ВАЯВОДА ВЫБІРАЕ

Ваявода Пётра Гаштольд хадзіў па залі, дзе звычайна зьбіраліся паседжаньні паноў-рады. Магутны, як мядзьведзь, ён рухаўся лёгка, нягледзячы на гады і раны, якіх яму шмат надарылі ў паходах і бітвах. Кожную ён адчуваў і памятаў, праз некаторыя ледзь не разьвітаўся быў з жыцьцём, ды пакуль багі трымалі яго тут, не даючы спакою, падкідаючы адна за адной цяжкія жыцьцёвыя падзеі.

І цяпер яму трэба было рашаць яшчэ адну, надта ж няпростую задачу — на чый бок стаць у вялікай замятні, якая магла вось-вось успыхнуць у Вільні. Ваявода ведаў амаль усю праўду: возны Сухта, што дасьледаваў справу, выбіў з каханкі Лелюша Гайны многія таямніцы. Яму пашанцавала: Лелюш займеў яшчэ адну каханку, вядомую віленскую вісьлену Асаку, і раўнівая Гайна ў запале выклала перад возным ягоныя правіны і ўдзел у інтрызе.

Але як даказаць усё гэта? Як паглядзіць на праўдзівы аповед вялікі князь? Ці не загадае сьцяць горлам самога ваяводу, які разблытвае непажаданыя для ўсіх таямніцы? І што будзе далей?

Тое, што каралі Марыі нейкі час былі схаваныя ў сястры вялікай жрыцы Нары, было праўдападобным. Але сьведкаў таму не было — адно прызнаньне Лойкі, зробленае ў гарачцы, нават напаўтрызьненьні. Вешчыя старцы высьмеюць гэткі доказ… І хто дакажа, што смарагды падкінутыя назад? Што не сама забыўлівая Марыя павесіла іх на кручку пад акном, каб сядзець і любавацца пералівамі сьвятла? І хто возьмецца пераконваць, што замах на Кругляца і спроба ўтапіць яго ў Вяльлі неяк зьвязаныя з усім гэтым? Але хто ж зробіць такое без жрацоў? Ды іх чапаць страшна, хаця дапусьціць прычыну таго, што адбылося, можна: яны мелі ў княстве немалую сілу і хацелі яе павялічыць праз новы шлюб Альгерда. Калі ж вялікі князь зробіць па-свойму, выбярэ сабе іншую — яны могуць узьняць супраць яго стольны горад і паспрабаваць вярнуць слабавольнага Яўнута, які нават у думках ня мог дапусьціць таго, каб не паслухацца Бурылу альбо вешчых старцаў. Але ваявода добра разумеў і іншае: князь Альгерд з кожным месяцам набіраў сілу, ён не бязвольны Яўнут, які уцякаў ад братоў і так і не сабраў войска для вяртаньня вялікага стальца. Непазьбежна некалі гаспадар краіны сутыкнецца са жрацамі, і для таго атрымае падтрымку ў хрысьціянскіх краінах, якіх большасьць.

Жрацы баяцца і ненавідзяць і яго, Гаштольда. Нягледзячы на тое, што хрысьціянства заходняга абраду, якое ён нядаўна патаемна прыняў, мела пакуль што староньнікаў толькі сярод іншаземных купцоў ды паслоў, усё ж было і яно выклікам старым вераваньням. Гаштольд адкрыта не хадзіў у касьцёл Дзевы Марыі, ён прыходзіў туды на споведзі ды бяседы позна ўвечары, але жрацы маглі ведаць пра тое і чакаць хвіліны, калі можна ўдарыць і яго. Таму Гаштольду даводзілася хадзіць на ўсе язычніцкія сьвяты і быць асьцярожным удвая, спадзеючыся на тое, што Альгерд некалі пераможа ў сьмяротным паядынку са жрацамі…

Дапамагчы гэтаму дужа ж разумнаму і рашучаму сыну Гедзіміна значыла ня толькі ўтрымацца пры ўладзе сёньня, але і забясьпечыць сваім дзецям добрыя месцы пры княжым двары заўтра. Дапамога жрацам магла даць тое ж самае, але яны запатрабуюць яго ўсяго, яны не абмяжуюцца толькі ім, але возьмуцца і за сыноў. Яшчэ для ягонага пакаленьня жрацы — сіла, але час іх праходзіў, і сынам, калі будуць кідаць яйкі толькі ў адзін кошык, у будучым давядзецца нясоладка….

Павагаўшыся, ён прыняў рашэньне і паслаў ганца да вознага з загадам прыбыць у замак. Няхай Сухта паўторыць усё, аб чым даведаўся, самому Альгерду…

Возны Сухта доўга стаяў на каленях перад Перуном і Мокашшу. Гэтым багам у хатняй малельні прыносілі найболей ахвяр, і толькі яны маглі даць параду: што гаварыць вялікаму князю? Лёс мечніка яскрава засьведчыў, што адбываецца з тымі, хто ідзе супраць жрацоў. Таму кашталян замку Нарбут, якому першаму належала дакладаць аб выніках расьсьледаваньня, ня ведаў многага з таго, што возны расказваў ваяводзе Гаштольду. Гаштольд быў апекуном Сухты, дзякуючы яму малады яшчэ служка заняў гэтую важную пасаду. Але ці зможа ваявода захаваць галаву вознага? І ці не перастрэнуць яго, Сухту, у шумлівым натоўпе падчас набажэнстваў людзі з воўчай мордай на галовах, якія на сьвяты нясуць выявы багоў па вуліцах Вільні і, як добра ведаў ён сам, умеюць атручанай рыбінай косткай непрыкметна кальнуць у руку ці лытку неслухмяных і непакорлівых? І ня капне хто са служак атруты ў кубак, што пададуць яму ў сваёй жа хаце?

Але… такі яго лёс. Ён мусіць казаць тое, што патрабуе ад яго ваявода. І няхай праз гэта пазбавіцца ён міласьці непасрэднага свайго дабрадзея і кіроўцы Нарбута — можа, як-небудзь здолее выкруціцца і перад ім…

Праз нейкі час у той жа залі возны Сухта дакладаў вялікаму князю вынікі сваіх высілкаў.

— Мечнік казаў праўду, вялікі князь. Два тыдні каралі былі ў Дзівейны, і там штодзень праводзіліся вялікія маленьні. Яна клалася спаць, надзеўшы іх на шыю, і адпраўлялася туды, дзе блукаюць нашыя душы ў час сну.

— Значыць, каралі былі заклятыя на сьмерць княгіні? І на тое, каб я выбраў потым Дзівейну? — задумліва сказаў Альгерд. — Якая яна, гэтая дзяўчына? Чаму — яна? Адкуль узялася? Хто за ёю стаіць, апроч уплывовай і магутнай сястры?

Але Сухта добра падрыхтаваўся. Нездарма ў кожным храме былі ў яго свае людзі, якія бачылі і чулі надзейна схаванае ад чужых вачэй і расказвалі пра гэта толькі яму самому. Праз нейкі час вялікаму князю стала вядома многае з тых таямніц, каторы раз ён падзівіўся спрыту жрацоў, якія пры жывой яшчэ ягонай жонцы разьлічвалі наперад на колькі хадоў. І гарачая хваля гневу ўдарыла яму ў сэрца: яны палічылі, што ён, Альгерд, нібы недальнабачны, неразумны сьмерд, кінецца на сьвежае дзявочае цела, як маладзенькі бычок, апоены сонцам і ветрам, кідаецца на лузе да крэпенькай цялушкі!

— Нікому пра тое ні слова! — загадаў ён. — Хай усё ідзе так, як ідзе. А ты за вялікі спрыт і за тое, што не пабаяўся жрацоў, атрымаеш узнагароду. І табе, ваявода, не забуду адданай службы…

Сухту карцела нагадаць пра мечніка, які паклаў сваю галаву за тое ж, за што ўзнагароджваюць сёньня яго, але спахапіўся. Добра памятае пра пакараньне вялікі князь, і, можа, сёньня пашкадаваў ён мечніка.

Ды ў кожнага ёсьць свой лёс і свой час.

Загрузка...