Коласава аблавушка. Другая маці. Адзін год песняра. Дзік і вавёрка. Вераб’іная лазня. На Магілёўскай шашы. Кім павінен быць чалавек чалавеку?
— Давай сягоння гультаяваць, — Канстанцін Міхайлавіч нібыта вагаецца. — З’ездзім за горад, падыхаем, можа, вясну сустрэнем. А потым — у госці.
Нядзеля ранняга прадвесня, туманны дзень з дробнай калючай марасянкай. Машына сунецца па ледзяной крышанцы, колы не могуць адзержацца на слізкім бруку і прабуксоўваюць. На нізкія платы і на сцены драўляных дамочкаў за імі камякамі ляцяць густыя пырскі, перш за ўсё на пешаходаў.
Нарэшце вуліцы надакучае дражніцца, яна крыху тужэе, робіцца дарогай і кіруецца паміж прысадамі маладых таполяў.
Каля аднаго дрэўца пазначылася нешта кшталтам бабы з бруднага снегу, аж не! Постаць, хутчэй скрутак адзежы: доўгая, за калені, ватоўка накрыж абвязана жаночай мультановай хусткай. Малое! А што там уверчана ўсярэдзіне — дзяўчына ці хлопец — не разабраць, бо і на галаву надзета немаведама што, нейкі каптурык для немаўлят.
Колас кажа спыніцца. Чаравікі з халяўкамі не дужа прыдатны для сённяшняй халепы, аднак ён адважна выбіраецца на абочыну.
Высвятляецца, што скрутак наскрозь мокры, але з сярэдзіны ціўкае даволі бадзёры галасок. Як зваць яго? Коля. Ідзе дадому, стаў трохі адпачыць. А дом ягоны вунь там за пагоркам, глядзіце.
Коля называе вёску пры славутай крыніцы з каплічкаю, куды не так даўно пераносілі на лета цудадзейны абраз з манастыра.
Нам якраз па дарозе, вырашана падвезці. Падсаджваем Колю ў машыну, далёка адстаўляючы рукі — з рукавоў і махроў хусткі моцна капае.
— Давядзецца цябе дома выкручваць, — паджартоўвае Колас. — Мусіць, цябе недзе па лужынах качалі.
— Я сам уброхаўся, — абзываецца хлопец.
Коласа турбуе, што малы застудзіцца. I ногі ж мокрыя! У клееных з гумы гамашыках аж хлюпае.
Раніцою Коля пайшоў з бацькам на Пярэспу. Там, у першыя пасляваенныя часы, кожнае нядзелі шумеў, сварыўся і ашукваў рынак, дзе продалі, выменьвалі на хлеб, аддавалі за гарэлку сякую-такую адзежыну і абутак, найбольш падношаныя, атопкі і рызманы. Выносілі на торг рэчы неверагоднай даўнасці, але, можа, каму і патрэбныя: пажаўцелыя карункі, цвічкі і шрубы, грабянцы-дыядэмы, шпагат, кішанёвыя люстэркі, будзільнікі без ходу і без звону і яшчэ безліч рознае несусвеціцы. Горад пасля акупацыйнага ўціску і штодзённага страху дыхаў вольна, але мусіў здавольвацца малым, што пападзе на вока.
На тым рынку меліся купіць Колю шапку. З голаю галавою ўзімку гуляць не пускаюць, а завязваць хустку ён не даваўся — што ён, дзяўчына, румза якая. Але на ягоную патрэбу набягалі большыя, бацькоўскія, першае чаргі: купіць торфу і дроў, справіць якую апранаху бацьку, каб не мёрз, ездзячы на работу ў сваю сталярню.
I вось нарэшце выпрасіў, выенчыў — пайшлі. Але шапкі на рынку, такое каб на іх грошы, не траплялася. Тата сустрэў сябра з партызанаў, той быў без рукі, а тата пасля раны накульгваў.
Яны наведаліся на яткі, дзе румяныя, тоўстыя ад празмеру панапранатых адзежак, цёткі таргавалі гарачаю ежаю. З ухутаных лахманамі чыгункоў пахла смажаным мясам і тушанай капустай. Сябры пастаялі там, адвярнуўшыся ад Колі спінаю, відаць, нешта гаварылі і вярнуліся да хлопца павесялеўшы.
Ужо ўсе ўтрох пашукалі шапкі за сходную цану і зноў падаліся да румяных цётак. Тыя падалі з-пад стала дзве паўшклянкі, а Колю пачаставалі смачнай скваркай на скрылі хлеба.
Тата сказаў, што пашукае шапкі сам, а ён, Коля, няхай не скілее тут, а бяжыць дамоў, балазе не так і далёка.
I хлопчык пайшоў, каб як найбліжэй, напрасткі. З вуліцы, дзе стаяў да вайны іхні дом — мама расказвала — на многа-многа кватэр. Коля не помніў дома, а яго падмурак, укрыты ўлетку палыном і бярозкаю, мог бы паказаць хоць зараз. Хочаце? Тады накіроўвайце назад.
— Гэта ж кіламетраў пяць? — у голасе ў Канстанціна Міхайлавіча турбота.
— Хто яго ведае. Тата кажа, што адсюль — шэсць. Не здоўжылася…
I хлопчык расказвае, як укарачаў дарогу. Мост мінуў, лёд на рацэ трымае, і цераз татарскія агароды, па набрынялым вадою снезе.
У Коласа сцепаюцца плечы, быццам сам разам з малым пераграбае нагамі халодную бездараж, грузнучы ў разлезлых сумётах. Жабрацкая адзежына, і так цяжкая, з кожным крокам рабілася ўсё цяжэйшая.
Коласавы думкі прачытваюцца ў ягоным маўчанні. А дзе ўзяць яе лепшую, тую вопратку? Праўда, бяда перабылася, варожае насланнё перастала таптацца па зямлі і па сэрцы. Але пакуль што — ні з’есці чаго, ні знасіць. Скрозь, куды ні зірнеш, усё пачынай спачатку: будавацца, заводы пускаць, шыць адзенне. Не, спярша хоць бы як руіны прыбраць з вачэй, тады ўжо месца не згуляе.
Маўчанне парушаецца: пасажыра хутка высаджваць, а яшчэ не ўсё распытана. Колькі душ у яго сям’і? Зараз скажа: дзве сястрычкі, большыя, яшчэ да вайны ў школу пайшлі. У другой палавіне дома жыве цётка, матчына сястра, і тры яе сыны. Іхні бацька яшчэ не сыскаўся з вайны, а як сышчацца, дык і ў іх будзе пяцёра.
Вакол невялікага, хораша агледжанага дома агароджа з памаляванымі на сіняе варотцамі, аканіцы пафарбаваны тым жа колерам.
Колас наказвае Колю надзець усё сухое і лезці на печ, выграцца добра. Нанач хай мама ліпавым цветам напоіць, ногі добра было б шкібінерам, так Коласавы аднавяскоўцы кажуць на шкіпінар, нацерці.
Хлопчык прыпускаецца бегчы па дварышчы і хаваецца за хатнімі дзвярыма.
Мы зноў маўчым. Відаць, Канстанцін Міхайлавіч парадкуе думкі, таймуе ўзрушэнне.
Сказаць проста, што ён любіць дзяцей, значыць, сказаць вельмі скупа і, галоўнае, не ўсю праўду пра яго адносіны да маладой палавіны чалавецтва: ад ясельнікаў-пялюшачнікаў і гадаванцаў дзіцячых садоў і дамоў да рознага ўзросту падлеткаў і юнакоў.
Усе яны былі — жывы заўсёдны клопат, трапяткія надзеі, думкі, з якімі клаўся і ўставаў, нарэшце, гэта ж вобразы будучых твораў, дакладней, сама будучыня з яе людзьмі, ахоўнікамі прынятай ад старэйшых спадчыны, ператваральнікамі таго, што ёсць, у тое, што будзе.
Нездарма першая друкаваная кніга ў яго была не паэтычная, не празаічная, а «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», чытанка, для якой адмыслова складаў вершаваныя радкі і празаічныя замалёўкі. Адклаўшы ўбок задумы і пачаткі славутых сваіх твораў, ратаваў з паніжэння і заняпаду родную мову, навучаў любіць яе, шанаваць напісанае гэтай мовай.
I ці мала напісаў сам для дзяцей і пра дзяцей. Пэўна, бібліятэку на многа паліц, адкуль у нашы сэрцы сыходзяць маленькі музыка Сымон і вучань Алесік з палескай глушы. Сыходзяць, каб ужо не разлучацца, ісці з намі праз усё жыццё.
Лёс дзяцей-сірот, бязбацькавічаў стаў асабліва блізкі яму пасля вайны. Выхаванцы дзіцячых дамоў шлюць лісты і падарункі, віншаванні і справаздачы аб рабоце і навучанні.
Калі ўцешаць чым, запомніць і пахваліць дый раскажа сябрам.
Як жа будзе з сягонняшнім мокрым Колем?
Не паспяваю спытацца ў самога сябе, як Канстанцін Міхайлавіч нібыта абуджаецца:
— Цікава, ці вялікая ў таго хлопца галава?
Не разумеючы, паціскаю плячыма.
— Можа, яму маю аблавушку аддаць? Мне і адной хопіць, — ён паказвае пальцам на свой чорненькі стаўбурок. — Дык, пэўна, вернемся, захопім…
— А не спознімся? — напамінаю пра абяцанне заехаць да знаёмых.
— Ну, дазволь і Якубу Коласу хоць раз спазніцца.
Ён іранізуе са свайго няпісанага закону — выконваць усе абяцанні і прыязджаць усюды дакладна ў час. Робіцца гаваркі і ўсмешлівы, няйначай уяўляючы, як заблішчаць хлопцавы вочы — спраўдзілася-такі мара!..
Дзе ты, Коля? Ці добра хоць хадзілася табе ў той велікаватай, па самы нос, рудой аблавушцы? Абзавіся, дружа!
Коласу відавочна цікава.
У прасторным кабінеце былога партызанскага генерала сышліся яго паплечнікі, таксама не ў малых чынах, і некалі і зараз. За плячыма — баі цяжкое крыві, выхад з блакады па пояс у балотнай рудзе, выбухі на чыгунцы.
Успаміны набягаюць адзін на адзін, цікавы на яшчэ цікавейшы. Хоць бяры ды пішы ўслед за гэтымі людзьмі!
Адчуваючы, відаць, тую самую спакусу, Колас перасцярожліва касавурыцца ў мой бок: не даставай, барані божа, алоўка, бо як адчынілася гэта скарбонка, так і замкнецца. Болей вуха настаўляй.
— Расказаў бы ты пра другую маці…
— Канстанцін Міхайлавіч, мусіць, чуў.
Колас, адмаўляючы, круціць галавою.
— Тады можна, — згаджаецца былы генерал.
Усе паціхлі, хоць, па ўсім відно, слухалі не першы раз. Ні слова, ні лішняга руху, толькі бязгучна прыпальваюцца папяросы.
I Колас таксама часцей падсоўвае да сябе попельніцу.
Вайне ўжо было цэлых тры дні, першы тыдзень яе раскалоўся напал, паглынуўшы ў чорную расколіну палкі, нівы, паселішчы. Нямецкага войска ўсё прыбывала, а тыя часці, што рынулі цераз мяжу адразу, ірваліся падацца яшчэ глыбей.
Што мелі рабіць людзі, спрадвечныя жыхары гэтай зямлі? Ратавацца як мага, пакуль запыніць навалу наша збройная сіла. Але куды падавацца? На ўсход-то на ўсход, гэта вядома, ды ўсход жа гэты — вялізазны, дзе ў ім чакае цябе дах і кавалак хлеба!
Шаша, здавалася, страціла сваю абвыклую нерухомасць, нечакана заварушылася і папаўзла, як жывая істота: вось-вось задзярэ галаву, падымецца.
Такую рухомасць надавалі дарозе машыны, вышэй бартоў напакаваныя розным грузам, больш мяхамі і скрынкамі, на якіх сядзелі і ляжалі, трымаючыся моцна рукамі, жанкі і дзеці. Павольней ехалі фурманкі, адна за адною, быццам звенчакі бясконцага ланцуга, а з правага боку густа рушылі пешаходы. Яны, каб не астацца ад вазоў, стараліся рабіць крокі шырэй і шпарчэй, упоравень з конскай ступою.
Раптоўна стаўшы бесхацінцамі, людзі пільнаваліся гурту: ішлі сем’ямі, коламі суседзяў па вуліцах і завулках, групкамі добра знаёмых, знаёмых здалёк, а то і незнаёмых зусім, без цырымоній пазнаёмленых агульнай бядою.
Сярод сотняў міжвольных вандроўнікаў была маладога яшчэ веку жанчына, Алеся.
Заўважым, гэта не сапраўднае імя падарожніцы. Але ж і так яе могуць пазнаць сваякі і знаёмыя, дый сама яна, калі трапяць на вочы гэтыя старонкі, адразу зразумее, пра каго напісана, і ахінецца горкім успамінам.
Якуб Колас нядоўга трымаўся думкі замяніць імя.
— Якой карысці? — разважаў ён. — Ну, змяню я імя, каб не разварушыць жанчыне даўні струп на сэрцы. А магу пацэліць у другую, з кім здарылася нешта падобнае, і той і той забаліць. У свеце ж многа чаго паўтараецца: зваць людзей па-рознаму, а лёс у іх бывае аднолькавы.
Цэлыя дзесяцігоддзі я помніў добрую перасцярогу, але не забываліся і смутныя лёсы нешчаслівай жанчыны. Колькі ні мінала часу, ад вачэй не адступаліся падзеі, што сапраўды па-мастацку пераказаў той партызанскі генерал. Асабліва пачынала рупіць усё гэта кожны год у сярэдзіне чэрвеня, якраз у пару, калі некалі пачалася тая, даўно пазбытая вайна.
Чамусьці вярталіся цьмяныя тагдышнія прадчуванні, невядома адкуль узнікшае пачуццё нетрываласці ўсяго, што робіш, што бачыш, нават сябе самога.
Чаго я пайду ў кіно ці шукаць рады ў якога-небудзь доктара? Можна і без гэтага, без патрэбы яно. Нават кнігі і тыя не давалі ранейшай асалоды і душэўнага супакою.
Нейкай інакшай, больш паглыбленай работы душы патрабавала істота. А якой? Каб жа ведаць! Тым часам і ў бясхмарныя дні, у хвіліны бесклапотнай весялосці, слухаючы дарагія словы дарагога табе чалавека, раптам адчуваў: пад сэрца паўзуць вострыя іголачкі…
На месцы крывавых баёў даўно ўжо гуляюць, не ведаючы таго, дзеці, растуць плантацыі хмелю і вінаграду, стаяць помнікі героям, а як толькі прачынаецца адужаўшы ў красаванні жытняе нівы чэрвень, усё вяртаецца назад: і незразумелы неспакой, і ледзяныя іголачкі пад сэрцам…
Тады, можа, яшчэ ярчэй і больш выразна абзываецца ў істоце і перабачанае за вайну самім, і пачутае ад таварышаў, колішніх яе салдатаў. Часцей за іншыя ўзнікалі вобразы з апавядання партызанскага генерала — Алесі і яе малой дачкі, якая зрабіла такі рашучы крок супраць маці…
Алеся вяла за сабою дзвюх дачушак. Былі яны зусім кволенькія: Стэфцы — сем гадоў, а Ірачцы — усяго чатыры. Бацька іхні, палітрук пяхотнага батальёна, што стаяў у гарадку, дзе жыла сям’я, прыскочыў дадому зусім на малую часінку. Толькі таго і паспеў, што пасадзіў сваіх на грузавік, выдзелены пад сем’і камандзіраў. Батальён вось-вось меўся выступіць, каб уліцца ў зводны полк і, чапляючыся за кожны зручны пагорак, хоць крыху затрымліваць варожае наступленне.
Алесі давялося ад’ехацца недалёка. Шустры самалёт з крыжамі ўпаў каменем з гарачай вышыні, як быццам тут і быў, паліў дарогу кулямі, ад якіх уставалі слупкі пылу на абочынах. Людзі разбягаліся на бакі ці падалі на дарогу, дзе стаялі.
Неўзабаве з’явіўся новы самалёт, а можа, той самы зрабіў другі заход і, цаляючы больш па машынах, скінуў некалькі бомбаў. Ірванула недзе поблізу і ад Алесінай палутаркі. Паветра скаланулася, машына стала дубка, і з-пад капота патачыўся сіні дымок.
Алесю падкінула, яна ўдарылася спінаю аб борт, аднак, не прыслухоўваючыся да болю, выскачыла з кузава і — хутчэй-хутчэй! — пасцягвала напалоханых дзяўчатак. I адразу ж прыгарнула да сябе, каб не ўбачылі хаця. Пасярэдзіне шашы, дагары тварам, ляжала жанчына з параскіданымі рукамі, асколкі, як зразумела Алеся, ударылі так, што знявечанае цела падплывала крывёю.
Нашто ж, каб на гэта глядзелі малыя. Яна і сама першы раз убачыла чалавечую кроў. Трэба схавацца недзе і перачакаць. Перачакаўшы ў лазовых кусціках, знайшлі машыну, але ехаць на ёй было нельга, пайшлі.
Калі паветра зноў пачынала гусці маторамі, людзі ссыпаліся ў часовыя сховішчы і не пакідалі аблежаных лагчынак і раўкоў, пакуль не сціхала надаўжэй. Тады сплываліся на гравійку. Нешырокая пясчаная палоса зноў рабілася патрохі рухомай і, здавалася, разам з людзьмі пасоўвалася наперад. А як толькі зверху навісалі самалёты, усе кідаліся наўцёкі, вымінаючы сцежкі праз налітае жыта і высокі, і ўжо з малочнымі зярнятамі ячмень.
З кожным налётам Алесі рабілася ўсё цяжэй ратавацца з дарогі. Дабегчы да збожжа не заўсёды хапала сілы, тады кідаліся ў бульбу, а як там схаваешся, разор амаль не значно, відаць, спазніліся абагнаць.
Асабліва цяжка было ўставаць — пачала аказвацца ўдараная пад час першага налёту спіна. Ды як было ператрываць такую дарогу пешкі, з малымі дзецьмі. Што там была за хада! Алеся брала паднесці меншанькую, Ірынку, Стэфка, вядома, не прасілася на рукі, але глядзела на маці такімі журлівымі вачыма, што сэрца заходзілася. Сысці з дарогі, прысесці або хоць пастаяць, жанчына баялася — не хопіць змогі падняцца, а так, здавалася, рух натоўпу, калі і недадаваў сілы, дык змушаў не аставацца.
Не адна яна была такая, тая маладая жанчына з двума дзецьмі, усе даастатку знясіленыя, усе ў аднолькавым горы. На дапамогу дзе тут спадзявацца, не кожны з натоўпу мог даць рады самому сабе.
Пад змрокі датупалі да раскіданай купкамі па некалькі хат даволі даўгое вёскі. Выстаяўшы чаргу да аднаго з нешматлікіх калодзежаў, напіліся выскрабенай амаль з дна вады, налілі тае каламуты і ў бутэльку. Пра малако і хлеб лепей было і не пытацца: чалавечая патока ўжо да іх змыла ўсё чыста спажыўное.
Алеся не прасілася падначаваць дзе-небудзь пад страхою. Дні стаялі самыя доўгія і гарачыя, не пазастуджваюцца малыя і на зямлі, сухая, дый колькі тае ночы ў гэту пору. Да таго ж тутэйшыя вяскоўцы былі калі не на адлёце, дык блізка да гэтага.
Мужчыны старэйшага веку канчалі аглядаць панарады, нацягвалі над драбінамі буды з посцілак. Хто-ніхто спяшаўся прыкалоць парсюка, кароў меліся весці за вазамі на налыгачах. Зборы — што патрэбнейшае з адзежы ўзяць, колькі мукі і круп прыхапіць, каб перабіцца, пакуль перабудзецца ліха, — гэты клопат калаціў усе хаціны. Вёска не паліла агню і не клалася, гатовая прымкнуць дзверы і зарыпець коламі, пакланіўшыся зямельцы, што столькі перацéрпела, гадаваўшы і карміўшы ўсіх, а цяпер пакідаецца адна на немаведама якія пакуты.
Ад калодзежа Алеся з дзецьмі пакіравалася без дарогі на папар, дзе каля стажка леташняй саломы было поўна людзей.
Усе, хто выскубаў ахапачак, адыходзіліся, масцілі тую жменю на зямлю і, ледзь паспеўшы пакласці галаву, засыналі. Алеся дайшла ўсё ж да стажка, выбіраючы, куды ступіць, каб не зачапіць паснуўшых. Наскублі саломы са Стэфкаю і неслі яе, каб недзе выбраць месца і паслацца сабе.
Тут Алеся заўважыла, што яе памочніца даволі моцна накульгвае.
— Што ў цябе, ножкі баляць?
— Баляць, мамачка. Асабліва правая.
— Пакажы.
Панчошка прыкарэла да абмуляных пальцаў, давялося адмочваць вадою. Рану абмылі і завязалі хустачкай.
— Паспіш, і балець перастане.
Алеся дала дзяўчаткам па драбку пячэння і паўкладала іх спаць на салому пад лёгкі жакецік. Легла і сама збоку, але сон не адразу адолеў яе.
Узіралася ў нізкую сінечу папрабіванага сузор’ямі неба і думала. А надумаўшыся, паўздыхала і непрыкметна для самой сябе прыснула. Цэлы дзень хады і беганіны ад самалётаў ахінуў-такі змораю, перамог гаркоту гаротнай жанчынінай прыдумкі.
З першым пробліскам святла на расцяганым стагавішчы пачалася гамана: дарога не чакала. Алесіны дзяўчаткі па-ранейшаму моцна спалі, сама ж яна ці то сапраўды не абуджалася, ці рабіла выгляд, што нічога не чуе.
Не абазвалася Алеся і на вокліч свае, горам дадзенай спадарожніцы, старэйшай за яе жанчыны, з якою ішлі поруч увесь мінулы адвячорак і разам масціліся нанач. Тая пачала ўжо апекавацца над дзяўчаткамі, нават крыху падносіла малую Ірынку і, мусіць, меркавала трымацца разам і надалей.
Жанчына пастаяла, гукнула Алесю яшчэ раз і, паправіўшы на спадніцы афіцэрскі рэмень з жоўтым клямарам, зноў рушыла ў дарогу.
Спыненая ноччу патока ўцекачоў, здавалася, скончылася, Алеся паўбуджвала дачок, абцерла ім твары скропленай з бутэлькі хусткай, падзяліла акрайчык хлеба з маслам, дала запіць.
Стэфка, большая, разумела, што на гэтым іхняе падарожжа не скончылася, і ўстала на ножкі. I абсунулася: вельмі забалела.
— Пойдзем?
Алеся пацягнула яе да сябе і пасадзіла на зямлю поруч. Гладзіла дзяўчынку па галоўцы, нарэшце, давячыся слязьмі, вымавіла, ледзь не з душою вырвала, пякучыя, амаль немагчымыя для маці словы.
— Хіба мы з вамі ідзём? Не на нашы ногі такая дарога, вас абедзвюх трэба несці, а я і адной не магу. I дня не правалачомся, няма ні змогі, ні спосабу.
Жанчына змоўкла, даўшы сэрцу перакалаціцца, яшчэ бліжэй прыгарнула да сябе малых.
— Гавару, нібы вы дарослыя, няма сказаць каму іншаму. Чаму я такая слабая стала? У вас неўзабаве з’явіцца брацік або сястрычка.
— Хай лепей будзе брацік, — падхвацілася Ірынка.
Алеся цяжка дыхала. Сустрэла спалоханыя, поўныя няўцямнага ёй прадчування вочы свае старэйшай. Не могучы ўтаймаваць узрушэнне, пачала пра самае нясцерпнае.
— Не давяду, не данясу я вас. А трэба ж выбіцца да чыгункі, да горада, да нейкага кавалка хлеба…
Алеся ўстала, адвярнулася тварам да дарогі і ступіла наперад. Ускочылі і дзяўчаткі, схапіліся за матчыны рукі. Яна палашчыла Стэфку і адважылася:
— Ты — большая, — Алеся падала дачцэ ўвязаны ў хусцінку скрутак, — я выдзеліла табе самую большую долю з нашай ежы. — У жанчыны перахапіла дыханне: — У цябе ножка баліць… Ты застанешся тут… Не бойся, сядзі, нікуды не адыходзься. Нахопяцца добрыя людзі і падбяруць. Мы з Ірынкаю так хутчэй ад’едземся ад вайны. Я цябе знайду, адразу ж знайду, як толькі траплю ў спакайнейшае месца…
Тут апавяданне спынілася. Партызанскі генерал не мог гаварыць далей. Ягоныя таварышы, у каго перад вачыма прайшло ці мала чалавечага болю і гора, пакінулі крэслы і пасталі тварам да вокан: схавалі вочы, а перасмыквання плячэй утаіць не маглі.
Колас сядзеў каменна, з непрыпаленай папяросай.
— Даказвай хіба, — рэзкавата кінуў ён апавядальніку і чыркнуў запалкай.
…Алеся пацалавала Стэфку ў лабок.
— Мама, мамачка! — не ўтрывала дзяўчынка з горычы і страху. — Давай пойдзем, як ішлі. Нясі сабе Ірку, колькі ёй заманецца. Я ж і на паўкроку не астануся.
У Алесі ўсё гарэла ў грудзях, як было слухаць гэта слёзнае ўпрошванне. Яна схапіла на рукі Ірынку і бегма кінулася на дарогу. Памкнулася следам і Стэфка, але распухшая ножка не хацела ўлазіць у чаравік, дзяўчынка ступіла крок і села.
Жоўценькі матчын жакецік раз ці два яшчэ мільгнуў сярод рознакаляровых вопратак натоўпу і знік.
Што заставалася рабіць? Плакаць? Стэфка такі паплакала, але зусім трошкі: слёзы былі густа пасыпаліся з вачэй і нейкі момант яна нічога не бачыла. Твар стаў мокры, а ў горлейку перасохла, дый у кволай грудзінцы нешта сціснула і не адпускала. Але самотная дзяўчынка з надзеяй пазірала на дарогу, а можа, гэта ўсё зараз мінецца, жоўты жакецік зноў замільгае, наблізіцца, перад ёй стане маці, і яны будуць разам, усе ўтраіх.
Аднак чаканага цуду не адбылося, дзяўчынка сядзела на злежалай саломе і ўсё шаптала самой сабе ці нікому, проста ў прастор.
— А калі тыя добрыя людзі сюдою не будуць ісці? Або не захочуць забраць мяне? Ты тады прыйдзеш па мяне, мамачка?
Сонца бралася з паўдня, дзяўчынка перасела ў цень палявой ігрушкі, бліжэй да дарогі, каб хаця не абмінулі яе тыя паабяцаныя «добрыя людзі».
Захацелася есці. У пакінутым маці скрутку было некалькі драбкоў цукру, трошкі тонкіх скрылікаў шыпкі і з паўпачка дзіцячага пячэння. Мама казала шчадзіць ежыва — успомніла дзяўчынка і падзяліла свой прыпас на тры кучкі.
«Гэта на зараз, — гаварыла яна матчынымі словамі, — гэта — на вячэру, а гэта — назаўтра, на снеданне».
А потым? Потым «добрыя людзі» прыйдуць. Бо як жа яна будзе жыць адна?
Цешачы сябе спадзяваннямі то на раптоўны зварот маці, то на з’яўленне «добрых людзей», даседзела да змяркання. Стала боязна адной, трэба вяртацца на месца ўчарашняга начлегу.
Стагавішча не запуставала, тут зноў спыняліся перабыць ноч сагнаныя вайною са сваіх сялібаў людзі.
Стэфку хіліла на сон, яна падгрэбла пад сябе пасланую ўчора на траіх салому, што, здавалася, захавала цеплыню матчыных рук. Не паспела сплюшчыць вочы, як збоку каля яе прымасцілася шчуплая постаць і адразу роўна задыхала, як відаць, заснула.
«Вось і добра, — падумала Стэфка, засынаючы сама, — так смялей».
Абудзілася яна ад нейчага позірку. Поруч сядзела дзяўчынка гадоў пад дванаццаць з чорнымі валасамі і ружовым, быццам пасля зведзенага рабаціння, тварам. Няйначай тая самая, што прымасцілася каля Стэфкі нанач. Ага, вунь і каласок заблытаўся ў тонкай косцы.
Прышлая дзяўчынка кінула вокам на вузельчык са Стэфчыным харчам.
— Ты што, адна?
Стэфка кіўнула галавою і адсунула свой скрутак за спіну. Але ніякіх замахаў на яе дабро не адбылося, чарнявая толькі запытала:
— Чакаеш каго?
— Ага, — Стэфка пераказала матчыны словы пра добрых людзей, што абавязкова прыйдуць да яе на дапамогу.
— А сама яна, твая мама, дзе?
Стэфка паказала ў бок дарогі.
— З ёю Ірка, яна ў нас меншая. I… — дзяўчынка сумелася крыху. — Не ведаю яшчэ, хто будзе, сястрычка ці брацік…
Чарнявая хліпнула раптоўна адвільжаным носам.
— I я — адна. Я згубілася. Мама з цёткаю селі адпачыць у гайку, а я пабегла паглядзець, ці няма блізка рэчкі… Як бачыш вярнулася, а іх ужо няма.
Дзяўчынка гаварыла, ведаючы і ўсё яшчэ не верачы, што і яе пакінулі.
— Як цябе зваць? Мяне — Хіма.
— Як гэта — Хіма? — здзівілася Стэфка. — Можа, Хама?
— Не. Хама — кажуць на ката або на каня. А я — дзяўчына, Аўфімія, па-хатняму — Хіма. Ты тут ад учарашняга? А я ўвесь той дзень ішла сама. I бегла… Усё хацела сваіх дагнаць.
Лёсы дзяўчатак горка супадалі, і гэта гарнула іх адну да аднае.
— Есці хочаш?
Хіма выгарнула з газеты некалькі лустаў хлеба і ніштаваты кавалак каўбасы.
— Гэта мне адзін ваенны чалавек даў. Ён не мог ісці, нага прастрэлена. I ў цябе нага? На, еш.
— У мяне свайго ёсць, — Стэфка дастала рэшткі пакінутага ёй падмацунку.
— У цябе зусім мала. Схавай на потым. Будзем есці маё.
Пакуль елі, Хіма дапыталася і пра Стэфчынага бацьку, палітрука, і пра маці, фельчарку. Расказала і сама. Бацька іхні паехаў на Далёкі Усход, зарабіць. Ды там і застаўся, але грошы і лісты слаў. А то як бы яны жылі. Праўда, іх не забываў татаў таварыш, ён заставаўся ў доме, як свой. А як абвясцілі вайну, знік. Маці патужыла і выбралася ў дарогу з цёткаю.
— Вясёлы быў! — Хіма загарнула ў паперу астачу снедання. — Ты можаш крыху наступаць на нагу? Я табе трыпутніку прыкладу і тужэй падцягну панчохі. Вось так. А цяпер давай руку і пайшлі.
Стэфка напамянула матчын наказ чакаць добрых людзей.
— Лічы, што дачакалася. Добрыя людзі — гэта я. Нас абедзвюх кінулі, толькі цябе хоць папярэдзілі, а ад мяне проста ўцяклі…
Сапраўды, добрыя людзі не звяліся-такі на свеце. Пад вечар грузавая машына таксама з жонкамі і дзецьмі вайскоўцаў падабрала на шашы дзяўчынку Стэфку і дзяўчынку Хіму.
Палкоўнічыха, старшая па грузавіку, прыгарнула іх пад крыло. Яна прывезла сваю жаночую каманду да станцыі, а пасля, пракалыхаўшыся з паўмесяца ў цяплушках, даставіла ў невялікі гарадок на Урале і рассяліла па тутэйшых жыхарах.
Дзяўчатак-сірот яна пакінула жыць у сябе, чаму ад душы ўзрадаваўся і муж яе, палкоўнік, калі, выпісаўшыся са шпіталя, заехаў на некалькі дзён дадому.
…Вайна кіравалася пад заканчэнне, а да пакінутых дзяўчатак ніхто з блізкіх не аказваўся, самі ж яны, па невялікіх гадах сваіх, падбаць аб росшуках не маглі. Мала магла дапамагчы іхняя апякунша: людзі, раптоўна зрушаныя з дамовак, асядалі гэтак жа раптоўна, дзе ўдавалася прыперціся больш-менш прыстойна. Як тут будзеш расшуквацца ў гэтакай куламесе!
Да таго ж і Стэфка, і Хіма, хоць і большая, мала што маглі расказаць пра свае страчаныя сем’і. Стэфка пад час пераездаў згубіла матчыну хустачку і ў ёй — паперчыну, там былі напісаны імёны і прозвішчы бацькоў і самой малое: адкуль родам, дзе жылі, што рабілі да вайны.
Палкоўнічыха павойкала: як можна было не даць ёй на перахоў такую важную паперу. Паспрабуй цяпер шукаць, шляхі адсечаны амаль назусім.
Стэфка саромелася прызнацца гэтай добрай жанчыне, што хусцінка — адзіная памятка пра маці, перабівала гаркоту непрыгаслага ў дзіцячай душы адзіноцтва. Лягчэй было гараваць па бацьках, затуліўшы твар кавалкам паркалю ў бубачкі, які, здавалася дзяўчынцы, хаваў пах матчыных валасоў і дотык яе пальцаў. I, на табе, не ўсцерагла!
Пад канец зімы ў гарадок прыбыў вялікі эшалон з параненымі байцамі і афіцэрамі. Пад шпіталь абсталявалі будынак аўтадарожнага тэхнікума, і санітарны цягнік пайшоў сабе назад, у той бок, дзе наступалі — беглі, ехалі на танках і машынах, паўзлі па-пластунску — прасоўваліся наперад нашы часці.
Частка дактароў і сясцёр з цягніка засталася ў гарадку, мясцовай медыцынскай сілы не хапіла б на абслугу такой процьмы абнядужалых. На дапамогу шпіталю сталі хто толькі мог з мясцовых жыхароў, хоць не ўсе ўмелі рабіць нялёгкую работу — даглядаць хворых і прыбіраць за імі, калоць дровы, вазіць ваду і прадукты, варыць і смажыць у кухні.
Гэта было не ўсё. Параненыя, каго кулі і асколкі мінаў надоўга абвалілі ў шпітальныя ложкі, зазнавалі патрэбу суцешыць душу кропляю мастацтва, хай сабе і самадзейнага, пабачыць свежыя твары, пачуць іхнія галасы.
У шпіталі асабліва былі рады школьнікам. Прыбягуць, пачытаюць газету, паспяваюць песенек, хто як умее, а каму ўдасца вырасціць, прынясе кветку хатняй герані або якое іншай цвітучай расліны.
Аднае нядзелі сабраліся ў шпіталь і Хіма са Стэфкаю. Павыпрасоўвалі небагатыя свае сукеначкі, старанна зачасалі валасы перад люстэркам.
Палкоўнічыха дала ім новую хустачку з гардэроба свайго мужа і пачак папярос «Казбек» з яго курцоўскіх фондаў: хай падаруюць тым, з кім павядзецца размова.
У прахадной шпіталя іхніх прозвішчаў не запісвалі, запыталі, як зваць і з каторага класа. Дзяжурная дакторка пацікавілася, ці не прыезджыя яны. Дазнаўшыся, што прыблукалі сюды аж з-пад Навагрудка, сказала ісці ў палату № 12, адшукаць земляка, лейтэнанта Сцяпана Роліча. Ён туга ідзе на попраўку, моцна трывожыцца за маладзенькую жонку і бацьку з маці. Беларускае мястэчка, дзе яны жылі, згарэла да апошняга бярвенца, і дачуцца чаго-небудзь пра сваякоў — не дачуешся, там скрозь зона акупацыі.
Дык, можа, ён адцягнецца ад цяжкіх сваіх думак, калі раскажуць, як вучацца, пачытаюць вершаў і паспяваюць крыху. А то ён спіць і ў сне бачыць сваю адлучаную падзеямі сям’ю.
Сястра прывяла дзяўчатак у палату № 12. Гэта была, відаць, у свой час самая большая аўдыторыя тэхнікума, зараз сюды ўлезла дзесяткі са два коек.
Ложак Роліча стаяў далекавата ад акна. Не прыўздымаючыся на локці, як рабілі іншыя, што ляжалі бліжэй, ён мог глядзець на вершаліны дрэў і заснежаныя дахі.
На словы нянькі, маўляў, да вас госці, лейтэнант павярнуўся. На чыста паголеным белым абліччы чырванеў пісаг, як відаць, след апёку.
Дзяўчаткі далі «добры дзень» і стаялі разгубіўшыся — не ведалі, аддаваць свае падарункі зараз ці крыху пачакаўшы. Роліч выслабаніў з-пад коўдры здаровую руку, павітаўся і запрасіў прысесці. Табурэцік стаяў у нагах, і аднаго акурат хапіла, каб сесці Хіме і Стэфцы.
— Не памерзлі, ідучы сюды? — запытаўся лейтэнант: шпіталь быў на ўскраіне, даволі далёка ад абжытых гарадскіх вуліц.
Дзяўчаткі загаварылі адна перад другою: яны ішлі хутка-хутка і холаду не пачулі ці, можа, мароз паменшаў.
Першае збянтэжанне мінулася, і Хіма стала, зусім па-даросламу, падала раненаму папяросы і хустачку.
— Гэта ад нас. Спадзяюся, вам падабаецца «Казбек»?
— О! — здзівіўся лейтэнант. — Так бы і пусціў дым, каб не ў палаце. Бачыце, колькі нас тут? I ўсе — заядлыя куракі. Калі б задымілі ўсе, дык і з супрацьгазнікам не патыкайся.
Роліч шырока і мякка пасміхнуўся: на жаль, яму хадзіць яшчэ амаль не дазваляюць, добра, калі хоць раз на дзень выпрасіцца пакурыць у калідор.
Нядаўні педагог, філолаг па адукацыі, ён, прыслухаўшыся да мяккага вымаўлення сваіх госцяў, з радасцю пазнаў сваё з імі зямляцтва.
Сімпатыя ўзнікала ўзаемна. Дзяўчаткі і не агледзеліся, як вылажылі новаму знаёмаму ўсё. Што за школа ў іх, у якіх класах вучацца і што з прадметаў падабаецца больш: Стэфка любіць чытаць, Хіма не выпускае з рук задачніка.
Дазнаўся Роліч і пра іхняе жыццё ў родных мясцінах, расказалі пра сваіх мам і татаў. Само сабою неяк выплыла тое, пра што лепей было змоўчаць, што дасюль гарэніла: якім чынам яны сустрэліся і з кім трапілі сюды.
Лейтэнант слухаў і хмурнеў, не мог жа ён выказаць перад малымі сваё засмучэнне: маці кінулі дзяцей, у такой бядзе, перад невядомым лёсам і прасторамі.
— Так, — працягнуў ён, перамогшыся. — Выходзіць, мне пашчасціла пакаштаваць палкоўніцкага «Казбека»?
— Не, гэта ад цёці Галі, жонкі Івана Васільевіча. Сам палкоўнік паехаў. На тым тыдні яшчэ.
— Іван Васільевіч? — Роліч прыўзняўся: — А як прозвішча яго.
Пачуўшы адказ, паспакайнеў:
— Не той… Імя і званне супадаюць. Я быў падумаў, ці не наш камандзір дывізіі. Людзі на фронт вяртаюцца, — ён уздыхнуў. — I мне пара б. А тут ляжы, як мех з бульбаю.
Дзяўчаткі пазіралі адна на другую, бо што тут сказаць? Стала смутна. Як ён гаруе з бездапаможнасці свае, гэты сінявокі чалавек.
Роліч схамянуўся: навошта разварушваць малыя сэрцы, яны ж і так збалеліся. Падбадзёрваючыся, сказаў:
— Я праўлюся ўжо, і добра праўлюся. Калі ніхто з сясцёр не бачыць, падымаюся і пакрысе хаджу. Гэта — вам на вушка, каб дактары часам не ўчулі.
Абедзве дзяўчынкі павесялелі: яны як быццам апынуліся ў змове, ды яшчэ з дарослым, франтавіком. Стэфка засмяялася не хаваючыся, а Хіма пырснула ў кулачок, аднак зрабіла выгляд, нібыта кашлянула:
— А вы сабе хадою не пашкодзіце?
Ад сур’ёзнасці тону і зусім недзіцячага пытання падвесяліўся і лейтэнант.
— Толькі не забывайце пра мяне. Будзеце добра апекавацца, як бачыш стану на ногі. Тады наладзім канцэрт для ўсяе нашай палаты. Каторая з вас на гітары ўмее? Няўжо ні адна? Што ж, іграць буду я, а за вамі — песні.
Палатныя дзверы расчыніліся, пагнаўшы перад сабою густы пах ёдаформу і карболкі.
— Сястра! — шапянуў Роліч. — Ці не па вашы душы? Нічога, вытаргуем у яе паўгадзінкі. Ці вам надакучыла?
Стэфцы вельмі падабалася тут: з імі гавораць, як з раўнёю, нават давяраюць сакрэты. Зірнула на Хіму, тая, відаць, вагалася і толькі пасля маўчанкі прамовіла:
— Вы ж яшчэ хворы.
Дзяўчына ў белай хусцінцы прынесла Ролічу халат.
— Надзявайце ды ў перавязачную. Вас будзе прафесар глядзець.
— У мяне ж госці, — прымаючы заклапочаны выгляд, сказаў лейтэнант. — Мы сама разгаварыліся, вы ж бачыце. У гонар мае выпіскі мяркуем наладзіць канцэрт. I запрашаем вас, Манюрачка, выстукаць сваімі абцасікамі казачок…
— Яшчэ што прыдумайце! — махнула рукою сястра. — Пойдзем!
— А што новага мне скажа прафесар? Мы ж бачыліся з ім пазаўчора.
— Чыстае дзіця! — паціснула плячыма сястра. — Напэўна ж, прафесар лепш ведае, як вас хутчэй падняць.
Роліч здаўся:
— Манюра, будзьце такая разумненькая, прыйдзіце па мяне трошкі пазней. У нас з зямлячкамі — справы больш неадкладныя.
Асуджальна пагразіўшы пальцам, сястра схавалася за дзвярыма. Роліч, не ўстаючы, дацягнуўся да тумбачкі і дастаў плітку шакаладу.
— Табурэтка адна на дваіх і шакаладка таксама. Не крыўдуйце, час ваенны…
Скончыць ён не паспеў. Па праходзе паміж ложкамі шпаркім крокам набліжалася жанчына ў нейкім асабліва белым і хрусткім крухмальным халаце.
— Займайце кругавую абарону! — шапянуў лейтэнант і ўголас дадаў:
— Знаёмцеся: старшая сястра, Аляксандра Мікалаеўна.
— Як можна, Роліч! Якія там госці! — сарамаціла яна лейтэнанта. — Час наведванняў скончыўся. А ў прафесара ўсе хвіліны распісаны.
Цвёрды ўладны голас выключаў усякія пярэчанні. Зачуўшы яго, Стэфка адбеглася, стала за сяброўкай і моўчкі глядзела на жанчыну, сціскаючы збялелымі пальцамі жалезную спінку койкі.
Маці! Дзяўчынка пазнала яе здалёк, як толькі ўвайшла. А калі абазвалася, Стэфчына сэрца закалацілася і перад вачыма паплыло. Што ёй рабіць? А можа, не пазнае?..
— Не марудзьце, Роліч. Вы, дзяўчаткі, прыходзьце праз тыдзень…
Суровы голас раптам абарваўся, храбусткі халат зламаўся ў стане, жанчына сустрэлася са Стэфкай вачыма і кінулася перад ёю на калені.
— Дачушка мая! Знайшлася! Нарэшце! — Яна ўпохапкі цалавала дачку. — Пойдзеш зараз са мною. Ды ты ж вырасла!
Аляксандра Мікалаеўна паднялася, узяла Стэфку за руку і намервалася весці з палаты, але кінула позірк на Роліча і сказала, ці то хочучы нешта растлумачыць яму, ці то каб апраўдацца ў разлуцы з дачкой перад усёю палатай — параненыя міжволі прыслухоўваліся да размовы:
— Вырасла… Праўда, не адзін дзень мінуў, калі мы… калі ты засталася…
Хіма ўстала, хутчэй ускочыла, выпрастаўшыся ўсім сваім пругкім цельцам:
— Што ж яна там, у чыстым полі, сваёю ахвотаю засталася?
— Не! — у голасе Аляксандры Мікалаеўны наспявала сляза. — Не, але ж я растлумачыла, не ўцякла ўпотайкі…
Стэфка вызваліла руку з матчынай і адышлася ўбок.
— Ты ж можаш дараваць мне? — Жанчына скамячыла хустачку. — Ці не хочаш? Я шукала цябе. Куды толькі не пісала, у каго не распытвала. Пойдзем, пашкадуй сваю бедную маці…
— Яе пашкадавала вось гэтае дзеўчанё, — пачуўся нечакана выгук Роліча. — Мала большае…
— Я пад яе прозвішчам жыву. — Стэфку зноў закалаціла, але змоўчаць яна не магла. — Яна ўвесь час са мною была, як маці.
— Дарослая маці і малая маці, — Роліч гаварыў нібыта сам сабе. — Малая чужая маці, — ён накрыў далонню Хімчыну руку.
— Не чужая, зусім не чужая! — Стэфка прыхінулася да Хімы і праглынула слёзны камячок. — Гэта яна… — Зірнула на збялелую сваю маці, якой так жорстка выракалася, і не дакончыла, не вымавіла забойчага слова.
Аляксандра Мікалаеўна стаяла з апушчанай галавою. Не магла гаварыць, хоць і кіпелі яны ў горле, словы просьбы, перапрошванне, абяцанне акупіць сваю правіну перад дачкою, што цяпер не хацела прызнавацца да яе.
На вачах пакамячыліся, сталі здавацца анучамі шпітальныя ўборы: фасоністая дакторская шапачка і адмысловы белы халат. Павярнулася і пайшла. Ужо не тым упэўненым крокам гаспадыні, а цяжка ступаючы, хадой вельмі знясіленага чалавека. Раптам, поблізу ад дзвярэй, заспяшалася і пабегла, каб не разрыдацца пры ўсіх.
Роліч накінуў халат і ў роздуме глядзеў за акно. Няветлая і снежная, не хацела пакідаць гарадок зіма. З дахаў мяло, і, здавалася, тут, у цёплым пакоі, чуваць, як на вуліцы запявае завея. Адпускаць зараз сваіх наведвальніц без парады, не паспагадаўшы, лейтэнант не мог, а што зрабіць і сказаць — не ведаў.
— Давядзецца ісці на агляд, — нарэшце вымавіў ён. — Ану, пашанцуе: удасца хутчэй вырвацца. Прысядзьце на адыход, мае мілыя госці…
Адлучаючы слова ад слова, паўтарыў:
— Малая чужая маці… А можа, ты яшчэ падумаеш, Стэфа?
Генерал скончыў. Размова крыху паджывілася. Адны з слухачоў схіляліся да таго, каб абараніць маці, другія стаялі на баку малой дачкі.
Колас доўга і цяжка маўчаў, ні да кога не далучыўся і свае думкі не падаў. Нечакана перавёў размову на гаспадарчыя рэйкі: вакол горада кепска выбіраліся тарфянікі. На тым і развітаўся.
Не абазваўся і дома назаўтра. Гэта здалося мне невыпадковым. Забыць такую гісторыю ён не мог, значыць, вагаецца, перш чым выказацца наконт пачутага.
Прачытай ён апавяданне з падобным сюжэтам у каго-небудзь з пісьменнікаў, можна паручыцца, не паверыў бы. Хоць добра ведаў: пад час адступлення і эвакуацыі самыя неверагодныя выпадкі разлучалі жанок і мужоў, адрывалі дзяцей ад бацькоў.
А тут — усё абдумана! Маці пакідае дачку на цяжкія выпрабаванні і ўтлумачвае, яшчэ малой, нібыта іначай нельга, — больш справядліва ахвяраваць кім адным, чым гінуць траім. Нават чацвярым — жанчына хадзіла ўцяжку.
Лягчэй было сысці паціху, крадком, не рвучы сэрца ні сабе, ні дзяўчынцы. Каб жанчына эгаістычна дбала пра палёгку сабе, чаму тады яна кінула большую дачку, а не меншую, з якою было больш клопату, — зморвалася, трэба было несці на руках. А адмахнуцца, схавацца ад гэтай — прасцей. Так, як было з Хімай: адбеглася на хвілінку і — ні маці, ні цёткі.
Стала зразумела: ні таго, ні другога варыянта Колас душэўна не прымаў, не мог выносіць на чытацкія вочы. Хай сабе выпадкі выключныя, але пад імі надзейны грунт — так сапраўды было. Але ж сутнасць праўды занадта жорсткая, веры не будзе.
Праз некаторы час я трапіў на размову Канстанціна Міхайлавіча з сынавым сябрам, ваенным інжынерам, хутчэй, як кажуць, на разгрэбіны гаворкі. Не цяжка было здагадацца: Колас правярае, а што скажа пра гісторыю Алесі чалавек, далекаваты ад літаратуры, затое тонкі і разумны.
Той паверыў. I не асудзіў ні маці, ні дачку: у кожнай свая праўда. Як можна асуджаць чалавека за праўду?
Колас, відавочна, быў усцешаны. Гэта, напэўна, супадала з яго развагамі, парывала на работу.
— Ты, відаць, нататкі зрабіў, — ён зірнуў на мяне спадылба. — Добра быць запаслівым!
Госць адвітаўся, мы перайшлі ў кабінет.
— Здарэнне смутнае і праўдзівае. А вось паспрабуй абгрунтуй псіхалагічна: што думала тая маці-няшчасніца. Так, так, няшчасніца, іначай пра яе не думаю. Тут абгрунтавання доўга шукаць.
Канстанцін Міхайлавіч задумаўся:
— Дзядзька Антось казаў мне калісьці: людзі пазнаюцца польна і хлеўна, людна і хлебна. Што разумеў пад гэтым? Зараз скажу. Добра ўроблена ў цябе поле, узарана без агрэхаў, выбаранавана да апошняга каменьчыка, дык ты варты зямлі. Вось і ўвесь сэнс слова польна.
Хлеўна — само свой змест вылузвае: хлеў цёплы, падасланы, у жывёлы бакі не карэлыя, і ліняе яна хутка, неўзаметку.
Людна, гэта слоўца асабліва любіў дзядзька, значыць, што твае хаты людзі не мінаюць, хата заўсёды чалавеку рада.
Ну, і хлебна: калі хлеб на стале не зводзіцца: і самому ёсць з’есці, і госця ўчаставаць.
Канстанцін Міхайлавіч заўважае, што яму ў маладосці такі спосаб распазнаваць чалавека вельмі падабаўся, дазваляў выявіць самыя характэрныя рысы.
— А цяпер?
— Цяпер, думаю, галоўнае — што ў цябе ў сэрцы і ў галаве. Ёсць там дабро і думка, дык жывёла будзе не ў крыўдзе, і на полі зародзіць, дый на стале знойдзецца ежа і пачостка.
Колас прыкідвае.
— А там ужо, як пачнуць твае героі жыццё на паперы, будуць гаварыць, усміхацца, пяро само ў належны бок іх павядзе. Добра той хлопец казаў, — ён успамінае суразмоўніка-інжынера, — праўда не можа не выплысці на паверхню.
Выходзіць, запомніў, усё абдумаў Якуб Колас, а не напісаў. Чаму? Можна спаслацца на гады, на частыя захворванні. Аднак жа вывеў у людзі не менш цяжкую гісторыю асірацелай хаты ў апавяданні «Між дзвюх рэчак». Што тады тут? Ці не ўзнікла думка пра твор большае прасторы, у якім бы расстанне і сустрэча маці з дачкою сталі б толькі эпізодам. Можа, так, а можа, проста не паспеў.
Разбіраючы даўнія паперы, я натрапіў на сумныя запісы пра Алесю і Стэфу, знайшоў, расчытаў, што думаў пра іх Колас.
Як мог і ўмеў, пераказаў.
Няўжо толькі адзін ліст за ўвесь гэты, вялікай турботы — 1925 — год напісаў Якуб Колас. Такі шчодры на ўвагу і спагаду да людзей чалавек, што і да сходу дзён не мог уявіць, каб звернутае да яго слова — просьба, запытанне, сяброўскі водгук — засталіся без адказнага водгуку, парады, дапамогі.
Хутчэй за ўсё, апрача таго ліста-сіраты (Збор твораў, т. XIII, с. 58–59), пісаліся і другія, але дзе ім было захавацца! Безліч сцюдзёных вятроў прашумела над галавою, мноства камяністых дарог адолелі ногі, адна вайна чаго варта! I лісты панішчыліся, пагінулі недзе, магчыма, разам з адрасатамі. А можа, чакаюць свае пары ў нерасшуканым спраце, нерасчытаныя (каб жа!), ці ляжаць прыхаваныя і некалі возьмуць ды аб’явяцца, узрадуюць другім сваім нараджэннем на белы свет.
Што ні кажы, як ні цеш сябе салодкай марай аб знаходцы, а менавіта адсутнасць перапіскі падштурхнула думку пахадзіць па Коласавых слядах у 1925 годзе. Такога клопату не задаваў яшчэ ніводзін факт біяграфіі.
Колас увайшоў у абсягі ягонага папярэдніка 1924 года, будучы аўтарам дзвюх тоўстых кніг: «У Палескай глушы», аповесці, якая пачала сабой трылогію «На ростанях», і паэмы «Новая зямля», што стала ў галавах таксама своеасаблівай трылогіі, вершаванай, хоць і не звязанай фармальна падобнасцю тэмы і лёсам герояў, — маю на ўвазе трыкутнік: «Новая зямля», «Сымон-музыка», «На шляхах волі» (апошняя рэч недавершана).
Зразумела памкненне аўтара як мага хутчэй далучыць да дзвюх выпушчаных і трэцюю работу. Паэму-песню пра закіданага лёсам, але пазначанага скарбам таленту малога музыку Сымона.
Прадчувалася, што, стаўшы поруч, гэтая тройца складзе надзейнае творчае апірышча, выведзе ў людзі аўтара, а пашчасціць — і літаратуру.
Так яно і сталася, але праз немалы час і не без смешнаватых, на цяперашнія ўяўленні, перашкод, што выгароджваліся, каб заступіць дарогу да чытацкага сэрца Коласавым героям: працавітаму лесніку Міхалу, яго брату, паэту ў душы, Антосю, усяму вывадку хлопцаў і дзяўчатак з леснічоўкі, а таксама хлапчуку высокай здольнасці Сымону і настаўніку, бунтару, шукальніку свабоды Андрэю Лабановічу.
Як і належала чакаць, час па заслугах абышоўся з вульгарызатарскімі выгарадкамі, што некалі стаўляліся калючымі пёрамі і літаратурнымі чынамі выпадковых для літаратуры людзей. А тады Коласу не сказаць каб было лёгка, галоўнае, крыўда агортвала: адкуль такое неразуменне і ператлумачванне ягоных намераў: у творах жа зусім празрыста высветлена горкая доля працоўнага чалавека з яго марай аб кавалку зямлі, а кажучы шырэй, наогул прасторным шляху да новай зямлі, дзе скасуецца няроўнасць, зажывуць у дастатку людзі працы, а таленты не будуць марнець і прыслужваць тлустаму чэраву.
Такіх, што добра зразумелі, прынялі «Новую зямлю» ў сэрца, было больш. Гэта, перш-наперш, чытачы паэмы, настаўнікі, Коласавы вучні — студэнты і слухачы шматлікіх курсаў. А шмат каму і шмат дзе ён чытаў твор сам, не шкадуючы сілы і часу. У друку сказаў важкае слова прафесар I.I. Замоцін. Малады Кузьма Чорны пачаў спеліць мару — напісаць пра паэму кнігу, відаць, эсэ. Намер гэты ажыццявіўся далёка не цалкам, у невялікім артыкуле «Вялікі паэт беларускага народа», а больш — у безназоўным урывачку-накідзе, але са звычайным для Чорнага размахам адгарнуць вялікую скібу ў прасторах часу.
Абедзве паэмы ішлі ў Коласа як быццам навыперадкі. Задумваліся ў адзін час, яшчэ ў царскім астрогу, тады і запісваў патроху. То адна вырывалася наперад, то другая, гэта сведчанне аўтара занатавана ў папярэдніх раздзелах мае кнігі.
Нарэшце верх узяла «Новая зямля», выйшла асобным выданнем. Другая паэма, хоць і друкавалася часткамі, патрабавала строга прадуманага заканчэння, апрацоўкі, а то і перапрацоўкі, бо тое-сёе ледзь не адразу пераходзіла з думкі на белавік. Прыперціся настала не было калі і не было дзе, часам мерзлі рукі ды чатыры душы сям’і жывіліся адной бульбай: 21 бульбіна ў тыдзень, не больш і не менш!
Але гэта засталося ў горы і нястачах грамадзянскай, на Куршчыне. У Мінску, калі «Новая зямля» і «У палескай глушы» сталі кнігамі, зноў зарупеў лёс малога скрыпача, і ён 10 месяцаў не адступаўся ад вачэй.
Час ішоў, і Сымон быў амаль гатовы заняць пасад поруч з дзядзькам Антосем і Лабановічам. Да заканчэння паэмы заставаўся літаральна крок, толькі як зрабіць яго!
Колас паехаў у Кіславодск, падлячыцца дый паправіцца не шкодзіла б. Жартаваў, пішучы адтуль жонцы: «Як засеў на 3 п/удах/ і 28 ф/унтах/, дык ніяк не магу падняцца вышэй» (т. XIII, с. 56). Не пра сябе ён думаў, а цэлы месяц дбаў, каб дадаць вагі, духоўнае, вядома, свайму герою.
Праца адбірала сон і спакой, дый разнастайных ваганняў ставала.
Ці не зацесна задуме ў пяці частках? Ці ўдала вызначаў ён на пачатку работы такі падзел? Не зусім на ўзор вялікага Дантэ зрабіў, хутчэй паводле этапаў свайго жыцця: ад шчаслівага бытавання ў бацькоўскіх леснічоўках («Рай»), праз кароткае настаўнічанне, дзе адчулася кроўнае сваяцтва з народам («Чысцец»), да мулкіх нараў турмы («Пекла»). Потым зноў трапіў у «Чысцец», а той «Рай» ці будзе?
Гэта адно, што да пабудовы твора. Трэба ўзважыць, як напісана ўсё, перш-наперш заканчэнне. Колькі разоў перараблялася яно, ці ўзышло хаця цяпер на цвярдзейшы грунт?
Першы варыянт і дагэтуль здаваўся павабным: Сымон зайграў і дзяўчына Ганна — яго будучыня — абуджаецца, выходзіць з труны. Але што ж атрымліваецца? Музыка — наймагутнейшая спраміж магутных сіл, а трывае яе ўздзеянне зусім нядоўга: скончыў граць хлопец, і дзяўчыну зноў прыняла зямля, а яго самога агарнуў неабудны сон каля дарагога курганка сяброўкі.
Знайшоў яшчэ адно выйсце: ажывіць Ганну ігрою ды хай абое разам кіруюцца яны па жыцці. I што ж? Праз гэта Сымон, як заўважыў Колас ва ўспомненай вышэй маёй аповесці, стаў выглядаць «смешным цудатворцам». Такая праява пацягнула твор задалёка назад, у мінулае. А крытыка і так ківала пальцам, гразіла, маўляў, у паэме «рэлігійная настроенасць».
I вось у Кіславодску заканчэнне набывае свой зараз усім вядомы выгляд. Гранне выводзіць Ганну з часовага здранцвення, і малады музыка з яго абранніцай рушаць у невядомыя прасторы. Крочаць разам: ён сам і ягонае жыццё, ягоны лёс — будучыня.
Аднак сумненні не развейваліся канчаткова: ці ўсё дасканала даведзена да ладу, ці не страцілася якое каліва з ранейшага абдумвання і пісання?
Трэба праверыць, і не абы-як, а на многія вочы і вушы. I Колас чытаў апрацаваныя раздзелы, выбіраючы самых суровых суддзяў.
10 ліпеня 1924 года, управіўшыся з работай і заказаўшы білет на ад’езд дадому, Колас з палёгкаю ўсміхаецца ў лісце да жонкі: «Сёння занёс… у цэнзуру апошні раздзел…»
Усмешка ўсмешкаю, а слова «цэнзура» ўжыта нездарма. Перапісаны напярэдадні раздзел паэмы Колас аддаў у рукі сапраўды суровага суддзі, у далейшым рэдактара газеты для сялян і аднаго з сваіх крытыкаў, якраз таго, хто рабіў закіды ў містычнасці твора.
I што ж адбылося? Першы чытач «…прыйшоў у цялячую радасць і вельмі хваліў канец і ўсю апошнюю главу, з пачатку да канца. Толькі два словы выклікалі ў ім цэнзара: „Нават ночка багамольна чолам знізілася ў дол“ і „Кудры светлыя анёлка“. Гэтыя словы так і засталіся ў ліку „оглашенных“».
Колас відавочна пакеплівае з прычэпкі, хоць і была яна, трэба думаць, катэгарычнай: вокліч «Оглашенные изыдите!» пад час царкоўнай імшы азначаў, што ўсе іншаверцы павінны выйсці, пакінуць маленне. Адсюль вынікае, што ад успамянутых вышэй слоў раілі рашуча пазбавіцца.
Крэсліць не хацелася, а ўсё ж «анёлак» знік, радок быў перайначаны: «Кудры ранічнага золку».
Шчаслівы стан, у якім хадзіў Колас, закончыўшы шматгадовую работу, падмацаваны амаль безагаворачнай пахвалой, на жаль, трываў нядоўга. Праз некалькі дзён на станцыі Ціхарэцкая ў яго ўкралі чамадан, а разам і рукапіс.
Колас выглядаў у тыя часы больш чым сціпла. Пінжачок, не на заказ, а міншвееўскага вырабу, такі самы канфекцыйны плашчык, кашуля не заўсёды пад гальштукам. Самы неспрактыкаваны зладзюжка ніяк не мог палічыць яго за нэпмана, магчыма, наведаўся б, так сабе, каб рукі не гулялі і спрыту не трацілі, у кішэнь нядбаламу пасажыру, і не больш. Бо цягнуць у такога чамадан, як кажуць палякі, не варта грэху. Чым людскім там разжывешся!
Што праўда, то праўда! Чамадан быў спраўлены аж пры атрыманні прапаршчыцкага чыну: і гадоў ставала і вандровак. Ездзіў у Перм, на румынскі фронт і назад, калясіў па Куршчыне, нарэшце вёз рэчы на радзіму, потым у Слуцк, на дачу дый ці мала яшчэ куды.
Які ж мог мець выгляд гэтулькі паслужыўшы куфэрачак, што трымаўся ў карыстанні выключна праз ахайнасць гаспадара, ды нелюбоў развітвацца з чым-небудзь абвыклым. Павабнай такую рэч ніяк не назавеш, і, вось маеш, некага спакусіў. Не мог жа той «нехта» ведаць, што пад векам чамаданчыка таіўся неацэнны скарб, а каб ведаў, усё роўна гэты скарб быў без патрэбы. Як ні сілься, — не прысвоіш, не агалосіш, не абвесціш работаю ўласных рук. Сапраўдны ж уласнік рукапісу, прызнаваўся сам у лістах, быў выбіты з сядла.
Колас моцна затужыў і, як мог, кідаўся на росшукі, даваў аб’явы ў газеты, пісаў на месца здарэння. З Растова-на-Доне абазваліся, «што частка рэчаў і ў тым ліку рукапіс знойдзены». I ўсё па ўсім. «Да гэтага часу ніякага адказу на мае запытанні і тэлеграмы няма» (ліст ад 14 жніўня 1924 г.).
I Колас просіць былога суседа па турэмнай камеры, куды яны трапілі за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе, Я.С. Бязмена (Сымон Тургай у трылогіі «На ростанях»): «калі гэта не так далёка і зручна табе, навядзі ты спраўкі на ст/анцыі/ Растоў-на-Доне»… Далей называецца прозвішча работніка службы лінейнай бяспекі, відаць, таго самага, што падаў вестку, нібыта рукапіс знойдзены.
Колас не разумеў: калі рукапіс праўда знайшоўся, дык куды ён мог падзецца зноў: ні ценю, ні следу. А была ж — кніга! Гатовая да друку, прачытаная перад многімі людзьмі, з радасцю прынятая імі. За кожнай яе старонкай стаяла процьма дзён, праведзеных у няволі, галодных, халодных, безадпачынкавых і такіх самых бяссонных начэй. Колькі іх там магло змясціцца ў прамежак часу ад напісання першага радка да апошняй кропкі ў Кіславодску! І падумаць страшна!
І яшчэ была прычына засмучацца. У 1924 годзе Колас падбіваў рахункі недакончаным работам, расчышчаючы, як кажуць, аператыўную прастору, вызваляў стол, словам, рыхтаваўся ў новыя задумы, на сустрэчы з новымі героямі, якія дасюль не завітвалі на ягоны ганак.
Педагог па адукацыі і па душэўнай схільнасці, Колас, вярнуўшыся з Куршчыны, неўзабаве едзе ў Слуцк знаёміцца з настаўніцкімі курсамі. Увосень наступнага года пачынае навучаць будучых настаўнікаў методыцы мовы ў Белпедтэхнікуме. Налета вакацыі прывялі яго зноў у Слуцк — займацца з сабранымі там на курсы настаўнікамі. Новы навучальны год Колас сустракае ўжо на кафедры роднай мовы ва універсітэце, становіцца выкладчыкам педагагічнага факультэта.
На ўсіх дарогах, ва ўсіх думках і справах паэта — моладзь. Акрыленая здабытай свабодай жыць, вучыцца, перабудоўваць жыццё, карчаваць старызну, сцвярджаць сябе ўчынкамі, моладзь была ахоплена прагай подзвігу, гатовая скрышыць усе перашкоды ў хадзе маладой дзяржавы сваім невычэрпным энтузіязмам, юнацкім запалам, памкненнем у будучыню.
Моладзь гарнулася да Коласа, плаціла за ўвагу і клопат аб сабе адданай любоўю, а ён, паэт, не менш любоўна гарнуўся да моладзі. Нездарма ж правёў усё сваё жыццё з дзецьмі, спачатку малымі палешукамі, пасля з селавымі хлапчукамі і дзяўчаткамі Куршчыны, ужо не такімі прыбітымі, як тыя палескія вучні, а незраўнана пажвавелымі, у чые лёгкія трапіла кастрычніцкае паветра.
Зараз Колас бачыў моладзь, якая добра адчула, што кастрычніцкае паветра трымае яе крылы — можна ляцець! Куды хочаш і як высока зможаш, колькі набярэш сілы і ведаў для самастойнага лёту.
У той час Коласу ледзь-ледзь зайшло за сорак. Ні занадта сталым, ні змораным ён сябе не адчуваў, так і да астатніх дзён захаваў тыя ж пільныя на ўсё новае вочы, маладое захапленне ўсім свежым і сапраўдным: добрым жытам, здольным чалавекам, спелым радком.
А тады, прымаючы ў сэрца абліччы, паводзіны, словы сваіх шматлікіх выхаванцаў, міжволі натуючы ў памяці неацэнныя для пісьменніка падрабязнасці іхняга жыцця, тое, што прыбавілі і ўзгадавалі ў іх асобах паслярэвалюцыйныя гады, Колас поўніўся цёплым бацькоўскім пачуццём. Дзякуй лёсу, гэтыя маладыя маюць усё, чаго быў пазбаўлены ён, — вольна дыхаюць, узбагачаюцца духоўна, а перш за ўсё — завуцца людзьмі! Годнасці звацца чалавекам ён на ўсю сілу дамагаўся, пішучы вершы, выкладаючы ў закінутых школах, абуджаючы дух вольнасці ў сялянстве. А цяперашнія маладыя маюць багата і будуць мець яшчэ больш.
Значыць, заняўшы ў свае творы малады, спеўны, здольны на многія справы гурт, ён не толькі выканае пачэсны абавязак ісці і расці з тымі, хто ідзе і расце сёння, ён спагоніць сваю смагу па ўсім, чаго калісьці не ставала ягонаму сэрцу і што прыйшло да моладзі зараз, як быццам неўзаметку, само сабою, а стала сваім навечна.
Адзін тлум маладых людзей змяняўся перад вачыма другім, яны турбавалі і непакоілі Коласавы думкі: раскажы пра нас, хто мы, што мы, куды мы ідзём, чаго дамагаемся. Колас слухаў і думаў: з ім гаворыць сам час, патрабаванні — справядлівыя, а як жа Сымон, яго даўні сябар і ўлюбёнец? Дык пачакайце, міленькія, вось дам яму рады, тады адразу вазьмуся за вашыя душы. Сымон даўжэй чакаў, а вы, а вам нічога не зробіцца, калі пачакаеце, пасталееце толькі.
Карацей кажучы, Колас падышоў усутыч да аповесці «На прасторах жыцця», развязваў сабе рукі, не хацеў нічым займаць душу.
Марылася, вось вернецца з поўдня, крыху агледзіцца, і над сталом, пераходзячы на чыстыя аркушы, залунаюць развагі і сумняванні спаважнага Сцёпкі, зазвініць шчабятанне Алёнкі і ўсіх іхніх таварышаў і таварышак.
I трэба было ж усім гэтым спадзяванням і марам раптоўна парушыцца, адбегчыся на невядома які час, у невядома якія далечы.
Але страчаны рукапіс не знаходзіўся, надзеі на зварот больш не памáнваліся. Колас, ён пазней адзначыў горкую страту ў аўтабіяграфіі, у жніўні сеў аднаўляць паэму, а дакладней — ствараць яе трэцюю рэдакцыю.
Праца моцна выснажвала: знайшоў радок — успамянуў ці склаў нанова, — а ўсё здаецца ранейшы, у тым рукапісе, лепшы быў. Гэта вельмі зморвала. Выгадваў часіну адпачынку, але вельмі ўмоўнага — браўся за лягчэйшую работу. Парадкаваў апавяданні, з імі таксама хапала клопату, асабліва з друкаванымі ў «Нашай ніве», дый навелы апошніх гадоў не менш патрабавалі вока. З тых даўнейшых і пазнейшага часу напісання твораў склаліся аж чатыры кніжкі: «Першыя крокі», «Крок за крокам», «У ціхай вадзе», «На рубяжы». Адны былі здадзены ў друкарню, другія ўсё яшчэ праглядаліся, да таго ж хацелася «Казкі жыцця» выдаць па-людску і п’есу «Забастоўшчыкі» дарэшціць.
Гэта рабілася, вядома, калі дазваляў адступіцца ад уласнай асобы нешчаслівы Сымонка.
З ім Колас перайшоў і ў наступны, 1925 год. Калі і як была скончана работа? Тут нам дапаможа той адзіны за ўвесь год ліст, пра які ўжо гаварылася спачатку.
У аўторак 3/16/ чэрвеня Колас паведамляе жонцы: «С/ымон/-м/узыка/ ужо ў друкарні. З пятніцы ляжыць…», гэта значыць, з 12 чэрвеня.
Мінула ўсяго чатыры дні, а пісьменніку здоўжылася немаведама як, яму нецярплівіцца: «Колькі праляжыць там, сказаць трудна. Напэўна, нядзелі са дзве…»
Колас мала памыліўся ў разліках: паэма ўбачыла свет у ліпені–жніўні таго ж года, праз паўтара-два месяцы з дня здачы. Тэмпы, проста скажам, вельмі зайздросныя!
Са здачай паэмы ў друк пачуў сябе куды лягчэй, але ўсё ж было непамысна. Другі раз перавярнуў такую гарышчу работы, а праз гэта не так востра стала адчувацца канечнасць брацца за твор пра моладзь. У той самы аўторак пажаліўся жонцы: «Сядзеў і некаторы час думаў, аб чым напісаць мне. Думалася напісаць якую-небудзь казку…»
З ліста чуецца як быццам бы разгубленасць, а звычайна намеры ў Коласа былі цвёрда акрэслены. Сведчанне таму — хранікёрскія нататкі пра творчыя планы, па-цяперашняму — інтэрв’ю. Разбежкі паміж творчай заяўкаю і яе ажыццяўленнем там амаль не траплялася. Калі «Полымя» ў канцы 1924 года (№ 4) абвяшчала, што Якуб Колас напісаў п’есу «Забастоўшчыкі», дык у навагоднім нумары таго ж часопіса твор можна было прачытаць.
Некаторай няпэўнасці ў тоне ліста датычна далейшай работы дзівіцца няма чаго. Колас сапраўды вагаўся — за што ўзяцца: толькі некалькі дзён, сама больш тыдзень назад, ён зняў са стала адноўленую паэму.
Думка пачаць «якую-небудзь казку» магла быць выклікана дзвюма акалічнасцямі. «Казкі жыцця» ён любіў ці не больш за ўсе астатнія празаічныя творы і зараз праглядаў іх, хацеў перавыдаць. Другое. Да жанру алегарычнага апавядання яму не так даўно даводзілася звяртацца.
Надыходзіў Купалаў юбілей, грамадскасць мелася адзначыць 20 год работы паэта ў літаратуры. I 28 мая 1925 года на ўрачыстым пасяджэнні ў Інбелкульце Колас павіншаваў сябра новай казкай «Ноч, калі папараць цвіце».
I што цікава! У гэтай казцы аўтар перасыпае пажаданні Юнаку (Купалу, нараджэнне яго якраз прыпадала на купалле), назвамі кніг і твораў паэта.
Вось як гаворыць Месяц:
— А я пайду з ім «Шляхам жыцця» і буду асвятляць дарогу, каб яму лягчэй было прабівацца. Ён убачыць «Раскіданае гняздо» свае айчыны і раскажа аб ім людзям. Калі ён прыстане ў дарозе, я палажу яго спаць на высокім кургане і навею яму чароўны «Сон на кургане». У дарозе ж ён спаткаецца з мілаю «Паўлінкаю»…
Такім чынам, сучасныя майстры віншавальнага жанру могуць ганарыцца: калі не самі вынайшлі прыём, дык запазычылі ў класіка.
Колас не ведаў яшчэ, што налета і яго чакае такое самае ўшанаванне і тая ж высокая годнасць народнага паэта. Адна была ў яго ўцеха, адно апірышча — праца. I Колас працаваў, як бачым, не разгінаючыся, у літаральным сэнсе гэтага слова.
Непамысна было, што адносіны з літаратурнай моладдзю складаліся не так удала, як з настаўніцкай і студэнцкай. Даволі гучна падаў голас «Маладняк», першае аб’яднанне пісьменнікаў у рэспубліцы. У часопісе «Маладняк», што выдаваўся ў Мінску, і ў «Маладняку Калініншчыны», а найбольш у бюлетэні пленума ЦБ «Маладняка» (сакавік, 1925) і Усебеларускага з’езда маладнякоўцаў (лістапад, 1925) упічак, дакораў і нападаў у адрас так званых старых хоць гаць гаці. Тут табе і «выбітая з-пад ног глеба», і «старыя пісьменнікі не могуць даць новага», і «рожкі са старымі». Дарэчы, пад знакам гэтых «рожак» у сталіцы адбыўся ці то дыспут, ці то літаратурны вечар.
Коласу даводзілася пераносіць пяро з паважнай работы на рэчы малазначныя, адбівацца ад выпадаў зброяй гумару і сатыры. Фельетон «Трыумф» знішчальна высмеяў тагачасных вершапісцаў з іх намаганнямі на модную тады звышвобразнасць:
Бурапень ты, мая песня новая!
Сэрца рыжае, скачы.
Вечар п’яны носам клёвае,
А з стрэх віснуць смаркачы!
Па тых самых мішэнях цалялі напаўфельетоны, напаўапавяданні «Трагізм» і «Драматург і лірычны паэт». Можна лічыць іх рэчамі аднаго плана і аднаго часу. Дат напісання няма, а даты публікацыі не так і далёкія: «Трыумф» апублікаваны ў сакавіку 1925 года, а «Трагізм» у студзені 1926-га, сама пазней надрукавана апошняя з трох названых рэчаў.
Ці не зашмат гэта? Можа, зусім дарма сталаму майстру, паэту, які нязменна стаяў на чале літаратуры, было «біць з гарматы па вераб’ях»?
Магчыма, каб быў час на развагу і стала паблажлівасці да маладой задзірлівасці і гарачнасці. Але ж гаркота была не з малых.
Праз многа гадоў, выказваючы перада мной вельмі самакрытычныя погляды наконт «Сымона-музыкі», Колас заўважыў: «Дзяўблі мяне з усіх бакоў маладнякоўцы», — і спахмурнеў: адчулася, чаго каштавала яму тое «дзёўбанне».
Абагнаўшыся ад непрыемных успамінаў, працягнуў:
— Казалі: дзеяслоўныя рыфмы, памеры бедныя. Дык я пачаў рабіць у піку ім, хацеў уткнуць шыла ў бок. Што ні раздзел, то новы памер ужыву ці новую страфу… А за жаданне пафарсіць формай я быў пакараны. Наствараў слоў па ўзору маладнякоўцаў: з двух адно. У нейкага маладога паэта з «буры» і «пены» атрымалася «бурапеніць». Пазней усе няўдалыя вершы сталі «бурапенай» зваць. Ці не з мае лёгкай рукі…
У далейшым адносіны з «Маладняком» пакрысе лепшалі і выраўняліся. У 1928 годзе Колас павіншаваў аб’яднанне з пятай гадавінай існавання, па-бацькоўску добразычліва параіў не злоўжываць словамі «нашы дасягненні», не ператвараць «…іх у песню-калыханку», а таксама наказаў: «Шануйце слова, уважайце яго і не кідайце на вецер, захоўвайце яго чыстату» (т. XI, с. 59–60).
Аднак колішнюю пікіроўку Коласа з маладымі літаратарамі трымалі напашэве злоснікі, нядобразычліўцы паэта і маладнякоўцаў, усе, каму было не да густу стварэнне маладой савецкай літаратуры. Розныя людцы пачалі цікаваць, ці нельга прыблытаць добрае паэтава імя да цёмных намераў.
Міхась Чарот на I з’ездзе «Маладняка», закрануўшы мітусню авантурыстаў «незалежніцкай масці», цвёрда абвясціў: «Колас тут ні пры чым». Не замарудзіў з адказам і сам паэт. Важка і начыстую адмёў усе захады манлівай драбязы.
Каб не пакідаць недагаворанага, завітаем у Слуцк пачатку 20-х гадоў. Колас быў там двойчы на настаўніцкіх курсах, выкладаў мову, гутарыў пра літаратуру, а галоўнае — чытаў свае творы, «Новую зямлю» — амаль цалкам.
Новыя знаёмыя песняра надоўга захавалі добрыя пачуцці і прыхільнасць да выдатнага паэта і ўважлівага педагога.
Неўзабаве, праз нейкі год, адбылося першае знаёмства мясцовай інтэлігенцыі са Слуцкай філіяй «Маладняка». Літаратурная старонка філіі, як адзначалася пазней на I з’ездзе аб’яднання, «была слабая і правалілася». Настаўнікі, як відаць, сказалі тутэйшым віціям праўду ў вочы: не задавайцеся, маўляў, хлопцы, мы самога Коласа чулі.
Пакрыўджанае самалюбства кінулася ў амбіцыю. На тым жа з’ездзе «Маладняка» ў дакладзе Слуцкай філіі чуем: «У літаратурнай дыскусіі ў Слуцку былі 2 ідэолагі: 1-шы — „Маладняк“, другі — Колас. Нацыяналісты адкрыта заяўлялі, што ўся кастрычніцкая літаратура ў параўнанні з Коласам — нішто. У такім настроі выхоўвалася значная частка слуцкага настаўніцтва».
Выпадкі пракідання нацыяналістычных праяў на Случчыне ўсім вядомы, але наконт таго, нібы «ў такім настроі», у духу адмаўлення ўсёй паслякастрычніцкай літаратуры «выхоўвалася значная частка слуцкага настаўніцтва», фарбы відавочна згушчаны. У тыя часы чытачом безагаворачна прызнаваўся Міхась Чарот, набывалі вядомасць Крапіва і Трус, браліся за значныя палотны К. Чорны і М. Зарэцкі. Відаць, слуцкія літаратары пад час выступленняў дапускалі своеасаблівую прыпіску: залічалі ў паслякастрычніцкую літаратуру ўсе свае першыя крокі і, напэўна, супрацьставілі сябе класікам. Такое здаралася даволі часта.
Нездарма на з’ездзе дакладчык Слуцкай філіі быў закліканы да парадку: «Не лезь у друк абы з чым. Гэта ж твае работы радкі: „Сукін сын і смаркаты“ — нельга сказаць, што тут найглыбейшая паэзія».
Несправядліва катэгарычна выкасоўваць усё напісанае слуцкімі маладнякоўцамі, аднак і ў іх не было падстаў ляпіць ярлыкі на таго, хто не лічыў за паэзію звычайнае вершапісанне пачаткоўцаў.
Карты махляроў і нядобразычліўцаў былі выкрыты і пабіты, недарэчныя дакоры і закіды адкінуты, але колькі душэўных сіл каштавала паэту ператрываць гэта, колькі змарнавалася незваротных хвілін творчага настрою.
А Колас працаваў!
На тое ён і быў Колас, пісьменнік, надораны народнай стваральнай сілаю, чалавек надзвычайнай мужнасці, а дужым творча і мужным па-грамадзянску яго рабіла бачанне даляглядаў, дзе ўжо ў красе і сіле паўставаў адужаўшы дзень рэспублікі.
Ніякага клопату не цураўся Якуб Колас. У студзені 1925 года ён пачынае працу ў Інстытуце беларускай культуры як сапраўдны член гэтай установы, працуе на педфаку БДУ, выкладае на вышэйшых курсах беларусазнаўства.
Пералік вялікі і ў той жа час скупы. Расказаць паўней маглі б яго падапечныя з успамянутых устаноў. Мне вядома, колькі шчырага сэрца ўкладаў ён у выхаванне і навучанне многіх пакаленняў моладзі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме! Здавалася, адной гэтай работы хапіла б, каб заняць чалавеку ўсе думкі, увесь час і ні хвіліны не пакінуць на адпачынак.
А Колас пісаў! Выдаваў кожны год па кнізе, і не па адной, ды такой кандыцыі, на якую яшчэ доўга будзе раўнавацца літаратура, з радасцю і здзіўленнем узіраючыся на вяршыні майстэрства і чалавечага духу.
Апрача таго, ён ездзіць па рэспубліцы!
У годзе, пра які ідзе размова, выездаў было некалькі. Заўважым: у адно і тое месца, у Калінінскую акругу.
Дзіва тут няма. У Коласа былі сталыя густы. У літаратуры — ад маленства да апошніх дзён — Пушкін і Крылоў. Найбольш улюбёны лес — шчыры бор, вось такі, як некалі быў за Пухавічамі, а там адны і тыя ж грыбныя месцы, зацішныя куточкі над Свіслаччу, дзе добра пасядзець з вудаю.
Не змяніліся амаль і адносіны да людзей. Калі з’яўлялася прыхільнасць да знаёмых, дык надоўга: усіх помніў у твар, адразу называў па імені, адкладаючы самую пільную работу, адказваў на іх лісты. Нават тым, каму ў вочы казаў «неверный друг», усім пісаў лісты, званіў, клікаў зайсці.
Што ж прывяло Коласа на Калініншчыну? I якая яна была, тая акруга?
Перада мною дзве «Справаздачы»: Урада рэспублікі VII Усебеларускаму з’езду Саветаў (Мінск, 1925) і Калінінскага акрвыканкома I акруговаму з’езду Саветаў з жніўня 1924 г. па 1 красавіка 1925 г. (Клімавічы, 1925).
Дакументы гэтыя грунтоўна і падрабязна расказваюць, як з шасці няпоўных, панявечаных мірам у Рызе паветаў Мінскай губерні, стварылася Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі — ССРБ.
У снежні 1923 года з’езды Саветаў Гомельшчыны, Смаленшчыны і Віцебшчыны вырашылі далучыць да ССРБ тыя часткі гэтых губерняў, «дзе беларускае насельніцтва складае сабой большасць».
Услед былі прыняты адпаведныя пастановы Пятага Усебеларускага з’езда Саветаў, і 4 лютага 1925 года УЦВК пастанавіў перадаць БССР часткі ўспомненых вышэй губерняў.
Чатыры няпоўных паветы — Клімавіцкі, Чэрыкаўскі, Мсціслаўскі і Горацкі — не былі далучаны да Аршанскай акругі, а склалі новую, Калінінскую, з цэнтрам у Клімавічах на ручаі Калініцы. Гэта вымагалася эканамічнай мэтазгоднасцю, так пастанавіла спецыяльная ўрадавая камісія.
Коласу раней не даводзілася быць у гэтых мясцінах. А чуць, відаць, чуў. Пра залатую пчалу і ліса ў гербах Клімавіч і Мсціслава, пра патомкаў мсціслаўскіх недасекаў і славуты гарадскі Здаравец на схіле Траецкай гары, адкуль білі крыніцы смачнай і гаючай вады.
Водгукі паўстання 1863 года звязвалі ўяўленне паэта з Горкамі, з правадыром паўстанцаў Тапаром і з тамашнім старэйшым у Расіі сельскагаспадарчым інстытутам, студэнтам якога адзін час прыпісвалася аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе».
Гэтым Колас пацікавіцца падрабязней крыху пазней, а зараз у яго была турбота неадкладная, на ўзроўні дзяржаўнай. Ён хацеў бачыць сённяшніх людзей, тых, што вось-вось уліліся ў рэспубліку, меў за абавязак хутчэй прылучыць да роднай культуры іх, яшчэ непрылучаных, зрабіць усё, каб добра працавалі школы, хаты-чытальні, каб лепей радзіла поле.
I вось у сакавіку 1925 года НК асветы камандзіруе паэта ў Аршанскую і Калінінскую акругі. Абавязкі яго: чытаць лекцыі па беларусазнаўству, «свае» творы і іншыя ўзоры прыгожага беларускага пісьменства.
Скупы пераказ загада на камандзіроўку, паўтораны ў цяперашняй прэсе і ў летапісах жыцця і творчасці паэта, так бы і застаўся нерасшыфраваным, каб не дапамог выпадак.
Да мяне прыйшоў ліст з Оршы. За ім — у канцы 1981 года і сшытак успамінаў былога вучня Раснянскай школы, які амаль паўстагоддзя назад на свае вушы чуў Якуба Коласа. У той самы год, калі Колас выехаў у далучаную да рэспублікі Калініншчыну і трапіў у Расну.
Гэта быў раённы цэнтр новай акругі. I, як усюды тады, — процьма нястач: не хапала буквароў, беларускіх падручнікаў і чытанак, карысталіся старымі, выпушчанымі да рэвалюцыі. На двух вучняў прыпадала адна ручка і па два сшыткі, а за тое, каб паслухаць радыё ў нардоме, трэба было плаціць.
Больш за чатыры тысячы мужчын і жанчын кінуліся ліквідаваць непісьменнасць. Школы працавалі ў сялянскіх хатах, навучалася толькі палавіна дзяцей.
Але як цягнуліся ўсе да роднага слова! Аўтар успамінаў, інвалід вайны, пенсіянер, піша, як на чытанне «Новай зямлі» збіралася поўным-поўна старэйшых вучняў і настаўнікаў. Учэпістая дзіцячая памяць утрымала ў сабе падслепаватыя лямпы ў школьнай зальцы і шэрую вокладку кнігі, якую чытаў уголас настаўнік літаратуры «Дзядзька Міхась».
Запомнілася галоўнае — радкі: «Вось як цяпер перада мною…»
«З таго часу, — зазначае аўтар успамінаў, — дзе б я ні знаходзіўся — пад Ташкентам, у Сібіры, на вайне, за мяжою, дзесяцігоддзе не чуючы жывога беларускага слова і не бачачы надрукаванага, узбудзі мяне ноччу, я заўсёды прачытаў бы гэты ўступ без замінкі».
I вось — радасць! У школу завітаў сам Якуб Колас. I не адзін, а са спадарожнікамі. Першы — па слоўным партрэце і прозвішчы без ініцыялаў — М.В. Азбукін, беларускі савецкі географ, краязнавец, другі — I.К. Бялькевіч, мовазнавец, аўтар слоўніка, дырэктар Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума.
Яны і прыехалі з Мсціслава на сялянскіх санях і пакіраваліся проста ў школу. Аўдыторыя, — піша аўтар успамінаў, — сабралася стракатая: служачыя райцэнтра з жонкамі, настаўнікі і вучні, камсамольцы — у мястэчку было тры камсамольскія ячэйкі — уціснуліся і «нэпманска-саматужніцкія малойчыкі».
Словам, у памяшканні не больш як на 100 месцаў стоўпілася больш за дзве сотні людзей. Спачатку слухалі лекцыі Коласавых спадарожнікаў па гісторыі і геаграфіі рэспублікі. Было цікава, балазе лектары гаварылі, не трымаючыся паперак, падрабязна адказвалі на кожнае пытанне.
Так неўзаметку мінула каля трох гадзін. Колас з’явіўся каля поўначы. Асвятленне было кепскае, чатыры лямпы на залу, ды і то дзве на памосце прэзідыума.
Не беручыся перадаць на паперы апанаваўшыя хлапчука пачуцці, мой карэспандэнт, цяперашні пенсіянер, апісвае ўсё да драбніцы, пачаўшы з вопраткі Коласа.
«Футра, даўгое, чорнае, з вялікім каўняром, такіх „старарэжымных“ футраў тады ў Расне ніхто не насіў, апрача, мусіць, мясцовага рабіна». Вызваліўшыся з гаматной адзежыны, «Колас аказаўся шчуплым, нават хударлявым чалавекам, са змораным тварам. Тады мне падумалася, што яму, відаць, нялёгка цягаць на плячах такое футра… Падабенства з партрэтамі таго часу, безумоўна, было. А што да камплекцыі, то я чакаў большай саліднасці і, прызнацца, быў некалькі расчараваны. У сваім дзіцячым уяўленні я маляваў аўтара „Новай зямлі“ ледзь не волатам».
Сказаўшы некалькі ўступных слоў, Колас пачаў чытаць «Сымона-музыку». «Чытаў як быццам па рукапісе, а ў значнай частцы — па памяці, некаторыя раздзелы пераказваў сваімі словамі, перагортваючы старонкі».
Як жа выглядаў чытальнік? Колас быў «у цёмна-шэрым, а магчыма, чорным касцюме, пры просценькім гальштуку. Цёмныя, нізка падстрыжаныя валасы без сівізны, але ўжо з адзнакамі залысін, невялікая вузкая бародка і вусы…
Чытаў без акуляраў, нягучным, але выразным, крыху глухаватым голасам, без вар’іравання інтанацыі, без пафасу і жэстыкуляцыі, яго добра чуў кожны прысутны ў зале».
Як бачым, слоўны партрэт мала чым адрозніваецца ад прыведзенага ў першым выданні «Сымона-музыкі», ад абвыклага вобліку паэта, якім мы бачылі яго ў сярэдзіне 20-х гадоў.
…Пакінем Якуба Коласа дачытваць сваю паэму раснянскім жыхарам і крыху паразважаем.
Некалі я быў асмеліўся назваць подзвігам агромністыя фізічныя і духоўныя высілкі Якуба Коласа, іх стала б на добрую сотню рук і душ. Думаю і зараз: подзвіг — і няйначай, больш справядліва не скажаш. Але, уважаючы на непрыхільнасць Канстанціна Міхайлавіча да гучнасці і напышлівасці, паспрабуем адшукаць больш сціплае азначэнне.
Колас — узор сапраўднага народнага чалавека ў жыцці і ў літаратуры. Па абавязку сумлення і розуму, па абавязку сына народа ён збіраў, занатоўваў, крышталізаваў лепшыя памкненні, пачуцці, спадзяванні, філасофскую сутнасць, працоўную вогнетрываласць нацыі. Усе сілы яе, што доўга кіпелі, як магма пад земнай карою, і вырваўшыся з рэвалюцыйным выбухам, патрабавалі дасканалых формаў, каб ісці ў свет і быць прынятымі ў ім, як кажуць, на роўных.
Купалу і Коласу давялося стаць адкрывальнікамі таленту беларускага народа ў працы, у барацьбе, у песні і сцвердзіць гэта праз дзве эпохі: паднявольную, несправядлівую, горкую і праз новую, на якую пасвяціў стваральны промень Кастрычніка. Адбылося ўзаемазліццё талентаў: уласна народнага, закладзенага ў працоўных гушчах, і асабістага, паэтычнага, якім былі надзелены народныя песняры. Аналогіі і падабенстваў не так шмат, — першым вымаўляецца імя Шаўчэнкі.
Навочна і адчувальна такое зліццё, відаць, і адбывалася той вясновай ноччу ў Расне. Пачаўшыся каля поўначы, гэта сустрэча цягнулася амаль да трох гадзін ночы. У гарачыні, у сціску ніхто не паварушыўся, не загаварыў з суседам, не рыпнуў дзвярыма. А каб стала ў Коласа змогі чытаць больш, слухалі б яшчэ і яшчэ.
I вось што прыкмеціў тагачасны слухач[31]:
«Быў ён занадта сур’ёзны, быццам чымсьці заклапочаны, нездаволены і нават сярдзіты. А можа, мне так здалося? Але я тады ж адзначыў і гэта добра запомніў, што на працягу ўсяго чытання не было ні ўсмешкі, ні жарту».
Так, падстаў для нездавальнення ў Якуба Коласа ставала. Сабою, творам, дзе не ўсё ўдавалася, як хацеў. Ён правяраў зараз «у глыбінцы» на шырокім слухачы, ці ўсё зразумела, ці даходзяць думкі, ці хвалюе лёс героя. Мог жа ён чытаць тут і з большым поспехам, з шумнымі воплескамі «Новую зямлю». Але не зрабіў, унутраны голас падказаў яму вынесці на тутэйшы суд твор пра разняволенне творчага лёсу і духу, пра тое, што ўжо назаўсёды збіты кайданы з душы народнага таленту.
Назаўтра, перад тым як ехаць на станцыю Цёмны Лес, для чаго школьны вартаўнік запрог у сані канячку, Колас зайшоў развітацца ў настаўніцкую і зірнуў з акна ў бок вёсак Нямеркі, Заполле і Вярбоўка.
— Не можа быць, каб Расняншчына, багатая такімі краявідамі, не дала паэтаў.
Гэта быў працяг думак пра свайго Сымонку і пра адужэлых Сымонаў, гадаванцаў новай пары.
Колас не памыліўся. Упадабаная ім Калініншчына падняла Куляшова, Астапенку, Таўбіна, вучоных-акадэмікаў, ваенных і грамадскіх дзеячаў. У тым жа годзе Колас пабыў у сялян вёскі Шыркі, прысутнічаў на адкрыцці Горацкай акадэміі, гасцяваў у Мсціслаўскім педтэхнікуме.
Вось і амаль увесь год песняра: тое, што ўдалося ўбачыць воку і збольшага асэнсаваць.
Час папоўніць гэтыя весткі. А на працоўны рахунак паэта трэба дадаць пачатак новай аповесці. Настаўнік Андрэй Лабановіч зноў ажыў перад вачыма Коласа. Чатыры раздзелы аповесці «У палескай глушы» пайшлі да чытача з першым нумарам часопіса «Асвета» за 1926 год. Калі ж яны былі напісаны? Ды няйначай у тым самым 1925-м.
Колас працаваў!
Настойліва, дзень пры дні.
Пашыраў фарватэр, па якім павінен быў выплысці на бязмежную хвалю карабель беларускай літаратуры.
А ганарар за адно з выданняў шматпакутнага «Сымона-музыкі» перадаў Мінскаму дзіцячаму дому.
— Розум жывёліны? — Канстанцін Міхайлавіч гаворыць павольна, значыць, разважае. — Па-мойму, гэта катэгорыя — няпэўная.
Мы некалі размаўлялі пра такія справы, і зараз ён пашырае ўжо чутае мною: тыя сальта, што вырабляюць вучаныя сабачкі ў цырку, нават большыя жывёлы, коні і тыгры, відаць, усё гэта не ад розуму. Ёсць некаторая доля прымусу — кіёк з вострым канцом, прысутнічае і заахвочванне — кавалачак цукру або мяса ці рыбы пасля выканання нумара.
Далей Колас успамінае славутую Смаргонскую «акадэмію», дзе мядзведзяў вучылі танцаваць. Выкладанне праводзілася так. Мядзведзя стаўлялі на жалезную пліту і раскладалі пад ёй агонь, а пад час гэтай цырымоніі іграла скочная музыка. Пліта пакрысе награвалася, і мядзведзь пачынаў пераступаць з лапы на лапу, міжволі патрапляючы ў такт, нібыта танцаваў. Калі жывёліна была кемлівая або хацела пазбегнуць болю, награваць пліту другі раз не даводзілася: зачуўшы знаёмую музыку, мядзведзь без дадатковага падахвочвання падымаў лапы, пачынаў свой змушаны танец.
— Навука даходзіла не да ўсіх аднолькава, — даканчвае Канстанцін Міхайлавіч, — некаторыя тупіцы цярпелі паўторна: іх стаўлялі на гарачае нават па тры разы.
Ён заўважае, што бедную жывёліну вучыў боль, праз боль яна рабілася «артыстам». Так, вучаных мядзведзяў вадзілі па кірмашах, прымушалі ісці ў скокі перад сялянамі. А павадыры ігралі на скрыпцы, а потым збіралі з прысутных гледачоў і слухачоў па капейцы, зрэшты, хто што дасць.
— Адсюль, мусіць, і прыказка: людзі і мядзведзя вучаць.
Колас дадае: у даўнейшыя часы на няўклюдных настаўнікаў, абмежаваных службоўцаў і наогул на недалёкіх людзей, да каго не прыставала навучанне, на ўсіх такіх зняважліва казалі: «Ну, гэты няйначай Смаргонскую акадэмію канчаў!»
— А што вы, дзядзька Якуб, пра такі выпадак скажаце?
I пачынаю вядомую ўсім, хто заходзіў у той час да нас дадому, гісторыю пра сабаку Дзіка. Аднойчы мы выбраліся з ім на праходку ў парк. Там, на пагорку, яшчэ стаяла некалькі дамоў, дзе пасля вайны знайшло прытулак многа людзей.
На адным з ганачкаў, аплеценым хмелем, сядзеў невялічкі жаўтаваценькі сабачка, я нават адразу не заўважыў яго, бо колер поўсці зліваўся з чыста вышараванай падлогаю ганка. Але заўважыць давялося па той простай прычыне, што сабачка раней згледзеў нас і заліўся вострым пранізлівым брэхам. Мусіць, мой Дзік здаўся яму нейкім страшыдлам, а быў ён і сапраўды добрага росту, вышэй, як у калена, а можа, жоўты сабачка палічыў наша з’яўленне грабежніцкім уварваннем на ягоную спрадвеку тэрыторыю дый немаведама з якімі мэтамі.
Хутчэй за ўсё гэтак і было, бо, хоць мы і не выказалі ніякіх агрэсіўных намераў, жоўты вартаўнік падапечнае яму тэрыторыі брахаў і брахаў і, па ўсім відаць, брыдка лаяўся на нас па-сабачы. Дзік відавочна разумеў ягонае абзыванне: ён натапырыў поўсць на хібе і няголасна загурчаў, дакладней — паказаў дзве пашчэнкі адменных белых зубоў.
Я ішоў па алейцы, робячы выгляд, быццам не прыкмячаю, што адбываецца. Дзік пабег наперад і стаў упоперак дарогі, пацёрся галавою аб нагу, нібыта спытаў: «Што рабіць? Трэба было б даць здачы!»
Гэтыя хітрыкі былі мне добра вядомы, ён мог палічыць любы мой рух за ўхвалу і падтрымку сваіх намераў і рынуцца на расправу.
— I не думай! — цвёрда забараніў я ды пачаў сарамаціць: — Па-першае, ён малы, а значыць, яшчэ дурань, па-другое: калі ён — звычайны звяга, усё роўна тут яго права, ён на сваёй тэрыторыі. А што зрабіў бы ты, каб на нашым панадворку швэндаўся незнаёмы з сабакам?
Дзік унурыўся і прыгнечана паплёўся за мною. Я сеў на лаўку і заняўся купленай па дарозе газетай, Дзік лёг у нагах. Ён трывожыўся: час ад часу падымаў смутныя вочы то на мяне, то на жоўтага ахоўніка аплеценага хмелем ганка. А той на момант сціхаў і зараз жа ўсходжваўся яшчэ мудрэй.
Каб спыніць узаемнае псаванне сабачых нерваў, я ўстаў, мерачыся перайсці на далейшую лаўку. Падхваціўся і Дзік, вільнуў мне хвастом і, угнуўшы галаву, на ўсю сілу прыпусціўся на ганак да звяглівага сабачкі.
— Будзе бяда! — мільганула думка, але адклікаць, спыніць сабаку я не паспеў, ён пабег пад самы ганак.
Брэх жоўценькага дасягнуў найвышэйшых нот вакалу, Дзік пад носам у яго крута завярнуўся, уціснуў хвост і на такой жа хуткасці пачаў уцякаць.
Тут выказалася неадольная ўласцівасць сабачай натуры: глядзець на таго, хто ўцякае, і не кінуцца наўздагон — звыш сабачых сіл.
Не вытрымаў і гэты жоўты сабачка. Кумільгом скаціўся з прыступак і ўлёг за ўцекачом. Калі ён адбегся крокаў на дзесяць ад дому і, поўны ваяўнічага запалу, ледзь не хапаў Дзіка за ногі, той раптоўна стаў і спружыніў на лапах. Разявіў сваю велізарную пашчу — ад здзіўлення я не мог падаць голасу, — але вельмі далікатна ўзяў малога за каршэнь, патрос у паветры і, не зрабіўшы ніякай шкоды, паклаў на траву.
Жоўценькі рызыкант завішчаў ад абразы і нечаканага пакарання і, каб не нарвацца на горшае, падаўся, пабрэхваючы, пад ахову родных дзвярэй.
Я паспяшаўся пайсці з месца здарэння, не столькі ўнікаючы сутычкі з гаспадарамі пакрыўджанага, як не могучы дайсці да ладу, што ж адбылося.
На завароце алеі Дзік дагнаў мяне і пераможна вільнуў хвастом. Я зрабіў выгляд, што не бачу, сабака не адбягаў і не аставаўся, ішоў са мною «лапа ў лапу». Тады я вырашыў ужыць не раз ужываны сродак, які, аднак, дзейнічаў мацней за любое пакаранне.
— Абух! Апошні лопух! — пачаў я ўшчуванне словам. — Глядзець на цябе не хачу. Не трэба мне такога сабакі.
Дзік на вачах набываў надзвычай пануры і вінаваты выгляд, яго прабіралі такім чынам за неэтычныя адносіны да паштавіка або да суседзяў і за ўсялякія іншыя правіны. Сабака ад праборкі страшэнна засмучаўся, стараўся стаць непрыкметным, зашываўся на сваё месца ў кут за шафай, там клаў галаву на лапы і ўздыхаў цяжка, як апоены конь, на ўвесь пакой.
Цяпер адбывалася нешта іншае. Ніякай правіны за сваёй сабачай душою ён не адчуваў, не адчуваў нічога такога і я, калі не лічыць здзіўлення ад вынаходлівасці правучыць нахабніка і забіяку.
Як відаць, сабака ўлавіў у маім голасе не грозьбу, не сур’ёзнае папярэджанне, а звычайны смех. Так яно і было. Перад вачыма стаяў пацешны малюнак няўдалай сабачай пагоні і расправы: жоўтыя лапкі недарэчна трапяталіся ў амаль паглынуўшай усё тулава жоўценькага пашчы і тыя ўцёкі сабакі дамоў, з аглядкай, з брэхам і павіскваннем.
— I ўсё ж ткі ты не дурань, Дзік! — я не датрымаў сур’ёзнасці. Сабака падскочыў, учуўшы іншы тон размовы, лізнуў мяне ў бараду і не даў дагаварыць, што ён самы прыемны і кемлівы з усіх знаёмых мне прадстаўнікоў ягонага роду.
Усё стала на сваё месца.
Канстанцін Міхайлавіч слухаў мяне ўсмешліва, хоць я і пабойваўся, што магу расхваляваць яго прыгадкаю пра парк, дзе некалі стаяў ягоны дом, пад дахам якога жыла ўся цалкам, не кранутая вайною і часам, сям’я.
На шчасце, сумныя прыгадкі абмінулі яго, а пасур’ёзнець Канстанцін Міхайлавіч пасур’ёзнеў.
— Можна сказаць, сабачая правакацыя. А можа, нават стратэгія: задуманы і складзены план аперацыі, як сарваць ворага з ягонай тэрыторыі і пакараць. I бліскучае выкананне…
Надышло маўчанне…
— Трэба думаць, — зноў пачаў Канстанцін Міхайлавіч, — розум жывёл і не такая ўжо няпэўная катэгорыя, як мне здавалася. Толькі, я сказаў бы, у апісаннях асаблівага спрыту і выяўленняў разумнасці жывёл цукру сыплюць трохі больш, чым трэба. Скажам, пра дэльфінаў шмат наманена.
Канстанцін Міхайлавіч успамінае, што ў доме Аркадзя Куляшова былі вымушаны адмовіцца ад вавёркі. Купілі новую мэблю, пафанераваную арэхам. Жывёлінка ўнюхала смачны пах і, не зважаючы на хараство рэчаў, самым бессаромным чынам абгрызала іх.
Вавёрку завезлі ў Каралішчавічы і выпусцілі ў лес непадалёку ад пісьменніцкага Дома творчасці. Было сумна дзецям, уздыхалі ўпотай і дарослыя — доўга жылі разам, папрывыкалі.
Праз дзень засмучаны паэт паехаў у адведзіны. I не паспеў выйсці з машыны, як вавёрка скочыла яму на плячо. «Паглядзела, — расказваў ён, — нібыта спытала: што ж ты за гаспадар такі, калі мяне адцураўся?» А пагладзіць, палашчыць, як дома, не далася, — зноў ускочыла на дрэва. Назаўтра ж не прыйшла ні на голас, не паквапілася і на павешаную дошчачку з арэхамі.
— Знайшла новых сяброў, — заўважае Колас. — больш блізкіх сваякоў, як людзі.
Сярэдзіна сакавіка. Пасля доўгай напаўадліжнай шэрасці — сонца і лёгкі маразок.
Колас кліча выехаць за горад, куды-небудзь па Магілёўскім шасэ. У раёне аўтазавода шафёр просіць дазволу спыніцца, падкачаць балон.
Заязджаем у завулак і спыняемся з боку ад праезджай часткі. Сонца прыгравае, у машыне робіцца горача. Канстанцін Міхайлавіч прачыняе дзверцы.
У двор абгароджанага штыкетнікам двухпавярховага дома ідзе адталая палоса жвіру, зусім чыстая, снег трымаецца толькі з бакоў.
Паабапал палосы сядзяць дзве шарэнгі вераб’ёў, замурзаных, мокрых, але ў спартыўнай гатоўнасці.
Нібыта па нейкай нячутнай камандзе, яны скачуць у жвір, зарываюцца як мага глыбей грудзінкай і смешна пацепваюць крыльцамі, абсыпаючы сябе пясчынкамі. Пасля стрымгалоў перапырхваюць у снег, прарабляюць там такія самыя працэдуры, як і ў пяску, і ціўкаюць, няйначай ад задавальнення.
— Гэта што за дзіва? — цікавіцца Колас.
Набліжэнне чалавека не робіць на вераб’ёў ніякага ўражання, яны не ўзлятаюць, не адскокваюць убок, а па-ранейшаму, дружна і весела, займаюцца пачатаю справай.
Тут узнікае нечаканае падабенства: гэта ж як тыя заўзятыя ахвотнікі да густой і гарачай пары, што, нахвастаўшыся венікам, бягуць пакачацца ў снезе.
— Вераб’іная лазня, — рагоча, падыходзячы, мужчына з гаспадарчым кошыкам. — Тут цеплапровад амаль па версе пракладзены. Вось яно і растае хутчэй, пясок ужо зусім сухі і добра цёплы. А вераб’і і рады: адмываюцца пасля зімы.
Чалавек пераводзіць вочы на машыну і пытаецца напаўголаса:
— А не Колас там? Ён… Дык скажыце яму, што ў нашу лазню вераб’і з паўгорада ляцяць мыцца. Можа, ён напіша калі і пра іх, і пра нас.
Рушым у дарогу. Пераказваю Канстанціну Міхайлавічу толькі што пачутае.
— Вось табе і вераб’іная лазня. Выходзіць, і яны не любяць жыць у брудзе. А колькі тае птушкі — дзюбка і камячок пуху. Умеюць даць сабе рады пасля зімовай навалы. I месца знайшлі, і ўсім сваякам абвясцілі. Акурат як мы, людзі. Аднаго не хапае…
Пад вусамі Коласа зноў усмешка: чакай жарту.
— Калі лазня, дык трэба і ларок паставіць. Прадаваць там сланечнік і які-небудзь вераб’іны ліманад. Добра пасля лазні!
Багата на якіх дарогах давялося пабыць з Якубам Коласам. Ездзілі ў кірунку на Слуцк і Баранавічы на незабыўныя па шчырасці сустрэчы з ягонымі выбаршчыкамі. Надоўга спыняліся на застаўленым старымі дубамі беразе Свіцязі, дзе ён стаяў і думаў, узнаўляючы, відаць, перад вачыма малюнкі даўно бачанай красы.
Гэтаксама, як і на Нарачы, дзе цэлыя вечары слухаў, як рассыпаюцца хвалі каля начнога кастра, а потым, ад’язджаючы на Мінск, добрых два дзесяткі кіламетраў не адрываў позірку ад сіняй люстраной прасторы, што праводзіла яго з Купы аж за Мядзель.
У мілым яму Навагрудку некалькі разоў абыходзіў курган Міцкевіча, аглядаючы навакольныя пагоркі са старымі будоўлямі, завітваў нават на прытульны вакзальчык вузкакалейнай чыгункі. Як у дзіцяці, свяціўся ягоны твар, калі дзівіўся з крыштальных цудаў, што выходзілі з-пад чалавечых рук на шклозаводзе «Нёман».
Пашчасціла пабыць з ім і на самім Нёмане, у Стоўбцах і Мікалаеўшчыне, на землях, дзе пачынаўся і дужэў яго мужыцкі род, каб пусціць у свет такой магутнай душы паэта.
Гэтых сустрэч не параўнаеш з ніякімі іншымі. На пад’ездзе да родных мясцін Якуба Коласа было не пазнаць, здавалася, добрыя два дзесяткі гадоў злузаліся з плячэй і вызвалілі яго ад перажытых нягод. Зірк яснеў, грудзі дыхалі вальней, мова рабілася жвавейшая і часцей аздаблялася жартам.
Нічога дзіўнага: Колас вяртаўся ў маладосць, на пратаптаныя дзіцячымі і юнацкімі гадамі сцежкі. Недзе ў палавіне Стоўбцаў, адкуль шлях выкіроўваўся на Мікалаеўшчыну, Канстанцін Міхайлавіч спыняў машыну літаральна на кожным скрыжаванні ці адгалінаванні дарогі або на ўскраінах гаёў. Тут расказваліся чутыя і чытаныя ў «Новай зямлі», а часамі і новыя прыгоды, выхваляліся грыбныя і ягадныя мясціны. Прыгадвалася мноства знаёмых людзей — найчасцей па мянушках, якія звычайна куды лепш пасуюць да чалавека, чым сапраўдныя прозвішчы, бо не паходзяць ад імён або прафесій заснавальніка рода (Ігнат, Сымон, кравец, каваль), а прыстаюць навек да каго-небудзь пушчаныя мясцовым вастрасловам з назіральным да чалавечых пахіб або ўдач вокам. Зрэшты, пра ўсё гэта прыгадвалася ў апошнім выданні мае кнігі пра Коласа.
I ўсё ж перад вайною, а таксама ў пасляваенныя гады, калі пабачыцца са сваякамі і сваімі мясцінамі перашкод не было, найбольш частымі, вельмі ўлюбёнымі ў Коласа сталі паездкі па Магілёўскай шашы ў бок Бабруйска.
Насуперак агульнапрынятым уяўленням, нібыта з узростам людзей усё мацней вабяць куткі, дзе бытавала іх маленства і юнацтва, Колас расшукваў сабе іншыя, непадобныя на абжытыя некалі, абдараў іх прыхільнасцю і любоўю.
Пойдзем услед за падзеямі і настроямі паэта. Вярнуўшыся ў 1921 годзе з Куршчыны, Канстанцін Міхайлавіч доўга не меў магчымасці абняць блізкіх, зазірнуць у хацінку бацькі-лесніка, дзе нарадзіўся, дамы, дзе даводзілася вучыцца, дзе напісаўся першы верш. Малая радзіма адлучалася мяжою, а без размовы з прыродай, без сябравання з душой земляроба, без яднання з зямлёй-карміцелькай Колас не ўяўляў улюбёнай работы дый наогул існавання сябе самога.
Трэба было шукаць чаго іншага, блізкага ці хоць бы крыху падобнага на тое, чаго патрабавала душа. Каб ставала сонца сабе і хлапчукам, каб звісала цішыня з лап ялін і хвоек, а пад імі — выглядалі розных адценняў баравікі, ды каб рэчка плюскатала непадалёку — ой, як слаўна падсеч у ранішнім халадку плотку або падлешчыка. I яшчэ адна акалічнасць: ад’ехаўшыся ад горада, мець магчымасць на спакоі паразмаўляць з папераю. Праўда, ад’язджацца далёка ад сталага месца работы, грамадскага і выдавецкага клопату не выпадала. Прыгарадныя цягнікі хадзілі скупа, пра аўтобусы і машыны і гаварыць няма чаго, стрэнецца адна ці дзве за дзень, змушаючы вылузвацца з аглабель спуджаных коней.
Даводзілася сяліцца поблізу Мінска. Такім чынам у 1922 годзе спыніўся летаваць у вёсцы Сёмкава, як на цяперашнія сродкі транспарту, гэта амаль прыгарад Мінска. Заслаўскае вадасховішча тады не падпірала там дамоў, амаль усутыч скрэблася рачулка з балацянымі берагамі, пад вокнамі шумеў хвойнік і — галоўнае — вельмі ціха.
Аднак тут Коласу нечага бракавала, магчыма, ніштаватая адлегласць ад чыгункі, і ў наступным годзе ён выбраў Антонава — паселішча на другім баку горада, таксама з рэчкаю і невялікім лесам, і станцыя пад бокам. Налета знялі дом у жыхара Калодзішчаў Лагуноўскага: поблізу чыгунка на Маскву, а што тычыць грыбоў і ягад, дык Калодзішчы ў той час лічыліся вельмі багатым на іх месцам, а Коласава душа была да гэтай справы далёка неабыякавай.
Пасля Калодзішчаў месцы летняга адпачынку зноў, і на гэты раз даволі стала, выбіраюцца на захад ад сталіцы: хоць на крок, ды бліжэй да бацькоўскага дому! Думка пра Мікалаеўшчыну з яе ваколіцамі, можа, і не часта выказвалася перад людзьмі, але рупіла неадступна. Ждановіцкі, як цяпер кажуць, рэгіён даволі доўга прывячаў свайго летняга жыхара. У 1925 годзе ён спыніўся на вёсцы Патрэба, упадабаў дом Рыгора Маркевіча, але праз год не вярнуўся туды, атаўбаваўшыся на хутары Іваноўскага. Не ўтрываў доўга і там, затое з 1927 аж па 1931 год пражыў на хутарах у Ціхановічаў.
На гэтым, можна сказаць, і канчаецца Коласава летаванне поблізу Ждановіч. Відаць, не ўсё там і не ў належнай меры адпавядала настрою душы, не хапала суразмоўнікаў, не выспявалі ці не па-ягонаму ажыццяўляліся задумы.
Мушу адхіліцца і зрабіць папраўку. У ранейшых маіх публікацыях успаміналася Банцараўшчына, невялічкая вёсачка на беразе Свіслачы, дзе як быццам жыў Якуб Колас і ранічкаю, шкадуючы будзіць сына, выганяў папасвіць карову на роснай траве. Як пасведчыў Д.К. Міцкевіч, асноўны «пастух» неабходнай для здароўя сям’і хатняй карміцелькі, у Банцараўшчыне яны ніколі не жылі, але наведваліся туды да знаёмых. А што пасвіць карову, то ён пасвіў, крыўдуючы на нялёгкую долю, і нават пераганяў яе апошні раз пад восень 1931 года ў горад. Гнаў ды не дагнаў: па дарозе з каровай прычынілася нейкае няшчасце, і з ёю давялося развітацца.
Спрабую разабрацца, адкуль узнікла мая памылка. Недзе ўлетку 1931 года мне спатрэбілася наведаць кагосьці з маладых пісьменнікаў, які жыў у ждановіцкім доме адпачынку. Пакуль ён адбываў абед ці дакторскі агляд, мне заманулася прайсціся па лесе: вельмі ж павабны, ану, грыбка выгляджу.
— Не варта, — адраілі мне, — тут на ўсходзе сонца Колас з кошыкам хадзіў. Так што дарэмная твая турбацыя.
Праз некаторы час усё ж мой пошук быў узнагароджаны двума ці трыма ладнымі трафеямі.
— Ого-го! — пасмяяліся хлопцы. — Выпараў грыб пасля самога Коласа. Пакінь, мы яму заўтра падкінем на вочы.
— А хіба і Колас з вамі жыве?
— Не з намі, а недалёка тут. У…
I вось тады, відаць, была пачута назва «Банцараўшчына», пачута і запомнена праз сваю нязвыкласць.
Прынамсі, у запісах размоў з Якубам Коласам гэта назва не адшукалася. Хоць, наогул разважаючы, магла і ўспамянуцца, калі заходзіла размова пра гасцяванне ў тамтэйшых знаёмых («А быў я тады ў Банцараўшчыне»).
Як там было, зараз не дакапаешся, але хадзіць у грыбы і лавіць рыбу на берагах Свіслачы ў Ждановічах у наступным годзе Колас не вярнуўся. Не без таго, што і кароўку сваю шкада было, не хацеў трапляць на абходжаныя за ёю лугавіны.
Паэт пачаў шукаць прыстанішча, рушыў уверх па плыні Свіслачы. Праўда, перабыў лета 1932 года на Пцічы ў Забалацці, дзесьці паміж Воўчкавічамі, дзе зараз разлілося вадасховішча, і Сенніцай, да якой, паводле старога даведніка, было ўсяго 9 вёрст. Здаецца, і неблагое месца, а не прывязала да сябе. Іншая справа — Талька. Адсюль ужо бярэ пачатак і кірунак выездаў на Бабруйск, пачынаецца аселае жыццё на Свіслачы. Тут упадабалася, Колас з Марыяй Дзмітрыеўнай і сынамі пражылі ў доме Яўсейчыкаў цэлых два гады — 1933 і 1934.
Але нечакана-негадана зусім поблізу ад Пухавіч адшукаўся цэлы куст невялікіх вёсачак і асобных сядзібаў: Загібелька (1935), Падбярэжжа, у Асіеўскага (1936), Вусце, дзе Колас пасябраваў з сем’ямі Дзяткаў і Жукоў. Нарэшце Беразянка, тут ён захацеў пабудаваць летні дамок і пражыў да самай вайны (1939–1940), абранае ім паселішча раздзяліла лёс Хатыні.
Трапіўшы ў гэта кола прыгожых назваў і яшчэ больш прыгожых — зірнеш і аж зажмурышся! — мясцін, Колас не шукаў нічога іншага. Не таму, што не ведаў ці не бачыў лясных, вадзяных, пясчаных, лугавых дзівосаў, на якія так багата Беларусь. Проста ён знайшоў тое, чаго найбольш жадалася. Ёсць дзе пасядзець з вудай, за плячыма ліловыя верасовыя даліны, весела чаргуюцца пагоркі і ўзлескі, дзе на кожным кроку — адно паспявай нагінацца! — пазіраюць з-пад чарнаватых капялюшыкаў баравікі.
А галоўнае — павольныя і грунтоўныя размовы з мясцовымі знаёмымі, што неўзаметку зрабіліся сябрамі. Гаварылі пра надвор’е, загадвалі, які будзе ўраджай, меркавалі, як абысці пахібы ў калгасе або раёне. Шмат каму Колас дараваў кнігі, чытаў вершы, найчасцей толькі што напісаныя. Удзячныя слухачы дапускалі яго да свае работы: часамі ўдавалася прайсці з касцамі шырокі пракос ад краю да краю, пакідаючы на пакошы сляды босых ног.
У доме жыла радасная цеплыня. Прыветлівая сяброўка адчувала настрой, умела гаспадарыла, выхоўвала дружную тройцу сыноў, — клопату і ўвагі ставала і на гасцей.
Так, не замяняючы і захінаючы сабой радзіму маленства, у душу ўваходзіла новая радзіма, радзіма сталасці таленту, радзіма блізкіх духам людзей, здатных на шырокія здзяйсненні.
Жывыя сведчанні гэтаму — вершы, напэўна, самыя натхнёныя, нездарма аб’яднала іх кніга з простай і ёмістай назвай «Мой дом».
У верасні 1939 года мяжа была скасавана. Колас сустрэў родных, падыхаў густым жаццядайным ветрам вакольных бароў, дакрануўся да вытокаў свайго паэтычнага юнацтва, прыгадаў пачатак шляхоў у рэвалюцыю.
Доўгачаканае ўз’яднанне народа! Колас пісаў уздымныя радкі вершаў і артыкулаў, гаварыў прамовы, усё гэта — вялікай уражальнай сілы. I зразумела, прыязджаў у Мікалаеўшчыну пабачыцца, пагаварыць. I дапамагчы — там здарыўся пажар, трэ было будавацца.
Дзяліў з землякамі і святкі і няўдачы, усё прымаў у душу і на плечы. Аднак, трымаючыся душою за бацькаўшчыну, паездак па Магілёўскай шашы адхіліць не мог, новая радзіма, хоць і знойдзеная пазней, трымала моцнымі повязямі.
Адразу ж пасля вайны канечны пункт яго маршруту на Бабруйск вызначыўся цвёрда: Балачанка, малая вёска на беразе аднайменнай рачулкі. I сябры адшукаліся: сям’я Дзяткаў, іх ведаў з часоў даваенных, калі жыў у Вусці. Пра гэта паўней расказана ў маёй кнізе, тут жа больш-менш пэўна пералічаны месцы пражывання Якуба Коласа ў надзеі, што там пралягуць турысцкія маршруты, а даследчыкі пройдуць па іх першыя і, магчыма, знойдуць новыя весткі да біяграфіі паэта.
Дадам: недалёка ад Магілёўскай шашы знаходзіўся пісьменніцкі Дом творчасці. Там Колас жыў і ці раз заязджаў. Яго помняць: пакой — адразу направа ад увахода, лаўка пад старой ялінай — месца адпачынку на сцежцы са сталовай у дом — і лаўка за газонам, дзе штодня палілі касцёр. Тут ён гаварыў з маладымі, вучыў іх і, як прызнаваўся, больш вучыўся сам — гэта пакаленне было багатае на вопыт вайны і працы.
Неўзаметку, можна сказаць, на нашых вачах, ён перайшоў з мінулага стагоддзя ў цяперашняе і ўжо размаўляе з наступным, не ў прыклад шмат каму з шумлівых і порсткіх, даўным-даўно забытых прэтэндэнтаў на літаратурнае даўгалецце.
Амаль шэсцьдзесят разоў гартаўся каляндар, напамінаючы, як у гарачы дзень жніўня мяне калаціла над чарнавіком пісьмовае работы пра Лабановіча на экзамене ў педагагічны тэхнікум, і, падняўшы вочы ад паперы, я знерухомеў ад здзіўлення і нечаканасці: пры настаўніцкім століку сядзеў аўтар, той самы цудадзей, хто навекі замацаваў у свядомасці незраўнаныя краявіды палескай глушы, хараство палескай душы, першае калючае каханне палескай дзяўчыны Ядвісі.
Без малога тры дзесяцігоддзі мінула ад апошняга, слуханага разам з ім плюскатання нарачанскай хвалі пры невялікім, з пахам смалы, іскрыстым вогнішчы і слупком дыму над полымем, які хорашанька, быццам скачаная з сіняга воску свечка, раставаў у высачыні, куды не маглі сягнуць нават яго прытомленыя, але зоркія вочы.
I яшчэ, тады ж сама.
Паехалі правесці яго да недалёкага паселішча, адкуль меў пакіравацца ў сталіцу на высокі форум рэспублікі. Тую адлегласць праскочылі няйначай за хвіліну, машына прыпынілася. Ён падаў руку ўсім праважатым, не моцна, але паціснуў: на далоні засталася лёгкая цеплыня дотыку.
I ўжо астатняе з тае расстайнай часіны.
На завароце дарогі ён нізка апусціў шкло ў пярэдніх дзверцах машыны, чаго ніколі раней не здаралася — не любіў чуллівых праводзін, — памахаў рукою і, здалося здалёк, пасміхнуўся. Не толькі ўсім, хто стаяў, не чуючы пад падэшвамі гарачага жвіру прасёлачнай дарогі, а пасылаў усмешку і вузкай палосцы прымглёнай Нарачы, лесу, што заставаўся леваруч, і таму, што расхінуў прахалоду галін, выводзячы да ўздарожных прысад, на гасцінец.
Не ў той момант з’явілася, пазней прыйшло і ўжо не адступілася адчуванне: гэта быў міжвольны, неўсвядомлены рух расставання назаўсёды. Нахлынула ў душу цьмянае прадчуванне блізкай ростані і папрасіла выйсця на людзі.
Вось як багата намералася мераў часу і адлегласці з першага да апошняга спаткання з ім!
А раптам пачуеш з чыіх вуснаў, або з радыёгаласніка, ці сам вымавіш — Якуб Колас! — і адразу ўстае, узнікае, матэрыялізуецца перад вачыма ўся постаць.
Крыху каржакаваты, лесавога заводу дзядзька, дужы на рукі і ўпраўны на хаду: паўсажня дроў паколе і хіба калі-нікалі ўтрэ пот з чала, пойдзе са Смольні ад брата пабачыцца з сябрамі ў Стоўбцах, туды і назад — ладны кавалак дарогі — і разу не пасядзіць.
Твар? Не мудруючы майстравала яго прырода, затое асвятліла няўпыннаю працаю вачэй: яны пераказвалі ўсё чыста, што б ні рабілася ўсярэдзіне ў чалавеку.
Гэтак мала будзе сказаць на тыя дзівосныя вочы, каб не пакінуць іх у крыўдзе. Як быццам зусім звычайныя яны, карыя, на дні ці раз такія сустрэнеш.
Аж, не! За нейкія паўгадзіны маглі змяніць безліч адценняў: захопленасць празрыстай, з каменьчыкамі на дне, ручаінай і гнеў, літаральна гнеў, калі трапіць на вочы ў бары ссечаная ў палавіне нядбалай ці зухаўской турысцкай сякерай яліна альбо хвойка.
Гэтак і з людзьмі: глядзіць на суразмоўніка і дагаворвае сам сабе ўтоенае тым, недаказанае. А ведання свайго схаваць не ўмее ці не хоча і гэтым змушае на адкрытасць: чырваней, небарака, выкручвайся, як можаш, за наблытанае, але выгортвай адну праўду, без астачы.
Або ўгневаецца на заакіянскага грабежніка з пароды прэзідэнтаў, які мерыцца на паўсялюдскае знішчэнне ўсяго жывога на зямлі, і вочы яго тады смальнуць маланкай, пратнуць наскрозь, праз нейкі час іх зацьмяніць непрыхільнасць да некага несумленнага, нетрывалага на слова.
А як асядзе пакрысе каламутнае пачуццё нездавальнення, чыстае вока надарыць кропляю ласкі сябра і стане лагодным, пачне прымаць у сябе рух аблачын на небасхіле, гульні дзяцей, лёт ластавак у гняздзечка, будзе свяціць у ціхманай, усёдаравальнай дабраце.
Чамусьці думаецца, духоўнае жыццё ягонага аблічча найлепей выявілася б не ў мармуры і ў бронзе, не ў фарбе і ў сепіі, а прарасло ў звычайным дрэве — у якой-небудзь узгоркавай бярозе ці ў кругляку векавога дуба.
…Усё меншае і меншае неапісаных падзей, дзе былося поруч з ім, чаму здаралася быць сведкам, ходзячы поруч, радзеюць залатыя запасы і запісы пачутага ад яго, створанага самім і паднятага на дарогах народа.
Не забываюцца, не! Адно перайшло на паперу, другое — не даецца дастойна зрабіць гэта, а тое-сёе павінна добра паветраць у цяньку.
Колас не можа саўладаць з нервовым узбуджэннем. Кожнае слова, скіраванае, каб супакоіць яго, выклікае яшчэ большае абурэнне.
Хто ўгнявіў Канстанціна Міхайлавіча? Навошта называць тое імя! Скажам хіба — асоба пры пасадзе пакрыўдзіла беспасаднага, нават бездапаможнага ў параўнанні з сабою.
— Кім можа быць чалавек чалавеку?
Колас перабірае мноства негатыўных якасцей, быццам кладзе кожную на далонь, важыць і здзіўляецца, як гэта мова назбірала столькі?
— Ворагам, ненавіснікам, здраднікам, зласліўцам, зайздроснікам… Вунь колькі «з» налічылася, а гэты гук не сказаць каб з добрых быў. Кім яшчэ? Нядобразычлівым, абыякавым… Не, не! — перапыніў сам сябе і ўзгарэўся зноў.
Пачаў, прыгадаўшы зачэпку размовы, сцвярджаць і зараз жа абвяргаць сцвярджэнне — так у яго канчаткова фармуюцца думкі.
Перадаю не тую працяглую спрэчку з самім сабою, не сам працэс выпрацоўвання погляду, а ўсяго — сэнс выказанага — толькі перадаю: цяжка зрабіць іначай цяпер, па часе, паводле канспектыўных нататак. Ад аднаго ўсё ж не ўдалося ўсцерагчыся — і ў пераказе сям-там пракідаецца коласаўская інтанацыя. А гаварылася той парой вось што.
Абыякавыя не такія небяспечныя, як прыкрыя. А можа, і не гэтак: яны найбольш небяспечныя. Калі ты адчуваеш у некім ворага, дык сказаў гэта сабе ці перад людзьмі, і нічога болей тлумачыць не трэба. Адно не дай яму падняць галаву і дбай, каб абясшкодзіць яго намеры, зброя хай будзе напашэве.
Узрушэнне ў голасе Канстанціна Міхайлавіча ніяк не ўціхае. Па-ранейшаму горача ён даводзіць, што зласліўцы і шкоднікі найгоршую шкоду робяць самі сабе: іржа злосці і зайздрасці пераядае іхнія нутры…
На хвіліну Колас спыняецца і пытае, ці здаралася мне забывацца выключыць электрычны чайнік нанач? Пачуўшы адказ, усё ж тлумачыць: кіпіць-кіпіць, а выпарыцца апошняя кропля вады, тады вядома што. Паказвай не паказвай майстрам, служыць не будзе — перагарэў. Добра, што пажару не нарабіў.
Рысы падабенства закранутых у размове людзей з электрычным прыладдзем падагульваюцца: і тых і тых нельга з вока спускаць.
У гэты час звоніць тэлефон. Колас падымае трубку і даволі ветла з некім вітаецца.
— Здароў, здароў! Што парабляю? Ды якраз пра цябе гаворка… Што гаворым? Праўду гаворым…
Няўлоўная ўсмешка падымае шчотачку вусаў. Канчаў размову, ужо выразна пасмейваючыся.
— А ты чаго рагочаш? Я ж ні на кроплю не зманіў. Я па ім акурат і цаляў, калі пра чайнік успамянуў. Якраз зараз сама кіпіць гэты чалавечына: ягоную раўню па службе адзначылі, а яму таго не папала. Не можа стрываць, бядак. Вось і абівае званкі і парогі, ану і ўдасца сабе чаго выстарацца.
Даволі доўга сядзеў, падціснуўшы ніжнюю губу, відаць, спакмячаў.
— А ці навука тлумачыць такія дзівосы? Кране твая думка выпадкам каго-небудзь, а ён, калі ласка, гатовенек — голас падае.
Зноў памаўчаў.
— Загадка — чалавек, загадка. Перш за ўсё — сам для сябе. Бацькі — хоць абразы з іх пішы, а сыны — шалапуты. I наадварот — па тату з мамай папраўчыя ўстановы плачуць, а дзеці — першыя ўсюды. Ведаем жа шмат як быццам: і з чаго тая клетка складаецца, і ў якой прапорцыі, а няма каб узняць яе да жывога стварэння: тупай, здаровенька! Сотні гадоў разгадваем галоўную таямніцу. Можа, яшчэ столькі будзем мазгамі круціць. Напэўна, многае раскрыецца-такі неўзабаве…
Маўчанне. Нечакана востры пераход:
— Абы толькі свет зноў у вайну не ўскочыў…
Гэта яму заўсёды рупіць, пра спакой для чалавечай працы ў свеце не абыходзіцца ніводная гаворка, часта піша, не абмінае ў выступленнях. I заглядае далёка ўперад: небяспека малюецца ў грозных колерах і невымерных памерах, амаль як нам сягоння.
Простым чынам пераход да вайны ў нашай размове звязваецца з адносінамі людзей адзін да аднаго, кожнага паасобку — да ўсіх разам і ўсіх разам да кожнага.
Першае месца сярод вартасцей, па якіх пазнаецца сапраўдны чалавек, Колас аддае добразычлівасці. Колькі ён змяшчаў у гэтае разуменне, проста не выявіш, — замнога закладзена ў нетрах.
Зноў перадаю выключна змест і часамі інтанацыю размовы.
Важна, ой як важна, — гаварыў тады Канстанцін Міхайлавіч, — па лісце, па складзе мовы, па непераможным смутку ўгадаць, якое ў чалавеку тоіцца няшчасце і што ў яго за патрэба. I не толькі прыкмеціць, а і паслаць капейчыну на хлеб і малако сіраце, выстарацца для хворага курорту ці якога іншага медычнага клопату. Не здолееш сам, папрасі таго, хто зможа пасабіць, словам, пастаў просьбіта на троп, дзе яна свеціць, чаканая паратоўля.
I другое не зашкодзіла б нам. Абавязкова падперці слабога на няпэўных кроках — тут на ўвазе маецца літаратура — з яго могуць быць людзі. Ды смялей трэба было б браць пад сваю засень тых, каму цяжка абараніцца ад ліхога наслання. Глядзіш, адужэе, вылюдзее, і сам так, як ты, зробіць, вось і не звядзецца добрае насенне.
Размова разгортваецца, робіцца шырэйшая і пакрысе глыбее.
А ці варта даваць адчуць сваю перавагу каму іншаму? Нікому і ніколі. Хай у цябе важыць патрыяршы ўзрост, становішча, што кіем носа не дастанеш, а жыццёвай ці літаратурнай дасведчанасці — на сямёра. Гэта ўсё — справа набытная, няма чым выхваляцца.
Канстанцін Міхайлавіч вымавіў «набытная» і пасмакаваў, — відаць, слова ўспомнілася ўлюбёнае, але прызабытае.
Далей гаворыцца пра няпісаныя нормы паводзін і абыходку.
Выкладае хто малады перад табою катэгарычныя занадта або не вельмі грунтоўныя погляды — змоўч, дый пры людзях не знішчай, не збэшчвай, асабліва калі катэгарычнасць ці грубасць тычацца цябе аднаго, — не зліняеш. Зразумець жа, што ты, дружа, яшчэ лапавухі, можна часам і даваць чалавеку. Падрасце, дык паразумнее, а не паразумнее, усё роўна не дажыве са сваймі набыткамі веку — асяроддзе прыкмеціць і не даруе, абмяжуе якую хочаш пыху.
Іншая справа, калі хто замахнецца на тваю і ўсіхную праўду. Тут няма чаго губу адвешваць, трэба наводліў ляснуць. Каб пошчак пайшоў і нікому спакусна не было…
Падбіў вынікі гэтай часткі гаворкі дзядзька Якуб вельмі сцісла:
— А што нядобразычліўцы? Яны таксама сабе адну крыўду робяць. Калі не зычыш дабра другому, не чакай яго і сабе. Стане табе кепска, хто ў твой бок галаву паверне?
— Вы, дзядзька Якуб, — дазваляю сабе жартліва запярэчыць, — вы — першы і павернеце.
Канстанцін Міхайлавіч маўчыць. Не грозна пасопваючы, а мякка дыхаючы, пазірае за акно, нібыта вымяркоўвае, ці не знойдзецца там хто-небудзь, у чый бок ён не захацеў бы і позірку кінуць.
— Ну, гэта ты ўжо, мусіць, замнога цукру ў пірагі сыплеш.
Абрывае нечакана.
— А можа, і праўда — павярну. Стары стаў, цвёрдасць у карку не тая, — заключае ён жартлівай прыгадкай з фальклору.
I адразу ж абвяргае кінуты сабе дакор у мяккацеласці:
— Чаму я напачатку сказаў, што абыякавы горай за ворага? Бо такому ўсё роўна: што град ніву малоціць, што сонца сена сушыць, б’юць каго або лашчаць. Хоць сам не вельмі падабае хадзіць у бітых, падстаўляць пад поўху і левую шчаку пасля правае. Такіх звычайна лічаць добранькімі для ўсіх чыста, а яны і хочуць здавацца гэткімі. Тым часам быць добрым для ўсіх — рэч немагчымая. Сапраўды, — немаведама чаго можна чакаць ад абыякавых? Хутчэй за ўсё — усяго: самага лепшага — дапусцяць у сэрца клопат пра бліжняга, кінуцца гасіць пажар — або самага горшага, да ўцёкаў з поля бою, здрады, забойства. Ім няма розніцы, каму яны дапамагаюць або шкодзяць.
Вось якія паперы, Максім! I не пярэч. Гаворка — не ўся.
Некаторы час мы не бачыліся. Канстанцін Міхайлавіч пабыў у Маскве. Лясны санаторый зноў звёў яго з даўнімі добрымі знаёмымі, а праз іх — з прыгадкамі пра ўсё, што было, з угадкамі — што будзе…
Як быццам завершваючы тамашнія размовы і нашы колішнія, ён павёў мяне на захадзе сонца пад свой вяз пасядзець на лаўцы.
— Помніш, некалі мы гаварылі пра людзей? Больш пра благіх чамусьці…
— А дзе ж іх падзець, дзядзька Якуб?
— Нідзе не падзенеш. Дый не трэба, шкада. Калі з тысячы хоць адзін на добрае пакіруецца, дык усю тысячу варта хлебам карміць. Ведаю, на гэта можна махнуць рукою: усёдараванне, гуманізм задрыпаны… — Колас ужыў абыходкавы сялянскі эпітэт. — Не, браток, самы сапраўдны гуманізм: шанаваць усё жывое. Не знішчаць нічога жывога без канечнай на тое патрэбы, хіба што ў імя справядлівасці ўсіх. Ну, дык цяпер кажы: кім павінен быць чалавек чалавеку?
Амаль услед вымаўляе, відаць, доўга ношаную і нарэшце даросшую да выражэння думку:
— Чалавекам. А далей лічы сам: сябрам — па духу, братам — па ўчынках і духу, бацькам — па духу, учынках, па клопаце.
Колас набірае поўныя грудзі паветра.
— От бы ўсюды наўкол бачыць шчаслівыя твары… Ды ўмець расхмарваць чалавечыя вочы, каб у кожнага ў грудзях па птушцы спявала! Можа б, і стаў тады чалавекам чалавеку.
Так, ён быў — чалавекам чалавеку, — дзядзька Якуб.
Не якім там шрубікам, а мозгам і рукамі народа, які даў яму жыццё, падняў па-над прорвамі і вяршынямі і, маючы права чакаць сынавай адплаты, уклаў у вусны слова, каб даастатку выказаў, удзячны, годнасць нашу, гордасць нашу, дужасць нашу.
1981–1982