«На шляхах волі»

Творчая гісторыя. Паручык Дзяжа і яго каханне. Новае ў манеры Коласа. Як аўтар думаў закончыць твор?


Гэта была яго апошняя вясна. Ставала задум і намераў, а рука ўжо не бралася за новае: хто яго ведае, ці давядзецца скончыць. Рупіла выдаць «Казкі жыцця», спарадкаваць публіцыстыку і, можа паспеецца, давесці да ладу паэму «На шляхах волі».

Ва ўзбярэжнай хаціне, у добрым спакоі паслянавальнічнага возера, разам перагледзелі рукапісы і злажылі ў кнігу артыкулы.

Пагаварылі пра «Казкі жыцця». Цяпер перавыданне кнігі стала на цвёрды грунт, заставалася перачытаць рукапіс пасля машынкі і — у выдавецтва. Праўда, не абышлося без непаразумення, аб ім Колас расказваў доўга і смешна. Але пра гэта скажацца пазней.

I яшчэ гаворка адбылася на Нарачы. Шкада, не вельмі працяглая, — ён амаль не заставаўся адзін. Усе ведалі, што прыехаў на дзень-два, і кожнаму з тамтэйшых насельнікаў хацелася як найлепей і сардэчней прывеціць госця.

Аднак гаворка тая нібы завяршыла цыкл некалькіх папярэдніх, калі пакрысе высвятлялася, як пісалася паэма «На шляхах волі». Чатыры дзесяцігоддзі адна работа змяняла другую, а гэта ўсё не выкіроўвалася на апошнюю кропку.

Аўтар, зазвычай акуратны і настойлівы ў завяршэнні пачатых работ, на гэты раз задавольваўся публікацыяй рэчы па кавалках — колькі напішацца.

Пакуль так марудна ішло друкаванне, стражнікі павялі пад канвоем Лабановіча («У глыбі Палесся»), пайшоў блукаць па свеце «Адшчапенец», узяўся за стрэльбу дзед Талаш («Дрыгва»). Што ж, такая гвардыя магла і засланіць сціплую постаць прапаршчыка Дзяжы, галоўнага героя паэмы.

Ваенныя і пасляваенныя гады шчыравалі не менш: «Суд у лесе», «Адплата», «Рыбакова хата». Падзеі твораў, іх героі, перахваляваўшы Коласа, набылі тую ці іншую форму і адступіліся ад ягонага ўяўлення.

Пісьменнікаў стол папрастарнеў, тым часам паэма не зрушвалася з месца. Толькі пасля заканчэння апошняй кнігі «На ростанях» пачала пракідацца ў размовах і гэта рэч.

I вось чаму.

З трылогіі ў паэму вілася нітка: героі ад першай рускай рэвалюцыі ішлі праз вайну ў Кастрычнік. Раскрыўся нячэпаны пяром этап у біяграфіі беларускай інтэлігенцыі.

Значыць, клопату пра такі твор у Коласа не магло не быць. Але, як на тое, пасля вайны не захавалася ў яго ні чарнавікоў, ні машынапісу, нават нумароў часопіса, дзе друкаваўся твор, не было. Так-сяк сабралі: перапісалі, што ўдалося, у бібліятэках, набылі некалькі сшыткаў «Полымя» з прыватных рук.

Канстанцін Міхайлавіч перачытаў усё знойдзенае і ўзяўся крэсліць. Пазначыў перш, што яго найбольш не задавальняла, дзе-нідзе і паправіў, проста з ходу.

А работа ўсё роўна не пайшла! Паміж аднаўленнем, дакладней сказаць, напісаннем двух апошніх раздзелаў зноў мінае амаль год.

Улічым: тры чвэрці стагоддзя на плячах, баляць і кепска трымаюць асадку пальцы, надаедна трывожыць высокі ціск. I ўсё ж нястомны Колас застаецца нястомным: прапускае праз аслабленае сэрца, пераварочвае хворымі рукамі безліч работы. Яго руплівая натура не магла трываць, калі што-небудзь, нават дробнае, павісала ў недаробленасці. I раптам — такая затрымка! Буйны па задуме, дый паспеўшы моцна разрасціся — дзевяць тысяч радкоў з гакам! — твор не можа сабрацца ў цэласць, каб нарэшце паразвязваліся вузлы дарог і чалавечых лёсаў.

Ці толькі страта напісанага раней, як растлумачыў аўтар[22], чыніла перашкоды росту думкі і пераходу яе ў слова? Відаць, заміналі і другія «важкія прычыны». Быў жа час, калі перад вачыма ён меў усе чыста матэрыялы, а цікавасць да работы нібы тлела пад прыскам, пакуль задоўга да вайны не пагасла зусім і не абуджалася яшчэ чатырнаццаць гадоў. Словам, Колас не дакранаўся да паэмы ні больш ні менш як два дзесяцігоддзі.


Нятоўсты сшытак — «Колас, май, 1956, „На шляхах волі“, „Казкі жыцця“» — прыўзнімае крыху заслону: там некалі запісалася пачутае з вуснаў Канстанціна Міхайлавіча.

Паспрабуем расчытваць запісы.


Колас скончыў чытаць уголас апошні, не раз перарабляны і нарэшце канчаткова перабелены раздзел паэмы.

Цішком перабірае старонкі, не абзываюся і я. Напэўна ж, пад час чытання ў яго ўзнікалі думкі, каб не спудзіліся часамі. Аднак Канстанцін Міхайлавіч хутка адрываецца ад папер.

— Маўчыш? А ўмова?

Гэта нагадваецца заключанае некалі пагадненне гаварыць пра напісанае адразу ж, не выбіраючы слоў. Як і заўсёды ў такіх выпадках, пачуваюся няёмка. Але што ты зробіш! Кажу тое самае, што думаў і думаю зараз.

Герой выходзіць з вайны разгублены, не ведаючы, куды пакіравацца, як і многія з тагачасных афіцэраў. Аднак пры сустрэчы з драздоўцамі выказвае пэўную сталасць у поглядах і цвёрдасць у паводзінах. Не трэба гадаць, з кім ён звяжа свой лёс у далейшым, — з абаронцамі царскага трона яму ўжо не па дарозе. А ці памірыцца з Насцяй, ці стане яго сяброўкай Галя — нам ведаць неабавязкова. Паэма зусім не пра тое. З гэтым раздзелам твор набыў закончанасць.

За шкельцамі акуляраў відны дакорлівыя вочы.

— Шкадуеш мяне? Не хочаш, каб дарма рукі біў? Напэўна, лічыш, што адной канцоўкай твору не паможаш?

Няйначай, яму самому думалася: гэты раздзел можа быць наогул апошні. Хачу абгрунтоўваць свае пазіцыі далей, але Канстанцін Міхайлавіч спыняе ўсмешкай:

— Класік я ці не класік?

Некаторы час ён цешыцца: ану, паспрабуй, адкажы?

— Па-твойму, выходзіць — не! Бо ў класікаў усе канцы сыходзяцца ўместа. А ты мяне на паўдарогі спыняеш?

— Якое ж там паўдарогі, дзядзька Якуб? Вы неяк казалі: для паэмы мáю думак сама болей на два раздзелы. Вось яны і напісаны. А што, калі ўсіх будзе 28, а не 30, як вы намеркавалі?

— Намеркаваў! — у голасе нотка нездавальнення, яна з’яўляецца, калі даводзіцца адступацца ад прынятага да выканання.

Пачаў хадзіць па пакоі, хвалюецца. Відавочна, завагаўся яшчэ больш: можа, і праўда, узяць ды закончыць на гэтым?

Намераў сваіх Канстанцін Міхайлавіч не раскрывае. На тым і адыходжу.


Мінуў дзень, за ім другі. На трэці, з самай раніцы, тэлефонны званок. Нязвыкла: у гэты час Колас працуе сам і не дазваляе турбаваць іншых.

— Давай сёння ўсе справы побаку! Да цябе пайшла машына. Што? Паснедаем разам.

У кабінеце накрыты пад снеданне круглы столік. Канстанцін Міхайлавіч стаіць у балконных дзвярах, як бы вітаецца з садам. Маладыя дрэўцы добра падраслі і ўсё бліжэй прасціраюць да дома свежае лісце.

Раздзел паэмы — на стале, ляжыць як быццам бы нячэпаны ад апошняй размовы. Канстанцін Міхайлавіч бярэ старонкі, нібыта важыць у руках:

— Цягне на заканчэнне ці не цягне? Вось і ўгадай. Чалавек цэліцца, а бог целіцца.

Вымавіў сакаўную прыказку і прыслухаўся, смакуе.

— Я цаляў, што «Адплата» будзе карацейшая. I «Новая зямля» таксама. А яно ўзяло ды ацялілася на болей. Дык, можа, і нічога, калі атрымаецца менш раздзелаў. Давай высветлім адно: чаму стаўляецца апошняя кропка? Што, сапраўды даспеў яе час? А можа, я хапаюся за магчымасць пагультаяваць? I ты мне патураеш? Каб не нарабілі шкоды: адзін па старасці, другі з патурання ёй…

Праз жарт прабіваецца трывога: героі не дайшлі сваіх дарог да канца.

Асцярожна нагадваю: а ў «Новай зямлі» дайшлі? I Лабановіч не спыніўся на пэўным пункце, не стаў пад вянец ні з Вольгай, ні з Ядвісяй. Тым часам хто скажа, што творы не класічныя.

Канстанцін Міхайлавіч смяецца голасна і працягла.

— Доўга ж ты думаў… Але выкруціўся-такі ад майго пытання. Ці сапраўды прызнаеш класікам?

Адказваю ў тым жа тоне: прызнаю, бо маю падставы. Класікі не саромеліся пакідаць герояў перад адкрытымі шляхамі. Дык чым горшы вайсковы Барыс Дзяжа за настаўніка Лабановіча?

— Так, так! — Колас ківае галавой, але не разбярэш — пярэчыць ці згаджаецца. — Гавары нечага да канца. Табе здаецца, што Дзяжа — той самы Лабановіч?

Прызнаюся: менавіта гэтак і лічу. Валынь, адкуль паходзіць Барыс, — так і патыхае Піншчынай, дый па характару ён ні ў чым не адбегся ад палескага настаўніка. Праўда, Дзяжа не мае біяграфіі і не надзелены слоўным партрэтам. Але ж гэтым не надта можа пахваліцца і Лабановіч.

— Можа, можа! — нецярпліва перабівае Колас. — Сядзіць на Палессі, у самай гушчы народу, абыходзіцца як свой са сваімі, жыве дома ў маці, умее сялянскую работу. Якой яшчэ біяграфіі трэба?

— А партрэт? — неасцярожна вырываецца ў мяне.

Канстанцін Міхайлавіч грозна размахвае рукапісам.

— Быццам бы канечне ведаць, у якой абалонцы ўзнікае каханне да Ядвісі? Бялявы ці чорны Лабановіч, румяны ці асмуглы? Гэтак і з Дзяжою. Што табе дасць, калі дазнаешся, як ён выглядае, уцякаючы з фронту?

Працягваю яго думку. Куды важней, калі мы паверым, што ён кахае і прадзіраецца праз калючыя драты да свайго кахання.

— Ну вось… — голас у Канстанціна Міхайлавіча робіцца памяркоўнейшы. — А скажы, любяць Лабановіча чытачы? А можна чалавека любіць, не ўяўляючы, што за ён з твару ці з паставы? Значыць, уяўляюць нешта, самі ствараюць вобраз… — I зараз жа жартліва адмахваецца рукою ад сваіх слоў: — Здаецца, і я падаюся ў модную веру: буду пісаць прыслоўямі ды выклічнікамі, а рэшту хай уяўляюць чытачы.

Непрыязні да майстроў недаказу і надужыцця падтэкстамі Колас не хавае, успамянуўшы пра іх, некаторы час нездаволена маўчыць.

— Дык, па-твойму, я паленаваўся і не апісаў, які з сябе Лабановіч? I з Дзяжой тое самае?

Напамінаю, як пра гэта ўжо гаварылі, рэдагуючы трылогію. За абодвума героямі ўгадваецца аўтар: пісаў і бачыў сябе. Дык навошта спыняцца на выглядзе героя? Перавод часу…

— I новае парушэнне класічных запаветаў? — у тым жа напаўжартлівым тоне пытае Колас. — Магу працягнуць гэтыя развагі. Вядомы табе крытык-крытыкоўскі напіша…


Зараз пачнецца тое, што здараецца не вельмі часта: Канстанцін Міхайлавіч будзе некага паказваць, як кажуць цяпер, на падраблянне пад манеру пісаць або гаварыць.

Для мяне гэта заўсёды свята: можна зазірнуць у сховішча ягоных назіранняў і яшчэ далей — у лабараторыю, дзе заўважаныя дэталі, слоўцы, учынкі набываюць кроў і плоць вобразаў.

Менавіта так, бо Колас ніколі не меў на ўвазе каго-небудзь выкпіваць. Не, ён выхопліваў вокам мастака, якому ўсё на патрэбу, тое, што некалі пойдзе ў работу, самае істотнае. Некалькі скупых рыс, і партрэт гатоў. Адным словам, Колас ажыўляў перад вачыма многае: як раптам скаланецца асіна, ціўкне галодная птушка, пацягне з рота маток слоўнай пражы нудны прамоўца.

Так было і цяпер. У пакоі ўзнік чалавек з прэтэнзіяй на даследчыка, слова ў яго набягала на слова, нібы качаў у роце гарачую бульбіну:

— Не зважаючы на адсутнасць партрэтнай характарыстыкі героя, маецца поўная магчымасць рабіць належныя і неабходныя вывады адносна надання яму рысаў біяграфіі аўтара. Не паказаўшы сябе звонку, аўтар паслаў героя на фронт у Румынію, закінуў яго на Урал, дзе ў імперыялістычную вайну давялося жыць самому…

Смешна Коласу, смешна і ягонаму слухачу… У той жа час робіцца ясна, што выклікаў Канстанцін Міхайлавіч на гаворку, каб пачуць пацверджанне думанаму-перадуманаму, важанаму-пераважанаму сотні разоў.

— Усё, аб чым мы саймавалі, — пачынае Канстанцін Міхайлавіч, — вядома, дарэчы. Але… — Ён дастае з шуфляды шматок паперыны. — Я напісаў сабе такі загад:

Якуб! Які б ні быў канчатак,

Ідзі з сякераю ў пачатак.

Па твары відаць: прысуд канчатковы, і паслаблення не будзе. Намер для Канстанціна Міхайлавіча не новы. У газетных нататках розных гадоў ён абяцаў працяг паэмы, бачачы асноўную задачу ў перапрацоўцы напісанага.

— Думаеш, хмызы церабіць пайду з сякерай? — пытае ён зараз. — I такое работы хопіць, рука адбярэцца. А ўсё ж…

Спыніўся, нібы падшуквае патрэбнае слова.

— Гэта не самае цяжкое. Я жывой вады шукаю. Каб пырснула, і твор усхапіўся на ногі. Як быццам і недалёка той струмень, а не дайду. I не першы ж год капаю. Людзі ўжо да нафты дакапаліся.


…Многа давялося пачуць, пакуль той доўгі маёвы дзень не пераступіў парог у вечар і потым сцямнеўся ў часіны начнога адпачынку. Каб жа ўсё запісалася, запомнілася!

Здзівіла, уразіла, узрушыла хутчэй не бясстрашнасць ператварэння майстра ў хірурга, бязлітаснага да найдрабнейшага загнаення ці пухліны, а тое, што рабілася гэта пры старонніх вачах. Адна справа вынесці твор на чый пападзя суд, і зусім іншая — у нечыяй прысутнасці дашуквацца, дзе табе здрадзіў зрок, падманула пачуццё, здрыганулася рука. Творчыя рашэнні прымаюцца сам-насам з паперай.

А Колас, пакутліва перабраўшы пралікі ў размовах з самім сабою, рабіў гэта яшчэ раз, уголас. Устурбавана, але цвёрда.

Паэт не мог не адчуць раптоўнага халадку, а гэтак і прымаўся новы твор нават добразычліўцамі амаль ад першых друкаваных радкоў. Крытыка трымалася вастрэй, але ад яе можна было, зрэшты, абагнацца, аджартавацца, што і рабіў ён у адступленнях. А як быць з поглядамі тых, чыім словам даражыўся?

Паэма была заяўлена амаль следам за «Новаю зямлёю» і «Сымонам-музыкам». I ўсе кінуліся шукаць у ёй не меншай раскошы ў малюнках прыроды, мяккага гумару, сціплага глыбіннага пачуцця.

— Твор атрымліваўся скупейшы за тыя, — пашырае думку Колас. — Другая ў яго была задача. I час я збіраўся ахапіць адменны. Гэта вымагала іншай абстаноўкі. Ды было не цыркаць па кроплі. Хіба што вельмі цярплівы ахвотнік да паэзіі мог гэта вытрымаць. Прачытай кавалачак у снежні і чакай да наступнага снежня, дый то калі аўтар зробіць ласку разрадзіцца… Адкуль жа таму чытачу здагадацца, што і як задумана? Вось і нашкодзіў: і сабе і твору.

— Але ж «Новую зямлю» і «Сымона» вы таксама доўга пісалі…

— Скажы лепей — доўга не пісаў. Затое, як узяўся, дык раздзел за раздзелам… Быццам арэхі лузаў. А тут неяк не ўсё ахоплівалася вокам. Схопішся, бывала, — нечага не ўлічыў, ды позна — надрукавана. Вось і кланяйся чытачу: выбачайце, шаноўны! Вам давялося спачатку чытаць другі раздзел, а потым першы, ды, ведаеце, і дванаццаты раздзельчык напісаўся пасля шаснаццатага. Рабіў-рабіў я дапіскі на хаду, думаў — распішуся, і ўсё стане на цвёрды грунт…[23]

Між брывей у Канстанціна Міхайлавіча збіраецца зморшчка. I ўсё ж — нічога не даруе сабе, нічога не забывае: менавіта такія накладкі былі ў палымянскай публікацыі.

— Відаць, ператаміўся на ранейшых вялікіх работах. Пачаў пісаць не вельмі гатовы. Не быў пэўны, што якраз пра гэтыя падзеі, пра грамадзянскую, мне трэба гаварыць. Вось і не клеілася. Маё пісанне не станавілася наперад іншага клопату і таму бясконца адкладалася.

Канстанцін Міхайлавіч гаворыць яшчэ павольней, сказы карацеюць, большаюць паўзы.

— Так і завёўся халадок… Да твора… Ва мне самім…

Невясёлая ўсмешка ўзнікае на момант і зараз жа сціраецца…

— Ды яшчэ: не тое ўпісаў у пашпарт свайму Барысу. Такія прозвішчы толькі Цішка Гартны вышукваў на Капыльшчыне. Дый то не заўсёды мог да месца падагнаць, а ў мяне зусім недарэчы выйшла: Дзяжа! Каб гэта гумарыстычны твор быў, тады насі здароў, браце, і такое прозвішча. I ў гераіні імя не надта для вершаў: Насця — шчасце — напасці — адно што рыфмаваць лёгка.

Колас загінае на пальцах яшчэ некалькі сугуччаў. З жартам, мусіць, лягчэй вымавіць непрыемнае, можа, самае цяжкое.

— Пачала мяне тачыць здрадная думка: памыліўся ў жанры. Было пісаць у прозе, малы разгон у вершаваным радку. Зірну наперад: не магу пераступіць цераз Лабановіча: ён жа застаўся на раздарожжы, дык, можа, сам у Кастрычнік датупае? Тады нашто Дзяжу весці? А як прыкіну, колькі трэба пастарацца каля напісанага, душа вяне. Ці раз намерваўся, — збяру, думаю, усе цыдулы ды ў грубку, балазе ў нашым доме добра ў печах цягнула. Потым — сам сябе за руку: от жа мне Гогаль знайшоўся! Пачата, дык пішы! А не можаш — прыпні каня да другога пня.

Канстанцін Міхайлавіч усё больш нервуецца, але адцягнуць яго ўвагу на іншае не ўдаецца.

— Ты, пэўна, лічыш — нагаворваю лішняга на сябе, на таго сябе, колішняга. Не! Калі адскочыў ад зямлі на корх, уважай — на цябе людзі глядзяць. Не ашукай іхніх вачэй. Вось так, пасля доўгіх згрызот, я вырашыў: дапішу, чаго б яно ні каштавала. Потым усім агрэхам рады дам. Шмат я рабіў тады на Вайсковым.


Канстанцін Міхайлавіч сядзіць, успёршы галаву на рукі і, здаецца, нічога не бачыць і не чуе. Вымавіў назву завулка, дзе жыў да вайны, і няйначай уявіў… Прытульны дом, ёмка паляцца печы, за стол збіраецца ўся непарушаная яшчэ сям’я. I хораша пішацца, спорна! Як было не выспець рашучасці падымаць сябе на новую работу.

Не звычайнае самалюбства, не боязь страціць нешта ў людскіх вачах будзіла яго на штодзённую працу — проста не ўмеў адступаць і адступацца ад таго, што думаў, ад таго, што пастанаўляў для сябе ці абяцаў каму іншаму.

Быў выпадак…

Колас любіў Дастаеўскага. I ўспамянуў пра яго ў холе гасцініцы перад даволі вялікім колам добра знаёмых. Успамянуў, а потым загаварыў, шырока і свабодна: першы пісьменнік свету, сэрца, адкрытае для народа, з верхам поўнае любові да чалавека, адданае сваёй бацькаўшчыне.

Чалавек пяць, у кім Колас бачыў здольнасць да самастойнай развагі, слухала не абзываючыся. I ён спыніўся ўражаны, зразумеў: яго думкі не адпавядалі тагачаснаму тону крытыкі. Як быць слухачам: падтрымаць Коласа ці спрачацца з ім?

Канстанцін Міхайлавіч акінуў усіх вачыма, невыразна прамовіў «Бывайце!» — і пайшоў па калідоры да сябе.

Адчуваў, што не памыляецца. I выйшла на ягонае, толькі не дачакаў часіны, калі погляды, якіх ён трымаўся, гучалі поўна і выразна ў час усенароднага ўшанавання Дастаеўскага.

Маючы пэўнасць, што некалі выйдзе на ягонае, што няма тае няўдачы, якое, добра папрацаваўшы, нельга было б не зрабіць удачаю. Колас не пакідаў думак пра паэму.

I працаваў. Хацеў хутчэй прыйсці да заканчэння, убачыць, як атрымаецца ўсё цалкам. Спяшаўся, пакідаў без увагі многае, чаго звычайна не дараваў сабе: няправільныя канчаткі ў склонах («у цішыне»), неўласцівыя мове формы («паўно», «дзіўно»). Не зважаў, што ў адзін час «гараць півоны, веаргіні», пагаджаўся з невыразнымі па сэнсу радкамі — «…Барыс у марах дзеўчых дзесь павіс» — і нават цэлымі строфамі:

Схапіўся, кінуўся ў кусты,

А следам гнаўся смех пусты,

Гарохам сыпаўся над гмахам,

Дзе косці, змешаныя з прахам,

Паклалі скрытыя масты.

Цяпер Колас падкрэсліваў такія мясціны пасміхаючыся, але відаць было: яны балелі, ранілі — як дапусціў да друку!


Канстанцін Міхайлавіч сядзіць, не змяняючы паставы. А сапраўды, ці справядліва вінаваціць ён толькі сябе ў маруднасці, а з другога боку — у паспешнасці пісання? Былі ж людзі і абставіны…

Якраз ён пачынае пра гэта сам.

— Можа, і не гэтак крыху думалася, як гавару. Настрой перабіваўся, шмат разоў і шмат чым. У 1929 годзе цвёрда думалася: вось-вось закончу. Раздзелаў сем напісаў, калі не больш. Далей кульгаючы пайшло: то ўгору, то, найчасцей, уніз. Добра прыгледзеўшыся, па датах пад раздзеламі можна вычарціць крывую майго настрою. I растлумачыць усе пікі і спады яго… Ну, гэта так сабе… Што ні выдумляй, а рукавы закасваць трэба. Пакуль што твая прапанова лічыць паэму закончанай ставіцца на абмеркаванне. Ану, знойдзецца што лепшае для канца. Паходзім спярша сякерай па старонках. Кахання там хапае, а на хваляванне яно не пашыбае. Без «жывой вады» не абыдзешся.

На тым і перапынілася размова. Пачаліся зборы. Па «жывую ваду», такое духоўнае, святло і цеплыню, каб раптам сагрэлася і залілася віднатою рэч звонку і з сярэдзіны. Падобна да таго, як адзін сонечны прамень, прабіўшыся праз мокры шарачак хмар, раптоўна ператварае дажджысты адвячорак у светлае асенняе свята. Што ні кропля — брыльянцістае дзіва, што ні куст — халодны пажар баравы і золата, што ні бярэзіна — красуня ў познім і трапяткім харастве кранутай бурштынам зеляніны.

«Сымона-музыку», казаў аўтар, паставілі на ногі лірычныя адступленні. Такая ж рада давалася і «Адплаце». Што знойдзе Колас зараз?

Заставалася чакаць, разважаючы пра пачутае з яго вуснаў, ды перачытваць паэму.


Уласна кажучы, нічога дзіўнага не адбылося. Ці адзін вялікі майстар шукаў, адкідаў, зноў шукаў, калі твор не ўдаваўся, як хацелася. А не выходзіла — убок канчаткова, і ўсё па ўсім!

Колас быў блізкі да таго, каб знішчыць паэму, зрачыся яе, і ўсё ж не рабіў гэтага — нешта замінала, прывязвала да яе.

Перш за ўсё, відаць, уяўлялася свая жыццёвая дарога ў вайне і рэвалюцыі. У гэтым сэнсе пісьменнік заставаўся куды багацейшы: герой менш паблукаў і пабачыў свету, а галоўнае — менш узяў адтуль для сябе, не ўзняўся на ўзровень аўтарскага духоўнага вопыту.

Унутранае ўзбагачэнне героя магло стаць адной з кропель «жывой вады». Ён ужо дазнаўся, чым ёсць у патоку вайны:

Я — ліст сарваны, і не болей.

Ад такога асэнсавання, падкрэсліўшы яго літаратурнае паходжанне, паэт, малодшы сучаснік Коласа, прывёў чалавека ў подзвіг, даў нам паглядзець і прасачыць сталенне героя на прасторах апошняй вайны.

Гэта не ў дакор Барысу Дзяжы, ён, чалавек часу першай імперыялістычнай, яшчэ стаіць перад вялікім гістарычным перавалам. Аднак шмат чаго разумее і разважае не абы-як:

I я з нявольніцкай пакорай,

Адвыкшы быць самім сабой,

Іду на масавы убой

У імя Молаха-пражоры,

Пратэст зацяўшы і дакоры,

I сам апраўдваю разбой…

Дык што жыццё? Адна хвіліна!

К чаму развага і журба?

Грымі ж, ваяцкая труба!

Жыві, вайна і трасяніна,

Бо патрабуе так айчына

I… псіхалогія раба!

Герой, гэты «працягнуты» Лабановіч, мяркуе шырэй і аб’ёмней за свайго папярэдніка. I ўсё ж канфлікт палескага настаўніка з асяроддзем больш прадметны: адносіны з сялянамі, сутыкненні з мяшчанскім балотам, з усімі, хто быў народу сябрам ці ворагам, не выклікаюць пытанняў і не патрабуюць растлумачэнняў.

Прапаршчык Дзяжа бунтуецца супроць царскага ладу, пралівання крыві, асабістых і грамадскіх нягод. Бунтуецца, але наогул. Носьбіты варожых герою праяў, настрояў прысутнічаюць у паэме, гавораць больш і менш рэзкія рэчы, робяць выпады і абмінаюць яго, ён не бярэцца, груба кажучы, з імі загрудкі, не ўступае ў супрацьборства.

На пачатку работы гэта акалічнасць заставалася па-за ўвагай аўтара. Уладаючы шырокім дасведчаннем у пазнанні навакольнага, ён бачыў такім жа спрактыкаваным і героя. Бачанне не супадала с рэалізацыяй, але Колас лічыў, што тут справу можна паправіць.

Кінулася яму зараз у вочы і перагрузка любоўнай лініі: Дзяжа — Насця, Дзяжа — Галя, Чэх — Насця. За гэты кошт лепей пашырыць і ўзмацніць франтавыя малюнкі, эпізоды з салдатамі і афіцэрамі. Твор даваў падставы. Начное дзяжурства Дзяжы, шпіталь, паездка на Дон, тылавая муштра, зварот на фронт патыхаюць шырокім эпасам, пераносяць у тлум і паветра той пары. Па краіне шумуе нястрымны салдацкі паток:

Плыве саматугам, гарласты і прагны,

Дарогамі і без дарог.

Прастор адчыняе бяздонныя багны,

Вялікі расійскі разлог.

Паток увальецца ў драўляныя хаты,

Прастор застанецца, як быў:

Раўнінны, гарысты, лясамі багаты[24],

Дзе ж спыніцца грозны разліў?

Іншая зборня знайшла сабе прытулак на ціхім Доне:

Вядомы Савінкаў, Радзянка,

Графы, бароны і князі,

Падонкі рускае гразі,

Патрыятычная трасянка

Ад кулака і да паўпанка

Шукала страчанай «стези».

Настройка на эпас была закладзена ў самым пачатку паэмы. На грунце народных узораў, перавышаючы ў паэтычнасці зробленае ім дагэтуль, Колас піша пра вайну:

Ходзіць ліха бязвокае,

Ходзіць ліха бязвухае,

Бязногае, бязрукае,

А ўсё згледзіць, падслухае,

У ваконца пастукае,

Нішчыць поле шырокае,

Сушыць мора глыбокае,

На задворках галёкае.

Ходзіць ліха разлогамі,

Ходзіць ліха узмежкамі…

Ліху дзверы адчынены,

Ліха ўвойдзе праз шчыліны…

Вайна змусіла народ на вялікае ўзрушэнне. З болем і гневам ідзе з людзьмі паэт:

Ідуць, плывуць людскія хвалі

Наперарэз адны другім.

Няма канца, супыну ім,

Іх шум глухі ўбіраюць далі…

З усіх краін Русі ярэмнай

Ідуць без скарг яе сыны…

Ідуць на глум, на здзек дарэмны…

Карміць сабою бур’яны

I сеяць косці дзе папала,

Карпаты кроўю паліваць,

А на Стаходзе[25] класці гаць…

Чалавечыя хвалі зліваюцца, крыжуюцца, разбіваюцца адна аб адну:

Плывуць струмені і патокі

З сялянскіх хат і гарадоў…

Жывуць сваім жыццём чыгункі,

Людскія хвалі несучы…

Ідзе Урал, Кубань і Церак…

Народ з-пад Горадні, з-пад Вільні,

Бядою ўзрушаны, журбой.

Не, ні на трохі не збяднела майстрава рука! Відаць, занадта сурова ставіцца Канстанцін Міхайлавіч да сябе зараз. Згусткі чалавечага болю выйшлі з ягонага сэрца і, ператварыўшыся ў карціны, кратаюць, хвалююць і ўражаюць нас. I зусім не скупіўся ён на фарбы, апісваючы прыроду. Толькі тут яна не гаманлівая і прыветлівая, як здавалася дзіцячым вачам сыноў лесніка, і не ўрачыста-загадкавая, як адчувалася малому Сымонку, — маўклівая, наскрозь працятая горам паўстае яна ў няспынным чалавечым руху на крывавыя загоны баёў.

У нейкі сум агорнут шлях,

Глядзяць панура лес і горы,

Паўночных рэчак вадазборы

У цёмных пахмурных брыжах

Ялін і піхт. Хаўтурным тонам

Звініць акорд прастораў тых

У ззянні іскраў залатых,

Калі свой сноп, вянок чырвоны,

Рассцеле сонца на разгоны

Маўклівых далечаў пустых.

Маркотна, сцішна і бязлюдна,

I томіць гэты краявід…

Раней мы не сустракалі падобнага ў Коласа. Замілаванне красой і шчодрасць фарбаў саступаюць месца ашчаднасці таноў, стрыманасці і лаканічнасці. Дыхнуўшы бунінскім «Лістападам», аўтар не адкінуў сваіх ранейшых набыткаў. Зусім поруч узнікае малюнак залітай сонцам Украіны:

I роўнядзь ціхая палёў,

I постаць стромкіх тапалёў,

I, нібы ўсыпаныя жарам,

Шляхі сланечнікаў пад ярам[26],

I пасмы-віткі плецянёў,

Дзе купы вішань і чарэшань,

I між іх кучмы спелых сліў

Вартуюць яблыкаў наліў —

Бурштын з багрою перамешан!

Мастак і бачыў многа, і па-ранейшаму, з поўнай рукі, дарыў убачанае. Ад кантрастнай падачы то засмучанай, то ўсмешлівай прыроды яшчэ мацней шчымела ў душы чалавека: усмешка часта тоіць у сабе слязу. I паэт дае нам адчуць гэта. Таксама, як сярод гора і бяды з’яднаных у патокі людзей дазваляе з’явіцца постаці тылавога дзеяча, хвалька, лёгкага жыцця асобе, каму вайна не замінала весела прабаўляць час і рупліва дбаць аб сваёй кішэні.

Былі ваякі ўсіх пастацый,

Але між імі «земгусар»

Найболей меў ваяцкіх чар.

Як лёгка ён рашаў лёс нацый!

Як спрыцен быў да камбінацый!

Які ў стратэгіі меў дар!

А як заядла, як упарта

Стаяў, хлабыснуўшы вінца,

За «Да пабеднага канца»!

Як тыкаў важна перст у карту!

Саркастычная ўсмешка, з якою Колас пісаў вобразы паноў і непрыяцеляў простага чалавека, тут стала яшчэ больш рэзкая: усяго дзесятак радкоў, а ўжо відзён характар, значон нораў і ўвесь ваяка — як на далоні.

Не, дарма толькі наракаў на сябе Канстанцін Міхайлавіч. Па-майстэрску, адным штрыхом даваў ён партрэты людзей, адным сказам перадаваў настрой або абставіны.

Вось Дзяжа, прыехаўшы на фронт, распытвае унцера, як паводзіцца нямецкі бок.

— Што, хлопцы, добрага ў вас?

— Да так што нічаво.

Ён там глядзіць на нас,

А мы тут на яво.

Не лагодным гумарам, як можа здацца спачатку, закрашана гэта страфа, па сутнасці яна — бязлітасная ў выкрыцці. Па той простай прычыне, што бяссэнсіца самой імперыялістычнай бойні, бяздарнасць камандавання, марнасць гібення людзей паабапал лініі фронту падаецца праз тупаватага унцера — і яго недалёкім вачам добра відно ўсё гэта.

Чым больш перачытваў я рэч, тым ясней рабілася: нездарма Канстанцін Міхайлавіч заўсёды помніў пра паэму. Безліч малюнкаў і замалёвак, каларыт часу, цікавыя накіды партрэтаў з галоўных дзеючых асоб, завязкі канфліктаў. Усё гэта было і дыхала, і раскідацца такімі кавалкамі — значыла б паказаць сябе благім гаспадаром, што не адпавядала ні духу, ні звычкам Коласа. Можа, і не гэтак многа работы наперадзе, як здаецца? Тым больш што аўтар ужо ведаў, як паставіць усё на месца: узбагаціць унутраны свет героя, вывесці яго са стану сузірання, — даволі наглядаць за людзьмі, падзеямі, а таксама за самім сабою! Франтавыя, шпітальныя, дарожныя сустрэчы даюць магчымасць прывесці ўсё ў рух, скарачэнне падыме асобныя раздзелы ў цікавасці і маляўнічасці.

Колас так вырашыў і працягваў пошукі ў гэтым кірунку, не раскрываючы да часу далейшых намераў.


Пакуль ён думаў і шукаў, я паспрабаваў звярнуцца да «крывой настрояў» аўтара пад час пісання. Прыкінуўшы колькасць напісанага па гадах, яе можна вычарціць даволі зграбна і без намаганняў растлумачыць. Найлепей жа прачытвалася ўсё ў творы, калі аўтар пачынаў гаварыць пра сябе і пра сваю работу.

Парнас мой бедны! Ты — без клёку!

Ты ад жыцця стаіш здалёку,

Табе крычаць ужо — далоў!

I марна ўсё тваё старанне,

Хоць ты аб сцену біцца рад,

Каб мець найлепшы атэстат,

Але няма табе нізвання

Ані пахвал, ані прызнання —

Спяваеш ты, ды неўпапад!

Не здолен ты папасці ў жылу,

У песнях тон патрэбны ўзяць

На ўсе сто процантаў, на яць.

Таксама ты не маеш сілы,

Каб ухіліцца ад ухілу

I тыпа нашых дзён падаць.

I страшна мне за лёс паэмы:

Мой крытык возьме строгі тон,

Ухілаў знойдзе ў ёй мільён

I несучаснасць самой тэмы,

Дакоры кіне, што я — немы,

Глухі на зовы нашых дзён.

…Што я скажу яму на гэта?

Ён пусціць зноў у вочы пыл

I іншы знойдзе тут ухіл.

Але ў машыны і ў паэта

Свая канструкцыя і мэта,

А кожны — спец на свой капыл.

Учытаўшыся ў гэтыя радкі, я зразумеў усё. Горка пісаліся яны! Ці мала было выслухана ўпічак і прычэпак вульгарызатарскай крытыкі да дзвюх папярэдніх паэм за іх так званую несучаснасць, уяўную адарванасць ад надзённых задач! Колас дакладна перадае і змест і тон нападаў. Друкуецца трэці буйны твор, а вытокі яго таксама не ў сягонняшнім дні, не ў перадавым асяроддзі часу: Дзяжа — сын настаўніка, афіцэр, Насця — дачка хутаранца.

Вось і даводзіцца аўтару прасіць прабачэння, праўда, іранічна, што:

Засценне — хутар, а Галута

I сам я бачу, што кулак,

Адзін жыве, як ваўкалак.

Цяпер мне з ім адна пакута,

Ён мне паэму усю заблутаў…

Прызнавацца ў неіснуючых грахах было лёгка, і Колас прызнаваўся. Галута, хоць яго Засценне і апісана хораша, з той жа любасцю, як і леснікова пасада ў «Новай зямлі», не заслугоўвае суровых атэстацый. Ён дае малако для дзяцей бежанцаў, кулацкіх настрояў і звычак не выяўляе, толькі адзінае, у чым вінаваты, па-сялянску ўчэпіста трымаецца за абжыты куток, не хоча выязджаць у эвакуацыю.

Вульгарызатарская крытыка спрошчана разумела задачы пісьменніка і твора, патрабуючы прымітыўнага, просталінейнага вырашэння вобразаў, штохвіліннага — да месца і не да месца — выяўлення аўтарскіх адносін да падзей, што апісваюцца, да часу, калі яны адбываліся, і да таго, у якім працуе пісьменнік.

Колас разумеў: патрабаванні беспадстаўныя! I даваў зразумець, што «ў паэта свая канструкцыя і мэта», свая індывідуальнасць, без чаго ён не будзе паэтам, што «кожны спец на свой капыл», значыць — майстар пэўных тэм, майстар абыходзіцца са сваім, а не з першым-лепшым матэрыялам. Тым не менш, патрабаванні крытыкі з лічыльнікаў не скідаліся, і ён, вольна ці не вольна, не мог прайсці міма іх. Сёе-тое прымаў, а ад астатняга даволі рашуча адбіваўся з дапамогай свайго выпрабаванага спадарожніка — смеху.

Пасмуткаваў быццам бы над засцянкоўцам, які «знізіў настрой» паэмы, і іранічна паставіў поруч з яго прозвішчам — Галута — сацыяльнае азначэнне — кулак. А ні на якія іншыя захады не пайшоў: і гэты герой, які ёсць, «няхай коціцца ўжо разам».

А падышоўшы пад палавіну работы, у пачатку XVI раздзела, даў бліскучы малюнак стваральнай працы народу, поступу савецкай дзяржавы. I як быццам прыжмурыўся на дакучлівых крытыкаў: дай бог вам гэтак бачыць і чуць, мілыя людзі! Чаго вы лямантуеце, нібыта ён маўчыць, і з’едліва пытаеце:

Ці ты сляпы, ці ты глухі?

Ці ты жывеш у ліхалецці?

Ці ты што маеш на прымеце?

Ці тоіш намысел ліхі?

Зрэшты, на лямант можна і не зважаць:

Такія закіды-дакоры

Ты чуў, паэце, і не раз,

I трохі чысцілі Парнас.

Горш, што для творчай работы —

Адводзіш выкрадзены час,

Адбыўшы службу, пасяджэнне,

I не адно — штук пяць на дзень.

Але дарма і гэта — ясна і светла ўстае перад Коласам далейшая дарога:

Смялей на шлях жывое працы!

Выходзь, паэце, на прастор!

На варце стань, ідзі ў дазор

I поўны пульс жыцця намацай,

I ў мур выводжаных палацаў

Сваю ўлажы цагліну — твор!

Дэкларацыя? Нават і не блізка. Паэт праз жывое адчуванне нашай рэчаіснасці давёў і сваю неадлучнасць ад жывой працы і ад тых, хто нясе вахту і ходзіць у дазоры.

I праграму дзейнасці вызначыў сабе цвёрда і канчаткова, назаўсёды:

Ва ўсе канцы заве разлог:

I сённяшніх зарніц блісканне,

I наша заўтрашняе ранне,

I гром ўчарашніх перамог.

Так будзе ён пісаць, а вы як сабе хочаце, малашаноўныя крытыкі!

I ўсё ж стандартная методыка пісання давала сябе адчуваць. У паэме дзейнічае, скажам больш — жыве, камуніст Шкунда.

Ён па прафесіі — рабочы,

А па паходжанню — латыш.

З-пад Рыгі трапіў на Іртыш.

Этапаў многа перакрочыў

За тое, што за лёс сірочы

Гатовы быў пайсці на крыж.

У далейшым Шкунда падаецца гэтак жа любоўна: учынкам верыш, перакананні яго не могуць праходзіць без следу, закранаюць нават ідэйных супаратаў.

На той час гэта была першая і сур’ёзная спроба стварыць вобраз бальшавіка, дый не страціў ён яркасці, як на маю думку.

На мае меркаванні Канстанцін Міхайлавіч згодна кіўнуў:

— Так, але Шкунда гаворыць лішняе. Я адбяру палавіну слоў ад яго. Там, дзе ён на пальчыкі становіцца. Вось глядзі:

Таварышы! Прыходзіць час,

Калі самкнёнай грамадой

Павінны рушыцца мы ў бой

За лёс працоўных мас.

Задача наша — ўзяць уладу,

А сцяг і лозунгі — Саветы,

I мы свае даб’емся мэты —

На дапамогу Петраграду!

Бачыш — першыя чатыры радкі могуць спакойна знікнуць. А вось тут пачынаецца нібыта нішто сабе:

Тапельніцы ўжо нечага тапіць,

I труп яе на нітачцы ліпіць.

Яго нам і не шкода:

Расія новая павінна быць.

Усё гэта моцна рупіла Канстанціну Міхайлавічу і змушала да падвойных турбот у пазбаўленні ад выпадковага, недагледжанага.

Вернемся да таго, з чаго пачалі. Скончыўшы складаць кніжку артыкулаў, мы сядзелі на беразе Нарачы, наглядаючы, як упальваецца касцёр.

Колас дастаў жоўценькую запісную кніжку:

Ды йдзі ўпярод усім на зло,

I будзе час твайго світання.

Ён прачытаў заключныя радкі знаёмага мне апошняга раздзела паэмы.

— Далей падганяць майго героя, мусіць, не трэба — там пачынаецца новая кніга. З Лабановічам мы датупалі да вайны амаль, з Барысам — да Кастрычніцкага перавалу. I хопіць. Я ўсё абдумаў, што і дзе падціснуць усярэдзіне. Ды рукі баляць, асадка не трымаецца, нават крэсліць не магу. Вось хіба як вернемся ў горад, тады завінёмся.

На агеньчык падыходзіў Танк.

— А што, Максім, як па-твойму? Кожны твор канчаецца на рубяжы свайго часу. Мінула эпоха, скончыўся і твор.

I здаволены, што Танк падтрымаў яго і падмацаваў прыкладамі думку, добра і хітравата прамовіў:

— Ну, гэта, вядома, тычыцца выдатных твораў.


Усе гэтыя намеры засталіся без здзяйснення…

Але расло жыта, смяяліся дзеці, час выслізгваў вастрыню страты: тое, што ўяўлялася немагчымым, рабілася цяжкім, цяжкое пакрысе станавілася горкім… I ўсё ж нельга было прымусіць сябе дакрануцца да папер і кніг, якія, здавалася, яшчэ таілі дотык рук паэта. Нарэшце, я ўзяўся — гэта быў абавязак, выкананне апошняга запавету — пачаў перачытваць «На шляхах волі».

Твор узнікаў і разгортваўся зусім іначай: мясціны, часам і асуджаныя аўтарам і безуважна абмінутыя чытачом, спынялі глыбінёй і прытоенай сілай, галоўнае ж — уся паэма раптам асвятлілася высокім прызначэннем, якое даў ёй Колас, перад тым як выправіцца ў творчую вандроўку:

Злажу я песню той краіне,

Што ў свет сваіх дарог шукае,

I песня водгулле спаткае,

I ў сэрцы след яе не згіне.

Радзіма адшуквае пуцявіны ў Кастрычнік і яшчэ далей — у заўтрашні свет чалавецтва, аб гэтым аўтар сказаў пазней больш выразна.

Тэма і задача як былі цвёрда пастаўлены, так няўхільна і ажыццяўляліся. Гэта ўжо стала зусім ясна. Заадно вывіднела, куды хілілася думка аўтара, што твор жыве ў пэўным гістарычным абсягу, у пэўных межах прасторы і часу: скончыўся час, дзіцем і творцам якому даводзіцца герой, канчай, нечага, і твор, больш нічога адтуль не ўскураеш. Гэта меркаванне фактычна сцвярджала фінал паэмы ў цяперашнім яго выглядзе.

Думка для Коласа не новая. Узнікла яна, відаць, не толькі пад час апошніх размоў пра паэму, а яшчэ ў 1935 годзе, калі надрукаваў раздзелы «На ціхім Доне» і «Зноў у тылу»[27]. Тэма і задача былі як быццам вычарпаны. Не ставала нейкага заключнага штрыха.

Пошукі расцягнуліся аж на два гады. Толькі 14 і 18 красавіка 1937 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’яўляюцца два ўрыўкі: санеты, пазней аб’яднаныя ў зборніку «Мой дом» пад назвай «Наперад», і «Ленін».

Калі прачытаць гэтыя рэчы непасрэдна за XXVI, апошнім даваенным раздзелам, зробіцца відавочным, што гэта варыянт фіналу паэмы, калі не сказаць — фінал.

Праз усе тры санеты праходзіць зварот да вандроўніка, чытай — Барыса Дзяжы, заклік пазнаць праўду ў змроку, пакаштаваць радасць дабра і перамог, выйсці на прасторы жыцця, нарэшце, адчуць жаданне мець «новую радзіму» — камуністычны свет, аб ім менавіта гаварыў Колас у першых радках свае паэмы.

Герой падводзіцца ўсутыч да тварца гэтага свету,

Таго, хто рассуне граніцы зямлі

I мудрасцю праўды краіны абдыме.

Наступны ўрывак называе яго імя — Ленін. Уласна кажучы, і не ўрывак, а закончаны раздзел, дзе лаканічна і тым больш уражаюча расказана, як Ленін з промня, які каляраваўся вясёлкай у жыцці пад няволяй, з асілка, чыйго прыходу людзі чакалі многія гады, стаў духам непакорнага народу, яго надзеяй і любоўю. Агульны змест і асабліва афарыстычнасць апошніх радкоў пра Леніна, які «час крутога павароту на сцягах піша баявых», амаль не пакідаюць сумнявання, што і санеты і згаданая замалёўка, калі не ставіліся ў якасці фіналу ў паэму, дык у кожным разе прымяраліся для гэтай мэты і могуць завершваць твор. Не перашкода таму публікацыя санетаў як самастойных вершаў, некаторыя лірычныя адступленні з «Адплаты» друкаваліся тым самым парадкам. Пад час канчатковага парадкавання паэмы яны, як і ўрывак пра Леніна, маглі знайсці сваё месца, але апошняя публікацыя была не расшукана, Колас не меў яе і не мог улічыць. Тым часам дамагаўся, казаў, што ў яго было больш напісана і надрукавана — вельмі важнае; цяпер мы ведаем, аб чым яму думалася.

Пры новым перачытванні паэмы высветлілася яшчэ адно: замнога патрабаваў ад сябе аўтар, зашырокія стаўляў сабе ён вымаганні. Не такое ўжо няўклюднае, як яму здавалася, прозвішча ў героя; стылістычныя агрэхі хутчэй характарызуюць стан мовы, чым аўтарскі недагляд; а празаізмы, прызвычаеныя звароты з газет і непаэтычных кніг — не вялікая бяда ў эпічным творы. Асабліва калі яны суседзяць з сакаўным гумарам і цудоўнымі ўзорамі лірыкі: «Гаварыла вольха-маці», «Як пад коўдрай снегавою» і многімі іншымі, да іх мы звярталіся вышэй.

I, вядома ж, не было памылкі ў жанры. Колас-эпік і тут выяўляе магутную сілу свае здольнасці. Людзі, якія дагэтуль не паказваліся і не абзываліся ў яго творах, абставіны, у якіх гэтыя людзі дзейнічаюць, дух часу, свежы вецер Кастрычніка не могуць не хваляваць і не цікавіць сягонняшняга чытача.

I, на маю думку, гэты чытач прыйдзе да тых жа высноў, успрымаючы паэму як твор арыгінальны, глыбокі і завершаны.

Загрузка...