ЦЯМНІЦА

Падвечар, калі разамлелыя ад смачнай сьвініны з тушанай капустай стражнікі гралі ў бірулькі, паставіўшы на кон заўтрашні куфаль піва, які выдаваўся кожнаму пасьля дзяжурства, да ніжняй брамы Горнага замку падышоў юнак, захутаны ў цёплы, з бабровай падбіўкай плашч. Яго саф’янавыя боты падмоклі ў сьнезе, які няспынна сыпаўся на Вільню ўжо трэці дзень, і які не пасьпявалі ўтоптваць жыхары. Ды тут, наверсе, сьнегу было нашмат меней, чым унізе: княжавыя слугі няспынна, гадзіна за гадзінай, зграбалі яго драўлянымі шуфлямі і скідалі ўніз, да ракі, што няспынна цурчэла ўнізе, так і не замёрзшы да самай сярэдзіны зімы.

Галоўны стражнік Воўк паважна выйшаў са старожкі, што месьцілася на першым паверсе вартавой вежы замку. Вопытным вокам ён адзначыў, што юнак ня з бедных: срэбнае шытво на каптане было новым і тускла блішчэла пад плашчом, аблямоўка якога таксама яшчэ не абтрапалася і не звалялася. Таму ён прыцішыў свой голас, які ўсё роўна падаўся прышламу рыкам:

— Каго вам, гаспадзін?

— Я прыехаў з Полцеску, каб сустрэцца з памочнікам лоўчага Кумцом, маім родзічам па дзядзьку.

Закарэлы твар Ваўка спахмурнеў:

— Твой родзіч — злачынца. Яго чакае кара як адступніка.

— Няўжо гэта праўда? — вочы ў юнака напоўніліся сьлязьмі. — І ён сядзіць у замкавым падзямельлі, як аб тым казалі на віленскіх вуліцах?

— Праўда, гаспадзін, і лепей будзе, калі ты хутчэй пойдзеш адсюль. На злачынцаў абрынуўся гнеў усіх жрацоў Вільні, і нават княгіня Марыя адступілася ад іх.

— Але мой бацька хворы, а іхняя сям’я абяцала нам дапамогу віленскіх жрацоў.

— Тады ідзі да іхняй маці Людміліцы, яна, кажуць, добрая жанчына. І багоў шануе.

— Дзякуй, добры чалавек.

Срэбны шэлег з рукі юнака нібы сам пераляцеў у каравую далонь Ваўка, і твар стражніка зноў памякчэў. Нешта кранула яго касматае сэрца ў наведвальніку — можа твар, сьвежы і па-дзявочы румяны, а можа, сарамлівы, як у нетутэйшых погляд. І ён прыязна выслухаў просьбу:

— Ці не дазволіў бы ты мне хоць зірнуць на тую цямніцу, дзе сядзіць мой высакародны родзіч? Я раскажу нашым месьцічам пра княжы замак і ягоныя муры. Усё ж вялікі князь адначасна валадар віцебскі, і ў Полцеску шмат цікавасьці да стольнага гораду Вільні.

— Я дазволю табе толькі падняцца да брамы Верхняга замку. Унутр, у княжы двор, цябе ня прапусьціць ніхто.

— Ну што ж. Тады я падыду да брамы, пастаю там. А табе яшчэ раз дзякуй.

Зноў сярэбраны шэлег лёгка пераляцеў да Ваўка, і той стаў зусім прыветным. У добрым настроі вярнуўся ён у вартоўню і, падсеўшы да стражы, захапіў сабе ажно жменю бірулькаў, каб неяк скараціць доўгі час нялёгкай сваёй службы. Нялёгкай — таму што ўвесь апошні час пасьля сьмерці вялікага Гедзіміна ішла замятня вакол вялікага стальца. І хто ведае, ці надоўга затрымаецца тут Альгерд? Ці раптам вернецца Яўнут альбо мяцежны Сьвідрыгайла? Але бывалі ў службе і прыемныя моманты, калі прыходзіў прасіцца на прыём да вялікага князя альбо кагосьці з прыдворных такі вось месьціч з правінцыі і добра плаціў за паслугі…. Воўк узгадаў твар юнака: круглы, яшчэ безбароды, але з лёгкімі вусікамі над верхняй губой і доўгімі, да плячэй, валасамі пад пушыстай бабровай шапкай.

— Як дзяўчына, — падумаў ён і, калі той вярнуўся назад і лёгка пакрочыў уніз, забыўся на наведвальніка. Шмат іх было, цікаўных ды ахвочых, паглядзець на Горні замак і ўзьняцца на стромкую гару, што валадарыла над усёй Вільняй…

Аднак праз тыдзень, калі стражнікі, як звычайна, уздымаліся на гару, а Воўк заставаўся ўнізе, у вартоўні, ён зноў убачыў колішняга юнака.

— Зьязджаю ў Полцеск, — сказаў той, і зноў шчодрая ягоная рука дала Ваўку шэлег.

— Ці дапамагла табе чым Людміліца?

— Дапамагла. Я вязу ад яе просьбу ўзяць майго брата на службу. Можа, і прыдасца ейнае пасланьне.

— А чаго прыйшоў сюды?

— Ці не дазволіў бы ты зірнуць на замак зблізку? Я пакіну ў залог срэбную грыўну, і я адзін. Хачу паглядзець ужо на княскі двор. Можа, нават убачу кагосьці з князёўнаў. Будзе што расказаць у Полцеску! Вярнуся — атрымаеш яшчэ тры шэлегі.

Воўк прагна глядзеў на белыя далікатныя рукі наведвальніка. Тры шэлегі! Калі кожны дзень будзе такім удалым, ён неўзабаве зможа купіць карчму каля Вяльлі, недалёка ад цесьця, які вечна папракае яго за тое, што ён у вольны ад дзяжурстваў час не вылазіць з карчмы. Тады сапраўды яму ня трэба будзе ісьці на апрыкрую службу…

— Ну што ж, добра. Але ў нас такі парадак: ты атрымаеш медны кругляк з нумарам, і тады цябе прапусьцяць наверх, ажно на самы княжы двор. Але пасьля ты аддасі яго мне, бо ўвечары, калі саступаць на службу другой зьмене, усе круглякі павінны быць у вартоўні. Уцяміў?

— Я хутка вярнуся, — запэўніў яго юнак, і Воўк выдаў яму медны кругляк з пяцьцю насечкамі. Варта, што вярталася зьверху, без зьдзіўленьня агледзела маладога чалавека — кожны дзень нехта прыходзіў у замак, і калі Воўк выдаў пропуск, чаго ж сумнявацца ім?

Але малады чалавек не вярнуўся ні праз гадзіну, ні праз дзьве. І Воўк, які хацеў быў падняць трывогу, бо блізіўся час перадачы сваёй зьмены іншай, раптоўна заўважыў — кругляк з пяцьцю насечкамі ляжаў у грудзе іншых, нібыта яго прынесла сюды нячыстая сіла! Срэбная грыўна, што была дадзеная ў залог, заставалася ў яго, але малады чалавек — і Воўк мог бы ў тым паклясьціся! — з замку не сыходзіў! У вартоўню, праўда, заходзіла некалькі чалавек, але ўсе яны былі знаёмыя: альбо прыдворныя, якія вярталіся з гораду і прыходзілі пагаварыць з вартай, альбо тыя, хто ішоў са службы ў замку дадому.

Праўда, двойчы заходзіў у замак сын пасла Леся, які апошнім часам зачасьціў у скрыпторый, дзе перапісвалі кнігі. Ён сышоў з замку апоўдні, але пасьля ізноў прыцягнуўся, кажучы, што забыўся на перапісаны ім пергамент, над якім будзе працаваць уначы. Але сына пасла Воўк ведаў столькі, колькі служыў у гэтым замку, таму нічога дзіўнага ў тым, што той заходзіў у вартоўню, ледзь не заначаваўшы сярод кніг, не было.

Таму заставалася думаць, што юнака зьнесьлі са сьценаў замку вараны, альбо ён ператварыўся ў ваўкалака і ціха прасьлізнуў незаўважаным.

Калі б Воўк падняў трывогу, многае магло б выйсьці наверх, у тым ліку і прычына, па якой незнаёмец быў свабодна прапушчаны ў замак, хаця звычайна невядомага наведвальніка вёў у княжы двор нехта са стражнікаў і асабіста перадаваў тым, да каго той ішоў. У выпадку трывогі срэбную грыўну, магчыма, давялося б аддаць. І начальнік варты змоўчаў і пра юнака, і пра гэтае незразумелае для яго здарэньне.

Пра яшчэ адну прычыну свайго зацятага маўчаньня аб непарадку ён баяўся нават думаць: добры яго сябра, мечнік Сьвідрыгайла, нядаўна быў сьцяты горлам за тое, што абгаварыў вялікую жрыцу. Аднак Воўк добра ведаў, што ніякай хлусьні з боку мечніка не было, бо ён чуў абрыўкі размоваў аб гаданьні жраца Сварога Лойкі — ціхіх і патаемных. Аб тым, што жрэц прывёў мечніка да дому сястры вялікай жрыцы, а пасьля раптоўна страціў прытомнасьць, чулі іх і іншыя вартаўнікі, і служкі ў замку, бо і ў сьценаў ёсьць вушы… Мечнік дабраўся да Альгерда — і вось вынік: дом быў абшуканы, але смарагды, відаць, пасьпелі кудысьці схаваць альбо вынесьці.

А хто і па чыім загадзе — пра гэта трэба было маўчаць. Каб самому застацца жывому, бо да сяброў Сьвідрыгайлы і так падазрона прыглядаліся слугі кашталяна Нарбута.

А жыць Ваўку вельмі хацелася. Хацелася стаць уладальнікам карчмы каля Вяльлі, жыць уежна і ўлежна, у меру грашыць і заўсёды мець шкварку і добрую чарку медавухі.

Сярэбраную грыўну ён схаваў, але доўга яшчэ, правяраючы свой пакуль што невялікі скарб, цёр манету і ўглядаўся ў яе, нібы чакаў, што і яна раптам растворыцца ў прасторы, як растварыўся невядомы яму юнак…

Загрузка...