Нашто чалавеку хвост? Чалавек паганскай веры. Думкі аб смерці. Грыбная навука. Дружба з балачанцамі. Куплёныя грыбы. «Інспектар». Коні ў чайной. Першае прысвячэнне.
Чэрвень. Горача, бязвоблачна. Канстанцін Міхайлавіч падоўгу сядзіць на ганку каралішчавіцкага дома. Цярпліва адганяе свежавыламанай галінкай камароў, якія ў тое лета літаральна заядалі тутэйшае насельніцтва.
Перад змрокам гукае Міхася Лынькова:
— На работу, Міхале!
Лынькоў быў «загадчыкам» кастра. Паліў яго са смакам, умела, то даводзячы да вялікага полымя, то абкурваючы ўсіх сінім дымком ад знарок накіданых сырых яловых лапак.
Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Тады Канстанцін Міхайлавіч паўтараў вострае слоўца, якое пусціў у абыходак Кандрат Крапіва: усе, хто едзе ў Каралішчавічы на адпачынак, павінны атрымліваць у Літфондзе дармова, у дадатак да пуцёўкі, хвост — абмахвацца ад камароў.
На лаўцы пад высокай разлапістай ялінаю ён размаўляе з маладым, па-маладому ружовенькім паэтам. Дрэва — на паўдарозе ад дома творчасці, дзе ўсе мы жывём, да сталоўкі. Дарогі ўсяе метраў трыста, але Канстанцін Міхайлавіч, ідучы туды і назад, абавязкова робіць прывал. Не заўсёды ад зморы. Проста яму прыемна пасядзець на лясной сцежцы, паслухаць птушак, перакінуцца словам з сябрамі. I яшчэ. Тут ён штодня падпякае калючым слоўцам не так густы падлесак, што не дапускае ветру пад наш дом, як нядбалых гаспадароў лесу. Асабліва хвалюе Канстанціна Міхайлавіча, што асіннік, вербалоз і іншая лясная дробязь глушаць мілыя яго сэрцу дубкі…
Некалькі разоў прабіраў ён леснікоў і лясніцтва. Потым недзе пажаліўся. Лес працерабілі, пачалі гэта рабіць рэгулярна, і тоненькія хлысцінкі дубоў паразрасталіся ў дужыя высокія дрэвы.
Ноччу ішоў дождж. Каля лаўкі стаяць лужынкі вады. Яшчэ зусім рана, але ў паветры парыць. Усё паказвае на навальніцу.
Канстанцін Міхайлавіч скінуў лёгкія хадакі і сядзіць босы. Час ад часу акунае пальцы ў цёплую лужынку. Ногі ў яго, нечакана для магутнага леснікоўскага заводу, вельмі малыя, як дзіцячыя. На ўсе ўгаворы абуцца толькі махае рукою.
— От вы, дзівакі-людзі! Трэба ж мне босаю нагою зямлі даткнуцца! Хоць раз на год. Сілы набрацца, паспрабаваць, ці моцна стаю на ёй. А можа, і яна падалася, пачала гойдацца на восі.
Канстанцін Міхайлавіч увесь час усміхаецца. Добры настрой падмацоўвае начная навальніца і тое, што дождж збіраецца зноў. Ён добра спаў, толькі што гладка пагаліўся і выглядае зусім маладым.
— Я, браток, — кажа ён паэту, — чалавек паганскай веры. Дарэмна яе так зняважліва празвалі хрысціяне. Ці, можа, наша слова «паганец» грубейшае за рускае «язычнік»? Паганцы верылі толькі зямлі. У гэтым сэнсе я ім родны брат. Зямля — мая родная маці. Гэта, вядома, рэшткі сялянскай псіхалогіі…
Канстанцін Міхайлавіч, жмурачыся ад сонца, глядзіць на свайго суразмоўніка.
— Ты ж таксама мужыцкай косткі. Павінен разумець. Зямля карміла і корміць селяніна. А ён ёй пакланяецца за гэта… I наогул зямля, і наша — Беларусь…
Паэт успамінае радкі Коласа… Пра тое, што зямля аснова ўсяго… Але Канстанцін Міхайлавіч яшчэ не скончыў, не выказаў свае думкі.
— Я ў вайну столькі гаварыў пра Беларусь. Пісаў артыкулы, вершы друкаваў, выступаў на сходах у Маскве, у Ташкенце. Расказваў аб горы нашай зямлі ўсім знаёмым і незнаёмым. I што ты думаеш? Пасля вайны сюды вярнулася многа людзей, што былі ўжо адышлі ад Беларусі. I гавораць мне: гэта ты дапамог нам вярнуцца, бо шмат гаварыў аб харастве і болю нашай зямлі.
Канстанцін Міхайлавіч крыху нагінаецца і пазірае ў вочы паэту:
— Як бы ты сказаў? Гэта многа ці мала?
Усё часцей загаворвае аб смерці. Як чалавек мудрага розуму, што добра ведае: нельга ўнікнуць непазбежнага. I як дзіця, што на ўсю сілу непасрэднага пачуцця пратэстуе супраць спрадвечнай несправядлівасці. I заўсёды пры такіх гаворках здаецца, што ён, нібы тое пакрыўджанае дзіця, хоча пачуць слова пярэчання, суцяшэння. Мы не дазвалялі паглыбляцца ў сумныя развагі, казалі, што ён будзе жыць, колькі мы захочам.
Падышоў да століка пад елкамі, дзе сядзелі Кандрат Крапіва, яшчэ нехта і я. Нахіліўся і сказаў на вуха:
— Ведаеш, што мне падумалася? Хутка я памру, і Кандрат будзе гаварыць прамову над труною… I каб ён таксама не маўчаў. — Канстанцін Міхайлавіч кіўнуў галавою ў бок недалёкага балотца, адкуль аказваўся салавей. — Як тады, над Марусяй.
У голасе — расчуленасць. Гэта ён успамянуў, калі хавалі Марыю Дзмітраўну… Крапіў невялічкі дожджык, пасля пераціх. I ў хвоях над могілкамі пачаў спяваць салавей.
А напярэдадні Канстанцін Міхайлавіч званіў мне з Масквы.
— Выберы для магілы месца высокае, каб далёка відно было. I каб мне там лапінка засталася.
Надворна спакойны, толькі як быццам без мовы, быў ён у той цяжкі дзень. I толькі раз перасмыкнуліся плечы і задрыжала падбароддзе, калі сівагаловы, высокі, мажны прафесар абваліўся, як падбітае громам дрэва, на калені, кладучы зямны паклон нябожчыцы.
Жанчыны, жонкі сяброў, што адпачывалі разам з ім у Каралішчавічах, стараліся разнастаіць праснаватае домаадпачынкаўскае меню яго любімай страваю. Расшуквалі абабкі і сыраежкі, выпорвалі ў дубах па-над рэчкай раннія баравікі-каласавікі. Кухар Пеця ўсмажваў іх спецыяльна для Канстанціна Міхайлавіча.
Грыбоў атрымлівалася адна лыжка, але ён абавязкова хацеў участаваць імі ўсіх прысутных. Прасіў у сястры-гаспадыні чарку, выпіваў яе і падвясельваў вялікі стол, у галавах якога сядзеў. Расказваў пра свае грыбныя паходы ў маладосці, пра мікалаеўскія лясы, пра Балачанку — невялікі калгас за Пухавічамі. Там жылі яго сябры: цёзка Канстанцін Сцяпанавіч Дзятка з жонкай Марыяй Іванаўнай. Дзятка быў старшынёю калгаса, потым па гадах перайшоў на брыгадзірства, а як я помню яго — вельмі ж лоўка гнуў дугі для калгасных патрэб, бо ў продажы гэты тавар пачаў пакрысе знікаць.
У Балачанку Канстанцін Міхайлавіч ездзіў з самага пачатку грыбнога сезона, калі пракідаліся першыя баравікі, а пад восень заставаўся ў Дзятак на некалькі дзён. Раніцай і ўвечары ён ішоў на раздабыткі і цягаў грыбы вялікімі кашамі, не даючы браку ніводнаму гатунку, пакуль Марыя Іванаўна не насольвала поўную кадушку. Гэты трафей з вялікай урачыстасцю перавозіўся ў Мінск. Не марудзячы, склікаліся на дэгустацыю знаўцы, майстры і аматары грыбное справы.
— Гэта забабоны, — гаварыў гасцям Канстанцін Міхайлавіч ззяючы, — што кожны гатунак трэба трымаць у асобным посудзе. Глядзіце, я салю разам і таўстухі, і зялёнкі, і асавікі, і рыжыкі, і нават лісічкі. А, скажыце, нясмачна?
Грыбы, вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам.
«Грыбная» дружба — гэта невялічкі звянчак у тым моцным і сапраўдным сяброўстве, якое звязвала Канстанціна Міхайлавіча з балачанскімі калгаснікамі. У баку Пухавіч ён часта праводзіў лета яшчэ да вайны. Талька, Падбярэжжа, Вусце дый самі Пухавічы, дзе быў пісьменніцкі дом адпачынку, — усе гэтыя мясціны звязаны з яго імем, носяць сляды яго прысутнасці, хоць пагарэлі многія з дамоў і пазарасталі пустазеллем шмат якія сядзібы.
Ураджай балачанскага калгаса быў, можна сказаць, найпершай, надзённай справай Коласа. Ён дапамог атрымаць балачанцам грузавік, а адразу пасля вайны гэта было не так лёгка, потым стараўся ўгнаенняў, самым гарачым чынам удзельнічаў у жыцці калгаса, хваляваўся за яго планы і поспехі. Вяртаўся адтуль заўсёды ўзбуджаны, з толькі што пачутай навіной, вось зараз убачаным малюнкам, трапным, падхопленым у сваіх калгасных сяброў словам.
Так узнікла апавяданне «Між дзвюх рэчак», па першым хрышчэнні — «Асірацелая хата». Поруч з сядзібаю Дзятак і стаяла акурат такая хата. Праз пыльны лядок расколатых шыбін з яе вылівалася сірочая цішыня спусташэння.
Колас слухаў, калі і як запуставала гэта будыніна. Часамі ён прыплюшчваў вочы, мусіць, каб выразней уявіць людзей, што апошні раз зачынілі тут за сабою дзверы.
Ішоў час. У хаце з’явіліся новыя гаспадары, падобныя да ранейшых клопатам, але зусім іншага лёсу і ўдачы людзі.
Трэба было брацца за другую палавіну гісторыі асірацелай і наноў заселенай хаты. Гэтае апавяданне ўжо ўсплывала асобнымі рысамі ў гаворцы, але так і не выхадзілася ў задуме…
У Балачанку звычайна ездзіў адзін, хіба што падвозіў на паляванне сына Міхася, ссаджваючы яго дзе-небудзь у палавіне дарогі на балотцы, дзе вадзіліся качкі.
— Грыб шуму не любіць, — гаварыў Канстанцін Міхайлавіч, — бо ён сам ціха расце. А людзі бяруць вялізныя кашы, нажы метровыя і, задзёршы галаву, швэндаюцца па дзесяцёх у лесе. Гу-га! Га-гу! Вось такія грыбнікі і вяртаюцца з пустымі кашалямі, бо грыбы пазашываюцца ў мох ад страху, сядзяць і калоцяцца там, бедныя. А ты рабі так: зрэзаў грыбок, абчысць, палажы ў кошык, нож складзі і схавай у кішэню, а кошык пастаў на зямлю. Грыбы цікаўныя. Захочацца ім зірнуць, што ж робіцца ў тваім кошыку, як жывецца там іхнім сваякам. Павысаджваюць галовы з гліцы, а ты іх паціхеньку і хапай.
Гэтыя для жарту прыдуманыя запаветы грыбнога збору насілі гучную назву: «Тастамант старога грыбніка»…
Выехалі мы ў Балачанку на світанні і да ўсходу сонца былі ўжо ў лесе. У загадзя нагледжаным і аблюбаваным месцы спыніліся і паснедалі.
— Я патупаю тут, каля машыны, — сказаў Канстанцін Міхайлавіч, — а ты ідзі на той бок дарогі. Там слаўныя мясціны, але я не дапну, ногі кепска носяць.
Пахадзіў з гадзіну ў паказаным мне кірунку, там былі завалы і густы падлесак, страціў надзею ўбачыць хоць што-небудзь падобнае на баравіка і вырашыў змяніць месца. Каб не забягаць наперад Канстанціну Міхайлавічу, пачаў абыходзіць яго, мерачыся падацца ў глыбіню лесу. Выбіўшыся на дарогу, убачыў, што Канстанцін Міхайлавіч ходзіць удоўж і ўпоперак па тым самым хвойніку, дзе я пакінуў яго, і даволі часта нагінаецца. Значыць, ёсць-такі баравікі!
Адышоўшы метраў трыста ад Канстанціна Міхайлавіча, сустрэў і я ўдачу. Донца кошыка пакрысе закрывалася ладнымі крамянымі грыбкамі. Аднак іх было вельмі і вельмі мала. Прадчуваючы кпіны са свайго няўмельства, я гарачыўся, бегаў і, вядома, прапускаў добрыя мясціны неагледжанымі.
Лёс паслаў на выручку цётку-калгасніцу. Кош у яе быў ужо амаль поўны, яна кіравалася дамоў. Пасля кароткага, а галоўнае — бязгучнага торгу (у лесе далёка чуваць) цётчыны баравікі перабраліся да мяне ў кошык, а мая дваццацьпятка завязалася ў вузельчык яе хусткі.
Я вярнуўся «на той бок дарогі», а адтуль пайшоў проста насустрач Канстанціну Міхайлавічу.
— Ну, як? — весела гукнуў ён.
— Слаба, — адказаў я, робячы незадаволены і расчараваны выгляд.
— А ў мяне нішто сабе.
Канстанцін Міхайлавіч паказаў дзесяткі два белых і, зазірнуўшы ў мой вышэй паловы насыпаны кош, абсекся і спахмурнеў.
— Дзе ж ты быў? Па той бок дарогі?
— Так, пакруціўся там, дзе вы паказалі.
— Цікава…
— Як бачыце.
Грыбнікоўскае самалюбства Канстанціна Міхайлавіча было моцна ўражана. Ён надумаўся ехаць на Вусцянскі груд.
— Там болей набяром.
На новым месцы, пакінуўшы яго абшукваць даўно аблюбаваныя хвойныя ўзгорачкі, я падаўся сцежкаю ўніз, на верасы.
— Там нічога не будзе, — папярэдзіў Канстанцін Міхайлавіч. — Давай лепей хадзіць разам тут, браток.
Мне не хацелася замінаць яму, дый чамусьці выбраны маршрут жывіў надзею тое-сёе знайсці. Нарэшце тут да мяне прываліла сапраўднае грыбное шчасце. Верас паабапал сцежкі стаяў высокі. Махнуўшы кашом, я зрушыў верасовы куст і ўкамянеў. Баравікі сядзелі адзін пры адным: вялізныя, са здаравеннымі рудымі капелюшамі, сярэдняга росту, як быццам падглянцаваныя ваксаю, і зусім маленькія, што ледзь вытыркалі з зямлі, нейкага дзіўнага, ліловага адцення.
Я пачаў падымаць куст за кустам: усюды было такое ж багацце. Не паспеў я падабраць і палавіны натрапленай нерушы, як пачуў клаксон: клікалі з машыны. Я ведаў, што Канстанцін Міхайлавіч не любіць чакаць, але не мог перабароць паляўнічае прагавітасці і азарту і, не слухаючы працяглага воклічу «ту-ту», не адгукаўся, пакуль не нарэзаў кошык пад самую ручку. Бег да машыны, мімаходзь адгортваючы верас: грыбы стаялі строем на сонечным баку сцежкі.
— Дзе ты бавішся? — нецярпліва кінуў Канстанцін Міхайлавіч, ён ужо сядзеў на месцы. — Паедзем абедаць…
— Ды вось, — толькі і мог вымавіць я, задыхаўшыся ад шпаркай хады.
— Ты, мусіць, варажбіт. Іграеш на дудачцы, а грыбы самі ў кош лезуць.
I ніяк не хацеў даць веры, што яны сабраны поруч, на верасовай далінцы. Потым усё ж вырашыў праверыць і са здавальненнем рэзаў самыя маладыя і здаровыя:
— Глядзі ты, як высыпалі!
На абедзе ў Дзяткавай хаце паскардзіўся гаспадарам:
— Закасаваў мяне сёння Максім. Трэба аддаваць свае грыбніцкія медалі.
Увага адцягнулася стукам у дзверы.
— О, мусіць, інспектар ідзе.
— Ён самы, — пацвердзіў гаспадар, адчыняючы.
«Інспектарам» аказаўся вастравокі хлапчук гадоў дзесяці. Даўшы «дзень добры», ён стаў у парозе разглядаючыся:
— Як маешся? — спытаў Канстанцін Міхайлавіч. — Рыбу ловіш? Не ловіцца? Дык ты ў грыбы хадзі, мы унь колькі нарэзалі.
— Я ўжо бачыў у машыне, — адказаў хлопец.
— Ну, на тое ж ты ў нас інспектар. Вазьмі сабе цукерку.
Калі за гасцём зачыніліся дзверы, высветлілася паходжанне ягонай мянушкі. «Інспектарам» яго празваў Канстанцін Міхайлавіч за надзвычайную цікаўнасць. Варта было толькі каму-небудзь заявіцца ў калгас, як хлопец бег туды і высвятляў: хто прыехаў, адкуль і па якой патрэбе.
Гасцяванне наша ў Балачанцы закончылася кароткім апавяданнем Канстанціна Міхайлавіча.
— Аднойчы, яшчэ падлеткам, натрапіў я ў Альбуцкім лесе на неруш. Ні да гэтага, ні пасля — ніколі такога не бачыў. Грыбы сядзелі так густа, што нагі не ўб’еш. Зрэжаш аднаго, а пад ім яшчэ два-тры меншанькія. Нарэзаў я повен кош, а грыбоў нічуць не паменшала. Скінуў тады кашулю, завязаў каля каўняра, нарыхтаваўся рэзаць, а тут чую — падыходзяць жанкі на маю паляну. Пабяруць, думаю, усе грыбы. Я скарэй — усё з сябе, нагнуў бярэзіну, узяў у рукі вяршок і падскакваю голы. Бабы мае ледзь не памлелі. Спачатку думалі — чорт. Пасля разгледзеліся, пазналі, але вырашылі, што я звар’яцеў.
Едучы назад, стомлены даволі вялікаю пераходкаю, я задрамаў.
— Тпру, прыехалі, — пабудзіў мяне Канстанцін Міхайлавіч. — Можа, піва хочаш?
Машына стаяла каля «хамута», такую мянушку мела пухавіцкая чайная.
Аднойчы, па дарозе ў Балачанку, Канстанцін Міхайлавіч убачыў тут каля ганка некалькі хамутоў.
— Ці коні, змакрэўшы, сядзяць і піва п’юць, бо ў хамутах туды не пусцілі, ці людзі, ідучы запрагаць коней, надумаліся кульнуць па чарцы. Хутчэй за ўсё коні. П’юць з гора, бо іх моцна тэхніка выціскае…
Успомнілася, як на адной з дарог бачылі мы чалавека, які спрытна каціў на веласіпедзе, адзаду трухаў прывязаны за раму конь.
Канстанцін Міхайлавіч паглядзеў услед і падзяліўся меркаваннямі:
— Кіламетраў цераз дзесяць яны памяняюцца — дзядзька пабяжыць збоку, а конь пацісне на веласіпедзе, накручваючы капытамі педалі.
Каля самага Мінска Канстанцін Міхайлавіч павярнуўся да мяне і зірнуў вачыма, перад якімі нельга было маніць:
— Купіў?
Я вырашыў не здавацца да апошняга.
— Што, дзядзька Якуб?
— Тыя першыя грыбы?
— Навошта купляць, калі я добра збіраць умею.
— А дзе ж ты іх сабраў?
— Я ж вам казаў.
— Па той бок дарогі?
— Ага.
— Дык там жа грыбы не растуць!
— А нашто ж вы мяне туды пасылалі?
— Дзівак ты, Максім! Які ж гэта паважны грыбнік аддасць другому сваю мясціну? — скончыў ён гаворку жартам.
Я прызнаўся, як была справа…
Вядома, не ад улюбёнай мясцінкі адводзіў ён мяне. Проста хацеў пабыць сам-насам з думкамі ў лясной адзіноце…
Назаўтра пасля прыезду з Балачанкі ў нас адбылася літаратурная размова. Рэзкая, суровая, адкрытая. Ступень адкрытасці яе здзівіла. I ў той жа час узрадавала. Канстанцін Міхайлавіч беспамылкова адлучаў «авец ад козлішч», як ён гаварыў, талент ад бяздарнасці ці пасрэднасці, ведаў, чаго можна чакаць ад таго ці іншага літаратара, і не спыняўся на палавінчатых ацэнках твораў нават у дачыненні тых асоб, з кім быў звязаны даўняю дружбаю ці знаёмствам.
Я забег да яго раніцай, на хвіліну, ды так і не здолеў адарвацца ад размовы да позняга вечара. Мы пачалі яе ў садзе, перайшлі ў дом, потым вярнуліся пад вяз, а закончылі ў кабінеце, запаліўшы святло.
— Ну вось, замацавалі ўсё на належных месцах. А ты робіш якія-небудзь нататкі пасля нашых размоў? — раптам запытаў у мяне Канстанцін Міхайлавіч.
Я не прызнаўся, мяркуючы, што ён шкадуе, навошта гэтак адкрыта гаварыў.
— Дарма, — сказаў Канстанцін Міхайлавіч. — Калі нават памылішся ў чым ці лішняе занатуеш, час усё спарадкуе і паправіць. Я вось знайшоў тваё прысвячэнне. Гэта схематычная гісторыя нашага знаёмства. Вазьмі. Можа, апублікуеш калі.
Гаворка ішла пра верш, напісаны да дня нараджэння, калі ён, хвараваты, ляжаў у стацыянары — невялікім флігельку на вуліцы Кірава. Верш гэты адначасна адказваў і на ягонае прысвячэнне мне, дзе кідаліся папрокі ў бок фінансавых органаў, якія не дазвалялі ўстанавіць мне людскі аклад у Акадэміі навук з той прычыны, што я не меў кандыдацкай ступені.
У дзень 3/Х 1948 г.
Я пішу да Вас не першы.
Вы раней сказалі,
Добрым хлопцам добрых вершаў
Шмат Вы прысвячалі.
Там жа шмат традыцый слаўных
I вясёлых часам,
А вось з Вамі мы нядаўна
Стрэліся сам-насам.
Помню… Студзень, дзень пагодны,
Роем ходзяць думы.
У вагоне міжнародным
Прыбылі ў Маскву мы.
Заімчаў нас ліфт адразу
На паверх дзесяты,
І туды штовечар лазіў
Ваш сябрук цыбаты.
Ён трашчаў, як малатарка,
Ды нацэльваў вока,
Ці няма часамі чаркі
Дзе навідавоку.
Вось ад гэтае часіны,
Ад тае дарогі
Стаў я ў вашае хаціны
Абіваць парогі.
Хай жа пойдуць яны пылам,
Стаўкі кандыдатаў!
Вельмі крыўдна, дзядзька мілы,
Што вы хвараваты.
У зацішнай Вашай хаце
Так прасторна марам,
Не ўпыняюся гукаць я:
— Дзе вы, гаспадару!
Што з іх выссеш, з лечкамісій? —
Банькі ды прыпаркі…
Сульфідзін з пеніцылінам
Не заменяцы скваркі.
Кіньце прэч з лякарствам сподак.
Сэрца не нявольце!
Ёсць адзін цудоўны сродак,
Прапісаць дазвольце.
Будзе верасень, як шклянка,
Добрая дарога,
Клікне ў госці Балачанка
Караля грыбнога.
Пагалоска пойдзе, пошчак
Вандраваць па лесе,
І пішчом да дзядзькі ў кошык
Баравік палезе.
І запоўняць кош прасторны —
Без адной лісічкі! —
Тыя хлопцы ў шапках чорных,
Белых чаравічках.
Вось рэцэпты для паэта,
Як адужаць скора,
Акрыліцца думкай гэтай
І адкінуць хворасць.
А пакуль — прыміце хвалу
З вашым нараджэннем.
Выбачайце на няўдалым
Гэтым прысвячэнні.
Чытаючы верш, я страшэнна бянтэжыўся, бо Канстанцін Міхайлавіч увесь час варочаўся на ложку і чырванеў. Мне здавалася, што я нечым пакрыўдзіў яго, а можа, паставіў у няёмкае становішча. Крыху пазней ён вытлумачыў:
— Гэта мяне душыў кашаль, а я стрымліваўся, баяўся, каб не пакрыўдзіць цябе…