарохамі, яны [паны] спрабавалі такія відовішчы ставіць на шырокую нагу (А. Карпюк. След на зямлі). „Нясун“ — той жа злодзей, як бы ён ні маскіраваўся. Адсюль і жыццё не па працоўных даходах, бесклапотнае, на шырокую нагу (Звязда. 31.03.1987).

У XII ст. y Заходняй Еўропе была мода насіць доўгі і вялікі абутак. Мяркуюць, што першы заказаў сабе такія чаравікі з загнутымі ўгору наскамі кароль Англіі Генрых II, які зрабіў гэта, каб неяк прыхаваць нарасць на вялікім пальцы правай нагі. Абутак з доўгім наском стаў модай. Яна перакінулася ў іншыя краіны. Найболып знатныя і багатыя асобы насілі чаравікі з асабліва вялікімі наскамі. Пра такіх людзей у Германіі сталі гаварыць, што яны жывуць „на вялікую нагу“ (auf großen Fuße). Як дакладная калька з ням. фразеалагізм перайшоў y рускую мову. Але цяпер ужо ў слоўніках ён падаецца з паметай „устарэлы“. Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. замест незразумелага на сваёй вобразнасці на вялікую нагу сталі ўжываць на шырокую нагу, дзе прыметнікавы кампанент асацыяваўся з такім значэннем слова шырокі, як ‘нічым не абмежаваны’. У такой форме фразеалагізм ужываецца і ў бел. м.

На які ляд каму хто, што. Відаць, паўкалька з руск. м. (на кой ляд); ёсць і ваўкр. м. (на який ляд). Навошта, для чаго. — Вось бы мне такую машыну, хоць на паўмесяца. — На які ляд яна табе?спытаў Максім (А. Кудравец. На балоце скрыпелі дразды).

Уваходзіць у групу сінанімічных фразеалагізмаў аднолькавай структурнай мадэлі: на які чорт, на які хрэн, на якое ліха, на якога чорта і інш. Лічаць, што ляд тое самае, што чорт, нячыстая сіла або абазначае чорта, які жыве ў лядзе ‘закінутай, запушчанай зямлі’. Параўн. y сучаснай бел. м.: ляда—‘дзялянка высечанага лесу’ і ‘расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’.

На яць. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘выдатна, цудоўна’ і ‘выдатны, цудоўны’. Калі хто — „бе“, ён кажа: „Не! Ляпей вучыся ад мяне, і будзеш ты тады бляяць на яць“ (К. Крапіва. Казёл). Мотуза пакінь: з яго камсамолец будзе на яць (Л. Калюга. Ні госць ні гаспадар).

„Яць“ — гэта назва літары ђ y кірылаўскай азбуцы. Каб стаць пісьменным, трэба было завучыць на памяць мноства слоў „ка яць“, бо, напрыклад, y словах дзень, дзевяць пісалася е, a ў лес, дзед — „яць“. Лічылася: калі школьнік авалодаў „правілам на яць“, то гэта выдатны школьнік. Фразеалагізм, відаць, нарадзіўся ў школьным асяроддзі, дзе ён, адарваўшыся ад часта ўжывальных словазлучэнняў правіла на яць, словы на яць, набыў значэнне ‘выдатна, цудоўна’. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў вершы К. Крапівы „Майстры крывавага джаза“, дзе выраз ставіцца ў сувязь з „правіламі граматыкі“: „Дыпламаты і дыпламатыкі,— кожны правілы знае „на яць“ імперыялістычнай граматыкі“.

Неба капціць. Агульны для ўсходнесл. м. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых. Час ужо, годзе, пара і сваю сям ’ю завесці, бо нельга ж вечна неба капціць. Прапусціш — не дагоніш (М. Лынькоў. Журавель мой, журавель…).

Узнік з прыказкі Без працы жыць — толькі неба капціць. Параўн. і такія варыянты: Нудна жыць — толькі неба капціць; Абібокам жыць — толькі неба капціць. Адарваўшыся ад прыказкі, фразеалагізм свабодна рэалізуе розныя формы дзеяслоўнага кампанента: неба капцяць (М. Лынькоў), капціў неба (З. Бядуля) і г. д.

Неба ў алмазах. Запазыч. з руск. м. Штосьці жаданае, прыемнае (убачыць, пабачыць). Мы яшчэ пабачым небаў алмазахВот паглядзіш… (В.Гігевіч. Доказ ад процілеглага).

Выраз з п’есы А. П. Чэхава „Дзядзька Ваня“ (1897). Ужыты ў рэпліцы Соні, якая, суцяшаючы змучанага жыццём дзядзьку Ваню, верыць, што яны яшчэ ўбачаць „усё неба ў алмазах“.

Неба ў клетачку. Агульны для ўсходнесл. м. Турма або іншыя месцы зняволення. Небараку Уладзіміру адвалілі салідны тэрмін пражывання ў мясцінах, дзе неба ў клетачку (Вожык. 1994. № 5).

Склаўся, відаць, y асяроддзі вязняў, якім даводзіцца бачыць неба, глядзець на яго толькі праз турэмныя краты. Параўн. y Ю. Хадыкі: „У карцэры праз закратаванае акенца бачны толькі кавалачак неба“. Шлях узнікнення гэтага выразу, як і некаторых іншых, куды менш тыповы, але больш мудрагелісты, чым апісаныя ў літаратуры асноўныя чатыры спосабы фразеалагічнай дэрывацыі.

Не бі ляжачага. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі лёгкая (работа, праца). Намажуць грымам, і ходзіш па сцэне, крычыш, калі трэба, або рукамі махаеш. Дужа мне тая работа падабалася. Хоць грошы невялікія, але і работа не бі ляжачага (А. Асіпенка. Абжыты кут).

Узнік, відаць, на вобразнай аснове фразеалагізма ляжачага не б’юць (гл.); y ім намёк: праца такая, што можна і паляжаць, паспаць, адпачыць. Параўн.: „У мяне работа — не бі ляжачага. Аддыхнеш за змену ў лабараторыі“ (В. Мыслівец).

Не гледзячы на асобы. Калька з ням. м. (ohne Ansehen der Person — без позірку на асобы). Справядліва, не лічачыся з грамадскім, службовым ці яшчэ якім становішчам каго-н. Лаяў усіх, каго ўздумаў, не гледзячы на асобы: паноў і рускае начальства, Пстрычку і Махлярчыка, нават нябожчыка настаўніка Грызунца… (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

У ням. мову выраз прыйшоў як цытата з лютэраўскага перакладу Евангелля (Першае пасланне Пятра). У Евангеллі часта паўтараецца выраз, блізкі да сучаснага сваёй формай: „…ты справядлівы і не клапоцішся, каб дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якую асобу“.

З'явіўся не запыліўся. Агульны для ўсходнесл. м. Раптоўна, нечакана ці якраз тады, калі пра каго-н. гаварылі, успаміналі. Здароў быў, Гардзей! З’явіўся — не запыліўся. Ад’еўся, значыць, на матчыных харчах? (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).

Унутраная форма фразеалагізма ўсведамляецца як „не паспеў нават запыліцца“.

He <з> баязлівага дзесятка. Гл. не <з> палахлівага (баязлівага, труслівага) дзесятка.

Не зірнуўшы (не паглядзеўшы) y святцы біць (званіць) yзваны. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіць што-н. недарэчы, дачасна, не разабраўшыся ў чым-н. Кулінчык — чалавек стрыманы, удумлівы, разважлівы — не любіў не зірнуўшы ў святцы біць у званы (І.Дуброўскі. На новыя кругі).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання адпаведнага злучэння слоў свабоднага ўжывання. Святцамі называецца царкоўны каляндар-даведнік, y якім даецца пералік усіх святых і царкоўных свят у каляндарным парадку. У адпаведнасці з гэтым даведнікам ажыццяўляюць царкоўную службу, адзначаюць рэлігійныя святы, апавяшчаюць людзей пра пачатак свята адным ці трыма званамі рознай велічыні і неаднолькавага гучання.

Не знаходзіць (не знайсці) <сабе> месца. Агульны для ўсходнесл. м. Надзвычайна хвалявацца, непакоіцца. Спацелы ўвесь, ляжыць Лёня на пасцелі, a Марына ўсё яшчэ не знаходзіць сабе месца (А. Пальчэўскі. Любоў да жыцця).

Узнікненне фразеалагізма абумоўлена прывычкай хадзіць узадуперад пры хваляванні.

Не <з> палахлівага (баязлівага, труслівага) дзесятка. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. не робкого десятка, укр. не з полохливого десятка). Смелы чалавек. A вы, бачу не з палахлівага дзесятка. То — рэдкая якасць у вашага брата… (В. Блакіт. Час прылёту журавоў).

Сэнсавым цэнтрам фразеалагізма выступае прыметнікавы кампанент з адмоўем „не“. Выраз, як мяркуюць, мог скласціся ў вайсковым асяроддзі, дзе дзесяткам даўней называлі мінімальную ваенную адзінку (з дзесяці чалавек), якая ўваходзіла ў сотню. Затым фразеалагічныя сувязі выразу выйшлі за межы вайсковай сферы.

Не з таго дзесятка. Агульны для ўсходнесл. м. Не такі, як хто-н. думае, мяркуе пра яго. О не, дзетка мая, Стась не з таго дзесятка, каб забыцца на бацьку (Р. Сабаленка. Незамужняя ўдава).

Узнік на базе фразеалагізма не <з> палахлівага дзесятка з заменай сэнсаўтваральнага кампанента палахлівага займеннікавым словам-кампанентам, якім y абагульненым плане падкрэсліваюцца адметнасці таго, пра каго гавораць.

Не <з> труслівага дзесятка. Гл. не <з> палахлівага (баязлівага, труслівага) дзесятка.

Не кот наплакаў. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) многа, нямала, 2) не пусцяковіна; справа сур’ёзная. Ты падумай, паўтары тысячы цалковых, гэта, брат, не кот наплакаў (М. Лынькоў. Баян).

A мы, заўваж, суседзе, па-настаяшчаму і не адсвяткавалі твайго высокага чыну. Boйm — гэта табе не кот наплакаў (Я. Колас. У пушчах Палесся).

Развіўся на аснове фразеалагізма кот наплакаў (гл.).

Не магчы знайсці <сабе> месца. Агульны для ўсходнесл. м. Быць у стане крайняга хвалявання, трывогі, непакою. [Сотнікаў] сунуў пісталет у кабуру замкнуў усё ў камод і не мог знайсці сабе месца, пакуль не прыйшла маці (В. Быкаў. Сотнікаў).

У вобразнай аснове фразеалагізма знайшла адлюстраванне прывычка хадзіць узадуперад пры хваляванні.

Не на жыццё, a на смерць. Паўкалька з руск. м. (не на жизнь (живот), a на смерть). Ужыв. са значэннямі ‘бязлітасны, суровы, да рашучага зыходу (бой, бітва, барацьба і пад.)’ і ‘бязлітасна (біцца, змагацца і пад.)’. Нгара… учапіўся за край чоўна і перакуліў яго разам з Мангам… Завязалася барацьба не на жыццё, a на смерць (Я. Маўр. Сын вады). Ішла рзвалюцыя — левай, левай! Змагаліся не на жыццё, a на смерць (А. Вярцінскі. Ленінскі смех).

У руск. м. фразеалагізм трапіў, відаць, як недакладная калька з ням. м. (ein Kampf auf Leben und Tod, літаральна „барацьба на жыццё і смерць“). Параўн. таксама: балг. на живот и смърт, серб. — харв. на живот и смерт, чэшск. na zivot a na smrt.

He на той вуліцы. Запазыч. з руск. м. Не так, як трэба (жыць, пражыць). Які Язэп Тарасюк пісьменнік? Выпадковы чалавек, які пражыў не там, дзе яму трэба было жыць, як кажуць часам, не на той вуліцы і займаўся не тым, чым яму трэба было займацца (Б. Сачанка. Не на той вуліцы).

Выраз з п’есы М. Горкага „Ягор Булычоў і іншыя“ (1932). Галоўны персанаж п’есы, нарэшце, зразумеў, што ён жыў „не на той вуліцы“, што яму не па дарозе з тымі, з кім шмат гадоў пражыў y адным доме, з людзьмі, гатовымі накінуцца адзін на аднаго.

Не паглядзеўшы ў святцы біць у званы. Гл. не зірнуўшы (не паглядзеўшы) y святцы біць (званіць) y званы.

Не па днях, a па гадзінах. Паўкалька з руск. м. (не по дням, a по часам). Вельмі хутка (расці, развівацца, павялічвацца і пад.). Адно толькі палешукоў на небе непакоіць: лік хадакоў ад зямлі павялічваецца не па днях, a na гадзінах (З. Бядуля. Панас на небе).

Выраз з „Казкі пра цара Салтана“ (1831) А. С. Пушкіна. Размова ідзе пра малога царэвіча. Яго пасадзілі ў бочку, засмалілі яе і кінулі ў мора. Царэвіч там расце не па днях, a па гадзінах і хутка выратоўваецца.

Не пакідаць (не пакінуць) каменя на камені. Гл. каменя на камені не пакінуць.

Не пакладаючы рук працаваць, рабіць і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. не покладая рук, укр. не покладаючи рук). Вельмі старанна, не перастаючы. Дзякую ім, музыкам,яны працавалі не пакладаючы рук (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

Яшчэ ў XIX ст., як засведчана ў „Слоўніку беларускай мовы“ І.І.Насовіча, паралельна з пакласці (закончанае трыванне) існавала дзеяслоўная форма незакончанага трывання пакладаць ‘складаць, класці, укладваць’. Не пакладаючы — літаральна „не складаючы, не кладучы“.

Непачаты край чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі многа, y вялікай колькасці. — Мы… так…прамовіў пасля Кляновіч,работы ў нас з вамі непачаты край (П. Пестрак. Серадзібор).

Першы кампанент фразеалагізма, які найчасцей спалучаецца са словамі работа, справа, праца, выконвае сэнсаўтваральную функцыю, ён суадносіцца са значэннем адпаведнага слова — ‘такі, якога яшчэ не пачыналі, за які яшчэ не браліся’. У бел. м. назоўнікавы кампанент як менш істотны ў сэнсавых адносінах можа замяняцца іншым: „кáзак вугал непачаты“ (Я. Колас), „працы — кут непачаты“ (М.Нікановіч).

Не разлівада з кім. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі здружаныя, неразлучныя. Шурка з Нінай маёй не разлівада (Я. Брыль. У сям’і).

Узнік на аснове сінанімічнага з ім фразеалагізма не разліць вадой лексіка-сінтаксічным спосабам — аб’яднаннем дзвюх асноў y адзін складаны назоўнік (па мадэлі сарвігалава, вярнідуб, гарыцвет).

Не раўнуючы. Уласна бел. Прабачце за не зусім дарэчнае параўнанне. Ужыв. як пабочнае словазлучэнне пры параўнальным звароце. Стаіць такі прыгажун ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага (М. Лынькоў. Міколка-паравоз).

Паводле А. Я. Багдановіча, узнікненне фразеалагізма звязана з былым павер’ем у магічную сілу слова. Першапачаткова выраз ужываўся, калі гаварылі пра хваробу і ўказвалі пашкоджанае хваробай месца на целе. Каб хвароба не перакінулася на суразмоўніка, дабаўлялі засцерагальнае не раўнуючы.

Не сёння-заўтра (не сягоння-заўтра). Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі хутка, y бліжэйшы час (будзе што-н.) — Кандрат у такіх гадах, што не сёння-заўтраў салдаты ісці (М. Лобан. На парозе будучыні).

Склаўся на аснове выразу больш поўнай формы не сёння дык заўтра; параўн.: „Гэта ж вайна пачалася. I я… Я… Не сёння дык заўтра расстануся з усім гэтым…“ (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Пабудаваны на прыёме антытэзы, прычым кампанент заўтра, проціпастаўлены слову сёння, адначасова рэалізуе значэнні ‘у наступны дзень пасля сённяшняга’ і ‘у недалёкім будучым’.

Несці свой крыж. Агульны для ўсходнесл. м. Цярпліва пераносіць жыццёвыя цяжкасці, выпрабаванні. Не той ён чалавек, каб лёгка ўсё пакінуць, на ўсіх забыцца, дзеля дзяцей ён гатовы несці свой крыж да скону жыцця (І.Шамякін. Ах, Міхаліна, Міхаліна).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, пашыранага ў царкоўнаславянскіх тэкстах, напрыклад у Евангеллі (Іаан, 19, 17): „Хто не нясе крыжа свайго і ідзе за мною, не можа быць маім вучнем“. Крыж быў прадметам культу і сімвалам прыхільнікаў Ісуса, іх гатоўнасці да выпрабаванняў: „Тады Ісус сказаў вучням сваім: калі хто хоча ісці за мною, няхай зрачэцца сябе самога і возьме крыж свой і ідзе за мною“. Або з прытчы пра распяцце Хрыста, y якой гаворыцца пра вялізны крыж, які Ісусу загадалі несці да месца пакарання яго смерцю: „I, несучы крыж свой, ён выйшаў на месца… лобнае, па-яўрэйску галгофа“. Відаць, гэты вобраз, адлюстраваны таксама ў карцінах і скульптуры, і лёг у аснову фразеалагізма.

Не тут кажучы (казана). Уласна бел. Прабачце за неэтычнае, непрыемнае паведамленне, выказванне. Трэба было і Міхаську вывезці на сапраўдны лясны прастор: усю зіму, не тут кажучы, абсядалi яго хваробы (С. Александровіч. Сейбіт песні і мудрасці).

Узнікненне фразеалагізма, на думку А. Я. Багдановіча, звязана з былым павер’ем у магічную сілу слова. Каб яно не пашкодзіла, калі кажуць пра што-н. непрыемнае, папярэдне агаворваюцца гэтым выразам.

Не тут тое было. Відаць, калька з франц. м. (in n’en fut rien). Дарэмна; не тое, на што хто-н. разлічваў (пра неапраўданыя надзеі, разлікі). Ворагі спадзяваліся, што ў гэтым глухім, на іх думку, гарадку муха не асмеліцца загусці ў прысутнасці „салдата фюрэра“, Ды не тут тое было (Вожык. 1985. № 4).

Не ў свае сані садзіцца (сесці). Агульны для ўсходнесл. м. Брацца не за сваю справу, не за тое, на што здольны. Гэты не з тых… упарты… Хоць не ў свае сані сеў, але трымаецца моцна (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Узнік з прыказкі Не ў свае сані не садзіся; з адмоўнай канструкцыі, структурна арганізаванай як абагульнена-асабовы сказ, атрымалася сцвярджальнае словазлучэнне незамкнёнай структуры і шырокага дыяпазону спалучальнасці.

Не ў сваёй талерцы. У бел. мову фразеалагізм прыйшоў з руск., дзе ён з'яўляецца недакладнай калькай франц. выразу en dehors de son assiette. Апошняе слова гэтага выразу ў франц. мове мае шэсць значэнняў, y тым ліку ‘пасадка (на кані)’ і ‘талерка’. Пры перакладзе на руск. м. зблыталі гэтыя два значэнні, і замест не ў сваёй пасадцы атрымалася не ў сваёй талерцы.

Ужыв. з двума значэннямі: 1) y дрэнным, прыгнечаным настроі, стане (быць), 2) няёмка, нязручна, кепска (адчуваць сябе). Максім Тарасавіч сёння быў не ў сваёй талерцы (М. Машара. Сонца за кратамі). Усё гэта страшэнна абрыдла дзяўчыне, якая адчувала тут сябе не ў сваёй талерцы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Фразеалагізм ужываецца і без не: Ён дастаткова ведаў службы палка, іх функцыі, ролю, адчуваў сябе ў сваёй талерцы (І.Навуменка. Замець жаўталісця).

Не ўсе дома ў каго. Відаць, паўкалька з польск. м. (nie wszyscy w domu). Хто-н. прыдуркаваты, ненармальны. [Якім: ] A ці нікога няма? [Паўлінка: ] Ой, ой, памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат (Я. Купала. Паўлінка).

У некаторых працах па ўкр. фразеалогіі сцвярджаецца, што фразеалагізм не всі дома склаўся ў выніку скарачэння прыказак Не всі дома — половина поіхали; У нього не всі дома — поіхали по курай. Аднак тое, што пададзеныя тут кантэксты не першасныя, не зыходныя, a другасныя, пашыраныя шляхам нарашчэння, пацвярджаецца такім моўным фактам, як фіксацыя гэтага выразу менавіта ў кароткай форме ў польскіх помніках яшчэ ў XVI ст. (у форме nie ws2ycsy w domu). Адсюль можна меркаваць, што бел. не ўсе дома (параўн. руск. не все дома, чэшск. nemit usech domа) — паўкалька з польск. м. Магчыма, напачатку кампаненты w domu асацыіраваліся са спалучэннем y галаве (у якой „не ўсё ў парадку“).

Не фунт ізюму <каму>. Запазыч. з руск. м. Не дробязь, не пусцяковіна; справа сур’ёзная. —A вы што робіце? — Што я раблю? Ого-го! Важную дзяржаўную справу, пане мой! Сталыпінскія хутарочкіГэта не фунт ізюму… (М. Гарэцкі. Меланхолік).

Фразеалагізм можна лічыць матываваным, калі мець на ўвазе, што ўстарэлае слова фунт абазначае даўнейшую меру вагі, роўную 409,5 г, якая існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы.

Не цяпер дык у чацвер. Агульны для бел. і ўкр. (не теперь то в четвер) м. Калі-небудзь, y бліжэйшым будучым і абавязкова (будзе што-н.). Калі становішча абвострыцца, не раю марудзіць. Не цяпер дык у чацвер прыйдзецца брацца за зброю (Р. Няхай. Туман над стэпам).

Утвораны па мадэлі з сэнсава тоесным фразеалагізмам не сёння-заўтра (гл.). У аснове выразу — прыём антытэзы. Выкарыстанне слова чацвер (а не назвы якога-н. іншага дня) абумоўлена рыфмай.

Ні a ні бэ. Уласна бел. Зусім нічога (не ведаць, не разумець). Яго, малечу,адзін нос тарчыць за партай,ставяць у прыклад семнаццацігадовым дзецюкам, якія — аж смешна — ні a ні бэ ў навуцы (В. Мыслівец. Задняпроўцы).

Узкік па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні бэ ні мэ <ні кукарэку> з запаўненнем структурнай схемы назвамі першых літар алфавіта.

Ні бельмеса не ведаць, не разумець. Запазыч. з руск. м. Зусім нічога. Адразу [Рыгор] гаварыў па-свойму, але бачыць, што гэты немец ні бельмеса не разумее з яго гаворкі, і хочаш не хочаш, a давялося ламаць язык на чужы лад (Я. Лецка. Па цаліку).

Утвораны на ўзор прыслоўяў ніколькі, нічуць з выкарыстаннем татарскага бельмес ‘ён не разумее’.

Ні богу свечка ні чорту качарга. Відаць, недакладная паўкалька з польск. м. Пасрэдны чалавек, які нічым не вызначаецца. Э-э, напарнік мне: ні богу свечка ні чорту качарга (Л. Калодзежны. Ішоў чалавек).

У польск. м. фразеалагізм ужываўся ўжо ў XVI ст. і фіксуецца ў форме апі Bogu świeczki ni diablu ożoga (літаральна „ні богу свечка ні чорту галавешка“); ён пабудаваны на супрацьпастаўленні Бога і чорта і іх крыніц святла — свечкі і галавешкі. Слова ożóg y польск. м. абазначае і ‘галавешка’, і ‘качарга’, таму пры калькаванні, відаць, адбылася падмена аднаго значэння другім. Дарэчы, y „Зборніку беларускіх прыказак“ І.І.Насовіча выраз занатаваны ў форме ні богу свечка ні чорту галавешка.

Нібы аршын праглынуўшы. Гл. як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы.

Нібы на карове сядло. Гл. як (нібы, бы) на карове сядло.

<Нібы> па шчупаковым загадзе. Паўкалька з руск. м. (по щучьему велению). Самым нечаканым спосабам, цудам, без чыёй-н. падтрымкі, дапамогі. На нейкую хвілю заплюшчыў вочы і ўявіў: робіцца ўсё — нібы па шчупаковым загадзе (ЛіМ. 11.01.1980).

Выраз з рускай народнай казкі пра Ямелю, які злавіў y палонцы шчупака-чарадзея і адпусціў яго на волю, пасля чаго той выконваў любое пажаданне Ямелі, абы толькі пачуў яго словы: „По шучьему велению, по моему хотеию…“ У беларускіх акадэмічных слоўніках фразеалагізм у форме <нібы> па шчупаковым загадзе не фіксуецца. „Руска-беларускі слоўнік“ ва ўсіх сямі выданнях паўтарае аднолькавы пераклад: по щучьему велению — па шчупачынаму загаду». У «Зборніку беларускіх прыказак» (1874) І.І.Насовіч занатаваў тоесны выраз на шчупакова казанне. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996) падае пад загаловачным словам шчупакоў (праўда, не за ромбавым знакам) спалучэнні па шчупаковай волі і на шчупакова казанне. Аднак y літаратурных тэкстах не сустракаецца хоць бы адно пацвярджэнне, што гэтыя аналагі (па шчупаковай волі, на шчупакова казанне, па шчупачынаму загаду) бытуюць у мове. Таму пра адпаведную норму можна будзе гаварыць толькі тады, калі назапасяцца факты ўжывання ў маўленні якога-небудзь з гэтых, магчыма, патэнцыяльных выразаў. A пакуль што маўленчая практыка, насуперах рэкамендацыям слоўнікаў, сведчыць пра іншае: «I неўзабаве на круглым стале нібы па шчупаковым загадзе з’явіліся каралеўскія прысмакі» (В.Іпатава); «Іван Пятровіч расказвае пра некаторыя іншыя эпізоды сваёй дэпутацкай дзейнасці, і я пачынаю разумець, што не ўсё робіцца, як кажуць, па шчупаковым загадзе: атрымаў пісьмо, пайшоў да міністра ці напісаў y выканкам — і ўсё ў парадку» (М. Замскі); «Тут табе не казка, цудаў не бывае. Дзялка твая — табе і палоць. Па шчупаковым загадзе ў нас нічога не робіцца» (Л. Юргілевіч). I яшчэ — y крыху іншым афармленні: «Не па шчупаковаму загаду паднімаліся з руін гарады і вёскі» (Х. Жычка); «Праект новага агрэгата. Думаеш, па шчупаковаму загаду гэта робіцца?» (М. Чавускі).

Ні бэ ні мя. Уласна бел. Зусім нічога не разумець, не разбірацца ў чымсьці. Калі я хадзіу па залах выстаўкі так званага сучаснага мастацтва (і ў Варшаве, і ў іншых гарадах)… мяне не пакідала думка пра «бікіняжаў» у мастацтве, пра важны, na-місіянерску сур’ёзны, твар стылягі, які высакамерна і грэбліва прапаведуе і мне, і вам, і ўсім сумленным людзям нешта вельмі моднае, вельмі высокае, вельмі заходнееўрапейскае, і яшчэ далей, y чым, дарэчы, сам ён, бедненькі, часцей за ўсё — ні бэ ні мя (Я. Брыль. Яшчэ раз па шчырасці).

Крылаты выраз з байкі К. Крапівы «Дыпламаваны Баран», мараль якой: «Другі баран — ні „бэ“, ні „мя“, A любіць гучнае імя». У байцы выраз выступае як версіфікацыйны варыянт агульнанароднага ні бэ ні мэ (ні кукарэку).

Ні вока ні бока не шкадаваць, не пашкадаваць. Уласна бел. Абсалютна нічога. Ну, от! Пачубіліся — хопіць!.. Хто на старым спатыкнецца зноў — не пашкадую ні вока ні бока (І.Мележ. Гарачы жнівень).

Акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм, утвораны на базе дзеяслоўнага не глядзець ні вока ні бока ‘не зважаць ні на што, зусім не асцерагацца’.

Ні грама. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім нічога, ніколькі (няма, не рабіць і пад.). I зноў жа, Іван, давай без прафілактыкі… Мяне яна ні грама не кранае (А. Жук. Раданіца).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесньш выразам ні грана (гл.) з заменай устарэлага і незразумелага грана блізкім па гучанні словам.

Ні грана. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім нічога (няма, не было, не знайсці і пад.). Увогуле ты маеш рацыю… Але ўжо — ні грана хітрасці, Эма! Гэта — умова. Загад. Раскажаш там праўду (У. Карпаў. Жак).

Узнік, відаць, y маўленні аптэкараў. Гран — даўнейшая мера аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама.

Ні даць ні ўзяць. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘абсалютна такі, як хто-, што-н.’ і ‘зусім дакладна’. Яны папраўляюць гальштукі, прычэсваюцца, выпростваюць плечы; ні даць ні ўзяць — рыцары! (В. Хомчанка. Не вер слязам). Ха-ха! Ні даць ні ўзяць — гадоў дваццаць пяць! Маладуха! (Р. Кобец. Нішто сабе жарты).

Тут зыходныя значэнні дзеяслоўных кампанентаў такія: даць — ‘дадаць’, узяць — ‘адняць’, што разам складае ‘ні дадаць, ні адняць’. Сродкам «спайкі» кампанентаў выступае рыфмічнае сугучча.

Ні дна ні пакрышкі каму, чаму. Агульны для ўсходнесл. м. Выклічнікавы выраз, ужыв. як пажаданне ўсяго найгоршага. Дайце ж перадышкі, няхай «роя» спухне. Ні дна ні пакрышкі ёй, лацінскай кухні! (Я. Колас. «Роі» і «хрыпы»).

Утвораны па аналогіі з існуючымі фразеалагізмамі. Структурная схема ні… запоўнена кантэкстуальнымі антонімамі. Першапачаткова ўжываўся як пажаданне быць пахаваным не так, як прынята, a без труны, без дна і без пакрышкі.

Ні жывы ні мёртвы. Калька з лац. м. (neque vivos neque mortuos). У стане вялікага страху, знямення; страшэнна спалоханы. Ляжыць Міколка ні жывы ні мёртвы і толькі чуе, як моцна б’ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца (М. Лынькоў. Міколка-паравоз).

Упершыню выкарыстаны ў камедыі «Грубіян» Плаўта (каля 254–184 да н. э.).

Ніжэй <за> калена. Уласна бел. Ужыв. (з іранічным адценнем) са значэннямі ‘да мінімальнага ўзроўню (апусціць, апусціцца, аказацца і пад.)’ і ‘вельмі дрэнны, кепскага ўзроўню’. Мой першы прэм'ер-міністр пісаў, што ніколі не любіў мяне. Што ступень ягонае павагі ўжо даўно апусцілася ніжэй за калена (У. Арлоў. Ордэн Белай Мышы). У 41 працэнта айчынных прадпрыемстваў — паказчык ніжэй калена! Гэта той выпадак, калі такі паказчык не радуе (У. Даўжэнка. Амбіцыі).

Паходзіць з маўлення А. Р. Лукашэнкі, які неаднойчы ўжыў яго ў сваіх трансліраваных па тэлебачанні выступленнях адразу пасля абрання Прэзідэнтам Беларусі.

Ні за грош. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім дарэмна (прапасці, загінуць і пад.). Павёў [паліцэйскі] мяне ў хату, напісаў запіску. «Перадасі Фроні»… і адпусціў… Але бачыш — усё ад выпадку залежыць. Не ведаў бы яе — ні за грош кокнулі б (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).

Словам грош называлі пачынаючы з XVI ст. дробную медную манету. Фразеалагізм ні за грош узнік, відаць, тады, калі грош стаў самай дробнай разменнай манетай — паўкапеечнай (пасля грашовай рэформы 1838 г. y Расіі).

Ні за панюх табакі (прапасці, гінуць і пад.). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ни за понюшку табаку, укр. ні за понюх табаку). Дарэмна, нізавошта. 3 легіянерамі вы лёгка справіліся. A тут армія, і не абы-якая армія. Дубальтоўкамі яе не спыніш. Пакласці лепшых людзей ні за панюх табакі — карысці мала (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Узнік y мове спажыўцоў нюхальнага тытуню (табакі). Устарэлае слова панюх абазначала дробачку табакі. «„Панюх (табакі)“ — ад тых часоў, калі модна было нюхаць табаку (бралі крышачку, на адзін „панюх“ табакі ў шчопці і нюхалі)» (Ф. Янкоўскі).

Ні за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ни за что, укр. ні за що). Ні пры якіх умовах, абставінах (не будзе, не адбудзецца што-н.) — Брыгадзір наш у праўленне пайшоў, a я… Пры ім жа і не падумай адлучыцца. Ні за што не адпусціць! (Я. Каршукоў Усмешка).

Узнік як фрагмент сінанімічнага фразеалагізма ні за што на свеце (гл.).

Ні за што на свеце. Напэўна, калька з франц. м, (pour rien au monde). Hi пры якіх умовах, абставінах (не будзе, не адбудзецца што-н.). Калі б да вайны школьніку Міколу Голубу сказалі, што ён будзе аграномам, стане старшынёй калгаса, то ён не паверыў бы гэтаму ні за што на свеце (І.Навуменка. Вясновыя праталіны).

Нізкай пробы. Агульны для ўсходнесл. м. Дрэннай вартасці, дасканаласці, кваліфікацыі. Эстрадную тэлепраграму літаральна запаланіла рок-музыка нізкай пробы (Звязда. 22.02.1988).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; y іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць найвышэйшай, высокай і нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве. Параўн.: «Было заключэнне ювеліра: пярсцёнак з золата нізкай пробы, камень — шкло пад брыльянт» (В. Хомчанка).

Ні кала ні двара. Усходнесл. Зусім нічога няма, не было ў каго-н. Добра табе, халасцяку, ні кала ні двара, сам сабе галава. A тут — чацвёраў доме, і малыя! (В. Быкаў. Трэцяя ракета).

Этымалогія фразеалагізма стане зразумелай, калі прыняць пад увагу, што ўстарэлае слова (гістарызм) кол абазначала ‘невялікі ўчастак ворнай зямлі, кадзел каля хаты (у некаторых мясцінах — шырынёю два сажні)’. Двор — гэта ‘гаспадарка’. Такім чынам, першапачатковае значэнне спалучэння было канкрэтным паказчыкам беднасці — ‘ні зямлі, ні гаспадаркі’.

Ні млён ні таўкач. Уласна бел. Ні на што не здатны, няўмелы. Я хацеў закрычаць, абразіць, сказаць, што ён ні млён ні таўкач, y нашым Чарцяжы так называюць людзей нікчэмных, ні на што не здатных (В. Шырко. Імем барыкад мяцежных).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючымі выразамі, y якіх структурная схема ні…ні… запоўнена супрацьпастаўленымі словамі. Млён — палка, якой круцяць жорны, сячкарню.

Ні на грам. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколькі, зусім (не даваць, не баяцца і пад.). Мужычок знізу ўверх бліснуў на Валошку шчаслівымі вочкамі, ні на грам не спалохаўся (В. Карамазаў. Пушча).

Узнік па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні на гран (гл.) з заменай устарэлага і незразумелага гран блізкім па гучанні словам.

Ні на гран. Агульны для ўсходнесл: м. Ніколькі, зусім (не мець, не хваляваць і пад.). Маё нядаўняе мінулае, верыш, ніколечкі мяне, ну ні на гран не хвалюе… (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).

Склаўся, відаць, y маўленні аптэкараў па аналогіі з фразеалагізмамі ні на грош, ні на ёту, ні на кроплю. Гран — даўнейшая мера аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама.

Ні на ёту. Паўкалька з грэч. м. Ніколькі, зусім (не саступаць, не пераацэньваць і пад.). Жыццё цвёрда крочыць наперад, не саступаючы ні на ёту перад «крамолаю» (Р. Мурашка. Сын).

Паходзіць з Бібліі (Матфей, 5,18): «Ні адна ёта, ні адна рыска не знікне з закону, пакуль не здзейсніцца ўсё», г. зн. недапушчальныя нават самыя малыя змены ў законе Божым, ні тэкст, ні літара, ні рысачка ў ім не могуць быць зменены. Ёта — літара грэч. алфавіта, якая абазначае гук «і»; яна ж y паменшаным памеры, як рысачка, выкарыстоўвалася пад галоснымі для адрознення гэтых гукаў.

Ні нашым ні вашым. Запазыч. з руск. м. Ні за аднаго і ні за другога; нікому з двух розных поглядамі бакоў (не служыць, не дагаджаць). Рыгор сумеўся. Былі так сабе — ні нашым ні вашым (К. Чорны. Нянавісць).

Выраз узнік на аснове фразеалагізма і нашым і вашым (ш.) як яго сэнсавая супрацьлегласць.

Ні пава ні варона. Запазыч. з руск. м. Той, хто адышоў ад адных і не далучыўся да другіх. Прайшла [паэтка], паглядаючы ў бакі. — Ні пава ні варона, — усміхнуўся Кулік (І.Гурскі. Чужы хлеб).

Выраз з байкі І.А. Крылова «Варона» (1825), y якой гаворыцца, як варона, прыбраўшыся «пад паву», хацела ўсіх зачараваць. Але яе абскублі спачатку павы, a пасля варокы. I «ад варон яна адстала, a да паваў не прыстала», зрабілася «ні пава ні варона» (гл. варона ў паўлінавых пёрах).

Ні пры якой пагодзе. Паўкалька з руск. м. (ни при какой погоде). Ніколі і ні пры якіх умовах, абставінах (не рабіць чаго-н.). Ці ж мала войнаў за стагоддзе было ў нас на планеце ўсёй? О не, ні пры якой пагодзе не трэба болей зброі ёй! (П. Прыходзька. Рэпартаж з родных мясцін).

Фразеалагізаваны крылаты выраз з верша С. Ясеніна «Вяртанне на радзіму» (1924), дзе ёсць радкі: «И вот сестра разводит, Раскрыв, как Библию, пузатый „Капитал“, / О Марксе, Энгельсе…/ Ни при какой погоде / Я этих книг, конечно, не читал».

Ні пуху ні пяра. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. як шчырае пажаданне поспеху, удачы каму-н. y якой-н. справе. Да Лапаціч правядуць цябе хлопцы. A адтуль глядзі сама, Ніна… Ідзі, збірайсяНі пуху ні пяра (І.Мележ. Мінскі напрамак).

Узнік y асяроддзі паляўнічых і гаварыўся перад адыходам на паляванне як пажаданне ўдачы, выказанае ў адмоўнай форме, што адлюстроўвала прымхлівыя ўяўленні, быццам пры прамым пажаданні (і пуху і пяра) можна сурочыць. Пяро ў мове паляўнічых абазначае ‘птушкі’, a пух атаясамліваецца са словам звяры.

Ні пядзі не аддаць, не ўступіць. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколькі, нават самай невялікай часткі. Звычайна пра зямлю. Мы свае зямлі ні пядзі не аддадзім. Так мае наказвалі старыя, а я вам (І.Гурскі. Вецер веку).

Пядзя — старая мера даўжыні, роўная адлегласці паміж канцамі расстаўленых вялікага і ўказальнага пальцаў.

Ні роду ні племені. Агульны для ўсходнесл. м. Нікога з родных, сваякоў (няма, не памятаць і пад.). [Мальвіна: ] A ён што? Галота нейкая, ні роду ні племені (В. Вольскі. Несцерка).

Першапачаткова ў славян слова род абазначала бліжэйшых, a племя — аддаленых родзічаў Тут кампанент племені асацыіруецца з патомствам.

Ні роду ні плоду. Агульны для бел. і ўкр. м. Нікога з родных, сваякоў (не засталося, няма і пад.). — A ў цябе, праўда, ні роду ні плоду не засталося?мабыць, каб толькі не маўчаць, спытаў Пётра (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні роду ні племені (гл.). Кампанент плоду абумоўлены рыфмай і сэнсава асацыіруецца з патомствам.

Ні рыба ні мяса. Калька з ням. м. (nicht Fisch nicht Fleisch; параўн. y французаў: ni chair ni po isson — ні мяса ні рыба). Пасрэдкы чалавек, які нічым асаблівым не вылучаецца і якога цяжка кваліфікаваць. Жаніх не вельмі спадабаўся. Манерны нейкі, але бесстылёвы… ні старамодны, ні сучасны — як кажуць, ні рыба ні мяса (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

Ёсць меркаванне, што фразеалагізм узнік y XVI ст. y перыяд рэфармацыі — шырокага грамадскага руху спачатку ў Германіі, a пасля і ў іншых краінах Заходняй Еўропы. Рэфарматы выступалі супраць феадалізму і каталіцкай царквы з яе індульгенцыямі і пастамі. Некаторыя, як піша М.І.Міхельсон, «дакладна не выяўлялі, ці рэфарматы яны, ці католікі, г. зн. ці елі скаромнае — мяса, ці поснае — рыбу». Такіх людзей першапачаткова і называлі фразеалагізмам ні рыба ні мяса.

Ні самому (самой, самім) паглядзець ні людзям паказаць. Уласна бел. Нікчэмны, непрыглядны; такі, што пакідае непрыемнае ўражанне. Той хоць лётчыкам быў, a гэты хто? Так сабе вахлачок, ні самой паглядзець ні людзям паказаць (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).

Першапачаткова дастасоўваўся, як сведчыць І.І.Насовіч, толькі да фурункула (скулы) на заднім праходзе, a затым стаў ужывацца ў дачыненні да асоб і канкрэтных прадметаў.

Ні села ні пала. Агульны для бел. і ўкр. (ні сіло ні пало) м. Неспадзявана, нечакана. Пабылі б яшчэ тыдзень які. A то ні села ні naлa ўзняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў (А. Пальчэўскі. Жнівеньская раніца).

Страчаная вобразнасць фразеалагізма ўзнаўляецца, калі мець на ўвазе, што ён утварыўся з прыказкі Ні села ні пала, захацела баба сала ў выніку яе скарачэння. У складзе прыказкі, першапачатковае значэнне якой — ‘не паспеў сесці, a ўжо давай яму есці’, сэнс слова пала акрэслены, блізкі да сэнсу кампанента села.

Ні семя ні емя ў каго, дзе. Уласна бел. Зусім няма нічога есці. I яна мучыцца, і бацька мучыўся. Бывала, ні семя ў яго ні емя (Я.Сіпакоў. Крыло цішыні).

Утвораны па мадэлі з фразеалагізмамі тыпу ні кала ні двара, ні роду ні плоду. Структурная схема ні… ні… запоўнена словам семя ‘насенне’ і наватворам емя (ад есці), абумоўленым рыфмай да семя.

Ні сінь пораху. Агульны для бел. і руск. (ни синь пороха) м. Зусім нічога (няма, не засталося і пад.). A там, глядзім, солі — ні сінь пораху. Цётка Пёкла памуляецца і скажа: — Вазьмі шчопаць, пасалі (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя).

Першапачаткова сінь — гэта ‘чорны’ (гл. на сіні пазногаць), a порах — ‘пыл’ (з такім значэннем слова порах падаецца ў слоўніках У. Даля, І.Насовіча, з такім жа значэннем яно ўжываецца ў сучаснай украінскай мове; параўн, таксама бел. парахня). Ні сінь пораху — літаральна «ні чорнай пылінкі». У сувязі з тым, што ўнутраная форма фразеалагізма з цягам часу забылася, a паводле структуры ні сінь пораху стаў адзінкавым выразам, y некаторых бел. гаворках ён выраўнаваўся на ўзор выразаў жывой, прадуктыўнай мадэлі тыпу ні каліва ні беднага, ні ўцяць ні ўзяць: «Прыйшлі з блакады — ні ў кога ні пораху ні сіняга» (Ф. Янкоўскі). Відаць, жыве ў мове і скарочаны варыянт фразеалагізма, зафіксаваны І.Насовічам, — ні пораху: «Ні пораху не асталося мне».

Ні складу ні ладу. Агульны для ўсходнесл. м. Бесталкова, бязладна, без пэўнай логікі, без сувязі. І хто прыдумаў гэтыя гузікі ў пятліцы? Ні складу ні ладу (В. Быкаў. Яго батальён).

Узнік праз параўнанне з дрэннай песняй, y якой і словы няскладныя, і музыка (лад) няўдалая. Параўн.: «Устаў шаман, узяў свой бубен (без бубна ён кроку не ступіць), ударыў y яго і запяяў. Доўгую такую, дзіўную песню зацягнуў. Ні складу ў ёй, ні ладу не было» (М. Багдановіч).

Ні слуху ні духу. Запазыч. з руск. м. Ніякіх вестак (няма пра каго-н.). Дзе ён цяпер, татка? Ці жывы, ці дачакаюся яго? Недзе ваюе, a дзе — ні слуху ні духу (С. Грахоўскі. Жывое вогнішча).

Ні слуху — сэнсаўтваральная частка фразеалагізма і літаральна абазначае ‘не чуваць нічога (пра каго-н.)’. Другая частка, абумоўленая рыфмай, выступае як дадатак са значэннем ‘не чуць чыйго-н. паху’. Выраз ужыв. і ў скалькаваным варыянце ні слыху ні дыху: «Помню, яшчэ мой бацька расказваў, як яны [мядзведзі] прыходзілі ў вёску і калоды з пчоламі варочалі. Эге-е… За прыгонам яшчэ было. Пасля яны ад нас сышлі: ні слыху ні дыху» (І.Пташнікаў).

Ні сучка ні задзірынкі. Паўкалька з руск. м. (ни сучка ни задоринки). Ніякіх недахопаў (не знаходзіцца, няма, не было і пад.)< Павел Іванавіч правяраў надзейнасць таго ці іншага вузла ў рабоце на розных рэжымах і, калі не знаходзіў, як кажуць, ні сучка ні задзірынкі, дазваляў упакоўваць (В. Макарэвіч. На галоўным напрамку).

Паходзіць з прафесійнага маўлення сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці.

Ні тпру ні но (ну). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘не дзейнічае (пра машыну, апарат і пад.)’ і ‘нічога не робіць, ніяк не выяўляе сябе’. Два міліцыянеры… зазірнулі ў акенца адзінокага таксі, якое знаходзілася ў стане, як кажуць, ні тпру ні но (П. Пестрак. Серадзібор). Усім хацелася забіваць галы, і ніхто не хацеў стаяць у варотах. Упрошвалі Сярожу і я, і Вася, і Паўлуша. A ён ні тпру ні ну (П.Місько. Навасёлы).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючымі выразамі, y якіх структурная схема ні… ні… запоўнена антанімічнымі словамі (ні ўзад ні ўперад, ні тое ні сёе, ні жывы ні мёртвы). Тпру і но — воклічы, першым спыняюць, другім панукаюць каня. Варыянт з кампанентам ну (ні mnpy ні ну) абумоўлены імкненнем да сугучча.

Ні ўбавіць ні прыбавіць. Запазыч. з руск. м. Абсалютна дакладна. — Добра працаваў y зоне… — Добра… Тэмп нармальны. Тут ні ўбавіць ні прыбавіць (А. Алешка. Дарогі без слядоў).

Узнік па мадэлі з ужо існуючым фразеалагізмам ні даць ні ўзяць. Структурная схема ні… ні… запоўнена дзеясловамі-антонімамі. Выраз зрэдку ўжываўся і ў тэкстах XIX ст. (у творах І.А. Крылова, М. Я. Салтыкова-Шчадрына і інш.), але асаблівую пашыранасць набыў пасля ягонеаднаразовага выкарыстання ў якасці рэфрэна ў раздзеле «Так гэта было» паэмы А. Твардоўскага «За даллю — даль» (1960).

Ні ў жысць. Запазыч. з руск. м. (ни в жизнь) з заменай назоўнікавага кампанента дыялектным адпаведнікам. Ні пры якіх умовах, абставінах. — Ні ў жысць не паверыў бы, што так анучу выбеліш!заўважыў Ігнась (П. Броўка. Каландры).

Генетычна ў гэтым выразе можна бачыць гіпербалічнае прысягненне ўласным жыццём. Параўн.: «Сумленнем кляўся чыстым ён, жыццём ён кляўся чыстым…» (А. Бялевіч). У форме ні в жисть выраз сустракаецца ў некаторых укр. гаворках; гл.: Ужченко В., Ужченко Д. Фразеологічний словник. — Луганск, 2002. С. 99.

Ні ў зуб нагой. Запазыч. з руск. м. Зусім нічога не разумець, не ведаць. Дзе там было навучыцца. Бэкаем [па-англійску], чытаючы, збольшага, a каб перакласці з прачытанага ці самому што якое сказаць па-іхняму — ні ў зуб нагой (Я. Васілёнак. Сітуацыя).

Паходзіць са школьнага арго. Фразеалагізм перажыў трансфармацыю: скарачэнне і замену аднаго кампанента іншым. Яго першапачатковая форма — нй в зуб толкнуть не смыслит. У сярэдзіне XIX ст. паралельна з поўнай формай ужывалася скарочаная, напрыклад y М. Памялоўскага: «Ученики, как говорится в бурсе, ни в зуб толкнуть». Затым адбылася замена дзеяслоўнага кампанента толкнуть кантэкстуальна блізкім назоўнікам ногой.

Ні ў кола ні ў мяла. Уласна бел. Няўмелы, няздатны чалавек. Людзі і па-людску жыць хочуць. Што яны, цётачка, вінаваты, што старшыні ні ў кола ні ў мяла?.. (М. Клебановіч. Заручыны).

І.Насовіч тлумачыць гэты выраз так: «кажуць з прыкрасцю пра такога чалавека, які ў сям’і мала здатны да гаспадарчых работ». У абагульненым сэнсе гэта выказваецца праз назоўнікавыя кампаненты, якія (на ўзроўні слоў) даўней, паводле «Слоўніка…» І.Насовіча, абазначалі: кола — ‘млынавое кола’, a мяла — ‘мяліца, мялка, на якой лён або пяньку мнуць’.

Ні ўцяць ні ўзяць. Уласна бел. Абсалютна нічога (няма есці). Ты ж ажэнішся ды будзе ўсяго ставаць, дык і прывыкнеш і палюбіш, a як не будзе ні ўцяць ні ўзяць, дык любошчы твае пойдуць марна… (К. Крапіва. Каровін мужык).

Значэнне кампанента ўцяць y зыходным спалучэнні — ‘адрэзаць’. Вобразнасць рыфмаванага фразеалагізма асэнсоўваецца як ‘ні адрэзаць чаго-н., каб з’есці, ні ўзяць з сабой’.

Ні цэ ні бэ. Уласна бел. Зусім нічога (не ведадь, не разумець). Смяхоцце з чалавека! Не ведае, як той казаў, ні цэ ні бэ, a на каралеўства прэ! (С. Баранавых. Межы).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні бэ ні мэ <ні кукарэку> з запаўненнем структурнай схемы назвамі трэцяй і другой літар лацінскага алфавіта.

Ногі выцягнуць. Агульны для ўсходнесл. (руск. протянуть ноги, укр. витягти ноги) і польск. (wycągnąć nogi) м., абазначае ‘памерці’. У бальніцу я не пайду Пайсці мне ў вашу бальнігцу, значыць, і ногі там выцягнуць (П. Галавач. Праз гады). У бел. і ўкр. мовах фразеалагізм ужываецца і ў форме ногі выпрастаць: A той, што падстрэлены быў Арцёмам, пакуль яго там раздзявалі ды перавязвалі, і ногі выпрастаў (А. Чарнышэвіч. На сажалках).

Этымалагічна гэта «метафара, узятая з жывёльнага свету» (В.У.Вінаградаў): жывёлы перад смерцю, y апошнія секунды жыцця, выпростваюць, выцягваюць ногі.

Ногі кормяць каго. Уласна бел. Чыя-н. плённая праца патрабуе бегатні, амаль сталага знаходжання ў руху. Каб ты ведаў, той чалавек, якогая шукаў па вуліцы Русіянава, прызнаўся ў трох забойствах. Два — y нас, адно — y Расіі. Так што ногі нас кормяць, ногі… (В. Праўдзін. Танцавальны марафон).

Паходзіць з прыказкі Ваўка (воўка) ногі кормяць, якая абазначае ‘каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, a не сядзець на адным месцы’. Супаставім выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці праз параўнальны зварот: «Думалася, цяпер у рэдакцыю яму ўжо ніколі не вярнуцца, журналіста, як любіў і сам жартаваць, як і воўка, ногі кормяць, a якія ў яго цяпер ногі?!» (І.Капыловіч).

Ногі мыць каму, чые і тую ваду піць. Запазыч. з руск. м, Бязмежна дагаджаць каму-н. y знак удзячнасці за што-н. Часцей як абяцанне. — Будзем пані ногі мыць і тую ваду піць,нізка кланялася пані Даміцэля (Я. Колас. Хатка над балотцам).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. «У Сібіры калісьці быў на першы погляд варварскі, але мудры звычай. У часе сватання нявеста павінна была вымыць ногі жаніху, a пасля выпіць гэту ваду. Толькі ў такім выпадку нявеста лічылася вартай, каб яе ўзялі ў жонкі» (Я.Еўтушэнка).

Ногі на плечы і (ды)… Гл. <браць (узяць)> ногі на плечы і (ды)…

Ногі ў рукі і (ды)… Гл. <браць (узяць)> ногі ў рукі і (ды)…

Нуль увагі каму, на каго, на што. Калька з руск. м. (ноль внимания). Зусім не зважаць на каго-, што-н., абыякава адносіцца да каго-, чаго-н. На супрацьлеглым баку дзеўчынёха вудзіць рыбу. Стройная, маладая, y яркай матросцы… На заляцанні — нуль увагі (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Паходзіць, на думку В.У.Вінаградава, са школьнага жаргону. Тут нуль атаясамліваецца з ніколькі, з поўнай адсутнасцю чаго-н. (увагі). Замацаванню фразеалагізма ў мове садзейнічала яго строга фіксаваная, нязменная марфалагічная форма і пастаянная сінтаксічная функцыя выказніка.

Нялёгкая гоніць (прыгнала) каго. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару прыходзіць, з’яўляецца (выказванне незадавальнення ў сувязі з прыходам нежаданага госця, наведвальніка). [Яніна: ] Ведзьма ідзе… Леснічыха. [Люба: ] Чаго ж яе нялёгкая гоніць сюды? (І.Козел. Папараць-кветка).

Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор ліха гоніць, нячыстая <сіла> гоніць, чорт гоніць і інш. Кампанент нялёгкая, неўжывальны па-за фразеалагізмам як назоўнік, паходзіць ад словазлучэння нялёгкая сіла, г. зн. ‘нячыстая сіла, чорт, д’ябал, ліха’. Гэты кампанент ёсць і ў фразеалагізмах нялёгкая носіць (каго дзе), нялёгкая нясе (каго) і інш. І.Насовіч падае выраз нялёгкая нясець з паясненнем першага кампанента: «г. зн. сіла».

Нясолана хлябаўшы. Запазыч. з руск. м, Нічога не дабіўшыся, ашукаўшыся ў сваіх спадзяваннях. Развітаўся Слімак і пайшоў нясолана хлябаўшы. Усё думаў, гадаў, як жа ён выберацца з усёй гэтай напасці (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Даўней, калі соль была вельмі дарагім прадуктам, бо дастаўлялася здалёку на конях ці валах ды яшчэ абкладвалася высокім падаткам, страву гатавалі несалёнай. A пасля, як садзіліся за стол, гаспадар дзяліў соль. Такі парадак захоўваўся і тады, калі ў дом збіраліся госці. Некаторых, малаважных, часамі гаспадар абмінаў, і яны елі несалёнае.

Няўрокам кажучы. Уласна бел. Ужыв. як пабочнае словазлучэнне са значэннем ‘няхай і надалей будзе гэтак жа, без змен’. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду — непагана, мабыць, на службе было (І.Мележ. Людзі на балоце).

Узнікненне фразеалагізма звязана з былым павер’ем у магічную сілу слова. Літаральна — ‘каб не сурочыць, сказаўшы што-н.’. Няўрокам, урокі, сурочыць — аднакаранёвыя словы.

Загрузка...