Апошнія дні апошняга года

Цудадзейная гразь. На родных мясцінах. Матчына песня пра Нёман. Чоканне з Купалам. Акадэмічны бусел. Зборы ў Маскву. Поле без камення. Дэлегат XX з’езда КПСС. Былінка. Галантнасць і даверлівасць. Лісты пра выхаванне і мову.


Ад новага года яму не даюць спакою рукі. Спецыяльна лячылі ў стацыянары. Аглядалі і прыезджыя маскоўскія дактары.

Канстанцін Міхайлавіч жаліцца:

— Усе ў адзін голас: пройдзе, пройдзе. А яно не праходзіць.

Вырашыў лячыцца сам. Успамянуў, што ў Мікалаеўшчыне розныя рэўматычныя хворасці выганялі з дапамогай мясцовай гразі.

— Там, каля вёскі, тарфяныя канавы, і гэтага дабра — хоць новую Мацэсту адкрывай.

Напярэдадні 1 Мая Канстанцін Міхайлавіч са старэйшым сынам паклікалі мяне ехаць разам у раздабыткі цудадзейнага сродку.

Яшчэ дзе тая Мікалаеўшчына, а наш хворы палепшаў. Павярнуўшыся з пярэдняга сядзення машыны, Канстанцін Міхайлавіч падымае ўгору рукі.

— От ліха на іх! Сціхлі! Затое я цяпер ведаю, як ратавацца ад болю. Абы пачало круціць, буду ездзіць сюды, на 757 кіламетр. Акурат тут балець перастала. Гэта ж заўсёды так: прыйдзе хворы да доктара і не ведае, на што скардзіцца: адпусціла раптам. Нервы ўсё гэта робяць.

Ён гаворыць ужо амаль не ўпыняючыся. Хоча абавязкова зазірнуць у стаўбцоўскую сталоўку. Калі тое было, а не забыўся… Аднойчы, едучы з Навагрудка, мы заходзілі туды падсілкавацца і елі цяжкі, глеўкі хлеб. Аб гэтым была размова з работнікамі райкома: «Чым жа вы, хлопцы людзей корміце? Хлеб для рабочага чалавека першая страва…» Пасля Канстанціна Міхайлавіча запрашалі пад’ехаць, пакаштаваць і ўпэўніцца, што выпечка палепшала.

Павярнулі на Мікалаеўшчыну. Цераз Акінчыцы едзем паволі, з правага боку вуліцы хата, дзе ён упершыню ўсміхнуўся маці, злева, на ўзгорку, — камора, дом ляснічага, пад які звычайна сыходзіліся леснікі на чарговую праборку.

За вёскай, на ўзлеску, Канстанцін Міхайлавіч просіць спыніцца.

— Я адсюль баравікі цягаў кашамі. Не можа быць, каб зараз хоць смаржка не знайшоў.

Смаржок сапраўды знаходзіцца. Аднак больш нікому з падарожных не шчасціць.

Старэйшы грыбнік велікадушна не дае адчуць свае перавагі ў гэтым складаным майстэрстве. Дый раўняцца цяжка: калі яму нават у Кіславодску пашанцавала выкалупаць грыб, дык што казаць пра свае, сотні разоў выхаджаныя, выгледжаныя мясціны.


Канстанцін Міхайлавіч дапамагае нам арыентавацца.

— Налева пойдзе дарога на Ласток, вось туды, — ён паказвае рукою ў глыбіню лесу. — Альбуць застанецца правей. А гэтак вось — можна прайсці на Прыстаньку, дзе мы свой настаўніцкі з’езд збіралі…

…Свержанская града, Смалярня, Ёлава… Адно за адным вымаўляе Колас імёны і назвы.

Гэтак іх ніколі не вымавіш сам, мусіць, не закрануць яны і сышоўшы з вуснаў другога чалавека. А ў яго — аджываюць, раскрываюць свой першародны сэнс і значэнне, ператвараюцца ў малюнкі, замацаваныя ў душы дзіцячым замілаваннем, ці раз уяўленыя з-за астрожных крат, паглыбленыя разлукаю вайны і бежанства, на многа год адсечаныя праведзенай па самым сэрцы мяжою, на кароткі час знойдзеныя, але зноў страчаныя праз крывавае тэўтонскае нашэсце, і, нарэшце, здабытыя назаўсёды.

Так можа адчувацца яму аднаму.

Гэтых карцін мы не маглі ведаць і ў той жа час ведалі, ніколі не бачылі іх і тым не менш заўсёды трымалі перад вачыма. Бо рупліваю працаю мастака, яго натхненнем і клопатам усе яны з’яднаны ў свет, які называецца «Новаю зямлёю». Акунуўшыся ў яго, мы наноў перажываем маленства і ўсхватваемся з ложкаў на звон патэльні, мажам верашчакаю лаву, шчабятлівай чародкаю ідзём за мілым дзядзькам Антосем варыць клёцкі ў бярозавым саку і пускаць на ваду стары човен, разам з ім клянём аб’ездчыкаў і ляснічых, таргуем у Хадыкі зямлю, едзем у Вільню, глытаем слязу каля смяротнага ложка Міхала…

Гэты свет абступае нас з такой сілай верагоднасці, як быццам колы машыны не адарваліся гадзіну назад ад сталічнага праспекта, не шархацелі паўз кіламетровыя слупкі па асфальтаванай шашы і, пашаптаўшыся са жвірам прасёлка, не спыніліся перад узгоркам, цераз які перавальваецца трактар з баронамі, гатовы выканаць якую хочаш каманду трактарыста, хлопца з мікалаеўскага калгаса.

У Мікалаеўшчыне адведалі пляменніка Канстанціна Міхайлавіча, настаўніка мясцовай школы, і сястру, Міхаліну Міхайлаўну.

Добрыя сустрэчы не засланілі мэты нашага прыезду: перш-наперш было набрана поўнае вядро гаючае гразі. За гаворкай не агледзеліся, што машына, якую шафёр паставіў на непрасохшай лугавіне, угразла.

Мы з Данілам Канстанцінавічам паспрабавалі падпіхаць. Колы пракручваліся, далёка распырскваючы гразь, а машына не рушылася з месца. Надышлі калгаснікі. I гэтай сілы было мала. Нехта надумаўся паслаць па каня.

Канстанцін Міхайлавіч наглядаў за нашымі захадамі збоку. Калі да машыны прыпрэглі каня, здаравеннага, добра кормленага, што палыскаваўся бліскучай шэрсцю, Канстанцін Міхайлавіч падышоў, паклаў руку на крыло:

— Но, малы!

Конь прылёг у пастронкі, і машына выскачыла на сухое.

— Ну, і чаго вы ўсе варты, — падсмейваўся Канстанцін Міхайлавіч. — А я толькі адным пальцам дакрануўся.

Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Нёман яшчэ быў у вясновай паводцы. Канстанцін Міхайлавіч глядзеў на залітыя вадою лугавіны. Рака падступала пад самыя могілкі, дзе пахаваны яго бацька і маці.

Спыніліся. Канстанцін Міхайлавіч пайшоў на бацькоўскія магілы адзін. Павольна падняўся на засаджаны бярозамі грудок, моўчкі пастаяў каля надтрунніц, потым павярнуўся тварам да ракі. Паклікаў нас, паказаў рукою на разводдзе.

— Яны, — было зразумела, што Канстанцін Міхайлавіч думае пра бацькоў, — ведалі Нёман толькі такім. I на маёй памяці ён быў шырэйшы. Глýмяцца лясы, гінуць і рэкі.

Помніш, я табе казаў, ніяк не магу прыгадаць матчыну песню пра Нёман. А зараз усплыў змест яе і прыпеў: «Нёман, браток мой!» Дзяўчына просіць раку аддаць ёй хлопца. Як пайшоў ён на сплаў, так і не вярнуўся, хоць яны згаварыліся ісці пад вянец. Нёман адказвае: «Я ж і так багата дару людзям. Зямлю абмываю, паю сцюдзёнаю вадою і жыўлю смачнай рыбаю, плыты ганяю, жывёлу кармлю». I хлопца таго, сказаў, не аддасць, бо прыняў яго навечна. Дык, калі дзяўчына хоча, хай ідзе сама да нарачонага. Паслухалася няшчасніца, патужыла і кінулася з высокага берага ў ваду. Толькі паспела гукнуць: «Іду, Нёман, браток мой!»


Па смольнінскай сядзібе Канстанцін Міхайлавіч хадзіў асцярожна, нібыта баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне.

Спыніўся і ўважліва зазірнуў у гумно, нібы прадчуваючы, што яно неўзабаве будзе разабрана на дровы праз меру дбайнымі мясцовымі адміністратарамі. А гэта ж будыніна, калі стаяла яшчэ ў сяле, бачыла настаўнікаў, што паз’язджаліся на свой з’езд. Ці мала сумных і вясёлых разваг чулі яе сцены ад самога Костуся Міцкевіча і ад яго таварышаў, бесхацінцаў, пазбаўленых настаўніцкіх пасад.

Ён спрабаваў адстойваць гуменца перад раённымі ўладамі, але ў іх не хапіла кемлівасці не дапусціць разбурэння. Быццам так канечне трэба былі калгасу тыя некалькі дзесяткаў напаўструхлелых бярвенняў.

Стоячы каля хаты, Канстанцін Міхайлавіч падлічыў, колькі год пасаджаным яго рукамі дрэвам.

— Я паўтыкаў іх зусім тонкімі тычкамі. Можа, зім па пяць ім было ўсяго. Зараз, відаць, па пяцьдзесят адстоялі.

I звярнуўся да брата:

— Я да цябе, Юзік, паміраць прыеду. Сяду тут, у цяньку, на Нёман буду пазіраць.

У хаце чакаў накрыты стол. Даніла Канстанцінавіч паспяшаўся паналіваць усім чаркі і хутчэй чокнуцца, каб асцерагчы бацьку ад спакусы, балазе ён загаварыўся з братам.

Убачыўшы пусты пасудак, Канстанцін Міхайлавіч адразу выкрыў хітры манеўр і пакрыўдзіўся:

— Я разумею, што старых людзей можна скідаць з рахунку. Хай будзе так. Але ж мне трэба з Купалам чокнуцца. Як некалі, на гэтай лаве седзячы. Без гэтага я ў Мінск не паеду[19].

Выратавала становішча кропля, якую, не выпіўшы, адставіла на акно гаспадыня.

Чокнуўшыся ў думках з Купалам, Канстанцін Міхайлавіч сабраўся ехаць:

— Яшчэ ў лесе спынімся. Сон зацвітае, трэба выкапаць колькі кусцікаў для саду.

Пастаялі ў лесе, напакавалі ў багажнік «сну», пахадзілі па леташнім верасе і чабароўі. Поблізу на абочыне стаяла нейчая машына. Гаспадар яе, мажны мужчына ў ботах з доўгімі, за калені, халявамі, клыпаў, павольна перасоўваючы ногі, па даволі высокай балотнай вадзе.

Канстанцін Міхайлавіч прыгледзеўся.

— Здаецца, знаёмыя людзі.

Сапраўды, гэта быў работнік Акадэміі навук, які збіраў раннія раслінкі для навуковай працы.

— Маё шанаванне таварышу акадэмічнаму буслу! — гукнуў Канстанцін Міхайлавіч. — Як ваша паляванне?

Потым, адвітаўшыся, разважаў:

— Каб што-небудзь зрабіць, не цурайся ўлезці ў балота, гэта не толькі для навукі, а і для літаратуры абавязкова. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека.


Прывезеную гразь грэлі, Канстанцін Міхайлавіч па гадзіне трымаў у гарачай ванне рукі. Палёгкі не было.

— Не таго мацунку гразь стала, — казаў ён доктару С.О. Ліяранцэвічу, з маўклівага дазволу якога было распачата гэтае «гразелячэнне».

— Пашкодзіць не можа, — тонка ўсміхнуўся Ліяранцэвіч, — а часам возьме і паможацца. Табе ж памаглося, — ён хітра падміргнуў у мой бок.

А справа была такая. Пасля аперацыі апендыцыту я страціў сон і папрасіў у Сяргея Осіпавіча рады. Ён падняў на мяне вочы:

— Не спіш? Будзеш спаць.

I даў шкляную тубачку фанадорму.

Праз тыдзень мы сустрэліся.

— Спіш? — было першае пытанне доктара.

— Сплю.

— А лякарства браў?

— Браў.

— А ведаеш, што ты прымаў? — I весела зарагатаў: — Вітамін С.

Разумны доктар цярпліва і паблажліва паставіўся да намераў Канстанціна Міхайлавіча і яго скаргі на страціўшую сілу гразь прымаў як штосьці зусім натуральнае.

— Так, вядома, усё вытыхаецца, — гаварыў Ліяранцэвіч. — А можа, вы не ў тым месцы гразі набралі?

Колас пачуў у голасе доктара жарт.

— А чаму было адразу не сказаць, што ты не верыш у гэтую гразь, — панура буркнуў ён.

— Трэба, каб хто-небудзь адзін верыў, другому — не абавязкова, — адказаў Ліяранцэвіч з такімі яснымі вачыма, што яны абодва адразу ж заўсміхаліся…

Тым часам рукі балелі, і вітацца з Канстанцінам Міхайлавічам трэба было асцярожна. Малазнаёмых папярэджвалі аб гэтым. Але аднойчы забыліся. Канстанціну Міхайлавічу як віцэ-прэзідэнту Акадэміі прадстаўлялі аспірантаў. Быў сярод іх высокі, плячысты здаравяк. Узрадаваўшыся, — Коласа зблізку ён бачыў ледзь не ўпершыню, — хлапчына павітаўся з усёй шчырасцю дужага чалавека.

Канстанцін Міхайлавіч умомант выхапіў хворую руку, памахаў ёю ў паветры і міжволі вылаяўся, салёна, па-мікалаеўску. Падзьмуўшы на адціснутыя пальцы, дадаў:

— I бяруць жа гэткіх бугаёў у навуку!

Заўважыўшы агульную збянтэжанасць (сярод прысутных былі жанчыны — хто пачырванеў ад нечаканасці, хто — ад прыглушанага смеху), Канстанцін Міхайлавіч перасіліў боль і пачаў распытваць аслупянеўшага аспіранта:

— Дык што парабляеце?

Я не быў пры гэтай гаворцы. Казалі, яна была цёплая. Але развітаўся Колас кіўнуўшы галавою, а хворую руку папярэдліва схаваў у кішэню…


6 чэрвеня 1956. Прыехаўшы з Нарачы, першым чынам званю да Канстанціна Міхайлавіча. Адказваюць: дома, тупае па садзе, прасіў прыязджаць. Застаю яго на звычайным месцы, пад вязам.

Збіраецца ехаць у санаторый. Як заўсёды ў апошнія гады, пад Маскву, у Барвіху. Моцна наракае на рукі.

— Баляць, праклятыя! Мусіць, на там-тым свеце перастануць…

Сустрэчы з Масквою, як і зазвычай, ён рад. А ездзіць, відаць, на свае гады мнагавата. Быў у снежні 1955 пасля даволі працяглай, так і невысветленай да канца, хваробы. Але не ехаць не мог.

Чаму кажу — хваробы нявысветленай? Не ведаю дакладна і як яна пачалася. Колас у лістах называе яе «нервовым узрушэннем».

Быў кастрычнік 1955 года. Прыехаўшы з Чэхаславакіі, я паспяшаўся да Коласа. Даўнавата не бачыліся, падымала радасць сустрэчы і літаральна распірала ад навін.

Прынёс бутэлечку чэшскай слівавіцы. Дзядзька сядзеў каля стала ў звычайнай рабочай паставе. Слухаў і не слухаў, глядзеў і не глядзеў на мяне. Нібыта гневаўся за невашта. Падарунак узяў, амаль не абазваўшыся.

Ведаючы, як лёгка змяняецца ў чалавека настрой, а ў яго асабліва, уражлівага і кволага ў душэўных узрушэннях, я палічыў за лепшае зараз жа пайсці. Колас не затрымліваў.

Літаральна праз некалькі гадзін мне расказалі, што Канстанцін Міхайлавіч выказваў нездавальненне. Колькасцю часу, якую я аддаю яму, работай, якую быццам бы раблю і не раблю.

Кінуцца высвятляць адносіны? Нельга! Толькі што быў. Мяркуючы па сустрэчы, Колас ці сапраўды нездаволены, ці заняты нечым у думках. А слоў і пачуццяў не ўтрымаць: напісаў ліст.

Праз дзень-два — на лісце дата 27 кастрычніка 1955 года — пайшоў туды, каб, павітаўшыся, быццам нічога не здарылася, пакінуць напісанае на стале. З парога быў папярэджаны: бацька захварэў, слаба пазнае людзей, ні з кім не гаворыць.

Гэта ўдарыла, як громам. Усё ж на правах чалавека, якому дазвалялася часамі многа больш, чым хатнім, падняўся наверх.

Канстанцін Міхайлавіч ляжаў у ложку. Ледзь падаў слабую нядужую руку. Уся мая гаркота, выказаная ў лісце, цяжар, што заставаўся ў пачуццях, развеялася — захаваў ліст глыбей у кішэню: як было хваляваць і без таго перахваляванага чалавека!

У дом двойчы прыязджаў М.С. Патолічаў. Ён любіў Коласа, дзверы ягонага кабінета былі заўсёды адчынены для Канстанціна Міхайлавіча. Зараз, відаць, сам асабіста хацеў дазнацца пра стан хворага.

Канстанцін Міхайлавіч насцярожыўся і захваляваўся. Яму стала блажэй. Жаліўся сам-насам свайму доктару С.О. Ліяранцэвічу: «Не хачу жыць, хачу памерці».

Калі нам здараецца застацца ўдвух, Канстанцін Міхайлавіч добра, спакойна гаворыць. Больш пра смерць. I ўсё пытае:

— Чаму да мяне спакой не прыходзіць?

3 лістапада, у дзень нараджэння Канстанціна Міхайлавіча, прыйшоў павіншаваць М.С. Патолічаў, а разам з ім таксама наведалі тагачасныя Старшыня Савета Міністраў і сакратар ЦК па прапагандзе. Быў і доктар С.О. Ліяранцэвіч.

Канстанцін Міхайлавіч ляжаў светлы, улагоджаны. Папрасіў прабачэння, што не можа ўстаць, што не напісаў, як заўсёды ў гэты дзень, вершаванага павіншавання. Потым гаворка зайшла пра ўраджай, перакінулася на дарогі. Тут яны гаварылі ў адзін голас з Патолічавым, што ў нашай рэспубліцы з дарогамі справы моцна паправіліся.

Госці паціскалі плячыма, слухаючы мудрыя і жартлівыя заўвагі Канстанціна Міхайлавіча: дзе ж тут і хто ж тут хворы?

Канстанцін Міхайлавіч папрасіў сысці ў гасцёўню і перакусіць, як заўсёды рабілася ў гэты дзень. Тым часам пад’ехалі Танк і Броўка, бяседа пакрысе збіралася.

Я не хацеў пакідаць Коласа аднаго і застаўся ў спальні. Ён бліснуў вачыма: «Ідзі ўніз, зараз жа! А сюды пашлі Міхася, ён са мной пабудзе».

Унізе — першая чарка за Канстанціна Міхайлавіча. Потым мы агалашалі тосты за гасцей, госці за нас. М.С. Патолічаў сказаў і пра мяне, пажадаў спорнай работы. Пра хваробу — ніхто ні гуку.

Пасля гэтага дня рэжым доктарскіх абмежаванняў у доме быў паслаблены. Колас пайшоў на попраўку. Я чуў па тэлефоне ягоны голас, прыязджаў у дом разам разбіраць пошту, парадкаваць рукапісы.

Так прайшоў лістапад. У канцы снежня Канстанціну Міхайлавічу трэба было ехаць у Маскву. Паедзе жонка малодшага сына, яна дагледзіць і ўсё зробіць для бацькі. Арганізуе кансультацыю, можа, хворага пакладуць на некаторы час у адпаведную бальніцу — адпачыць і праверыцца.

Колас усё ж сказаў збірацца і мне.

У вагон да Канстанціна Міхайлавіча зайшлі С.О. Прытыцкі і Ф.А. Баранаў — ён працаваў у Бабруйску. Мусіць, знарок расказвалі шмат смешнага. Пра цыганоў, што атрымалі пазыку для арганізацыі калгаса і грэчку на насенне, нарабілі з яе круп, усю зіму елі грэцкую кашу, а пасеялі грэцкае шалупінне. Прытыцкі ўспамінаў, як ён пасвіў кароў у скупога кулака і прыносіў з пасты назад няз’едзенае ёлкае сала, што яму давалася ў торбу на ўвесь дзень. Кулак быў рад такой ашчаднасці пастуха, не ведаючы, што той напярэдадні набірае з курыных гнёздаў свежых яек. Дык на чорта тым старым салам душыцца!

Колас смяяўся і аджываў на вачах. Паслугі медыцыны былі адхілены.

Вярнуўшыся з Масквы, Канстанцін Міхайлавіч па-сапраўднаму падбадзёрыўся. Помнячы ўмову нічога не ўтойваць, я аддаў-такі свой даўно напісаны ліст. Паклаў, адыходзячы, на папку з паперамі і развітаўся.

Ледзь паспеў увайсці ў дом — званок.

— Еду да цябе! — голас у Канстанціна Міхайлавіча неспакойны.

I зараз жа прыехаў. Зачыніў за сабою дзверы ў мой пакой, паклаў на стол ліст, а сам не сеў.

— Я часамі думаў пра цябе ўсяк. Потым выходзіла — не на маё. Можа, што лішняе і сарвалася з языка. Быў я вельмі знерваваны тады, помніш? Ліст твой я знішчыць не маю права, а пакінуць у сябе — чужым вачам аддаць. Пачнуць качаць на языках. Дый неасцярожнае слова цаляе і ў таго, хто яго кажа. Вазьмі, — ён падняў са стала канверт, — прыхавай. А ў печ не кідай. Калі мяне не будзе…

Не дагаварыў, сеў на канапу, пасадзіў мяне поруч, узяў за руку:

— Калі можаш, выбачай: дай мне спакойна памерці…

Не даў мне ні заплакаць, ні стаць перад ім на калені, чаго вымагаў мой стан узаемнай узбуджанасці. Шырока расчыніў дзверы:

— Гаспадынька! Жоўтыя рыжкі не звяліся? Дык давайце іх сюды. I цыбулькі не забудзьце!.. А слівавіцы ў цябе няма? — гэта ўжо да мяне.

Пачуўшы адмоўны адказ, пахваліў тую слівавіцу, што прывёз яму з Прагі, і паўтарыў здагадку:

— Прага — гэта ад прагал, прагалак, западзіна паміж гор. Што ж, запоўнім наш прагал не слівавіцай, дык іншым чым…


Пасля Новага года пачалася партыйная канферэнцыя. Ён прысутнічаў там ад пачатку да канца з усёй уласцівай яму акуратнасцю да выканання партыйных абавязкаў і даручэнняў. Адначасова рыхтаваўся выступаць. Меўся падняць на партыйным з’ездзе справу, што турбавала не адзін год.

Ачыстка палёў рэспублікі ад камення! Таму асабліва старанна чыталіся матэрыялы, ішлі гаворкі з раённымі работнікамі, браліся з інстытутаў і іншых устаноў лічбы, весткі аб засмечанасці нашых палёў каменнем.

Асабліва абурала Канстанціна Міхайлавіча закупка каменю ў Чарнігаўскай і Жытомірскай вобласцях і транспарціроўка яго ў Беларусь на будаўнічыя патрэбы.

— Гэтая аперацыя, — іранізаваў ён, — нагадвае мне паездку па чыгунцы з Брэста ў Мінск цераз Адэсу або Кіеў. А ў сябе пад носам не бяром. Каля самай сталіцы, на адной толькі Бягомльшчыне ляжыць і просіць ужытку звыш пяці мільёнаў кубоў каменю.

Калі выказваліся пярэчанні, што прывезці кубаметр з Украіны танней, чым здабыць у сябе ў рэспубліцы, Колас пачынаў даводзіць:

— З пункту гледжання асобнага гаспадарніка гэта, мусіць, зусім правільна. Але трэба ўлічваць выгаду не толькі будаўнічых арганізацый, а ўсяе краіны. Тады высветліцца, што эканомія — нейкага паўрубля — выгада часовая, а глянуўшы глыбей — гэта пралік і пройгрыш. Вызвальце зямлю ад камення, і яна верне за гэты паўрубель у першы ж год чысты чырвонец. Я лічу, што ўрадлівасць нашага поля падымецца сама менш процантаў на пяцьдзесят.

Другі чырвонец верне наша сельскагаспадарчая тэхніка. Хто не ведае, што трактары, камбайны прастойваюць і ломяцца праз гэтае самае праклятае каменне. А на камяністых глебах, скажам, у Маладзечаншчыне, і зусім адмаўляюцца хадзіць.

Вось вазьміце ды памножце гэтыя чырвонцы на ўсе доўгія гады, якія наша зямля будзе даваць ураджаі нам, нашым унукам і праўнукам. Дадайце сюды вызваленне транспарту ад непатрэбных перавозак і абарочванне сродкаў унутры рэспублікі. Як тады будзе выглядаць гэтая эканомія ў паўрубля?

Канстанцін Міхайлавіч ужо бачыў, што з сабранага камення створаны велічэзныя фонды будаўнічых матэрыялаў для патрэб горада і для разбудовы калгаснага сяла.

— Тады можна будаваць розныя памяшканні для жывёлы і даць, нарэшце, хоць невялічкую перадышку нашым шматпакутным лясам. Каб падраслі трохі. I галоўнае — забрукаваць вясковыя вуліцы, дзе і людзі топяцца ў гразі і коні. Ды не забыць і ўсе дарогі селавыя апрануць у брук. Бо там жа «ні праехаць, ні прайсці, ні коніка правясці».


Прамова на XXII з’ездзе КПБ доўга пісалася і перапісвалася. Потым рабіліся ўстаўкі, дадаткі. Перад выступленнем Канстанцін Міхайлавіч хваляваўся, але прыехаў з пасяджэння ўзрадаваны: дэлегаты сустрэлі прыхільна.

— Асабліва добра заключэнне прынялі, — сказаў, дзелячыся ўражаннямі.

А ў заключэнні гаварылася:

«Дазвольце мне, таварышы, сысці з гэтай трыбуны ў добрай надзеі, што маё слова аб ачыстцы ад камення нашай зямлі не папала на бясплодны камяністы грунт».


Другую палавіну лютага Канстанцін Міхайлавіч правёў таксама ў Маскве. Ішлі пасяджэнні XX з’езда партыі. Вярнуўся змораны, але давольны. Некалькі дзён расказваў сябрам, гаварыў аб з’ездзе як аб выключнай падзеі.

— Пад вялікі кумір падбіты здаровыя кліны. Але ад гэтага ён не ўпадзе яшчэ. Трэба порах сыпаць.


Цяперашнюю паездку ў Маскву Канстанцін Міхайлавіч плануе так: чэрвень прабыць у санаторыі, а потым, падмацаваўшыся, адразу на сесію Вярхоўнага Савета.

— Тады ўжо раз’едземся з табою, будзем спакойна адпачываць. Трэба будзе папрацаваць восенню. I многа. «На шляхах волі» дакончу. Але ты завязі мяне ў Маскву. Яшчэ нацешышся з свае Нарачы.

Гэтак мы гаворым назаўтра пасля майго прыезду з дачы. Канстанцін Міхайлавіч ляжыць у ложку. Напярэдадні кепска спаў. Стаўлялі п’яўкі, каб знізіць ціск крыві, — лягчэй будзе ў дарозе. Ад’езд прызначаецца праз тры дні, на 10 чэрвеня.

— Прыедзем, Тукану пазвонім. Нешта ён маўчыць, не піша.


Тукан — сяброўская мянушка паэта Гарадзецкага. Колас выводзіць яе ад імені птушкі з ніштаватага памеру носам. Гісторыя адносін з С. Гарадзецкім доўгая і не заўсёды для мяне зразумелая. Назваць гэтыя адносіны дружбай цяжкавата, аднак нейкае сябраванне бясспрэчна ёсць, праўда, са шматлікімі спадамі і затуханнямі.

Звычайна, уладзіўшыся ў гасцініцы «Масква», Канстанцін Міхайлавіч здымае тэлефонную трубку.

— Сяргей! Ну, здароў! Дык я ў… — тут называўся нумар гасцінічнага пакоя.

З госця часамі падкпівае, але дабрадушліва і прыходу яго чакае з прыкметнай нецярплівасцю. Усмешліва слухае навіны, на якія не скупы сябар, нібы адпачывае пад несціханую гаману, не прымаючы глыбока ў свядомасць. Быццам слухае шапаценне лісця на ветры, а думае сваё.

Аднойчы, калі запрошаны прыпазняўся, чаго, як ужо даводзілася гаварыць, Канстанцін Міхайлавіч не любіў, ён сказаў нечакана жорстка:

— Каб ён меў маё становішча ці хаця б зарабляў столькі, як я, ён са мною і не гаварыў бы…

На твар набегла сумнаватая ўсмешка: ён бачыць за вонкавай абалонай сапраўдную сутнасць людзей і тым не менш даруе ім вольныя і нявольныя чалавечыя слабасці. Але ад слоў патыхае гаркотай:

— На пачатку вайны, калі ў мяне не было ні кала ні двара, Сярожа не пусціў да сябе ў кватэру. Мусіць, баяўся, што завалю яму хату сям’ёю. Ды яшчэ і карміць нас прыйдзецца.

«Сярожа» вымаўляецца іранічна і ў той жа час журботна. Сумна, куды як сумна сустракаць пацверджанне старой ісціны, што гора — асялок сяброўства.

Даніла Канстанцінавіч дадае некаторыя падрабязнасці той сустрэчы. Колас прыехаў з разбітага бамбёжкай Мінска і не меў дзе прыхіліць галаву. I той, што ўчора раскрываў абдымкі, дзяліў хлеб-соль, цяпер гаварыў з ім, як з надакучыўшым жабраком: стоячы на парозе, цераз прачыненыя дзверы.

Відаць, Сяргею Мітрафанавічу хацелася б забыць гэта… Колас жа прывеціў яго і зноў, як госця і друга, пасадзіў за свой стол у Ташкенце, калі Гарадзецкага звеялі з жытла ваенныя вятры.

Шмат іншага даруецца ў імя даўняй дружбы, нават кепскі пераклад раздзелаў «Новай зямлі». Колас зрабіў заўвагі, прасіў паправіць хоць бы асабліва благія мясціны.

У адказ прыйшоў абразлівы, калі не сказаць менш далікатна, ліст.

На час адносіны далі прыкметную расколіну. Рэдагаваць пераклад быў запрошаны П.А. Сямынін. Рэдагаваць, бадай, не тое слова. Ён проста перапісаў нанава большую частку некаторых раздзелаў. Пераклад выйшаў з друку, Сяргей Мітрафанавіч хутка забыўся на крыўду, якое ў сапраўднасці і не было, а Канстанцін Міхайлавіч зрабіў выгляд, што не заўважыў нетактоўнасці.

Усё пайшло па-ранейшаму. Відаць, таму, што яны — людзі прыкладна аднаго ўзросту, абодва адзінокія, рана страцілі сваіх сябровак, і як-ніяк Гарадзецкі адзін з першых перакладчыкаў Коласавай паэзіі. Да таго ж ён быў цікавы Канстанціну Міхайлавічу як асоба, дыхаў паветрам некалькіх літаратурных эпох.

Зараз Канстанцін Міхайлавіч успамінае Гарадзецкага перад недалёкай сустрэчай з ім у Маскве.

— Усё ж ён многа каго ведаў і чуў. I Блока, і Аляксея Максімавіча…

Ён пераходзіць да іншых маскоўскіх знаёмых:

— Маку пабачым, дый яшчэ хто-небудзь, відаць, адзавецца…

Мака… Канстанцін Міхайлавіч ведаў яе дзяўчынкай, калі сябравала з малымі сынамі. Ад тых часоў і яе дзіцячае імя — Мака. Цяпер гэта маці дачкі і сына, высокая, чарнакосая і чарнавокая жанчына. Гаворкі з ёю, відаць, нагадваюць пару, калі сям’я была ў поўным складзе: з Марыяй Дзмітраўнай і сярэднім сынам Юркам. Вось чаму Мака (Маргарыта Мікалаеўна) заўсёды запрашаецца ў госці. Канстанцін Міхайлавіч глядзіць на яе з добрай бацькоўскай любасцю, стараецца дагадзіць ласункамі яе дзецям.

Трэцяя асоба, каго хоча пабачыць ён у Маскве, — былое ташкенцкае захапленне.

Пасля пераезду Коласа ў Мінск яна пачала падаваць голас даволі часта: пісьмы прыходзілі кожны тыдзень. Але не сустракалі ўжо водгуку.

Аднойчы ў Маскве я на цэлы дзень накіраваўся па справах. Неспадзявана вярнуўся раней часу і застаў у гасцях у Канстанціна Міхайлавіча жанчыну. На стале стаяў няскончаны абед, сухое віно. Канстанцін Міхайлавіч пазнаёміў нас. Госця пасядзела, пасля, паабяцаўшы пазваніць, пайшла.

Канстанцін Міхайлавіч прылёг на канапу.

— Яна цяпер кажа: «Баялася, каб вам сям’і не разбіць». Не, нецікава ёй было. Кожны дзень па вершу ёй пісаў. I сам насіў, замест паштальёна. Зараз усё званіла, званіла, пабачыцца дамагалася.

Канстанцін Міхайлавіч выпіў віна.

— Марна жыве яна. Муж пакінуў. Трэба дзяцей гадаваць. Абяцала даць перапісаць мае ташкенцкія вершы.

На гэтым, здаецца, і скончылася шматгадовае і, калі меркаваць па вершах і дзённікавых запісах, моцнае захапленне. Аднак мінулася яно не само…


Канстанцін Міхайлавіч скончыў казку «Як птушкі дуб ратавалі». Рэч доўга не ўдавалася, шмат правіў, даў вылежацца. Перад чытаннем ён папярэдзіў:

— Прысвячэнне ты не ведаеш каму.

Казка здалася мне напісанай адным дыханнем.

— Можа, яно і не так добра, як ты гаворыш.

— Натхненне моцнае чуваць, дзядзька Якуб. Ад прысвячэння, пэўна.

Ён моўчкі скасавурыўся:

— Здагадаўся?

Здагадцы дапамог сам Канстанцін Міхайлавіч.

— Укінь у скрынку пісьмо Былінцы, — папрасіў ён аднойчы.

Знаёмых з такім прозвішчам не ўспаміналася. На канверце стаяла імя адной мінчанкі. Іх знаёмства пачалося ў рэдакцыі газеты, куды зазвалі групу пісьменнікаў параіцца аб далейшым супрацоўніцтве. Пілі чай. Былінка, мусіць, адзіная прадстаўніца «прыгожага полу» на гэтым прыёме, частавала старэйшага і найбольш паважнага госця — Канстанціна Міхайлавіча, а разам з ім і Сяргея Гарадзецкага. Як далікатныя кавалеры старога выхавання, яны гаварылі гаспадыні стала прыемныя рэчы. Яна хораша пасміхалася і выглядала яшчэ лепш, як гэта бывае з жанчынамі, калі трапляюць яны ў кола добрай увагі.

Галантнасць у адносінах да жанчын ніколі не пакідала Канстанціна Міхайлавіча. Ён скідаў з сябе змору сямі дзесяткаў, рабіўся гаваркі, абыходлівы, не забываўся пацалаваць ручку, падкінуць, як гэта гаворыцца, камплімент. Аднойчы зусім сур’ёзна пакрыўдзіўся, што наша выпадковая спадарожніца, суседка па купэ, больш размаўляла са мною. Пакрыўдзіўся, але толькі на хвіліну. Зараз жа пасміхнуўся і сказаў: «Я, здаецца, раўную. Дай божа і табе, Максім, адчуць гэта ў 70 гадоў».

Вернемся да Былінкі. Праз некаторы час яна пачала заходзіць у Коласаў дом. У вузкім коле знаёмых, следам за Канстанцінам Міхайлавічам, яе пачалі клікаць Алеська. Імя Былінка, мусіць, было дадзена за невялічкі рост і кволасць. Адным словам, расшыфраваць літары А.Б. у прысвячэнні не складала вялікіх цяжкасцей[20].

З лістоў Канстанціна Міхайлавіча да жанчын, — а лістоў гэтых знойдзецца вельмі і вельмі шмат, — некалі вырастуць цікавыя творы. Зараз даводзіцца гаварыць сцісла, не называючы прозвішчаў, пакідаючы за тэкстам развіццё і згасанне той ці іншай сустрэчы ці перапіскі.

Згаданая ўжо, крыху старамодная галантнасць і ветлівасць ніколі не пакідалі Канстанціна Міхайлавіча абыякавым і да жаночага гора і да жаночай усмешкі. Іменна яны — гора і радасць — заўсёды моцна ўваходзілі ў душу Канстанціна Міхайлавіча. Пачыналася распытванне, спагаданне, пасля з’яўляліся лісты. Колас прывыкаў да чалавека, лічыў яго сваім, не адлучаў яго ад уласнага ўнутранага жыцця.

Усе, як ён сам, павінны рабіць па справядлівасці, так жа ставіцца да абавязкаў, прагнуць праўдалюбства, высока трымаць гонар.

Іначай Колас думаць не мог.

Часамі праз гэта ён рабіўся безабаронным, як дзіця. Бо не ўсе сустрэтыя ім падыходзілі пад вымаляваны ў думках хоць бы прыблізны ідэал чалавека.

Падмануўшыся на адной фальшыўцы, ён не паказваў і выгляду. Вонкава адносіны з такім чалавекам як быццам не змяняліся, унутрана ж — замыкаўся ў сабе. Аднак трымаць душу замкнутай для чалавека не мог, і з такою ж лёгкасцю ашукваўся на другой падманцы.

Душа ўсё роўна заставалася адкрытай. Гэтым і тлумачыцца гісторыя некаторых сяброўстваў і ліставання з жанчынамі.

I многае ў лістах патрабуе сапраўднага прачытання. «Абдымаю», «цалую», «хачу бачыць», — пісаў ён знаёмай у Маскву. Здавалася б, тлумачэнняў не трэба. Наадварот, трэба. Бо ён ведаў адрасатку з яе малых год і амаль з таго часу не бачыў, ніколі не выказваў жадання пабачыць, калі здаралася магчымасць. А пісаць — пісаў!


Дык вось мы і збіраемся ў дарогу.

— У цябе, відаць, справы знойдуцца ў Маскве, — не зусім упэўнена гаворыць Канстанцін Міхайлавіч.

— Асаблівых няма.

— Ну, усё роўна завязі мяне. Застанешся там на колькі дзён, у тэатры паходзіш.

Яму рупіць, ці з ахвотаю я еду, ці не адрываюся ад якой-небудзь справы. Таму, вось ужо некалькі дзён запар, вяртаецца да паездкі, пачынае далікатны зандаж, пускае ў ход такія маскоўскія прывабы, як тэатр. Звычайна ён крыху выкпівае мае тэатральныя слабасці. На спектаклі ходзіць рэдка, хоць яго абавязвае да гэтага членства ў Камітэце па дзяржаўных прэміях. Не дазваляе здароўе: пераседзеўшы пару, усю ноч не можа заснуць, а назаўтра парушаецца працоўны рэжым. Аднак многіх акцёраў ведае і любіць, са здавальненнем выслухвае мае ўражанні ад новых пастановак. Калі дома з’явіўся тэлевізар, пачаў глядзець і фільмы і спектаклі, трохі наракаючы на драбнату постацей, невыразнасць твараў.


Дамовіўшыся канчаткова аб выездзе, пачынае аб тым, што яго найболей турбуе. Цяпер такіх рэчаў тры: мова і дальнейшае развіццё культуры ў рэспубліцы; хуліганства і паводзіны моладзі; могілкі. Ужо другі месяц толькі і размаўляе аб гэтым. Падоўгу, хвалюючыся, пашыраючы і паглыбляючы з кожным разам свае намеры.

— Могілкі павінны быць агледжаны і абгароджаны. Павага да нябожчыкаў — павага да саміх сябе. А што ў вёсках? Цягаюцца каровы, свінні, козы… Ляпаюць проста на магілы, апошнюю зеляніну выцярэбліваюць.

Пачаўся гэты клопат з агледзін, які рэзрух на могілках у Мікалаеўшчыне, дзе пахаваны яго бацькі і сваякі. Паглядзеў і звярнуўся ў Савет Міністраў. Стаўляць агароджу вырашыў за свой кошт, але прасіў, каб быў вызначаны выканаўца работ — якая-небудзь будаўнічая арганізацыя. Справе быў дадзены рух, выдаткі ўзяла на сябе дзяржава, а Канстанцін Міхайлавіч стаў дбаць аб добраўпарадкаванні могілак ва ўсёй рэспубліцы.

Канстанцін Міхайлавіч кажа, што рыхтуе два лісты. Адзін — аб выкараненні хуліганства — мяркуе, папярэдне параіўшыся, адаслаць у Маскву.

Не ведаю, ці было зроблена гэта. Але 15 чэрвеня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч паведамляў з Барвіхі, што раіўся наконт ліста М.С. Хрушчову, што ліст гэты ўхвалены яго дарадцам і выказана пажаданне, каб ён паслужыў «…сігналам для прыняцця адпаведных захадаў па ўпарадкаванню непажаданых падзей і з’яў у нашым жыцці»[21].

Ліст аб далейшым развіцці нашай мовы хоча напісаць і абмеркаваць больш грунтоўна на месцы.

Канстанцін Міхайлавіч звяртаецца да ўсіх бліжэйшых сяброў, каб дапамагалі фактамі. Каму паказваўся гэты ліст, невядома. Колас чакаў з адпачынку М.С. Патолічава, хацеў папярэдне пагаварыць з ім, пачытаць ліст аб мове яму, потым перадаць членам бюро ЦК КП Беларусі.

Старэйшы сын, Даніла Канстанцінавіч, расказвае, што ў дзень смерці Канстанцін Міхайлавіч паклаў у партфель нейкі ліст і паехаў у ЦК.

У Цэнтральны Камітэт Колас ездзіць часта і ахвотна. Патрэба ў гэтым бывае амаль кожны тыдзень: хадайнічае за людзей, здае матэрыялы, якія даводзіцца чытаць як члену ЦК. Апрача таго, рад сустрэцца з М.С. Патолічавым. Ставіцца да яго з клопатам і з апекаваннем старэйшага чалавека, якія відавочна перарастаюць у большае пачуццё. Цэніць у ім дзяржаўны размах, любоў да справы, энергію і ўмельства, з якімі Мікалай Сямёнавіч узяўся за станаўленне нашай прамысловасці.

Выбіраецца Канстанцін Міхайлавіч у ЦК, нікога не папярэджваючы.

Такое права яму даў Мікалай Сямёнавіч:

— Заходзьце ў любы час. Калі што непакоіць, хай сабе самае малое, не трымайце пры сабе — расказвайце.

Летам 1953 года М.С. Патолічаў меўся ад’язджаць у Маскву на іншую работу. Адбыўся Пленум ЦК КП Беларусі.

Канстанцін Міхайлавіч, ён расказваў пра гэта крыху пазней, гаварыў там, як развіваць мову і культуру, рабіў прапановы ў гэтым кірунку. Скончыўшы прамову, не мог стрываць душэўнага парывання, пайшоў цераз увесь прэзідыум да Мікалая Сямёнавіча, паціснуў руку і падзякаваў яму за ўсё добрае, што ён зрабіў для рэспублікі. Пленум пачаў апладзіраваць, і ад’езд Мікалая Сямёнавіча быў адкладзены.

Праз год ці два зноў пайшлі чуткі, і небеспадстаўныя, што М.С. Патолічаў ад’язджае. Занепакоіўся і Канстанцін Міхайлавіч. Яму не хацелася разлучацца з чалавекам, сапраўдным другам краіны і яго асабістым.

— Мікалай Сямёнавіч добра правёў адну замежную паездку, будучы на чале савецкай дэлегацыі. Вось яго і забіраюць на дыпламатычную работу.

Перад ад’ездам Канстанцін Міхайлавіч запрасіў М.С. Патолічава да сябе.

— Не хацелася яму выязджаць, — расказваў Колас пра адвітанне. — Выдатныя людзі ў нас у сакратарах былі: М.Ф. Гікала, хай яму будзе лёгкая зямля, П.К. Панамарэнка, згодна мы з ім жылі, і вось Мікалай Сямёнавіч. Малады і мяккі, здаецца, а ўмелы і далёка наперад глядзіць. Помніш, як аднойчы расказваў нам пра прамысловасць? Што было, што будзе, казаў. Так ніводзін паэт не патрапіць.


З санаторыя Канстанцін Міхайлавіч двойчы пісаў мне. 15 чэрвеня пачаў і скончыў заўтра, апанаваны трывожнымі прадчуваннямі:

«Пісьмо гэта буду дапісваць заўтра: зараз буду слухаць радыё, затым вячэраць, а потым пайду глядзець кіно.

Рукі мае балелі, баляць і, напэўна, будуць балець: часу засталося мала, каб вылечыць іх… У галаве стаіць шум, сама яна кружыцца, і я не ведаю, ці то ад павышанага ціску крыві (210), ці ад лякарства (саліцылка, уратрапін). Праўда, мяне папярэдзілі, што ў галаве будзе шум. Ну, што ж. Няхай шуміць, балазе лес маўчыць, няма ветру.

Тут зараз сухмень, гарачыня. Першая дэкада чэрвеня ўжо забрала з грунту каля 60 % вільгаці. Калі не будзе папаўнення, дык прыйдзецца з пастом спазнацца…»

Да стану свайго Канстанцін Міхайлавіч ставіцца ўсё ж іранічна. Сапраўдны клопат, як і заўсёды, пра дождж, а значыць, і пра ўраджай.

«Пішы, як выглядаюць нашы палі», — наказвае Колас і ўспамінае пра Нарач, куды ён раіць заехаць добраму знаёмаму, «пабыць у гасцях у… Міхала-адмірала, Максіма Танка, для якога возера Нарач — калыханка, і ў Аркадзя Куляшова, што жыццё пачынае нанова…»

У пазнейшым лісце Канстанцін Міхайлавіч больш жартуе: адпачыў, палепшала здароўе, а галоўнае: «24 чэрвеня была вялікая навальніца. За ўсю вясну і лета налюбаваўся я хмарамі, маланкамі, громамі і ўлеўным дажджом».

Далей ён смуткуе з прычыны смерці I.А. Ліхачова, з якім пазнаёміўся ў санаторыі, ведаў і цаніў за дапамогу ў пабудове аўтастрады Масква — Брэст. Аднак у лісце патыхае і радасцю ад блізкай сустрэчы з домам і з Нараччу.

Загрузка...