К


Каб і духу не было чыйго <дзе>. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. чтоб и духу не было, укр. щоб і духу не було). Выказванне катэгарычнага патрабавання, каб хто-н. тут жа знік і больш не паказваўся. — Парабчука гэтага, тата, каб і духу не было,закамандаваў Казік (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Тут духу першапачаткова значыла ‘паху, які выдзяляецца ў чалавека з паверхні скуры’. Гэты кампанент нярэдка замяняецца ў маўленні іншымі — паху, смуроду або выступае ў спалучэнні з паху: «Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!» (М. Лынькоў); «Забудзе пра гэтага галадранца. Заўтра ж турну, каб і смуроду не было» (С. Грахоўскі); «Веры трэба канечна выгнаць яе, гэтую кулацкую гідру, сказаць, каб яе духу-паху тут не было» (М. Зарэцкі). Параўн. ва ўкр. м.: щоб і дух не пах (не смердів) (чий де).

Каб пуста было каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чтоб пусто было, укр. щоб пусто було). Выказванне злосці, нядобразычлівасці. Бадай ты спух! Ото распуста! А каб табе было, гад, пуста! Няма ні сораму, нічога… (Я. Колас. Новая зямля).

Мяркуюць, што напачатку гэта было пажаданне неўраджаю ці няўдалага палявання.

Прыкідвацца, глядзець казанскай сіратой. Запазыч. з руск. м. Пакрыўджаным, няшчасным (прыкідвацца). — Не чуў я, каб хто мяне гукаў, дапытваўся — не патрэбен я нікому…Во-ёй, не прыкідвайся казанскай сіратою... (П. Місько. Мора Герадота).

Утварыўся на аснове фразеалагізма казанская сірата (гл.), замацаваўшыся ў сваіх семантычных сувязях са строга акрэсленымі дзеясловамі прыкідвацца, глядзець.

Казанская сірата. Запазыч. з руск. м. Той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным (з мэтай разжаліць каго-н.). І ўспомніў Васька, як хадзіў ён учора з камандзірам роты і Насцяй па свой заробак да гаспадара. Зніціўся той, збедніўся, ну проста сірата казанская, якія ў яго грошы, калі вайна і разруха… (М. Лынькоў. Маладосць).

Першапачаткова выкарыстоўваўся ў дачыненні да татарскіх князёў, якія пасля ўзяцця войскамі Івана Грознага ў 1552 г. сталіцы Казанскага царства стараліся прыстасавацца да новай улады, часам пераходзілі ў хрысціянства, слалі рускаму цару чалабітныя, скардзячыся на сваю долю і спадзеючыся на розныя ўступкі, патуранні.

Казёл адпушчэння. Запазыч. з царк. — слав. м. Чалавек, на якога звальваюць чужую віну, адказнасць за другіх. Параіліся разумнікі дый вырашылі: «Ахвяруем. На тое ён і Казёл, каб быць казлом адпушчэння. Цяпер-то мы напэўна адкупімся» (К. Крапіва. Ці была ў яго галава?).

У Бібліі (Левіт, 16, 21–22; 16, 9-10) расказваецца пра старажытнаяўрэйскі абрад «казлаадпушчэння»: адзін раз у год, у дзень адпушчэння грахоў, прыводзілі ў пэўнае месца казла, і на яго галаву першасвяшчэннік (вярхоўны жрэц) ускладваў абедзве рукі, што сімвалізавала перакладанне грахоў усяго народа на казла, якога пасля праганялі («адпускалі») у пустыню.

Казка пра белага бычка. Запазыч. з руск. м. Бясконцае паўтарэнне аднаго і таго з самага пачатку. — А можа б, ты ўсё-ткі засталася? Небяспечна ж там дужа, чуеш?.. — Я ўжо казала, цётачка… Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?.. (І. Мележ. Мінскі напрамак).

Значэнне выразу склалася на аснове кароткай, але дакучлівай народнай казкі для дзяцей, калі тыя зноў і зноў прасілі расказаць яшчэ адну казку: «— Расказаць табе казку пра белага бычка? — Раскажы! — Ты раскажы, ды я раскажы, да чаго ў нас будзе і дакуль гэта будзе! Расказаць табе казку пра белага бычка?» і г. д.

Каінава пячаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (рiętnо kаіnоwе) м. Абазначае ‘след злачыннасці’. Каму патрэбна творчасць, на якой ляжыць каінава пячаць? (К. Крапіва. З народам).

Склаўся на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 4) пра першае забойства на зямлі і кару за яго. Калі Каін, сын Адама і Евы, прызнаўся, што ў час ахвяравання забіў свайго брата Авеля, Бог пакараў забойцу: зрабіў на яго твары спецыяльны знак і загадаў быць вечным вандроўнікам.

Каламуціць (муціць) ваду. Агульны для ўсходнесл. (руск. мутить воду, укр. каламутити воду) іпольск. (mącіć wоdę) м. Ужыв. са значэннямі ‘свядома заблытваць якую-н. справу’ і ‘уносіць разлад, беспарадак у адносіны паміж кім-н.’. — Усё на тое хіліцца, што немцы не аддадуць Саветам Бярэсця.Як гэта не аддадуць?… Берасць савецкі! Разумееш ты ці не? Савецкі! I ты тут вады не муці! (К. Каліна. Світанак). Бабка твая ваду каламуціць!.. Ну і шкодная старая, ніяк ёй не дагадзіць! (В. Іпатава. Зачараваная півоня).

Мяркуюць, што выраз утвораны на аснове фразеалагізма лавіць рыбу (рыбку) у каламутнай вадзе (гл.).

Каланіца носіць каго, дзе, калі. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару аказваецца, з’яўляецца дзе-н. «Аэраплан! Аэраплан!» — пракінулася па радах. Задраліся галовы. «У хлябу і то каланіца яго носіць»,прабурчаў нехта (М. Гарэцкі. Ціхая плынь).

Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор выразаў ліха носіць, чорт носіць, хвароба носіць і пад. — з захаваннем структуры фразеалагізмаў-папярэднікаў і з заменай назоўнікавага кампанента іншым. Каланіца — калёсная мазь.

Калі ласка. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. як зварот для выражэння ветлівай просьбы, пабуджэння са значэннем ‘прашу вас’. Можа, пяройдзем у той пакой, калі ласка, я вам яго анкету пакажу? (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды).

Утварыўся, відаць, у выніку скарачэння больш поўнай формы калі твая (ваша) ласка будзе. Параўн. у ананімнай паэме «Энеіда навыварат»: «Калі ўжо ласка твая будзе, вялі нам лазню пратапіць». У форме калі ласка выраз выкарыстоўваўся ў творах XIX ст. («Гутарка Данілы са Сцяпанам», п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»).

Каліф на час. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, які займеў уладу на кароткі тэрмін. На славу працуюць любімыя браты нашы — партызаны. Звярыны жах пасялілі яны ў тупыя чарапы нямецкіх каліфаў на час (М. Лынькоў. Блізка вясна Беларусі).

Склаўся на аснове арабскай казкі «Сон наяву, ці Каліф на час». У ёй гаворыцца, як малады багдадзец Абу-Гасан паклікаў да сябе ў госці незнаёмца і расказаў яму пра сваю запаветную мару — стаць хоць на адзін дзень каліфам. Незнаёмец якраз і быў пераапрануты каліф — вярхоўны правіцель Багдада. Абу-Гасану далі снатворнага парашку, перанеслі ў палац і, калі прачнуўся, цэлы дзень ушаноўвалі як каліфа. А вечарам, зноў усыпіўшы, вярнулі дамоў.

Калі (як) рак (на гары) свісне. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколі ці невядома калі (будзе, павінна адбыцца што-н.). — Я магу кінуць піць.Калі? Як рак на гары свісне.Як ты загадаеш (Л. Калодзежны. Аўсяны звон).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз як плён народнага гумару.

Каломенская вярста. Запазыч. з руск. м. Чалавек вельмі высокага росту. Зверху раздаўся глухаваты голас: — Гэй, вярста каломенская, прыгніся, калі кацялок табе дарагі! Тут хутка прадзіравяць (І. Новікаў. Ачышчэнне).

Склаўся на аснове параўнання высакарослага чалавека з вельмі высокімі верставымі слупамі, якія былі пастаўлены паміж Масквой і сялом Каломенскім, дзе знаходзілася летняя рэзідэнцыя цара Аляксея Міхайлавіча.

Калос на гліняных нагах. Паўкалька з франц. м. (соlоssе аuх ріеds d’аrgіlе). Што-н. знешне вялікаснае, але слабае, гатовае разбурыцца. Ніхто нават не падумае, што ўсё гэта — калос на гліняных нагах, які вось-вось зваліцца (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

Склаўся на базе біблейскага аповеду (Данііл, 2, 31–36) пра вавілонскага цара Навухаданосара, якому прысніўся вялікі страшны ідал: галава яго «была з чыстага золата, грудзі і рукі з серабра, чэрава і клубы — медныя, галёнкі жалезныя, ногі часткова жалезныя, часткова гліняныя». «Камень адарваўся ад гары, ударыў у ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго — і разбіў іх». Паводле Бібліі, металічны ідал-велікан на гліняных нагах і яго лёс сімвалізавалі вавілонскае царства з незайздроснай будучыняй — разбурэннем, гібеллю ад персаў.

Калоць вочы каму. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘быць непрыемным каму-н., выклікаць злосць’ і ‘моцна папікаць, сароміць каго-н.’. Зразумей, Мікола, што наш дастатак коле людзям вочы, усе зайздросцяць, таму і плятуць на мяне розную недарэчнасць (М. Машара. I прыйдзе час…). Ніхто яму, Вадзіму, не будзе калоць вочы былымі памылкамі (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Выраз паходзіць з прыказкі Праўда вочы коле, у складзе якой абазначае ‘вельмі непрыемная, выклікае злосць, раздражняе’. Другое значэнне фразеалагізма таксама мае семантычную сувязь з прыказкай, толькі ўскосную.

Калумбава яйка. Паўкалька з франц. (l’оеuf dе Соlоmb) ці ням. (dаs Еі dеs Kоlumbus) м. Удалае рашэнне чаго-н., знойдзены выхад з цяжкага становішча. — Па неправераных даных сёння ноччу забіта Настасся Вашчыла [супрацоўніца нямецкай разведкі]. —Гэта праўда?Калумбава яйка… Нечаканы ўчынак шпега, якога ўчора Настасся Вашчыла на вуліцы стэкам спаласавала, выручыў нас,тлумачыў Краеўскі. — Не трэба рук пэцкаць... (І. Гурскі. Вецер веку).

Склаўся на аснове хадзячага аповеду пра Хрыстафора Калумба. Калі адзін з суразмоўнікаў іранічна заўважыў, што адкрыццё Амерыкі было няцяжкай справай, Калумб прапанаваў яму паставіць яйка на стале. Ніхто не мог гэтага зрабіць. Тады Калумб, разбіўшы яйка з тупога канца, паставіў яго старчма. Пры гэтым нібыта дадаў: «Так, гэта справа няцяжкая».

Камандаваць парадам. Агульны для ўсходнесл. м. Распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н. Рабушка і Навучэнка пачалі пярэчыць, тады Саша растлумачыў: — Паколькі парадам камандую я, то слухайце мае загады! Пайшлі! (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).

Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных.

Камар носа не падточыць (не падсуне). Агульны для ўсходнесл. м. Нельга прыдрацца да чаго-н. А хіба крытыкаваць цябе няма за што? Усё ў цябе так спраўненька, так добранька, што і камар носа не падточыць? (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Першапачаткова выраз выкарыстоўваўся, відаць, як ацэнка такой сталярнай або цяслярскай работы, пры якой паміж шчыльна падагнанымі дошкамі ці бярвёнамі нельга прасунуць нават камарынага носа.

Камень за пазухай. Агульны для ўсходнесл. м. Скрытая, затоеная злосць, нядобры намер. Без каменя за пазухай я падаю, равеснік, табе руку на дружбу — не адхіляй яе! (Н. Гілевіч. Равесніку за акіянам).

Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма насіць (трымаць, хаваць) камень за пазухай ‘затойваць злосць на каго-н., быць гатовым зрабіць што-н. дрэннае каму-н.’. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага выразу, яго фрагмент атрымаў прадметнае значэнне.

Камень спатыкнення. Паўкалька з царк. — слав. м. (камень преткновения). Значная перашкода, цяжкасць. А. Бачыла, скажам, піша, што цяпер «сваім багаццем хваліцца ўсё тая ж зямля, якой цураліся тады». Пакуль што для многіх «каменем спатыкнення» з’яўляецца менавіта гэтае невырашальнае: тады і цяпер… (М. Арочка. Зямля, асвечаная любоўю).

Выток фразеалагізма — Біблія (Ісаія, 8, 14), дзе першапачаткова спалучэнне мела канкрэтны сэнс, бо гаворка ішла пра пакладзены богам у Сіёне камень, аб які спатыкаліся нявернікі ці тыя, хто не скараўся перад строгімі законамі.

Каменьчык (-і) у агарод чый. Агульны для ўсходнесл. м. Іранічны, крыўдны намёк на што-н. Роза зразумела, што крытыка яе работы з’яўляецца адначасна каменьчыкам у Юркаў агарод (У. Калеснік. Пасланёц Праметэя).

Склаўся на аснове фразеалагізма кідаць каменьчыку агарод чый, каго (гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Будучы «абломкам» дзеяслоўнага выразу, захаваў «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці.

Каменя на камені не пакінуць. Паўкалька з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі: 1) знішчыць ушчэнт, разбурыць да канца, 2) ад каго, ад чаго; бязлітасна раскрытыкаваць каго-, што-н. Колькі разоў цябе нішчылі, Крычаў, не пакідалі на камені камень (У. Дубоўка. Крычаўская спакуса). У слоўных баталіях з хлопцамі Марыя любіла не пакінуць ад апанента каменя на камені (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Выраз шмат разоў сустракаецца ў евангельскіх тэкстах, у прыватнасці (Марк, 23, 2) там, дзе расказваецца, як Хрыстос прарочыць пагібель Іерусаліма: «Дакладна кажу вам; не пакінецца тут каменя на камені („не имать остати здесь камень на камени“); усё будзе разбурана». Фразеалагізм выкарыстоўваўся ў тэкстах старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад у «Аповесці аб Трыстане» (каля 1580 г.): «…иже там камень на камени не зостал».

Камяні кідаюцца ў каго. Уласна бел. Хто-н. асуджаецца, абвінавачваецца, ганьбіцца. I зноў непрыемна чытаць некаторыя ўспаміны, дзе кідаюцца камяні ў яе [жонку М. Стральцова] (Р. Барадулін. Конь гуляў па волі…).

Выраз, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага кідаць камень (у каго), які абазначае ‘асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго-н.’ (гл.).

Кануць у Лету. Запазыч. з руск. м. Быць забытым, назаўсёды знікнуць. Мае дарагія сябры, сёстры і брацця,мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні… (А. Карпюк. Вершалінскі рай).

Выраз узнік, паводле М. М. Шанскага, у пачатку XIX ст. у паэтычных творах на аснове гутарковага канул в воду; апошні кампанент быў заменены іншым словам — вобразам з грэчаскай міфалогіі. Лета — рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй.

Канцы з канцамі не зводзяцца (не сыходзяцца) у каго, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘не хапае чаго-н. для задавальнення жыццёвых патрэб на ўвесь вызначаны перыяд’ і ‘няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі бакамі чаго-н. (у разважаннях, доказах і пад.)’. Зажынкі заўсёды ўрачыстая падзея, свята. Павялося гэта здавён-даўна, з тых часоў, калі ў многіх хатах канцы не зводзіліся з канцамі. Не хапала хлеба, каб дацягнуць да новага ўраджаю (І. Дуброўскі. Буйным крокам). Не, хлопча, канцы з канцамі ў цябе пакуль што не сыходзяцца. Відаць, ты яшчэ не разабраўся толкам у гэтых абозах і авангардах… (М. Ткачоў. Пошукі скарбаў).

Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага зводзіць канцы з канцамі (гл.).

Канцы ў ваду. Гл. <і> канцы ў ваду.

Капанне на мазгі. Агульны для ўсходнесл. м. Пастаяннае ўздзеянне на каго-н., бесперапыннае настаўленне, павучанне каго-н. У такіх выпадках — Ліза ведала з шматгадовага вопыту — лабавая атака не падыходзіць. Трэба іншы манеўр — спакой, ласка, зацяжная аблога і паступовае «капанне на мазгі» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага капаць на мазгі каму ‘пастаянна гаварыць адно і тое ж, уздзейнічаючы на каго-н., павучаючы, настаўляючы каго-н.’.

Капаць яму каму, пад каго, для каго. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіць зло, шкодзіць, рыхтаваць вялікую непрыемнасць каму-н. — Ты сам сабе яму капаеш… — Ты мне капаеш яму!перапыніў Аўгіню Васіль (Я. Колас. Дрыгва).

Паходзіць з прыказкі Не капай другому яму, сам увалішся. Фразеалагізм захаваў той самы сэнс, што і ў прыказцы, і здольнасць кіраваць давальным склонам, але развіў і іншыя кіравальныя сувязі (пад каго, для каго).

Капля ў моры <чаго>. Гл. кропля (капля) у моры <чаго>.

Капну́́ць глыбей. Агульны для ўсходнесл. м. Больш грунтоўна вывучыць, высветліць што-н., пранікнуць у сутнасць чаго-н. У 1949 годзе мяне вырашылі перавесці на новы факультэт. Я адразу ўцяміў, што там прападу: капнуць глыбей і высветляць, што сын расстрэлянага шпіёна пралез да сакрэтаў (А. Лукашук. Здзек).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з перыферыйнымі значэннямі адпаведных слоў: капнуць — са значэннем ’унікнуць у што-н., дабрацца да чаго-н.’, глыбей — ‘больш змястоўна, больш грунтоўна’.

Капціць свет. Уласна бел. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых. — Што, адны жывяце?Адны. Во з дзедам так і капцім свет,тужліва адказала кабета (В. Быкаў. Сотнікаў).

Узнік, відаць, на аснове фразеалагізма неба капціць (гл.) і ўжываецца з тоесным значэннем: не капціў дарэмна свету (К. Крапіва), стварэнне гэта свет копціць (І. Козел).

Капыліць (закапыліць) губы (-у). Агульны для бел. і ўкр. м. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць. Скіба гумару ў сітуацыі не зразумеў, ён адно чмыхнуў і, як кажуць, закапыліў губу (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану.

Карміць абяцанкамі каго. Паўкалька з руск. м. (кормить обещаниями). Абяцаць зрабіць што-н. у хуткім часе і не выконваць абяцанага. Цётка ведала дабрату свайго пляменнічка: толькі абяцанкамі корміць (М. Лобан. На парозе будучыні).

Утварыўся ў руск. м. на базе фразеалагізма кормить завтраками, у апошнім кампаненце якога каламбурна сутыкаюцца два значэнні: ‘снеданне’ і ‘абяцанне зрабіць што-н. заўтра’.

Карты зблытаны чые, каго. Гл. <усе> карты зблытаны (змешаны) чые, каго.

Карты раскрыты чые. Гл. <усе> карты раскрыты чые.

Карты ў рукі каму. Гл. <і> карты ў рукі каму.

Карычневая чума. Агульны для ўсходнесл. м. Фашызм. Час яшчэ не сцёр ні з памяці людской, ні з пакутнай зямлі слядоў, якія пакінулі на ёй нечуваныя трагедыі, страты і ахвяры, што прынесла чалавецтву карычневая чума (В. Вітка. Даследуецца чалавек).

Узнікненне фразеалагізма абумоўлена тым, што ў Германіі фашысцкія малойчыкі насілі карычневыя кашулі.

Касіць дугой. Уласна бел. Не назапасіўшы корму для жывёлы, выпрошваць, купляць, пазычаць яго. Хай здаваў бы [скаціну] мой, у каго кармоў няма. Напрыклад, Сурміла. Ён ужо з месяц як косіць дугою (В. Блакіт. Шануй імя сваё).

Выраз каламбурнага характару. Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння касіць касой, у якім назоўнікавы кампанент заменены словам дугой. Апошняе сімвалізуе запрэжанага каня, на якім едуць здабываць сена.

Касцьмі класціся. Уласна бел. Прыкладаць вялікія намаганні дабіцца чаго-н. Дзесяткі гадоў мы змагаліся за родную мову — некаторыя касцьмі клаліся ў тым змаганні (як Уладзімір Дамашэвіч, напрыклад), закідвалі пісьмамі ЦК КПСС, Гарбачова (В. Быкаў. Выступленне на VII з’ездзе СП БССР).

Склаўся на аснове фразеалагізма легчы касцьмі, вядомага яшчэ ў старажытнасці. Паводле летапісу, князь Святаслаў перад бітвай з грэкамі ў 970 г. сказаў воінам: «Не посрамим земли Русския, но ляжем костьми ту; мертвые бо срама не имут».

Касы (косы) сажань у плячах. Паўкалька з руск. м. (косая сажень в плечах). Рослы, плячысты, магутнага складу (пра мужчыну). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажаньу плячах. Волат (У. Мяжэвіч. Яблынька для доктара).

Вобразная аснова гэтага фразеалагізма грунтуецца на гіпербале. Даўней, да ўвядзення метрычнай сістэмы, у Расіі і Беларусі выкарыстоўваўся сажань — мера даўжыні, роўная З аршынам, або 2,134 м. Апрача гэтай меры, быў яшчэ махавы сажань, роўны двум з палавінай аршынам (па даўжыні адлегласці разведзеных у бакі рук), і касы сажань, які раўняўся адлегласці ад вялікага пальца правай нагі да канца сярэдняга пальца паднятай угору левай рукі.

Ката ў мяшку купляць. Калька з франц. м. (асhеtеr сhаt еn росhе). Выраз вядомы амаль усім славянскім народам, а таксама немцам і абазначае ‘набываць што-н. завочна, нічога не ведаючы пра якасці набытку’. — Ну што, Іван, пераапранайся і прымай гаспадарку.Яшчэ паглядзім, Віктар, у якім яна ў цябе стане. Сам ведаеш, ката ў мяшку не купляюць (ЛіМ. 18.04.1975).

Фразеалагізм усведамляецца як жывая метафара.

Кату па пяту. Уласна бел. Вельмі малы, невысокі, нізкарослы. Я ж і кажу: колькі таго старшыні — во, на адзін корх, кату па пяту, а глядзі ж ты, як гайкі пачаў закручваць (П. Місько. За лужком, за рэчкаю).

Вобразнасць гэтага фразеалагізма, кампаненты якога звязаны рыфмай, заснаваная на літоце (знарочыстым прымяншэнні).

Кацялок варыць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. котелок варит, укр. казанок варить). Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы. — Кацялок у цябе варыць,пастукаў ён мяне па лбе (А. Якімовіч. Цяжкі год).

Прастамоўны выраз, утвораны на аснове сінанімічнага галава варыць у каго (гл.). Экспрэсіўнасць гэтага ўтварэння параўнальна з яго прататыпам значна павялічваецца, бо кампанент кацялок, прадметна-семантычна ўзаемазвязаны з кампанентам варыць, выклікае асацыяцыі са значэннем ‘невялікая пасудзіна, у якой вараць стразу’. Параўн. урывак з сатырычнага верша К. Крапівы «Цяп!», дзе гаворыцца пра «служку з гарснаба», які забараніў прадаваць торф на рынку: «Гнулі ж людзі свой горб, дык прадаць гэты торф мараць. Мо б хто з воз прывалок падагрэць „кацялок“, чый не варыць. Ды хутчэй як мага! Хоць бы гэтаму „Г“, што з гарснаба, бо наконт „кацялка“ і ў яго, дзівака, слаба».

Каша заварылася. Агульны для ўсходнесл. м. Распачалася складаная, непрыемная справа. Уся гэта каша заварылася пасля таго, як сюды прыязджаў стары скарбовы каморнік са сваімі інструментамі (Я. Колас. Нёманаў дар).

Выраз узнік на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма заварыць кашу (гл.).

Каша ў галаве ў каго. Магчыма, недакладная калька з ням. м. (Gŕ́ützkорf ‘дурніла’; складаны назоўнік, у якім Grütz — каша, Корf — галава). Хто-н. блытана разважае, не мае яснасці ў разуменні чаго-н. — Разумнікі любяць вучыць, кіраваць, камандаваць.Ну-ну… Каша ў цябе ў галаве (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі).

Выраз успрымаецца як матываваны, іранічна-гіпербалізаванага ўтварэння.

Кашы не зварыш з кім. Агульны для ўсходнесл. м. Не дамовішся, не дойдзеш да згоды. Даставалася Лявону, і Пятрусю, і Сымону за чартоўскі чмут, туман, бо яны ўсе — канаводы, звадыяшы, і не зварыш з імі кашы (Я. Колас. Ігрышча).

Першапачатковая форма фразеалагізма, у якой ён зрэдку ўжываецца і цяпер, — піва не зварыш: «Ага, смяешся! значыць, люб. Бадай, з табою зварым піва» (К. Крапіва). Выраз паходзіць са свабоднага словазлучэння, у якім піва абазначала ‘пітво’ (гл. наварыць піва). Даўней пітво («піва») варылі ў складчыну і на свята разам пілі яго. Пра незгаворлівага, непамяркоўнага чалавека сталі казаць, што з ім піва не зварыш. З забыццём унутранай формы фразеалагізма кампанент піва быў заменены словам каша, відаць, пад уплывам іншых выразаў з кампанентам каша (заварыць кашу, каша заварваецца і інш.).

Квадратура круга. Паўкалька з ням. (dіе Quаdrаtur dеs Krеіsеs) або франц. (quаdrаturа du сегclе) ці лац. (quаdrаturа сіrсulі) м. Невырашальная задача. [Паэт] удала асвоіў новую паэтычную прастору нашай рэчаіснасці. Прастору; што не паддаецца вымярэнню нават квадратурай круга (Маладосць. 2001. № 9).

Узнік у выніку пераасэнсавання матэматычнага састаўнога тэрміна, вядомага яшчэ ў старажытнасці як задача: пабудаваць пры дапамозе лінейкі і цыркуля квадрат, роўнавялікі зададзенаму кругу. Спробы рашыць гэту задачу не мелі поспеху, пакуль у 1882 г. не было канчаткова даказана, што гэта ніяк немагчыма.

Кветкі з чужых палёў. Уласна бел. Запазычаныя з іншых прац матывы, вобразы, думкі і іх выражэнне. Ні ў адным з іх [вершаў М. Танка на запазычаныя матывы] мы не заўважаем залежнасці, наадварот — тэма, матыў змяняюць самую сваю прыроду, урастаюць у нашу глебу не кветкамі з чужых палёў, а жывымі кветкамі нашай роднай паэзіі (В. Вітка. Далягляды слова).

Паходзіць ад назвы зборніка (1928) Ю. Гаўрука, куды ўвайшлі пераклады з твораў англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай і польскай паэзіі. Намёк на перакладчыка і яго зборнік знаходзім у паэме К Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос»: «Пра яго яшчэ трапалі, што ён жыў „з чужых палёў“, а сваё было ў папары».

Кесарава кесараві. Запазыч. з царк. — слав. м. Кожнаму належнае, тое, чаго заслужыў хто-н. Я хацеў бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою, бо трэба, як кажуць, аддаць кесарава кесараві (Я. Колас. На ростанях).

Паводле Евангелля (Матфей, 22,15–21), пасланцы фарысеяў, праціўнікаў Ісуса, правакацыйна спыталіся ў яго пры натоўпе, ці дазваляе хрысціянская рэлігія плаціць падаткі кесару — рымскаму імператару. У Іудзеі, тады калоніі Рыма, ужываўся дынарый з адбіткам на ім кесара. Паказаўшы на гэты адбітак і надпіс на манеце, Ісус сказаў: «Аддавайце кесарава кесараві, а Божае Богаві».

Ківаць на Пятра. Запазыч. з руск. м., крылаты выраз з байкі І. А. Крылова «Люстэрка і Малпа», у маралі якой гаворыцца (пераклад М. Клімковіча):

Што Клімыч рукі грэць умее, — людзі знаюць;

Пра хабар Клімычу чытаюць,

А ён украдкаю ківае на Пятра.

Выраз абазначае ‘звальваць віну на іншага’. Ім добра гаварыць, таварыш Варонін, калі ў іх станцыя пад бокам!.. А табе… Што? Ды хто з вамі тыкаецца? Гэтая сам сабе… Я не ківаю на Пятра, я толькі гавару, што імы неў бога цялятка ўкралі… (Я. Брыль. Апошняя сустрэча). На аснове гэтага выразу развілася прыказка Іван ківае на Пятра са значэннем ‘адзін звальвае віну на другога’: «А там адмаўляюцца: маўляў, да нас гэты бальшак не мае ніякага дачынення. Райвыканком таксама захоўвае поўнае маўчанне. Вось і атрымліваецца, што Іван ківае на Пятра, а дарога як ляжала ў калдобінах, так і ляжыць» (Звязда).

Кідацца словамі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. бросаться словами, укр. кидатися словами). Безадказна, неабдумана гаварыць што-н. Я, таварыш Варонін, словамі не кідаюся… І вы на мяне, калі ласка… (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: кідацца суадносіцца з пераносным значэннем ‘не даражыць кім-, чым-н.’ (кідацца такімі сябрамі, кідацца грашамі), а слова — з вытворным значэннем ‘фраза, выказванне’ (зрэдку перакідваліся словам).

Кідаць (кінуць) камень (каменьчык, каменьчыкі) у агарод чый, каго. Калька з франц. м. (jеtеr dеs ріеrrеs dаns lе jаrdіn dе qn). Рабіць неадабральны намёк у чый-н. адрас. Я ведаю, Стаўроў ты маеш права кінуць камень у мой агарод за мінулае. Не чапаючы Марыі, я скажу: я сапраўды апусціўся ў той час (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са зласлівым звычаем кідаць у агарод свайго ворага каменне, каб зрабіць зямлю нязручнай для апрацоўкі.

Кідаць (кінуць) пальчатку каму, чаму. Калька з франц. м. (jеtеr lе gаnt). Уступаць у барацьбу з кім-, чым-н., рабіць рашучы выклік каму-, чаму-н. Чаго гэта Малец ад мяне хоча? Будзьце сведкамі, што яшчэ адна абраза — і я кідаю яму пальчатку (У. Дамашэвіч. Студэнты апошняга курса).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з сярэдневяковым заходнееўрапейскім звычаем. Сеньёр, устанаўліваючы васальную залежнасць рыцара, уручаў яму пальчатку. Калі васал адмаўляўся служыць сеньёру, то кідаў яму пальчатку. У далейшым звычай распаўсюдзіўся і сярод рыцараў. Выклікаючы праціўніка на дуэль, рыцар кідаў перад ім сваю пальчатку. Калі праціўнік паднімаў яе, то гэта азначала, што выклік прыняты.

Кідаць (кінуць) у твар каму, каго што. Калька з франц. м. (jеtеr а́́ lа fасе dе qn). Гаварыць рэзка і адкрыта, не ўтойваючы. На канцы размовы, прыціскаючы на кожным слове, кінуў у твар дачцэ: — Калі толькі праўду мелюць, дык глядзі, каб я больш пра гэта не чуў і табе не казаў (Р. Мурашка. Сын).

На аснове скалькаванага выразу развіўся варыянт кідаць (кінуць) у вочы каму, каго што: Моладзь выбягала наперад і ў вочы паліцыянтаў кідала гэтыя воклічы (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Кідаць (кінуць) якар дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Спыняцца, уладкоўвацца дзе-н. на пастаяннае жыхарства. Са мною было так: дзе служыў, там і кінуў якар, дадому не паехаў (М. Кусянкоў. Жар пад прыскам).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні маракоў. Параўн.: «Адзін раз летам у бухце кідаў якар цеплаход» (А. Крыга).

Кідаць цень на каго, на што. Калька з франц. м. (jеtеr unе оmbrе). Ужыв. з двума значэннямі: ‘азмрочваць што-н.’ і ‘чарніць, пляміць каго-н. ці што-н.’. Непрыемна зрабілася ад думкі, што Поля шкадуе яго… Такое шкадаванне як бы кідала цень на іх дружбу, як бы прыніжала яе (І. Шамякін. Атланты і карыятыды); Чым можна будзе, памагу. Але кожная сустрэча можа кінуць цень на ваша добрае імя. Гэта ж вёска… (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Гэтыя значэнні развіліся ў выніку двухразовай метафарызацыі зыходнага значэння, уласцівага адпаведнаму свабоднаму словазлучэнню. У вобразнай аснове фразеалагізма выразны намёк: цень засланяе прадметы ад святла, зацямняе іх. Параўн.: «Самая доўгая галіна кідала цень на падаконнік» (У. Рубанаў).

Кінуць камень у каго. Паўкалька з царк. — слав. м. (верзити камень). Асудзіць, ачарніць, абвінаваціць каго-н. Дзіця будзе мець хлеб, вопратку і калі вырасце, то на свой розум хай робіць, як хоча. Можа, ён захоча кінуцьу нас камень… I тады хай яго судзіць бог і добрыя людзі (Э. Самуйлёнак. Будучыня).

Узнікненне фразеалагізма звязана са звычаем караць смерцю, «забіваючы камянямі», які быў у старажытнай Іудзеі. Выраз непасрэдна паходзіць з евангельскай прытчы (Іаан, 8, 77). Аднойчы кніжнікі і фарысеі прывялі Ісусу Хрысту на расправу жанчыну, якую абвінавачвалі ў распусце, але «ён нават галавы не падняў на іх… Толькі сказаў: „Каго вы, людзі, судзіце?! Ану, кіньце ў яе камень той, хто без граху!“ I ніхто… не кінуў» (А. Карпюк). У помніках старажытнай беларускай пісьменнасці яшчэ адчуваецца жывая сувязь фразеалагізма з крыніцай яго ўзнікнення; напрыклад, у «Гістарычна-палемічным даследаванні пра пачатак і распаўсюджанне Уніі ў Літве і Заходняй Русі…» (1600–1605): «А тамъ же отъ местъ разные на нихъ скарги чинено до митрополита, который бы моглъ первшый камень кинути, по евангелскому слову».

Кінуць камень у агарод чый, каго. Гл. кідаць (кінуць) камень у агарод чый, каго.

Кінуць косць каму. Запазыч. з руск. м. Даць зачэпку для спрэчак, сваркі. Кінуў людзям косць, а сам у кусты. Так выходзіць? (К. Крапіва. Брама неўміручасці).

Выраз паходзіць з байкі І. А. Крылова «Сабачая дружба», дзе спачатку выкарыстаны як пераменнае, свабоднае словазлучэнне, а затым, у маралі, з метафарычным сэнсам. У байцы гаворыцца, як Палкан і Барбос кляліся адзін аднаму ў вечнай дружбе (пераклад К. Крапівы):

Прэч сваркі, зайздрасць, злосць!

Тут повар на бяду ім з кухні кінуў косць.

Вось да яе сябры наўзахваткі імчацца, —

Ім не наўме дружыць,

Давай Пілад з Арэстам загрызацца,

Аж толькі шмоцце з іх ляціць:

Іх ледзьве разлілі вадою.

Свет поўны дружбаю такою.

Цяпер у дружбакоў малая ёй цана

I падыход амаль што ў іх аднакі:

Паслухаць, дык душа, здаецца, ў іх адна,

А кінь ім толькі косць, дык што твае сабакі!

Кінуць пальчатку каму, чаму. Гл. кідаць (кінуць) пальчатку каму, чаму.

Кінуць у вочы каму, каго што. Гл. кідаць (кінуць) у твар каму; каго што.

Кінуць у твар каму, каго што. Гл. кідаць (кінуць) у твар каму, каго што.

Кінуць якар дзе. Гл. кідаць (кінуць) якар дзе.

Кісларод перакрыты каму, чаму. Агульны для бел. і руск. м. Створаны неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. дзейнасці. Ад абразы, паклёпаў балюча ўздымацца, перакрыты надоўга калі кісларод (Нар. воля. 4.04.1997).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага перакрыць кісларод каму, чаму (гл.).

Кітайская грамата. Агульны для ўсходнесл. м. Недаступнае для разумення, тое, у чым цяжка разабрацца. У яе прыстойнае вымаўленне, учэпістая памяць. Запомніла шмат слоў і зусім вольна адчувае сябе на старонцы, якая яшчэ ўчора была кітайскай граматай (І. Навуменка. Замець жаўталісця).

Метафарычнае значэнне, якое цяпер мае гэты выраз, узнікла на аснове канкрэтнага. Кітайская грамата (пісьмо) цяжкая для авалодання ёю. У Кітаі карыстаюцца не гукавым пісьмом, а іерогліфамі, кожны з якіх абазначае пэўнае слова. Такіх графічных знакаў ёсць каля 60 тысяч, з іх 6–7 тысяч найбольш ужывальныя, без ведання якіх нельга прачытаць газету, часопіс, папулярную літаратуру. Многія іерогліфы вельмі складаныя.

Кітайская сцяна. Агульны дляўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) неадольная перашкода; поўная ізаляванасць ад каго-, чаго-н., 2) чаго, сур’ёзная перашкода ў чым-н. Добра паказана [у аповесці А. Мальдзіса] таксама, што ў гістарычным плане аніякай «кітайскай сцяны» не было паміж беларускімі і літоўскімі вёскамі ў межах адных і тых самых паветаў і валасцей Беларусі і Літвы (ЛіМ. 14.12.1984). Ідэя наша — наша сіла… Каб толькі не расла неразумення наўсцяж кітайская сцяна (М. Лужанін. Як нараджаўся новы свет).

Узнік на базе тэрміналагічнага словазлучэння. Вялікай кітайскай сцяной называюць крапасную сцяну ў Паўночным Кітаі, якая будавалася ў IV–III стст. да н. э. і часткова захавалася да нашых дзён. Зробленая з каменных пліт, цэглы і зямлі, даўжынёй да пяці тысяч кіламетраў, пры шырыні да шасці і вышыні да дзесяці метраў, яна прызначалася для аховы ад набегу вандроўных плямёнаў. Гэта была сур’ёзная перашкода для ворагаў.

Класці (пакласці, палажыць) пад сукно што. Агульны для ўсходнесл. м. Адкладваць рашэнне чаго-н. (справы, просьбы, заявы), пакідаць без увагі, без руху. [Глуздакоў:] У нас ёсць пісьмо з вобласці аб перагібах Буйкевіча? [Цесакоў:] Першы раз чую. [Лявон: ] Няўжо і там пад сукно палажылі? (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).

Узнікненне фразеалагізма звязана з традыцыямі даўнейшай судовай практыкі, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час пад сукно, якім засцілаўся службовы стол чыноўніка.

Класці (пакласці, скласці) на алтар чаго, чый што. Блізкі па форме адпаведнік ёсць у розных мовах: руск. (приносить на алтарь чего), укр. (приносити (віддавати, складати) на вівтар (алтар) чого, чий што), польск. (złоżуć nа оłtаrz сzegо со) і інш. Аддаваць што-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Мусіць, у гісторыі не было іншага чалавека, які б паклаў на алтар беларускага асветніцтва столькі ўласных сродкаў, як Магдаліна Радзівіл (Настаўн. газ. 26.01.2002).

Узнік у выніку пераасэнсавання рэлігійнага тэрміналагічнага словазлучэння, дзе алтаром называецца месца, на якое ўскладаліся ахвярапрынашэнні і перад якім адпраўляліся культавыя абрады.

Класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе; скласці (злажыць, пакласці, палажыць) галаву за каго, за што, дзе. Агульны для ўсходнесл. і польск. (złоżуć głowę) м. Гінуць у баі, ахвяроўваць сабой. — Дзе ж ваш Анатоль цяпер? — Жывога няма! Каб на вайне галавы не склаў, дык абазваўся б дагэтуль (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

Выраз з рознымі варыянтамі дзеяслоўнага кампанента сустракаецца ў старажытных помніках, у тым ліку ў «Слове аб палку Ігаравым». Узнік, хутчэй за ўсё, у вайсковым асяроддзі, у баявой практыцы. Кампанент галава выступае як сімвал жыцця.

Класціся на алтар чаго, чаму. Блізкі па форме адпаведнік, відаць, ёсць у іншых суседніх мовах, хоць у слоўніках і не фіксуецца. Аддавацца чаму-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Ды што змагацца з неспазнаным? На алтар яму кладзецца творчасць — ахвярапрынашэнне, калі ахвярнікам робіцца мальберт, аркуш паперы, сцэна, ахвярай — талент і дух (В. Куртаніч. Майстра практычных дыскусій).

Утварыўся на аснове суадноснага фразеалагізма класці на алтар чаго, чый што (гл.).

Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘паддацца на падман’ і ‘аказацца пад уздзеяннем чаго-н.’. Толькі свіснулі — і ты прыбег. Можна павіншаваць мяне — я выйграў пары. Я быў упэўнены, што ты клюнеш на гэтую вудачку (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Пальчык, як маленькі, клюнуў на вудачку свае ўласнай фантазіі і нейкага хваравітага ўяўлення (У. Дамашэвіч. Я шукаю бацьку).

Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.

Кляваць носам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. клевать носом, укр. клювати носом). Драмаць седзячы ці стоячы. Паўлік так навеславаўся, што заснуў у бацькавай лодцы. Канашэвіч таксама клюе носам (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Склаўся праз супастаўленне чалавека, які то апускае, то падымае галаву, калі дрэмле седзячы ці стоячы, — з птушкамі, калі яны клююць ежу дзюбай.

Кожны сустрэчны. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. каждый встречный, укр. кожний стрічний). Любы, без разбору чалавек. Нярэдка ў жыцці наглядаецца, што двудушнік, пустазвон кожнага сустрэчнага надзяляе такімі ж рысамі характару, якімі валодае ён сам (Р. Семашкевіч. Бацька ў калаўроце).

Утвораны на аснове фразеалагізма першы сустрэчны (гл.) — калькі з франц. м.

Колькі лет колькі зім! Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сколько лет сколько зим!;укр. скільки літ скільки зим!). Як даўно не бачыліся! Вокліч пры сустрэчы з кім-н., каго даўно не бачыў, з кім даўно не сустракаўся. Церах пазнаў Васіля адразу. Растапырыўшы рукі, стаў на дарозе.Іванавіч! Колькі лет колькі зім!.. (І. Навуменка. Срэбныя імхі).

Узнік у выніку скарачэння выразу колькі лет колькі зім не бачыліся! Лет — устарэлая форма род. скл. мн. л. ад лето.

Конь божы. Уласна бел. (параўн. у польск. м.: kоń Рапа Jеzusа) Ужыв. як эўфемізм, як своеасаблівы стылістычны сінонім да слова асёл са значэннем ‘тупы, неразумны чалавек’. —Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня…Матка боская!зноў спыняе яго панна Рузя. — Ну, сабраў, ну, прыйшоў, ну, разбіў!.. Конь ты божы! Ды гавары ты, нарэшце, сваімі словамі! (Я. Брыль. Сірочы хлеб).

Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос ездзіў па свеце на асле. Параўн.: «Калі ўязджаў Ісус Хрыстос у Іерусалім, Асёл яго на спіне вёз, натоўп ішоў за ім» (К. Крапіва. Асёл Ісуса Хрыста). Выраз узнік як перыфраза, як другая назва асла — пры адначасовым перанясенні назвы з зыходнага значэння слова асёл (‘жывёліна’) на другаснае, метафарычнае (‘тупы, неразумны чалавек’).

Коп’і ломяцца (ламаліся) з-за каго, з-за чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Адбываюцца гарачыя спрэчкі, рашучая барацьба. Я стараўся не ўдзельнічаць у гэтай баталіі, адмоўчваўся, аднекваўся, рабіў выгляд, што не разумею, з-за чаго ломяцца коп`i (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага ламаць коп`i з-за каго, за што (гл.).

Костачкі (косці, косткі) перамываць каму, чые, каго. Усходнесл. Абазначае: 1) абгаворваць, бэсціць каго-н., 2) асуджаць чые-н. недахопы, крытыкаваць каго-н. Ніна пацягвала з кубка чай, а Яроціха, усеўшыся з нагамі на табурэтцы і ўспёршыся локцямі на столік, не пераставала гаварыць. І ўсё тое самае: пра школьных сарок, якяны Нініны костачкі перамываюць (М. Лобан. Гарадок Устронь). Навошта перамываць косткі завочна, траціць зарад крытыкі, ці не лепш пакінуць яго на лепшы час? (І.Шамякін. Крыніцы).

Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзіліся без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г. зн. без абгаворвання.

Костка ў горле каму, для каго, для чаго. Уласна бел. Вялікая перашкода, непрыемнасць для каго-, чаго-н. Ён жа [Ціток ]можа стаць другім багачом у воласці. Каб толькі гэта костка ў горле, Кандрат, за ім не ўплянтаўся (М. Лобан. На парозе будучыні).

Утварыўся на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і адпаведныя граматычныя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Косць ад косці каго, чыёй. Запазыч. з царк. — слав. м. У Бібліі (Быццё, 2,21–23) пра стварэнне першых людзей на зямлі гаворыцца, як Адам, прачнуўшыся і ўбачыўшы Еву, зробленую з яго рабрыны Богам, сказаў: «Вось гэта косць ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй». Выраз, які ў словах біблейскага Адама меў і канкрэтны сэнс, стаў вобразным абазначэннем роднасці ці ідэйнай блізкасці: Я косць ад косці, крывінка ад крывінкі мужыка… (Т. Хадкевіч. Даль палявая). Цярэшка — косць ад косці свайго народа, ён беларускі ўсім… (С. Ляўшук. Гэта яго лёс).

Косы сажань у плячах. Гл. касы (косы) сажань у плячах.

Кот марцовы. Уласна бел. Распуснік, блуднік. — Дык ты, кот марцовы, да суханоўскіх дзяўчат унадзіўся,жартаваў Андрэй (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Цяпер ужо слова марцовы — у разрадзе архаічнай лексікі. Яно абазначае ‘сакавіцкі’ і ўтворана ад устарэлага марац ‘сакавік’; абодва падаюцца ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіча. Слова марац захавалася ў некаторых прыказках: Марац адкусіць палец; Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. У фразеалагізме — намёк на перыяд кацінага «вяселля», які прыпадае на «марац», калі каты з працяглым роспачным мяўканнем бегаюць пад вокнамі.

Кот наплакаў каго, чаго. Агульны дляўсходнесл. і польск. (tуlе со коt парłакаł) м. Вельмі мала (пра невялікую колькасць каго-, чаго-н.). —Патроны ёсць?.. — Штук дзесяць. — Не багата… У нас іх таксама кот наплакаў (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Іншы раз узнікненне гэтага фразеалагізма звязваюць з адной малавядомай фальклорнай песенькай. Выраз, аднак, з’яўляецца плёнам народнай фантазіі. Параўн. аналагічнае індывідуальна-аўтарскае ўтварэнне жук начхаў: «Комплексаў у нас, як вы самі ведаеце, жук начхаў…» (К. Крапіва). Выраз у сваім развіцці прайшоў, хутчэй за ўсё, стадыю параўнальнага звароту. У форме як кот наплакаў ён выкарыстаны ў творах Ц. Гартнага, М. Лынькова, М. Машары, У. Паўлава, В. Праскурава. У такой самай форме зафіксаваны М. Федароўскім. Параўн. таксама ва ўкр. м.: як кіт наплакав.

Кот у мяшку. Агульны для бел. і руск. м. Невядомае, няпэўнае. Гы ў мяне возьмеш самых надзейных [падпольшчыкаў], а мне будуць прысылаць катоў у мяшку (І.Новікаў. Тварам да небяспекі). Ужываецца і з заменай апошняга кампанента: Атрымалі мы не старшыню, а катаў торбе (У. Корбан. Хворы).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма ката у мяшку купляць (гл.).

Коўзанне (слізганне) па паверхні. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. скольжение по поверхности, укр. ковзання по поверхні). Дзеянні знешняга характару, павярхоўныя, без заглыблення ў сутнасць чаго-н. У большасці на старонках раённых газет — слізганне па паверхні, прывычны парадны тон (Звязда. 31.01.1987).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага коўзацца (слізгаць) па паверхні ‘не ўнікаючы ў сутнасць, закранаць толькі знешні бок чаго-н.’.

Краевугольны камень чаго. Запазыч. з царк. — слав. м. Аснова, найважнейшая частка чаго-н. Тут, па сутнасці, сфармуляваны эстэтычныя погляды, краевугольным каменем якіх з’яўляецца крытычны рэалізм (С. Майхровіч. Максім Багдановіч).

Выраз неаднаразова сустракаецца ў біблейскіх тэкстах (Ісаія, 26, 16). Яго першапачатковае значэнне — ‘камень, пакладзены ў фундамент будынка’: «…кладу ў падмурак на Сіёне камень… краевугольны». У Бібліі выраз ужываецца і з абстрактным значэннем, калі гаворка ідзе пра Зямлю як планету: «На чым стаіць аснова яе, хто паклаў камень краевугольны на ёй?» Са значэннем ‘аснова’ фразеалагізм выкарыстоўваецца ў старажытных беларускіх тэкстах; напрыклад, у «Гістарычна-палемічным даследаванні пра пачатак і распаўсюджанне Уніі ў Літве і Заходняй Русі…» (1600–1605): «Павел святый проповедалъ быти Христа головою церкви и каменемъ краеугольнымъ».

Кракадзілавы слёзы. Паўкалька з ням. (Кгоkоdіlstränеn) ці франц. (lаrmеs dе сгосоdіlе) м. Крывадушнае спачуванне, прытворнае шкадаванне. [Касперскі:] Кірыла Рыгоравіч! Няўжо вы сумняваецеся?.. Прысягнуць магу… [Анішчук: ] Кракадзілавы слёзы (І.Гурскі. Хлеб).

У аснове фразеалагізма — старажытнае павер’е, быццам кракадзіл, з’ядаючы сваю ахвяру, плача. Адна з ранніх фіксацый выразу сустракаецца ў помніку палемічнай літаратуры «Антиризись или Апологія противъ Христофора Филалета» (1599): «А што поведаете, жесте зъ жалостью серьдечьною учынили, — крокодиловы то слезы!»

Кранаць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго.

Крапіўнае семя. Запазыч. з руск. м. Чыноўнікі, якія займаюцца кручкатворствам і хабарніцтвам. Паліцыя… сабак на варотах вешае. Чыноўнікі — крапіўнае семя, чарнільныя пацукі, п ’яўкі антыхрыставы (У. Караткевіч. Зброя).

Першапачаткова гэта была пагардлівая мянушка прыказных і пад’ячых у Маскоўскай Русі. Магчыма, мянушка нейкім чынам была звязаная з выразам крапіўнае семя, які ў абласных рускіх гаворках абазначае ‘пазашлюбнае дзіця’. Параўн., аднак, ва ўкр. м.: засипати кропив’яним сем’ям — ‘рэзка вылаяць каго-н.’.

Кроіць сэрца каму, чыё. Уласна бел. Выклікаць вялікі душэўны боль, пакуты. — Не крой ты майго сэрца, Анежка!крычаў Петрас, грукаючы па стале (П. Броўка. Калі зліваюцца рэкі).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Крок за крокам. Калька з англ. м. (stер bу stер). Ужыв. са значэннямі ‘паступова, няўхільна’ і ‘паслядоўна, адно за другім’. Мы спасцігаем космас спакваля. За крокам крок — узорныя абшары (Г. Пашкоў. Мы спасцігаем космас спаквалля…). Крок за крокам удалося аднавіць падзеі, якія папярэднічалі таму трывожнаму ранку (І.Ракіцкі. Ллібі).

Заснаваны на асацыяцыі па падабенстве з чалавекам, які крочыць. Параўн.: «Памалу, мерна, крок за крокам у сваім раздум’і адзінокім дадыбаў бацька скора к дому» (Я. Колас).

Крок наперад. Калька з франц. м. (un раs еn аvаnt). Дасягненне, прагрэс у якой-н. справе. Гэта аповесць [ «Біяграфія майго героя»] для Сяргея Знаёмага ёсць немалы крок наперад (К. Чорны. Заўвагі да стылявых тэндэнцый у творчасці Сяргея Знаёмага).

Фразеалагізм усведамляецца як матываваны, з жывой унутранай формай.

Кропка пастаўлена. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. точка поставлена, укр. крапка поставлена). Завершана, скончана што-н. Я заўтра ж паеду да мамы… Я прымушу яе апамятацца. Яна, мабыць, думае, што напісала пісьмо і на гэтым пастаўлена кропка (Т. Хадкевіч. Песня Дзвіны).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу ставіць (паставіць) кропку на чым, над чым, у чым ‘завяршаць што-н., даводзіць выкананне чаго-н. да канца’.

Кропкі над «і» пастаўлены дзе. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. точки над «і» поставлены, укр. крапки над «і» поставлени). Няма нічога нявысветленага, усё даведзена да лагічнага канца. У пастанове і ўказе, на якія вы спасылаецеся, пастаўлены, як кажуць, кропкі над «і» (ЛіМ. 27.06.1986).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма ставіць (паставіць) кропкі над «і» (гл.), які абазначае ‘канчаткова высвятляць усё, не пакідаючы нічога недагаворанага, даводзячы ўсё да лагічнага канца’.

Кропля (капля) у моры <чаго>. Агульны для ўсходнесл. (руск. капля в море, укр. крапля в морі), польск. (kгорlа w mоrzu) і некаторых іншых м. Вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым-н. Зноў патрэбны сродкі. Тыя, што маем, — кропля ў моры (Полымя. 1976. № 1).

Мяркуюць, што выраз у сваім развіцці прайшоў стадыю параўнання (як кропляў моры), а пасля стаў ужывацца без параўнальнага злучніка.

Кроў ад крыві каго, чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв., калі гаворка ідзе пра кроўную або ідэйную роднасць, са значэннем ‘роднае дзіця’ ці ‘плён каго-, чаго-н’. Язэпу ўпершыню да ламаты ў скронях стала шкада гэтага дзіцяці, ягонага, кроў ад крыві… (А. Асіпенка. Жыта). Не можа быць! Бабейка, кроў ад крыві, косць ад косці мужыцкай, як ён сам любіў гаварыць пра сябе,каб ён падпаліў хлеб? (Т. Хадкевіч. Даль палявая).

Выраз узнік па мадэлі фразеалагізмаў косць ад косці (гл.), плоць ад плоці (гл.) як іх сінонім (выкарыстана іх граматычная структура і прыназоўнікавы кампанент ад). Звычайна ўжываецца побач з адным ці другім фразеалагізмам-сінонімам: «5 С [клас] — сяло. Плоць ад плоці і кроў ад крыві — сяло» (А. Васілевіч).

Кроў з малаком. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. (krеw zmlekіеm). Ужыв. са значэннямі ‘здаровы, моцны, у стане росквіту’, ‘вельмі прыгожы’ і ‘свежы, румяны (пра твар, шчокі)’. Антось — мужчына высокі і плячысты, пад дзевяноста кілаграмаў. Як кажуць, кроў з малаком (В. Супрунчук. Вегетарыянец). А, чорт… якая прыгожая, кроў з малаком. Не ведаю, як ты, ая зразу б укахаўся ў яе (П. Галавач. Загубленае жыццё). Бог даў ёй дочку Тадорку, вясёленькую, маўляў зорку, проста матчын ненагляд! Кроў з малаком яе шчочкі!.. (В. Дунін-Марцінкевіч. Шчароўскія дажынкі).

Відаць, пранік ва ўсходнесл. і польск. м. як недакладная калька з ням. м. (wie Мilch und Вlut, літаральна «як малако і кроў»); у форме злучальнай канструкцыі фразеалагізм ужываецца ў чэшск. (krеv а тlékо, літаральна «кроў і малако»), балг. (мляко и кръв) і некаторых іншых мовах. Вобразнасць фразеалагізма першапачаткова ўсведамлялася так: на белым, як малако, твары іграе яркі, як кроў, румянец.

Кроў з носа. Агульны дляўсходнесл. м. Абавязкова, нягледзячы ні на што, пры любых умовах. Слоў на вецер не кідайце, а калі ўжо што намечана, то кроў з носа, а каб было зроблена (В. Палтаран. Ключы ад сезама).

Паходзіць з канструкцыі больш поўнай формы хоць кроў з носа, а зраблю. Маюцца на ўвазе нярэдкія выпадкі, калі ў чалавека пры доўгай і напружанай працы можа пайсці з носа кроў.

Круціць баранку. Агульны для ўсходнесл. м. Працаваць шафёрам. Трэці дзесятак круціць баранку Васіль, а не захварэў на распаўсюджаную шафёрскую хваробу — ліхацтва (М.Гіль. Дзень пачаўся).

Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе баранкай называюць рулявое кола ў аўтамабілі.

Круціць катрынку. Уласна бел. Надакучліва гаварыць адно і тое ж. Кінь сваю круціць катрынку, будзь прасцейшы, не… нудзі (А. Александровіч. Напор).

Выток фразеалагізма аналагічны з вытокам іншых: заводзіць (завесці) катрынку, заводзіць (завесці) <сваю> шарманку (гл.). Катрынка прыводзілася ў рух кручэннем ручкі.

Круціць носам. Калька з франц. м. (hосhеr du nеz). Ужыв. са значэннямі ‘адмаўляцца, натурыцца’ і ‘важнічаць, выказваючы незадавальненне’. Трапляецца гэтакі чалавек, дык яна яшчэ носам круціць (А. Васілевіч. Доля знойдзе цябе). Брат, сват, дзядзька, чорт лысы хай робяць, а ён прыйдзе на гатовае, ён, бачыце, запанеў:.. І носам будзе круціць: «Ах, не такусё! Ах, не гэтак!» (П.Місько. Ціхае лета).

Фразеалагізм жэставага паходжання. Тут унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд.

Круціць шарманку. Агульны для бел. і руск. м. Надакучліва гаварыць адно і тое ж. Гебельс круціць шарманку, значыць — у Гітлера туз (К. Крапіва. Апошняя стаўка Гітлера).

Гэты фразеалагізм, як і тры іншыя, паходзіць з адной крыніцы. Гл. заводзіць (завесці) катрынку, заводзіць (завесці) <сваю> шарманку, круціць катрынку.

Крывіць губы. Уласна бел. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць. Хто ахвотнік неба мераць, дык выходзь сюды наперад. Ну, а ты што крывіш губы? Ці табе лятаць не люба? (К. Крапіва. Хто за намі?).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд, выкліканы гэтым станам.

Крывое кола. Уласна бел. Упарты чалавек, які сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе. — Васіль, пачакай, во нейкі малахольны,пачуў ён услед,нічога яму не скажы, крывое кола,не крані ты яго! (У. Саламаха. Напрадвесні).

Крыніцай фразеалагізма, як мяркуе Ф. М. Янкоўскі, стала прыказка Крывое кола на сябе гразь (бруд, балота) кідае. У трапным вобразе, што адарваўся ад прыказкі, амаль цалкам захоўваецца яе сэнс. Параўн. ужыванне прыказкі ў п’есе В. Зуба «Юнацтва рыцара»: «[Казімір: ] А я ўсё роўна раскажу ўсім, што галёшы айца Нікана ператварылі ў паштовую скрынку. [Стась — Казіміру, шматзначна: ] Крывое кола на сябе гразь кідае… Май гэта на ўвазе…»

Крытычная маса. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. критическая масса, укр. критична маса). Пэўная мера чаго-н., неабходная для рэзкага, імклівага пераходу чаго-н. у іншы стан. Мяркуючы па ўсім, у арабаў дасягнула крытычнай масы пачуццё шчымлівай крыўды, знявагі іх годнасці (ЛіМ. 21.09.2001).

Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у фізіцы называюць мінімальную колькасць ядзернага гаручага з падзельнымі нуклідамі, пры якім магчыма ажыццяўленне ядзернай ланцуговай рэакцыі дзялення.

Крыць няма чым каму. Агульны для бел., руск. (крыть нечем) и ўкр. (крити немае чим) м. Каму-н. няма як пярэчыць, няма як апраўдацца, няма чаго сказаць у адказ. Малайчына! Здорава пад’ехала!.. Мне і крыць няма чым… (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Першапачатковае значэнне гэтага выразу, што ўзнік у асяроддзі карцёжнікаў, — ‘няма чым пакрыць, пабіць карту праціўніка’.

Куды вочы нясуць (панясуць). Уласна бел. Адпаведна жаданням, куды захочацца, куды ўздумаецца (ісці, пайсці). Нацешышся, налюбішся, як я буду нагамі адбівацца, а тады сабе пойдзеш куды вочы панясуць (Л. Родзевіч. Пакрыўджаныя).

Узнік аб’яднаннем двух фразеалагізмаў-сінонімаў у адзін, вынікам іх кантамінацыі стаў фразеалагізм з тым жа значэннем: куды вочы глядзяць + куды ногі нясуць (панясуць). Зліццё фразеалагізмаў адбылося ў жывой народнай мове (выраз фіксуецца ў IV томе працы М. Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай»).

Куды крывая вывезе каго. Запазыч. з руск. м. (куда кривая вывезет). Як атрымаецца. — Бяры,працягнуў Міхалу [грошы] — там спатрэбіцца. Яшчэ невядома, куды крывая вывезе (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Паводле В. М. Макіенкі, поўная форма выразу — куда крывая лошадь вывезет, дзе крывая абазначае ‘кульгавая’. Паехаць на такой «лошади» — справа рызыкоўная: яна можа давезці, а можа і не давезці да неабходнага месца.

Кукіш з маслам. Гл. дулю (фігу, кукіш) з маслам.

Куку ў руку. Агульны для бел. і ўкр. м. Абазначае ‘хабар, звычайна грашовы’. Пасябраваў; сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы… (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

Склаўся, відаць, на аснове прыказкі Схавай тры грошы ў руку на куку; яе занатаваў на Беларусі ў сярэдзіне XIX ст. П. Шпілеўскі, узнікненне прыказкі ён звязваў са старажытным павер’ем. Прыметай вясны было з’яўленне зязюлі ў лясах, і, каб шчасце спадарожнічала чалавеку ўвесь год, трэба было, пачуўшы першае «куку», зазвінець мапетамі ў кішэні ці ў руцэ. На куку або на зязюльку стала абазначаць ‘грошы, прызапашаныя на шчасце’. Пасля куку стала асацыявацца з таемным падарункам (такое значэнне ў слове куку вылучае ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіч, ілюструючы яго прыкладам: «Сунь яму куку ў руку, і дзела пойдзе добра»). Першапачатковы сэнс выразу куку ў руку — ‘грошы ў руку каму-н.’.

Кульгаць на абедзве нагі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хромать на обе ноги, укр. кульгати на обидві ноги). Ужыв. са значэннямі ‘мець значныя недахопы, хібы ў чым-н. (у ведах, падрыхтоўцы і пад.)’, ‘ісці дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і пад.)’ і ‘вельмі дрэнны (пра парадак, дысцыпліну і інш.)’. Лёгка сказаць — праштудзіруй. А калі Антось яшчэ ў школе па хіміі кульгаў на абедзве нагі… (З. Шостак. Выгадная штука). А што да партыйнай работы, то яна ў нас кульгае на абедзве нагі (М. Лобан. Гарадок Устронь). Высветлілася, што на ўчастку, як кажуць, на абедзве нагі кульгала дысцыпліна, ігнараваліся правілы тэхнічнай бяспекі (В. Макарэвіч. На галоўным напрамку).

Сфарміраваўся, відаць, пад уплывам блізкага ў сэнсавых і структурных адносінах біблейскага выразу хромать на оба колена: «I падышоў Ілья да ўсяго народу, і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены?» (1-я кн. Царстваў, 18, 21).

Кульмінацыйны пункт <чаго, у чым>. Агульны для ўсходнесл. м. Найвышэйшы рубеж, вяршыня чаго-н. — Як вы думаеце, Сымон Іванавіч, ажэніцца наш знаёмы з гэтай дзяўчынай? — Я ўпэўнены. Наш прыход — кульмінацыйны пункту яго заляцанні (А. Пальчэўскі. Сваты).

Утварыўся ў выніку метафарызацыі астранамічнага састаўнога тэрміна, якім абазначаюць момант праходжання свяціла праз нябесны мерыдыян.

Кум каралю <і сват міністру>. Відаць, уласна бел., хоць зрэдку сустракаецца (як адназначны) ва ўкр. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) свабодны, ні ад каго не залежны, у выгадным становішчы, 2) багаты, заможны, забяспечаны, 3) вельмі добра, цудоўна (жыць, адчуваць сябе і пад.). Адзін я пачуваю сябе ніштавата: яшчэ дома нацягнуў гумовікі, то цяпер кум каралю (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Чалавек ты не дурны, а жыць не ўмееш… Колькі разоў табе казаў: слухай мяне і будзеш кум каралю (М. Арочка. Хай расце маладая таполя). Ты адчуваеш тут сябе — кум каралю (Д.Бічэль-Загнетава. У Гальшанах).

Першапачатковая структура фразеалагізма — двухкампанентная (кум каралю). Другая ж частка, факультатыўная і не часта ўжывальная, нарошчана, змадэліравана на ўзор першай і звязана з ёю злучнікам «і». Сустракаюцца выпадкі далейшага, праўда, індывідуальна — аўтарскага, разгортвання вобразнай асновы фразеалагізма і яшчэ большага пашырэння кампанентнага складу: «О, ты цяпер кум каралю і сват міністру… лёгкай і харчовай прамысловасці» (П.Місько). У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, — нерэальны, прыдуманы, іранічна-гіпербалізаваны вобраз. Магчыма, выраз напачатку ўжываўся як параўнальны зварот: «Я цяпер, брат, жыву, як кум каралю» (Р. Сабаленка); параўн. і ва ўкр. м.: «Тепер, взимку, я розкошую, мов кум королю» (М. Стэльмах). Выраз мог узнікнуць тады, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, якой кіраваў кароль. Ужыванне ў бел. м. гэтага трохзначнага фразеалагізма можна было б пацвердзіць 22 прыкладамі з мастацкіх тэкстаў, тады як ва ўкр. і руск. м. ён адназначны і ілюструецца ў слоўніках 2–3 цытатамі.

Купляць ката ў мяшку. Гл. ката ў мяшку купляць.

Курам на смех. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) вельмі дрэнны, 2) вельмі недарэчна, бяссэнсава, смехатворна, 3) зусім мала. Справы ў насу дэпо — курам на смех (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Гэта ж курам на смех, каб барон ды жаніўся з ёю, баранесай захацелася стаць… (М. Машара. I прыйдзе дзень…). Пятрок рабіў як пракляты, шчыраваў удзень і ўночы, а плёну было курам на смех (В. Быкаў. Знак бяды).

Узнік па мадэлі людзям на смех (параўн., напрыклад, у прыказцы Паспех людзям на смех). Каламбурны характар гэтага спалучэння ў тым, што куры не ўмеюць смяяцца. «Ні адна са свойскіх жывёл не дае найбольшых прычын да пагардлівых насмешак ці параўнанняў, як курыная парода» (С. Максімаў).

Курту з гурту выбіраць (выбраць). Уласна бел. (Выбіраць) каго-н. непрыгожага, кепскага. Выбіраюць курту з гурту — рэжа рэпліка (Р. Барадулін. У Джолсііта Дамасанава).

У літаратурнай мове няма назоўніка курта, суадноснага з першым кампанентам фразеалагізма, хоць і ёсць прыметнік куртаты (з чатырма значэннямі). У многіх жа беларускіх гаворках, як сведчаць дыялектныя слоўнікі, існуе слова курта ‘маларослы, нізкі чалавек’. У такім разе ўнутраная форма фразеалагізма становіцца празрыстай. Першы ж кампанент атрымаў больш шырокае негатыўнае значэнне ў параўнанні з зыходным. Выраз склаўся ў жывой народнай мове (фіксуецца М. Федароўскім: з гурту выбраў курту).

Куры не клююць грошай. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі многа (грошай у каго-н.). Хо-хо… Думае, у мяне грошай — куры не клююць… (П.Місько. Градабой).

Часам узнікненне фразеалагізма спрабуюць прывязаць да даўнейшых пэўных звычаяў. Думаецца, аднак, што гэта выраз з нерэальным вобразам у яго аснове, што гэта плён народнай фантазіі. Параўн. і іншыя з кампанентам куры: і куры не шэпчуць пра каго, куры будуць смяяцца з каго, курам на смех.

Курыць фіміям каму. Агульны для ўсходнесл. м. Падлізліва праслаўляць, узвялічваць кагосьці. Ёсць пара крытыкаў, вядомых нам, якія кураць фіміям… (К. Крапіва. Шчыры поп). Замест кампанента курыць ужываецца і кадзіць: Стала крытыкаў пашане, фіміяму не кадзілі, сходы ішлі не да світання, а не больш за паўгадзіны (М. Лужанін. Сілівон на дачы). Аналагічная вобразнасць і ў балг. фразеалагізме кадя тамян (‘курыць, кадзіць фіміям’).

Словы курыць і фіміям цяпер ужо ў пасіўным складзе лексікі. Першае абазначае ‘спальваць якое-н. рэчыва, што дае пахучы дым’, а фіміям тое самае, што і ладан. Разам жа яны ўтвараюць фразеалагізм, які, аднак, не мае адцення ўстарэласці. Ён паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага са старажытным абрадам ахвяравання, асобным відам якога было спальванне фіміяму перад багамі. Гэтым славілі і залагоджвалі іх. Фіміям курыўся і пры набажэнстве ў цэрквах, а таксама пры князёўскіх, царскіх дварах.

Курэнне фіміяму. Уласна бел. Надзвычайнае ўзвялічванне, ліслівае праслаўленне каго-н. Ад нечаканасці і такога адкрытага курэння фіміяму яледзь не з’ехала пад трыбуну, што стаяла побач (В. Паўлава. Шклоўскія страсці).

Узнік унутрыфразеалагічным спосабам на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу курыць фіміям (каму), набыўшы прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў (гл.).

Кусаць <сабе> локці. Агульны для ўсходнесл. м. Перажываць, шкадаваць з прычыны чагосьці няздзейсненага, непапраўна страчанага. От дзівачка! Удачы сваёй не бярэш! Ну што ж, я сказала! Дзела тваё. Кусай потым локці сабе! (І.Мележ. Завеі, снежань).

Узнік на вобразнай аснове прыказкі Блізка локаць, ды не ўкусіш, як бы насуперак яе літаральнаму значэнню. Сэнсавая блізкасць паміж фразеалагізмам і прыказкай відавочная: прыказка ўжываецца як выказванне жалю, калі нельга ўжо здзейсніць штосьці.

Загрузка...