В

Вавілонскае стоўпатварэнне. Агульны для ўсходнесл. м. Поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар. [Генка: ] Мама мая, што робіцца!.. Стоўпатварэнне вавілонскае. Свае сваіх не пазнаюць (К. Крапіва. Брама неўміручасці).

Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 11, 1–9), як жыхары старажытнага горада Вавілона (на тэрыторыі сучаснага Ірака) задумалі зрабіць вялізную вежу — аж да самага неба. Будаўніцтва вежы было спынена ўгневаным Богам: ён «змяшаў» языкі будаўнікоў, і яны загаварылі на розных мовах, не разумеючы адзін аднаго. Людзям стала не да вежы, бо падняўся страшэнны гвалт, вэрхал — тое, што мы цяпер называем вавілонскім стоўпатварэннем. Назоўнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся сінтаксічным спосабам, зрашчэннем двух слоў (столпа + твореные) у адно.

Вагавая катэгорыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. весовая категория, укр. весова категорія). Уплывова-ацэначная вартасць, велічыня каго- ці чаго-н. Выбачайце, Броўка і Пісарык, пры ўсім скептыцызме ў адносінах да першага, усё-такі розныя вагавыя катэгорыі (Л. Рублеўская. «Ці можна рукапіс прадаць?»).

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое выкарыстоўваецца пры класіфікацыі барцоў — спартсменаў класічнай або вольнай барацьбы. Параўн.: «У цяжкай вагавой катэгорыі, у якой перамог наш малады атлет, тады мелася сапраўднае сузор’е атлетаў… А чаму б Мядзведзю не скінуць дзесятак кілаграмаў і не перайсці ў паўцяжкую катэгорыю?» (А. Мяснікоў).

Вадзіць за нос каго. Магчыма, калька з франц. (mеner раг lе nеz) ці ням. (аn dеr Nаsе hеrumfürеn) м. Уводзіць у зман, абяцаць што-н. і не выконваць. Рытвінскага вельмі злавала думка, што нейкі хлапчук колькі часу вадзіў яго за нос (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Мяркуюць, што крыніца мастацкага вобраза, пакладзенага ў аснову фразеалагізма, тая самая, з якой выйшла і прыказка Мядзведзь скача, а цыган грошы бярэ. Даўней у многіх краінах Еўропы мядзведнікі вадзілі напаказ у людныя месцы мядзведзяў за кольца ланцуга, прасунутае ў нос. Мядзведзь, спадзсючыся на падачкі і не заўсёды атрымліваючы іх ды скоса пазіраючы на палку ў руках гаспадара, мусіў вырабляць розныя фокусы.

Вадзіць казу. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. са значэннямі: 1) хадзіць гуртам у стане ап’янення, 2) п’янстваваць, напівацца. [Грачоў гаворыць тром п’яным калгаснікам, якія ідуць абняўшыся: ] Што вы сабе думаеце, хлопцы! Пасяўная не за гарамі, а вы ў рабочы дзень казу водзіце па сяле (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). «Вадзілі казу» беларускія творцы і да вайны, натхніцелямі былі такія «геніі», як Алесь Кучар, і ён жа даносіў на п 'яную «свабодалюбівую» балбатню сваіх калег, і некаторыя з іх патаціліся за гэта жыццямі ці доўгай катаргай (І. Шамякін. Слаўся, Марыя!).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшым звычаем, які бытаваў на Украіне і ў многіх раёнах Беларусі, асабліва на Усходнім Палессі. Як сведчаць фалькларысты і этнографы, звычай захоўваўся яшчэ і на пачатку XX ст. У святочныя дні, пераважна перад Новым годам, гурт хлопцаў хадзіў па хатах калядаваць. Адзін з хлопцаў быў адзеты пад казу — з драўлянай казінай галавой і саламяным хвастом. Хлопцы віншавалі гаспадароў, спявалі калядныя песні, «каза» танцавала пад музыку. Каляднікаў частавалі гарэлкай, давалі падарункі. Усё гэта называлася «вадзіць казу». Абрад «ваджэння казы» падрабязна апісаны ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (Мн., 1989, с. 230–231). У некаторых сучасных працах па ўкраінскай фразеалогіі выраз вадзіць казу згадваецца як устарэлы. Але яшчэ ў «Слоўніку ўкраінскай мовы» пад рэдакцыяй В. Д. Грынчанкі (1958–1959) ён падаецца без паметы аб устарэласці як «п’янстваваць доўгі час, некалькі дзён».

Вадой не разальеш каго. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі дружныя, неразлучныя, заўсёды разам. На першых лекцыях мы толькі прыглядаемся адна да аднае. Пад канец заняткаў нас ужо не разальеш вадою (А. Васілевіч. Пачакай, затрымайся…).

У аснове фразеалагізма — вобраз, звязаны са спробай, разліваючы вадой, разняць, разагнаць жывёл, калі яны б’юцца. Параўн. ужыванне фразеалагізма з ажыўленнем яго ўнутранай формы шляхам далучэння да яго ў якасці аднароднага члена структурна-аднатыпнага свабоднага словазлучэння: «Не, гэта старыя прыяцелі, спрадвечныя дружбакі, якіх не разальеш вадой, не разгоніш парай» (М. Лынькоў).

Ваду ў ступе таўчы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужываецца са значэннямі ‘марнаваць час, займацца бескарыснай справай’ і ‘весці пустыя размовы, пустасловіць’. На чорта мне такая работа, што не дае карысці ні мне, ні людзям? Не хачу таўчы ваду ў ступе (А. Макаёнак. Твой хлеб). А што ты там бачыў, на сходах гэтых самых? Ваду ў ступе таўкуць? Таўкуць (МЛынькоў. Апошні зверыядавец).

Паводле паходжання гэта першая частка прыказкі Ваду ў ступе таўчы — вада і будзе. Выраз мае той жа сэнс, што і ў прыказцы; у кантэкст уключаецца без граматычных абмежаванняў, рэалізуючы ўсе формы асобы і ліку дзеяслоўнага кампанента (таўку, таўчэш і г. д.).

Вады не замуціць каму. Відаць, калька з ням. м. (kann kеіn Wässегсhеn trübеn). Не зрабіць ніякай шкоды, кічога кепскага каму. Бяры кажу, сынок, мая ягадка, хоць і Агатку — па мне што? Не я, а ты, Сымонка-дзіцятка, будзеш з ёй жыць: я ўжо старая, нядужая, і вады вам не замучу (Ядвігін Ш. Важная фіга).

Першааснова фразеалагізма — свабоднае словазлучэнне, звязанае з разнастайнымі жыццёвымі выпадкамі на берагах рэк, дзе мылі бялізну, паілі коней, бралі ваду. Добры чалавек не забываўся пра суседа, стараючыся не замуціць яму вады, калі той знаходзіўся ніжэй па цячэнні вады.

Шмат (многа, нямала, колькі, столькі) вады сплыло (сплыве). Калька з франц. м. (іl раssега bіеn dе 1’еаu sоus lеs ропts — літаральна «сплыве многа вады да той пары»), (Шмат) адбылося змен, прайшло часу. І хоць з той пары, як кажуць, шмат вады сплыло, — гэтулькі ж гадоў прайшло! — успомнілася мне з усімі драбніцамі гісторыя яго «хваробы» (М. Чавускі. Рэжым дык рэжым). Як даўно тое было… Колькі вады сплыло з таго часу (У. Кузьмянкоў. Два білеты ў цырк).

Паходжанне фразеалагізма тлумачаць такой з’явай: у старажытнасці час вызначалі вадзяным гадзіннікам — па ўзроўні вады, якая сцякала кроплямі. Можна таксама меркаваць, што фразеалагізм — скарочаны варыянт ранейшай, больш поўнай формы шмат вады сплыло ў раку (параўн. у зборніку М. Федароўскага: яшчэ многа вады у мора ўпадзе; у сучаснай англійскай мове (у перакладзе): шмат вады працякло пад мостам, у нямецкай: шмат вады працякло ў мора (Эльбу, Рэйн і г.д.).

Вазіць ваду на кім. Агульны для ўсходнесл. м. Абцяжарваць каго-н. непасільнай, зневажальнай работай. Будуць на табе ваду вазіць, во пабачыш… У каго ты такі недарэка? (А. Дудараў. Кола).

Паходзіць з прыказкі На сярдзітых ваду возяць.

Вайна (бітва, змаганне) з ветракамі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сражение с ветряными мельницами, укр. війна з вітряками). Дарэмная трата сіл, здольнасцей у барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі. Платон Восіпавіч… са злой іроніяй адрэзаў: — Прынцьтовасць у дадзеным выпадку — бітва з ветракамі (А. Асіпснка. Непрыкаяны маладзік).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма ваяваць (змагацца) з ветракамі (гл.).

Валаамава асліца (валаамаў асёл). Відаць, паўкалька з англ. (Ваlаат’s аss) ці франц. (апеssе dе Ваlаат) м. Пакорны, маўклівы чалавек, які раптам выказаў сваю думку або нязгоду, пратэст. [Антох: ] I лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў. [Поп: ] Ой, заклею я твой вобраз. [Антох: ] Паспрабуй, асёл валаамаў (У. Караткевіч. Маці ўрагану).

Утвораны на аснове біблейскай легенды (Лічбы, 22, 27–28) пра чараўніка Валаама і яго асліцу, якая, калі гаспадар пачаў біць яе, запратэставала чалавечай мовай, стала ўгаворваць гаспадара, каб ён не ішоў супраць Божай волі і адмовіўся ад намеру выконваць загад маавітанскага цара Валака.

Валасы сталі дыбам у каго. Фразеалагізм, з нязначнымі варыяцыямі, ёсць амаль ва ўсіх славянскіх і іншых еўрапейскіх мовах (напрыклад, у немцаў: dаs Нааг stеht zu Вегgе — валасы сталі ўгору; у французаў: сеlа fаіt dгеssеr lеs сhеvеuх — ад гэтага валасы становяцца дыбам). Выраз, хутчэй за ўсё, трапіў да нас як фразеалагічная калька з лац. м. (steteruntgue сотае).

Узнік як гіпербала для выражэння пачуцця неспадзяванага страху, калі здаецца, што на галаве нібы падымаюцца валасы. Ужыв. са значэннем ‘каго-н. ахоплівае жах’: Я крычаць, я тукаць на іх, валасы ў мяне дыбам (М. Ракітны. Жоўты). Замест дыбам выкарыстоўваюцца яго варыянты: валасы стануць дубка (К. Крапіва), валасы дуба становяцца (З. Бядуля), валасы ў дыбкі сталі (В. Каваль). Генетычна фразеалагізм можна кваліфікаваць і як «метафару, узятую з жывёльнага свету» (В. У. Вінаградаў): у жывёл пры небяспецы валасы становяцца дыбам.

Валіць цераз пень калоду. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіць няўмела, абы-як. Пасля ў закусачнай на памяць хлапец асмеліўся на верш… Яшчэ валіў праз пень калоду; але рабіў мяне раднёй свае радні, свайго завода, тае касыначкі рабой (М. Лужанін. Як нараджаўся новы свет).

Раней фразеалагізм меў больш поўную форму, у зборніку І. Насовіча ён падаеццатак: цераз пень, цераз калоду валіць без уходу. Гл. цераз пень калоду.

Валоданне пяром. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. владение пером, укр. володіння пером). Уменне свабодна і выразна выказваць свае думкі на паперы. Гэта вельмі непрыемна і прымушае яшчэ раз напамінаць аб неабходнасці дасканалага валодання пяром (Я. Колас. Аб літаратурнай працы).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага валодаць пяром.

Валоданне словам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. владение словом, укр. володіння словом). Здольнасць выразна, красамоўна гаварыць, пісаць. Творчую адоранасць Мікола Раманоўскі выявіў у Цімкавіцкім двухкласным вучылішчы, а пазней і ў гады вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Яго хвалілі за добрае валоданне словам (А. Бельскі. Сын зямлі і зорнага неба).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма валодаць словам, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых выразаў.

Валтасараў баль. Паўкалька з царк. — слав. м. Вясёлае, легкадумнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну. Робіцца гэта ўсё ў дагоду і па камандзе тых сіл, якія сёння ладзяць валтасараў баль на Беларусі (М. Скобла. Палімпсесты Ларысы Геніюш).

Паходзіць з Бібліі. У кнізе Даніілы (5) расказваецца пра баль у халдзейскага цара Валтасара. Падчас балю таямнічая рука напісала на сцяне чатыры прарочыя словы пра непазбежную пагібель цара, той жа ноччу цар быў забіты, а яго царства дасталося Дарыю.

Ва (на) усе лапаткі. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.)’ і ‘з вялікім напружаннем (рабіць што-н.)’. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, бяжыць, як можа, без аглядкі, але Пшавара даганяе, у ход дугу сваю пускае (Я. Колас. Новая зямля). Работы на ўсё лета во так во… I то трэба на ўсе лапаткі завіхацца, каб управіцца (І. Дуброўскі. Навіны Старога Свержаня).

Выраз у сваім 1-м значэнні сэнсава і граматычна спалучаецца толькі з дзеясловам бегчы ці яго сінонімамі, яго значэнне развілося ў выніку метафарызацыі: у каня, калі ён бяжыць вельмі хутка, рухаюцца і лапаткі. 2-е значэнне сфарміравалася ў фразеалагізме пры яго спалучэнні і іншымі дзеясловамі-суправаджальнікамі.

Варона загуменная. Уласна бел. Разявака, нерастаропны, нехлямяжны чалавек. Ш-ша! Замрыце, вароны загуменныя! — павысіў гаспадар голас (Л. Калодзежны. Дубовы крыж).

Выраз пры супастаўленні з адпаведным свабодным словазлучэннем не ўспрымаецца як метафарычны. Ён, хутчэй за ўсё, узнік у выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў слова варона (‘птушка’ і 'разявака’) і яго каламбурнага дапаўнення прыметнікам. Параўн. цікавы ў гэтых адносінах прыклад: «— Вароны мы, вароны загумснныя! — лаяў самога сябе і сваіх таварышаў адзін з трох» (Р. Хацксвіч).

Варона ў паўлінавых пёрах. Паўкалька з руск. м. (ворона в павлиньих перьях). Чалавек, які марна імкнецца паказаць сябе лепшым, больш значным, чым ён ёсць на самай справе. — Аднак з эсэрам Керанскім лічыцца ўвесь цывілізаваны свет… — Не вельмі. Керанскі — гэта варона ў паўлінавых пёрах, — наступаў Сяргей (І. Гурскі. Вецер веку).

Склаўся на аснове байкі І. А. Крылова «Варона» (1825). Уставіўшы сабе ў хвост паўлінавыя пёры, варона фанабэрыста пайшла гуляць з павамі, мяркуючы, што цяпер усе будуць глядзець на яе, як на дзіва. Атрымаўся, аднак, непрадбачаны канфуз (гл. ні пава ні варона).

Вароты пірагамі падпёрты ў каго. Уласна бел. Усяго ўволю, колькі хочаш (пра багатае жыццё). У Кунцэвічаў для Лазовіка заўсёды вароты пірагамі падпёрты. Алена Пятроўна, убачыўшы яго, замітусілася: —Ах, прагаладаліся, нябось… (В. Блакіт. Шануй імя сваё).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, узяты з народных казак.

Варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>. Відаць, калька з ням. м. (vеrsеtzеn Вегде). Выконваць празмерна вялікую работу, справу. У прасторным клубе сядзелі адны мужчыны, здаравякі, як на падбор. 3 такімі людзьмі можна было варочаць горы (А. Асіпенка. Жыта).

У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.

Варфаламееўская ноч. Відаць, паўкалька з ням. м. (Вагtholоmäusnacht). Масавае, нечаканае знішчэнне каго-н. Ляцяць! Нашы ляцяць! Родныя мае! Хутчэй! Хутчэй! Пачакай. Пачакай хвіліначку. Зараз будзе варфаламееўская ноч фашыстам. Ляцяць! (І. Шамякін. Шшобная ноч).

Паходзіць ад гістарычнай падзеі — масавага знішчэння гугенотаў-пратэстантаў католікамі ў Парыжы ўначы на 24 жніўня 1572 г. перад днём святога Варфаламея. Арганізаваная царквой разня перакінулася на іншыя гарады Францыі і працягвалася некалькі дзён.

Варыцца ў сваім (ва ўласным) саку. Калька з англ. м. (tо stеw іn опе’s оwn juiсе). Жыць ці працаваць без зносін з іншымі, не выкарыстоўваючы чужога вопыту. Мастакам трэба асяроддзе. Таму і ёсць правінцыялы, і проста самадзейнікі, таму што няма ў іх асяроддзя, у сваім саку варацца, падняцца не могуць (А. Жук. Белым снегам).

Выраз з жывой унутранай формай.

Вастрыць (навастрыць) вушы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вострить уши, укр. гострити уші). Напружана, уважліва прыслухоўвацца, насцярожвацца. Віктару не спадабалася, што такая размова вядзецца пры малых. Нават Кацька і тая «навастрыла вушы» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Паводле паходжання гэта метафара, узятая з жывёльнага свету, вынік пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей, напрыклад, сабакі ці каня, якія, адчуўшы небяспеку, настаўляюць вушы, пільна прыслухоўваюцца.

Вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што. Відаць, запазыч. з польск. м. (оstrzуć zęby); параўн. таксама: руск. вострить (точить) зубы, укр. гострити (точити) зуби. Ужыв. са значэннямі ‘ненавідзячы каго-н., рыхтаваць яму якую-н. непрыемнасць’ і ‘старацца завалодаць чым-н. ці трапіць куды-н.’. Калі яшчэ калгасаў не было, ён [Філютчык] ужо тачыў на мяне зубы. У кулакі мяне за маю працу дабіваўся ўпісаць (М. Лобан. Гарадок Устронь). Яшчэ за месяц усё панства мястэчка В. знала, што пісар першага верасня імяніннік, і кожны местачковы пан ужо вастрыў зубы на гэтыя імяніны (Я. Колас. Пісаравы імяніны).

Паводле І. Снегірова, узнікненне фразеалагізма звязана з перыядам дзейнасці польскага караля Стафана Баторыя (1574–1586), у гербе якога было тры зубы. Калі ён гневаўся на каго-небудзь, то гаварылі, што вострыць зубы на яго.

Ва ўвесь дух. Гл. на (ва) увесь дух.

Ва ўнісон. Паўкалька з італ. м. (аll’ unіsопо). Ужыв. са значэннямі ‘сугучна з чым-н. (спяваць, гучаць і пад.)’, ‘узгоднена, зладжана з кім-, чым-н. (рабіць што-н., дзейнічаць)’ і ‘згодна (адказваць, рэагаваць на што-н.)’. Пасля [матор] загуў роўна і сцішана, ва ўнісон вячэрняй цішыні (У. Ліпскі. Вогненны рэйс). Напэўна ж, не адзін уладальнік «Праменя» пазірае на мінскі гадзіннік, чакаючы, пакуль ва ўнісон з Крамлёўскімі курантамі дакладна супадуць стрэлкі, каб адзначыць надыход Новага года (Вожык. 1983. № 1). —Акурат так яно і бывае, — ва ўнісон пагадзіліся [суразмоўнікі] (М. Замскі. У пошуках нажніц).

Першапачаткова слова ўнісон ужывалася як музычны тэрмін для абазначэння сугучча, што ўзнікае пры адначасовай перадачы гуку некалькімі галасамі ці інструментамі.

Ва ўсякім (у кожным) выпадку. Калька з франц. м. (еntоut саs). Ужыв. з прыслоўным значэннем ‘пры любых абставінах, безумоўна’ і ў ролі пабочнага словазлучэння са значэннем ‘прынамсі’. Можна было не хвалявацца — Верамеек у кожным выпадку не прамінеш нават з завязанымі вачамі, абы ішоў паўз раку (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Данілка думаў, што на гэтым уся цырымонія і скончыцца, ва ўсякім выпадку, для яго (П. Пестрак. Вярнуўся).

Ва ўсякім (у кожным) разе. Агульны для бел. і ўкр. (у всякому разі) м. Ужыв. са значэннямі ‘пры любых абставінах, безумоўна’, ‘прынамсі’ і ‘усё-такі’ Усё спрачаліся, хоць пастанову прынялі вядома ўжо якую: бараніцца ў кожным разе! (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). Сяргей Карага пачуў, што канвойнікі будуць трымаць яго руку і што яны, ва ўсякім разе, не ворагі яму (Я. Колас. Сяргей Карага). Магчыма, і тут яго [Стася] не лічылі за чалавека, але ва ўсякім разе гэтага не сказалі (А. Чарнышэвіч. На сажалках).

Утвораны па мадэлі з сэнсава тоесным выразам ва ўсякім (у кожным) выпадку (гл.) — калькай з франц. м.

Ваяваць (змагацца) з ветракамі. Калька з ням. м. (mit Wіndmühlеn kämрfеn). Дарэмна траціць сілы ў барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі. Самі [бацька і Лёдзя] ускладняюць сабе жыццё… Ваююць з ветракамі, выдумляюць грозных, каверзных праціўнікаў (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Склаўся на аснове аднаго з эпізодаў рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615), дзе галоўны герой змагаецца з ветракамі, палічыўшы іх за злых веліканаў.

Вежа са слановай косці. Калька з франц. м. (tоur d’іvоіrе). Абазначае ‘індывідуалістычны свет’. А ўсякія спробы ўцячы ў вежу са слановай косці ад грамадства і тым самым ад сябе як асновы ва ўзаемаадносінах з часам канчаліся марна... (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).

Крылаты выраз належыць франц. паэту і крытыку Сент-Бёву, які ўжыў яго ў вершаваным пасланні «А. М. Vіllетаіn» (1837), характарызуючы паэтычную творчасць А. дэ Віньі.

Векі вечныя (век вечны). Агульны для ўсходнесл. м. Заўсёды, вечна. Ды не будзе ж так векі вечныя, а прыйдуць ніяк часы лепшыя (А. Гурыновіч. Бор).

Вытворны ад фразеалагізма ва векі вякоў (гл.).

Весці (павесці) рэй. Паўкалька з польск. м. (wоdzіć rеj). Быць завадатарам, верхаводзіць, аказваць уплыў на ход чаго-н. Весці рэй даручылі Дзіміну, і бяседа зашумела, як шуміць яна, калі ёсць юбіляры, аматары тостаў і людзі, якія паважаюць гаспадароў і сябе (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Слова рэй у польск. м. па-за фразеалагізмам не ўжываецца, але з’яўляецца часткай складанага слова wоdzіrеj ‘распарадчык (танцаў)’, якое ўзнікла на аснове нямецкага Rеіgеn ‘танец, хор, карагод’. Першапачаткова фразеалагізм wоdzіć rеj у польск. м. ужываўся ў дачыненні толькі да танцаў — са значэннем ‘быць распарадчыкам танцаў’. З блізкім да гэтага значэннем ён выкарыстаны ў паэме Я. Купалы «Бандароўна»: «У гульні сама рэй водзіць, весела міргае, задзіўляе ўсіх чыста, як зара якая».

Вечная памяць каму. Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. як пажаданне заўсёды помніць нябожчыка, звычайна за яго справы, учынкі і пад. Паны лёгка сваіх правоў не аддаюць. Так гаварыў твой бацька, вечная яму памяць (Л. Ялоўчык. Дачка служанкі).

Паходзіць з заключнай часткі песнапення памінальнай службы.

Вешаць (апускаць) галаву. Калька з франц. (bаіssеr lа tеtе) або ням. (dеn Корf hängеn lаssеn) м. Даходзіць да моцнага адчаю, маркоціцца, адчуваць душэўнае хваляванне. Мы з твайго пакалення, з кагорты байцоў, ні на хвілю не можам мы вешаць галоў (А. Куляшоў. Толькі наперад).

Выраз жэставага паходжання: унутраны, псіхічны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану — апусканні, нахіле галавы.

Вешаць нос на квінту. Агульны для ўсходнесл. м. Даходзіць да адчаю, тужыць, маркоціцца. — Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі. — О, не! І вешаць нос на квінту няма чаго! (Я. Колас. На ростанях).

Вешаць нос і вешаць нос на квінту — два фразеалагізмы-сінонімы. Яны адрозніваюцца вобразнасцю і паходжаннем. Першы не патрабуе этымалагічнага аналізу, бо ўсведамляецца як пераносны выраз (калі хтосьці сумуе, то ён звычайна апускае, вешае галаву). Другі фразеалагізм узнік значна пазней, чым першы, але на яго аснове і ў асяроддзі музыкантаў. Вобраз, пакладзены ў аснову фразеалагізма, становіцца зразумелым, калі мець на ўвазе, што музычны тэрмін квінта абазначае найвышэйшую па тону скрыпічную струну, да якой, як да найбліжэйшай, скрыпач амаль што датыкаецца носам, іграючы на інструменце і падтрымліваючы яго падбародкам.

Вешаць сабак на каго, каму. Гл. сабак вешаць на каго, каму.

Віламі па вадзе пісана. Агульны для ўсходнесл. м. Невядома, ці ажыццявіцца што-н. А скуль ты знаеш, што яны канешне прыйдуць? Га? То яшчэ віламі па вадзе пісана? (І. Мележ. Мінскі напрамак).

Як правіла, ва ўсіх тлумачальных лексічных слоўніках гэты фразеалагізм змяшчаюць пад словам вілы, хоць на самай справе ён семантычна зусім не звязваецца са значэннем ‘сельскагаспадарчая прылада’. Тут вілы — даўно зніклае слова, што абазначала ‘кругі’. З дзвюх варыянтных форм, у якіх ужываецца выраз (…па вадзе… і…на вадзе…), зыходнай трэба лічыць форму з прыназоўнікам на, што найбольш адпавядае першапачатковай вобразнасці фразеалагізма: віламі (г. зн. кругамі — на чым) на вадзе пісана. Форма па вадзе ўзнікла, відаць, у сувязі з успрыманнем слова вілы як ‘сельскагаспадарчая прылада’.

Віляць хвастом. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘ліслівасцю дамагацца чыёй-н. прыхільнасці’ і ‘хітраваць, крывадушнічаць, ашукваць’. Змяніўся і выгляд іх [эмігрантаў] хлёсткі, слухмяна віляюць хвастом, японскай чакаючы косткі пад бедным маньчжурскім сталом (А. Куляшоў. Баранаў Васіль). А ты, стары, не віляў бы хвастом, а адразу сказаў бы, калі не хочаш, калі табе не даспадобы ў нас… (Я. Брыль. Мышалоўкі).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей жывёлы, звычайна сабакі.

Вісець (віснуць, павісаць) у паветры. Калька з ням. м. (schwеbt іn dеr Luft). Ужыв. са значэннямі ‘знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы’ і ‘не атрымліваць спачувальнага водгуку, падтрымкі іншых людзей’. Паставіць [гараж] у сваім двары нельга, аў чужы хто пусціць? Так што пытанне з гаражом пакуль што вісела ў паветры (У. Шахавец. Блакітная мара). Пагражае [выкладчык] усімі карамі тым, хто ўцякае з лекцый і семінараў. Пагрозы віснуць у паветры (І. Навуменка. Бульба).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Параўн.: франц. êtrе еn l’aіr, англ. bе іn thе аіr (у абодвух выпадках літаральна «быць у паветры»).

Вісець на валаску. Калька з лац. м. (dе ріlо репdеt). Аказвацца ў вельмі ненадзейным, небяспечным становішчы. —Што чуваць, бацюшка? Што піша газетка? — Усё вісіць на валаску, — адказвае бацьку поп. — Захісталіся кардоны (А. Бялевіч. Малюнкі маленства).

Узнікненне фразеалагізма, відаць, мае сувязь са старажытнагрэчаскім паданнем пра цара Дыянісія Старэйшага і яго прыбліжанага Дамокла, які зайздросціў свайму ўладару, называючы яго самым шчаслівым з людзей. I вось зайздросніка запрасілі ў царскі палац і пасадзілі на трон. Радасць была нядоўгай і перайшла ў страх, бо Дамокл убачыў, што ў яго над галавой вісіць на конскім валаску востры меч. Як растлумачыў Дыянісій, гэты меч — сімвал небяспекі, якая ўвесь час падпільноўвае цара, знак нетрываласці яго шчасця.

Вісець на тэлефоне. Агульны для ўсходнесл. і польск. (wіsіеć ргzу tеlеfоnіе) м. Часта званіць і доўга гаварыць па тэлефоне. — Мала рухаецеся, — гаворыць урач пацыенту. — Відаць, работа ў вас сядзячая… — Вісячая… Цэлымі днямі вішу на тэлефоне (Вожык. 1975. № 20).

Сэнсаўтваральным тут выступае назоўнікавы кампанент. Гл. таксама абарваць тэлефон.

Вісець (павіснуць) паміж (між) небам і зямлёй. Уласна бел. Знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы. Не, калі ўжо вырашана, ехаць на Узлессе трэба неадкладна. Няма чаго вісець паміж небам і зямлёй. Хутчэй здаваць справы і — на новае месца (У. Шахавец. Месца ў жыцці).

Узнік, відаць, у выніку аб’яднання двух фразеалагізмаў: вісець у паветры ‘знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы’ + паміж небам і зямлёй ‘у стане няпэўнасці, неўладкаванасці (быць, знаходзіцца, заставацца і пад.)’. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма вісецьу паветры.

Воз і цяпер там. Паўкалька з руск. м. (воз и ныне там). Ужыв. у ролі другой часткі складаназлучанага сказа з супраціўнымі адносінамі і абазначае ‘справа ніколькі не рухаецца ўперад’. Пытанне разглядалася на розных узроўнях, усе, здаецца, былі згодны, але воз і цяпер там (А. Мальдзіс. Як імя тваё, мінская вуліца?).

Выраз з байкі І. А. Крылова «Лебедзь, Шчупак і Рак» (1814). У ёй расказваецца, як Лебедзь, Рак і Шчупак разам узяліся везці воз, але Лебедзь цягнуў яго ў неба, Шчупак — у раку, а Рак адыходзіў назад. Як ні стараліся яны, «ды толькі воз і цяпер там».

Вока за вока <зуб за зуб>. Запазыч. з царк. — слав. м. Адплата злом за прычыненае зло. А пасля замок на дзверы і запалку пад страху. На вяселлі афіцэры хай пагрэюцца крыху. — Зуб за зуб, за вока вока! (А. Астрэйка. Прыгоды дзеда Міхеда).

Частка біблейскай формулы закону адплаты (Левіт, 24, 20): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць».

Вока набіта(-е) у каго, чыё, на чым. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаз набит, укр. око набите). Хто-н. вельмі вопытны, каб беспамылкова вызначыць, ацаніць што-н. [Язэп: ] Неяк таўкуся я па базары, бачу дзяўчына пад вясковую апранутая. Сноўдаецца, анічога не прадае… Ага. У мяне вока набітае… (Х. Жычка. Дзе растуць бяссмертнікі).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага набіць вока (на чым), сэнс якога — ‘набыць вопыт, уменне хутка вызначаць што-н., ацэньзаць’.

Волас з галавы не ўпадзе ў каго, з чыёй. Калька з царк. — слав. м. Ніхто не кране каго-н., ніякай шкоды не зробіць каму-н. Гаварылі, што ў яго і волас з галавы не ўпадзе (ЛіМ. 6.10.1972).

Выраз сустракаецца ў евангельскім тэксце; Ісус гаворыць сваім вучням: «И власъ главы вашея не погибнетъ» (і волас з галавы вашай не прападзе).

Воленс-ноленс. Транслітэрацыя лац. выразу vоlеns nоlеns. Незалежна ад жадання ці нежадання. Уладзімір Паўлавіч сказаў шмат такога, што воленс-ноленс прымушае задумацца (І. Дуброўскі. Незамкнуты круг).

Выраз антытэзнай пабудовы, спалучэнне супрацьлеглых слоў. У бел. і руск. м. ужываецца і як калька — воляй-няволяй (гл.). На аснове лац. выразу ўтвораны яшчэ два фразеалагізмы: рад не рад (гл.), хочаш не хочаш (гл.).

Вольнаму воля. Агульны для ўсходнесл. м. Перадае значэнне ‘як сабе хочаш’, калі гавораць пра таго ці таму, хто не прымае чыіхсьці парад. Што ж, Васіль, вольнаму воля, а я табе раю ўсё ж такі добра падумаць (Я. Брыль. У Забалоцці днее).

Узнік з прыказкі Вольнаму воля, шалёнаму поле і існуе як яе скарочаны варыянт з тым жа значэннем. Эліпсаваны адпаведнік прыказкі — актыўная моўная адзінка, тады як сама прыказка цяпер ужо ўжываецца радзей: «— Як загадае ўлада пайсці ў калгас, дык і пойдуць усе… — А як не загадае?.. Як тады?.. — Як хто захоча… Вольнаму воля… — А шалёнаму поле?..» (М. Зарэцкі). Прамы сэнс першай прыказкавай часткі звязваецца з правам вольнага, непрыгоннага чалавека мець свабоду дзеяння, пераходзіць, пераязджаць з месца на месца.

Вольная птушка. Відаць, сэнсава змененая калька з ням. м. (vодеlfrеі, літаральна «вольная птушка»). Свабодны, ні ад каго не залежны чалавек (пра мужчыну ці жанчыну). — Ты ж у Шмерлінга ў канторы працуеш? — Шмерлінга я ўжо кінуў. Занудлівы вельмі. Над кожнай капейкай калоціцца. Я цяпер вольная птушка (Л. Дайнека. Людзі і маланкі).

У ням. м. vодеlfrеі мае значэнне ‘выгнаннік; той, хто не знаходзіцца пад аховай законаў’.

Вольны казак. Агульны для ўсходнесл. м. Свабодны, ні ад каго не залежны чалавек. Я сваіх стрыжаных праз два тыдні распускаю — і да самага верасня вольны казак. Любата. Што хочаш рабі (І. Навуменка. Сасна пры дарозе).

Словазлучэнне вольны казак, на аснове якога ўтварыўся фразеалагізм, сэнсава таўталагічнае, калі мець на ўвазе першапачатковае значэнне другога кампанента: слова казак — запазычанне з цюркскіх моў, дзе яно абазначае ‘вольны чалавек’. Вольнымі казакамі ў XV–XVIII стст. называлі сялян і пасадскіх людзей, якія ўцяклі ад феадальнага прыгнёту і пасяліліся на ўскраінах Рускай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага. У казацкіх таварыствах не было прыгонніцтва, кожны меў фармальна роўнае права карыстацца зямлёй, органы ўлады выбіраліся на сходах. Сярод вольных казакоў, асабліва ў Запарожскай Сечы, было нямала выхадцаў з Беларусі.

Вольны птах. Агульны для бел. і ўкр. (вільний птах) м. Свабодны, ні ад каго не залежны чалавек (пра мужчыну). Ты адзін, Пабла. Малады, дужы. Вольны птах. А ў мяне сям ’я (ЛЛевановіч. Валанцёр свабоды).

Утвораны на аснове фразеалагізма вольная птушка (гл.) — відаць, калькі з ням. м.

Воля ваша (твая). Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. як ветлівая форма выказвання згоды ці нязгоды з кім-н., абазначаючы ‘як хочаце, як лічыце патрэбным’. — Я вас арыштую. — Воля ваша, але я не вінаваты (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

З евангельскага тэксту: да будет воля твоя. Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да Бога, пасля пераасэнсаваўся, стаў дастасоўвацца да любога суразмоўніка.

Воляй-няволяй. Калька з лац. м. (vоlens nоlеns). Незалежна ад жадання ці нежадання. Унутрана ён адчувае: Швальбе спасаваў, таму воляй-няволяй схіліўся перад ім (І. Навуменка. Сасна пры дарозе).

Выраз антытэзнай пабудовы, спалучэнне супрацьлеглых слоў.

Вомегам вылазіць каму. Уласна бел. Ужыв. са значэннем ‘адпомсціцца, не праходзіць бясследна’, калі кажуць пра расплату за які-н. кепскі ўчынак. Яна ж яму сёння хацела сказаць, што балаўство яго вомегам вылазіць (М. Лобан. На парозе будучыні).

Паходжанне гэтага фразеалагізма становіцца зразумелым, калі высветліць сэнс яго першага кампанента. Вомег — гэта другая назва балігалову, двухгадовай расліны з сям’і парасонавых. Пра страшэннай сілы яд, выціснуты з вомегу, ведалі яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і карысталіся ім для знішчэння палітычных сапернікаў. Вядома, напрыклад, што славуты філосаф Сакрат быў атручаны вомегам. Лісты вомегу, падобныя на лісты пятрушкі або хрэну, а таксама плады, падобныя да анісавых, калі яны трапяць у ежу, выклікаюць хуткае атручэнне, знешнімі паказчыкамі якога з’яўляюцца ваніты, нястраўнасць жывата і інш. З такім станам хворага і звязана ўзнікненне спачатку свабоднага словазлучэння вомег вылазіць, а потым пераасэнсаванага, якое набыло пад уплывам фразеалагізма бокам вылазіць змененую форму першага кампанента. Выраз на пачатку свайго жыцця ўжываўся, відаць, толькі ў кленічах і быў зламоўным пажаданнем цяжкай хваробы і смерці ад атручэння вомегам.

Востры на язык. Запазыч. з руск. м. Знаходлівы ў размове, дасціпны. [Тадора] пасынка самога баіцца трохі чапаць Злосны і на язык востры — адсячэ зразу, аж абліжашся (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: востры суадносіцца са значэннем ‘дасціпны, з’едлівы’, а язык — са значэннямі як ‘орган маўлення’, так і ‘здольнасць выказваць свае думкі словамі’. Параўн. прыклады са словам востры ў згаданым значэнні: «востры на слова чалавек» (Г. Далідовіч), «вострая на слова Марылька» (Т. Хадкевіч). Фразеалагізм, хутчэй за ўсё, склаўся пад уплывам іншага — востры язык у каго (гл.) — калькі з франц. м.

Вострыя вуглы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. острые углы, укр. гострі кути). Рэзкія бакі чаго-н.; тое, што выклікае рознагалоссі і супярэчнасці. Прымаецца на выканкоме рашэнне, і трэба пракантраляваць, як яно выконваецца, Голуба там рэдка ўбачыш. Вострыя вуглы не па ім, абыходзіў ён вострыя вуглы (Э. Ярашэвіч. Святло імя твайго).

Узнік на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма згладжваць вострыя вуглы, што значыць ‘змякчаць рэзкія бакі чаго-н., вастрыню рознагалосся і супярэчнасцей’. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага выразу, гэты фрагмент атрымаў прадметнае значэнне, захаваўшы «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма.

Востры язык у каго. Калька з франц. м. (lаnquе effiléе). Хто-н. дасціпны, з’едлівы ў размове. —Хацелася б, каб іх [адмоўных якасцей] у вас было як найменей. — І мне таксама хацелася б гэтага. — У вас востры язык, — стрэліла ў мяне пранізлівым позіркам Мальвіна Ягораўна (Я. Васілёнак. Бліскавіца).

Восьмы цуд свету. Калька з англ. м. (еіghth wоndеr оf thе world). Штосьці дзіўнае, велічнае, незвычайнае. Я шмат чытаў для свайго ўзросту, гэта былі радкі накшталт радкоў нямецкага паэта Мюлера… I раптам: «Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор, ці запеў салавей, ці загагала гусь, — я тут бачу свой край, поле, рэчкі і бор, сваю матку — зямлю — Беларусь». Гэта было дзіва. Восьмы — а для мяне першы — цуд свету. А потым былі «Магіла льва», «Бандароўна», — і змяніўся свет. Назаўжды (У. Караткевіч. Пакуль гэта сэрца б’ецца).

У старажытнасці лічылася, што на зямлі ёсць сем цудаў свету — грандыёзных, надзвычайных збудаванняў: егіпецкія піраміды, вісячыя сады Семіраміды, храм Артэміды ў Эфесе, грабніца Маўсола ў Галікарнасе, Калос радоскі (медная статуя на востраве Родас), маяк на востраве Фарос, статуя Зеўса ў Алімпіі. У наш час выкарыстоўваюць выраз восьмы цуд свету для абазначэння чагосьці новага, нечаканага, надзвычайнага, як бы адштурхоўваючыся ад згаданых даўнейшых сямі цудаў (дарэчы, з магічным лікам сем, які называюць лікам гармоніі і нябеснай дасканаласці; параўн.: сем пірамід, сем мудрацоў, сем дзён у тыдні, сем колераў вясёлкі, сем нот, сем адтулін галавы, сем шыйных пазванкоў…).

Вось табе <бабка> і Юр’еў дзень! Паўкалька з руск. м. (вот тебе, бабушка, и Юрьев день!). Вокліч здзіўлення, расчаравання ў сувязі з нездзяйсненнем якой-н. надзеі. Ведаў Канстанцін Міхайлавіч і пра тое, што ў Мінску ўжо гаспадараць немцы. Вось табе і на! А яны з Марыяй Дзмітраўнай збіраліся ў маі ці чэрвені рушыць дахаты… Вось табе і Юр ’еў дзень! (С. Александровіч. Крыжовыя дарогі).

Да сярэдзіны XV ст. сяляне мелі права пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога пасля заканчэння ўсіх палявых работ, перад пачаткам зімы. Затым гэта права было абмежавана строга акрэсленым тэрмінам — за тыдзень да Юр’евага дня (26 лістапада па старым стылі) ці тыдзень пасля яго. А ў канцы XVI ст. быў забаронены пераход сялян і ў Юр’еў дзень, яны былі канчаткова замацаваны за феадаламі. У гэтай сувязі і ўзнік названы выраз, які пасля як вокліч расчаравання стаў прымяняцца і ў іншых маўленчых сітуацыях.

Воўк дарогу перабег каму. Уласна бел. Вельмі шанцуе каму-н. — Яму, — Ігнат кіўнуў на Адася, — няйначай, сёння воўк дарогу перабег. Я быў упэўнены, што ён прайграе, ажно не… (А. Кудравец. Сачыненне на вольную тэму).

Узнік на аснове павер’я, што воўк, які перабег дарогу каму-небудзь, «прадракае шчасце, а заяц або лісіца — няшчасце» (I. І. Насовіч).

Воўк у авечай скуры. Агульны для ўсходнесл. і польск. (wilk w оwсzеj skоrze) м. Чалавек, які маскіруе свае нядобрыя намеры ці дзеянні; крывадушнік. Вось, паглядзіце на яго. Здаецца — цяля, ягнё. А і ў душы ён — воўк, воўк у авечай скуры. Як можна на яго спадзявацца?! (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

Склаўся на базе выказвання з Евангелля (Матфей, 7,15): «Сцеражыцеся хлуслівых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ўнутры ёсць ваўкі драпежныя». Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю ёсць у ням. (WоІf іт Sсhаfреlz — воўк у барановым кажусе), чэшск. (vіlk v rоuсhu bегаnčіт — воўк у адзенні барановым) мовах.

Вочная стаўка. Агульны для ўсходнесл. (руск. очная ставка, укр. очна ставка) і балг. (очна ставка) м. Адначасовы і перакрыжаваны допыт абвінавачанага і сведак. Капітан прынёс пратакол вочнай стаўкі. Саламея, слепячыся, чытала яго (Р. Сабаленка. Вочная стаўка).

Узнік на аснове словазлучэння ставіць вочы на вочы, вядомага ў юрыдычнай справе з даўнейшых часоў. Так, у грамаце вялікага князя літоўскага (1511) «баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай» чытаем: «…паставити его очи на очи на явном суде хрестіянскомъ, и того, хто вадить, и того, на кого вадить».

Вочы адкрываюцца (раскрываюцца, адчыняюцца) у каго, каму, на што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаза открываются, укр. очі відкриваються). Хто-н., вызваляючыся ад памылковых поглядаў, пазнае сапраўдны сэнс чаго-н. [Мотэль] зайшоў у майстэрню і аслупянеў: бывае так, што ў чалавека раптам адкрываюцца вочы на што-небудзь (А. Чарнышэвіч. Світанне).

Утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма адкрываць (раскрываць, адчыняць) вочы (каму на каго, на што), сэнс якога—‘дапамагаць зразумець становішча, рабіць відавочнай праўду аб чым-, кім-н.’.

Вочы вялікія зрабіліся ў каго. Уласна бел. Хто-н. быў вельмі здзіўлены, збянтэжаны, разгублены. Толькі цяпер неяк усе звярнулі ўвагу, што каля агню з Дубалекавага атрада не было ні душы. Як вадою змыла. Калі і што? Ва ўсіх вочы вялікія зрабіліся. А Журавінку аж у пот кінула (М. Лобан. Шэметы).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, выраз утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага фразеалагізма рабіць (зрабіць) вялікія вочы (гл.).

Вочы на мокрым месцы ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаза на мокром месте, укр. очі на мокрому місці). Хто-н. часта плача ці гатовы заплакаць. — Чаго ты растакалася, мамка?.. — Вочы ў мяне на мокрым месцы, Дзінка, — усміхнулася скрозь слезы Аўдоля (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі).

Узнік, на думку М. М. Шанскага, у выніку скарачэння выразу ў яго больш поўнай форме вочы на мокрым месцы ўстаўлены.

Вуха на вуха. Агульны для бел. і руск. м. Адно на другое, паслуга за паслугу, рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.). Мірошнікаў.. ад Грышкі хоча аднаго — каб ён… дабром прывеціў гасцей, і ўжо толькі за гэта ён, Мірошнікаў, будзе яму вельмі «благадарны» і не паскупіцца на бочкі: як кажуць, вуха на вуха (У. Рубанаў. Грыбавар).

Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай.

Вушы вянуць <у каго, ад чаго>. Агульны для ўсходнесл. м. Прыкра, непрыемна слухаць што-н. (недарэчнае, непрыстойнае і пад.). — Што яны самі расказваюць, гэтыя малалеткі! Ідзіце вунь на калідор ці ў хол, дзе яны кураць, паслухайце. Вушы вянуць, — азваўся Валодзя (Я. Радкевіч. Між радасцей жыцця).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на прыпадабненні вушэй да лісця дрэва, пялёсткаў расліны, здольных сохнуць, рабіцца вялымі.

Выбівацца (выбіцца) з каляіны. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбиваться из колеи, укр. вибиватися з коліï). Ужыв. са значэннямі ‘пераставаць весці прывычны спосаб жыцця’ і ‘выходзіць са стану раўнавагі’. Раптам Андрэю захацелася паздзекавацца з гэтага чалавека, што выбіўся з каляіны (М. Лобан. Гарадок Устронь). Я ўжо да канца дня выбіты з каляіны (М. Матукоўскі. Амністыя).

Утварыўся ў выніку метафарычнага пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, у якім каляіна — ‘паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў’. Параўн.: «Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шоргалі па пыльных каляінах» (І. Мележ). Гл. сэнсава антанімічны фразеалагізм уваходзіць у <сваю> каляіну.

Выбіваць (выбіць) з каляіны каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбивать из колеи, укр. вибивати з коліï). Прымушаць змяніць прывычны рытм жыцця, звычайны ход спраў. Мяне смерць Тамаша страсянула ўсяго. Ніколі не думаў, што гэтак выб’е мяне з каляіны (К. Чорны. Зямля).

Утвораны са свабоднага словазлучэння, як і папярэдні — выбівацца з каляіны (гл.).

Выбіваць (выбіць) з сядла каго. Відаць, калька з ням. м. (аus dеm Sаttеl hеden). Пазбаўляць каго-н. цвёрдай упэўненасці ў сабе, выводзіць са стану раўнавагі. Непаладкі ў калгасе, хвароба жонкі і яе спроба атруціцца маглі выбіць з сядла любога чалавека, толькі не Васько (А. Асіпенка. Непрыкаяны маладзік).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння ў выніку яго пераасэнсавання. У час конных спаборніцтваў патрабуецца выбіць саперніка з сядла.

Выбіваць (выбіць) клін клінам. Агульны для ўсходнесл. м. Супрацьдзейнічаць тым жа спосабам, якім выкліканы пэўны стан ці дзеянне. Не знаходзячы месца ад рэўнасці, падазрэнняў, ён [Андрэй] не мог зрабіць, як робяць у такіх еыпадках некаторыя мужчыны: завесці на старане каханку, выбіваць, як гавораць, клін клінам (І. Навуменка. Старавіленскі тракт).

Узнік з прыказкі Клін клінам выбіваюць: на аснове канструкцыі, структурна арганізаванай як абагульнена-асабовы сказ, утварылася дзеяслоўнае словазлучэнне параўнальна шырокага дыяпазону спалучальнасці (выбіваю, выбіваеш і г. д.). У сваю чаргу ад дзеяслоўнага фразеалагізма ўзнікла суадноснае назоўнікавае ўтварэнне выбіванне клінам кліна: Мікалай за прыём браў залатымі рублямі і сваю методу лячэння называў «выбіваннем клінам кліна» (А. Карпюк. Вершалінскі рай).

Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘траціць працаздольнасць ці баяздольнасць’ і ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’. [Дзед] сяктак ад хваробы выкачаўся. Толькі надоўга выбыў са строю, і Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа (М. Лынькоў. Міколка-паравоз). [Целеш: ] Аварыя ў цэху шасі, Павел Міхайлавіч. Адзін электраматор выйшаў са строю, а ў рэзерве няма (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Утвораны на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.

Выбыццё са строю чыё, каго. Уласна бел. Страта магчымасці працаваць, дзейнічаць. [Нявідны] думае аб тым, у якой ступені выбыццё яго з строю работы адаб’ецца на самой рабоце (Я. Колас. Дрыгва).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выбыць са строю, адно са значэнняў якога — ‘страціць працаздольнасць ці баяздольнасць’ (гл.).

Вывесці на арбіту каго. Гл. выводзіць (вывесці) на арбіту каго.

Вывесці на чыстую ваду каго. Агульны для ўсходнесл. м. Выкрыць чые-н. цёмныя справы, нядобрыя ўчынкі. — Пакажу, зараз пакажу. Выведу я гэту кулацкую каросту на чыстую ваду! А гэта што?! — У руках у Гаварушкі такі было каліва жыта (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Мяркуюць, што фразеалагізм паходзіць з мовы рыбакоў — са словазлучэння вывесці на чыстую ваду рыбу (калі яна, клюнуўшы, трапіла на вудачку). Узнікненне выразу звязваюць таксама са старажытным жорсткім звычаем выпрабавання «ведзьмакоў» вадой: падазронага кідалі ў раку, і калі ён усплываў, то лічыўся вінаватым, а калі тануў — несправядліва абвінавачаным. У «Песні пра зубра» М. Гусоўскага чытаем: «Хопіць таго, каб пайшлі пагалоскі ў народзе: „Ён, бач, вядзьмар, і ціхцом ён з нячыстым вядзецца!“ Схопяць у міг бедалагу, павяжуць і рукі, і ногі і кінуць з высокага берага ў вір галавою; бачаць, што топіцца, — што ж, вінавайца, а як не топіцца, лічаць, што вінны напэўна!»

Вывесці ў поле каго. Устар. Запазыч. з польск м. (wуwеść w роlе). Спрытна, хітра ашукаць, падмануць каго-н. Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле? (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).

Узнік, хутчэй за ўсё, у маўленні паляўнічых. Ім лягчэй (з дапамогай сабак) упаляваць зайца, скіраваўшы яго з лесу ў адкрытае поле. Супаставім ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго ўнутранай формы праз параўнальны зварот, у выніку чаго вобраз, прыхаваны ў фразеалагізме, становіцца этымалагічна празрыстым: «Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў» (В. Дунін-Марцінкевіч). Ёсць і іншая этымалагічная гіпотэза. Б. А. Ларын у кнізе «История русского языка и общее языкознание» (М., 1977, с. 157) цытуе прыклад з украінскай народнай казкі: «Ты мене вывів у поле» (у значэнні «ты абдурыў мяне»). I далей: «А крыніцай гэтага фразеалагізма быў вельмі старадаўні выраз феадальнай эпохі, які абазначаў „ты выклікаў мяне на судовы паядынак (на суд Божы)“».

Вывесці ў расход каго. Гл. выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго.

Выводзіцца на арбіту. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца вядомым. Мы тут гаворым пра больш сур’ёзнае: пра той агульны арыенцір у сучаснай літаратуры, па якім выводзяцца на арбіту ўсё новыя эпапеі аб Вялікай Айчыннай вайне (А. Адамовіч. На бестэрміновай перадавой).

Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне касманаўтыкі.

Выводзіць (вывесці) на арбіту каго. Агульны для ўсходнесл. м. Дапамагаць стаць вядомым, з трывалым месцам у жыцці. Каб на мяне, дык я б паддаў каленцам не толькі Таўкачу, а й тым жа акружэнцам, якія застаюцца не пабіты, а Таўкачоў выводзяць на арбіту (М. Скрыпка. Таўкач і акружэнцы).

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне касманаўтыкі.

Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго. Агульны для ўсходнесл. м. Знішчаць, расстрэльваць. Войта Васіля Бусыгу ў расход вывелі як зацятага контррэвалюцыянера (Я. Колас. Дрыгва).

Склаўся шляхам пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у рахункаводстве карыстаюцца для абазначэння ўліку выдаткаў.

Выдаваць (выдаць) нагара што. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘рабіць што-н., займацца чым-н.’, ‘даваць жыццё чаму-н., спараджаць што-н.’ і ‘ствараць у працэсе творчай дзейнасці’. Як ні дзіўна, але да гэтага часу найменш выдалі нагара нашы кансультанты (М. Танк. Час і літаратура). Цяпер галоўная функцыя дырэктара заключалася ў тым, што ён выдаваў нагара новыя ідэі (І. Шамякін. Вазьму твой боль). Гэта тваё самае лепшае апавяданне, якое ты калі-небудзь выдаваў нагара. Ты проста малайчына! (В. Зуб. Дзве галавы лепш).

Утвораны на аснове горнага тэрміналагічнага словазлучэння, у якім нагара абазначае ‘наверх, на паверхню зямлі’. Параўн. ужыванне ў тэрміналагічным значэнні: «Брыгада Уладзіміра Шульгі выдала нагара за суткі тысячу тон руды» (М. Шыманскі).

Выдаць з галавой каго. Усходнесл. Аддаць на расправу. Жыгун жа «дружка» не пакрые: ён выдаў яго з галавою (Я. Колас. Адплата).

Першапачатковая форма фразеалагізма — выдаць галавой (у такой форме ён нярэдка выкарыстоўваецца і цяпер), а першапачатковая сфера яго ўжывання — суды Кіеўскай Русі. «Выдача галавой» абазначала, што вінаватага аддавалі ў рукі істца, у поўнае яго распараджэнне. Так, «выданы галавой» даўжнік станавіўся рабом таго, у каго пазычаў, і працаваў у яго, пакуль не адрабляў усяго доўгу. З «выданым галавой» абыходзіліся як з рабом, здзекаваліся, а то і забівалі.

Выдаць сябе з галавой. Гл. з галавой выдаць сябе.

Выдраць лысаму валасы (валоссе). Уласна бел. Зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць што-н. недарэчнае. — Ну што, выдраў лысаму валасы, вызначыўся? — Зраблю вывады, Сцяпанавіч… (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).

Выраз з паэмы К. Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос» (1930). Ужыты ў такім кантэксце: «— Дык і я магу пад кіпець Там якога Чэмберлена. Перад гэтым толькі выпіць Дзеля смеласці нядрэнна… — Так, нішто з цябе ваяка — Выдраць лысаму валоссе, Ды, шкада, вайны ніякай Для цябе не засталося».

Выйсці на арбіту. Гл. выходзіць (выйсці) на арбіту.

Выйсці са строю. Гл. выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.

Выйсці ў тыраж. Гл. выходзіць (выйсці) у тыраж.

Выкідванне за вароты каго. Агульны для ўсходнесл. м. Звальненне з работы, пазбаўленне сродкаў існавання. Выкарыстоўваючы слова «вызваленне», трэба мець на ўвазе, што гэта не выкідванне людзей за вароты прадпрыемстваў і ўстаноў, а перагрупоўка іх з улікам інтарэсаў грамадстваў цэлым (Звязда. 4.12.1986).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на базе суадноснага дзеяслоўнага выкідваць за вароты каго ‘звальняць з работы, пазбаўляць сродкаў існавання’.

Выкідвацца за борт. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбрасываться за борт, укр. викидатися за борт). Адхіляцца як непатрэбнае, непрыдатнае. Цяпер жа, калі адроджаная беларуская гісторыя выкідваецца за борт, калі ўсё вяртаецца на кругі свае, ход развіцця шмат якіх падзей зноў падаецца неаб’ектыўна і тэндэнцыйна, у духу бальшавіцкіх ідэй… (Г. Лагуновіч. Калі двойчы два — пяць).

Утвораны ад фразеалагізма выкідваць за борт каго, што — паўкалькі з франц. м. (гл.).

Выкідваць (выкінуць) за борт каго, што. Паўкалька з франц. м. (jеtеr рагdеssus bоrd). Адхіляць што-н. ці выракацца каго-н. як непатрэбнага. Вы зразумейце, Пётр Аляксеевіч, мы жадаем вам толькі лепшага. Мы не хочам, каб само жыццё выкінула вас за борт… (Л. Гаўрылкін. Не магу без цябе).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім борт абазначае ‘верхні край бакавой сценкі марскога або рачнога судна’.

Выкідваць (выкінуць) на вуліцу каго. Калька з франц. м. (jеtеr sur le раvе). Ужыв. са значэннямі ‘пазбаўляць жылля’ і ‘звальняць з работы, пазбаўляць сродкаў існавання’. У практыцы нярэдка здараліся выпадкі, калі сваякі забіралі састарэлых [з дома-інтэрната] і выкідвалі іх потым на вуліцу, выцягнуўшы ўсе зберажэнні (Звязда. 11.10.1987). Дзесяткі тысяч рабочых былі выкінуты на вуліцу (С. Анісаў. Крутымі шляхамі).

Фразеалагізм з жывой унутранай формай.

Выклікаць агонь на сябе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вызывать огонь на себя, укр. викликати вогонь на себе). Ужыв. са значэннямі: 1) знарок адцягваць увагу ворага на сябе замест іншых, 2) прымаць на сябе самае цяжкае, першаму трапляць у небяспеку. Нашы гарады — гэта мужныя байцы, Валя. I тыя, якія трапляюць у рукі ворага, выклікаюць агонь на сябе (У. Карпаў. Без нейтральнай паласы). Парушалі ж дысцыпліну і парадак, як выявілася, найперш і найбольш «пазваночнікі» — дзеці і ўнукі розных начальнікаў. Прымаць супраць іх нейкія меры пакарання — гэта выклікаць агонь на сябе (Б. Сачанка. Родны кут).

Паходзіць з маўлення вайскоўцаў. У часе баявых дзеянняў іншы раз, каб выратаваць астатніх, даводзіцца знарок адцягваць увагу праціўніка на адзін аб’ект. Параўн.: «— Агонь па НП! — паспеў скамандаваць Алесь і нырнуў у ровік… Рашэнне выклікаць агонь на сябе прыйшло само сабой — другога выхаду не заставалася» (І. Новікаў).

Выкручванне рук. Агульны для ўсходнесл. м. Грубы націск на каго-н., каб дабіцца якіх-н. выгад для сябе. Кіраўнікі адміністрацыі асабіста займаліся выкручваннем рук кангрэсменам, не грэбуючы макарцісцкімі прыёмамі (Звязда. 22.03.1986).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выкручваць рукі (каму), які абазначае ‘груба націскаць на каго-н., каб дабіцца выгаднага для сябе рашэння якога-н. пытання’.

Выкручваць (выкруціць) сырыцу з каго. Уласна бел. Поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі, свайму жаданню; муштраваць каго-н. [Вярэніч: ] Самі сабою толькі хвоі растуць. А ты, Вулляна, з свайго [сына] сырыцы не выкруціла (А. Петрашкевіч. Трывога).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Сырыца — саматужна вырабленая скура, якую ў працэсе апрацоўкі пасля вымочвання мнуць і выкручваюць.

Вылятаць (вылецець) з галавы (памяці) <у каго>. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім забыцца. [Чарнавус: ] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду адносіце вы сваю знаходку? [Гарлахвацкі:] Да гэтага… як яго… вылецела з галавы… (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Усе кампаненты выступаюць як сэнсаўтваральныя, суадносныя з адпаведнымі словамі свабоднага ўжывання, але «кожны кампакент паасобку не перадае таго, што яны выражаюць сумесна» (У. П. Жукаў), і не валодае асобным лексічным значэннем як часткай агульнага фразеалагічнага значэння.

Вымазаць дзёгцем каго, што. Гл. мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што.

Вымушае жадаць лепшага. Гл. пакідае (вымушае) жадаць лепшага.

Вынас смецця з хаты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вынос сора из избы, укр. винос сміття з хати). Выдаванне таго, што не павінны ведаць іншыя, што няславіць каго-, што-н. (сям’ю, калектыў і пад.). За вынас смецця з хаты па галоўцы не пагладзілі, але Міхаіл Васільевіч не раскайваўся (Звязда. 29.05.1986).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выносіць смецце з хаты (гл.).

Вынаходніцтва веласіпеда. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. изобретение велосипеда, укр. винахідництво велосипеда). Абвяшчэнне чаго-н. даўно вядомага ўсім у якасці нібыта новага. Пра галоўны крытэрый, вынаходніцтва веласіпеда і кодэкс гонару настаўніка (Настаўн. газ. 22.03.2001).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма вынаходзіць веласіпед ‘гаварыць, аб’яўляць пра даўно ўсім вядомае’, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Вынесці смецце з хаты. Гл. выносіць (вынесці) смецце з хаты.

Вынесці ўперад нагамі каго. Агульны для ўсходнесл. м. Пахаваць (нябожчыка). Ніхто не ўбачыць апошняй дзеіў апошняй драме пра забойцу планеты — апошняга Каіна: некаму будзе з руін і развалін вынесці ўсіх уперад нагамі (В. Вітка. Паэма-араторыя).

Узнік у выніку метанімічнага пераносу. Пэўнае дзеянне атрымала назву па характэрнай дэталі старадаўняга звычаю: нябожчыка выносяць з хаты нагамі ўперад.

Выносіць (вынесці) смецце з хаты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выносить сор из избы, укр. виносити сміття з хати); параўн. у польск. м.: wynоsіć sтіесі zа рróg. Выдаваць тое, чаго не павінны ведаць іншыя, што няславіць каго-, што-н. (сям’ю, калектыў і пад.). [Гудзееў:] I вы правільна зрабілі, што прадралі яго [Самасеева] з пясочкам. Але да райкомая б вам не раіў даводзіць. Навошта смецце выносіць з хаты? (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).

Існуюць розныя меркаванні аб паходжанні гэтага фразеалагізма. Лічаць, напрыклад, што ў яго аснове — даўнейшае павер’е: у хатнім смецці бываюць і часцінкі чалавека (валасы, ногці), па якіх, калі іх выкінуць за парог, нядобразычлівец, злы дух нагоніць на хату насланнё, таму, каб не мець бяды, непрыемнасці, смецце не выкідвалі з хаты, а спальвалі ў печы.

Выпіць <горкую> чашу да дна. Гл. піць (выпіць) <горкую> чашу да дна.

Выпрастаць ногі. Гл. ногі выцягнуць.

Выпусканне пары. Уласна бел. Нядоўгае, узбуджанае, але супакойлівае рэагаванне на што-н. Неяк у «Народнай газеце» з мэтай выпускання пары былі дадзены ацярушкі з партыйнага архіва (Р. Барадулін. Апостал нацыі).

Утвораны на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выпускаць пару (гл.).

Выпускаць (выпусціць) лейцы з <сваіх> рук. Агульны для бел. і ўкр. (випускати віжкі з своіх рук) м. Аслабляць кіраўніцтва чым-н., сілу ўлады над кім-н. Круты і скупы чалавек дзед Грысь. Хоць сам і не гож ужо гаспадарыць, аднак лейцы з рук не выпускае. 3 печы камандуе ўдавой-нявесткай і ўнукамі (А. Васілевіч. Расці, Ганька).

Выраз мог узнікнуць дваякім спосабам. Першы — шляхам метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, звязанага з кіраваннем канём, запрэжаным у воз ці сані. Другі — як антанімічнае па форме і змесце ўтварэнне ад фразеалагізма браць лейцы ў <свае> рукі (гл.). Параўн. ужыванне фразеалагізма з разгортваннем на яго аснове метафарычнага кантэксту і паўтарэннем замененага займеннікам кампанента лейцы: «Мы павінны нешта рабіць, а не выпускаць лейцы з сваіх рук, каб іх падабраў нехта іншы» (К. Крапіва).

Выпускаць (выпусціць) пару. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў не фіксуецца). Узбуджана, як выбух раздражнення, рэагаваць на што-н. і пасля супакойвацца. Простаў гэтую хвіліну Ядзі патрэбна было выпусціць пару і хоць за вочы аблаіць, прынізіць Калесніка (Маладосць. 1999. № 4).

Відаць, выраз «паравознага паходжання». З дапамогай пары паравоз гудзеннем падае розныя сігналы.

Выпусціць джына з бутлі. Ужыв. ва ўсходнесл. м. са значэннем ‘выклікаць нейкі непрыемны неабарачальны працэс, зрабіць штосьці неспадзяванае’. [Генка: ] Заварыў БарысПятровіч кашу, цяпер, відаць, і сам не рад. [Антаніна Васільеўна: ] Чаму ж не рад? Найвялікшае адкрыццё ўсіх вякоў —як жа тут не радавацца? [Генка: ] Адкрыццё-то адкрыццё, але што з ім рабіць далей?.. Выпусціў джына з бутлі, з якім ніхто справіцца не можа (К. Крапіва. Брама неўміручасці).

Выраз узнік на аснове персідскай і арабскай міфалогіі, дзе джын — добры або злы дух. У «Казцы пра рыбака» («Тысяча і адна ноч») гаворыцца пра незвычайнае здарэнне з рыбаком. Выцягнуўшы сетку з мора, ён знайшоў у ёй закаркаваны свінцом збанок. Калі свінец быў сарваны, са збанка доўга выходзіў дым, падымаючыся пад неба, а пасля сціснуўся, затрапятаўся і зрабіўся джыкам «з галавой у хмарах і нагамі на зямлі». Злы дух пагражае «забіць рыбака найзлейшай смерцю». Аднак вынаходлівы рыбак знайшоў выйсце, і казка мае шчаслівы канец.

Высалапіўшы язык. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. высунув язык, укр. висолопивши язик). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі хутка, спяшаючыся (бегчы, імчацца і пад.)’, ‘да знямогі, у бясконцых клопатах (бегаць)’ і ‘не шкадуючы сіл, стараючыся (рабіць што-н.)’ [Алёшу] тады брала злосць на Насту: не можа нічым памагчы. Бегай толькі па яе босы гародамі язык высалапіўшы… (І. Пташнікаў. Тартак). Гэтак за пятнаццаць дзён лёгка зараблю на вучобу; замест таго каб цэлы месяц высалапіўшы язык бегаць па Вільні пасыльным (А. Карпюк. Данута). [Лушка: ] Ды яшчэ і сваёй карове посцілку травы з поля цягні язык высалапіўшы! (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага з паводзінамі сабакі, які пры гарачыні ці стамляльным бегу высалоплівае язык.

Высмоктваць (высмактаць) з пальца што. Відаць, калька з ням. м. (sісh аus dеn Fіngеrn sаugеn). Гаварыць, сцвярджаць што-н. без належных падстаў; выдумваць. [Моцкін: ] А што вы думаеце? Гэту лічбу я з пальца высмактаў? У мяне ёсць квітанцыі (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Высокай пробы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужываецца са значэннем ‘выключнай вартасці, якасці, дасканаласці’, калі характарызуюць асобу ці прадмет. Драма «Партызаны» — дасканалая па мастацкай форме. Мастацтва, майстэрства тут такой высокай пробы, што яго як быццам не заўважаеш (І. Навуменка. З прастораў жыцця).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; у іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць самай высокай, высокай або нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве. На колькасць частак гэтага металу ў сплаве паказвае кляймо, якое ставіцца на залатых, сярэбраных і плацінавых вырабах і таксама называецца пробай.

Выстаўляць дулю (фігу, кукіш) каму. Гл. паказваць (выстаўляць) дулю (фігу, кукіш).

Высцебаць самога сябе. Паўкалька з руск. м. (высечь самого себя). Выявіць свае дзеянні, слабасці, недахопы і тым самым нашкодзіць сабе. [Наталля: ] Што гэта? Выклік? Я і прыняць магу. [Лютынскі:] Прымі, калі ласка! Высцебай сама сябе. Адной унтэр-афіцэрскай удавой больш будзе (К. Крапіва. Канец дружбы).

Пераасэнсаваны крылаты выраз з камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор», дзе гараднічы гаворыць Хлестакову, прыняўшы яго за рэвізора: «Унтэр-афіцэрша нахлусіла вам, быццам бы я яе высцебаў; яна лжэ, дальбог, ілжэ. Яна сама сябе высцебала».

Выхад з-пад пяра. Агульны для ўсходнесл. м. Напісанне, стварэнне кім-н. (літаратурнага твора). Масаваму чытачу, мабыць, і не сніўся такі дарунак… Амаль праз трыццаць гадоў пасля выхаду з-пад пяра твор [ «Сказ пра Лысую гару»] выйшаў у свет (В. Жуковіч. «Быў час, быў век, была эпоха…»).

Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць з-пад пяра каго, чыйго, які абазначае ‘быць напісаным кім-н.’.

Выхад са строю чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Псаванне, паломка чаго-н. Мы ведалі, што пры любой аварыі ці ў выпадку выхаду са строю якой-небудзь адной машыны калона доўга не затрымлівалася б (М. Лынькоў. За акіянам).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выбываць (выходзіць) са строю (гл.), адно са значэнняў якога — ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’.

Выхад у свет чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Друкаванне, апублікаванне (кнігі, брашуры і пад.). Ніна заказала Карбюзье задоўга да выхаду кнігі ў свет (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць у свет, які абазначае ‘быць апублікаваным (пра кнігу, брашуру і пад.)’.

Выходзіць (выйсці) на арбіту. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца прыметным, вядомым, дабівацца больш высокага становішча ў жыцці. Мікалай Васільевіч сказаў яму пра цябе, што ты ініцыятыўны і з галавой таварыш… Так што ты, браце, выходзіш на арбіту… (Л. Гаўрылкін. Каця).

Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое з прамым значэннем выкарыстоўваецца ў галіне касманаўтыкі.

Выходзіць (выйсці) у тыраж. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘становячыся непрыгодным да чаго-н., канчаць ранейшую дзейнасць’ і ‘старэць, станавіцца непрыгодным для выкарыстання’. [Ульяна Феакцістаўна] бачылаў Іване Сцяпанавічу як не ідэал партыйнага кіраўніка… І вось ён, яе кумір, раптам выйшаў у тыраж (В. Якавенка. Акно на плошчу). Змены правапісу звязаны са значнай затратай дзяржаўных сродкаў: у тыраж выходзіць вялікая колькасць кніжнай прадукцыі (у першую чаргу школьныя падручнікі), і гэту прадукцыю трэба друкаваць нанава (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.

Выходзіць са строю. Гл. выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.

Выцягнуць гізунты з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго.

Выцягнуць жылы з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) жылы з каго.

Выцягнуць ногі. Гл. ногі выцягнуць.

Выяда душы. Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек. І зноў, як там, у кабінеце, Зімаўцу захацелася турнуць ад сябе выяду душы (В. Карамазаў. Пушча).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выядаць душу каму ‘моцна хваляваць каго-н., дакучаючы чым-н. непрыемным’.

Вяртацца (вярнуцца) у строй. Агульны для ўсходнесл. м. Набываць працаздольнасць ці баяздольнасць. Далей [Алесь] павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам (І. Шамякін. Гандлярка і паэт).

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.

Вясельны генерал. Паўкалька з руск. м. (свадебный генерал). Вядомая, важная асоба, запрошаная на якую-н. імпрэзу з мэтай надаць значнасць гэтай падзеі. Пытанне пра падбор гасцей таксама адпадае: Любан — дырыжор, Вольфсан і Ляўкоў — на ролях вясельных генералаў (Г. Колас. «Жыву пад аховай…»).

Склаўся на аснове апавядання А. П. Чэхава «Вяселле з генералам» (1884), дзе апісваецца пашыраны ў асяроддзі купецтва і мяшчанства звычай запрашаць, наймаць генерала на вяселле, ды яшчэ абавязкова ардэнаносца: «Страшэнна ім хочацца, каб на вяселлі генерал! Тысячу рублёў не трэба, а толькі пасадзі за іх стол генерала!»

Вясёлая міна пры дрэннай гульні. Гл. добрая (вясёлая) міна пры дрэннай гульні.

Загрузка...