Пошукі нажа. Зноў «Новая зямля». Дзядзька Антось у постаці бога касы. Купала і Колас выпрабоўваюць струмант. Што падараваў Канстанцін Міхайлавіч.
— Ты маскоўскія магазіны, здаецца, ведаеш — купі мне нож.
Напярэдадні мы ехалі ў цягніку, і калі я папрасіў у правадніка начынне для перакускі, Колас пачаў кпіць. Маўляў, хто гэта выязджае з дому без нажа, і наогул, чаго варты чалавек, калі не мае такога струманту. Потым дастаў кішанёвы ножык, акуратна нарэзаў скрылькамі любовае і накроіў хлеба, падкідаючы па слоўцу ў адрас незапаслівых бесхацінцаў і спадцішка падсмейваючыся. Значыць, нож у яго быў, і ў вагоне мы, здаецца, нічога не забывалі.
— А хіба вы той згубілі?
— Згубіў не згубіў, а зрабі мне такую ласку — купі. — I дадаў: — Выбірай, каб быў з добрай сталі, не вялікі і не цяжкі, ды каб, зірнуўшы на яго, можна было сказаць, што гаспадар — прыстойная асоба.
Апошнія словы Канстанцін Міхайлавіч крыху падкрэслівае, нібы нагадвае штосьці, вядомае нам абодвум.
У магазінах, як на тое, трапляліся не лепшыя ўзоры шырспажыву, амаль пад адзін стандарт. Нарэшце, дзесьці ў камісіёнцы, знайшлося нешта больш-менш людскае: складанчык зграбны, кішэні не адцягваў, і чаго-чаго ў ім не было! Два лязы, нажнічкі, відэлец, напільнічак, пінцэт, рэчаў семнаццаць, калі не болей.
— Лоўкая штука! — Канстанцін Міхайлавіч агледзеў пакупку з усіх бакоў, прымераў на ўжытак усе прыстасаванні, аднак у кішэню не паклаў. Нож паказваўся ўсім наведвальнікам: «О, бачыце, я разжыўся на старасці гадоў!»
Госці роблена і няроблена ахалі, гаспадар здаваўся здаволеным і відавочна цешыўся, выслухваючы экскурсы С.М. Гарадзецкага ў айчынную прамысловасць з імёнамі Кандрацьевых, Кузняцовых і другіх рускіх нажавікоў. А нож як ляжаў, так і заставаўся ляжаць на стале і ў пінжак не перабіраўся.
Канстанціну Міхайлавічу давялося затрымацца ў Маскве надаўжэй.
— Весялей было ўдвух, — ён глядзіць, як я пакуюся ў дарогу, — ды ўжо ж дабуду як-небудзь. А за тое, што мы ў згодзе жылі, — трымай. — I падаў хвалёны нож.
Мне чамусьці няёмка, адмаўляюся, як магу, але Канстанцін Міхайлавіч і слухаць не хоча.
— Тады хай вам лепшы застанецца, а мне аддайце свой, памятка будзе.
— Я ж не ў музей дарую, а дзеля гаспадаркі. Сам жа ты ніяк не дадумаешся купіць. А ўсе сур’ёзныя людзі спрадвеку мелі і маюць нажы.
Выкрыўшы свае намеры, Колас канчаткова абяззбройвае мяне:
— Бяры, бяры! Толькі давай сюды грыўню. I не смейся. Кажуць, вострага дараваць нельга. Дык мы ашукаем прыкмету. — Тут ён не вытрымлівае сур’ёзнага тону, аднак хавае маю манету ў кашалёк. — Ну вось, будзем лічыць, што ты адкупіў у мяне. Дый ён больш маладому да твару — кавалерскі сцізорык…
Словы відавочна падфарбаваны іроніяй. Відаць, усё ж нож не зусім такі, каб яго ўласніка можна было прылічыць да «сур’ёзных людзей».
— Мне і гэты добра, — спрабую пажартаваць, — а вось вам, пэўна, адзін дзядзька Антось мог бы дагадзіць…
Сапраўды, любімы герой любімай паэмы Коласа расказваў казкі, варыў клёцкі з бярозавікам, а найлепей выбіраў і падганяў начынне для касьбы.
— Ты дзён тры шукаў, а ён бы тры тыдні хадзіў ды так і вярнуўся б у Мікалаўшчыну не купіўшы. Пераборлівы быў на гэты конт. Антось меў немалы талент, — Колас ужо гаворыць не пра героя, а пра ягонага прататыпа, свайго дзядзьку, — і вось які. Кожную работу з аднолькавай любасцю рабіў: малому свісцёлку скручваў і ўсёй Мікалаўшчыне косы выбіраў…
Колас расказвае, не шкадуючы свежых падрабязнасцей, фарбаў, адценняў, што засталіся па-за паэмай, але і дасюль жывуць ва ўяўленні.
…I ўлюбёны малюнак паэмы адкрываецца як быццам упершыню.
…Шуміць местачковы кірмаш. Бярэцца пад паўдня і, як на жнівеньскую пару, ніштавата прыпякае. Хвалямі наплывае чалавечы гоман, пах ігруш і кмену, водар прывялае асакі з фурманак. Гукаюць і нокаюць цыганы, выхваляючы спрыт і складнасць выведзеных на продаж кляч, сварацца перакупкі, вырываючы адна ў адной тлустую качку, вішчаць падсвінкі, мыкаюць каровы і выпусткі, кукірэкаюць здуру, спадзеючыся на лепшы лёс, маладыя пеўнікі ў клетках. У мучным і жытнім радзе — цішэй, тут пакупец сур’ёзны, торг ідзе спаважна. Далей — горы яблыкаў, гуркоў і сліў распіраюць палукашкі. Убаку, за цэлым лесам паднятых угору аглобляў, — сталы і яткі са свежай баранінай і кавалкамі леташняга, прыжоўклага сала.
Тыя, хто паспеў растаргаваць прывезенае дабро, перакусваюць тут жа, каля вазоў. На прыкрытай дзяружкай саломе — кватэрка «манаполькі», жытні хлеб з хатняй печы і крыху чаго тлусцейшага на заедку. Прылажыліся да кантовага кілішка раз-другі, і вось падвяселеныя сваты і кумы, цесці і зяці пачынаюць спрабаваць галасы.
Каля крамы з жалезным таварам, куды амаль не далятае ўвесь гэты галас і тлум, мружыць вока на сярпы, секачы і рыдлёўкі каржакаваты чалавек. Яму душна ў саматканай світцы і гаматных, запраўленых у юхтовыя боты портках. Але тая мэта, што прывяла яго сюды, вымагае і пэўнай строгасці ўбрання. Дзядзька доўга прыглядаецца да выкладзеных на прылавак кос. Нарэшце аблюбаваў і хуценька выхапіў адну, быццам збаяўшыся, каб не перашкодзіла што, каб не перабег нехта дарогі. Перш зірнуў на кляймо — віленскае, там у майстроў добрыя рукі, агледзеў нос і пяту — усё ў меру, не даў браку; крануў кіпцем лязо — прудкае, ліха на яго, даў пстрычку па абушку — звініць!
Прычапіцца, каб і хацеў, няма да чаго, значыць, з такою касою можна і загаварыць. Ён яшчэ больш паглыбляецца ў сябе. I ўжо не сярэдніх год чалавек у кашулі з вышыванай грудзінаю выбірае сабе надзейную памочніцу для самай цяжкой работы, а нібыта слуга алтара свяшчэннадзейнічае, чакаючы таемнага голасу з неба.
Шапка заціснута ў каленях, вецер абвявае прыпацелыя валасы, аблічча набывае ўсё болей урачыстасці. Ён сапраўды чакае голасу: скажа — «Каса!», і яна павінна адгукнуцца. О, падала-такі голас! Дзядзькаў твар святлее: добрая!
Антось стаіць на ўтоптаным рыначным пляцы — акурат бог ва ўяўленні старажытных. Амаль што антычны, бог працы, мясцовы, мікалаеўскі, які робіць пульхным няўдзячны загон, вершыць стагі па сенажаці, ганяе плыты з Нёмана аж у мора і пры выпадку не размінаецца з чаркай і песняй.
Малюнак, рассунуўшы сцены гасцінічнага пакоя, некаторы час трымаецца перад вачыма, як раптоўна спынены, нерухомы, так званы стоп-кадр у кіно. Пад голас Канстанціна Міхайлавіча экран памяці паволі цьмяніцца і зноў набывае поўную сілу люстра пад столлю.
— Антось казаў, касу трэба адкасіўшыся выбіраць, не спяшаючы. I рабіў гэта мудрэй, чым маскоўскі патрыярх велікодную ютрань служыць…
Колас змаўкае. Відаць, не хоча разлучацца з тымі даўнімі, ім самім выкліканымі вобразамі. Не адступаецца кірмашовае відовішча і ад мяне. Ні па дарозе на вакзал пад плюханне машыны праз шэрую калатушку мокрага снегу, ні на вагоннай паліцы, калі ў шырокае акно лепяцца бухматыя адліжныя сняжыны, а пасля палявая завея з подсвістам сыпле жменямі дробную крупку.
Рупіць і рупіць не ўціхаючы: ці толькі зараз падняло і павяло мяне за сабою Коласава ўяўленне? А ці не быў я некалі раней саўдзельнікам чагосьці вельмі падобнага да выбару касы, ці не прысутнічаў пры такой цырымоніі асабіста?
Шукаючы адказу, слухаю завею, і ў ёй ажываюць развітальныя словы Канстанціна Міхайлавіча:
— Каб давялося складаць беларускую міфалогію, я перш-наперш абвясціў бы Антося богам касы. А Міхала, свайго бацьку, богам лесу. Ты думаеш, яны з неба падалі, розныя багі? У пісаніі сказана, нібыта бог стварыў чалавека па сваім вобразе, на свой кшталт. Не, усё наадварот: чалавек падганяў па сабе бога. З тых, што былі старэйшыя ў доме, каго хатнія паважалі і баяліся. Пярэйдзе такі старэйшына ў кола нябожчыкаў, аддаліцца ад жывых на адлегласць прапрадзеда, і гатова: паданні аб спрыце, сіле, адважнасці, німб вакол галавы.
Бог касы і бог лесу! Колас надзяляе створаныя вобразы дакладнымі імёнамі, нібыта сапраўды робіць подпісы пад іх партрэты ў міфалагічнай хрэстаматыі. I сам аказваецца ў найбліжэйшым сваяцтве з імі, у такой самай постаці, за такой самай працай.
Успамінаю Канстанціна Міхайлавіча з касой каля свайго дома. Ён сіліцца выкасіць траву між кустоў, але немаведама дзе ўзятая каса не бярэ, пахістваецца на коссі і не паддаецца ні мянташцы, ні асаджванню малатком. «Падосак!» — кідае зняважліва змакрэлы касец і сядае пакурыць.
Завея гоніцца за мной усю ноч, стараецца не астацца ад цягніка. I ў ранішнім сутонні на чыгуначным мосце каля Барысава дагнала, закруціла, закурыла, засланіла белай пацярухай далечы. I раптам апала доле і разам з познім сонцам выгарнулася са снежнага кужалю і лёгкага прадзіва ўспамінаў такая самая калючая і вятрыстая раніца…
Год дзесяць назад… Таксама — Масква. У квадратовым вялікім пакоі два чалавекі. Добрыя і зацятыя, усмешлівыя і крыху ўгневаныя, яны ўпарта адстойвалі кожны сваё. Размова ішла горача, але і ў самыя вострыя моманты яны не трацілі здольнасці зірнуць на сябе і на прадмет спрэчкі зверху ўніз, як дарослыя на дзіцячыя гульні.
Гэта былі Колас і Купала. I спрачаліся яны не пра што іншае, як пра нажы — чый лепшы?
Усё, што так настойліва трывожыла цэлую ноч, раптам узнавілася ў памяці.
У канцы Малой Пірагоўскай, дзе я тады жыў, моцна задзімае. Завеяны і акалеўшы, пераступаю з нагі на нагу — пазнюся на работу, а трамвая няма і няма.
Праз снегавую імглу ад Нова-Дзявочага манастыра пасоўваецца постаць, не пазнаць якую нельга, а паверыць, што пазнаў, таксама немагчыма. Бо адкуль жа тут узяцца Коласу, ды яшчэ так рана?
Аднак гэта ён, ідзе насустрач, падае руку, адгукаецца на абвыклае са студэнцкіх год: «Дзень добры, дзядзька Якуб!» — такім жа абвыклым: «Здароў, галубок!»
Пачаў працу VII з’езд Саветаў. Яны прыехалі разам з Купалам і жывуць у новых дамах каля манастыра. Вось Колас і выйшаў, па сваім прызвычаенні, патупаць перад працоўным днём. Запрашае заходзіць, тым больш што мой дом поблізу.
Пагаварыць вельмі нецярплівілася. I я, вядома, апараніўся, не даў людзям перадыхнуць пасля дэлегацкіх турбот, атак карэспандэнтаў, выдавецкіх спраў.
Аднак яны і не збіраліся спачываць. Перад Коласам ляжала недапісаная паштоўка, а Купала распытваў дзяжурную, дзе бліжэйшая аптэка, — яму спатрэбілася лякарства.
Яны адразу ж вярнуліся да недакончанай, мусіць, перад маім прыходам размовы. Даклад Сярго Арджанікідзе аб прамысловасці пакінуў незабыўнае ўражанне, паэты прадчувалі новую індустрыяльную будучыню Беларусі. Не менш абяцалі і захады, якія збіралася зрабіць краіна ў гадоўлі жывёлы.
Уражанняў не пазычаць — прыгадка змяняе прыгадку, адзін малюнак саступае месца другому.
Я слухаў, рады магчымасці пабыць лішнюю хвіліну з людзьмі, каго тады не так часта шанцавала бачыць. Аднак асабліва расседжвацца нельга. Гляджу на гадзіннік, каб, зачапіўшыся за позні час, падняцца. Але Канстанцін Міхайлавіч вельмі добразычліва затрымлівае, пытае, як паводзіцца тут, у Маскве, як заработкі, ці хапае ведання рускай мовы для работы ў выдавецтве. Адказваць даводзілася стрымана, не скардзіцца ж ім на свае нягоды!
Колас, відаць, адчуў гэта і перавёў адразу гаворку на галоўнае.
— Толькі пісання не закідай. Давай хоць заметкі, водгукі на кнігі. Потым і што большае надрукуецца.
Як ні ўцешна было чуць спагадлівае слова, мяне бянтэжыў Купала. Выгляд у яго быў не з лепшых часаў, гартаючы на канапцы «Крокодил», ён неўзаметку паглядаў на ложак.
Канстанцін Міхайлавіч угадаў мае намеры адвітацца і падсунуў сподак з яблыкамі.
— Укусі на адыход. Нашы антонаўкі. Ёсць жа ў людзей сакрэты: яблыкі да новых далежваюць. Калі хочаш, абірай, — ён выгарнуў з паперы, відаць нядаўна куплены, складанчык. — Чаго касавурышся? Гэта ўсім нажам нож, — у голасе ў яго пачулася адценне ці то перавагі, ці нават лёгкае пахвалянне.
Нож быў просценькі, у касцяных ці нават драўляных тронках і, праўду кажучы, асаблівага ўражання на мяне не рабіў.
Гэта і зазначыў, пасмейваючыся, Купала. Я і не згледзеў, як ён паспеў апынуцца поруч. Колас запярэчыў. Маўляў, не ў выглядзе справа, а ў фірме, і паказаў кляймо славутай у тыя гады арцелі.
— Вось я і кажу — нічога асаблівага, — паўтарыў Купала, — і ў мяне гэтакае дабро ёсць. — Ён паклаў на стол акурат такі ж самы ножык.
На Коласавы словы, што мала купіць, а трэба ўмець выбраць, Іван Дамінікавіч прадэманстраваў цэлы шэраг выпрабаванняў. Дыхаў на лязо і сачыў па гадзінніку, як знікае туманок запацеласці з паверхні: хутка, значыць, сталь добрая. Потым прыціскаў дзюблік пад вялікі палец на рагу стала і лёгка біў па тронках. Нож глуха трымцеў, а калі вібрацыі аціхалі, падспеўваў тонкім голасам. I гэта неблагая адзнака! Затым аднекуль з’явілася тоўстая іголка, з яе дапамогай было вызначана, як паддаецца лязо вастрэнню і ці будзе трымаць вастрыню. Нарэшце глядзелі, на колькі ўбіваецца кончык нажа ў фанерку, падаючы з паўметровай вышыні. Тут прыкідалася на вока разацкая, як сказаў Купала, здольнасць струманту.
Падобныя маніпуляцыі, можа, толькі ў іншай паслядоўнасці і з пэўнымі варыянтамі, прарабіў са сваім нажом і Колас. Вось тут і занялася спрэчка: хто ж зрабіў больш удалы выбар? Пайшлі доказы, пярэчанні, падхвальванне свае пакупкі. Пасля агледзеліся, што пад час выпрабаванняў падобныя цюцелька ў цюцельку нажы пераблыталі, і вызначыць, каму які належыць, немагчыма.
— Смех смехам, — сказаў Купала, — а як дзяліць будзем?
Выручыла «камуканне» — Канстанцін Міхайлавіч помніў надзейны спосаб дзяльбы з настаўніцкай семінарыі.
— Стань тварам да дзвярэй, — закамандаваў ён мне і спытаў: — Каму?
Не помню, чыё імя я назваў першае, але спрэчка аб прыналежнасці нажоў гэтым не вырашылася. Пазней расказвалі, што, вярнуўшыся ў Мінск, сябры не-не дый падкпівалі адзін з аднаго.
— Дзякуй, Каласок, хвацкі ты мне нож купіў, — гаварыў Іван Дамінікавіч, намякаючы на блытаніну.
— I ў мяне няйначай, як твой, — аджартоўваўся Колас. — Не рэжа, а голіць. Адразу відаць — чалавек сабе выбіраў.
З розных паездак і падарожжаў паэты прывозілі нажы. Верх па якасці браў то адзін, то другі: Купала вярнуўся з Карлавых Вараў, набыўшы нейкі ледзь не адзіны экземпляр.
Праз некаторы час школьны таварыш падараваў Коласу унікальны выраб фабрыкі Заўялава, падкасіўшы замежнага прэтэндэнта на пяршынства. Шансы ўраўнаважваліся, пакуль новы набытак з чыйго-небудзь боку не выклікаў прыкметных хістанняў. Вось як зараз…
Купала і Колас пабралі свае пераблытаныя трафеі і ўзяліся замацоўваць дадзены мне ўрок тонкага майстэрства выбіраць нож. Гэта былі, так сказаць, метадычныя парады:
— Нож павінен быць такі, — казаў Колас, — каб можна было выразаць кій, накрышыць тытуню, накроіць хлеба, ну і часамі корак выцягнуць.
Купала слухаў і ківаў галавою. Пакуль не дайшло да шыла і адвёрткі.
— А нашто яны табе?
— Бывае, у стрэльбе што прыкруціць або вушка ў боце адарвецца, — вочы Коласа ўсміхаліся. — Ды я не пра сябе, людзям патрэбна.
— Хіба што! — хмыкнуў Купала. — Але на розныя налады ёсць майстры, яны чысцей робяць. Ты ж сам першы клічаш ісці ў нагу з прагрэсам. Цяпер скрозь спецыялізацыя, дык нашто ляпіць усе прычындалы ў адзін нож? Выпускай на кожны густ і патрэбу: садоўніцкія, паляўнічыя, дарожныя.
Канстанцін Міхайлавіч не мае нічога супроць.
— Мы ўсе ў дарозе, — гаворыць ён. — Мала якое здарэнне можа натрапіць падарожнага. Яму трэба добрую снасць у рукі.
Купалаў твар на момант перасмыкваецца, няйначай, абзываецца нядужасць. Але ён авалодвае сабой і дадае яшчэ адно пажаданне, напаўжартліва:
— Галоўнае, каб, зірнуўшы на нож, можна было сказаць, што гаспадар яго — прыстойная асоба.
…Ваенныя і вандроўныя гады моцна прыпарушылі тую сустрэчу. Па дарозе з Масквы я адгарнуў апалае лісце дзён і што ўспомніў, што аднавіў па запісах 1935 года.
Выходзіла, Канстанцін Міхайлавіч, выпраўляючы мяне пашукаць добрага нажа, дакладна паўтарыў колішнія Купалавы словы. I нават вымавіў іх асабліва, відаць, думаў, што і я помню ўсю цырымонію выпрабавання. А можа, быў не супроць паўтарыць яе і праз гэта прыгарнуцца сэрцам да адышоўшага сябра, да ўсіх людзей, якія ўмелі і любілі рабіць усякую работу.
Не дзівацтва, не калекцыянерская прагнасць, нават не жаданне мець лепшую, чым у каго іншага, рэч штурхалі Купалу і Коласа на раздабыткі новых узораў нажовай вытворчасці. Нястомныя ў працы і пошуку іншых скарбаў, яны такім чынам як бы прыядноўваліся да высілкаў многіх і многіх майстроў. Тых, што выраблялі безліч гатункаў гэтага інструменту, і тых, хто карыстаўся ім. З аднаго боку выстрайваліся густыя шэрагі рудазнаўцаў і рудакопаў, сталявараў і прэсавікоў, гартавальнікаў і паліроўшчыкаў, з другога было яшчэ гусцей: землепраходцы, садаводы, марскія вандроўнікі, пасажыры, паляўнічыя, горныя і селавыя пастухі. Нож быў рэччу выключнай у гэтым сэнсе: патрабуючы немалога ўмельства для свайго вырабу, уладаў і агромністай аддачай.
Для Купалы і Коласа ў старажытнай прыладзе працы, здабывання ежы, абароны і нападу як бы сінтэзаваўся поступ чалавецтва ад дасканаласці і вяршынь культуры. Дарма, што прылада гэтая часамі трапляла ў рукі подласці, падступнасці і фанатызму. Дабрадзействы яе — незлічоныя!
Перад вачыма паэтаў гарталася шматвяковая гісторыя, прыгадваліся далёкія і блізкія прыклады, як на ўсіх неаглядных шляхах, аж да каменнага веку, выручаў чалавека і служыў яму на дабро — нож. З ім, крамнёвым, бронзавым, стальным, нарэшце, чалавечая мужнасць ратавала жыццё, адстойвала добрае імя людзей, а чалавечае ўмельства вызваляла ад болю, выклікала на свет творы мастацтва, затоеныя ў кавалку дрэва, скручвала дудкі з вярбіны.
Вось, бадай, і ўся навука, якую перадаў Колас разам са сваім падарункам. Я даўно ўжо не нашу таго чорнага ножыка ў кішэні, не бяру ў лес, нават не вастру ім алоўкаў. I трымаю не на стале, а ў шуфлядзе — каб не выраслі часам ногі. Праўда, не пахваліў бы за гэта дзядзька Якуб: нашто тая рэч, калі на яе можна толькі глядзець! А я толькі гляджу… Але чую яго мудрыя парады, аднаўляю галасы мінулага, стараючыся ўслухацца ў тое, што будзе.
I сам гавару з людзьмі, жыву з імі…