Восень на Случчыне. Бандыты і сахарын. Мар’я Чарот. Героі аповесці «У палескай глушы» ў гасцях у чырвонаслабодскіх вучняў. Колас ратуе на экзамене. Мінскі педагагічны тэхнікум. Настаўнік методыкі мовы. Дзявочы луг. Колас і Надзейка. «Белавежская тыгра». Ці ўсе грахі можна дараваць?
— За маімі «Ростанямі», — сказаў аднойчы Канстанцін Міхайлавіч, — ты, мусіць, пакідаеш усю сваю работу на ростанях. Можа, я сам дачытаю да канца рукапіс, а ты вазьміся за новую кніжку.
Добрая ўвага чутна ў яго словах, і ўжо толькі праз адно гэта я не мог бы кінуць пачатай справы ў палавіне, хоць ён у нейкай меры і не памыляецца. Але над трылогіяй працавалася з асаблівым замілаваннем яшчэ і таму… I мімаволі давялося расказаць, як ён сваёю першай аповесцю дапамог стаць на дарогу…
…Восень у Чырвонай Слабадзе. Гэта новае імя даўнейшага мястэчка Вызна. Даволі шырокая пясчаная дарога, дзе вазы праязджаюць з рызыкай зачэрпаць у ступіцы пяску, лічыцца галоўнай вуліцай. Пасярэдзіне паселішча яна перакідаецца ў звычайную палескую грэблю: проста ў балота нагачана яловага галля.
Асабліва гразка на ўчастку ад будынка былога валаснога праўлення, цяпер сямігадовай школы, да рыначнага пляца. Там, на ўзгорку, вакол царквы, раскіданы дамочкі з урэзанымі ў пярэдняй сцяне дзвярыма, узятымі на жалезную завалу. Гэта дробныя крамкі. Яны толькі-толькі пачынаюць аджываць і даволі бойка гандлююць няхітрымі таварамі першай пары нэпа. На адной паліцы суседзяць шэрае цяжкое, як гліна, мыла, карамель са смакам крухмалу, у якой вязнуць зубы, бляшаначкі ваксы з бліскучым ботам на этыкетцы і наша вучнёўская спакуса — благенькія танныя папяросы.
Пасля Слуцка, дзе я пачынаў вучыцца, сумнавата. Адчуваецца блізкасць мяжы: яна праходзіць недзе кіламетраў за дзесяць, каля вёскі Рожан.
Ходзяць чуткі, што ў глушэйшыя сёлы заскакваюць падхарчаваныя за мяжой бандыты. Іх называюць «балахоўцамі», па прозвішчы Булак-Балаховіча, што не вельмі даўно тужыўся, намерваючыся скалаціць нейкае «беларускае войска».
Пацярпеўшыя ад бандаў сяляне, а найбольш яўрэі, у адзін голас клічуць «бацьку» і яго чаляднікаў сабакамі. «Бацька» калупаў вершыкі, у якіх не толькі прызнаваўся ў прыналежнасці да названага віду жывёл, а называў гаспадара, каму служыў за костку. Праўда, аб гэтым я дазнаўся ў сярэдзіне 30-х гадоў, калі Балаховіч, апаршывеўшы на скупых харчах польскай разведкі, пацягнуў носам і, унюхаўшы магчымасць парабаваць, рынуўся ў Іспанію на дапамогу франкістам. Пазней трапілі ў рукі і дзесяткі тры кульгавых, дрэнна зрыфмаваных радкоў бандыцкага пііта пад назвай «Белавежская тыгра».
Гэтыя «паэтычныя» практыкаванні, густа патыхаўшыя здрадніцтвам і крывёй, выклікалі Коласа на даўгую і рэзкую размову. Але аб ёй успамянецца ў свой час…
У тыя далёкія гады, куды мы адышліся ва ўспамінах, пагранічнікі, а іх ці мала стаяла ў самой Чырвонай Слабадзе і поблізу, амаль штодня сутыкаліся з ворагам. Нам, вучням, цяжка было даць веры, што вось гэтыя чырванашчокія юнакі, якія так хвацка танцавалі «польку» і «падэспань» на местачковых вечарынках, бесклапотна жартавалі і прыўдаралі за старшакласніцамі, цераз гадзіну ішлі на пасты, арганізоўвалі пагоні, лавілі перабежчыкаў, затрымлівалі кантрабандыстаў.
Расказвалі, нібыта адзін з пераносчыкаў замежнай крамніны, прыпёрты ў непрабіўное кола прымежнай вартаю, заскочыў у вёску і, каб схаваць «рэчавыя доказы», высыпаў у калодзеж фунтаў з дзесяць сахарыны. I нібыта ўсе сяляне цэлы месяц дармова пілі добра засалоджаны чай…
I яшчэ расказвалі, ды ці варта ўспамінаць усё!.. Але гэтыя апавяданні крыху разнастаілі даўгія і цёмныя вечары, што марудна плылі над мястэчкам.
Прагныя да чытання, мы былі змушаны па дзесяць разоў брацца за адно і тое. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Мой аднакласнік, адзін з першых чырвонаслабодскіх камсамольцаў, старэйшы і больш паважны сярод нас, на просьбы дзяўчат: «Пракоп Раманавіч, дайце што-небудзь пачытаць!» — смехам адказваў: «Добра, я вам Рамана, свайго бацьку, прынясу».
З падручнікамі было яшчэ горш. «Геаграфіяй Беларусі» і «Гісторыяй беларускай літаратуры» ўладаў толькі наш настаўнік. Ён выкладаў павольна, і мы слова ў слова запісвалі ў сшыткі. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Гэта было сапраўднае свята для ўсяго класа, ці, як тады казалі, групы.
Са слуцкіх настаўніцкіх курсаў, дзе выкладаў, як вядома, і Якуб Колас, наш настаўнік, прывёз два віленскія выданні: «Вянок» Максіма Багдановіча і «У палескай глушы».
Трохі пазней мы пазнаёміліся з «Веснаходам». У кнізе быў партрэт Міхася Чарота. Тонкае прыгожае аблічча ў пышных кудзерах і ў дадатак некалькі хораша напісаных апавяданняў пра жанчын збілі школьнікаў з панталыку. Мы сур’ёзна думалі і даводзілі, што аўтар «Веснахода» — жанчына, нават называлі самімі ж прыдуманае імя — Мар’я Чарот.
Прачытаць прывезеныя нашым настаўнікам кнігі паасобку мы, зразумела, не маглі. Цераз тыдзень ад іх засталіся б шкуматы. Як мог пайсці на гэта ўласнік такога каштоўнага скарбу! На Коласавай аповесці быў даравальны надпіс, зроблены ўласнай рукою аўтара.
Пасля ўрокаў мы беглі абедаць, хапаючыся рыхтавалі зададзенае на заўтра і вярталіся ў школу. Запальвалі лямпу-васьмілінейку (на газу загадзя складаліся), выбіралі чарговага чытальніка і сцішваліся.
Абраннік, трымаючы ў руках кнігу, да якой датыкаўся «сам Колас», займаў настаўніцкае месца і аж свяціўся ад радасці, робячыся адразу паважным і нязвыкла ўрачыстым.
Цішыня. Не дай божа каму-небудзь рыпнуць лаўкаю ці кашлянуць!
Летуценна мяккія выразы на тварах у хлопцаў, асабліва глыбокія павільгатнеўшыя вочы дзяўчат.
Ператварыўся ў зрок і ў слых нават ленаваты сын мясцовага ветэрынара, падлетак, які часта драмаў на лекцыях. Яго будзіў шустры, задзірлівы вучань з мянушкаю «Белка», падколваючы іголкай-шаршаткаю ззаду. Ад болю і нечаканасці соня імгненна ўзвіваўся ўгару з шумам і грукатам, ледзь не зрываючы з завесак адкідное века парты. Бедака так зняверылі гэтай шаршаткаю, што, каб выклікаць дзівосны падскок і спадарожнае яму выдаленне «за дзверы», даволі было лёгка даткнуцца алоўкам да нагавіц засоні.
Зараз і жорсткі жартаўнік і цюхцеяваты паджартоўны сядзяць, падпёршы далонямі падбароддзе, і ўважліва слухаюць…
Першы малады роздум, першае юнацкае засмучэнне авалодваюць намі…
…Ядвіся крадзецца на пальчыках, каб забраць сваю неасцярожную пісульку з настаўнікавай кнігі… На парозе Лабановіч… I пачынаецца тая гарэзлівая — ад узаемнага збянтэжання, трагічная — ад усведамлення цяжкасці лёсу, светлая — ад нахлынуўшага пачуцця размова, што скончылася раптоўным пацалункам і зрабіла Лабановіча шчаслівым…
Усё гэта перажываем і мы, прымяраючы прачытанае да сябе, думаючы кожны пра дзяўчо, якое пачынала здавацца любым, мяркуючы, а ці падобна хоць крышачку яна да Ядвісі.
Праз некаторы час мы весела смяёмся.
…Драўляная цэрквачка… Штурхаюцца і наступаюць адзін аднаму на ногі палешукі, падыходзячы да прычасця. Увальваецца мокры Мікіта, лаецца з папом і паварочваецца да яго спінаю, а той вяртае дзядзьку назад, перапрошвае, прычашчае і давяральна пытаецца не як строгі выканаўца абраду, а як рыбак у рыбака: «Ці злавіў жа хоць рыбы?»
Мы гатовы былі праседзець ноч навылёт, каб не выводзіў з салодкага захаплення загадчык школы, напамінаючы, што заўтра на раняшніх занятках «будзеце кляваць носам».
Моцна абавязаны я гэтаму чытанню! У жніўні 1924 года дзвесце дзяўчат і хлопцаў, у тым ліку і я, штурмавалі дзверы ў навуку, здавалі экзамен у адну з нешматлікіх тады навучальных устаноў сталіцы — педагагічны тэхнікум. Для пісьмовай работы нам прапанавалі некалькі тэм. Уздыхнулася лягчэй, сярод іх стаяла добра знаёмая «Вобраз Лабановіча»…
Паглыбіўшыся ў пісанне, а націскаць трэба было на ўсе застаўкі (пяць асоб прэтэндавала на адно месца), я не адразу пачуў настойлівы шэпт і, нарэшце, даволі моцны штурханец у бок.
— Глянь адно! — падміргнуў Янка, таксама выпускнік чырвонаслабодскай сямігодкі.
За настаўніцкім столікам сядзеў ужо іншы чалавек, не той, што даваў нам тэмы. У руках у яго быў нумар «Савецкай Беларусі».
Не паспеў я ізноў унурыцца ў паперу, як шэпт паўтарыўся.
— Колас! Мне старыя студэнты паказалі…
Відаць, бліжэй за ўсё перадае той воблік, што захавала памяць ад першага позірку, партрэт у раннім выданні «Сымона-музыкі». Худое, крыху хваравітае аблічча, сакратаўскі лоб, павялічаны дужаватаю на яго ўзрост лысінай, цёмныя пышнаватыя вусы і невялічкі шматок барады — эспаньёлка, быццам прылепленая пад ніжняй губою. Здавалася, далёкі ад нашых трывог і хваляванняў, ён нічога не заўважаў, апрача аркуша друкаванай паперы перад сабою. Што Колас працуе ў тэхнікуме, мы не ведалі. Ці не закліканы ён сюды ў якасці найвышэйшага кантролю над намі і над экзаменатарамі? Што ж будзе? Возьме ўсе гэтыя работы, зганіць і ўсіх чыста «парэжа».
З галавы даастатку выдзьмулася ўсё, што меўся напісаць. Ад стараннасці змакрэлі рукі, я стаўляў кляксы, бясконца крэсліў, быў блізкі да плачу. I ўжо глядзеў не ў сшытак, а толькі на яго, быццам просячы літасці.
I злітаванне прыйшло. Колас адклаў газету, устаў, зірнуў на панадворак цераз адчыненае акно і зрабіў да яго некалькі крокаў. Пасля прайшоўся паміж партамі.
— Толькі не трэба спяшацца! — пачуўся нягучны голас. — Добра падумайце, складзіце чарнавік. I ўважліва перапісвайце.
Чамусьці я адразу супакоіўся. За простым зваротам выразна прабівалася добразычлівасць і гучала яшчэ больш: «Не бойцеся, дзівакі! Я ж сам перажыў такую турботу, я ведаю, што творыцца ў вашай істоце. Зазірніце, калі хочаце, у кніжку: я нічога не бачу…»
Сам не ведаю як, з падглядам ці без падгляду, але работа напісалася добра, і толькі гэта адно паставіла маё прозвішча ў спіс прынятых, бо па матэматыцы я адказаў так дрэнна, што пачаў ужо збіраць клункі, каб вяртацца дамоў.
Канстанцін Міхайлавіч загаварыў. Ён жартліва ахалоджвае ўсхваляванасць юнацкай пары, што, раптоўна прыплыўшы, змушае на цікавыя, мусіць, толькі самому апавядальніку акалічнасці і падрабязнасці.
— А я і не ведаў, што ты, можна сказаць, ці не першы даследчык мае аповесці. Каюся, больш не буду сварыцца з такім заслужаным рэдактарам. Як гэта мы не пазнаёміліся тады? Ты ж ужо, напэўна, друкаваўся.
Запомніць усіх сваіх вучняў яму было не пад сілу. Раз ці два на год мы падыходзілі да класнага стала, і Колас стаўляў у заліковыя кніжкі «здавальняюча», амаль нічога не пытаючыся. Нам толькі здавалася, што ён помніць і ведае ўсіх, бо неяк па-хатняму цёпла і прытульна было на яго лекцыях, быццам вёў іх не настаўнік, а калі не бацька, дык нехта вельмі прыветлівы са старэйшых сваякоў. Дый Канстанцін Міхайлавіч ахвотна замяняў лекцыі чытаннем толькі што напісаных твораў. Затое мы вучылі методыку мовы найбольш старанна, каб не ашукаць і яго і саміх сябе. Ён ведаў гэта і таму падпісваў заліковыя кніжкі не вагаючыся, без асаблівага апытвання.
Я не мог забыцца пра літаратурны суд, на які студэнты прыцягнулі Лабановіча за яго грамадскія ўчынкі. Доўга тлела ў прыску памяці і яшчэ нешта, тады вельмі горкае…
Пасля аднаго са студэнцкіх спектакляў Колас прыйшоў у аўдыторыю і з парога запытаў:
— Хто гэта ўчора іграў хлопца? Хораша выходзіла… Як быццам сапраўды цалавацца не ўмее.
Усе галовы павярнуліся да мяне. Мае вушы загарэліся. Чырванець падстаў хапала. Акцёр, нават самадзейны, быў з мяне незайздросны. Да таго ж у пары са мною іграла дзяўчына. Хоць і часта я праводзіў яе дадому, але ніяк не асмельваўся на тое, што мусіў выканаць перад поўнай залай. Аднак выканаў калоцячыся, бо не спыніла дрыжыкаў і паўшклянка партвейну, які «для храбрасці» мне прынёс за кулісы Паўлюк Трус.
А Колас адразу пацэліў у балючае месца… Бунтавалася і самалюбства. Пасля пастаноўкі мы з хлопцамі чыталі вершы. На мой погляд, яны былі сама менш выдатнымі. I вось маеш! Колас зусім не прыкмеціў іх. Мусіць, хоча падкрэсліць, што пішу яшчэ бездапаможней, чым вымаўляў ролю са сцэны.
Гэта хваляванне магло быць зразумелым толькі самому. Таварышы прынялі Коласаву пахвалу як нешта належнае і віншавалі мяне. Ды ён і ў думках не трымаў пакрыўдзіць непаўналетняга вершапісца, хоць, мусіць, даволі насцярожана ставіўся да пачынаючых «зорак» праз неразумнае маладнякоўскае задзіранне са «старымі» і змушаны быў адбівацца кплівымі фельетонамі ў адрас задзірак. Рабіў гэта ў артыкулах і выступленнях і Цішка Гартны. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, перабраўшыся ў «Маладняк». А Янка Купала ўсе выбрыкі і нетактоўнасці пераходжваў моўчкі.
Коласу было нялёгка. Яго, прысутнага ў зале, не запрасілі ў прэзідыум першага з’езда «Маладняка». Прабавалі кампраметаваць, дакаралі «застарэласцю формы». А ён пісаў, выкладаў, выступаў, ведаючы, што працаю пераможа…
I цяпер жа не ведаюць спачынку гэтыя дужыя рукі. Ён выстаўляе іх супраць сонца, седзячы на балконе пры сваім кабінеце. Грэе… Пачынаюць ныць уначы…
Але не горыч перажытага ўладае ім цяпер. Выслухвае смешныя прыгоды з студэнцкага жыцця-быцця, як мы ліквідавалі непісьменнасць у чырвонаармейскіх часцях, як хлопцы рабілі паходы на «Юраўку», так скарочана іменаваўся дзявочы інтэрнат на Юраўскай вуліцы, прыгадвае тое-сёе сам і заўважае:
— Па-мойму, дзяўчат вучылася там болей, чым хлопцаў. Цэлая касыначнае царства… І што ж далей?
Мімаволі ён выкрывае сябе. Можа, і не так хочацца яму слухаць, як добра ўспамінаць тую, здавалася б, недалёкую пару, тую прысадзістую двухпавярховую тэхнікумскую камянічку, што з дасвецця, у перапынках паміж двума званкамі, гула, рагатала, спрачалася. I раптоўна аціхала: рукі хапаліся за канспекты — пабольш запомніць, пабольш прыгарнуць у думкі. А вечарамі ў парадзеўшых аўдыторыях чыталі, малявалі, рыхтавалі насценныя і вусныя газеты, пісалі вершы.
Тут былі найлепшыя — на студэнцкі ўзровень, быць пэўна! — знаўцы гісторыі, матэматыкі, педагогікі і, перш за ўсё, літаратуры, дакладней сказаць, паэзіі. Яны ведалі на памяць не толькі Купалу, Коласа і Багдановіча, не толькі тых, што перад імі праторвалі дарогу ў беларускае слова, а і ўсіх, хто сёння гаварыў на поўную сілу, як Чарот і Крапіва, не мінаючы ўвагаю пачаткоўцаў, падымаўшых голас у гэтых жа мілых сценах. Моладзь прыхільна ставілася да «сваіх» паэтаў і, хоць смяялася, знаходзячы падабенства іх мудрагельных радкоў да высмеянага Коласам у фельетоне «Трыумф», «п’яны вецер носам клёвае, а з стрэх віснуць смаркачы», але ў нейкай меры і ганарылася, калі ў свежым нумары часопіса з’яўляўся твор «нашага». Бо «наш» разам еў нішчымнаватую кашу ў падвальнай сталоўцы, жыў у цесным пакоі агульнага памяшкання, выбіраў бульбу на прыгараднай тэхнікумскай ферме, даваў практычныя лекцыі ў паказальнай школе.
I паэтам было лёгка расці, і выскаквалі яны, сапраўды, як грыбы ў цёплую восень. Можна без памылкі сказаць: кожны пяты студэнт нешта пісаў; прынамсі, так было на маім курсе. Пісалі дзяўчаты і хлопцы: драмы і апавяданні, мовазнаўчыя доследы і юнкораўскія допісы. Іншая справа, што не з усіх шматлікіх намаганняў выраслі паэтычныя імёны, такія добрыя, як Трус. Пачыналі пісаць прыкладна на адным узроўні, і першыя вершы цяперашняга акадэміка, а тады дваццацігадовага студэнта з немалым папярэднім стажам работы ў сельсавеце, друкаваліся з дадаткам «піянер» да прозвішча. Гэта, вядома, было больш абумоўлена характарам часопіса, чым якасцю твораў, а яны, напэўна, не на шмат перасягалі зрыфмаваныя радкі сапраўдных піянераў.
Не ўсе пачаткоўцы, тэхнікумскія і маладнякоўскія, сталі пісьменнікамі. Але затое колькі Коласавых вучняў выйшла на заслужаных і незаслужаных, тым не менш добрых настаўнікаў, дырэктараў школ і інстытутаў, загадчыкаў кафедраў, колькі іх працуе на адказных дзяржаўных пасадах!
I Коласу было радасна сярод гэтай неспакойнай, поўнай зразумелага задзёру і не да канца ўсвядомленых імкненняў маладое паводкі. Моладзі ўжо не пагражаў лёс ягонага малога музыкі. Вырваўшыся «на прасторы жыцця», яна па-гаспадарску бралася за работу, сцвярджала сябе ў вобразах шматлікіх Сцёпак і Алёнак.
Там жа ў тэхнікуме, на рабфаку, ва універсітэце браў ён у новага, паднятага савецкім ладам пакалення рысы для сваіх новых герояў.
Успамінаць добрым словам тыя гады ў Канстанціна Міхайлавіча было многа прычын.
I сярод іх адна…
Яна матэрыялізавалася ў аблічча такое тонкае, што, не прасвечвай на ім далікатны румянец, глядзеў бы не даючы веры: а ці не ажыло яно, высечанае некім са старажытных з найбялейшага каменю, і прыстыла да таксама дастойнай разца, зграбнай, як вытачанай, постаці. Калі, бывала, разыдзецца дзяўчына ў танцах, рабілася страшнавата: пераломіцца!
Мы звалі яе, скажам, Надзейка, а трэба было зваць іменем якой хочаш з міфалагічных красунь, каго называюць багінямі і каго вывеў чалавечы геній з небыцця, адабраў у так званых нябёс, каб абвясціць вечнымі ўзорамі земнага хараства. Аднак хоць і прасілася на язык, але менш за ўсё пасавала да яе параўнанне з мадоннай. Хіба што з багдановічаўскай, той, што адчулася паэту ў вясковай дзяўчынцы, поўнай «шырокаю радзімаю красою». Праўда, следам за палясоўшчыкам Тарасам мы гаварылі пра сваю таварышку:
Узяўшы хустачку, Венера
Пайшла «мяцеліцу» скакаць.
Так і думалася. Каб Венера магла ўплесці ў валасы ясны каснічок, прыбрацца ў каляровы андарак, дык і закружылася б у завейным канцэрце студэнцкай самадзейнасці, акурат як наша Надзейка.
Але, трапіўшы на Парнас, дзядзька відавочна абеларушваў багіню і, дагаджаючы свайму палескаму густу, іранічна смакаваў іншыя падрабязнасці яе хараства:
Чырвона, тоўста, круглаліца,
I вочы, як на калясе.
Гэта не падыходзіла да нашай сяброўкі і рашуча адкідалася.
Вочы ў Надзейкі былі вясёлыя і ў аправе валасоў, бліскучых, нібы перавітых залацістым праменнем, сінелі, як сапраўдныя валошкі на ўскрайку залітае сонцам наспелай нівы. Дый усмешкі на капрызныя і без падмалёўкі яркія губкі было не пазычаць дзяўчыне. А з акрас і ўбораў мела яна ўсяго рудзенькі паўкажушак і чырвоную хустачку. Так хадзілі амаль усе.
I цяжка было не загубіцца сярод неагляднага кветніка тэхнікумскіх дзяўчат, хутчэй не кветніка, бо не траплялася там надзіманых руж і пышных півонь, а прырэчнага лугу, дзе з затонаў выглядаюць белыя гарлачыкі, а ў мураве шчодра рассыпаны рамонкі, званочкі і «ганначкі», як гавораць на дзікія браткі. Але паміж усяго гэтага вясновага паўнаквецця Ганначак, Алесек, Марылек і Волечак, такіх самых харошых рагатух, спявачак, танцорак да самазабыцця, адну яе, дзяўчыну крыху «ўзвей-вецер», адшукала і вылучыла Коласава вока.
Тут не можа быць і гаворкі аб нейкім запозненым памкненні сталага чалавека пабегчы наўздагон за маладой радасцю, што абмінула яго ў свой час, а зараз зноў мільгнула на даляглядзе. Гэта было любаванне, захапленне — здалёк! — хараством і дасканаласцю формаў, у якія, гады ў рады, адліваецца жывая істота. Таму ўсё абышлося без патайных сустрэч, любоўнага ліставання, без сарамлівага абмінання адзін аднаго на людзях.
Канстанцін Міхайлавіч затрымліваў яе пагаварыць на калідоры, жартаваў на лекцыях, а больш за ўсё размаўляў у вестыбюлі, дзе яна часцяком пакручвалася перад люстэркам, можа, і назнарок падпільноўваючы, калі пачнуць разыходзіцца настаўнікі.
Усе ведалі гэта і, галоўнае, бачылі. Падабаецца? Так, падабаецца. Але ж тут і блізка не патыхала ні танным заляцаннем, ні благім «раманам» вучаніцы з настаўнікам. Таму і ўсе ўспаміны яшчэ даражэйшыя.
Аблічча Канстанціна Міхайлавіча святлее.
— А Надзейку помніш? — і называе прозвішча. — Я многа думаў пра яе. I цяпер бачу… А не напісалася ніводнага радка. Вось, каб умеў, намаляваў бы.
Ён гаворыць, як несправядліва і крыўдна абыходзіцца час з найлепшымі тварэннямі прыроды. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу…
Аднойчы трапілі мне на вочы апублікаваныя за рубяжом, ледзь-ледзь змацаваныя рыфмай радкі. Яны і блізка не стаялі да верша, і калі цікавыя, дык толькі тым, што выйшлі з-пад пяра Булак-Балаховіча.
Як? Балаховіч і вершы? Балаховіч жа збіраў у свой час сумна вядомае «беларускае» войска, вадзіў бандыцкія шайкі на Палессі, значачы шляхі пагромамі, пажарамі і экзекуцыямі.
Так, так, усё правільна, тым не менш…
Дададзім яшчэ крыху з біяграфіі: сам сябе назваў генералам, потым адседжваўся за мяжой, яго прыграваў і падкармліваў Пілсудскі.
Варушыць бандыцкую вершатворчасць — занятак не дужа прыемны. Але найлепшыя выкрываўчыя пёры праз сотні памфлетаў наўрад ці выхапілі б з цемры забыцця і паказалі б так ёмка, на ўвесь плюгавы рост, крывавай няславы ваяку Булак-Балаховіча, чым зрабіў гэта ён сам ва ўласнаручна накрэмзаных, ліслівых і ў той жа час запененых ад прыглушанай лютасці, радках. Зараз яны, апрача смеху, нічога не выклікаюць: зубы — выбіты і заціснуты ў жмені — злосць бяссільная. А чытаць — і дасюль прыкра. I мы ніколі б не браліся за такую работу, каб не меркаванні Коласа, выказаныя з гэтай дый яшчэ з адной прычыны, аб чым — у свой час.
Набяромся цярплівасці і пройдзем па гэтым, не пазбаўленым цікавасці жыццёпісе з вельмі выразнай палітычнай афарбоўкай і малаграматнай назвай «Белавежская тыгра».
Сябе самога цаню я ў меру,
Кажу ад сэрца: не тыгр, не рысь,
Я больш падобны сабацы вернай,
Што называюць Шарак ці Брысь.
Другім сабакам — другая доля:
Як пан абедаць — ім кіне штосьці.
Аб іх заслугах пісалі многа,
На іх глядзелі з-за мора госці.
Як можна болей сабакаў трэба,
Падобных Брысю, пры боку мець,
Не біць, не лаяць, а даць ім хлеба,
Слабых бо зломіць стары Мядзведзь.
Напісана, як заўсёды ў графаманаў, многа і доўга. Было б марнатраўствам падаваць усю пісаніну цалкам. I з прыведзенага відаць, што намеры і «майстэрства» аўтара не выклікаюць дзвюх думак…
Перабіраючы камплекты старых часопісаў[18] у бібліятэцы Літоўскай Акадэміі навук, я знайшоў гэты перл і спецыяльна перапісаў для Канстанціна Міхайлавіча. Успомніліся яго апавяданні «Балаховец» і «Адзін», здавалася, што знаходка павінна быць яму цікавая. Сапраўды, тры ці чатыры вечары Колас гаварыў, не ўпыняючыся, з нязвыклай гарачнасцю. Як замілавана глядзеў ён тады ў наш дзень! Яго трэсла нават пры ўспаміне аб вялікіх і малых праявах здрады; ён ніяк не мог, не хацеў дараваць хоць бы выпадковага сыходу з шляхоў, у бок ад народа.
— «Правадыр», дый не абы-які, а «незалежнага беларускага воінства»! — Канстанцін Міхайлавіч раздражнёна прайшоў па пакоі. — I, не чырванеючы, прызнаецца, што ён цюцька. I гатовы каму хочаш перарваць горла за скарынку, кінутую з падваротні чужой дзяржавы. Праўда, «свае» дзяржавы, такой, як яму хацелася, не было. I быць не магло. Беларус дружна прагаласаваў за саветы.
Колас трымае старонку школьнага сшытка з перапісанай там «Белавежскаю тыграю» двума пальцамі, за самы ражок, і так асцярожна, нібыта гэта калі не футра ўсурыйскага драпежніка, дык халодная скурка хатняй жывёліны, тая самая, у якую ўбіраўся аўтар, каб выгаўкаць свой верш.
— Споведзь, калі бандыт можа спавядацца. Ва ўсякім разе, размова, як кажуць, па шчырасці, зноў жа калі бандыт здольны на такую рэч. Крыніца яго «натхнення» цурчыць па паверхні. Перш за ўсё скарга на непавагу да былых «заслуг». Сабаку трэба карміць. I аб гэтым самазваны генерал вымушан нагадваць. Нават палохаць «старым мядзведзем», ад якога можа быць крута і сабаку і ўсім, каму ён служыць. Сабаку давалі есці да пары да часу, пакуль… Як там пішацца?
Канстанцін Міхайлавіч паднёс да вачэй акуляры і, не надзяваючы іх, прачытаў:
— «Авечак гнаў ён, да птушак краўся». Што ж гэта значыць? Дробныя вылазкі і наскокі на нашы сялібы. Гаспадарам заманулася большага. Сабаку абмалілі рацыён. Яму стала скрутна, захацелася паскавытаць. Але не на месяц, а на яснае панскае аблічча. I цюцьку пацягнула на вершы. А можа, удасца расчуліць каго…
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца, зноў падымае са стала старонку.
— Паўтарыў народнае слоўца: «сабака воўчае натуры». Гэта вельмі трапна прылеплена да яго пысы. Так гаварылі ўсюды, дзе людзі наспытваліся гора ад балахоўшчыны. I на Случчыне і на Мазыршчыне. Вёска ненавідзела гэтую набрыдзь страшэнна. Яна жыла няпісанай мараллю: ці балаховец, ці гадзюка — усё роўна. Сустрэў — забі: сем грахоў даруецца. Але банды сышлі наніц, «бацьку» не заставалася нічога іншага, як уцячы і цешыцца вершыкамі. I яны не засталіся, як і трэба было чакаць, без водгуку…
А наогул, параўнаннем з сабой пакрыўдзіў, нягоднік, сабаку!
Нагадаўшы гэта, Колас пытаецца, ці помню верш, дзе пішацца, як стары сабака і хлопчык адкусвалі па чарзе кавалачкі ад акрайца, «ни капельки друг другом не погребав».
Думка развіваецца. У нашай паэзіі, хутчэй — у рыфмацтве 20-х гадоў табунамі іржалі жарабяты, мэкалі авечкі, імчаліся ў санях коні, гаўкалі сабакі, блішчалі косы і плугі. Але худоба і сельскагаспадарчы інвентар і ў малой меры не належалі аўтарам так званых сялянскіх вершаў — бралі напракат у суседзяў. Тым часам імкненне да свайго ў паэзіі — адзіны перажытак уласніцтва, які трэба вітаць. У вершах буйнога паэта жывёла была жывая. У пераймальнікаў «меньшие братья» ператварыліся ў пудалы, літаратурныя даспехі, у сродкі пафарсіць, прыняць позу: ах-ах, бяда — конь саступае дарогу трактару…
Канстанцін Міхайлавіч стаіць каля стала і гучна, нібыта на вялікую аўдыторыю, гаворыць:
— Як ні абвяшчай тыя радкі грахамі маладосці, няспеласцю думкі, — праўда нашага жыцця кажа іншае. Праўда паэзіі пярэчыць, яна прыслухалася да хады трактара і ўбачыла постаць фабрычнага чалавека.
Ён зноў моўчкі ходзіць па пакоі.
— Што — выношу прысуд па часе? Ніхто і не збіраецца перасуджваць нікога. Мне проста трэба было гэта некалі сказаць уголас, не пакідаць праўды, высветленай напалавіну. Каб не выскачыла скула ў каго ў сэрцы. Дараваць грахі — гуманна, але прыкрываць усё лісцікам усёдаравання — гэта на другі бок дабра…