«На ростанях»

Як падахвоціць руку да работы? Методыка пісання. Чалавек і сонца. Умова гаварыць праўду. «Лыка не аддам». Колас правіць трылогію. Канферэнцыя герояў. Прататыпы, іх сапраўдныя прозвішчы. Валаамава асліца і князь Мяшчэрскі.


Здаўна павялося так, што дакладна а дзесятай уранні Канстанцін Міхайлавіч з’яўляўся на работу ў Акадэмію. Працаваў прыкладна да другой гадзіны і пасля ехаў куды-небудзь на зялёную мясціну па Маскоўскай шашы.

Маршруты былі розныя: даўжэйшы — за Уручча, на адзінаццаты кіламетр, а часцей за ўсё — у малады хвойнік насупраць новых гарадскіх могілак або ў большы лес каля Сляпянкі.

Пахадзіўшы з паўгадзіны за горадам, вяртаўся дамоў. Абедаў у кабінеце адзін, калі ж адчуваў сябе не вельмі змораным — у агульнай сталовай, разам з сям’ёю.

Часіну адпачынку праводзіў на панадворку, пад хвоямі. Тупаў каля дому, аглядаў сад, пасля садзіўся на лаву каля дашчанага хлеўчука, пад вязам. Яго цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Тут абдумваліся далейшыя старонкі «На ростанях», прыкідваліся планы на заўтра: выступленні на сходах, артыкулы для газет.

Перад шараю гадзінай, з такім разлікам, каб управіцца дацямна, ён падымаўся ў кабінет і перабельваў — надзвычай акуратна, без памарак і выкрэсліванняў — напісанае з раніцы.

— Працаваць проста так сябе не прымусіш, — неаднойчы гаварыў Канстанцін Міхайлавіч. — Чалавек — гультай, таму даводзіцца ашукваць уласную ляноту. Трэба хоць чым падахвочваць руку. Я ніколі не перапісваю гатовы раздзел увесь адразу, да канца. Невялічкі хвосцік пакідаю на заўтра. Бывае, і сам не агледзішся, як пахіне на працяг. Так неўзаметку дзве-тры старонкі новыя маханеш.

Гэтая практыка некалькі парушалася. Часамі ён намагаўся завяршыць пэўны раздзел трылогіі ў той самы дзень, калі пачынаў. Тады адпачынак адмяняўся ці пераносіўся на пазнейшы час. Канстанцін Міхайлавіч не выходзіў з пакоя, пакуль чарнавы накід не быў зроблены да апошняга радка.

Раніцай пачыналася перабельванне. Ён абавязкова падгадваў, каб чарнавік не зводзіўся: стаўляў на чыстым аркушы нумар чарговага раздзела і запісваў некалькі пачатковых сказаў. Гэта быў таксама «хвосцік», ён рупеў і патрабаваў далейшага разгортвання падзей.

— Перапыняць пісанне трэба на самым цікавым месцы. Каб самому карцела дазнацца: а што ж будзе далей?

Да так званага запойнага пісання, днём і ўночы, некалькі тыдняў запар, не ўстаючы з крэсла, Канстанцін Міхайлавіч ставіўся няўхвальна:

— Ну, і які толк, што чалавек сядзіць, як ачмурэлы, нікуды не вылазячы? Думка робіцца непаваротная, на праўкі потым удвая больш часу трэба. Лепш развейвацца, выходзіць на людзі. Стрэнецца што-небудзь на дарозе, слоўца пачуеш. Глядзіш, яно табе падказала добрую знаходку. А галоўнае — давай галаве спачын, каб грунтоўней абдумаць усё. Тады запішаш сваю прыдумку лёгка, не надужаючыся.

Калі Колас ствараў апошнюю кнігу трылогіі, мне даводзілася зусім зблізку назіраць, як менавіта гэтак, няўхільна, з дня ў дзень, пакрысе, але з зайздроснай настойлівасцю ажыццяўлялася выпрацаваная ім методыка пісання. Думаецца, што і сам Канстанцін Міхайлавіч не выключаўся з творчага працэсу, як і тыя пісьменнікі-«запойшчыкі», чыіх звычак у рабоце ён знадворна не прымаў.

Вельмі рэдка здаралася, каб яго працу магла перарваць якая-небудзь справа, нават самая неадкладная. Ён знаходзіў магчымасць управіцца з ёю ў найкарацейшы час, не адцягваючыся надоўга ад выспяваўшага ў думках. Горш было, калі апаноўвала стомленасць, падкрадалася нядужасць і ён не давяраў руцэ, сумняваўся, ці тое, што трэба, выходзіць з-пад пяра. Тады абвяшчаўся перапынак міжвольны.

— Іду на прафілактыку, — так называў ён кароткі адпачынак і лячэнне ў стацыянары. — Трэба ціск знізіць, рысоры праверыць.

I заўсёды ў гэты час нерваваўся, лаяў сябе «прагульшчыкам» і «дармаедам», а то і «старым карчом».

Канстанцін Міхайлавіч напаўжартліва, аднак з дамешкам горычы, пачынаў ушчуваць «Якуба Коласа» як асобу далёкую, амаль не знаёмую яму.

— Я ўжо дзесяць разоў казаў яму, — такія выгаворванні адбываліся і ў прысутнасці блізкіх сяброў, — Якуб, што ты сабе думаеш? Ты пісьменнік, а не можаш стаць над чалавечай хворасцю, не падолееш старэчага гультайства? Пішы, вось табе самыя лепшыя лекі. Не чакай, што заўтра падужэеш, не ў той бок яно, браце, хінецца. Увяз ты, як муха на ліпучцы. Ёсць у цябе крылы ці не? Рваніся і ляці…

Пад час такіх творчых «прастояў» Колас, куды б ні збіраўся: на пасяджэнне, на сустрэчу з чытачамі, у тую самую бальніцу — усюды абавязкова браў з сабою партфель. У ім хавалася крыху чыстай паперы і першым ляжаў аркуш з пачаткам новага раздзела кнігі. Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе ні адчуваў — пішы! Не знікала і не магла знікнуць надзея: зараз перарвецца бяздзейнасць. Хай усё будзе перад вачыма.


Блізка дзевяці год мы бачыліся амаль штодня. Часцей за ўсё — адвячоркам, калі я канчаў работу дома ці ў рэдакцыі «Вожыка». Зайшоўшы ў двор, я, як і ўсе, хто ведаў гаспадаровы звычкі, адразу ж кіраваўся да лаўкі пад вязам. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч заўсёды сядзеў там. На гэтую частку сядзібы перад заходам свяціла сонца, ужо менш гарачае, дый праменне затрымлівалася ў густой лістоце дрэва. А сонца ён любіў.

— Мусіць, я з роду сланечнікаў. Хаджу за сонцам па дварэ: куды яно, туды і я.

Магчыма, прывязваў яго да аблюбаванага месца недавершаны замысел, пэўней сказаць, не аформлены ў радкі, не даросшы да замыслу вобраз.

— У Ташкенце ёсць добры парк, — расказваў Канстанцін Міхайлавіч. — Каля абсерваторыі. З нябожчыцай Мар’яй Дзмітраўнай мы там адпачывалі надвечар, хаваліся ад гарачыні. I вось што кінулася мне ў вочы: промні між лісця свяцілі зырка, не стрываць, як пражэктары. Я адышоўся, хацеў лепей разгледзецца, а зіхценне ўзяло і знікла. Справа была вось у чым. Сярод дрэў стаяў дамок. Святло, адбіўшыся ад даху, пранізвала лісце шмат ярчэй, як звычайна. А відно гэта было толькі з пэўнага пункту і адлегласці…

I цяпер яшчэ хочацца злавіць той малюнак у слова. Не даецца, выслізгвае спраміж пальцаў. Ніяк не знайду, да чаго прымацаваць яго, да якой жыццёвай з’явы. Разважаў так: ёсць сонца, аснова жыцця на зямлі, самы магутны з успрынятых нашым розумам твор сусвету. А выходзіць, яго бляск можа быць павялічаны просценькім збудаваннем чалавека. Мусіць, смешныя развагі, дзіцячыя. Але вобраз жыве. Я мог бы запісаць яго як прыгожы малюнак. Ці варта? Будзе пустая цацка. А на такое ў нас майстроў хапае…

Так, пад засенню лапушнога дрэва, падоўгу ўглядаўся ён у аднаму яму відочныя вобразы, услухваўся ў аднаму яму чутныя словы, паглыбляўся ў толькі яму вядомыя думкі.

…Бразгала ўваходная брамка. Ён прыкладаў далонь да капелюша: хто прыйшоў? I насустрач наведвальніку, за некалькі крокаў, ляцелі вельмі звычайныя, але ад гэтага ніяк не з меншай турботай і цікавасцю гучаўшыя пытанні: «Як здароў? Што чуваць на белым свеце?»

Звыклыя ветлыя словы кожны раз афарбоўваліся непаўторным у сваёй непасрэднасці пачуццём. I па гэтым можна было без памылкі адгадаць, ці чакалі цябе, пазнаць, што за дзень у яго сёння: творчы або прастойны.


У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Мы ішлі да яго ў пакой. Спярша паказваў найбольш цікавыя з дасланых лісты і рукапісы, раіўся аб іх лёсе, казаў, куды іх мяркуе накіраваць. Потым браў з-пад прэса чатыры-пяць свежых старонак, напісаных надзвычай разборліва, рукою, што не страціла да апошніх гадзін амаль юнацкае цвёрдасці.

Працёршы вялікім, як хустка, кавалкам замшы акуляры, пачынаў чытаць. Не спяшаўся, а калі даходзіў да апісанняў прыроды, якія лічыў удалымі, чытаў яшчэ павальней. I ўвесь час сачыў з-пад акуляраў, як успрымаюцца жартоўныя і напружаныя мясціны, ці не павісла ў паветры, не зачапіўшы слухача, вострае слоўца, трапны зварот.

Гэтак праводзілася першая праверка твора на чытачы.

Калі ён прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз ж спыняўся:

— Нешта ты далёка лунаеш… Кепска?

Скончыўшы чытанне, хоць і не выказваў нецярплівасці, аднак было відаць, што чакае водгуку даволі напружана. Сказаць толькі «добра» значыла пакрыўдзіць. Адно гэтае слова важыла для яго столькі ж сама, як і проста кінутае «дрэнна». Калі напісана добра, скажы, што іменна, і абавязкова растлумач — чаму. Як быццам ён сам не ведаў цаны сваёй рабоце! Ведаў, і лепш за іншых, але ўсё ж чакаў слова ў пацвярджэнне свае пэўнасці.

I калі погляды не супадалі, ён з поспехам пераконваў слухача ў перавазе свае думкі. Варта было мне, не стрымаўшы радасці ад ягонай удачы і перабраўшы крыху меру ў захапленні, сказаць, што ў кнізе найлепшыя раздзелы, дзе зволеныя з пасад сябры сустракаюцца ў «прасторах», праводзяць рэпетыцыю допыту і разважваюцца танцам «зялёнага асла», як Канстанцін Міхайлавіч запярэчыў:

— А як жа «паніч, выганяй»?

I зараз жа давёў, што па каларыце, гушчыні фарбаў і цэльнасці куды вышэй малюнак, калі падкуплены Лабановічавай залатоўкай сельскі пастух з дваран, Лукаш Леўчанка, ляскае пугай і крычыць на світанні «выганяй», трывожачы і без таго кепскі сон пісара Васількевіча.

Адным словам, першы чытач і крытык трылогіі, чые ролі мне даводзілася сумяшчаць, трапляў у незайздроснае становішча. Перш чым вымавіць слова, трэба было з усіх бакоў узважыць яго. Добра, калі адразу ўдавалася сцісла перадаць непасрэднае ўражанне ад прачытанага. Але некаторыя рэчы патрабавалі папярэдняга роздуму, на іх трэба было глянуць яшчэ раз сваім вокам і толькі пасля меркаваць. Тады ў тоне размовы міжволі з’яўлялася няпэўнасць, і гэта непакоіла Канстанціна Міхайлавіча. Ён хмурнеў, пачынаў гартаць рукапіс, прыглядацца да кожнага слова, нібы адшукваючы, што засталося невыразным, не такім, як бачылася яму.


Аднойчы, праслухаўшы раздзелы трылогіі пра першыя часы бытавання Лабановіча ў турме, я паспрабаваў ухіліцца ад размовы. Было дзіўна: навошта пераносіць у мастацкі твор амаль дакладна ўсё тое, пра што расказвалася ў мемуарным нарысе «Цені мінулага», рэчы, ад якой так і патыхала дакументальнасцю.

Характэрныя, вельмі жыва напісаныя малюнкі астрожнага жыцця, арыштанцкіх забаў, здзекаў з «новенькіх» нейкім чынам засланялі постаць Лабановіча. А ён жа вось-вось прыйшоў з суда і, зразумела, не можа не разважаць: што адбылося? Чаму і, галоўнае, як яго асудзілі? Якім парадкам пакіруецца ягонае жыццё тут і ў далейшым, пасля вызвалення?

Цяпер герой ужо ў поўную меру можа асэнсаваць найбольшую і найгоршую сваю бяду: страчана воля, і на немалы час. Настрой у яго мусіць быць рэзка інакшы, чым у асуджаных разам таварышаў: яны пайшлі на суд з-за крат і за краты вярнуліся, а ён трапіў сюды ўпершыню.

Адным чынам, былі ўсе падставы чакаць новага перавароту ў душы Лабановіча, канчатковага ўзмужання і сталасці яго. Забавы ж крымінальнікаў, накшталт «пілавання дуба», здаваліся празмерна натуралістычнымі і калі маглі падавацца ў творы, дык хіба для таго, каб легчы дадатковым цяжарам на псіхіку героя.

Не ведаючы, што рабіць з узнікаўшымі думкамі, я маўчаў, балазе прыйшоў малодшы сын Канстанціна Міхайлавіча Міхась і пачаў расказваць пра стралковыя спаборніцтвы, у якіх ён браў удзел.

На нейкі час Канстанцін Міхайлавіч ажывіўся, ператварыўся з патрабавальнага літаратара ў добрага хатняга чалавека, «бацьку», «дзядзьку Якуба». Аднак я ўвесь час адчуваў на сабе дапытлівы позірк. А калі ўстаў, каб адвітацца, ён усё ж не вытрываў:

— Так проста я цябе не выпушчу… I што гэта за ліха? Пэўныя асобы, у тым ліку і я, карыстаюцца правам недатыкальнасці: што ні зрабі, усё добра. Нават калі рэч адно пад селядцы прыдатна. Дый тады высмакчуць з пальца кучу розных вартасцей. Бачу па табе — не ўпадабаў. I маўчыш. А мне круці галаву: недадаў ці перадаў што-небудзь. Давай умовімся, Максім: будзем гаварыць адзін аднаму толькі праўду. I не крыўдзіцца. Згодзен? А цяпер кажы ўсё, што думаў.

Зробленае пагадненне мала паляпшала маё становішча. Умова ўсё ж была аднабаковая: і без яе Колас, па праву першаадкрывальніка, пад чыім доглядам узгадавалася не адно пакаленне літаратараў, быў абавязаны гаварыць кожнаму проста ў вочы, чаго сапраўды варта яго работа.

Але хто з нас мог патыкацца з заўвагамі да яго, спадзеючыся на такую не зусім пэўную рэч, як асабісты густ? Як можна было з аднаго чытання, на слых, сцвярджаць свой погляд, абвяргаючы аўтарскі вопыт, дальнабачнасць, наўздзіўную чуласць да праўды, і асабліва мастацкай? Груз на шалях ляжаў відавочна няроўны! Але марудзіць з адказам было нельга…

Цярпліва выслухаўшы ўсё, Канстанцін Міхайлавіч заўважыў:

— А табе не здаецца, што пасля здзеку, учыненага ў судзе, здзек у камеры яшчэ мацней уразіць Лабановіча? Хіба ж гэта не праходзіць цераз духоўныя вочы героя, не стасуецца да яго разваг? Трэба памеркаваць. Я прыкідваў ужо, ці не вельмі павёў мяне ўбок матэрыял. Мы некалі гаварылі аб гэтым, чытаючы Гогаля. Толькі наконт натуралізму — памыляешся. Не можа не набыць верагоднасці твая выдумка, калі ёсць у ёй і жывая акалічнасць, хоць сабе і разнатуралістычная…

Канстанцін Міхайлавіч спыніў самога сябе:

— Чакай… Хіба ж тут ёсць выдумка? Я пісаў, як было. Можа, вымыслу і малавата…

Разрэзаў вялікую наліваную антонаўку, палавіну падаў мне.

— Не спяшайся… у мяне тут трохі «ад прастуды» ёсць. Прыхаваў ад Данілавага вока. Ён з дактарамі ў адну дудку іграе, парашкамі лечыць. А я, калі забаляць часам грудзі, усе сульфадзімізіны вераб’ям на дах высыпаю: хай дзяўбуць, каб не чхалі. Вазьму чарачку на ноч, і як рукою здыме…

Канстанцін Міхайлавіч наліў у паходную стопачку каньяку.

— Выбачай, я сабе няпоўную. Мы — з адной, як дзяды рабілі. Не хочацца гаспадыням фатыгі задаваць. Дый пачыналі мы размову сам-насам. Так будзем і канчаць. Каб нам заўсёды так гаварылася. Як сёння. Будзь здаровы!

Перадаў чарку мне.

— Трымай! Табе, відаць, і яшчэ адна накáпаецца.

Глядзеў вясёлымі вачыма і гаварыў:

— Адкрытасць яшчэ нікому ніколі не пашкодзіла. Асабліва ў мастацтве. Бо яно ўжо сутнасцю сваёю выкрывае няпраўду. I калі мы кінем паказваць адны рэчы лепшымі, чым яны ёсць, а другія — горшымі? На літаратуру ад гэтага прыходзіць звод…

I раптам вярнуўся да пачатку гаворкі:

— «Пілавання дуба» не выкіну. Лыка, браток, не аддам.

Для растлумачэння гэтай прымаўкі знойдзецца час і месца пазней.

Выйшаўшы на сходы, ён доўга гаварыў на развітанне:

— Вось так. Таіцца можна толькі ад хворых, і цяжка хворых. Яны не павінны ведаць лішняга пра свой стан. А наогул — сячы манюку розгамі. Так сказаў бы мой Тукала, выкарыстаўшы для выпадку мудрасць Заратустры.

На гэтым скончыўся, калі можна так назваць, адзін з шматлікіх урокаў адкрытасці, якія, дарэчы сказаць, даваліся не аднаму мне. Хай сведкі і ўдзельнікі іх успамянуць самі.


Канстанцін Міхайлавіч перадаў рукапіс у часопіс амаль без змен. Затое, рыхтуючы трылогію да асобнага выдання, перайначыў заканчэнне, зрабіў багата ўставак, пашырыў усе эпізоды, звязаныя з настаўніцкім з’ездам, з астрожным побытам Лабановіча. Дый сам герой стаў выглядаць іначай. З’явіўся даволі значны ўнутраны маналог яго адразу пасля прыходу ў камеру суда, змястоўнейшыя сталі гаворкі з таварышамі па зняволенню.

Рабілася гэта ўпотай ад дактароў, калі Канстанцін Міхайлавіч быў на чарговай «прафілактыцы» ў стацыянары.

— У рукапісе правіць цяжка, — сказаў ён, даючы мне чытаць папраўленыя раздзелы. — Сваё вока бачыла, свая рука пісала. А друкаванае, як чужое: адразу відаць, дзе вытыркае, дзе закарочана.

Я спачатку быў збольшага падсеяў «Цені мінулага». Не ўлічыў, што гэта ўспаміны і я пісаў іх ад свайго імя. Зразумела, асцерагаўся, каб не перабраць меры, не высунуць сябе наперад як вялікага пакутніка. Сам-то я ведаю, што думаў і як перажываў першыя дні турмы. Вось і засталося гэта ў сабе, не перайшло ў твор. А Лабановіч жа — нешта іншае. Яму дадзена права і пахістацца і паразважаць. Я так і стараўся правіць цяпер.

Канстанцін Міхайлавіч пасядзеў моўчкі.

Паказаў двойчы перакрэсленую старонку, дзе расказвалася пра «пілаванне дуба». Прыжмурыўся на мяне, даючы зразумець, што не забыў нядаўнюю гаворку.

— Цяпер-то нейчая душа будзе давольна. Бачыш, усе мы не надта вялікія ахвотнікі правіць, хоць часамі хто толкам заўважае. Мне некалі Марыя Дзмітраўна гаварыла: трэба прыслухвацца, калі і малое дзіця запярэчыць.

Праз некалькі хвілін гучыць старое славянскае выслоўе:

— «Устамі младзенцаў глаголет ісціна».

Добрая ўсмешка асвятляе і ўздых і крыху перабольшаны смутак:

— Пайшло-такі маё лыка ў дзялёж.


«Лыка не аддам» узнікла і стала ўмоўным выразам для азначэння недатыкальнасці, нечым накшталт палінезійскага «табу» ці старапольскага «не пазвáлям», у часе выдання сямітомніка Якуба Коласа. Перад пачаткам гэтай работы Канстанцін Міхайлавіч паклікаў да сябе рэдактараў першых чатырох тамоў: П. Броўку, П. Глебку і мяне. Ён выказаў жаданне, каб мова пачатковых твораў па магчымасці падраўнялася да ўзроўню сучаснай.

Беручыся за падрыхтаваны да друку твор, Колас прыдумваў новыя варыянты сказаў, знаходзіў замену для слоў небеларускага паходжання, вызваляў рукапіс ад дыялектызмаў, падтрымліваючы амаль усе нашы прапановы ў гэтым кірунку. Аднак рашуча адстойваў ужыванне слоў: «громка», «трудна» і «крэпка». У адказ на пярэчанні расказаў, як два браты дзяліліся, разбіралі бацькаву спадчыну. Адзін вельмі памяркоўна пераступіў другому кабылу з жарабём, цялушку-выпустка, авечак і лепшы панарад. А дайшло да скрутка лазовай кары, што вісеў над страхою, узяў і ўпёрся: «Лыка маё, лыка не аддам».

З таго часу мы ведалі: вымавіў Канстанцін Міхайлавіч, хоць і з адценнем жарту, сваё запаветнае «Лыка, браткі, не аддам», значыць, усе доказы намарна, і не спадзявайся, што погляд яго можа змяніцца.

Праўда, да гэтай ахоўчай прымаўкі Колас амаль не звяртаўся. Хіба што лічаныя выпадкі ўспамянуцца за ўсе гады, калі мне даводзілася бачыць, як ён працуе над творамі, або так ці іначай браць удзел у іх рэдагаванні.

Што ж гэта была за работа?


На першую чаргу, па аб’ёму і працягласці, вылучаецца парадкаванне трылогіі «На ростанях» для першага асобнага выдання.

Выдавецкую прапанову перагледзець рукапіс перад здачай у набор Канстанцін Міхайлавіч спачатку сустрэў не вельмі прыхільна:

— А што тут рэдагаваць? Усё чытана-перачытана, слухана-пераслухана.

Так сапраўды і было. «Верхань» і «На крыжовых дарогах», абедзве заключныя часткі трылогіі, папярэдне, як расказвалася ўжо, былі правераны на слых, а перад друкаваннем у часопісе «Полымя» яшчэ дадаткова прачытваліся мною па раздзелах.

Аднак даволі тоўстыя папкі чысценька перапісанага на машынцы рукапісу прывабілі, пацягнулі яго паглядзець, як жа выглядае ўвесь твор у цэласці.

Канстанцін Міхайлавіч пачаў чытаць асобныя старонкі, разгортваючы рукапіс то ў пачатку, то ў канцы. Адлажыў убок акуляры.

— Прыйдзецца папабіваць на гэтым пальцы. Усё сабралася ўместа, — ён любіць гэтае слова і ў гаворцы амаль не ўжывае «разам». — I ўжо ясна, што ў мяне як быццам нарадзілася два дзіцяці: адно да вайны, а другое зараз. Злучаюцца ў розны час напісаныя творы, а чытацца павінны, як адна кніга. I не толькі Лабановіч павінен аб’ядноўваць іх. Трэба засыпаць роў трыццацігадовай глыбіні паміж канцом і пачаткам. Я амаль не пераглядаў даваенных аповесцей. А мова наша моцна вырвалася наперад.

Перш за ўсё яе трэба габляваць, асабліва аўтарскую. Героі хай сабе гавораць, як хочуць. І так прамашак багата: у адным месцы Лабановіч — Андрэй Міхайлавіч, а ў другім — Пятровіч… Давай пачнём хіба. Гавораць, адклад не ідзе на лад. Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе.

Чытка першай паўсотні старонак «У палескай глушы» заняла больш за тыдзень. Зрэшты, цяжка было і спадзявацца на лёгкі рэдактарскі хлеб, як бывае пры выданні твораў такіх буйных пісьменнікаў: прачытаў з задаваленнем, злавіў колькі ўдасца стылістычных «скочак» і з палёгкаю накіроўвай у набор.

Колас патрабаваў работы, і не толькі ад сябе. Мы працавалі па чатыры-пяць гадзін штодня, і ён з дакорам паглядаў на ўсё яшчэ тоненькую стопку прачытаных лісткоў. Наракаў на мяне за маруднасць, а тым часам не ў яе ўпіралася справа. Мы памяняліся ролямі: Канстанцін Міхайлавіч прыняў на сябе абавязкі самага прыдзірлівага рэдактара, а я бараніў ад ягоных нападаў яго ж уласны тэкст.

Усё тлумачылася проста. Коласаўская манера пісаць зрабілася куды сціслейшая, карацейшы стаў сказ, змянілася яго пабудова, паменшала пабочных слоў і выразаў. Пісьменнік амаль адмовіўся ад выказнікаў, што складаліся з двух дзеясловаў, не выносіў іх у канец сказа.

Жаданне «засыпаць роў» паміж першай і апошняй кнігамі было нястрымнае, і даводзілася захоўваць пэўную асцярожнасць, каб не закасаваць і не прыгладзіць моўныя і стылістычныя асаблівасці пачатку трылогіі.

Рукапіс быў адкладзены, для зручнасці работа працягвалася па пятым томе збору твораў. Там не засталося ніводнай, літаральна ніводнай старонкі, якую б абмінула, не зачапіўшы, патрабавальнае аўтарскае вока.

Строга кажучы, абедзве палескія аповесці былі перапісаны. Як жа лічыць проста «праўленай» старонку, калі на ёй добры дзесятак, а то і два змен, удакладненняў, перастановак, дапісак. І так усюды, дзе б ні разгарнуўся том. Вось, да прыкладу, мы чыталі:

«У працілежным баку характар гэтай роўнядзі захоўваўся на далёкай адлегласці, і чуць-чуць чырванеўся збоку каля яе дамок трэцяй будкі. З таго боку чуць значна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было прымеціць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок…

— Пайду на спатканне гэтай фігурцы, — рашыў Лабановіч і пайшоў»[10].

Колас правіў:

«У працілежным баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далéчы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок…

— Пайду насустрач, — вырашыў Лабановіч»[11].

Нават неспакушанаму воку няцяжка заўважыць, чым выклікалася аўтарская праўка і чым кіраваўся пры ёй Якуб Колас. Першы клопат быў аб выразнасці малюнка. Пісьменнік замяняе недакладнае «характар роўнядзі захоўваўся» простым і ясным «дарога ішла роўна». Кладзецца яшчэ адзін штрых, і робіцца зразумелым: дзе, каля чаго стаяў дамок будачніка.

Уся карціна ажывае.

Другі клопат — энергічнасць і гнуткасць сказа: замест аднаго першага стала два, лёгкія для чытання і ўспрымання, а заключны спрасціўся за кошт лішніх слоў і таксама загучаў лепш, ямчэй падкрэсліваючы намер героя. Зніклі паўторы «чуць», замест чатырох назаляўшых «бок», «збоку» засталося толькі два, ужо зусім непрыкметных.

Здаецца, і няшмат зроблена, а прыгледзеўшыся — невымерна многа. Гэта і ёсць тая ашчаднасць у выдаткаванні слова і тая ўмеласць у абыходжанні з ім, якая называецца чамусьці не майстэрствам, а яго сакрэтам.

Параўнанне двух тэкстаў трылогіі, зноў паўтару, літаральна на кожнай старонцы касуе гэты сакрэт, шчодра вучачы ўмельству і патрабавальнасці. Не забудзем, дарэчы, што Колас правіў па друкаваным, тыя самыя кнігі, якія вытрымалі ўжо ці мала выданняў, сталі дарагімі чытачу.

Гэта яго не спыняла. Перабіраючы чарговы раздзел, які ўдавалася закончыць апрацоўкаю, Канстанцін Міхайлавіч гаварыў:

— Яшчэ воз гною вывезлі. Прастарней героям будзе.

I асабліва радаваўся, калі знаходзіў відавочную памылку або недагляд.

— «Ужо даўно звечарэла, але ў хатах усюды свяціліся агні». — Прачытаў і здзівіўся: — Як гэта я мог прапусціць? Супярэчнасць. Трэба змяніць першую палавіну сказа так: «ужо было позна».

Аднак, падумаўшы, закрэсліў «але» і напісаў зверху толькі «і».

Праз некаторы час, калі быў высветлены памер і характар рэдагавання, Канстанцін Міхайлавіч спланаваў работу іначай. Мы пачалі чытаць рукапіс асобна. Мне былі дадзены паўнамоцтвы правіць асобныя словы і выразы на ўзор таго, як гэта рабілася сумесна. Потым я звяраў аўтарскую праўку са сваёю, зводзіў усё ў адзін экземпляр.

Канчатковы тэкст пакідаўся на прагляд Канстанціну Міхайлавічу. Калі ён ухваляў работу, праўка замацоўвалася чарнілам і ўсё адпрацаванае перадавалася на машынку абавязкова самім аўтарам.

Ад таго часу захаваўся спіс слоў, якім я кіраваўся, працуючы над трылогіяй. Было дамоўлена пісаць: громка, крэпка, быстра, трудна («Лыка не аддам»); вачамі, дзвярамі і г. д. (замест «вачыма»); верханскі і да т. п. (без мяккага знака); Уладзімер (замест «Уладзімір»); поезд, надвор’е (калі добрае — «пагода»); задавальненне (у сэнсе «удовольствие»); зварачаць (замест «звяртаць» і «зварочваць»); пакуль (замест «покуль», «покі» — пакідаць у дыялогу); далі-бог (замест «яй-богу» і «даль-бог»); жаваранак (замест «жаўранак», і толькі ў мужчынскім родзе); статак (замест «стада»); жывёла, худоба (замест «скаціна»); напіс (без «д»); непрыметны (без «к»); дзервяны (скрозь замест «драўляны», «дзеравянны»; выключэнне: «драўляны крыж» і «драўляны горад»); хвіліна (замест «мінута»); пудзіла (замест «пудала»); лаўка (замест «парта»); вышэй, далей, ніжэй (з націскам на апошнім складзе); збянтэжыўся (замест «змяшаўся», «замяшаўся»); наглядчык (замест «надзірацель» і «назірач»); клунак (хоць у Насовіча і пішацца цераз «м»); Лабановіч Андрэй Пятровіч, Васількевіч Ганна Грыгор’еўна, Дуня (замест «Глафіра» ў трэцяй частцы).

Спіс гэты, вядома, далёка не поўны. Напісанне шмат якіх слоў устанаўлівалася пад час абмяркоўвання розных варыянтаў і змен, і натаваць іх патрэбы не было.

Да прыкладу, Колас ужываў слова «задаваленне» ў сэнсе рускага «удовольствие». «Здавальненне» гучала для яго як «удовлетворение».

Падмацоўваў свой погляд ён наступным чынам:

— Калі кажуць: «Еў або спяваў, пакуль здаволіўся», значыць, разумеюць — пакуль не наталіў голад ці не нацешыўся песняй. Іншая справа сказаць: «Мы задаволіліся малым». Адразу новае адценне чуецца. I не трэба збядняць мову, зводзіць яе абавязкова да абмежаванай колькасці слоў. Тое самае і ў адносінах да «звяртаць» і «зварочваць». Па-мойму, трэба пісаць «зварачаць увагу». «Зварочваць» — гэта з’ехаць з дарогі, а «звяртаць» — аддаваць каму-небудзь узятае ці пазычанае.

«Надпіс» для Коласа значыла напісанае зверху, над чым-небудзь, і таму ён адстойваў сваё ўлюбёнае «напіс», каб азначыць напісанае непасрэдна на паперы, на пліце. І зусім сур’ёзна прапанаваў Канстанцін Міхайлавіч замяніць «надпісам» не зусім мілагучнае, іншаземнага паходжання слова «шыльда».

Напачатку ён быў вырашыў трымацца насовічаўскага напісання слова «клунак» праз «м». Пасля раздумаў:

— Будзе блытацца з «клумам». Не трэба. Бо «клум» — гэта шум, неспакой, а дзе-нідзе і ў сэнсе «натоўп» ужываецца.

Прыхільнасць і любасць да асаблівасцей мовы, засвоеных у маленстве, была ў яго амаль неадольная. Нават у самых апошніх «Казках жыцця» забывалася рука і пісала «комін» і «жаваранак» з канчаткамі жаночага роду.

Канстанцін Міхайлавіч лавіў сябе на гэтым, ужо чытаючы перапісанае на машынцы.

— Ніяк не выкурыцца з мяне мікалаўшчынскі дух, — казаў ён, з неахвотаю беручыся за ручку, бо страшэнна не любіў памарак у белавіках.


Гасцініца «Масква». Заўтра павінен адкрыцца II з’езд пісьменнікаў. Канстанцін Міхайлавіч рыхтуецца выступаць. Прамова пачынае здавацца даўгаватай. Канстанцін Міхайлавіч мерыцца скарачаць. З’яўляюцца новыя думкі, і ў выніку вырастае старонка: аб крытыцы. С. Гарадзецкі запэўняе, што выступленне цікавае і на рэгламент аглядацца няма чаго. У прамове Колас спасылаецца на сваю трылогію. Ён усё яшчэ жыве нядаўна скончаным творам, чакае слова пра яго, добрай парады. Час падумаць і аб перакладзе.

Канстанцін Міхайлавіч успамінае аб тым, што прыходзяць запрашэнні на чытацкія канферэнцыі па трылогіі.

— Трэба будзе пад’ехаць куды-небудзь. Ад чытачоў больш праўды пачуеш, чым ад крытыкаў.

Ён па-маладому смяецца ад раптоўна ўзнікшай думкі:

— А што, калі б наладзіць канферэнцыю герояў? Трэба сказаць, што ніхто з іх цалкам не выдуманы. Але ж боязна: з’едуцца, павыскубаюць мне апошнія валасы. Той-сёй можа пакрыўдзіцца, пазнаўшы сябе. Хіба што адзін Лабановіч змоўчыць.

Ён зноў смяецца і пачынае жартліва лічыць, каму з герояў можна было б паслаць запрашэнні на сустрэчу. Я пакрысе складаю спіс асоб, якія дзейнічаюць у трылогіі, карыстаючыся тым, што зараз называюцца іх сапраўдныя прозвішчы.

Ядвіся — Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч.

Саханюк — Дылеўскі.

Шырокі — Фама Іванавіч Гладкі.

Тукала — Сымон Самахвал.

Садовіч — Алесь Сянкевіч.

Анцыпік — Анцыповіч.

Уладзік — Уладзімір Міцкевіч.

Лапаткевіч — Лапцэвіч.

Мілеўскі — Адам Мілюк.

Янкавец — Нічыпар Янкоўскі.

Трайчанскі — Базыль Шчорс.

Айцец Уладзімер — Уладзімір Бяляеў.

Васількевіч — Васілёк.

Тадорык — Іван Фёдараў.

Ротмістр — Солтан.

Галубовіч — Аляксандр Голуб.

Рутовіч — Руткоўскі.

Рагоза — Рагозін.

Алейка — Алейчык.

Касперыч — Каспяровіч.

Тургай — Якаў Сямёнавіч Бязмен.

Вольга Віктараўна — Вольга Віктараўна Ганцова.

Антаніна Міхайлаўна Мураўская — Аляксандра Міхайлаўна Мурашка.

Пракурор суда — Юршэўскі.

Бабека — Кабека.

Адвакат Петруневіч — Петрусевіч.

Семіпалаў — Самойлаў.

Нарадаволец — Бонч-Асмалоўскі.

Кастогін — Канстанцінаўскі.

Будачнік — Курульчук.

Іваш — Ласіцкі.

Дулеба — Камароўскі.

Нічыпар Кудрык, Аксён Каль, свержанскі фельчар Найдус, чыгуначнік Баўдзей, пастух Леўчанка, зняволеныя Мірман, Мардуховіч, Юзафовіч, наглядчык Дожджык — засталіся пад сваімі прозвішчамі. Прозвішча пісара не ўспамянулася, а звалі яго — Пётр Язэпавіч[12].

Адгукнуцца на запрашэнне мог толькі адзін герой трылогіі — А. Голуб. Канстанцін Міхайлавіч ведаў яго маскоўскі адрас, збіраўся пабачыцца і час ад часу пісаў яму добрыя, сардэчныя лісты, з цеплынёй успамінаючы яго імя ў гаворках.


У адным з раздзелаў заключнай кнігі трылогіі прыводзіцца такое чатырохрадкоўе:

Наказана ты, Русь, всесильным роком,

Как некогда священный Валаам:

Заграждены уста твоим пророкам,

И слово вольное дано твоим ослам.

Памяць Канстанціна Міхайлавіча на гэты раз не дала ўратоўчай нітачкі, па якой можна было б дакапацца да вытокаў верша.

— Недзе чуў, — коратка сказаў ён. — А калі і ад каго, не ўспомню.

Радкі былі занадта складаныя, каб належаць безыменнаму аўтару, аднаму з тых, кім у розныя часы нанізваецца фальклорны жомчуг.

Біблейская легенда, з якой яны выраслі, знарочыста ўрачысты тон і крыху архаічная афарыстычнасць падказвалі думку аб руцэ пісьменніка-прафесіянала. Але каго ж іменна? Якія літаратурныя інтарэсы і прыхільнасці былі ў маладога Коласа? Апрача гэтай цікавасці, на пошукі мяне кіраваў і звычайны рэдактарскі абавязак — праверыць, наколькі дакладна падаецца вытрымка.

Перагортванне паэтычных зборнікаў адказу не дало. Не дапамаглі і стосы тагачаснай перыёдыкі — газеты, сатырычныя выданні, аднадзёнкі, якія, не паспеўшы нарадзіцца, забараняліся цэнзурай. Заставалася шукаць у архівах, у следчых справах, у мемуарах удзельнікаў рэвалюцыі 1905 года, у кнігах, дзе гаварылася ці хаця б успаміналася пра гэтую пару. Нічога не знаходзілася.

Трэба было падпісаць у друк карэктуру трылогіі, і зноў нагадалі пра сябе нявысветленага паходжання радкі. І раптам пашчасціла! Я купіў рэшткі некалі добрай бібліятэкі. Вандруючы сярод гэтага кніжнага могільніку, адкладаў ужо зусім непрыдатнае для карыстання і, перад тым як кінуць у печ, праглядаў. Тут і знайшоўся патрэбны верш, і прытым цалкам. Другое дзіва, калі не большае: ён належаў пяру вядомага ў свой час філосафа-багаслова Ул. С. Салаўёва.

Узрадаваўся знаходцы і Канстанцін Міхайлавіч. Патрымаў у руках кнігу — гэта былі «Бюллетени литературы и жизни» за 1913 год. Пасля прачытаў уголас верш.

СОВРЕМЕННОЕ ВОСПОМИНАНИЕ

Израиля ведя стезей чудесной,

Господь за раз два дива сотворил:

Отверз уста ослице бессловесной

И говорить пророку запретил.

Далекое грядущее таилось

В сих чудесах первоначальных дней,

И ныне казнь Моаба совершилась,

Увы! над бедной родиной моей.

Гонима, Русь, ты беспощадным роком,

Хотя за грех иной, чем Билеам,

Заграждены уста твоим пророкам,

И слово вольное дано твоим ослам.

Чытачу, асабліва маладзейшага веку, напэўна, будуць нялішнімі некаторыя растлумачэнні, дадзеныя Канстанцінам Міхайлавічам і ўдакладненыя па першакрыніцах.

Паводле падання, месапатамскі прарок Валаам (Білеам у іншым напісанні) быў закліканы Валакам, царом дзяржавы Мааў (Мааб) на нараду, як уратавацца ад ізраільскага войска. Па дарозе ў маавіцкую сталіцу Дзібон асліца, на якой прарок тросся верхам, увесь час спынялася. Не разумеючы, у чым справа, Валаам наракаў на ўвайшоўшую ў прымаўку ўпартасць свае цягавітай жывёліны і сіліўся перамагчы яе ляноту з дапамогай гарапніка. Тады асліца загаварыла: «Што я зрабіла табе, за што ты б’еш мяне?»

Прарок пачаў церці вочы ад здзіўлення і нібыта ўбачыў анёла, які заступаў яму дарогу. Пасля адпаведнай кансультацыі з даверанай асобай бога, відавочна зацікаўленага ў перамозе ізраільцян, Валаам рушыў далей, але адхіліўся ад атрыманых інструкцый. Ён параіў Валаку паслаць у варожае войска прыгожых жанчын і спакусіць заваёўнікаў.

Ці трэба казаць, што багі не могуць цярпець, калі іх не слухаюць, страшэнна гневаюцца і насылаюць на неслухаў кары. Так і здарылася: Дзібон быў разбураны ўшчэнт, Валаам загінуў у часе аблогі горада, спакушаных ізраільскіх воінаў вынішчылі разам са спакушальніцамі, а 32 тысячы захопленых маавіцянак разлесавалі паміж пераможцамі на тыдзень, як гаворыцца ў пісанні, для ачышчэння[13].

З боку ведання старажытнай міфалогіі аўтарства верша не выклікала ніякіх сумняванняў. Але апошнія радкі яго як быццам не пасавалі ні да пераконанняў, ні да кірунку разваг гэтага прапаведніка тэасофіі.

— Відаць, усё не так проста, як здаецца, — заўважыў Канстанцін Міхайлавіч. — Па-мойму, у гэтага пісьменніка былі пэўныя сутыкненні з царскім урадам. I пра герб імперыі ён не зусім лагодна казаў, нешта накшталт «Орел двуглавый сокрушен».

Колас меў на ўвазе выпадак, калі Ул. Салаўёў, як расказваў стары даведнік, «…пасля адной публічнай прамовы быў змушаны назаўсёды адмовіцца ад прафесарскай дзейнасці»[14]. Аб’ектыўны сэнс прамовы яго 28 сакавіка 1881 года — заклік «дараваці віну» ўдзельнікам забойства Аляксандра II.

Вось што пісаў прамоўца да наступніка забітага самаўладцы:

«Милуя врагов своей власти вопреки всем естественным чувствам человеческого сердца, всем расчетам и соображениям земной мудрости, Царь станет на высоту сверхчеловеческую и самим делом покажет божественное значение Царской власти…»[15]


Адкуль, калі і як мог трапіць верш з асабістай перапіскі сталічнага сцвярджальніка найвышэйшай сілы да палескага настаўніка? Памяць Горкага (у «Жыцці Кліма Самгіна») і памяць Коласа (у трылогіі) заўсёды прыводзяць нас да канкрэтных крыніц, скажам, у дачыненні да карыкатур на «самадзержца», пра якія згадваецца ў абодвух творах. Значыць, можна меркаваць, што і ў гэтым выпадку такія крыніцы былі.

Самая ранняя з вядомых нам публікацый верша, аб якім ідзе гаворка, адносіцца да 1913[16], а самая апошняя — да 1923 года[17]. Тым часам Якуб Колас прыводзіць чатыры радкі, зусім дакладна прымацоўваючы іх да ўрадавых рэпрэсій 1906 года. На наступнай старонцы трылогіі даецца зусім выразная характарыстыка Мяшчэрскага, рэакцыйнага журналіста, выдаўца газеты-часопіса «Гражданин». Яшчэ раней Лабановіч, перад першай сустрэчай з Вольгай Віктараўнай, чытае гэтае выданнейка і шпурляе яго ў куток са смачным слоўцам «паскудства».

Відаць, моцна такі ўелася ў косці герою — а больш ягонаму прататыпу — «казённая трухляціна», якою начыняліся мазгі спярша выхаванцаў настаўніцкай семінарыі, а ў далейшым маладых педагогаў. Крайнім увасабленнем «трухляціны», поруч з творамі Філарэта, для іх з’яўлялася і пісаніна князя Мяшчэрскага.

На жаль, у свой час мне быў невядомы працяг салаўёўскага верша, трэба думаць, пазнейшага паходжання:

Каюсь, древняя ослица,

Я тебя обидел дерзко,

Ведь меж нашими ослами

Говорит и князь Мещерский.

Звужаючы да пэўнай ступені абагульненне, гэтыя радкі затое даюць адрас і расшыфроўку. Зусім нездарма Колас успамінае аслоў, каму дадзена «вольнае слова», і зараз жа спяшаецца напісаць ненавіснае яму прозвішча рэакцыйнага цемрашала Мяшчэрскага! Гэта дазваляе меркаваць, што пісьменнік ведаў не толькі верш, а і каму ён прысвечаны.

Аб сваім настаўніцтве Канстанцін Міхайлавіч расказаў найменш, справядліва мяркуючы, што падзеі яго тагачаснага жыцця з большай ці меншай дакладнасцю адлюстраваліся ў лёсе літаратурнага героя.

Маёй цікавасці давялося здаволіцца некалькімі заўвагамі:

— Адно магу сказаць: узяў радкі не з кнігі. Іначай бы я іх дакладна запомніў. А то ж ёсць разыходжанні. Але няхай застанецца, як у мяне запісана. Нехта паправіў, перадаючы з рук у рукі. I някепска, як мне здаецца. А добра разважыўшы, падчапіць «валаамаву асліцу» я мог у Пецярбургу. Я туды ўжо зволены са школы ездзіў.


Гэта паездка абыдзена маўчаннем і ў аўтабіяграфіі і ў аўтабіяграфічных лістах. Нічога не ўспамянуў пра яе Канстанцін Міхайлавіч і пад час пасляваеннага гасцявання ў ленінградскіх пісьменнікаў.

Хіба што магла б расказаць аб той вандроўцы А.Г. Рамановіч (Зотава) — спадарожніца Канстанціна Міхайлавіча. Добры знаёмы Якуба Коласа, 83-гадовы пенсіянер I.К. Касяк, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і з 1899 года настаўнічаў у Ландварове, а зараз жыве ў Вільнюсе, успамінае аб многіх цікавых сустрэчах. Гэтыя ўспаміны, патрабуючы, бясспрэчна, дакументальнага пацверджання, заслугоўваюць быць прынятымі пад увагу пры распрацоўцы поўнай біяграфіі Я. Коласа.

I.К. Касяк запэўняе, нібыта Колас пражыў цэлы тыдзень у Вільні ў снежні 1905 года як дэлегат настаўніцкага з’езда, што адбываўся ў памяшканні чыгуначнага гуртка на цяперашняй вуліцы Камунараў. Ад гэтага часу і пачынаецца іх знаёмства. Больш таго, І. Касяк мяркуе, што віленскі з’езд здаволіў не ўсіх прысутных, і частка іх пазней зрабіла спробу ў Мікалаеўшчыне арганізаваць беларускі настаўніцкі саюз. Гэтая акалічнасць, уласна кажучы, і выклікала спачатку павышаную цікавасць улад, а затым і праследаванні Коласа.

Такім чынам, паездка Коласа ў Пецярбург, ды яшчэ разам з А.Г. Зотавай, якая, паводле слоў I. Касяка, была сакратаром віленскага настаўніцкага з’езда, пачынае набываць новае асвятленне. Не турысцкае падарожжа, як відаць, вабіла зволенага з пасады настаўніка, не было ў яго для гэтага магчымасцей, ён жыў, туляючыся ад паліцыі.

Колас мог і павінен быў шукаць сувязей і грамадскай падтрымкі свайму пачынанню і, натуральна, шукаў іх сярод перадавога асяроддзя, у горадзе з вялікім пад’ёмам рэвалюцыйнага руху.

Гэта, вядома, яшчэ не знаходка, нават не крок да яе. Але расказанае тут можа стаць пунктам, ад якога пачнуцца пошукі сведак і дакументаў.

Загрузка...