Ёлкі зялёныя. Запазыч. з руск. м. Вокліч захаплення, прыкрасці і пад. — Хлопчыкі мае! — крычаў Валодзя ўжо на самым вільчыку страхі. — Ах вы, ёлкі зялёныя, як далёка відаць! (Я. Брыль. У Забалоцці днее).
Ёсць меркаванне, што ўзнікненне выразу звязана з тым, што даўней на карчомных шыльдах малявалі яловыя галінкі.
Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах у каго. Паўкалька з руск. м. (есть еще порох в пороховницах). Хто-н. мае сілу, энергію, каб зрабіць, здзейсніць што-н. Каб даказаць, што сапраўды ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, ён, Пратасевіч, разагнаўся і, зусім не адчуваючы сваіх ног, як хлапчук, перасігнуў тады двухметровы язык полымя (А. Васілевіч. Пратасевіч).
Крылаты выраз з аповесці М. В. Гогаля «Тарас Бульба». У час бітвы з непрыяцелем Тарас тройчы звяртаецца да казакоў: «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? Ці не аслабела казацкая сіла? Ці не гнуцца казакі?» I чуе іх адказ: «Ёсць яшчэ, бацька, порах у парахаўніцах. Не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ не гнуцца казакі!»