Л

Лавачка закрываецца (закрылася, закрыецца). Агульны для ўсходнесл. м. Спыняецца якая-н. справа, хто-н. перастае займацца чым-н. І ты думаеш да пенсіі дарабіць? Доўга табе яшчэ. Прыдумаюць які аўтамат — закрылася лавачка (А. Жук. Хлопчык на краі поля).

Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага закрываць лавачку (гл.).

Лавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Калька з франц. м. (ресЬег еn еаu trouble). Карысліва карыстацца якімі-н. цяжкасцямі. А я думаю — не, не туды, павярнулі. I паддаў ім халодненькага душу, каб выцверазіць. «Што,кажу, — хлеб не ўдаецца, дык рашылі рыбку у каламутнай вадзе лавіць?» (М. Лобан. Гарадок Устронь).

У французаў выраз склаўся на аснове адной з баек Эзопа, перакладзеных з грэч. м. У байцы расказваецца, як хітры рыбак, ускаламуціўшы ваду, ловіць у ёй рыбу, якая сама ўсплывае наверх. Фразеалагізм прыжыўся ў славянскіх, а таксама ням., англ. і іншых мовах.

Лазара пець (спяваць). Агульны дляўсходнесл. м. Бедаваць, прыкідвацца няшчасным, старацца расчуліць кагосьці. Ну, святая Барбара, цяпер на табе далёка не заедзеш. Як зловяць паны, дык і будзеш тады Лазара пець (К. Крапіва. Канец дружбы).

У дасавецкі час улюбёнай песняй многіх жабракоў была песня пра беднага Лазара. Пра гэта, напрыклад, у драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: «Старац ідзе наперад, за ім — Марыля з дзецьмі па баках, а за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара“ — Данілка іграе». У «Беларускім зборніку. Вып. 5» (1891) Е. Раманаў пісаў: «„Лазар Бедны“ шырока распаўсюджаны на Беларусі, яго спяваюць не толькі старцы ех оffiсіо [па прафесіі, „па пасадзе“], але і ўсе прыгнечаныя і зняволеныя. Здаецца, беларус не супраць таго, каб бачыць у Бедным Лазары самога сябе». Песня склалася на аснове евангельскай прытчы (Лука, 16,19–25) пра Лазара, які, хворы, пакрыты струпамі, ляжаў каля варот багацея, чакаючы, пакуль яму выкінуць аб’едкі. Тэкст песні і яе жалобны матыў скіроўвалі на тое, каб расчуліць слухачоў, выпрасіць у іх міласціну. Пад выглядам жабракоў часам хадзілі пад вокнамі ці ў людным месцы і пелі «Лазара» і такія, што прыкідваліся няшчаснымі. Гэта і было падставай для пераасэнсавання свабоднага словазлучэння.

Лакмусавая паперка. Агульны для ўсходнесл. м. Сродак выяўлення, праверкі адносін паміж кім-н. Швейк стаў яшчэ пры жыцці Гашака лакмусавай паперкай. Па адносінах да яго высвятлялася ўсё прагрэсіўнае і рэакцыйнае (Настаўн. газ. 27.04.1983).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання хімічнага састаўнога тэрміна. Ім абазначаюць фільтравальную паперу, насычаную растворам лакмусу, якая ўжываецца як рэактыў на кіслоты і шчолачы.

Ламанне галавы. Уласна бел. Напружаная спроба вырашыць, зразумець, разгадаць што-н. Што датычыцца таго, як пракарміць сям 'ю, гэта сапраўды рэальнае ламанне галавы, часам сорам і ганьба, калі і жыць не хочацца (Р. Тармола-Мірскі. Не давайце чужынцамі быць).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага ламаць галаву над чым (гл.).

Ламацца ў адчыненыя дзверы. Калька з франц. м. (еnfопсег unе рогtе оuvегtе). Настойліва сцвярджаць, даказваць тое, што даўно ўсім вядома і не выклікае пярэчанняў. [Валун: ] А навошта даказваць тое, што і так ясна ўсім? Навошта ламацца ў адчыненыя дзверы? (А. Чарноў. Усё спачатку).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Ламаць галаву над чым. Калька з ням. м. (sісh dеn Корf zеrbгесhеn). Напружана думаць, задумвацца, стараючыся зразумець, разгадаць што-н. Зелянюк ламаў галаву над сфармуляваннем пэўнага, яснага адказу на запытанне, якое зрабіла яму Стася пры іхняй неспадзяванай сустрэчы (М. Зарэцкі. Вязьмо).

У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.

Ламаць (паламаць) коп’і з-за каго, за што. Відаць, усходнесл. Горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы. Я ўспомніў між хлопцаў гэтых, на гэтых саляных копях, як крытык адзін з паэтам нядаўна ламалі коп’і (У. Нядзведскі. Будні Салігорскія).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. У старажытнасці кап’ё было зброяй першай сутычкі. Уступаючы ў бой, воіны стараліся выбіць праціўніка з сядла, пры гэтым нярэдка ламалі коп’і. Параўн. ужыванне блізкага гучаннем і яшчэ не пераасэнсаванага словазлучэння ў «Слове аб палку Ігаравым»: «Ту ся копіемъ приломати, ту ся саблямъ потручати о шеломы половецкыя».

Ламаць <сабе, свае> рукі. Агульны дляўсходнесл. м. Прыходзіць у адчай, узрушэнне (ад вялікага гора). Ой, ламалі свае рукі стары са старою: — Налажылась наша донька за ўсіх галавою! (Я. Купала. Бандароўна).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.

Ламаць шапку перад кім. Агульны для ўсходнесл. м. Уніжацца, ліслівіць перад кім-н., паддобрывацца пад каго-н. Хочаце ламаць шапку перад кожным сталом, чакаць прыёму ў дырэктара… (М. Лужанін. Дзівадла).

Ва ўкр. м. выраз ужываецца і з варыянтнасцю дзеяслоўнага кампанента: м'яти шапку, г. зн. мяць, камячыць шапку, ці, так бы мовіць, «ламаць» яе. У такім разе можна лічыць, што выраз утварыўся шляхам метанімічнага пераносу: просьбіт, прыніжана звяртаючыся да каго-небудзь, здымаў шапку і, трымаючы яе ў руцэ, механічна, ад няёмкасці, мяў, камячыў яе, «ламаў».

Ласкавае цяля. Гл. ліслівае (ласкавае) цяля (цялятка).

Лаўры спаць не даюць каго, чые каму. Паўкалька з грэч. м. Абазначае ‘хтосьці вельмі зайздросціць чыйму-н. поспеху’. — Табе што, брыгадзіравы лаўры спаць не даюць?спыталі ў Антося аднойчы (Настаўн. газ. 30.12.1981). Параўн. каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма: Скардзіўся на бяссонніцу. Не давалі спаць лаўры (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю).

Гэта крылаты выраз, які належыць старажытнагрэчаскаму дзяржаўнаму дзеячу і палкаводцу Фемістоклу. Ён прымаў удзел у Марафонскай бітве, у якой грэкі на чале з афінскім стратэгам Мільціядам разбілі персаў. Фемістокл зайздросціў славе стратэга, паўтараючы: «Лаўры Мільціяда не даюць мне спаць», аж пакуль сам не стаў славутым палкаводцам.

Лахі пад пахі. Уласна бел. У літаратурны ўжытак увайшоў з паўднёва-заходніх гаворак рэспублікі, дзе слова лахі з’яўляецца агульнай назвай разнароднага адзення (параўн. у «Пушчанскай адысеі» А. Карпюка: «Не ведаю, кажух браць ці не? Мо дарэмна буду толькі валачы лахі…»). Першапачатковы сэнс спалучэння зразумелы. У далейшым кампаненты выразу, звязаныя ўнутранай рыфмай, страцілі канкрэтнае і набылі больш шырокае, абагульненае значэнне: лахі — не абавязкова толькі ‘адзенне’, пад пахі — не абавязкова ‘пад плечы’. Фразеалагізм стаў ужывацца са значэннем ‘свае пажыткі з сабой’, калі гаворыцца пра любыя асабістыя рэчы, што можна прыхапіць з сабой, панесці ў руках ці на сабе перад адыходам, уцёкамі, ад’ездам куды-небудзь: А што ж будзе? Вазьму лахі пад пахі — маёмасць мая невялікая — ды пайду шукаць шчасця на свеце (Я. Колас. На ростанях). Звычайна фразеалагізм ужываецца пры дзеясловах браць, узяць, забраць, якія могуць прапускацца, але падразумяваюцца: паціхеньку бяры пахі пад пахі і выбірайся (Я. Колас); бярыце пахі пад пахі і тупайце (А. Кудравец); забірай лахі пад пахі (В. Каналь).

Калі ж фразеалагізм ужываецца ў ролі дзеяслоўнага выказніка перад аднародным выказнікам (пры перадачы хуткай змены падзей), то ён абазначае ‘схапіць з сабой свае манаткі’: Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух! (Я. Купала. Паўлінка). Або: зараз лахі пад пахі і дадому (К. Чорны); мы лахі пад пахі ды ходу (М. Лынькоў). У такіх выпадках перад намі ўжо іншы самастойны фразеалагізм, адрозны ад папярэдняга сваёй семантыкай, сінтаксічнай роляй і спалучальнымі магчымасцямі.

Лебядзіная песня. Калька з грэч. м. (kuknеіоn аsmа). Апошні, найбольш значны твор каго-н., апошняя праява таленту, здольнасці. Тарас Хадкевіч… браў пласт мінулага і знаходзіў у ім тыя парасткі новага, якія сёння з’яўляюцца рэальнасцю, сучаснасцю. Пра гэта можа сведчыць яго раман «Песня Дзвіны», — гэтая, на глыбокі жаль, лебядзіная песня пісьменніка (ЛіМ. 15.08.1975).

Узнікненне фразеалагізма звязана з павер’ем, што лебедзь спявае адзін раз у жыцці — перад самай смерцю. Павер’е, вядомае старажытным грэкам, сустракаецца ў творах Эзопа, Эсхіла. Відаць, яно мае пад сабой грунт: як сведчаць вучоныя-заолагі, напрыклад нямецкі натураліст А. Брэм, апошнія ўздыхі раненага лебедзя нагадваюць песню.

Легчы (залегчы) на дно. Уласна бел. (у руск., укр., польск. і іншых слоўніках не фіксуецца). Прытаіўшыся, не рабіць ніякіх дзеянняў. Нам трэба на пару тыдняў легчы на дно, перачакаць, а як міліцэйскі шмон на дарогах сціхне, уцячы за мяжу (В. Праўдзін. Вяртанне з апраметнай). Звольніўшыся з гэтай пасады, ён залёг на дно… Не хацеў лішні раз паказвацца (Нар. воля. 16.11.2000).

Паходзіць, відаць, з маўлення маракоў падводнага флоту. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма ў дачыненні да матросаў: «Хлопцы раз’язджаліся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц-паўтара да новага выхаду ў мора» (У. Арлоў).

Легчы касцьмі. Усходнесл. Ужыв. са значэннямі ‘загінуць у баі’ і ‘старацца з усіх сіл зрабіць што-н.’. Счапіўся з гадам хіленькі пінчук і лёг касцьмі, не прапусціўшы немца! (Е. Лось. Гавораць несмяротныя). Касцьмі лягу, змагаючыся супроць пасадкі «хіміка» ў гэтым раёне (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).

Выраз фіксуецца ў старажытным летапісе, паводле якога князь Святаслаў перад бітвай з грэкамі ў 970 г. сказаў сваім воінам: «Не посрамим земли Русския, но ляжем костьми ту; мертвие бо срама не имут». Касцьмі — старая форма творнага скл. мн. л., адпавядае сучаснай касцямі. Семантычная сувязь паміж кампанентамі ў фразеалагізме легчы касцьмі невыразная, аднак некаторы намёк на гэту сувязь адчуваецца пры супастаўленні фразеалагізма з пазнейшымі, сэнсава тоеснымі ўтварэннямі легчы трупам, злажыць косці.

Лезці (ісці) на ражон. Усходнесл. Абазначае ‘пачынаць штосьці рызыкоўнае, асуджанае на няўдачу, дзейнічаць, не думаючы пра вынікі’. Ды і сабе самому вы нашкодзіце: вам лезці на ражон няма чаго (Н.Гілевіч. Формула ржавіны).

Даўней словам ражон называлі востры кол, які выкарыстоўвалі на паляванні. 3 ім хадзілі на мядзведзя. Звычайна некалькі такіх ражноў пахіла ўкопвалі ў зямлю і гналі на іх звера. На фразеалагізацыю свабоднага словазлучэння лезці на ражон паўплывала тое, што ў мове ўжо быў фразеалагізм перці супраць ражна (гл.), які прыйшоў з царк. — слав. м. Дарэчы, лезці на ражон ужываецца і ў форме перці на ражон: «Я маю спакойны розум і без адуму на ражон ніколі не пру» (М. Гарэцкі).

Лезці на сцяну. Гл. на сцяну лезці.

Лезці са сваім статутам у чужы манастыр. Агульны для ўсходнесл. м. Умешвацца ў чужыя справы, навязваючы каму-н. свае рашэнні. Помнілася Рыгору адна размова ў двары з суседам.Прабач, што лезу са сваім статутам у чужы манастыр,сказаў той.Але шкада цябе (М. Барэйша. Кембрыйскае мора).

Паходзіць з прыказкі У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Даўней кожны манастыр меў свой статут — звод правіл, якімі і кіраваліся члены пэўнай абшчыны манахаў.

Лезці сляпіцай у вочы <каму>. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ і ‘раздражняць, злаваць каго-н. непрыемным уздзеяннем’. I сур’ёзны ты чалавек, здаецца, а паводзіны твае камарыныя, так і лезеш сляпіцаю ў вочы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Праз запыленыя вокны хат сямтам пазіралі агні. I снег усё ішоў лез у вочы сляпіцай (Я. Брыль. У Забалоцці днее).

Узнік на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу. Да выразу з цьмянай унутранай формай дададзены для яе ажыўлення кампанент у форме творнага параўнальнага склону; сляпіцай абазначае ‘як сляпіца’ ці ‘як сляпень’.

Лезці смалой у вочы каму, да каго. Уласна бел. Назойліва прыставаць, невыносна дакучаць. Смалайціс моцна пакрыўдзіўся, затое не лез ужо да кожнага смалою ў вочы (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Утвораны на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу назоўнікам у форме творнага параўнальнага склону. Смалой абазначае ‘як смала’.

Лёгкая рука ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. прыносіць шчасце, поспех, удачу ў чым-н. — Цяпер загоіцца, — упэўнена кажа дзед і складвае свае прычандалы ў капшук.У мяне лёгкая рука (В. Гардзей. Дом з блакітнымі аканіцамі).

Выток фразеалагізма — былое павер’е, што ў некаторых людзей лёгкая рука, якая прыносіць удачу. Першапачаткова ўжываўся, калі гаварылася пра што-небудзь набытае ў чалавека з лёгкай рукой; гэтым выказвалася ўпэўненасць, што ўсё пойдзе рукой, будзе ручыць, г. зн. удавацца, добра весціся.

Лёд крануўся. Фразеалагізм з той жа вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў руск. м. (лед тронулся), укр. (лід пішов), польск. (lоdу ruszуlу). Яго сэнс — ‘штосьці пачалося’. Лёд крануўся, таварыш камандуючы!.. 26-я і 84-я гвардзейскія дывізіі ўзялі Шалашына і ў добрым тэмпе ўсцяж магістралі выходзяць на рубеж Юрцава — Бардзюкі! (І.Мележ. Мінскі напрамак).

Выраз мае празрыстую ўнутраную форму, ён склаўся на аснове фразеалагізма лёд разбіты (гл.).

Лёд разбіты (паламаны). Калька з франц. м. (lа glасе еst готрuе). Ліквідаваны перашкоды (у адносінах паміж кім-н.). Лёд у чалавечых адносінах паламаны, недавер 'е зломана. Вылучэнства нікога ўжо не здзіўляла, не абурала (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Выраз успрымаецца як матываваны, пераносны.

Лёд чаго растае (растаў). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. лед тает (растаял), укр. лід тане (розтанув). Знікае пачуццё чаго-н. (недаверу, непаразумення, адчужанасці і пад.). Радасць [Мікіты] усё ўзрастала, у меру таго як раставаў лёд недавер 'я ў сялянскіх сэрцах (Я. Колас. Адшчапенец).

Склаўся ўнутрыфразеалагічным спосабам на аснове выразу лёд разбіты (паламаны) — калькі з франц. м. (гл.).

Ліслівае (ласкавае) цяля. Уласна бел. Спрытны, дагодлівы чалавек, які ўмее пакарыстацца абставінамі. Ты не глядзі, што ён цяпер такім ласкавым цяляткам выглядае, ён яшчэ паспрабуе і кіпцюры выпусціць… (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).

Узнік з прыказкі Ліслівае (ласкавае) цяля дзвюх матак ссе.

Літара ў літару. Калька з руск. м. (буква в букву). Абсалютна дакладна, без адхіленняў (пісаць, паўтараць, выконваць і пад.). Ад яго патрабуецца толькі адно — выконваць літара ў літару тое, што яму загадалі, гэта значыць рабіць «вывераныя ўзгодненыя дзеянні» (А. Вярбіцкі. Інтэрв’ю).

Мяркуюць, што выраз узнік яшчэ да кнігадрукавання (XVI ст.) і напачатку дастасоўваўся толькі да перакладу з грэч. м. і да перапісвання богаслужэбных кніг. Гэты працэс патрабаваў ад перапісчыкаў выключнай дакладнасці і дбайнасці, пісьмовай перадачы тэксту літара ў літару.

Ліць (праліваць) кракадзілавы слёзы. Калька з ням. м., дзе складаны назоўнік Кгоkоdіlsträпеп абазначае ‘кракадзілавы слёзы’, а дзеяслоў vergіеbеп — ‘праліваць’. Сэнс фразеалагізма — ‘прытворна шкадаваць, няшчыра скардзіцца’. Самі паклалі міну; самі ўзарвалі, самі сфатаграфавалі… — Ой хітрыя, яшчэ кракадзілавы слёзы льюць… (Г. Васілеўская. Бывай, Грушаўка).

У аснове фразеалагізма — старажытнае павер’е, нібыта ў кракадзіла, калі ён есць сваю ахвяру, цякуць слёзы.

Лунаць у паднябессі (у надхмар'і). Недакладная калька з руск. м. (витать в облаках). Бясплённа марыць, не заўважаючы навакольнага. [Жлукта: ] Вось калі сатырык — ён зразу глядзіць у корань, а не лунае ў паднябессі, як некаторыя праменныя паэты (К. Крапіва. Мілы чалавек).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз. У руск. мову фразеалагізм трапіў як запазычанне з царк. — слав. м.

Лынды біць. Уласна бел. Гультаяваць, займацца нявартымі справамі; пасіўнічаць. Тут сем патоў з цябе выганяюць, а яны лынды біць будуць… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Назоўнікавы кампанент гэтага фразеалагізма як асобнае слова ў літаратурнай мове не ўжываецца. Але яно ёсць у паўднёва-заходніх гаворках рэспублікі і выступае як стылістычны сінонім да слова ногі (напрыклад, у «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй часткі Беларусі і яе пагранічча»: схавай свае лынды, чуць цягне свае лынды). Зрэдку трапляецца і ў мастацкіх тэкстах — з тым самым значэннем і зніжанай афарбоўкай: «Ажно ляціць колькі падросткаў, адзін і сталы лынды распусціў» (Ядвігін Ш.); «…грэюць трыбухі і лынды» (А. Карпюк). Відаць, у паўднёва-заходніх гаворках і ўзнік фразеалагізм лынды біць. Тут ён абазначае амаль тое, што і ногі біць, толькі з больш зніжанай, асуджальнай экспрэсіяй і ўспрымаецца як матываваная моўная адзінка (напрыклад, у названым слоўніку: Дарма лынды збіў— ‘дарма схадзіў’) — У літаратурнай мове фразеалагізм стаў абазначаць не толькі ‘хадзіць без карысці, бадзяцца’, але і ‘гультаяваць, марна траціць час, пасіўнічаць’.

Людзьмі звацца. Уласна бел. Быць свабоднымі, незалежнымі, шчаслівымі. I на гэты раз В. Адамчык расказвае пра жыццё жыхароў Заходняй Беларусі, пра тых, хто імкнуўся «людзьмі звацца» і за гэта змагаўся (Г. Пашкоў. Абсягі літаратурнага года).

Крылаты выраз з верша Я. Купалы «А хто там ідзе?»:

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

Лягчэй на паваротах. Агульны для ўсходнесл. м. Будзь асцярожны ў выказваннях ці ўчынках. — Таты з папругай няма на цябе. Каб узяў галаву паміж ног ды ўсыпаў добры перабор… — Ну, ну; лягчэй на паваротах (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды).

Склаўся, напэўна, на аснове свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні шафёраў ужываецца з прамым значэннем.

Ляжаць пад сукном. Агульны для ўсходнесл. м. Заставацца без увагі, без разгляду, рэалізацыі. Затым я напісаў заяву… Але заява ляжыць пад сукном. Калі ласка, дапамажыце разабрацца (Звязда. 7.06.1987).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшай судовай практыкай, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час і ляжалі пад сукном, якім засцілаўся стол чыноўніка.

Ляжачага не б’юць. Агульны для ўсходнесл., а таксама польск. (leżącego się nіе bijе), балг. (легнал човек не се бие) м.: параўн. у чэшск.: k zеmі згаzепеhо nеbij. Ужыв. са значэннем ‘таго, хто трапіў у бяду, не караюць’. З кучы трупаў каля машын выцягнулі аднаго жывога… Ён, бачыце, не толькі не фашыст, а нават і не немец… Прыгадаў нават тое, што бацькаўшчына яго, Італія, ужо не ваюе супроць Расіі і што яму вельмі б хацелася жыць… Ну, чорт з табой, ляжачага не б'юць (Я. Брыль. Нёманскія казакі).

Першапачаткова гэта было правіла кулачнай бойкі, якое ведалі яшчэ ў старажытныя часы. Правіла часам парушалі, таму пра яго даводзілася нагадваць. Напрыклад, ва «Указе» (1726) Пятра II гаворыцца, што калі хто ўпадзе, то каб ляжачых не білі.

Ляйчына пад хвост папала каму. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. вожжа (шлея) под хвост попала, укр. вожжина (віжка) під хвіст попала (потрапіла). Хто-н. вядзе сябе неўраўнаважана, праяўляе ўпартасць, самадурства. Ну, то што там у цябе з жонкай? Расказвай. Што там ёй ляйчына зноў пад хвост папала? (В. Макоўскі. Бацькава слова).

Фразеалагізм «конскага паходжання». Пад канцом кораня конскага хваста ёсць вельмі адчувальнае, не пакрытае шэрсцю месца. Калі да яго дакрануцца ляйчынай, конь не знаходзіць сабе месца, імчыць што ёсць духу. Параўн. у байцы К. Крапівы «Стары і Малады», дзе адзін конь ушчувае другога: «Разумны ты ды малайчына да той пары, пакуль ляйчына не пападзе табе пад хвост, ну, а тады — панёс, ці з плугам будзеш ты, ці з возам, — і дзе твой дзенецца ўвесь розум!»

Лямант у пустыні. Гл. <марны> лямант (голас) у пустыні.

Ля разбітага карыта. Няпоўная калька з руск. м. (у разбитого корыта). Ужываецца са значэннем ‘ні з чым, страціўшы ўвесь ранейшы набытак’: — То колькі маўчаць?!азвалася ўжо трэцяя бабка, што таксама засталася ля разбітага карыта (А. Карпюк. Вершалінскі рай).

Крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна. Словазлучэнне выкарыстоўваецца ў казцы спачатку з прамым значэннем, калі расказваецца, як залатая рыбка выканала першае жаданне прагнай старой: замяніла ёй разбітае карыта на новае. У канцы казкі словазлучэнне адначасова набывае і вобразны, пераносны сэнс: багацце знікла, старая засталася з разбітым карытам.

Ляцець (паляцець) у тартарары. Агульны для ўсходнесл. м. Змяняцца карэнным чынам, развальвацца, гінуць. Можа б, [паручнік] жыў так і далей, калі б не вайна, не гэтая рэвалюцыя, калі ўсё ранейшае паляцелаў тартарары (В. Быкаў. Перад канцом).

Назоўнікавы кампанент, неўжывальны па-за фразеалагізмам, з’яўляецца формай він. скл. мн. л. ад тартар — назоўніка, запазычанага з грэч. м., якім, паводле міфалогіі, называлася тая частка падземнага царства, дзе знаходзіцца пекла і куды пасля смерці перасяляліся грэшнікі. У Тартар скінуў Зеўс тытанаў, якія пачалі былі барацьбу з ім за авалоданне небам. Лічыцца, што на аснове гэтых уяўленняў і склаўся фразеалагізм.

Загрузка...