Як Міцкевіч стаў Коласам. Пра што расказвае «Кніга ташкенцкага быція». Першая няўдача з подступам да героя. Колас пачынае ўспамінаць. Гросбух для ўсяго, што лезе ў галаву. Памяць Коласа. Званочкі і «Краска». Вечны каляндар маніць. Я прайграў заклад.
Багата гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб ім аповесць. Не аб дбайным збіральніку мастацкай праўды ў трывалыя радкі кніг доўгага веку; не аб мудрым чалавеку з дзяржаўным позіркам, клопатам і сталасцю, абвеяным цеплынёй народнае пашаны; нават не аб добрым старэйшым таварышу, якім быў ён для многіх з нас, пісьменнікаў, хто меў права гаварыць яму «ты», або ўжываць даўнейшы вясковы зваротак «дзядзька Якуб», а то і проста казаць «дзядзька», як сваяку.
Пра пісьменніка, Якуба Коласа, найлепшым чынам гаварылі яго кнігі, самі, без ніякага пасрэдніцтва; аб чалавеку, Канстанціну Міхайлавічу, маглі куды лепш за мяне расказаць тыя, хто прайшоў з ім даўжэйшы шлях, стаяў поруч у 30-я гады, перажываў разам цяжкую пару Айчыннай вайны; друкаванае слова пра мілага і чулага «дзядзьку», напэўна, выклікала б у яго нездавальненне з прычыны міжвольнай, але няўхільнай для размоў такога парадку інтымнасці.
Аднак не толькі гэтыя акалічнасці спынялі руку і кіравалі ўвагу на іншае. Іншая постаць не адступалася ад маіх вачэй. Думалася пра самы кароткі, можа быць, самы просты, але затое вырашальны кавалак яго жыццёвага шляху: ад нараджэння чалавека да нараджэння паэта. Нецярплівілася адгадаць, як шэрае качаня, калі выслаўляцца з дапамогаю казачных вобразаў, ператварылася ў белакрылага харашуна, даўгавечнага лебедзя.
Жыў сабе сялянскі хлапчук, пасвіў кароў на палянах у хвойніку, бегаў з белай торбачкай за плячыма ў школу па беразе Нёмана — і раптам гэты басаногі Костусь адчуў сябе паэтам і назваўся Якубам.
Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае — Колас. I стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкалашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей.
Колас выспеў, выдужаў, вырас у з’яву, куды зазірнулі і засталіся ў адбітку аж дзве эпохі: ад 1905 да Кастрычніка і ад Кастрычніка да нашых дзён, калі на вачах паэта, з яго сілай і песняй будавалася грамадства сацыялізма.
Што ж абудзіла яго, што рушыла ў рост і найбольш паспрыяла, што, калі і як паставіла яго на лясную трэль, якую ён зрабіў прасторнай дарогай паэзіі, каб улілася яна ў неаглядныя чалавечыя шляхі думання і барацьбы?
Успамянём, перад усім, багацце ўласнай душы і здольнасць пры дапамозе слова дзяліцца гэтым багаццем з іншымі, адным чынам, тое, што ў звычайным абыходку называюць пісьменніцкім талентам. Але ці ёсць талент тым шчаслівым дарункам, які атрымлівае чалавек ад прыроды пры нараджэнні і нясе яго праз жыццё як нешта раз і назаўсёды дадзенае і таму нязменнае?
Гавораць, чалавека стварыла праца. Звужаючы гэта выслоўе, каб дапасаваць яго да мастацтва, можна сцвярджаць, што чалавек працаю стварае свой талент. Найлепшае сведчанне гэтаму — праца самога Якуба Коласа, важкі і ў літаральным і ў пераносным сэнсе збор яго твораў, а таксама неаспрэчны сведка творчага працэсу — дзённік.
У сшытках «Кніга ташкенцкага быція» і «Гаворыць Клязьма» расказваецца, як настойліва, ні на крок не адхіляючыся ад задумы, пісаў Якуб Колас, хоць і валіўся з ног ад бяссоння і малакроўнасці, але кожны дзень, не дазваляючы сабе спачыць ні на адну хвіліну, нават пасля аперацыі. Сядзеў за сталом, па ўзору Максіма Горкага, і працаваў, пакуль не адбярэцца рука. I вось вынік. З красавіка 1943 па лістапад 1944 года з-пад пяра выйшлі вершы вялікай сілы і хараства: «Роднаму краю», «Шлях славы», «Чымган», «Салар», паэма «Адплата», лірычныя адступленні якой па ўсхваляванасці, вобразнай моцы, яркасці малюнкаў ці не перавышаюць лепшыя старонкі «Сымона-музыкі».
I гэта не ўсё: трэба дадаць яшчэ дзесяткі газетных артыкулаў, апублікаваныя і неапублікаваныя выступленні на розных сходах, па радыё і на літаратурных вечарах.
Добрая траціна часу з тых месяцаў дваццаці, апісаных у дзённіку, пайшла на выкананне ганаровых і неганаровых абавязкаў, на ўладкаванне дзяржаўных і прыватных турбот, паездкі з Ташкента ў Маскву на 3-ці Усеславянскі мітынг, у вызвалены Гомель на чарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР, на пераезды з аднаго месца бытавання ў другое.
Такім чынам, 30–40 вершаваных радкоў прыпадае на кожны творчы дзень паэта, калі б можна было назваць такі дзень у поўным сэнсе творчым. Двойчы, рана і ўвечары, Канстанцін Міхайлавіч спяшаўся да вулічнага ці санаторнага рэпрадуктара паслухаць весткі з франтоў, паспяваў пабыць у рэдакцыях, заходзіў у Саюз пісьменнікаў, сустракаўся з сябрамі, выварочваў і пілаваў карчы, прычым рабіў гэта з задавальненнем, адзначаючы ў дзённіку: «Стаяў над вывернутым карчом, як баец перад трафейным „фердынандам“».
А калі гаспадыні нядужылася, браўся за нож і чарпак, гатаваў верашчаку, варыў прэсную капусту. Позна вечарам, спарадкаваўшы чарнавікі і накіды, перапісваў усё зробленае: чарговы раздзел паэмы — у асобны сшытак, а вершы — у другі, які жартаўліва ахрысціў «Ташкенцкая торба». Перапісваў, потым сядаў за лісты і нарэшце падводзіў рысу пад падзеямі ў дзённіку. А тут ужо ў сціплых словах, вельмі сцісла гаварыў пра многае.
I першая, самая большая турбота была: ці пасунуліся нашы войскі хоць на крок паперад, ламаючы летняе супраціўленне гітлераўшчыны ў 1943 г. Глядзіш зараз на запісы і бачыш: і ўсмешку на твары, і вясёлую руку, і нават роўненькія і цвёрдыя літары здаюцца вясёлымі ў словах «Вызвалена Орша», або «Воўка кінуўся цалаваць нас усіх — узят Мінск».
Яго сэрцу нецярплівілася дамоў. Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім, а тут насоўвалася іншае няшчасце — на вачах пачынала згасаць сяброўка жыцця.
Спакою не было, але Колас пісаў.
Ведаючы ўсё гэта, мы можам сказаць, што талент — не толькі праца, а і мужнасць, а поруч з мужнасцю заўсёды ходзіць подзвіг.
Так мы вярнуліся да пачатку размовы, калі назвалі талент адной з неабходнейшых умоў для выхаду ў прасторы паэзіі. Талент, як бачым, фармуецца доўга, гэта ёсць вынік цэлага жыцця з яго штодзённай самаахвярнай працай. А што ж было на самым перадзе, што вылучала не паэта, а хлапчука з паэтычнымі задаткамі? Відаць, толькі адно: непасрэднае ўспрыманне, блізкае адчувальнасцю да фатаграфічнай плёнкі, здольнай утрымліваць адбіткі падзей, твараў, родных з’яў і вобразаў, усяго, на што б ні пасвяціў сонечны прамень з уласнага дапытлівага вока.
Ці магла адна гэта якасць паставіць хлапчука на дарогу паэта? Хутчэй за ўсё — не. Так і марнавалася б, намнажаючы адбіткі, «плёнка» ўспрымання, каб не «праявіла» яе асяроддзе, людзі. У першую чаргу — блізкія, на чыім малацэ і мазалі ён узгадаваўся, ад каго пачуў першае сугучча роднай песні, першую скаргу на крыўдны лёс.
I не адны блізкія людзі маглі падняць яго да валодання словам. Тут прычынілася ўся зямля, змучаная ў той час, але ўрадлівая на таленты, хоць і ўзыходзілі яны куды радзей, чым сеяліся, і не заўсёды, акрыяўшы, звязвалі свой лёс з лёсам занядбанай карміцелькі. Яна настойліва і неадкладна патрабавала галасніка, праз які б магла гаварыць не толькі пра сваё гора, але і пра сваю мару, не толькі аб прыгнёце, а і аб нізрынуцці яго.
Некалі такім галасніком для многіх паярэмленых царызмам народаў стаў Тарас Шаўчэнка. Але мінаў час, у народных глыбінях спела паўстанне, а каб ажыццявіць яго — патрэбны былі мозг, які б трымаў перад у паходзе па свабоду, збройныя рукі, якія б здолелі ўзяць і адстаяць гэтую свабоду, і новыя спеўныя вусны, якія б, не стамляючыся, клікалі, бадзёрылі і натхнялі на барацьбу.
На самым рубяжы двух стагоддзяў, дзевятнаццатага і дваццатага, пачала збірацца цвёрдая арганізаваная сіла, рыхтуючыся на штурм цытадэлі царызму, якая магла быць узята толькі тады, калі, паводле ленінскага прадбачання, усе сілы абуджанага пралетарыяту злучацца з «усімі сіламі рускіх рэвалюцыянераў у адну партыю, да якой пацягнецца ўсё, што ёсць у Расіі жывога і чэснага».
Авалодаўшы тэорыяй паўстання і рэвалюцыйнай зброяй, навучыўшы свой чырвоны сцяг лунаць над барыкадамі першай рускай рэвалюцыі, партыя бальшавікоў рыхтавалася да перавароту, каб узяць уладу і заснаваць дзяржаву рабочых і сялян як плацдарм для пабудовы новага свету.
Гэтак і сталася пазней, на сталым веку Якуба Коласа. А для таго каб першая песня пастукалася ў сэрца вясковага падлетка, усё, як кажа прымаўка, складалася адно да аднаго: турботы ўласнага таленту, уплыў блізкіх людзей і патрабаванне народа — мець смелыя і праўдзівыя вусны.
Усё гэта было мне ясна ва ўяўленні, даволі выразна малявалася і постаць героя будучай кнігі. Але, каб пачаць пісаць, аднаго ўяўлення відавочна неставала.
Трэба было больш ведаць наогул пра сям’ю Міцкевічаў, пра маленькага Костуся, мець запас жыццёвых падрабязнасцей, якіх не заменіць ніякая, нават самая багатая, выдумка. Выдумляць я не меў права, дый гэта было ні да чога ў кнізе такога парадку, як задуманая мною. Апрача ўсяго іншага, рабіць гэтак здавалася грэшна і смешна, калі поблізу разлягаліся коласаўскія мясціны, а там жылі яго аднагодкі, працавалі сваякі, з якімі ён рос і гадаваўся, і самога Канстанціна Міхайлавіча можна было бачыць кожны дзень.
Толькі як знайсці зáчапку, як заахвоціць яго да такой гаворкі? Аднак мне даводзілася бачыць, як цяплелі і пачыналі свяціцца ягоныя вочы пры ўспаміне аб Мікалаеўшчыне ці проста калі пры ім чыталіся перакладзеныя па рускую мову раздзелы «Парэчча» ці «Агляд зямлі», над рэдагаваннем якіх працаваў тады Пётр Сямынін. Напэўна ж, не ўсё сказаў паэт у творах, што прынята лічыць аўтабіяграфічнымі.
Каб не заблытваць справы хітрымі подступамі і падыходамі, я адкрыта расказаў Канстанціну Міхайлавічу аб сваіх намерах.
— Чытай «Новую зямлю», — сказаў ён. — Я там нічога не зманіў. Уся наша сям’я — пад сваімі імёнамі. А захочаш ведаць, як я настаўнічаў, трапіў у турму, прыгледзься добра да Лабановіча.
Выслухаўшы добразычлівую параду, я быў вырашыў адмовіцца ад задумы. Пісаць кнігу па літаратурных творах, ды не проста вядомых, а класічных, было б, па меншай меры, легкадумна.
Я кінуўся на коласаўскія мясціны, зрабіў пешкі падарожжа па беразе Нёмана, не адзін дзень правёў на абтупаных паэтам лясных сцяжынах у гонкіх шчырых барах, слухаў, як шумяць любыя ягонаму сэрцу дубовыя гаі. Пасля пачаў адчыняць дзверы ў леснічоўкі, дзе жыў ён некалі, распытваўся ў аднавяскоўцаў, выхопліваў кожнае цікавае слоўца ў братоў і сясцёр.
Усё як быццам станавілася на месца: людзі, прырода, абставіны, а жывога дыхання ў вобразе так і не з’яўлялася.
I, ці то незнарок, ці то з літасці да маіх марных намаганняў, Канстанцін Міхайлавіч раптам расшчодрыўся. Пачаў успамінаць эпізоды маленства, у двух-трох сказах даваў партрэтныя характарыстыкі членаў сям’і. У гаворцы пракідаліся неацэнныя прыкметы часу, невядомыя мне падрабязнасці тагачаснага жыцця.
У такія «ўспамінныя» хвіліны я ператвараўся ў слых, нічога не перапытваў, каб выпадкам не паказаць свае цікавасці і не перапыніць так патрэбнай мне плыні прыгадак. А дома стараўся як мага дакладней запісаць усё тое, што ўдавалася пачуць.
Неяк, пасля адной асабліва багатай на змест гаворкі, заўважыўшы, што мне нецярплівіцца хутчэй пайсці, Канстанцін Міхайлавіч хітравата скасавурыўся і прамовіў:
— Няма чаго ўцякаць. Бяры ўжо лепш паперу ды запісвай за мною ўслед.
Назаўтра я прынёс тоўстую канцылярскую кнігу і пазнаёміў Канстанціна Міхайлавіча з папярэднімі запісамі. Ён заўважыў некаторыя недакладнасці, тое-сёе дапоўніў і паклаў кнігу ў шуфляду пісьмовага стала.
— Будзем даставаць яе час ад часу. Не кожны дзень, а калі ўсплыве што-небудзь вартае.
«Вартага» ўспаміналася, на маю радасць, многа, і запісваць даводзілася амаль пры кожнай сустрэчы. Часамі, у маю адсутнасць, Канстанцін Міхайлавіч выцягваў «гросбух для ўсяго, што лезе ў галаву», як жартаўліва ён ахрысціў маю кнігу, і рабіў запісы сваёю рукой або ўкладаў туды нататкі на асобных паперчынах.
Памяць у яго была выключная. Нават дні, калі адбываліся тыя ці іншыя здарэнні, Канстанцін Міхайлавіч называў без памылкі, быццам справа дзеялася ўчора. «Было гэта, да прыкладу, гаварыў ён, — у пятніцу на чыстым тыдні…» Потым успаміналася якая-небудзь прыкмета — вучэнне ў школе ці ў семінарыі, і такім чынам устанаўліваўся год.
Расказваючы што-небудзь паўторна, перад новымі слухачамі, Канстанцін Міхайлавіч быў дакладны і ў падрабязнасцях і нават у слоўным выражэнні. Вось чаму асобныя радкі гэтых запісаў блізкія да вядомай аўтабіяграфіі і некаторых іншых апублікаваных матэрыялаў са спадчыны пісьменніка.
Не ўсе даты, што сустракаюцца тут (напрыклад, дзень выхаду з астрога ў 1911 годзе, паездка ў Вільню і іншыя), супадаюць з прынятымі ў літаратуразнаўстве нават на падставе ранейшых выказванняў самога Якуба Коласа.
— Як там дзе напісана, — звычайна гаварыў ён пры спробах удакладніць даты, — я не ведаю. Слухай, што кажу, і гэта будзе дакладна.
Спрачацца не выпадала, дый аднойчы я быў належным чынам пакараны за недавер’е да яго бясхібнай здольнасці ўзнаўляць падзеі ў такой непасрэднай свежасці, нібы яны адбываліся не пазней як напярэдадні.
Няхай тут раскажацца пра тое, наколькі моцная і ўчэпістая захавалася памяць Канстанціна Міхайлавіча ўжо ў вельмі паважным веку.
27 кастрычніка 1951 года, як сцвярджае дата пад аўтографам чатырохрадкоўя «Маім рэдактарам Максіму і Пятру (Лужаніну і Глебку)», напісанага ў духу свабоднага жарту і праз гэта яшчэ не апублікаванага, я пераглядаў, седзячы ў кабінеце Канстанціна Міхайлавіча, рукапіс першага тома яго Збору твораў.
Хутка павінен быў прыйсці Глебка, тытульны рэдактар гэтага тома, каб разам звесці ў адзін паасобнік усе праўкі і зверыць розначытанні.
Мінула з паўгадзіны звыш умоўленага часу. Вельмі акуратны ў дапільноўванні тэрмінаў, — Колас не дазваляў сабе не толькі пазніцца, а заўсёды прыязджаў за добрыя паўгадзіны да пачатку сходаў ці проста таварыскіх сустрэч, — Канстанцін Міхайлавіч пачаў выказваць адзнакі нецярплівасці: маўчаў, пакашліваў, браў і адкладаў свежую газету. Нарэшце пазваніў у Інстытут мовы. Глебкі на месцы не было.
— Мусіць, выйшаў ужо. Пайду насустрач, можа, спаткаю. I час хутчэй пройдзе.
— Дык лепей я выйду, дзядзька Якуб.
— Не, сядзі, працуй.
Праз некаторы час ён вярнуўся адзін.
— Наш Пятро збіраецца, як шляхцянка ў касцёл. Ксёндз казань канчае, а яна яшчэ ўсіх аплікоў не пазашпіляла. Наогул натура ў яго спакойная. Не любіць спяшацца. І спіць добра. Аднойчы, яшчэ ў вайну, я прыйшоў да яго ў гасцініцу «Якар». Дзяжурная кажа: «Дома, спіць». Дык я цэлую гадзіну барабаніў у дзверы. Даў бог чалавеку сон — каб кожнаму з нас! Таму ён, відаць, і рахманы такі, лагодны. Ведама, добра выспаўшыся… — Канстанцін Міхайлавіч змаўкае, мусіць, думае пра іншае. — I з самымі рознымі людзьмі дружыць… З сваім цёзкам, дый са мною таксама. Праз сваю ціхманасць, мусіць, і непрыемнасцей не меў, як яго сябры з «Узвышша», а пазней і многія іншыя. Кузьма Чорны казаў мне, што правёў з ім некалькі дзён запар, перад самай бядою. А Пятра ліха абмінула. Відаць, не да кожнага благое прыстае.
Не ўпадабаўшы, чаму адказваю не адразу, вядзе размову далей:
— От і дружу з ім, і хінуся — з сэрцам і розумам чалавек. А часамі падумаю пра яго — быццам на аркуш белай паперы гляджу… Што за дзіва?
Пад вусамі прабегла няўлоўная ўсмешка. Канстанцін Міхайлавіч сеў за стол і падсунуў да сябе паперу.
— От зараз я ўсыплю вам абодвум, — сказаў ён, пачынаючы нешта накідваць алоўкам.
Потым перабяліў напісанае на двух аркушыках і адсунуў убок.
— Гэта вы з Пятром атрымаеце, калі скончым рэдагаваць. Раней не дам, каб не ўгнявіць рэдактароў сваіх. А цяпер вось аб чым пагаворым. Відаць, вы патураеце мне. Прапускаеце ў друк тое, ад чаго можна і ўстрымацца. Мы ж складаем крыху пашыранае выданне, не акадэмічнае. Дык навошта пхнуць сюды абы-што. Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Вось я тут адлажыў каля дзесятка вершаў. Іх можна смела забыць і пакласці ў спрат.
Выслухаўшы мае пярэчанні, заўважыў:
— Можа ты і праўду кажаш, але разважаеш, як даследчык, а не чытач. Можна, вядома, даць гэтыя рэчы, каб меркаваць па іх і аб стане мовы, аб біяграфіі аўтара, яго настроі і тагачасным узроўні. Але ці даволі гэтага? Як апраўдаць з’яўленне ў друку сёння вучнёўскіх вершаў саракагадовай даўнасці? У мяне такой пэўнасці няма.
Я запытаўся, як быць з такімі кнігамі, як «Песні-жáльбы» і «Казкі жыцця». Ад скарачэння асобных рэчаў яны могуць прайграць у цэльнасці. Як апускаць вершы, калі яны ўжо ўмацаваліся ў змесце папярэдніх выданняў і ў памяці некалькіх пакаленняў чытачоў? Ці не перагародзіць такая аўтарская рэдакцыя дарогі шэрагу твораў у далейшыя кнігі?
— Паслухаўшы цябе, выходзіць, я ўжо на сваёй дрывотні і трэскі паварушыць не магу. I тут ёсць праўда. Трэба падумаць. Паслухаем, што скажа Пятро, калі прыйдзе. Нешта мая надзея на яго з’яўленне пачынае падупадаць. Разумееш, нехта добра сказаў, што паэт ставіцца да сваіх вершаў, як маці да дзяцей. Усіх любіць, хоць адно прыгожае, а другое зусім няўдаленькае.
Канстанцін Міхайлавіч пагартаў адкладзеныя ім вершы і паказаў мне «Краску».
— Не з громкіх гэты вершык, а міл мне. Ён мае сваю гісторыю. Напісаў я яго, седзячы ў астрозе. Паглядзі, якая там дата?
У каментарыях да тома было пазначана: «31 мая 1910 года».
— Значыць, правільна. Пісаў я яго ў панядзелак адвячоркам. У нядзелю некаму з маіх аднакамернікаў дазволілі спатканне са сваякамі, і ён прынёс разам з перададзенай бялізнай і хлебам дзве сцяблінкі лугавых званочкаў. Паставілі мы іх у ваду, а самі пасталі наўкруга і нібы ўкамянелі. Глядзім, вочы ва ўсіх вільготныя, і на волю наўсверб хочацца. Здаецца, каб выпусцілі зараз, лёг бы на зямлю і пакачаўся, як змакрэлы конь на ворыве. А ўсё ж, што ні кажы, святлейшы быў дзень той з кветкамі. Хацелася, каб яны даўжэй пакрасавалі. Але на раніцу нашы званочкі пачалі апускаць галоўкі. Гаслі на вачах, а ў кожнага пачуццё такое, быццам чалавека жвірам засыпаюць.
А тут яшчэ Мардуховіч, быў у нас такі, спявак не спявак, але ахвотнік да спеваў, з голасам моцным і прарэзлівым, ходзіць па камеры і ные: «Колокольчики мои, цветики степные». Усяго два гэтыя радкі ён і помніў. Мы яго ўсяксе суцішалі, абяцалі падвойную порцыю капусты — не памагае. Пад вечар утаймаваўся, а я прыпёрся на нарах — дай, думаю, перакладу гэтыя «Колокольчики». Пачаў, ды цалкам верша ўспамянуць не мог. Прыпляліся думкі пра астрог, і пайшло на свой лад. Праўда, голас Талстога чуецца, нават радок гэты, бачыш — «Дзень вясёлы мая», так і застаўся неперароблены.
I ў кожнага верша ёсць свой лёс, пра кожны можна ўспамянуць нешта, выцягнуць тое валаконца, з якога завязаўся першы радок. Але ці варта рабіць гэта? Дзеду міла, а ўнуку гніла. Не заўсёды ж удаецца сказаць так, каб усё стала ясна: ты сам, настрой, абставіны, нарэшце — прадмет пісання. Добрая палавіна таго, што трымаеш у думцы, застаецца нявыказанай. Чытаеш сам, бачыш не толькі радкі на паперы, а ўвесь запас, затоены ў душы. А нікому ж больш гэтага не відно. Ратуючыся ад такой непаўнаты выказвання, і пачаў я перакідацца на прозу. Болей змясціць яна можа.
Далейшую гаворку мы працягвалі ўжо ўтрох. Перачыталі вершы, адбракаваныя Канстанцінам Міхайлавічам, і дамовіліся ўсё ж пакінуць іх у кнізе. На адыходзе нам было падаравана па экземпляры толькі што напісанай эпіграмы на рэдактароў.
Па дарозе дамоў я расказаў гісторыю «Краскі». Падзівіліся з памяці Канстанціна Міхайлавіча: утрымала дзень напісання гэтага верша — панядзелак!
— Цікава было б праверыць.
I я ўзяўся за праверку.
Адшукаў у кішанёвым даведніку так званы вечны каляндар і па таблічцы выбраў адпаведныя лічбавыя характарыстыкі для дадзенага стагоддзя, года і месяца. Сума гэтых характарыстык з бясспрэчнасцю сведчыла, што ў маі 1910 года нядзеля прыпадала на 1, 8, 15, 22 і 29. Значыць, 31 быў аўторак, а не панядзелак, як казаў Канстанцін Міхайлавіч.
Гэтую вестку ён сустрэў, глянуўшы на мяне з-пад брывей, і, зразумеўшы, што я звярнуўся да нейкіх крыніц, з непарушным спакоем прамовіў:
— Значыць, у календары памылка.
Аднак зацікавіўся невядомым яму спосабам вызначэння дзён і пачаў вылічаць са мною разам па вечным календары.
На дапамогу прыйшоў сын, Даніла Канстанцінавіч. Пералічылі яшчэ раз. Вынік быў той самы: аўторак!
I гэта ўсё ж не збянтэжыла Канстанціна Міхайлавіча. Ён, пасмейваючыся, наглядаў за нашымі вылічэннямі і гаварыў:
— Як сабе хочаце, хлопцы, брэша ваш вечны каляндар. Складалі яго немцы, і нам ён непрыдатны. Стаю за панядзелак і магу біцца аб заклад.
Праз некаторы час быў знойдзен каляндар на 1910 год, і заклад выйграў Канстанцін Міхайлавіч.
— Супраць усіх тваіх доказаў, — растлумачыў ён, — я меў адзін, непахісны. 31 мая быў другі дзень яўрэйскага свята швуэс (сёмуха), і Мардуховіч, той спявак, пра якога я расказваў, не пайшоў на работу ў шавецкую майстэрню. «Я сёння пагуляю дзень, — сказаў ён нам, — зраблю свайму богу палёгку: яму будзе менш маіх грахоў лічыць».
Пазней высветлілася, што заклад я прайграў праз непаразуменне. Усе падлікі мы рабілі, адыходзячы ад даты 31 мая па старым стылі, а вечны каляндар быў разлічаны на новы стыль!
— Старым трэба верыць, — жартаваў Канстанцін Міхайлавіч, — а ты недаверлівы. Вось і апёкся.
З пачатку 1948 года мне даводзілася сустракацца з Канстанцінам Міхайлавічам амаль кожны дзень. Пасля сустрэчы я адразу стараўся запісаць усе яго меркаванні пра жыццё і літаратуру, яго турботы і шматлікія справы як дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, члена ЦК КП Беларусі, старшыні рэспубліканскага Камітэта абароны міру, нязменнага віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук.
З усіх маіх нататак, а таксама з «легалізаваных» запісаў у «гросбух» і злажылася гэтая кніга. Яна, калі гаварыць дакладна, расказана самім Якубам Коласам.
Але Канстанцін Міхайлавіч не пераказваў свайго жыцця паслядоўна, дзень за днём. Сёння ўспамінаў пра Альбýць, а заўтра — пра настаўніцтва ў Пінску і можа толькі цераз год зварочваўся да альбуцкага здарэння, каб папоўніць яго новаю рысаю.
З гэтай прычыны тут ёсць пэўныя кампазіцыйныя, калі можна так сказаць, змацаванні. Раздробненыя выказванні і ўспаміны, якія адносяцца да аднаго часу, падзеі ці твора, злучаны ў адно цэльнае апавяданне.
Задуманая мной аповесць засталася недзе ў палавіне дарогі. Невялікі раздзел з яе чытач знойдзе ніжэй, а да ўсяе цалкам давядзецца вярнуцца пазней, каб нашай моладзі і ўсім тым, каму менш даспадобы рэчы дакументальныя, расказаць у іншым жанры пра пачатак дарогі вялікага пісьменніка і вялікага грамадзяніна.