Ц

Цалкам і поўнасцю. Калька з ням. м. (voll und ganz). У поўнай меры. [Матусевіч: ] А ў прынцыпея з вамізгодзен, як кажуць, цалкам і поўнасцю (М. Матукоўскі. Наследны прынц).

Абодва кампаненты, калі іх разглядаць на ўзроўні слоў, — сінанімічныя ў адным са сваіх значэнняў і выступаюць як сэнсаўтваральныя.

Царства нябеснае. Запазыч. з царк. — слав. м. Рай, замагільнае жыццё ў раі. I Ясік, чацвёртакласнік, y бацькаву дуду: «Ты што, мама, y царства нябеснае верыш?» (Т. Гарэлікава. Перыферыя).

Паходзіць з Бібліі, дзе ўжываецца неаднаразова; напрыклад: «Блаженны нищие духомъ, ибо ихъ есть царство небесное» (Матфей, 5, 3). У далейшым на аснове назоўнікавага фразеалагізма царства нябеснае склаўся выклічнікавы царства нябеснае каму, які ўжываецца пры ўпамінанні нябожчыка як пажаданне яму замагільнага жыцця ў раі. «— Адмучыўся!.. — Царства яму нябеснае, — перахрысцілася жанчына, захутаная ў коўдру» (С. Грахоўскі). У абодвух выпадках парадак кампанентаў адваротны, як і ў царк. — слав. тэксце.

Цераз пень калоду. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘абы-як, нядбала рабіць што-н.’ і ‘нязладжана, нягладка, з перашкодамі (ісці)’. Звычаёвае права вялося ледзь не з літоўскіх часоў.. і за стагоддзі так уелася ў плоць і кроў жыхароў, што мяняць яго было проста небяспечна: пачнуць працаваць цераз пень калоду… (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім). Бываюць жа такія дні: як нешта не зладзіцца зранку, так потым і ідзе цераз пень калоду (Полымя. 1982. № 7).

Этымалагічна гэта «абломак» фразеалагізма валіць цераз пень калоду (гл.).

Ціпун на язык каму. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. як рэзкае асуджэнне чыйго-н. недарэчнага выказвання і як нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое, што трэба. Гэтая накаркала. Помніце, я сказала: «Аднімуць у вас правы». A ён: «Ціпун вам на язык» (І.Шамякін. Сэрца на далоні).

Сучасная форма фразеалагізма, магчыма, з’яўляецца вынікам скарачэння кленіча; напрыклад, y «Вечарніцах» В. Дуніна-Марцінкевіча: «Каб на язык напаў ім ціпун!» (параўн. y сучаснай польск. м.: bodajbyś рурсіа na języku dostal — літаральна «каб ціпун на язык дастаў»). Ціпун — птушыная хвароба, нараст на кончыку языка і пашкоджанне гартані, поласці носа.

Ціхай сапай. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком, потайкам і паступова рабіць што-н. Нямала недабітых яшчэ бандытаў ходзіць. I ціхай сапай, скрыта краіне нашай шкодзяць (А. Александровіч. Пра ворага).

Выраз узнік y асяроддзі ваенных, дзе тэрмін сапа, запазычаны, як і роднаснае сапёр, з франц. м., абазначае ‘падкоп або роў y кірунку да непрыяцельскай пазіцыі’. Такія падземныя хады, звычайна для падрыву крапасных сцен, a таксама траншэі рабіліся непрыкметна, цішком. Ва ўзнікненні метафарычнага зместу фразеалагізма семантыкаўтваральную ролю адыгрывае і эпітэт ціхай, што «прырос» да пераасэнсаванай формы сапай.

Ціхая завадзь. Уласна бел. Спакойнае, бяспечнае месца, без клопатаў і трывог. Хочаце жыць y ціхай завадзі? Дзянісаў вам перашкаджае? Не, дарагі калега. Такія людзі, як Дзянісаў,вельмі нам патрэбны (М. Гамолка. Шосты акіян).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, y якім завадзь — ‘невялікі заліў рэчкі або возера з запаволеным цячэннем’.

Цішэй вады <і> ніжэй травы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. тише воды ниже травы, укр. тихше воды нижче трави). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі пакорлівы, сарамлівы, ціхі; такі, што трымаецца непрыкметна, нясмела’ і ‘вельмі пакорліва, нясмела, непрыкметна (трымацца, весці сябе)’. Добра, добра, дзядзька, не хвалюйцеся, Мы будзем цішэй вады ніжэй травы, маўчаць ды слухаць (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Няма ўжо таго ініцыятыўнага і аптымістычнага Астапчыка, якім мы яго ведалі. Трымае сябе цішэй вады і ніжэй травы, a паліцэйскія ўсё роўна ходзяць за ім следам і не спускаюць з вока (М. Машара. Лукішкі).

Выраз усведамляецца як матываваны. У яго вобразнасці знаходзіць адбітак фальклорная традыцыя, якая «трывала звязала ваду з эпітэтам ціхі, a траву — з эпітэтам нізкі» (В. М. Макіенка).

Цуд(-а) y рэшаце. Паўкалька з руск. м. (чудеса в решете). Штосьці незвычайнае, неверагоднае. Сам таварыш Вепручкоў Зябліку пакланіўся? Можа рашыў, што большую пасаду яму адвалілі? Цуда ў рэшаце, дый годзе! (І.Аношкін. Не па Юрку шапка).

Паходзіць з прыказкі Чудеса в решете: дыр много, a вылезть некуда.

Цукар мядовіч. Паўкалька з руск. м. (сахар медович). Празмерна ласкавы, прытворна-ветлівы чалавек. Ідучы са сходу, калгаснікі мармыталі: — Не старшыня, a цукар мядовіч…Словы салодкія, a справы ніякай…Звоніць, пакуль ахвоту згоніць (П.Місько. Наватар).

Узнік для абазначэння занадта саладжавага чалавека на ўзор імёнаў і імёнаў па бацьку (тыпу «Пятро Іванавіч»). Фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» (1874) І.І.Насовіча, праўда, з недакладнай дэфініцыяй: «кажуць пра чалавека капрызнага, сярдзітага, злой натуры».

Цыганскае сонца. Агульны для бел. і ўкр. (циганське сонце) м. Месяц, начное свяціла. Ты цыганскаму cонцу павер і спакою істотай даверся, адгадаеш тады па траве, што пад ёй і што ў небе наверсе (Ю. Голуб. Незнаёмыя шолахі траў…).

Выраз адлюстроўвае даўнейшы быт цыганоў, якія начавалі ў шатрах або пад адкрытым небам, пераязджалі на новае месца, асабліва ў гарачую летнюю пару, пры святле месяца і для якіх «ноч — матка: усё гладка» (намёк на крадзеж коней).

Цьма цьмушчая каго, чаго. Усходнесл. Незлічоная колькасць, вялікае мноства. Грыбоў улетку mym цьма цьмушча, народ сюды йдзе — гушчай-гушча (Я. Колас. Новая зямля).

Выраз з перажытачнымі моўнымі з’явамі мінулых эпох. Першы яго кампанент — архаічны лічэбнік, які даўней абазначаў ‘дзесяць тысяч’. Калі трэба было перадаць паняцце «сто тысяч», гаварылі цьма цем. Гэта свабоднае словазлучэнне пасля стала ўжывацца ў пераносным сэнсе для абазначэння незлічона вялікай колькасці людзей ці прадметаў. На аснове цьма цем узнік вытворны ад яго выраз цьма цьмушчая.. Першы кампанент фразеалагізма ў сучаснай мове ўсведамляецца як назоўнік, другі — як прыметнік. Таму магчымае іх ужыванне і ва ўскосных склонах, асабліва вінавальным: «Емяльян Пугачоў падняў цьму цьмушчую мужыкоў на сялянскую вайну!» (А. Макаёнак).

Цэнтр цяжару. Паўкалька з франц. м (centre de gravité). Самае асноўнае, галоўнае, сутнасць чаго-н. Ва ўсякім выпадку ясна адно: прэзідэнт пераарыентоўвае на хаду свой курс, цэнтр цяжару ў амерыканскай блізкаўсходняй палітыцы перамяшчаецца (А. Вярцінскі. Нью-Йоркская сірэна).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў сваім прамым значэнні ўжываецца ў маўленні фізікаў і інжынераў-будаўнікоў.

Цягаць з агню каштаны для каго. Калька з франц. м. (tirer les marrons du feu). Выконваць з рызыкай для сябе цяжкую працу на карысць кагосьці. Яны спадзяюцца, што мужык для іх пачне цягаць з агню каштаны (А. Куляшоў. Хамуціус).

Крылаты выраз з байкі вядомага франц. паэта XVII ст. Лафантэна «Малпа і кот», y якой расказваецца, як хітрая малпа Бертран, убачыўшы смачныя печаныя каштаны, прымусіла прастадушнага ката Ратона даставаць іх з агню для яе.

Цягнуць ваду на сваё кола. Уласна бел. Рабіць усё на сваю карысць, служыць выключна асабістым інтарэсам, не клапоцячыся аб іншых. Яму, Валеру, увесь час здавалася, што не мізэр, як лічыў Пятро, a шмат людзей імкнецца прыстасавацца ў жыцці як найлепeй і цягнуць ваду адно на сваё кола (У. Рубанаў Каштаны).

Паходзіць з прыказкі Усякі чорт на сваё кола ваду цягне ці Кожны млын на сваё кола ваду цягне. «У беларусаў,—піша І.І.Насовіч, — ёсць павер’е, што ўсякі млын і нават кожнае млынавое кола мае свайго асобнага апекуна-чорта».

Цягнуць валынку. Запазыч. зруск. м. Займацца чым-н. нудным, аднастайным ці занадта марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы. — Я пастараюся паклікаць яшчэ аднаго ці двух сведак. Паклікаць?A навошта яны? Я ведаю, што ўсё роўна зробіце так, як вам захочацца. A мне няма часу з вамі валынку цягнуць (А. Цяжкі. Інцыдэнт).

Склаўся, відаць, пад уплывам сэнсава тоеснага фразеалагізма цягнуць каніцель (гл.), назоўнікавы кампанент якога заменены словам валынка. Гэта замена можа быць абумоўлена тым, што валынка як духавы музычны інструмент, зроблены з трубак, устаўленых у скураны мяшок, іграе нудныя, цягучыя, аднастайныя мелодыі.

Цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго. Уласна бел. Мучыць, знясільваць цяжкай працай ці празмернымі патрабаваннямі. Ого, занадта добра ты пра гэтага шыбеніка думаеш! Не адстане ён, гізунты выцягне. I з цябе, і з мяне. Пабачыш вось (Б. Сачанка. Забытыя селішчы).

Узнік шляхам аб’яднання двух сэнсава блізкіх фразеалагізмаў y адзін: цягнуць жылы з каго (гл.) + даставаць гізунты з каго. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма цягнуць жылы з каго. Слова гізунты з’яўляецца запазычаннем з мовы ідыш (яўрэйскай мовы, y аснове якой ляжаць нямецкія дыялекты); гізунты — ‘здароўе’; параўн. y ням. м.: gesund— ‘здаровы’.

Цягнуць (выцягнуць) жылы з каго. Агульны для ўсходнесл. м. Мучыць, знясільваць цяжкай працай ці празмернымі патрабаваннямі. Раскажы маім хлопцам, як я тут гаравала. Як гэтыя вылюдкі цягнулі з мяне жылы. Сэрца маё чуе, што ты вернешся (І.Мележ. Мінскі напрамак).

У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.

Цягнуць каніцель. Запазыч. з руск. м. Займацца чым-н. нудным, аднастайным ці занадта марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы. Кастусь Аляшкевіч гаварыў неахвотна, на пытанні адказваў скупа. — Ударыў прызнаюся. Толькі не цягніце каніцель, судзіце хутпчэй,паўтараў ён упарта (А. Капусцін. Дзённік суддзі Верасаўца).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое абазначае марудную, нудную работу — выраб, выцягванне тоненькай металічнай, звычайна залатой або сярэбранай ніці (каніцелі) для вышывання.

Цягнуць ката за хвост. Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) нудна і аднастайна гаварыць, марудзіць з адказам, 2) занадта доўга рабіць што-н. Кажыце хутчэй. Што вы цягнеце ката за хвост (І.Гурскі. Патрыёты). 3 памольным зборам справа ясная. Не прыйдзеш, не скажаш: — Таварышы калгаснічкі, таварышы аднаасобнічкі, ды мяліце ж вы свой хлябец скарэй, чаго цягнуць ката за хвост? (М. Лобан. Гарадок Устронь).

У абодвух выпадках сэнс сказаў ніколькі не змяніўся б, калі б y іх было прапушчана спалучэнне ката за хвост. Справа ў тым, што дзеяслоў цягнуць мнагазначны: ён мае больш як дваццаць значэнняў, y тым ліку ‘марудзіць’ і ‘нацягваючы, прыбліжаць штосьці да сябе’. Пры ўзнікненні фразеалагізма цягнуць ката за хвост адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух гэтых значэнняў, накладанне на значэнне ‘марудзіць’ другога значэння з далейшым далучэннем камічнага дадатку. Узнікшы як чыясьці цікавая моўная знаходка, выраз стаў узнаўляльным агульнавядомым зваротам. Такі мастацкі прыём сутыкнення двух значэнняў y адным слове можна назіраць у шмат якіх беларускіх народных параўнаннях; напрыклад, y выразе прыстаць, як смала да падэшвы першае слова выступае з двума значэннямі адначасова: ‘прыліпнуць’ і ‘неадчэпна прывязацца да кагосьці’.

Цягнуць лямку. Паўкалька з руск. м. (тянуть лямку). Займацца нялёгкай, аднастайнай справай. Пяць год я цягнуў лямку студэнта, жывучы на не надта высокім акладзе старшага лабаранта ў навукова-даследчым інстытуце (У. Дамашэвіч. Хараство душы).

Выраз прыйшоў з мовы бурлакоў, якія і ў прамым сэнсе цягнулі лямку — шырокі скураны рэмень, надзеты цераз плячо. Бурлакі запрагаліся ў свае лямкі з пастронкамі, прымацаванымі да доўгай тоўстай вяроўкі, і, напружваючыся, цягнулі супраць цячэння баржу ці іншае судна. Цяжкая бурлацкая доля адбілася ў прыказцы Цягні лямку, пакуль не выкапаюць ямку.

Цягнуць рызіну. Агульны для ўсходнесл. м. Mae значэнні ‘марудзіць з адказам’ і ‘марудна рабіць што-н., марна траціць час’. — Тут нам падказваюць… Толькі прабачце, калі ласка… — Ды ладнаНе цягні рызіну… Па якой справе? (І.Аношкін. Плямачка). — Каб вы далі ватоўку: — На. На і ватоўку,рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін.Толькі не цягні рызіну (В. Быкаў. Круглянскі мост).

Утварыўся шляхам «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка): узнік на аснове слова цягнуць y выніку накладання на прамое значэнне ‘падаўжаць выцягваннем’ яшчэ аднаго значэння гэтага полісемічнага дзеяслова — ‘марудзіць, марудна рабіць’ і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам рызіну.

Цягнуць ярмо (ярэмца) <каго, якое>. Агульны для бел. і ўкр. (тягнути ярмо) м. Доўгі час займацца нялёгкай і аднастайнай справай. Ён [Купала] не хацеў цягнуць ярмо бацькі і ў 1903 годзе пайшоў «у людзі» шукаць службы (В. В. Барысенка, B.У.Івашын. Беларуская літаратура). У гаспадара было пяць дачок і тры сыны, яны і цягнулі ярэмца хлебаробаў (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшай цяжкай працай валоў, на якіх надзявалі ярмо — драўляны хамут для іх запрэжкі.

Цяжкая артылерыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. тяжелая артиллерия, укр. важка артилерія). Тое, што прытрымліваецца на крайні выпадак як самы дзейсны сродак для дасягнення чаго-н. Цяпер ён [Ігар] хуценька напісаў запіску: «Дзед, трэба хутчэй класці Мамрука на лапаткі. Выступай, а я потым з цяжкай артылерыяй» (Л. Гаўрылкін. Мы яшчэ будзем сябрамі).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных для абазначэння магутных гармат вялікіх калібраў і габарытаў.

Цяжкая рука ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. прыносіць няўдачу, няшчасце ў якой-н. справе, пачынанні і пад. — Я такі казаў вам, што ў Язэпа цяжкая рука,весела крыкнуў Гілёрык, рады, што выйшла так, як ён казаў (Я. Колас. Калодка пчол).

Склаўся на аснове былога павер’я, паводде якога ў адных людзей лёгкая рука (яна прыносіць удачу), a ў другіх — цяжкая (прыносіць няўдачу).

Цямна вада ва облацэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Незразумелае, туманнае. [Грэнка: ] I вы, едучы сюды, я думаю, не хваліліся, куды і чаго едзеце? [Гарнак: ] Цямна вада ва облацэх (Я. Колас. Забастоўшчыкі).

Выраз з біблейскага тэксту (Псалтыр, 17, 11): «И положи тму закров свой, окрест его селение его, темна вода во облацех воздушных». Во облацех — старая форма меснага скл. мн. л. ад слова облако —‘у воблаках’.

Цяп ды ляп (цяпляп). Запазыч. з руск. м. Абы-як, нядбала, спехам (рабіць што-н.). Цяп ды ляп, ды на «а можа» — рабіць не гожа

Ні к чорту не варта такая работа! (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Паходзіць з прыказкі Тяп-ляп да й корабль, якой характарызуюць работу, выкананую хутка і абыякава, і якая абазначае ‘абы-як, спехам — і гатова’.

Загрузка...